- 12.01.2024 15:58
- Аўтар:
- Людміла Рублеўская
- Культура, Гісторыя
«Поехал я к Минским мурам, а там меня приняли гостинно и с бережением всяческим».
Так пісаў сябру малады настаўнік з «глыбінкі», які адпрацоўваў пасля размеркавання ў вясковай школцы. Ішоў 1955 год, згадваў настаўнік у лісце пра свой візіт на нараду маладых літаратараў, а звалі яго Уладзімір Караткевіч.
Калі працуеш з архіўнымі дакументамі, можна знайсці шмат нечаканага. Напрыклад, рукапіс артыкула вядомага паэта Анатоля Астрэйкі пад назвай «У секцыі паэзіі». Артыкул прызначаўся для публікацыі ў газеце «Літаратура і мастацтва» і датаваны вераснем 1955 года. Анатоль Астрэйка быў адным з кіраўнікоў Шостай рэспубліканскай нарады маладых літаратараў, якая прайшла ў Мінску, вось і выказваў свае ўражанні.
«Трошкі пра ўзгоркі, пра жыта, што як лес вырасла…»
Тут трэба для непасвечанага чытача патлумачыць, што доўгі час менавіта нарады ці семінары маладых літаратараў давалі штуршок для творчага шляху сотням маладых. Збіраліся нарады дзесьці раз на год. Заняткі ішлі па секцыях, кожную ачольвалі вядомыя пісьменнікі… Удзельнікі чыталі творы, адбывалася абмеркаванне, больш ці менш бурлівае… Знаёміліся адзін з адным і са старэйшымі. Звычайна пасля для найболей вартых былі прапановы публікацый, пачатковец уключаўся ў літпрацэс…
Цікава, што Анатоль Астрэйка напачатку дае свайму артыкулу назву «У секцыі крытыкі», потым перапраўляе на «паэзіі» — ці выпадковая памылка, ці з рэдакцыі «ЛіМа» памянялі «ўстаноўку»? Артыкул пісаўся проста «з калёс», то-бок на семінары, магчыма, Астрэйка проста пабачыў больш цікавае для выказвання менавіта ў паэтаў.
«На сённяшняй нарадзе прысутнічала шмат людзей. Тут больш чым сто пяцьдзясят чалавек. Маладыя пачынаючыя пісьменнікі, як прызвычаіліся мы зваць, хоць тут людзі ёсць пад трыццаць і за сорак год, хочуць параіцца, зрабіць сваю творчую справаздачу вядомым і паважаным паэтам і пісьменікам. Гэта натуральна. Каля паловы з раёнаў, з вёсак. І ім, бывае, калі асабліва пакуль з цярплівай здольнасцю, цяжка верыць сабе і свайму густу.
І ў такіх людзей законнае імкненне — выслухаць праўду аб сваім творы вопытнага майстра», — аптымістычна пачынае Анатоль Астрэйка.
Але далей тон робіцца з’едлівым:
«Як ужо гаварылася, на нарадзе шмат людзей. Яшчэ больш іх не прысутнічае. Але агульнае ўражанне ад секцыі паэзіі ўвесь час было сумнае. Сказаць, што Саюз пісьменнікаў не рыхтаваўся да гэтай творчай канферэнцыі — нельга… Аднак жа слухаць было мала што. У чым жа справа? Чаму так атрымалася? Ці народ не любіць дасціпнае трапнае слова ці добры тэкст да песні?
А справа ў тым, што патрабаванне нашага народа вырасла. Што было цярпіма і з горам папалам прыемлема некалькі год назад, зараз яно пройдзены ўжо этап. І пісаць, ды ў большасці нязграбна пра сённяшні дзень, калі ён ужо на зыходзе, а чалавек піша толькі пра раніцу яго, — значыць адставаць ад жыцця народа, ад яго поступу наперад, у заўтрае».
Анатоль Астрэйка славіўся як майстар сатыры — недарэмна ў час вайны ён быў адказным сакратаром сатырычнай газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», а пасля вайны адказным сакратаром часопіса «Вожык». Вось і дасціпнічае:
«Большасць галасоў на секцыі паэзіі не гучалі. Гэта былі ў асноўным перапевы даўно вядомых ісцін, штамп, які ўсталяваўся: трошкі пра ўзгоркі, пра жыта, што як лес вырасла і жоўтымі хвалямі коціцца ўдаль. Ці пра каханне: ён нясмелы і ніяк не набярэцца адвагі пацалаваць каханую, і яна злуецца ці саромеецца. Пры гэтым атрыбуты гэтага кахання: вярба, бяроза, бераг ракі і абавязкова месяц і зоры. То зоры, што як цвікі з срэбнымі шапачкамі набіты ў небе, то зоры, што трымцяць на косах дзяўчат ці на траве. А пачуцця свайго слова, сваіх адносін да гэтых вербаў і зор няма».
Паэт са сваім голасам
Наракае крытык, што вершы паэтаў нельга было адрозніць, як братоў-блізнюкоў. Называе і канкрэтныя імёны, многія з якіх для нас сёння сталі імёнамі вядомых літаратараў. Не баіцца злога гумару: «Смехам адказвала зала, калі Клімянкоў, паўтараметровы чалавек, называў лісцё лісцейкам, кветку — кветачкай, а пчалу пчолачкай, а Святлану — Святланачкай. Гэтая Святлана, каб ведала, што ён так мізэрнічае, яму і рукі б не падала».
Астрэйка называе і тых, хто займаўся з маладымі: Максім Танк, Аркадзь Куляшоў, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка. Згадвае, як Танк, паслухаўшы Міколу Арочку, узяў слова, бо «ў гэтым маладым паэце ўбачыў чалавека, які можа пісаць цікава, па-свойму». Танк выбраў са сшытка Арочкі пяць перспектыўных вершаў. Кастусь Кірэенка і Максім Лужанін далі майстар-клас па выпраўленні хібаў у паэтычных радках Кастусю Цвірку і Уладзіславу Нядзведскаму.
А вось урывак, які гаворыць аб паэтычным чуцці самога Анатоля Астрэйкі:
«Прыемнае ўражанне на прысутных зрабіў малады паэт Ул. Караткевіч. Яго вершы „Машэка“, „Орша“ і інш. атрымалі высокую ацэнку. У асобе Караткевіча мы маем сапраўды здольнага паэта, які з першых сваіх твораў загаварыў сваім голасам. Няхай гэты голас яшчэ не зусім поўны, але ён упэўнены і моцны. У літаратуру ідзе чалавек, які можа ўзбагаціць нашу паэзію сваёй эпікай, сваімі тэмамі».
«Вышел перед столом ни жив ни мёртв…»
Як засведчыла гісторыя, Астрэйка не памыліўся ў сваёй ацэнцы.
У сваю чаргу, і для Уладзіміра Караткевіча тая нарада стала знакавай падзеяй. 7 кастрычніка 1955 года ён піша свайму сябру Юрыю Гальперыну (менавіта з цытаты з гэтага ліста я і пачала артыкул): «Приём действительно был чудесным. Как я благодарен этим людям — если бы ты мог знать! …Я сначала решил было не читать на секции, а потом подумал: „Зачем я летел самолетом“. Попросился через Корбана и он меня всунул на последнее заседание, прямо с ходу. Читал „Оршу“, „У хаце прытульна“, „За рэчанькай“ и новую, еще малость недоработанную „Баладу пра варону“. Вышел перед столом ни жив ни мёртв и сначала раза два хватанул воздуха. Потом начал и… прорвало. Как загремел! Хоть святых выноси. И всё мне кажется, что все сидят мрачные и не смотрят на меня. Ну, думаю, конец. Кончил — и все долго молчали. А потом кто-то: „Рецензента у него нет? Выступил неожиданно? Ну, оно и к лучшему. Пусть остаётся впечатление“. И Танк: „Што казаць! Няма чаго казаць. Добра!“…Если бы ты знал, как я был глупо счастлив…»
Уражанні ад нарады Караткевіч выказаў і ў лісце да другога свайго сябра, Леаніда Крыгмана, 30 кастрычніка таго ж года. З ліста вынікае, што дзякуючы таму, што Караткевіч пабываў сярод аднадумцаў, у беларускамоўным асяродку, ён зрабіў выбар на карысць беларускай мовы ў творчасці:
«Я, кажется, обмолвился тебе, что был в Минске на совещании молодых, видел много интересного, говорил со многими интересными людьми, читал некоторые стихи и читал, не хвастаюсь, с большим успехом…. А по-русски писать решил бросить. Это не нужно. Нужно было среди людей, которые по-белорусски не понимают, а теперь ведь есть другие, и есть, прямо говоря, твёрдая цель. Хвалили за отсутствие декларативности, так что снижение брака — по боку».
12 лістапада 1955 года Караткевіч піша Максіму Танку, рэдактару часопіса «Полымя»:
«Перад ад’ездам з нарады мне шмат хто казаў, каб я ў сябе не проста так сядзеў, а ўсё ж пасылаў нешта, і хоць як мне нязручна, але я вырашыў паслаць. Доўга капаўся, давялося шмат перарабляць, і толькі цяпер вырашыў, што яны хоць чалавечы выгляд набылі. Адабраў 11 вершаў, адзін верш у прозе і невялічкую паэмку».
І зноў згадвае, як паўплываў на яго ўдзел у нарадзе:
«Якую вы справу добрую зрабілі для мяне і як я вам удзячны за гэта. І Цімахвею Васільевічу (Вітку. — Л. Р.), і Уладзіміру Іванавічу (Корбану. — Л. Р.), і тт. Зарыцкаму і Няхаю, і ўсім-усім. Гэта, ведаеце, упэўненасць, Цяпер я ўжо не кіну. Так хочацца працаваць, і адчуваю сябе нейкім новым, іншым».
Публікацыя ў часопісе «Полымя» адбылася. А праз год Уладзімір Караткевіч атрымаў рэкамендацыі для ўступлення ў Саюз пісьменнікаў — яшчэ да выхаду першага зборніка. Аўтарамі рэкамендацый былі Максім Лужанін, Антон Бялевіч і Анатоль Вялюгін, усе яны працавалі з маладымі паэтамі на Шостай рэспубліканскай нарадзе маладых літаратараў.
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ