«Як мудрасці сімвал нятленны». Вобраз Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў беларускіх літаратурных творах

Год, які толькі што наступіў, пройдзе пад знакам падрыхтоўкі да вялікага свята — 900-годдзя Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага праваслаўнага манастыра. Сакральнае месца беларусаў, авеянае легендамі… У 1125-м годзе манастыр заснавала святая прападобная Еўфрасіння Полацкая, адзіная дачка полацкага князя Барыса Усяславіча. Па сёння захаваўся Спаса-Праабражэнскі сабор, пабудаваны па яе замове майстрам Іаанам. Сюды святая Еўфрасіння ахвяравала легендарны напрастольны крыж, зроблены майстрам Лазарам Богшам… 


Гэтае месца натхняла творцаў розных часоў… Давайце каляднымі днямі згадаем, як вобраз святой абіцелі занатаваўся на старонках мастацкіх твораў.

«Ці не ты, панна, па мяне пасылаеш, каб я ўзяўся за працу?»

Найперш згадаем «Аповесць жыцця і смерці святой і блажэннай і найпадобнейшай Еўфрасінні, ігуменні манастыра Святога Спаса і найсвяцейшай ягонай маці, што ў горадзе Полацку», якая была напісана ў XII стагоддзі. Хто аўтар гэтага жыція — застаецца гадаць, можа, Міхаіл, слуга Еўфрасінні, ці манах Давід, які суправаджаў прападобную ў паломніцтва ў Ерусалім, а мо яе сястра і спадзвіжніца Еўпраксія… Жыціе святой Еўфрасінні дайшло да нашага часу ў шасці рэдакцыях і больш чым 180 спісах XVI–XVIII стагоддзяў. Вось што гаворыцца там, як да Еўфрасінні, якая жыла ў келлі Сафійскага сабору, прыйшла думка пра заснаванне манастыра: 

«I ў адну ноч легла яна адпачыць пасля доўгіх стаянняў на малітве да Бога, і ўбачыла праяву: узяў яе анёл і павёў туды, дзе была цэркаўка Святога Спаса, манастырская маёмасць Святой Сафіі, што людзі завуць Сяльцом. I паказаў яе ангел Госпадавы, кажучы так: “Еўфрасіння! Тут належыць быць табе!” Яна ж, абудзіўшыся, вельмі здзівілася, кажучы: “Што гэта значыць?” I ў тую ж ноч бачыла гэтае тройчы.»

Выконваючы Божую волю, Еўфрасіння адправілася ў Сялец, прадмесце Полацка, каб заснаваць манастыр. Пачала будаваць і новы храм: 

«I тут хачу вам, братове, расказаць пра дзіва. Быў муж Іаан, прыстаўнік над майстрамі царкоўнымі. I колькі разоў на досвітку чуў голас ён, які прамаўляў: «О Іаане! Узрушся, ідзі на будоўлю царквы Уседзяржыцеля Спаса!» I аднойчы ён узняўся і прыйшоў да шчаснае Еўфрасінні і сказаў ёй: «Ці не ты, панна, па мяне пасылаеш, каб я ўзяўся за працу?» А яна адказвае: «Не». Але, падумаўшы, кажа яму шчасная тая жанчына: «Нават калі і не я цябе ўзрушваю, усё адно паслухай шчыра і ўважліва таго, хто цябе кліча на гэтую працу». 

Так майстар Іаан стаў дойлідам новага храма… Але дзівосы не скончыліся. Калі ўжо збудавана была царква, крыху не хапіла плітаў. «I шукалі, але не знайшлі нічога». I зажурылася Еўфрасіння, і пачала маліцца… «А назаўтра па Божай волі знайшліся пліты ў печы, і ў той самы дзень скончана была царква і ўзнесены крыж».

«Па руінах разбураных келляў…»

У 1926-м годзе, калі ішла апантаная барацьба з рэлігіяй, малады паэт Алесь Звонак пісаў пра Полацк: 

«Яснае сонца ўзышло над табою,

Звон багамольны змаўкае навек,

Свежаю, новай ідзе баразною

Вольных палёў гаспадар-чалавек».

Але ўжо ў наступным, 1927-м годзе, пасля наведвання старажытнага храма, збудаванага Еўфрасінняй, у паэта з’яўляюцца іншыя радкі. Нават нягледзячы на тое разбурэнне, што малады Звонак пабачыў, святое месца не магло не ўразіць: 

«Па руінах разбураных келляў,

Там, дзе зеўраюць з трэшчын вякі,

Я спускаўся ў твае падзямеллі,

І спалохана ў пальцах трымцелі

Свечак доўгія языкі…

Пачарнелыя глыбы скляпенняў,

Лабірынты бясконцых хадоў

Праглыналі дрыготкія цені…

Быў, як мудрасці сімвал

нятленны, —

Сцёрты надпіс далёкіх гадоў».

Нечалавеча вялікія задумлівыя вочы продкаў.

Не мог не згадаць Полацак і Уладзімір Караткевіч у сваім эсэ «Зямля пад белыми крыламі». Сярод іншых цікавостак старажытнага горада апісвае ён і Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр. Асабліва ўразілі пісьменніка фрэскі:

«А непадалёк спаруда ХІІ стагоддзя — славуты сабор Спас-Ефрасінні з прыгожымі старажытнымі фрэскамі.

Калі сонца праз невялікія вокны трапляе ўнутр сабора, гэтыя фрэскі загараюцца бляклай чырванню і ржавым золатам. Нібы праз залаціста-карычневую, празрыстую ваду лясных рэк глядзяць на вас нечалавеча вялікія задумлівыя вочы вашых продкаў».

«Пасля доўгага змагання са спакусамі»

Для паэткі і пісьменніцы Валянціны Коўтун вобраз Святой Еўфрасінні быў вельмі дарагі і блізкі, пра жыццё полацкай княжны яна папісала раман «Пакліканыя». Шмат цяжкасцяў і выпрабаванняў сустракае гераіня раману ды ейныя аднадумцы. Нават той момант, калі Еўфрасінні з’явілася нябёснае пасланне, суправаджаецца пагрознымі дэкарацыямі:

«З нізкага неба нечакана дыхнула навальнічная задуха. Неба было чорнае, як дзёгаць. І хоць не ўпала яшчэ ні кроплі дажджу, над галавою прагрымелі ўдары грому, а ўвесь нябесны паддон раскроіла раздвоеная, бы змяіны язык, маланка…

…Праз колькі часу, адгарнуўшы новую абалонку свайго летапісу, ігумення Еўфрасіння запісала, што быў закладзены Спаса-Праабражэнскі манастыр у Сяльцы ноччу пасля доўгага змагання са спакусамі, з прывезенымі ёю Евангеллем і трыма даравальнымі хлябамі ў імя Айца і Сына і Святога Духа напрыканцы месяца зарэня ў лета ад нараджэння Божага адна тысяча сто дваццаць шостае».

Жалезны рыцар сутарэнняў

Земляком Святой Еўфрасінні быў і наш сучаснік Пятро Васючэнка. У эсэ «Полацкая антычнасць» ён успамінаў: «Мы, полацкія мальцы, гэтак жа свята, як у табліцу множання, верылі ў існаванне падземнай галерэі паміж Спаса—Еўфрасіннеўскім манастыром і Сафійскім саборам. Мы былі ўпэўненыя, што адзін з уваходаў схаваны ў руінах цёплай царквы, пад заваламі з бітай цэглы, шкла і друзу. Калі б нам і ўдалося тады разабраць гэты лом і ўвайсці ў лабірынт, там пільнаваў бы злавесны жалезны рыцар. Пачуўшы нашы крокі па галерэі, ён выйшаў бы з цемры і сталёвым мячом назаўжды закрыў бы дарогу да дзённага святла, ракі, пескароў, футбольнага поля. 

Другі ўваход размяшчаўся ў сутарэннях Крыжаўзвіжанскай царквы, тады змрочнай, апаленай маланкай, якую кінуў у яе святы Ілля, нібыта ў храме прытаіліся нячысцікі. Але за свірнавым замком, які навесіў на дзверы вартаўнік Трафімчык, жылі вушастыя стварэнні з чуйнымі вусікамі і такімі ж, як і ў іх уладара, чырвонымі вочкамі. Трусы — імя ім было легіён. Яны насіліся па сутарэннях галодныя, як шакалы, з драпежным піскам. Вартаўнік сек для іх маладыя дрэўцы і кідаў у вушастую зграю, і праз хвіліну ад ствалоў, галінак, лістоты заставалася пацяруха. Тое ж самае магло здарыцца і з намі, патрап мы ў галодную зграю. Так правалілася адно з грандыёзных адкрыццяў мінулага стагоддзя». 

Нават у самыя неспрыяльныя для рэлігіі часы Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр і ягоныя вернікі былі сімвалам духоўнасці. 

«Вечарамі па вуліцы з ваяўнічай назвай Фрунзэ рухалася працэсія, якая нясла цішыню і мір. Багамоліцы, пераважна жанчыны старэчага ўзросту, ішлі на вячэрнюю службу ў храм Еўфрасінні Полацкай. Мая абыякавасць змянялася трывогай і пытаннямі. Якая праўда, невядомая мне, даступная ім? Сёння, калі я іду за парадай, падтрымкай, дапамогай да прападобнай Еўфрасінні, мне ўспамінаюцца часы, калі на тэрыторыі манастыра панавала, як выказаўся адзін бацюшка, “мярзота запусцення”. Стаяў абвуглены ўдарам маланкі Крыжаўзвіжанскі храм. Манахінь перавезлі ў Жыровічы, пад Слонім. Цёплая царква ляжала ў руінах. Не перапаўнялі вуліцу майго дзяцінства, якая зараз названа ў гонар святой, экскурсійныя аўтобусы. Але дух полацкай цывілізацыі, дрымотнай, не спаў».

«Цэркаўкі белы пажар»

Яшчэ адзін славуты палачанін, Навум Гальпяровіч, ствараючы вобраз роднага горада, пачынае з храма, будаванага святой Еўфрасінняй:

«Веі замружу, і ўбачыцца вечар —

Белая цэркаўка тоненькай свечкай.

Гнёзды шпачыныя над Палатой.

Цені дубоў над халоднай вадой.

А за стагоддзямі ў прыцемку сінім

Вочы зямлячкі маёй, Еўфрасінні.

Цьмяна бялее на кнізе рука,

Б’ецца аб шыбу агонь матылька.

Полацк драўляны, малінавы звон…

Хто ты? Ці мроя, ці ява, ці сон?

Можа, твой майстар на холад муроў

Выплеснуць здолеў гарачую кроў,

Позірк праменны, дыханне надзей,

Каб засталося святло для людзей?

Што ты хацела на роднай зямлі?

Ды цішыня. І стагоддзі прайшлі.

Толькі вось цэркаўкі белы пажар.

Толькі аблокаў павольных цяжар».

У гэтым годзе нас чакае шмат імпрэзаў, прысвечаных Свята-Еўфрасіннеўскаму манастыру… Калі будзе магчымасць — абавязкова наведайце гэтае святое месца, каб ясней уявіць старонкі твораў беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота з адкрытых крыніц

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.