«У замку Рагачыкскім філосаф вялікі» Самыя таямнічыя творы беларускай літаратуры

Чытач любіць загадкі. І гэта датычыцца не толькі дэтэктываў ды містыкі. У гісторыі літаратуры ёсць творы самых розных жанраў, над загадкамі якіх дасюль б’юцца і звычайныя чытачы, і літаратуразнаўцы. Што хацеў сказаць аўтар? Хто гэты аўтар? Калі і дзе напісаны твор, што ў ім зашыфравана? Творы-таямніцы маюцца і ў беларускай літаратуры. Давайце згадаем некаторыя з іх…


Невядомая Адэля

Паэму «Мачаха» ў 1970 годзе адшукаў у архівах літаратуразнаўца Адам Мальдзіс. На рукапісе быў пазначаны год стварэння — 1850, а адметным было тое, што напісаны твор на беларускай мове. Значылася імя аўтара — «Адэля з Устроні». У паэме адгукаўся беларускі фальклор:

«Па зямлі віхор пагнаўся,

З буйным ветрам паспіраўся.

Віхар туманочкам ляцеў,

Чорну буру відзець хацеў.

Бура да Нёмана хадзіла

І чысту воду муціла,

І з беражочка ў беражочак

Калыхала ўвесь Нямночык.

Сваей нотай зарыкнула,

На бяседу заклікнула:

«Туманы! Цёмныя хмары!

І ты, круты віхар у пары!

На бяседу прыляціце

Дый на мяне паглядзіце,

Бо сягоння праз рэчаньку

Будзе плысці ў чоўніньку

Дзяцюк, што смеў пахваліцца:

«Ён… мне, чорнай, не баіцца!»

Дзяцюк, які згадваецца ў паэме, плыве не проста праз бурлівы Нёман, а да сваёй каханай. Прычым уся родная зямля яго падтрымлівае: і бор не дае чужому ветру дзьмуць, і Нёман не жадае тапіць свайго… Але чужы, насланы злой воляй вецер не сунімаецца… У каханай дзецюка таксама праблемы: яна жыве з мачахай, а мачаха яе жаніха ненавідзіць, «у лыжцы вады патапіла б». Мы можам толькі здагадвацца, што буру выклікала менавіта мачаха. Гэтак жа толькі здагадваемся, што адбылося з закаханымі, бо паэма абрываецца. Ці пераплыў адважны хлопец Нёман, ці сустрэўся з дзяўчынай, ці была пакараная мачаха? Ці ўсё адбылося, як у антычным міфе пра Геро і Леандра, які таксама пераплываў дзеля спаткання бурлівы Геляспонт і патануў, а каханая не вытрымала гэтага і таксама памерла?

Гадалі навукоўцы і наконт таго, хто хаваўся пад псеўданімам «Адэля з Устроні»: бо толькі ў Ганчарскай воласці Лідскага павета на пачатку ХХ стагоддзя мелася 20 Устроняў. Найбольш папулярная сёння тэорыя, што Адэляй была Габрыэля Пузыня з графскага роду Гюнтэраў, таленавітая пісьменніца, заснавальніца мастацкага салона і аматарка беларускага фальклору. Ну, і сэнсы разгадваюць: мо ў паэме нешта аўтабіяграфічнае, мо зашыфраваны тагачасныя грамадскія падзеі…

Цені і сімвалы

«Лірнік Лазар ходзіць, плача,

І ніхто яго не бача.

Не прыходзіць змілаванне

З важнай весцю ў добрым стане…»

Яшчэ адзін загадкавы твор беларускай літаратуры — гэта, безумоўна, паэма «Сон на кургане» Янкі Купалы. Расшыфроўваюць яе літаратуразнаўцы, расшыфроўваюць, ды да канца не здолелі. Іван Навуменка, напрыклад, у гісторыі пра хлапца па імені Сам, які заснуў на кургане, пабачыў у сне ўсялякіх міфічных пачвараў, русалак, відмаў ды містычнага Чорнага, а потым быў аблудна абвінавачаны ў падпале вёскі, угледзеў «роздум аўтара пра гістарычнае мінулае народа». Сучасны даследчык Валерый Максімовіч кажа пра «сімвал душы, якая пазбягае стыхійных неўтаймаваных жаданняў, а Сам вызначаецца як герой ніцшэанаўскага тыпу».

Зразумець, што хацеў сказаць малады Купала, можна, паглыбіўшыся ў кантэкст эпохі. Іван Дамінікавіч тады жыў у Санкт-Пецярбургу, дзе віравала мастацкае жыццё — ар-нуво, сімвалісты… Станіслаўскі ставіць Ібсена, Метэрлінка і Леаніда Андрэева… Вячаслаў Іванаў збірае ў сваёй «вежы» паэтаў, сярод якіх Андрэй Белы і Велімір Хлебнікаў. Выходзіць часопіс «Мир искусства», цалкам прысвечаны сімвалізму, інтэлігенцыя збіраецца на спірытычныя сеансы… 

Зразумела, Купала не мог застацца ў баку ад агульных павеваў, яго «Чорны» годна становіцца ў шэраг «Чорных чалавекаў» літаратуры таго часу, бязвінна асуджаны Сам, які безнадзейна паўтарае «Ратаваці бег з папару Усіх чыста ад пажару…», ды яго ніхто не слухае. Нават тое, што ў апошнім дзеянні, якое адбываецца ў Шынкоўні, Сам сядзіць за сёмым столікам, лічаць невыпадковым — лічба ж сакральная. Карацей, усё жыццё ёсць сон.

Тэлепартацыя і Атамір

«Дужы, агніста-рыжы арангутанг біў валасатымі кулакамі сабе ў грудзі».

Менавіта так, са сцэны ў Берлінскім заапарку, пачынаецца адзін з першых фантастычных твораў беларускай літаратуры — раман Змітрака Астапенкі «Вызваленне сілаў». Першая яго частка была надрукавана ў 1932 годзе ў часопісе «Маладняк». Другая… так ніколі і не выйшла.

Загадкавай была сама асоба аўтара: малады пісьменнік сцвярджаў, што можа ў думках падарожнічаць па любым месцы Зямлі, і прапаноўваў сябру Яну Скрыгану: «Хочаш, я нарысую табе план любой сталіцы свету, з назвамі плошчаў, вуліц?» Аднойчы, калі Скрыган прыйшоў да яго ў госці, заявіў: «Зараз рассунуцца сцены, і ты ўбачыш усіх жыхароў гэтага дома, можа, каторага нават за не вельмі прыстойным заняткам. Хочаш?» І патлумачыў, што зрабіў вялікае адкрыццё: «Разгадаў таямніцу жыцця матэрыі, і ў маіх руках цяпер вельмі страшная сіла. Я магу ў любым парадку сінтэзаваць атамы, а значыць, маёй волі няма канца. Магу ўсюды быць, усё знаць, усё бачыць, лёгка разбураць усё тое, што чалавеку на шкоду, і гэтак жа лёгка аднаўляць».

Праўда, заўважыў, што гэткая вера ў свае надзвычайныя здольнасці яму патрэбная для напісання фантастычага рамана.

У «Вызваленні сілаў» Астапенка сапраўды вельмі яскрава і падрабязна, хоць ніколі там не быў, апісвае Берлін, яго вуліцы, паркі, кавярні. Галоўны герой — савецкі інжынер Валер Богуш — працуе ў Германіі па абмене. Да яго трапляе сшытак, знойдзены калісь у беларускім касцёле на Палессі. У сшытку — сакрэт «атамнага апарату вызвалення ўнутрыатамнай энергіі». Невядомы навуковец апісвае эксперыменты, падчас якіх утвараліся «тонкія праменні блакітнага колеру, якія без перашкод праходзілі праз метал і дрэва, ператваралі ў попел жывую матэрыю». Далей ідзе змаганне за авалоданне таямніцай «атаміра» — атамнага апарата, Валер Богуш супрацьстаіць хцівым і жорсткім капіталістам. А каб здабыць рэшту папер, Богушу належыць прабрацца ў Заходнюю Беларусь, акупаваную Польшчай…

Мы так і не даведаемся, чым скончацца пошукі Валера Богуша. Астапенка быў арыштаваны, рукапісы канфіскаваны. З сібірскіх лагераў падчас вайны патрапіў у спецатрад — ці не з-за сваіх асаблівых здольнасцяў? Знік падчас аперацыі ў Татрах… Хоць Аркадзь Куляшоў сцвярджаў, што бачыў яго пасля вайны ў Маскве.

Кітайская легенда

6 кастрычніка 1925 года Уладзімір Дубоўка, дваццаціпяцігадовы беларускі паэт, які толькі што выйшаў з літаб’яднання «Маладняк» і стварыў з некалькімі сябрамі суполку «Узвышша», піша верш «Апошняя песня». Твор невялікі, працытуем яго цалкам:

«І было увосень, калі стрыглі поле

і на полі слалі дываны з лістоў.

Зашчымела сэрца 

ў нечуваным болю:

вельмі многа крыўды,

вельмі мала слоў.

І было увосень… Я сказаў аднойчы:

больш не дакрануцца пальцы мае 

                                                 струн.
І пайду да мэты, 

                        сцяўшы зубы, моўчкі,

і назад не гляну,

як Ван Чжаоцзюнь.

І было увосень… 

                       Я сказаў на ростань:

тое, што звінела, 

                       больш няма таго.

І апошняй песні завілася постаць:

жыватворчы праглынуў агонь».

Заўважылі, што ў вершы раптам згадваецца кітайскі персанаж — Ван Чжаоцзюнь? Дубоўка для неабазнанага чытача тлумачыць: «Ван Чжаоцзюнь — дзяўчына, кітаянка. Жыла ў 30—40-я г.г. пачатку нашае эры. Вылучалася нязвычайнай прыгажосьцю. Шмат кітайскіх паэтаў ахвяравалі ёй свае вершы, звязаныя з яе, адносна, трагічным жыцьцём».

Патлумачым падрабязней: Ван Чжаоцзюнь была наложніцай кітайскага імператара, але адмовілася даць хабар мастаку, які павінен быў паказаць яе партрэт імператару. Таму мастак намаляваў яе страшненькай, і імператар не захацеў яе бачыць і аддаў правадыру гунаў. Але і на чужыне Ван Чжаоцзюнь змагла заваяваць любоў і павагу, і дзякуючы ёй, суайчыннікі яе мужа не ўчынялі набегі на яе радзіму, бо і на чужыне дзяўчына любіла родны край і распаўсюджвала яго культуру.

Тэма Кітая ў 1920-х была папулярнай на Беларусі — навіны з далёкай усходняй краіны пра рэвалюцыйныя падзеі друкаваліся ў беларускай прэсе, паэты перакладалі вершы. Да кітайскай культуры Дубоўка мог далучыцца і ў Маскве, дзе тады жыў — у 1923 г. выйшла ў перакладзе на рускую мову кніга паэта Го-Мажо, у творах якога якраз і згадвалася прыгажуня Ван Чжаоцзюнь, у 1925 г. з’явілася кніга чатырохрадкоўяў Лі Бо з вершам пра тую ж гераіню.

Літаратуразнаўцы ўгледжваюць у вобразе Ван Чжаоцзюнь параўнанне з Беларуссю… Але чаму б не ўявіць, што ў вершы Дубоўка апісвае свае пачуцці ад развітання з «Маладняком», дзе засталося шмат сяброў і шмат добрых успамінаў, дзе было перажыта і шмат крыўдаў. І вось паэт пад чужыя кпіны ідзе на «Узвышша», да новай беларускай літаратуры, «сцяўшы зубы, моўчкі, і назад не гляну, як Ван Чжаоцзюнь».

Шляхамі Фаўста

«— Дай руку, друг, — хачу я сказаць. — Я павяду цябе далёка, у ХVІ стагоддзе. Я пакажу табе д’ябальскія падкопы і сонечныя ўсмешкі чалавечых вачэй, бязодні подласці і высакароднасці, нянавісці і любові. Таму што нават тады свяціла сонца і зрэдку не з шыбеніц раслі на зямлі лясы…»

У творах Уладзіміра Караткевіча шмат загадак… Але давайце ўспомнім, можа быць, самы загадкавы і малавядомы твор — «Легенду аб бедным д’ябле і адвакатах Сатаны», «аб Рогачы, д’ябле, што з пекла быў выгнаны, як Арый завушаны з Нікейскага сабору, і стаў чалавекам, і, забыўшы каханне, у зламыснасці і падступным забыцці, стаў каралём і, у брыдкай ерасі прабываючы, забыў шыпшыну і змяю, што трымае сябе за хвост — знак, што нікому з брэнных не перайсці мяжы Бясконцага… А легенду тую з вуснаў і кніг пераклаў і запісаў у замку Рагачыкскім філосаф вялікі, кнігалюб, думак ваявода і сын ваяводкі, пан Уладак княж Сымонаў сын Караткевічаў, беларускія і іншыя элаквенцыі знаўца, чалавек не толькі ў беларускіх, але і ў лацінскіх, і ва ўсякіх іншых пісьмёнах пісьменны і абазнаны».

Твор гэты Караткевіч напісаў у 1961 годзе. Час, калі ён вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах і сцэнарных курсах у Маскве і прагна далучаўся да інтэлектуальных скарбаў. Тады ж зрабіў па «Легендзе» і сцэнарый фільма… Але твор дайшоў да публікі толькі ў 1994-м, калі аўтара не было ў жывых. Занадта востра гучала «Легенда», занадта шмат узнікала алюзій і параўнанняў… Чытаючы, успамінаеш і стыль Рабле, і «Боскую камедыю», да якой ёсць прамыя адсылкі, і, зразумела, «Фаўста» Гётэ. Замахнуўся малады аўтар грандыёзна… Паказаць і Беларусь, і чалавецтва ўвогуле, і само ўладкаванне Сусвету. Сустракаем і ўлюбёную караткевічаву схему дваістага кахання — жанчыны згубнай і жанчыны-ратавальніцы з адным абліччам. Выгнаны за міласэрнасць з пекла д’ябал Андрэй Рогач пакахаў простую дзяўчыну Дубраўку і захацеў стаць чалавекам, але яму сцерлі памяць, і Рогач захапіўся іншай жанчынай з абліччам Дубраўкі — бязлітаснай каралевай Агатай. Акрамя Рогача, для якога не існуе часу — бо ён бачыў і мінулае чалавецтва, і будучыню — сярод людзей жывуць такія ж засланцы з пекла і пазнаюць адзін аднаго па тым, што ў шаснаццатым стагоддзі могуць пагутарыць пра Ніцшэ ці вадародную бомбу. Твор відавочна недаацэнены, які змушае думаць і ўглядацца ў жыццё.

Падумайце ж над загадкамі беларускай літаратуры і вы, шаноўныя чытачы!

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.