Дом з драўлянымі ільвамі. Апавяданне.

Людміла Рублеўская
Дом з драўлянымi львамi
апавяданне


Яны прыйшлі якраз на праваслаўнае Вадохрышча, калі зорны Вознік спыніў сваю калясніцу над цёмным сілуэтам капліцы. Яе добра было відаць з вокнаў сядзібы, чый ганак вартавалі два драўляныя львы, замеценыя снегам аж па разяўленыя пашчы.
Гэта была ненадзейная ахова. Адзін маленькі, але жывы сабачка быў бы карысней за тыя вялікія, нязграбныя, па-шчапаныя часам і непагаддзю страшыдлы. І адзін з нечаканых гасцей пастукаў у шыбу…

Чытаць далей

Ценi забытага карнавалу. Апавяданне.

Ценi  забытага  карнавалу

Пазалочаная фольга склейвалася кепска, і ад гэтага латы здаваліся бязлітасна пасечанымі варожым мячом. Аднак Анцік не хацеў і чуць пра іншы карнавальны касцюм. Ён будзе толькі срэбным рыцарам! Такім жа, як на іхнім гербе. Старэйшая сястра, шэравокая Настасся, ужо зусім зазлавала, перапэцканая клеем, аблепленая срэбнымі ашмёткамі,— вось выдумкі малечы!

Чытаць далей

Прыгоды мышкі Пік-Пік

ЛЮДМІЛА РУБЛЕЎСКАЯ

ПРЫГОДЫ МЫШКІ ПІК-ПІК

Казачная аповесць

У звычайнай гарадской кватэры, у пакоі, які належыць маленькім Веранічцы і Максімку, жыве пад шафай тоўсценькая лянівая мышка. Гаспадары гэтай кватэры, Мама і Тата Веранічкі і Максімкі, паэты.

Чытаць далей

Ночы на Плябанскіх Млынах

Страшныя паданні пра Менск – самы час чытаць да 950-годдзя горада!
Людміла Рублеўская
Ночы на Плябанскіх Млынах
Магчыма, я памыляюся, але мне
заўсёды здавалася, што на дарозе,
па якой возяць мёртвых,
нават трава і дрэвы мяняюць колер.
Густава Адольфа Бекер.

Містычная аповесць

Гэты дом пабудаваў вар’ят у вар’яцкім месцы.
І не было лепшага дому і лепшага месца ў гэтым вар’яцкім часе.

Агонь дабраўся да срэбнай стужкі, якая далікатна абвівала сьвечку з белага, духмянага воску, створанага няйначай пчалінай каралевай (хаця не, каралевы не вырабляюць воску, нават такога белага). Стужка адразу сьціснулася, пачарнела, выяўляючы сваяцтва не з высакародным металам, а з паперай, цярплівай, як прыроджаная паслугачка, і гэткай жа пакорлівай любому гаспадару… Ад яе лісьліва пацягнуўся струменьчык чорнага сьмярдзючага дыму, нагадваючы няшчыры клічнік напрыканцы палітычнага лозунгу.
— І гэта вясельныя сьвечкі! – дакорліва прамовіла Дарота, прыціскаючы пацямнелай мельхіёравай лыжкай для гарбаты бліскучую паперку і спрабуючы атадраць яе рэшту ад васковага сьцябла. – Уявіце сабе, як гэткі дым выглядае падчас вянчаньня!

Чытаць далей

Пранціш Вырвіч у Маскве

Авантюры Прантиша Вырвича


У серыі “Рэтра-бібліятэка прыгод і фантастыкі” маскоўскага выдавецтва “Прэстыж бук” выйшла мая кніга – першая частка прыгод Пранціша Вырвіча ў перакладзе Паўла Ляхновіча і раман “Скокі смерці”. Выданне калекцыйнае, нават закладачка ёсць)

Чытаць далей

Гісторыі Пані

Гісторыі Пані
Ці шмат са мной здаралася незвычайнага? Гэта гледзячы як ацэньваць… Часам выпіты кубак кавы можа стацца падзеяй большай, чым землятрус.
Нашае жыцьцё – гэта наша памяць. А нічога больш няпэўнага за памяць няма. Што мы бачым, азірнуўшыся? Бляск разбітых шкельцаў? Раскіданыя там-сям рэдкія дыяменты? Але й яны з цягам часу трацяць бляск, пакуль не знікнуць пад пылам…
Занатаваць хоць нешта, стварыць самую сябе з мазаікі слоў… І таго досыць.

Як у мяне была швейная машынка Зінгер.

Не скажу, каб я была такой ужо швачкай… Як спатрэбіцца – дык нешта пашыю, падумаеш, біном Ньютана. Але асаблівага фанатызму да вырабу адзежы за сабою не заўважаю.
А вось мая стрыечная бабуля Воля была швачкай найвыдатнай. Хаця нідзе адмыслова не вучылася, магла пашыць усё, што заўгодна, прыдумляла фасоны – з дэкальтэ, з фальбонамі, спадніцы “гадэ”, рукавы “ліхтарык” і “матылёк”… Менавіта дзякуючы бабулі Волі ў нашай кватэры калісьці з’явілася машынка “Зінгер”. Яшчэ дарэвалюцыйная, чорная, бліскучая, з залатым гербам з арлом… Машынка працавала амаль бязгучна. Яе дэталі рухаліся, нібыта самі па сабе, варта было крануць нагой каваную педаль… Але хутка я зразумела, якая мая машынка старая… Дужа старая… Бо ў школьным кабінеце працоўнага навучання – а настаўніцай працы ў мяне была, між іншым, маці Адама Глобуса – машынкі былі зусім іншыя. З белымі пластыкавымі карпусамі, электрычныя… І я пачала саромецца сваёй машынкі “Зінгер” і марыла, каб замест яе ў нашай беднай кватэры з’явілася сучаснае электрычнае дзіва… Ці хаця б нажная машынка “Подолье” з роспісам пад хахламу, у адмысловай тумбачцы. Але грошай на новую машынку ў нас не было, і я здавольвалася “Зінгерам”. Паслухмяным, пакорлівым, дакладным, як састарэлы майстар. Машынка бабулі Волі шыла ўсё – танюткі шоўк і тоўстую скуру, джынсавую тканіну і аксаміт…

Чытаць далей