Прадмова да рамана “Авантуры Пранціша Вырвіча”

Калі рыхтаваўся да друку першы рраман серыі “Авантуры Пранціша Вырвіча”, мяне папрасілі напісаць да яго прадмову, каб  паллумачыць тое-сёе пра эпоху, у яккую адбываюцца падзеі. Цяпер, калі выходзіць фільм, гэта яшчэ больш актуальна. Не ведаю, ці ёсць прадмова ў сеціве, таму змяшчаю яе тут.

Людміла Рублеўская

Прадмова да рамана “Авантуры Пранціша Вырвіча”

Ад аўтара.

 

XVIII стагоддзе… Эпоха авантурыстаў і алхімікаў, рыцараў і прыўкрасных дам, палацавых інтрыгаў і крывавых войнаў… Эпоха Асветніцтва і вынаходніцтва… Колькі ў гэтым часе сюжэтаў, прыдатных да прыгодніцкіх раманаў, якімі карысталіся Аляксандр Дзюма-бацька, Вальтар Скот і Генрык Сенкевіч…

На Беларусі таксама хапала падобных сюжэтаў. І мне даўно хацелася, як пісьменніку, “пажыць” тады, калі шляхта збіралася на шумлівыя соймы, дзёрзкае слова прыводзіла да двубою, прыгажуні хадзілі ў локцевых сукенках — з такімі шырокімі спадніцамі, што рукі нельга апусціць, а напудраныя парыкі іх прыпадабняліся невялікім клумбам… Калі ў нашых мястэчках будаваліся мануфактуры, на якіх выраблялі цудоўныя паясы і крышталь, габелены  і вееры, а па кірмашах шнырылі ўвішныя шкаляры, якім забаранялася гаварыць па-свойму – толькі на лаціне, так што ўсе мястэчка пачынала ўжываць перакручаныя словы з лексікону Цыцэрона і Сенекі… Беларуская лекарка Саламея Русецкая-Пільштынова раз’язджала ў карэце між палацам турэцкага султана, нясвіжскімі ўладаннямі Радзівілаў і палацам расійскай імператрыцы, малады Казанова біўся ў Варшаве на смяротным двубоі з князем Браніцкім, у Смаргонскай акадэміі вучылі мядзьведзяў адмысловым танцам з дапамогай распаленай рашоткі, а сябар Пане Каханку Міхал Валадковіч урываўся ў залу менскай ратушы і палохаў дэпутатаў трыбуналу стрэламі ў столь…

Чытаць далей