Як Вялюгін пісаў закрытую рэцэнзію на Караткевіча

«Снягі і зоры за акном.

Заснулі ў хаце ўсе даўно.

Бярозка юная галлём

Паціху стукае ў акно.

А ты плывеш у белы свет…

Сінее плынь тваіх вачэй…

І найдалейшая з планет

Сяла суседняга бліжэй».

Гэтую песню пад назвай «Бярозка» на музыку Ігара Лучанка беларускі касманаўт Пётр Клімук узяў з сабой у якасці талісмана ў касмічны палёт…

А словы той касмічнай песні належаць паэту Анатолю Вялюгіну, 100-годдзе якога прыпала на апошнія дні 2023 года.

Нарадзіўся паэт у Машканах Сенненскага раёна, частка дзяцінства прайшла на хутары Кляпчэва, пакуль бацька ездзіў у заробкі. «Машканы, Івоні, Ракіты, хутар Кляпчэва — авеяныя лесавым шумам мацерыкі майго маленства», — успамінаў паэт. Дарэчы, яго бацька быў фельчарам, маці — настаўніцай, былой гімназісткай. А прозвішча павінна было быць Вялюга. Але калі бацьку забрывалі ў салдаты яшчэ царскай арміі, яго беларускае прозвішча «ўдасканалілі», так і з’явіўся паэт Анатоль Вялюгін. Які, дарэчы, у 1939–1940-х гадах, пакуль быў студэнтам літфака Мінскага педагагічнага інстытута, працаваў у «Звяздзе».

Давайце даведаемся цікавыя факты пра яго дзякуючы дакументам з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.

Вершы на пуцявінах смерці

Вялюгіну было сямнаццаць, калі пачалася вайна. Якія складаліся планы! У 1940-м паралельна з навучаннем на літаратурным факультэце Мінскага педінстытута і працай у «Звяздзе» ён нават прайшоў курс кінематаграфічнага майстэрства пад кіраўніцтвам Даўжэнкі на сцэнарным факультэце інстытута кінематаграфіі ў Маскве.

«Мяне вайна застала ў Мінску. Пад бомбавымі ўдарамі дрыжалі зямля і муры. У высокім доме над паркамі і скверамі мітусіліся птушкі. Хісталася трывожная ноч у пажарах. Сасмягла пакутная дарога, цягнучыся на Чэрвень, Беразіно і далей — па лясах, па густым, у зялёным дымку красавання жыце. Пешкам дабраўся да раз’езда Лычкоўскага — ёсць такі на перагоне Багушэўск — Віцебск. Там працаваў бацька; родныя верылі, што прыйду, чакалі, каб разам падацца на ўсход. Пад калёсамі зарыпеў горкі шлях выгнання. Над ім ад зары да зары віселі „гарбатыя“ фокеры. Лёзна, Рудня, лясы Духаўшчыны, Дарагабуж… Ехалі, ішлі бежанцы. На запыленыя бальшакі, на матак і дзяцей, на машыны і на калгасныя статкі з-за хмар нырцавалі самалёты. У эшалон змаглі залезці аж у Вязьме. Я зразумеў, што вершы, калі ёсць патрэба, нараджаюцца, як і жыццё, усюды, нават на пуцявінах смерці».

Чытаць далей