Лім, 20 лютага 1998
ЗА ГАРБАТАЙ
Памежжа на адной канапе
У гэтым годзе (1998) спаўняецца 40 гадоў з дня ўтварэння літаратурнага аб’яднання беларускіх пісьменнікаў Беласточчыны “Белавежа”. Не ведаю, наколькі юбілей – нагода для шчырай “гарбатнай” размовы, бо юбілей заўсёды прадзначае “мажорную” афарбоўку выказванняў. Але задума пагаварыць пра беларускую літаратуру суседняй Польшчы, дакладней, часткі Беларусі, што апынулася за нашай заходняй мяжой, узнікла даўно. Ды й наспеў час лімаўскай “гарбатні” пашыраць сваю геаграфію. На сённяшнюю гарбату завіталі прафесар Варшаўскага універсітэта, член Саюза польскіх пісьменнікаў, старшыня “Белавежы” паэт Ян Чыквін, а таксама беларускі філосаф, літаратуразнаўца Уладімір Конан, крытык і эсэіст Ала Сямёнава, крытык, літаратуразнаўца Міхась Тычына, паэтка, літаратуразнаўца Галіна Тварановіч. Сустракала гасцей, як заўсёды, гаспадыня “гарбатні”, рэдактар аддзела крытыкі “ЛіМа” паэтка Людміла Рублеўская. “Юбілейнай” размовы, здаецца, не атрымалася, тэмы ўздымаліся балючыя і сумныя…