Людміла Рублеўская
ДАГЕРАТЫП
Дэкадансны раман
КНІГА ЗНЕШНЯГА КОЛА
Раздзел першы. Пад’езд з шахматнай падлогай.
Гэта было ў той год, калі ўсе пачалі насіць кашулі ў краткі.
Быццам вуліцы запоўніліся каўбоямі.
Але пазнаваўся толькі статак.
Яшчэ ў той час у горадзе паўсюль замест асфальту клалі новую плітку. Дакладней, здзеклівае падабенства брукаванкі. Шэрыя ці ружаватыя бетонныя брускі мясцовай вытворчасці вельмі хутка трэскаліся, а паколькі зазвычай іх укладвалі ў вільготную зямлю — а халера яго чакаць, пакуль высахне, распаўзаліся ў бакі, як гнілое сукно, дыбіліся неахайнымі хвалямі, па якіх было нават весела скакаць. Тым больш у маіх Чаравіках. Менавіта так, з вялікай літары. Суперскія Чаравікі, якія ўдалося набыць хаця б ужыванымі, праз інтэрнэт, затое – чорна-бліскучыя, з цяжкой «жаўнерскай» скуры, прашытыя суворымі ніткамі… Хех! Навюткія такія ж за маю журналісцкую паўстаўку не купіш.
Дарэчы, яшчэ пашанцавала на гэтую паўстаўку, мне ж засталося апошні курс давучыцца, а ўжо цяпер не баліць галава пра размеркаванне.
Затое баліць – пра жытло. Праўда, якраз з’явіўся шанец гэтую праблему бліскуча вырашыць. Знаёмы хлопец з’язджае па нейкім гранце займацца сваёй біялогіяй-заалогіяй-пацукалогіяй, а паколькі акрамя тае пацукалогіі (ці прусакалогіі) нічога яго, падобна, па жыцці не цікавіць, прапанаваў сваю кватэру, у самым цэнтры места, абсалютова бясплатна ў карыстанне двум правінцыяльным студэнтачкам. На шчасце, Наста, мая сяброўка і суседка па здымным жытле, з’ехала на тыдзень да бацькоў, і ўсе ўражанні візіту – мне, мне адной!
Машыны ляцелі па праспекце так мэтанакіравана, быццам кожная везла сэнс жыцця, але мяркуючы па смуродзе, які пасля іх заставаўся, гэта быў не вельмі добры сэнс. Я дастала смартфон і патыцкала пальцам у экран, павялічваючы фрагмент карты з патрэбным мне домам. Ого, гэта той самы, з дзьвюма скульптурамі перадавых калгасніц на карнізе і кніжнай крамай на першым паверсе! Крутая кватэрка…