Беларускія інтэрнэты абляцела навіна: “Беларусьфільм” экранізуе “Авантуры Пранціша Вырвіча”, папулярную серыю кніг Людмілы Рублеўскай. І пакуль фанаты кніг вагаюцца, “ці гэта добрая навіна, ці дрэнная”, мы пагутарылі з самой пані Людмілай.
Як высветлілася, “Беларусьфільм” пачаў перамовы з пісьменніцай яшчэ з паўгады таму. Маўляў, прачыталі кнігу, маюць зацікаўленасць. Пані Людміла адмаўляцца не стала, хоць датычна тых жа экранізацый Караткевіча ставіцца неадназначна.
“Магу ўявіць, як Уладзімір Караткевіч пакутаваў на здымках. Ролю Юрася Братчыка ў фільме “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” аддалі Льву Дураву, абсалютна геніяльнаму акцёру, але які з яго Братчык? У Караткевіча гэта малады чалавек, высокі, харызматычны, надзвычай прыгожы… Малады Мэл Гібсан, карацей. І які б ні быў выдатны фільм Рубінчыка “Дзікае паляванне караля Стаха”, гэта не тое, што пісаў Караткевіч”.
Кадр з фільма “Жыццё і ўзнясенне Юрася Братчыка”, 1967 год.
Датычна “Авантураў…” яна мае намер быць у добрым сэнсе прыдзірлівай.
“Вельмі хвалююся, бо хочацца, каб героі былі пазнавальныя. Нават паказвала здымачнай групе віртуальны кастынг, які мы праводзілі падчас прэзентацыі. У кастынгу перамаглі Алан Рыкман, Моніка Белучы і Курт Кабэйн… Але іх да здымак не прыцягнеш. Асноўны кастынг будзе праводзіцца сярод беларускіх артыстаў. Спадзяюся прысутнічаць на ім. Магу дапусціць несупадзенні ў знешнасці, калі тыпаж, характар акцёра супадзе з вобразам героя”.