У выдавецтве “Аверсэв” выйшаў зборнік беларускай прозы, прысвечанай міфам, там цалкам змешчаная мая аповесць “Ночы на Плябанскіх млынах”.
Ночы на Плябанскіх Млынах
Людміла Рублеўская
Ночы на Плябанскіх Млынах
Магчыма, я памыляюся, але мне
заўсёды здавалася, што на дарозе,
па якой возяць мёртвых,
нават трава і дрэвы мяняюць колер.
Густава Адольфа Бекер.
Містычная аповесць
Гэты дом пабудаваў вар’ят у вар’яцкім месцы.
І не было лепшага дому і лепшага месца ў гэтым вар’яцкім часе.
Агонь дабраўся да срэбнай стужкі, якая далікатна абвівала сьвечку з белага, духмянага воску, створанага няйначай пчалінай каралевай (хаця не, каралевы не вырабляюць воску, нават такога белага). Стужка адразу сьціснулася, пачарнела, выяўляючы сваяцтва не з высакародным металам, а з паперай, цярплівай, як прыроджаная паслугачка, і гэткай жа пакорлівай любому гаспадару… Ад яе лісьліва пацягнуўся струменьчык чорнага сьмярдзючага дыму, нагадваючы няшчыры клічнік напрыканцы палітычнага лозунгу.
— І гэта вясельныя сьвечкі! – дакорліва прамовіла Дарота, прыціскаючы пацямнелай мельхіёравай лыжкай для гарбаты бліскучую паперку і спрабуючы атадраць яе рэшту ад васковага сьцябла. – Уявіце сабе, як гэткі дым выглядае падчас вянчаньня!