Сто гадоў беларускаму класіку…
Яго працавітасці зайздросцілі, зайздросцілі і колькасці важных пасад і прэмій. Хадзілі неверагодныя чуткі пра ганарары ад ягоных кніг — яны прадаваліся мільённымі накладамі па ўсім Савецкім Саюзе… Дзівіліся, як ён паспявае ахапіць «кан’юнктурныя» тэмы: Чарнобыль, гандаль дзецьмі, наркатрафік… Паглыбляецца ў праблемы архітэктуры і кардыёхірургіі… Раптам піша гістарычны раман пра вялікую княгіню Алену, жонку польскага караля Аляксандра… Успаміны пра Андрэя Макаёнка неспадзеўкі ператвараюцца ў шчырую «Аповесць пра сябра». Нечакана выдае дзённікі, на якія зноў жа хтосьці са згаданых там калег крыўдуе…
Але калі патрэбна была дапамога, тыя ж калегі беглі да Івана Пятровіча Шамякіна, першага сакратара праўлення Саюза пісьменннікаў, старшыні Вярхоўнага Савета БССР, акадэміка — бо ведалі, што паспачувае, дапаможа… «Я любіў людзей і верыў ім» — напіша ён у дзённіках.
Здавалася б, пра такога значнага чалавека ўсё павінна быць вядома… Але зазвычай такое ўражанне ілюзорнае, і мноства фактаў, нават занатаваных у даступных крыніцах, застаецца на маргіналіях… Вось, напрыклад, ці ведалі вы, што ў вёсцы Карма ў Шамякіных было яшчэ другое прозвішча — Чарназёмавы? Іван Пятровіч згадваў: «Ніколі не маглі сказаць: «Ідзі пазыч у Шамякіных», заўсёды гаварылі: «Пазыч у Чарназёмавых», «жыве за Чарназёмавымі». Ці як аднойчы Іван Шамякін, яшчэ да дэмабілізацыі, «дрэнны плывец, ратаваў у Варце польскую дзяўчыну… Нас з полькай, якая так абшчапіла мяне, што скавала, несла на гэты разбураны мост. Адкуль узяўся наш кацер! Наканавана было доўга жыць».
Колькі ні перачытвай мемуары, успаміны, гутаркі, усплывае нешта нечаканае. Давайце зладзім своеасаблівую экскурсію па біяграфіі Івана Шамякіна з дапамогай артэфактаў, якія ён згадвае…