Людміла Рублеўская: Дзякуючы інтэрнэт-піратам, мой раман мае два фіналы
http://nn.by/?c=ar&i=182470
Напярэдадні творчай сустрэчы з чытачамі, прысвечанай выхаду новай кнігі, Людміла Рублеўская прыадчыніла некалькі сакрэтаў свайго новага гісторыка-прыгодніцкага рамана «Дагератып». На яго выданне якраз ідзе збор сродкаў на платформе Talaka.by. Яшчэ можна паспець ахвяраваць невялікую суму грошай і атрымаць асобнік з аўтографам вядомай пісьменніцы.
— «Дагератып» быў напісаны некалькі гадоў таму, кавалкамі публікаваўся ў «Дзеяслове», існуе пэўны час у электронным фармаце. Чаму зараз вырашылі даць раману папяровае жыццё?
— Найперш з-за чытачоў, якія пытаюцца: «А калі ж выйдзе сапраўдная кніга?» У інтэрнэце з маімі тэкстамі адбываюцца розныя дзівосы, іх перацягваюць з сайта на сайт з памылкамі, перакручваюць, губляюць раздзелы… Часам проста страшна, што ўрэшце з напісаным адбудзецца тое ж, што з авечкай, якая прадзіраецца скрозь калючае кустоўе. Папяровая кніга — гэта ўсё ж канон. І ўвогуле, пакажыце мне такога пісьменніка, які не хоча выдаць твор кнігай! Тым больш, што ад моманту апублікавання ў часопісе прайшло шмат часу
— Чаму кніга мае такую незвычайную структуру? І што такое дэкадансны раман?
Я лічу, што ствараць можна толькі на тэрыторыі ўнутранай свабоды, калі няма абмежаванняў ні ў тэме, ні ў форме, і ў маіх раманах часта з’ядноўваюцца розныя эпохі. Так і тут. Падзеі Кнігі знешняга кола адбываюцца ў наш час. У Кнігу знешняга кола ўпісаная Кніга ўнутранага кола — гэта канец дзевятнаццатага стагоддзя, падзеі з дзённіка фатографкі-тэрарысткі Багуславы Ніхель, які знаходзяць героі Кнігі знешняга кола. А тлумачыць некаторыя таямніцы Кніга патаемная. З эпохі філаматаў і філарэтаў. Яна існуе як бы паралельна першым двум, быццам падвешаны да гэтых двух колаў на ланцужку званочак.
Дарэчы, дзякуючы інтэрнэт-піратам, магу меркаваць, што на сёння я самы постмадэрнісцкі ў Беларусі пісьменнік. Мала таго, што раман «Авантуры драгуна Вырвіча» блукае па сеціве з двума варыянтамі фіналу — у адным Пранціш Вырвіч жэніцца, у другім не, — дык цяпер і «Дагератып» мае версіі.
Пасля першага раздзелу Кнігі знешняга кола ў мяне мусіць цалкам ісці Кніга ўнутранага кола, а за ёй — другі раздзел Кнігі знешняга… Нехта з тых, хто размяшчаў мой раман на адным з рэсурсаў, палічыў, што адбылася памылка, і з’яднаў раздзелы Кнігі знешняга кола. То бок атрымалася, што фінал апынуўся наперадзе! Я адразу заперажывала, але каляжанка супакоіла: гэта ж як у Павіча, можна чытаць раздзелы ў любым парадку, як падабаецца. І калі чытачам падабаецца, дык чаму не? Выпендрылася з формай, называецца, увяла людзей у зман☺
А чаму дэкадансны… Ну падабаецца мне вельмі арт-нуво, карціны Бэрдслея і Бёкліна. Падабаецца дэкаданс, які дзіўным чынам перагукаецца з сённяшнімі мемамі-дэпрэсяшкамі. Дамы-вамп у чорных сукенках і манто, з доўгімі цыгарэткамі ў муштуках… Усё гэтае захапленне руінамі і могілкамі, закінутымі капліцамі і патанулымі Афеліямі… Пішучы раман, з задавальненнем пажыла ў той атмасферцы. Маёнтак у пушчы з калекцыяй праклятых рэчаў… «Глухі лес вакол, агароджа з ваўчынымі галовамі, якія шчэрацца з іржавых прэнтаў»…