Балі ў разбураным замку

https://zviazda.by/be/news/20201026/1603724983-pryvidy-belaruskih-murou-bali-u-razburanym-zamku

За кожнай, нават самай дзіўнай, легендай хаваюцца рэальныя факты… Але часам такую сувязь даводзіцца доўга адшукваць.

Вось, напрыклад, чаму ў адным з самых таямнічых замкаў Беларусі — у Смалянах на Аршаншчыне — народная фантазія пасяліла прывід каралевы Боны?


Сёння ад замка засталося няшмат, але руіны на беразе ракі Дзярноўка выглядаюць вельмі гатычна.

Дык вось, кажуць, што цёмнымі восеньскімі начамі, калі ад Дзярноўкі падымаецца туман, аднекуль з-пад зямлі гучыць музыка, у акне ацалелай вежы замка загараецца святло, і на гэтым фоне відаць цёмны сілуэт жанчыны. Нібыта «яна» і ёсць каралева Бона Сфорца, якая прыязджала сюды па падземных хадах, такіх шырокіх, што там мог праехаць экіпаж, запрэжаны трыма коньмі.

Самае дзіўнае, што замак быў пабудаваны пасля смерці каралевы Боны, у першай палове XVІІ стагоддзя тагачаснымі ўладальнікамі Сангушкамі. Адзіная сувязь — Смаляны некалькі гадоў належалі каралеве, пасля таго як памёр Ілья Астрожскі, гаспадар Смалян, атрыманых яго бацькам, вялікім гетманам Канстанцінам Астрожскім, ва ўзнагароду за слаўную бітву пад Оршай. Потым каралева па просьбе свайго мужа, Жыгімонта Старога, падарыла Смаляны Андрэю Курбскаму, перабежчыку з Масковіі, які вядомы нам па эмацыянальнай перапісцы з былым сюзерэнам Іванам Жахлівым. Курбскі жыць у Смалянах пабаяўся — гэта не так далёка ад рускіх земляў, а цар ажно гарэў адпомсціць здрадніку. Памяняўся з Сымонам Сангушкам на яго ўкраінскія ўладанні — Ковель. У памяць пра гэта Сангушка назваў свой замак у Смалянах Белы Ковель.

Чым жа каралева-італьянка так прывабіла мясцовых жыхароў, што тыя і праз стагоддзі не забылі яе, пасяліўшы менавіта Боны Сфорцы прывід у Белым Ковелі, які яна ніяк не магла наведваць?

ВІДЭЛЬЦЫ, САЛАТА І АТРУТА

Спачатку давайце ўспомнім, хто такая Бона.

Джавані Бальтрафіа. Партрэт Боны Сфорца.

Джавані Бальтрафіа. Партрэт Боны Сфорца.

Польскаму каралю Жыгімонту І быў тэрмінова патрэбны спадчыннік. Яго жонка, Барбара Запальянка, памерла, не нарадзіўшы сына. І пачаўся вялікі агляд нявест з усёй Еўропы. Вядома, па партрэтах. Прадстаўніца надзвычай багатага італьянскага роду Сфорца манарху спадабалася: гожая, блакітнавокая, з залатымі валасамі. Праўда, род славіўся шматлікімі скандаламі і схільнасцю вырашаць праблемы з дапамогай атруты і ўдару кінжалам у спіну. Усё вырашыў зялёны туфлік чароўнай Боны, які перадалі каралю: маленечкі, зграбны… Не можа ўладальніца такой ножкі быць пачварай!

У Мілан быў адпраўлены прадстаўнік караля, прыдворны Станіслаў Астрарог, які заключыў «шлюб па прадстаўніцтве»: у патрэбных момантах намеснік жаніха цалаваў сабе пальцы і ціхутка дакранаўся да нявесты, каб і пацалунак адбыўся, і цнатлівасць будучай каралевы не пацярпела.

Дакладна невядома, ці быў Жыгімонт расчараваны, пабачыўшы новую жонку. У адным яго адназначна падманулі: нявеста была старэйшая, чым гаварылі — дваццаць чатыры гады лічылася сталым узростам для жанчыны. Гожая, так, недарэмна Леанарда да Вінчы маляваў яе гэткім анёлкам, але характар дужа ўладны.

Новая каралева прывезла новыя звычаі: навучыла падданых есці відэльцам, увяла моду на сукенкі з глыбокім выразам, на каралеўскі стол пачалі падаваць больш гародніны — есці «траву» дагэтуль лічылася адзнакай беднасці. У дамах пачалі трымаць пакаёвых птушак, упершыню з’явіліся папугаі. Ну і жорсткай рукой каралева ўсталёўвала свой палітычны ўплыў. На яе погляд, муж-кароль дужа распусціў сваіх падданых: магнаты, асабліва з Вялікага Княства Літоўскага (а нагадаю, што яго ў асноўным складалі беларускія землі), называныя ў летапісах Літвою, паводзілі сябе нахабна — Радзівілы, Гаштольды, Астрожскія былі магутныя і прагныя да ўлады. Акрамя таго, яны ўвесь час варагавалі між сабой, і каралю даводзілася мірыць, улагоджваць, каб не даць усчацца непатрэбнай вайне. Больш за тое — Бона даведалася, што ў яе ёсць саперніца, а менавіта Ганна Мазавецкая, сястра Юрыя Радзівіла, мянушка якога была «Геркулес». Калі памёр муж Ганны Конрад Мазавецкі, Ганна засталася рэгенткай пры двух малалетніх сынах — фактычна каралевай. Народ не любіў чужачку, якая да таго ж завяла нахабнага палюбоўніка, і ледзь не пагнаў яе з трона. Тады Ганна прапанавала сябе ў якасці нявесты аўдавеламу Жыгімонту Старому, абяцаючы прынесці ў пасаг Мазовію. Гэта быў добры варыянт, але Жыгімонт вагаўся — ці не прыціснуць яго Радзівілы? І ажаніўся з Бонай, чыя радня была далёка. Сфорца адчувала нядобрую ўвагу Ганны Мазавецкай і ўсіх Радзівілаў… І ў хуткім часе Ганна памерла, а за ёй — і двое яе сыноў. Па ўсіх прыкметах — атручэнне. Каралева дамаглася, каб кароль адабраў у Юрыя Радзівіла (свайго, між іншым, сябра) яго гарадзенскія ўладанні і аддаў ёй. Гісторыя захавала пагрозу Сфорцы Гаштольдам і Радзівілам: «Не толькі на вас, але і на дзяцей вашых таго мсціці буду і хачу».

Ці не ў гэтае акно замка Белы Ковель выглядае прывідная каралева Бона?

Ці не ў гэтае акно замка Белы Ковель выглядае прывідная каралева Бона?

Бона так уздзейнічала на караля, што адбылося неверагоднае: яе сын у дзевяць гадоў, пры жывым бацьку, быў каранаваны. Тады Жыгімонт І і атрымаў прыдомак «Стары».

Абмен нявестамі

Выдатная магчымасць перарваць родавую варажнечу — шлюбы. У Юрыя Радзівіла Геркулеса мелася двое дачок: Ганна і Барбара. Ганна з дзяцінства была заручана з сынам Альбрэхта Гаштольда Станіславам, Барбара — з сынам вялікага гетмана Канстанціна Астрожскага Ільёй. Але калі дзеці падраслі і настаў час здзяйсняць магнацкія шлюбы, падрослыя жаніхі заўпарціліся. Станіслаў Гаштольд абвінаваціў Ганну Радзівіл у тым, што яна жанчына непрыстойных паводзінаў, і нават нарадзіла дваіх пазашлюбных дзяцей. А Ілья Астрожскі (менавіта ён і быў уладальнікам Смалян) закахаўся ў прыдворную прыгажуню Беату Касцялецкую і не хацеў ніякай іншай.

Праблема палягала яшчэ і ў тым, што Беата Касцялецкая была пазашлюбнай дачкой караля — яе маці, Катажына Цельнічанка, фаварытка Жыгімонта Старога, нарадзіла каралю траіх дзяцей, але кароль не адважыўся ажаніцца з недастаткова радавітай каханкай.

Юрый Радзівіл, абедзвюм дочкам якога пагражала ганьба, звярнуўся ў каралеўскі суд. Кароль прапанаваў «саламонава рашэнне»: памяняць жаніхам нявестаў. Пра гэта нават быў выдадзены спецыяльны маніфест — ад 20 кастрычніка 1536 года. Супраць рахманай прыгажуні Барбары Станіслаў Гаштольд нічога сказаць не мог. А вось Ілья Астрожскі па-ранейшаму ўпарціўся. Мне даводзілася чытаць версію, што Беаце Касцялецкай дапамагла «добрая каралева Бона». Але больш праўдападобнай уяўляецца версія, што ўмяшалася Катажына Цельнічанка, якая папрасіла караля аб шчасці для дачкі. І менавіта кароль паспрыяў шлюбу Беаты і Ільі і шчодра адкупіўся ад раз’юшанага Юрыя Радзівіла.

І вось 3 лютага 1539 года Ілья Астрожскі і Беата Касцялецкая былі ўрачыста абвянчаныя ў Кракаве ў прысутнасці караля. А 19 жніўня таго ж года Ілья Астрожскі памёр. 19 лістапада нарадзілася яго дачка Гальшка Астрожская.

ТАЯМНІЧАЯ СМЕРЦЬ

Малады, дужы магнат, шчаслівы маладажон, гэтак раптоўна, менш чым праз паўгода пасля вяселля, памірае… Чаму?

Чытала версію, што падчас ягонага вяселля быў зладжаны рыцарскі турнір, і сын Боны Сфорцы Станіслаў Аўгуст выбіў Іллю з сядла, так што той ад атрыманых удараў не ачомаўся.

Вядома, што 16 жніўня, за некалькі дзён да смерці, Ілья напісаў запавет, дзе перадаваў усю маёмасць ненароджанаму дзіцяці ад Беаты.

Ясна, што перад смерцю Астрожскі адчуваў сябе хворым. Але няўжо ўвесь час пасля вяселля і няўдалага рыцарскага турніру ляжаў нядужы ды рыхтаваўся паміраць? Ну, калі ўлічыць дату нараджэння Гальшкі Астрожскай, зразумела, што свае абавязкі як мужа Ілья спраўджваў. А ў даследванні гісторыка Радзівона Попеля я знайшла звесткі пра тое, што ў варшаўскім архіве Радзівілаў захоўваюцца тры лісты князя Ільі Астрожскага, брацлаўскага і вінніцкага старасты, сына вядомага палкаводца князя Канстанціна Астрожскага. «Два лісты можна датаваць 25 красавіка і 2 мая 1539 г., трэці быў напісаны каля 1540 г. Першы з іх, дарэчы, быў адрасаваны вялікаму князю Жыгімонту І і паведамляў пра небяспеку татарскіх нападаў». Як бачыце, Ілья Астрожскі актыўна займаўся палітычнымі справамі і паміраць не збіраўся, лістуючыся з амаль што цесцем, каралём польскім Жыгімонтам (ён жа — вялікі князь літоўскі).

А вось чуткі пра тое, што менавіта каралева Бона Сфорца датычная да ранняй смерці маладога магната, недарэмна былі жывучыя. Бона апантана змагалася за ўладу для сябе і свайго ўлюбёнага сына. Яна не магла не асцерагацца, што Ілья Астрожскі, чыя маёмасць перавышала маёмасць караля, ажаніўшыся з ягонай дачкой, няхай пазашлюбнай, зажадае ўзвесці свой род на трон.

Дарэчы, вельмі хутка памёр і муж Барбары Радзівіл Станіслаў Гаштольд, пасля чаго Бона «прысвоіла» маёмасць удавы памерлага. І пасля смерці Ільі (відаць, пакуль яшчэ не нарадзілася законная спадчынніца) забрала Смаляны.

Смерць маладога ўладальніка і пераход мястэчка ва ўладанне забойцы — ці магло гэта так уразіць месцічаў, каб стацца страшнай легендай? Напэўна ж, магло.

Зрэшты, сучаснікі так дэманізавалі ўладалюбную італьянку, што даходзіла да абсурду. Напрыклад, сцвярджалі, што яна мела гарэм з дваццаці сямі каханкаў. І калі кароль даведаўся аб гэтым і загадаў іх пакараць, толькі трэцяму і дзявятаму са спісу ўдалося выратавацца. Таму трэці і дзявяты тост заўсёды п’юцца за каханне.

Ну дык сама Бона ў свой час аддала загад надрукаваць пашквіляў пра нялюбую нявестку, Барбару Радзівіл, дзе прыводзіўся яшчэ больш унушальны спіс уяўных каханкаў Барбары, ажно да садоўніка.

Бона займела сваё пекла. Аднойчы страціла цяжарнасць падчас няўдалага палявання. Страціла прыхільнасць улюбёнага сына, калі той пакахаў Барбару, удаву Станіслава Гаштольда. Давялося ўцякаць у Італію, прыхапіўшы дваццаць чатыры вазы, наладаваныя куфрамі з золатам і вопраткай, мэбляй, дыванамі, парцалянай. А на радзіме Бона сама была атручана сваёй камерысткай і ўрачом і прыняла бездапаможную і самотную смерць у італьянскім горадзе Бары. Кажуць, за ейным атручваннем стаяў іспанскі кароль, які не жадаў аддаваць выгнанай каралеве пазычаныя ў яе грошы.

Вядома, за даўнасцю мы не можам дакладна сказаць, як насамрэч памёр Ілья Астрожскі. Але цёмнымі восеньскімі вечарамі недарэмна ж углядаецца ў нас прывід каралевы ў вежы Смалянскага замка.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота з адкрытых крыніц

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.