Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Раман.

Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію
Раман-інструкцыя

Мы прыйшлі ў гэты свет не для таго, каб праклінаць цемру, а для таго, каб запаліць у ім святло.

Уводзіны
Альбарутэнія для нас пачыналася як Гульня.
Мы напачатку не ведалі, што той, хто ўвайшоў у гэтую Гульню, ніколі ад яе не адмовіцца, як не можа крыж пазбавіцца ад адной з перакладзін і застацца крыжам.
У горадзе нас пяцёра.
На два мільёны — пяцёра…
Кожны прыйшоў у Гульню сваім шляхам. Якім? А хіба вы можаце пралічыць шлях кропель дажджу, якія сцякаюць па шыбе і ўрэшце зліваюцца ў адну ручаінку?
Неяк дажджлівым травеньскім вечарам мы сядзелі ў нашай улюбёнай кавярні, сцены якой завешаныя чорна-белымі сямейнымі фотаздымкамі і калекцыямі манетаў і савецкіх марак у зялёных драўляных рамачках, і спрабавалі паводле дзядулі Фрэйда згадаць свае першыя дзіцячыя ўспаміны… Таму я, карыстаючыся пачутым тады, проста абмалюю для вас нашыя партрэты — так бы мовіць, у сямейных інтэр’ерах…
Гэта гульня…
Усяго толькі — наша гульня.
Што нам да тых,
Хто спрабуе зямлю перайначыць?
Альбарутэніі позірк, як рана, гарачы.
Сонца маё… Ты забіла мяне, як ягня
На ахвярніку белым…
І кроў — паласою — на белым…
Ваўкалакі правылі маю пахавальную ноч.
Час, як рана, загоіцца.
Лёс разаб’юць, як акно.
Гэта толькі гульня…
І ўсяго толькі — мёртвае цела.

Удзельнік першы. Даліла
Трубы раўлі, быццам збіраліся абрынуць сцены кватэры.
Не ўрачыста-бліскучыя трубы, якія прынята называць меднымі — хоць насамрэч яны Бог ведае з якіх сплаваў, — а схаваныя ў цаглянай тоўшчы сценаў, зарослыя знутры агіднай смярдзючай сліззю…
Верагодна, гэтыя сцены, абклееныя блякла-зялёнымі шпалерамі з малюнкам «вермішэль у палёце», заслугоўвалі зруйнавання.
Але так казаць несправядліва — бо маленькія катухі «без архітэктурных лішкаў», рассыпаныя па Савецкім Саюзе пры Хрушчове, нібыта часткі дзіцячага канструктара, былі важнымі дэталямі, з якіх будавалася маленькае шчасце маленькіх людзей. Мець свой катух, знайсці ў савецкіх сотах сваю ячэйку і напаўняць, напаўняць, напаўняць яе мёдам кволага свайго дабрабыту… Камод, плюшавыя шторы, «мяккі вугал», збор твораў Андрэ Маруа, рэпрадукцыя Рубэнса Пітэра Пауля «Саюз Зямлі і Вады» з часопіса «Огонёк» у гіпсавым багеце пад бронзу…
Даліла так і не палюбіла гэтыя сцены.
Для яе яны назаўсёды — сцены Іерыхона, вакол якіх нясе свой каўчэг войска дзіўнага прышлага племя, і ты адчуваеш: Бог — з імі. А тут… маленькае шчасце мець сваю бетонную ячэйку.
Божа мой, у кагосьці першы ўспамін дзяцінства — сонечныя зайчыкі на яблыневых галінках, матчына калыханка, урэшце — яркая, неверагодна яркая, як бывае толькі ў несвядомым дзяцінстве, бразготка…
А ў яе — выццё водаправодных трубаў. Блякла-зялёныя шпалеры. Незнаёмы мужчына (яна так і не навучылася вымаўляць слова «тата») прыкладае да сцен жалезную стужку, вылічвае нейкія «квадратныя метры»… Праз некалькі гадоў суседкі па пад’ездзе патлумачаць Даліле: твой нягоднік-татка пасля разводу хацеў адсудзіць кватэру…
Даліла была выдатніцай, але з восьмага класа сышла — абрыдла. «На залаты медаль рыхтавалі! У інстытут — простым шляхам!» — лямантавалі педагогі.
А яна проста ўзяла даведнік па сярэдніх спецыяльных установах і выбрала прафесію з больш-менш прывабнай назвай: афарбоўка тканінаў. Аказалася, праўда, што будучая прафесія звязаная не з маляваннем, а з самым нудным для Далілы прадметам — хіміяй. Гэта толькі ў дзяцінстве цікава: капаеш кроплю ёду, у яе кроплю зялёнкі — і ўтвараюцца паскудныя брунатныя камякі, ні на што не прыдатныя, акрамя як выклікаць тваю цікавасць. Дыплом Даліле перадалі ў раддом — аднакурснікі прычапілі яго да апушчанай з акна ніткі. Нарадзілася дачка. Хто бацька? А навошта вам ведаць? Даліла выканала прыроднае прызначэнне, найменш пацярпеўшы ад «патрыярхатнага ладу».
Яна гадавала дачку і працавала вахцёрам у рэабілітацыйным цэнтры. Працуе і па сёння. На вахце ціха, чытаць можна, толькі часам уночы загарлае бязногі «афганец». Спробы мужчын пазнаёміцца з Далілай спыняюцца звычайна на першым яе паглядзе. Цяжкі ў яе пагляд, у Далілы. Вузкія зялёныя вочы, немігучыя, як у змяі. І ўся яна высокая, гнуткая, маўклівая, цёмныя валасы гладка зачасаныя, і «луска» з сэканд-хэнду чорная і шчыльна па фігуры. Улюбёны пісьменнік Далілы — Оскар Уайльд.
Чаму? Лепей не пытайцеся. Яна не любіць спавядацца. Затое сваімі заўвагамі змусіць вас адчуць на сабе, што беларуская прымаўка «душа — не кажух, не вывернеш» не мае вялікага практычнага сэнсу.
Знаёмыя за вочы называюць Далілу «наша кобра» ці проста «кобра».
Альбарутэнію Даліла знайшла на цвінтары. Яшчэ б яна не была некрафілкай… Цэнтр, дзе Даліла працавала, месціўся ўшчыльную да старажытных могілак, з брамай, падобнай да выбеленага дажджамі чэрапа з прагаламі вачніцаў. Прыхільніца Оскара Уайльда кожны дзень па некалькі разоў праходзіла пад цёмнымі шатамі велізарных ліпаў, стараючыся не наступаць на паваленыя камяні з выбітымі на іх нетутэйшымі прозвішчамі: Агінскія… Дарбут-Зампольскія… Загорская з Трэпкаў… Інсургент, паэт-дэмакрат, дырэктар гімназіі, пробашч… Урэшце яны сталі як бы яе знаёмцамі, усе тыя, хто жыў раней у яе горадзе, магчыма, на месцы яе дома… Тыя, хто лічыў за гонар загінуць за Альбарутэнію. Хто ведае, як і калі ў яго сэрца пастукаецца радзіма? Выпадкова прачытаны артыкул у самай важнай газеце краіны — пра мастака, які калісьці размалёўваў капліцы на гэтых могілках… Пачутая радыёперадача пра паэта, які выдаваў першую ў горадзе беларускую газету і таксама тут пахаваны разам з продкамі… Маленькі фотаздымак у сямейным фотаальбоме — матчына бабуля ў цёмнай сукенцы з белым каўняром пад горла, з гладка зачасанымі, на прабор, валасамі, з насцярожаным паглядам дачкі «буржуазнага элемента»… Даліла пачала шукаць звесткі пра гісторыю свайго горада — скупыя, раскіданыя, перакручаныя ў памяці сведкаў, усё збольшага на польскай мове. Ад яе прапрадзеда, колішняга менскага аптэкара, не засталося ні фотаздымкаў, ні ўцямных успамінаў. Толькі, што пасля рэвалюцыі ў пана фармацэўта ўсё адабралі да апошняй мікстуры ды саслалі, а яго дачку не прынялі з-за паходжання ў тэхнікум, пайшла на завод сарціроўшчыцай.
Даліла няшмат ведала пра свой род. Якое там сёмае калена… Нават да пятага не сягае памяць. Але ў адрозненне ад іншых ёй было на гэта не напляваць. Аднойчы яна пабілася з падлеткамі, што згіналі на помніках жалезныя крыжы. Будучыя мужчыны — чаго ад іх чакаць? У лепшым выпадку — сінякоў ды драпін. Цяпер з ёю ветліва вітаюцца ўсе хлапчукі раёна. Увогуле Даліла цудоўна ладзіць з мужчынамі — калі яны ў якасці сяброў. Але як толькі пяройдуць рысу павагі…
І не дзіўна, што Даліла трапіла ў Гульню. Альбарутэнія — жанчына. Гордая і самотная, як Плачка з аповедаў Яна Баршчэўскага. Даліла часта ўяўляе падчас сваіх начных дзяжурстваў яе побач з сабой…
Удзельнік другі. Генусь
Мячык быў сіне-чырвоны. З брудна-белым паскам, які размяжоўваў сінюю і чырвоную паловы.
А яшчэ ён быў чужы, гэты мячык.
Генусь у свае тры гады гэтага не разумеў. «Дайдайдайдай»…
Гаспадыня цацкі, вялізная пяцігадовая дзяўчынка ў вязанай шэрай кофтачцы — турэмнага колеру, як цяпер сказаў бы Генусь — забірае свой сіне-чырвона-круглы скарб і моцна штурхае нахабніка, які на гэты скарб спакусіўся. Генусь падае… Дзеці падаюць мякка — кажуць, іх падтрымліваюць анёлы. Але ён усё роўна плача.. Ён хоча чырвона-сіні мячык.
«Гэта дзяўчынка… Яе нельга крыўдзіць, нельга ад­біраць…» — хуткі нервовы шэпат над вухам. Твар Той-каго-нельга-крыўдзіць крывіцца: «Ён стласны, як Баба Юга!»
І галасы, галасы: «Навошта вы прыводзіце яго да нармальных дзяцей? Яны палохаюцца».
«Мама, заечая губа — гэта таму, што я — зайчык?»
Генусь на ўсё жыццё ўсвядоміў, што ён — вылюдак. Дарэмна яму даводзілі, што ў тры гады чалавек яшчэ мала што помніць.
Ён — памятаў. Нават тое, што гузікі на шэрай кофтачцы дзяўчынкі, якая яго спалохалася, былі ў выглядзе маленькіх пластмасавых машынак.
Ён рос сярод нармальных дзяцей. Маці ўпарта адмаўлялася ад нейкіх спецыяльных умоваў, школаў-інтэрнатаў — яе дзіця не горшае за іншых! Настаўнікі ставілі чацвёркі там, дзе трэба было — тры… Цярпліва выслухоўвалі яго гугнявае мармытанне (воўчае паднябенне — у ім жыў яшчэ і воўк!) Часам ён здзіўляў нечаканымі думкамі — зусім як дарослы! Часам палохаў выбухамі нянавісці. З яго баяліся смяяцца. Ён глядзеў цёмнымі вачыма, як звераня, скрозь чорныя пасмы валасоў, якія амаль закрывалі твар: настаўнікі не наважваліся змушаць яго коратка стрыгчы грыўку. Вядома, няшчаснае дзіця хоча прыкрыць сваё калецтва. Гардыня не выспела ў ім, але не з’явілася і прыніжанасці. Толькі ледзяная самота. Ён увесь унутры адчуваў сябе ледзяным.
У шаснаццаць гадоў яму зрабілі аперацыю. Тонкі шнар на верхняй губе, трошкі асіметрыі ў рысах… Генусь стаў надзіва прывабным. Праз некалькі гадоў дзяўчаты будуць шаптаць яму на вуха, што ён падобны да галівудскага пірата Джоні Дэпа… «А што, калі ты завяжаш на валасы чырвоную бандану? Вось так… ну чаму — глупства? Чаму ты такі дзікі?»
А ён проста ведаў, што ён — вылюдак. Пачвара. І ўсё прыгожае не для яго.
У Інтэрнэце не мела значэння ягоная сапраўдная знешнасць.
Ён стаў слынным хакерам, у Сеціве яго ведалі пад імем — толькі не смейцеся! — Тэрмінатар. Мы, напрыклад, калі даведаліся — не ад яго, зразумела, — доўга смяяліся.
Дзяўчаты проста ліпнуць да Генуся — можа быць, кожная з іх падсвядома хоча стаць Гердай, якая выратоўвае маленькага Кая.
Альбарутэнію Генусь знайшоў у Сеціве. Адразу было смешна — купка фанатыкаў перабрэхваецца на «мове», хто з іх большы патрыёт… Вершы змяшчаюць дэпрэсіўныя. А потым адзін з тых дзівакоў, з разраду агрэсіўных, спытаў Генуся на чаце: «А хто ты сам ёсць?» Генусь хацеў запосціць ганарлівае — «грамадзянін свету», але задумаўся… Лёс Альбарутэніі надзіва быў падобны да ягонага. Раптам ён уявіў сябе на дзіцячай пляцоўцы, на якую прыйшла яна, Альбарутэнія, а ён разам з іншымі гідзіцца падысці — страшная, недаразвітая, «не пускайце яе гуляць з нармальнымі»…
Цяпер ён мадэратар папулярнага беларускамоўнага сайта.
Удзельнік трэці. Макс
Маленькая дзіўная цацка, якую ён знайшоў на ніжняй паліцы чужой шафы, была прахалодная, на ёй блішчэлі белыя шарыкі, якія так прыемна намацваць языком. На маленькіх ланцужках віселі іншыя шарыкі — маленечкія, металёвыя, яны бразгалі пяшчотна-пяшчотна, быццам смяяліся феі. Як у мультфільме — у белых сукенках-званочках, вісяць у паветры проста перад тварам галоўнага героя і смяюцца… І вось-вось падораць цуд… Магчыма, нават тут, у гэтым цёмным куце чужой кватэры, пад чужымі футрамі, што грувасцяцца над галавой Макса, нібыта яліны звесілі стамлёныя пухнатыя лапы. Тут адчувалася бяспека. Ніхто не выцягне на сярэдзіну ярка асветленага пакоя, не стане казытаць за жывот, за шчокі — «Уй, які халосанькі! Бутузік! Анёлачак!», не змусіць чытаць абрыдлы верш… Адзіны, які Макс мог расказваць без памылак, — пра елачку, на якой выраслі залатыя шышкі. Лухта. Феі бываюць, а елак з залатымі шышкамі ён пакуль не бачыў. Колькі шуму ад гэтых дарослых…
— Вось тут… Тут, на шафе, ляжала брошка. Яшчэ гадзіну назад ляжала.
— Мусік, ты, напэўна, яе пераклала.
— Мы зараз пашукаем, Марыя Вітальеўна. Яна, можа, звалілася, пакуль мы таньчылі.
— На ёй сапраўдныя перліны. І срэбра шмат. Праца дызайнерская…
— Мусік, не псуй настрой гасцям… Знойдзеш сваю цацку.
— І ўсё-ткі… Гадзіну таму я яе бачыла на месцы.
— Я зараз зазірну пад шафу, Марыя Вітальеўна… Хвілінку… Не, няма…
Макса знайшлі ў цёмным куце калідора пад чужымі футрамі.
— А ты што тут робіш? Што ў цябе ў роце? Дай… Ах, ты…
Вядома, ён не разумеў, чаму на яго абрынуўся гнеў, чаму ён стаў для маці і бацькі такім нядобрым.
— Не чапайце дзіця, яно не ведае, што робіць…
Цёмная вуліца… Святло ліхтароў у сняжынках, нібыта яны раскрадаюць яго, імкнуцца аднесці далей, у сцюдзёную цемру, — але не даносяць, губляюць, гаснуць…
— Ты разумееш, Марыя Вітальеўна можа вырашыць, што мы падгаварылі малога нягодніка сцягнуць брошку…
— Глупства.
— У любым выпадку — калі дзіця можа ўзяць чужую каштоўнасць, застаецца падазрэнне, што гэта з-за бацькоў… Што гэта гены… Ты зразумей, Марыя Вітальеўна — дырэктар нашай крамы, а я на касе сяджу, з грашыма працую… Першая наступная недастача — і падазрэнне на мяне… У, сволач маленькая! Злодзей расце! У каго толькі?
Макс удаўся ні ў каго.
Чытаць навучыўся ў пяць гадоў. І кнігі сталі ягоным ратункам і ягонай сапраўднай сям’ёй. Макс хаваўся з чарговым томам на шафе, пад сталом, на закінутай будоўлі побач з домам. Аднойчы ўзяў у бібліятэцы старую кнігу з незнаёмым прозвішчам на вокладцы: «Караткевіч». Чытаў усю ноч, з ліхтарыкам пад коўдрай. А нараніцу ведаў: у яго ёсць радзіма.
Калі яго першы раз забралі за ўдзел у пікеце — баранілі старасвецкі будынак, на месцы якога спланавалі чарговы бізнес-цэнтр, — бацькі нават не прыйшлі ў пастарунак.
На чацвёртым курсе гістфака Макс перавёўся на завочнае. З-за «крымінальных плямаў» армія па ім не плакала. Да таго ж ён так і вырас «бутузам» — вялізным, паўнаватым і танкаскурым, наіўныя блакітныя вочы, светлыя валасы трохі віюцца… Уладкаваўся ў архіў. Старыя супрацоўнікі яго любілі — надзея, прадаўжальнік… Макс жа адчуваў сябе злодзеем — ён выхопліваў з мінулага тое, што належала не яму, і за гэта плацілі. «Томб райдэр», разумееш.
Рабаваць чужыя ўсыпальніцы, каб збудаваць сваю…
Ёсць такая птушка ў тропіках, якая, каб прывабіць самку, будуе з травінак, каменьчыкаў, кветак, ягад дзівосныя палацы, выкладвае неверагоднай прыгажосці арнамент… Чым мы лепшыя за тых птушак? Тым, што сцвярджаемся, разбураючы чужыя арнаменты?
Макс спадзяваўся хоць адзін аднавіць… Прынамсі, на сайце Генуся ў яго ёсць свая рубрыка, дзе ён адначасова і займаецца гістарычным лікбезам, і выкладвае сенсацыйныя гіпотэзы наконт беларускай гісторыі. Даследуе беларускія радаводы. Пра свой раскапаў такое — не паверыце. Бацькі Максавы дык не вераць. Кажуць — ілжэ. Якія там шляхецкія карані, сваяцтва з князямі?
Яшчэ ёсць у яго хобі — цягаецца па беларускіх сядзібах, фатаграфуе руіны, урослыя ў зямлю помнікі… Мінулым летам зваліўся з дрэва, на якім шукаў лепшы ракурс, паламаў рэбры — адно рабро прабіла лёгкае. Ледзь дацягнуўся да шашы. Каб не міласэрны кіроўца машыны з нейкай птушкафабрыкі — ці быў бы Макс у нашай кампаніі? Вядома, марыць выдаць кніжку. І заваяваць каханне Далілы.
Удзельнік чацвёрты. Едрусь
Сонца прасявалася скрозь зялёныя парцьеры, зусім як скрозь лясныя шаты. Але тут не было водару ядлоўцу, грыбной цвілі, спелых ягад… Толькі пах падгарэлых катлетаў.
— Я табе пакажу «тата»! Не тата, а «папа»! Ну, паўтарай: «па-па»!
— Та-та!
Па вуснах стукае даланя. У роце солана.
— Чаго ты прычапілася да малечы. Няхай гаворыць, як хоча. У школе ўсё роўна перавучаць.
— У, калгаснікі! — злосць цяпер скіраваная ў іншы бок. — Гаварылі мне, што не трэба выходзіць за дзеравенскага. А ўсё твая маці. «Падгадуецца ўнучак на свежым малачцэ»… Вярнуўся — як чужы. І на дзень болей не пушчу!
— Ды сціхні, «гарадская»… Паляндвіцу вунь сама трэскаеш, не гідзішся, што з вёскі.
— А табе толькі прапіска патрэбная была, быццам я не ведаю!
Трохгадовы Эдзік абдымае плюшавага кракадзіла, зялёнага, як мох на маладой яліне. Ён не разумее, чаму вакол — блага, чаму дарослыя крычаць. Але разумее, што гэта — з-за яго.
Напэўна, ён вельмі важная персона, калі з-за яго такі моцны шум. Эдзік заплюшчвае вочы і пачынае ўяўляць, як ён ідзе па лясной дарозе, даланя бабулі — шурпатая, сухая, але цёплая. «Гэта ядловец, Едрусік… Калі ўзяць ягадку ядлоўцу ў рот і доўга смактаць — перастане балець горла… А вось гэты вялізны камень бачыш? Каля яго спачываў князь Палямон… Ішоў ён некалі са сваімі воямі па гэтай дарозе, дзе мы з табою ідзем, змарыўся, уторкнуў у зямлю меч — і патрапіў у земляную жылу. І выскачыў каменны пухір. Вось гэты валун. Бачыш, які круглы, беленькі… Нават мох на ім не расце».
— Навошта я з табой звязалася! Цямноцце! Звыклі жыць у брудзе! І ў горад свой бруд цягнеце!
Бацькі развяліся. Эдзік рос у няпоўнай сям’і. З татам удавалася бачыцца зрэдку. Той вінавата адводзіў вочы, саромеючыся сваёй нягегласці, чырвонага абветранага твару, старой кашулі, дарыў цацачную машынку, перадаваў прывітанне ад бабулі. У бацькі з’явілася іншая сям’я ў райцэнтры. Эдзік нават бачыў аднойчы сваю зводную сястру — рудую таўставатую дзяўчынку са шчарбіной між верхнімі зубамі. Вядома, маці пра гэта знаёмства гаварыць было нельга. Яна ўладкоўвала Эдзіка ў музычную школу, у ізастудыю, на бальныя танцы. У яго былі касцюмчыкі з гальштукамі-батэрфляямі, пуловеры з шатландскай воўны, пад якія апраналіся белыя адпрасаваныя кашулькі, самыя дыхтоўныя чаравікі, стрыжка «пад пажа»… І нянавісць да ўсяго ўпарадкаванага, акуратненькага, фальшывага, як слова «папа». З шостага класа маці пачала вадзіць яго па псіхолагах. Яму ставілі дыягназы «неадэкватныя паводзіны», «павышаная эмацыйнасць», «агрэсіўнасць». Эдзік змрочна слухаў, як маці скардзіцца на ягоную дрэнную спадчыннасць. Яна жыццё кладзе, каб сына вывесці ў людзі, а сын не жадае прымаць нават методыку раздзельнага харчавання. І ўвогуле, яна падазрае… ну, так, як ні прыкра… што Эдуард ужывае наркотыкі. Не, не знаходзіла. Але ён такі… дзіўны. Адсутны… Часам псіхолаг, які з прафесійнай цярплівасцю слухаў адукаваную матулю ў вязаным капялюшыку і карункавай белай блузачцы, лавіў кінуты спадылба позірк «некіруемага» падлетка. І столькі недзіцячай іроніі было ў гэтым позірку, і столькі тугі, што рука сама лезла ў шуфляду стала па новы стос тэстаў…
Эдзік паступіў пасля восьмага класа ў «хабзу» пры хлебазаводзе проста таму, што не мог знайсці менш рамантычнае месца. Нават працу ў моргу (была ў яго і такая думка) маці магла неяк вытлумачыць (Гамлет, чэрап Ёрыка, дэкаданс, некрафілія)… А так — як сказаць сяброўкам, з якімі разам ходзіць у прыватны паэтычны салон (такія ж капялюшыкі, блузачкі, Ах-Ахматава), што сын вучыцца на хлебапёка… Булачніка. Ганьба.
Тое, што ён граў у рок-гурце — ягоны сапраўдны занятак, — было таксама па-за межамі ейнага эстэтычнага ра­зумення.
Ён пілаваў на сола-гітары, і някепска. Бялявыя валасы звязаныя ў хвосцік, тонкія цвёрдыя вусны, велікаваты нос… Не тое каб гожы, але… Сінія вочы не страцілі іроніі. Гралі гранж, апантана, зараблялі грошы, каб зняць прыстойную «кропку» дзеля рэпетыцыі, паступова выпаўзаючы з падвалаў на клубныя сцэны.
Там, у рок-тусоўцы, здавалася б, такой далёкай ад лясной сцяжыны, па якой хадзіў князь Палямон, Эдзік і спаткаўся з Альбарутэніяй. Ён пазнаў яе адразу — як пах ядлоўцу. І назаўсёды застаўся Едрусем.
У яго была гітара, магіла бабулі на вясковых могілках на Лагойшчыне і Альбарутэнія.
Гэтага досыць, каб быць самадастатковым — і чужым.
Калісьці ў яго здарыўся яшчэ кароткі, на два абзацы, раман з Далілай. Дакладней, Едрусь спрабаваў яго наладзіць з дзіўнай дзеўчынай, што пацягвала піва ў кутку арт-кавярні ў падазронай самоце. Яна відавочна ніколі не нацягнула б на сябе карункавую блузачку і не зацікавілася б «раздзельным харчаваннем па метаду Поля Брэга».
Замест рамана нечакана для абаіх выйшла сяброўства. Для нашае суполкі гэта проста файна.
Што яшчэ пра Едруся? Ад арміі «адкасіў» — скарысталіся ўсё-ткі былыя візіты да псіхолагаў. З хлебазавода сышоў. Гандлюе газетамі. Грае на вяселлях. Жыве… Шмат дзе жыве. Абы не ў маці.
Толькі ў дзень барацьбы з наркаманіяй — ёсць такі ў календары ЮНЕСКА — дасылае мамачцы букет жоўтых хрызантэмаў.
Навошта? Каб верыла, што выратавала сыночка ад «белай смерці»? Ці проста — вытанчаны здзек? Магчыма… Мы ж тут усе… гадзючыя.
Удзельнік пяты. Я
Ну што вам пра сябе расказаць?
У адрозненне ад іншых, я нарадзілася проста ў абдоймах Альбарутэніі. Пакладзеная на ейныя калені і накрытая вышываным фартухом. Татуся і мамуся мае былі такія свядомыя, што ад іх можна было запальваць купальскія вогнішчы. Мусіць, першае, што я памятаю, — гэта і ёсць купальскае вогнішча. Цемра, языкі полымя, мільгаценне постацяў у светлых кашулях, высокі моцны голас маці: «Ку-па-лі-інка, Ку-па-а-лі-нка… Цё-омна-ая но-очка…» Халодны мокры дотык да твару кветак, што звісаюць з майго купальскага вянка…
Галасы аддаляюцца, аддаляюцца… Я адна. Прыціскаюся да шурпатага ствала, пачынаю ціхенька ўсхліпваць… Гучна плакаць нельга — тут Дзед Лясун, русалкі, якія казычуць непаслухмяных дзяцей, цмок, які жыве ў гэтым возеры… Я не ведаю, што такое цмок, але слова страшнае. Успамінаецца метро — аднавокае страшыдла ляціць з жахлівым грукатам… Увогуле, машыны — гэта страшна… Смярдзючыя, шумныя, бязлітасныя… У майго таты няма машыны. Бо рэчы для нас не галоўнае. Галоўнае — духоўнасць. «Ану, Руся, раскажы верш Янкі Купалы «Чаго вам хочацца, панове?» Не, яна ведае, проста саромеецца… Расказвай, Руся! Як ты магла забыцца такі верш? Ну дык ідзі адсюль, нам паразмаўляць трэба, пагартай там, у кутку, часопісы».
Бацькі мяне ўвесь час забывалі. У куточку залы, дзе адбываецца чарговая імпрэза. У дзіцячым садку. У школе, у «прадлёнцы», якую бацькі ахрысцілі «падоўжанкай». Яны вельмі занятыя сабою і «справай». Канферэнцыі, прэзентацыі, вечарыны, экспедыцыі… Цяпер я разумею, ім здавалася, што я ведаю, якую важную справу яны робяць, і ганаруся, і па­дзяляю… Што? Іх усведамленне сябе інакшымі, далучанымі, лепшымі за іншых? Бабуля, матуліна мама, неяк расказала, што бацькі калісьці захапляліся містыкай Рэрыхаў. Нават у таварыства ўваходзілі. Дапамагалі праводзіць выставы. Ездзілі на Алтай, па касмічную мудрасць.
Потым на змену Рэрыхам прыйшла Альбарутэнія. Яны пазалацілі ейны твар, закавалі ў бліскучыя рызы і ўпёрліся лбамі ў падлогу перад ёю.
А яна жывая. З усімі наступствамі. І ўжо колькі ста­годдзяў з жорсткай усмешкай назірае за пакутамі тых, што гінуць за яе.
Вядома, яна гэтага вартая. Але ўдзячнасці не дачакаецеся.
«Марь-Ванна, а Руслана снова сказала на “кровать” — “ложка”!»
У дзявятым класе я абрэзала сваю пшанічную касу пад самае нічога. Зрабіла пірсінг на ніжняй губе і пачала слухаць выключна «Нірвану». Калі бацькі ўсвядомілі, што я маю іншыя зацікаўленні, а не наведванні нудотных паэтычных вечарынаў і спяванне народных песень у хоры (голасу мне Бог не даў, але слыху, на жаль, дастаткова, каб усведамляць уласную музычную бездапаможнасць), я стала для іх здрадніцай. Нарэшце яны мелі магчымасць пакараць пагардай хоць аднаго ворага, тым болей ён быў побач і яго было лёгка дастаць. Я паступіла на архітэктурны факультэт і нават вершы пачала пісаць на рускай мове. І, напэўна, дзякуючы дурному фанатызму бацькоў узненавідзела б Альбарутэнію і ўсё, што з ёю звязанае, да канца дзён сваіх, не мною палічаных… Калі б не сустрэча ў падземным пераходзе з двума музыкамі… Карацей, двое ў чорных майках з белымі выявамі ваўчыных пысаў, у хустках-банданах… Яны спявалі так прачула-нягучна — пра пакаленне прысаку, пра мячы ў ножнах, пра сэрца ваўкалака і верасовыя пусткі, — што мяне нібыта за абрэзаную касу залатым цвіком прыбілі да каменнае сцяны. Я прастаяла побач з музыкамі да вечара — яны, здавалася, не звярталі на мяне ўвагі, як, зрэшты, і на тых, хто праходзіў побач і кідаў — ці не кідаў — у адчынены футарал ад гітары грошы. Але потым — вельмі проста, без ценю нядобрай зацікаўленасці — паклікалі мяне на піва.
Адзін з музыкаў быў Едрусь.
Я зрабіла вокладку для іхняга дыска. Ваўкалак на фоне верасовага поля і начнога неба. Готыка… Не ведаю, наколькі гэта па-мастацку, — але хлопцам падабаецца.
Так, я не сказала… Я гатовая памерці за яго. За бландзіністага Ваўкалака Едруся.
Але яшчэ хутчэй памру, каб ніхто пра гэта не даведаўся.
Бо для хлопцаў існуе толькі Даліла. Якая ненавідзіць заляцанні і закаханасці.
Ува мне ж няма нічога, што б магло прывабіць. Я — сярэдняя па жыцці. Рост сярэдні, вочы — сярэднія… Паміж шэрымі і зялёнымі. Часам да мяне прыходзяць вершы. Душаць, балюча варочаюцца дзесьці пад сэрцам, просячыся на свет, — здараецца, я іх запісваю. Друкаваць, вядома, не збіраюся. Я не ведаю, для чаго я. Я не ведаю, як мяне адрозніваюць у натоўпе. Я б сама сябе не пазнала — дакладна. І ў гэтым аповедзе я не буду галоўнай. Вы можаце ў большасці выпадкаў нават уявіць, што мяне няма.
Вось такія мы, пяцёра. Калі сустракаемся дзеля нашых дзіўных для непасвечаных спраў, мне так і хочацца заспяваць на матыў піянерскага марша: «Мы, маргіналы, дзеці падполля…»
Мяне не адразу далучылі да Гульні.
Каб я была сёмай дачкой сёмай дачкі, гэта значыць вядзьмаркай па нараджэнні, я б, напэўна, раней зразумела, аб чым перамаўляюцца падчас сустрэчаў мае новыя сябры і куды яны час ад часу знікаюць, каб з’явіцца. І адзін з іх заўсёды выглядае як пасля шпацыру на той свет.
Але я была адзінай дачкой адзінай дачкі, і мне давялося чакаць, пакуль Даліла аднойчы не сказала: «Цяпер мы выкарыстаем цябе».
Абсталяванне для гульні
Леанарда да Вінчы вучыў, што лягчэй за ўсё маляваць зусім старых: варта толькі зразумець, якая ў іх асноўная рыса характару. Бо чым бліжэй да смерці, тым болей у чалавеку развіваецца адна, асноўная ягоная якасць. Сквапнасць або шчодрасць, юрлівасць або сціпласць, дабрыня або зласлівасць…
Гэтая бабулька жадала павучаць.
Даліла адразу думала, што бабулька была калісьці настаўніцай. Пакуль адна санітарка не распавяла, што звяглівая хворая раней працавала прыбіральшчыцай, а яшчэ гандлявала кветкамі. Вырошчвала ля свайго прыватнага дамка. А ўзімку прадавала часнык і сушаныя прыправы. Ды яшчэ нібыта была ці то баптысткай, ці то вядзьмаркай. І нікогенька ў яе не засталося са сваякоў. Са свету зжыла. Карацей, асоба непрыемная. І звалі «кветкава» — Разалія. Разалія Іванаўна.
Здавалася, што твар бабулькі калісьці зляпілі са снегу. А потым на сонцы ён стаў раставаць, усе рысы паплылі ўніз, абсунуліся і раптам застылі. Ды хіба Даліла не бачыла, як выглядаюць пасля інсульту? Гандлярка кветкамі, уся ў зморшчынах, але каротка стрыжаныя валасы пафарбаваныя ў каштанавы колер, — гаварыла, гаварыла, гаварыла рыпучым голасам, у якім нельга было разабраць і паловы словаў, пра ўмовы ў бальніцы, пра моладзь, пра горад… Усё было кепскае. Медсёстры з прафесійным цынізмам жартавалі — шкада, не адняло ў старой стрэмкі мову.
Так выйшла, што найчасцей пабыць з хворай прасілі Далілу. Тая ніколі не падлагоджвалася, не падтаквала. Проста маўкліва дапамагала прайсціся па ўнутраным дворыку да лавачкі, прыносіла ваду… Ёй у рэабілітацыйным цэнтры даўно ўжо дадаткова налічвалі паўстаўкі санітаркі. Медсёстры нават уколы навучылі рабіць. Такая разумная дзеўка — і вартаўнічка… Ішла б хаця на завочнае ў медвучылішча!
Неяк Разалія Іванаўна і Даліла сядзелі побач на лавачцы, пад травеньскім сонейкам, і мая сяброўка дастала з кішэні кніжку Както — у мяккай вокладцы з гравюрай Бердслея. Болей пафаснага чытва для бальнічнага дворыка і ўявіць цяжка. Хворая спытала:
— Што, падабаецца?
Даліла лена адказала:
— Наш час — гэта час яркіх этыкетак, не хапае падтэкстаў. Вось і кампенсую.
Бабулька ўважліва паглядзела на вахцёрку.
— А чаму размаўляеце па-беларуску? Звычайна аматары інтэлектуальных кніжак пазбягаюць усяго, што можа даць намёк на іх… правінцыйнасць, скажам.
Даліла ўскінулася — на падобныя закіды ў яе быў даўно гатовы адказ — наконт сапраўднай культуры… Які яна і агучыла. Разалія Іванаўна заўсміхалася перакрыўленым ротам, нібыта перадачу доўгачаканую атрымала:
— Ведаеце, маладым нельга доўга знаходзіцца са старымі. Старасць раней лічылася нечым… проста непрыстойным. Быў такі філосаф Ісідор Севільскі, які жыў тысячу гадоў таму. Дык ён казаў, што старасць — гэта калі чалавек пера­твараецца ў немаўля, поўніцца кашлем і нечыстотамі, пакуль не сыходзіць у пыл і тло. Я не баюся. І вы не саромцеся, што вам гэта гідка ўва мне. Галоўнае — што чалавек паспеў набыць за сваё жыццё… Ці нейкія транты, якія альбо спарахнеюць, альбо нашчадкі за іх перагрызуцца, альбо… набыў веды.
Старая гаварыла ясней, чым звычайна, толькі расцягваючы словы, як зблытаную вяроўку. Даліла паціснула плячыма.
— І нікога я не гіджуся. Вы проста стаміліся. Давайце, можа, адвяду вас у палату.
Хворая абурана замахала дрыжачай рукой — на сярэднім пальцы збліснуў срэбны пярсцёнак, падобны да заручальнага.
— Не трэба ў палату. Я выдатна сябе адчуваю. Ніколькі не горш, чым батлеечная шынкарка. Вось яе пакруцілі на дроціку — і яна ўжо таньчыць. Мой дрот трымае вельмі ўчэпісты батлейшчык, надакучу — кіне ў скрынку і вечка замкне. А пакуль я патрэбная на гэтай мізэрнай сцэне — буду выходзіць і таньчыць. Як мне шкада, што зніклі батлейкі… Вам не хапае шматслойнасці, дзяўчынка… Ведаеце, за кожны слой прасторы і часу, за іх спазнанне трэба плаціць. Вы гатовыя?
Даліла чамусьці паглядзела на казённыя пантофлі Разаліі Іванаўны, на якіх красаваўся шмат разоў падмаляваны надпіс белай фарбай: «3-я п., кард.», што азначала трэцюю палату кардыялагічнага аддзялення. Вось вам «шматслойнасць»… Старая відавочна з галавою не сябруе. Ну дык што, з вар’ятамі часта цікавей размаўляць, чым з нармальнымі.
— За ўсё, што я раблю ў сваім жыцці, я гатовая плаціць, — цярпліва адказала Даліла. — Таму раблю толькі тое, што хачу. І, дарэчы, я даўно не дзяўчынка. Маёй дачцэ шэсць гадоў.
— Што ж, — Разалія Іванаўна зноў трохі прывяла, яе мова зрабілася няўцямнай, як з воўнаю ў роце. — Тады… вам… не будзе цяжка… Я жыву тут, тут… побач, адразу за могілкамі. Мне б хацелася, каб вы прыходзілі. Я… магу плаціць. Уколы… вы ж умееце рабіць, праўда? Вы… даведзяце мяне дадому, калі я выпішуся. Гэта ўжо… хутка. Мне трэба паспрабаваць яшчэ… хоць раз. На адзін раз мяне хопіць.
Апошнія фразы Разалія Іванаўна прагаварыла зусім шэптам. Інсультнікі нярэдка трызняць. Але рэабілітацыйны цэнтр — не бальніца і не дом састарэлых. Прайшоў курс працэдураў — і выпісвайся. Праз тры дні сапраўды давялося весці бабульку дахаты. Даліла так нічога толкам пра яе не даведалася, а распытваць, як вы ўжо зразумелі, не ў характары маёй сяброўкі. Бабулька адукаваная. Хаця часам гаворыць надта па-простаму, хіба — знарок? І яшчэ дзіўна… Па дакументах выходзіла, што старой мусіць быць усяго пяцьдзясят два гады. Сучасныя жанчыны ў гэтым узросце на фітнэс бегаюць ды джынсы носяць… А Разалія Іванаўна выглядала на ўсе семдзесят. Можа, памылка ў дакументах?
Дом быў зусім блізка ад могілак, заціснуты між шыкоўнымі катэджамі, быццам жабрак у чорных лахманах між свецкіх дам у дэкальтэ на прыёме ў губернатара. Ды яшчэ пабудаваны ў нейкай яміне, так што з-за плота з пачарнелых дошак відаць толькі дах. І крыты нават не шыферам, а руберойдам, там-сям парослым зялёным імхом, — нібыта мокрая, змятая і брудная трохвуголка напалеонаўскага ветэрана, які з цяжкасцю пераадольвае супраціў беларускай гразі. Падслепаватыя вокны. А між шыбамі — зжаўцелая вата, пасыпаная навагоднімі блішчынкамі — патрушчанымі шклянымі елачнымі цацкамі. Вокны, відаць, гадоў трыццаць не адчыняліся. Пад вокнамі тырчаць мальвы з блякла-ружовымі, нібыта выцвілымі, кветкамі. Хто б мог падумаць, што пасярод горада захаваліся такія халупы… Двор быў таксама няўтульны, толькі хохлікам па ім бегаць. Пакуль гаспадыня лячылася, зарос травой, пустазелле на градах вымахала вышэй галавы. Асабліва шмат палыну. Тужліва глядзеліся між учэпістых «плебеяў» яркія галоўкі хрызантэм — нібыта гімназісткі згубіліся на бядняцкім кірмашы, і галадранцы шчыкаюць іх, пасміхаючыся, штурхаюць і не даюць сабрацца разам і паклікаць строгую класную даму. З дрэваў — толькі некалькі вішанек ды клён з незвычайна буйнымі пяціпалымі лістамі.
Гаспадыня, абапіраючыся на кавеньку, успаўзла на бетонны ганак, як слімак на антычную ўcыпальніцу, і забразгала ключамі.
Унутры было таксама бедна, але чыста. Не верылася, што за вокнамі — шумны горад.
Даліла азіралася з цікавасцю — перш за ўсё ў любой хаце шукала вачыма кніжкі. Што яшчэ раскажа пра гаспадароў лепей? Але кніжак у доме не было. Сцены, абклееныя зялёнымі шпалерамі з ружамі, выцвілыя амаль да таго стану, калі кіч становіцца антыкварыятам. Жалезны ложак, упрыгожаны шышачкамі на парэнчах. Засланы, праўда, не даматканай посцілкай, а звычайнай, куплёнай у краме, ды яшчэ з выявамі конікаў, якія граюць на скрыпачках. Ля супрацьлеглай сцяны канапа, старая, пакрыўленая, быццам цыганскі шарабан. Здавалася, дакраніся да яе — і з прасе­джанай абшыўкі, як разбойнікі з засокі, вымкнуць іржавыя спружыны… Ні вышыванак, ні вазонаў. А казалі, бабулька — кветачніца. Абшарпаны круглы чорны стол, на ім — вазачка з зялёнага шкла, у якую насыпаны катушкі з ніткамі, гузікі, іголкі, шпількі. Побач з вазачкай нататнік з залатым надпісам на зялёнай дэрмацінавай вокладцы «Ленінград» і танная асадка. У яе целе з празрыстага пластыку, як вянозная артэрыя, цямнеў напалову спісаны сіні стрыжань. Пачак пернікаў, якія, відаць, паспелі ператварыцца ў камяні… І адзіны цікавы прадмет — тоўсты фотаальбом у вокладцы з вырабленага пад скуру цёмна-брунатнага кардону. Чым можа займацца чалавек, які жыве ў такой пустой кватэры? Хіба што маліцца… У куце праваслаўны абраз, але не Божае Маці, як зазвычай, а «Маленне аб Чашы». Ісус Хрыстос у Гефсіманскім садзе. У сваю апошнюю ноч перад пакутамі, абапёршыся на халодны камень, моліцца бацьку: «Пранясі гэтую чашу паўз мяне… Але, зрэшты, не як Я хачу, але як Ты хочаш». Можа быць, самы кранальны момант Святога Пісання… Абраз танны, наклееная на дошку карцінка, але, відаць, яшчэ даваенны — бо малюнак таксама выцвіў, па краях выцерся… У прынцыпе, напэўна, для веруючага чалавека не павінна быць розніцы — маліцца на дарагі абраз, маляваны на якой-небудзь кіпарысавай дошцы вядомым майстрам, альбо на танную, набытую ў царкве штампаваную карцінку… Гэта як акно, праз якое можаш глядзець на сонца — галоўнае ж не каштоўнасць рамы, а сонца… І здольнасць яго бачыць. З другога боку, намоленыя абразы, пацямнелыя ад дыму свечак, абразы, якія помняць пагляды тысяч людзей у найвышэйшых духоўных парываннях, набываюць асаблівую прыцягальнасць, можа быць, яны — больш празрыстыя вокны ў неба…
Перад гэтым абразом, напэўна, таксама часта маліліся. Хаця імя «Разалія» — нейкае не праваслаўнае.
Разалія Іванаўна тупала па хаце, абапіраючыся на новенькую мыліцу з шэрага пластыку, нешта мармытала сабе пад нос… Даліла падышла бліжэй да абраза. Пацягнула руку, каб паправіць вышыты крыжыкам ручнік, які зусім па-вясковаму аздабляў святыню…
— Прэч адсюль! — голас бабулькі быў такі адчайна-пранізлівы, што Даліла здрыганулася… Хаця мала што магло змусіць яе страціць душэўную раўнавагу.
— Пайшла! Зараз жа!
Разалія Іванаўна стукала мыліцай у падлогу, азызлы твар дрыжэў, як быццам яе біла токам, здавалася, па скуры ішлі дробныя хвалі. Даліла моўчкі пакрочыла да дзвярэй, перакінуўшы зручней свой улюбёны джынсавы заплечнік. З такімі хворымі гаварыць — як шрот есці.
— Стойце!
Ну што яшчэ? Але старая зусім супакоілася. Толькі пагляд з-пад абвіслых павекаў стаў яшчэ больш змрочным.
— Я гэты дом вам адпішу. Разам з… усім. Толькі абяцайце, што не будзеце выходзіць… туды… занадта часта.
Даліла цярпліва кіўнула і выскачыла за дзверы. Трэба зараз жа схадзіць да галоўурача. Або няхай прымацоўваюць да старой прафесіяналку са шпрыцам, альбо ўладкоўваюць у патрэбную ўстанову. Гэта ж ні ў краму сама Разалія Іванаўна не сходзіць, ні есці сабе не зварыць…
Хаця… Даліла сама лепей памерла б з голаду, чым пераехала б ва «ўстанову».
І ўжо праз гадзіну прыцягнула старой сетку з прадуктамі. Разалія нават дзякуй не сказала. Дарэчы, Даліла і не чакала ўдзячнасці. Прычым ніколі і ні ад кога. Таму і не мела крыўды на гэты свет. Яна з тых, хто здольны на надзвычайную міласэрнасць — і надзвычайную жорсткасць. Таму што дараваць таксама не ўмее.
Цяпер маршрут Далілы быў такі: шпіталь — могілкі – Разалія – могілкі – дом. Часам яна брала з сабой дачку Віку, ціхмяную зеленавокую дзяўчынку з русявымі коскамі. Малая чужой бабулі палохалася, захіналася ад яе плюшавым заплечнікам-мядзведзікам… Некалькі разоў складаў кампанію Едрусь. Праўда, кветачніца няўхвальна глядзела на ягоныя чорныя строі з заклёпкамі, таму булачнік-музыка часцей чакаў на ганку, пакуль Даліла аддасць закупленую правізію ды лекі. Толькі аднойчы Разалія зірнула больш памяркоўна, калі маладыя госці заспелі яе за разгляданнем фотаальбома. Дакладней, адной фоткі. Так разглядаць можна толькі былое каханне. Старая сядзела ў брунатнай у чорныя палоскі сукенцы, высунуўшы з каўняра тонкую маршчыністую шыю, як чарапаха Тарціла. Галава з коратка пастрыжанымі валасамі трэслася… А вочы з непрыгожа адвіслымі павекамі малітоўна ўпёрліся ў мужчынскае аблічча. Фотаздымак трохі пажаўцеў, ён быў любоўна абклеены плёнкай… Але з яго пазіраў не які-небудзь бравы лётчык альбо чырвоны камандзір, а звычайны хлопец у груба звязаным швэдары, з чорным чубам, амаль як у Джэймса Бонда, і цалкам разняволенай іранічнай усмешкай.
— Се-ева… — пяшчотна працягнула старая, гледзячы на фотаздымак, і тут жа быццам раззлавалася на сябе за гэтую пяшчоту. — Блазнюк… Такі самы, як ты…
Гэта адрасавалася Едрусю, які намагаўся ў гэты момант прыладзіць на месца перакошаны карніз. Хаця навошта? Уся справа карніза была трымаць вартыя жалю падабенствы занавесак. Тканіна пад замежным найменнем дэдэрон, з якога яны былі калісьці створаныя, зжаўцела, як костка, і здавалася гэткай жа шорсткай і хрусткай. Увесь пыл стагоддзяў быў у гэтых дэдэронавых анучах, якія нібыта аддзялялі хату ад могілкавага краявіду, а насамрэч прыўносілі ў яе магільны пыл.
— Ваш муж на фотаздымку? — няўважна папыталася Даліла, якая раскладала шпрыцы, каб зрабіць бабульцы ўкол. Я, дарэчы, заўсёды дзівілася, як Даліла можа гэтак спакойна і ўпэўнена пароць голкай чужое цела, не баючыся, што яму — баліць… Найбольшае, на што выявілася здатнай я, — гэта пароць у гумавую задніцу, якія нам раздавалі на ўроках медпадрыхтоўкі ў інстытуце. І то — прызнаюся — мне было шчыра шкада гэты кавалак гумы, гэткі безабаронны, сколаты грубымі голкамі, гэткі пяшчотна-памаранчыкавы…
Гэткім жа пяшчотна-памаранчыкавым стала аблічча Разаліі, калі тая пачула пытанне Далілы.
— Калі жанчына разглядае фотаздымак мужчыны, значыць, успамінае мужа? Ці вы лічыце мяне гэткай старой, што не пра мужа я не магу і думаць? Каб вы ведалі, як вы памыляецеся… А гэта… гэта ўнук нягодніка і ката.
Даліла і Едрусь перазірнуліся. Але старая заківала галавой.
— Меладраматычна гучыць? Але праўда… Мы з Севам вучыліся разам у… Якая розніца, дзе? У будатрадзе ён выцягнуў мяне са студні. Ды не, назва была адна, а не студня. Ламаччам закіданая і без вады. А я заўсёды была… няўважлівай. Мы плавалі ў рэчцы пад назвай Лана, ноччу, сам-насам з поўняй… І… не было між намі таго, пра што вы падумалі, маленькія амаральныя істоты. Мы бераглі гэта… Каб спраўдзіць менавіта тады, калі належыць, калі нас блаславіць і неба, і зямля, і людзі… Хаця думкі апошніх нас цікавілі найменей. А потым я даведалася, з якой ён сям’і. Я ж думала — супадзенне, падобнае прозвішча… Не, аказваецца, дзед ягоны — той самы Касіянаў, былы дэпэушнік і нкусавец… Вядома, калі мы пазнаёміліся з ягоным унукам, таварыш Касіянаў быў ужо генерал у адстаўцы. Я нават у госці да яго хадзіла, у якасці нявесты ўнука. І дзед той мне падабаўся… Старэнькі, паперхвае ўвесь час, але ўсмешлівы, вясёлы… Жартуе разумна. Кніжкі інтэлектуальныя чытае. У мастацтве разбіраецца. Мне кніжку пра Сальвадора Далі падараваў — а тады ж гэта быў страшэнны дэфіцыт. І памёр сваёй смерцю не так даўно, паляжаўшы ў лечкамісіі, паездзіўшы па Друскеніках ды Місхорах. А мае родныя — яны ж амаль усе тут ляжаць. Расстраляныя як «ворагі народа». Ноччу, крадма… Так, тут, на гэтых могілках, таксама стралялі і закопвалі людзей у ямы, як быдла… Каб ні следу… Дзед не быў палітыкам. Не быў вайскоўцам. Усяго толькі дзякам у Крыжаўзвіжанскай царкве — яе ўжо няма. У трыццаць трэцім зруйнавалі. А дзеда майго арыштавалі. Падстава для арышту была смешная… Нават не тое, што служыў у царкве, і не святы абраз — а груша.
— Палітычна няправільная груша? — засмяяўся Генусь. Бабулька дробна затрэслася.
— Ненавіджу грушы… Галіны, цяжкія ад пладоў, звеш­валіся за плот… Таварыш Касіянаў ехаў на аўтамабілі… разам з яшчэ адным такім, нібыта інтэлігентам-навукоўцам, а насамрэч стукачом слынным. Па нашай вулачцы гэта, напэўна, першы аўтамабіль праязджаў.
— Начальнік сарваў ігрушу, а ваш дзед пачаў лаяцца? — здагадалася Даліла.
— Дзед ніколі не шкадаваў ігрушаў для мінакоў! — пакрыўдзілася хворая. — Проста галіна сцебанула таварыша навукоўца па твары. Моцна, да крыві… Можа быць, гасподзь падаў яму знак спыніцца на той крывавай дарозе, на якую ён стаў? Але каты ніколі не спыняюцца, каты нават паміраюць катамі. І чаго так блізка да плота пад’ехалі? І чаго гэты нягоднік не адхіліўся? Як спецыяльна… Касіянаў раскрычаўся — контррэвалюцыйны замах. А дзед яшчэ пачаў пярэчыць, што не трэба ссякаць дрэва.
— А што той, навуковец?
— Нібыта ціха сядзеў… Нават супакойваў сябрука-ката: маўляў, нічога. Добранькім хацеў падацца, сволач. Мне пра яго пасля расказалі: палову ўніверсітэта свайго перасадзіў, гад. Скаловіч ягонае прозвішча… Нават у энцыклапедыях дасюль ёсць. Геній, ці ж бачыце, у хіміі. Нічога, самога праз год разам з ахвярамі расстралялі. А дзеда забралі тым жа вечарам. Ён і хавацца не стаў — навошта? Людзей нават у Казахстане, у Сібіры знаходзілі. Бабуля насіла перадачы ў турму. Яна была цяжарная маёй маці і чакала гадзінамі кожны дзень у чарзе такіх жа сваякоў арыштаваных — няшчасныя кабеты з клуначкамі… Год хадзіла… А пасля ў яе аднойчы не прынялі перадачу. А ў трыццаць сёмым забралі і бабулю. Маці выхоўвалася ў дзіцячым доме. Гэта цуд, што бабуля выжыла ў лагеры для жонак «ворагаў народа». Называўся ён экзатычна — «АЛЖИР», «Акмолинский лагерь жен изменников родины». Другі цуд — што, выйшаўшы на волю, пасля вайны, яшчэ да пачатку «рэабілітансу», знайшла сваю дачку, тады ўжо трынаццацігадовую дзяўчынку, худую, як запалка, і апантаную піянерку… Якая пасля спрабавала атруціць злачынную маці.
— Як гэта? — разгубілася Даліла. — Дзіця?
— А што — дзіця? — прабурчэла старая. — Дзеці — яны і ёсць найлепшымі катамі, бязлітаснымі, вынаходлівымі… Што Аркадзь Гайдар, які ў пятнаццаць гадоў уласнаручна расстрэльваў белагвардзейцаў, што кітайскія хунвэйбіны, якія абмазвалі смалой сваіх школьных настаўнікаў і клалі на сонца… І праз кожныя некалькі гадзінаў — пакуль няшчасныя варушыліся — падмазвалі яшчэ… А высакародная ідэя, каб апраўдаць дзіця-забойцу, знойдзецца заўсёды. Маёй маці было трынаццаць гадоў, яна пакутавала, што жыве з ворагам савецкай улады… Вось тут, у гэтым дамку ля могілак… Ды яшчэ пасля лагераў мая бабуля не была надта прыветнай ды ласкавай. Піянерка аблупіла галоўкі ад серніцаў — цэлую пушку ўзяла — і натрушчыла ў каву… Яны тады пілі жытнюю каву — з пражанага збожжа.
— І што? Ваша бабуля заўважыла? — зацікавіўся Едрусь. Разалія Іванаўна няўхвальна паглядзела на ягоную фрызуру — валасы забраныя ў хвост, ды яшчэ бялявая коска таўшчынёй з лазовы прут звісае над вухам, пераплеценая чорнай ніткай.
— Выпіла мая бабуля тую каву… Але арганізм, відаць, загартаваны быў да любой атруты. Паванітавала — і нічога.
— А потым — як жа? — жаласліва спытала Даліла, падумаўшы пра сваю зеленавокую дачушку Віку, што зараз адрывае лялькам парэпаныя пластыкавыя ногі ў гульнявым пакоі групы нумар дзесяць дзіцячага садка завода ацяпляльнага абсталявання.
Галава Разаліі Іванаўны трэслася, нібыта старая ад­маўляла тое, што гаворыць.
— А потым — мая маці прызналася… Бабуля даравала… Хаця да канца яны адна адну так і не прынялі.
Разалія Іванаўна памаўчала.
— Калі мая маці падрасла, здаецца, тое-сёе зразумела… Прынамсі, чаму ў гэтай хаце піянеры б’юць вокны. А яшчэ пачытала запісы сваёй маці пра тое, што давялося перажыць у турме і ў лагерах. Я таксама паспела пачытаць… І прозвішча Касіянаў было там на кожнай старонцы. Сёння сказалі б — садыст… Хаця сам ён ніколі нікога не біў. Нават пальцам, казалі, не крануў. Але што ён вытвараў з людзямі! Быццам хацеў сцвердзіцца ў думцы, што любога чалавека можна давесці да стану жывёлы. Вызваліць з ягонае душы звера, а потым — ператварыць звера ў казюрку… Нікчэмнасць… Сапраўдную навуковую сістэму распрацаваў.
Разалія Іванаўна перарывіста ўздыхнула, і Даліла паспяшалася падаць ёй вады ў кубачку з застарэлымі пісягамі ад густой заваркі ўнутры і намаляванымі вішанькамі звонку. Старая прагна выпіла.
— Дзякую… Гэта называецца — ёсць каму вады падаць… Мая бабуля ўсё паўтарала, што ёй не падасць перад смерцю ніхто. А мая маці страшэнна злавалася. Яна ж была студэнткай медвучылішча, марыла ратаваць параненых на полі бою. Усё роўна, дзе тое поле бою, — ясная справа, «нашы» будуць ваяваць за высокую справу. І бацьку майго яна сустрэла падчас гэткіх «вучэнняў». Уключалі сірэну, усе, хто ішоў у гэты момант па вуліцы ці гуляў па прысадах парку, абвяшчаліся ў зоне паразы хімічнай зброяй… Вось бацька мой, курсант, і патрапіўся — рупная дзяўчынка-сандружынніца паўгадзіны пераконвала яго, што ён цяжка атручаны і мусіць легчы на насілкі.
Калі маці выйшла замуж за майго бацьку, Сталін ужо памёр. Нават помнік яму на Кастрычніцкай плошчы паспелі знесці. І таварыш Касіянаў вырашыў ратавацца… Вядома, чужымі пакутамі. Вынаходзіць новыя справы. Ён адсачыў сваіх былых «кліентаў»… Мой бацька быў вайсковец. У вайну застаўся сіратой, служыў сувязным у партызанскім атра­дзе. Скончыў артылерыйскую вучэльню. Вядома, сувязь з сям’ёй «ворага народа» даказвала, што ён — шпіён. Маіх дзеда і бабулю яшчэ не паспелі рэабілітаваць… Бацька не вытрымаў ганьбы арышту. Седзячы ў камеры, загнаў у горла алюмініевую лыжку. Так я і вырасла — пад ненавісныя спрэчкі дзвюх пакрыўджаных лёсам кабет аб тым, ці шмат дала нам савецкая ўлада і хто вінаваты ў смерці мужчын з роду. А потым з’явіўся Сева…
Кветачніца ўзяла фотаздымак, заклеены плёнкай, і беражліва схавала між старонак альбома, нібыта зачыніла ў шафу знакаміты шкілет, які мусіць мецца ў кожнай сям’і.
— І чаму ён уздумаў засіліцца на грушы? — цяпер Разалія Іванаўна не гаварыла, а шаптала. — Гэта лёс? Ці ён даведаўся? Калі б не тая груша… Чаму я ні разу не знайшла яе… Можа быць, дастаткова было б адламаць адну галінку… Многімі і разнастайнымі чынамі прыносяць людзі ахвяры нескароным анёлам, казаў блажэнны Аўгустын, які так любіў сваю маці, што адрокся ад маці свайго сына. А я?
Голас старой стаў зусім нягучны. Едрусь зірнуў на Далілу і пакруціў пальцам ля скроні. Даліла спачувальна прыўзняла бровы. Хвораму і дурнап’яну есці не трэба…
Аднойчы яны зайшлі да кветачніцы ўтрох. Чарнявая Даліла ў чорным (туніка з матузамі), бялявы Едрусь таксама ў чорным (майка з выявай пражскага габрэя Кафкі), а чарнявы Генусь, арыгінал такі, у марынарцы. Падобна, чорнае хутка стане фірмовым адзеннем нашай каманды.
— Ну, дзе твая бабулька?
— Ціха, не шуміце, спіць яна, відаць.
Аднак на ложку, пад коўдрай з гарэзнымі надпісамі «Чыкага» — о вялікі сэканд-хэнд, ты з’ядноўваеш народы! — старой не было.
— Ды куды ж яна падзелася? Запалі святло, Едрусь…
— Ляжыць! Тут, у куце, пад абразамі… Памажы…
— Разалія Іванаўна! Спадарыня Разалія! Чуеце?
— Зараз… Як жа… Пачуе… Яна… яна… не цалкам… Яна разрэзаная…
— Не гарадзі абы-што, Тэрмінатар.
— Каб я здох! Дзе ейная галава? І плечы? У сценцы, ці што?
— А кроў тады дзе? Ой, халера… Праўда, нібы ў сценку ўвайшла…
— Давайце паспрабуем адцягнуць яе…
— Не чапай! Міліцыю трэба!…
— Паспееш… Лепей цягні… Вось… Галава… проста са сценкі выходзіць… І рукі…
— Цэлая твая старая. Але… Матка Боска… Усё роўна…
— Можа, укол які трэба зрабіць? Даліла, у цябе ж ёсць…
Але ніякія ўколы Разаліі патрэбныя не былі. Нават корань мандрагоры не мог разбудзіць сваім несамавітым крыкам гэтае цела. Старая глядзела ў чорную столь сваёй хаты вачыма такімі нерухомымі, што, здавалася, па іх можна пастукаць, як па шкле.
І тады Едрусь падышоў да сцяны і паспрабаваў дакрануцца да шпалераў з выцвілымі ружамі…
Гульня № 1
Пасля мы спрабавалі адно аднаму пераказаць, што адбываецца па той бок сцяны. Словы падалі, як цьмяныя штучныя перліны, не здольныя адлюстраваць нічога. Вядома, мы шукалі адказы, чаму менавіта ў хаце Разаліі Іванаўны ўтварыліся дзверы ў іншы час, і як такое ўвогуле магчыма. Яшчэ да таго, як да Гульні далучылі мяне, Макс адкапаў у Інтэрнэце звесткі пра Чорны Камень на ірландскай ферме, ля якога час ад часу знікалі жывёлы і нават людзі, пра зялёную калону з жоўтымі пражылкамі ў левым куце мячэці маленькага гарадка Саудаўскай Аравіі, ля якой ніколі не моляцца, бо аднойчы раніцай убачылі, што з каменю высоўваецца рука… Рука немаладога мужчыны, спрацаваная, з чорнымі пазногцямі, аголеная па локаць… Руку сузіралі цікаўныя цягам часу між двума ранішнімі спевамі пеўняў, глядзелі, як б’ецца жылка на запясці, а потым рука варухнулася і ўцягнулася ў калону, як слімак у сваю ракавінку. Самае страшнае, казалі сведкі, — менавіта кантраст паміж будзённым, нехлямяжым, прафанным выглядам канечнасці — і неверагодным, звышчалавечым яе месцазнаходжаннем.
На лонданскай Канон-стрыт, насупраць Кітайскага банка, у закратаванай нішы захоўваецца камень Брута. Саксонскі кароль Этэльстан распавёў летапісцу, як ён праз гэты камень хадзіў па сваю карону. Вытанчаная срэбная карона нагадвала ўпрыгожанні піктаў у часы росквіту іх цывілізацыі, якая пры Этэльстане заняпала да людажэрства і касцяных упрыгожанняў. Паўстанец Джэк Кэйд нібыта пры дапамозе каменя Брута зайшоў у Лондан, і спаліў яго, і абвясціў сябе каралём Мантгомеры… Хаця які сэнс абвяшчаць сябе каралём пажарышча — ведае толькі егіпецкі бог Гор, адказны за самалюбства.
І гэтак далей, далей… І паспрабуй адрозніць, дзе спрацавала фантазія затурканага начальствам журналіста, якому абавязкова — дэд-лайн праз гадзіну — трэба скінуць у стужку навінаў сем сенсацыйных паведамленняў, а дзе — рэальныя падставы паўтараць словы Гамлета да Гарацыя… Ёсць, маўляў, многае на свеце…
Свет нагадвае скамечаны ліст паперы, таму нам у ім няўтульна, і мы ўвесь час саслізгваем з абранага шляху. А тут патрапілі на самы згін, сцёрты так, што ўтварылася невялікая дзірачка…
Куды можна выйсці праз такое выпадковае акенца?
Запісы Разаліі Іванаўны ў зялёным нататнічку з залатым надпісам «Ленінград» пачыналіся: «Менск, 1933 год».
Лагічна было падумаць, што ты трапіш на тое самае месца, дзе цяпер знаходзішся, толькі ў іншым часе, і першае, што ўбачыш, — яшчэ не зруйнаваныя могілкі, касцёл, капліцы, распісаныя знакамітым мастаком Янам Дамелем…
Але не ўсё так проста… Не ў госці схадзіць да бабулі Ганны на бліны ці да суседа Радаслава на каньяк. Ты прабіраешся Туды, у чужы асяродак, нібыта спрабуеш скрозь поліэтыленавы занавес дакрануцца да чужога аголенага цела. Кагосьці часткова замяшчаеш, выціскаючы яго таксама некуды… І прыцягвае цябе абавязкова яна, Смерць.
І плата за знаходжанне Там была высокая. Як за знахо­джанне ў любым чужародным асяродку — у вадзе, агні, на лютым марозе ці страшэннай вышыні. Стан трохі падобны на ліхаманку пры высокай тэмпературы… Хвіліны забіралі гады. Гэта на прыкладзе Разаліі Іванаўны было відно.
З таго, што запісала Разалія, вынікала: яна ўпарта спрабавала выправіць лёс свайго роду, скручаны, як жалезны крыж, у які ўдарыла маланка… Абрэзаць галінку дзедавай ігрушы…
Мы, цынікі-маргіналы, пасмейваліся: зацыкленая няшчасная Беларусь на пладовых дрэвах. Ігруша на беразе Дняпра з прэлюдыі «Каласоў пад сярпом тваім»… Ігруша з постмадэрновага рамана гомельскага літаратара Балахонава, у ствале якой кінутая кабета пахавала труп забітага каханка… І зноў «Імя грушы».
Кветачніца ўсур’ёз спадзявалася, што як толькі галінка знікне — павінен знікнуць і высокі жалезны крыж з бляшаным вяночкам на ўскрайку могілак. Дзе ляжыць ейны Сева.
Даліла, вядома, узяла да галавы. Выканае, маўляў, запавет…
Але смерць кожнаму прапаноўвае сваю галінку.
І кожны сам выбірае, ці гуляць яму са смерцю…
Чаму дасюль вінавацяць англійскага мастака-дэкадэнта Обры Бердслея ў распусце? Ён быў прававерны каталік… Але хварэў з васьмі гадоў на сухоты. Кажуць, хворы на сухоты ў пэўны момант свае хваробы перажывае павышаную сэксуальнасць.
Багдановіч, таксама хворы на сухоты, пакінуў дзённік, дакладней, некалькі алоўкавых запісаў на аркушах паперы пра адносіны з замужняй жанчынай Клавай. Бердслей, які ненадоўга перажыў Багдановіча, маляваў падоўжаныя, як у блёкаце, белыя жаночыя целы з чорнымі кветкамі граху.
Перад смерцю пакаяўся. Папрасіў спаліць грахоўныя малюнкі, асабліва ілюстрацыі да «Лісістраты» — неверагодна вялізныя напружаныя чэлесы, белыя жаночыя сцёгны, як узбітыя вяршкі…
Менавіта хвароба спараджае падвышаную пачуццёвасць ды эмацыйнасць. Здаровы, па-прыроднаму здаровы чалавек ураўнаважаны і не стане засільвацца з-за таго, што самка адмовіла яму ў спарванні альбо чужая бабулька папрасіла спілаваць галінку грушы коштам у некалькі гадоў твайго жыцця.
Але ніхто з нас ураўнаважаным ад пачатку не быў.
Першым Туды пайшоў Едрусь.
Мой Едрусь. Худы бялявы рокер з блакітнымі вачыма, няспраўджаны млынар…

…Чалавек, на якога глядзіць Едрусь, крануў пяром аркуш. Маленькая кропачка атраманту… Быццам першая ракавая клетка. З яе можа вырасці літара, потым — метастазы слоў… сказаў… Смяротная пухліна.
«Я, Павал Глебавіч Налецкі, 15 красавіка быў запрошаны на невялікі банкет у дом прафесара гісторыі Люцыяна Нічыпаровіча з нагоды дня народзінаў гаспадара. Паколькі я працую з прафесарам у адной установе (Бел. універсытэт), і паколькі я ведаў, што сярод гасцей будуць комуністы і комсамольцы, я вырашыў пайсці. Хаця да мяне даходзілі чуткі, што прафесар Нічыпаровіч яшчэ не да канца пераадолеў у сабе буржуазна-ліберальныя ўхілы…»
Пяро затрымалася… Павал Глебавіч асцярожна паклаў яго. Нібыта яно магло выстраліць… Па вялікім рахунку, можа. Налецкі незаўважна для сябе пачаў разважаць услых. Не, не, гэта невыносна… За што такое на старасці гадоў… Калі яго змусілі напісаць «адчот» пра тую злашчасную вечарынку ў педтэхнікуме, ён жа не напісаў нічога кепскага… Выбіраў кожнае слова… Але як, як ён мог не згадаць пра выбрык гэтага ненармальнага шляхцюка з Камароўкі Апіевіча! Гарлаць пры сведках пра тое, што няшчасную Беларусь падзялілі між Усходам і Захадам, і топчуцца, і разрываюць яе жывое цела…
Дваццаць гадоў таму і сам Налецкі мог кінуць падобнае ў твар нават жандарам… Тады ён не быў баязліўцам. А цяпер… Ён жа вымушаны… У яго жонка… Дачка… Не за гарэлы блін душу аддаць… Не ён — дык іншыя напішуць. Ды што крывіць? Колькі пер’яў рыпяць у гэты ж самы час, апісваючы застолле ў Нічыпаровіча! І, напэўна, тыя, што старанна выводзяць літару за літарай, не вярэдзяцца, яшчэ і перакананыя, што робяць добрую справу… Асабліва — той, чарнявы мярзотнік Валяр’ян Скаловіч, што сядзеў за сталом насупраць. Нездарма ж сябруе з галоўным катам горада, Касіянавым. Налецкі сам бачыў, як ехалі яны разам у шыкоўным чорным «Фордзе». Дзіва што — хто з такім тыпам, як Скаловіч, будзе яшчэ сябраваць? Скура белая, быццам з сутарэнняў ніколі на сонца не выпаўзаў. Цёмныя валасы — неахайнымі прадкамі, нібыта ніколі не прычэсваецца. І гэта на пятым дзясятку, прафесар! Вочы з’ездлівыя, нос вялікі, кручком, на вуснах змяіная ўсмешка. Але знешнасць нічога ў параўнанні з характарам. Кажан. Незразумела, чаму Нічыпаровіч яго так любіць. Глядзіць — нібыта бацька на хворага сына. Не аднімеш, Скаловіч — геній у хіміі. Каб хацеў — даўно апынуўся б зноў у якой Сарбоне… Грахі не пушчаюць, ці што? Успомніць толькі гісторыі з закаханымі студэнткамі… Што яны знаходзілі ў гэтым мярзотніку? Ён жа ўсміхацца нармальна не ўмее. Выгляд, нібыта з жанчынай ні разу ў жыцці не цалаваўся.
Так, гэты не будзе вагацца — даносіць або не. Кажуць, нават студэнтаў сваіх не шкадуе, пасылае на перавыхаванне ў ДПУ.
Ён, Налецкі, ніколі не будзе перакананы ў тым, што данос можа быць добрай справай.
Апіевіч павесіўся б усё роўна — пісаў пра яго, не пісаў… Акрамя таго — ён жа, у адрозненне ад некаторых, не падлюга.
…ён — узважвае — кожнае — слова
З фотаздымкаў у зялёных рамках на гаспадара пакоя глядзелі добрыя ўсмешлівыя вочы. З’езд славістаў… Гадавіна вяселля з Ганнай… Дачка — на лецішчы ў Ліфляндыі, у матросцы, на трохколавым роварчыку…
Пяро ізноў кранула паперу, нейкім рыўком, нібыта ўпілося ў яе сваёй жалезнай дзюбай.
«Акрамя мяне, сярод гасцей знаходзіліся загадчык кафедры неарганічнай хіміі БДУ Валяр’ян Скаловіч, выкладчык педтэхнікума літаратуразнаўца Пятро Замоцкі, паэт Змітрок Кадура і яшчэ два чалавекі, якіх я асабіста не ведаю. Аднаго звалі Андрэем, другога Антонам. Апошні быў у суправаджэнні жонкі. Яе імя я не запомніў».
Запомніў, яшчэ як запомніў! Антаніна. Антон і Антаніна… Абое студэнты. Ён — вучань Нічыпаровіча, будучы філолаг, камсорг універсітэта, яна — хімік. Прыгожыя, маладыя… Асабліва адметныя ў яе вочы: зялёныя, як смарагд, і трохі з усходнім разрэзам, быццам у Неферціці…. Як Антаніна пагардліва зірнула на яго, Паўла Налецкага, старога, ссівелага навукоўца з сусветным імем, калі ён сказаў, што не варта трымацца за старыя ілюзіі, хіба мала — сумленна працаваць, рабіць сваю справу. Каб захаваць хоць нешта для нашчадкаў, для тых, хто захоча адкапаць гэтую Трою, засыпаную палітычнымі пяскамі…
Пра тое, што яна яму сказала, ён не напіша.
«Беларусь разадралі напалам, вынішчаюць яе лепшых сыноў, дасылаюць кіраваць ёю чужынцаў… Катаў з іншых краёў, малаадукаваных, без сумлення, без чалавечнасці. Але Беларусь моцная. Яна не памрэ. А вось дзеля яе варта памерці».
Застаецца спадзявацца, што Скаловіч тых словаў не чуў. Вось ужо ад гэтай студэнткі любоўных цыдулак мярзотнік не дачакаецца.
Налецкі і сам калісьці думаў, як Антаніна. А цяпер… Хто ён цяпер? Ён усё яшчэ верыць, што можна збалансаваць паміж подласцю і сумленнасцю?
Можа быць, варта выкрасліць сказ пра буржуазна-ліберальныя ўхілы? Але ж пра гэта пісалі ў «Звяздзе»… Не было б Рымшы — дык быў бы чорт іншы… Калі не напісаць — атрымаецца, што ён замоўчвае, альбо — барані Божа! — па­дзяляе погляды Нічыпаровіча…
Насамрэч, вядома, падзяляе. Нічыпаровіч — не тое каб душэўны сябра, але калега самы паважаны, высакародны па-старасвецку, да наіўнасці…
«Мы пілі віно партвейн, а яшчэ гарэлку, якую прынёс паэт Змітрок Кадура. Я выпіў таксама, таму мала памятаю, што гаварылі за сталом. Размова насіла бытавы характар. Памятаю, што Кадура чытаў свой верш, у якім давалася апісанне буры. Магчыма, тут быў нейкі палітычны намёк, але, паколькі я быў п’яны, я гэтага дакладна не зразумеў».
Чалавек кладзе пяро на стол і выцірае дрыжачай рукой спацелы лоб. Але, здаецца, пакуль нічога кепскага не напісана. Зараз жа гнюсны, ненавісны страх сціснуў сэрца. Вось гэта і не спадабаецца! Яны адразу ж вырашаць, што ён ілжэ, не хоча супрацоўнічаць па-сапраўднаму! А тады… Ён ужо пабываў у іх кабінетах і іхніх сутарэннях. Застарэлы смак крыві ў роце, кроў, якая цячэ з носа проста ў горла, так, што захлынаешся… Перхаеш крывёй… Ходзіш у прыбіральню крывёй… Не, болей — ніколі! Урэшце, не ён — іншыя ўжо даклалі… Успомні пра Скаловіча!
Пяро нібыта само скочыла ў знямелыя пальцы.
«Прафесар Нічыпаровіч вельмі хваліў верш Кадуры і сказаў, што беларусы — таленавіты народ, толькі, як гаворыцца ў казцы, начальства Бог заўсёды пасылае яму самае паганае».
Павал Глебавіч схамянуўся і пераправіў літару «Б» у слове «Бог» на малую.
«Я не адобрыў слоў прафесара, нагадаўшы, што зараз нарэшце ўлада належыць народу. На гэта прафесар адказаў, што гэта вялікі зман, і на змену старым дыктатарам прыхо­дзяць новыя, толькі менш пісьменныя, якім непатрэбная беларуская культура, да таго ж многія прыехалі з іншых краёў».
Пяро на хвілю затрымалася. Што далей? Распісваць, як абурылі яго, даносчыка, словы прафесара? Няшчасны Нічыпаровіч… Але ж павінен быў гэты стары ідэаліст ра­зумець, што сам наклікае сваю смерць! А Кадура… Ды ён жа правакатар! Як гэта раней не зразумелі! Вядома, ходзіць, гарлае, чытае вершы! Вось і на зборышчы ў Нічыпаровіча, гледзячы ў прыгожыя вочы Антаніны, прачытаў верш Янкі Купалы, да якога цягаецца, як галодны зяць да цешчы на бліны:
Раз абселі беларуса
Маскалі ды Ляхі
І давай яму сваяцтва
Тыкаці з-пад пахі:
— Ты мой ісцінны браточак! —
Маскалёк бармоча;
— Ты мой хрэснік, мой сыночак! —
Юда-Лях сакоча.
Беларус жа ім на тое:
— Сваячкі мае вы!
Смачны жолуд вам на каву,
Дый высока дрэва!
Вар’ят… Правакатар… Але такі малады. Ён столькі мог бы стварыць… І яго кроў ляжа на гэтыя рукі…
Рукі сялянскага сына з Веткаўскага павета, за здольнасці вывучанага вясковым дзячком ды пасланага на грошы апякунства ў Магілёўскую семінарыю…
Налецкі перагортвае ў памяці старонкі свайго жыцця, нібыта рыхтуецца не забіць, а памерці.
З семінарыі, аднак, пайшоў не ў святары. Пакуль жыў, здымаючы на мізэрную дабрачынную стыпендыю катух у мясцовага краўца, знайшоў у шафе Біблію на іўрыце, што належала яшчэ прадзеду сённяшняга гаспадара дома. І, ад цікаўнасці і самоты, вывучыў па ёй, успамінаючы некалькі семінарскіх урокаў па старажытнагабрэйскай, іўрыт… Гэта была шостая мова, якой авалодаў веткаўскі «вундэр-кіндэр», — пасля польскай, рускай, нямецкай, лаціны і грэчаскай. Беларуская ў гэты пералік, зразумела, не ўваходзіла… Што за мова? Грубая мужыцкая гаворка! Ад якой належала як мага хутчэй пазбавіцца, каб не выклікаць насмешак адукаваных людзей.
Магілёўскія габрэі прыходзілі паглядзець на дзіва: шаснаццацігадовы беларускі хлопец вольна чытае Тору! Як можна даць такому таленту згінуць у глухой правінцыі імперыі? Скінуліся хто колькі мог, ды яшчэ дадало грошай мясцовае таварыства прыгожай славеснасці… І Пятрок апынуўся ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце на аддзяленні ўсходніх моваў. І ўжо славутым маладым вучоным, аўтарам трох манаграфій, дзясяткаў артыкулаў, мужам прыгажуні з сям’і піцерскага архітэктара змушаны быў наведаць родную вёсачку, загубленую між палескіх балатоў. Ехаў, каб атрымаць дазвол «обчества», да якога па законе быў прыпісаны, як селянін, на «открепление» — каб мець магчымасць працаваць настаўнікам… «Обчество» належала паіць, карміць дні тры, як на вяселлі, улагоджваць, каб далі грамадою згоду. А сусед-апівоха ўсё куражыўся над «вучоным»: «А вось не адпусцім цябе! У паны захацеў! Заставайся з намі гной варочаць!»
Адпусцілі… Потым была вялікая праца. Міжнародныя канферэнцыі, лекцыі, дыскусіі, змаганне з цэнзурай. Адкрыццё Беларусі і яе мовы. Гістарычныя крыніцы, якіх дагэтуль упарта не заўважалі. Зборнік народных казак, за які яго маглі адны — спаліць на вогнішчы, як блюзнера і сакрушальніка «устоев», а другія — ушанаваць вечнай павагай і ўдзячнасцю…
Не спалілі. Не ўшанавалі. Лаўровы вянок, як і цярновы, даецца толькі абранцам. А ён у душы так і застаўся звычайным сялянскім сынам — абачлівым, няўпэўненым у тым, што заўтра не выгарыць ягоная ніва, не адбяруць ліхія паны апошнюю худобу… З пакрыёмым, агідным самому жаданнем цалаваць у ручку таго, хто можа паслаць на стайню… Пасля, можа, выйдзе мужык з панскіх пакояў ды сплюне, ці выдзера з плота калаціну на панскую спіну… Але пакуль трэба бараніць сябе ды свой надзел, чаму б не схіліцца… Ён ненавідзеў у сабе гэта сялянскае, халопскае, у маладосці, здаралася, трымаўся сярод свецкіх, бліскучых знарочыста годна, часам нават задзёрзка… Потым, калі з’явіўся дасканалы касцюм, пенснэ, партфель з англійскай скуры — гэта сталася залішнім. Інтэлігент да апошняй валасіны.
Рэвалюцыя гукнула голасам колішняга суседа: «Бач, панам зрабіўся! А да обчаства вяртайся, у гной!»
Было невыносна цяжка… Але з крыві і гразі паўстала Беларусь. Тое, пра што не марылася ў самых смелых мроях. Такія ж сялянскія сыны задумалі стварэнне акадэміі і ўніверсітэта — у якіх гаварылася б на мове тутэйшага люду. Ён прыняў запрашэнне, не разважаючы.
А потым…. А потым былі гады волі і веры, якія паступова змяніліся на адчуванне, што сядзіш у палонцы, вада ў якой паволі замярзае, ператвараецца ў лёд, і вось-вось абхопіць цябе цвёрдымі халоднымі абцугамі, і згасіць апошнюю жарынку жыцця… Маленькія саступкі новай уладзе — добра, я звольню гэтага асістэнта… Галоўнае — не чапайце кафедру. Добра, мы аб’яднаем нашы кафедры… Але дайце магчымасць выкладаць надалей. Добра, я не буду называць у лекцыі гэтых імёнаў — пакіньце тыя… Яны таксама вартыя. Добра, далучу да шэрагу вартых прозвішча аднаго патрэбнага і важнага пустазвона… Ну хаця б у такім выглядзе гэта надрукуецца?
Ён падпісваў паперы, згаджаўся — вядома, з агаворкамі, з адваёвамі нечага ўзамен на нешта… Але ад душы адкусвалі кавалачак за кавалкам, і яна сцякала сумленнем… Першым не вытрымала не душа — сэрца.
Павал Глебавіч устае… Пяро падае на стол з цёмнага дрэва, кроплі атраманту на пашарпанай паверхні амаль не бачны. Як кроў на крыві. За што? Як жыць далей з гэтым на душы? Дрыжачая рука імкнецца скамечыць ліст… Боль, які перапаўняе сэрца, раптам выплюхваецца, ахоплівае ўсё цела… Налецкаму здаецца, што над ім нахілілася тая амаль незнаёмая дзяўчына Антаніна, чужая жонка, і шэпча: «Так будзе лепей…»

Едрусь, задыхаючыся, глядзеў на чалавека, які ўпаў на падлогу. Які боль… Нібыта спыняецца сэрца. Але ж увесь гэты час госця з будучыні як бы тут не было — не варухнуцца, не ўмяшацца ў падзеі. Трызненне? Сон? Але ж госць сачыў, як гаспадар пісаў свой «адчот», запомніў кожнае слова… І пры гэтым — не адчуваў уласнага цела. Ён што, таксама памёр? Едрусь амаль у жаху паспрабаваў варухнуцца. Дзякуй Богу, цяпер можа рухацца. Правёў рукой па твары… Хістаючыся, нахіліўся над гаспадаром… Павал Глебавіч Налецкі глядзеў у столь шырока расплюшчанымі, нібыта здзіўленымі, вачыма, у кутках якіх блішчэлі слёзы. Рокер асцярожна дакрануўся да рукі гаспадара… Адчуванне — нібыта спрабуеш нешта ўхапіць пад хуткай плынню… Пульсу няма. Можа, трэба зрабіць якісьці масаж сэрца?
Але Смерць ужо паставіла тут сваё кляйно. Едрусь нібыта адчуваў яе нялюдскі, цяжкі гнеў на недазволенага сведку ейнай працы.
Трэба адсюль сыходзіць…
Перад тым, як выйсці з пакоя, завешанага пажаўцелымі фотаздымкамі ў зялёных рамках, госць скамечыў і сунуў у кішэню спісаную няроўным старэчым почыркам паперу.
Вядома, першы раз Едрусь не паспеў нічога толкам ні разгледзець, ні паспрабаваць змяніць — гэта пасля мы адзін за адным пачнём тузаць за ніты не намі сатканага сувоя.
Наш рокер блага памятаў, што было потым. Ішоў праз нейкія дзверы, спускаўся па лесвіцы… Нібыта бачыў іншых людзей. Ці бачылі яны яго? Ніхто не загаварыў, не спрабаваў затрымаць. Так выйшаў і на вуліцу. Шэрае неба, як мёртвае вока. Пад нагамі мерзлы бруд. Холаду не адчуваў… Менск… Але непазнавальны. Драўляныя дамы, незнаёмая цэркаўка за імі — як светлы анёл за спінамі сагнутых старэчаў, што рыхтуюцца ў апошні шлях. Што яшчэ? Прысмак медзі ў роце. Такі бывае, калі прыкладзешся да старога крыжа. Незвычайная лёгкасць — і туга ад усведамлення, што гэты свет — толькі цень.
Едрусь не шукаў шляху назад — дый у тым сваім стане і не мог бы знайсці. Дзе тыя могілкі, дом Разаліі, злашчасная груша? Яго проста нейкая неадольная сіла выціснула назад, бы кроплю алею з халоднай вады.
У кішэні Едруся, які вываліўся проста са сцяны на драўляную падлогу дома Разаліі, хапаючы паветра ротам, быццам выцягнутая з вады рыбіна, ніякай паперкі не засталося. Але і ў сакрэтных архіўных тэчках даносу Налецкага Макс не знайшоў. Хаця праверыў, як мог, па архівах, а Генусь па Сеціве «прабіў». Высветлілася, усе, хто названы ў незакончаным даносе, былі неўзабаве пасля «банкету» арыштаваныя і асуджаныя. Скаловіч, аднак, праз паўгода адпушчаны. Выслужыўся, зразумела. Шкада, у энцыклапедыях не прынята дадаваць да навуковых званняў слова «даносчык». Значылася толькі: «Нарадзіўся ў 1890 г. у г. Мінску. З сям’і артыстаў. У 1911 г. скончыў хімічнае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта Юр’еўскага ўніверсітэта, у 1913 — Вышэйшыя педагагічныя курсы (аддзяленне фізікі, матэматыкі і касмаграфіі), абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 1913–1923 гг. працаваў у Сарбонскім універсітэце. У 1923–1933 — прафесар і загадчык кафедры неарганічнай хіміі БДУ, дэкан хімічнага ф-та (з 1931). Неаднаразова арыштоўваўся органамі НКУС. У 1934 абвінавачаны ў «шпіёнска-дыверсійнай дзейнасці» і асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Час і месца смерці невядомыя».
Яшчэ былі спіс навуковых прац ды падрабязнасці ўкладу ў развіццё каардынацыйнай хіміі і нейкіх там пераксідных злучэнняў.
Тады ўдзельнікам Гульні здавалася, што калі яны сутыкаюцца з кімсьці па той бок сцяны, гэта выпадковасць. Наіўныя!
І яшчэ вырашылі: хаця папера са стала прафесара ў нашым часе не з’явілася, але ж і ў тым, здаецца, не засталася. Значыць, можна нешта змяніць! І варта спрабаваць! Усе гэтыя сантыменты пра матыля на дарозе — тыпу, раздушыш у іншым часе, а ў тваім настане апакаліпсіс, — лухта. Гэта не крылы матыля — гэта млын. Пачварна цяжкія каменныя жорны — кшталту тых, на якіх волат Мянеск перамолваў валуны на месцы будучага горада свайго імя. Усё замесіцца ў адно цеста, усё пройдзе праз адну печ… А ці памятае той, хто спажывае хлеб, імя кожнага зярняці?

Гульня № 2

Другім Туды пайшоў Макс.
Вядома, сам напрасіўся: аж рукі трэсліся, як у скнары над халяўным гаршком з дынарамі. Гістарычныя сенсацыі! Вернутыя імёны і рукапісы! Разгадка таямніцаў! Усё пралічыў: і карту тагачаснага Менска вывучыў, і старыя фотаздымкі, і падзеі… Адкрыты тэатр оперы і балета, архітэктар Лангбард хапаецца за сэрца, бо замест падабенства антычнага тэатра — з каланадай, скульптурамі і трыма ярусамі — дзве шэрыя «бляшанкі», пастаўленыя адна на адну… Не хапіла сродкаў, дый не Афіны тут, спадар. Затое Дом урада паўстаў, як мае быць… І помнік Леніну перад ім. Мінскі аэрапорт адкрыўся — з першым і адзіным самалётам К-5. Маршрут — вядома, які… На Маскву. У трамвайным парку — 43 трамваі… А яшчэ — забаронены царкоўны пера­звон, і ў Кацярынінскай царкве захоўваюцца селядцы. Надпіс на фасадзе «Дом мой домам малітвы нарачэцца» замазваюць фарбай, а ён ізноў праступае. У турме памёр ад тыфу мінскі епіскап Мікалай. Уведзеная «наркомаўка» — плаўнае, спеўнае, натуральнае гучанне мовы скасавана, беларускі правапіс павінен быць як мага больш набліжаны да расейскага… Каб пасля з ім цалкам зліцца. У камуністычным, так бы мовіць, экстазе, на імперыялістычных прасцінах. А яшчэ — лютаўскі хапун па справе «Беларускай народнай грамады» і паралельна арышт татарскай інтэлігенцыі. У красавіку — арышты па справе «контррэвалюцыйнай дыверсійна-шпіёнскай арганізацыі ў жывёлагадоўчай галіне БССР». У жніўні — па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра»… У кастрычніку «вылазкай контррэвалюцыйнай агентуры беларускага кулацтва і буржуазіі» на ўсебеларускай нарадзе па драматургіі названы п’есы Янкі Купалы, Васіля Шашалевіча, Міколы Грамыкі ды іншых — дзе хоць трохі жыла Беларусь. Крэацівілі чыноўнічкі, каб не прастойваць, фантазія працавала. Маладыя паэты напханыя ў «амерыканку», жалезную круглую камеру ў двары дыхтоўнага будынка НКУС… Катаванняў нібыта яшчэ няма. Афіцыйна яны з’явяцца потым, у 1937-м… Але насамрэч метады тыя самыя. Толькі ў вязняў ёсць яшчэ рэальны шанец на жыццё.
Макс у адну кішэню — лічбавую камеру, у другую — стары «Кодак» з плёнкай, хто яго ведае, як ТАМ лепей…
І — у сцяну, дзе абраз «Маленне аб Чашы».
З ложка падаў голас Едрусь:
— Паслухай, можа, не варта…
Макс са здзіўленнем зірнуў на яго. Едрусь сядзеў на ложку, засланым посцілкай з конікамі, сагнуўшыся ў крук.
— Нічога, я вунь які здаровы, пару кіль з задавальненнем там пакіну, магу і дзесяць кіль. А наконт сувязі — дык я мабільнік узяў! — зблазнаваў Макс і знік за бляклымі шпалерамі.

…Крэчат адняў ад вуснаў насоўку. Можна не правяраць: у чырвоных плямах. Ну і што? Яму, старому рэвалюцыянеру, выпаў найвялікшы гонар і шчасце: дажыць да здзяйснення сваіх мар. Упэўніцца, што барацьба, смерць сяброў і ягоная ўласная смерць былі не дарэмныя. Гады ў падполлі, голад, пагардлівыя позіркі мешчукоў ды арыстакратаў, палахлівыя — тых, з-за каго ішоў на пакуты. Прывід вісельні, з-пад якога цудам удалося знікнуць… Пакінуўшы там дарагіх, лепшых за сябе. Сяргей, Сонечка — і іх бязвольныя целы на шыбеніцы. Гэта непрыгожая смерць — у пятлі. Язык высоўваецца, і яшчэ… Паміраючы спраўляе натуральную патрэбу. А ў мужчын адбываецца выкід семя.
Раней семя вісельніка каштавала вялізныя грошы. Калі не кат яго збіраў — дык існаваў адмысловы клан жабракоў і зельнікаў, якія пільнавалі, каб паспець абабраць павешанага, і жылі з тае здабычы. Цудадзейным лічылася ўсё — валасы шыбеніка, ягоныя адрэзаныя пальцы…
Чалавек, па сутнасці, сцярвятнік. Падлаед. Толькі рэвалюцыя можа пазбавіць яго жывёльнасці, абудзіць у ім чысты дух.
І ўсё-ткі ён, Крэчат, не можа забыцца на гэта жахлівае відовішча, якое ён бачыў, на шчасце, толькі ў думках — Сяргей і Сонечка гайдаюцца ў петлях, тузаюцца, выконваючы «танец вісельніка», які так любілі сузіраць жыхары сярэднявечных гарадоў. Сінія языкі звешваюцца, па нагах сцякае…
Не, ён не павінен пра гэта нават думаць — гэта абражае памяць нябожчыкаў.
Галоўнае, цяпер ён, ацалелы, бачыць, як паўстае магутная дзяржава, у якой кіруюць таварышы, людзі з народа, сумленныя, адданыя рэвалюцыі! Не, ну калі самому быць сумленным — сярод іх таксама не ўсе вартыя… Гэты… таварыш Мадэст Касіянаў… Ён, Крэчат, не можа ўхваліць ягоныя метады. З паэтам Апіевічам, напрыклад, відавочна перагнута палка. Чалавек быў не страчаны для рэвалюцыі. Прынамсі, на небяспечную справу ў сваё эсэраўскае мінулае Крэчат яго б узяў, не вагаючыся. Сорак дзён пазбаўляць чалавека сну… Нават інквізіцыя лічыла, што скрайні тэрмін такога катавання — шэсць дзён. Пасля чалавек лічыўся звар’яцелым. Вядома, у рэвалюцыі вакол — ворагі… Трэба змагацца… Але ці не сумленней адразу — кулю ў лоб здрадніку? Вось Скаловіча — не шкада. Нягоднік заслужыў усё, што зараз мае. Не хацеў бы ён, Крэчат, быць на ягоным месцы. Гэта папы няхай на споведзі грахі адпускаюць. А рэвалюцыя за ўсё спаганяе напоўніцу, бязлітасна, без скідкі на час і абставіны. І гэта правільна.
— Ты таксама палезеш у пятлю, Скаловіч, рана ці позна! — хрыпіць Крэчат са злавеснай радасцю.
Але… надта ўжо Касіянаў ад таго, што робіць, атрымлівае насалоду. Надта падводзіць пад усё… навуковую базу. Нібыта такая навука спатрэбіцца ў той будучыні, якую яны рыхтуюць, дзеля якой гатовы памерці. Катаванняў у савецкай краіне няма.
І… Вось жахлівая думка… Ці гатовы таварыш Касіянаў за тую будучыню памерці?
Крэчат схіляе галаву — чорныя валасы шчодра перавітыя сівізною. Чамусьці ўсплыў яшчэ ўспамін — месяц таму выпадкова праходзіў па вакзале і бачыў, як з вагона-цялятніка выкідаюць нешта пачварнае. Людзей-клёцак. У рызманах, якія разышліся пад напорам хворай бледнай плоці. Вочы-шчыліны. Чорныя пазногці. Нехта патлумачыў шэптам, што гэта — хахлы. Спухлі ад голаду. Там, на Украіне, выміраюць цэлымі вёскамі. Ураджай багаты — а людзям не даюць ні каласка. Таму што хахлы ўсе кулакі і людажэры.
Кажуць, цяпер — і праўда — там-сям людажэры.
Людзей-клёцак выгружалі на брудны асфальт, як мяхі. Нібыта яны ўжо не былі людзямі. Нехта з іх, яшчэ не зусім страціўшы падабенства са стварэннем божым, цягнуў руку, нешта прасіў нячутным голасам. Відаць, хлеба…
Крэчат сышоў тады і не ведаў, куды падзеліся прыезджыя. Не хацеў ведаць. Баяўся глядзець. Цяпер баіцца нават думаць.
А ў камісарыят паступаюць усё новыя звесткі і пра голад на Беларусі. Лісты… Допісы… У калгасе «Перамога» Мінскага раёна чацвёра калгаснікаў памерлі «ад недахопу харчавання». У людзей пухнуць рукі і ногі, што перашка­джае ім выходзіць зарабляць «трудадні». У калгасе «Вольная праца» на Гомельшчыне таксама некалькі калгаснікаў, спухшы, памерлі. Сярод людзей паніка, праезджых упрошваюць забраць дзяцей, каб выратавалі ад галоднай смерці. У Нараўлянскім раёне ўвогуле, калі верыць тым падмётным лістам, сотні паміраюць, у Жыткавіцкім таксама… Крэчат уласнаручна падпісваў паперу пра тое, каб знайсці і арыштаваць аўтара антысавецкага ліста, што прысланы ў Сенненскую газету «Камунар»: «Самі ходзім голыя, паелі ўсю траву, ліпавы ліст, а з нас патрабуюць малака, мяса… Не ведаю, як перадаць, як вы здзекуецеся з нас, пісаць ёсць чаго, ды няма каму чытаць гэта. Падумаць, ізгалілі Украіну, цяпер узяліся за Беларусію… Смерць Сталіну, далоў сацыялізм!»
Што ж гэта?
— Шкодніцтва! Наркамат земляробства расстраляць! — вырываецца з пасінелых вуснаў.
Страшныя сумнівы паляць душу… Няўжо нешта ідзе не так, як яны задумвалі? І як з ім, народным камісарам, апошнім часам некаторыя пачалі размаўляць? Паблажліва, ледзь не пагардліва… А гэтае шыпенне Касіянава: «Радуйся, што хворы!» Хутчэй, хутчэй адагнаць гэтае блюзнерства, гэты блёкат!
Крэчат заходзіцца ў кашлі, маленькая частка лёгкага, якая толькі і не здрадзіла, засталася служыць, не паспявае перадаваць у кроў кісларод. Крэчат амаль з пяшчотай уяўляе гэтае апошняе войска клетак, што змагаецца за яго супраць смерці. Адзін за адным мізэрныя воі гінуць, наступіць імгненне, калі смерць чарговага з іх стане агульнай паразай… На колькі ўздыхаў іх яшчэ хопіць?
За акном хор маладых, няхай не вельмі зладжаных, галасоў заспяваў:
Белая армія, чорны барон
Знова гатовяць нам царскі трон…
Спявалі з мясцовым акцэнтам, але — задзірыста, з энтузіязмам… Сіл падысці да акна і паглядзець, хто гэта — рабфакаўцы, чырвонаармейцы, асаавіяхімаўцы, — не было. Песня аддалялася, гублялася ў вулічным шуме.
Радасць, шчырая радасць ахапіла ўсю істоту Крэчата. Жыве рэвалюцыя нават у гэтым забытым Богам куточку, калісьці — ускраіне праклятай Імперыі! Шкада, не паспеў яшчэ больш наблізіць эпоху, дзе не спатрэбяцца Касіянавы. Ва ўніверсітэце кубло варожае не падчысцілі. Акадэмікаў гэтых паганых, спяцоў з жандарскімі каўнерыкамі не паганялі да канца… Кулю ім у лоб! Пятлю! Сам Крэчат ніколі не вагаўся, калі трэба было выстраліць. Толькі адзін раз утрымаўся — каб аддаць здрадніка нашмат большай пакуце. А тое, што вучоны, што вынаходніцтвы — дык мы вырасцім не такіх яшчэ вучоных!
Крэчат зноў закашляўся і, перагнуўшыся з крэсла ўправа, сплюнуў у масянжовы таз. Смерць заўсёды выглядае непрыгожа. Хаця — ён не з гідлівых. Чамусьці ўспомнілася тое, што яшчэ ў бурсацкім юнацтве замкнуў у самай далёкай шуфлядзе свядомасці: твар маці, таксама схілены над тазам — толькі ў тым тазе не кроў, а чужая бялізна. Пара амаль захінае грубаватыя рысы, рукі, чырвоныя, распухлыя, спрытна кідаюць-падымаюць тканіну ў казачных замках пены. На сярэднім пальцы пярсцёнак з цьмянага жоўтага металу, не з золата, уціснуўся ў цела, здаецца, урос, як дрот урастае ў ствол дрэва…
«Трусік-пампусік! Дзе твой бацька? Свінням сена косіць!»
Уявіце сабе рэвалюцыянера з прозвішчам «Трусік»! Міхаіл Трусік! Не дзіва, што падпольная мянушка сталася ягоным адзіным імем.
— Я — Крэчат! Крэчат — не Трусік! — ганарыста хрыпіць чалавек, нібыта намагаецца кагосьці ў гэтым пераканаць, і нават стукае худым кулаком па парэнчах крэсла.
У партыйным білеце ён так і называецца — Максім Крэчат. Прасіў, каб і на помніку было выбіта толькі гэтае імя.
А помнік мусіць быць прыгожы… Ён заслужыў. Камісар Крэчат. Бо — што ён больш па сабе пакіне? Усё аддадзена святой барацьбе. Не засталося сяброў. Некаторыя — загінулі. Ад некаторых давялося пазбавіцца — не яму самому, рэвалюцыі. Слабы паплечнік — значыць, вораг. Сям’я, дзеці, каханне… Не да таго было. Яго сям’я — гэта ўся новая краіна. Увесь працоўны народ. Крэчат моршчыцца ад таго, што нават думка такая гучыць фальшыва. Ну, добра, не ўвесь народ… Але нехта мусіць яго памяць ушаноўваць. Насіць на магілу кветкі. Неяк пра гэта раней не думалася… А цяпер думка, што да ягонай магілы можа ніхто ніколі не прыйсці, падалася невыноснай. Калі б ён не страціў веры ў Бога… А раптам усё, што гэтак ясна ўяўлялася ў дзяцінстве — той свет, анёлы, нябесны суд, — праўда? Тады як яго будуць судзіць? Для сябе ж ён ніколі нічога не хацеў…
— Нічога… Для сябе…
Крэчат зноў зайшоўся ў кашлі, і чамусьці пабачылася аблічча Валяр’яна Скаловіча — такім, якім бачыў яго апошні раз, недзе месяц таму. Ганарысты твар, нібыта ператвораны ў белую маску, цёмныя вочы… Безнадзейныя, як само пекла. І скептычная ўсмешка на вуснах.
Вось іронія лёсу: апошняе, што ён успамінае перад смерцю, — гэта аблічча здрадніка.
Таму што гэта смерць. Кроў хлынула горлам, замест дыхання пачулася нейкае булькатанне… Нага, зведзеная сутаргай, перавярнула таз… І ў гэтую чырвоную, смярдзючую жыжу ўпаў тварам камісар Крэчат.

Макс, задыхаючыся, узняўся з падлогі. Сам не заўважыў, калі ўпаў… Хаця Едрусь жа тлумачыў — пакуль нехта побач не памрэ, ты як прывід… Цяпер можна рухацца. Макс наблізіўся да памерлага. Асцярожна крануў цела наском чаравіка… Ну, тут ужо нічым не дапаможаш. Не вельмі прыгожая смерць атрымалася ў камісара… Госць агледзеўся. Што за месца, дзе давялося апынуцца? Не бальніца. Звычайная кватэра. Макс, наколькі мог хутка, падышоў да пісьмовага стала, схапіўся за паперы… Пасведчанне наркампрода… Даклад аб забеспячэнні насельніцтва харчаваннем у калгасах Менскай вобласці… Рука палезла па фотаапарат. Але з кішэні дастаўся брусок нібыта спрасаванай шэрай гліны. А мабільнік? Яшчэ адзін шэры брусок… Што за містыка? І маланка ў джынсах ператварылася ў аморфную, бляклую металічную паласу… Нібыта свядомасць гэтага часу, як прыдуманая польскім фантастам Лемам планета Салярыс, можа паўтараць вобразы толькі таго, што ўцямна і зразумела, а нешта невядомае і складанае — толькі ў агульных рысах, груба, як муляж… Як дзіця малюе ракету. Урэшце — фізічны свет сапраўды створаны з нічога, па Слове Божым. Ядро атама ў параўнанні з яго абалонкай — усё роўна што вішнёвая костачка ў параўнанні з планетай Зямля… Пустэча — тое, што мы цэнім, набываем, дзеля чаго губім іншых і сябе. Слова, думка, вобраз — толькі гэта і мае сапраўднае значэнне.
Апошні раз зірнуўшы на нябожчыка, які ляжаў тварам у чырвонай лужыне, архівіст выйшаў на вуліцу. Паветра якое чыстае… Як у вёсцы. Але дыхаць цяжка, нібыта грудзі сцягнутыя жалезнымі абручамі. Бедныя дзяўчаты, што насілі гарсэты… Цікава, ці працягвае нехта насіць гарсэты тут? Наўрад… Тут ужо амаль два дзесяцігоддзі пануе вайсковы стыль. Фрэнчы, гімнасцёркі, шынялі… Але не, людзі, амаль усе — у шэрым, не ў хакі… Макс успомніў, што ў трыццаць трэцім годзе быў аддадзены загад, які забараняў нашэнне вайсковай формы тым, хто не служыць у Чырвонай Арміі… І гэтыя, у шэрым, ідуць міма, не зважаючы, не дзівуючыся. Ды ці бачаць прыхадня? І на дамах — ні шыльдаў, ні назваў…
— Гэй! Дзе… тут… вуліца Леніна? Таварыш… Таварыш… не… падкажаш, дзе ўніверсітэт?
Голас хрыпіць, як прабіты гармонік. Застаецца спадзявацца, што ўзбуджальнікі сухотаў такім… неверагодным шляхам не перадаюцца.
Твары — усмешлівыя, сярдзітыя, стамлёныя. Вось жанчына (вылінялая чырвоная кофтачка, саматканая спадніца, белая хустка) прыпынілася, угледзелася… Не ў Макса — у тое месца, дзе ён стаяў. Макс падышоў ушчыльную.
— Не… падкажаце, дзе… універсітэт?
У вачах жанчыны мільганула здзіўленне. Рука мімаволі паправіла хустку. Ды што, хіба госця з будучыні не бачна? Ён — прывід, ці ўсе тут — прывіды? Макс асцярожна, з заміраннем сэрца, крануў кабету за рукаў. І з палёгкай адчуў пад пальцамі шурпатую тканіну.
— Чаго табе трэба? — жанчына нават трохі адскочыла, нібыта шыракаплечы хлопец праявіўся перад ёю проста з паветра.
— Універсітэт… — прахрыпеў Макс, баючыся, што яго зараз званітуе. Цікава, гэта будзе лічыцца ўмяшальніцтвам у гісторыю — ваніты з іншага часу на брукаванцы?
Кабета махнула рукою кудысьці ўправа і хутка пайшла, азіраючыся… Цікава, якім ёй бачыўся Макс? Плыткім, у зменлівым мігценні? Прывідаў, кажуць, нельга пабачыць проста — толькі бакавым зрокам.
Макс ішоў па вуліцы таго часу, калі ён яшчэ не нарадзіўся. Вось і маеш унікальную магчымасць для збору матэрыялаў… Але як яе выкарыстаць, калі ты — паўмёртвы ад болю, і вывучаныя да драбніцаў фотаздымкі і карты ніяк не супадаюць, не сумяшчаюцца з гэтымі краявідамі, і сам ты — нібыта ўнутры фотаздымка і табе не хапае нейкага аднаго вымярэння… Скрасці б што-небудзь з гэтага часу — як і належыць прафесійнаму злодзею. Знайсці Янку Купалу… Папярэдзіць Максіма Гарэцкага аб смяротнай небяспецы… Прачытаць хоць чый-небудзь рукапіс з тых, што канфіскаваныя і спаленыя ў 1937 годзе ва ўнутраным двары «Жоўтага дома» НКУС…
Цела бязлітасна сціснула нейкая сіла, як быццам апусціўся глыбока пад ваду… І Макс вярнуўся. Як і Генусь — зваліўся на падлогу ля сцяны, абклеенай зялёнымі ў ружы шпалерамі.
Даліла адразу ўшпіліла яму ўкол глюкозы — ужо ведала, чаго чакаць.
Першае, што сказаў наш архівіст, калі змог гаварыць:
— Як, схуднеў я трохі?
— Прыдурак! — адказала за ўсіх Даліла і ледзь не ляснула яму па твары. Збялелым, але ўсё гэтак жа паўнаватым.
Мабільнік, фотаапараты і «маланка» на джынсах вярнуліся да ранейшага выгляду. Але не працавалі. А «маланка» нібыта пабывала пад прэсам. Давялося распорваць.
Што ж — кожны з нас, пабываўшы Там, таксама не быў ранейшым.
Настаў час асэнсоўваць чарговую «здабычу». Генусь прывалок ноўтбук, Макс раскінуў свае тэчкі…
Крэчата ў энцыклапедыі не аказалася. Затое Міхаіл Дармідонтавіч Трусік згадваўся — у «Энцыклапедыі БССР». Родам з Магілёва. Адукацыя — царкоўнапрыходская школа плюс незакончаная семінарыя. У фракцыі бальшавікоў ад яе стварэння. Дзяржаўны дзеяч, камуніст, спрычыніўся да стварэння сістэмы аховы ўнутранага парадку на Беларусі. Пахаваны на Вайсковых могілках.
На наступны дзень Даліла і Макс нават адшукалі ягоную магілу, праўда, з цяжкасцю. Невялікі чорны помнік урос у зямлю. Трава, палын, крапіва, ніводнай кветкі — нават са­тлелай штучнай… Надпіс ледзь прачытваецца. Прозвішча згодна з энцыклапедыяй. Трусік.
Потым была доўгая спрэчка. Едрусь адмоўчваўся, а Генусь-Тэрмінатар упёрся: навошта ТУДЫ хадзіць? Паглядзіце на сябе… Разалія Іванаўна да інсульту давандравалася. У пяцьдзясят два гады выглядала на семдзесят. Мы ж нічога не зменім. Ці зробім яшчэ горш. Ні адтуль нічога не вынесці, ні адсюль… Вы што, сапраўды збіраецеся грушы пілаваць у 1933 годзе?
Тады Даліла нечакана сказала:
— Схадзі ТУДЫ сам. Адзін раз. Слабо? А тады скажаш.

Гульня № 3

Генусь падрыхтаваўся ісці Туды, як да здымак у гістарычным фільме. Заявіўся ў дом ля могілак у чорнай ільняной кашулі — падарунак чарговай сяброўкі, на гэты раз прыхільніцы готаў. Дурнічка шыла сама, рукамі, спадзеючыся, напэўна, што Тэрмінатар яе патрыярхальнае старанне зацэніць. Спадзявалася, у прынцыпе, не дарма — Генусь палічыў, што няроўныя шыўкі самадзейнай швачкі ў падарожжы ў мінулае нададуць ягонаму прыкіду натуральнасці, і кашуля пакінула мех з непатрэбнымі анучамі. Штаны таксама адшукаліся па-сутнасці архаічныя — ільняныя, шэрыя, мятыя, але найноўшай моды. Зробленыя ў Турцыі і купленыя на рынку, які цяпер месціцца на стадыёне «Дынама», збудаваным на месцы габрэйскіх могілак. Касцюм давяршаў сапраўдны картуз з трэснутым чорным лакавым казырком. Дзе Генусь яго выпараў? Хіба ў якога вясковага пастуха. Насунуў казырок нізка на лоб… Ды яшчэ валасамі завесіўся — усё яшчэ па звычцы хаваючы сваё «звыродства». Мабільнік пакінуў і адключыў — а то званіць будуць усялякія марцэлі. Паглядзеў на Далілу — тая стаяла, закусіўшы губу, нібыта стрымлівала сябе ад крыку. Памарудзіў… Відаць, спадзяваўся, што Даліла скажа: «Не хадзі». Але «кобра» моўчкі глядзела ганарлівымі зялёнымі вачыма…
— Мае компы не прадавайце! Я іх сам збіраў, там такія навароты ды прымочкі… Карацей, калі што, забярыце сабе.
І Тэрмінатар павярнуўся да сцяны, глыбока ўздыхнуў і зрабіў крок.

…Прафесар Люцыян Нічыпаровіч яшчэ раз перачытаў ліст, акуратна склаў і паклаў у канверт. Канверт заклейваць не стаў — навошта? Не стаў і падпісваць. Дастаткова пакласці на сярэдзіну стала.
Прыйдуць «археолагі» — знойдуць.
Калісьці ён удзельнічаў у археалагічнай экспедыцыі на Віленшчыне. Раскопвалі руіны замка… І ў сцяне, справа ад колішняй брамы, знайшлі шкілет жанчыны. Ён стаяў у вузкай — не варухнуцца — нішы, абдымаючы вертыкальна ўмацаванае бервяно.
Чамусьці па ўсім свеце верылі, што, каб замак, храм, мост, вежа, гарадская сцяна стаялі, трэба, каб іх падтрымлівалі нябожчыкі. Закапаныя ці замураваныя жыўцом. Вунь Гальшанскі замак успомніць… Нібыта жонка аднаго з майстроў у сцяне. Прыйшла, небарака, да мужа з абедам, а муляры, азвярэўшы ад таго, што сцяна абрушваецца ў каторы раз, ужо чакалі: чыя кабета першай прыбяжыць, тую і ахвяруем. Паданне, кажаце? Ды яшчэ ў 1843 годзе жыхары нямецкага мястэчка Гале прапаноўвалі ў падмурак новага моста пакласці жывое дзіця. Добра, часы былі іншыя, асветніцтва, разумееш, і ўлады не згадзіліся. Думаеце, здарма называецца месца, з якога пачынаўся горад, — дзяцінец?
Але самае надзейнае — калі ахвяра згаджалася на такі жудасны скон добраахвотна. У XІX стагоддзі англійскі збеглы матрос патрапіў на востраў Фіджы і бачыў, як будавалі жытло мясцовага правадыра. У кожнай яміне са слупом будучага дома стаяў жывы чалавек, які трымаў бервяно і цярпліва чакаў, пакуль яго разам з бервяном засыплюць.
У кожнай вялікай справе павінны быць такія людзі, якія моўчкі трываюць кпіны і здзекі і даюць сябе засыпаць… І нават мёртвымі працягваюць трымаць сцены.
Прафесар адчыніў шуфляду стала і паглядзеў на тое, што там ляжыць. Так, ён ведае, што збіраецца ўчыніць вялікі грэх. Смяротны грэх. Але ці лепей будзе пакорліва пайсці на ўсё, што для яго падрыхтавана «ачышчальнікамі»? Ён ведае, што робяць у сутарэннях Жоўтага дома. Ламаюць усіх. Ну, хіба… за адным выключэннем. Але ён, Люцыян Нічыпаровіч, занадта стары. І занадта шмат людзей можа пацягнуць за сабой. А паміраць з ганьбай, з усведамленнем, што загубіў бязвінныя душы, — дык лепей ужо загубіць грэшную сваю. І Лёлечцы лепей застацца ўдавою, чым жонкай «ворага народа».
Прафесар падымаецца і праходзіць па пакоі. Для яго не пашкадавалі шыкоўнай кватэры ў цэнтры горада. Аксамітныя парцьеры, паркет, антыкварная мэбля, пры­слуга… Акадэмічны паёк. Не будзе адмаўляць — звык да камфорту. Не з графаў — але ўсё-ткі з сям’і гімназічных настаўнікаў. Яму не давялося немаўлём гарлаць у кошыку на ўскрайку жытняга поля, пасвіць худобу, бегаць у школку басанож… Пазалочаныя анёлкі на каляднай ёлцы, кніжкі пра індзейцаў з карцінкамі, нянька, урокі англійскай і нямецкай, фартэпіяна… Бацька — піцерскі, але з роду гара­дзенскай шляхты, маці — з сям’і польскіх паўстанцаў. Гэта яна называла яго Люцыянам. У праваслаўным хрышчэнні яму далі імя Лука — але Нічыпаровічу больш падабалася «Люцыян». Так і падпісваўся заўсёды. У доме чыталі Тургенева і Чарнышэўскага. А яшчэ — Яна Баршчэўскага і Міцкевіча. Ён быў зусім малы, калі яго пазнаёмілі з дзіваком-дзядком, насатым, таўсманным, як снегавік, са старамоднымі бакенбардамі і дабрэннымі-дабрэннымі вачыма. Стары павёў яго на другі паверх кватэры і паказаў жывога зайца. Заяц скакаў па ўсім пакоі, не прызнаючы клетку, што адчыненай сіратліва тулілася ў куце. А гаспадар, крэхчучы, згінаўся, каб працягнуць свайму пестуну капусны ліст. Звалі старога смешна — пан Каэтан. А зайца завялі ягоныя хатнія па парадзе доктара — дабрэнны пан Каэтан вельмі не любіў рухомага ладу жыцця, на шпацыры нават хадзіць адмаўляўся. А дзеля жывой істоты — як не ступіць пару лішніх крокаў?
Гаспадар падарыў маленькаму Люцыяну кніжку на незнаёмай мове са страшнаватымі карцінкамі: мерцвякі, укручаныя ў нейкія стужкі, людзі з галовамі звяроў і птушак, другія людзі, нібыта звычайныя, але намаляваныя неяк выкручана — галовы у профіль, а плечы распрастаныя… І — смешна — мужчыны ў спадніцах. Пан Каэтан сказаў — гэта фараоны. Слова, ад якога патыхала таямніцай, як ад куфра старой купчыхі — нафталінам.
З гэтай кніжкі пачалося зацікаўленне Люцыяна гісторыяй. Закахаўся ў старую дзеўку Кліа, музу «навук гістарыйскіх», па самыя вушы. Ды ці дзеўка яна? Ці не самадайка? Калі падумаць, гвалцілі яе на яго вачах заўзята, хто толькі хацеў. І працягваюць…
Маці потым распавяла, што выпала ім быць у гасцях у слыннага вучонага родам з Беларусі, Каэтана Касовіча. Які першым у Расійскай імперыі расчытаў санскрыт. І быў адзіным з наведнікаў Лонданскага музея, хто заўважыў, што шумерскія таблічкі з эпасам пра Гільгамеша развешаныя па сценах залы дагары нагамі.
У гісторыі Заходняга краю дасюль таблічкі вісяць дагары нагамі. Нічыпаровіч паспрабаваў нешта выправіць. Прынамсі, праца, у якую ўкладзена два дзясяткі гадоў жыцця, сапраўдная гісторыя тутэйшага люду — крывічоў-ліцвінаў-беларусаў, абудзіла б думкі і годнасць многіх… Полацкае княства, якое — не з Кіеўскай Русі, а з ІХ стагоддзя… А можа, і раней — калі верыць скандынаўскім летапісам. Не з Масковіі — з Візантыі хрышчанае. Еўрапейская дзяржава… Магла б быць і дасюль — асобнай, незалежнай. Не Усходнімі Крэсамі, не Заходняй губерняй. Але сёння надрукаваць гэта немагчыма. Застаецца спадзявацца на чалавека, якому давярае. Які нікому не выдасць.
Не, Люцыян Нічыпаровіч ніколі не быў зацятым «братком-беларусам». Бацька лічыў сябе рускім, маці — полькай. «Пан сахі і касы»… Таксама мне нацыянальны архетып. Калі па вялікім рахунку, ён хутчэй — грамадзянін свету. Краіны ўзнікаюць, зліваюцца ў адно, раз’ядноўваюцца. Мацнейшыя паглынаюць слабейшых… Нас жа не абурае гэты працэс у жывёльным свеце? Супраць «натуральнага адбору» не папрэш.
Але «перавернутых таблічак» у гісторыі заставацца не павінна. Кожны народ мае права ведаць, хто ён ёсць. І тады можа адбыцца цуд — як з чэхамі, якія абаранілі сваю культуру ад магутнейшага ўціску нямецкай. Маці перадала Каэтану Касовічу некалькі песень з Віленскага павета, прысланых матчыным дзядзькам, «хлопаманам», як дражнілі суседзі. Дзядзька, які адтрубіў пяць гадоў высылкі за дапамогу інсургентам, але пазбег канфіскацыі маёмасці, упарта называў сябе беларусам і ў кожны лісце заклікаў піцерскую пляменніцу і яе мужа прызнаць свае беларускія карані і спрыяць адраджэнню края. На жаль, Люцыяну не ўдалося з ім пазнаёміцца асабіста. Але ён дасюль памятае дасланыя тэксты:
І падняўся меч Цыпрыянавы,
Нібы вогненны цмок, над татарынам.
Дзве маланкі ў вачох яго блыснулі,
Засмяяўся рыцэр пагрозліва.
Не хадзіць табе, збродня татарская,
Па палёх ліцвінскіх ды пасьвіцях…
І яшчэ была старажытная, вельмі сумная песня, якую маці нават магла сама праспяваць:
Едзе рыцар, едзе рыцар збройны,
Павяртае з велькей-велькей войны.
У яго шабля, шабля вышчарблёна,
Ды кашулька ў яго закрвавёна.
Вітае яго айцец стары,
Сёстры нясуць, нясуць яму дары.
…За гарамі рыцар, рыцар збройны —
Не вярнецца ўжо ніколі з войны.
Там раскошы ў войску ён ужые,
Замест вады ён крыві напіе.
Садзяць яго, садзяць на конь сівы,
Бо ён рыцар, рыцар справядлівы.
За ягону кожную трывогу
Сцелюць яму кветкамі дарогу.
А як яго, яго ў дол спушчалі
З трох ладункаў огня-огня далі.
Нічыпаровіч зноў сядае за стол. Ці ж яму не ведаць, як бязлітасна абыходзіцца час з людзямі. Як забываюцца пакутнікі і набываюць незаслужаны бляск мёртвыя нягоднікі. Летапісы? Помнікі? Ды хоць бы і піраміды… У гіпатэтычнай усыпальніцы самага вядомага егіпецкага фараона-рэфарматара Эхнатона, мужа Неферціці, былі знішчаныя ўсе надпісы з яго імем, перачаканена на золаце кожная рысачка… На ўсіх збаночках і заклёпачках… Паклалі ва ўсыпальніцу іншага нябожчыка. І дасюль невядома, ці Эхнатон там першым пахаваны.
Не, справядлівасці чакаць нельга, тады не давядзецца труціць душу крыўдай… Бедны Валяр’ян… Нізавошта не згадзіўся б прайсці праз такое. Нічыпаровіч коратка ўздыхае і паўтарае ўслых:
— Бедны Валяр’ян… Які лёс… Хоць бы вытрымаў…
Каб ведаў, што наперадзе, дык, можа, варта было б дваццаць пяць гадоў таму прайсці міма цёмнага кута ўніверсітэцкага археалагічнага музея, дзе стуліўся худы бледнатвары студэнцік, сузіраючы пастаўленую на егіпецкі саркафаг рэторту з падазроным сінім агеньчыкам, што падпаўзаў, як атрутная жамяра, па танюткай галінцы фіціля да каламутнай вадкасці. Але ён даў Валяр’яну слова нават не спачуваць.
І не хоча нічыйго спачування сам.
Люцыян Нічыпаровіч працягвае руку і дастае з шуфляды рэвальвер. Прафесар зусім спакойны. Ён пражыў цікавае жыццё. Рабіў дабро, рабіў зло — як любы грэшны чалавек. Няхай даруюць вышнія сілы…
Сенека, калі паміраў, седзячы ў гарачай ванне з успоратымі па загадзе былога вучня, Нерона, венамі, пакуль мог, дыктаваў свае адчуванні. Стоік, разумееш…
Не, смерць таксама можна выбраць камфортную, хуткую, акуратную — наколькі гэта магчыма. Прабач, Лёлічка…
Руля рэвальвера ўпіраецца ў скронь. Раптам страшная думка змушае цела пакрыцца халодным потам. Ён жа ў анатоміі — нуль… Што, калі рана не акажацца смяротнай? Былі ж людзі, якія выжывалі пасля стрэлаў у галаву. Ачуняць у турэмнай лякарні… Альбо — яшчэ горш — застацца спаралізаваным… Ці — звар’яцець. Калісьці маці паўтарала дзіўную фразу: «Чым ганарышся — ад таго і загінеш». А ён заўсёды ганарыўся сваім розумам. Таму і баяўся ўсё жыццё, да бяссоння, — вар’яцтва. Прыслухоўваўся да сябе, правяраў: ці не здраджвае свядомасць?
Толькі, відаць, здраджвала: як возьмецца за працу — ці старадрукі расшыфроўваць, ці перабіраць чорныя спрасаваныя камякі — праслойку пажарышча XV стагоддзя ў раскопе, ці здабываць каменную фігурку Вялеса, якую нейкая бабулька на Старажоўцы хавае на сваім гарышчы, — ніякая сіла не спыніць. Да знямогі, да перамогі… Ні спаць, ні есці. Агнём гарыць душа — як ад найвялікшай любові. Нават Лёлічку ён так не любіў, не гарэў па ёй. Яна часам жартавала: «Твае пальцы гэтак пяшчотна гладзяць брудны пергамент, што рэўнасць бярэ».
А ўсё астатняе — лухта.
На сходах выкладчыкаў універсітэта з удзелам партыйнай ячэйкі — апошнім часам па некалькі разоў на тыдзень — некаторыя трацілі прытомнасць. Ад страху. Ад тых смяротнай моцы абвінавачванняў, нават не ў свой адрас, што там чулі. Не зварухнуцца… Любы рух могуць палічыць за нязгоду. Хіба ў ладкі папляскаць — але і тут жудасна прамарудзіць і на міг. А ён, Нічыпаровіч, у гэты час дзікіх гуляў паўтараў у галаве словы Лаўрэнцьеўскага летапісу альбо які з раздзелаў Статута… Успамінаў нататкі Светонія пра імператара Нерона ды рымскі сенат — патрыцыі таксама загадзя трэніраваліся ў плясканні ў ладкі ды адабральных воклічах.
Калі прафесара прасілі выказацца, гаварыў лёгкім іранічным тонам. Ад якога ў кіраўнікоў сходу пена на вуснах з’яўлялася, як у шалёных сабак. Адмаўляўся асуджаць, галасаваў — няхай не супраць, але ўстрымліваўся… Вежа са слановай косткі. Успомніць, як усяго дзесяць гадоў таму натхнёны Язэп Лёсік прамаўляў на вышэйшых курсах беларусазнаўства: «Вы ўжо не тыя, што былі, бо пакаштавалі плоду з таго дрэва, што называецца беларускай справай, беларускім Адраджэннем, пазналі таямніцы ўваскрашэння Айчыны нашай — маці-Беларусі. Вашы свечкі запаленыя, і вы становіцеся апосталамі беларускай справы. Але бойцеся, каб не пагасла свечка вашая, бо не раз бура захопіць вас у дарозе і не адну навальніцу давядзецца перажыць вам у час свайго падарожжа».
Каб ведаў Язэп Юр’евіч тады, як у хуткім часе ўсе дружна дзьмухнуць на свае свечкі, апярэджваючы подых чужой буры.
На гэтай зямлі чалавек — як воск. Цяпер яго, Нічыпаровіча, вінавацяць у тым, за што калісьці ўзносілі. Як ён наважыўся ў лекцыях распавядаць пра быццам нейкія станоўчыя здзяйсненні прыгнятальнікаў-князёў? А пра буржуазнага нацыяналіста Каліноўскага як пра годную асобу? Цемрашалка Еўфрасіння Полацкая — нацыянальная гераіня?!! Якое асобнае княства з беларускай мовай у якасці дзяржаўнай? Беларусы пачаліся пасля кастрычніцкай рэвалюцыі.
На апошнім сходзе ўсе прагаласавалі за ягонае звальненне.
Усе, акрамя аднаго. Дэкана хімічнага факультэта Ва­ляр’яна Скаловіча.
Куды ж правільна стрэліць, каб пэўна? Руля ссоўваецца на паўвяршка ўверх… Стук. Нехта настойліва просіцца ў кватэру. Дзякуй Богу, адчыніць няма каму — Нічыпаровіч паклапаціўся адаслаць на сёння ўсіх хатніх. Няпрошаныя госці, аднак, не сыходзілі. Трэск… Ламаюць дзверы. Што ж, марудзіць больш не выпадае.

Генусь, схапіўшыся за галаву, стаяў на каленях ля пісьмовага стала, за якім сядзеў мёртвы чалавек. З раны на скроні чалавека сцякаў цёмны струмень. Чаму такі цёмны? Кроў павінна быць пунсовай…
Чаму ў гэтым падарожжы так усё несправядліва? Ты змушаны назіраць чужую смерць, не ў змозе аніяк паўплываць, умяшацца — толькі перажыўшы яе разам з ахвярай, набываеш волю руху… І тое — адносную… Хай бы і боль быў адносны.
Па твары Генуся таксама нешта пацякло. Правёў рукой — кроў… З носа… Пунсовая. Картуз з лакавым казырком, куплены не ў вясковага пастуха, як жартавалі сябрукі, а на барахолцы ў Ждановічах, адкаціўся да нагі забітага.
Дзверы расчыніліся ад страшнага ўдару. У пакой забеглі чацвёра ў вайсковай форме. Адзін, у цывільным, у шэрым паліто і чорным капелюшы, увайшоў за імі спакойнай хадой, як гаспадар.
Генусь застыў на месцы. Але прыхадні яго не заўважалі. Нават непамысна зрабілася. Як быццам ён стаўся ценем, і зараз паркетная падлога завагаецца, як паверхня вады, і па ёй павольна праплыве чорная Харонава ладдзя. Госці спрытна, моўчкі рабілі кожны сваю справу, быццам часткі адладжанага, няўмольнага механізму, між валаў і шасцярэнек якога лепей не трапляць. Адзін даставаў адна за адной шуфляды пісьмовага стала, хутка перакладваў паперы. Другі перабіраў кнігі на паліцах уздоўж сценаў — кожную пралістваючы, патрэсваючы. Трэці аглядаў шафу… Чацвёрты масніца за масніцай прастукваў падлогу. Чуваць было, што падобную справу прыхадні робяць і ў другіх пакоях. Чалавек у цывільным, з нічым не прыкметным, мяккім, трохі азызлым абліччам дамаседа і аматара рыбалкі, — куточкі вуснаў заўсёды ўсміхаюцца, — агледзеў нябожчыка, акуратна датыкаючыся да яго рукой у пальчатцы, нібыта да рэдкага экспаната. Праверыў патроны ў рэвальверы. Цікава, што картуз з трэснутым лакавым казырком ніхто не бачыў.
— Таварыш Касіянаў! Тут ліст…
Адзін з вайскоўцаў працягваў чалавеку ў капелюшы канверт без надпісу.
Пульхныя бледныя вусны начальніка пакрывіліся. Ліст выслізнуў з канверта амаль вінавата, ціха шаргатнуў…
— Нават пасля смерці хоча савецкую ўладу прынізіць! — дакорліва падрахункаваў прачытанае таварыш Касіянаў. — Падшыць у справу… Строга сакрэтна.
Шэрыя вочы з-пад трохі прыпухлых павек агледзелі пакой, слізганулі па Генусю…. Нешта было ў чалавеку з такой звычайнай, мірнай знешнасцю, што выклікала няўтульнасць у душы. Як позірк на самую мірную змяю. Касіянаў утаропіўся ў скурчанага на падлозе Тэрмінатара, нібыта ўглядаўся праз акно ў начны лес.
— Мадэст Пятровіч, няма рукапісу!
Касіянаў толькі трохі прыўзняў бровы, не адрываючы невыразны пагляд ад Генуся.
— Вядома, няма. Ён жа чакаў нас. Рыхтаваўся. Значыць, знайшоў надзейную схованку.
І голас мяккі, лены. Дабрадзейнага сем’яніна, які ў махровым халаце ды пантофлях усеўся ў фатэль ды заўважыў, што дзеці некуды знеслі ягоную газету. Блазнюкі, што з іх возьмеш?
Вусаты немалады нкусавец, падобны да стамлёнага бясконцымі пабудовамі запрудаў бабра, упэўнена прамовіў:
— Зноў трэба хіміка ў апрацоўку ўзяць. Не можа быць, каб не ведаў.
Касіянаў, усё гэтак жа гледзячы ў адну кропку, якая знаходзілася дзесьці ля сэрца зледзянелага ў сваёй чорнай, сшытай неахайнымі, але закаханымі шыўкамі кашулі Генуся, адказаў:
— Возьмем, возьмем, папрацуем над хімікам. Чаму ж не. Гэта абавязак наш — з такім матэрыялам працаваць.
Раптам Генусь падумаў, што — вось ён, шанец, дзеля якога, можа, ён і патрапіў сюды. Забіць гэтую навалач. Вось цяпер жа. І колькі людзей, выдатных, вартых, будзе выратавана, пазбаўлена ад заўчаснай смерці і пакутаў. І сям’я Разаліі Іванаўны, дарэчы, таксама пражыве інакшы лёс…
Забіць… Як проста. Як у гульні «Контрастрайк». Ці «Сан-Андрэас». А ў эрпэджы «Аблівіён» Генусь яшчэ сёння раніцай — неверагодная, няўяўная даўніна! — прайшоў за рэкордны тэрмін усе місіі гільдыі забойцаў. Тэрмінатар падняўся на дрыжачыя ногі. Цяпер ужо заазіраліся ў ягоны бок і іншыя нкусаўцы, але пакуль яшчэ няўважна, як на фіранку, у якой заблытаўся вецер. Калі ён сам адчувае цвердзь падлогі і стала, значыць, яго цела таксама можа стаць шчыльным, адчувальным для гэтай прасторы. Усё залежыць — наколькі можна зразумець — ад таго, ці пачне ўспрымаць яго, Генуся, свядомасць гэтых людзей. Ён стане рэальным для іх, калі яны гэта дазволяць.
Страшэнна балела галава. Аж у вачах разыходзіліся светлыя кругі — нібыта глядзіш з вады на сонца. Генусь ліхаманкава абводзіў вачыма пакой. Стукнуць Касіянава вунь той бронзавай Артэмідай з гадзіннікам па галаве? Або… задушыць? Тэрмінатар сціснуў далоні. Не, можа не хапіць сіл.
— Мадэст Пятровіч, глядзіце, тут нечая шапка валяецца. Раней яе не было.
Малады службовец са светлымі, амаль белымі бровамі і ружовым, як шынка, тварам падняў Генусеў картуз. Падобна, хутка заўважаць і яго ўладальніка. Вырашай жа нешта, звыродлівы баязлівец!
І наш хакер схапіў са стала рэвальвер, які яшчэ памятаў скронь старога прафесара.
Цяпер яго заўважылі. Здзіўлення — адкуль раптам у паветры вымаляваўся? — не было. Відаць, свядомасць часу хутка зацягвала разрывы, неяк вытлумачвала ўсё.
— Кінь рэвальвер!
Прыхадні занялі абарону вакол, наставіўшы на ворага сваю зброю. Касіянаў моўчкі, сунуўшы рукі ў кішэні паліто, глядзеў на хлопца ў чорнай кашулі. Няпраўда, што кат абавязкова сам страшэнна баіцца болю і смерці. Гэты кат баязліўцам не быў. Толькі ўсмешка некуды знікла з куточкаў вуснаў, шчокі падцягнуліся, вочы звузіліся — дабрадзейны сем’янін, якім здаваўся яшчэ нядаўна, некуды знік. Рэвальвер скакаў у Генусевай руцэ, як жывы.
— Ты ягоны вучань, так? — голас Касіянава быў мяккі, як падушка, пад якой схаваны кінжал. — Ці ягоны сваяк? Не, не падобны… Значыць, студэнт. Савецкая ўлада дала табе магчымасць вучыцца, бачыш… Слухаць лекцыі вядомых вучоных. Напрыклад, прафесара Нічыпаровіча. Ты ж любіў ягоныя лекцыі, так?
Генусь, сам не разумеючы, чаму, хітнуў галавою.
— Ну вось… — задаволена, нібыта Генусь прызнаўся, што атрымаў значок варашылаўскага стралка, прамовіў Касіянаў. — І, вядома, цябе захапілі некаторыя ідэі прафесара. Незалежная Беларусь, Вялікае Княства Літоўскае, пабілі маскавіцян пад Воршаю… Але ведаеш, хлопча, ідэі — усяго толькі плод чалавечага розуму. Яны нараджаюцца тут… — Касіянаў пастукаў пальцам у чорнай скураной пальчатцы па сваім ілбе. — А значыць, не кожная ідэя справядлівая. Вось жа многія думалі, што такім хлопцам, як ты, — ты ж не з багацеяў, праўда? — нельга вучыцца ва ўніверсітэтах, кіраваць дзяржавай, камандаваць арміямі.
Голас Мадэста Пятровіча, як туман, спавіваў думкі. Неверагодна, але нават ведаючы, што за чалавек перад ім, Генусь не мог пазбавіцца ад нейкага дурнога даверу, што спакваля запаўзаў у душу, як рабак, — гіпноз, ці што? Генусь разумеў, што трэба наважвацца… Націснуць курок… Усяго толькі адзін зрух пальцам… І не мог. Слімак.
— Ты не вінаваты, хлопча. Прафесар падманваў сам сябе. Зразумеў гэта — вось і вырашыў пайсці з жыцця. Смелы ўчынак. Ён даў табе і такім, як ты, знак: не памыляйцеся! Не ідзіце за мной, бо я вяду ў тупік! Маладыя людзі, здольныя верыць у ідэалы і змагацца за іх, патрэбныя рэвалюцыі. Мы забудзем на гэтую тваю памылку. Апусці рэвальвер… І шчыра распавядзі пра ўсё, што звязвала цябе з тваім выкладчыкам…
Генусь пераступіў з нагі на нагу, узяўся за рэвальвер абе­дзвюма рукамі, заплюшчыў вочы… Ну, націскай!
На яго накінуліся з усіх бакоў. Зброя прафесара адляцела некуды пад стол, так і не стрэліўшы другі раз. Білі па рэбрах, па нырках, па галаве… Касіянаў назіраў з мяккім дакорам — як доктар за тым, як хворае капрызлівае дзіця не даецца зрабіць сабе выратавальны ўкол. Непрыемная, але неабходная працэдура… Цярпі, хлопча. Мы цябе вылечым. Галасы зліліся ў нейкі гуд…
І Тэрмінатар вярнуўся ў свой хакерскі час.
Як ні дзіўна, разам са сваім картузам.

Горыч і слодыч мёду,
якому не даў наліцца
У Богам табе адведзеныя,
не залатыя соты,
Стануць тваёй атрутай,
апошнім глытком вадзіцы,
Якога не дапрасіцца
ад брата Лазара ўпотай.
Зямля ў крыжах, нібы ў дзідах.
Пустэча — дарога болю.
Будуй высокую вежу
з наймоцнай слановай косткі —
Народжаны быць пчалою
ніколі не зменіць ролі.
Ён мусіць збіраць да скону
зямлі сваёй водар Боскі.
І ўмерці, не даляцеўшы
да самай апошняй кветкі,
І ўпасці на стос паперы
на паўрадку, на паўфразе.
А вулей у тую хвілю
не сціх і на змірг павекаў.
А вулей, твой мёд забраўшы,
не ўспомніць цябе ні разу.

Гульня № 4
Вярнуўшыся Адтуль, Генусь выглядаў горай за ўсіх. Таму што вярнуўся ў сіняках і скрываўлены. А кроў заўсёды надае сур’ёзнасці. Зброя, якая не рассякала цела, а толькі трушчыла косткі, была куды больш смертаноснай, бо ўдзельнікі двубою ў час не спыняліся.
Даліла, не прыгаворваючы абавязковыя для іншых кабетаў «ой, бедненькі — пацярпі — чаму я цябе не спыніла», агледзела Генуся. У прынцыпе, кроў цякла толькі з носа.
Генусю было кепска, а потым стала яшчэ горш — бо давялося распавядаць, што было Там. І пра сваю недаравальную баязлівасць. Скажаце, навошта? Можна было не расказваць? Салгаць? Каб у гэтай тусоўцы манілі, у ёй былі б іншыя людзі. Якія займаліся б іншымі справамі. Напрыклад, гулялі вечарамі ў сокер — падкідвалі нагамі напханую шкарпэтку. Ці пераказвалі адзін аднаму апошнія навіны пра гурт «Токіа-Гатэль» ды абменьваліся ружовымі значкамі…
Але людзі гэтай тусоўкі ўсе былі ў доме ля могілак.
Даліла толькі вусны пагардліва пакрывіла. Як можна было не выстраліць? Макс маўчаў. А Едрусь прамовіў:
— Я б таксама не змог. Забіць — нават ката — грэх. Твой грэх.
Генусь валяўся з тэмпературай на ложку Разаліі. Пытанне, дзеля якога ён пайшоў Туды, — варта болей хадзіць ці не — засталося без адказу. І так ясна было, што — пойдуць. Счакаўшы тыдзень, ці два… Але пойдуць. Пакуль жа абмяркоўвалі ўсё ў драбніцах. Відавочным рабілася — аб’ядноўваў усіх людзей, з якімі яны сустракаліся, адзін пер­санаж. Усе «кліенты» перад смерцю ўспаміналі пра хіміка Валяр’яна Скаловіча. Можа, Там галоўнае — сустрэць менавіта яго? І гэта яго належыць «спілаваць», а не галіну грушы?
Пакуль наш Генусь ачуньваў, Макс павёз Далілу ў вандроўку ў чарговую сядзібу. Ды не проста ў сядзібу, а туды, дзе пахаваны барон фон Нолік, вядомы мецэнат і бібліяфіл XІX стагоддзя, з якім Макс, аказваецца, у сваяцтве праз прабабулю, якая выйшла замуж за аднаго з чатырнаццаці баронавых дзяцей.
Макс загадзя спісаўся з мясцовым краязнаўцам. Што атрымалася далей, Даліла пасля пераказала мне, таму і я магу вам распавесці.
На месцы сядзібы і баронавай пахавальні пасля рэвалюцыі пабудавалі шклозавод. І менавіта ў тым цэху, што на месцы могілак, пачалі з’яўляцца здані. То нейкія цені слізгаюць, то прадметы самі рухаюцца, то гукі таямнічыя. На пасадзе начальніка цэха больш за год ніхто не прабыў — паміралі. Васьмёра ўжо памерла. І некалькі апошніх гадоў месца вакантнае.
І вось згаданы краязнаўца, ад якога звычайна адны замарочкі — лямантуе, што не тое бураць, не тое будуюць, — паведамляе начальству, што прыедзе нашчадак барона фон Ноліка, гэта значыць Макс. А тут — ні магіл, ні сядзібы… Сорамна.
Месцічы, запалоханыя містыкай, убачылі ў прыездзе баронавага спадчынніка шанец пазбавіцца ад жаху. Людзі з рыдлёўкамі кінуліся на тое месца, дзе, па расповедах старых, была закапаная магільная пліта знакамітага барона. Камень у тону вагою вывалаклі і ўстанавілі пасярод клумбы перад фасадам завода. Кветак натыркалі — нібыта век тут раслі. Па госця-арыстакрата прыслалі машыну. Школьнікі з кветкамі, начальства з урачыстымі фізіяноміямі. Крамяныя дзеўкі ў нацыянальных строях з хлебам-соллю. Не паспелі Макс і Даліла выйсці з машыны — журналісты мясцовых газетаў ды радыё кінуліся да іх, як да Джоні Дэпа з Кірай Найтлі пад ручку. І самы ўпаўнаважаны журналіст з усведамленнем урачыстасці місіі звярнуўся да Макса па-нямецку. Ну як жа, бароны фон Нолікі! Дарэмна Макс тлумачыў, што ён не немец, што выдатна разумее і па-беларуску, і па-расейску і што на тытул барона прэтэндаваць не можа — прамыя спадчыннікі жывуць у Польшчы. Так і прахадзіў баронам да канца візіту, а дабрачынныя гіды час ад часу спрабавалі паўтараць ключавыя фразы сваіх аповедаў на мове Гётэ і Шылера. А Даліла, якая шчыра цешылася з сітуацыі, відаць, сыходзіла для ўсіх за баранесу.
Павялі «барона» і да адзінай ацалелай магілы роду фон Нолікаў: малодшага сына са спамянутых чатырнаццаці дзяцей. Пахаваны асобна, бо — самазабойца. Распавялі тут жа кранальную гісторыю: закахаўся малады паніч у цыганку, тая нарадзіла яму дзіця, а бацька-барон не дазваляў жаніцца… Ён і засіліўся.
Макс тут змог прыўнесці яснасць — загадзя раскапаў сапраўдныя факты ў архівах. Можа, падставай было і каханне… Але засіліўся паніч з-за іншага. Ён вучыўся ў піцерскім універсітэце і быў выкліканы — ці сам каго выклікаў — на двубой. Тады смяротныя гулі з абаронай гонару забаранілі, усе датычныя жорстка пераследаваліся. Таму тыя, што жадалі «сатысфакцыі», рабілі так. Ворагі пісалі кожны развітальную запіску аб намеры добраахвотна сысці з гэтага свету. Потым секунданты кідалі ў шапку дзве косткі — чорную і белую. Той з удзельнікаў двубою, хто даставаў чорную костку, мусіў застрэліцца, а ўсе сведкі падтрымлівалі версію пра самагубства.
Малодшаму фон Ноліку не пашанцавала.
«Барона» і «баранесу» адвезлі ў Мінск на машыне начальніка мясцовай адміністрацыі. Ці суцішацца пасля іхняга візіту выбрыкі памерлых фон Нолікаў — пакуль невядома.
Макс пасля спісаўся з сапраўднай наследніцай тытулу — шаноўнай дамай з Уроцлава. Дык тая нават расплакалася, даведаўшыся, што яе паважаныя прадзеды так непрыгожа паводзяць сябе пасля смерці.
Карацей, нават дачка Далілы, малалетняя Віка, дражніла цяпер дзядзьку Макса «Фон-барон». Яго ж не баялася — дзядзька вясёлы, добры, на руках пагушкае, шакаладку дасць, цікавую казку раскажа… Шкада, не іграе на гітары, як дзядзька Эдзік, і не дае пагуляць у незвычайныя камп’ютарныя гульні, як дзядзька Генусь.
І, вядома, Макс быў супраць таго, каб Даліла пайшла Туды. Што ты за маці? Асіраціць дзіця хочаш? У цябе і так тры паддоследныя трусікі мужчынскага полу маюцца. Можа, досыць іхніх пакутаў? Генусь з ложка нешта запярэчыў… А Даліла — вось дзіва! — не ўгневалася, а хутчэй разнервавалася. Яшчэ крыху — і ўсе пабачылі б цуд у выглядзе слязінкі на зялёным воку. Але цуды на грэшнай зямлі здараюцца рэдка. Найбольш — у выглядзе старасвецкай чорнай сукенкі, якую наша сяброўка апранула замест заўсёдных штаноў, рыхтуючыся да падарожжа. Таму Даліла толькі прагаварыла перарывістым голасам, што сябры — гэта не паддоследныя трусікі. І калі каму ў голаў зайшло падобнае, тым больш трэба давесці, што яны нароўні. Рызыкаваць чужым жыццём, не рызыкуючы сваім, несумленна.
І бегма, адпіхнуўшы Макса, кінулася Туды.

…Пятро Замоцкі моўчкі глядзеў у адну кропку. Дакладней, на драпінку ў падлозе з шэрых гранітных плітаў. Нават на погляд падлога была халоднай. Але яму давялося адчуць гэты холад навобмацак. І не адзін раз. А разоў гэтак трыста.
І кожны раз спадзявацца — што гэтае выратавальнае халоднае дакрананне падоўжыцца. Што не падымуць, пакінуць ляжаць… І новая сустрэча з болем адцягнецца… Ну хоць на пяць хвілінаў.
Дарэмна спадзяваўся. Тыя, хто працаваў тут, ведалі сваю нялюдскую працу дыхтоўна. Калі ім трэба спыніцца, даць вязню крыху надзеі, каб потым яшчэ нясцерпней падаліся здзекі, а калі трэба не аслабляць націск ні на хвілю, толькі мяняючы яго накірунак. Як ламаюць лазовы прут.
Цяпер ён на той стадыі, калі яму даюць надзею. Што ж, яны не памыліліся. Ён даўно гатовы падпісаць усё, што ім хочацца. Здаецца, нешта ўжо падпісваў… Выкрыкваў разам з крывёй прозвішчы. А яны казалі: «Не тыя! Мала! Яшчэ!»
Калі ласка… Міцкевіч, Луцэвіч, Кудзелька, Астрэйка, Дудар, Кадура… Магу назваць Напалеона Банапарта… Магу Маці Боскую Вастрабрамскую… Толькі дайце, дайце заснуць… Перастаньце біць… І хоць кроплю вады…
Пятро глядзіць на свае босыя ногі. Божа мой, гэта — яго ногі? Чорныя ад смярдзючага бруду і запеклай крыві… Пазногці, як кіпцюры.
Замоцкі ўспамінае, як паўтара дзясяткі гадоў таму гэтак жа здзіўлена глядзеў на свае ногі, праўда, зусім з іншым пачуццём — першы раз у жыцці абуў лакавыя чорныя чаравікі. Пазычыў іх маладому настаўніку педтэхнікума піцерскі прафесар, які нядаўна прыехаў з Расіі і стаў суседам па дому. Няёмка, вядома, паважанага акадэміка пасвячаць у свае побытавыя праблемы… Але нельга ж было ісці сустракаць вялікага пісьменніка Якуба Коласа, які прыязджаў з Курскай губерні на радзіму, у падраных чаравіках! Жонка ўжо і атрамантам замазвала драпіны, і суровымі ніткамі сшывала…
А якая гэта была сустрэча! Білеты распаўсюджваліся па спісах Саўнаркама, па некалькі — на кожны тэхнікум, школу, прытулак. Ён ухапіў усяго адзін — але жонка сказала: «Не возьмеш з сабою — лепей дамоў не вяртайся.»
Прабіліся… Усё-ткі Гандзя была сакратаркай у Наркам­продзе, а значыць, звыкла мець справу з напорыстымі асобамі, што вымагалі падвышанага пайка. Загартавалася ў бойках з натоўпам. Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч прыязджаў у спецыяльна вылучаным дзеля яго вагоне, у суправаджэнні «світы»… А зусім нядаўна працаваў сціплым настаўнікам у вясковай школе ў Абаяні Курскай губерні. Яшчэ і адпускаць «губнаробраз» каштоўнага кадра не хацеў. Беларускі Саўнаркам абураную перапіску завязаў: вярніце нам нашага паэта!
Колас выйшаў з вагона — Замоцкі з-за мора галоў ды плеч бачыў толькі хударлявы вусаты твар, шчаслівы, расчулены… Нават разгублены. Народжаная ў вірах часу Беларусь тоўпілася на менскім вакзале. Хто тады думаў, чым гэта закончыцца?
Хаця… Некаторыя прадказвалі. Асабліва калі ў 1920-м расстралялі паэта Фабіяна Шантыра. Ужо большага рэвалюцыянера ўявіць цяжка было. Не чалавек — паходня. Ці кулямёт. Па здольнасці прамаўляць доўга, пераканаўча і аднастайна пафасна. Але захацеў абысціся без маскоўскіх бальшавікоў. Маўляў, у нас ёсць свае, беларускія, камуністы.
Ідэаліст. Кажуць, вельмі жанчын любіў. Нават у прысудзе яму гэта ўпісалі — «за добровольно-принудительную связь».
Цікава, што зараз робіць Гандзя? Падобна, пастаралася выкрасліць яго са свайго жыцця. Дзяцей жа ім лёс не даў. Яно і добра, як на сёння. Праўда, сусед па камеры неяк шаптаў яму на вуха — дзіва што, вязні ляжалі адзін на адным, як шпроты ў бляшанцы, — што зняволеным проста не перадаюць пасылак з дому. Наглядчыкі ўсё забіраюць — нават калі вязень даўно мёртвы, не скажуць, возьмуць — і спажываюць самі.
Замоцкі адчуў трывогу — нешта надта ён расслабіўся. Пачаў думаць пра недапушчальнае. Дом, жонка…
— Замоцкі, пад’ём!
Вязень ускочыў, як быццам крэсла пад ім запалала, заклаў рукі за спіну. Следчы задаволена глядзеў на спухлы, счарнелы твар з запалымі вачыма, падобнымі да апусцелых шклянак. Гатовы. Яшчэ крыху… І доўгая стужка дасканала арганізаванага канвеера вынесе адсюль патрэбны выраб. Паводле параметраў, вызначаных таварышам Касіянавым. Яшчэ падгабляваць… Даціснуць… Не цела — душу. Калі на змену нянавісці, крыўды, гневу да «аб’екту» прыходзяць пакорлівасць і паслухмянасць, наступны крок — «аб’ект» мусіць палюбіць свайго ката. Шчыра, самааддана. І ўсё яму прабачыць, і перапоўніцца шчырай удзячнасцю. Варта толькі падказаць іншы накірунак для нянавісці, іншага — «сапраўднага» — ворага. Таварыш Касіянаў кажа, што па гэтай схеме працавалі ўсе вялікія. Рымскія цэзары выкарыстоўвалі ў якасці «пудзілаў», на якіх можа скіравацца ўся назапашаная нянавісць, першых хрысціянаў, іспанскія каралі — габрэяў. А ў нашых, драбнейшых, маштабах аддзела НКУС дастаткова сярод паддоследных выбраць аднаго… Галоўнае — не памыліцца з выбарам.
— Наперад!
Замоцкі дробнымі крокамі, баючыся паказаць, што балюча ісці, перайшоў у другі пакой. Пасля таго, як білі жалезнай трубой па галаве, адно вуха перастала чуць, і боль, быццам нехта час ад часу ўтыкае нож проста ў мозг.
— Сядай.
Пятро сеў, куды загадалі. Толькі пасля гэтага свядомасць уключылася. Побач, за сталом, сядзеў нехта маўклівы ў чорным. Але без загаду павярнуць галаву, паглядзець, хто гэта — не магло і думкі мільгануць! Знаёмы, як хвораму на рак — уласная пухліна, голас следчага прамовіў амаль спачувальна:
— Вось ты, Замоцкі, напэўна, думаеш, якія сволачы цябе схапілі, мучаюць.
Па твары зняволенага прайшлі дрыжыкі — ад жаху, што маглі падумаць, што ён праўда такое думае, і ад жаху, што мог не стрымацца і запярэчыць услых. Следчы працягваў:
— Не трэба баяцца сваіх памылак. Памылкі трэба выпраўляць. Менавіта з-за іх ты сюды і трапіў. А яшчэ дзякуючы таму чалавеку, які сядзіць у гэтым пакоі. Ён сказаў нам, што ты памыляешся. Мы яму за гэта ўдзячныя. І ты мусіш быць удзячны. Ты ж выправіўся з нашай дапамогай, праўда? Паглядзі на яго.
Замоцкі павярнуўся налева. За сталом у высокім крэсле — разная спінка вышэй галавы — сядзеў у дыхтоўным чорным паліто, зашпіленым на ўсе гузікі да самага падбароддзя, ганарыста выпрастаўшыся і схаваўшы рукі пад стол, дэкан хімічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Валяр’ян Скаловіч. Твар белы, шчокі запалі, але вочы ўсё гэткія ж з’едлівыя. І на вуснах — не можа быць! — крывіцца тая ж непрыемная ўсмешка. Ён яшчэ можа ўсміхацца, вылюдак!
Замоцкі ледзь стрымлівае дрыготку нянавісці. Загнаны глыбока на дно душы гнеў раптоўна падымаецца наверх. Нібыта ўсё, што ён перажыў за апошнія паўгода, можна зараз спагнаць, выплюхнуць… Нехта мусіць яму за гэта заплаціць…
— Бачыш, які ён задаволены жыццём, твой знаёмец Валяр’ян Скаловіч? У такім прыгожым чорным паліто… У такім прыгожым крэсле…
Твар Скаловіча перасмыкнула, як ад агіды. Ён тузануўся, нібыта хацеў устаць, але замест гэтага толькі ганарліва адкінуў галаву на спінку крэсла.
— Не вер ім… Пятро, не вер ім… Яны эксперыментуюць над намі, паскуды…
Здушаны голас хіміка цяжка было пазнаць. Да таго ж Замоцкі мог слухаць толькі Касіянава — як слухаюць усемагутны лёс.
— Ты разумееш, Замоцкі? Гэта не мы, гэта Скаловіч вінаваты ў тым, што ты трапіў сюды. Скажы гэтаму чалавеку, што пра яго думаеш, не бойся. А можа быць, ён сам правінаваціўся перад савецкай уладай, а ад нас гэта схаваў? Можа быць, гэта ён мусіў быць на тваім месцы?
Замоцкі падымаецца, як у сне. Ногі дрыжаць. Бледны твар Скаловіча падаецца яму тварам самой смерці, самым паскудным, што ёсць у жыцці. Знішчыць яго — і вернецца святло і дабро.
— Ты, ты… Сволач… — у горле зняволенага хрыпіць нянавісць. Ён, як самнамбула, набліжаецца да здрадніка, цягнучы рукі… Хімік глядзіць неяк незразумела — нібыта з затоеным болем. Не адхінаецца, не адводзіць вачэй… І па-ранейшаму крывіць, крывіць свае вусны… Схапіць за горла…
— Толькі не па твары! Чуеш, Замоцкі, па твары нельга! Пачакай!
Але Замоцкі цягнецца да бледнага аблічча кашчавымі пальцамі, на двух з якіх сарваныя пазногці.
Следчы вычэквае, потым падае знак канвойнаму. Той падыходзіць да Замоцкага і акуратна стукае таго па галаве прыкладам вінтоўкі. Чэрап нібыта ўзрываецца. Пятро падае ў трыста першы раз на гранітныя пліты.
— Я ж казаў, толькі трохі аглушыць!
— Ды я не моцна, таварыш лейтэнант… Відаць, у чэрапе была трэшчына.
Ужо згасаючы позірк выкладчыка педтэхнікума скіраваны пад стол… І бачыць, выразна, як уласную смерць, што з-пад чорнага дыхтоўнага паліто чалавека, які сядзіць за сталом, высоўваюцца ногі, дакладна такія ж, як у самога Замоцкага. Босыя, чорныя ад бруду і крыві, і нават свежыя чырвоныя струменьчыкі па гэтых нагах, прыкручаных дротам да ножак цяжкога крэсла, па кроплі сцякаюць у лужынку на гранітных плітах.
Відовішча аддаляецца… Замоцкі разумее, што яго цягнуць за ногі. І гэта апошняе, што ён разумее ў гэтым жыцці…

…Даліла не памятае, як патрапіла ў іншы пакой, куды перацягнулі нябожчыка. Сцены тут пафарбаваныя зялёнай алейнай фарбай колеру бэзавай лістоты. У пакоі пісьмовы стол, два сціплыя крэслы, драўляная табурэтка, лямпачка ў жалезнай круглай «клетцы»… Пах карболкі — як у бальніцы. Нічога страшнага. Калі не лічыць мёртвага цела вязня, выцягнутага на падлозе з шэрых гранітных плітаў, нібыта ўпаляваны звер. Далілу ўсё яшчэ калоціць ад апошняга моцнага пачуцця, якое перажыў перад смерцю нябожчык — ад нянавісці. Ёй хочацца кагосьці забіць — з-за таго, што перажыў мёртвы. Пакой пусты. Нікому няма справы да выкладчыка педтэхнікума Пятра Замоцкага, які не дажыў да таго, каб стаць гатовым вырабам канвеера… Не, не канвеера смерці, смерць — гэта збой, гэта адкіды… Подласці, ці што…
Даліла адарвалася ад сцяны. Наша феміністка ведала, што ў яе цяпер ёсць лічаныя хвіліны, перад тым як невядомая сіла выцісне Адсюль. І, вядома, спадзявалася правесці гэтыя хвіліны куды карысней за хлопцаў-першапраходцаў. Няшчаснаму Замоцкаму не дапаможаш… Трэба знайсці той пакой, дзе сядзіць хімік. Магчыма, за гэтымі дзвярыма… Даліла націскае на новенькую жалезную ручку ў форме зоркі… Дзверы не адчыняюцца. Ідзе да другіх дзвярэй — тыя таксама замкнёныя.
І што, варта было сюды трапляць, каб правесці час у кампаніі з нябожчыкам? Мая сяброўка кінулася да пісьмовага стала — можа быць, хоць тут нейкія вартыя дакументы, таямніцы? З шуфлядаў пасыпаліся на падлогу жоўтыя пустыя аркушы. Дзіўна, але Даліла выдатна ведала, што насамрэч на гэтых аркушах ёсць тэкст, проста ейная свядомасць не магла яго ўспрыняць, як вока не можа разгледзець нешта занадта далёкае. Мінулае праглядалася, як пейзаж з акна цягніка — то ўсё злівалася ад хуткасці, то на нейкім павароце ці на прыпынку можна было ўхапіць каліўца чужога жыцця. Асобныя кадры, маленькія эпізоды… І зноў — размыты, няпэўны асяродак.
Трэба пастукаць у дзверы… Закрычаць… Калі Генуся Тут білі, у яго засталіся сінякі. Значыць, у прынцыпе, Тут цябе могуць і забіць, няхай ты і з часу лядовых палацаў.
Даліла рашуча падышла да дзвярэй… Але перш чым яна паспела яшчэ раз тузануць за ручку-зорку, па той бок пачуліся крокі. У замку павярнуўся ключ, і ў пакой увайшлі трое ў форме. Адзін, каржакаваты, як мядзведзь, нёс на плячах складзеныя насілкі.
— Грузіце.
Расчыненыя дзверы — тое, што трэба… Даліла асцярожна абышла прыхадняў…
— Стой! Ты да каго, грамадзянка?
Даліла здрыганулася ад нечаканасці. Хлопцы ж расказвалі, што пакуль сам не «праявішся», не пачнеш з кімсьці размаўляць, дзейнічаць — ты для тутэйшых прывід.
Светлавалосы нкусавец з тварам, пабітым воспай, глядзеў проста на яе… Не, дакладней, праз яе. Таму што з-за спіны Далілы, з калідора адказаў няўпэўнены жаночы голас:
— Я да таварыша Касіянава… Ён выклікаў мяне. Я жонка арыштаванага Пятра Замоцкага.
Даліла павярнулася і пабачыла худзенькую кабету ў брунатнай сукенцы, падобнай да гімназічнай, з вялізнымі спалоханымі вачыма, якія з жахам зазіралі ў пакой, пасярод якога ляжалі насілкі з накрытым белай, чысцюткай, адпрасаванай прасцінай целам. У гэтым быў таксама асаблівы здзек — брудны, закарэлы труп вязня накрываць дасканала чыстай казённай тканінай. Нкусавец сярдзіта захінуў сабой насілкі.
— Налева па калідоры, грамадзянка. Чаму вы без суправаджаючага? Што за непарадак?
— Я тут! — маладзенькі шпіёналоў падляцеў да кабеты. — Я ж вам казаў пачакаць. Тут нельга хадзіць аднаму.
— Прабачце… — прашаптала жанчына, усё яшчэ не адрываючы вачэй ад насілак. — Я выпадкова… Мне падалося, што… А… мой муж… ён дзе? Мне дадуць яго пабачыць?
— Вам усё патлумачаць, — маладзён схапіў жанчыну за плечы і сілай развярнуў у калідор. — Ідзіце, куды сказана.
Даліла рушыла следам. Раптам жанчына адпіхнула суправаджаючага з моцай, неверагоднай для ейнага худзенькага цела, і бегма кінулася назад, у пакой са страшнымі насілкамі.
— Стой, сцерва! Страляць буду! — закрычаў нкусавец і выхапіў рэвальвер. Вось тут Даліла і адчула, што можа выканаць сваю гістарычную місію… Зараз штурхне забойцу ці прыме кулю на сябе…
— Ну якая вы нервовая, грамадзяначка, — жонку Замоцкага трымаў амаль у прыяцельскіх абдоймах каржакаваты, які нёс раней насілкі. — Адразу з таварышам Касіянавым пабачцеся, а тады лётайце сабе. Калі захочаце.
— Я ведаю — гэта Пятрок! Я адчуваю! — жанчына задыхалася ад хвалявання. — Скажыце мне праўду!
— Таварыш Касіянаў скажа.
— Дайце я толькі пагляджу, хто там, на насілках!
Даліла моўчкі глядзела, як жанчыну валакуць, ледзь не выносяць. І што цяпер? Каго біць, штурхаць, страляць? А вось і знаёмае па расповедах хлапцоў сцісканне цела. Як быццам цябе хочуць змясціць у вельмі вузкую труну…
І Даліла вярнулася ў хату ля могілак.
Хлопцы без яе «адарваліся». Макс з падбітым вокам — Генусь прыклаўся. За тое, што Далілу справакаваў на падарожжа. Едрусь парваў струну на гітары… А якіх яшчэ вынікаў чакаць ад саракахвіліннага няспыннага нервовага брынгання?
А Даліла была змрочнай, як раструшчанае люстэрка. Так нічога і не змяніла. Дарэмна схадзіла. Такое болей не павінна паўтарацца.
Гульня № 5
— І вось сядзіць ён у чорным паліто. І, уяўляеце сабе, усміхаецца!
Даліла сыходзіла праведным гневам, як кактус апунцыя — маленькімі калючымі атожылкамі. З кожнага атожылка магла таксама вырасці вялікая шыпастая расліна.
Едрусь паспрабаваў запярэчыць — усіх катавалі, таму судзіць тых, хто даваў паказанні, нельга… А паказанні давалі практычна ўсе. Макс распавядаў не аднойчы, што старонкі ў следчых справах крывёй запырсканыя. Толькі ў 1933-м яшчэ здзекаваліся так, каб чалавека можна было пасля падлячыць ды выпусціць. Невядома, як мы бы прайшлі праз гэтыя пакуты. Напэўна, таксама здавалі б усіх і згаджаліся на ўсё. Даліла толькі фыркнула — і сказала, што гэта «апраўданне позы». Вельмі распаўсюджаны на сёння ў асяродку інтэлектуалаў занятак. На іспытах у тэатральныя вучэльні ды інстытуты жадаючым далучыцца да гільдыі блазнаў і трубадураў даюць заданне стаць неяк асабліва вычварна, камандуюць: падымі правую нагу, завядзі левую руку за спіну, абапрыся правай рукой аб падлогу… А тады трэба прыдумаць і сыграць абставіны, у якіх тая поза будзе абсалютна натуральнай. Напрыклад, калі ты стаіш ракача, узняўшы руку над галавой, — гэта смешна. А калі ў руцэ пантофля і ты збіраешся забіць прусака — ужо нармальна. Вось і той, хто дэфармаваўся ў таталітарнай сістэме, падрыхтаваўся лізаць азадак альбо захінуўся ад удару, сціснуўся, угнуўся, зашыўся пад лаву, прыдумвае сабе высакародныя апраўданні.
Цэлыя бліскучыя, дасціпныя артыкулы і манаграфіі бываюць прысвечаныя апраўданню позы…
Бо натуральная для чалавека толькі адна — вольна выпрастаўшыся.
Даліла разумела, што ісці Туды яшчэ раз пакуль не можа. Саслабла. А пакінуць усё надоўга яна не хацела. Да таго ж, новы чалавек можа ўбачыць нешта новае…
І да Гульні далучылі мяне.
Хлопцы, дарэчы, былі супраць. Кожны парываўся пайсці сам. Але Даліла пераканала — трэба пусціць новенькую. Мне сумленна распавялі пра рызыку.
Я апранулася так, як параіў Макс, знаўца часу. Не стала браць у бацькоў нацыянальныя строі. Вампука ўсё гэта, іхнія вышыванкі, камізэлькі, андаракі… Для «ражаных». Зайшла да знаёмай мастачкі Вольгі, пазычыла сукенку з нефарбаванага лёну, на дробных гузічках, і высокія чаравікі з брунатнай патрэсканай скуры — усё сапраўднае, канца саракавых гадоў. Волечка, дарэчы, у чарговы раз мяне здзівіла: іду да яе, а яна сядзіць насупраць пад’езда свайго дома-«сталінкі» на зэдліку і крышыць перад сабою батон. Побач фатограф Сева. Перад імі стаіць венскае крэсла, цераз скразную, у выглядзе вензеля, спінку якога Сева цэліць аб’ектывам. Я не адразу скеміла, што да чаго. У сцяне Вользінага дома нішы — пад ідэалагічна правільныя помнікі. Колькі гадоў пустыя… Дык адну нішу Волечка заслала парчой і расклала нацюрморт у стылі старых галандцаў: чаканеныя з металу вазы, ружы, півоні, вінаград, гарбузы, яблыкі, персікі, лімоны… А хлеб крышыцца — каб яшчэ і галубы сюды падляталі.
І калі ў гэтым горадзе нехта робіць казку — хто можа знішчыць гэты горад? Ды яшчэ ў ім ёсць такія людзі, як Волечка, якія ніколі не пытаюцца, нашто табе тое ці іншае. Нават камсамольскі значок трыццатых гадоў з калекцыі Вользінага дзядулі.
Я начапіла на сукенку з дробнымі гузікамі значок і праігнаравала загад студэнтам пятага курсу сабрацца на інстытуцкім стадыёне для падрыхтоўкі да свята горада — мы мусілі ісці падчас урачыстасцяў салдацкім строем у чырвона-зялёных спартовых касцюмчыках і махаць чырвона-зялёнымі сцягамі. Замест гэтага, рызыкуючы «двойкай» па фізкультуры, рушыла на могілкі.
За крок да сцяны з абразам «Маленне аб Чашы» Даліла прымусіла мяне дастаць металёвы шарык-завушніцу з губы.
А татушку-чарапушку, рэцыдыў цяжкога ўзросту, усё роўна на левай лапатцы наўрад забачаць. Не ў лазню збіраюся.
Я весела ўсміхнулася сябрам і зрабіла крок наперад.

…У верхняй частцы высокага акна красаваўся новенькі вітраж — чырвоная зорка, серп, молат…
Каляровае шкло магло кінуць адценне на растворы і перашкодзіць убачыць іх сапраўдныя колеры падчас доследаў. Але ніхто не наважыўся нават рэкнуць пра тое, каб прыбраць сімвалы савецкай улады з акна ўніверсітэцкай лабараторыі. Толькі змрочны дэкан хімічнага факультэта Валяр’ян Іванавіч Скаловіч напісаў заяву на імя рэктара. Рэктар, збялелы, як папера, на якой была напісаная заява, выклікаў да сябе славутага хіміка. Што яны казалі за зачыненымі дзвярыма — невядома, але заява бясследна знікла. У адрозненне ад зоркі ў акне.
Антаніна, закусіўшы губу, глядзела на спіну высокага мужчыны ў белым халаце. Мужчына вельмі акуратна пераліваў белую каламутную вадкасць з прабіркі ў вялікую колбу, напалову напоўненую празрыстым расчыннем. Упэўненыя рухі, хударлявая, але моцная постаць…
— Валяр’ян Іванавіч, вы не адказалі мне.
— Я не абавязаны адказваць на абсалютна дурныя і некарэктныя пытанні сваіх падначаленых, — нізкі глыбокі голас мужчыны гучэў з’едліва, як серная кіслата. Здавалася, гэты голас таксама можа праліцца на падлогу, і нават з каменя пойдзе едкі дым. Антаніна нервова адвяла за вуха прадку рудых непаслухмяных валасоў.
— Валяр’ян Іванавіч…
— Студэнтка Аксючыц! Я пачынаю шкадаваць, што ўзяў вас на пасаду лабаранткі. Вы, здаецца, не маеце нават самага элементарнага ўяўлення пра тэхніку бяспекі падчас працы з атрутнымі хімічнымі рэчывамі! Ніякіх старонніх размоў!
Голас грымеў так, што нязвыклы чалавек мімаволі адхіснуўся б назад. Але рухі мужчыны пры гэтым ні на змірг не страцілі сваёй размеранасці. Ды і дзяўчына, відаць, да падобных грымотаў прызвычаілася, бо толькі яшчэ мацней прыкусіла ніжнюю губу. З боку гэта выглядала зусім па-дзіцячы… Хаця дзяўчына была прыгожай той шчаслівай прыгажосцю, калі ўзрост губляе значэнне, — такія аднолькава вабяць вока і ў пятнаццаць, і ў сорак. Дасканалая гнуткая постаць, высокія грудзі, вялікія зялёныя вочы з «русалчыным» разрэзам — трохі прыўзнятыя знешнія куткі, выгінастыя бровы, высокі белы лоб… Велікаватыя ружовыя вусны, зараз горка падцятыя… Забіцца ці забіць за такую прыгажосць.
Мужчына скончыў працу, няспешна паклаў прылады на месца і павярнуўся. Ён быў ужо немалады — гадоў сорак, але пастава выпрастаная, як у таго, хто любіць пазіраць на ўсіх звысоку або шмат займаўся гімнастыкай. Цёмныя пры­жмураныя вочы змрочна і ганарыста глядзелі на лабарантку. Худы твар мужчыны наўрад хто назваў бы прыгожым. Бледная скура, вялікі нос кручком, рэзкія лініі ад носа да фанабэрыстых вуснаў, глыбокая вертыкальная зморшчына між прамых густых броваў, неахайныя прадкі валасоў…
— Ну што вы стаіце, таварыш Антаніна? Здаецца, вам плацяць не за сузіранне свайго прафесара, а за тое, каб вы ў ліку іншага мылі пустыя прабіркі. Калі, вядома, гэты надзвычай складаны працэс даступны вашаму інтэлекту. Ну, будзеце далей выяўляць з сябе саляны слуп?
Зялёныя вочы дзяўчыны глядзелі так адчайна, што звычайны прадстаўнік адамавага племя спапяліўся б у іх зялёным агні, упаў бы на калені і маліў аб прабачэнні…
— Валяр’ян, прашу цябе, не хадзі туды.
— Студэнтка Аксючыц! Хто вам дазволіў звяртацца да свайго выкладчыка так недапушчальна фамільярна?
Ну нашто ён зноў будуе гэтую шкляную сцяну? Дзяўчына ступіла наперад і паклала вузкую даланю на грудзі мужчыны. Той тузануўся, каб адхіснуцца, але ўсё-ткі застаўся на месцы. Толькі яшчэ больш адкінуў назад галаву.
— Я бачыла позву на тваё імя… Чаму яны прыслалі табе позву ва ўніверсітэт? Другім прыносяць дахаты, таемна. Чаму яны хочуць, каб усе ведалі, што ты туды пойдзеш?
Прафесар апусціў вочы і прамовіў скрозь зубы:
— Таварыш Антаніна, адыдзіце ад мяне. Гэта пераходзіць усе…
— Перастань! — голас Антаніны сарваўся на крык. — Што ты з сабой робіш? Чаму паводзіш сябе з усімі як апошні паскуднік?
— А я і ёсць апошні паскуднік, — голас мужчыны гучаў цалкам сур’ёзна. З ледзь прыкметным дамешкам горычы. — Хіба Вы не заўважылі, Антаніна, што пасля майго візіту ў Жоўты дом з універсітэта знікла пару дзясяткаў лю­дзей? Калі вы не бачыце тут сувязі, значыць, ваш узровень інтэлекту яшчэ ніжэйшы, чым я думаў.
— Я не веру! — дзяўчына ўчапілася ў белы халат свайго суразмоўцы абедзвюма рукамі, нібыта баялася, што яго злыя словы зараз садзьмуць яе, як вецер. — Яны зноў напісалі, як мінулы раз, што выклікаюць цябе «для кансультацыі»… Тады ты знік на паўгода… Потым вярнуўся такі… На цябе страшна было глядзець. Ад цябе пахла смерцю… Але не страхам. Не подласцю. Не баязлівасцю. Мяне ты не падманеш сваёй… сваёй бессардэчнай манерай зносінаў.
— Усё, гэта ўжо занадта! — мужчына адарваў ад сябе рукі дзяўчыны. — Займіцеся справай! Пачніце, урэшце, разгадваць душэўныя нюансы ў сваім мужы.
— Я кахаю цябе! — пракрычала Антаніна ў спіну прафесару, які пачаў няспешна здымаць халат. — Ужо пяць гадоў. З першага курса. Я выйшла замуж за Антона толькі таму, што ты мяне адштурхнуў!
Голас Валяр’яна Іванавіча ні на залатнік не страціў атрутнасці.
— Чыста жаночая логіка. Выйсці ад крыўды за камсорга ўніверсітэта. Вы ўпэўненыя, што бравы чырвонаармеец Аксючыц вашу логіку зразумее?
Скаловіч павярнуўся да дзяўчыны. Ён застаўся ў чорным пінжаку, зашпіленым на ўсе гузікі, і ў белай кашулі з высокім каўняром. Быццам рыхтаваўся выйсці на сцэну. Цёмныя вочы глядзелі ўсё гэтак жа звысаку.
— Шаноўная, прафесар, які спакушае студэнтачку, — гэта банальна, як гусар, які спакушае гімназістку. Выпіце нанач маёй цёзкі, валяр’янкі.
— Я не магу без цябе. Ты выдатна ведаеш, што я не маню! Што для мяне гэта сур’ёзна. І — прызнайся — для цябе… Тады, пасля вечарыны ў політэхнічным, калі я ўпала, а ты мяне падхапіў… Калі вярталіся пад дажджом… І потым, калі капнула сабе на руку кіслатою… Ты ж трохі выйшаў са сваёй сталёвай абалонкі?
— Чаму такі паскуднік, як я, не можа пагуляць пачуццямі наіўнай дзяўчынкі? — холадна адказаў прафесар, гледзячы некуды за акно з чырвонай зоркай. — Зразумейце, мне за сорак, і мяне не могуць сур’ёзна зацікавіць маладзенькія інжэню. Шкада, што вы настолькі… бязмозглая, што вырашылі, быццам у мяне ёсць сэрца.
— Валяр’ян! — Антаніна кінулася да мужчыны, абняла за шыю; ён стаяў нерухома, схаваўшы рукі ў кішэні пінжака. — Я не ведаю, у якія гульні гуляюць з табой нкусаўцы… Мне ўсё роўна, што гавораць пра цябе іншыя. Чаму ты караеш сябе так жорстка? Чаму не хочаш, каб цябе кахалі? — вусны прафесара здрыгануліся, але ён прамаўчаў. Дзяўчына працягвала гаварыць гарачым шэптам: — Але я ведаю, што гэта ты выратаваў Паўліка ад арышту, што гэта ты схаваў насценгазету перад вышукам, і наш выбрык застаўся без наступстваў, і што гэта два дурныя трэцякурснікі выпадкова перакулілі партрэт Сталіна ў трыццаць другой аўдыторыі, а ты ўзяў на сябе. І дасюль чытаеш лекцыі на беларускай мове, хаця цябе за гэты тройчы разбіралі на сходах. І на гэтых лекцыях студэнты сядзяць нават на падваконнях і на падлозе — не хапае месцаў. Ты вялікі вучоны. І я адчуваю, што ў Жоўтым доме цябе чакае нешта страшнае. Як ні хаваеш — я бачыла на тваіх руках чырвоныя шнары. Вось тут… І тут… І на шыі, пад каўняром. Дазволь мне выратаваць цябе! Мы можам з’ехаць… Вунь паэт Паўлюк Шукайла з’ехаў у Ленінград… І яго не арыштавалі.
З твару прафесара знік сарказм — засталіся толькі стома і сум.
— Збегчы… Божа мой… Наіўнае дзяўчо… Калі б можна было збегчы… Тут створаная сістэма, ад якой схавацца немагчыма. Ведаеш, я… спрабаваў. Не, мне дапамагчы нельга. Мая роля прадвызначана. Гэта як у балагане. Клоўн можа быць хворы, п’яны, можа паміраць…. Але ад гэтага яго нумар яшчэ смешнейшы.
Голас прафесара зноў набраў моцы.
— І ўвогуле, чаму вы вырашылі, што мяне варта шкадаваць? Я заслужыў усё, што маю. Ваша фантазія пра мяне беспадстаўная. Запэўніваю вас — я сапраўды даносчык і здраднік, і на мне сапраўды кроў маіх сяброў.
Ён сказаў гэта так, што сэрца дзяўчыны пахаладзела… І паверыла. Перад тым як выйсці з аўдыторыі, Валяр’ян Іванавіч азірнуўся:
— Памыйце прабіркі. І не так неахайна, як мінулы раз. Не зачапіце па няўклюднасці вялікую колбу. Працэс мусіць доўжыцца да дзесяці трыццаці раніцы. А з заўтрашняга дня вы пераводзіцеся на пасаду лабаранта біялагічнага факультэта. Я ўжо дамовіўся з дэканам.
Дзверы зачыніліся. Антаніна моўчкі стаяла і глядзела. На апліку ля дзвярэй вісеў белы халат. Ягоныя рукавы нагадвалі змятыя крылы.
Дзіўна, звычайна Скаловіч старанна распроствае, перш чым павесіць, свае «хімічныя даспехі».
Зялёныя вочы дзяўчыны згаслі… Холад падымаўся ад сэрца да вуснаў, расцякаўся па руках да кончыкаў пальцаў… Як холадна… Як у магіле.
Яго вусны былі такімі гарачымі падчас іх першага пацалунку — тады, пад дажджом. Папраўдзе, гэта яна яго пацалавала, сама. Немаладога, непрыгожага, суровага прафесара з невыносным характарам. Тады ён раптоўна сціснуў яе ў абдоймах — і адказаў на пацалунак. А потым адштурхнуў ад сябе і прачытаў цэлую лекцыю пра неўтаймаваную эратычную энергію падлеткаў і этыку адносінаў між студэнтамі і выкладчыкамі.
Часам здавалася, што яна проста прымроіла тое, пасля чаго між імі прагучала «ты»… Імгненні шчасця… І — такое жорсткае расстанне.
Але яе нянавісці і крыўды не хапіла надоўга.
Антаніна, як у сне, падышла да стала з прабіркамі, колбамі ды іншым начыннем сучасных алхімікаў, якія не верылі ў філасофскі камень. Каб каму з яе знаёмых расказаць, што яе нешта з’ядноўвае з фанабэрыстым і геніяльным нягоднікам Скаловічам, — рассмяяліся б. Цяпер і яна можа рассмяяцца. Такім тонам не маняць. Няўжо ён і праўда — даносчык? Забойца? І ходзіць у камісарыят па сваёй волі? І не варты кахання? І… не кахае яе?
Вось што адзіна важнае.
ён-не-кахае-яе
Аскалёпкі разбітай надзеі ўпіліся ў душу. Калі душа сцякае нябачнай крывёю, гэта надоўга.
Антаніна падышла да стала і моўчкі ўтаропілася на колбу з каламутнай белай вадкасцю. Вось быў бы лепшы сродак ад болю… Толькі невядома, каму лепей прыняць, — ёй, яму… Ці — напалам… Шлюбны келіх вар’яцкага часу. На рудых валасах, заплеценых у касу, скакалі вогненныя водсветы промняў сонца, што прабіваліся праз чырвоную зорку на вітражы.
Раптам дзверы ў лабараторыю расчыніліся. Антаніна з раптоўнай надзеяй павярнулася. Антон, муж… Шыракаплечы, блакітнавокі, надзейны. З твару дзяўчыны нібыта імгненна сцерлі нейкі тонкі светлы выраз. За Антонам сунуўся ягоны прыяцель Андрэй — Антаніна яго не любіла і нават пабойвалася. Здаецца, таварыш Антона па колішняй службе ў асобым атрадзе. Валасы, бровы, вейкі амаль белыя, а твар ружовы, як шынка. І вочы светлыя… Як гузікі ад салдацкіх кальсонаў.
Андрэй чамусьці зачыніў за сабой дзверы лабаранцкай на ключ. Адкуль у яго ключ? А Антон, пачуўшы за спінай шчоўканне замка, раптам імкліва падышоў да жонкі і моцна ўдарыў па твары.
Антаніна пахіснулася… Яе падхапілі моцныя рукі — гэта белабровы. Прыціснуў спінай да сябе, рукі — як абцугі. Голас над вухам, сіплы, нібы ў карчмара:
— Ты што, Антон? Не павінна быць слядоў!
Камсорг грэбліва скрывіўся і сказаў, як плюнуў, у твар жонкі.
— Сучка! Ну што, не нацягнуў цябе сёння твой прафесар? Мусіць, у яго праблемы з гэтым. Прабірак нанюхаўся.
Антаніна тузанулася, але Андрэй яшчэ крапчэй сціснуў яе.
— Пусціце мяне! У нас… са Скаловічам… нічога не было…
— Тады ён цалкавіты мудак.
Антаніна ўбачыла, што Антон бярэ са стала колбу з каламутнай вадкасцю.
— Пастаў на месца! Гэта нельга чапаць да заўтра. Ты сапсуеш Валяр’яну Іванавічу дослед! Да таго ж тут кіслата. Апячэшся.
Антон нявесела ўсміхнуўся.
— Якая клапатлівая ў мяне жоначка. Дзень і ноч толькі пра мяне думае.
— Слухай, а можна яе… разок… наастачу? — прагучаў над вухам Антаніны задыханы, як ад бегу, голас Андрэя. — Гарачая дзеўка.
— Можа, пад Скаловічам і гарачая была, — прашыпеў Антон. — Але ты, Андрык, кінь дурное, а то моркву тваю адарву. Гэта мая жанчына! Не мне — дык нікому.
І па твары яго прабег цень болю. Даўняга, стоенага, які на дне душы даўно ператварыўся ў атруту нянавісці.
Антаніна з жахам разумела, што яны ўжо нешта вырашылі наконт яе. І не чакаюць ні тлумачэнняў, ні раскайвання, нічога.
— Трымай крапчэй!
Яна з усіх сілаў пачала вырывацца, кусацца, брыкацца… І абсунулася ад жорсткага ўдару.
— Што вы… Навошта?
— Сюрпрыз твайму прафесару рыхтуем!
Антон паднёс колбу да ейных вуснаў і схапіў моцнай рукой за падбароддзе.
— Скажы «а»!
Апошняе, што падумала Антаніна, — яны хочуць зрабіць Скаловіча забойцам. Вядома, Валяр’ян вырашыць, што яна скончыла самагубствам з-за яго. Але… Значыць, насамрэч — ён ніколі не быў забойцам! Ён зноў на сябе нешта нагаварыў! Валяр’ян… Невыносны… Любы…
Што з табой будзе, калі ты даведаешся пра маю смерць?
Рот апякло пякельным агнём… І акрамя болю, у гэтым свеце не засталося нічога.
Дзверы зноў зачыніліся. Халат, што вісеў на апліку, трохі варухнуўся, быццам хацеў затрымаць злачынцаў.

Я глядзела на дзяўчыну, што ляжала пасярод светлага пакоя з белымі металёвымі шафамі са шклянымі дзверцамі. Была б вельмі мастацкая дэталь, каб чырвоны водсвет вітража-зоркі падаў якраз на труп у белым халаціку.
Але зорка працэджвала сонечныя промні ў бок левай шафы. Праўда, готыка атрымлівалася і пры гэтым: шкляное начынне шафы, колбы ды рэторты, здаваліся напоўненымі крывёю, як у кабінеце чорнага мага.
Чырвань, магчыма, была яшчэ і ў маіх вачах. Госпадзе, як жа мне было фігова! Цяпер я разумела, што перажывалі мае сябры. Прысутнічаць пры чужой смерці… І табе нібыта перадаецца боль таго, хто памірае… І ты не можаш нічога зрабіць — бо фізічна цябе пакуль у гэтым свеце няма.
Я адвяла вочы ад твару нябожчыцы. Кіслата — гэта вам не напой «Бураціна»… Рука забітай нібыта трымала колбу, у якой заставалася яшчэ са шклянку вадкасці. У эксперыментальным расчынні павольна закручваліся белыя спіралі, быццам дым. Што ж, пасля таго, як камсорг з сябрам папрацавалі над дэкарацыямі, нават самы тупы, калі зойдзе, адразу зразумее, ад чаго памерла прыгажуня.
У галаве маёй, як заўсёды ў стрэсавыя моманты, быццам на шалёным верацяне, высноўваліся радкі, у якіх убачанае перакручвалася, скажалася, прысмак смерці ператвараў дзень у ноч, сонца — у поўню…
Выпіць атруту.
Нічога не помніць пра зоркі
У вітражах ацалелага дома пакуты.
Поўня, нібыта адзінае злоснае вока
Чорнага звера, які да граніту прыкуты.
Выпіць атруты…
Мой келіх запомніў адбіткі
Рук тваіх цёплых…
Мае ж схаладнеюць навечна.
Колькі разумных…
А мудрых няма і вялікіх.
Нас падзялілі на спісы, участкі і рэчы.
Зоркі шкляныя
Працэджваюць погляды поўні
Гэтак ашчадна,
Як злая шынкарка — гарэлку…
Цемра і ціша.
Ты проста, як рану, запомні
Вочы мае… І табой цалаваныя вейкі.
Папраўдзе, больш за ўсё мне хацелася адсюль знікнуць. І я зараз жа ўявіла, як раптам не змагу вярнуцца — мала што… Замок у дзвярах не быў зачынены. Каты ж не хацелі, каб іх справа засталася незаўважанай. Пусты калідор. Я дайшла да акна ў яго канцы і зірнула ўніз: здаецца, трэці паверх. Акно выходзіла ў маленькі, як кішэня, унутраны дворык, засаджаны кустамі і яшчэ кволымі дрэўцамі. На лаўцы пасярод дворыка цямнела постаць. Мужчына ў чорным пінжаку сядзеў да мяне спінай, апусціўшы галаву з неахайнымі прадкамі валасоў. Нерухомы, як камень. У ягоных прыўзнятых плячах, апушчанай галаве мне чамусьці пабачыўся безнадзейны адчай. Хаця, можа быць, прафесар проста медытаваў на гіпсавага Леніна, які бялеў насупраць лаўкі ідэалагічным маяком. Я зразумела, што мне трэба рабіць.
Пайсці і сказаць Скаловічу, што адбылося ў лабараторыі.
Ён, вядома, страшэнна непрыемны чалавек. Абсалютова незразумела, чым прывабіў прыгажуню Антаніну. Застаецца меркаваць, што незвычайнымі поспехамі ў хіміі.
Але нават самы апошні мярзотнік мае права ведаць, што на яго сумленні забойствам менш. Хаця з прыгажуняй-лабаранткай быў ён невыносна грубы. Далілы няма на такога грубіяна.
Я выйшла на лесвіцу і патроху пабрыла ўніз. Другі паверх… Першы… Вестыбюль… Сонца 1933 года расплылося ў маіх вачах, нібыта па паверхні вады ўдарылі вяслом і кожнай маленькай хвалі ўдалося ўхапіць сваё адлюстраванне нябеснага вока.
Завярнула за вугал, спрабуючы зразумець, дзе тут уваход у дворык з чорнай (жывой) і белай (гіпсавай) фігурамі. Здаецца, там… Мяне абагналі двое — шыракаплечы хлопец у брунатным пінжаку і картузе, амаль такім, як выкуплены Генусем «на Жданах», і дзяўчына з кароткай стрыжкай, у сіняй кофтачцы і белай спадніцы. У абаіх — камсамольскія значкі, такія ж, як я пазычыла ў Волечкі. Парачка збіралася ўжо завярнуць у двор, куды меціла і я, але прыпынілася. Дзяўчына грэбліва прамовіла напаўголаса.
— Там Скаловіч сядзіць. Фу. Пайшлі адсюль.
— І праўда… Вось халера… А чаго гэта ты пра яго — «фу»?
— Дык ён жа на НКУС працуе. Усе ведаюць. Даносіць.
Хлопец неўразумела паціснуў плячыма.
— Ну і правільна робіць. А што, мы не павінны паведамляць савецкай уладзе пра ўсякія варожыя вылазкі? Шпіёны ж паўсюль, белыя, кулакі, нацдэмы замаскіраваныя… У нашым універсітэце таксама.
Дзяўчына трохі сумелася.
— Ну, так… Але… Ну вось ты, Міхась, хіба пасля лекцыі Нічыпаровіча пабег даносіць, што ён хваліў князя Радзівіла?
Міхась стаяў да мяне спінай, і я не бачыла ягонага твару. Але заўважыла, як вушы яго, злёгку аттапыраныя, пачырванелі.
— А што, хваліць эксплуататараў, па-твойму, савецкі выкладчык мае права? Тэатр, разумееш, крывасмок пабудаваў, галерэю карцінную… Не сам жа будаваў! Прыгонных сваіх змушаў! Бізунамі! Дай волю такім нічыпаровічам — яны вернуць царскі лад, пры якім у іх была прыслуга і залатыя талеркі.
— Якія залатыя талеркі? — дзяўчына зазлавала. — Глупствы вярзеш. Галоўнае — чалавек абазнаны. Любіць Беларусь, перадае нам свае веды, робіць гэта самааддана, цікава…
— А трэба — не «цікава», а так, каб па-нашаму, па-пралетарску. Цікава — гэта ў кафэшантане. Вунь тры гады таму гэтыя «пісьменнікі», што паступілі ва ўніверсітэт без іспытаў, — Дудар, Александровіч, Дарожны, Глебка, Лужанін, Кадура — памятаеш, якімі фацэтамі хадзілі? У капялюшыках, пры гальштуках, з кульбачкамі… З «простымі» студэнтамі не размаўляюць. А калі пра іх фельетон змясцілі ў насценгазеце — у «Савецкую Беларусь» напісалі. «Беларускіх пісьменнікаў у Дзяржуніверсітэце прыціскаюць!» А потым — што? Пасля правільнай партыйнай крытыкі? Усе прыпаўзлі прабачэння прасіць. І дзе цяпер яны самі, і дзе іх капелюшы?
Дзяўчына бліснула на хлопца шэрымі вачыма.
— І ўсё роўна… Калі чалавек памыляецца — пра гэта трэба сказаць на сходзе, адкрыта, каб той, каго абвінавачваюць, мог выказацца, прызнаць памылку, а пасля выправіцца.
— Вось і давай абмяркуем цябе на наступным камса­мольскім сходзе, — вельмі сур’ёзна прапанаваў хлопец. — Спытаем у таварышаў, ці мела ты рацыю, калі асуджала прафесара Скаловіча за шчырае супрацоўніцтва з Наркаматам унутраных спраў і апраўдвала прафесара Нічыпаровіча за ўхвалу эксплуататарскіх класаў.
Я пабачыла, што дзяўчына спалохалася. Нават рабацінкі, якія шчодра ўсыпалі ейны круглы тварык, збляднелі. Яна амаль шчыра рассмяялася.
— Ну, можа, я і памылілася. Ты ж многа раз казаў мне, што я занадта даверлівая. Проста… Нічыпаровіч зусім стары… А Скаловіч такі… няветлівы. Ён жа і на цябе адзін раз накрычаў.
— Так, тып, трэба прызнацца, непрыемны… — неахвотна прабурчэў Міхась. Дзяўчына схапіла яго пад руку і развярнула да вуліцы.
— Ну, пайшлі да мяне ў інтэрнат.
— Ты ж не хацела? — падазрона прамовіў Міхась.
— А я перадумала.
Твар хлапца асвяціўся ўнутраным задавальненнем, нібыта ад доўгачаканай перамогі. Ён шырока ўсміхнуўся і рушыў з дзяўчынай пад руку… Я нейкі час глядзела ім услед.
Быў час, быў век, была эпоха…
А цяпер трэба знайсці Скаловіча. Я зайшла ва ўнутраны дворык… Вось — чорная фігура на лаўцы. У той жа паставе смуткуючага… Я наблізілася і пачула, што прафесар — вось дзіва — нешта напявае ціха-ціха і змрочна. Да таго ж па-ангельску.
І тут мяне «накрыла» «хваля вяртання».
Гульня № 6
Дрэва хутка прагніе,
Камні скоцяцца на дно,
Сталь-жалеза з’есць іржа,
Срэбра-золата скрадуць…
Абрушыўся Лонданскі мост,
Абрушыўся Лонданскі мост,
Абрушыўся Лонданскі мост,
Лэдзі мая, лэдзі…
Генусь, прабегшыся па Сеціве, запэўніў, што гэта дзіцячая сярэднявечная песенька. У пачатку мінулага стагоддзя ангельскія «жаўранкі»-беспрытульнікі распявалі яе на вуліцах, як расейскія — «Разлуку»… І з той жа мэтай. «Падайце, Хрыста дзеля, чырвонец залаты».
А фалькларысты лічаць гэтую песню водгукам звычаю прыносіць у ахвяру новаму мосту жывое дзіця.
Значыць, Скаловіч пажыў і ў Лондане.
Я зноў і зноў ва ўсіх дэталях пераказвала ўбачанае падчас візіту Туды. Макс, як дасведчаны архівіст, стварыў ужо цэлы архіў гісторыі нашага асваення мінулага. Кожны персанаж — нават эпізадычны — у яго меў уласнае дасье. На Антаніну Аксючыц дасье аказалася зусім кароценькае. Ніякіх звестак. Можа быць, справа ў тым, што мы не ведалі ейнага дзявочага прозвішча, пад якім яна дзе-небудзь і мільганула ва ўніверсітэцкім справаводстве? Камсорг Аксючыц адзін раз згадваўся — у «звяздоўскім» матэрыяле пра камсамольскі сход, на якім студэнты асудзілі сваіх палітычна блізарукіх таварышаў, што напісалі ліст у абарону беларускамоўных лекцый.
Паўлюка Шукайлу, паэта-футурыста, дасталі і ў Ленін­градзе. Ён з’ехаў туды у 1932-м, пасля таго як удалося адвесці абвінавачванні па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Там з ягоным харызматычным характарам таксама прабіўся — нават на пасаду віцэ-прэзідэнта Дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. А потым — зноў пагроза арышту. Збег у Маскву… Хаваўся… Жыў абы-дзе… Ды ад савецкай улады не схаваешся! Расстралялі ў 1939-м, пасля паўгода допытаў. Але — вось рэдкасць! — вінаватым сябе не прызнаў. З характарам быў наш першы футурыст.
Выпадкова пабачаная мною студэнцкая парачка так і засталася неапазнаная.
Мы спрачаліся, сварыліся, мірыліся… Тэрмінатар нападаў на Макса, Даліла на ўсіх… Едрусь па-сяброўску ляпаў мяне па плячы: «Трымайся, старая…»
Ад гэтага сяброўскага тону мне хацелася злосна і тужліва выць, як кінутаму ваўчаняці.
А Едрусева мама яшчэ ўчыніла: у паэтычным салоне, куды яна хадзіла, ёй канчаткова затлумілі галаву ейным высокім талентам. Гаспадыня салона, вядомая артыстка, любому гатовая была пазычыць крылаў. Томік вершаў з аўтографам выбітнага паэта Анатоля Сыса ляжаў у яе ў адным стосіку з рускамоўнай графаманіяй — і на тых жа правах. А чым горшая ад Сыса паэтка, якая пайшла працаваць стрэлачніцай, каб быць далей ад зямной мітусні, і напісала сто санетаў, прысвечаных савецкаму спеваку Юрыю Антонаву? Прынамсі, яна ж не п’е. І не памрэ, як Сыс, перад уласнай прыбіральняй, захлынаючыся ад крыві і паху таннага віна і ведаючы — няма каму прыйсці, знойдуць, дасць Бог, дні праз тры-чатыры.
Карацей, Едрусева мама напісала нават не сто — тысячу вершаў па матывах Жывой Этыкі Рэрыхаў. Аўры-шмаўры. Шамбала-камбала. Вядома, гэта адкрыццё, шэдэўр, падзея, і неадкладна трэба выдаць кніжку.
Ніхто з салонных «ахальшчыкаў» ахвяраванняў сваіх, аднак, на «шэдэўр» не даў. І паэтэса — зарплата бібліятэкаркі вядома якая — вырашыла прадаваць кватэру.
Не-не, яна ўсё прадумала — не застанецца без жытла, замест двухпакаёўкі купіць аднапакаёвую, дзе-небудзь на ўскраіне. А ўвогуле дастаткова і маленькага пакойчыка ў камуналцы.
Шкада? На ТАКОЕ шкада? Усяго за пяцьсот долараў можна, кажаце, кніжку выдаць? Не ТАКУЮ, спадарове! Наклад і выданне мусяць быць вартымі зместу.
Адзіная замінка выйшла ў «геніяльнай паэткі»: у кватэры па ранейшаму быў прапісаны яе недалужны сын Эдуард. І без ягонай згоды кватэру нельга было ні прыватызаваць, ні прадаць.
І вось аднойчы са сцэны клуба «Арэна», пасярэдзіне песні пра пляцы і палацы, Едрусь забачыў між дзяўчатак у марынарках і чорных кашулях ружовую з белымі карункамі блузачку сваёй матулі, што засяроджана, грэбліва падціснуўшы вусны, прабіралася да ганебнага ўзвышэння, на якім гарлалі нешта непрыстойнае «наркаманы» з гітарамі, адзін з якіх ейны прапашчы нашчадак Эдуард.
Я сама прапанавала Едрусю прысутнічаць разам з ім пры перамовах — ён быў у такім адчаі, што згадзіўся. Але, баюся, мае завушніца ў ніжняй губе і фарбаваны басмай, чорнай і індыйскай, «вожык» на галаве не дадалі ўзаемаразумення пакаленням. На жаль, я таксама падпадала пад катэгорыю «наркаманкі».
Едрусь хутка ў чарговы раз пераканаўся, што заклікаць да розуму матулю дарэмна. Як ні абяцаў, што сам збярэ грошы на ейную кніжку, што не трэба прадаваць кватэру — толькі абвінавачванні ў бездухоўнасці і карыслівасці. Увесь у татачку пайшоў. А выдаваць ТАКУЮ кніжку на грошы, здабытыя невядома як, хутчэй за ўсё антымаральным і антыграмадскім спосабам, яна нізавошта не стане. Калі б Эдуард згадзіўся на дыягностыку кармы…
Тады Едрусь махнуў рукой і пакорліва пайшоў падпісваць усё, што падсоўвалі натарыусы.
А я яшчэ зрабіла глупства. У пэўны момант, абураная да пячонак, пачала раскрываць вочы паэтычнай мамачцы на сапраўдную мастацкую вартасць ейных «хвостапісаў», як называе падобную ўзвышаную ахінею мая знаёмая паэтка Наталка. Едрусь вельмі груба мяне «заторкнуў» і, па-мойму, дасюль крыўдуе.
Маўляў, нельга пазбаўляць чалавека ілюзій, якія трымаюць яго ў гэтым жыцці.
Сентыментальны… Шкадуе… А сам застаўся, лічы, без жытла і без прапіскі. «Бомж» натуральны. А паколькі рокерскае жыццё час ад часу сутыкае з міліцыяй — я ўжо не ведаю, чым гэта для Едруся можа скончыцца.
Даліла хацела прапісаць яго ў Разаліну хату — хаця б як субкватаранта. Але рокер наш пакуль цешыцца са свайго бамжоўскага статусу.
Што ж, найлепшы сродак здушыць боль і крыўду — зрабіць іх тэмай жартаў.
Ці не так учыняў Скаловіч?
Наконт хіміка меркаванні тусоўкі падзяліліся. Адны лічылі яго апошнім мярзотнікам, другія — проста мярзот­нікам. Макс, які пазнаёміўся з Нічыпаровічам, згадваў, што той Скаловіча шкадаваў. А Даліле ўпарта хацелася знайсці ворага, з якім можна змагацца. Яна абяцала Разаліі Іванаўне выправіць выпадак з грушай і тварам хіміка, па якім згаданая груша сцебанула. І яна выправіць.
А я… Мне не спадабалася, як Скаловіч паводзіўся з Антанінай. Але ж яна за нешта яго кахала? І верыла яму…
Што ж, адзін і той чалавек можа ўспрымацца рознымі асобамі абсалютова па-рознаму. І нават адзін можа быць розным. Аўтар назвы самай адыёзнай навукі, ідэалогіі — француз дэ Трасі, апазіцыянер Напалеона. Эпоха асветніцтва, васямнаццатае стагоддзе… І вось учынілі браткі-асветнікі рэформу навучання. І дэ Трасі напісаў падручнікі для тых школ, у якіх вучылі дзяцей, што мусілі, вырасшы, кіраваць грамадствам. А потым ён жа напісаў падручнік для школ, у якіх вучылі будучае быдла — тых, хто мусіць слухацца і выконваць. І гэта аказаліся зусім іншыя падручнікі, з іншай гісторыяй Францыі.
І нельга ж сказаць, каб ідэйны француз маніў, — проста ў кожным падручніку была патрэбная праўда.
Гісторыя пра дэ Трасі — адзінае, што я запомніла з лекцый па ідэалогіі. Таму залік па згаданай спецыяльнасці шчасліва заваліла.
Засталася без стыпендыі. Супер.
Генусь падкінуў «халтурку» — рабіць вокладкі для пірацкіх дыскаў. Па начах я сядзела ў падвальчыку, дзе месцілася туманістая камп’ютарная фірма, у якой ён працаваў, і цягала з Інтэрнэту патрэбныя кадры. Час ад часу заспявала сябе на тым, што ў абліччах старых галівудскіх артыстаў спрабую ўгледзець рэзкія рысы Валяр’яна Скаловіча. І мімаволі вяртаюся да лёсу гэтага чалавека.
З сям’і артыстаў… Якіх менавіта? Аперэта? Драма? Дзе ігралі? На сталай сцэне ці ў антрэпрызе? Звычайна дзеці, якія вырастаюць у тэатральных сем’ях, самі рана пачынаюць выходзіць на сцэну. Часта іх выносяць туды яшчэ ў пялюшках. «Зорка» нямога кіно Мэры Пікфард, напрыклад, ужо ў пяць гадоў была прафесійнай актрысай, яе сястра таксама. Ад дзяўчатак кармілася маці, кінутая мужам, дзяцінства праходзіла ў гастролях… Танныя вагоны, халодныя грымёркі, боязь вырасці з роляў анёлападобнага дзіцяці… Дарэчы, калі Мэры вырасла і нават выйшла замуж, маці, звыклая цалкам распараджацца талентам дочкі-зоркі, змусіла яе развесціся і таемна зрабіць аборт, і бяздзетная Мэры спілася. Стужкі са сваімі фільмамі ўсе спаліла.
Якое ж дзяцінства было ў Скаловіча? Мяркуючы па ягоным паскудным характары, не надта шчаслівае.
А ў нас — у каго было шчаслівае?
А ці мы можам зрабіць чыёсьці дзяцінства шчаслівым?
Дачка Далілы падхапіла ангіну. Даліла ўзяла бюлетэнь і лётала па кватэры з рознымі гогалямі-могалямі. Макс спрабаваў перадаваць апельсіны-цукеркі, накупіў адмыслова чорнага горкага шакаладу, які любіла сама Даліла, — але тая хлопца турнула. Сама можа купіць. У доме ля могілак беспрытульны Едрусь брынгаў на гітары і нават паклаў на музыку адзін з вершаў сваёй апантанай мамачкі: на матыў «Запрагайце, хлопцы, коней…» спяваў «Медитацией спасёмся».
Час ішоў. Крыжы на могілках патроху абрасталі мохам і заглыбляліся ў зямлю, нібыта хацелі схавацца ад цьмянага беларускага сонца. Але мы ўсе ведалі, што нашы падарожжы не скончаны. Што настане час, і нехта зноў адправіцца Туды. Макс усё часцей загаворваў пра таямніцы мінулага… Зніклыя рукапісы…
Але ўсё вырашыла Даліла. Як заўсёды.
Кінула ўсім па эсэмэсцы: «Збіраемся», а калі мы прыйшлі, то пабачылі нашу сяброўку апранутай у тую самую чорную сукенку, у якой яна хадзіла ў Засценне мінулы раз, і з тым самым рашучым выразам твару. «Мае грудзі, ваша амбразура, пацалуйце за мяне Пазняка».
Мы не паспелі толкам паспрачацца. Едрусь увогуле маўчаў, седзячы на ложку нябожчыцы і ўтаропіўшыся ў нефарбаваную драўляную падлогу колеру гнілой анучы. Мільганула чорная сукенка — і чакайце нас з таго свету.
А, яшчэ Даліла паспела перад адыходам кінуць Максу:
— Паклапаціся пра Віку!
Макс, збялелы, моўчкі нахіліў галаву.
А Едрусь і Генусь кінулі на яго вельмі аднолькавыя позіркі. Не надта добрыя і надта тужлівыя.

…Мужчына ў акуратным мундзіры, са звычайным, трохі азызлым, добразычлівым тварам булачніка сядзеў на звычайным драўляным крэсле з абшарпанай спінкай. Газета даўно была прачытаная і адкінутая ў кут, яна ляжала на падлозе, бездапаможная, як вязень, які страціў прытомнасць. І мужчына проста бязмэтна пазіраў на сцяну, усю ў пражылках трэшчын, выбоінах і вычварных пісягах. Пры ўяўленні — а ў мужчыны хапала ўяўлення — у гэтых узорах можна было ўгледзець розныя дзівосныя карціны. Напрыклад, вавёрак, якія скачуць па кедрах. Альбо прыгажунек у сетчатых панчохах, якія дружна падкідваюць ногі на сцэне нэпманаўскага рэстарана. Альбо мітынг… Напэўна, чалавек з тварам булачніка часцей за ўсё ўяўляў мітынг. Ці яшчэ лепей — як конармія пераследуе белых. Шашкі свішчуць, рассякаюць целы, цячэ кроў, і не блакітная яна зусім, яшчэ жывыя белагвардзейцы падаюць пад капыты…
Якія яшчэ фантазіі могуць быць у начальніка аддзела па барацьбе з нацыянал-фашызмам таварыша Касіянава?
А можа, ён проста перажывае, што ў маленькага сына Кімушкі — ангіна і трэці дзень трымаецца тэмпература? Бо таварыш Касіянаў — клапатлівы бацька і добры муж… І з годнасцю выконвае сваю цяжкую, але неабходную працу ў гэтых брудных сценах, і заслужыў, каб дома яго чакала гарачая вячэра, пастаўленыя ў вітальні пантофлі і ласкавы жончын пагляд…
Жонка любіць акуратнасць. Сама калісьці была прыслугай. Цяпер патрабуе ад сваёй прыслугі сапраўднай працы.
Добра, што яна ніколі не пабачыць, у якіх умовах даводзіцца працаваць яе Модзіку.
Так, наўрад удасца калі-небудзь змыць са сцяны гэтыя пацёкі.
Прыйдзецца праз нейкі час атынкаваць ды пафарбаваць. У той самы практычны зялёны колер. Як мундзір. Гэтая сцяна таксама мае права насіць мундзір.
Таварыш начальнік нецярпліва пацягнуўся. Напэўна, надакучыла сядзець. Каб курыў — дык было б чым заняцца. Але Мадэст Касіянаў клапаціўся аб сваім здароўі. Яму яшчэ шмат трэба паспець зрабіць.
Ён паглядзеў уніз. Старонні назіральнік здрыгануўся б, напэўна, ад гэтага відовішча. Між ножак крэсла ляжаў скла­дзены ўдвая чалавек. Ляжаў нерухома, маўкліва. Як манекен. Але ён быў жывы — рукі, выцягнутыя наперад, паўзверх ног, ад пакуты нават не дрыжэлі — уздрыгвалі, як ад удару токам. Адна рука была заматаная бруднай скрываўленай анучай.
Ды старонніх назіральнікаў тут не магло быць. А «мясцовых» відовішча не ўражвала.
— Ну што, Кадура, можа, хочаш падняцца? — голас мужчыны гучаў лена і добразычліва. Складзены маўчаў, рукі яго ўсё ўздрыгвалі, калі прыгледзецца, можна было заўважыць, што гэтак жа ўздрыгваюць цягліцы на ўсім целе — рызманы мала што прыкрывалі. А варта было б прыкрыць — цела, збітае, худое, бруднае, выглядала страшна.
Мужчына ў фрэнчы раздражнёна крэкнуў. Мусіць, вырашыў, што і праўда трэба гада даставаць. Падобна, гаварыць ён проста ўжо не можа.
Чалавек пад крэслам, аднак, мог гаварыць.
Але навошта? Ён даўно ўжо змірыўся з тым, што памрэ. Яшчэ тады, калі напісаў свой верш пра буру і мерцвякоў. Не, не супраць савецкай улады. За што яму, вясковаму хлапчуку, якому, каб не рэвалюцыя, не ва ўніверсітэце вучыцца, а кароў век пасвіць, — жадаць канца савецкай уладзе? Але набрыдзь усялякая, навалач, усё сапсавала. Свабоду далі — цяпер забіраюць. У кулакі палову вёскі запісалі. І краіну напалам падзялілі, каб лепшым яе кавалкам адкупіцца ад суседскага злога сабакі. Мову «наркамаўкай» скалечылі. Хто праз сто гадоў здагадаецца, што ў спявучым беларускім слове «сьнег» стаяў мяккі знак?
Бура зруйнавала хаты, прагнала жывых, а мерцвякі, крыжы над якімі паваліліся, вызваліліся ад палону зямлі і ўзялі ўладу. І назвалі сваё ўладаранне краінай шчасця.
Толькі косткі рыпяць над зямлёю маёй,
Ды ў калодзежах стыне атрута.
Спіць з кінжалам ў грудзях наш крывіцкі герой,
Называецца шчасцем пакута.
Ён ведаў, што кожнае слова набліжае да смерці. Але не мог не пісаць. Ён ніколі не мог не пісаць.
Таму і быў невыносны — так казалі ўсе.
Бацькі, якія спадзяваліся, што адзіны сын падтрымае гаспадарку. А ён усё кінуў і ўцёк на рабфак — босы, з адзіным багаццем у торбачцы — кніжкай «Дудка беларуская».
Дзяўчаты… Кожная хацела няхітрага: каханне-вяселле-дзеці-дом — і, гэта зноў-такі значыць, гаспадарку. Ён пісаў ім вершы, цвіло каханне, потым — расчараванне, слёзы, дакоры… З гэтага ён таксама высноўваў вершы, як павук высноўвае павуту з уласных вантробаў.
І выкладчыкі педуніверсітэта абураліся: далі магчымасць самародку паступіць без іспытаў, закрываем вочы на прагулы і запоі — хоць бы які залік здаў. Сябры смяротна крыўдзіліся на забойчыя заўвагі. Мог сказаць: «Не пішы ты, браце, вершаў. Не ўмееш. Лепей ідзі ў школку, дзяцей вучыць». Або ўвогуле: «Ты пралятаеш, як фанера над Парыжам».
Яго баяліся запрашаць выступаць, і не запрасіць — таксама баяліся. Прыйдзе сам, нашуміць, абразіць. Вершы правакацыйныя пачытае.
А колькі нерваў, мусіць, ён папсаваў людзям у мундзірах! У паказаннях блытаецца, на супрацоўніцтва ідзе — але так па-дурному, што ўсё зрываецца. Пасля чарговай размовы ў Жоўтым Доме выйшаў на плошчу да помніка Сталіну і пачаў раўці на ўвесь горад: «Я цяпер агент ворганаў! Я на ўсіх данясу! Усіх выкрыю! Ушанавалі мяне каханенькія-родненькія даверам сваім!»
Блазан.
Ён прыходзіў у бальніцу да Янкі Купалы — да гэтага колькі разоў сядзеў у яго дома, разам з іншымі маладымі паэтамі. Цяпер ніхто не гаварыў уголас, што здарылася з дзядзькам Янкам. Але шаптацца ніхто нікому не забароніць — нават у камеры смяротнікаў. Калі сам Купала паспрабаваў уцячы з гэтага жыцця, ды яшчэ такім пакутлівым шляхам — лязо нажа, харакіры, што казаць пра іншых?
Знаёмы пасля па сакрэту сказаў, што дзядзьку Янку прапаноўвалі ўзяць на сябе ролю «кіраўніка контррэвалюцыйнай арганізацыі «Саюз вызвалення Беларусі». Выступіць на закрытым судовым працэсе, усіх выкрыць… Усе ўжо арыштаваныя, справы заведзеныя… Не хапае толькі аўтарытэтнага лідара, які б пакаяўся. Паэт аддаў перавагу пакутлівай смерці. Потым тую ж ролю прапануюць Купалаваму сябру, акадэміку Усеваладу Ігнатоўскаму — і той застрэліцца ў 1931-м…
Да Купалы не пусцілі. Удалося пабачыць толькі «арга­ніста» на крэсле, з газеткай у руках, перад белай занавескай, за якой стаяў ложак з паэтам.
Гэты, Касіянаў, таксама сядзеў над ім, Змітраком Кадурам, з газеткай… У якой, магчыма, калі нумар стары, яшчэ ёсць надрукаваны да травеньскіх святаў Кадураў верш.
Свядомасць пачала трохі імгліцца ад болю і страшэннага напружання.
На вокліч начальніка прыбеглі двое ў такіх жа зялёных мундзірах. Паэт адчуў, што яго цела разгінаюць. Як балюча… У вачах згусала цемра. Галасы гучалі здалёк, як з другога канца поля.
— Нясі вядро з вадой!
На твар лінула халодным.
Ён аднойчы тануў у «проланцы», з якой вяскоўцы чэрпалі ваду. Патрапіў туды не з-за таго, што катаўся па лёдзе, а таму, што хацеў зазірнуць у чорную таемную бездань. Бо дакладна ведаў — там, на дне, залатая карона вужынай каралевы. І ведаў, як выглядае: высокія зубцы, на краях якіх дробныя перліны, як расінкі па краях лісця мацярдушкі. І буйныя, як арэх, перліны па коле.
Нават падалося, што ўбачыў светлы круг… І тут жа абрынуўся ў ледзяныя абдоймы вады. Ці вужынай каралевы, што не схацела аддаваць нават чужым вачам сваю маёмасць.
Цяпер зноў падалося — бачыць карону з перлінамі. Кадура паціху выплываў з чорнай палонкі наверх, да залатога круга…
— Устаць, падла!
Боль вярталася, як надакучлівая жонка, якая пачынае сварыцца яшчэ за парогам. Нечы бот ударыў у бок.
— Што ляжыш, зноў верш сачыняеш? Мусіць, трэба ў галаву табе цвік загнаць.
Ён і праўда спрабаваў пісаць вершы нават тут. На ўласных рызманах, на сценах… Заўважылі. І ў якасці пакарання прыбілі руку цвіком да тае ж сцяны, на якой былі надрапаныя няроўныя, тонкія, як пульс паміраючага, радкі.
Не прасіўся і не наракаў. Толькі плакаў ад болю.
Тут хутка пераставалі саромецца крыку, слёз, прыніжаных маленняў.
Проста ён ведаў, што не выжыве. Ад смерці няма зелля.
Вязня паставілі на ногі. І ён сустрэўся паглядам з таварышам Касіянавым. Паглядам не грэблівым, не злосным — добразычлівым.
— Ты разумееш, Кадура, што ты зусім не герой? Напэўна, думаеш — нашчадкі даведаюцца, што ніколі не быў супраць савецкай улады, што органы памыліліся… І ўшануюць цябе, бязвіннага пакутніка. Вершы твае тамінай з залатым абрэзам выдадуць. А ты ведаеш, што знойдуць нашчадкі? — Касіянаў гаварыў амаль спачувальна. Кадура неўразумела глядзеў у яго спакойныя, як плаха, вочы. — А знойдуць яны пратаколы допытаў, у якіх ты прызнаешся ў сваёй шпіёнскай дзейнасці. І называеш, хто з сяброў яшчэ замяшаны. І расстрэльваць цябе ніхто не будзе. Ты паедзеш у высылку, папрацуеш на лесанарыхтоўцы. Потым вернешся, і цябе нават прымуць на працу ў газету «Советская Белоруссия». І ўсе скажуць: ён перавыхаваўся, ён усіх сваіх знаёмых ворагаў савецкай улады выкрыў.
Вусны Змітра задрыжэлі. Вось жа, сволачы, заўсёды намацаюць тую кропку ў душы, дзе яшчэ можа забалець.
— Гэта ўсё няпраўда… Я быў амаль непрытомны, калі падпісваў…
— І хто пра гэта даведаецца? Хто паверыць? — мякка папытаўся Касіянаў. — Асабліва калі ёсць людзі, якія ўсім раскажуць, што ты — шпіён і здраднік. Дарэчы, зараз я па­знаёмлю цябе з такім чалавекам.
Ахоўнікі павалаклі вязня ў суседні пакой.
За сталом, ганарліва адкінуўшы галаву на высокую спінку крэсла і схаваўшы рукі пад стол, у чорным паліто, зашпіленым да падбароддзя, сядзеў прафесар хіміі Валяр’ян Скаловіч.
Кадура моўчкі глядзеў на прафесара. Гарбаты нос, цені вакол прыжмураных вачэй, фанабэрыстыя вусны, неахайныя прадкі валасоў… Рэзкае, непрыгожае аблічча.
Скаловіча многія не любілі. Расказвалі пра яго ўся­лякія пачварныя гісторыі. Згвалціў, забіў, чужую працу прыўлашчыў… Ну і, вядома, стукач.
Але пра самога Кадуру таксама расказвалі ўсялякае. І таксама не любілі.
І яшчэ: Змітро ні разу не бачыў, каб суровы прафесар да кагосьці падлагоджваўся, усміхаўся, калі гэтага не хацелася, гаварыў тое, што чакаюць. Затое казаць гадасці майстар. Самавар, пабыўшы трохі ў кампаніі прафесара, мог закіпець сам па сабе. Ну дык і Кадура на такое здатны.
Сапраўдныя падлюкі так сябе не паводзяць.
Касіянаў нешта балбатаў над вухам пра тое, колькі ворагаў дапамог выкрыць Скаловіч, як ён нават уласных сяброў і студэнтаў не шкадуе. Нават, мусіць, перастараўся. Вось і Кадуру ледзь не прымусіў арыштаваць.
Змітрок моўчкі глядзеў на прафесара. Той не адвёў позірк, толькі скрывіў вусны ў горкай усмешцы.
Кадура дакладна ведаў, што тут нічога не робіцца выпадкова. Мадэст Касіянаў вывярае кожную дробяць. Што яны чакаюць ад гэтай сустрэчы са Скаловічам? Каб ён, Змітрок, узненавідзеў прафесара? Дзіўна… «Сваіх» так не падстаўляюць.
— Давай, падыдзі да яго. Не бойся. Ведаеш, Кадура, можа, ты не так ужо і вінаваты. Ты ж таленавіты паэт. Табе трэба пісаць, друкавацца, аздабляць сваім талентам савецкую ўладу. А з-за гэтага чалавека, з-за ягонай падазронасці, ты пазбаўлены такога лёсу. Мы — што, мы — хірургі, выдаляем з цела дзяржавы пухліны, нарасты, гнілыя часткі. А здаровыя тканкі пакідаем. Разумееш, пра што я кажу, паэт?
Кадура хітнуў галавою.
— Значыць, па-вашаму, я — гніль.
Касіянаў незадаволена скрывіўся — вязень яшчэ можа разважаць. Кепска.
— Гэта вырашылі напачатку не мы, а гэты чалавек, Скаловіч. З-за яго ты тут апынуўся… Уяві: твае вершы, паэзія, а паміж імі і табой — гэты мярзотнік. Не хочаш нічога сказаць яму? Ну, давай жа… Мы не будзем супраць, калі ты з ім пагаворыш як мае быць. Скажу табе па сакрэце — мы ведаем, што прафесар загубіў і зусім нявінных людзей, сваіх сяброў. Яны загінулі з-за яго даносу. Праўда, Скаловіч?
Хімік па-ранейшаму маўчаў, толькі апусціў вочы, і цені на ягоным твары зрабіліся яшчэ глыбейшымі. А Касіянаў асцярожна паклаў на край стала, бліжэй да Кадуры, пісталет і салдацкую дзягу з жоўтай масянжовай спражкай. Вось яно што…
Змітро падняў на Касіянава налітыя крывёю, запухлыя вочы.
— Месяц таму вашы падначаленыя паставілі побач мяне і Петрака… Распранутымі. І прымушалі, каб мы сцябалі адзін аднаго дзягамі. Пятрок згадзіўся… Я — не. І… ён біў мяне… Але вінаваціць беднага Петрака — усё роўна што вінаваціць дзягу. Чуеш, Скаловіч? — Кадура павярнуўся да чалавека ў чорным паліто. — Дзяга не вінаватая.
Прафесар яшчэ больш скрывіў вусны і прахрыпеў, нібыта нешта сціскала яму горла:
— Не… разумнічайце, Кадура. У вас… усё роўна… не атрымліваецца.
Змітро раптам усвядоміў, што горла прафесара сапраўды нешта пераціскае… Ды ён жа проста галавой варухнуць не можа. І рукі недарэмна пад сталом… Вось сволачы, зноў падстава…
А Касіянаў шыпеў над вухам сваё:
— Апраўдайся перад савецкай уладай! Улада ўсё даруе. Яна твая маці. Пакарай гэтага нягодніка, які падмануў тваю маці.
Адчайная весялосць раптам ахапіла ўсю істоту Кадуры — весялосць смяротніка. Ён закінуў галаву і зарагатаў страшным, хрыплым смехам.
— Маці, бля! Ну і дзеткі ў гэтай маці! Ты гаўно, Касіянаў! Ты пралятаеш, як фанера над Парыжам!
Апошняя фраза захлынулася пад ударамі.
Кадура ўпаў… І яму пашанцавала тым страшным шанцаваннем, якое магло здарыцца тут, — яго скронь патрапіла якраз на кут стала з цяжкога цёмнага дрэва.

…Даліла, задыхаючыся, глядзела на мёртвае цела.
Зноў — тыя самыя персоны, той самы кабінет… І зноў — труп. Што за лялькавод тузае за ніты ў гэтай пакутлівай гульні?
Касіянаў лаяўся. Нават твар ягоны страціў падманлівую азызласць і мяккасць, вочы, у сіраты пазычаныя, пасвятлелі ад злосці.
Мёртвае цела вынеслі з пакоя, накрыўшы выбеленай накрухмаленай прасціною.
— А з гэтым што? — папытаўся начальніка адзін са службоўцаў, кіўнуўшы ў бок прафесара.
— У камеру. Да смяротнікаў. Там, дзе з універсітэта ёсць.
— У расход хіба? — здзівіўся асабіст.
Касіянаў злосна павярнуўся.
— Не заслужыў ён хуткай смерці. — І павярнуўся да прафесара: — Чуеш, Скаловіч? Усіх будуць страляць, а цябе — не. На цябе паляцяць чужыя мазгі, пырскі крыві… І так бу­дзе, пакуль не зразумееш: твае выбрыкі бескарысныя. Ты ўсё роўна станеш добраахвотна дапамагаць следству. Рана ці позна. Сваім «я не валодаю гэтай інфармацыяй» ты нікога не падманеш. Усё роўна аддасі нам рукапіс Нічыпаровіча. Бо нікуды не падзенешся ад мінулага. Памятаеш Сяргея і Соф’ю? Што, вочы апусціў? Не, не выйдзе з цябе бязвіннай ахвяры. Бо ты прадаў сяброў. Ты ж сам сабе не дараваў, праўда? І рэвалюцыя табе не даруе, пакуль ты ёй шчыра не служыш. Таму ты станеш слухаць перадсмяротныя крыкі. І крыкі нянавісці ў свой бок. Але будзеш заставацца жывы. Столькі, колькі трэба.
Скаловіч фанабэрыста скрывіў вусны і прахрыпеў, умудраючыся пры гэтым захоўваць невыносна ментарскі тон:
— Вы, шаноўны, хаця я б не спяшаўся надаваць вам такі эпітэт, па-ранейшаму не навучыліся выказвацца лагічна. «Колькі трэба»… Безадноснае вызначэнне, якое траціць сэнс. Трэба — каму? Вам? Мне? Партыі? І, па-мойму, толькі што эмпірычным метадам вам было даведзена, што падтрыманне або спыненне жыццядзейнасці арганізма суб’екта лёгка выходзіць за рамкі вашага кантролю.
Касіянаў амаль адчайна завыў і кінуўся быў на «лектара», але ў апошні момант затрымаўся, сціснуў сківіцы, развярнуўся і выйшаў з кабінета хуткім крокам.
Даліла неверагодным намаганнем узнялася… Забіць! Касіянава трэба было забіць! Позна… Шкада, у яе не мелася ў руках рэвальвера, як у баязліўца Генуся. Яна б не схібіла. Даліла павярнулася да Скаловіча. Ля таго завіхаліся нкусаўцы. Нешта адвязвалі, адкручвалі — ля шыі, на руках… Дапамагалі падняцца.
Скаловіч у сваім доўгім чорным паліто, з-пад якога віднеліся бліскучыя боты з «гармонікам», стаяў пасярод пакоя, нібыта вялізны кажан, і расціраў запясці рук. Яго змрочны худы твар не выказваў нічога. Можна было падумаць, што ён тут гаспадар.
Даліла раптам адчула страшэнны прыліў нянавісці да гэтай персоны. Так, ён — таксама ахвяра. Але ж, падобна, і кат.
Што было далей — Даліла не магла распавесці дакладна. Яна проста зразумела, што яе хвіліны Тут сыходзяць… І апошняя магчымасць нешта выправіць — таксама.
Ужо ў зменлівым мігценні — быццам плёнку ў відзіку пачало «заядаць» — Даліла ўбачыла, што чорная постаць пахілілася і ўпала на падлогу. Як ссечанае дрэва.
І аматарка горкага шакаладу кінулася да прафесара.
Па-за гульнёй-1
Вяртаць з небыцця вас не варта…
Вядома, не варта…
Вы ў неба сплылі —
і забыліся нашых балотаў,
Дзе вуліцай вузкай
начная праходзіла варта,
Дзе крылы даюцца —
ды лётаць чамусь неахвота.
Сцяну, быццам воспа,
пабілі расстрэльныя кулі.
Выбоіны бачна —
а кроў пасплывала з дажджыма.
У жоўтым пясочку
паэты і каты паснулі,
І шашаль да німба
залочаных з’еў херувімаў.
У тэчках са справамі следчымі
спіць Незалежнасць,
Між шчырых даносаў,
нібыта між скураў змяіных.
Рукою, да мура прыбітай,
напішуцца вершы.
І Бог
Беларусь
пералепіць
з палепшанай гліны.
Пад нашымі нагамі, на аблезлай падлозе дома ля могілак, тварам уніз ляжаў чалавек у доўгім чорным паліто, у бліскучых новых ботах з «гармонікам» і зблытанымі цёмнымі валасамі. Даліла пераможна ўзнялася, абапіраючыся рукой аб сцяну.
— Цяпер… усё… скончана.
— Гэта хто, Скаловіч? — ашаломлена прамовіў Макс. — Што ты нарабіла?
— Тое, што не змаглі вы! — прагаварыла зняможаная, але шчаслівая Даліла. Яе зялёныя вочы ззялі, як у амазонкі, што ўсадзіла стралу ў лытку старажытнага грэка. — Я змяніла час. Цяпер у жніўні трыццаць трэцяга няшчасная груша нікога не сцебане па твары!
— Ідыётка! — Макс відавочна не лічыў патрэбным далікатнічаць. — Як ты магла! Успомні маю лічбавую камеру ды мабільнікі! Ты ж забіла яго!
Мы ўсе схіліліся над прыхаднем з іншага часу. У мяне мімаволі вырвалася:
— Ну і смярдзіць!
— Ён не з салона прыгажосці, а з турмы, — пагардліва патлумачыла Даліла.
— Прывід Эдмона Дантэса да ягонага пераўтварэння ў графа Монтэ-Крыста, — скрозь зубы прагаварыў Генусь, датыкаючыся да непрытомнага няўпэўнена, нібыта да шкла з трэшчынай.
— Пераварочвайце яго. Асцярожна.
Калі шчыра, я баялася ўбачыць замест твару нешта пачварнае. Але твар быў звычайны… Хаця гэтае вызначэнне не падыходзіла да аблічча Скаловіча.
У параўнанні з тым, якім я бачыла хіміка апошні раз, падчас яго размовы з Антанінай, ён схуднеў, цёмнае шчацінне надавала яшчэ больш змрочнасці рысам, глыбокая складка між броваў нібыта падоўжылася, а валасы выглядалі, быццам іх уладальніка рыхтавалі на ролю першабытнага чалавека, які жыў да вынаходніцтва расчосак і мыцця галавы. Тым не менш пабояў і драпін на твары не назіралася.
— Жывы! — са здзіўленнем і трывогай прамовіў Макс, намацаўшы пульс хіміка. — Але як жа гэта? Мы ж нават паперкі не маглі адтуль вынесці!
— Значыць, яму было прадвызначана пабываць тут! — упэўнена сказаў Едрусь. — І невядома, дарэчы, колькі ён тут прабудзе. І ўвогуле — чалавек у непрытомнасці. Давайце здымем з яго гэта піжонскае паліто ў стылі готаў.
Я дрыжачымі пальцамі пачала расшпільваць дробныя гузікі.
— Вошай не набярыцеся! — гукнула Даліла, якая ся­дзела на падлозе, прыхінуўшыся да сценкі. — Калі гэты не памёр — дык і вошы маглі выжыць.
Мае рукі яшчэ больш затрэсліся, так што гузікі пачалі выслізгваць з пальцаў. Едрусь узяўся дапамагаць…
Тое, што адкрылася пад паліто, змусіла ўсіх здрыгануцца. Едрусь прысвіснуў, Макс вылаяўся… А мяне ледзь не званітавала.
— Даліла, тут медык трэба… — здушаным голасам вымавіў Генусь і адвярнуўся. Амазонка з падрыхтаваным сярдзітым выразам на твары падышла… І пабачыла тое, што і мы.
Пад дыхтоўным паліто Скаловіч быў апрануты ў адны падштанікі. І тыя парваныя і спрэс у закарэлай крыві. А як выглядала цела — гэта я і цяпер успамінаць не хачу. Не білі прафесара, напэўна, толькі печкай. А шыю апярэзваў чырвоны шнар, нібыта душылі дротам. Такі ж след — на запясцях. Бліскучыя боты аказаліся таксама бутафорыяй — уздзетыя на босыя ногі, чорныя ад бруду і крыві.
Даліла адразу перамянілася — пачуццё доўгу. Хоць, напэўна ж, было ёй самой нядобра. Самі ведаем, як гэта. Але яе адрывістыя каманды надалі нашым дзеянням армейскую зладжанасць і хуткасць.
Калі чалавек, які даўно павінен быў быць спарахнелым мерцвяком, ляжаў на ложку, вымыты, абмазаны лекамі, перабінтаваны і апрануты ў адносна новы фланелевы халат з жоўтымі зайчыкамі на блакітным фоне (застаўся ад Разаліі Іванаўны, а нічога лепшага не знайшлі), Даліла строга, як вынік фінансавай праверкі дзяржкантролем чарговай дробнай фірмы, абвясціла:
— Зламана два рабры. Ну, можа, і ў другіх рэбрах ёсць трэшчыны — не ведаю. Галоўнае, каб ныркі працавалі… Бо сляды на спіне — быццам дошкай прыклаліся… Ці трубою. Там-сям невялікія нагнаенні, гэта зажыве. Акрамя звычайных ран, ён яшчэ і пакусаны. Сабакамі цкавалі, ці што? І кіпцямі драпалі… Вялікіх унутраных пашкоджанняў не заўважаю, хаця я ж не доктар. Я ўкалола антыбіётык, а паколькі ў гэты арганізм антыбіётык не трапляў раней ніколі, то — спрацуе. Ну, і яшчэ… Яму патрэбная спецыяльная дыета. Пакуль што прынясу з працы кропельніцу… Будзем даваць глюкозу.
Я мімаволі зірнула на нашага госця. Спалучэнне бледнага твару з кручкаватым носам і фланелі ў зайчыкі выглядала хутчэй недарэчна, чым смешна.
— А калі ён усё-ткі памрэ?
Даліла паціснула плячыма.
— Дык ён жа і так памёр.
Самае галоўнае было — каб ніхто не даведаўся, што ў доме ля могілак ляжыць непрытомны чалавек без дакументаў. Суседнія дамы «прыватнага сектара», у прынцыпе, стаялі далекавата. Даліла ні з кім з суседзяў не кантачыла — або алкашы, альбо бізнесоўцы, што выкупілі дамкі ў згаданых алкашоў і на іх месцы збудавалі свае шыкоўныя вілы. Бізнесоўцы амаль усе выглядалі гэткімі ўсходнімі баямі, так што ніякіх стасункаў з імі быць не магло. З дакументамі на хату ўсё даўно ўладжана — Даліла, адзіная спадчынніца, спраўна плаціла за святло, ваду, газ ды іншыя даброты, якія прадастаўляла хаце на могілках шчодрая дзяржава.
Адно выклікала непакой: пару разоў наведваліся нейкія мужыкі ў касцюмчыках з тэчкамі пад пахамі. Распытвалі, хто прапісаны, ці адна Даліла тут жыве, ці не збіраецца прадаваць дамок… І нават нешта намякалі пра падазроныя абставіны смерці былой гаспадыні. Раён прэстыжны, цэнтр. Хата-развалюха каштоўнасці не ўяўляе, але ж ахвочых атрымаць гэты кавалак зямлі шмат.
Каб яны яшчэ ведалі, што ў дадатак да гэтага кавалка!
А з дадаткам атрымалася цікава. Не працаваў ён. Макс спрабаваў на наступны ж дзень па з’яўленні Скаловіча Туды прайсці — і толькі аб сценку стукнуўся.
Зачыніўся ход. Як клетка, у якую пасадзілі паддоследных трусоў.
Часам мне нават хацелася паўглядацца ў столь і пашукаць гіганцкае вока назіральніка.
Як мы ні вызіралі гістарычных зменаў вакол, нічога не заўважалі. Жалезны крыж з масянжовым вяночкам над унукам Касіянава Севам стаяў, як і раней. Ні літары ў энцыклапедыях не зрушылася. Ні адной паперкі ў архівах.
І самае застрашлівае — паўсюль напісана, што Скаловіч быў расстраляны ў 1934-м. А мы ж скралі яго, калі верыць звесткам пра час смерці Змітрака Кадуры, з траўня 1933-га…
Генусь сцвярджаў, што гэта таму, што насамрэч мы падарожнічаем не ў той трыццаць трэці, які ўсе ведаем, а ў ягоны цень, астаткавы след, марэнне… Макс разважаў на тэму шматварыянтнасці гісторыі. Магчыма, у нейкай — іншай — Беларусі і змянілася нешта ад знікнення Скаловіча. І Разалія Іванаўна Касіянава дзесьці пражывае са сваім мужам Усеваладам Касіянавым і гадуе ўнукаў.
А я была згодная з Едрусем. Гісторыя зрабіла маленькую пятлю на сваёй трасе. Яе кола толькі трохі збочыла на няроўнай дарозе. Скаловіч у любое імгненне можа вярнуцца. Як вярталіся мы ў свой час.
Пытанне: што рабіць, калі ён раптам апрытомнее?
Скажаце, нічога страшнага? Едрусь думаў па-іншаму. Мы вандравалі ў мінулае, якое і так добра ведалі. А вось вяртаецца з будучыні ў свой час гэткі Настрадамус, які можа прадказваць падзеі і вынаходніцтвы… Другую сусветную, смерць Сталіна, уз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі, гібель Купалы ў гатэлі «Масква», Хатынь і Чарнобыль…
А то яшчэ — ён жа вучоны! — змайструе ў сваім трыццаць трэцім атамную бомбачку ды рване ворагаў сваіх.
Карацей, ачуняе Скаловіч — ніякай інфармацыі не даваць! Светлае будучае не паказваць! Ніякіх сотавых, тэлевізараў, камп’ютараў…
А што з ім, у такім выпадку, рабіць?
Не ведаў ніхто. Падазраю, што ўсе мы былі ўпэўненыя, што тым і скончыцца. Паляжыць непрытомны — і аднойчы знікне. Гэтак жа нечакана, як з’явіўся. У нас жа няма для яго «цудадзейнага электуарыя па шэсць пенсаў за пінту», якім у XVI стагоддзі ратавалі паміраючых. Па-добраму, яго б у бальніцу, у рэанімацыю…
Адна Даліла ўпарта не верыла, што яе высілкі дарэмныя. Можа, праз месяц нешта зменіцца… Праз год… Скаловіч не павінен вярнуцца! Часам мне падавалася, што мая сяброўка кідае на хворага крыважэрныя позіркі. Думаеце, я перабольшвала? Не было ў мяне пэўнасці, што мы не пераступім «мяжу ягняці»… Гэта калі ператвараешся з ахвяры ў драпежніка. Мы ж тады са смерцю зжыліся, як лялькі ў беларускай батлейцы.
А яшчэ пры поглядзе на выснажаны твар хіміка, на яго рукі з доўгімі вытанчанымі, але моцнымі пальцамі — у вене тырчэла голка кропельніцы — мне рабілася страшна. Містычны страх — найгоршы ад усіх. І гэта не прывід у цёмным калідоры. Гэта звычайная рэч у неўласцівых ёй абставінах, якая паводзіць сябе не так, як трэба. Акно адчыняецца само, спрацаваная рука дэхканіна высоўваецца з калоны мячэці… Чалавек, якога расстралялі шмат гадоў таму, ляжыць на тваім ложку ў жаночым фланелевым халаціку.
І, між іншым, выбачайце за фізіялагічную падрабязнасць, яму трэба час ад часу мяняць памперсы (Даліла прывалакла цэлы пачак са шпіталя — адмыслова для ляжачых старых). А штучнае кармленне… Ад аднаго ўспаміну ўва мне прачынаецца гарачая малітва аб тым, што калі надыдзе мая ўласная канчына, каб была яна хуткай і без такога вось «абслугоўвання».
А верасень нават у горадзе быў прыгожы. Гэткі месяцатвары паніч у залатых ботах, жупане і з завушніцай. Чаму? Таму што мне цікава ўяўляць моду часоў французскага караля Генрыха Трэцяга, які трохі пакіраваў Рэччу Паспалітай, пакуль не збег ад дзікуноў-сарматаў уночы, не развітваючыся… Дваране насілі парыкі, пудрыліся, фарбавалі вусны, насілі завушніцы, паліравалі пазногці, апраналіся ў аксаміт і атлас, расшытыя перлінамі… І кожнае імгненне маглі выхапіць шпагу, маглі гэтак жа лёгка, як таньчылі ці спявалі рандэлі, забіць ці быць забітымі альбо патрапіць у катавальню… А пад бліскучай адзежай ва ўсіх — нават у караля — хаваліся шнары ад «самабічавання»: каталікі лічылі абавязковым падобнае «ўціхамірванне плоці».
Пад залатой адзежай восені таксама ёсць крывавыя таямніцы. Увогуле люблю восень. Адзін малады паэт на літсуполцы, куды я хадзіла, пакуль не псіханула на заўвагі, напісаў верш, які пачынаўся: «Верасень, Кастрычнік, Лістапад»… І далей абыгрываў тое, што першыя літары гэтых слоў утвараюць «ВКЛ». Вялікае Княства Літоўскае. Прыўкрасны, залаты наш міф, адабраны суседзямі. Разумееце, і нічога прыдумваць не трэба — у саміх восеньскіх назвах ужо паэзія, гісторыя і трывога.
Мы па чарзе дзяжурылі ў дамку ля могілак. У пятніцу, пасля самай паскуднай лекцыі з філасофскай назвай «супраціўленне матэрыялаў», надышла мая чарга. Даліла загадала па сотавым працерці маззю з непрыстойнай назвай «салкасерыл» раны на шыі і руках хіміка — ніяк не жадалі загойвацца, хаця прамінуў тыдзень.
Я асцярожна вадзіла кавалкам марлі па шыі Скаловіча, у які раз вывучаючы ягонае аблічча. На скронях сівізна. Глыбокая зморшчына між густых броваў, ганарлівая складка вуснаў, нос… Ну, не так ужо кручком, але велікаваты, з гарбінкай. Падбароддзе, якое ў дэтэктывах любяць называць «валявым». Нешта было ў гэтых рысах… Змрочная ўнутраная моц…
І раптам павекі здрыгануліся, і ў мяне ўтаропіліся цёмныя вочы.
Па-за гульнёй-2
Я апынулася на валасіну ад таго, каб заверашчаць самым стэрэатыпна жаночым, і ад таго страшэнна агідным маёй феміністычнай натуры чынам.
А вочы глядзелі зусім не каламутна, а цалкам наадварот.
Разумна і нават пранізліва яны глядзелі.
Цяпер было відно, што яны не чорнага, а хутчэй цёмна-зялёнага колеру.
Як вада ў віры.
Я выпусціла з рукі марлю і ўскочыла з ложка. Але гэта быў толькі пачатак майго кашмару. Прафесар адкашляўся… І загаварыў. Нізкім голасам, яшчэ хрыплым, слабым, але ўжо з дозай атруты.
— Я, здаецца, не прасіў вас, спадарыня, аб паслугах сядзелкі.
Я так разгубілася, што язык адняло… Затое ў прафесара язык усё болей развязваўся.
— Вы што, на тыфус хварэлі? — пільны позірк на мой чорны «вожык». — А валасы пафарбавалі ў спадзеве, што адрастуць хутчэй?
— Не, гэта… модна, — вырвалася ў мяне абсалютовая бязглуздзіца. Я ж ніколі не мкнулася за маскультам — я ж эксклюзіў. Андэграўнд.
— А дрот у губе — таксама мода? У знак салідарнасці з заняволенымі ў кайданы неграмі Анголы? Ініцыятыва пярвічнай камсамольскай ячэйкі?
Здаецца, мае шчокі пачырванелі. А цёмныя вочы Скаловіча ўжо слізгалі па пакоі, затрымаліся на кропельніцы.
— Гэта… абавязкова? — ён прыўзняў руку з голкай, ад якой цягнуўся празрысты катэтар з сілкавальным расчыннем.
Я моўчкі хітнула галавой. Мяне ўсё больш палохала, як хутка Скаловіч адаптуецца, ужываецца ў гэтую прастору і як хутка яго розум здатны рабіць супастаўленні і высновы. Да таго ж не падобна, каб ён адчуваў у нашым часе той дыс­камфорт, што мы — у ягоным… А прафесар разважаў услых, не чакаючы маіх адказаў.
— Гэта не турма. На вокнах няма кратаў. Не бальніца. Пахі не такія. З вас гэткая ж сястра міласэрнасці, як з прэс-пап’е рэторта. На міліцыянтку вы таксама не падобны. Хутчэй на гімназістку, якая гуляе ў беспрытульніцу.
Павярнуў, як мог, галаву.
— О, абраз у куце… Значыць, сюды не заходзяць… так бы мовіць… прадстаўнікі ўлады. На абразе павуцінне… Яго не здымалі, не перахоўвалі… Я за мяжой? Заходняя Беларусь?
Што заставалася рабіць? Я няпэўна хітнула галавой, нешта мармытнула пра «пачакайце» і кінулася на кухню — тэлефанаваць Даліле і ўсім увогуле.
«Я не спраўлюся з гэтай сітуацыяй!» — закрычала мышаня Джэры, запхнутае катом Томам у мікрахвалёўку.
Першыя дажджынкі ўдарыліся ў нямытыя шыбы, і гэта было падобна, нібыта першакласнік размазаў слёзы па сваім мурзатым твары. Праз пятнаццаць хвілінаў чакання я ўбачыла між могілкавых прысадаў чорную куртачку Далілы. У адзін час з вахцёркай прыцягнуўся Генусь. Макс таксама дзесьці сарваўся з працы, але яму далёка ехаць — іхні архіў нядаўна перавялі ў нейкую цьмутаракань (а нечага было ладзіць сховішча ў сценах старой царквы). Едрусь не ў доступе — дзесьці «лабае», і, вядома, музыка іхняга гурта перашыбе піск любога мабільніка.
— Добры дзень, Валяр’ян Іванавіч! — афіцыйна пачала Даліла. Яна яшчэ не ведала, з кім размаўляе… А я за той час, што «кобра» дабіралася сюды, паспела зразумець. І дайсці да маральнага стану школьніцы, заспетай за спальваннем дзённіка. Скаловіч утаропіўся суровым позіркам у Далілу.
— Вы, шаноўная, тут гаспадыня, ці не так?
Даліла па-ранейшаму захоўвала афіцыйны тон.
— Так, вы ў маёй хаце. І прашу вас…
— Вы — можаце мяне прасіць. Вось толькі я — не прасіў вас ні аб «ратаванні», ні аб змене адной турэмнай камеры на другую.
— А што, лепей было вас там пакінуць? Чакайце… — схамянулася Даліла. — а чаму вы вырашылі, што гэта мы вас забралі з турмы?
— А вы мне самі толькі што пра гэта распавялі, — задаволена прамовіў хімік. — І, мяркуючы па вашых «перакуленых» фізіяноміях, мая прысутнасць, асабліва ў жывым выглядзе, не ўваходзіць у вашыя планы.
Я першы раз пабачыла, як Даліла разгубілася. Яна нават павярнулася і абвяла вачыма нас, нібыта чакала падказкі.
— Вы зусім хворы. Вам трэба ляжаць…
— Давайце я сам буду вырашаць, як сябе адчуваю. — Скаловіч пацягнуўся і прыўзняўся на ложку. Я заўважыла, што ён сціснуў сківіцы — відаць, ад болю. Паглядзеў на голку ў вене.
— Быў бы ўдзячны, каб вы гэта дасталі.
Я паслухмяна падбегла. А Валяр’ян Іванавіч ужо круціў у пальцах катэтар.
— Цікавы матэр’ял… Што за рэчыва?
Даліла імгненна падскочыла і выхапіла з пальцаў Скаловіча тонкую празрыстую трубачку. У ягоным часе такія палімеры яшчэ не вынайшлі.
Скаловіч насмешна зірнуў на Далілу. Потым адкінуў трохі коўдру і агледзеў Разалін халат.
— Гэта таксама… «мода»?
— Разумееце, мы не маглі знайсці для вас іншага адзення… — замармытала я.
— Цікавая афарбоўка… — Скаловіч зноў мацаў сваімі доўгімі пальцамі прадмет з «сакрэтнай інфармацыяй», дакладней, фланель з малюнкам у жоўтыя зайчыкі. — Да бавоўны нейкі дамешак… Пакуль не магу вызначыць.
Я чамусьці ўспомніла сярэднявечных алхімікаў, якія маглі, паводле летапісу, неяк зачытанага Максам у кавярні «Лондан», «ракавіны ад вустрыцаў ператвараць у вочы краба, просты алей у салодкі міндальны, ваду з ракі ў aqva cіnnamonі». Погляд прафесара далей «сканаваў» хату… Генусь нават пасунуўся наперад, нібыта спадзяваўся захіліць рэаліі нашага часу. А цёмныя вочы госця трохі пашырыліся ад здзіўлення: на чорнай майцы Тэрмінатара красаваўся Ленін у навушніках, перад мікрафонам, і надпіс па-чэшску: «Рэвалюцыя рок-н-ролу».
Скаловіч адкінуўся на падушку, заплюшчыў вочы і прамовіў фразу, якая нас дабіла:
— Які гэта год?
Вось і ўся канспірацыя. Супраць такога інтэлекту мы былі, як удзельнікі турніру дваровых хакейных каманд «Залатая шайба» сярод гульцоў НХЛ.
У выніку давялося распавядаць больш-менш праўдзівую гісторыю… Патлумачылі і тэорыю Едруся. Чалавек з мінулага ляжаў, заплюшчыўшы вочы і сурова падціснуўшы вусны. Нарэшце мы выказаліся і змоўклі. Маўчанне рабілася ўсё больш трывожным.
— Выдатна… — Скаловіч зноў прыўзняўся і абвёў вачыма кампанію. — Купка самаўпэўненых маладых асобаў узялася вырашаць чужыя лёсы. Ведаў я такіх… І бачыў, чым скончылася. Якая безадказнасць! Гэта вы! — погляд, востры, як скальпель, упёрся ў Далілу. — Што гэтак пераклініла вашыя вартыя жалю мазгі, калі вы цягнулі мяне сюды? З чаго б такі подзвіг?
Голас прафесара гучаў цяпер амаль напоўніцу — каб тут была школьная парта, я б схавалася пад яе ад гэтых грымотаў. Нават Генусь толькі паперхваў ды мыкаў, нібыта рыхтуючыся і не наважваючыся запярэчыць. Адна Даліла зрэагавала як ёй было ўласціва. Гэта значыць — не так, як усе. Раз’юшылася і выкрыкнула:
— А што, вам так падабалася ў катавальні? Я забрала вас, каб не губілі людзей! Вы — даносчык! І я не дапушчу, каб вы вярнуліся!
Скаловіч нечакана супакоіўся, нібыта пачуў правільны адказ на іспыце, і з’едліва пасміхнуўся.
— У такім выпадку, вам варта было ад мяне зусім пазбавіцца. Што, смеласці не хапіла?
Даліла знямела ад абурэння. Вось цяпер было цалкам зразумела, чаму гэтага чалавека так не любілі і лёгка верылі ў ягоную падступнасць. Гэтак цвеліць кожнага сустрэчнага! Але я памятала Антаніну…
— Паслухай, Даліла… Хіба з таго, што мы ўсе бачылі, вынікае, што Валяр’ян Іванавіч даносчык? Яго катавалі… Яго паказвалі вязням, каб тыя ненавідзелі яго — не катаў. Скажыце, прафесар, — звярнулася я да Скаловіча, — вы сапраўды даносілі на ўсіх гэтых людзей? На Кадуру, на Замоцкага, на Нічыпаровіча? На іншых з універсітэта?
— Толькі не трэба маніць, — раптам вельмі сур’ёзна прагаварыў з-за маёй спіны Генусь.
— Калі ласка, скажыце… — умольна прамовіла я. — Гэта… вы рабілі?
Скаловіч зноў ляжаў на падушцы, заплюшчыўшы вочы, і маўчаў. Потым яго вусны варухнуліся:
— Не.
І ганарліва паглядзеў на Далілу.
— Але гэта не мае значэння.
І дадаў невыносна загадным тонам.
— Падайце мне вады. Думаю, шклянкі ў вас яшчэ самі не лётаюць.
І — дзіва — Даліла моўчкі рушыла ў бок кухні.
А прафесар, гледзячы ў чорную, быццам абгарэлую, драўляную столь, прагаварыў, як працытаваў:
— У вашым часе можна набыць нацельны крыжык? Спадзяюся, гэта вас не збанкруціць? І кнігі мне прынясіце! Усё роўна якія. Толькі не бульварныя раманы і не кулінарыю.
Па-за гульнёй-3
Дрэва хутка прагніе,
Камні скоцяцца на дно,
Сталь-жалеза з’есць іржа,
Срэбра-золата скрадуць…
Абрушыўся Лонданскі мост,
Абрушыўся Лонданскі мост,
Абрушыўся Лонданскі мост,
Лэдзі мая, лэдзі…
Валяр’ян Скаловіч ляжаў на ложку, накрытым коўдрай з надпісамі «Чыкага», і пахавальным голасам зноў і зноў напяваў песеньку лонданскіх беспрытульнікаў, нібыта яе словы былі надрапаныя на столі, куды прафесар упарта пазіраў. Макс, які гібеў за сталом над рэфератам — узяўся чытаць лекцыі па гісторыі ў каледжы, у чарговы раз парываўся папрасіць нашага госця змоўкнуць, але не наважваўся. Пазнаёміўся ўжо з характарам прафесара. Выглядаў Скаловіч трохі лепей, тым больш апрануты ён быў ужо не ў фланелевы халацік, а ў чорную кашулю і джынсы — волат Макс, які быў аднаго росту з прафесарам, адшкадаваў. Чамусьці ў гэтым прыкідзе хімік з мінулага нагадваў старога рокера. Яму б яшчэ Едрусеву гітару… Вось толькі Едрусь нават сябрам гітару не давярае. Я часам зайздросціла гэтаму кавалку фанеры з металёвымі дратамі — як яго любяць! Як песцяць!
Але Даліла даўно сцвердзіла, што ў нашай тусоўцы каханне — канец сяброўству, і трэба душыць здрадніцкія гульні гармонаў.
Якраз цярплівы, але адораны тонкім музычным слыхам Едрусь першым не вытрымаў дэпрэсіўнага спявання, хаця голас Скаловіча быў досыць прыемны. Млынар выйшаў з кухні, куды Даліла адаслала яго чысціць бульбу:
— Спадар Валяр’ян, вы б лепей распавялі нам штосьці.
Скаловіч нават галавы не павярнуў.
— Я не на лекцыі, малады чалавек. А наймацца расказчыкам да вас не збіраюся.
Каб на месцы Едруся быў Генусь, усчалася б раздражнёная дыскусія. Але Едрусь толькі паціснуў плячыма.
— І ўсё-ткі… Невядома, колькі вам тут удасца прабыць. Ёсць шанец нешта перадаць нашчадкам.
— Не думаю, што ў вашым часе ў мяне маюцца на­шчадкі, — са змрочным гумарам прагаварыў Скаловіч. У мяне чамусьці сціснулася сэрца… Сапраўды, ён жа самотны. Такі страшэнна самотны. Я папрасіла:
— Ну вось хаця б… Мы ведаем, што вашы бацькі былі артыстамі. А дзе яны ігралі? У якім тэатры?
Прафесар адарваўся ад сузірання столі і змерыў маю сціплую постаць паглядам, як таполю перад спілаваннем.
— Так-так… Суд нашчадкаў… Не спадзяваўся, што ён выявіцца такім матэрыяльным. Вось толькі не разумею, для чаго вам падрабязнасці майго асабістага жыцця?
— Таму што вы — гэта ўжо гісторыя. Наша гісторыя. На якую мы маем права, — сярдзіта патлумачыў Едрусь. Макс адарваўся ад сваёй працы і натапырыў вушы. З прафесара яшчэ не ўдалося выцягнуць ніводнага расповеду.
— Гэта значыць, што я размаўляю з вамі нібыта з магілы? — пракаментаваў Скаловіч.
— Можа, і так… Ну дык і чаго вам тады замоўчваць? Чаго саромецца — у магіле? Я на вашым месцы распавёў бы ўсё сваё жыццё да драбніцаў. Мы адзін для аднаго — цені. Але дзякуючы вам, можа, адновяцца хоць якія аскалёпкі мінулага. Вы ж сябравалі з Нічыпаровічам — ведаеце, як нішчылася наша гісторыя. Можа, нейкіх вартых людзей без вашай дапамогі сёння ніхто і не ўспомніць. Так што давайце — пасмяротную споведзь.
Логіка Едруся, відаць, падзейнічала. Хімік і сам, падобна, быў аматар чорнага гумару:
— Хм… Споведзь з магілы… Ведаеце, часам і ў магіле варта памаўчаць і даць сябе засыпаць. У Парыжы… — хімік запаволіўся, нібыта вырашаў, ці варта прыадчыняць перад намі карціны мінулага, але ўздыхнуў і працягнуў гаварыць. — Так, у Парыжы, яшчэ перад вайной… мне даводзілася слухаць старую спявачку, па мянушцы Гулю, Ненажэрная, якую гадоў пяцьдзясят да гэтага маляваў геніяльны карлік Тулуз-Латрэк. Яна танцавала канкан у Мулен-Ружы, калі гэта лічылася яшчэ страшэнна непрыстойным, і любая гандлярка зелянінай мела права шпурнуць ёй у спіну гнілы памідор. Цяпер парыжане любілі яе і шанавалі, як найкаштоўнейшую рэліквію. Уявіце сабе — сцэна з чырвоным аксамітам, натоўп слухачоў, уся багема… І вось выходзіць яна, у дэкальтэ, панчохах у сетачку… І, ведаеце, такі дзіцячы ружовы бант — вось тут, на шыі. А скура вісіць, як пусты кашалёк. І голас… Як паламанае кола коціцца — кожнай спіцай у брукаванку. Са мной была… адна экзальтаваная асоба. У шараварах. Дык пачала крычаць: «Змоўч! Змоўч! Гэта ганьба для ўсіх жанчын!» Французы нас ледзь не прыбілі.
Скаловіч памацаў свой гарбаты нос, відаць, успамінаючы падрабязнасці размовы з французамі.
— Мая маці таксама насіла панчохі ў сетачку. Артыстка… Толькі не тэатра, а балагана. У вас ёсць балаганы? Калёсы з палатняным верхам, размаляваным грубымі кветкамі. А там… Свая маленькая дзяржава. Стары леў, які так неахвотна выходзіць са сваёй клеткі, нібыта яе пруты зрасліся ўжо з ягонымі рэбрамі. Пры ім дрэсіроўшчык, таксама стары і запаволены, з сівымі доўгімі вусамі — ён быў дырэктарам балагану. Таўсманная чэрававяшчальніца з маленькімі вусамі на верхняй губе. Яе звалі Трыксці, яна была добрай і дурнаватай. Гэта яна навучыла мяне чытаць, і каментавала прачытанае мною таямнічым пранізлівым голасам, які сыходзіў, аднак, не з яе жывата, а нібыта збоку. Я нават бегаў і шукаў, хто гэта гаворыць, а яна смяялася. Быў яшчэ гутаперчавы хлопчык трыццаці гадоў, які не еў мяса, каб не патаўсцець і не пачаць выглядаць на дарослага. Ён доўга ненавідзеў і пабойваўся мяне, як магчымага канкурэнта. Сям’я ліліпутаў — мужык і жонка з аднолькавымі круглымі тварамі, нібыта ў масках, пажаўцелых і перакрыўленых ад часу. Кітаец, які ўмеў круціць на бамбукавых палках талеркі — адразу па шэсць. Ён ставіў палкі на плечы, на далоні, на лоб і нагадваў гіганцкага жука, што абмацвае вусікамі паветра ўнутры слоіка. Ну і — мае бацькі. Факір з асістэнткай.
— Як цікава! — я не магла стрываць захапленне. — Цырк! У вас было незвычайнае дзяцінства!
Скаловіча перасмыкнула.
— Незвычайнае? Мабыць… Ведаеце, які мой першы ўспамін? Чырвоны азадак малпы. І вакол яго — фальбоны бліскучай фіялетава-зялёнай спадніцы. «Сцены» з шэрай тканіны пагойдваюцца, у адной са «сценаў» — дзірка, і з яе цягнецца да мяне пыльны дрыготкі прамень, як сонечная змяя… Гэта значыць, мяне везлі ў фургоне. Так, цыркавыя дзеці маюць шмат уражанняў, недаступных іх равеснікам. Яны ў казачных касцюмах, як маленькія прынцы і прынцэсы, выскокваюць з люстраных шафаў фокуснікаў, выносяць на сцэну белых галубоў, прадаюць у антрактах кветкі і цукеркі, круцяць сальта… Але маім бацькам не пашэнціла. Я рос занадта няўклюдным і непрыгожым, і мяне маглі прыстасаваць толькі да аднаго — каб сядзець унутры механічнай мадам Таро, васковай варажбіткі з жалезным чэравам, і націскаць на рычажкі, з дапамогай якіх мадам выцягвала для жадаючых даведацца свой лёс карты. Пры гэтым яна варушыла васковымі вуснамі, і я мусіў гаварыць тое, чаму мяне навучылі, у спецыяльную трубачку. Мой дзіцячы голас з дапамогай хітрага прыстасавання ператвараўся ў нізкі, таямніча прарочы. «Цябе чакае казённы дом»… «Мар’яж»… «Бойся віновай дамы»… Трэба прызнацца, унутры гадальшчыцы было цеснавата, нават для васьмігадовага.
Балаган вандраваў ад Беластока да Мелітопаля, ад Пінска да Смаленска… Падчас буйных кірмашоў мяне саджалі ў жалезны футарал уранку, а даставалі, калі між крытых саломай альбо чарапіцай дахаў, як вялізны засынаючы чорны воўк, варочалася ноч і п’яныя месцічы гублялі ўсялякі інтарэс да сваёй гіпатэтычнай будучыні. Адзін раз, памятаю, мяне ўвогуле забыліся вызваліць, і я праседзеў у чэравэ мадам усю ноч. Плакаць і крычаць баяўся — мне настрога забаранілі падаваць прыкметы жыцця. Як толькі нехта даведаецца сакрэт васковай прадказальніцы — канец усяму балагану. Людзі любяць, калі іх падманваюць, і ненавідзяць тых, хто робіць гэта кепска.
Скаловіч замаўчаў, амаль мройна гледзячы ў столь. І ўвогуле падчас расповеду ягоны голас гучаў, нібыта ён успамінаў, як гувернёр яго «и в Летний сад гулять водил».
— А як жа хімія? Навука? — папытаўся Макс, і я заўважыла, што наш архівіст крадма ўключыў дыктафон. Вось жук.
— А хімія мая там і пачыналася, — патлумачыў Скаловіч. — Бацька заўсёды прымушаў мяне дапамагаць у падрыхтоўцы рэчываў для ягоных фокусаў. Ён спецыялізаваўся на агні. Ад яго дакранання ўспыхвала рознакаляровае полымя, ён трымаў агонь на далоні, глытаў яго, праводзіў праз зыркае вогнішча маю маці — у ружовай пышнай кароткай сукенцы і чорных ажурных панчохах… Маці была такая прыгожая. Я страшэнна раўнаваў яе да ўсіх, што глядзелі на яе вачыма, у якіх нібыта скакалі адбіткі пякельнага полымя, да ўсіх, каму яна ўсміхалася, пасылала паветраныя пацалункі… Мяне яна не цалавала ніколі. Аднойчы я парваў яе панчохі на ніткі і кінуў у клетку да малпы.
Я змешваў парашкі, расціраў цвёрдыя камякі мінералаў, асцярожна пераліваў каляровыя вадкасці… Запамінаў назвы, распытваў… Крадма эксперыментаваў — атрымліваліся то выбухі, то смярдзючы дым, то бескарысныя згусткі… Яшчэ мой бацька меў кнігу на нямецкай мове «Вялікае мастацтва артылерыі», у якой апісвалася, акрамя іншага, як учыняць розныя феерверкі, рабіць петарды, афарбоўваць агонь… Рабіць пірафігуры — Бахуса, які пускае з кубка вогненную вінную пену, а пасля знікае ў «ачышчальным агні», «лятучага дракона», «крывавага Марса»… Мадам Трыксці, абруселая немка, дапамагла і тут… Я слова за словам разбіраў тэкст, і толькі пасля даведаўся, што аўтар самай чароўнай кнігі майго дзяцінства — беларус сямнаццатага стагоддзя Казімір Семяновіч, генерал-лейтэнант кароннай артылерыі Рэчы Паспалітай. Ну а сапраўдная навука з’явілася дзякуючы бабулі. Мяне падкідвалі да яе на зіму, калі з гастролямі было цяжка. А калі я падрос, яна аддала мяне ў школу — літаральна адабрала ў маці… Прыгразіла, што заявіць у паліцыю, быццам яны ў балагане змушаюць мяне ўдзельнічаць у сеансах чорнай магіі.
— Напэўна, яна вас любіла? — пацікавілася я.
— Як можна любіць адроддзе шатана? — прамовіў хімік без ценю крыўды. — Пані Леакадзія была прыстойнай удавой паштовага служачага з Менска. Гадавала адзіную дачку, прыгажуню Юльяну… У гімназіі вывучыла. А тая збегла з факірам-венграм з імем Янош Рагоцы з праезджага балагана.
— Чакайце, але ж у вас не венгерскае, а беларускае прозвішча? І па бацьку вы — Іванавіч? — удакладніў Макс, старанна захінаючы рукою дыктафон.
— Іванавіч я таму, што перайначыў Яноша ў Івана. А прозвішча матчына — таму што мае бацькі не вянчаліся, — патлумачыў Скаловіч. — Бацька ўжо быў жанаты — ці то ў Польшчы, ці то на Украіне… Увогуле, не ведаю, ці сапраўды ён венгр, як дэклараваў. У цырку часта называюць сябе экзатычнымі імёнамі. Не чуў ад яго ні венгерскіх песень, ні цікавасці да лёсу радзімы. Памятаю толькі, ён расказваў на ламанай расейскай мове пра парослыя вінаграднікамі горы, на вяршынях якіх стаяць старыя кляштары, як арліныя гнёзды. Пра атары авечак, якія яму ў дзяцінстве трэба было пасвіць. Ён таксама ў свой час прыбіўся да вандроўнага балагана і збег ад мачыхі. Вось тут, над брывом, у яго быў шнар ад удару кнутом. Казаў — гэта яго пабілі аднасяльчане пасля таго, як згубіў ажно шэсць авечак. Падняўся нейкі віхор, яны спалохаліся, паляцелі ў прорву… Помню яшчэ, я страшэнна хацеў прымерыць шыкоўны венгерскі касцюм Рагоцы для выступленняў. Сіні, з залатымі кунтушамі… Бацька быў прыгожы. Спрытны, дужы, гучнагалосы, з чорнымі вусамі, якія закручваліся ў кольцы, з буйнай чорнай грывай валасоў… Ці любіў ён мяне? Было пару разоў, праганяў тых, што мяне крыўдзілі. Але асаблівай пяшчоты не выяўляў. Лупіў, вядома… Тыя, каго ў дзяцінстве білі, іншага выхавання не ўяўляюць. А маці… З бацькам яны таксама ўвесь час біліся. Рагоцы меў палюбоўніц, напэўна, у кожным мястэчку, дзе мы спыняліся. Аднойчы ён прывёў у балаган чарнявенькую хахлушку з вялікай чорнай радзімкай на верхняй губе і сказаў, што яна будзе ягонай новай асістэнткай. Не, маці з балагана не сышла. Куды? На Ляхаўку, да беззаганнай захавальніцы нораваў Леакадзіі Пятроўны? Сышлася са старым дырэктарам-дрэсіроўшчыкам, і ў ягоны нумар з ільвом дадаліся дрэсіраваныя пудзелі, з якімі спраўлялася «мадэмуазель Юльяна Скало». Я гадзінамі расчэсваў паганую поўсць тых чатырохлапых брахлівых артыстаў… Так што сабак не люблю яшчэ больш, чым панчохі ў сетачку. Калыханак маці мне дакладна не спявала. Мне ўвогуле здаецца, што яна, нарадзіўшы ў шаснаццаць, так і не ўсвядоміла да канца, што зрабілася маці. Часам песціла мяне, як ляльку. Потым адкідала… Як зламаную ляльку. Калі я падрос і зрабіўся зусім непрыгожы, увогуле забараняла пры чужых называць яе мамай. Я ж быў байструк. Тэорыю Аляксандры Калантай пра вольныя сэксуальныя адносіны тады яшчэ не ўзаконілі. І я дзіця граху.
— Гэта перажытак — так казаць! — абурылася я. — Дзяцей дае Бог.
— Шкада, вы не сустрэліся са спадарыняй Леакадзіяй Скаловіч, маёй бабуляй, каб пераканаць яе ў гэтым. Да таго ж, я працягваў бываць у балагане. Мяне час ад часу зноў забіралі бацькі, і я грашыў там сярод грэшнікаў «блазнаваннем і чарнакніжніцтвам». Як пазашлюбнага, бабуля мела права ўвогуле адабраць мяне ў маці. Але ўзвальваць на сябе такі крыж назаўсёды? Не. Калі маці адвозіла мяне назад у Менск, на Ляхаўку, мяне чакала шматдзённае пакаянне. Маці даводзіла да весніц і вярталася. Я мусіў сам ісці да бабулі, стукацца ў дзверы з шырокіх дубовых дошак з прымацаваным да іх выцвілым абразком у шкляной рамачцы, сціскаючы ў руцэ клунак з маім «пасагам» — зменай бялізны, некалькімі сшыткамі і трыма рублямі, загорнутымі ў балаганную праграмку. Ніколі не забудуся, як убачыў бабулю першы раз — мне было гадоў шэсць, і яна падалася мне большай за чэрававяшчальніцу Трыксці. Хаця насамрэч была нават нізенькай. Рухавая, па-вясковаму прыземістая, з гладка зачасанымі пад каптур сівымі-сівымі валасамі. Вельмі светлыя пукатыя вочы, кірпаты нос, тонкія строгія вусны — нібыта нічога застрашлівага. Але вочы гэтыя, светлыя, як лёд, шырока расстаўленыя, з белымі вейкамі, сніліся мне па начах у жахлівых снах. Бо глядзелі на мяне заўсёды, як на вінаватага. Я ж нічога не ўмеў — ні карыстацца відэльцам і нажом, ні вітацца, ні маліцца. Затое вечна змешваў нейкія смярдзючыя рэчывы ды блазнаваў. У балагане навучыўся трохі жангліраваць, ды яшчэ хаваўся ў самых нязручных мясцінах — на вершаліне дрэва, на даху… Як бы там ні было — я бабулі Леакадзіі абавязаны. Гэта яна навучыла мяне верыць у Бога. Хаця так ні разу і не прапанавала назваць яе «бабуля Лёдзя». Выключна — «Леакадзія Пятроўна». Толькі я не пераняў ейнай нецярпімасці да ўсіх, хто верыць не так, як мы, і тых, хто грэшыць. Я ж сам быў — увасабленне граху. Яна не шкадавала мяне… Але я бачыў, што яна не шкадуе і сябе. І мне ў галаву не прыходзіла крыўдаваць ці марыць пра іншыя адносіны. Скончыў гімназію… З перапынкамі на балаганныя вандроўкі. За два класы здаваў экстэрнам. І дзякуючы ўрокам хіміі, бібліятэцы майго настаўніка, дзівакаватага пана Сымона Аляксандравіча па мянушцы Колба, які чамусьці прыхінуўся да мяне, і «летняй практыцы» ў балагане, ужо ў шаснаццаць гадоў я зрабіўся някепскім піратэхнікам. Феерверкі — любых колераў, петарды, ракеты, якія могуць выпісваць у паветры вензелі… Вось тады мяне і знайшлі сацыялісты. І яна… Альбарутэнія…
Апошнія словы прафесар прагаварыў зусім ціха. Але мы, дзеці фаст-фуду, агаломшана пераглянуліся. Прафесар прамовіў слова, якое была нашай салодкай таямніцай. Тое, што з’ядноўвала нас і рабіла чужымі ў гэтым свеце.
Альбарутэнія.
Як прыходзілі да яе напачатку мінулага стагоддзя? Дзе яна хавалася? Як сустракала сваіх будучых вояў?
Сыну факіра яна з’явілася ў абліччы лірніка.
Сляпога лірніка на кірмашы ў маленькім беларускім мястэчку. Стары спяваў пра Цыпрыяна-рыцара, які перамог татарскага хана. Жонку рыцара забралі ў палон, там яна ператварылася ў зязюлю і прыляцела ў родны край.
На зямлі ліцвінскай азёраў і рэк, як зораў,
На зямлі ліцвінскай дзяўчаты, нібы валошкі.
Валяр’ян слухаў… І разумеў, што яму пашанцавала натрапіць на сапраўднага майстра — якому ад нараджэння Бог даў тое, што славутыя спевакі купляюць гадамі пакутлівай працы. Тонкія старэчыя пальцы краналі струны ліры, нібыта гладзілі бязважкія месяцавыя промні, голас кранаў сэрцы…
Валяр’ян і сам часам размаўляў на мужыцкай гаворцы — не задумваючыся, як у хаце апранаюць зручныя пантофлі. Але на людзі трэба — крамныя чаравікі! Расейская, польская, лаціна…
Едзе Вітаўт па вуліцы,
За ім нясуць дзве шабліцы.
Слаўны князь Вітаўт,
Гаспадар на Літве!
Шаблі літы, злотам біты,
Ў яшчар-скуру апавіты.
Адна шабля для спадара,
Друга шабля на татара.
Стануў Вітаўт прад кашовым,
Бліснуў ў сонцы шабляй новай,
Стукнуў-грукнуў у падковы,
Гэй шыхтуйся пан кашовы!
Гэй шыхтуйся збройна, жвава,
Дзе йдзе бітвы слаўна справа.
Лірнік спяваў, твары людзей побач былі сур’ёзныя, нібыта на іх вачах нараджалася нешта важнае… Большае ад асобнага чалавечага лёсу…
Ой, ў нядзельку параненьку
Ўзышло сонейка хмарненька,
Ўзышло сонейка над борам
Па-над Сялецкім таборам.
А ў таборы трубы граюць,
Да нарады зазываюць.
Сталі рады адбываці,
Адкуль Воршу здабываці:
А ці з поля, а ці з лесу,
А ці з рэчкі невялічкі?
Сталі хлопцы-пяцігорцы
Каля рэчкі на прыгорцы.
Гучаць разам з самапалаў,
Б’юць паўсоткаю з гарматаў.
Масква стала наракаці,
Места Воршу пакідаці.
А як з Воршы уцякалі,
Тую рэчку пракліналі:
«Бадай ты павысыхала,
Наша слава тут прапала…»
Гэта было так непадобна на песні, якія спяваліся ў балагане для публікі:
Что танцуешь, Катенька?
Польку, польку, маменька!
С кем танцуешь, Катенька?
С офицером, маменька!
Не падобна гэта было і на тое, што спявалася не для публікі — за чаркай гарэлкі, на калёсах, хаця і тое было гожа.
Ой, пайшла я малада, лугавінай,
Абматалася уся лапушынай…
Лірнік спяваў балады пра невядомую зямлю. Невядомы народ. У якога былі свае каралі і рыцары, чароўныя дамы і паэты. Які бараніў сябе мячамі і шаблямі і меў годнасць і гонар.
І Валяр’ян раптам усвядоміў — гэта пра гэтую зямлю, і пра гэты народ, да якога належыць ён, байструк.
Таму што, калі ты чалавек, здольны думаць, кахаць і пакутаваць, табе нельга жыць, не маючы зямлі, якую можна называць сваёй, за якую можна памерці. І найлепш гэта ра­зумее той, хто пазбаўлены любові і ўласнага дому.
Ён выпрасіў у бабулі тры капейкі і запісаўся ў першую Менскую публічную бібліятэку, якая, вядома, насіла імя Аляксандра Пушкіна. Там адшукаў у навуковых часопісах артыкулы фалькларыстаў — Федароўскага і Сержпутоўскага, Налецкага і Адама Багдановіча. Прачытаў, спатыкаючыся на старажытных, незразумелых словах, урыўкі Баркалабаўскай хронікі, што друкаваліся ў адным з філалагічных альманахаў як узор пісьменнасці «Северо-Западного края».
«Року 1590 былі козакі запрозкіе Матюша с полком, Голый с полком у Могілёве. Аж до Мінска пріставство по волосцях бралі, а крыўды, шкоды не чінілы, только жонок охочых, тых намовлялі і заклікалі, абы з німі на Ніз ішлі. І взялі з собою жонок і девок яко двесте поголов».
А пасля стрыжаная курсістка, якая пасялілася ў доме, суседнім з домам яго бабулі, прынесла яму газету. На кепскай жоўтай паперы, з кепскім шрыфтам… Называлася «Наша Ніва».
Не пужайся, што здрадныя хмары
Неба ўслалі з канца да канца,
Што свае цемната ўнесла чары,
Закружыўся груган над папарам:
Яшчэ прыйдзе вясна!
Курсістка пацікавілася: «Ці праўда, што ты цыркач?», а пасля папыталася, ці ўмее ён рабіць нітрагліцэрын.

Скаловіч усміхнуўся нейкім сваім успамінам — усмешка на нейкае імгненне падалася зусім мілай — без з’едлівасці альбо горычы.
— А далей? Што з вамі было далей? — нецярпліва гукнуў Макс.
— Цікава, як вы запісваеце тое, што я гавару? Нейкая новая тэхналогія? — бязвінным голасам папытаўся хімік.
— А адкуль вы… Чаму… — разгубіўся Макс.
— У вас голас, як у следчага.
Цікава, што гэты чалавек яшчэ пра нас зразумеў?
Адзінае, што супакойвае, — і ён часам памыляецца і робіць няправільныя высновы.
— Прынамсі, я ведаю, што Беларусь жыве… Праз столькі гадоў. Беларуская мова гучыць з усіх вуснаў.
Гэта было, магчыма, брыдка — але мы разрагаталіся. Скаловіч недаўменна паглядзеў на нас. Потым страшэнна спахмурнеў. Відаць, зразумеў сітуацыю раней, чым Едрусь агучыў:
— Такіх, што размаўляюць па-беларуску, а не на «нармальным языку», тут няшмат. На вуліцах гэтага горада вы рэдка пачуеце беларускае слова.
Тут прыйшла Даліла і запатрабавала, каб мы пакінулі хворага ў спакоі — ён зусім знямогся.
Спадар Валяр’ян сапраўды, відаць, знямогся. Бо ляжаў, заплюшчыўшы вочы, нібыта зноў страціў прытомнасць.
А можа, проста аплакваў сваю Альбарутэнію.
А я, адыходзячы дадому, падумала, што дарэмна так і не наважылася распавесці Скаловічу, як пабачыла смерць Антаніны. Можа, для яго гэта сапраўды важна і ён не такі строгі і фанабэрысты, як мне было падалося…
Па-за гульнёй-4
На наступны дзень атрымалася так, што з раніцы да абеду не было каму дзяжурыць у дамку, і госця з мінулага давялося замкнуць на замок. Вядома, з тлумачэннямі і прабачэннямі, на якія было адрэагавана з’едлівым буркатаннем. Даліла, адпрасіўшыся з працы раней, заспела хіміка, які стаяў ля акна, абапершыся рукой аб сцяну, і пазіраў на могілкі.
— За час савецкай улады людзі зусім развучыліся правільнаму стаўленню да смерці, — прамовіў ён спінай да гаспадыні. — Вы не паважаеце яе. Я разумею, чаму, — тое, што пачалося ў мой час, відаць, працягвалася досыць доўга. Пасля першай сотні тысяч трупаў смерць робіцца механічным працэсам, усё роўна што ўкладваецца ў сцяну чарговая цагліна. І толькі з адлегласці бачны ўвесь застрашлівы будынак, узведзены стараннямі катаў. А смерць… Гэта ўрачыста. Гэта таемства. Пераход у іншы стан. Новае нараджэнне душы — з гніючага футарала цела. Якія страшныя вашыя помнікі…
Даліла, раскладаючы на стале прадукты, няўважна папыталася:
— Чаму?
— Яны нагадваюць паднятыя пліты падлогі. Быццам па іх нехта ўжо таптаўся. У прынцыпе, гэта лічылася вартым хрысціяніна — святыя людзі, перакананыя ва ўласнай грахоўнасці, загадвалі хаваць сябе пад парогам царквы, каб усе, хто заходзіць, тапталі іх нагамі. Менавіта так запавядаў учыніць са сваім целам Дон-Жуан. Іспанскі пракуднік Дон Жуан Тэнорыа… Які пабачыў наяве чысцец, раскаяўся і пастрыгся ў манахі. Спадзяюся, вы чулі пра такую асобу. Але на гэтых помніках мала крыжоў, і не выпадае казаць пра хрысціянскую пакорлівасць.
Пытанне Далілы было надта далёкім ад тэмы смерці:
— Якую гарбату вам заварваць? Чорную альбо зялёную?
Хімік нарэшце павярнуўся да яе.
— Тую, якую можна піць без агіды. Дагэтуль у вас такая не атрымлівалася. І ежа ў вас… Выбачайце, але ўся з пры­смакам гумы. Вы сінтэзуеце мяса з мазуты? Ці проста вашыя персанальныя гаспадарчыя здольнасці ў мінусе?
Даліла прашыпела нешта пра жаночае раўнапраўе… Спадар Валяр’ян здзекліва прыўзняў бровы.
— Я начуты пра жаночае раўнапраўе. Але, выбачайце, нават на фоне подзвігаў трактарысткі Пашы Ангелінай у яго не веру. Кожную ноч у Менску, з якога вы мяне забралі, «чорныя варанкі» прыязджалі за дзясяткамі людзей. Але жанчын амаль не чапалі. А ўзяўшы, адпускалі. І ведаеце, чаму? Як патлумачыў мне адзін з тых, хто забіраў, краіне патрэбная танная працоўная сіла, якой лёгка маніпуляваць. Куды лягчэй, чым мужчынскай паловай. У тым ліку — тлумячы галовы раўнапраўем і змушаючы брацца за непадсільную жаночаму арганізму работу. Ведаеце, як называлі жанчын у Вялікім Княстве Літоўскім? Белагаловыя.
Даліла, вядома, не сцярпела… Скончылася тым, што ледзь гарбату не выплюхнула ў твар прафесара. Карацей, за стол селі ў варожым маўчанні. На тым, што ён можа цывілізавана абедаць, седзячы за сталом, настояў сам прафесар. Што ж, калі ласка… Даліла лічыла, што пераадольваць уласныя боль і слабасць — тое, дзеля чаго мы, можа, тут і жывём, у гэнай «юдолі».
Скаловіч, выпрастаўшыся, як быццам яго па-ранейшаму прывязалі да крэсла, акуратна наразаў амлет.
— Пакуль вас не было, у ваш дом стукаліся. Двое мужчын. Яны дужа не спадабаліся мне. Паліцэйскія, жаўнеры, міліцыянты, асабісты… Ва ўсе часы іх можна пазнаць нават у касцюмчыках з гальштукамі. У іх размовах гучалі словы «прытон» і «маліна». Не здзіўлюся, калі за кампанію з вамі зноў апынуся ў Жоўтым Доме. Яго, я думаю, не знеслі. Такія будынкі застаюцца пры любой уладзе.
Даліла спахмурнела.
— Ды ходзяць тут час ад часу… Нібыта з міліцыі. Намякаюць, што гаспадар суседняй вілы гэты дамок купіць хоча. Глупствы ўсякія гавораць. Маўляў, падазрона памерла былая гаспадыня, бо я ў медустанове працую, маю доступ да атрутных рэчываў… І лепей мне хату гэтую прадаць, каб не наклікаць на сябе праблемы. Але мяне на спалох не возьмеш. Акрамя вас, іншых злачынстваў за намі няма. Вам патрэбны пашпарт…
Прафесар узяўся за шклянку з гарбатай.
— Цікава, а якое імя ў вашым пашпарце? Даліла… Гэта для запалохвання мужчын. Вы б, спадарыня, яшчэ Гаргонай назваліся. Гатовы паспрачацца на падручнік сучаснай вам хіміі, што гэта не сапраўднае імя.
— Як хачу, так называюся, — адрэзала Даліла. — А пад­ручнік хіміі я вам не прынясу. Пакуль няма пэўнасці, што вы тут… назаўсёды.
— Спадзяюся, не назаўсёды, — змрочна прамовіў прафесар. — Я мушу вярнуцца.
— Навошта? Працягнуць знаёмства з катамі?
Скаловіч кінуў на сумоўніцу цяжкі позірк.
— Ёсць справы, дзеля якіх можна пайсці на рызыку страціць яшчэ трохі крыві. Я разумею — у вас дакладныя звесткі, што мой лёс варты жалю. Але гэта мой лёс. І ў ім — мае даўгі. А цяпер з-за вашай асабістай дурноты і безадказнасці…
— Яшчэ каго-небудзь хочацца выдаць? — Даліла са злосці кінула відэлец. — Вы ж самі сябе ненавідзіце! Значыць, ёсць за што. І нават цяпер не хочаце сумленна пра ўсё распавесці. Пра свае «даўгі».
— Мы не ў царкве, вы — не святары, адпускаць грахі. Вы проста купка азлобленых юных істотаў, што не знайшлі месца ў сваім часе.
— А вы — баязлівец! — крыкнула Даліла, якую страшэнна злавала, што гэты чалавек змушае яе страчваць раўнавагу. — Вы баіцеся ўсіх! Цяжкое дзяцінства, комплексы, не перажыты да канца падлеткавы ўзрост… Зачынюся ў сваёй шкарлупіне і буду на ўсіх атрутай пырскаць, бо мяне ніхто не любіць. А хто любіць — няхай пакутуе, бо я ж ведаю, што ён не можа мяне любіць.
Скаловіч, дзіва, не ўгневаўся, нават павесялеў.
— Дык вы ж свой дакладны партрэт намалявалі, мадэмуазель.
Даліла трохі пачырванела.
— Мне не сорак гадоў, прынамсі. Я магу сабе дазволіць… І раз вы не хочаце проста быць шчырым — давайце мяняцца. Я таксама шмат пра што магу вам распавесці… Пра ваш час.
— Што з Нічыпаровічам? — хутка прамовіў хімік.
— Ён застрэліўся, — без эмоцый паведаміла Даліла. — А вось Антаніна…
І таямніча змоўкла.
Шклянка ў руцэ прафесара ўздрыгнула, нібыта гарбата ў ёй раптоўна ўскіпела, і прафесар акуратна паставіў яе на стол, накрыты белым ільняным абрусам з жоўтымі слядамі ад талерак і кубкаў. Голас па-ранейшаму гучаў роўна.
— Я ведаю лёс сваёй лабаранткі.
Даліла напружылася, як кобра перад скачком на ахвяру.
— Вы не ведаеце праўды. Таму… вы распавядаеце мне, чаму вас усе называлі здраднікам, чаму вы дазвалялі выраб­ляць з сабой такое, а я вам — пра Антаніну.
Рэзкі твар Скаловіча, здавалася, яшчэ больш збялеў — хаця здавалася, што гэта немагчыма.
— Добра… Даставайце свае прылады для запісу.
І Даліла паклала на стол, не хаваючыся, дыктафон.
— Толькі спавядайцеся, будзьце ласкавы, лежачы. Мне на вас нават нашатырнага спірту шкада.
І Скаловіч распавёў…
«Як я вам ужо казаў, калі пазнаёміўся з Сонечкай і Сяргеем, мне было шаснаццаць. Я не хацеў вяртацца ў балаган. За апошні клас здаў экстэрнам. Бабуля прапаноўвала ўладкаваць мяне на пошту. Але я марыў пра навуку. Падтрымліваў мяне ў гэтым і настаўнік па мянушцы Колба. Вечна буду ўдзячны гэтаму смешнаму круг­ленькаму пану. Ніколі не забудуся, як мы зачыняліся ў ягонай імправізаванай лабараторыі, абкладаліся апошнімі нумарамі навуковых часопісаў і спрабавалі нейкія доследы паўтарыць… А жонка Сымона Аляксандравіча, кругленькая, як і ён, энергічная кабета стукалася ў дзверы і крычала, каб зараз жа спынялі выраб дыму і смуроду — іначай яна хімічныя доследы сабе не ўяўляла. Сымон Аляксандравіч не быў надта адораным, але — энтузіязму ў яго хапала. Як ён ганарыўся тым, што я, ягоны вучань, абараніў дысертацыю, паехаў у Сарбону! Мне дасюль сорамна, што, калі я змушаны быў з’ехаць з Менска, не знайшоў у сабе сілы напісаць яму… Азваўся толькі праз шэсць гадоў. Затое, пакуль не пачалася вайна, па ягоных просьбах перасылаў яму столькі кніг і прыладаў для доследаў, нібыта для маленькага ўніверсітэта. Ён памёр ад іспанкі ў 1914-м, я не паспеў з ім сустрэцца…
Формулы сніліся мне па начах, сімвалы, нібыта ў нейкім вычварным танцы, мяняліся, вібрыравалі, спалучаліся… А што ў мяне яшчэ мелася? Сябры? Сярод равеснікаў? Вы што, здзекуецеся? Гэтыя маленькія пачвары, мэтай жыцця якіх было ператварыць жыццё сваіх бліжніх у пекла? Яны пакінулі мяне ў спакоі толькі тады, калі я навучыўся рабіць рэчывы, якія маглі выбухнуць у кішэні альбо прымусіць плакаць. Пайшла пагалоска, што я магу атруціць нават на адлегласці, і я нарэшце атрымаў права на самоту. Самае каштоўнае, што можа займець чалавек. Цішыня, самота… Тут, у вашым дамку, які, як я разумею, стаіць наводшыбе, усё роўна шумна — нешта грукоча, грае, верашчыць нават уночы. Баюся, вы не ведаеце, што такое цішыня. Дзіва што нервовыя і неадэкватныя.
Сонечка была вясёлай, як жаўранак. Не ведаю, ці зацікавіў бы я яе сам па сабе — няўклюдны маўклівы падлетак у чорным касцюмчыку, з якога даўно вырас, з вечнай кнігай пад пахай, прапахлы дымам рызыкоўных эксперыментаў. Відаць, трэба прызнаць лагічнае — яе зацікавілі менавіта мае эксперыменты і сувязь з Альбарутэніяй. Яе дом быў праз вуліцу, і яна магла назіраць, як я завіхаюся над колбамі ў флігелі. А пра мае адносіны да Альбарутэніі ёй маглі сказаць крыкі бабулі: «Беларус ён, ці ж бачыце! Выгадаваўся між малпаў, паскуднік! Скаловічы — не мужыкі! Скаловічы — шляхта! Я табе пакажу — беларусы… Яшчэ слова скажаш на гэтай грубай гаворцы — пакіну без абеду».
Сонечку бабуля ненавідзела і баялася. Яна была «па­літычная», нядобранадзейная. Высланая з Санкт-Пе­цярбурга да сваякоў за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях. Бацька Сонечкі быў важным чыноўнікам Міністэрства ўнутраных спраў, таму абышлося высылкай у Менск.
Для мяне ўвага гэтай стройнай, як каласок, дзяўчыны з вясёлымі блакітнымі вачыма, каротка стрыжанымі пшанічнымі валасамі была — усё роўна як сляпому раптам далі пабачыць сонца. Я нават не мог асобна ўспомніць рысы ейнага твару — нос, здаецца, крыху прыўзняты… З рабацінкамі… Яна ўся была — ззянне ў маіх вачах.
Каб яна сказала мне скокнуць з вежы Пішчалаўскага замка — я скочыў бы, не вагаючыся, шчаслівы, што магу дагадзіць.
Потым Сонечка пазнаёміла мяне з Сяргеем. Хлопец, як я цяпер разумею, начытаўся Шылера і Байрана. Тэрарыстаў і рэвалюцыянераў згаданыя паэты спарадзілі болей, чым усе Марксы і Бакуніны. Сяргея можна назваць «прафесійным рэвалюцыянерам». Бабуля мая пра такіх чамусьці гаварыла «Ганарысты, як хутаранец». Ён быў дужы і прыгожы, з хвалістымі русымі валасамі, са смелым позіркам шэрых вачэй… Бог ты мой, я нават марыць не асмельваўся быць хоць трохі да яго падобным. І, вядома, куды мне было раўнаваць яго да Сонечкі — не раўнуе мурашка кветку да пчалы.
Потым я пазнаёміўся з астатнімі — бялявым сталёвавокім і сталёвасэрцым Крэчатам, чарнявым Навумам, які ў адрозненне ад іншых любіў жартаваць і добра спяваў… Гэта быў зусім іншы свет — і там маё «цёмнае» паходжанне, мая балаганная праца і пагарда месцічаў не былі заганай, а зусім наадварот. Мяне паважалі за тое, што меў такі сумны жыццёвы досвед і не зламаўся, што знайшоў сябе ў навуцы, што зарабляю грошы сам, уласнай працай, у адрозненне ад «эксплуататараў»… Шанавалі маю апантанасць хіміяй і любоў да самоты… А для мяне ўсе яны былі героямі. Сонечка і Сяргей любілі прыходзіць да мяне ў флігель, у якім я зладзіў лабараторыю і дзе, фактычна, жыў. Яны сядзелі на старой канапе, накрытай аблезлай мядзведжай скурай, і, пакуль я абмазваў шэрай смярдзючай жыжай дроцікі, вырабляючы бенгальскія агні, распавядалі пра новыя акцыі сацыял-рэвалюцыянераў, маёўкі і страйкі, абмяркоўвалі Гегеля і Феербаха, Энгельса і Маркса, Бакуніна і Шпенглера… Зачытвалі «Нашу Ніву». Гэтая газета была голасам эпохі. Змест яе ведаеце? Трохі? Ну… Я калісьці мог запамінаць тэкст дзясяткамі старонак. Амаль як Жульен Сарэль, герой рамана «Чырвонае і чорнае», які меў памяць як у генія альбо ідыёта. Не прэтэндую цалкам ні на першае, ні на другое, але і зараз магу працытаваць…
«Па ўсім Палессі ідзе даўно ўжо агітацыя перад выбарамі на дэпутатоў у Думу ад Мінскай губерні. Агітуюць мінскіе «истинно-русские» людзі (чорносоценцы)… Кажуць, што найгоршыя ворагі народные гэта тые, хто дабіваецца аўтономіі».
Што? Падобна на ваш час? Віншую…
«Пад восень гэтага году ў мястэчка Раманава прыходзіў нейкі соцыяліст. Як толькі людзі пачалі варочацца з царквы, ён узлез на нейкі слончык і пачаў гаварыць аб усіх крыўдзіцелях працуючаго народу. Мужыкі ўпадабалі, што гаварыў той чалавек, пачалі слухаць яго і нават вельмі ахвотна бралі ад яго нейкія пісулькі. Ураднік, шпаркі гэткі, хацеў зразу арыштаваць сацыяліста, але не, не ўдалося: мужыкі не далі, ды яшчэ нават, кажуць, за каўнер урадніку наклалі»…
«У Смаленску невядомы чалавек, спаткаўшы князя Урусава пры дзвярах шляхоцкага клюбу, напроціў саду, у якім шпацэровала багата людзей, пальнуў у яго тры разы з рэвольверу. Князь аступіўся і ўпаў, тым часом той, хто страляў, уцёк».
Вось такія тыповыя навіны…
Краіна была цяжарная смерцю.
А мае новыя сябры былі забойцамі.
Я гэта разумеў, і мне гэта страшэнна падабалася.
Яны прынеслі мне належныя хімікаты. І я рабіў, што прасілі. Мая першая бомба выглядала не вельмі прывабна — замест круглага футаралу Сяргей дастаў нешта падобнае да чыгуннай біклагі. Потым былі больш дасканалыя пасудзіны для смертаносных джынаў. Я ўсяго зрабіў іх дзевяць. Дзясятую не лічу.
Тое, што я мог ездзіць з балаганам па месцах і мястэчках, таксама падавалася вельмі карысным для арганізацыі. І я нават згадзіўся вярнуцца на лета да бацькоў і побач з чысткай клетак і ўсталяваннем дэкарацый перадаваў патрэбным людзям забароненую літаратуру, зброю, выбуховыя рэчывы. Цырк — увогуле ідэальнае месца для кантрабанды. Хто прыме ўсур’ёз «глумцоў ды блазнаў»? Сярод фальшывых шпаг і пісталетаў прасцей схаваць сапраўдныя. Хаця і трасуць цыркачоў па традыцыі ўсе паліцыі свету асабліва.
Норавы ў таварышаў маіх бацькоў былі простыя. Свайго Станьчыка ў балагане не мелася… Памятаеце партрэт знакамітага блазна пры двары Жыгімонта Старога? Станьчык… Трагічны нервовы твар, усё разумеючыя вочы… Бедны Ёрык, карацей. А тут працавалі людзі, якія жылі ад грошай да грошай. Маленькіх, выпакутаваных грошай. Усе са смешнымі амбіцыямі: «Мы — артысты». Дрэсіроўшчык сцвярджаў, што ён лепшы дрэсіроўшчык у свеце, ліліпуты меркавалі сябе самымі ліліпутнымі… Насыпаць у пудру ворагу нягашанай вапны лічылася дасціпным жартам. Адзін з клоўнаў з гэтай прычыны хадзіў аднавокім — праўда, ад гэтага ягоная перакрыўленая фізіяномія здавалася яшчэ смяшнейшай, а значыць, калецтва было на карысць.
Цяпер мне было лягчэй пераносіць здзекі «балаганаўцаў» — я быў таемным рыцарам свабоды.
Калі я вярнуўся да бабулі, Сонечка прынесла мне радасную вестку. Мяне возьмуць «на справу».
За год да таго адбыўся замах на генерала Курлова. Думаю, і вы ведаеце пра тую ганебную гісторыю — Курлоў загадаў расстраляць мітынг на прывакзальнай плошчы, удзельнікі якога патрабавалі вызвалення палітычных вязняў. Сто чалавек загінула. Іван Пуліхаў узяўся здзейсніць прысуд кату, вычакаў яго ля Свята-Петра-Паўлаўскай царквы, але бомба не разарвалася. Тэрарыст спакойна сышоў бы, каб не сямейка Старовых — матка і дзве дачкі. Яны ўчапіліся ў злачынцу, усчалі крык… На затрыманне кінуўся паліцмайстар Нораў, але ў яго стрэліла таварышка Пуліхава — Аляксандра Ізмайловіч. Дачка генерала, які служыў на Далёкім Усходзе. З эпохі ў эпоху распешчаныя дзеці «сталпоў» рэжыму пачынаюць апантана, нічога не баючыся, змагацца супраць гэтага рэжыму — ім жа не прышчапілі з маленства памяркоўнасць ды ціхамірнасць, а ведання пра «цёмны бок месяца» ў іх куды больш, чым у «дзяцей меднага саслоўя». І адчування абароненасці куды болей.
Івана павесілі, і цела ягонае тры дні вісела на браме Пішчалаўскага замка. Аляксандру саслалі ў Сібір. Вось мае сябры і абавязаліся адпомсціць за іх. Курлоў на той час сышоў з пасады і з’ехаў — з рэпутацыяй крывавага дыктатара. А вось Нораў і сям’я Старовых мусілі быць пакараныя.
Мне ўпершыню давялося думаць не пра рэвалюцыйную барацьбу ўвогуле, не пра вартых смерці катаў увогуле, а пра канкрэтных асобаў, якія з маёй дапамогай будуць забітыя. Дагэтуль мне ніколі не паведамлялі, дзе зробяць пякельную справу мае машыны смерці. І калі я чытаў пра тэрарыстычныя «акцыі», сэрца сціскалася ад салодкага жаху, падобнага да гонару: гэта, магчыма, зрабіў я. Я небяспечны. Я — таемны ўладар над жыццямі. Суддзя паскуднага гэтага чалавецтва. Цяпер мне належала зірнуць ахвярам у твар. Ну, паліцмайстар — гэта зразумела… Чалавек, які апранае на сябе мундзір, тым прымае на сябе функцыю адказваць за мундзір — забіць альбо быць забітым. А вось Старовы… Тры кабеты… Прычым дзве — зусім маладыя. Дзяўчаты.
Так, яны зрабілі жахлівае… Калі глядзець з аднаго боку барыкады. Успомніце Шарлоту Кардэ, якая забіла нажом Марата. Ён сядзеў у ванне — хвароба скуры, невыносны сверб. На тую самую пошасць хварэў рымскі дыктатар Сула, іншыя тыраны… Шарлота прыйшла, як быццам просьбітка.
Адны яе кляймілі, як падступную забойцу… Але іншыя — лічылі гераіняй. Прыгожая дзяўчына, якая ахвяруе сабою, каб пакараць ката, выратаваць тысячы жыццяў, даць волю Айчыне… Так, як яна разумела. З аднаго боку — манархістка Кардэ, з другога — нарадаволка Соф’я Пяроўская. Чалавек, які здольны мысліць, убачыць гэтую люстранасць.
Таму тых, хто здольны мысліць, забіваюць у першую чаргу.
Ну, уявіце… Тры жанчыны бачаць, як малады чалавек кідае бомбу, назірае за панікай, пагардліва ўсміхаецца і сыходзіць. Забойца, які можа забіць яшчэ. Як расцаніць, што яны кінуліся яго затрымліваць? Ведаючы, што ён можа быць узброены, што могуць загінуць? Таксама ж смелы ўчынак?
Я быў супраць таго, каб забіваць Старовых. Гэта не стасавалася да вобразу высакароднага змагара — карбанарыя, Авадня, Карла Маора, Андрэя Кожухава… У вас чытаюць яшчэ кнігу Сцепняка-Краўчынскага пра нарадавольца Андрэя Кожухава? А-а, у маці ёсць у шафе? Значыць, зноў пераацэнка каштоўнасцяў пакаленняў…
Я даказваў сваё вельмі горача. І ўрэшце мяне запэўнілі, што забойства не будзе. Старовых проста трэба напалохаць — так, каб былі папярэджаныя ўсе, хто захоча ў будучым стаць на шляху рэвалюцыянера.
Бомбу належала ўзарваць пад іх вокнамі, падгадаўшы, каб усе былі дома. Я мусіў зрабіць гэтую бомбу і высачыць кабетаў. Сонечка кіне кошык са смяротным снарадам пад акно — і ўсё. А Норава тым часам пакараюць іншыя. Хто — мне не сказалі. Я здагадваўся, што ў той групе будзе Крэчат. Усё здарыцца на ўгодкі смерці Пуліхава.
Дні разбіваліся, як дажджынкі аб вечка труны. Я працаваў, як апантаны… Сачыў за Старовымі… Сонечка была да мяне неверагодна ласкавай. У ноч напярэдадні нашай акцыі яна нават пацалавала мяне на развітанне. У левую шчаку… Лёгка і хутка, як птушка… Ніколі не забуду гэты момант. Яе брунатную сукенку ў вузкую сінюю палоску, з шэрагам дробных гузікаў пад горла, чорную шапачку на стрыжаных пшанічных валасах, крыху прыўзняты носік — і выраз вечнай дзёрзкай цікавасці на твары. Нібыта яна пыталася ў свету: як жа гэта? Чаму так робіцца?
Яна сышла… А я ўсё не мог супакоіцца. Сну не было і ў адным воку. Я ўспамінаў, як пільнаваў злачыннае сямейства ля Кацярынінскай царквы. Як бачыў іх на службе. Старэйшая, таўставатая, як на мой густ, увесь час стаяла, апусціўшы вочы і трохі пахіліўшы галаву ў карункавым капялюшыку да левага пляча — мне здавалася, што ў ейным смірэнні я ўгледжваю нешта ненатуральнае. Мажная маці, наадварот, галаву трымала прама, нават паклоны біла з адчуваннем уласнай годнасці… І пагрозна паглядала на малодшую, якая крадма перазіралася з нейкім фацэтам у вайсковай форме.
Я ведаў, што малодшая любіць манпансье — рознакаляровыя круглыя карамелькі. Часта купляе іх у аднаго і таго ж афені-карабейніка. Што старэйшая наведвае мадыстку і таемна скуплівае паштоўкі з партрэтамі артыстаў МХАТа, асаблівую перавагу аддаючы асобе Качалава. А да мадам Старовай, шаноўнай удавы, прыходзяць гэткія ж, як і яна, дамы — урыўкі іхніх гутарак, якія мне ўдавалася падслухаць праз адчыненае акно, можна было друкаваць у газеце «Славянскі сабор». Людзі сапсаваліся, маралі няма, моладзь… Якая моладзь — напісана яшчэ чатыры тысячы гадоў таму ў Фіванскай пірамідзе. Выказванне тамтэйшага жыхара слова ў слова супадала з меркаваннем мадам Старовай. З такой разбэшчанай моладдзю — ніякай будучыні ў няшчаснай старажытнаегіпецкай (рускай праваслаўнай) краіны.
Дакладна такія кампаніі з такімі ж размовамі збіраліся ў маёй бабулі Леакадзіі. Толькі кола іх было трохі «ніжэйшае», і замест срэбнага на стале красаваўся парцалянавы імбрычак.
Я стаяў пад таполямі, насупраць дома Старовых на Францысканскай. Раптам паўз мяне прабеглі двое хлапчукоў з крыкамі:
— Забілі! Забілі!
Маё сэрца абарвалася. Я нават пераадолеў сваю сарамяжнасць і дагнаў хлапчукоў.
— Каго забілі? Хто?
Капейка змусіла жэўжыкаў распавесці падрабязна. Пачутае — няхай перабольшанае, дзе ж дзеці ад гэтага ўтрымаюцца? — кінула мяне ў жах. Нораў цэлы, ад бомбы — маёй бомбы! — загінулі дзве жанчыны, простыя жанчыны, што прыехалі на Ніжні рынак з вёскі, і стары лірнік. Нораў спыніўся ля яго, каб накрычаць — што за мужыцкі блёкат, што за антырасейскія песні!
Аднаго з хлопчыкаў асабліва ўразіла, што ліра, якая адляцела далёка ўбок, яшчэ некалькі імгненняў працягвала граць сама па сабе.
Магчыма, яму гэта проста падалося.
Я пабег да Сонечкі. Быццам маё прышэсце магло нешта змяніць. Горад поўніўся крыкамі і чуткамі. Вось яе дом… Але я не наважваўся зайсці. Стаяў на ганку, як слуп… І пачуў размову. Гаварыў Сяргей.
— А твой хімік не перашкодзіць? Зялёны…
— Ды перастань, я магу з ім рабіць усё, што хачу, — гэта быў вясёлы голас Сонечкі. — Ён такі брыдкі і дзікі, што наўрад хто з ім яшчэ размаўляе. Для рэвалюцыі карысна, калі ў чалавека няма іншых прыхільнасцяў, акрым барацьбы, і іншых таварышаў. Урэшце, ты ж таксама быў зялёным і баяўся крыві. Калісьці трэба пачынаць. Пасля першай крыві дарогі назад няма.
— Твая праўда… — пагадзіўся Сяргей. — Толькі цяпер не прамахніся. Проста ў акно… Чуеш? Каб усіх траіх, паскуд… У пяць яны садзяцца піць гарбату. Англічан пераймаюць. Зялёны дакладна высачыў.
— Не прамахнуся. Калі што — і ты з рэвальвера не прамахніся. Крэчат вунь прамазаў… Траіх забіў — а таго, каго патрэбна, не. Мазіла.
Яны яшчэ нешта гаварылі — як падмануць шпегаў, што сочаць за хатай, як забяспечыць ад’езд, але я збег з ганка і пакіраваўся… Куды? Здаецца, у свой флігель. Свет расплываўся ў маіх вачах, нібыта мяне зноў забылі дастаць з жалезнага чэрава мадам Таро. Мне бачыліся знаёмыя і незнаёмыя мне людзі, якіх, магчыма, забілі мае бомбы… І сярод іх пакуль яшчэ жывыя Старовы — з акрываўленымі тварамі, ляжаць, як паламаныя лялькі… Божа мой! Я спрабаваў зачапіцца за выратавальную думку. Сонечка, Сяргей… А можа, яны, мае адзіныя сябры на гэтым свеце, маюць рацыю, можа, яны ведаюць нейкую вельмі важную, абсалютова пераканаўчую праўду, якую я пакуль яшчэ не ўсвядоміў па сваёй дурноце? Але як, як мне да гэтай праўды хоць крыху дапяць, каб не было так жудасна, так моташна на душы?
Нехта схапіў мяне за плечы.
— Што ты зноў утварыў, нягоднік? Не мані — я ж бачу, што нешта ўтварыў! Кажы зараз жа, вылюдак, можа, Гасподзь па літасці тваёй цябе ўратуе!
Гэта была Леакадзія Пятроўна Скаловіч, мая бабуля. І я, захлынаючыся ад сухой роспачы — плакаць даўно адвучыўся, — пачаў расказваць… Потым былі нейкія двое ў цывільным, з вайсковай выпраўкай… Мне загадалі дастаць з падрыхтаванай для Старовых бомбы выбуховае рэчыва і перадаць яе тэрарыстам.
Я амаль не памятаю, як прынёс кошык з кветкамі, пад якімі ляжала бомба, пад таполі на Францысканскай. Паставіў… І пайшоў, не азіраючыся. Я не бачыў, як Сонечка ўзяла гэты кошык, як кінула бескарысную, пазбаўленую мною місіі смерці бомбу ў акно… Як Сяргей адстрэльваўся…
Іх узялі жывымі. Доўга дапытвалі. Потым — павесілі. Не дапамагло, што Сонечка — дачка важнага пецярбургскага чыноўніка. Іх смерць адбылася неяк непрыкметна для грамады — надта часта тады гучалі выбухі, надта часта гайдалася пятля. Дый забойства дзвюх сялянак і жабрака — не асабліва высакародная нагода падымаць дэмакратычны шум.
Дасюль не магу зразумець, чаму мае сябры так ставіліся да чужых жыццяў. Можа, як бываюць асобы, пазбаўленыя музычнага слыху, нараджаюцца людзі, пазбаўленыя літасці, боязі крыві і чужога болю? А хутчэй за ўсё, былі яны проста жорсткімі дзецьмі, і ўсе гэтыя акцыі, бомбы, разадраныя на часткі целы ўспрымаліся вялікай гульнёй. Зусім, дарэчы, як і ў выпадку з вамі.
Але і мне не было чым ганарыцца. Я ведаў, што заслугоўваю пагарды і нянавісці. І больш нічога. Мяне выратавала толькі тое, што тады я знаходзіўся ў нейкім тумане, нібыта чалавек са зламанай нагой, які, як самнамбула, даходзіць дадому і толькі там падае на падлогу ад болю.
Мяне заахвоцілі за дапамогу ў раскрыцці небяспечнай тэрарыстычнай групы — я атрымаў магчымасць паступіць на хімічнае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта Юр’еўскага ўніверсітэта.
Мара збылася. Але цяпер яна была толькі сухой кветкай на сукенцы нябожчыцы.
Я жыў дзеля працы. Нібыта спадзяваўся сваімі адкрыц­цямі апраўдацца за зробленае. І… ведаў, што болей ніколі нікога ў сваім жыцці не прадам і не заб’ю. Потым… Шмат чаго было. Былі хвіліны слабасці. Памятаю, аднойчы на другім курсе страшэнна закарцела далучыцца да свету ценяў. Да аднакурсніка прыехала сястра, гімназістачка, і, пакуль круцілася ў гасцёўні інтэрната, дзе я прыладкаваўся на зручнай канапе з чарговай кнігай, пачала пасылаць мне доўгія пагляды. Напэўна, дасюль крыўдуе, што я затросся, як пры з’яўленні прывіду, і ўцёк, нават забыўшыся на здабыты з цяжкасцю ў публічнай бібліятэцы том. А проста неразумнае дзяўчо страшэнна нагадвала Сонечку.
Я не Вертэр. Я ўсяго толькі сын балаганнага факіра. На хуткую руку змяшаў сімпатычнае расчынне, якое пры судакрананні з агнём мусіла даць прыстойны, але зусім невялікага радыусу, выбух, плюс атрутны газ з малым часам распаду. Дастаткова было знайсці цёмны пусты кут…
І я, паколькі рамантыка ў мазгах яшчэ не перагарэла, забраўся ва ўніверсітэцкі археалагічны музей, туды, дзе грувасціліся каменныя саркафагі егіпецкіх фараонаў. Тут і днём нікога ніколі не было — а апоўначы, як я спадзяваўся, нават вартаўнік не дачуецца.
Затое — якое атачэнне! Фараоны, саркафагі… Што труп з адарванай галавой не прыкрасяць нават такія дэкарацыі — я неяк не задумваўся. Так спяшаўся… Ажно кроў у вушах шумела… І не пачуў крокаў выкладчыка — ён нядаўна атрымаў месца дацэнта на кафедры гісторыі старажытнасці і выяўляўся ў сваёй навуцы гэткім жа энтузіястам, як я ў сваёй…
Так я пазнаёміўся з Люцыянам Нічыпаровічам.
Я доўга даводзіў яму, што такога, як я, не варта ратаваць і нават гаварыць са мной прыстойнаму чалавеку гідка… У доказ распавёў (яму першаму і адзінаму), якім чынам трапіў сюды на вучобу. Пра Сонечку і Сяргея…
Спадар Люцыян знайшоў словы, якімі прывязаў мяне да жыцця. Нагадаў пра Бога, веды, Альбарутэнію… Ён назаўсёды застаўся маім лепшым сябрам.
Калі я атрымаў праз яго запрашэнне паўдзельнічаць у стварэнні Беларускага ўніверсітэта, не вагаўся ні хвілі. У мяне быў доўг перад гэтай зямлёй. І я прыехаў.
Не трэба думаць, што тыя гады — толькі смерць ды подласць. Я ехаў з Парыжа ў краіну, дзе перамагла вялікая рэвалюцыя. Дзе будуецца Альбарутэнія. І не расчараваўся… Так, была беднасць. Прадуктовыя карткі. Пайкі… Чэргі за селядцамі… Але і вечарыны паэзіі, на якіх збіраюцца тысячы людзей і ловяць кожнае слова з вуснаў маладога беларускага генія. Дзень авіяцыі ў 1924-м, падчас якога ўзляцеў першы ў свеце самалёт з надпісамі на беларускай мове… Інстытуты, музеі, часопісы — у якіх усё па-беларуску… Спаборніцтвы па веласпорту… Выступленні Маякоўскага… Прафсаюзны з’езд хімікаў, на якім усталяваны зносіны з калегамі з Чэхіі… Памятаю, як у кастрычніку 1925 года ў Менск пешкі прыйшоў знакаміты французскі падарожнік Эме Тарал, які нацэліўся абысці вакол свету. Мяне папрасілі быць у дэлегацыі, якая сустракала яго… Мы напаілі француза, вядомага цвярозніка і вегетарыянца, старадарожскім першаком так, што ён палез цалавацца з гіпсавым помнікам Гіршу Лекерту ў Аляксандраўскім скверы. А як даставаліся білеты на першы беларускі фільм «Лясная быль» у кінатэатры «Культура», у будынку былой харальнай сінагогі! Памятаю пуск першага трамвая… Вагон, прыкрашаны кветкамі, з раніцы да ночы вазіў усіх бясплатна… Не, было шмат вясёлага, цудоўнага… А колькі талентаў з’явілася! Наш народ — надзвычай таленавіты. Колькі яго ні выкошвай… Я праводзіў семінары, на якіх прапаноўваў студэнтам пафантазіраваць, што ў нашай галіне хіміі будзе вынайдзена да канца стагоддзя… Вы б гэта чулі! Якія ўсчыналіся спрэчкі, якія ўзнікалі ідэі ў гэтых учарашніх вясковых хлапчукоў ды дзяўчатак! Упэўнены, у вашым часе да ўсіх іхніх прапаноў яшчэ не дадумаліся. І нават тады, калі пачаліся арышты, для многіх людзей заставалася досыць месца для радасці і веры ў светлую будучыню.
Але для некаторых гэтага месца не ставала.
У 1932 годзе сюды прызначылі камісарам Крэчата. Ён пазнаў мяне.
Ні ў чым яго не вінавачу. Я не заслужыў лёгкай смерці. А ён быў гатовы мне яе падарыць. Але, відаць, Крэчат хацеў, каб я паводзіўся падчас допыту трохі іначай. Прасіўся, напрыклад. Выяўляў сваю нягодніцкую сутнасць. Прызнаўся, як патрабавалі, у сваёй шпіёнскай дзейнасці на карысць Францыі, Англіі і Польшчы. Выкрыў змову іншых буржуазных шпіёнаў-прафесараў Беларускага ўніверсітэта… Абмаляваў мяркуемыя дыверсіі… Проста ён не ведаў, што для мяне смерць і фізічны боль — гэта такая дробязь у параўнанні з іншым… З вечным пакутлівым адчуваннем віны, якое ледзь не з’ела мяне знутры. А якая радасць забіць чалавека, які ўпэўнены, што гэта заслужыў, і нават палёгку ў смерці бачыць? Мадэст Касіянаў, таксама новы «прызначэнец», што прыўнёс у працу НКУС асаблівыя метады, прапанаваў больш дасканалае пакаранне для здрадніка. І пасля чарговага допыту, які, па маіх прыблізных падліках, доўжыўся пяць сутак, «перакупіў» мяне з крэчатавых кіпцюроў для сваёй парафіі.
Мой папярэднік на ролі «глабальнага здрадніка» павесіўся. Другога задушыў адзін з вязняў. Двое іншых зламаліся, пачалі сапраўды ўсіх здаваць. І зрабіліся непрыдатнымі для эксперыментаў. Пра гэта мне сам жа Касіянаў і распавёў, калі мяне першы раз запхнулі ў ягоны «Форд».
Таварыш Касіянаў — чалавек недурны. Гісторыю добра ведае. Напрыклад, дэвіз інквізітараў: «Прымусь іх увайсці». Гэта значыць грэшнікаў — у Царства Нябеснае. Думаеце, для чаго ерэтыкоў палілі? Каб пакараць? Не. Лічылася, што пакутлівая смерць можа ачысціць бедныя грэшныя душы і даць ім магчымасць увайсці ў «Горад нябесны». Вось і Касіянаў браўся давесці, што, па-першае, любога, самага спакутаванага, вязня можна прымусіць шчыра палюбіць свайго ката, падсунуўшы яму іншы аб’ект для нянавісці. А па-другое, што любога, самага зацятага, ворага можна прымусіць пайсці на службу «рэвалюцыі», дакладней, карным органам. Дастаткова, каб усе паверылі, што ён ужо шчыра супрацоўнічае. Каб ён напачатку звык да пагарды. А пасля і ганарыцца пачне. А яшчэ карысна, калі вязню даюць магчымасць выступіць у ролі ката. Для гэтага «глабальны здраднік» у якасці «пасіўнага аб’екта» падыходзіць як мага лепей.
Так здарылася, што падчас першага блізкага знаёмства з Касіянавым у суседнім кабінеце знаходзіўся Нічыпаровіч. Касіянаў выклікаў яго дзеля гістарычнай кансультацыі — якраз дзейнасць інквізіцыі яго і цікавіла. Прэцэдэнты ў Вялікім Княстве Літоўскім. Ён жа, навалач, навуковую працу на падставе сваіх доследаў піша. І выпадкова акадэмік пачуў нашу з Касіянавым… трохі аднабаковую размову. І, падобна, застаўся ўражаны. Потым, калі мяне выпусцілі, Нічыпаровіч даў слова ніколі нікому не расказваць пра тое, што даведаўся. Нянавісць я перажыву. А вось пагардлівую шкадобу… Ды лепей здохнуць.
Ну і як, вы задаволены маім расповедам? Напэўна, атрымалі вялікую насалоду? Вам жа толькі гадасці і падабаюцца. Нервы казычуць».
Даліла ў адказ прамаўчала.
Па-за гульнёй-5
Жоўтае лісце на чорным граніце магіл —
Быццам для смерці ляжаць залатыя манеты.
Неба крумкач атрасае з натомленых крыл
Проста на штучныя кветкі каля пастамента.
Як прабачэння прасіць у таго, хто заснуў,
Ці — верагодней — прачнуўся ад нашае явы?
Лёс разбіваецца, як аб глухую сцяну,
Аб міласэрнасць і штучныя кветкі дзяржавы.
Толькі рука твая — цёплая і пад дажджом —
Мне не дае саступіць са сцяжынкі да згубы.
Ходзім па могілках, быццам прыглядваем дом.
Толькі лістотай яго не аплоціш, мой любы.
Жоўтае лісце падала на магілы гэтак ціха, нібыта баялася кагосьці тут пабудзіць.
Але нас наўрад маглі б напалохаць нябожчыкі.
Тым болей, адзін з іх ішоў разам з намі.
Спадар Валяр’ян у сваім доўгім чорным паліто (якое насамрэч, як выявілася, належала аднаму са следчых) на фоне крыжоў, мокрых чорных ствалоў дрэў і золата лістоты нагадваў не кажана, а крумкача — яшчэ нядаўна іх тут было, як пчол ля вулля. Пякельных пчол Тартарава вулля.
Дачка Далілы Віка весела наразала кругі па сцежках, а дзе і па закінутых магілах, раскідваючы ножкамі ў чырвоных боціках кучы лістоты — ганяла «шуршыкаў».
Дзеці не баяцца нябожчыкаў пабудзіць. А што малым? Яны і так жывуць у свеце міфаў і свята вераць, што іх лялькі па-за вачыма сваіх гаспадароў рухаюцца, размаўляюць, жывуць сваім жыццём… Дарослы пры дапушчэнні адной думкі пра такое не заснуў бы ад жаху.
Час ад часу Віка падбягала да дзядзькі ў чорным паліто, каб задаць вельмі сур’ёзныя (гены сказваюцца!) пытанні. І пачуць ад дзядзькі таксама вельмі сур’ёзныя, паважлівыя адказы…
Даліла, якая ішла наперадзе ўсіх нас, на самоце, незадаволена азіралася.
А вось Макс шпацыраваў цалкам задаволены — нядаўна Скаловіч вычытаў пару ягоных артыкулаў і дадаў гэткія каларытныя дэталі (вядома, бязлітасна раскрытыкаваўшы прымітыўны стыль, ненавуковы падыход і малаабазнанасць аўтара), што публікацыя абяцала выбухнуць маленькай сенсацыяй.
У мяне таксама атрымалася выгода ад з’яўлення госця — учора ён дапамог мне зрабіць кантрольную па праклятым супрамаце, над якой я раўла ўжо два дні… Цікава, як прафесар мяняўся, варта было ягоны розум «загрузіць» складанай задачай, — ніякага скепсісу-пацвельвання… Можна было падумаць, што ён па-сапраўднаму жыве толькі ў такія моманты… Сур’ёзны, уважлівы… Хоць наўрад калі раней эпюры крэсліў — але падручнік мой пагартаў, падумаў — і рашыў… Мне нават уявілася, як добра было б, каб гэта быў мой бацька, да якога заўсёды можна звярнуцца… Мой жа свядомы татка, інжынер і фалькларыст-аматар, на мае просьбы толькі раздражняецца… Гультайка! Няздара! Канфармістка!
Я нават прывалакла Скаловічу пачытаць — пад абяцанне нікому не расказваць — свае першыя празаічныя спробы…
Раскрытыкаваў, вядома.
Але я чамусьці не расплакалася — як у мяне ў звычаі ад найменшых крытычных заўвагаў. Якім чынам Скаловічу ўдалося «размазаць» мае сціплыя творчыя набыткі, як цеста на патэльні, і пры гэтым змусіць паверыць ва ўласныя сілы?
Ва ўсялякім выпадку, я сустракала кастрычніцкую раніцу задуменная і ўся такая натхнёная, перабіраючы ў стрыжанай галаве магчымыя сюжэты.
Увогуле, гэтая нядзельная раніца, восень, ціша ўлагодзілі ўсіх. Нават Генусь і Едрусь перасталі сварыцца… Чаго яны сварацца? Па першае, тэмпераменты розныя, па-другое, Далілу на ўзроўні падсвядомасці (а можа, і свядомасці) дзеляць, па-трэцяе, у Едруся самі ўжо ведаеце, якая мамачка, толькі на дзень наркаманіі такую віншаваць, а Генусь сваёй ледзь не кожную гадзіну тэлефануе. Суцешвае, падтрымлівае маральна. Вось цяпер блукае па могілках, але кажа, што звоніць з бібліятэкі. Каб не засмучаць.
Калі б мой дваццаціпяцігадовы сын, не студэнт, заўважце, не аспірант, сказаў мне, што тэлефануе з бібліятэкі, я б занепакоілася. Ці ўсё ў парадку ў маладога чалавека з асабістым жыццём?
Але Генусева мамачка, сціплая, хваравітая, трохі запалоханая медсястра, да такога тлумачэння звыкла, як да сынавых шакаладак: «Ну што ты трацішся на мяне, сынок…»
Можа, Генусь таму так лёгка і расстаецца з закаханымі дзяўчаткамі? «Мамкін сынок»…
А я ішла пад руку з госцем з мінулага.
Не падумайце нічога. Проста падчас сваіх вандровак у тэмпе электравеніка па бетонных брукаванках горада я падрала ўшчэнт красоўкі, і давялося выпараць са скрыні пад канапай школьныя боты. На абцасах у дзесяць сантыметраў! Быў у мяне такі «бзік»: вырашыла, што я маленькага росту. Не дацягваю да подыумнага стандарту. Не мазгі былі, а зацірка без солі.
А хадзіць на гэтых хадулях так і не навучылася. А тут вузкія сцежкі, гнілое лісце, слізка… Скаловіч падтрымаў мяне падчас падзення, а потым моўчкі падставіў руку. За хлопцаў нашых не патрымаешся — што за пяшчоты! У ЗША яшчэ ў 1985 годзе выдадзены «Femіnіst Dіctіonary», феміністычны тлумачальны слоўнік, у якім гаворыцца: «Галантнасць — зброя ўціску, якая робіць жанчыну няздольнай вырашаць жыццёвыя праблемы без штодзённай дапамогі мужчыны».
Вось і давялося дыбаць, нібыта павятовай паненцы са сваім старасвецкім дзядзечкам. Вой, і ўпячэ мне пасля за гэтую ганебную слабасць Даліла…
Каб Едрусь выказаў незадаволенасць — я была б шчаслівая.
Але яму што я пад руку са Скаловічам, што я ў абдоймах якога-небудзь заезджага алігарха альбо стрыптыз-хлопчыка Тарзана, — так, гэта мая асабістая справа.
Мы амаль перасталі канспіраваць ад хіміка відарысы «светлай будучыні» — ён толькі пагадзіўся не шукаць энцыклапедый ды навуковай літаратуры. Ганарыста абвясціў, што не схільны да плагіяту. Тым болей будучыня не выклікала ў спадара асаблівага захаплення, наадварот: погляд на шэрыя шыхты «хрушчовак» ды «брэжневак» спарадзіў такую саркастычную ўсмешку, што мне проста закарцела насуперак уласным перакананням неяк абараніць звыклы ўрбаністычны саўковы пейзаж.
Залаты ліст павольна праляцеў проста перада мной, нібыта маленькі човен запрашаў у падарожжа, апусціўся на магільную пліту з чырвонага граніту з шэрымі прожылкамі… Тут адразу былі пахаваныя трое. Не, адна фотакартка адсутнічала, і пастаўленая толькі дата нараджэння. Ніякавата выглядае. Немаладыя муж і жонка, памерлі гадоў дзесяць назад, у адзін дзень, і побач месца для іх, відаць, пакуль жывой пяцідзесяцігадовай дачкі. Няўжо яна такая самотная, што падрыхтавала ўжо сабе магілу з бацькамі? А магіла — заціснутая між помнікамі XІX стагоддзя… Значыць, на гэтым месцы таксама было старое пахаванне. Жудасць якая — ляжаць над іншым нябожчыкам… Нібыта на верхнім ярусе турэмных нараў. Але, відаць, «гаспадыня» магілы над гэтым не задумвалася. Унутры агароджы з пафарбаванага ў чорны колер металу было прыбрана, у вазачцы — не з пластыкавай бутэлькі, як тут часта сустракаецца, а з белай парцаляны свяціліся вострымі юлёвымі промнямі астры.
— Дзіўна, але яшчэ дзесьці жывуць людзі, якія маглі б мяне памятаць, — задумна прамовіў Скаловіч. — Вось толькі наўрад хто з іх мяне памятае.
— Вам ад гэтага сумна? — не ў лад аптымістычна азваўся Макс.
Хімік скептычна пакрывіў вусны.
— Я хацеў, каб на мяне забыліся.
Даліла, якая, відаць, прыслухоўвалася да размовы, рэзка спынілася і азірнулася.
— Калі вы не лжаце, то ў вас не ўсё добра з псіхікай. Чалавек не можа жадаць, каб на яго забыліся нашчадкі.
— «Не можа» — слабы аргумент, — з’едліва пракаментаваў Скаловіч. Чым і наклікаў на сябе гнеўную водпаведзь.
— Гэта супярэчыць самаму галоўнаму інстынкту — самазахавання, — Даліла нават кулакі сціснула — відаць, усё назапашанае раздражненне на госця ўскіпела. — Дзеля чагосьці вы ж працавалі, разбіраліся ў сваіх іонах-пратонах? Ах, я здраднік… Ах, пакарайце мяне… Ах, я варты смерці… Колькі людзей, вашых сучаснікаў, цудоўных, добрых, шчырых і не вельмі, ляжыць на гэтых жа могілках безыменнымі, застрэленымі куляй у патыліцу, і іх сапраўды ніхто ніколі не ўспомніць. І калі іх расстрэльвалі — тут, між гэтымі ліпамі, уночы, крадма, як хворае быдла, — у іх не павінна было заставацца надзеі на памяць, помнікі, вянкі, удзячныя словы… Каты не давалі ім ні пробліска веры ў гэта. Але я ведаю — яны верылі. А вы проста… выкапнёвы мізантроп.
Я прыняла сваю руку з рукі Скаловіча і трохі адступіла ўбок, каб якая трэска гневу ў мяне не патрапіла, калі зараз пачнецца гнеўная сеча.
Хімік нібыта не заўважыў маёй ганебнай рэтырацыі і прамовіў надзіва спакойна:
— На безыменных магілах ахвяраў спаконвеку раслі гарады і храмы. Лозунг «Успомнім усіх» — гэта, вядома, прыгожа. Але гэта немагчыма. Пра гэта сведчыць элементарная логіка. Мільярды людзей… Мільярды клетак цела сусветнай цывілізацыі. Няхай кожная з іх непаўторная — што значаць іх імёны? Вы ведаеце хоць адно імя з тых, хто бараніў незалежнасць царства Урарту? А там былі героі-патрыёты. Толькі на Страшным Судзе кожны верне сваю індывідуальнасць. А для слабога чалавечага розуму — хоць бы сябе неяк уратаваць ад гардыні. Вы ездзілі ў Чэхію, бачылі там знакамітую капліцу-костніцу? Усё ў ёй выкла­дзена з костак мніхаў. Агароджа, алтар, люстра… Кожны мніх ведаў, што пасля ягонай смерці цялесны футарал не будзе захоўвацца ў маўзалеі, і зямное імя згасне, як рэха нябеснага. Вам, спадарыня, страшна ўявіць, што вас не будзе ў зямным жыцці. Вы па маладосці гадоў сваіх проста не можаце гэтага ўявіць увогуле. І цвёрдай веры ў тое, што смерць — толькі пераход, брама, — у вас няма. А наконт маёй мізантропіі — заўважце, я і не рабіў спробы вам спадабацца. Мяне, уласна кажучы, вашае меркаванне пра маю сціплую асобу не кранае. А кранае мяне, што дзесьці ў гэтай зямлі, магчыма, утварылася пустэча, таму што там няма мяне. Маіх непаўторных клетак. З-за вашай інфантыльнай любові да радыкальных эксперыментаў над бліжнімі…
Голас прафесара падчас ягонай прамовы ўсё больш набіраў лекцыйную моц, і ўрэшце ўсе мы згрувасціліся купкай, як хмаркі, у лучнасці якіх выспявала бура. Нават маленькая Віка перастала раскідваць лісце і заціхла, як змерзлая птушка.
Касцёл пазіраў на нас псеўдагатычнымі вачыма вокнаў, выцягнутых нібыта ў здзіўленні, — аркі, як зламаныя бровы.
— Пра мой варты жалю інтэлект і безадказнасць я ўжо наслухалася! — зялёныя вочы маёй сяброўкі ад гневу ледзь не палалі жоўтым агнём, як у сапраўднай кобры.
— Хто вам даў права гэтак размаўляць з Далілай? — выкрыкнуў Генусь на адрас хіміка. Я інстынктыўна падалася наперад, каб стаць паміж імі… Генусь нервовы, а Скаловіч, між іншым, яшчэ ледзь на нагах стаіць — толькі фіг у гэтым прызнаецца. Вось і зараз атрутным тонам працягвае выклікаць на сябе:
— Вы сур’ёзна лічыце, што гэтае права можа нехта даць?
Генусь і праўда быў тузануўся, нібыта каб замахнуцца…
— Ціха, ціха! — вылез наперад Макс. — Хто-хто, а гісторыкі лепей за іншых ведаюць, наколькі няпэўная штука памяць. Больш за ўсё, між іншым, ілгуць дакументы.
— Гэта як? — падала голас я, бо захавала школьніцкі піетэт да кожнай паперкі з пячаткай.
— А так… Вось трэба табе, скажам, зваліць з заняткаў, ты ж стопудова нешта выдумаеш — цётка захварэла, дзядзька з Кіева прыехаў… Напішаш жаласную заяву ў дэканат. А потым твае біёграфы пачнуць шукаць неіснуючую хворую цётку і дзядзьку з Кіева. Загадка паэтэсы Русланы Палынскай! А ўсе гэтыя паведамленні пра адстаўкі высокіх чынуш! Перапрацаваўся, саслаб здароўем, добраахвотна вырашыў, што на іншай пасадзе прынясе большую карысць дзяржаве… Ага, як жа… І ні ў водным дакуменце не напішуць проста — скраў, застуканы на распусце, абразіў яшчэ вышэйшага чынушу…
— Паслухай, але ж ёсць сведчанні сучаснікаў! — за­пярэчыў Генусь.
— Ага, а яшчэ дзённікі! — зыранізаваў Макс. — Чытаў Кафку? Няшчасны, усе яго тыранілі… Сям’я, кабеты, шэф на працы… А тут яшчэ антысеміты пражскія… Але некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што і ў дзяцінстве ягоным ніякіх жудасцяў не сустракалася, і бацькі любілі, і начальнік страхавой кампаніі шанаваў геніяльнага падначаленага — той пару гадзін на дзень папрацуе, месяц хварэе… А шэф яму дапамогу выплочвае. Сябар, Макс Брод, як хвосцік, ходзіць следам, расхвальвае, артыкулы піша, друкавацца дапамагае… А як з кабетамі абыходзіўся — таксама асобная размова. Эксперыменты ставіў: спакуса праз перапіску. Ды і пагромаў у ягоны час яшчэ не было.
— Ты хочаш сказаць, што ён шчасліўчык, які прыкідваўся, што пакутуе? — абурылася Даліла.
— Ды не, пакуты былі сапраўдныя… — пагадзіўся Макс. — Не кожны вытрымае. Бяссонне, страўнік ежу не прымае… Толькі прычыны ўсё-ткі больш унутраныя, чым знешнія. Геній бярэ на сябе пакуты ўсяго чалавецтва. Вось такі ён… выскачка.
— За тое мы такіх людзей і памятаем! — урачыста пад­рахункавала Даліла. — У Оскара Уайльда ёсць апавяданне пра салаўя і ружу… Салавей, каб дапамагчы паэту заваяваць каханую, сваёй крывёй афарбаваў белую ружу ў чырвоны колер, працягваючы спяваць, калі шып уваходзіў у грудзі… Красуня і чырвоную ружу забракавала, кветку стапталі ў бруд… Але смерць салаўя ніколі не бывае дарэмнай! Песні застаюцца!
Скаловіч, які са сваёй раздражняючай усіх без выключэння, акрым, можа, Вікі, усмешкай гэта слухаў, не прапусціў азвацца на пафас.
— Ну так, памятаеце вы… Вось тут, непадалёк, я бачу крыж са знаёмым прозвішчам. Вось ужо хто не шкадаваў сябе дзеля беларускай справы. Сапраўдны інтэлігент… Ягоная пецярбургская суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» і была для тутэйшых — як сонца. Без яе, можа, ні Купалы, ні Коласа не было б. «Вянок» Багдановіча выдаў на грошы Магдалены Радзівіл. А хто такі быў Багдановіч? Пакуль акадэмік Замоцін, запрошаны з Расіі, не адкрыў яго як вялікага паэта… Ды яшчэ Сяргей Палуян, таксама «зялёны» крытык-самагубца, ацаніў, дастаў Багдановічавы вершы з кошыка «Нашай Нівы»… У БНР чалавек, пахаваны тут, працаваў міністрам асветы. Напісаў першы падручнік па неарганічнай хіміі на беларускай мове. Пры Саветах стаў рэктарам педінстытута… У бальшавіках расчараваўся. Цяпер… дакладней, у маім часе — прафесар Варшаўскага ўніверсітэта. Аўтарытэт! І вось — сціплы крыжык з бел-чырвона-белай стужачкай…
— А ён, можа, і крыжа не заслужыў, — з выклікам прамовіў Генусь. — Падчас апошняй вайны… вы да яе не дажылі, — кінуў Скаловічу, — гэты чалавек пайшоў служыць акупантам. Для якіх беларусы — рабы, якія падлягалі большай часткай вынішчэнню. Людзей забіваюць сотнямі тысяч, вешаюць, спальваюць жыўцом, мораць голадам у канцэнтрацыйных лагерах… Жанчын, дзяцей, немаўлятаў… А гэты ў касцюмчыку горадам кіруе ды беларушчыну ратуе. Забілі яго партызаны… І правільна зрабілі.
— Чакай, не так усё проста! — запярэчыў Макс. — Наш прафесар — сведка… Як разабрацца, дзе праўда, калі ты ўнутры віру? Хто — здраднік, хто — герой, хто — сябра, хто — вораг? Вось бальшавікі… Зачышчалі тэрыторыі Украіны і Беларусі ад нацыянальнай інтэлігенцыі, каб гэтыя пагранічныя з Еўропай землі можна было спакойна дзяліць, каб не было народаў, а толькі насельніцтва. З паўтысячы беларускіх пісьменнікаў купка набярэцца ацалелых, і з тых прынамсі палова выжылі за кошт свайго стукацтва. «Кулакі» — у Сібіры. Гэта значыць, працавітыя, хоць троху ўмелыя людзі… А колькі іх проста «дзеля плана» забрана! Каб адрапартаваць, што вось столькі працэнтаў ворагаў «вычысцілі». Наняла самотная бабулька маладога суседа бульбу выкапаць — усё, «кулачка», мае батрака. Беларусізацыя зварочваецца. Нават граматыку скалечылі, каб бліжэй да расейскай мовы. Людзі вар’яцеюць ад страху. Калі начальнікам «органаў» у Менск прызначылі Барыса Бермана, ён загадаў следчым «зняць пальчаткі», і кожную ноч толькі ў сталіцы хапалі па сто чалавек… Вам, спадар Валяр’ян, гэта яшчэ давялося б спазнаць. А пачварны закон «пра каласкі» — за сарванае на калгасным полі зерне дзесяцігоддзі катаргі… У прынцыпе, нічога новага для су­светнай гісторыі. Гэткі строй называецца легізм. Яшчэ старажытны кітаец Шан Ян абгрунтоўваў «у рогі» Канфуцыю… Карай за малую правіну, як за вялікую, — нікому ў галаву не прыйдзе ўтварыць вялікую. Народ подлы, яго трэба са­слабляць, а дзяржаву ўмацоўваць.
Макс стукнуў па фарбаванай чорным агароджы магілы, як быццам заклікаў нябожчыка таксама ў сведкі:
— І тут — немцы… Ідуць пад лозунгамі вызвалення ад уціску камуністаў. Ёсць надзея выкарыстаць іх, каб утварыць беларускую нацыянальную дзяржаву. Без палякаў, без расейцаў. Мара, дасюль недасяжная. БНР, дарэчы, таксама ж пры немцах утварылася… Іван Луцкевіч кайзераўцаў хлебам-соллю ў Вільні сустракаў. І цяпер не кожнаму хапіла розуму ўсвядоміць, што гэта ўжо не проста немцы, нацыя Гётэ і Шылера, — а фашысты. Якія не культуру нясуць, а генацыд. Беларускі паэт Майсей Сяднёў сядзіць у бальшавіцкай турме, смерці чакае — за вершы, за мову… Як ён павінен успрыняць гукі самалётаў, што лятуць бамбіць Мінск? Правільна, як сімвал вызвалення.
— Ты іх усіх апраўдваеш? Паліцаяў? — Генусь напяўся, як драпежны звер. — Не разабраліся… Затое па-беларуску газеткі выдавалі… А ведаеш, што было б, калі б мой дзед па бацьку ў якім сорак другім сустрэўся на вуліцы Мінска з якой беларускай патрыёткай з камендатуры? Мой дзед, хлопчык з гета, з нашытай на падраны пінжак жоўтай зоркай… І дама ў капялюшыку, якая толькі што гарбату ці шампанскае піла з герам, які аддаў загад гета знішчыць.
Вецер, зніадкуль вазьміся, прашаргатаў па жоўтым лісці, узвіхурыў яго ў прывідных «джынчыкаў», якія хутка прабегліся па магілах, спалохаліся і рассыпаліся.
— Я глядзеў фільм пра вайну ў Карэі, — задумна прамовіў Едрусь. — Мы ж мала ведаем гісторыю іншых краінаў… А там ужо пасля Другой сусветнай схапіліся паўднёвыя «капіталісты» і паўночныя «камуністы». Карэйцы супраць карэйцаў. І налажылі мільёны тры. І вось ужо наш час, дакументальныя кадры. Раскопкі на месцы баёў. Парэшткі кожнага салдата з пашанай дастаюць, накрываюць карэйскім нацыянальным сцягам… Гімн грае, слава героям… А фішка ў тым, што ніхто не адрознівае, не разбіраецца — які жаўнер за які бок ваяваў. Таму што прыйшло разуменне — усё гэта карэйцы. І кожны з іх верыў у нейкую ідэю, хацеў лепшага для свайго народа. У нас пакуль гэтага разумення няма. Наш народ хворы вайной.
— Ёсць рэчы, якія нельга дараваць нават у імя самай высокай ідэі! — ускрыкнуў Генусь.
— Ага, свабода, роўнасць, братэрства… — скептычна прамовіла Даліла. — А яшчэ дэмакратыя.
— А што, табе падабаецца жыць пры таталітарызме? — Генусь паглядаў спадылба, праз цёмныя доўгія прадкі валасоў, — відаць, вось гэткі ягоны позірк і страшыў у свой час школьных настаўнікаў. — Усе — строем, усе ідэалагічна правільна мысляць, а намёты пікетоўшчыкаў можна і бульдозерам… Вунь я хадзіў міма Дома прэсы, і справа ад яго белая сцяна гаража тры гады была спрэс у надпісах «СС» ды «Слава России!». І тры гады ніхто не замазваў. Хаця хадзілі ж побач людзі… А чаму? Баяліся чапаць. А раптам гэта правільна? Вось каб напісаў хто «Жыве Беларусь!» — на наступны ж дзень зафарбавалі б. Брамнікаў языком змусілі б злізаць.
— Ну, скажам, і пры самых тваіх улюбёных дэмакратыях намёты пікетоўшчыкаў паліцыя прыбірае. Дзе — бульдозерам, а дзе і вадамётамі ды газамі, — адрэзаў Макс. — Дэмакратыя — гэта яшчэ не значыць агульнае шчасце. Каб пабудаваць нацыянальную дзяржаву, часам даводзіцца нечым ахвяраваць, каб пераламаць сітуацыю ў бок нацыянальнага.
— А што такое — «нацыянальнае»? — ціха спытаў Едрусь. — Вось, спадар Скаловіч — напалову венгр. Я — напалову расеец. Генусь — на чвэрць габрэй. Усе мы гатовыя памерці за Альбарутэнію. Піцерскі паэт Гарадніцкі, габрэй па паходжанні, неяк напісаў верш-адказ тым, хто спрачаўся наконт таго, чый ён паэт: «Родство по слову порождает слово. Родство по крови порождает кровь».
Скаловіч, які ўвесь гэты час адмоўчваўся — відаць, паглынаў і перапрацоўваў каштоўную інфармацыю пра будучыню, скрыжаваў рукі на грудзях і агледзеў нашу кампанію звысаку.
— Та-ак, ну і каша ў вашых мазгах, сябры. Замілоўваюць мяне падлеткі, які разважаюць пра палітыку. А вось цяпер адкажыце мне, а галоўным чынам сабе, сумленна ўсяго на адно пытанне: ці згадзіліся б вы жыць у самай дэмакратычнай краіне, з самым высокім узроўнем жыцця, калі б яна перастала быць Альбарутэніяй? Воля, дабрабыт… Можа быць, і назва тая самая. Але няма жывой мовы — хіба ў якасці фальклору. А так — руская, польская, англійская. Літаратура беларуская — што на лаціне, у якасці помніка.
Восень глядзела на нас жоўтымі вачыма, як рысь.
— Гэта… дэмагогія! — абурыўся Генусь. — У дэмакратычным грамадстве захаваюць нацыянальнае…
— Некарэктнае дапушчэнне. Я паставіў пытанне вельмі проста. Баіцеся адказаць самі сабе?
Зеленавокая Віка асцярожна тузанула крысо чорнага паліто.
— Дзядзька Валяр’ян, а ў гэтай краіне будуць Дысней­ленды? Ну, такія… паркі з каруселямі?
— Колькі хочаш! — запэўніў Скаловіч.
— Тады я згодная!
— Чаму вы вучыце дзіця? — крыкнула Даліла і адцягнула Віку да сябе за рукаў. — Хочаце ведаць мой адказ — магу сказаць. Мне не патрэбная самая лепшая ўлада, калі пры гэтым не захаваецца Альбарутэніі. Калі мне не будзе каму сказаць «Калі ласка».
— Можна падумаць, зараз вы часта гэта гаворыце. Словы відавочна не з вашай лексікі, — не ўтрымаўся ад чарговай порцыі атруты Скаловіч і абвёў вачыма астатніх.
— Ну? А што думаеце вы?
— Пакуль жывы я, жывая Альбарутэнія, — спакойна ўсміхнуўся Едрусь. — Помніце, як у апавяданні Аляксандра Грына… Чалавека падманулі, паслалі ў джунглі шукаць цудоўны горад. Ён шукаў, пакутліва і дарэмна, а праз нейкі час пабудаваў яго. На пытанне, як гэта ўдалося, адказаў: «Я нёс гэты горад у сэрцы маім».
— А вы, Руслана?
Я адарвала вочы ад Едруся, нібыта давялося аддзіраць пластыр ад раны.
— Зразумела, небеларуская Беларусь, нават з самым лепшым урадам, — гэта не мая краіна. А вы самі? Змаглі б жыць без Альбарутэніі?
У цёмных прадках прафесарскіх валасоў, з рэдкімі нітамі сівізны, заблытаўся вецер.
— А я і не змог.
І куды нам, няшчасным, у такім выпадку падзецца? Сказана — хочаш даведацца, чыя ў краіне ўлада, паслухай, на якой мове вучаць дзяцей у школах. Адна паэтка, памятаю, у сярэдзіне дзевяностых прапаноўвала, каб беларускамоўным беларусам дазволілі стварыць сваю рэзервацыю. Накшталт індзейскіх вёсак. Каб хоць так захавалася наша культура. А турысты будуць ездзіць, спачуваць… Подпісы пад зваротам збірала. Думала, улады прысаромяцца, адчуюць «сцёб». А яшчэ памятаю, як мае бацькі змагаліся, каб я працягвала навучанне ў беларускамоўным класе. А дырэктарка тлумачыла, што дзеля трох чалавек (менавіта столькі бацькоў не пагадзіліся з пераводам класа на рускую мову) асобны клас стварыць не могуць. А паколькі ў нас свабодны выбар моў, дык вось усяго за дзесяць прыпынкаў са зручнымі перасадкамі ў вельмі добрай школцы ёсць беларускамоўны клас, і нават з эстэтычным ухілам. І хай там на гэтым непрыгожым языку і выяўляецца ваша дачка.
З боку шашы, якая жыла сваім мітуслівым жыццём за агароджай могілак, пачулася адчайнае выццё механічнага звера.
— Ну і клаксоны ў вашай тэхнікі… — прабурчэў хімік, павярнуўся і павольна пайшоў назад, да белай брамы, чорны, няўклюдны, чужы ў гэтай залатой восені.
— Стойце!
Даліла кінулася за ім, схапіла за рукаў, нібыта непаслухмянае дзіця.
— Я нешта мушу вам паказаць…
І павалакла некуды ўлева ад сцяжыны… Я здагадалася — там жа магілы Севы Касіянава і Разаліі! Няўжо Даліла спадзяецца, што, калі туды падыдзе Скаловіч, то зямля рассядзецца і нябожчыкі ажывуць?
А наша амазон-феміністка, сцяўшы вусны, подбегам цягнула прафесара за сабой, не жадаючы заўважаць, што ён не можа ісці хутка. Урэшце ён і праўда пахіснуўся і цяжка ўпаў на адно калена, нібыта паранены рыцар перад чароўнай дамай. Я адарвала руку Далілы ад ягонага рукава.
— Ты што, ачумела? Яму нельга!
— Жаласлівая… Ты ў нас, Руся, заўсёды самая жаласлівая ды памяркоўная. Як мікстура ад кашлю. З усімі згаджаешся, усіх мірыш, тыповая пазіцыя здрадніка. — Даліла выплёўвала словы, як згуслую жоўць. — А я хачу, каб ён… прафесар наш… паглядзеў на гэтыя магілы.
Скаловіч адхінуў маю дапамогу і ўзняўся сам. Ён стаяў, сунуўшы рукі ў кішэні чорнага паліто, купленага нейкім сталінскім арлом, дакладней, сцярвятнікам, і вусны яго былі ганарыстыя, нібыта ў маршалка на сойме.
Просты жалезны крыж на магіле ўнука ягонага ката трохі пахіліўся, блакітная фарба на ім аблупілася, а твар юнака ў маленькім авале ледзь праглядаўся скрозь пацалункі соцень дажджоў.
— Касіянаў… Трэба разумець, што ў Мадэста Пятровіча меўся ўнук. Запэўніваю вас, што я не душыў яго пад лесвіцай, як Рычард Трэці сваіх пляменнікаў. Дый, дарэчы, няшчаснаму каралю таксама гэта злачынства толькі прыпісвалі.
— І ўсё-ткі гэты хлопец загінуў з-за вас! І яшчэ шмат вартых людзей… Напрыклад, пахаваная побач з ім, вось у гэтай магіле, папярэдняя гаспадыня маёй хаты.
Маладая Разалія з кароткай стрыжкай з грыўкай трохі спадылба пазірала з партрэта, які стаяў, прыхілены да часовага драўлянага крыжа побач з магілай Касіянава.
Жудасная гісторыя пра галіну грушы прагучала гэтак тэмпераментна, што Далілу ад самой сябе ледзь на слёзы не прашыбла.
Скаловіч толькі вусны пакрывіў.
— Нават не буду абяцаць, што, ведаючы гэта і вярнуўшыся, не праеду ў машыне Касіянава пад згаданай ігрушай. Гэтак жа падгадаваны кабанчык не можа паабяцаць вам сустрэчы пасля Калядаў.
А ў маім горле стаялі слёзы крыўды.
— Як табе не сорамна, Даліла! Няўжо ты не разумееш — калі Валяр’ян Іванавіч тут, і нічога не змянілася — значыць, усё адбылося не з-за яго! І колькі б ні спілоўваць тую галіну грушы — нічога не зменіцца!
— А з-за каго ж гэта ўсё адбылося? Бачыце, прафесар, якое ўражанне вы зрабілі на нашу даверлівую Русю! Пакутнік… Карбанарый Авадзень у балагане… Думаеце, калі на допытах нікога не называлі, а проста сядзелі прывязаным у крэсле ды маўчалі — дык вы чысты? Вы ж спрыялі таму, каб людзей ператваралі ў звяроў! Ды сумленны чалавек на вашым месцы сапраўды засіліўся б! Ці на ката кінуўся! Зубамі грыз… У вас жа быў час збегчы… Вы — не Раскольнікаў, які забіў бабульку, а пасля прыняў пакуты катаргі. Вы — здраднік. Нянавісць да сябе нічога не апраўдвае!
Скаловіч стаяў, апусціўшы галаву. Ён раптам падаўся мне разгубленым, я нібыта пабачыла самотнага няўклюднага юнака, які робіць на продаж бенгальскія агні.
— Я ўжо адзін раз зрабіўся забойцам — досыць. Засіліцца? Загубіць душу? Часам смерць — гэта баязлівасць. А ўця­каць… Я не маю права ўцякаць.
Маленькая Віка прарабіла чырвонымі боцікамі сцежку ў лістоце ад закінутай капліцы да сярдзітай матулі.
— За што ты крычыш на дзядзьку?
Даліла, відаць, збіралася нешта гадкае вымавіць, але стрымалася. Затое пракаментаваў прафесар, да якога вярнулася ягоная суровасць.
— Таму што твая мама заўсёды шукае вінаватых. Ва ўсім жа нехта вінаваты. Габрэі, кулакі, нацдэмы…
— Не смейце мяне параўноўваць з катамі!
Генусь тут жа падскочыў да хіміка.
— Прасіце прабачэння!
— Шкада, што вас гэтак раздражняюць цалкам лагічныя супастаўленні. — Скаловіч дадаў атруты ў свой гучны нізкі голас, хаця і бачыў, што ў нашага хакера ажно вусны дрыжаць ад гневу. — Не дзіўлюся — логіка не ўласціва вашаму мысленню. Гэта ж тычыцца і вашай дамы… Калі вы так моцна ў яе закаханыя — дык стрымлівалі б неяк яе афрыканскі тэмперамент.
Магу паспрачацца на сшытак сваіх вершаў — апошнія словы прафесар прамовіў, выдатна разумеючы, што будзе далей. Я ледзь паспела захінуць сабой хіміка — кулак Генуся дакладна заехаў бы мне ў лоб, калі б Скаловіч маланкавым рухам не перахапіў яго. Ды яшчэ так перахапіў, нягледзячы на свой яшчэ паганы стан, што Генусь ад болю сагнуўся.
Пачалася брыдкая тузаніна.
— Слухай, ты, Тэрмінатар! — прароў Едрусь на хакера, адкідваючы яго назад. — Ты рэальнасць са сваім улюбёным «Думам» не пераблытаў?
А Генусь, збялелы, з растрапанымі чорнымі валасамі, усё яшчэ парываўся звесці рахункі са Скаловічам.
— Няхай ты хоць акадэмік, але не маеш права нас прыніжаць! Хто ты такі? Ля цябе ж трава вяне! Мефістофель у лапцях! Брыдка глядзець, як нашы дзеўкі за табой упадаюць. Што адна, што другая. Гэта нізка — выкарыстоўваць іх! Яны табе ў дочкі…
— Заторкніся! — Даліла прамовіла гэта хрыплым шэптам, і гэта было так страшна, што Генусь змоўк, адчайна закінуў галаву да восеньскага неба, нібыта збіраўся завыць ад тугі, рэзка павярнуўся і пайшоў прэч.
— Стой! — закрычала я. — Ты ж абяцаў зрабіць прафесару пашпарт…
Тэрмінатар нават не азірнуўся, толькі падняў угору левую руку з адстаўленым сярэднім пальцам.
Не, ён сапраўды «зрушыўся» ад непадзеленага кахання. Я і Даліла — і ўпадаем за старым звяглівым дзядзькам? Яшчэ б да могілкавай брамы прыраўнаваў.
— Ну што, цяпер вы задаволеныя? — прагаварыла Даліла тым жа ненавісным шэптам на адрас прафесара. І, не чакаючы адказу, узяла пераляканую Віку за руку і рушыла ў бок дамка Разаліі. Прафесар, змрочна сыходзячы за ёю, зірнуў на мяне:
— Дзякую.
А побач вырас Едрусь.
— Ты малайчына, Руслана. Давай, трымайся… А то абцасы паломіш.
І падставіў руку.
А я… А я, глытаючы слёзы, пакульгала, успорваючы шпількамі вільготную зямлю, зусім у іншы бок, далей ад усяго, што лічыла дагэтуль самым важным у сваім жыцці.
Лісты па-ранейшаму ціхутка падалі на магілы, нібыта хацелі закрыць ад погляду неба нашы сляды…
Па-за гульнёй-6
Я не была ў дамку ля могілак, напэўна, тыдні два. Адключыла сотавы. Накупіла дыскаў з фільмамі Грынуэя, Кім Кі Дука і Ван Вармердама — мой улюбёны дэпрэсняк. Асабліва люблю Грынуэя «Адлік нябожчыкаў». Там жанчыны гэтак вытанчана топяць мужыкоў… аднаго за другім… у атачэнні кветак, апалага лісця і чырвоных яблыкаў. І ўсё гэта таксама Вялікая Гульня — толькі іхняя, а не наша.
Заняткі таксама прагуляла. Бацькам, вядома, па барабану. Маці толькі аднойчы з’едлівым тонам прамовіла, што лепей бы я, чым блытацца па хаце без справы, схадзіла на вечарыну барда Сцяпана Ветравея, якога зараз не пускаюць на вялікія сцэны.
Нічога не маю супроць барда Ветравея.
Але дваццаць гадоў спяваць адно і тое ж, з тым самым пафасам і практычна для той самай публікі, якая за гэты час пасівела і палысела і не выканала нічога з таго, да чаго гэтыя песні заклікаюць?
Я лепей апавяданне напішу… Пра аднаго з паэтаў, расстраляных у гонар дня народзінаў савецкага камсамолу, 29 кастрычніка 1937 года. Пра дзяўчыну, якая кахала свайго прафесара, але пайшла замуж за камсорга. Пра сённяшнюю студэнтачку архітэктурнага аддзялення, якая ня­здольная разабрацца ў тым, што ёй рабіць у гэтым жыцці — прынамсі, не будаваць жа лецішчы для багацеяў. Лядовыя палацы таксама неахвота. Дый увогуле… Здавалася толькі, што архітэктура амаль тое самае, што маляванне. Музыка, замкнёная ў камні… Ле Карбюзье, Гаўдзі… Ага… А «супрамат» хто вывучыць? А ўсе гэтыя праграмы тры-дзі-макс? Балкі-швелеры-русты-канелюры? А жах майго жыцця — адмыўка? Вы ведаеце, што такое адмыўка? Гэта калі празрыстую ваду, у якой расчынена фарба, слой за слоем вельмі акуратна наносіш на накрэслены на ватмане фрагмент, раз за разам адступаючы. Такім чынам дзесьці фарба — у два слаі, дзесьці — у дзесяць… І атрымліваецца дасканала плаўны пераход ад светлага да цёмнага.
Мне ніяк не ўдавалася роўненька ссоўваць пэндзлем валік афарбаванай вады па нахіленым планшэце. Заўсёды атрымліваліся пісягі.
А мае прабабулі, напэўна ж, пралі, ткалі, вышывалі… Божа мой, я ж нават вязаць не навучылася — не разумею, як гэта можна не ўдавіцца ад нуды, тысячу разоў аднолькавым рухам чапляючы на пруток нітку… А тут… І ўсё жыццё гэтым займацца?
Таму я валялася на канапе, глядзела Грынуэя, а па начах пісала на сваім старэнькім камп’ютары прозу, а ў сшытку — вершы. Не прызнаю, калі вершы пішуцца на камп’ютары. Па-мойму, парушаецца нешта пры гэтым. Ну, усё роўна як стол накрываць газетамі.
Час сцякаў марудна, па кроплі, як вада ў кітайскім катаванні. Вядома, я чакала, што нехта ўсё-ткі праб’ецца праз узведзеную мною сцяну. Самыя зацятыя мізантропы заўсёды на гэта спадзяюцца. Чым мацней яны адасабляюцца — тым больш пякучая надзея, што нехта зараз раскайваецца ў тым, што не цаніў іх прысутнасць.
Насамрэч чым болей часу ты хаваешся ад свету, тым болей цябе забываюць, а ты, наадварот, «накручваеш» сябе.
У маіх начных жахах бачыўся Едрусь, які працягвае мне руку, на якую я так і не апусціла сваю, спіна Генуся і ягоны развітальны зняважлівы жэст, вусны Далілы, з якіх злятаюць крыўдныя словы, і змрочны твар Скаловіча. Мне нават некалькі разоў падалося, калі я глядзела праз акно на двор, што я бачу постаць Едруся, які таксама пазірае на мяне. Да трызненняў сябе давяла.
Я ўяўляла, што робіць госць з мінулага ў дамку… Мы ўжо перасталі дзівіцца некаторым ягоным звычкам. Напрыклад, кожную раніцу і ўвечары ён станавіўся перад абразом і хвілінаў пятнаццаць прамаўляў малітвы. Не зважаючы, глядзім мы, не, звяртаемся да яго ці не… Вось менавіта на гэты час у яго прызначанае самае важнае спатканне — і ён нізавошта гэтае спатканне не прапусціць. Потым пачаў адціскацца ад падлогі. Адразу — нядоўга, па некалькі разоў, падаючы ад болю. Але чым больш ачуньваў, тым даўжэй адціскаўся. На адной руцэ, на другой… На кулаках… Зноў-такі — не зважаючы на насмешкі і роспыты. Толькі адно патлумачыў — маўляў, хімік не мае права сапсаваць дослед з-за таго, што ў яго трасуцца ад слабасці рукі. Нібыта быў пэўны, што вось-вось давядзецца зноў узяцца за доследы. А яшчэ ён бясконца выпрабоўваў розныя рэчывы. Усё роўна, што… Адшкрабаў галоўкі запалак, выціскаў крэм для галення… Разглядаў, змешваў, падпальваў. І чыркаў, чыркаў алоўкам на абрыўках газет, на цэтліках, на любых ашмётках паперы нейкія формулы. Аднойчы — не ведаю, з чаго — яму ўдалося зрабіць сапраўдны феерверк. Рознакаляровыя іскры разляталіся фантанам, чамусьці нічога не апякаючы. Але смурод утварыўся такі, што давялося расчыніць усе вокны, нават тыя, што гадоў трыццаць не адчыняліся, і з іх павылятала вата, усыпаная раструшчанымі навагоднімі цацкамі. А яшчэ ён умеў жангліраваць чым заўгодна. Так-так, спадар мізантроп мог быць і такім. Малая Віка страшэнна радавалася і падсоўвала дзядзьку то цыбуліну, то лыжку, то кубак — каб паляталі ў паветры. Мяне ўвогуле здзіўляла, што ў Скаловічы, калі даведацца лепей, ужываліся і малітоўнасць, выхаваная бабуляй, і балаганныя штукарствы, дарунак бацькоў. Хрысціянскасць — і дзіцячая крыўдлівая зацятасць. Змрочны аскетызм — і схільнасць да гумару, праўда, чорнага. Педантычнасць — і побытавы мінімалізм, амаль хіпоўскі. Я ўспамінала, як з Далілай прыйшла позна вечарам у дамок, забраць Віку, пакінутую на прафесара, і яшчэ спанадворку мы пачулі дружны смех… Даліла прыклала палец да вуснаў, і мы праслізнулі ў хату, як дзве мышы… І… пабачылі прафесара і Віку ў становішчы дагары нагамі. Ён, аказваецца, вучыў яе па ейнай просьбе стойцы на руках. І гэта з рэбрамі, якія ледзь зрасліся! Абое час ад часу падалі на падлогу і рагаталі, хаця прафесар пры гэтым і моршчыўся ад болю. Нарэшце акрабаты заўважылі нашу аслупянелую прысутнасць і зараз жа да смешнага аднолькава зрабілі каменна-сур’ёзныя твары і імгненна ўселіся за стол, на якім ляжала адчыненая кніга, каб з перабольшанай цікавасцю працягваць знаёмства з прыгодамі паноў Кубліцкага ды Заблоцкага.
Не, Даліла мае рацыю — прафесар сапраўды яшчэ не выйшаў з падлеткавага ўзросту.
За гэтыя два тыдні, што я не бачыла Скаловіча, ён не выходзіў у мяне з галавы. І ўрэшце я вырашыла наведаць дом на могілках. Божа, як я сябе ненавідзела… Але ўсё-ткі рушыла.
Калісьці мы зрабілі на ўсіх ключы ад дамка. Я ціха, нага за нагу, зайшла на двор, у соты раз уяўляючы, што мяне чакае за вокнамі, пад якімі тырчэлі высокія ссохлыя мальвы, нібыта інквізітары пад дзвярыма ерэтыка. Зазірнула ў акно…
Даліла сядзела на краі ложка, на якім ляжаў Скаловіч, і павольна гладзіла прафесара па твары рукой, схіліўшыся над ім, як мне падалося, з пяшчотай.
У мяне ў грудзях заварушылася вострая льдзінка. Гэтага проста не можа быць.
не-можа-быць
Вядома, першае, што падумалася, — дарэмна я сюды кіруюся.
Але я ўсё-ткі штурхнула дзверы з пафарбаваных аблезлай зялёнай фарбай дошак і ўвайшла ў дом, у якім пахла падгнілай бульбай, лекамі і нечым гарэлым.
Даліла пры маім з’яўленні неяк хутка паднялася і выглядала надзвычай разгублена. Я перавяла позірк на ложак. І…
Прафесар ляжаў, прывязаны, як у класічным фільме пра кіднэпінг. Відаць, тыя, хто гэта зрабіў, хапалі ўсё, што траплялася пад руку — разарваная прасціна, вяроўка для бялізны, нават Вікіны баваўняныя калготкі ярка-бэзавага колеру. Бледны скамянелы твар, пагардліва падціснутыя вусны, заплюшчаныя вочы.
Я не паспела задаць пытанне, як Даліла загаварыла сама. Божа ж мой, ды ў яе сапраўдная істэрыка — са слязьмі і панікай.
— Я не ведаю, што рабіць! Ён не слухае! Ён хоча сысці!
Аказалася, што сёння раніцай Скаловічу распавялі падрабязнасці наконт нашых падарожжаў у ягоны час. Ён падышоў сам памацаць сценку, абклееную шпалерамі з выцвілымі ружамі. І… на яго раптам спрацавала. Рука знікла ў сценцы… І, каб Даліла не кінулася на хіміка, як хорт на лася, ён цяпер быў бы, відаць, зноў у кабінеце таварыша Касіянава.
Прафесар ірваўся ў сцяну, і добра, што Макс не паспеў сысці на працу — ён жа мажны, як шафа, кілаграмаў сто, — і неяк удалося ўтрымаць госця…
Макс таксама не супраць пакінуць тут каштоўную крыніцу інфармацыі пра мінулае… Але ж гэта подла!
— Зараз жа адвяжы яго! — выціснула я скрозь зубы. — Хто ты пасля гэтага? Ну!..
Мая сяброўка пакорліва апусцілася на калені ля ложка і пачала разблытваць вузлы. Я дапамагала з іншага боку… Даліла на хвілю прыпынілася і, намагаючыся гаварыць з ранейшай звыклай мне безапеляцыйнасцю — але слёзы перашкаджалі, — прамовіла:
— Спадар Валяр’ян! Прашу вас, толькі не трэба — адразу туды… Прашу… Добра, вам усё роўна, што вас там чакае. Што вас заб’юць. Разумееце — заб’юць! Пакутліва, нерамантычна… Але пабудзьце яшчэ дні тры… Толькі тры дні…
Скаловіч нават вачэй не расплюшчыў. Я з недаўменнем паглядзела на сяброўку.
— А што за тры дні зменіцца?
— Не ведаю… — адвяла вочы Даліла.
Скаловіч узняўся з ложка, і, не гледзячы на нас, падышоў да акна. Даліла рушыла за ім, апусціўшы галаву.
— Ну прабачце мне…
Я не верыла сваім вушам. Даліла просіць прабачэння!
— Валяр’ян… Спадар Валяр’ян…
Даліла глядзела ў ягоную спіну, абцягнутую чорнай Максавай кашуляй, нібыта ў сцяну, за якой схавана нешта дарагое. Мяне нават трохі скаланула: зусім як калісьці Антаніна.
— Ну зразумейце ж мяне — я хачу як лепей! Я не магу, каб вы…
Скаловіч нарэшце злітаваўся павярнуцца.
— Таварыш Касіянаў таксама хацеў, як лепей! Таварыш Гітлер, які на маёй памяці толькі прыйшоў да ўлады, таксама хацеў, як лепей! Нашто я вам — тут? У якасці цацкі?
— Няўжо я абыходжуся з вамі, як з цацкай? — абурана запярэчыла Даліла.
— У пэўным сэнсе — так, — з’едліва сцвердзіў Скаловіч, і мая сяброўка чамусьці апусціла вочы, яе вусны задрыжэлі. А хімік працягваў выкрываць.
— Мне самому вырашаць, як распарадзіцца сваім жыццём! Вы ж не ведаеце, што і каму я вінны… І ніхто не мае права адмовіцца ад таго, што толькі ён мусіць у сваім часе зрабіць. Ганарова гэта ці прынясе адны кпіны, запомніцца, забудзецца — мы ўсе, як пчолы, што мусяць напаўняць свае соты. Кропля слодычы, кропля атруты… Ад суворага дзядоўніку, ад светлай ліпы, ад няшчаснай свірэпы… Патрэбнае ўсё. Тым болей столькі нашых пчолаў нясуць мёд іншым вуллям. А калі пустыя соты — вулей вымірае, і гаспадар шукае для вольнага жытла новы рой. Я мусіў запоўніць сваю ячэйку. Ці найлепшым мёдам — якая розніца…
Прафесар правёў рукой па твары, нібыта сціраючы павуцінне стомы.
— І што — я схаваюся тут, а там няхай замест мяне нехта гіне? Няхай Касіянаў далей на кімсьці ставіць свае эксперыменты? Няхай з-за мяне знікне праца майго лепшага сябра? Толькі я ведаю, дзе яна зараз схаваная. Люцыян Нічыпаровіч паведаміў мне перад тым, як я пайшоў па выкліку ў Жоўты дом. Прасіў адно — калі надарыцца магчымасць, апублікаваць гэты рукапіс. Ад вас я даведаўся, што спадар Люцыян застрэліўся. І цяпер разумею сэнс ягонай просьбы.
— Мы можам пашукаць ягоную працу цяпер! — горача прапанавала Даліла. Хімік змерыў яе зграбную фігурку ў чорнай майцы і штроксах суровым позіркам.
— Там, дзе ён яе схаваў, папера семдзесят гадоў не праляжыць. А што я буду тут рабіць без навукі! Вы што, хочаце, каб я перакваліфікаваўся ў брамнікі?
Скаловіч зноў пачаў шыпець ад гневу, як забыты на агні чайнік. Даліла не спрабавала пярэчыць, стаяла, угнуўшы галаву і ўпарта прыкусіўшы губу.
— А вы, Руслана, — прафесар нечакана павярнуўся да мяне, — што вы думаеце, як самая адэкватная з кампаніі?
Я страшэнна разгубілася, гледзячы ў ягоныя цёмныя вочы. І чамусьці прашаптала:
— Застаньцеся, калі ласка… Хоць яшчэ на тры дні…
Скаловіч аж галавою закруціў.
— Можна падумаць, што на вас спрацоўвае адзін з комплексаў паводле тэорыі Фройда, і я мушу замяніць вам недахоп бацькоўскага пачатку — альбо сублімаваць яго як аб’ект вашай нянавісці. Добра. Я звык да нянавісці.
Хімік дэманстратыўна абыякава падышоў да паліцаў, зняў томік Купалы (я заўважыла, што гэта быў дзявяты том з апошняга збору твораў — там, дзе сабраныя дакументы, у тым ліку пратаколы допытаў) і ўлёгся на ложак, змахнуўшы з яго на падлогу імправізаваныя вяроўкі.
Гэты дзень быў цяжкі, як праклён. Даліле неадкладна спатрэбілася на працу, і яна пакінула мяне з хімікам у якасці вартаўніка. За ўвесь гэты час Скаловіч не вымавіў ні слова, нягледзячы на мае нясмелыя спробы яго разгаварыць. Ляжаў, чытаў. На адзін том у яго трацілася гадзіна. Усяго да прыходу Далілы ён паспеў прачытаць тры тамы.
Даліла вярнулася з пакункамі, напятая, рашучая, нібы камікадзэ перад вылетам.
— Зараз будзем вячэраць. Спадзяюся, спадар прафесар не хоча ўмарыць сябе галоднай смерцю на знак пратэсту?
Але павячэраць у гэты дзень нам не давялося. У дзверы пастукалі.
Даліла, нават не пытаючыся, хто там, адчыніла дзверы.
Іх было трое. Усе ў цывільным. Каржакаваты, які нагадваў стамлёнага бабра. Высокі белабровы, з тварам, як шынка. Галоўны — са звычайным, трохі азызлым тварам добрага сем’яніна, з вуснамі, куточкі якіх трохі ўсміхаліся.
— Дар’я Сямёнаўна Крашынская? Домаўладальніца? Міліцыя… Дазвольце ўвайсці.
Даліла моўчкі ўпусціла прыхадняў… Нават дакументаў не папыталася. Не пазнаю сяброўку…
Свой прыход міліцыянты патлумачылі тым, што былі скаргі суседзяў. На тое, што хату пенсіянеркі Разаліі Іванаўны Самлевіч захапілі падазроныя асобы. Нефармальная мола­дзевая суполка. Сходкі, оргіі, наркотыкі…
Белабровы затрымаўся позіркам на Едрусевай гітары (адной з трох) — на ёй красавалася налепка з Пагоняй.
Ну і, вядома, праверка дакументаў…
З дакументамі, як вы здагадваецеся, у нас было, як у маскалёў у XVІІ стагоддзі з тэатрам.
Гэта значыць — ніяк. Нават я забылася студэнцкі білет у заплечніку, з якім звычайна хаджу на заняткі.
Я дзівілася спакою Далілы. Мяне ж усю ажно калаціла… Але ўвага няпрошаных гасцей была скіраваная на прафесара. Скаловіч з’едліва пасміхаўся і дэманстраваў вышэйшы пілатаж сафістыкі. Вы, напэўна, ужо заўважылі яго мілую манеру адказваць пытаннем на пытанне.
— Як вы добра размаўляеце на беларускай мове… — нібыта між іншым заўважыў азызлатвары. — А да якой партыі належыце?
— А што, валоданне беларускай мовай з’яўляецца апазнавальным знакам прыналежнасці да палітычнай партыі? — усё гэтак жа «міла» вымавіў прафесар. — Дазвольце пацікавіцца, шаноўныя, а як бы вы вызначылі мае палітычныя погляды, калі б я пачаў размаўляць з вамі па-англійску альбо па-французску? Дапускаю, што згодна з вашай асабістай логікай мая французская мова сведчыла б пра тое, што я прадстаўляю палітычную партыю, якая мае на мэце дасягненне ўлады французаў ва ўсім свеце. Як вядома з гісторыі, такой асобай быў Напалеон Буонапарці, не зусім, дарэчы, і француз — да канца жыцця гаварыў на мове Лафантэна са страшэнным акцэнтам. Мой сябра, слынны спецыяліст па псіхіятрыі, распавёў бы вам наконт знаёмстваў са шматлікімі Напалеонамі. Калі я размаўляю з вамі па-беларуску, значыць, я па меншай меры Кастусь Каліноўскі? А чаму вы не зробіце маленькае дапушчэнне, што калі я размаўляю па-французску, я альбо француз, альбо проста люблю гэтую мову. А калі карыстаюся ў якасці камунікатыўнай беларускай мовай, я, адпаведна, беларус і люблю мову Купалы? Шкада, што самыя простыя лагічныя сувязі вам несімпатычныя. У выніку — пабудова сілагізму сыходзячы з ілжывых дапушчэнняў.
— Хопіць! Дзе твае дакументы? — зароў раздражнёны слоўнай плынню спрактыкаванага лектара азызлатвары. А «бабёр» прабурчэў:
— Такога сапраўды ў дурку варта…
Трэба было нешта распавядаць пра насатага цемнавокага дзядзьку, у якога вышэйшая адукацыя была напісаная на высокім лобе рунічнымі пісьмёнамі, відочнымі нават з космасу.
Па сачыненні праўдападобных гісторый у нас спец — Макс. Але яго заўсёды няма менавіта тады, калі ён больш за ўсё патрэбны. Простыя словы, простыя рэчы наконт таго, што дзядзька ёсць дзядзькам гаспадыні кватэры, не спрацоўвалі. Міліцыянты жадалі падрабязнай споведзі. Прапіска, месца працы, сямейнае становішча… І — пра­едземце ў аддзяленне.
Давялося ўсё рабіць самой. Я ж усё-ткі пісьменніца, хаця і маргінальная. Я трохі павагалася наконт варыянту з амнезіяй… Не, лепей ціснуць на нацыянальнае пытанне. У маім аповедзе паўставаў трагічны лёс бежанца з Узбекістана, выкладчыка хіміі ў Харэзмскім політэхнічным інстытуце (нядаўна глядзела фільм пра вайну харызматычнага Чынгісхана і фанабэрыстага харэзмскага султана). Валяр’ян Іванавіч — дзядзька шаноўнай Дар’і Сымонаўны па бацьку. (Няхай шукаюць, каб пацвердзіць, ейнага бацьку… Маці дзесяць гадоў адшукаць не магла, каб аліменты стрэсці, дык, можа, гэтым удасца.) Сюжэт развіваўся, вочы Скаловіча і Далілы ўсё пашыраліся. Спадар Валяр’ян змушаны быў пакінуць сваю кватэру ў Харэзме, бо яе падпалілі ўзбекскія нацыяналісты. Потым быў палон у мясцовага бая, здзекі, катаванні, цяжкая праца на прыватных плантацыях бавоўны (трэба ж было неяк патлумачыць наяўнасць шнараў, якія госці пры пэўных абставінах змогуць заўважыць). Уцёкі, таварныя вагоны, пакутлівы шлях да роднай Беларусі…
— Гэты чалавек прайшоў пешкі дзве тысячы кіламетраў! — пранікнёна абвесціла я. — А цяпер ён чакае статусу бежанца і грамадзянства… І праз дні тры ўсе дакументы будуць у парадку. Так што прыходзьце пазней, спадарства…
Скаловіч слухаў, іранічна прыўзняўшы бровы. Дзякуй Богу, хаця б не ўздумаў пярэчыць.
Эх, калі б наш хакер не псіхануў, каб хоць якую паперку для пацверджання асобы хіміка здабыў…
Я выразна паглядзела на Далілу і прамовіла.
— І ўвогуле, Валяр’ян Іванавіч ужо ў нас загасціўся. Думаю, Вам, Валяр’ян Іванавіч, час вярнуцца туды, адкуль прыйшлі.
Даліла зразумела мае словы, зірнула на абраз «Маленне аб Чашы», потым на Скаловіча… Панурыла галаву…
Прафесар няспешна падышоў да абраза, перахрысціўся… Вось зараз ён знікне за сцяной у выцвілыя ружы…
Сапраўды, нават Даліле ясна, што выцягнуць чалавека на семдзесят гадоў наперад, каб ізноў кінуць у шчыльныя абдоймы «органаў», — гэта ўжо не па-людску…
Азызлатвары міліцыянт звярнуўся да Далілы:
— Ну што, праедземце ў аддзяленне на прадмет высвятлення асобаў?
Я заўважыла, што Скаловіч усё яшчэ стаіць, уважліва назіраючы за падзеямі. І твар ягоны ўсё змрачнее.
Чаму ён не сыходзіць?
Затое прыйшоў яшчэ адзін госць… Нават не стукаючыся ў дзверы, уваліўся па-гаспадарску… Уладальнік суседняй вілы, якога я некалькі разоў бачыла. Немалады сівы дзядзька, падобны да ўсходняга бая, мажны, як бык, у чырвонай кашулі і джынсавай куртачцы. Смуглявая скура на ягоным твары ледзь не трэскалася ад тлушчу. Міліцыянты прывіталі яго амаль па-свойску, я здагадалася, што няйначай ён і ёсць заяўнік на нашы «оргіі»… Аглядаў сусед Разаліну хату таксама неяк надта па-гаспадарску… І нас з Далілай… па-гаспадарску. Мне здавалася, што ягоны позірк пакідае на мне тлустыя плямы, як ад пальцаў, якімі толькі што елі плоў.
Скаловіч адышоўся ад запаветнай сцяны і ўсеўся на ложак, дэманструючы прафесарскую пагарду. А белабровы, які шнырыў па хаце, нібыта рукі свярбелі ўсё тут абшукаць, заўважыў на паліцы шафы стосік дыскаў, на вокладках якіх было напісана «За свабоду». Дыскаў заставалася пару дзясяткаў — знаёмы рокер папрасіў Едруся параздаваць пасля канцэртаў.
— Гэта чыё?
— Маё! — адразу ж адгукнуўся Скаловіч, які, хутчэй за ўсё, абсалютова не ведаў нават, што гэта за канверцікі.
— Адкуль гэта ў вас? — жвава запытаўся белабровы.
— Вы ж самі толькі што адтуль іх дасталі — з шафы.
Цікаўнік пачаў траціць цярпенне.
— Ну а ў шафу як яны трапілі?
— Калі ёсць пацверджанне, што гэта належыць мне, можна дапусціць, што я і паклаў.
— А дзе ўцялі, каб пакласці?
— З шафы і ўзяў.
— Яны што, самі там з’явіліся?
— Гэта ненавуковае дапушчэнне. Думаю, вам дастаткова сведчання, што гэтыя прадметы належаць мне.
— Здзекуемся? Нічога, у аддзяленні разбяромся…
Але азызлатвары кінуў на ініцыятыўнага белабровага міліцыянта незадаволены позірк, і той неахвотна паклаў дыскі на месца. Чаго гэта на «крамолу» вырашылі не зважаць?
Я перахапіла позірк прафесара і паказала вачыма на абраз. Скаловіч адмоўна пахітаў галавой. Ён таксама быў спакойны… Што ж, яму не прывыкаць — столькі разоў забіралі…
— Выходзьце, грамадзяне!
Па-за гульнёй-7
Кароткі калідор з відам на закратаванае акенца. Па­фарбаваныя алейнай зялёнай фарбай сцены.
Зусім як у бальніцы, куды аднойчы я патрапіла з ларынгітам. Жудасна… Я задыхаюся, хапаю паветра, а яно засядае ў горле, як быццам ваўняныя ніткі… Маці апранае на мяне свой самавязаны сіні швэдар — напэўна, у яе ўяўленні я задыхаюся ад холаду. А па калідоры да мяне набліжаецца медсястра — белы халат, ад якога на адлегласці, як марозам, патыхае абыякавасцю і нават раздражнёнасцю (Ну чаму «іх» прывозяць сярод ночы?). Пантофлі-саба медсястры глуха стукаюць па каменнай падлозе, а ў руках жалезны падносік са шпрыцамі… Я не бачу яе твару, я не чую ўгавораў маці — я назіраю, як да мяне набліжаецца металёвы падносік… Вострая-вострая голка.
І мне страшна.
Потым, ужо ў палаце, мы з такімі ж «ларынгітнікамі», з перабінтаванымі горламі (сагравальныя кампрэсы) займаліся тым, што складалі папяровыя самалёцікі. З самалёцікаў атрымліваліся цэлыя эскадрыллі. Кожны прыдумляў для сваіх мадэляў нейкі адмысловы спосаб складання… Шкада, ніводны з гэтых самалёцікаў не мог знесці мяне ад жудаснага пагруквання шпрыцоў аб жалезныя падносы.
І цяпер я сядзела і складала з прабітага талончыка на тралейбус маленькі самалёцік. Бездапаможна маленькі, шэры, але з упартым тупым носам… Мне нават уявілася, што калі я зараз запушчу яго ў закратаванае ржавым жалезным дротам акно, яно, як у рэкламе таннай беларускай бялізны, ад папяровага дотыку ўзарвецца…
Праўда, у рэкламе вастраносы выбухованебяспечны самалёцік быў з беленькага аркуша паперы, і запускала яго гожая дзеўчына ў чырвонай міні-спадніцы ў акно закаханаму юнаку.
Юнак, вядома, закахаўся з-за маечкі беларускай вытвор­часці. Нават у рэкламе — безнадзейна кепскай якасці з выгляду. Але — купляй сваё!
Я сціскаю ў пальцах самалёцік і… пачынаю яго разбураць: распростваць няшчасны талончык. Самалёцік чакае рэінкарнацыя. Што паробіш — я ад маленства падчас нервовага чакання мушу што-небудзь тузаць, ірваць, круціць у пальцах.
А што застаецца рабіць? Сядзім у калідоры апорнага пункту аховы правапарадку ўжо паўгадзіны… І невядома яшчэ колькі і чаго чакаць… Можа, каб «пранікліся»?
Скаловіч выглядаў вясёлым, як прафесійны трунар. Падняў каўнер чорнага паліто, сунуў рукі ў рукавы…
— Мы адсюль, напэўна, не выйдзем… — прашаптала я.
— Глупства, — сурова прамовіў прафесар, які сядзеў паміж мною і Далілай, быццам сапраўды старасвецкі дзядзька з пляменніцамі, якіх вывез на свецкі прыём, і цяпер сочыць за іх добрапрыстойнымі паводзінамі.
— Руслана, не кідайце ўвесь час жаласлівыя позіркі ў бок акна. А пэўная ваяўнічая асоба, якую, як высветлілася, насамрэч завуць Дар’я Сымонаўна… — прамовіў Скаловіч у мой бок, ігнаруючы прысутнасць Далілы, — павінна пакінуць карбанарскія планы. І ўспомніць, што яна — маці, хаця і вельмі нядбайная, і нясе адказнасць яшчэ і за ўласнае дзіця. Думаю, хату трэба прадаваць, бо іначай ад вас не адчэпяцца.
Даліла падала раздражнёны голас.
— А я пану прафесару параіла б завучваць версію пра Узбекістан. Як там Руслана агучыла? Плантацыі бавоўны? А можа, лепей — амнезія?
І спытала з уяўнай абыякавасцю:
— І чаму вы не сышлі? То вас да ложка трэба было прывязваць, каб затрымаць, то не выпхнуць адсюль…
Скаловіч па-ранейшаму ігнараваў яе прысутнасць.
— Цікавыя асобы трапляюцца мне на жыццёвым шляху. Напрыклад, самаўпэўненыя, не вельмі разумныя, затое агрэсіўныя кабеты, якія мараць застацца ў пастарунку выключна ў дзявоцкай кампаніі.
— Можа быць, я не надта разумная! — Даліла пачала злавацца. — А вы… Разумны… Вы ж бясконца просіцеся на той свет! Дыскі, бачыш, вашы… Яшчэ крыху — і прызнаецеся, што вы нас з Русланай скралі і гвалтам трымалі ў дамку, даючы волю брутальным эратычным фантазіям.
Скаловіч пасміхнуўся, гледзячы на шэрую, у пісягах, столь.
— Надзвычай цікавая ідэя! Асабліва наконт «брутальных эратычных фантазіяў»… Мой сябра Уладзімір, псіхіятр, сцвярджае, што ў экстрэмальных абставінах чалавек хоча самога сябе пераканаць у тым, што ён моцны, і таму намагаецца пераймаць паводзіны грубых, агрэсіўных людзей, якіх баяўся сам. Брыдкасловіць, думае пра сэкс, робіць развязныя рухі. Называецца — знайсці свайго тыгра. Калі за спінаю мышаняці тыгр, чаго баяцца? Нават калі няма — варта ўявіць.
— Вы ўжо колькі разоў згадвалі свайго сябра псіхіятра, — прамовіла я, абы не думаць болей пра тое, што нас непазбежна чакае. — Распавялі б пра яго, ці што… Абстаноўка — дарэчы…
Відаць, экстрэмальныя абставіны дзейнічалі на характар хіміка дабрадатна, таму што пабурчэў ён зусім нядоўга і пачаў распавядаць:
— Пасля адной з публікацый у французскім навуковым часопісе я атрымаў запрашэнне працаваць малодшым асістэнтам у хіміка-фізічнай лабараторыі Жака Перэна ў Сарбоне. Ехаў я ў Парыж без жалю — мне не было чаго пакідаць. А Уладзімір Акерман вучыўся там на медыцынскім факультэце, ён дужа цікавіўся псіхіятрыяй. Родам з Растова, мой аднагодак. Яму распавялі, што я захоўваю пад ложкам грымучую ртуць. Тым жа вечарам Акерман пастукаў у дзверы майго пакойчыка. Валодзя сам нагадваў, дарэчы, грымучую ртуць — не было такой паэтычнай вечарыны альбо цікавай аперацыі ў анатамічным тэатры, каб там не мільгала ягоная чорнавалосая галава.
Знаёмства пачалося з таго, што няпрошаны госць пачаў угаворваць мяне прайсці адмысловыя тэсты — як змяняецца псіхіка чалавека, які жыве ў смяротнай небяспецы. Дзівак! Каб ён бачыў, што ляжала пад маім ложкам у бабуліным флігелі альбо на чым я спаў падчас вандровак у балагане! Мы напачатку трохі… гучна паразмаўлялі. Але потым Уладзімір, як ні дзіўна, са мной пасябраваў. Можа, мой характар уяўляў для яго прафесійную цікавасць — ён сапраўды псіхіятр ад Бога, са сваімі тэорыямі і скандальнымі манаграфіямі. Дый я паступова прывык да ягоных візітаў і доўгіх спрэчак. Карацей, пра мае суіцыдальныя схільнасці і комплексы, закладзеныя ў дзяцінстве, я хутка мог і сам распавесці напамяць. Да таго ж, хоць я дрэнна ладзіў з расійцамі — для большасці з іх беларускага народу не існавала, — Валодзя разумеў мае мары пра Альбарутэнію. Ён і сам належаў да народа, якому ў Расійскай імперыі забаранялася жыць у вялікіх гарадах.
Не буду пераказваць пра тое, што перажылі разам. А была і вайна — нямецкія цэпеліны над Парыжам, бамбардзіроўка 1918 года, параза французскіх войскаў на Дамскай дарозе, страйкі, мабілізацыя, бітва на Марне… Я тры месяцы працаваў санітарам у вайсковым шпіталі ў Марэё, непадалёк ад лініі фронту… Але гэта асобная гісторыя. Памятаю, як французскія таксаматоры, чырвона-зялёныя, дапамагалі хутка перавезці войскі да месца галоўнай бітвы. І пасля перамогі над «бошамі» паўсюль прадаваліся чырвона-зялёныя цацачныя машынкі… Я прыехаў у Парыж з краіны, дзе смерць — справа звыклая, дзе на могілках адбудоўвалі гарады і мільёны палеглых заставаліся такімі ж безыменнымі, як скошаная трава. Калі я вярнуўся на Беларусь, пра ахвяраў Першай сусветнай ужо не памяталі. Гаварылі толькі пра рэвалюцыю. А вось у Францыі пасля перамогі ў 1918 годзе было вырашана ўзвесці трыццаць тысяч помнікаў загінулым. Калі я з’ехаў, яны яшчэ ўзводзіліся, але я не сумняваюся, што помнікаў не будзе меней за аб’яўленую колькасць, бо будаваліся яны па пятнаццаці на дзень. Вялікія, маленькія, у гарадах, паселішчах… Вас цікавіць іншае? Ну як жа, Парыж… Было і іншае — сезоны дзягілеўскага балету. І «Пошукі страчанага часу» Пруста… І кабарэ «Бык на даху»… Чарлстон, уанстэп, шымі… Навамодная амерыканская штука — джаз. Дзіўная музыка, але нешта ў гэтай дзікай хаатычнасці ёсць, нібыта ў накіданым хваляй друзе — ракавінкі, водарасці, чорныя, амаль скамянелыя галінкі… А ўгледзішся — асаблівая прыгажосць і гармонія.
Вядома, гэты бок жыцця я бачыў толькі ўрыўкава. Што мне да мітусні? Мне пашчасціла пару гадоў працаваць побач з вялікай Марыяй Складоўскай-Кюры. Праўда, у інстытут радыю я ісці адмовіўся — вабілі іншыя тэмы… Але не пайшоў я і па шляху таленавітага, але прагнага да грошай і поспеху Шуэлера, які свае таленты выплюхнуў у фарбу для валасоў. Ды яшчэ назваў яе гэтак па-мешчукоўску — «Ларэаль». Цяпер ён уладальнік аднайменнай фірмы. Што ж, магчыма, і фарба для валасоў можа зрабіць чалавека знакамітым.
Давялося паездзіць па свеце. Прага, Вена, Лондан… Ці быў я шчаслівы? Што за некарэктнае пытанне? Якое права я меў на шчасце? Я марыў пра адно — працаваць да знямогі і аднойчы памерці ў лабараторыі. Я не арыгінальны — мне падабалася, як гэтак жа сфармуляваў пра сваё пісанне Кафка. Падобна, мая мара пачынала збывацца… Але сябар не збіраўся пакідаць мяне сам-насам з ёю. Гэта была ягоная вялікая памылка. Якая, між іншым, забіла наша сяброўства.
І вось, уявіце… Восень 1920 года. Не такая, як тут, шэрая, дажджлівая, а — цёплая, як шклянка сырадою, з сінім-сінім небам над бульварамі, з залатым лісцем каштанаў. Быў такі пісьменнік, Аляксандр Зеваэс… Дык ён пра дваццатыя гады ў Парыжы сказаў так: «Пагоня за любоўнымі прыгодамі і мільёнамі, за задавальненнямі і радасцямі жыцця. На кожным куце расчынілі дзверы танцзалы, куды спяшалася стракатая публіка… Таньчылі апантана, каб забыцца, апамятацца ад узрушэнняў вайны…»
Парыж той пары называлі Віль-Люм’ер, горад святла.
Калі падчас ваенных дзеянняў Акерман працаваў у шпіталі, ён пасябраваў там з дзіўным маладым французам, таксама студэнтам, толькі маладзейшым на некалькі гадоў, які спецыялізаваўся на псіхічных хваробах. Звалі французіка Андрэ Брэтон. А дзіўны ён быў таму, што яго на фоне скрываўленых целаў перапаўнялі выбуховыя ідэі наконт стварэння новай культуры. Старая, як вядома, заўсёды ні да падлы. Новую трэба.
Брэтон сцвярджаў, што новы від мастацтва — гэта калі страляеш з двух рэвальвераў у натоўп, адмыслова не цэлячыся і ўвогуле не маючы пэўнай мэты. Мастацтва — не свядомасць, а падсвядомае. У ім няма ніякіх законаў. Яго мэта — новыя эмоцыі і ўражанні. Трэба дасягаць аўтаматычнага пісьма — каб свядомасць цалкам адключалася. Калі парэзаць газетны артыкул на радкі і адвольна іх скласці, атрымаецца паэма.
Брэтон прыдумаў назву ўсяму гэтаму блёкату — сюр­рэалізм. Наўрад памяць пра гэтыя выбрыкі засталася ў вашым часе. Але Уладзімір з задавальненнем удзельнічаў у сюррэалістычных вечарынах… Не без прафесійнага інтарэсу — збіраў таксама матэрыял для сваіх даследаванняў пра шызафрэнію, параною ды іншыя прыемныя інтэлектуалу з’явы.
І вось сюррэалісты задумалі грандыёзную імпрэзу — з нагоды адкрыцця чарговага Салона. Не было для авангардыстаў лепшага пудзіла, чым Салон. Традыцыйная штогадовая мастацкая выстава пры Акадэміі прыгожых мастацтваў. Рэцэнзіі на карціны пісалі лепшыя літаратары. Напрыклад, у свой час Дэні Дзідро. Выставіцца ў Салоне значыла дамагчыся прызнання.
І, вядома, там калісьці панаваў акадэмічны, а значыць, замшэлы, спарахнелы, кансерватыўны стыль.
Учыніць нешта гарэзнае між карцін «спарахнелага мастацтва» — уга!
На гэты раз для сцэнарыя патрабаваліся петарды і феерверкі.
Дабра такога ў Парыжы было — хоць пацукоў тымі петардамі кармі. Але спадары сюррэалісты жадалі, каб узрыў петардаў нагадваў хрумст костак, а феерверкі — фантаны крыві. Здаецца, гэта мусіла сімвалізаваць пратэст супраць захопніцкай палітыкі імперыялістаў, альбо супраць эксплуатацыі працоўных, альбо ў падтрымку расійскай рэвалюцыі… Якая розніца? Галоўнае — напалохаць «абывацеля».
Акерман распавёў сябрам пра змрочнага дзівака з хімічнага факультэта, які можа зрабіць хоць вясёлку нябесную.
Я тады быў ужо чалавек цалкам самавіты. У свае трыццаць — прафесар, сам меў лабарантаў… Мог пераехаць у вялікую кватэру — але па-ранейшаму жыў у адным пакоі непадалёк ад лабараторыі. За маім акном рос каштан, ягоная вершаліна была абламаная, не ведаю кім… Калі я засяліўся, рана была яшчэ свежая. І каштан нават трохі прывяў. І я назіраў год за годам, як ён змагаецца за жыццё, каржакаваты, нібыта прыгорблены, няўклюдны, але кожную вясну ўсё болей дзівосных белых кветак падымаў да парыжскага неба на сваіх вузлаватых руках.
Каштан гэты, здаецца, таксама быў маім сябрам. І, можа, самым лепшым.
Ён, вядома, не стаў бы падгаворваць мяне ўзяць у­дзел у той сюррэалістычнай авантуры. Прызнаюся: аднаму Уладзіміру гэта б і не ўдалося. Але ягоная колішняя адна­курсніца Мары…
Та-ак, Мары была стыхія.
Калі Уладзімір нас пазнаёміў, мне было дваццаць сем, а ёй — дваццаць два. Першы год нашага знаёмства быў страчаны мною на тое, каб прымусіць чароўную птушку-парыжаначку з бліскучымі, як чорны агонь, вачыма назаўсёды забыцца шлях у маю лабараторыю, у мой пакой і ўвогуле каб яна пры сустрэчы, дрыжучы ад страху, пераходзіла на той бок вуліцы.
Дарэмна. Праз год я здаўся.
Мары здаваліся ўсе.
Яна вырасла ў арыстакратычнай прыстойнай сям’і (яе прозвішча гучэла з прыдомкам «дэ», у Правансе можна адшукаць разваліны замка пад тым жа назовам, а герб нагадваў пастку на матылёў, стракаты, як кветкавы луг). Мары скончыла каталіцкі пансіён… Потым састрыгла валасы, паступіла ва ўніверсітэт, звязалася з авангардыстамі… А шалёны тэмперамент у яе быў ад прыроды. Хвалілася, што адна з ейных пра-пра-прабабуль забіла мячом нявернага мужа, а потым узброіла слуг і адбіла напад каралеўскіх жаўнераў, пасланых звяршыць правасуддзе над дзёрзкай кабетай.
Мары як найвялікшую святыню захоўвала парык гэтай пра-пра, якой, здаецца, усё-ткі адсеклі галаву на пласе. Шэры, страшны, але пудра на ім усё яшчэ пахла мелісай.
Мая сяброўка насіла шаравары, цюрбаны і курыла доўгія таненькія цыгарэты. Яе малявалі Жаан Міро і Андрэ Масон… Абодва сюррэалісты, вядома.
Калі вы лічыце, што я быў яе адзіным каханнем ці што я ўвогуле быў яе каханнем, — памыляецеся.
Сям’я, манагамія, вернасць — гэта лічылася таксама «спарахнелым». Мары нагадвала мне гераіню беларускай балады пра вайтоўну:
Ой, загадалі на вайну
Нашаму войту самаму.
Ў нашага войта сынаў нет,
Адна дачушка на раду.
А скуй жа, бацька, востры меч,
Каб добра была войска сеч.
Мячом вайтоўна махнула,
Палова войска палягла.
Я пераклаў гэтую баладу на французскую мову, і мадэмуазэль сюррэалістка з задавальненнем яе распявала.
Мары ўдалося па-сапраўднаму раззлаваць мяне абвінавачваннямі ў баязлівасці. І… урэшце, я вырас у балагане… І я зрабіў ім піратэхнічнае начынне, не без задавальнення, тым болей гэта быў выклік маёй прафесійнай годнасці. Агонь мусіў атрымлівацца цьмяны, густога пунсовага колеру… І нічога не падпаліць. Не хапала мне яшчэ няшчасных выпадкаў па маёй віне! Шляхціц Казімір Семяновіч раіў, каб зрабіць агонь крывавым, выкарыстоўваць сурму… Ну і я ад сябе такія-сякія формулы дадаў…
Мары, вядома, павяла мяне глядзець на мяркуемае бясчынства.
Публіка, у прынцыпе, была ўжо «пужаная». Пасля скандалу, што ўчынілі тут яшчэ ў 1885 годзе імпрэсіяністы, чаго толькі не нагледзелася. Магу паспрачацца на мікраскоп — большасць прыйшла менавіта ў спадзеве на чарговы скандал.
Як на мой густ, не былі выстаўленыя працы такімі ўжо «спарахнеласцямі». Меліся і карціны, цалкам адпаведныя назве «сучаснае мастацтва», калі з хаатычных рознакаляровых пісягоў альбо разбэрсаных геаметрычных формаў вымалёўвалася чыясь постаць альбо пейзаж. Я хадзіў пад руку з Мары ад карціны да карціны, на гэты раз асабліва шмат вывесілі сюжэтаў з самалётамі ды авіятарамі, і нават забыўся на злавесныя планы «брэтонаўцаў». Уладзіміра адсунуў некуды ўбок натоўп, але гэта і лепей — Акерман нерваваў мяне, бо ўсё азіраўся па баках ды па-змоўніцку ўсміхаўся.
Я разглядаў нацюрморт ва ўсходнім стылі з парушэннем усіх магчымых законаў перспектывы (Леанарда да Вінчы ў труне верацяном круціўся): шклянка з сінім напоем, сіне-зялёна-чырвона-жоўты персідскі дыван, кальян, якім карыстаўся нейкі Геркулес, што не кантраляваў уласнае моцы і таму бязлітасна пагнуў узорысты метал…
Раптам за нашымі спінамі пачуўся гучны хрумст, нібыта нешта зламалася.
Эфект добра мне знаёмы, бо я сам яго адпрацоўваў.
— Пачалося! — Мары ў захапленні тузала мяне за руку.
І сапраўды, утварылася маленькае сюррэалістычнае пекла. Згасла святло, у цемры пачалі выбухаць крывавыя феерверкі, а пад нагамі перапуджанай публікі гучна хрумсцелі-выбухалі петарды.
Брэтон з кампаніяй выбеглі ў белых балахонах, якія ў святле феерверкаў здаваліся крывавымі. Нехта з яго каманды апусціўся на карачкі і, брэшучы па-сабачы, пачаў ганяць дам і нават якойсьці ўчапіўся ў лытку.
Божухна, які ўсчаўся віскат… Беганіна… Вогненныя водбліскі… Відовішча з Дантэ альбо Босха. Чаму наведнікі не ўцякалі? Як я зразумеў, сябрукі Акермана не толькі выключылі святло, але і зачынілі ўваходныя дзверы.
Сказаць вам праўду? Мне гэта спадабалася.
Я ніколі не любіў натоўп. Гэтую шматгаловую, шматногую пачварыну, прагную, бязмозглую, сляпую, якая намацвае шлях тысячамі маленькіх вусікаў і заўсёды гатовая шарахнуцца ў той ці іншы бок, кагосьці зжэрці, стаптаць, усмактаць у сябе альбо завібрыраваць ад захаплення, як рабак, які аб’еўся асабліва тлустага дзярма, і падсадзіць чарговага і часовага куміра на сваю спіну… Калі я сядзеў у жалезным чэраве мадам Таро, я часта марыў, каб цікаўныя тубыльцы, што тоўпіліся на пляцы перад балаганам, раптам пачалі вось гэтак жа вішчаць, бегаць, спатыкацца, падаць…
І цяпер я адчуваў, што мае вусны мімаволі расцягваюцца ва ўсмешцы, што я, прынамсі, Фаўст… Бо Мефістофелем мне не дазваляла назваць сябе нават у думках бабуліна хрысціянскае выхаванне. Мары падскоквала ад захаплення, цалавала мяне і крычала, што я геній…
Я і сам гэта ведаў.
Уладзімір матэрыялізаваўся побач з намі.
— Заўважце, як паводзяцца астэнічныя асобы… Вунь тая мадам, напрыклад… Якая прыціскае да грудзей сумачку…
Як ён кагось асобнага мог разгледзець у гэтай змрочна-цьмянай куламесе? Між тым натоўп закрычаў асабліва адчайна — сапраўды як адзін арганізм, і пачаў рассоўвацца далей ад цэнтра.
На імгненне ўключылася святло… І я пабачыў пасярод залы мерцвяка.
Малады мужчына ў звычайным, як на многіх з прысутных, чорным касцюме, чамусьці ў капелюшы, які ад падзення не адкаціўся ўбок, глядзеў у столь. І сёння магу аднавіць у памяці гэты твар з ненатуральна жоўтай скурай, шырока расплюшчанымі светлымі вачыма і сціснутымі яркімі вуснамі.
Запомнілася яшчэ, што ягоны гальштук-батэрфляй з’ехаў набок, нібыта да шыі пад левым вухам прысмактаўся кажан-вампір.
Святло зараз жа пагасла. Пасля гэтага, відаць, дзверы адчыніліся, таму што людзей пачало менець, нібыта ў цемры рассыпалася, распаўзалася агромністае кубло змей.
Я моўчкі стаяў і глядзеў у той бок, дзе ляжаў мёртвы. Я разумеў, што гэта я забіў яго.
Зноў стаў прычынай гібелі ні ў чым не вінаватага чалавека.
І ад таго, што толькі што перажываў ганарлівае захапленне, мне было яшчэ горш.
Падчас вайны я бачыў мноства трупаў. І куды болей страшнейшых, чым гэты, рэспектабельны… Але яго тут не мусіла быць!
Мары тузанула мяне за руку:
— Фараоны! Уцякаем!
Я стаяў нерухома. Мне здавалася, што я ператварыўся ў свінцовы стод і мяне можна толькі паваліць, але не ссунуць з месца.
Спадчынніца ваяўнічай прабабулі злосна закрычала мне ў вуха:
— Ты што, хочаш нас усіх здаць?
Божухна, усё паўтараецца, як і вучыць нас гісторыя чалавецтва, вучыцца ў якой мы, аднак, не хочам.
Не памятаю, як мы апынуліся на вуліцы, як усёй кампаніяй заваліліся ў нейкую кавярню на Манмартры… Я не мог зразумець, чаму ўсе так весела рагочуць, віншуюць адзін аднаго і мяне — з чым? З тым, што мы сталі забойцамі? Я спрабаваў пытацца, што сталася з тым няшчасным — яго штурханулі, і ён няўдала ўпаў, ці ў яго было слабое сэрца? Але мае роспыты сустракаліся рогатам, Мары абдымала мяне і крычала, што ў душы ейнага змрочнага алхіміка жыве залатое дзіця, а Валодзя Акерман спачувальна ўсміхаўся…
Як я напіўся тым вечарам! Не прыпомню іншага выпадку, каб я мог у сябе ўліць столькі віна. Чым болей я піў, тым выразней бачылася мая будучыня: я мушу здацца паліцыі. Узяць усё на сябе. Я прыдумаў, я здзейсніў… І ніхто больш.
Проста я нават п’яны не ведаў, як жыць далей з гэтым… Акерман зноў нешта казаў пра падсвядомае жаданне быць пакараным і суіцыдальныя схільнасці… Другія ляпалі мяне па плячы ў адказ на мой п’яны блёкат: «Не хвалюйся, Валеры, мы заўтра самі цябе адвядзём у жандармерыю!»
Урэшце Мары завяла мяне ў нейкую кватэру, помню толькі шматлікія ўсходнія статуэткі, якія са звонкім стукам падалі пры маім набліжэнні, і агромністы, як іпадром, ложак, накрыты коўдрай з пунсовага атласу.
— Апошняя ноч асуджанага на смерць! — урачыста абвясціла Мары. — Гэтую ноч ты не забудзеш ніколі!
Яна памылялася. Пасля трох бутэлек таннага савіньёну нават самыя афрыканскія жарсці памятаюцца надзвычай цьмяна.
Мяне пабудзіў прамень ранішняга сонца, што нахабна прабіваўся скрозь шчыліну ў цяжкіх аксамітных парцьерах. Я адмахнуўся ад яго, як ад залатой мухі, але адразу страшэнны боль, наступства савіньёну, працяў галаву. Я застагнаў… Учарашняе пачало праяўляцца, як дагератыпная пласцінка, але ў зваротнай паслядоўнасці. Мары — кавярня — салон — труп…
Мне ж трэба ў жандармерыю!
Я працягнуў руку на другі бок ложка.
— Мары…
Але рука мая наторкнулася на нешта нерухома-халоднае. Я проста на фізічным узроўні адчуў прысутнасць смерці… Ускочыў… Пунсовая коўдра зляцела на падлогу…
На ложку, шырокім, як іпадром, ляжаў учарашні труп з Салона. Я выдатна пазнаў яго. Жоўтая скура, светлыя невыразныя вочы, яркія вусны… Толькі капелюша няма. І — верхняй часткі чэрапа няма, і добра відаць усё начынне мозга. Паўшар’і, падобныя да грэцкага арэха, вены, крывяносныя сасуды…
Адзіная дробязь, якая ўчора мною не заўважылася, — усё гэта было выраблена з воску.
Спадары сюррэалісты падкінулі ў залу выставы васковы манекен з анатамічнага тэатра.
Я зноў адчуў сябе трынаццацігадовым хлапчуком, якога пачапілі на крук пад столлю балагана.
Я сышоў з прытулку «апошняй перад смяротным пакараннем» ночы. І гэта сапраўды была мая апошняя ноч з Мары. Больш не хацеў бачыць ні яе, ні Акермана, ні іхніх сябрукоў, аматараў аўтаматычнага пісьма.
Яна прыходзіла, падоўгу стукалася ў дзверы, крыўдзілася… І Акерман, якога я перастаў заўважаць, сыпаў мне ў спіну тэрмінамі псіхааналізу…
Што ж, я — такі, які я ёсць… Можа, каб я быў больш шчырым і распавёў у свой час Уладзіміру пра Соню і Сяргея, ён не дазволіў бы сыграць са мною такі жарт. А так, магчыма, меў найлепшыя намеры. Ад перажытага шоку я, напрыклад, пачаў бы, паводле ягонай тэорыі, болей цаніць радасці жыцця, зразумеў бы, што ўсё, што мяне палохае, не болей чым манекен, лялька.
Ён не ведаў і пра тое, што я сам доўгі час быў у ролі лялькі.
Такім чынам, паводле этыкі псіхааналізу, ён не быў вінаваты — прычынай няўдалага лячэння стала няшчырасць пацыента.
Але размаўляць з ім я ўсё роўна не хацеў.
А Мары… Яна, я думаю, хутка суцешылася. Алхімік-мізантроп, вядома, добрая прыкраса для звярынца амазон-феміністкі, але гэта ўсяго толькі адзін з экзэмпляраў.
Дзесьці ў трыццатым годзе мне паказвалі альбом з рэпрадукцыямі карцін, выстаўленых на апошнім Парыжскім салоне. І на адным з палотнаў, як мне здаецца, я пазнаў Мары. Ейныя вялікія вільготныя вочы — чорны агонь, прыўзняты дзёрзкі носік, прыадчыненыя ў вечным здзіўленні вусны…
Я вярнуўся на Беларусь тады, калі з Савецкага Саюза параходамі высылалі філосафаў, паэтаў, эканамістаў… Усіх «прафесараў па грамадскіх навуках», якіх Ленін страшэнна ненавідзеў і якім пагражаў расстрэл за недазволенае вяртанне. Але нехта ж там заставаўся… У 1922 годзе Францыю наведаў акадэмік Вярнадскі, з нявысланых, які распавядаў, як у Маскоўскім універсітэце студэнтаў абавязалі сачыць за прафесарамі, даносіць на іх і адзін на аднаго… Пра «маральны і разумовы прыгнёт»…
«Интеллектуальные силы рабочих и крестьян растут и крепнут в борьбе за свержение буржуазии и ее пособников, интеллигентиков, лакеев капитала, мнящих себя мозгом нации. На деле это не мозг, а говно».
Мне пераказвалі гэты змест ліста Леніна да Горкага… Але я вярнуўся. Беларускі ўніверсітэт — гэта быў цуд, у які яшчэ нядаўна мала хто верыў.
Я не шкадую, што вярнуўся.
У хуткім часе пасля мяне прыехаў у Савецкі Саюз і Валодзя Акерман. Ён стаў старшым судовым экспертам у Маскве, праславіўся даследаваннямі шызафрэніі…
Так што, відаць, даводзілася яму даваць заключэнні наконт псіхічнага стану вязняў — можа няшчасны яшчэ нешта звязнае вымавіць ці ўжо звар’яцеў ад здзекаў.
Адзіны мой сябра, які застаўся ў Парыжы, — малады каштан з паламанай вершалінай.
Хімік змоўк. А Даліла раптам асабліва злосна пракаментавала:
— Пазнаю спадара прафесара ў апошняй настальгічна-тужлівай фразе! «Ніхто мяне не любіць, ніхто не разумее, толькі беднае, як я, паламанае дрэўца…» Ты… Вы… проста не жадаеце заўважаць добрых пачуццяў! — Даліла амаль крычала. — Колькі цудоўных людзей сустракалася на вашым шляху! Мадам Трыксці з балагана, што вучыла вас чытаць… Настаўнік Колба… Той самы Акерман… Нічыпаровіч… А Мары ды Антаніна! Вы што, праўда не разумееце, што яны шчыра вас кахалі?
Скаловіч апусціў галаву. Я заўважыла, што ягоныя пальцы сціснуліся, аж збялелі.
— Справа не ў людзях… Справа ўва мне. Я нікому не магу даць шчасця.
— А яны ў вас што-небудзь прасілі? — вусны Далілы дрыжэлі. — Усяго толькі дазволіць быць побач!
— Калі вы стаіце на краі абрыву, які штохвілі можа абсунуцца, вы дазволіце дарагому чалавеку стаяць побач з вамі? І ўвогуле — я ніколі і не сцвярджаў, што я добры чалавек.
— Яшчэ б! — раздражнёна гукнула Даліла, а потым нейкім дзіўным голасам спытала: — Яна была прыгожая? Гэтая… Мары?
— Прыгожая, — спакойна адказаў прафесар.
— І… вы па ёй сумавалі?
— Дужа сумаваў.
— Я вас ненавіджу! — раптам зноў псіханула мая сяброўка.
— Гэта ваша права.
Даліла і Скаловіч працягвалі лаяцца, а я раптам усвя­доміла, што за ўвесь гэты час… Нават ад таго моманту, як падышла да дома на могілках… Ні разу не ўспомніла пра Едруся.
Неверагодна. За апошні год гэта стала для мяне як ціканне гадзінніка. Кварцавыя гадзіннікі цікаюць вельмі ціха — але ўсё-ткі гук ёсць, і калі паднесці да вуха, то пачуеш пяшчотнае тахканне ліліпуцкага сталёвага сэрца.
Вось ты ходзіш, спіш з гадзіннікам пад падушкай — а яно тахкае, ні на міг не спыняючыся.
Ты яго не чуеш, не накручваеш спружынку, але ведаеш, што тахкае.
Так для мяне быў успамін пра Едруся.
Я ішла ў інстытут, сядзела на лекцыях, ехала дадому, і дзесьці фонам было — вось Едрусь прачнуўся, вось пакуе газеты, вось ідзе ў пераход прадаваць іх заспаным няшчасным мінчукам, якія мала купляюць газеты, дзе пішуць непрыемнае, але і тыя, дзе пішуць прыемнае — пра вяселлі «зорак», на якія іх ніколі не запросяць, альбо збудаваныя для іх, шараговых грамадзянаў, палацы, у якіх яны і іх дзеці, магчыма, таксама ніколі не пабудуць, — купляюць таксама меней… А вось ён вяртаецца ў свой падвальчык, кладоўку ў Доме культуры, дзе падпрацоўваў ды-джэем плюс вартаўніком і якому ўсё роўна аддаваў перавагу перад домам ля могілак… Вось бярэ гітару, пяшчотна кранае струны… А вось Едрусь на сцэне… І дзяўчаты глядзяць-глядзяць-глядзяць на яго…
І вось раптам тахканне гадзінніка спыняецца, я перастаю думаць пра Едруся.
Чаму?
Мне не дадзена было ў той момант адшукаць адказ.
У канцы калідора бразнулі дзверы. Я зразумела, што гэта па нашыя душы.
Рана на рану кладзецца, як лёд — на крышталь.
Падае сэрца ў халодную яміну болю.
Сонца маё, мой далёкі святарны Грааль,
Я не пабачу цябе, я змірыўся з «ніколі».
Іншы, не спэцканы грэшнаю страсцю сваёй,
Не Ланцэлот, каралевай чужой цалаваны,
Пройдзе праз могілкі, не сцеражоны змяёй,
Чару не вып’е з крывёю з уласнае раны.
Кропля атраманту ў шклянку — няма чысціні.
Блазнам не месца ў святыні. Смяротнае джала.
Мой беззаганны, на камні дарогі зірні —
Кроў мая шлях для цябе на камнях пазначала.
Па-за гульнёй-8
Мы з Далілай, не гледзячы адна на адну, сышлі з бетоннага ганка апорнага пункту аховы правапарадку ў прыцемак і невядомасць.
Вечаровае восеньскае паветра мае прысмак дыму.
Апошнім часам апалую лістоту ў нашым горадзе паляць менш, чым раней, калі абрысы вуліц бачыліся праз вэлюм, утвораны душамі лістоў, якія прайшлі праз чысцец вогнішчаў, але не спяшаліся ўзняцца ў халодныя нябёсы.
— Даліла! Руслана! Як вы? А дзе Скаловіч?
«Тры волаты» спяшаліся сюды, не паверыўшы тэлефанаванню Далілы, што ўсё ў парадку, нас ужо выпускаюць і не варта турбавацца… Генусь ішоў наводдаль, моўчкі глядзеў спадылба, праз чорныя прадкі валасоў… Макс трымаў за руку Віку, якая вырвалася і пабегла да маці. А Едрусь… Едрусь наблізіўся да мяне, але неяк нясмела, нібыта не быў упэўнены, што я зноў ад яго не ўцяку:
— Ну як ты, малая? Гэта ж трэба — і цябе забралі… З баявым хрышчэннем!
І я адчувала сябе чамусьці вельмі вінаватай перад ім, таму што вось ужо сем гадзінаў пра яго не думала.
Ён, вядома, не падазраваў, што я пра яго думала раней, пра тахканне гадзінніка, але мне ўсё роўна было сорамна. Нібыта ён зараз мог сказаць: «А чаму гэта ты перастала пра мяне думаць?»
А музыка раптам збянтэжана прамовіў:
— Ну ты даеш… На званкі не адказваеш… Я нават некалькі разоў да твайго дома падыходзіў — святло ў тваім акне гарыць, сілуэт за шторай…
Якім шчасцем для мяне калісьці было б гэта пачуць… Цяпер жа іншае вярэдзіла душу. Я азірнулася на Далілу.
Тая, апусціўшы галаву, прыціскала да сябе Віку. Але я не збіралася сама адказваць на пытанне, якое гучала ўсё настойлівей:
— Дык дзе Скаловіч?
Нарэшце Даліла падняла галаву. Яе зялёныя вочы чамусьці нагадвалі сарванае лісце.
— Спадара Валяр’яна адвезлі ў бальніцу…
Вось, вось, хай сама расказвае… Як невыносны ўпарты Скаловіч цвяліў міліцыянтаў… Як яго паклікалі на асобную размову ў нейкі кабінет… Як праз нейкі час туды ж увайшлі два дужыя санітары ў белых халатах і доктар… Прафесар жа без дакументаў, і гаворыць на літаратурнай беларускай мове, і яшчэ… Ён геній, але з іншага часу. Не ведае многіх элементарных для нас рэчаў, як чалавек XVIII стагоддзя не ведаў бы, як можна іначай, чым у ягоным салоне, трактаваць мужчыну з нафарбаванымі вуснамі. Яны ж усе — палітыкі, паэты, філосафы, фінансісты, наведнікі салонаў і прыёмаў — фарбавалі вусны, румянілі шчокі, пудрыліся, малявалі сурмою бровы і «мушкі» — чорныя плямкі на твары. Бог яго ведае, што хімік там ляпнуў… Чаго не змог пазнаць… Мы ж, ідыёты, хавалі ад яго і гістарычныя падзеі, і рэаліі сучаснасці. У выніку нам паведамілі, што дзядзька наш відавочна з праваламі ў памяці, і яго адправяць у бальніцу.
Божа мой, асістэнт Марыі Складоўскай-Кюры, прафесар Сарбонскага ўніверсітэта, дэкан хімічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта — у мінскай «дурцы»! Ды яшчэ пасля ўсяго перажытага ў Жоўтым доме! З усімі сваімі шнарамі, ды яшчэ з мілай прывычкай ледзь не штоноч у сне праз роўныя прамежкі часу паўтараць занудным гучным голасам фразу: «Я не валодаю такой інфармацыяй». Відаць, вынік «канвеерных» шматдзённых допытаў — праўда, з прафесара каментарыяў не выцягнулі. Не любіць, ці ж бачыце, тэму. А Едрусь з-за гэткага «гукавога суправаджэння» нават начаваць у Разалінай хаце адмовіўся.
Мы сядзелі ў доме ля могілак, нібыта толькі што вяр­нуліся з пахавання. Усе прыгнечана маўчалі. Даліла такая напятая, нібыта чакае, што вось-вось на яе кінецца воўк.
А яна тады яго загрызе. Лёгка.
— Урэшце, па логіцы падзеяў, — разважна загаварыў Макс, — мы можам увогуле выкрасліць з памяці хіміка. Не было яго — ну і зноў няма. Ну, скажам, падабралі на могілках дзядзьку непрытомнага. Хто такі, адкуль — не ведаем. Хто ён нам?
— Ах ты, нягоднік! — Генусь ускочыў з зэдліка, сціснуўшы кулакі. Макс прымірэнча падняў да яго далоні.
— Ціха, ціха… Я проста гіпатэтычна…
— Морду біць за такую гіпатэтычнасць!
— Ты, дарэчы, і Скаловічу збіраўся морду біць, — насмеш­ліва парыраваў Макс. — А каб зрабіў яму па сваіх хакерскіх каналах хоць якое пасведчанне, як абяцаў, — усё-ткі надзея…
— І яшчэ яму, калі спатрэбіцца, морду наб’ю! — гнеўна адказаў Генусь. — Але набіць морду і кінуць падыхаць у дурдоме — розныя рэчы!
— Ніякай надзеі не было. Ён сам захацеў застацца, хоць мог сысці, — падала голас Даліла. Нейкі металёва-нежыццёвы голас, які мне надта не спадабаўся. — Гэта ягоны выбар.
Паколькі не ўсе ведалі, што адбылося ў доме раніцай, — мне давялося распавядаць.
— Гнюсная гісторыя, — спакойна прамовіў Едрусь. — Спадар Валяр’ян — чалавек, варты ўсіх нас разам узятых. Што вы цяпер, збіраецеся апельсіны яму ў Навінкі насіць і тым сумленне суцяшаць? Супер! Вы як хочаце, а я зраблю ўсё, каб…
— І што ты зробіш? — іранічна спытаў Макс. — Налёт на псіхушку?
— Ну вось што, спадарства, — Даліла нарэшце ачомалася і паднялася. — Заўтра я сама пагавару з міліцыянтамі. Макс, Генусь, пашукайце яшчэ звестак пра гісторыю месца, на якім збудаваны гэты дом. Ну не можа быць, каб болей нічога… Любыя, самыя сумнеўныя гіпотэзы… Чуткі… Паданні… Усё, што заўгодна. А ты, Руслана…
— Ты ўсё яшчэ лічыш сябе лідарам тусоўкі? — злосна спытаў Генусь. — Камандуеш? Пасля ўсяго, што ты натварыла, — гэта ж усё з-за цябе, ты прыдумала гэтыя нялюдскія падарожжы, прыцягнула прафесара ў наш час… Ды яшчэ пасля таго, як я бачыў, як ты са Скаловічам…
— Заторкніся! — Даліла крыкнула, нібыта ўдарыла маланкай. — Не твая справа, з кім я і дзе. І ўвогуле — хто не хоча ратаваць хіміка — валіце…
Генусь павярнуўся да мяне.
— Руслана, скажы ты…
Едрусь і Макс чамусьці таксама павярнуліся ў мой бок з сур’ёзным чаканнем.
Няўжо кагосьці зацікавіла маё меркаванне?
А Едрусь раптам прамовіў:
— Я веру Руслане. Няхай яна скажа, што рабіць.
Я сустрэлася поглядам з ягонымі шэрымі вачыма і зразумела, што ніхто тут не жартуе. Ім сапраўды важна, што я скажу. Зірнула на Далілу… Мая сяброўка ўсміхалася неяк крыва… Яе ўсмешка нечым нагадвала фірмовую ўсмешку Скаловіча.
Я ўспомніла, як пераможна яна ўсміхалася, калі зваліла непрытомнага хіміка пад нашы ногі пасля свайго апошняга падарожжа…
Паўза зацягвалася. Мы тут свае мікраскапічныя амбіцыі вырашаем, а Валяр’ян Скаловіч працягвае ісці па сваім пекле…
— Варта паразмаўляць і з міліцыянтамі, — сказала я. — Але найперш трэба яшчэ пагаварыць і з гаспадаром суседняга маёнтка. Ясная справа — без яго не абышлося. Увогуле, думаю, налёт на нас — ягоная справа. Праплаціў. Дом забраць хоча… Напэўна, і прафесара ў дурдом запхнуў у якасці закладніка. І наконт гісторыі… Неадменна нешта на гэтым месцы мусіла здарыцца ў 1933 годзе. І, можа быць, наш прафесар нейкім чынам да гэтага датычны. Паспрабую знайсці яго і распытаць. І варта яшчэ раз дом і ўсё вакол дома агледзець. Кожны прадмет. І нам спатрэбяцца грошы. Шмат грошай. Думайце кожны, дзе ўзяць.
І я падышла да абразоў, як гэта рабіў прафесар, і, не звяртаючы ўвагі на тых, хто побач, і як яны на гэта рэагуюць, перахрысцілася і памалілася аб тым, каму зараз дапамога была патрэбная болей за ўсіх.

Мы з Едрусем сядзелі ў бальнічным калідоры. Я не ра­зумею, чаму бальніцы і паліклінікі ў нас абавязкова мусяць быць падобнымі да турмаў, нібыта іх будуюць па адных праектах. Можа, ад таго, што сцены і там, і там пранізаныя людскім болем, пакутлівым чаканнем, нянавісцю?
Думаеце, мала нянавісці ў той жа раённай паліклініцы? А вы хоць раз сядзелі ў чарзе на прыём да ўчастковага ўрача? Калі перад табой — чалавек дваццаць, палова — з талончыкамі, палова — па жывой чарзе, а яшчэ прыкульгваюць ветэраны, якія ідуць без чаргі, і абавязкова якая-небудзь бабулька з кульбачкай, якую прыводзяць пад рукі з кабінета галоўурача, таму што яна нічога не памятае, але ёй таксама кепска, таксама баліць… А яшчэ тры-чатыры бабулькі, якія ходзяць сюды, бо больш няма куды ісці, бо толькі тут можна пасядзець між людзямі, паскардзіцца, паўспамінаць, і цябе выслухаюць.
А тут, дзе мы сядзелі, было псіхіятрычнае аддзяленне… Воля ваша, але я веру, што псіхічныя хваробы заразныя. Помню, як у кавярні «Вясна», дзе цяпер нейкая іспанская рэстарацыя, працавала пасудамыйкай паэтка, выпускніца маскоўскага інстытута… Яна любіла хадзіць па праспекце ў вязанай шапачцы, са сшыткам, і на хаду запісвала вершы.
Аднойчы я доўга ішла за ёю, назірала… Ну як жа, абавязак літаратара — вывучаць фактуру! А потым, вярнуўшыся дадому, ніяк не магла прывесці ў парадак думкі, якія разбягаліся спалохана, як дзеці ад Фрэдзі Кругера, і мне здавалася, зараз з маіх вуснаў сарвецца таксама няўцямны блёкат, вершаваныя радкі, скажоныя да непазнавальнасці, як пусты скамечаны пачак ад чыпсаў.
Сказаць, што мне было няўтульна між гэтых брудна-зялёных сценаў, — значыць, сказаць пра матылька, што яму цёпла ў вогнішчы. Мне было жудасна, страшна, тужліва…
А Едрусь толькі жмурыў свае шэрыя вочы, нібыта святло лямпачкі ў жалезнай клетцы яго сляпіла. Хаця насамрэч было яно цьмянае, як лекцыя па сацыяльна-палітычнай філасофіі, прачытаная цёткай марксісцкага ўзросту па канспекце дваццацігадовай даўнасці.
Каржакаваты руды санітар, які прыняў Едрусевы даляры, з’явіўся з-за жалезных дзвярэй, нібыта захавальнік атамнай бомбы. Пасля доўгіх перамоў санітар пагадзіўся ўсё-ткі правесці на «падпольнае» спатканне мяне адну. Едрусь у сваім чорным «прыкідзе» — скураной куртцы, высокіх чаравіках-камэлотах — ды з доўгім бялявым хвастом выглядаў занадта падазрона. А мне быў выдадзены белы халат і шапачка, а таксама ліквідаваная завушніца ў губе.
Рокер агледзеў мяне і падняў вялікі палец: маўляў, класна выглядаеш, малая. Чыста медсястра.
— Няўжо камусьці ў ахвоту размаўляць з гэтым тыпам? — мармытнуў санітар, калі праводзіў мяне ў пакой для спатканняў. Я зразумела, што прафесар са сваім «анёльскім» характарам паспеў дастаць нават супрацоўнікаў псіхушкі.
У гэтым пакоі зусім не было вокнаў. На зялёных сценах (зноў усюдыісны практычны колер!) замест карцін віселі, прымацаваныя скотчам, карысныя плакаты пра тое, як захоўвацца ад СНІДу, пра шкоду наркаманіі і карысць фізкультуры. Бравы лыжнік у сіняй шапачцы набакір заклікаў далучацца да здаровага ладу жыцця, з-пад ягоных лыжаў фантанам вылятаў снег, а над правым плячом, як быццам матэрыялізаваны дух продка, грувасціліся слупкі парад па правільнаму харчаванню. Зерневыя, садавіна, адварная ялавічына, кефір… Лямпа гарэла люмінесцэнтная, пад столлю, ненатуральна яркая. Мяне пасадзілі за шырокі пісьмовы стол, які звычайна купляюць для бедных дзяржаўных кантор. Дзверы насупраць адчыніліся, і ўвайшоў Валяр’ян Скаловіч у сіняй піжаме, які сеў на крэсла па той бок стала. Санітар прыладкаваўся наводдаль, каб бачыць нас…
Мне было ўсё роўна, я глядзела на прафесара. Не ведаю, што спадзявалася ўбачыць, — быццам суткі ў псіхушцы могуць змяніць чалавека да непазнавальнасці. Прынамсі, даводзілася назіраць Скаловіча куды ў горшым стане. Ды і сіняя выцвілая піжама выглядала ўсё-ткі больш па-мужчынску, чым Разалін халат у жоўтыя зайчыкі.
Скаловіч па-ранейшаму пазіраў ганарыста, хаця хударлявы гарбаносы твар стомлены, і яшчэ мне чамусьці падалося, што прафесар чакаў замест мяне ўбачыць кагосьці іншага. Нейкая жарынка расчаравання загарэлася і згасла ў ягоных цёмных вачах. Але тон ягоны ні на каліўца не змяніўся.
— Нарэшце вы выглядаеце, як прыстойная дзяўчына.
Што ў перакладзе на звычайную мову, напэўна, можна было ўспрыняць як «Прывітанне, Руслана, рады цябе бачыць».
— Добры вечар, спадар Валяр’ян.
— На жаль, мне пасля конскай порцыі брому цяжка зразумець, вечар альбо раніца. Але, прынамсі, гэта ўсё яшчэ стары добры бром.
Не было калі траціць час на спачуванні і роспыты «Як вас кормяць?» ды «Ці не крыўдзяць?».
Таму я адразу, паўшэптам, каб не чуў санітар, распавяла пра нашыя планы, у тым ліку спадзевы адкрыць сакрэт Разалінага дамка.
— Успомніце, калі ласка, у трыццаць трэцім годзе вы былі на гэтых могілках, паблізу ад дома Разаліі Іванаўны? Ці, можа, чулі што-небудзь пра гэтае месца?
Прафесар задумаўся. Зморшчына між броваў паглыбілася, і вочы, цёмна-зялёныя, як вада ў віры, зірнулі на мяне цалкам сур’ёзна. Вось табе на… Калі ў гэтых вачах не было насмешкі, мне, аказваецца, чамусьці было трывожна у іх глядзець… Як з акна высокага паверха. І прыцягвае, і баішся ўпасці. Потым позірк прафесара ўпёрся ў сасновую паверхню стала, у якой, аднак, не было нічога цікавага — бо гэта не натуральнае дрэва, а пліта з пілавіння і клею, з плёнкай, што імітуе драўніну. Без сучкоў, без незвычайных разводаў, у якіх пры жаданні можна ўбачыць нейкія вобразы. Нават нічога не надрапалі на гэтай мёртвай паверхні. Толькі яна нібыта памутнела ды пакрылася плямамі ад усхваляванага дыхання ды мноства цяжкіх адчайных позіркаў.
Скаловіч ціха загаварыў.
— Мяне забралі амаль адразу пасля таго, як памерла Антаніна. Яе муж са сваім сябруком Андрэем прыходзілі мяне дапытваць. Праўда, у адрозненне ад згаданага Андрэя, які займаў пасаду інструктара па допытах — на яе бралі асабліва спрактыкаваных і фізічна дужых, таварыш камсорг быў аматарам. Але затое зацятым. А я… Я і без крыкаў камсорга быў упэўнены, што стаўся прычынай смерці ягонай жонкі. І… лічыў, што ён, напэўна, мае права рабіць са мною тое, што… рабіў. Я тады сам сябе гатовы быў закатаваць. Карацей, гэта не былі самыя лёгкія дні ў маім жыцці. Трэба згадаць, што ў мяне мелася прывілея — ніколі не білі па твары і галаве. І кісці рук не чапалі. Чаму? Здагадайцеся… Калі ў турме тысячы людзей са спухлымі, збітымі абліччамі, з крывавымі язвамі на галовах — там, дзе вырывалі валасы, з раструшчанымі пальцамі, як мусіць успрымацца нечапаны твар? Таму даведзеныя да паўжывёльнага стану мае знаёмыя і кідаліся на мяне. Адзін, калі сіл ударыць у яго не было, пачаў мяне кусаць і драпаць… Бядак… Так што прывілея адносная. Тым болей калі ў нос гадзінамі льюць ваду і нашатыр, гэта не лягчэй, чым калі выдзіраюць валасы. Апошняе новаўвядзенне, з нашатыром, якраз змагары з контррэвалюцыяй маглі выпрабаваць на чарговай порцыі вязняў. Пачынаўся працэс «Беларускай народнай грамады». Гэта меркаваўся працяг справы пра «контррэвалюцыйны «Саюз вызвалення беларускага народа», якая адыгралася трыма гадамі раней. Запэўніваю вас — такая ж містыфікацыя. Было ўжо дастаткова людзей, якія пачыналі разумець усе «вабноты» гэтай улады. Але сярод арыштаваных, напэўна, не мелася ніводнага, прынамсі, я такіх не ведаў, хто быў бы гатовы са зброяй у руках звяргаць Саветы, забіваць камісараў… Арышту падлягалі навукоўцы, пісьменнікі, святары, настаўнікі. У 1930-м па справе гэтага «Саюза» хапанулі дзесьці чалавек сто. Сярод іх — найлепшыя пісьменнікі. Дубоўка, Пушча, Антон Адамовіч, Жылка, Гарэцкі, Бабарэка, Гурло, Шашалевіч… Усіх не пералічу. Янку Купалу цягалі. Пасля гэтага ён разрэзаў сабе сцізорыкам жывот. Многіх выслалі, некаторых і адпусцілі — пад нагляд, на перавыхаванне. Тады я яшчэ не спаткаўся з Крэчатам і з таварышам Касіянавым. З маёй кафедры забралі чатыры чалавекі. Вядома, мы спрабавалі нешта зрабіць… Мы ж усе верылі, што адбываюцца памылкі. Пісалі лісты, збіралі подпісы… З апошнім было цяжка. Вось калі я зрабіўся «штатным здраднікам», да мяне часам самі падыходзілі, каб папрасіць аб заступніцтве. А яшчэ смешна было сустракацца з некаторымі з тых, хто ўдзельнічаў у эксперыментах Касіянава. Бачу на калідоры ўніверсітэта чалавека, якога пераканалі, што я яго здаў, і які біў мяне за гэта ў кабінеце НКУС, а пасля рыдаў ад шчасця і замілавання ў абдоймах следчага… І ён глядзіць на мяне, як гусь на бліскавіцу, вітаецца і без усякіх эмоцый ідзе далей. І мы — нібыта багатыя кліенты бардэля для вычварэнцаў, што ў паўсядзённым жыцці нават знакам не намякнуць адзін аднаму, дзе разам бавілі час. Вядома, той-сёй, ачуняўшы, зразумеў, у якой інсцэніроўцы ўдзельнічаў… Але што яны маглі перайначыць, калі страх пасяліўся ў сэрцы? Каб вы бачылі, як гэта страшна — чалавек, які быў разумным, дасціпным, з нашым улюбёным інтэлігенцкім скепсісам, глядзіць на цябе пустымі вачыма, нібыта на дно іх наліта волава, і ўсяго яго распірае ад жадання служыць савецкай уладзе, даводзіць, які ён адданы ёй, як шчыра яе любіць… Як ён удзячны, што яна, Вялікая Маці, пад наглядам Вялікага правадыра, не адкінула, а перавыхавала, ачысціла, дазволіла слугаваць… Ён лёгка аддасць жыццё ці заб’е. Ён выказваецца толькі ўрыўкамі з газетных артыкулаў. І нават не хавае, што і гэтую нашу сустрэчу апіша ў «адчоце».
Ён нават і мне, здрадніку, удзячны — бо я ж цяпер у ягоных вачах не здраднік, а патрыёт, такі ж, якім зрабіўся ён.
Вы пытаеце, ці быў я на гэтых могілках у трыццаць трэцім? Я не ўпэўнены. Але вы прасілі — любыя здагадкі… Магу распавесці адзін выпадак. Падчас маёй апошняй адсідкі неяк уночы мяне вывелі з камеры, пераапранулі ў чыстае… Я апынуўся ў добра знаёмым мне «Фордзе» ра­зам з Мадэстам Касіянавым. Верх аўто быў падняты, горад асвятляўся не так, як цяпер, дый кеміў я на той момант марудна, таму нават уяўлення, куды мяне вязуць і навошта, не меў. Зрэшты, якая розніца? Калі мяне змусілі выйсці нібыта ў нейкім гаі і я ў зыркім святле фараў пабачыў свежавыкапаную яміну — у мяне ўнутры салаўі заспявалі. Божухна, няўжо нарэшце Ты даеш згоду мне сысці адсюль? Я агледзеўся: дзе мне давядзецца спачыць? Непадалёк збліснулі крыжы… Могілкі. Выдатна! Нават не ў якой лясной глушы, не ў балаціне…
Але магіла, глыбінёй дзесьці з метр, капалася не мне. З другой машыны, з закрытым кузавам, у Менску называлі яе «варанок», выцягнулі нешта доўгае і цяжкое… Мне не трэба было здагадвацца, што, — нагледзеўся… Двое ў пальчатках, з завязанымі марлевымі павязкамі тварамі кінулі нябожчыка ў яміну. Адзін з катаў пасвяціў уніз ліхтарыкам. Касіянаў жэстам загадаў мне палюбавацца. Я нахіліўся над апошнім прытулкам няшчаснага, які ляжаў тварам уверх, да чорнага неба…
Я ведаў гэтага чалавека.
Незадоўга да майго зняволення да мяне прыйшла бабуля Леакадзія.
Так, яна яшчэ жыла… Хаця і зусім старэнькая — пад дзевяноста.
Не глядзіце на мяне так. Я адразу па вяртанні з Францыі яе наведаў… Але яна мяне і на ганак не пусціла. Слуга шатана, які прыехаў слугаваць слугам шатана.
Сляды бацькоў маіх згубіліся на пачатку вайны — здаецца, у Бесарабіі, куды балаган з’ехаў бліжэй да цяпла і далей ад рэвалюцыйных выбухаў. Леакадзія Пятроўна засталася адзіным маім родным чалавекам. Але прадукты з акадэмічнага пайка, якія ёй пасылаў, адразу ж вяртала. З настойлівай просьбай забыцца на ейнае існаванне.
Карацей, калі яна прыйшла да мяне, я не бачыў яе сем гадоў.
Яна вельмі пастарэла. Замест ганарлівай паставы сагнулася амаль удвая, абапіралася на кавеньку. Галава абвязаная па-сялянску чорнай выцвілай хусткай, нейкая плюшавая зялёная кацавейка… Рот праваліўся, але светлыя вочы пазіраюць па-ранейшаму ўладна. Так што мне падалося, што я, як і ў дзяцінстве, гляджу на яе знізу ўверх.
Бабуля сказала, што яе прывяла да мяне божая справа. Нават у самага апошняга грэшніка, такога, як я, заўсёды ёсць шанец выратаваць сваю душу. Як у разбойніка, укрыжаванага побач з Хрыстом. Я сябрую з галоўным слугой шатана ў гэтым праклятым горадзе. Таму змагу зрабіць тое, аб чым просяць. Зараз у турэмнай бальніцы памірае епіскап Мікалай. Кажуць, у яго тыф. Вядома, ніякага апошняга прычасця і споведзі ад катаў ён не дачакаецца… І каб падтрымаць святога пакутніка ў ягоных апошніх пакутах, яму трэба перадаць рэліквію…
Бабуля павольна-павольна, як здымаюць са ствала тонкі слой бяросты, дастала з-пад крыса сваёй кацавейкі нешта памерам з кнігу, акуратна загорнутае ў шэрую паперу. Я ўзяў прадмет з ейных дрыжачых рук, разгарнуў…
Гэта быў абраз, намаляваны на тоўстай, з тры пальцы, дубовай дошцы, цёмны ад дыму тысяч свечак, старажытны, дзівоснага мясцовага пісьма. Я не спецыяліст — але думаю, што гэта шаснаццатае стагоддзе. Асаблівы каларыт, барочная мяккасць і выразнасць аблічча, тканіны з расліннымі арнаментамі, як на шляхецкіх вопратках. Маці Божая Адзігітрыя. Тая, што паказвае шлях. З цёмнай паверхні абраза струменіла незвычайнае святло. Вочы Маці Божай глядзелі з такой скрушлівай любоўю…
Я папярэдзіў бабулю, што «там» не дазваляюць вязням трымаць пры сабе нічога. Абраз усё роўна ў айца Мікалая забяруць ягоныя турэмшчыкі.
Леакадзія Пятроўна ўгневалася, пачала стукаць кавенькай у падлогу… Гаварыла, што абраз — з нядаўна разбуранай Крыжаўзвіжанскай царквы, адзінае, што ўдалося ўратаваць. І самой ёй, рабе Божай Леакадзіі, засталося жыцця на адну свечку… І гэта грэх — сумнявацца, што ўсё ў волі Божай. Я паспяшаўся запэўніць, што святыню перадам… Але нічога з маіх прыпасаў бабуля ўсё-ткі не ўзяла — і не дазволіла нават дапамагчы спусціцца па сходах маёй шыкоўнай акадэмічнай кватэры. Я глядзеў на яе сагнутую спіну, няўпэўненыя крокі, і мне здавалася, што святло, што ішло ад абраза, цягнецца за бабуляй услед, каб падтрымаць яе замест мяне, роднага ўнука.
Мне ўдалося выканаць просьбу Леакадзіі Пятроўны. Я нават сам дайшоў да айца Мікалая — меў добрыя сувязі сярод дактароў. Епіскап ляжаў у гарачцы, непрытомны, але калі я схаваў пад ягоную падушку абраз — зрабіў рух, нібыта хацеў яго там намацаць… І я ўклаў Адзігітрыю ў ягоныя схуднелыя пальцы, якія адразу сціснуліся, нібыта на руцэ найбліжэйшага сябра.
Праз пару тыдняў мяне выклікалі ў Жоўты дом.
І вось цяпер я бачыў знаёмы выснажаны твар айца Мікалая ў яміне. І… Не, мне не падалося — павекі здрыгануліся ад святла ліхтарыка, епіскап быў яшчэ жывы. У гэтым не было неверагоднага — ад тыфу людзі паміралі, здаралася, месяцамі. Я ледзь стрымаў крык… Бо зразумеў — людзі вакол выдатна ведаюць, што ў яміне — не труп.
Я пачаў ціха прамаўляць малітву. Гэта не спадабалася прысутным, мяне трохі «ўразумілі» — але я ўсё-ткі дачытаў, што хацеў. Потым мяне паднялі на ногі і зноў змусілі схіліцца над адкрытай магілай.
Інструктар па допытах Андрэй падаў таварышу Касіянаву нейкі прадмет… І я, толкам не разгледзеўшы, здагадаўся: абраз Маці Божай Адзігітрыі.
Касіянаў павярнуў да мяне цёмны лік Той, Што паказвае Шлях.
— Пазнаеш, Скаловіч? Гэта — зброя эксплуататараў, якой яны адурманьвалі народ, зброя, якую ты прынёс гэтаму папу.
І кінуў абраз у яміну, у ногі епіскапу.
— Вось ляжыць той, хто працоўны народ адурманьваў. І зараз з тваёй дапамогай, Скаловіч, мы гэты опіум знішчым.
Мне зрабілася страшна. Што яны прыдумалі на гэты раз? А ў руках Касіянава ў святле фараў збліснула шкло… Колба… Трэба ж, не разбілася… І каламутнае рэчыва на тры пальцы…
— І гэта таксама пазнаеш? Тут, унутры, яшчэ засталася частка атруты, якую ты падрыхтаваў, каб забіць сваю лабарантку. Бачыш, мы ведаем, што Антаніна Аксючыц загінула з-за цябе. А цяпер тваё злачыннае вынаходніцтва паслужыць справе працоўных…
Касіянаў працягваў мне пасудзіну.
— Вылі гэта на абраз!
Вядома, ніхто і не спадзяваўся, што я згаджуся. Але гэта былі правілы гульні. Пасля пэўных рытуальных дзеянняў інструктара па допытах мяне паставілі на калені над магілай. Таварыш Андрэй схапіў мяне за валасы:
— Глядзі, падла! Успамінай Антаніну!
Касіянаў нахіліў колбу над ямінай. А епіскап раптам застагнаў.
І я сказаў:
— Добра. Я сам…
Яны вельмі здзівіліся. Гэта было маё першае і адзінае «добра» падчас нашых зносінаў. Думаю, таварыш Касіянаў адкаркаваў у думках шампанскае ў гонар свайго метаду.
А я прамовіў:
— Я знішчу абраз… Але ў тым выпадку, калі вы не бу­дзеце хаваць гэтага чалавека жыўцом.
Таварыш Касіянаў узрадаваўся нездарма. Бо калі вязень пачынае гандлявацца са сваім катам — гэта першы крок да зламання. «Добра, я здам гэтага — а вы не чапайце тых…»
Потым ён здасць усіх.
— Малайчына, Скаловіч! Ты пачынаеш разумець савецкую ўладу! — падбадзёрыў Касіянаў. — Давай напачатку вылі кіслату… А потым — даю слова — епіскап атрымае шанец на лёгкую смерць.
Я ўзяў колбу, нахіліў над абразом, які ляжаў у нагах айца Мікалая. Празрыстая густая вадкасць кранула твар Маці Божай… І паверхня абраза — я выразна гэта бачыў у мёртвым святле ліхтарыкаў — успенілася, зашыпела, пад белай каламутнай жыжай знікла цёмнае аблічча з вялікімі вачыма, у якіх свяціліся ўсёразуменне, любасць і скруха…
Я паставіў на зямлю пустую колбу.
— Вы далі слова.
Касіянаў усміхаўся, нібыта балаганны непераможны барэц у паласатым трыко падчас выхаду на арэну.
— Гэта быў самы лепшы ўчынак у тваім памылковым жыцці, хімік. І я сваё слова стрымаю. Мы не будзем хаваць гэтага слугу імперыялізму жыўцом. Злачынец атрымае хуткую смерць. Толькі ты сам яе яму і падары.
І працягнуў мне рэвальвер.
Што б вы зрабілі на маім месцы?
Мелася тры магчымасці.
Першая — пазбавіць айца Мікалая нечалавечых пакутаў. Стогн даводзіў, што ён быў яшчэ жывы і нават можа апрытомнець.
Але гэта азначала б, што я — забойца. Яшчэ адзін смяротны грэх на душу.
Другая магчымасць — забіць Касіянава… Або хоць кагосьці яшчэ з вылюдкаў.
Праўда, гэта не выратуе ні мяне, ні айца Мікалая. І, магчыма, справакуе яшчэ большую азвярэласць… Хаця ці магчыма большая?
І трэцяе, самае простае і прывабнае — пусціць сабе кулю ў галаву.
І зноў — загубіць сваю душу.
Дык што б зрабілі вы?
Я ўзяў рэвальвер, разумеючы, што ўсе тры магчымасці ведае і мой кат… І зараз я гуляю па ягоных правілах.
гэта-ягоная-гульня
Паклаў палец на курок… Потым зняў. І шпурнуў зброю ўбок, як гадзюку.
Касіянаў рассмяяўся. Гідка так, пагардліва. Падняў кінуты мною рэвальвер… Пацэліўся мне ў лоб… Націснуў курок… Пачуўся глухі шчаўчок.
У рэвальверы не мелася кулі.
Мне на галаву пасыпаўся дробны халодны дождж. Зашумела лісце.
— Ну ты і баязлівец, Скаловіч. Я стрымаў слова — даў нягодніку магчымасць лёгкай смерці. Ты не дазволіў яму той магчымасцю скарыстацца. Каб ты стрэліў, давёў сваю рашучасць — я б пасля ахвяраваў на яго баявую кулю. А так — усё. Здраднік ты, і застанешся здраднікам.
Магілу з жывым чалавекам і абразом пачалі засыпаць. Недзе непадалёк, відаць, на чыімсьці падворку забрахаў сабака.
Я не прынёс ім задавальнення сваёй істэрыкай. Стаяў на каленях, маўчаў і глядзеў. І ведаў, што Маці Божая Адзігітрыя глядзіць на мяне праз белую пену і пясок.
Чаму? Таму што ў колбе была не зусім кіслата. У выніку пэўных працэсаў з цягам часу рэчыва, якое з’ела бедную Антаніну, рабілася бясшкодным. Яно магло пеніцца пры судакрананні са шчолаччу, але не раз’ядала паверхню.
І яшчэ мне падалося, што вочы айца Мікалая на нейкае імгненне зрабіліся асэнсаванымі і ён сустрэўся са мною паглядам.
Але тут жа ягоны твар цалкам схаваўся пад кінутым рыдлёўкай вільготным пяском.
Калі мяне вялі назад, толькі не ў «Форд», а ў «варанок» — цяпер я мог запэцкаць дарагую камісарскую машыну зямлёй і крывёй, — я паспеў разгледзець непадалёк белую браму…
А потым жалезныя дзверы за мной зачыніліся.
І я мог колькі заўгодна разважаць пра свае тры нявыкарыстаныя магчымасці.
Так што, Руслана, гэта ў прынцыпе маглі быць і могілкі, пра якія вы пытаецеся.
Па-за гульнёй-9
Восемдзесят адсоткаў вулканаў на Зямлі — падводныя.
Восемдзесят сем адсоткаў людзей на Зямлі — тыя, што не здольныя да самастойнага мыслення. Восемдзесят дзевяць адсоткаў — пазбаўленыя паэтычнага слыху.
Восемдзесят працэнтаў беларусаў назвалі сваёй роднай мовай беларускую.
Трынаццаць-адзінаццаць — гатовыя змагацца за яе іс­наванне.
Трынаццаць-адзінаццаць… Столькі ж, колькі здольных да самастойнага мыслення, колькі маюць паэтычны слых і гатовыя выбухнуць на паверхні зямлі.
У цемры гарадскіх могілак гарэлі шматлікія свечкі — на магілах і ў руках наведнікаў. Да Дзядоў заставалася яшчэ некалькі дзён, але людзі прыйшлі на ўгодкі «чорнай ночы» беларускай літаратуры. У ноч 29 кастрычніка з нагоды святкавання Дня савецкага камсамолу былі расстраляныя амаль трыццаць беларускіх пісьменнікаў.
Дзве тысячы пісьменнікаў рэпрэсавана па ўсім Савецкім Саюзе.
З іх восемдзесят адсоткаў — з нацыянальных рэспублік.
І дваццаць пяць адсоткаў, гэта значыць пяцьсот літара­тараў, — з Беларусі.
Ноч — з нагоды дня.
На акне хаты, дзе мы ўпершыню пабачылі кручканосага прафесара хіміі з паскудным характарам, таксама мігцела свечка.
— Мы з табой ідзём на гэты агеньчык, нібыта і мы — госці з іншага свету, — прамармытаў Едрусь.
Таксама мне, жартаўнік… І так страшна. Вецер вые. Апошняя лістота ціснецца да чорнага галля. Цёмна… Свечкі мігцяць… Як тут жыла Разалія Іванаўна разам са сваімі і чужымі мерцвякамі?
Добра, што калісьці Эдысан прыдумаў электрычную лямпачку. Сляпуча-жоўты вусень спіралі, укрыжаваны на вострых дзідах-дроціках, здольны пазбавіць містыкі нават інтэр’ер дома ля могілак.
Першае, што я заўважыла, калі ўвайшла ў пакой са шпалерамі ў выцвілыя ружы, было тое, чаго не было. А дакладней, абраза «Маленне аб Чашы».
Кут нязвыкла пуставаў. А над сталом схіліліся Макс і Генусь. Перад імі ляжаў абраз, вынуты з рамкі, і Макс пінцэтам адрываў ад дошкі наклееную папяровую карцінку.
Што за кашчуннасць? Я наблізілася з прадчуваннем таямніцы. Пад паперай, на дошцы бачыўся цёмны малюнак алейнай фарбай. Куточак рызы, расшытай расліннымі ўзорамі…
Яшчэ да таго, як паказалася цудоўнае аблічча з дзіўнымі вачыма — любасць і скруха, — я зразумела…
Маці Божая Адзігітрыя.
Абраз, які быў пакладзены ў магілу з епіскапам Мікалаем. Яго старанна замаскавалі — спілавалі частку дошкі, каб быў танчэйшы, абклеілі карцінкай…
Пакуль мы з Едрусем наведвалі Скаловіча, Макс і Генусь узяліся абшукваць хату па ўсіх метадах дэдукцыі і індукцыі, Холмса, Пуаро і Ніра Вульфа…
Сцены прастукалі, шпалеры месцамі паадрывалі… Да абраза дабраліся, дасталі яго з рамкі. Потым пасварыліся — Макс упарта хацеў ададраць ад зваротнага боку паперу. Генусь крычаў пра кашчуннасць… Пачалі цягаць у бакі… Папера на згінах і раз’ехалася. І там паказаўся нейкі цёмны слой. Адхінулі… І вось…
Пасля таго, як я распавяла ўсё, што пачула ад Скаловіча, мы зрабілі прыблізна такую рэканструкцыю падзеяў.
Епіскапа закатавалі тут, ясна. Хаця ў даведніках значылася — памёр ад тыфу ў турме. Скаловіч бачыў нейкі дамок, відаць, якраз гэты. Абраз — з Крыжаўзвіжанскай царквы, дзе служыў дзякам дзед Разаліі Іванаўны. Зразумела, што той дзед сачыў за лёсам айца Мікалая, і, магчыма, менавіта ён выратаваў абраз са зруйнаванай царквы і перадаў яго праз бабулю Леакадзію ў турэмную бальніцу.
Тое, што адбывалася на ўскрайку могілак, асвятлялася фарамі машын. Гэта маглі бачыць з дамка.
Ці ведалі дакладна насельнікі дома, каго хаваюць прыхадні? Але ясна, што яны пайшлі раскапаць магілу. На­вошта — зразумела: паглядзець на забітага, каб пазнаць яго або хаця б запомніць аблічча, потым — пахаваць па-хрысціянску.
Ці быў айцец Мікалай да таго часу жывы? Мы зноў жа не ведаем. Хутчэй за ўсё — наўрад. Увогуле маглі з-за асцярогі раскапаць магілу ў іншую ноч…
Галоўнае — вось ён, абраз са спаленай царквы. І вось жахлівы выпадак, звязаны з гэтым месцам: пахаваны жыўцом епіскап.
Ці магло гэта паўплываць на ўтварэнне нейкай часавай анамаліі?
Паколькі лепшай версіі ў нас не было, вырашылі — магло.
Вядома, абраз не ўвесь час тут вісеў. Пры Разалінай маці-камуністцы — дык дакладна не. І ход у мінулае тады, відаць, не адкрыўся. Калі Разалія Іванаўна знайшла ікону, калі павесіла на сцяну?
Дзённік заведзены восем гадоў таму.
Калі вы думаеце, што там падрабязныя апісанні прыгодаў, накшталт як я вам распавядаю — дык не. Кароткія запісы «Выйшла ў 1933. Пнеўманія. Нічога не паспела».
Што азначала, што нехта памёр у прысутнасці госці з будучыні ад запалення лёгкіх, а груша так і не была зной­дзеная.
Усяго Разалія Іванаўна паспела выйсці ў той свет адзі­наццаць разоў.
Ну, добра…
А пры чым тут Скаловіч?
А хто, акрамя яго, мог распавесці пра лёс епіскапа? Пра гісторыю гэтага абраза? Ён жа казаў, што апошняе, што епіскап бачыў у жыцці, — гэта ягоны, Скаловічаў, твар.
Вось вам і гульня… Нават Гульня з вялікай літары. Там, дзе пачынаецца рэальны боль, яна заканчваецца.
А што мы раней ведалі пра жыццё? Тое, што яно — дзярмо. Што мы — лепей за іншых, бо незразуметыя і пры гэтым прасунутыя, і наша Альбарутэнія — таемны ордэн, які дае права на эксклюзіўнасць.
І вось што цікава, наўрад Валяр’ян Скаловіч скажа, што жыццё — дзярмо. Нават седзячы ў псіхушцы. Нават прайшоўшы праз усё, што прайшоў… Хаця Даліла і вінаваціла яго ў мізантропіі, ён ніколі не скардзіўся на жыццё. На несправядлівасць лёсу, фатум і падобную дэпрэсіўную муту.
І, пры ўсім сваім знешне фанабэрыстым характары — які насамрэч проста бар’ер між ім і светам, добраахвотная псіхалагічная вязніца — хіба ён лічыў сябе лепшым за іншых? Ды ён жа ўвесь час з сябе падсмейваецца.
А хто з нас можа з сябе шчыра пасмяяцца? Даліла, ці што? У нас жа ўсё так сур’ёзна…
Вось і зараз хлопцы пачалі вельмі сур’ёзна спрачацца наконт рэлігійных канфесій. Хто ў каго храмы адбіраў. Бог ты мой. Мы — беларусы. Было — праваслаўных братчыкаў камянямі на вуліцах білі. Было — уніятаў бізунамі ў праваслаўе заганялі. Як да гэтага праваслаўных — ва ўніяцтва. А цяпер у касцёл ідуць, бо там службы прыгажэйшыя, больш культурна, па-еўрапейску… А беларускія храмы абарончага тыпу ўсё яшчэ стаяць зруйнаваныя. Францыска Асізскага на іх, дыскусійнікаў, няма, з аднаго боку, а з другога — Серафіма Сароўскага. Святы Францыск чарвяка называў «брат мой чарвяк» і пераносіў з дарогі на траўку, а святы Серафім, неверагодны аскет, калі ў пост яго частавалі бедныя сяляне па няведанні самым лепшым, беражоным, але скаромным, не ўшчуваў, але частаваўся — бо страшней пакрыўдзіць, чым самому саграшыць.
Беларусу адзін аднаго пакрыўдзіць — як перад чужым прагнуцца. На раз. «Ну что у нас за нелепый язык? «Як», «як»… Смешно! Вот у русских — «как», «как»! Кр-расота!»
Не ведаю, да чаго б яны даспрачаліся — праваслаўны Едрусь, каталік Макс і схільны да ўніяцтва, як да блізкай эйкуменізму канфесіі, хакер Генусь. Добра яшчэ саентолагаў сярод нас няма. Альбо прыхільнікаў секты Аум Сенрыкё.
Але вярнулася Даліла.
Глядзець на яе было ніякавата. Дождж на вуліцы халодны, ды не самы моцны, так, вераб’я напалохаць, але Даліла не мела моды хадзіць пад парасонам (А навошта адгародж­вацца ад прыроды? Хіба мы слабейшыя за нашых продкаў?) і таму паспела добра вымакнуць. Чорная «луска» (куртачка-шалік-штроксы) не выратавала. Валасы звісаюць жаласнымі прадкамі, зялёныя вочы апушчаныя…
— Сволачы.
І табе прывітанне, Далілачка. Але, здаецца, сяброўка наша насамрэч мела на ўвазе не нас. Ну і на тым дзякуй.
А мела Даліла сёння аж два спатканні. Адно — з бобрападобным міліцыянтам. Другое — з сытым насельнікам суседняй вілы.
Усходні таварыш Далілу прыняў вельмі добра. Каву падрыхтаваў, вінаград-персікі на стол паставіў… Усе клопаты па афармленні куплі-продажу Разалінай развалюхі на сябе бярэ… Вось толькі з цаною — праблемка. Дзесяць тысяч — і не болей.
«Дзевушка, карасавіца, я ж мог нічога табе не даць. Старая ханум вельмі нядобра памерла. Пачнуць дазнавацца, як, — і дом у цябе забяруць, і сама сядзеш. А зона пры тваёй прыгажосці — ай, кепска. І дачка ў цябе маленькая, сіратой застанецца…»
Але, калі што, Арам можа цану набавіць удвая. Калі Даліла ўлагодзіць яго з дапамогай сваёй прыгажосці.
«Добрая здзелка. Але як, дзевушка, зрэшты, хочаш. Арам — не гвалтаўнік. Арам бярэ толькі тое, што яму аддаюць самі. І плаціць гатовы».
— Я не пайду да яго! — Даліла сціснула кулакі, нібыта мы прымушалі яе зараз жа ісці да гэтага Арама.
А міліцыянт доўга разважаў на тэму сваёй прыхільнасці закону, пра тое, як мы, моладзь няшчасная, са сваім псіхованым дзядзькам, уляпаліся, потым намякнуў, што вызваленне з псіхушкі падазронага тыпа — справа калектыўная. Шмат начальства трэба будзе ўлагодзіць. Асоба дзядзькі не высветленая, у венах — сляды ўколаў… Можа, ён наркаман? А што вярзе! Як размаўляе з персаналам! Агалцелы нацыяналіст. Такіх толькі ў псіхушках і трымаць і лячыць па поўнай праграме. За тое, каб гэткі бэнээфавец на свабо­дзе апынуўся, не дзесяць тысяч, а ўсе дваццаць, не меней, патрэбна. Зразумела, не дроваў. І не беларускіх рублёў. А то праседзіць ваш дзядзька на транквілізатарах і шокавай тэрапіі да другога прышэсця… Сваяцтва ж вы пацвердзіць не можаце?
Карацей, міліцыянт, падобна, з тых, хто за капейку жабу да Барысава дубцом пагоніць.
Макс падкаціўся да гаспадыні дома.
— Куртку скідай… А Руслана няхай гарбату зробіць.
Даліла, аднак, змерыла клапатліўца ганарлівым поглядам, адсунулася.
— Сама зраблю сабе гарбаты… Не рассыплюся. І чаму ты пасылаеш да пліты менавіта дзяўчыну?
Макс сумеўся. Ну так — парушыў няпісаны этыкет тусоўкі. «Галантнасць — зброя мачызму».
Даліла, не здымаючы мокрай курткі, пашыбавала на кухню, хутка там нешта забразгала, нібыта полтэргейст гарэзаваў…
Мокры вецер аблізваў шыбы шурпатым чорным языком. Свечак на могілках усё менела… Нібыта адна за адной адляталі назад, у вышэйшы і лепшы свет, душы.
Ноч расстраляных паэтаў згушчала сваю цемру вакол дамка ля могілак.
Каб выкупіць прафесара, нам не хапала дзесяці тысяч баксаў.
Божа мой, столькі пакутаў, крыві, кахання — і ўсё ўпіраецца ў баксы. «Пратарчака жыцця», як сказаў бы Самсон Самасуй.
— Быў такі паэт, Рыгор Папараць, у сапраўднасці — Сапун, — задумна прамовіў Макс. — Калі толькі пачыналіся рэпрэсіі, з’ехаў у Піцер. Нават зладзіў там філію «Маладняку». І ажаніўся выгодна — з дачкой былога латышскага стралка. Кватэра шыкоўная, з антыкварнай мэбляй… Дый жонка — першая прыгажуня, актрыса, балерына. Праўда, і раўнаваць даводзілася паэту… — Макс чамусьці кінуў змрочны позірк у бок Далілы. — Але і Папараця гэнага забралі. Прывезлі сюды, у Менск… І тады жонка з цешчай прадалі з хаты латышскага стралка ўсё, што можна. Мэблю, карціны, футры… Бацька Папараця, селянін, але адукаваны, заможны — таксама аддаў, што меў. І выкупілі небараку з турмы. Праўда, той даў распіску, што болей ніколі пісаць не будзе. І не пісаў. Вершамі душыўся. Плакаў у падушкі. Крычаў: «За што? За што?» А за тое… Што не трэба беларусам нараджацца. І да таго ж — паэтам пры таталітарным рэжыме.
— Давядзецца і нам — шляхам Папарацевай радні, — прамармытаў Генусь.
— Ды вось жа — абраз прадамо! — узрадваўся Макс і працягнуў руку да Адзігітрыі.
— Не чапай! — сінхронна гукнулі Едрусь і Даліла.
— А што? — бязвіным позіркам абвёў усіх Макс. — Мы ж не сабе грошы забяром, а хіміка выкупім.
— Не трэба гэта чапаць, пакуль Скаловіч не вернецца. А потым… Потым гэта трэба вярнуць у храм, — цвёрда прамовіла я. — А за айца Мікалая заўтра закажам саракавуст… Вось не ведаю, ці ўдасца адшукаць ягоную магілу…
— Наўрад, — паківаў галавой Макс. — Калі дакладна месца не вядомае… Хіба Скаловіч бы пазнаў, і тое сумніўна. Та-ак, дасца нам гэты хімік у знакі… Грашовыя.
— У пячонкі ён нам дасца! — раптам прарвала абсохлую Далілу. Яе зялёныя вочы зноў пачалі бліскаць маланкамі. — Ён жа і сапраўды псіх! Вы што, не зразумелі? Маньяк! Цяжкое дзяцінства, комплексы… Яго цягне браць на сябе чужую віну. Не ведаю, як гэты сіндром называецца ў псіхіятрыі. Але яго дакладна трэба лячыць! Калі б Чарнобыль пры гэтым тыпусе ўзарваўся — ён бы сказаў, што гэта ён узарваў! Прыдурак стары! Хто яго прасіў з міліцыянтамі ды дактарамі счэплівацца! Вось хай зараз і лечыцца!
Даліла закінула галаву да столі, каб з вачэй не выліліся здрадніцкія слёзы. Як яна злавалася на тое, што плача! І якая яна была прыгожая нават у такія моманты!
— Ну што, пайшлі па дамах? — падняўся Генусь. — Маці не вельмі добра сябе адчувае. І грошы трэба шукаць. Застанецца тут хто сёння начаваць?
Ахвотных не знайшлося.
Хата Разаліі Іванаўны стаяла чорная, апусцелая, нібыта выкапнёвы чэрап. Я мімаволі перавяла пагляд туды, дзе побач свяцілася еўравокнамі вясёленькая трохпавярховая віла за высокім белым плотам з сістэмай відэаназірання.
Там ніколі не будуць успамінаць расстраляных беларускіх паэтаў.
А на могілках тым часам згасалі апошнія свечкі. І ўва мне ў такт крокам біліся няроўныя радкі:
Свечкі Дзядоў на магілах трымцяць безыменных,
Вершы спалёныя ў восеньскім лісці шапочуць.
Выбіты кулямі вашы імёны на сценах
У сутарэннях, дзе сёння пяюць і рагочуць.
Кат дажывае, як пан, біяграфію ката.
Ведае — вуліца ў гонар яго назавецца.
Косці паэтаў маўкліва ляжаць пад асфальтам,
Вецер да свечкі ляціць, быццам куля да сэрца.
Фінальная гульня-1
«Шляхціц на загродзе роўны ваяводзе». Так казалі продкі.
У XVІ стагоддзі пасол Рымскага імператара Тэктантэр, які ехаў да вялікага князя маскоўскага, праязджаў праз Менск. Дык тутэйшы стараста затрымаў яго і пачаў здзекавацца: няўжо рымскі імператар не можа мець сябрам якога-небудзь больш значнага гасудара, чым маскавіта?
Ведаў бы ён, што надыдзе час, калі маскавіты зробяцца тут гаспадарамі. А потым праз маскавітаў паедуць да нас іншыя…
Я стаяла перад высокім белым плотам «загроды» ўсходняга бая Арама. З-за плота брахаў сабака і бразгаў ланцугом. І глядзець не трэба — ясна: здаравучы натрэніраваны звер. Вочка відэакамеры глядзела з выгнутага над плотам белага прэнта на мяне, нібыта іншапланецянін, або, як кажа мой вясковы дзед, «інаплан». І мне здавалася, што гэты «інаплан» дужа дзівіцца, акругляе недаўменна чорна-сіняе вока: што за непаглядная істота ломіцца ў панскі дом?
Але я дакладна ведала, чаму я тут. І чаму апошнім часам пачала меней думаць пра Едруся.
Памятаеце выдатны фільм «Ляон» з дзюбаносым Жакам Рэно і маленькай Наталі Портман у ролях? Там сірата-тынейджар Наталі кажа свайму апекуну, кілеру з душою дзіцяці: «Здаецца, я цябе кахаю». Той пытаецца, як яна адчувае, што кагосьці кахае? І дзяўчынка кладзе руку на жывот: вось тут, пад лыжачкай, нешта пачынае абрывацца, калі глядзіш на таго, каго кахаеш.
Ну вось і ў мяне так ад кожнага кадрыка памяці, на якім красуецца на падушцы гарбаносы твар з фанабэрыстымі вуснамі і глыбокай зморшчынай між броваў.
Я цэлы год была ўпэўненая, што кахаю Едруся.
А цяпер не ўпэўненая ні ў чым.
Комплекс Электры, туга па недахопу любові бацькі? Комплекс школьніцы — падсвядомае жаданне сэксу з самым строгім настаўнікам? Ці проста я прымаю элементарную шкадобу за нешта іншае? «Она его за муки полюбила…» Фу, як прымітыўна. Урэшце, Скаловіч — самая значная асоба з усіх, каго я сустракала ў сваім жыцці. Не, я не пра пасаду там, званні… Калі хочаце, можна казаць пра харызму, навамоднае слоўца паходжаннем з антычнасці. Вянец, які трымала багіня Афіна над абраннікам, і той меў уладу над розумамі. А магчыма, над сэрцамі… Якая розніца? Проста я ведаю, што не змагу жыць, пакуль прафесар па нашай віне — у псіхушцы і што з ім вырабляюць — невядома.
Уяўляю, як там настойліва спрабуюць знайсці звесткі пра буркатлівага хворага і атрымаць хоць якія ўцямныя тлумачэнні наконт паходжання не такіх ужо даўніх шнараў. Засталося спадзявацца, што Скаловіч не пагрэбуе працытаваць маю байку наконт рабства на плантацыях бавоўны.
Між тым мы збіралі грошы на «выкуп». Генусь прынёс тры тысячы — аказалася, прадаў свае наварочаныя камп’ютары. Тысячу Едрусь выручыў за гітары. Пакінуў сабе самую танную. Макс ахвяраваў трыста баксаў. Я з неверагоднымі намаганнямі набрала столькі ж, збыла тое-сёе праз Інтэрнэт… Альбомы там па мастацтву, плэер, сканер… Даліла, бедная, як царкоўная мыш, да майго здзіўлення, таксама паклала тысячу. Прамармытала нешта пра крэдыт у банку і пра навалач банкірскую, якая болей, сыходзячы з зарплаты, не дае.
Каб у нас быў час… Даліла велягурыла нешта пра тое, што няхай псіхованы прафесар падлечыцца, яму не пашкодзіць, усё пад кантролем, кормяць добра, транквілізатараў не колюць. Але я лічыла кожную гадзіну.
І калі Даліла, на густ бая, каштавала дзесяць тысяч баксаў, дык я, можа, пацягну хоць на ўдвая меншую суму. Урэшце, бай падчас вышуку ў нас не толькі па Даліле позіркам праходжваўся, але і мне ўлучыў увагі.
Я зноў націснула на кнопку. Ніякага гуку — дзынькала, відаць, дзесьці ў доме. Але за плотам пачуліся нечыя крокі, потым створка ад’ехала ў бок… Малады смуглявы хлопец у чырвонай куртцы-«алясцы» аглядаў мяне з лёгкай пагардай.
— Мне да пана Арама. Па важнай справе. Я… з суседняга дома, які пан Арам купляе.
Хлопец падумаў, дастаў сотавы… Перагаварыў на незнаёмай, але, ясная справа, усходняй мове, кіўнуў мне галавой.
— Ідзі.
Ну я і пайшла.
Я даўно вырасла з мульцікаў пра Аладзіна. Але, відаць, усё роўна спадзявалася недзе ў глыбінях свайго не самага інтэлектуальнага, па вызначэнні прафесара з мінулага, мыслення ўбачыць нешта падобнае да багдадскага палаца.
Але інтэр’еры былі вытрыманы ў стылі часопіса «Ме­занін». Нават стракатых дываноў не мелася. І сам бай апрануты ў зялёны джут. Чорныя кароткастрыжаныя яго валасы былі напалам з сівізной, а рукі, з маё сцягно таўшчынёй, неяк па-малпаўску расстаўленыя ўбакі. Жывоцік, праўда, вельмі па-ўсходняму звісаў над спражкай дарагой скураной дзягі, але гэта не рабіла постаць азызлай. Наадварот, Арам, нягледзячы на паважаны ўзрост, быў пругкі і моцны, як падрыхтаваны да сапраўднай карыды бык (несапраўдная карыда — калі быка прымораць, каб не надта хутка бегаў, рогі падпілуюць… А што, эль турыста ўсё схаваюць, а нам далей жыць, спадары тарэра).
Калі я, седзячы ва ўтульным скураным фатэлі, больш-менш звязна выклала сваю прапанову, мне падалося, што позірк Арама зрабіўся падобны на позірк відэакамеры над варотамі ягонага дома. Здзіўлена-недаўменны. Потым вочы зноў заблішчэлі нармальна, па-мужчынску… Менавіта за такі позірк праўдзівая заходняя феміністка адразу падае ў суд.
— Ну як нечага можа быць шкада для такой прыгожай дзяўчыны? Добра, няхай будзе пятнаццаць тысяч за вашую хату. Слова даю. Верыш?
Я кіўнула. Я сапраўды чамусьці яму верыла. Ён моцны. Упэўнены. Такія не лгуць… па дробязях.
Мне хацелася аднаго — каб усё хутчэй скончылася.
Я па ягонай прапанове перасела на шырокую скураную канапу, засланую… не, не леапардавай шкурай, а пухнатым белым штучным футрам, стараючыся трымацца, як спрактыкаваная гетэра, скінула чорную кашулю, якую насіла замест пінжака. Арам скасавурыўся на маю белую маечку-топ, нават караткапалую руку працягнуў, каб пагладзіць па плячы… Але схамянуўся, патупаў да шафы, дастаў бутэльку, крышталёвыя бакалы… Наліў віна — амаль да краёў… Падсеў бліжэй. Нешта гаварыў-вуркатаў… Настойлівей… Бліжэй…
Божа, ён жа старэйшы за майго бацьку…
Я адчувала, што мая ўсмешка ўсё больш нагадвае грымасу. Дужая гарачая мужчынская рука лягла мне на грудзі…
я — усё роўна — павінна — праз гэта — прайсці
усе — рана ці позна — праз гэта — праходзілі — і нічога — жывыя
інструкцыя: расслабся і атрымлівай задавальненне
Раптам рэзкі пах адэкалону аддаліўся, гарачыя рукі саслізнулі з мяне. Я расплюшчыла вочы (сама не заўважыла, калі зажмурылася). Гаспадар сядзеў, адхіліўшыся, і зноў вывучаў мяне недаўменным позіркам.
— Слухай, ты дзяўчынка?
Я нават не адразу зразумела, пра што ён пытаецца. Потым шчокі мае запалалі, быццам мяне па іх нехта адхвастаў.
— Якая розніца?
Арам адвёў вочы, узяў са стала чарку і замаўчаў. Я з адчаем разумела, што грошай, падобна, не атрымаю. Няўдалая з мяне спакусніца. Такая ж, як і архітэктар. Трэба нешта рабіць… Зусім распрануцца, ці што?
Але я сядзела на скураной канапе, як прыклееная, і адчувала сябе горш за белы пухнаты дыванок са штучнай шкуры, які кінулі пад дзверы… Ды яшчэ не з боку кватэры, а звонку, з боку вуліцы, там, дзе мокры абутак, і на белыя варсінкі сыплецца пясок і падаюць недапалкі.
— Што, той мужчына, якога забралі… гэта насамрэч твой дзядзька?
Я кіўнула. Арам глядзеў вельмі сумна.
— Любіш яго вельмі? Грошы трэба, каб яго выкупіць?
— Так…
Бай яшчэ памаўчаў. Паставіў на стол келіх.
— Калі забілі брата майго дзеда, я быў яшчэ маленькі. І са сваякоў нікога побач, акрамя маці і мяне. Мы вярнуліся ў наш аул, які доўга стаяў пусты, як вока сляпога. Усіх адтуль выселілі, бо абвясцілі здраднікамі і прыслугачамі Гітлера. Нават немаўлятаў, якія не маглі вымавіць ні імя «Гітлер», ні імя «Сталін», ні слова «мама». І я нарадзіўся ў сібірскім горадзе Акмолінску і ніколі не бачыў гор. Але, як стала можна, дзядзька маёй маці ўзяў яе і мяне, і мы паехалі на радзіму продкаў. Знайшлі свой дом, напалову засыпаны брудам, пасяліліся… Апошнія з роду.
Мне падавалася, што гаспадар сядзібы мяне нават не бачыць, а размаўляе з кімсьці больш важным. Таму што голас ягоны ажно трымціць ад гневу.
— А ў некаторых дамах ужо жылі іншыя. Прыхадні. Якія не хацелі, каб тутэйшыя вярталіся. Яны пілі гарэлку, іх жанчыны брыдка лаяліся… І аднойчы, калі мой дзед зрабіў такой жанчыне заўвагу, прыбеглі яе сваякі і дзеда моцна пабілі. Палкамі, як ішака. А ён быў ужо стары… І ён памёр. І тады мая маці ўзяла стрэльбу… У нас у доме ў кожнага прыхаваная зброя — а зброя, сапраўдная, дагледжаная, не страціць смертаноснай моцы нават цягам вякоў… Як і помста. Маці адпомсціла ім усім. І мы з ёю сышлі. Праз сорак гадоў я выкупіў у тым ауле ўсе дамы.
Арам звузіў вочы, ягоныя сківіцы сціскаліся…
— А навошта тады вам нашыя дамы? — папыталася я.
Гаспадар раптам разрагатаўся, адкінуўшы на спінку канапы ссівелую галаву.
— Дурнічка! Кожны народ бярэ столькі зямлі, колькі здольны ўзяць. І пралівае за сваю зямлі столькі крыві, колькі ёсць у ягоных жылах. Вы аддаяце нам свае дамы — мы возьмем. Чаму ж вы гэтак узнялі цэны на сваё жытло, што вам самім яго не купіць? Я ведаю — нават прафесары вашыя не могуць набыць і самай маленькай кватэры, а хто яшчэ паважаней павінен быць, чым настаўнік? Пакуль сярод вас жывуць такія, што гандлююць сваёй зямлёй, — яе будуць скупліваць. Мне часам шкада вас. Але чаму я павінен думаць пра іншы народ? Я думаю пра свой. Таму я забяру тут столькі, колькі змагу. Але я паважаю тых, хто можа ахвяравацца за свой род. Пачакай…
Арам выйшаў на хвілю з пакоя, потым вярнуўся і кінуў на канапу два тоўстыя пачкі грошай.
— На, гэта за вашу хату. Дваццаць тысячаў.
Я разгубілася.
— Чакайце… Гэта ж хата Далілы… Дар’і Крашэўскай. Яна павінна падпісаць дакументы… Дамову…
— Дурнічка! — стары бай спачувальна глядзеў на мяне. — Усё ўжо даўно падпісана. Не верыш? Вось дакументы…
Ён пакорпаўся ў нейкай шуфлядзе і кінуў на стол паперы. Я афіцыйных папер баюся, дробны шрыфт скакаў у маіх вачах, нібыта нехта мак сеяў… Але лічбу «10000» і подпіс Далілы я разгледзела. І чысло… Не сённяшняе, не ўчорашняе… А якраз таго дня, як нас забрала міліцыя.
— Я назаўтра ўжо і бульдозер замовіў.
Мне падалося, што мяне нешта прыціскае да паркетнай падлогі вялізнай чорнай лапай.
— І што… вы не прапаноўвалі Даліле… пераспаць з вамі?
— Чаму ж не? Прапаноўваў. — Арам шчыра ўсміхаўся. — А што ў гэтым кепскага? Яна жанчына свабодная. На дачку грошы трэба. Нельга дзяцей у беднасці гадаваць. А цану на вашага дзядзьку міліцыянты самі паднялі. Надта ён ім не спадабаўся. Трымаецца, як вялікі злы начальнік. Такі дорага павінен каштаваць. Напачатку дамаўляліся — за дзесяць. Каб нікога не крыўдзіць. Мне — хата, ім — мае грошы, тваёй сяброўцы — свабода і тое, што яна яшчэ прасіла. Патрымаць, каго і дакуль скажа, у бальніцы. І чаго толькі яна на твайго дзядзьку так уз’елася? Відаць, пакрыўдзіў яе моцна.
Мае вусны трэсліся. Арам паляпаў мяне па плячы.
— Ну, ідзі, выручай сваяка. Будзеш аддаваць грошы гэтым сцярвятнікам з міліцыі — найлепей мець табе справу з капітанам Тумачом, — скажы: ад Арама. І скажы яшчэ, што Арам прасіў перадаць, што рахунак ведае. Гэта калі падмануць цябе захочуць. Бо дзесяць, што зверху цаны, гэта тое, што я абяцаў ім аддаць за спрыянне. Так што хай бяруць, як дамаўляліся, ці я ім дах паварушу.
Калі я ўжо выходзіла з сядзібы, хаваючы пад крысом курткі пачкі з грашыма, да мяне здалёк кінулася фігура ў чорным. Едрусь…
Ён схапіў мяне за плечы.
— Я цябе цэлы дзень шукаю! Стукаўся да гэтага чарнажопага — не пусцілі. Але як ты магла… Ты… што? Ты да яго хадзіла замест Далілы! Я яго заб’ю!
Я стамлёна прамовіла:
— Не варта. Ён нічога мне не зрабіў. Чуеш? Ды не трасі ты мяне, як ігрушу. Нарабілі ўжо спраў з-за тых ігруш.
Едрусь адпусціў мяне. Ды ён сапраўды за мяне хвалюецца… Вось так. Пакуль дыхала з ім у такт, яму было фіялетава.
— Супакойся. Ніякага сэксу. Пагаварылі, расшкадаваўся… Вось грошы за хату. Усе паперы падпісаныя. Не пытайся, як… І бягом да капітана Тумача. Заўтра хату Разаліну зносяць.
Мы беглі да прыпынка, як паслы рымскага імператара з Менска XVІ стагоддзя. Я прыціскала да сябе грошы, быццам дыпламатычнае пасланне, і не зважала, што дождж наліўся ў мае красоўкі і хлюпае там, нібыта просіцца на волю.
Во, трэба было здабыць лакавыя боты на шпільках… Спадніцу-міні… А то спакусніца знайшлася.
— Слухай, Едрусь… А ты б хацеў пабачыць мяне… на шпільках… і ў міні?
Едрусь неўразумела скасавурыўся на бягу… Агледзеў мяне ад падраных красовак да скураной кепачкі з бляшанай кукардай…
— Ну-у, цікава было б…
Вось і кажыце пасля гэтага, што інстынкты перад сапраўдным інтэлектам — як тарантул перад клюшкай.
А мне раптам вельмі захацелася паказацца ў міні, шпільках і са сваёй былой пшанічнай касой Скаловічу.
Хаця ён і тады б знайшоў сказаць штось «мілае», кшталту: «Мадэмуазэль пераблытала прыватны пакой з кафэшантанам?».
Але можа быць, у ягоных вачах я заўважу іскрынку інтарэсу, і мой «комплекс школьніцы», альбо Электры, альбо яшчэ які атрымае спажыву і выдыхнецца, як адкаркаваная бутэлька сідру.
Фінальная гульня-2
Мы ўтраіх: я, Едрусь і былы пацыент Навінак — знаходзіліся ў храме. Прафесар захацеў найперш пасля выпіскі скіравацца сюды…
Чамусьці, калі я заходжу ў царкву, нават у чужым гора­дзе, я заўсёды адчуваю, што прыйшла дадому.
Той-сёй са знаёмых наракае на іншае: і цяжка яму там, і душна, і смешна…
А мне добра. Спакойна так. Хаця якая з мяне ўцаркоўленая: да споведзі раз на год выбіраюся, на Вялікдзень альбо на Каляды… Паўз царквы часцей за ўсё проста прабягаю, папрасіўшы ў думках прабачэння — ну вось, бачыш, Божухна, неадкладныя справы… Стамілася… Крытычныя дні… Гэтак жа прабачаешся ў думках перад старэнькай бабуляй, якая чакае ў госці ў сваёй самотнай кватэры, чакае, а табе ўсё няма калі. Яна ж родная, яна зразумее, прабачыць…
І адбягаешся, як неслухмянае дзіця ад маці, усё далей, далей… І нарэшце адбяжышся на такую адлегласць, што калі цябе нехта пакрыўдзіць — маці не абароніць, бо далёка.
Спадар Валяр’ян таксама адчуваў сябе ў царкве, як дома.
Ён раз за разам клаў паклоны перад абразом Маці Божай Адзігітрыі, няхай і не падобным на той, што застаўся ў доме ля могілак, але які выпраменьваў тое ж святло.
І яшчэ я разумела, што гляджу на Скаловіча апошні дзень у сваім жыцці.
І хацела, каб у маёй памяці назаўсёды засталося гэтае аблічча, асветленае агнём свечак…
Калі мы з’явіліся ў дом ля могілак, Даліла, Макс і Генусь былі там. Сядзелі за сталом над кучай грошай, як гангстэры, што абрабавалі банк, і нешта планавалі… Пры з’яўленні і нашай тройцы — найперш высокага Скаловіча ў чорным паліто, з фірмовым сарказмам на вуснах — Даліла ўскочыла і нават пасунулася назад. Класічныя паводзіны пры з’яўленні прывіду.
Магла яшчэ закрычаць: «Згінь! Прападзі!»
Але замест гэтага, забачыўшы маю пагардлівую ўсмешку, закінула ганарыста галаву і заявіла:
— Так, я гэта зрабіла! Ну і што?
Макс і Генусь пераглянуліся. А я не збіралася шкадаваць нічые пачуцці. Я сёння, між іншым, ледзь не страціла цнатлівасць у абдоймах шасцідзесяцігадовага тлустага бая. І таму казала жорстка:
— Ты калі з Арамам дамовілася? У той дзень, як спадара Валяр’яна да ложка прыкруціла?
Даліла толькі ледзь звузіла зялёныя вочы.
— А што мне заставалася рабіць? А ты… ты навошта ўлезла? Хто ён табе? Яшчэ хоць бы дзень… — сяброўка пачынала нервавацца не па-дзіцячы. — Ты разумееш, што вызваліла яго, каб забіць? Ты мазгамі хоць зрэдку варушыш, паэтычная наша? Ён жа зараз сыдзе! На смерць чалавека адпраўляеш!
Даліла пачала душыцца злымі слязьмі, якія не выклікаюць спачування.
Да прысутных патроху пачало даходзіць, што адбываецца.
— Чакай… Дык я компы свае дарэмна загнаў? — Генусь аж з месца ўзняўся. А Даліла глядзела толькі на Скаловіча.
— Валяр’ян… Зразумей… Я не магла дапусціць, каб ты сышоў. — (Чаго гэта яна да яго на «ты»? Незалежнасць сваю падкрэслівае?) — А мне паабяцалі, што цябе патрымаюць у добрых умовах. І выпусцяць… Калі дом знясуць. Я сапраўды не ведала, што яны ўдвая накінуць супраць таго, што мы з Арамам дамовіліся. Але я б усё роўна дастала грошы! І… ты ж памятаеш, я дала табе права выбару, ты застаўся сам!
— Ну ты і сволач, Дар’я Сымонаўна… — Генуся аж трэсла. — А я ж быў упэўнены, што ты нават маніць не ўмееш.
Едрусь, заўсёды такі спакойны, таксама ледзь стрым­ліваўся:
— А ты пра Руслану падумала? Яна ж з-за цябе ледзь не…
Я ў час штурханула рокера. Не жадаю, каб нехта ведаў пра маю няўдалую кар’еру дзяўчынкі па выкліку.
Даліла, не зважаючы ні на кога, падышла да Скаловіча, які захоўваў змрочнае маўчанне, паклала вузкую даланю яму на грудзі… Зноў зусім як Антаніна з 1933-га.
— Валяр’ян… Прашу цябе… Не сыходзь. Што там? Толькі смерць ды пакуты. Ну што ты зменіш? Каму што давядзеш? Пра тваё геройства ніхто — чуеш? — ніхто не даведаецца…
Скаловіч моўчкі адвёў яе руку. Яго хударлявы твар быў як каменны.
Паветра ў хаце згусла, нібыта перад навальніцай.
— Ну, што ж… Трэба прысесці на дарожку! — з уздыхам падаў голас Макс. І палез мацаць па сваіх шматлікіх кішэнях… Ага, дыктафон шукае.
Мы моўчкі ўселіся за стол. Нават Даліла нібыта змі­рылася. Скаловіч паглядзеў на мяне. Вельмі сур’ёзна. У мя­не, зразумела, як і дэкларавала маленькая Наталі Портман, нешта абарвалася ў жываце.
— Вы, Руслана, не тым займаецеся ў жыцці, — ціха прагаварыў прафесар. — Вы — не тэхнар. Архітэктар з вас ніякі… На філфак падавайцеся.
Ага, развітальны «тастамент».
Макс тым часам перакруціў плёнку ў дыктафоне і сунуў прафесару пад нос.
— А вось скажыце, Валяр’ян Іванавіч, што вы ведаеце пра…
Генусь штурхануў нашага волата.
— Выключы… Сумленне трэба мець. І так загуляліся.
Мы маўчалі. Дождж сумна барабаніў у шыбы, нібыта праводзіў пахавальную працэсію. Кажуць, што калі ідзе дождж падчас пахавання — гэта добры знак, значыць, нябожчык быў някепскім чалавекам і прырода сумуе па ім.
Урэшце Скаловіч узняўся. Падышоў да канапы, няспешна расшпіліў паліто, скінуў яго… Гэтак жа нетаропка сцягнуў з сябе Максаву кашулю, акуратна склаў, потым зноў апрануў паліто — проста на голае, спаласаванае шнарамі цела… Цяпер, здаецца, джынсы здымае… Што гэта значыць? Я разгублена абвяла вачыма тусоўку. Усе прыгнечана маўчалі, хаваючы вочы… Раптам разуменне працяла і мяне. Гэта ж прафесар рыхтуецца сысці — у тым выглядзе, як з’явіўся… Калі не лічыць загоеных ран і змытага бруду. Наслухаўся Едрусевых тэорый пра неўмяшальніцтва ў гісторыю. І я нарэшце ўсвядоміла напоўніцу, пра што крычала Даліла і куды наш госць адпраўляецца… Што яго чакае… Можа, я зрабіла страшэнную памылку, калі выцягнула яго з дурдома?
Між тым прафесар уздзеў на босыя ногі боты з гар­монікам… Выпрастаўся…
— Усё… бывайце.
І пайшоў да сцяны, дзе вісеў абраз, які дасталі з магілы. Я таксама ўзнялася, як за паветраным шарыкам узнімаецца ўверх нітка, якая, можа, зусім і не збіралася нікуды ляцець.
— Спадар Валяр’ян…
Я ж так яму і не сказала… Скаловіч наблізіўся да мяне, пацалаваў у шчаку, зазірнуў у вочы… Не, усё-ткі ён умеў чытаць думкі. Раптам прыхінуў да сябе і зашаптаў на вуха:
— Ну-ну… Гэта пройдзе… Гэта ўяўленне. Вы проста рамантычная, цудоўная дзяўчынка… І рыцар у вас ёсць, які вас кахае. І вы яго кахаеце… І ўсё ў вас будзе добра. А я — экспанат з мінулага. Стары сярдзіты прафесар, які, па-сутнасці, даўно ператварыўся ў тло. Дзяўчаткі ў вашым узросце могуць закахацца ў фотакартку, у мумію… Але ж лепей — жывы, прыгожы і шчыры хлопец. Ну, не сумуйце…
Пацалаваў у лоб, адышоўся…
І што, гэта — назаўсёды? І як далей жыць?
Даліла кінулася да яго праз увесь пакой, як шалёная, з такім адчайным крыкам, які можна чуць толькі падчас сапраўдных — не інсцэнаваных — народных галашэнняў. Абхапіла, ледзь не паваліўшы на зямлю. Мне падалося адразу, што яна збіраецца зноў гвалтам затрымаць госця.
— Прабач! Прабач мне!
І Скаловіч раптам таксама абняў яе… Рыўком, амаль груба, прыціснуў… Іх вусны сустрэліся…
Яны цалаваліся прагна, з жарсцю, так, як могуць цалавацца перад вечным расстаннем толькі людзі, якія даўно адно аднаго кахаюць і адно аднаму даўно не чужыя. Забыўшыся на нас. Забыўшыся на ўсё. Пальцы Далілы лашчылі цёмныя з сівізной неахайныя валасы… Кручканосы змрочны твар… Кожную рысачку… І яго рукі таксама нібыта стараліся запомніць яе…
Я зразумела, што плачу, толькі тады, калі слёзы пацяклі па шыі. Зараз, як Аліса ў Краіне Цудаў, наплачу сабе мора, у якім змагу патануць.
Дурнічка. Наіўная дурнічка. Гэта не тваё свята і не тваё гора. Гэта — для дарослых… Не для такіх малых няўдаліц, як ты… Зрабі сабе пірсінг на сэрцы, малая. Можа, не так стане балець.
А Даліла адарвалася ад прафесарскіх вуснаў і прамовіла:
— Тыдзень таму я яшчэ не была ўпэўненая… Але цяпер ведаю дакладна. Памятай — у цябе будзе нашчадак у нашым часе. З гэтым табе зробіцца лягчэй паміраць, каханы.
Скаловіч стрымаў уздых — ён жа чэмпіён па хаванні эмоцый! — і пацалаваў яе далоні.
— Дзякуй… З гэтым веданнем мне лёгка памрэцца. І… прабач… Калі зможаш… Бо я не магу ўчыніць іначай.
Адхінуў Далілу… Абвёў нас позіркам цёмных, як вада ў віры, вачэй, усміхнуўся — на гэты раз без прымешку сарказму, а весела, нават гарэзна, падняў руку…
— Паспрабую забіць нягодніка. Будуйце тут Альбарутэнію!
І зрабіў крок… Мне падалося на хвілю, што бачу — ці і праўда ўбачыла? — кабінет са сценамі, пафарбаванымі ў цьмяны зялёны колер, нерухомыя постаці ў мундзірах… І яшчэ падалося, што на запясці рукі Скаловіча, узнятай у развітальным жэсце, праступіў крывавы шнар, які зажыў амаль два месяцы таму. Потым відовішча пачало расплывацца, як адбітак на паверхні вады, у якую кінулі камень. Апошняе, што заўважылася, — высокая чорная постаць хіснулася і пачала падаць.
Ну так. Калі да цябе ў адно імгненне вяртаюцца наноў усе твае раны, пераломы і пабоі ў такой колькасці, якім бы трывушчым ні быў — болевы шок забяспечаны.
Кола замкнулася.
Перад вачыма зноў была толькі сцяна, абклееная шпа­лерамі з выцвілымі ружамі.
І нават апошні прусак у гэтай хаце мог бы пацвердзіць, што болей ніхто праз гэтую сцяну не пройдзе. Нешта нябачнае, трывожнае пакінула пакой.
— Ты што, праўду яму сказала? Пра нашчадка? — здушаным голасам прамовіў Макс да Далілы.
Тая не абцяжарылася адказам, павярнулася да нас.
— Усё. Пакуйце рэчы.
І рушыла з пакоя. Танклявая, гнуткая, прыгожая… Моцная.
Яна не будзе плакаць пры нас. Факт.
Апошняя гаспадыня гэтай хаты маўчала дзесьці на кухні, дождж ХХІ стагоддзя барабаніў у брудныя шыбы, на старых могілках дагаралі свечкі Дзядоў…
А Едрусь раптам пацягнуўся за сваёй апошняй, непрададзенай, гітарай, пяшчотна пагладзіў яе, нібы вітаўся або прасіў прабачэння, што яна засталася без сябровак, крануў струны…
Гіене — баяцца, сабаку — вішчаць,
Свінні — рыцца ў гноі сваім.
А льву патрэбны калючы гушчар,
Родны край і свабода ў ім.
Я пазнала песню на словы Караткевіча, якую чула падчас апошняга фэсту. Едрусь што, звар’яцеў, спяваць у такі момант?
П’ю за тое, каб нам сярод родных лясоў
Не вішчаць, не дрыжаць, не крывіць.
Бо ўсе мы тут — не з гіен і не з псоў,
Бо мы — сапраўднай крыві.
Генусь адняў рукі ад твару, — на шчоках засталіся мокрыя сляды. Макс сумна схаваў дыктафон у кішэню і ўтаропіўся ў столь, якую так часта вывучаў позіркам наш нядаўні госць…
І таму давайце за ворагаў піць
І за імі сатканую сець.
Бо ім не дадзена нас палюбіць
І не дадзена нас зразумець.
Што ж… Зняволеныя ў «амерыканцы» паэты таксама спявалі — пакуль ім не паадбівалі лёгкія… А ў хаце, што згубілася пасярод змрочнага гарадскога лістападу, высноўваліся кашчунныя для рамантыкаў словы пра нашых ворагаў.
Божа! Дай ім даўжэй пражыць,
Хай спаўна адтрубяць свой час.
Хай да самай апошняй нашай мяжы
Будуць яны у нас.
Божа! Ты скінуў іх нам, як дары,
І мы славім мудрасць тваю.
Бо яны нас будзяць яшчэ на зары
І рана заснуць не даюць.
І ўстаём, і арэм мы нашы палі,
Пакуль не апусціцца змрок.
І мы ўстаём, і зброю сталім,
Слова сталім і радок.
Я душылася плачам, як у далёкім дзяцінстве, калі бацькі згубілі мяне ў купальскім лесе.
Даруй ім, яны пакараныя й так,
Даруй — хоць на гэты раз.
Бо розуму ў іх, як слёз у ката,
І не могуць пазычыць у нас.
І даруй нам, што сеем мы ў душы ім жах,
Як скачком бяром частакол,
Што даводзіцца ім дрыжаць у дамах,
Калі гойсае леў вакол.
Збялелая Даліла выйшла з кухні — неверагодна, але ў гэтае імгненне яе гожыя рысы чымсьці нагадалі мне рысы Скаловіча, — падышла да сцяны, перахрысцілася на абраз Маці Божай Адзігітрыі (такога я дагэтуль за сяброўкай не заўважала!) і асцярожна зняла яго.
Эпілог 1
Урывак з успамінаў загадчыка кафедры неарганічнай хіміі Сарбонскага ўніверсітэта (1923–1941) прафесара П’ера дэ Тэр’е пра паездку групы еўрапейскіх вучоных у Савецкі Саюз (жнівень 1933 г.).
«…На зваротным шляху з Масквы наш цягнік прыпыніўся ў маленькім гарадку з назвай Менск. Да цывілізацыі, гэта значыць да польскай мяжы, заставалася ўжо нядоўга. Вечарэла, але яшчэ было відно. Я паленаваўся выйсці на перон, стаяў у сваім купэ, курыў, апусціўшы шкло акна, і думаў пра тое, пра што звычайна думаецца на правінцыйных паўстанках: «А нехта ж і тут жыве… І, напэўна, тут ёсць вартыя, цікавыя людзі, для якіх гэтая глухамань — цэнтр сусвету, любае і дарагое месца…»
Вось хоць бы таму таварышу ў гаўрошаўскім кепі, што стаіць насупраць майго акна, рукі ў кішэні, нібыта без усялякай справы, і ледзь не насвіствае Марсельезу… Я спецыяльна ўпусціў на зямлю недапаленую цыгарэту — таварыш у кепі вокамгненна тузануўся, кінуў на недапалак прагны позірк… І зноў утаропіўся ў вечаровае неба. Цікава было б паглядзець, як пасля адыходу цягніка ён кінецца падбіраць «заходнюю крамолу» са святой камуністычнай глебы. Ён і цяпер бы кінуўся, але я працягваў глядзець у акно. Люблю цвеліць фараонаў яшчэ з часоў студэнцтва.
Халера, а я спадзяваўся пабачыць Горад Утопію ў маштабах імперыі, роўнасць, братэрства, усмешлівыя твары і ніякіх паліцэйскіх… Тым болей на кожным кроку.
Мела рацыю мая Сесіль, калі гаварыла, што рэвалюцыі — гэта святочныя феерверкі, якія ператвараюцца ў жудасныя пажары, а потым людзі сцвярджаюць, што вуголлі — гэта і ёсць новы свет.
Раптам нешта выбухнула з таго боку, дзе паравоз, нават з майго акна было відаць — пасыпаліся іскры… Назіральнік у кепі кінуўся туды разам з усімі іншымі… Пакуль я раздумваў, ці не варта і мне зірнуць, што адбылося, пад акном купэ ў першым прыцемку — кропля атраманту на шклянку дажджавой вады — з’явіўся быццам зніадкуль хударлявы высокі тып у кароткім брунатным паліто, з наматаным на шыю вязаным шалікам і ўтаропіўся ў мяне цёмнымі вачыма… О-ля-ля! Гэтае бледнае аблічча з кручкаватым носам не пазнаць немагчыма… Пан Валеры Скаловіч! Калісьці, больш за дзесяць гадоў таму, мы працавалі на адной кафедры. Не сказаць каб сябравалі, — сяброў у яго, з ягоным замкнёным характарам і схільнасцю да чорнага гумару, было няшмат, наколькі я памятаю. Але я паважаў месье Валеры — сапраўдны фанатык справы, прычым з нестандартным мысленнем. Што ён тут робіць?
Валеры зрабіў мне знак, каб я адышоў ад акна, потым неяк вельмі хутка — я не паспеў асэнсаваць — падскочыў, падцягнуўся — і вось ужо ён у маім купэ. Я радасна прывітаў яго… Але словы прыліплі да маіх вуснаў. Месье Скаловіч выглядаў так пагана, што я мімаволі спытаў, што з ім такое. Госць усміхнуўся асаблівай, толькі яму ўласцівай усмешкай — скепсіс плюс горыч — і патлумачыў, што ён нядаўна са шпіталя. Што здарылася? Пераабдымаўся з уладамі.
Скаловіч глядзеў пранізлівым цвёрдым позіркам, як чалавек, у якога ёсць вельмі важная — жыцця і смерці — справа. Выцягнуў з-пад паліто важкую, быццам прылавак мясніка, кнігу ў чырвонай вокладцы з залатымі літарамі «СССР. Шлях развіцця». Падобнымі нас ужо адорвалі ў Маскве.
— Вось, П’ер… Вазьмі… Прашу цябе — вывезі гэта адсюль.
Я здагадаўся, што пад сувенірнай вокладкай хаваецца нешта іншае. Валеры пацвердзіў.
— Вядома, выгляд — бутафорыя… Тут рукапіс. Апошняя праца акадэміка Нічыпаровіча. Нічыпаровіч нядаўна за­стрэліўся — можа, у вас чулі?
Я адмоўна пакруціў галавою. Прозвішча Нічыпаровіча ўвогуле я некалькі разоў сустракаў, але гісторыя — не мая парафія, і стасункаў з гэтым вучоным у мяне не здаралася.
— П’ер, гэта вельмі важна для маёй краіны… Не для той, назва якой напісана на гэтай кніжцы, а для той, якую мы ўсе спадзяваліся пабудаваць. Праўда пра наша мінулае. Я скажу, каму перадаць, хто зацікавіцца… Я дадаў анатацыю і кароткі пераказ на французскай — на жаль, перакласці цалкам, грунтоўна не хапіла часу.
Скаловіч назваў прозвішчы некалькіх славістаў.
— Ну, усё… Дзякуй, П’ер…
Нечаканы госць павярнуўся да акна. Я глядзеў на ягоныя неахайныя валасы, цёмныя з сівымі ніткамі, хударлявую стомленую постаць…
— Стой, Валеры! Ты ў небяспецы, так? Давай я паспрабую цябе выцягнуць адсюль. Гэта цяжка… Але пакуль магчыма. У мяне добрыя сувязі з нашай кампартыяй, даб’ёмся, каб цябе выпусцілі на сімпозіум у Парыж — будзе ў снежні, можа, чуў? Ці ў Прагу, на канферэнцыю… Вашы ж ездзяць… І ты застанешся.
Валеры павярнуўся да мяне і сумна адказаў:
— Ведаеш, я ў гэтым годзе ўжо зрабіў адно падарожжа… Можна сказаць, ва ўласнае жыццё. І сустрэў адну жанчыну… І зразумеў, што нельга вечна ўцякаць — ад сябе самога таксама. Чалавека нельга зрабіць нягоднікам супроць ягонай волі. Нянавісць да сябе нічога не апраўдвае. Разумееш, П’ер?
Я не вельмі разумеў, пра што гаворыць мой былы калега, але падтакнуў ягоным ліхаманкавым словам, бо адчуваў, што ён наважыўся на нешта страшнае, і адгаворваць бескарысна. Мы абняліся… У мяне ў душы нешта балюча перавярнулася, калі я апошні раз угледзеўся ў выснажанае аблічча з цёмнымі ўпартымі вачыма. Потым ён выслізнуў праз акно — на наш узрост досыць спрытна — і знік у цемры, якая ўсё яшчэ поўнілася крыкамі і ўспышкамі.
Я схаваў чырвоную кнігу ў свой сакваяж між падобных сувеніраў і выйшаў з купэ. Праваднік патлумачыў, што зараз мы адпраўляемся — проста нейкія хуліганы зладзілі ў кустах ля насыпу феерверкі. Можа, гэткім няўклюдным чынам мясцовыя энтузіясты вырашылі прывітаць цягнік з заходнімі навукоўцамі?
Ужо калі за акном перасталі мільгаць агні дамоў і цягнік цалкам увайшоў у амаль матэрыяльную цемру, я ўспомніў, што Скаловіч лічыўся выбітным піратэхнікам… І зладзіць непрыкметна феерверкі для яго — што для героя індзейскіх раманаў Скураной Панчохі застрэліць за дваццаць крокаў качку.
Прызнацца, вольна ўздыхнуў я толькі тады, калі забачыў зыркія агні Варшавы.
Працу Нічыпаровіча я перадаў, як і абяцаў. Праўда, калі яе выдалі ў перакладзе на французскую мову, так і не знайшоў часу пачытаць да канца — каюся. Перасяленні плямёнаў мяне ніколі не цікавілі так, як перасоўванні пратонаў. Водгукі ад знаўцаў былі розныя — усе казалі, што праца бліскучая, але з высновамі частка катэгарычна не згаджалася. Не ведаю, я не спецыяліст, можа, і праўда Нічыпаровіч прыдумаў новую дзяржаву — Альбарутэнію… Але калі ён і Скаловіч загінулі за яе, значыць, яна павінна быць.
Так, і Скаловіч загінуў. Я адмыслова пытаўся — яго арыштавалі дзесьці праз тыдзень пасля нашай сустрэчы. І больш яго ніхто нідзе не бачыў. Амін».
Эпілог 2
З заявы сяржанта дзяржбяспекі В. Быхіна на імя наркама УС БССР А. Наседкіна ад 20.11.1938.
«Яшчэ раз заяўляю, што я быў сведкам шматлікіх парушэнняў законнасці з боку начальніка аддзялення па справах нацыянал-фашыстаў таварыша Касіянава М.П. падчас вядзення следства. І зараз я сам арыштаваны па беспадстаўных абвінавачваннях толькі з-за таго, што з’яўляюся гэтым небяспечным сведкам.
…Помню і такі адзін ганебны эпізод. У лістападзе 1932 года я мусіў прыйсці ў кабінет таварыша Касіянава з патрэбнымі яму дакументамі. Калі я зайшоў, то ўбачыў, што ў крэсле перад сталом Касіянава сядзіць чалавек інтэлігентнага віду. Паколькі ён быў добра апрануты (касцюм з гальштукам) і вельмі спакойны, я вырашыў, што гэта не зняволены. Але Касіянаў узяў у мяне патрэбныя дакументы і распарадзіўся, каб я стаў за спінаю гэтага чалавека. Мадэст Пятровіч так рабіў, каб той, каго дапытваюць, страчваў упэўненасць у сабе, бо калі за тваёй спінай нехта стаіць, гэта вельмі нервуе… Акрамя мяне, Касіянава і незнаёмца, у кабінеце знаходзіўся сяржант НКУС Завадзееў. Ён стаяў ля сцяны і, як я заўважыў, трымаў у руцэ гумавую палку — такія мы ўжывалі падчас допытаў.
Касіянаў размаўляў з чалавекам у касцюме, як з добрым знаёмым.
— Ну што, Скаловіч, вырашыў збегчы… Як табе не сорамна? Табе даецца магчымасць выкупіць сваю віну — а ты яшчэ болей шкодзіш. Няўжо ты думаў, што ў таварыша Уладзіміра Акермана няма іншых праблемаў, як уладкоўваць цябе, падазроную асобу, на працу ў сваю клініку? Цяпер, зразумела, у таварыша псіхіятра дзякуючы табе праблемы з’явіліся. І ён доўга будзе тлумачыць, чаму звязаўся з табою.
— Вы, Мадэст Пятровіч, спірытызмам ніколі не зай­маліся? — нечакана адказаў чалавек пытаннем на пытанне. — Толькі спірыты вераць, што зносіны між дзвюма асобамі могуць адбывацца нават у адсутнасці ўсялякага кантакту між фізічнымі целамі. Я ж не паспеў сустрэцца з Акерманам, і нават да Масквы не даехаў, як вы ведаеце.
— Да Масквы! — насмешна сказаў Касіянаў. — Патрапіць у сталіцу нашай радзімы яшчэ трэба заслужыць. А ты, Скаловіч, несвядомы шкодны элемент. Крыжык носіш, мову міжнацыянальных зносінаў не ўжываеш, з нацдэмамі сябруеш, студэнтаў сваіх псуеш… Студэнтаў шмат на тваім факультэце, прафесар?
Я не бачыў выразу твару Скаловіча, але голас яго гучаў зусім спакойна, амаль пагардліва.
— Я не лічыў сваіх студэнтаў. Мяне мала цікавяць падлеткі.
Мне не спадабалася, як гэты чалавек гаворыць пра вучняў. Напэўна, ён вельмі фанабэрысты і дрэнны выкладчык. Але таварыш Касіянаў толькі паківаў пальцам.
— Хітрыш, Скаловіч. І студэнтаў сваіх ведаеш, і студэнтачак. Пра твае эксперыментальныя футурыстычныя заняткі нам даўно дакладалі. А калі лічбы забыўся — нагадаем…
Касіянаў дастаў з тэчкі, якую я яму прынёс, аркуш з шэрагам імёнаў, запісаных у слупок.
— Так, так… Шэсцьдзясят чатыры чалавекі… На якіх ты, Скаловіч, аказаў дрэнны ўплыў. Таму будзем маладых лю­дзей ратаваць. Якая твая любімая лічба?
Скаловіч прамаўчаў, і Мадэст Пятровіч адказаў за яго.
— Няхай гэта будзе пяць. Як промняў у чырвонай зоркі. Вось зараз і палічым па гэтым спісе — кожны пяты студэнт сёння будзе арыштаваны. З-за таго, што яго выкладчык аказаўся баязліўцам і шкоднікам і не захацеў супрацоўнічаць з Савецкай уладай. З-за тваіх уцёкаў, прафесар.
Касіянаў пачаў лічыць.
— Адзін, два, тры, чатыры, пяць… Вальжына Верацёнка. Не пашанцавала дзяўчыне. Шэсць, сем, восем, дзевяць, дзесяць… Навум Гольдберг… Адзінаццаць…
— Верацёнка — дачка супрацоўніка камісарыята… — абыякава сказаў прафесар. — Не думаю, што яму гэта спадабаецца.
Мне зноў падалося гідкім, што прафесар гэтак абыякава ставіцца да лёсаў сваіх студэнтаў. Але я заўважыў, што, нягледзячы на спакойны голас, ён так сціснуў свае далоні, што збялелі пальцы, і зразумеў, што насамрэч Скаловіч вельмі перажывае. Таварыш Касіянаў, відаць, таксама гэта разумеў, таму што закрычаў:
— Што, не падабаецца? Дык памятай — за кожную тваю спробу ўцёкаў, за кожны раз, калі ты праігнаруеш наша запрашэнне, будуць арыштаваныя твае студэнты! Сёння — кожны пяты. Наступны раз — кожны трэці! І кожнаму з іх мы скажам, што яго парэкамендаваў забраць ты.
— Сволач!
Зняволены гэтак маланкава кінуўся цераз стол на таварыша Касіянава, што я трохі спазніўся. Але сяржант Завадзееў, які адмыслова сачыў за зняволеным, некалькі разоў ударыў яго гумавай палкай. Мы ўдвох усадзілі арыштаванага назад на крэсла і прывязалі яго за рукі, ногі і шыю вяроўкамі. А таварыш Касіянаў гаварыў:
— Пакуль не перастанеш выкідваць такія каленцы — бу­дзем прывязваць. Запомні: ты — здраднік. Гэтак называецца твая пасада ў аддзеле па барацьбе з нацыянал-фашызмам. Хочаш таго ці не, будзеш маўчаць альбо крычаць — не мае значэння. Ты для ўсіх здраднік. Кожнаму, хто прыйдзе ў гэты кабінет, я скажу, што гэта ты яго здаў. І адзіны шлях для цябе — пачаць шчырае супрацоўніцтва з намі. Ператварыся са здрадніка ў патрыёта, дай паказанні… Раскажы, хто, акрым цябе, завербаваны польскай дэфензівай… І атрымаеш волю. У гэтае крэсла сядзе іншы.
Да майго здзіўлення, Скаловіч прамовіў зноў вельмі спакойным і нават ганарыстым тонам:
— Дзіўнае ў вас уяўленне пра патрыятызм, таварыш Касіянаў. Здаецца, ва ўсе часы гэта называлася подласцю.
Пасля гэтага да арыштаванага былі прымененыя фізічныя меры ўздзеяння, толькі па загадзе таварыша Касіянава не павінна было заставацца слядоў на твары арыштаванага. Я, як падначалены, змушаны таксама быў прымаць у гэтай ганебнай справе ўдзел. Але, запэўніваю Вас, таварыш наркам, унутрана я не ўдзельнічаў.
Таму прашу Вас выратаваць мяне ад помсты нядобрасумленных таварышаў, якія могуць ужыць да мяне таксама недазволеныя метады допытаў».
Удакладненне на абачыне дакумента: «Сяржант В. Быхін расстраляны 13.01.1939. А. Наседкін арыштаваны 16.12.1938, асуджаны да вышэйшай меры пакарання 25.01.1940».
Эпілог 3
Фрагмент артыкула кандыдата гістарычных навук Мак­сіма Пратасевіча па матэрыялах следчых спраў 1933–1934 гг.
«Напрыканцы 1933 года па справе «контррэвалюцыйнай паўстанцкай і шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі» «Беларускі нацыянальны цэнтр» органы АДПУ БССР арыштавалі 161 адказнага работніка дзяржаўных, партыйных, навуковых ды іншых установаў. Некаторыя арганізацыі былі змушаныя спыніць сваю дзейнасць з-за недахопу кадраў.
Цікава, што насамрэч, па сведчаннях сучаснікаў, па супастаўленнях кадравых рэестраў навуковых устаноў, схоплена людзей было нашмат больш, чым заяўлялася афіцыйна. Некаторыя следчыя справы дасюль застаюцца закрытымі. Нядаўна ўдалося адну з такіх знайсці.
Не дзіўна, што яе асабліва пільна хавалі. Справа была беспрэцэдэнтная. Замах на начальніка асобага аддзялення НКУС Мадэста Касіянава. Прычым здзейснены проста ў будынку самога наркамата, які называлі «Жоўтым домам».
На допыт выклікалі прафесара хіміі БДУ Валяр’яна Скаловіча. Улады падазравалі яго ў тым, што ён перадаў на Захад працу свайго сябра, акадэміка Нічыпаровіча, які незадоўга да гэтых падзей пусціў сабе кулю ў скронь. Скаловіча многія лічылі супрацоўнікам НКУС. Прынамсі, Мадэст Касіянаў неаднойчы вазіў В. Скаловіча па цэнтральных вуліцах горада на сваёй службовай машыне (чорны «Форд»), прычым складвалася ўражанне пэўнай дэманстрацыйнасці гэтых аўтамабільных прагулак. В. Скаловіча тры разы арыштоўвалі — і адпускалі, у той час як іншыя прыгаворваліся да высылкі і канцлагераў, а некаторыя — і да вышэйшай меры. І ў гэты дзень, 29 жніўня 1933 года, Валяр’яна Скаловіча прывёз у Жоўты дом сам Касіянаў. Што адбылося потым, вядома толькі пункцірна. Выбух у кабінеце Мадэста Касіянава, дзе знаходзіліся ён сам, Валяр’ян Скаловіч і двое супрацоўнікаў, быў дастаткова моцным. Ад імгненнай смерці ўсіх выратаваў выпадак. Пачаў выпрацоўвацца атрутны газ. Адзін з прысутных, следчы-інструктар Андрэй Махоня, памёр на месцы, астатнія страцілі прытомнасць. Мадэст Касіянаў зарабіў хранічнае захворванне дыхальных шляхоў (астма), ад якога да канца жыцця лячыўся. Прыблізна ў гэты ж час перад ганкам дома ўзарваўся «Форд», на якім Скаловіча сюды прывезлі.
Следства па справе доўжылася два месяцы. Скаловіч, якому таксама ўдалося выжыць, узяў усю віну на сябе, ніводнага саўдзельніка выявіць не ўдалося. Па логіцы, з выбуху ў кабінеце можна было выснаваць куды больш гучную і шматлюдную справу, чым з выдуманага «Беларускага нацыянальнага цэнтра». Але следства, хутчэй за ўсё, спяшалася сцерці ўсялякую згадку пра гэты выпадак, бо абставіны рабілі органы НКУС, таго ж Касіянава, адказнымі за такі «пракол». Пазначана, што хімік быў прыгавораны да вышэйшай меры пакарання і прысуд выкананы. Але калі і дзе — невядома. Дасюль ва ўсіх энцыклапедыях і даведніках значылася, што В. Скаловіч расстраляны разам з тымі, хто праходзіў па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра», у 1934 годзе. Пасля знаёмства з ягонай следчай справай можна зрабіць верагодную выснову, што Скаловіч быў забіты ў 1933 годзе, у хуткім часе пасля замаху на Касіянава.
У справе знаходзіцца тлумачальная запіска самога М. Касіянава, які сцвярджае, што В. Скаловіч быў псіхічна неўраўнаважаным чалавекам, але вельмі каштоўнай асобай для псіхалагічнай апрацоўкі іншых арыштаваных. Бо ў яго павышаны болевы парог, а таксама інтравертнасць і надзвычай моцны комплекс віны. Гэта значыць, што замест супраціву альбо істэрыкі чалавек будзе маўчаць і цярпець, нават калі чуе пра сябе жахлівую няпраўду. Такім чынам, атрымліваецца няхай не добраахвотнае, пасіўнае, але супрацоўніцтва са следствам. І гэта давала трывалую надзею на тое, што ўрэшце супрацоўніцтва зробіцца добраахвотным і свядомым. Што было б вельмі каштоўным, улічваючы навуковы аўтарытэт, назіральнасць і моцную волю паддоследнага.
На жаль, пад канец апошняга следства адбыліся пата­лагічныя змены ў характары В. Скаловіча, што прывяло да некантралюемай агрэсіі і сумнавядомых наступстваў. Гэтыя наступствы, аднак, уваходзяць у працэнт абавязковай прафесійнай рызыкі. Так, ён, Касіянаў, лічыць сябе ўскосна вінаватым у тым, што адбылося. Аднак рэзкія абвінавачванні асобных таварышаў, якія хочуць яго зрабіць за гэта цалкам адказным, беспадстаўныя. Дзякуючы настойлівасці следства, В. Скаловіч выявіў сваё сапраўднае варожае аблічча, і ДПУ можа паставіць сабе ў заслугу выкрыццё і ліквідацыю небяспечнага палітычнага тэрарыста.
А тое, што некаторыя недальнабачныя таварышы пра­паноўваюць перадаць зняволенага ў асобае тэхнічнае бюро пры наркамаце ўнутраных спраў СССР, як асобу са спецыяльнымі тэхнічнымі ведамі, дык асаблівая небяспечнасць злачынцы і яго зацятасць гэты варыянт выключае.
Напрыканцы аўтар тлумачальнай запіскі прапануе засакрэціць інцыдэнт і «абясшкодзіць» усіх, так альбо іначай абазнаных у тым, што адбылося. Бо тэрарыстычная акцыя В. Скаловіча ставіць пад сумнеў магутнасць усёй арганізацыі, а магчыма, і Савецкай улады.
На тлумачальнай размашыстым почыркам рэзалюцыя: «Прапанову задаволіць. Да стварэння павышанай сакрэтнасці прыступіць неадкладна. Таварышу Касіянаву — спыніць эксперыменты і надалей працаваць па агульнай апрабаванай схеме».
Эпілог 4
З кнігі ўспамінаў мастацтвазнаўца П.А. Анісімава.
«У 1932 годзе з аддзела старажытнага рускага мастацтва Эрмітажа мяне накіравалі часова ў распараджэнне наркамата ўнутраных спраў БССР. Я вельмі ганарыўся, што для адказнай работы паслалі мяне, а не кагосьці з «белых каўнерыкаў» — гэтак пагардліва мы, савецкія маладыя спецыялісты, называлі калег, што засталіся музею ў спадчыну яшчэ з царскіх часоў. Старэчы ў пенснэ лёгка адрознівалі наўгародскую школу іканапісу ад маскоўскай, ляўкасную грунтоўку ад алейнай, але не разумелі, што мастацтва — не стод, якому варта маліцца, а ўсяго толькі маёмасць працоўнага класа. Мне належала дапамагаць у адборы экспанатаў беларускіх музеяў для перадачы Усесаюзнаму аб’яднанню «Антыкварыят». Раней на Беларусі я не быў, толькі вывучаў па рэпрадукцыях роспісы Полацкай Спаса-Еўфрасіннеўскай царквы — абліччы з вялізнымі сумнымі вачыма і строгімі вуснамі, ды яшчэ гартаў выданні Францыска Скарыны… Цяпер давялося паездзіць па местах і мястэчках былой імперскай ускраіны. Не, гэта была не Расія, як я дагэтуль лічыў. Іншыя твары — можа, з болей еўрапейскімі рысамі, іншая гаворка, нават будова хатаў… Але савецкі побыт, на шчасце, паўставаў і тут. Праўда, і ўсялякія перагібы даводзілася бачыць. І як секлі на распалку старажытныя драўляныя скульптуры, выкананыя мясцовымі прыгоннымі геніямі. І збітую з фрагментаў «царскіх варот» з малюнкамі XVI стагоддзя сабачую будку на двары старшыні камбеда. І партрэты італьянскай школы эпохі барока, у якіх былі павыразаныя твары, каб зрабіць дэкарацыі для выступленняў «сіняблузачнікаў»… Палацы, разабраныя да падмуркаў, — не, каб зладзіць там, у гатовым памяшканні, клуб альбо амбулаторыю… Амаль замазаныя бяліламі фрэскі ў царкве, прыстасаванай пад зернясховішча, — а фрэскі адметныя, для мяне ўвогуле адкрыццём стаў мясцовы жывапіс. Твары святых дакладна змаляваныя з тубыльцаў, сучасных аўтару. Так і здавалася, што гэтыя румяныя, жыццярадасныя абліччы вызіраюць з-за карчомнага стала з куфлямі піва альбо медавухі… А было і іншае. Шмат несвядомых элементаў і проста шкоднікаў. Здаралася, у музеях хавалі ад камісіі самае каштоўнае, няправільна ўносілі ў вопісы… Сустракаў я там і падобных да нашых «белых каўнерыкаў» старых спяцоў, і асоб, з якіх проста выплюхваўся местачковы нацыяналізм, — плявузгалі скрозь зубы, што нельга адрываць культурныя каштоўнасці ад народа, які іх стварыў… Шаноўныя, мы ўсе станем адным народам — вось толькі пазбавімся баласту, кулакоў ды такіх перажыткаў мінулага, як вы.
Але часам прыходзіла ў галаву, калі перабіраў груды адабранага для ацэнкі скарбу: добра, што не давялося ўдзельнічаць у… так бы мовіць, першым этапе экспрапрыяцыі. Вось крыж з эмаляванымі ўстаўкамі-машчавікамі… Срэбная карона для Торы са стразамі… Залатая рыза ад абраза Багародзіцы… Не выключана, што за кожны з гэтых прадметаў рэлігійнага культу чапляліся з апошніх сілаў рукі цемрашалаў і цемрашалак… І адурманеныя рэлігійным опіумам няшчасныя гатовы былі аддаць жыццё альбо забіць, абы гэтыя прадметы не патрапілі ў савецкую ўласнасць. І… можа быць — вось здрадніцкі сумніў! — не вельмі рваліся нашы «белыя каўнерыкі» ў гэтую камандзіроўку…
Не ведаю, ці ўдалося б мне гэтак добра спраўляцца, каб не таварыш Крэчат з Наркамата ўнутраных спраў, да якога я быў прыкамандзіраваны. Ён не ведаў сумніваў і жалю, і рэвальвер, маланкава прыстаўлены да несвядомага лба, служыў неабвержным аргументам. Але часта ставала толькі ягонага суровага пагляду. Я шчыра захапляўся гэтым старым бальшавіком, героем рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. Нават выгляд ягоны нагадваў гордую птушку, якой ён назваўся, хаця рысы Крэчата ад прыроды былі досыць мяккія, тыпова славянскія, і нос нават троху кірпаты… Мой начальнік хварэў на сухоты, і час ад часу з ім здараліся страшныя прыступы. Але сваёй працы ён не пакідаў, і ніхто б і не наважваўся нагадаць яму пра адпачынак. Я ледзь мог угнацца за ім, калі ён, невысокі, падцягнуты, у чорнай скуранцы, пахіліўшыся наперад, як фарштэвень баявога карабля, шпацыраваў хуткім крокам па брукаваных вулках Менска. Здавалася, што вакол яго разыходзяцца нябачныя хвалі.
Але нашы сяброўскія адносіны аднойчы — назаўсёды і недарэчна — скончыліся.
Была свежая, як першае лісце на дрэвах, раніца. Таварыш Крэчат папрасіў мяне зайсці за ім уранку, і мы пакіраваліся ў будынак НКУС, праверыць дастаўленыя прадметы, адабраныя намі нядаўна ў Віцебскім дзяржаўным музеі. Сярод іх персідская гравюра ў фарбах, срэбная ханука са збаночкамі для алею, а самае галоўнае — дзве гравюры Дзюрэра, якія я ацаніў у шэсць тысяч рублёў. Кіраваліся пешкі — таварыш Крэчат быў надзвычай сціплы і, нягледзячы на сваю хваробу, амаль не карыстаўся службовым аўтамабілем.
Мы шпацыравалі ў раёне Беларускага ўніверсітэта. Я пераказваў ленінградскія інтэлігенцкія спрэчкі наконт артыкула Фадзеева «Далоў Шылера» і лефаакмеізму. Таварыш Крэчат скардзіўся на беларускіх паэтаў, якія пераймаюць кабацкага Ясеніна і амаль усе схіляюцца да буржуазнага нацыяналізму… Раптам мой спадарожнік рэзка спыніўся, утаропіўшыся позіркам у высокага мужчыну, які ішоў нам насустрач. Мінак, гадоў сарака, быў у недарагім, але акуратным касцюме і белай кашулі з гальштукам, з партфелем у руцэ. Ягоны твар падаўся мне вельмі адметным — па-манаску аскетычны і адначасова ганарысты… Сярэднявечныя балгарскія фрэскі, ці што? Велікаваты гарбаты нос, высокі лоб з глыбокай вертыкальнай зморшчынай, засяроджаныя цёмныя вочы, строгая складка вуснаў, густыя валасы, трохі сівыя на скронях… Незнаёмец пра нешта так задумаўся, што нічога вакол сябе не заўважаў. Дакладна навуковец. А таварыш Крэчат глядзеў з застрашлівым шаленствам… І нават рукою ліхаманкава пачаў намацваць рэвальвер.
Чалавек з партфелем нарэшце заўважыў нас… І спыніўся. Але на ягоным твары чамусьці не паказалася ні здзіўлення, ні спалоху. Хаця таварыш Крэчат ужо наставіў на яго рэвальвер:
— Стой, гад! Пазнаеш мяне?
Чалавек маўчаў. Толькі на нейкае імгненне прыжмурыў вочы і глыбока ўздыхнуў — нібыта рыхтаваўся даць нырца ў халодную ваду.
Ды не, не ў ваду — у смерць. Бо Крэчат — мне даводзілася назіраць у яго такі настрой, але ў меншай ступені — аж тросся ад нянавісці:
— За ўсё заплаціш, сволач! Здраднік! Здохні, як сабака!
Я не ведаў, у чым правінаваціўся сустрэчны, можа, мяркуючы па ягонай выпрастанай паставе, ён былы белагвардзейскі афіцэр, але майго начальніка належала спыніць… Бо я адчуваў: вось-вось прагучыць стрэл. А гэта не па-партыйнаму. Ворагаў трэба судзіць. Праводзіць следства — каб выявіць сувязі… Я схапіўся за руку Крэчата, якая трымала рэвальвер, адначасова баючыся, каб спатканы намі злыдзень не выкінуў якую подласць.
І тут з маім начальнікам надарыўся чарговы прыступ хваробы. Ён страшна закашляўся, сагнуўся, на вуснах ягоных паказалася кроў, рука з рэвальверам апусцілася… Я падхапіў яго пад пахі, з адчаем азіраючыся па баках — трэба клікаць на дапамогу, зараз той гад збяжыць… Але вуліца была, як на злосць, пустэльнай… Толькі дзесьці далёка празвінеў званок трамвая. Краем вока я бачыў чорную постаць побач. Вось удала, відаць, нягоднік так спалохаўся, што ў галаву не прыходзіць уцякаць. Крэчат тузануўся ў новым прыступе крывавага кашлю… Нехта дакрануўся да майго пляча. Незнаёмец моўчкі працягваў мне насоўку. Я схапіў яе, прыклаў да вуснаў хворага…
Калі таварышу Крэчату зрабілася трохі лепей і ён выпрастаўся і зноў змог прыўзняць рэвальвер, я са здзіўленнем упэўніўся, што чалавек з партфелем стаіць нерухома на тым самым месцы, дзе і стаяў, хоць, далібог, дзесяць разоў мог збегчы, і глядзіць на нас з нейкім незразумелым выразам… Не, усё-ткі непадобна, што ён увогуле здатны перапалохацца. Хутчэй, тут нейкая памылка…
Крэчат, аднак, працягваў глядзець на мужчыну з той жа нянавісцю. Абышоў яго, моцна торкнуў руляй рэвальвера ў спіну:
— Наперад, сволач!
На брукаванцы засталася ляжаць скрываўленая насоўка.
Мы адвялі мужчыну ў наркамат унутраных спраў. Ён так і не зрабіў спробы ўцячы, не вымавіў ні слова. Ішоў размераным крокам, нават не азіраючыся па баках, пакорліва выконваючы каманды Крэчата, куды кіравацца.
Я не пайшоў з імі ў будынак Наркамата. Радасці ад таго, што паўдзельнічаў у затрыманні сапраўднага шпіёна — а пра гэта так часта марылася! — чамусьці не было. Я не мог пазбавіцца ад уражання, што ў цёмных вачах незнаёмца свяцілася нейкая дзіўная палёгка — як у хворага, які так змучыўся чаканнем, што нават паведамленне пра смяротную хваробу лепей за няпэўнасць… Ён жа нават усміхнуўся мне на развітанне куточкамі вуснаў — калі мне не падалося. І ўвогуле… Лепей бы мы ніколі не спатыкаліся. Бо пасля гэтай сустрэчы я мала бачыў свайго начальніка. І размаўляць з ім цяпер было цяжка. Амаль немагчыма. Адчувалася, што думкі яго круцяцца далёка ад экспанатаў раённых музеяў. І думкі, далібог, пакутлівыя. З вуснаў Крэчата ўвесьчасна зляталі праклёны і не вартыя камуніста пагрозы, відаць, у бок арыштанта. Гэтак жа, як на мае роспыты гучэла толькі лаянка на той жа адрас. «Сволач», «здраднік», «мярзотнік»… А я ўсё не мог забыцца на моўчкі працягнутую насоўку…
Што ж, вораг сапраўды можа прымаць розныя абліччы, і мяккацеласць тут недарэчы.
Праз тыдзень мая камандзіроўка скончылася, і я вярнуўся ў Ленінград, каб даць справаздачу Урадавай ацэначнай камісіі. На апошні выбітны экспанат, які я знайшоў у фондах Гомельскага дзяржаўнага музея — наборны габелен фламандскай работы, амаль тры на чатыры метры плошчай і папярэдняй ацэнкай у дзесяць тысяч рублёў, таварыш Крэчат нават не прыйшоў зірнуць».
Эпілог 5
Апавяданне студэнткі першага курса аддзялення беларус­кай мовы і літаратуры філфака БДУ Русланы Палынскай, надрукаванае ў часопісе «Dz».
Магільшчык
Самотны кляновы лісток, маленькі, як птушаня, упаў на плячо высокаму чалавеку са ссівелымі цёмнымі ва­ласамі, нібыта залаты пагон невядомай арміі. На імгненне затрымаўся… Потым саслізнуў, яшчэ пакруціўся ў паветры, нібыта спадзяваўся, што рука часовага гаспадара яго падтрымае, не дасць упасці… Але ўрэшце апусціўся на чорную халодную зямлю, каб ператварыцца праз адведзены прамежак часу ў яе ж, з залатога, карункавага стаць бясформным чорным слізкім камяком…
А чалавек проста не заўважыў залатога госця. Папраўдзе, гэта і не дзіўна — дзіўна было, як гэты чалавек можа стаяць на нагах. Нават твар ягоны так спух ад пабояў, што цяжка ўяўлялася, як гэтае аблічча выглядае насамрэч. Адзінае вока, якое магло пазіраць на гэты свет — другое заплыло да шчыліны, — здавалася цёмным, як вада ў віры.
Але чалавек стаяў, шырока расставіўшы босыя ногі, каб не хістацца, ганарыста закінуўшы чорна-сівую галаву. Як яму пашанцавала… Ён зноў бачыць сонца — няхай яно ўжо заходзіць, ледзь праглядае між ствалоў дрэў. Ён зноў дыхае лясным паветрам…
Той, хто не сядзеў у камеры менскага Жоўтага дома, не ведае, у што можа ператварыцца паветра. Ад саракавёдзернай парашы, якую ніхто не выносіць. Ад соцень целаў, што ляжаць адзін на адным, сплываючы потам, крывёй, страхам…
А гэтае паветра — працятае промнямі сонца — хочацца разліць па венецыянскіх крышталёвых чарках і раздзяліць насалоду з каханым чалавекам.
Але лепей за ўсё ведаць, што каханы чалавек адсюль далёка.
Лісце з дрэў амаль апала. Але яго рэдкія карункі выглядалі тым болей тонка. Хутка яны прыкрасяць жоўты насып непадалёк.
Ён толькі што сам яго зрабіў. Вунь і рыдлёўка — пад маладой елачкай. У жоўтым пяску ляжаць шэсць былых вучняў. Ён чуў іх апошнія словы, іх адчай, іх нянавісць.
За сваё жыццё чалавек так працяўся чужой нянавісцю, што яна павінна была абцякаць яго, як вада ручаіны абцякае кавалак дрэва, які ад шматгадовага знаходжання ў віры зрабіўся чорны і цяжкі, быццам камень. Але ўсё роўна аскалёпкі чужога болю ранілі душу. Засядалі ў ёй…
Цэлы тыдзень цёмнавалосага чалавека штоночы кідалі ў машыну да людзей — жывых альбо ўжо нежывых. Напачатку ўсе яны, жывыя, прывезеныя ў які-небудзь лясок, далей ад паселішчаў, разам капалі яму. Потым ён стаяў між тымі, каго забівалі. І кожны раз спадзяваўся, што куля дастанецца і яму. Але кулі абміналі яго. Толькі пырскі крыві ляцелі на адзежу. На трэці раз, калі зразумеў, у якія гульні з ім збіраюцца гуляць, ён паспрабаваў захінуць кагосьці сабою, злавіць чужую смерць… Катам спадабалася забава, яны рагаталі, гледзячы на ягоныя кіданні, і як нехта з няшчасных, ашалеўшы ад страху, спрабаваў сам схавацца за яго, але дарэмна, — і гэта было настолькі ганебна, што ён перастаў ірвацца пад кулю. Потым яго прымусілі абяцаннем хуткай смерці (зробіш — прыстрэлім і цябе) зацягнуць яшчэ цёплыя целы ў агульную магілу. Потым засыпаць… Так, каб зраўняць з зямлёй. Закрываць голлем, сухой травой. І зноў — аглушылі прыкладам, завезлі назад… Да яшчэ жывых. Слухаць стогны, шалёны шэпт надзеі, крыкі адчаю… Наступны раз ён проста кінуўся ў магілу, на нябожчыкаў… З марай — зараз засыплюць… Выцягнулі. Зноў шпурнулі ў апусцелую машыну і павезлі назад. Сёння ён адмовіўся капаць магілу, а потым пайшоў з кулакамі на аднаго з тых, што стралялі… Але ён быў слабы, і яго проста збілі. На развітанне «давялі да ладу фізіяномію» — дагэтуль яго забаранялася біць па твары, і побач з іншымі вязнямі «магільшчык» заўсёды выглядаў «белай варонай».
А потым ён усё-ткі засыпаў магілу. Таму што яны, ужо ведаючы, што змусіць яго іншым спосабам не могуць, пачалі па адным спраўляць на трупы малую патрэбу, пляваць уніз…
Ён не мог гэтага дапусціць… Таму закопваў, падаючы, спатыкаючыся, часам дапамагаючы сабе рукамі… А каты смяяліся. Напэўна, гэта сапраўды на погляд, пазбаўлены звычайных чалавечых ацэнак, выглядала смешна — прафесар у адной бруднай парванай кашулі стаіць на каленях на краі магілы і рукамі ссоўвае кучы жоўтага пяску на целы сваіх былых студэнтаў. Персанаж чорнагумарыстычнага студэнцкага анекдота.
Яму не падаравалі гонару ляжаць у адной магіле з іншымі ахвярамі. І ўвогуле, як каты са смехам патлумачылі, ніхто не стане важдацца, каб закопваць такое лайно, як ён. Вунь там пачынаецца балотца, ёсць сімпатычная смярдзючая дрыгва, і гэтага апошняга ложа будзе досыць.
Ён ішоў у тым напрамку, які паказалі, рассоўваючы тонкія, нібыта кволыя, але насамрэч пругкія, не пераламаць, галінкі хмызняку. Гэта пладовае дрэва, напрыклад ігруша, ламаецца лёгка, пакорліва. За спінай хрумсцела голле пад ботамі змагароў з контррэвалюцыяй і лепшай часткай народа.
Смешныя! Яны думаюць, што магіла мае значэнне. Бо самі спадзяюцца на ўрачыстыя гранітныя, а магчыма, бронзавыя помнікі. На добрую памяць нашчадкаў.
Чалавек шаптаў малітву, спатыкаючыся аб карчы.
Мы прыйшлі ў гэты свет не для таго, каб праклінаць цемру, а для таго, каб запаліць у ім святло.
Нарэшце ногі яго пачалі гразнуць, халодная зялёна-брунатная жыжа падымалася ўсё вышэй… Цікава, ці ёсць яшчэ дзе столькі балот, як на Беларусі? Даводзілася падарожнічаць… Але па балотах не хадзіў. Ні ў Францыі, ні ў Англіі, ні ў Расіі… У Расіі балоты дакладна ёсць, але наўрад — такія… А што, калі і сапраўды тут, пад ягонымі босымі нагамі, месціцца філіял бурштынавага палаца вужынага караля? Можа, менавіта там, на дне гэтых балот, і знаходзіцца сапраўдная Альбарутэнія? Недасяжная для ворагаў, бяздонная…
Твань завагалася на ўзроўні каленяў. Забойцы, якія спыніліся там, дзе яшчэ суха, загадалі чалавеку ісці далей… Вада паднялася па пояс. Яшчэ далей… Гразкае дно схапіла за ногі. Усё. Ганебны страх — што вось зараз на яго пашкадуюць кулі, а проста загоняць глыбей, і ён будзе доўга захлынацца халоднай бруднай жыжай, змусіў былога магільшчыка спыніцца і павярнуцца тварам да чорнага вока вінтоўкі.
Не, страх усё-ткі — самы жывучы паразіт. Рабак, які пасяляецца ў душы і з’ядае яе.
Няўжо ты яшчэ не страціў здольнасці баяцца?
Апошні погляд на неба, якое ў гонар паховінам дня зрабілася чырвона-жоўтым з зеленаватымі пісягамі, нібыта палатняны купал балагана. Урачыстасць псавала маленькая аблачынка, падобная на барвовы шнар, якая цямнела трохі наўскос шыкоўным нябесным колеравым разводам.
Але ўсе гэта колеравае багацце вельмі хутка з’есць чорная жалоба ночы.
Хаця — на гэтай чарнаце ярчэй засвецяцца зоры! Буйныя восеньскія зоры!
У кожным, самым цёмным, часе ёсць свае зоры.
Напрыклад, веданне, што недзе жыве твой сын (вядома, гэта сын!), і жанчына, якая падарыла табе яго і веданне аб ім, будзе цябе памятаць тады, калі ні ад цябе, ні ад катаў тваіх не застанецца нічога.
Ну, хіба па кімсьці з іх паставяць помнік.
Але гісторыя даказвае, што каты патрэбныя толькі на пэўны перыяд. Пасля забіваюць і катаў. Трэба ж кагосьці зрабіць вінаватым ва ўсім. А той, хто карае ката, вядома, доб­ры ўладар. Выратавальнік.
І няма каму крыкнуць ці хаця б прахрыпець, што гэты выратавальнік і аддаваў катам загады.
— Ну, Скаловіч, развітаўся з жыццём, нягоднік?
— Я вас перажыву.
Яму адшкадавалі адну кулю.
Паверхня балотца на нейкія імгненні ўскалыхнулася, пайшла кругамі, потым супакоілася, чорная рана вады зацягнулася ржава-зялёнай тванню…
І ніхто не заўважыў, як потым на яе ўпаў яшчэ адзін, амаль бязважкі, залаты кляновы лісток.
Эпілог 6
Свіслач так лена гнала сваю цяжкую зялёную ваду па бетонным ложы, нібыта састарэла да няздольнасці спяшацца, нібыта ёй не былі болей патрэбныя ні таемныя віры, у якіх круцяцца апалыя лісты і аблокі, ні начышчаныя да злога бляску камяні, на якіх хуткая вада грае свае бурлівыя сімфоніі, ні белыя чаіцы, што гэтак хутка ныраюць у хвалях, як думкі аб кароткім шчасці.
— Вунь там, над паверхняй вады, чорная адтуліна… Уваход у калектар. Гэта і ёсць Няміга.
Едрусь паказваў пальцам кудысьці справа ад моста, які празвалі Пацалуйным (дзесяць хвілінаў таму я «эмпірычным метадам» зразумела, чаму).
— Ну што, убачыла? Рэчка была — увесь гэты раён затаплівала. І яе пахавалі жыўцом. А яна там, пад зямлёю, пазбаўленая свету… Жыве сваім жыццём, як дзіця, забытае ў катакомбах. Магчыма, у ёй па-ранейшаму водзяцца цмокі. Як у шаснаццатым стагоддзі. Чорныя, тлустыя яшчаркі… Верыш?
Я моўчкі кіўнула галавой. Чаму б не быць і цмокам? На цёмную паверхню вады, якраз насупраць уваходу ў каменнае ложа Нямігі, апусціўся бязважкі залаты кляновы лісток — нібыта на бяздонную магілу.
Я глядзела на яго, і душа сціскалася ад незразумелага суму…
А Едрусь раптам схапіўся за сэрца. Ну вось, ізноў…
— Халера…
Так, нас здорава змянілі падзеі мінулага года. Тады, калі ля старых могілак на месцы сённяшняй дыхтоўнай вілы цямнела хата дзівакаватай старой Разаліі Іванаўны, і мы ішлі ў тую хату на спатканне са смерцю.
Ніколі не праходжу міма свежазбудаванай вілы на адлегласці пазнавання з вокнаў. Едрусь мяне разумее і выбірае іншы шлях.
— Можа, пайшлі дадому? — прапанавала я.
Мы з ім здымалі кватэру непадалёк, у двухпавярховым дамку. Але пашанцавала — амаль задарма. Едрусеў сябар па рок-тусоўцы з’ехаў вучыцца ў Чэхію і сваю кватэру прапанаваў нам. Годзе, маўляў, па кутах туляцца, маладыя.
Едрусь бацькам маім спадабаўся. Дыскі ягоныя круцяць.
А я ягонай маме-паэтцы — не вельмі.
Дарэчы, я паступіла на філфак, і ў мяне цяпер зноў пшанічныя валасы. Праўда, яшчэ караткаватыя. Едрусь жартуе, што я зрабілася падобнай да Ганны Цюндзявіцкай, якая напісала кнігу па хатняй гаспадарцы «Гаспадыня Літоўская». Белагаловая, якая гатуе лікворы і шынкі.
А чаму не згатаваць? Цікавы занятак, аказваецца, гатаваць есці.
Едрусь нарэшце выпрастаўся. Адпусціла. Далася ў знакі Вялікая Гульня.
А я ўсё глядзела на ваду пад гранітным парапетам. Так, яна мне нагадвае нечыя вочы… Але тыя былі — як вада ў віры. А гэтая вада — мёртвая.
Едрусь ціха папытаўся, стоячы за маёй спінай.
— Усё сумуеш па ім?
Я адмоўна пакруціла галавою. Успамін пра цемнавокага прафесара проста зжыўся са мною, як успамін пра ўлюбёную кнігу, прачытаную ў падлеткавым узросце. Яна змяніла назаўсёды тваё жыццё… Але ты ж не ставіш за мэту ўвайсці ў яе часткай тэксту?
Вядома, месяцы тры пасля знікнення госця я хадзіла ўся нетутэйшая, лёгкая ад слёзаў. Вы ведаеце гэтае адчуванне — калі добра выплакацца, то здаешся сабе пустой і лёгкай, аж хістае, і нейкая прыемнасць на душы…
Прафесар сказаў бы: дурасць выйшла са слязьмі.
Ён увогуле амаль заўсёды прадказваў правільна.
— А як там Даліла? — нібыта няўважна папыталася я. Няўважна — таму што дасюль не магу дараваць сяброўцы… Ну не тое што раўную… А проста таго, якой дурнічкай выявілася з-за яе.
Едрусь усміхнуўся.
— Даліла «жжот»… Учора вызваніла мяне і Генуся… Да магіл Усевалада Касіянава і Разаліі Іванаўны ледзь не дабраліся могілкавыя дзялкі — могілкі ж прадаюцца па частках пад новыя пахаванні. Даліла прыйшла, а крыжы паваленыя, і на іх ламачча нехта накідаў. Наступны крок — вычакаць, потым абвясціць, што за магіламі ніхто не глядзіць… Расчысціць участачак… Даліла ім і паказала — «вольны ўчастачак». Прыскакала ў выканкам з малым Валеркам у сумцы-кенгуру на жываце і…
Я магла ўявіць, што там адбылося. Адчытваць людзей наша сяброўка цяпер умее дасканала. Пераняла інтанацыі і лексіку ў аднаго спадара. Сядзіць у дэкрэце, падрабляе тым, што навучылася рабіць масаж. Мы, вядома, дапамагаем ёй і яе малым, як можам. Часам яна згаджаецца нешта прыняць.
Цяпер занятая яшчэ, каб дабіцца помніка па айцу Мікалаю. Ніхто не супраць — але доказы дзе, што ён менавіта тут пахаваны?
Пазнаю цябе, Альбарутэнія.
Мы з Едрусем ішлі па вуліцы, трымаючыся за рукі. Сёння Дзяды. Мы пра гэта не гаварылі, але я была ўпэўнена, што і Едрусь успамінае, як мы сустракалі Ноч расстраляных паэтаў год назад.
Добра, што ўсё закончылася.
Але нельга, каб усё закончылася для тых, што ляжаць у безыменных магілах у Курапатах, у парку Чалюскінцаў, на Кальварыі… Яны вартыя памяці. Мы ўсе зараз на гэта працуем — я, Едрусь, Макс, Даліла.
Сёння якраз збіраемся ў Далілы. Вечар памяці, свечкі, слёзы… Не дай Бог сяброўка яшчэ дыктафон выцягне… Хаця і да варажбіткі не хадзі — выцягне. І я зноў адчую, як рвецца маё сэрца ад гуку нізкага, глыбокага голасу з непаўторнай сумессю горычы і іроніі.
Вось фотаздымка ў нас не засталося ніводнага. Не атрымліваліся чамусь здымкі. Нейкі шэры туман замест аблічча.
Мы асабліва не абмяркоўваем тое, праз што давялося прайсці. Ясна, што змяніць мінулае немагчыма. Нават галінку грушы не адпілуеш.
Будучыню — можна. Цёмныя вочы Далілавага сынулі — таму доказ.
Макс, праўда, трохі аддаліўся ад нашай кампаніі. Не дзіўна. Я ведаю — разоў дзесяць прапаноўваў Даліле законны шлюб. А колькасць атрыманых «гарбузоў» рана ці позна робіцца крытычнай.
Як Даліла і прадказвала, любошчы развальваюць сяб­роўства. Хаця тусоўка і збіраецца, але той амаль сектанцкай блізкасці, роднасці ў смерці няма. Я — з Едрусем, Даліла — з дзецьмі. Генусь — трымайце мяне, ржунемагу — ажаніўся.
З той самай дзеўкай, што шыла яму чорную кашулю. І нічога — жывуць з мамай, не сварацца, здаецца.
Пад залатымі шатамі дрэў горад мёртвых. Могілкі.
І мы з Едрусем пайшлі туды.
Я глядзела, успамінала… Сэрца сціснула скруха.
Божа мой, як я зараз зайздросціла Даліле! Хаця — з чаго б то… У мяне — Едрусь, які вось-вось зробіцца слынным музыкам, цікавая вучоба, публікацыі… А ў яе — ніякай надзеі пабачыць каханага, жабрацкія заробкі, але — цемнавокі сын і права на памяць. На ўсё, што было між імі — сярдзітым кручканосым прафесарам і свавольнай некіруемай дзеўчынёхай. Увесь нябачны для чужых вачэй шлях ад нянавісці да жарсці, ад першага пацалунку — да…
На мае вочы зноў навярнуліся слёзы крыўды.
Якая яна шчаслівая!
А што на ўсё жыццё гэта для яе — стапудова. Яна ж нават усе папяровыя ашмёткі, на якіх Валяр’ян Скаловіч крэсліў свае формулы, пазбірала і захоўвае, як найвялікшыя святыні.
Праўда, я ведала, чаго Даліла баіцца… Дужа, страшэнна баіцца. Што Там, у мінулым стагоддзі, ачуняўшы ў турэмнай лякарні, суровы прафесар хіміі не ўспомніў пра сваё неверагоднае падарожжа ў будучыню. Ці палічыў трызненнем… У ягоным жа часе гэта было адно імгненне… Кропка, у якой пачалася і завяршылася пятля часу.
На гэты раз я не стала абыходзіць новую вілу, збудаваную на месцы хаты Разаліі Іванаўны, за трыста метраў. Было, быллём парасло, лісцем асеннім засыпалася…
Дарэмна я так была пэўная. Пры нашым набліжэнні металёвыя вароты з глухім шоргатам раз’ехаліся, выйшаў смуглявы хлопец, з недаверам паглядзеў на мае светлыя валасы:
— Гэй… Гэта ты да Арама калісь прыходзіла?
Толькі гэтага не хапала… Зноў мне нагадваюць маю няўдалую кар’еру спакусніцы.
Я сабралася была «не пазнаць» хлапца, але той сказаў:
— Чакай… Арам загадаў — калі хто з вас з’явіцца, каб я аддаў…
Ён некуды збег і праз нейкі час вярнуўся з пакункам.
— На… І не жартуйце так болей. Дзядзька сказаў, яшчэ раз нешта падкінеце — знойдзе і рукі вузлом завяжа.
Вароты зачыніліся.
Я недаўменна глядзела на вялікі, цяжкі і бясформенны пакунак з шэрай шурпатай паперы, падмоклай і запэцканай зямлёй па краях — у такую плебейскую паперу калісь загортвалі куплёнае нават у самых лепшых крамах. На паперы сінім фламастарам, акуратнымі друкаванымі літарамі, накрэслены стары адрас Разалінага дома і імя Далілы. Ды не, гэта не фламастар… А тое, што называецца «хімічны аловак». Ім цэны на курыцах выпісвалі. Сінім атрутным колерам — па вільготным ружова-блакітным, у жоўтых пухірыках мясе… Фу…
Едрусь асцярожна разгарнуў паперу. Паказалася газета з незнаёмым шрыфтам. А ў ёй… Абламаная галінка грушы. З яшчэ зялёным лісцем, з гронкай крамяных пладоў… У лістападзе?!!
Я ліхаманкава разгарнула паперу. «Вусаты» партрэт, кампартыя, імперыялізм… І дата: 23 жніўня 1933 года.
Газета выпала з маіх рук.
Гульня працягваецца. Альбарутэнія жыве.
2007

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.