Лёсы дэбютных кніг беларускіх літаратараў

Лёсы дэбютных кніг беларускіх літаратараў


«Я не самотны, я кнігу маю з друкарні пана Марціна Кухты» — пісаў, паміраючы ў Ялце, «у белым доме ля сіняй бухты», Максім Багдановіч: цешыўся, што ў гэтыя цяжкія хвілі мае пры сабе свой першы, але і, на жаль, апошні паэтычны зборнік «Вянок».


Процьма цікавых, трагічных, кранальных ці вясёлых гісторый звязана з першымі кнігамі. Расійскі паэт Някрасаў асобнікі свайго дэбютнага паэтычнага зборніка, выдадзенага на ўласныя грошы, выкупіў, каб… знішчыць. Амерыканскі пісьменнік Генры Мілер падпісаў першы свой раман «Молах» прозвішчам жонкі, бо ганарар мусіў выплаціць яе каханак. Іван Бунін першы ўласны паэтычны зборнік рассылаў усім, жадаючым і не жадаючым, бясплатна, з адзінай просьбай: каб пахвалілі — бо надта ж крытыкі задзяўблі.

Ёсць свае незвычайныя гісторыі і ў першых кніг беларускіх літаратараў — і класікаў, і сучаснікаў. Давайце з нагоды Сусветнага дня пісьменніка ўспомнім некаторыя з іх.

Канстанцыя Буйло. «Курганная кветка»

З дэбютным зборнікам гэтай дваццацігадовай паэткі звязаныя імёны двух самых вядомых беларускіх паэтаў, слыннага мастака і легендарнай мецэнаткі…

Паэтку звалі Канстанцыя Буйло, яна была дачкой Антона Буйло, аб’ездчыка графа Тышкевіча. У родным Вішневе Канстанцыя пасябравала з дачкой настаўніцы французскай мовы Эміліі Станкевіч Уладзіславай. Аднойчы падрослыя Костка і Уладка прыйдуць у віленскую рэдакцыю «Нашай Нівы», куды Канстанцыя дасылала вершы.

«Нехта, узяўшы мяне за плечы, павярнуў да сябе. Перада мной стаяў высокі, тонкі мужчына, з сінімі вачыма, задумлівы і сур’ёзны. — «Ты, мусіць, Буйлянка, — лагодна сказаў ён мне, — ну а я Купала. Дык давай знаёміцца». І ён, нагнуўшыся, пацалаваў мяне так сур’ёзна і ўрачыста, што я нават не здзівілася, а смяшлівая Уладка не засмяялася. Да гэтага знаёмства яшчэ Купала прысвяціў мне вельмі прыгожы свой верш».

Першая сустрэча ў «Нашай Ніве» завяршылася тым, што Купала прапанаваў юнай госці заначаваць у рэдакцыі, прынёс бутэльку салодкага віна і яблыкаў, і яны да раніцы ўдваіх па чарзе чыталі п’есу «Паўлінка». А калі ў 1914-м Купала стаў галоўным рэдактарам «Нашай Нівы», прапанаваў Канстанцыі падрыхтаваць яе першы зборнік. Працаваў над кнігай «з вялікім замілаваннем, як над сваёй». Вокладку маляваў мастак-візіянер Язэп Драздовіч. На малюнак у стылі ар-дэко яго натхнілі радкі Буйло «Я каханне маё пахаваю ў душы, спакой сфінкса на твар палажу». А сам зборнік называецца «Курганная кветка». Грошы на выданне дала княгіня Магдалена Радзівіл, тая ж, што спансіравала і «Вянок» Максіма Багдановіча. Праўда, у пані былі на юную паэтку свае планы. Калі Буйлянка па запрашэнні княгіні прыехала да яе ў Мінск, пачула наступнае: «Я хачу вам дапамагчы паступіць у Варшаўскі манастыр шарытак. Там вы прабудзеце нейкі час. Калі вырашыце стаць шарыткай, я ўнясу за вас багаты пасаг. Нам трэба мець уплыў на беларускую палітыку».

Разгубленая Канстанцыя, як магла, ветліва адмовілася.

Кніга з’явілася на свет у друкарні Марціна Кухты, Купала, высылаючы аўтарцы асобнікі, пісаў: «Пасылаю табе кніжкі, зрабіў — як умеў. Дрэнная папера, але лепшай не маглі дастаць». Першы — ухвальны — водгук на зборнік таленавітай паэткі напісаў Максім Багдановіч. Як сведчыў Рыгор Шырма, вершы зборніка ў Заходняй Беларусі зрабіліся песнямі, а верш «Люблю наш край», які паклаў на музыку Мікола Равенскі, лічыўся гімнам.

Сяброўка Канстанцыі Уладзіслава Станкевіч у 1916-м стала жонкай рэдактара яе кнігі, Янкі Купалы.

Наступны зборнік Канстанцыі Буйло «Світанне» выйдзе толькі праз 36 гадоў, у 1950-м.

Яўгенія Пфляўмбаўм. «Вершы»

А вы можаце ўявіць такое, каб паміж першай і другой прыжыццёвымі кніжкамі літаратара прамінула шэсцьдзясят тры гады?

У беларускай літаратуры ёсць і такі феномен.

«Вершы» — так немудрагеліста называлася дэбютная кніга юнай мінскай паэткі Яўгеніі Пфляўмбаўм, складанае прозвішча яна атрымала ў спадчыну ад бацькі-немца, што працаваў на чыгунцы. А ў 1926 годзе рэалізаваўся, як той казаў, першы гендарны праект беларускай літаратуры: пад адной вокладкай у бібліятэчцы «Маладняка» выдалі трох паэтак — сябровак аб’яднання, самых актыўных і таленавітых. Акрамя васямнаццацігадовай Пфляўмбаўм, гэта былі Зінаіда Бандарына і Наталля Вішнеўская. Рэдактарам зборніка стаў Уладзімір Дубоўка. Шэрая, сціплая брашурка — вялікая надзея для трох аўтарак, і ўсім тром выпаў трагічны лёс. Як пісаў Сяргей Грахоўскі ў вершы, прысвечаным Яўгеніі Пфляўмбаўм:

«Натхнёна Жэня, Зіна і Наташа

Спявалі дзеля шчасця і святла,

Але ў злавесны век

атруты чаша

Іх напаткала і не абышла.

Дарогі разышліся назаўсёды,

Сарваліся і змоўклі галасы.

Нягоды напаўзалі на нягоды,

Як майскі снег, як град,

як маразы.

Яўгенія Пфляўмбаўм выйдзе замуж за паэта Максіма Лужаніна, адправіцца за ім у сібірскую ссылку, потым усё сваё доўгае жыццё будзе пісаць у стол. Яе вершы выпадкова знойдзе госць, Аркадзь Куляшоў, захоча выдаць… Не атрымаецца. Яўгенія ўпарта застаецца ў цяні мужа. Толькі ў 1989-м убачыць свет зборнік «Сувой жыцця» з прадмовай Анатоля Вярцінскага, а Максім Лужанін, які перажыў жонку, да канца дзён стане парадкаваць яе чарнавікі.

Аркадзь Куляшоў. «Росквіт зямлі»

У дужа ранніх дэбютах заўсёды тоіцца небяспека — нярэдка бліскучая першая кніга, на дзіва дарослая для юнага аўтара, аказваецца і апошняй творчай удачай… Але сярод беларускіх класікаў ёсць вундэркінд, якому не пашкодзіла ранняя слава. Хоць яму было ўсяго 16 гадоў, калі выйшаў яго першы паэтычны зборнік — і вучні ягонай школы ў Саматэвічах дзівіліся і захапляліся, асабліва калі знакаміты выпускнік, не нашмат старэйшы за іх, прыязджаў на сустрэчы. Дарэчы, на адной з такіх сустрэч прысутнічаў вучань Саматэвіцкай школы Іван Чыгрынаў, у будучым таксама народны пісьменнік.

Звалі вундэркінда Аркадзь Куляшоў. Сам ён сцвярджаў, што пачаў пісаць вершы ў чатыры гады, праўда, на рускай мове. Дык вось калі сабралася два сшыткі, юны паэт аб’яднаў іх у рукапісны зборнік пад назвай «Собрание сочинений Кулешова несчастного». А першая друкаваная кніга з’явілася, калі аўтар, хоць і юны, паспеў павучыцца ў Мсціслаўскім педтэхнікуме, дзе стварыў гурт «Амсціслаўцы» са Змітраком Астапенкам і Юліем Таўбіным і ўжо ў 12 гадоў дэбютаваў з вершам «Ты мой брат» у Клімавіцкай раённай газеце.

Вось толькі з дэбютным зборнікам, які ўбачыў свет у 1930 годзе пад назвай «Росквіт зямлі», не ўсё атрымалася гладка. Рэдактарам быў Міхась Чарот, які выправіў усё на свой густ і бязлітасна павыкідваў з будучай кнігі шмат вершаў, асабліва лірычных. Куляшоў пакрыўдзіўся. І хоць зборнік прынёс яму славу, адкрыў шмат магчымасцяў, падзагаловак «Першая кніга паэзіі» ён дэманстратыўна паставіў у другім сваім зборніку «Па песню, па сонца!..», які выйшаў у 1932-м, такім чынам нібыта выкрасліў першую сваю кнігу з творчай біяграфіі.

Пасля выхаду зборніка «Росквіт зямлі» Аркадзь Куляшоў пераехаў у Мінск і пачаў вучобу на літаратурным факультэце педінстытута, куды яго адмыслова запрасілі як аўтара папулярнай кнігі. Карацей, усё як у вершы, у якім ён апісаў, як са школьным сябруком курыў у ельніку:

За дымам думкі следам

Плывуць — твая, мая.

Ты марыш быць паэтам,

Быць трактарыстам — я.

Над ельнікам імглістым

Плыве за годам год.

Стаў друг мой трактарыстам,

А я —

Наадварот.

Васіль Быкаў. «Ход канём»

Мала хто памятае, што першая кніга Васіля Быкава — гэта не ваенная проза. А зборнік фельетонаў, які выйшаў у 1960 годзе ў бібліятэцы сатырычнага часопіса «Вожык». І вось што Быкаў піша пра гэта ў сваіх успамінах:

«Беларускі «Вожык» неўпрыцям пачаў набываць характар, хаця ягоны крытычны пафас і не ўзнімаўся вышэй пасады ўпраўдома. Гэты часопіс надрукаваў штось з маіх фельетонаў, і галоўны рэдактар Павел Кавалёў запрасіў у Мінск для знаёмства. (Тады асабістае знаёмства з аўтарам было абавязковае, перад тым вывучаліся яго мінулае, сацыяльнае становішча, партыйнасць.) Прыехаўшы аднойчы па ганарар, пазнаёміўся з Паўлам Нічыпаравічам, а каб замацаваць знаёмства, пайшлі ў рэстаран. Нашай кампаніяй не пагрэбавалі і іншыя працаўнікі «Вожыка», і не толькі сатырыкі. Вынікам таго супрацоўніцтва праз нейкі час стала кніжачка сатырычных апавяданняў пад характэрным назовам «Ход канём».

У кнізе было ўсяго 47 старонак і шэсць апавяданняў: «Арганізатар», «Даведка», «Апендыцыт», «Буйны выйгрыш», «Ход канём» і «Дапякло». Тэмы — бюракратыя, прыстасавальніцтва, начальніцкая фанабэрыя…

А вось кніга, у якой ужо знаёмы нам Васіль Быкаў майстар ваеннай прозы, з’явілася пасля таго як аўтар пабываў на семінары маладых літаратараў у Каралішчавічах. «Пасля семінара з усяго, што ў мяне сабралася, склаў першы зборнік, адаслаў у выдавецтва. Праз нейкі даволі працяглы час яго далі на падрыхтоўку да друку выдавецкаму рэдактару, якім аказаўся Уладзімір Дамашэвіч. Таму давялося не толькі рэдагаваць тэкст, але і адстойваць мае літаратурныя ідэі, якія былі не ва ўсім традыцыйныя і не задавальнялі выдавецкае начальства. Асабліва тое адносілася да аповесці «Жураўліны крык». Але Валодзя меў характар, а галоўнае — уласны пагляд на літаратуру, адрозны ад казённага пагляду шматлікага начальства».

Рыгор Бярозкін. «Паэзія праўды»

Часам дэбютная кніга выходзіць не рана, а позна. Асаблівы лёс — у першай кнігі вядомага літаратурнага крытыка Рыгора Бярозкіна. Яшчэ да вайны ён засведчыў сябе як смелы і таленавіты даследчык. У 20 гадоў працаваў загадчыкам аддзела крытыкі ў рэдакцыі часопіса «Полымя рэвалюцыі», затым — літаратурным кансультантам у кабінеце маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў БССР. А 26 красавіка 1941 года быў арыштаваны — на вакзале, калі чакаў цягніка, каб ехаць у творчую камандзіроўку. Абвінавачанне тыповае: антысавецкая агітацыя… Пакуль ішло следства, пачалася вайна. 26 чэрвеня 1941 года, калі нямецкія войскі набліжаліся да Мінска, зняволеных вывелі з турмы на расстрэл. Бярозкін пасля расказваў, што канваіры, вывеўшы ўсіх за горад, прапанавалі бегчы ў бок лесу. Каго падстрэляць — значыць, такі лёс… Яму ўдалося ўцячы. Далучыўся да бежанцаў, адправіўся на фронт, ваяваў… Быў цяжка паранены пад Сталінградам, атрымаў баявыя ўзнагароды. Пасля вайны вярнуўся да літаратуры. А ў 1950-м яго зноў арыштавалі і асудзілі на 10 гадоў. Вось там, у лагерах Казахстана і Сібіры, працуючы на будаўніцтве шахтаў і электрастанцый, Рыгор Бярозкін і пісаў сваю першую кнігу крытычных артыкулаў — у галаве, трымаючы ў памяці вершы Куляшова, Танка, Панчанкі. А калі ў 1955-м быў вызвалены і цалкам рэабілітаваны, заставалася толькі прыдуманае запісаць. Першая кніга Рыгора Бярозкіна пад назвай «Паэзія праўды» вышла ў свет у 1958 годзе. Аўтару было сорак.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Лёсы дэбютных кніг

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.