Прыгоды мышкі Пік-Пік

ЛЮДМІЛА РУБЛЕЎСКАЯ

ПРЫГОДЫ МЫШКІ ПІК-ПІК

Казачная аповесць

У звычайнай гарадской кватэры, у пакоі, які належыць маленькім Веранічцы і Максімку, жыве пад шафай тоўсценькая лянівая мышка. Гаспадары гэтай кватэры, Мама і Тата Веранічкі і Максімкі, паэты.

Мусіць, таму і мышка Пік-Пік не зусім звычайная мышка, гэтак жа, як і яе сяброўка, котка Пепіта. Казкі пра прыгоды мышкі Пік-Пік — удалая спроба прыўнесці казачны свет у звычайнае гарадское жыццё, даць сучасным дзецям зразумелага і блізкага ім героя. Мышка Пік-Пік, як і многія юныя чытачы, не любіць прыбіраць у сваёй норцы і вельмі любіць салодкае, марыць выйграць у конкурсе прыгажосці, заняцца бізнесам, праславіцца на тэатральнай сцэне… Усё яе прыгоды расказваюцца дасціпна, з гумарам, зразумела самым маленькім чытачам і цікава для дарослых.
Казкі пра мышку Пік-Пік атрымалі вялікі рэзананс. Іх друкавалі ў газеце беластоцкіх беларусаў “Ніва”, па іх ішлі перадачы на Беларускім радыё, уключалі ў розныя зборнікі і анталогіі дзіцячай літаратуры. Дзеці-чытачы шчыра палюбілі мышку і нярэдка “пасялялі” яе ва ўласнай кватэры. Новае выданне уключае ў сябе шмат смешных і павучальных гісторый пра мышку Пік-Пік і яе сяброў.

МЫШКА ПІК-ПІК I МІКІ МАЎС

Веранічка вельмі любіць салодкія жуйкі. Яны — у прыгожых каляровых абгортках з малюнкамі. Веранічка жуйку — у рот, а абгортку — на падлогу. А мышка Пік-Пік толькі таго і чакае. Схопіць тую паперку, занясе ў сваю норку, абліжа і разглядае. Асабліва спадабаліся мышцы малюнкі з Мікі Маўсам, прыгожай замежнай мышкай. На адным малюнку Мікі Маўс еў торт, на другім — марозіва… Мяркуючы па малюнках, меў Мікі хату з выгодамі і нават аўтамабіль.
“Вось бы пазнаёміцца з гэтым прыгажуном! — марыла мышка. — Пасябраваць з ім, а пасля, можа, і жыць разам…”
I Пік-Пік вырашыла напісаць Мікі Маўсу, каб прыехаў і забраў яе да сябе ў Амерыку.
Праз некалькі дзён пасля адпраўкі ліста па тэлевізары пачалі паказваць амерыканскія мульцікі. I мышка ўбачыла на экране жывога Мікі Маўса.
— Вось малайчына! — узрадавалася мышка. — Пры-ехаў!
Калі тэлевізар выключылі, Мікі Маўс знік. Мышка доўга чакала яго ў сваёй норцы. “Мабыць, з тэлевізара вылезці не можа”,— падумала Пік-Пік, пабегла ў залу і пастукала па тэлевізары:
—Мікі! Выходзь! Гэта я, Пік-Пік!
Было ціха. “Заснуў”,— падумала мышка і стукнула мацней, так што ёй падалося, што ў тэлевізары пачуўся нейкі шоргат.
— Ага, ты ўсё-такі там! Ану, выходзь, я цябе бачыла!
Мікі не выходзіў, як мышка ні старалася. Так што давялося ёй ісці спаць, не дабіўшыся свайго.
Вечарам наступнага дня Веранічка зноў глядзела мульцікі. Прачнулася мышка ад знаёмага голасу, прыбегла ў залу — а на экране Мікі Маўс скача.
“Ну, чакай, я цябе выбаўлю адтуль”, — раззлавалася Пік-Пік, выбрала са сваіх прыпасаў самыя смачныя цукеркі, паклала іх перад тэлевізарам і схавалася пад канапу. Цяпер амерыканскі прыгажун дакладна вылезе з тэлевізара!
Чакала мышка, чакала і заснула. А калі прачнулася, цукерак ужо не было. “Ага, не вытрымаў, выпаўз!” — зазначыла мышка.
На самай справе цукеркі прыбрала Мама. Але мышка гэтага не ведала і таму была ўпэўненая, што Мікі тут і трэба да яго дабрацца.
Калі наступны раз Веранічка глядзела мульцікі, мышка падбегла да тэлевізара і паспрабавала залезці ў яго з другога боку, там, дзе свяціліся лямпачкі…
I тут яе ўдарыла токам!
Упала Пік-Пік на падлогу, і вочкі яе заплюшчыліся. Спалохалася Веранічка, прынесла з кухні кубачак халоднай вады ды як ліне на небараку…
Пік-Пік апрытомнела… “Ну і ну! Мікі — гангстэр! Амерыканскі бандыт! Ледзь не забіў мяне. За што! Няўжо я так яму не спадабалася?..”
I мышка пацягнулася ў сваю норку. I ўсе малюнкі з Мікі Маўсам выкінула ў сметніцу.

МЫШКА ПІК-ПІК ПРЫБІРАЕ НОРКУ

Летам у кватэры, дзе жыла мышка, адбыўся Вялікі Рамонт. Пік-Пік ледзь перажыла гэтую страшэнную навалу — цэлы тыдзень у доме пахла фарбамі, тупалі незнаёмыя людзі, мэблю перасоўвалі з месца на месца. Асабліва цяжка было прабірацца на кухню. Але ўрэшце ўсё скончылася, і кватэра зрабілася вельмі прыгожай — падлога блішчыць, столь — бялюсенькая, на сценах — новыя шпалеры.
Пахадзіла мышка па абноўленых пакоях, пазайздросціла гаспадарам. Вярнулася ў сваю норку і ледзь не заплакала: якое, аказваецца, бруднае і неўладкаванае яе жытло! Усё шэрае, пыльнае, на падлозе тоўсты слой смецця — абгрызкі, шалупінне семачак, цукерачныя абгорткі, шматкі газет. З усяе мэблі — толькі ложак-цукерачная каробка.
Нічога не зробіш, давядзецца прыбіраць!
Ніколі раней на гэты сумны занятак мышка часу не марнавала. “Здаецца, галоўнае — вымыць падлогу. Але насіць у норку ваду цераз усю кватэру… Калі мышка не ідзе па ваду, вада сама павінна прыйсці да мышкі”, — мудра падумала Пік-Пік.
Усе ў доме спалі. Мышка збегала на кухню і ў лазенку, адвярнула краны і, паназіраўшы, як вада запаўняе ванну і мыйку, пайшла спаць.
Прачнулася мышка ад холаду. Расплюшчыла вочы і ўбачыла над сабой столь, якая чамусьці хісталася. Цукерачная каробка-ложак пагойдвалася пасярод пакоя на хвалях!
— Гвалт! — прашаптала мышка, бо голас у яе
знік з перапуду.
На шчасце, прачнуўся Тата і захацеў надзець пантофлі, якія даўно сплылі ў другі кут пакоя. Татавы ногі апусціліся ў халодную ваду… Ад Татавага ўскрыку прачнуліся ўсе — і Мама, і Веранічка, і кошка Пепіта. Веранічка засмяялася і пачала бегаць па вадзе і ганяць з кута ў кут пантофлі, як маленькія караблі. Мама пабегла перакрываць краны, а Тата стаяў босымі нагамі ў вадзе і шаптаў:
— Гэта канец свету! Вялікі патоп!
Між тым Мама перакрыла краны і сабрала анучай з падлогі ваду. Пантофлі і мышкін ложак перасталі пагойдвацца на хвалях, але кватэра не была больш такой чыстай і прыгожай: з мышкінай норкі вымылася столькі смецця, што яно забрудзіла ўсю кватэру.
Мама пачала высвятляць, хто адкрыў краны, і мышка схавалася ў норку. Там было мокра, але незвычайна чыста.

МЫШКА ПІК-ПІК ІДЗЕ Ў МАГАЗІН

Захацелася мышцы Пік-Пік цукерачкі. Пабегла на кухню — ніводнай няма. Гора!
А ў мышкі былі сапраўдныя грошы. Даўно-даўно знайшла яна ў шчыліне падлогі капейку і прыхавала на ўсялякі выпадак. Дык чаму б цяпер не купіць сабе цукерачак?
Дачакалася мышка, пакуль Мама пойдзе ў магазін, залезла ў яе сумку разам са сваёй капейкай.
У магазіне было вельмі тлумна. Мышка аднак адчула салодкі пах і выскачыла з мамінай сумкі. Ледзь не затапталі ласуху! Але Пік-Пік усё-ткі прабралася ў той кут магазіна, дзе віраваў злосны натоўп і адкуль людзі выходзілі з прыгожымі вялікімі каробкамі, перавязанымі бліскучымі істужкамі. Мышка з рызыкай для жыцця пралезла між нагамі пакупнікоў туды, дзе такія каробкі ўзвышаліся цэлай гарою. Каля гары з каробак завіхалася цётка ў белым халаце і шапачцы, беручы грошы і падаючы ўзамен каробкі.
“Прадаўшчыца!” — здагадалася мышка і ўкінула сваю капейку у цётчыну пантофлю. Цяпер можна паласавацца!
Пік-Пік залезла ў бліжэйшую каробку. Там сапраўды былі цукеркі, ды яшчэ якія смачныя! Але не паспела мышка даесці апошнюю, як каробку падхапілі, шпурнулі на прылавак, а пасля яна апынулася ў цёмнай сумцы.
“Нічога, — думала Пік-Пік, даядаючы цукерку,- уцяку!”
Але як толькі каробку адкрылі, мышка пачула дзіцячы лямант:
— Мама! Мама! Там мыш!
— Што вы выдумляеце? — над мышкай нахілілася тоўстая цётка. — Авой! Падманулі! Мыш прадалі замест цукерак! Ну, я ім пакажу!
Пік-Пік не паспела ўцячы — цётка спрытна схапіла яе за хвост, шпурнула ў каробку, закрыла і панесла назад у магазін.
У магазіне цётка пралезла да прылаўка і паставіла перад прадаўшчыцай сваю пакупку.
— Вы што людзям прадаеце? Замяніце каробку!
Прадаўшчыца зняла з каробкі накрыўку і закрычала:
— Ай! Мыш! Нашто вы яе сюды прынеслі, хуліган-
ка? Я баюся! Міліцыя!
А цётка крычала сваё:
— Сама ты хуліганка! Цукеркі з’ела, мыш запакавала
і людзей дурыш!
Мышка ледзь паспела выскачыць з каробкі. I, на сваё шчасце, убачыла ў чарзе па цукеркі Маму! Мышка зноў схавалася ў яе сумку і сцішылася.
Мама, між тым, дачакалася канца шуму, купіла каробку цукерак для Веранічкі і пайшла дадому. Мышка сядзела ў сумцы і здзіўлялася: “Чаго яны так шумелі? Я сумленна купіла цукеркі, а яны незадаволеныя. Добра яшчэ, што Мама Веранічкіна там была!”
Але пашанцавала і Маме, і Веранічцы. Бо калі б Пік-Пік не з’ела цэлай каробкі цукерак да гэтага, Мама наўрад ці данесла б сваю каробку дадому некранутай…

МЫШКА ПІК-ПІК РАМАНТУЕ ТЭЛЕВІЗАР

Аднойчы Мама, Тата, дзяўчынка Веранічка паехалі ў вёску. Мышка Пік-Пік прачнулася, вылезла з норкі і ўбачыла, што яна ў кватэры адна. I настрой у мышкі адразу так сапсаваўся, што нават есці ёй расхацелася.
— Вой! — спалохалася мышка. — Так я схуднець магу! Трэба як-небудзь развесяліцца!
А што лепей дапаможа ў гэтым, як мульцікі! I Пік-Пік пабегла да тэлевізара.
Мышка лічыла, што мульцікі ў Менску паказваюць увесь час, без перапынку — варта толькі ўключыць тэлевізар. Не звярнула ўвагі мышка і на тое, што была сярэдзіна ночы — а ноччу тэлевізар адпачывае. Пік-Пік пабегла ў залу і націснула на кнопку ля экрана. Экран засвяціўся, тэлевізар загуў, але ніякіх мульцікаў мышка не ўбачыла. На экране мітусіліся шэрыя кропачкі.
“Сапсаваўся тэлевізар! — падумала мышка. — Вось гора. Трэба яго адрамантаваць”.
Тата рамантуе тэлевізар проста: стукае па ім кулаком, тэлевізар палохаецца і пачынае паказваць фільмы і футбол.
Падскочыла мышка да тэлевізара і забарабаніла па ім лапкамі. Але лапкі ў мышкі маленькія, і тэлевізар працягваў паказваць шэрыя кропачкі. Пік-Пік старалася, як магла. I скакала па тэлевізары, і на ўсе кнопкі націскала…
“Трэба малатком!” — вырашыла мышка, палезла пад тумбачку і выцягнула з-пад яе патрэбную прыладу. Але малаток аказаўся такі цяжкі, што Пік-Пік ніяк не магла яго прыўзняць. Можа быць, паспрабаваць адгрызці ад яго кавалачак? I Пік-Пік угрызлася ў драўляную ручку малатка.
Хутка ад ручкі амаль нічога не засталося, і мышка абедзвюма лапкамі падняла цяжкую жалязяку… Тая выслізнула і гучна ўдарылася аб падлогу.
На шум прыбегла Пепіта. Яе Веранічкіны бацькі спецыяльна пакінулі дома, каб прыглядала за шкодніцай мышкай. Пепіта ўбачыла, што тэлевізар уключаны, на падлозе валяюцца трэскі і жалезны наканечнік ад малатка… Пік-Пік, зразумела, ужо не было — яна даўно сядзела ў норцы.
Пепіта выключыла тэлевізар, падмяла падлогу, схавала малаток і гучна сказала:
— Я ведаю, што гэта ўсё ты нарабіла, Пік-Пік. Вось заўтра вернуцца Тата, Мама і Веранічка, я ім ўсё раскажу!
Мышка як пачула, што заўтра ўсе вернуцца з вёскі, адразу павесялела. I есці захацела. Ледзь дачакалася, пакуль Пепіта засне і можна будзе прабрацца на кухню, да ўлюбёных пернічкаў.

ЯК ТАТА СТАЎ СУПЭРМЭНАМ

Аднойчы, калі ўсе ў кватэры паснулі, пабегла мышка Пік-Пік на кухню чым-небудзь падсілкавацца. Ну гаспадары, ну галота! Ні цукерачак, ні торцікаў, ні печыва не пакінулі на стале для беднай мышкі! Толькі… два пернічкі, палова шакаладкі, жменька разынак, чатыры арэшкі, адзін яблычак… Хіба гэта можа выратаваць ад галоднай смерці? Ды яшчэ ёсць вялікі гаршчок на пліце… Пахне з-пад накрыўкі, праўда, смачна. Здаецца, грэчневай кашай з малаком. Ну, не з голаду ж паміраць… І мышка ўскараскалася на пліту, адкінула накрыўку і скокнула ўніз. Каша сапраўды аказалася смачная. І мышка выела ўсё да донца. А вылезці – як? Гэта спецыяльна, мусіць, робяць такія вялікія гаршкі – каб сумленных мышак лавіць. Вакол – чыгунныя гладкія сценкі… Цёмна… Страшна зрабілася Пік-Пік, і яна закрычала:
— Ратуйце!
Мышкі голас гучаў з пустога гаршка так гучна і страшна, што ўсе прачнуліся – Мама, Тата, Веранічка, Пепіта.
— Што гэта? Хто крычыць? – пыталіся яны адзін у аднаго, а мышка ўсё благала:
— Лю-удзі! Сю-уды!
Людзі і котка згрувасціліся перад дзвярыма на кухню.
— Там іншапланецяне, — упэўнена прашаптаў Тата. – Я даўно заўважыў, што яны нам Знакі пакідаюць – на вазонах кветкі ламаюць.
— Не, там Баба Юга! – сказала Веранічка. Нікога страшнейшага яна пакуль не ведала.
— А мне здаецца, гэта рабаўнік. Ён лез да нас праз фортку і зашчыміўся. Па тэлевізары нядаўна пра такое распавядалі, — запярэчыла Мама.
— Глупства! Я здагадваюся, хто гэта, — прамуркатала Пепіта і слізганула на кухню.
Пепіта адразу зразумела, адкуль — страшны голас. Яна скочыла на пліту, зірнула ў гаршчок.
— Так я і думала! Прывітанне, шкодніца! Ну добра, зараз дапамагу…
Пепіта паспрабавала дастаць Пік-Пік, але, на жаль, толькі папхнула гаршчок, і той са страшэнным грукатам упаў на падлогу, пакаціўся…
Па той бок дзвярэй кухні пачуліся крыкі.
— Як ты мог адпусціць туды бедную Пепіту? – дакарала Тату угневаная Мама. – Ты ж мужчына! Ратуй нас!
Тата сціснуў сківіцы, пабег у калідор, узяў малаток, і – на кухню… У цемры спатыкнуўся аб гаршчок і з усяе сілы стукнуў па ім малатком. Бедная аглушаная Пік-Пік выскачыла са сваёй чыгуннай турмы і плітанула ў норку. Стала ціха. Мама асцярожна зайшла на кухню і запаліла святло.
— Што…што тут рабілася?
— Ды так, — сціпла сказаў Тата. – Былі рабаўнікі, толькі нейкія слабыя. Стукнуў аднаго малатком, дык і збеглі.
Мама застагнала, паклала таблетку пад язык і пакіравалася ў ложак. А на кухню насмелілася зайсці Веранічка.
— Тата, прызнайся, што тут было насамрэч?
— Ды так, – сціпла сказаў Тата. – Баба Юга швэндалася. Стукнуў яе малатком па касцяной назе, яна і ўцякла.
Веранічка з захапленнем паглядзела на Тату і пайшла спаць. А Пепіта, якая сядзела ўвесь гэты час на пліце, фыркнула і шматзначна прамовіла:
— Ну, я дык ведаю, што было на самой справе…
— Так, табе я магу сказаць праўду, — прашаптаў Тата. – Гэта былі іншапланецяне. Каб не стукнуў я малатком па іх лётаючай талерцы, невядома, чым бы гэта скончылася…
Пепіта аж мову страціла ад здзіўлення. Тата паклаў малаток на месца і таксама пайшоў спаць.
А Пік-Пік мармытала абурана ў сваёй норцы:
— Гэта неадменна штукарствы амерыканскага гангстэра Мікі-Мауса… Вось помслівы які… Не хоча змірыцца, што я яго разлюбіла.

НЯЧЫСЦІК, ЯКІ БІЎ АРЭХІ

Неяк сярод ночы пабегла мышка Пік-Пік на кухню за ласункамі. У прыгожай плеценцы з лазы ляжалі буйныя апетытныя арэхі.
— Якія вялікія! — узрадавалася мышка. — Салодкія, мусіць. Але як іх раскусіць — зубы паломіш…
I Пік-Пік прыцягнула з калідору маленькі малаток, якім карыстаўся Тата пасля таго, як Пік-Пік сапсавала вялікі, расклала на падлозе арэхі, і — бух! Бух!
Усе ў хаце папрачыналіся. Тата пакрочыў на кухню і так шумнуў на мышку, што тая схавалася пад халадзільнік. А ў кватэры паверхам ніжэй жылі суседзі — пракурор і пракурорша. Яны былі вельмі строгія і любілі парадак. Калі сярод ночы іх пабудзіў страшэнны грукат у верхняй кватэры, пракурор і пракурорша апранулі халаты і пайшлі “разбірацца”.
Тата, Мама, Веранічка і Пепіта толькі паспелі задрамаць, як пачуўся званок у дзверы. Тата на дыбачках пайшоў у калідор і паглядзеў у дзвярное вочка. Убачыўшы суседзяў, здзівіўся, але адчыніў.
— Што ў вас тут робіцца? — строга запытаўся пра-
курор. — Што за грукат на вашай кухні?
Тата разгубіўся, пачаў прасіць прабачэння, а суседзі зазірнулі на кухню. А там на падлозе ляжаў няпрыбраны малаток і пабітыя арэхі.
— Вось яно што! — абурыліся суседзі.— Вы сярод
ночы арэхі білі! Ды яшчэ проста на падлозе! Вы хуліганы! Вас трэба высяляць адсюль!
— Ды гэта не мы…— загаварыў Тата і змоўк, бо як
давесці, што біла арэхі малатком звычайная мыш — хто
гэтаму паверыць.
Суседзі пайшлі спаць, і Тата, уздыхаючы, лёг у ложак. А мышка засмуцілася. Няўжо іх выселяць з-за трох арэхаў!
Трэба выпраўляць становішча. I Пік-Пік залезла ў вентыляцыйную адтуліну і па вузкай трубе спусцілася ў кватэру суседзяў. На суседскай кухні таксама знайшліся арэшкі, праўда, не такія буйныя. Малаток суседзі таксама трымалі ў калідоры. I хутка пракурора і пракуроршу пабудзіў грукат.
— Зноў наверсе хуліганяць! — абурыўся пракурор.
— Ды не,— спалохалася пракурорша.— Нібыта ў нашай кухні стукаюць…
Пайшлі суседзі на сваю кухню. Як толькі запалілі там святло, грукат спыніўся. На падлозе ляжаў малаток і пабітыя арэхі, а больш на кухні не было нікога. Пракурор і пракурорша абшукалі ўсё памяшканне, памацалі, ці добра зачыненыя фортка і акно, і не знайшлі нічога падазронага.
— Заўтра разбяруся! — сказаў пракурор, схаваў малаток і выключыў святло.
Калі суседзі пайшлі спаць, Пік-Пік вылезла з-пад халадзільніка, зноў дастала малаток і пачала біць арэхі. Суседзі прыляцелі на кухню са спадзяваннем спаймаць бандыта, і зноў — нікога, а на падлозе — малаток і пабітыя арэхі.
Так адбылося яшчэ два разы. Нарэшце пракурорша рашуча сказала:
— Усё, з мяне хопіць. Я ўпэўнілася, што арэхі б’е нячысцік. Ён жыў у суседзяў, а калі мы на іх насварыліся, перабраўся да нас. Пайшлі да суседзяў, папросім, каб забралі свайго нячысціка назад. Яны да яго, відаць, прывыклі, ведаюць, як з ім абыходзіцца, а я спаць хачу.
Пракурор з пракуроршай пайшлі наверх, а мышка Пік-Пік, вельмі задаволеная, перабралася ў сваю кватэру. А там суседзі прасілі прабачэння ў разгубленага Таты.
Болей мышка Пік-Пік арэхаў па начах не біла, тым болей, што Тата схаваў малаток так добра, што сам забыўся дзе.

МЫШКА ПІК-ПІК I ПАН АБАДРАН

Аднойчы прачнулася мышка Пік-Пік ад таго, што за сцяной нехта шкробся. Стукнула ў сценку ножкай. А адтуль яшчэ гучней: “Шкроб-шкроб-шкроб!” Раззлавалася мышка, ускочыла і забарабаніла кулачкамі па тым месцы:
— Ану сціхніце! Дайце паспаць!
Пасыпалася тынкоўка, і у сцяне ўтварылася дзірка, з якой паказаўся доўгі белы нос з ружовым кончыкам. Нос нервова нюхаў паветра. Мышка спалохалася і адскочыла. З дзіркі вылез белы аблезлы пацук. Ён меў доўгія вусы, маленькія чорныя вочкі і пакусаны хвост. Пацук склаў лапкі на жываце і ласкавым галаском звярнуўся да мышкі:
— Дзень добры вельмі шаноўнай пані! Няхай пані
даруе мне за нечаканы візіт, ды яшчэ без гасцінцаў, але, жорсткім лёсам гнаны, прыйшоў на выратавальны стук. Дазвольце пазнаёміцца: я — пан Абадран.
Бедная Пік-Пік аж разгубілася. Ніколі так урачыста з ёю не размаўлялі. “Трэба паказаць сваю выхаванасць”, — вырашыла мышка і падсунула госцю корак ад бутэлькі:
— Сядай ужо, калі прыйшоў…
Сеў пан Абадран на корак.
— Павінен заўважыць, дарагая пані, што ў падвале
гэтага дома ў мяне вялікія маёнткі, і маёмасці ў іх многа.
Але сёння крыважэрны дзікі звер Мурзік захапіў мае
ўладанні. Скочыў я ў нейкую трубу, ратуючы сваё высака-
роднае жыццё, і, каб не пастукалі вы літасціва ў сценку,
невядома, куды б я трапіў. А так маю гонар размаўляць з
самай прыгожай мышкай на свеце.
Пік-Пік была, канешне, рада чуць кампліменты, але ёй усё больш не падабаўся доўгі ружовы нос пана Абадрана, які настойліва паварочваўся ў той бок, дзе ляжалі мышкіны прыпасы. Нарэшце пан Абадран не вытрымаў:
— А можа, пані будзе такая ласкавая, што пачастуе
мяне гарбатай?
Задумалася мышка, аднак узяла маленькі пластмасавы кубачак, што раней належаў Веранічкіным лялькам, адскрэбла туды трохі варэння ад сваёй коўдры і паставіла перад панам Абадранам. А ў таго ад голаду і спакусных пахаў аж вочы загарэліся:
— Няўжо пані не ахвяруе беднаму выгнанцу кавалачка сала?
— Не! — цвёрда сказала мышка.
— Ну хоць скурку ад сала!
— Не.
— Ну хоць паню- ухаць!
Мышка ўспомніла, што мусіць захоўваць шляхетныя манеры, і пайшла туды, дзе ў яе быў прыхаваны кавалак сала, загорнуты ў газету. Пік-Пік доўга стаяла над сваім салам, раздумваючы, які кавалачак можна ахвяраваць госцю, каб было гэта не надта многа, і ці не лепей будзе даць госцю панюхаць адну газету. Але тут нахабны госць адпіхнуў гаспадыню і ўчапіўся ў сала.
— Не дам! — завішчэла мышка і схапіла пана Абадрана за хвост.
— Пусці, таўстуха, каб ты лопнула, скнарышча! –крычаў пацук, спрабуючы ўцячы праз дзірку ў сцяне.
— Мяў, Пік-Пік, што ў цябе за шум? — пачуўся раптам голас коткі Пепіты.
— Котка! — задрыжэў пан Абадран і выпусціў
сала. — Як гэта невысакародна!
I ўцёк.
Мышка падабрала сваё сала і адказала Пепіце:
— Між іншым, да мяне тут паны шляхетныя ходзяць!
— Ну, ну! — прамовіла Пепіта і пайшла. А мышка хутчэй пабегла ў Веранічкін пакой за пласцілінам і старанна замазала дзірку, праз якую прыходзіў да яе госць.

ПІК-ПІК I ПЕПІТА НА ПАЛЯВАННІ

Аднойчы прачытала котка Пепіта казку пра тое, як пасварыліся каты і мышы, і з тых часоў каты палююць на мышэй. Задумалася Пепіта: “А я, аднак, ніколі на мышэй не палявала! А я ж котка!”
I вырашыла Пепіта жыць згодна традыцыям продкаў. Тым болей, што і мышка побач ёсць: Пік-Пік.
Пачытала Пепіта яшчэ раз казку, успомніла мульцікі пра Тома і Джэры… Здаецца, паляваць належыць такім чынам: кот сядае каля мышынай норкі і чакае, пакуль з’явіцца ахвяра. Цудоўна! Пепіта ўзяла шчотку, прычасала хвост, вусы і пайшла ў Веранічкін пакой, дзе пад шафай, як вядома, знаходзілася норка мышкі Пік-Пік. Села Пепіта каля шафы і пачала чакаць. Чакала, чакала, надакучыла… Прынесла маленькае раскладное крэсліца, каб зручней было, зноў сядзіць, чакае… Нудна. Пайшла, прыхапіла вясёлы часопіс і кавалак каўбасы. Уселася ў крэсла, разгарнула часопіс, адкусіла каўбаскі… Так паляваць аказалася зусім не цяжка. Зайшла ў пакой Веранічка, папыталася:
— Што ты тут робіш, Пепіта?
— На мышку Пік-Пік палюю,— горда адказала Пепіта.
Здзівілася Веранічка, але не стала перашкаджаць, пайшла. Між тым мышка Пік-Пік чула гэтую размову і вельмі зацікавілася: як гэта Пепіта на яе палюе? Высунулася з норкі (Пепіта за чытаннем часопіса гэтага не заўважыла), і бачыць: сядзіць котка ў мяккім крэсле, есць каўбасу і чытае.
— О, паляванне вельмі добрая штука! — узрадавала-
ся мышка. — Я таксама хачу паляваць!
Выцягнула мышка з норкі таксама маленькае крэсліца, забранае ў Веранічкіных лялек, прыхапіла кавалак газеты і пернічак. Села насупраць Пепіты, есць, чытае… Любата!
Падняла Пепіта вочы ад часопіса і здзівілася:
— А ты, Пік-Пік, што робіш?
А Пік-Пік адказвае ёй з набітым ротам:
— Як што? Хрум-хрум… Я таксама палюю… Хрум-
хрум…
Пепіта разгубілася:
— На каго?!
— Як на каго? Хрум-хрум… На цябе… Хрум-хрум…
Здзівілася кошка. Нешта пра такі выпадак у казцы нічога не гаворыцца… Але, падумаўшы, Пепіта змірылася: паляваць жа так прыемна… I сядзелі мышка і кошка надалей адна супраць адной, елі і чыталі… Зайшоў у пакой Тата.
— Чым займаецеся?
— Палюем! — хорам адказалі Пік-Пік і Пепіта.
— На каго?
— Я на яе, яна на мяне!
Тата так здзівіўся, што не меў што сказаць і пайшоў, пахітваючы галавою. Між тым пернічак і каўбаска даеліся, газета і часопіс дачыталіся. Сядзець стала сумна.
— Ну што, разыдземся? — папыталася Пік-Пік калежанку.
— Хіба што…— пазяхнула Пепіта. — Добра папалявалі…
— Заўтра яшчэ папалюем! — адгукнулася мышка і схавалася ў норцы.
А Пепіта пацягнула крэсла на месца, адчуваючы, што выканала свой кашэчы доўг.

ЗАВЯШЧАННЕ ПАНА АБАДРАНА

Гуляла мышка Пік-Пік разам з Веранічкай на вуліцы. Была восень. З дрэў абляталі жоўтыя і чырвоныя лісты. У рознакаляровым дыване апалай лістоты мышка ўбачыла круглыя шакаладныя цукеркі! Ухапіла адну, укусіла… Страшэнна горка і зусім не шакаладная!
— Гэта каштаны, а не цукеркі! — засмяялася Веранічка. — Іх нельга есці!
Але выглядалі каштаны так прыгожа: бліскучыя, апетытныя… I мышка назбірала іх проста так, а калі вярнулася ў норку, паклала ў пустую цукерачную каробку:
— Буду глядзець на іх і думаць, што гэта цукеркі.
Між тым падвальны пацук пан Абадран аніяк не мог забыцца прыемнага гасцявання ў мышкі Пік-Пік. Часта ўспамінаў ён, галодны, мышкіна сала, і ўяўляў багацюшчыя мышкіны прыпасы. I вось аднойчы наважыўся ён наведаць багатую паненку, але на гэты раз без яе дазволу. Папоўз пан Абадран па вентыляцыйнай трубе, дабраўся да знаёмай дзіркі. Але яна аказалася замазанай пластылінам. Доўга важдаўся пацук, пакуль зрабіў ход у норку. Асцярожна высунуў нос: нікога няма! Скочыў пан Абадран у норку мышкі. I першае, што ён убачыў, была каробка з шакаладнымі цукеркамі! Кінуўся пан Абадран на ласунак, разжаваў адну цукерку, праглынуў… Вой, як зрабілася пану кепска!
— Атрута! — завішчэў ён.— Гэтая скнарышча мышка спецыяльна пакінула тут атручаныя цукеркі, каб калі
хто залезе, здох. Паміраю!
I пан Абадран у жаху кінуўся дадому.
У родным падвале небарака лёг на кучу пяску, задраў лапкі і падрыхтаваўся паміраць. На няшчасце, гэта заўважыў даўні вораг пацука — дзікі кот Мурзік.
— Вось цяпер я нарэшце з’ем цябе! — мяўкнуў кот і
ашчэрыў пашчу над Абадранам.
— Нашто ж і табе паміраць…— прашаптаў Абад-
ран.— Ты ж яшчэ малады…
— А чаго гэта я буду паміраць? — спалохаўся Мурзік.
— Бо я наскрозь атручаны… Таму і развітваюся з
жыццём…
— Вось яно што… — Мурзік прысеў і нават пашкадаваў паміраючага. А пан Абадран усё шаптаў:
— Ты апошні, каго я бачу ў гэтым жыцці… Таму завяшчаю табе ўсё, што маю — кавалачак каўбасы, хвост сялёдкі і скарынку хлеба… Толькі выканай, сябра, маю апошнюю просьбу…
— Добра, добра, — аблізнуўся Мурзік.— Выканаю, кажы.
— Ідзі, сябра Мурзік, і з’еш зладзейку, што забіла мяне так падступна.
— Лёгка сказаць — з’еш… А калі яна мяне з’есць? — засумняваўся Мурзік.
— Не хвалюйся, дружа, хоць пані Пік-Пік і хітручая, але яна проста адкормленая мыш.
— А, мыш! — узрадаваўся Мурзік. — Гэта іншая справа. Гэта я з задавальненнем. А дзе мая спадчына?
Знясілены пан Абадран паказаў у куток сваёй кучы:
— Тут адкапаеш…
— Ну, добра, на закуску мне будзе! Кажы, дзе тая
мыш жыве!
I Мурзік пайшоў на крывавую помсту. Між тым паміраючы ніяк не паміраў. Ляжаў, ляжаў, есці захацелася… Дастаў пан Абадран каўбасу, кату завешчаную, зжаваў… Пасля хвост селядца. А там і скарыначка канец свой знайшла ў страўніку пана Абадрана. I тут вярнуўся Мурзік.
— Як, ты яшчэ жывы?! — абурыўся кот.— Ну, усё
роўна, давай маю спадчыну…
Разгроб Мурзік пясок у кутку і падазрона паглядзеў на пацука:
— А чаму ад цябе селядцом пахне?
Засмуціўся пан Абадран. А Мурзік раззлаваўся:
— Ну, я табе зараз памагу памерці! — і — на пацука… А пан Абадран, як і не хварэў, як дасць лататы, толькі хвост ягоны і разгледзеў кот у шчыліне…
Што ж адбылося ў кватэры мышкі Пік-Пік? Пра гэта — наступная казка.

ПЕПІТА I ВЫСАКАРОДНЫ РАЗБОЙНІК

У той час, калі дзікі кот Мурзік пайшоў выконваць апошнюю просьбу з’еўшага каштан пана Абадрана, котка Пепіта ляжала на канапе і чытала раман.”Ах, калі б у жыцці былі такія высакародныя разбойнікі, як у кнігах!” — марыла Пепіта. I раптам на падваконнік адчыненага акна ўскочыў незнаёмы горды кот. Яго зялёныя вочы злавесна ззялі, вусы грозна тапырыліся, а шматлікія шнары і выдраныя кавалкі поўсці сведчылі пра сапраўдную ваяўнічасць.
— Ах! — усклікнула Пепіта. — Хто вы?
— Я — дзікі кот Мурзік! — адказаў госць. — Я прыйшоў пакараць зладзейку Пік-Пік, якая атруціла майго лепшага сябра пана Абадрана.
— Як так? — здзівілася Пепіта. — Мышка Пік-Пік — мая сяброўка, яна нікога не можа атруціць. Тут нейкая памылка.
— Ну раз так, — сказаў Мурзік, — толькі дзеля вашых чароўных вочак… Не буду шукаць тую асобу. Толькі, прызнацца, я не падсілкаваўся перад паляваннем…
Пепіта была разумнай коткай. Хутка Мурзік ужо еў катлеты і запіваў малаком, адначасова размаўляючы з Пепітай.
— Зразумела, чароўная дама, жывеце вы сытна, чыста, але сапраўднага жыцця не ведаеце. Хіба кошка можа сядзець у чатырох сценах! Няўжо ні разу вы не пабывалі на даху, не глядзелі на поўню?
Пепіта слухала Мурзіка з захапленнем. Нарэшце яна пабачыла вольнага ката — разбойніка, які нікога не баіцца! А кот працягваў:
— Самая смачная ежа — якую ты сам скраў ці зда-
быў у бойцы. Мне шкада вас, чароўная пані! Калі б вы
захацелі, я паказаў бы вам, як жывуць сапраўдныя кошкі!
Пепіта гатовая была ісці за Мурзікам хоць зараз, але той прасіў пачакаць да ночы, бо мае важныя справы ў падвале.
Як вядома, Мурзік пайшоў за спадчынай пана Абадрана. Калі ж нічога не атрымаў, не надта засмуціўся: па-першае, ён ужо пад’еў, а па-другое, яго вельмі ж цікавіла прыгожая хатняя котачка Пепіта. I калі сцямнела, вольны кот ускочыў на падваконнік знаёмай кватэры. Пепіта чакала свайго героя.
— Ну, што, — горда сказаў Мурзік, — скокнулі ўніз?
— Ой, баюся! — спалохалася Пепіта. Але кот скочыў на зямлю, спіхнуўшы і Пепіту.
I пачаліся начныя прыгоды. Мурзік знаёміў Пепіту з іншымі вольнымі катамі, вадзіў на дах, спяваў кашэчыя серэнады і біўся з чорным аблезлым катом. Пад раніцу Пепіта стамілася ад уражанняў і захацела есці. Мурзік павёў яе да сабачай будкі, сказаў пільнаваць, а сам сунуўся туды і выскачыў з кавалкам сасіскі. Адначасова з будкі выскачыў вялізны сабака. I каты ледзь уцяклі. Мурзік прапанаваў Пепіце палову здабытай сасіскі. Пепіта пажавала і не змагла праглынуць пачастунак: сасіска была сапсаваная, брудная і да таго ж са слядамі сабачых зубоў.
— Ну, цяпер можна і адпачыць…— заявіў Мурзік і павёў Пепіту ў падвал.
— Як, тут я павінна спаць?! — жахнулася Пепіта, убачыўшы халодную смярдзючую кучу пяску.
— Мы, вольныя каты…— пачаў Мурзік, але Пепіта яго не даслухала:
— З мяне хопіць! Пайду дадому.
I пайшла. Мурзік доўга мяўкаў ёй услед, што з яе ніколі не атрымаецца сапраўднай коткі, але Пепіта была абыякавай. Галодная, сонная, ледзь дабрыла яна да сваёй кватэры. А назаўтра прачнулася ад моцнага свербу…
Мама заўважыла, што Пепіта чухаецца, уважліва пры-гледзелася да ейнай поўстачкі…
— Блохі! Фу! Адкуль толькі ў нашай Пепіты такая
брыда?
Бедная Пепіта… Яна згарала ад сораму і агіды… Давялося выцерпець купанне са смярдзючым мылам і спецыяльнымі лекамі…
Пасля гэтага Пепіта перастала марыць пра высакародных разбойнікаў і вольнае кашэчае жыццё…

ПРА ТОЕ, ЯК МЫШКА ПІК-ПІК АШАЛЕЛА

Мышка Пік-Пік любіць, калі да Мамы і Таты прыходзяць госці. Колькі смачненькага застаецца пасля іх на стале! Вось і сёння Мама з раніцы завіхалася на кухні, а Тата паставіў пасярод пакоя вялікі стол, за якім цяпер сядзелі госці — дзяздька кампазітар і яго жонка. Мышка сядзела пад шафай і не магла дачакацца, калі госці пойдуць і пакінуць ёй гэты торцік, і салату, і катлеткі… Але госці не спяшаліся. Тата ўсё разліваў і разліваў па крышталёвых чарках чырвоны напой з прыгожай бутэлькі, і Мама і чужая цётка хорам паўтаралі:
— Ах, якое цудоўнае віно! Салодкае, духмянае…
Мышцы вельмі карцела паспрабаваць, што ж гэта за слодыч? I калі госці нарэшце пайшлі, а Тата, Мама і Веранічка рушылі за імі, каб правесці, Пік-Пік ускочыла на стол і пачала дапіваць з чарак чырвоную вадкасць. Гэта было не так ужо соладка, як гаварылі Мама і цётка, але прыемна. Хутка Пік-Пік зрабілася весела-весела. Мышка падалася самой сабе такой прыгожай, такой моцнай і смелай, што ножкі яе ад узрушэння падкурчыліся, і мышка села на недаедзены торт. Пік-Пік сядзела вельмі шчаслівая, у вачах яе лёталі рознакаляровыя зорачкі. Не, зараз проста неабходна ўчыніць нешта адпаведнае настрою, нешта гераічнае і запамінальнае. I тут Пік-Пік успомніла, як некалі крыўдзіў яе паганы кот Мурзік. Няўжо яна, супер-мышка, баялася нейкага падвальнага ката?
Пік-Пік ускочыла, схапіла відэлец і крутанула ім у паветры, як гэта рабілі мячом героі мульцікаў.
— Я іду біць ката! — і рушыла ў норку, дзе, як вя-
дома, была дзірка ў сцяне, залепленая пласцілінам. Пік-
Пік раскалупала пласцілін відэльцам і пралезла ў вузкі
ход.
З вялікай цяжкасцю дапаўзла мышка да падвала. А там, упаўшы на брудную падлогу, не стала марнаваць час, узмахнула відэльцам і ўскрыкнула:
— Сюды, гнюсныя жывёліны! Я, супер-мышка, буду біць вас бязлітасна!
На няшчасце, Мурзік сапраўды быў побач. Ды яшчэ і не адзін: усе каты двара сабраліся сёння ў падвале, бо на вуліцы ішоў дождж. Мурзік вельмі ўзрадваўся: нарэшце нахабная тоўстая мыш сама напрошваецца да яго ў зубы! Але калі мышка, пабачыўшы над сабой ашчэраную кашэчую пашчу, не спалохалася, а тыцнула ў яе відэльцам, Мурзік задумаўся. Між тым адважную гераіню абкружылі астатнія каты і ў разгубленасці назіралі, як яна, выпэцканая ў крэме і пыле, вытварае прыёмы ўсходніх адзінаборстваў, час ад часу куляючыся на падлогу і выкрыкваючы жахлівыя пагрозы. Ніхто не наважыўся перапыніць гэтае прадстаўленне. Нарэшце Пік-Пік у чарговы раз спатыкнулася, упала на спінку, ікнула і гучна захрапла. Тады самы стары і мудры кот з парваным вухам сказаў:
— Усё ясна. Гэта шалёная мыш. Таму, браткі, каб не
заразіцца, уцякайце адсюль. Яна зараз здохне, прысыпем
пясочкам, і гамон. Толькі не чапайце яе!
I каты плітанулі ў іншы падвал.
Між тым мышка, крыху паспаўшы, ачуняла і ніяк не магла ўцяміць, што робіць у падвале, як сюды трапіла і хто яе так моцна біў па галаве — бо галава проста расколвалася ад болю. Нарэшце, абапіраючыся на відэлец, мышка ўстала і здагадалася: вінаваты той чырвоны таямнічы напой! Ён чароўны, і добра, што пакінуў мышку жывою.
— Вой-ёй, а як жа Тата і Мама! — спалохалася мышка. — Яны ж столькі гэтай атруты выпілі! Можа, іх закінула аж у Афрыку!
Пік-Пік кінулася дадому. На шчасце, Тата і Мама былі там. Яны па чарзе паўтаралі:
— Вой, галава баліць…
— Дык піць не трэба было! — абурана адазвалася мышка з-пад шафы. Тата і Мама разгублена пераглянуліся. Мышка мела рацыю!

КОНКУРС ПРЫГАЖОСЦІ
Аднойчы мышка Пік-Пік прачнулася днём. „Відаць, ночай не даела”, — занепакоілася Пік-Пік, і, каб супакоіцца, вырашыла пачытаць газету.
Кожны дзень Веранічкін Тата крычаў: „Дзе мая газета? Знайдзіце маю газету!” I ўсе шукалі — і не знаходзілі. А гэта мышка Пік-Пік зацягвала Татавы газеты да сябе ў норку і рабіла з іх талеркі аднаразовага карыстання.
А ў часы бяссоння можна было гэтыя талеркі пачытаць.
I вось мышка прачытала на сваёй талерцы прыгожую аб’яву: „Сёння ў горадзе вялікая выстава кошак! Пераможца атрымае медаль і каўбасу!”
Але на слове „кошак” — была пляма ад чарнічнага варэння, і ад слова „кошак” застаўся толькі кончык „шак”.
I мышка Пік-Пік прачытала аб’яву так: „Вялікая выстава мышак!” А калі пайшла гаворка пра каўбасу, мышка вельмі ўзрадавалася. „Трэба схадзіць за гэтай каўбасой. Я, несумненна, самая тоўстая і прыгожая мышка ў горадзе!”
I мышка Пік-Пік выбегла з норкі з газетай пад пашкай. А каля норкі ўжо тры гадзіны сядзела котка Пепіта і чакала мышку Пік-Пік, каб злавіць яе.
А тут мышка выбегла так шпарка, што Пепіта ледзь паспела яе заўважыць. „Куды гэта пабегла Пік-Пік з няўежнай газетай?” — здзівілася Пепіта і пабегла за мышкай.
Прабегла Пепіта ля дзяўчынкі Веранічкі. „Куды гэта так хутка пабегла Пепіта?” — здзівілася Веранічка і пабегла за коткай Пепітай.
Прабегла дзяўчынка Вераніка ля сваёй Мамы.
„Куды гэта бяжыць так хутка мая дачушка?” — здзівілася Мама і таксама пабегла за Веранікай.
А за Мамай пабег Тата. Ён не паспеў нават здзівіцца, як ужо бег за Мамай, за Веранічкай, за коткай Пепітай і за мышкай Пік-Пік, і таму здзівіўся на бягу.
А мышка Пік-Пік уляцела ў вялікую залу выставы і… аслупянела. Па ўсёй зале стаялі прыгожыя столікі, на якіх сядзелі прыгожыя каты. Катоў было многа-многа, і ўсе яны трымаліся вельмі важна, а між столікаў хадзіла Камісія, з каўбасой пад пахай.
„Ой-ёй-ёй!” — падумала Пік-Пік, — „Відаць, гэтыя каты з’елі ўсіх мышак і падманулі Камісію, самі прыкінуліся мышамі, каб з’есці і каўбасу!”
Але тут на выставу прыбеглі котка Пепіта, дзяўчынка Веранічка, Тата і Мама. Камісія ўбачыла котку Пепіту і закрычала: „Гэтая котка самая лепшая!”
I котку Пепіту пасадзілі на самы прыгожы столік і далі вялікі медаль і вялікую каўбасу. Дзядзькі-фатографы бегалі вакол Пепіты з фотаапаратамі і фатаграфавалі яе, каб заўтра ва ўсіх газетах быў фотаздымак самай прыгожай коткі.
I Тата, і Мама, і Веранічка былі вельмі задаволеныя, што ў іх жыве самая прыгожая котка. Усе дзядзі і цёці падыходзілі да іх і пыталіся, як завуць іх котку, колькі ёй гадоў і што яна есць на сняданак.
Адна мышка Пік-Пік была незадаволеная, але не разгубілася, падпаўзла да Пепіты і скочыла на яе каўбасу. А калі каўбаса скончылася, мышка Пік-Пік сунула Пепіце пад паху сваю газетную талерку і ўцякла. А котка Пепіта не магла нават паварухнуцца, бо яна пазіравала фатографам.
Дадому ўсе вярнуліся задаволеныя.

Воладка кнігі “Прыгоды мышкі Пік-Пік”, Мінск, Юнацтва,,2000

МЫШКА ПІК-ПІК РОБІЦЬ САБЕ МАКІЯЖ
Аднойчы днём прыснілася мышцы Пік-Пік каўбаса. I так захацелася мышцы яе з’есці, што і сон прапаў. Пік-Пік думала: „Котцы Пепіце далі цэлую палку каўбасы за прыгажосць. А я — самая прыгожая мышка ў свеце! Чаму ж ніхто не прапануе каўбасу мне? Што ж зрабіць, каб на мяне звярнулі ўвагу?”
I ўспомніла мышка, як Веранічкіна Мама робіць макіяж — фарбуе павекі рознакаляровымі парашкамі, якія называюцца „цені”, зачарняе вейкі тушшу, пудрыцца, намазвае вусны памадай, а пасля Тата ёй кажа: „Якая ж ты ў мяне прыгожая!”
„Трэба зрабіць макіяж!” — вырашыла мышка.
Залезла мышка на пісьмовы стол, зняла з паліцы скрынку з мамінай касметыкай і села перад люстэркам.
Больш за ўсё мышцы спадабалася памада ў прыгожым залатым футаралчыку. Пафарбавала мышка памадай нос. Ах, як прыгожа! Нафарбавала яшчэ вушы і хвосцік. Пасля Пік-Пік зачарпнула лапкай туш і нафарбавала вусы. „Гэтага мала”, — падумала мышка і абвяла вочкі чорнымі кругамі.
Што б яшчэ памазаць? Адкрыла мышка Пік-Пік каробку з мамінымі ценямі. Там было многа-многа рознакаляровых квадрацікаў.
„Ну, не буду ж я па адной фарбе важдацца!” — вырашыла мышка, лягла проста на цені і некалькі разоў па іх пакачалася.
Скурка ў Пік-Пік зрабілася стракатая, рознакаляровая, як вясёлка. Знайшла мышка яшчэ футаралчык з блішчынкамі, адкрыла яго і ўсе блішчынкі на сябе высыпала!
У давяршэнне Пік-Пік зачарпнула пудры і напудрыла шчокі і лоб.
„Вось цяпер ва ўсім свеце няма нікога прыгажэйшага за мяне!” — падумала мышка і важна пайшла, задзершы носік, паказацца ўсім.
У зале сядзеў Тата і чытаў газету. Раптам нехта перад ім сказаў: „Пі-пі!” Тата падняў вочы і ўбачыў, што на яго ідзе стракатая, бліскучая істота, з чырвонымі вушкамі, чорнымі вусамі, белымі плямамі на шчоках і доўгім чырвоным хвастом!
„Гэта іншанланецянін!” — падумаў Тата. — „Зраблю выгляд, што мяне няма, а то ён забярэ мяне ў лётаючую талерку!”
I Тата падціснуў ногі і схаваўся пад газету.
„Што гэта з Веранічкіным Татам?” — здзівілася мышка Пік-Пік і пашыбавала на кухню. А там сядзелі Мама, Веранічка і Пепіта і пілі цёплае малако.
І вось зайшло на кухню стракатае бліскучае страшыдла з чырвонымі вушамі і чорнымі вусамі. Мама вырашыла ратаваць сям’ю і лінула на страшыдла сваё малако. А з другога боку на страшыдла абрынулася малако з кубачкаў Веранічкі і Пепіты. На падлозе ўтварылася вялікая белая лужына з рознакаляровымі разводамі. А ў лужыне сядзела разгубленая шэрая мышка.
Засмяяліся Мама, Веранічка і Пепіта. А мышка Пік-Пік заплакала. Яна так старалася, а тут усю прыгажосць змылі!..
Усе перасталі смяяцца, і Мама дала мышцы кавалак каўбасы, каб мышка не плакала. Схапіла мышка Пік-Пік каўбасу і пабегла ў норку.
А Мама, Веранічка і Пепіта пайшлі ў залу і там убачылі пад газетай Тату. „Што ты робіш?” — здзівілася Мама.
„Тс-с-с!” — сказаў Тата. — „За мной прылятаў іншапланецянін. Можа, ён яшчэ шукае мяне!..”
Паглядзелі Мама, Веранічка і Пепіта вакол і не знайшлі ніякага іншапланецяніна. Тады Тата згадзіўся злезці з крэсла і схаваўся пад коўдру на ложку.
А мышка Пік-Пік з’ела каўбасу і заснула, думаючы: „Я ўсё-ткі самая прыгожая мышка ў свеце!”
I спала яна так крэпка, што яе не разбудзіў нават роспачны крык Мамы, якая знайшла на сваім стале тое, што засталося ад яе касметыкі!

МЫШКА ПІК-ПІК ЗАБЛУКАЛА

Мышка Пік-Пік прачнулася ад таго, што ёй стала холадна.
“Трэба коўдрачкай накрыцца”, — падумала Пік-Пік. Але коўдрачка аказалася такой бруднай, што накрыцца ёю было немагчыма. Аднаго варэння на яе выліўся цэлы слоік. Паставіла мышка коўдрачку да сцяны, як кавалак кардону, і уздыхнуўшы, вылезла з норкі шукаць новую.
А ў кватэры чамусьці было занадта светла. Святло струменіла ад вакна.
“Што такое? “– здзівілася мышка Пік-Пік. — Сонца ж няма! Неба шэрае!”
І ўзлезла на падваконне.
— Ах!
Усё за вакном было пасыпана нечым белым і пухнатым — і зямля, і дрэвы, і дамы.
— Гэта цукар! — здагадалася мышка Пік-Пік. — Колькі цукру! Хутчэй туды, пакульяго ніхто не з’еў!
Мышка выскачыла за дзверы, выбегла з пад’езду і кінулася на цукар… Але ён аказаўся зусім не салодкі і вельмі халодны.
“З вады яго зрабілі, ці што? — зазлавала мышка. — Пакаштую вунь ля тых кусцікаў — можа, там саладзейшы?
Але і ля кусцікаў цукар аказаўся не салодкі.
— А можа, там, на горачцы, смачнейшы? — не губляла надзеі мышка.
Але і на горачцы, і на другой горачцы Пік-Пік не засмакавала белая спакуса. Бегала мышка, бегала, змерзла, і вырашыла вяртацца дадому… Агледзелася — авой! Вакол усё белае, аднолькавае — і дамы, і пад’езды.
— Дзе ж мая кватэра, мая норка і мае цукерачкі? — разгубілася бедная. — Куды ісці?
Закруцілася мышка на месцы, але сказала сабе: “Спакойна! Я — самая разумная мышка ва ўсіх гэтых бязглуздых дамах. Калі я падумаю, то абавязкова прыдумаю… А што я прыдумаю? Як бы даведацца, што я прыдумаю?”
І тут мышка заўважыла, што на халодным нясмачным цукры яе лапкі пакідаюць сляды.
“Калі я пайду назад па сваіх слядах, я дайду да свайго пад’езду”, — узрадвалася мышка.
І Пік-Пік пабегла па сваіх слядочках. Бегчы давялося доўга і складана, увесь час кругамі. Але нарэшце апынулася мышка ў пад’ездзе. Пабегла ў сваю кватэру, а дзверы — зачыненыя!
“Ах, так! — раззлавалася мышка. — Ну, дык вам будзе горай!”
І прагрызла ў куточку дзвярэй дзірку. Забегла… А там як загаўкае сабака! Чужая кватэра аказалася.
Мышка — да другіх дзвярэй. І тыя зачыненыя! Зноў папрацавала зубкамі. Забегла ў кватэру… А там нехта раве дурным голасам”: “Ой, маро-оз, маро-оз…” Мама і Тата звар’яцелі, ці што?
Не, проста зноў чужая кватэра…
Толькі наступныя дзверы былі расчыненыя… І гэта аказалася менавіта мышкіна кватэра!
Нарэшце Пік-Пік дома.
“Я сёння была вельмі разумнай, — разважала мышка. — А цукру не з’ела. І коўдрачкі не знайшла!”
Але тут мышка заўважыла Вераніччыну пухнатую ружовую рукавічку.
— Так, коўдрачкі ў мяне няма, але затое будзе цалкам прыстойны спальны мех! — прамовіла Пік-Пік і пацягнула рукавічку ў норку.

МЫШКА ПІК-ПІК РОБІЦЬ ПРЫПАСЫ

Мама Веранічкі кожны дзень хадзіла па крамах, стаяла ў чэргах і спрабавала нешта купіць. А калі вярталася дадому з пакупкамі, Тата задаволена казаў: “Ну вось і ў нас прыпасы ёсць, як у людзей. Неяк пражывем!”
“Відаць, прыпасы — вельмі важная рэч”, — вырашыла мышка Пік-Пік. — “Трэба і мне зрабіць прыпасы! А то не пражыву!”
Вядома, давялося дачакацца ночы, калі ўсе паснулі і можна было са спакойным сумленнем цягаць з кухні ўсё, што спатрэбіцца.
“А дзе ж я буду ўсё гэта захоўваць?– задумалася мышка. — Норка паўнюткая. Да таго ж, яе могуць захапіць ворагі. Не, месца для прыпасаў павінна быць таемнае і бяспечнае”.
Бегала, бегала мышка па кватэры, заглядала ва ўсе шчыліны. Можа ў лазенцы рабіць хованку? Не, мокра… А можа, у гітары — вунь якая зручная круглая дзірка, і месца пустога шмат? Не, мышка ўжо спрабавала залазіць у яе… Ледзь выбралася. Нарэшце, пад Татавым ложкам знайшла Пік-Пік вялізныя пантофлі.
“О, гэта тое, што мне трэба!” — узрадвалася мышка. — “Месца цёмнае, патаемнае. Знізу — гума, значыць, вада не памочыць. Акрамя таго, маю адразу два сховішчы”.
І шэрая гаспадыня пачала цягаць з кухні прыпасы. Запхнула ў адну пантофлю палову плаўленага сырка, катлету, пяць цукерак, кавалак чорнага хлеба ( калі голад настане — і чорны хлеб з’ясі!). А яшчэ — дзве сушкі, пернік і чатыры слівы з кампоту. У другую пантофлю змясцілася свежае яйка з лядоўні, шэсць грэцкіх арэхаў, учарашні сырнік, пакусаны Веранічкай, адна мармаладка, салёны гурок, палова яблыка і жменя семачак. Зразумела, мышка не забывалася складаць прыпасы і ў свой жывоцік, і таму пайшла спайць цалкам задаволеная.
Раніцай сонны Тата апусціў на падлогу ногі, намацаў пад ложкам пантофлі… Паспрабаваў уздзець…
Нешта хруснула, па нагах пацякло халоднае і ліпкае…
На Татаў крык прыбеглі Мама, Веранічка і котка Пепіта.
Не сказаць, каб тое, што яны ўбачылі ў Татавых пантофлях, выглядала прыгожа. Калі папраўдзе, дык выглядала яно проста агідна.
Але пантофлі так-сяк пачысцілі, Тату супакоілі… Ён уздзеў чаравікі і адправіўся на працу вельмі пакрыўджаны.
Мышка Пік-Пік праспала ў сваёй норцы цэлы дзень, і ёй сніліся горы прыпасаў велічынёй з пяціпавярховы дом. І ўсе належалі ёй, кемнай мышцы! Як толькі Пік-Пік прачнулася, то пабегла правяраць свой скарб. Пантофлі стаялі на ранейшым месцы, але былі зусім пустыя!
— Гвалт! — запішчэла мышка. — Мяне абрабавалі! Я цяпер не выжыву!
Прачнуўся Тата, запаліў лямпу, бачыць: з-пад яго ложка вылазіць тоўстая мыш, цягне за сабой яго пантофлі, як чоўны, і верашчыць:
— Аддавай мае прыпасы!
— Дык гэта ты запхнула ў мой абутак розную дрэнь? — здагадаўся Тата. — Вось я табе зараз…
Спалохалася мышка, кінула пантофлі, плітанула ў норку.
“Гэх, памылілася я! “ — горка раздумвала небарака. — Трэба было ў маміны боты прыпасы скласці… Нічога, наступнай ноччу буду разумней”.

МЫШКА ПІК-ПІК ПІША ВЕРШ

Аднойчы ночай вылезла мышка Пік-Пік з норкі і пачала шукаць смачненькага.
Але ў доме не толькі не было нічога смачненькага, але не было ні Таты, ні Мамы, ні дзяўчынкі Веранічкі, ні коткі Пепіты!
Аказваецца, яны ўсе паехалі ў вёску да бабы з дзедам, а мышка праспала…
Раззлавалася мышка, пакрыўдзілася. „Усе мяне кінулі! Ну, нічога, я і без іх пражыву.”
Пачала мышка думаць, з чаго пачаць самастойнае жыццё.
Перш за ўсё трэба купіць шмат цукерак.
Цукеркі купляюць у краме за грошы. Грошы прыносіць Тата. Ён атрымлівае іх за вершы. А вершы Тата піша сам, і праца гэта не вельмі складаная.
Праўда, Мама таксама піша вершы, але пры гэтым яна ў левай руцэ трымае лыжку, якой памешвае ў каструлі, а ў правай руцэ — самапіску.
Не, так пісаць — сабе даражэй! Вось Тата — кладзецца на канапу, закідвае нагу на нагу, бярэ сшытак і пачынае бубнець: „Бу-бу-бу! Тра-та-та-та-бу-бу-бу!” I нават час ад часу рукой з самапіскай памахвае ў паветры!
„Гэтак і я змагу!” — вырашыла мышка. — „Напішу вершы, атрымаю грошы і пабягу па цукеркі!”
Узяла Пік-Пік са стала ліст паперы і самапіску, залезла на канапу і пачала бубнець: „Бу-бу-бу! Гу-гу-гу! Пі-пі-ііі!”
I нават самапіскай не паленавалася махаць.
Старалася мышка, старалася, а верша няма! Яна ўжо і аркуш перавярнула, і самапіску пакусала, а верш — не з’яўляецца!
Раззлавалася мышка, з’ела ліст, развінціла самапіску, а тут на фортку села шэрая незнаёмая варона. „Хто тут мышка Пік-Пік? Прымайце пасылку з вёскі!”
Не паспела мышка здзівіцца, як узрадавалася! Варона паляцела, а на стале застаўся вялікі пакунак, з якога смачна пахла.
Раздзерла яго хутчэй Пік-Пік, і адтуль высыпаліся грыбы, арэхі, морква, гарох, семачкі — і канечне, цукерачкі!
А зверху ляжала запіска: „Не сумуй, Пік-Пік, мы заўтра веремся!
Тата, Мама, Веранічка, Пепіта”.
I ад радасці ў мышкі напісаўся верш:
„Вельмі я сябрам удзячна,
Бо люблю паесці смачна.
З’ем арэшкі, з’ем грыбочкі,
Не пайду ніколі ўпрочкі!”
З’ела мышка Пік-Пік усю пасылку і пайшла спаць. А праз сон усё прыкідвала, колькі зможа купіць цукерак на тыя грошы, што заплацяць ёй за такі цудоўны верш!

МЫШКА Ў КАВУНЕ

Аднойчы мышка Пік-Пік прачнулася і вырашыла, што час паесці. Пабегла на кухню, а там на стале ляжаў вялікі-вялікі кавун. Гэты кавун прынёс для дзяўчынкі Веранічкі горды і шчаслівы Тата. А Веранічка і Мама вырашылі гэты кавун не есці да заўтра, каб налюбавацца ім.
Убачыла Пік-Пік кавун.
„Гэта „хто” ці „што”? — падумала яна. „Калі гэта „што”, яго можна паспрабаваць з’есці, а калі гэта „хто”, у яго можна нешта смачнае папрасіць.”
Мышка залезла на стол і абнюхала кавун. Пахла соладка.
Паспрабавала мышка яго ўкусіць — нічога не атрымалася.
Раззлавалася Пік-Пік, схапіла нож, якім адкрываюць кансервы, і — хрась! У зялёным баку кавуна ўтварылася чырвоная дзірка, з якой паліўся смачны, духмяны напой!
Мышка імгненна ўгрызлася ў гэтую спакусную чырвань. Чулася толькі „Смач-смач-смач-смач-на…” I хутка звонку тырчэў адзін мышкін хвосцік, а пасля і ён знік у кавуне.
Пік-Пік ела, ела, ела, і з’ела ўсё смачнае ў кавуне разам з семкамі. „Ну, можна ісці адпачываць”, — задаволена падумала мышка, і пачала шукаць дзірку, праз якую ўлезла ў кавун.
Мышка пакруцілася ў пустым, як мячык, кавуне і ўбачыла маленькую круглую адтуліну. Але цяпер туды мог прасунуцца толькі мышкін хвосцік! Усё начынне кавуна знаходзілася ў жывоціку Пік-Пік, і яна зрабілася сама круглай і вялікай, і ледзь паварочвалася ў выедзеным кавуне.
Напалохалася мышка, закруцілася, і кавун закруціўся разам з ёй. I тут якраз на кухню зайшла котка Пепіта. Бачыць Пепіта — ляжыць кавун на стале і круціцца, як ваўчок. „Ён не хоча, каб заўтра яго з’елі,” — здагадалася Пепіта. —- „Ён хоча ўцячы. А Тата казаў, што аддаў за яго ўсе грошы з кашальком. Няўжо дарэмна прападзе такі каштоўны кашалёк?!”
Пепіта пабегла будзіць дзяўчынку Веранічку і маму. А Тату яна будзіць не стала. Бо вечарам Тата сказаў, што калі і сёння яму не дадуць выспацца, заўтра ён не пойдзе ў магазін і не купіць нікому цукерак.
Прыйшлі Мама і Веранічка на кухню, а там на стале кавун скача! „Трэба яго разрэзаць!” — вырашылі Мама і Веранічка. I мышка Пік-Пік заскакала яшчэ адчайней, так што кавун упаў са стала і пакаціўся ў пакой хутка-хутка, як мяч у дзядзькі футбаліста.
А ў пакоі спаў Тата. Кавун ударыўся аб Татаў ложак, падскочыў і ўпаў проста на Тату, і раскалоўся ў яго на галаве!
„Гвалт!” — закрычаў Тата. — Па мне бегаюць піраты!”
I толькі котка Пепіта заўважыла, як з расколатага кавуна выскачыла кругленькая мокрая істота і пабегла пад шафу.
Урэшце рэшт усе супакоіліся і заснулі.
Канечне, наўрад ці мышка Пік-Пік спала б спакойна, каб ведала, што заўтра ўсе застануцца без цукерак!

МЫШКА ПІК-ПІК І РОВАРЧЫК

Неяк ноччу вылезла мышка Пік-Пік з норкі. Бегае па кватэры, шукае, што паесці. І знайшла на стале цэлы пачак пернікаў, кругленькіх, паліваных белай цукровай глазурай… З’ела адзін, другі, трэці, чацвёрты, пяты, шосты… А сёмы пернік перасеў недзе ў горле так, штоў мышкі заняло дыханне.
“Кепскія справы, — падумала мышка Пік-Пік. — У мяне знік апетыт! Гэтак я ад голаду памру… Трэба тэрмінова нагуляць апетыт!”
Нядаўна па тэлевізары паказвалі фільм, дзе цётак-танцорак, каб тыя худзелі, змушалі ездзіць на нейкіх дзіўных роварах, прымацаваных да падлогі. І цёткі пасля дужа хацелі есці. А ў Веранічкі якраз нядаўна з’явіўся трохколавы роварчык! Пабегла мышка да роварчыка, ускараскалася… А да педаляў — не дастае! Раззлавалася, саскочыла і моцна-моцна папхнула роварчык, так, што ледзь паспела зноў на яго ўскочыць.
Але роварчык праехаў зусім мала. Давялося ўсё паўтарыць. З кожным разам мышка штурхала непаслухмяную трохколавую машыну ўсё мацней, і нарэшце штурхнула так моцна, з такой злосцю, што роварчык разам з мышкай адарваўся ад падлогі і вылецеў праз расчыненае вакно.
“Ой-ёй-ёй!” — падумала мышка Пік-Пік.– Гэта, мабыць, не роварчык. Гэта самалёцік. Ён падмануў мяне, прыкінуўся роварчыкам…”
І тут роварчык абагнаў варону. Звычайную мясцовую варону, якая ляцела сабе, уцякала ад бяссоння. І раптам яе абагнала вялізная жалезная птушка, пранізліва сігналячы:
— Пік-пік! Пік-пік!
Варона нават прыпынілася з перапуду, але вырашыла высветліць, што ж гэта так нахабна лётае там, дзе толькі яна мусіць быць гаспадыняй. Дагнала страшыдлу… І ўбачыла, што гэта трохколавы роварчык, да якога прычапілася маленькае абледзянелае стварэнне с вісклівым голасам.
“Недзе я ўжо бачыла гэты роварчык, — задумалася варона. — Ну так, ён належыць дзяўчынцы Веранічцы з таго двара, дзе я жыву! І сам лётае… Ай-яй-яй! Непарадак!”
І варона ўхапіла роварчык за нешта доўгае і тонкае, што матлялася за ім — гэта быў хвост мышкі Пік-Пік — і развярнула роварчык у бок Веранічкінага вакна.
Бумс! Са страшэнным грукатам мышка і роварчык уваліліся ў кватэру.
Пакуль Мама, Тата і Веранічка прачыналіся і здагадваліся, чаму прачнуліся, мышка пабегла ў норку, залезла пад коўдрачку і пачала адагравацца.
Лёд на ёй раставаў і выцякаў з-пад шафы ручаінкай. Мама, дзівячыся, выцірала ваду, выцірала, а яна усё цякла ды цякла.
Мышка даўно забылася на падступны сёмы пернік, і ёй зноў дужа хацелася есці. Яна думала: “Я нагуляла такі добры апетыт, і ён прападае дарма! Ах, як шкада, што не ўдалося з’есці ўсе пернікі адразу!”
Так мышка Пік-Пік думала, думала і заснула.

МЫШКА ПІК-ПІК І ХАЛАДЗІЛЬНІК.

Аднойчы ноччу, як звычайна, мышка Пік-Пік захацела есці. Але чамусьці нічога цікавага на кухні не знайшлося.
“Мама хавае усё смачнае ў халадзільніку,— успомніла мышка Пік-Пік. — Думае, што я туды не дабяруся. А вось і памыляецца!”
І сапраўды — Пік-Пік так апантана тузала дзверцы запаветнага сховішча смакоццяў, што ёй удалося іх расчыніць. Ускочыла мышка на жалезную паліцу — вось яно, мышкіна шчасце! Шкада, торціка няма.
Белыя дзверы бязгучна зачыніліся за мышкай — яно і лепей, ніхто не перашкодзіць. І Пік-Пік пачала есці.
Яна ела каўбаску, масла, смятанку і тварог, і нават нейкія таблеткі.
Наелася Пік-ІІік і захацела выйсці. Але не змагла. Яна не ўмела адкрываць халадзільнік знутры.
Неўзабаве Пік-Пік пачало калаціць ад холаду. Яна моцна дрыжэла: “Др – др – др- др!…”, так што нават халадзільнік пачаў хадзіць ходарам.
Спачатку ён стукнуўся аб газавую пліту, і атрымалася : “Бух!”, пасля —аб буфет, і атрымалася: “Бух-бух-бух!”
Мама, Тата і Веранічка прачнуліся. Што робіцца на кухні? Пайшлі на грукат і ўбачылі, як халадзільнік швэндаецца з кута ў кут і калоціцца.
— Там злодзей,— цвёрда сказаў Тата. — Я смелы. Я пайду і выклічу міліцыю. Усе назад! Адыходзім!
Але тут ад вялікага калатуна дзверцы халадзільніка расчыніліся, і Мама, Тата і Веранічка ўбачылі: у пустой лядоўні, вымурзанае ў смятанку, сядзіць Нешта, трохі падобнае да мышкі.
Мышка Пік-Пік не стала чакаць, калі яе пазнаюць, і плітанула ў норку, грэцца і спаць.

МЫШКА ПІК-ПІК ІДЗЕ НА ВЕРАНІЧКІН ДЗЕНЬ НАРОДЗІНАЎ

З кухні пахла так смачна, што мышка апынулся там, яшчэ не паспеўшы расплюшчыць вочы ад салодкага сну. А чаго іх расплюшчаваць, ясная справа — Мама зноў пячэ прысмакі.
— Ну, давай кавалачак, і вярнуся дагледжваць сон… — прамармытала мышка, працягнуўшы лапку.
— Прабач, але гэта не для цябе, — пачуўся строгі мамін голас.
–Што?!!– мышка так пакрыўдзілася, што канчаткова прачнулася. На стале стаяў толькі што ўпрыгожаны крэмам, падобны да маленькай клумбы кветак, самы лепшы ў свеце торт. Мама якраз пасыпала яго зверху рознакаляровымі маленечкімі зорачкамі.
— Як гэта не для мяне? Яго што, нельга есці? Ён не салодкі? Атручаны?
Мама, падазрона зірнуўшы на аматарку салодкага, акуратна пераставіла торт у халадзільнік.
— Заўтра ў Веранічкі дзень народзінаў. Вось усе, хто прыдзе яе віншаваць, і будуць гэты торцік есці.
— А як гэта — віншаваць?
Мама паціснула плячыма.
— Дарыць падарункі, гаварыць добрыя словы.
— А без падарункаў нельга? – тужліва прамовіла мышка.
— Не, — цвёрда сказала Мама. – Я, напрыклад, купіла для Веранічкі ляльку і спякла вось гэты торцік. А з пустымі рукамі ісці на дзень народзінаў – непрыстойна.
Мышка незадаволена пайшла прэч. Аказваецца, свой кавалачак торціка трэба яшчэ выкупіць… На канапе ляжала Пепіта і назірала за кончыкам свойго пушыстага хваста. Хвост гуляў з гаспадыняй у гульню “не зловіш”.
— Пепіта, а ты будзеш заўтра Веранічку віншаваць? — спытала Пік-Пік.
— Зразумела, — важна прамовіла Пепіта. — Я падару ёй букецік з маргарытак. З ружовай стужачкай.
“І з’ясі кавалак майго торціка”, — з горыччу падумала мышка. Паназірала, як Пепіта беспаспяхова палюе на ўласны хвост ( і нехта яшчэ лічыць гэтую котку разумніцай!), і пашыбавала да Таты, які падскокваў у фатэлі перад тэлевізарам. На экране бегалі маленькія фігуркі, якія раз-пораз білі нешта маленькае нагамі. Мусіць, ганялі па зялёным полі няшчасную мышку або пацука. Вось жахі…
— Го-ол! — закрычаў Тата і стаў вельмі вясёлы. Мышка скарысталася Татавым настроем, каб спытаць, што ён падорыць Веранічцы.
— Што з тых лялек ды кветак карысці! — зазначыў практычны Тата. — Я ёй будзільнік падару, каб у школу не спазнялася!
“Яшчэ кавалка торціка няма”, — у роспачы падумала мышка. Пайшла ў норку і пачала перабіраць свае прыпасы. Чым можна павіншаваць Веранічку? Вось гэтая цукерачка ў ружовым фанціку… Шкада. Вось гэтая палова пячэнніца… Не так шкада… Але ці будзе Веранічка есці абгрызеную палову печыва, ды яшчэ выкачаную ў пяску? У параўнанні з торцікам гэта ўсё роўна што агідная памыйная муха ў параўнанні з прыгажуняй-мышкай.
Лепей на вуліцы пашукаць…
Назаўтра раніцай мышка выправілася на пошукі. Першае, што трапілася ля пад’езда — пустая бляшанка з-пад кансерваванай кукурузы. Мышка пакруціла яе так і гэтак і адкінула: Веранічка не ацэніць. Потым трапілася паламаная прышчэпка для бялізны… Не тое.
Пік-Пік ішла, не паднімаючы вачэй ад травы. І раптам на гэтай траве заўважыла прыгожы скураны пасак. Зусім новенькі! Узрадаваная мышка ўхапілася за яго з усяе моцы і пабегла на дзень народзінаў.
Вось толькі Пік-Пік не заўважыла, што другі канец прыгожага пасака быў замацаваны на ашыйніку маленькага кудлатага шчанючка.
Напачатку шчанючок паслухмяна бег туды, куды яго цягнулі. Але неўзабаве разгледзеў, што павадок трымае не гаспадар, а тоўстая мыш! Нейкі час бедны сабачка не мог даўмецца, што яму рабіць. Такога ў ягоным жыцці яшчэ не здаралася. Не, гэта няправільна, гэта, падобна, ганьба для сумленнага сабакі! І шчанючок загаўкаў.
Мышка азірнулася і ўбачыла над сабой ашчэраную сабачую пысу.
“Адабраць пасак хоча!” — здагадалася мышка. І — ходу, уверх, па лесвіцы, не выпускаючы з лап сваё права на торцік.
Веранічка і другія дзеці сядзелі за сталом, торт узвышаўся перад імі дзівоснай крэмавай вежай, з сямі ружовых свечак ішоў дымок — Веранічка толькі што задзьмула на шчасце іх агеньчыкі… І тут у пакой уляцела мышка. А за ёй з гаўканнем — шчанючок. Мышка і сабачка як шалёныя бегалі вакол стала і пад ім, чулася толькі “Пік-пік!” ды “Гаў-гаў-гаў!” Адзін з гасцей паваліўся разам з крэслам, другі ўпусціў кубак…
— Ці-ха! — крыкнуў Тата так гучна, што шчанючок падкурчыў хвосцік і лёг на падлогу.
— Ты што тут творыш, Пік-Пік? — строга запытаўся Тата.
— Як што? Я падарунак прынесла! — задыхана патлумачыла мышка.
— Які?
— Ды вось жа ён! — абурылася Пік-Пік, паказваючы лапкай на шчанючка. — Вялікі, калматы, зубасты! Ды за яго мне чатыры кавалкі торціка належыць!
Дзеці зноў завішчэлі, і гучней за ўсіх — Веранічка, на гэты раз — ад радасці. І пачалі гуляцца з жывым падарункам. А мышка момантам ускараскалася на стол.
Калі госці вярнуліся да стала, на талерцы, дзе толькі што квітнеў крэмавымі кветкамі прыгожы торт, спала жыватом уверх мышка, трымаючы ў роце абкусаную ружовую свечку.
Вось так адсвяткавала Веранічка свой дзень народзінаў.
Шкада толькі, што шчанючка давялося вярнуць гаспадарам.

Малюнак Аксаны Аракчэевай.

МЫШКА ПІК-ПІК ЛАДЗІЦЬ ДЗЕНЬ НАРОДЗІНАЎ

Пасля Веранічкінага дня народзінаў мышка Пік-Пік доўга не магла супакоіцца: чаму гэта ў Веранічкі ёсць такое цудоўнае свята, а ў яе, цудоўнай мышкі, няма?
— Хачу падарункі і гасцей! – вырашыла мышка. – Аб’яўляю сённяшні дзень сваім днём народзінаў!
Праблему склікання гасцей мышка вырашыла вельмі проста: узяла з мамінага пісьмовага стала аркуш паперы, з Вераніччынага – каляровыя алоўкі і напісала вялікімі крывымі літарамі аб’яву:
“Увага!
Сёння ў мышкі Пік-Пік дзень народзінаў! Прымаю падарункі ля ўваходу ў норку. Апоўначы.
Пік-Пік”.
Прычапіла абвестку пластылінам на шафу і пайшла, задаволеная, драмаць у норку. Вядома – днём трэба спаць, а ноччу – баляваць. Але сон не йшоў, пачала мышка трывожыцца: а ці прынясуць ёй тое, што ёй хочацца? Ці здагадаюцца, якіх падарункаў чакае бедная мышка?
І Пік-Пік напісала яшчэ адну абвестку: “Спіс падарункаў”, дзе пералічыла, хто і што ёй павінен прынесці. Самая вялікая адказнасць ускладалася на Маму: мышка заказала ёй торцік, пасля перадумала і ля слова “торцік” напісала лічбу “2”. І гэтага падалося малавата… Пік-Пік пераправіла лічбу на “3”. Трох торцікаў так-сяк мусіла хапіць.
Далей у спісе значыўся Тата. Ён павінен быў прынесці кошык мандарынаў. Ад Пепіты чакалася дзве бутэлькі кока-колы. Нарэшце, ад Веранічкі ( што з яе ўзяць, малой?) шакаладка і мяшок цукерак.
Мышка перачытала свае сціплыя запыты і пачапіла спіс падарункаў каля першай абвесткі.
Тата, Мама і Веранічка заўважылі паперкі на шафе адразу, як вярнуліся са шпацыру. Мама прачытала напісанае Пік-Пік услых і засмяялася.
— Можна падумаць, што ў нас пад шафай жыве не адна мышка, а цэлы мышыны горад.
— Вось выдумка! – абурылася Пепіта. – Буду я ёй, шкодніцы, кока-колу насіць.
— І я ёй цукерак не дам! – сказала Веранічка.—Яна іх і так кожную ноч з вазачкі цягае.
— Але ж у яе дзень народзінаў! – запярэчыла Мама.
— Вы як сабе хочаце, — загаварыў Тата, — а я апоўначы буду спаць. І вам раю.
І ён лёг на канапу і пачаў чытаць газеты.
— Я прыдумала! — ускрыкнула Веранічка.—Мы дамо Пік-Пік тое, што яна просіць!
І Веранічка пайшла ў свой пакой, узяла паперу і алоўкі. На адным аркушыку яна намалявала тры прыгожыя тарты. На другім аркушы з’явіўся кошык з мандарынамі На трэцім – дзве бутэлькі кока-колы, на чацвёртым – мех, на якім быў надпіс “Цукеркі”.
Усе ўхвалілі Веранічкіну прыдумку. Толькі Мама, пасмяяўшыся, паківала галавой і пайшла на кухню.
Мышка не магла дачакацца апоўначы. Як толькі сцямнела за вокнамі, яна ўжо стаяла перад сваёй норкай і прытупвала ножкай. І вось, нарэшце, паказаліся госці. Вераніка і Пепіта, хітра ўсміхаючыся, працягнулі мышцы малюнкі. Мышка ўзяла. Разгледзела…
— Гэта што?!
— Тое, што ты прасіла!
Мышка не на жарт раззлавалася і пакрыўдзілася. Але тут падыйшла Мама і паставіла перад мышкай талерку з невялікім, але вельмі прыгожм торцікам. І тады ўсе, і мышка, і Пепіта, і Веранічка заскакалі ад радасці. Мама прынесла кожнаму кубачак, талерку і лыжку. Падзяліла торцік, разліла малінавы кампот… Усе, нават мышка, наеліся, а потым заспявалі. Ды так гучна, што пабудзілі Тату. Ён узяў сваю пантофлю, шпурнуў яе праз расчыненыя дзверы ў бок спеваў і зноў заснуў. Пантофля ўпала якраз перад мышкай.
— О, вось і Татаў падарунак! – узрадвалася мышка. – Будзе мне канапа!
І Пік-Пік пацягнула Татаву пантофлю ў норку. А веранічкіны малюнкі развесіла над сваёй новай канапай. Атрымалася вельмі прыгожа.
І дарэмна Тата назаўтра шукаў сваю пантофлю. Падарункі ж назад не вяртаюць, праўда?

ПІК-ПІК I БРАЦІК

Ляжала мышка ў норачцы на канапе і драмала. А скрозь салодкую дрымоту да мышкі даносіліся прыглушаныя галасы Таты і Мамы. Паступова Пік-Пік пачала прыслухоўвацца да таямнічай размовы. I раптам сонная лянота ўраз адляцела ад мышкі. Што яна пачула! У Веранічкі хутка з’явіцца брацік! Невядома, скуль ён возьмецца, але гэта будзе натуральны хлапец, які паселіцца ў Ве-ранічкіным пакойчыку, побач з шафай, пад якой яе, мышкіна, норка! Які жах! Пік-Пік добра ведала, што такое хлопчыкі — яны нярэдка прыходзілі сюды ў госці разам з Татамі і Мамамі. Як гаварыла Маміна знаёмая цётка, “усе хлопчыкі створаныя па аднаму рэцэпту: шмат крыку і тлуму ў абалонцы з гразі”. I гэтае пачварнае стварэнне пачне бегаць па кватэры, есці мышкіны цукеркі і ламаць Веранічкіны цацкі. А потым, як усе хлопчыкі, захоча паглядзець, што ў мышкі ў норцы, ды і злавіць яе самую, пасадзіць у клетку… Не, страшна нават і ўявіць!
Мама і Тата даўно выйшлі з пакоя, а Пік-Пік усё сядзела і думала. Нарэшце выпаўзла з норкі і пабрыла ў залу, дзе Веранічка глядзела мульцікі.
— Прывітанне, Пік-Пік, ты чаго такая засмучоная? — папыталася Веранічка.
— А ты што, не здагадваешся? У цябе хутка з’явіцца брацік! — трагічна абвясціла мышка.
— Ну і што? — здзівілася Веранічка. — Гэта ж цікава! Я буду з ім гуляцца.
— Гуляцца? Ха-ха! — сказала мышка. — Жыцця ты не ведаеш! Прыдзе хлопчык, паесць цукеркі, паламае твае цацкі і будзе нас з табой з кута ў кут ганяць!
— Ды не можа быць! — засмуцілася Веранічка. —
Мама ж казала, што брацік будзе зусім маленькі…
Але і ў Веранічкі настрой сапсаваўся. А тут яшчэ Маму забралі ў бальніцу…
— Ну, Веранічка! Вось у цябе і з’явіўся брацік! —
весела абвясціў назаўтра Тата. — Хутка прывязем яго дадому!
Прыйшла Веранічкіна бабуля, і яны разам з Татам пачалі рыхтавацца да прыёму важнага госця: памылі стары Веранічкін ложачак, каляску, накуплялі пялюшак…
Нарэшце, калі Пік-Пік і Веранічка падрыхтаваліся да горшага, у кватэру ўвайшла Мама з маленькім белым скрутачкам на руках.
— А дзе ж брацік? — здзівіліся мышка і Веранічка. А маленькі скрутачак раптам сказаў:
— У-а-уа-уу – у-а-у-а-у!
— Гэта наш Максім! — растлумачыла Мама і паказала скрутачак Веранічцы. Мышка ўскараскалася на Веранічкін плячук і таксама зазірнула ў скрутачак. А адтуль выглядаў маленькі ружовы тварык з кулачок на веліч. Раптам на тварыку расплюшчыліся вочкі і ўтаропіліся невядома куды.
— Гэта і ёсць хлопчык? — здзівілася мышка. — А чаму ён нічога не гаворыць?
— Не ўмее,— сказала Мама.
— А бегаць ён умее?
— Не, нават хадзіць не ўмее.
— А што ж ён будзе есці? — дапытвалася мышка.
— Малачко.
— Адно малачко? — не паверыла Шк-Пік. — А цукеркі? А пячэнне?
Мама засмяялася:
— Гэта ўсё ён будзе есці толькі на наступны год, калі зубкі вырастуць…
— Ну, калі так… Калі так, няхай Максім жыве з намі. Не страшна, — супакоілася мышка.
— А мне дык ён вельмі падабаецца, — сказала Веранічка.
I Мама панесла хлопчыка ў ложачак, а мышка пабегла на кухню, есці цукерачкі.

МЫШКА ПІК-ПІК ГУЛЯЕ Ў БАЛЬНІЦУ

Аднойчы прапанавала Пік-Пік Веранічцы:
— Давай пагуляем у бальніцу!
— А як? — запыталася Веранічка.
— Вельмі проста, — пачала тлумачыць мышка. — Я буду хворая, а ты будзеш мая Мама, якая прыносіць мне перадачы.
— Якія перадачы?
— Ну як “якія”? — аж зазлавала мышка, што Веранічка такая някемлівая. — Цукерачкі, шакаладкі, бананы… Вунь суседчына дачка — у бальніцы, дык суседка кожны дзень носіць ёй перадачы.
— Добра,— згадзілася Веранічка. — Пагуляем. А хто будзе доктарам?
— Навошта доктар? — занепакоілася мышка.
— Без доктара не бывае бальніцы,— растлумачыла Веранічка. — Доктар будзе цябе лячыць. Давай зробім доктарам Максіма.
Мышка разгублена паглядзела на Максімку. Той сядзеў у ложку, усміхаўся бяззубым ротам, пускаў сліну і малаціў бразготкай па драўляных парэнчах.
— Максік, хочаш быць доктарам? — ласкава запыталася Веранічка, і Максім радасна адказаў:
— Гу-гу!
— Ну вось, ён згадзіўся! — пераклала Веранічка. Але Пік-Пік занепакоілася яшчэ больш.
— А як ён будзе мяне лячыць?
— Уколы рабіць, таблеткі даваць, тэмпературу мераць, аперацыю табе ўчыніць,..
— Што за “аперацыю”?!
— Ну, выража што-небудзь… Такое… Лішняе…
— Гу-гу! — радасна пацвердзіў Максімка. Мышка паглядзела, як ён лупіць бразготкай па ложку, і засумавала.
— А хіба без гэтага нельга?
— Не-е! — запэўніла Веранічка. — Хворых трэба лячыць, а то яны памерці могуць!
— Ты ведаеш… Можа, мы ў што іншае пагуляемся? — няўпэўнена загаварыла Пік-Пік.— Можа, у дом… Ці ў цырульню…
— Гу-гу! — падскокваў у ложку “доктар”.
— А можа, я крыху пасплю… — мармытнула мышка і схавалася ў норку, думаючы: “Бач, якія хітрыя! Нічога лішняга ў мяне няма!”

ВЕРАНІЧКА ІДЗЕ НА ВАЙНУ

Аднойчы ў госці да Веранічкінай мамы прыйшла цётка Надзея са сваім сыночкам Іллюком. Іллюк быў хлапец вельмі сур’ёзны і на два гады старэйшы за Веранічку. Мама з цёткай селі піць каву, а Іллюк з Веранічкай пайшлі ў дзіцячы пакой.
— Будзеш гуляць у вайнушку? — строга спытаў Іллюк у Веранічкі.
— А як гэта?
— Я буду генералам войска марсіян, а ты — войска зямлянаў. Мы захопім вашу планету, і ўсе жыхары Зямлі стануць нашымі рабамі. Зразумела?
— Ну, добра, — згадзілася Веранічка, і Іллюк пачаў даставаць са сваіх адцягнутых кішэняў маленькія танкі, гарматкі, пластмасавых салдацікаў і падзяляць іх на два войскі. Мышка Пік-Пік, канешне, не магла ўседзець у норцы. Яна вылезла з-пад шафы і звярнулася да “генералаў”:
— Я таксама хачу гуляць.
— А ў чыім ты войску будзеш? — запытаўся Іллюк, які ўжо сустракаўся з Пік-Пік у ранейшыя гасцяванні.
— Я — з Веранічкай, — адказала мышка.
— Добра, але тады ў мяне будзе войска ўдвая меншае! Гэта несправядліва, — зазначыў Іллюк. — Мне патрэбны таксама салдат!
— А ты вазьмі Максімку, — прапанавала Веранічка. — Больш усё роўна ніхто не захоча.
— Дык Максім жа яшчэ хадзіць не ўмее! — засумняваўся Іллюк.
— Затое як ён поўзае! — сказала Веранічка, і армія марсіян папоўнілася шараговым Максімам.
— Ён будзе маім разведчыкам! — вызначыў Іллюк. Веранічка прызначыла мышцы такую ж ролю.
Войскі разышліся. Іллюк з Максімкам засталіся ў дзіцячым пакоі, а Веранічка з мышкай пайшлі ў пакой насупраць.
— Ну што, Пік-Пік, — сказала Веранічка, — пара табе ісці ў разведку. Паўзі ў той пакой, паглядзі, што робяць
Іллюк і Максім, пасля вяртайся і раскажы пра ўбачанае
мне. Галоўнае — каб ніхто цябе не заўважыў.
Пік-Пік уздыхнула і выпаўзла ў калідорчык, што аддзяляў пакоі. Між тым Іллюк гаварыў шараговаму Максіму, важна размахваючы пластмасавым пісталетам:
—Мы іх у адзін момант заваюем! Адна атака — і
ўсё! Галоўнае, выбраць падыходзячы момант. Таму ідзі,
шараговы Максім, у разведку… Дакладней, паўзі…
Даўшы яшчэ некалькі каштоўных парад, Іллюк перакуліў манеж, у якім сядзеў разведчык, і дапамог яму выбрацца на падлогу. Максім вельмі ўзрадаваўся і папоўз, толькі не ў бок дзвярэй, а да канапы, дзе валяліся яркія цацкі.
—Стой! Ты куды? — генералу давялося нямала папрацаваць, каб надаць разведчыку правільны накірунак
руху. Нарэшце, Максім выпаўз за дзверы і тут у калідорчыку сустрэўся з мышкай Пік-Пік.
— На разведку паўзеш? — шэптам пацікавілася мышка.
— Ага! Ага! — радасна адказаў Максім.
— I я ў разведку… Ды нешта нецікавая гэта гульня.
— Ага! Ага! — пагадзіўся Максік.
— А можа, пайшлі да мамы? Там торцікам пахне!
— Мам-ма! Ма-ма! — закрычаў Максім і папоўз на мамін голас. Мама ўбачыла сыночка, вельмі здзівілася, што ён выбраўся з манежа, але, упэўніўшыся, што малеча не пабіўся і знаходзіцца ў добрым настроі, узяла яго на рукі і дала смачнае пячэнніца. Пік-Пік таксама перапаў смачненькі кавалачак, і не адзін. А два генералы сядзелі ў сваіх штаб-кватэрах і чакалі разведчыкаў з данясеннямі. Разведчыкі не вярталіся, вайна не магла пачацца, рабілася сумна…
— Я так не гуляю! — пакрыўдзіўся Іллюк, выйшаў з пакоя і ўбачыў Максімку на руках у мамы.
— У, дзезерцір! — прабурчэў Іллюк, але высвятляць адносіны не было калі: цётка Надзя ўжо збіралася дадому. Хутка яны з Іллюком і пайшлі. Пік-Пік хуценька пабегла да Веранічкі, якая за гэты час паспела задрамаць:
— Прачынайся, генерал! Мы перамаглі!

ШАКАЛАДНАЕ ДРЭВА

Веранічкіна бабуля вырошчвае ў сваёй кватэры прыгожыя кветкі. А акрамя кветак на бабуліным падваконніку растуць у скрынках маленькія памідоры, агурочкі і нават лімоннае дрэўца. Бабуля часта расказвае Веранічцы, якое гэта цуда — садзіш у зямлю маленькае зернетка, а з яго вырастае цэлы куст ці нават дрэва.
А вось у Веранічкінай мамы кветкі чамусьці не растуць. I зараз прыгожая бухматая расліна звяла, і давялося яе выкінуць. На вакне застаўся напоўнены зямлёй гаршчок.
“Цікава, што туды пасадзяць? — думала мышка. —Можа, памідорнае зернетка? Ці гарбузную семачку? А калі б пасадзіць цукерку? Вядома! Калі пасеяць цукерку і старанна яе паліваць, вырасце цукерачнае дрэва! Як у Вераніччынай кніжцы намаляванае — падобнае да звычайнай елкі, а на яго галінках — і цукеркі растуць, і свечкі, і рознакаляровыя шарыкі…”
Мышка перабрала свае прыпасы. На жаль, цукеркі засталіся толькі лядзенчыкавыя, а гэта не такі ўжо смак… А вось ляжыць маленькі кавалачак шакаладкі! Цудоўна! Шакаладнае дрэва — тое, пра што марыць кожная мышка!
Пік-Пік вярнулася да гаршэчка з зямлёй, пракалупала ў ссохлай зямлі глыбокую ямінку і асцярожна апусціла туды сваю шакаладку, ні разу не ўкусіўшы. Засыпала. Верх старанна зараўняла — каб ніхто не здагадаўся, які скарб схаваны ў пустым гаршку.
Палівала Пік-Пік будучае шакаладнае дрэўца кожныя паўгадзіны. Адразу вадою, пасля — малаком: бо малочны шакалад смачнейшы. А праз дзень не вытрымала: нешта не расце дрэўца… Раскапала зямлю, паглядзець на насенне, а яго няма! Ледзь не заплакала мышка: старалася, старалася, а нехта выкапаў шакаладку і з’еў! Хто б то мог быць? Пепіта? Не, тая шакаладу не любіць. Мама? Тата? Веранічка? А можа, Максімка? Ён падрос і такі шкодны зрабіўся — паўсюль лезе, усё бярэ ды на зуб каштуе. Вось ён сядзіць на дыванку сярод пакоя і, праўда, нешта жуе…
—Аддавай маю шакаладку! — пішчыць мышка.
Максімка выплюнуў тое, што трымаў у роціку. Але гэта аказаўся вялікі сіні гузік.
—Немаведама што робіцца ў гэтай хаце, — наракала мышка. — Дзеці, бедныя, гузікі ядуць, у мышак, бедных, насенне шакаладнага дрэва крадуць… З зямлі выкопваюць!
Мышчына буркатанне пачула Веранічка, папыталася, што за бяда. Пік-Пік і расказала ўсё сваё гора. Ды лепш бы не рабіла гэтага. Пасмяялася Веранічка ды растлумачыла мышцы, што з кавалачка шакаладкі і нават цэлай цукеркі нічога не вырасце, а шакаладка ў вадзе проста растае, як снег…
—Ну чаму я яе не з’ела… — успамінала мышка сваю шакаладку і доўга круцілася ў норцы, і не магла заснуць… Адно суцяшала — Веранічка паабяцала, што цукерачнае дрэва хутка ў хаце з’явіцца, і якраз такое, як на малюнку…

ЯК МЫШКА ПІК-ПІК СУСТРАКАЛА НОВЫ ГОД

Мышка Пік-Пік чула ад Веранічкіных Мамы і Таты, што хутка настане Новы Год, і тады прыдзе Дзед Мароз з падарункамі. А ў падарунках абавязкова будуць цукерачкі. Мышка Пік-Пік была вельмі вучонай мышкай, і яна ведала, як выглядае Дзед Мароз: ён быў намаляваны на ўсіх навагодніх паштоўках, якія прыносілі ў кватэру. У Дзеда Мароза вялікая белая барада і вусы, чырвоная шапка, доўгі чырвоны кажух, у адной руцэ — доўгі кій, у другой — самае галоўнае — вялікі мех з падарункамі!
I вось аднойчы вылезла мышка з норкі і адразу адчула пах мёду. Пабегла Пік-Пік на пах і ўбачыла ў куце залы сапраўдную ёлку, з рознакаляровымі шарыкамі, абвешаную доўгімі бліскучымі ніткамі. А яшчэ на ёлцы віселі мядовыя пернікі, якія на кожны Новы Год пякла Мама. Пернікі былі вельмі прыгожыя: пеўнікі, конікі, лісічкі, зайчыкі, сэрцайкі, домікі, анёльчыкі, зоркі. А як яны пахлі мядком! Віселі даволі высока, але на ніжняй галінцы гайдаўся вельмі спакусны зайчык. Сарвала яго мышка, і тут у дзверы пазванілі.
— Пэўна, Дзед Мароз прыйшоў, — надумала Пік-Пік і хутчэй пачала кусаць пернік, каб вызваліць лапкі для падарунку.
Каля ёлкі сабралася ўся сям’я — Тата, Мама, Веранічка, котка Пепіта. Пазвалі яны і мышку Пік-Пік, але яна сядзела пад ёлкай і душылася пернікам.
Дзед Мароз быў сапраўдны — праўда, кія ў яго не было, але мех з падарункамі меўся. І чаравікі жоўтыя — зусім як у дзядькі Сяргея, артыста нейкага гумарыстычнага тэатру, які сябраваў з Татам і неаднойчы сядзеў разам з ім за бяседным сталом.
— Я да вас ішоў здалёк,
I цяжкі прынёс мяшок.
І цяпер ля ёлкі вашай
Хто мне вершыкі раскажа?— сказаў Дзед Мароз і патрос мехам.—Вось тут у мяне падарункі. Хто раскажа вершык — той і атрымае. Ну, дзе тут дзяўчынка Веранічка? Гавары мне вершык!
Але Веранічка спалохалася Дзеда Мароза, засаромелася і схавалася за Маму. Дзед Мароз па-ўсякаму яе ўгаворваў:
—Я ж не халодны, я цёплы, я гарбату гарачую піў! Падыдзі, не бойся! Няўжо цукерачак не хочаш?
Але Веранічка не адчаплялася ад мамінай спадніцы і хавала тварык.
Мышка Пік-Пік, між іншым, даела пернік і цяпер была настроена вельмі рашуча. Яна выскачыла з-пад ёлкі, стала перад Дзедам Марозам і запішчала:
Я раскажу вершык! Самы лепшы! Я паэтэса, я колькі хочаш вершаў напішу і раскажу! Аты, стары, цукеркі рыхтуй!
Гэта хто? — здзівіўся Дзед Мароз.
—Гэта наша мышка Пік-Пік! — растлумачыла Мама.
—Ну, добра, няхай хоць мыш мне нешта раскажа! — згадзіўся Дзед Мароз.
Тата прынёс з кухні зэдлік, пасадзіў на яго мышку, і яна прачытала верш:
Новы Год, Новы Год,
Цябе чакае ўвесь народ.
Ты прыходзіш к нам зімой,
I ёлка з цацкамі з табой.
І Дзед Мароз прыходзіць к нам
З падарункамі дзецям!
—Малайчына мышка! — сказаў Дзед Мароз. — адразу відаць, што гэты вершык ты напісала сама. І пра народ у цябе гэтак душэўна гучыць…Амаль як у тэлевізары па беларускім канале. — і даў ёй цэлафанавы мяшэчак з цукеркамі.
Веранічцы зрабілася крыўдна, што Пік-Пік перш за яе атрымала падарунак. Перастала Веранічка хавацца за Маму і сказала:
—А я таксама вершык ведаю!
—Ну, расказвай хутчэй! — абрадаваўся Дзед Мароз.
Веранічка таксама ўзлезла на зэдлік і пачала:
Завіруха — завірэнь
Завявала цэлы дзень.
Хоць маленькія сняжынкі,
А схавалі ўсе сцяжынкі.
Ды ўсё роўна Дзед Мароз
Падарункі нам прынёс!
—Ай да Веранічка! Добры вершык расказала! Таксама, відаць, сама сачыніла? Разумная дзяўчынка, здагадалася, што Дзеду Марозу холадна, і твой Тата павінен будзе даць яму пагрэцца…
І Дзед Мароз даў Веранічцы падарунак — прыгожую каробку з цукеркамі.
Тады пакрыўдзілася Пепіта.
—I я, між іншым, вершыкі ведаю!—і скасавурылася на Дзеда Мароза. Той развёў рукамі:
—Ну што з вамі зробіш?! Каты, мышы — усе вершы расказваюць! У вас, выпадкова, іншых жывёл няма?
—Ёсць, рыбкі! — сказала Веранічка.
Што-о? — спалохаўся Дзед Мароз.
Не бойцеся, яны цукерак не ядуць, — супакоіла яго Пепіта і ускочыла на табурэт.– А я прачытаю вам сапраўдную паэзію! Пра зіму і пра высокае каханне!
Белы снег, сіні лёд,
горды кот па дарозе імчыцца.
Поўсць ягоная,
быццам пад поўняю снег, серабрыцца.
Горды кот, ён самотны,
і ён не баіцца нікога.
Ён ваўка задзярэ,
і да котачкі знойдзе дарогу.
Пепіта сціпла склала лапкі і пазірала ў столь, чакаючы воплескаў захопленых слухачоў.
—А чаму ў тваім вершы нічога няма пра Новы Год? — запытаўся Дзед Мароз.
— Які Новы Год? — абурылася Пепіта.— Гэта высокае каханне! Рамантычны герой!
— Ну, добра, добра, — згадзіўся Дзед Мароз. — На і табе падарунак!
— А Тата і Мама без падарункаў засталіся! — закрычала Веранічка.
— Папярэджваю, цукерак у мяне больш няма! — усклікнуў Дзед Мароз.
— Ах, што вы! — сказала Мама. — Мы з Татам дарослыя, нам цукерак не трэба!
— Чаму ж гэта?! — запярэчыў Тата. — А я б з задавальненнем з’еў цукерачку! Ці ўвогуле што-небудзь смачненькае!
Дзед Мароз уздыхнуў, але палез у свой мех, пакорпаўся ў ім і сказаў:
—Ну, добра, можаце і вы расказваць!
Мама зрабіла крок наперад, адкашлялася і прачытала:
— Цыганкай злой гуляе замець
Па чорным горадзе маім.
Такая ноч – што толькі плакаць.
Было, было, сплыло, як дым…
— Ой! Божухна! Толькі не гэта! —Дзед Мароз замахаў рукамі. — Толькі давайце не будзем псаваць дзецям свята! Пасля такіх вершаў мне проста неабходна добра пагрэцца…– зірнуў дакорліва на Тату і ўручыў Маме апельсін.
— Цяпер я! — закрычаў Тата. — Я гэтых вершаў столькі напісаў, што магу да наступнага Новага Года расказваць! Зараз, толькі ўспомню!..
Дзед Мароз трохі занерваваўся, але прамаўчаў. Тата пахадзіў туды-сюды перад ёлкай, пацёр лоб і расказаў:
— Дзед Мароз прыйшоў да ёлкі,
На той ёлцы дзве іголкі!
— Не, няправільна — хорам закрычалі ўсе.
— Ну, добра, зараз успомню дакладна:
Дзед Мароз прыйшоў да ёлкі
I злавіў на ёй тры пчолкі!
—Не, зноў няправільна!
—Ну што вам ўсё не падабаецца?! —абурыўся Тата. У мяне цудоўная памяць. Зараз усё ўспомню!
Дзед Мароз прыйшоў да ёлкі
I залётаў як анёлкі!
—Усё, хопіць! — не вытрымаў Дзед Мароз у жоўтых чаравіках. — Трымай свой падарунак! — і даў Тату яблык. — А я, між іншым, так змерз, а мне ўсё яшчэ пагрэцца не далі…
Пасля гэтага Тата паклікаў Дзеда Мароза на кухню грэцца. Невядома, як гэта адбывалася, мусіць, госця пасадзілі на гарачую пліту, але з кухні Дзед Мароз выйшаў вясёлы і расчырванелы. Тады ўсе яшчэ доўга хадзілі карагодам вакол ёлкі і спявалі. Дзед Мароз з Татам час ад часу кіраваліся на кухню, яшчэ грэцца, а пасля спявалі гучней за ўсіх.
А мышка Пік-Пік не магла спяваць, бо рот ў яе быў увесь час забіты цукеркамі.

МЫШКА ПІК-ПІК НА СЦЭНЕ

Мама павяла Веранічку ў тэатр на спектакль “Тры парсючкі”. Мышка Пік-Пік, якая ніколі ў тэатры не была і спадзявалася, што там смачна кормяць, залезла ў Веранічкіну сумачку і такім чынам адправілася ў тэатр таксама. Мышка добрасумленна праспала ўсё прадстаўленне. Але час ад часу ўсё-ткі прачыналася. А пад канец спектакля нават адплюшчыла абодва вокі. Уразіла мышку, як дзядзькі і цёткі ў масках парсюкоў ды ваўкоў выходзілі на край сцэны, павольна і прыгожа кланяліся, а ўсе гледачы пляскалі ім у ладкі, дарылі кветкі і крычалі нешта незразумелае, але, відаць, вельмі прыемнае. I вось па вяртанні дадому задумалася мышка. Жыццё ў яе шэрае, мышынае, ніхто не пляскае ёй у ладкі, кветкі не дорыць, ды што там! Калі такое было, как усе, не адводзячы вачэй, глядзелі толькі на яе, Пік-Пік, і лавілі кожнае яе слова…
I спакусілася мышка тэатральнай славай, і задумала зладзіць спектакль у хатніх умовах і сыграць у ім галоўную ролю…
Пепіта актрысай быць не хацела. Ледзь угаварыла яе мышка.
—Будзем ставіць “Трох парсючкоў”! — (гэта ж быў
адзіны спектакль, які мышка ведала). — Рыхтуйся!
Угаварыла мышка і Веранічку, пабегла дамаўляцца да Максімкі. Максімка па маладосці год (дакладней, свайго аднаго годзіка) быў згодны на ўсё. Нарэшце будучыя акцёры сабраліся на адной канапе.
— А хто каго будзе іграць? — пацікавілася практычная Пепіта.
— Ну, — важна загаварыла мышка, — Я сыграю парсючка Наф-Нафа, які пабудаваў каменны дом. А ты, Пепіта, будзеш парсючком Нуф-Нуфам…
— Фі…— сказала Пепіта, — Парсюком! Я — высакародная кошка, і свіннёй ніколі не буду!
— Добра, добра… Тады парсючком Нуф-Нуфам будзе Максімка, парсючком Ніф-Ніфам — Веранічка, а ты, Пепіта, сыграеш ваўка!
— Яшчэ чаго! — абурылася Пепіта. — Як самую горшую ролю, дык мне! Сама ваўка іграй!
— Я не магу ваўка іграць,— надзьмулася мышка. — Я ваш галоўны рэжысёр. Няхай Веранічка ваўка сыграе!
— Не хачу! — пакрыўдзілася Веранічка. — Я дзяўчынка! Гэта роля для мяне непрыстойная!
— Максімка, будзеш ваўком? — у адчаі звярнулася Пік-Пік да апошняга кандыдата. — Будзеш бегаць за ўсімі і лавіць… Вось так: у — у — у!
Мышка паказала Максімку, як мусіць паводзіць сябе воўк, і Максімку спадабалася. Ён сказаў “у-у-у!” і пачаў зараз жа ганяцца за Пік-Пік. Ледзь яго спынілі. Дык каго ж збіраецца іграць Пепіта?
— Прынцэсу…— сціпла адказала Пепіта.— Або каралеву. Кашэчую.
— I я хачу прынцэсу! — заявіла Веранічка.
— Але ў нашым спектаклі няма ніякіх прынцэс! — пачала злавацца мышка. — У нас тры парсючкі!
— Ну вось і іграй сама сваіх парсючкоў,— вільнула хвастом Пепіта. Веранічка пайшла да сваіх лялек, а Максімка яшчэ доўга бегаў за Пік-Пік і хапаў яе за хвосцік.
Так з-за інтрыг і неразумення загінуў яшчэ адзін шматабяцаючы тэатр.

МЫШКА ПІК-ПІК РОБІЦЬ ФРЫЗУРУ

У мышкі Пік-Пік заўсёды мноства праблемаў.
Калі іх няма, дык яна іх сама знаходзіць.
Вось цяпер — надыйшла вясна, сонейка прыгравае. А мышка засмучоная. Хочацца ж і ёй сустрэць вясну-красну не абы-як. I Мама сабе прычоску пышную зрабіла ў цырульні, і Тату падстрыгла, Веранічка пачала коскі, што за зіму адраслі, заплятаць… Нават на Пепіце поўсць болыл пышная зрабілася. Круцілася Пік-Пік перад люстэркам, круцілася, разглядаючы сябе з усіх бакоў: як ёсць шэрасць непаглядная! Неадкладна трэба рабіць новую прычоску!
Пепіта мышку расчаравала: цырульні для мышэй няма. Вось гора… Давядзецца самой старацца… Завіўку б зрабіць — ды поўсць караценькая… Падстрыгчы — таксама не атрымаецца… Хіба што налыса… А вось пафарбавацца можна! I ў тэлевізары рэкламу паказваюць — як была цётка нефарбаваная, ніхто і ўвагі на яе не звяртаў. А як пафарбавалася — і дзядзька на “Мерседэсе” з’явіўся, і кветкі падарыў… Заплюшчвае мышка вочы і ўяўляе: вось яна з пафарбаванай поўстачкай выходзіць з норкі, а яе ўжо чакае Мікі Маўс з марожаным.
На кухні ў Мамы стаяла каструля з запараным шалупіннем ад цыбулі — нядаўна там фарбаваліся велікодныя яйкі. Пік-Пік дачакалася, калі ўсе ў кватэры заснуць, пабегла на кухню і сунула галаву ў цёмны адвар…
Раніцай Пік-Пік пашыбавала дэманстраваць сваю прыгажосць.
— Максімка! Зірні на нашу Пік-Пік! — закрычала Веранічка. — У яе ўся галава разбітая! Яна памірае! Трымай, трэба зрабіць перавязку!
Максімка заўсёды быў гатовы каго-небудзь лавіць. Бедная мышка, не разумеючы, чаму такі пярэпалах, кінулася ўцякаць. Але шкадлівыя дзеці загналі яе ў кут…
— Бедная мая мышка! — прыгаворвала Веранічка. — Ты, пэўна, у шоку, калі так уцякаеш! Што з табой здарылася? Хто табе галаву разбіў?
Мышка не адказвала, верашчала і выкручвалася, тым больш што Максімка тузаў яе за хвост. Веранічка з мышкай на руках пабегла да Мамы — раіцца, што рабіць: у небаракі акрываўленая галава, хіба што “хуткую дапамогу” выклікаць?
Ледзь-ледзь удалося мышцы растлумачыць, што гэта яе новая пафарбаваная фрызура… Але захаплення модніца так і не дачакалася. Толькі што Веранічка ўзрадавана зазначыла, што цяпер яны з Максімкам змогуць кожны дзень гуляць у бальніцу, дзе мышка з чырвонай галавой будзе пастаянным пацыентам…
Пік-Пік палічыла за лепшае схавацца ў норку. Яна сядзела там і дзьмулася, бо нарэшце ўсвядоміла, што хаця пафарбавалася хутка, змыць тую фарбу ўдасца зусім не адразу…

МЫШКА ПІК-ПІК ЯК НАВУКОВАЕ АДКРЫЦЦЁ

У хуткім часе пасля таго, як мышка пафарбавала поўстачку адварам шалупіння цыбулі, у госці да Верані-кінай і Максімкінай Мамы прыйшла госця, якой мышка страшэнна баялася. Гэта была цётка Ірына, біёлаг. Цётка Ірына працавала ў Акадэміі навук і займалася тым, што ставіла ў палях і лясах пасткі на мышэй, пасля збірала сваю здабычу, адносіла ў месца са злавеснай назвай “лаба-раторыя” і разам з хаўрусам гэткіх жа бязлітасных асобаў “вывучала”. Пік-Пік вельмі баялася, што цётка Ірына захоча “вывучаць” і яе. Таму заўсёды ў часы цётчынага гасцявання хавалася ў норку.
Але на гэты раз Мама спякла для цёткі смачны торцік, і пах ад пачастунку разыходзіўся па ўсёй хаце. Цярпела Пік-Пік, цярпела, а пасля падумала: “Цётка ўвесь торцік з’есць! Я павінна ад імя ўсяго мышынага племя не дапусціць гэтага!”
I мышка папаўзла ў залу. Ёй удалося непрыкметна прабрацца пад канапу, на якой сядзелі цётка і Мама, і нават ускараскацца на столік з торцікам. I нават адкусіць кавалачак… I яшчэ… I яшчэ… I згубіла мышка пільнасць.
Цётка Іра закрычала немым голасам:
— Трымайце! Лавіце! — і паспрабавала накінуць на мышку свой шалік. Пік-Пік плітанула ў норку і сядзела там, дрыжучы ад страху. А цётка поўзала па пакоі, зазіраючы пад мэблю, і ўзбуджана прыгаворвала:
— Гэта ж трэба! Проста на стале ўбачыць прадстаўніцу новай, невядомай разнавіднасці мышэй! Я назаву гэтую разнавіднасць “мыш чырвонагаловая тоўстая”, і напішу пра яе дысертацыю, і мне прыбавяць зарплату… Эх, толькі б знайсці, дзе яе норка! Там мусяць быць яшчэ такія мышы! Каб толькі мяне ніхто не апярэдзіў!
I цётка Ірка поўзала па хаце, а Мама спрабавала ёй растлумачыць, што гэта ніякая не “разнавіднасць”, а звычайная шэрая мыш, якая зрабіла сабе прычоску з дапамогай адвару шалупіння цыбулі, а тоўстая яна таму, што любіць есць торцікі…
Нарэшце цётка Іра ўзнялася з падлогі.
—Я не магу даць веры таму, што ты гаворыш, —
холадна прагаварыла навукоўка. — Пакуль не даследую тае з’явы, нікуды не пайду! Мы не маем права хаваць ад навукі новыя факты! А што, калі гэта мутацыя ад радыяцыі ці яшчэ нейкая хвароба?
Мама напалохалася, кінулася да мышкінай норкі і паўгадзіны ўгаворвала мышку выйсці. Нарэшце няшчасная Пік-Пік вылезла. Мама ўзяла яе на рукі і паднесла да цётчынага носу. Цётка Іра перамацала мышку, як магла, нават зазірнула пад хвост, нарэшце панюхала чырвоную галаву… Пахла цыбуляй, як велікоднае яйка.
—Звычайная мыш… Я такіх кожны дзень у лабараторыі сваёй бачу…— з крыўдай зазначыла цётка. Мама выпусціла Пік-Пік, і тая вярнулася ў норку.
Цётка Іра хутка пайшла. А мышка была суцешаная хіба адным — за тое, што наважылася аддацца “даследванню”, атрымала ад Мамы абяцаны кавалак торціка, арэх, цукерку і абгортку аж жуйкі з Мікі-Маўсам…

МЫШКА ПІК-ПІК ЗАЙМАЕЦЦА БІЗНЕСАМ

Любіла мышка Пік-Пік пачытаць перад сном газеты. Апошнім часам найбольш цікавілі яе рэкламныя аб’явы. У кожнай газеце друкавалі іх вельмі шмат, часам на цэлую старонку. I якія смачныя рэчы там прапаноўвалі! Шакаладкі, цукеркі, салодкія напоі з імпартовымі таямнічымі назвамі! Цудоўны тавар куплялі, прадавалі, абменьвалі… Мяркуючы па колькасці аб’яў, займаліся гэтым у кожнай прыстойнай сям’і. “Толькі мае гаспадары нічога ў бізнесе не кемяць! — дзьмулася мышка. — Сядзяць на адных “ганарарах”, галадаюць. Не, трэба, каб у кватэры знайшлася хоць адна разумная дзелавая істота!”
I мышка вырашыла заняцца бізнесам. Галоўнай мэтай мышчынага прадпрыймальніцтва мусіла быць як мага большая колькасць імпартовых шакаладак. Але як яе дасягнуць? Першапачатковага капіталу мышка не мела, кажучы прасцей — грошай у Пік-Пік не было. Заставалася адно — абмен! Але што магла Пік-Пік прапанаваць у абмен? На што маглі б паквапіцца будучыя дзелавыя партнёры?
Мышка аббегла кватэру, але ўсе рэчы былі або вельмі патрэбныя сям’і, або надта ўжо непрыглядныя. Перачытала мышка ўважліва ўсе рэкламныя аб’явы і заўважыла, што побач з тэлевізарамі, дыванамі і парфумай у абменных аб’явах сустракаюцца пародзістыя шчанюкі і кацяняты. “А ў нас ёсць дарослая пародзістая кошка! — узрадавалася Пік-Пік. — Пепіта, напэўна, каштуе не менш, чым скрыня шакаладак! I да таго ж гэтая котка — самая лішняя рэч у хаце. Якая ад яе карысць? Валяецца на канапе, чытае ды жарэ. Мне ж удзячныя гаспадары будуць!”
I мышка ўзяла Веранічкіны алоўкі і аркуш паперы і напісала аб’яву: “Мяняецца вельмі прыгожая і вельмі пародзістая кошка на каробку шакаладак”. Унізе Пік-Пік не забылася пазначыць адрас і пачапіла аб’яву ў двары на слупе. Аб’ява вісела нізкавата, але жадаючы ўсё-ткі мог яе прачытаць.
Вечарам у дзверы пазванілі. Мама пайшла адчыняць, і Пепіта з цікавасці рушыла за ёй. На лесвічнай пляцоўцы стаяла тоўстая цётка ў белых штанах і яркай стракатай кашулі. Цётка трымала ў руках невялікую каробку. Пабачыўшы Пепіту, незнаёмка завохкала ад захаплення:
— Ай — яй, якая цудоўная кошка! Вырашана, я яе бяру! Трымайце вашы шакаладкі!
— Чаму гэта вы будзеце забіраць нашу кошку? — абурылася Мама. — I не трэба нам ніякіх шакаладак!
Цётка доўга тлумачыла Маме прычыну свайго візіту, нарэшце раззлавалася і пайшла. Але тут жа ў дзверы пазванілі зноў — на гэты раз дзядзька ў цёмных акулярах з каробкай паболей і папрыгажэй. Мама паклікала Тату, і на гэты раз удалося разабрацца, што прычына наплыву гасцей — аб’ява на слупе.
— Значыць, я тут лішняя?! — са слязьмі прагаварыла Пепіта. — Добра, я не буду казаць пра гуманнасць і элементарную прыстойнасць. Можаце мяне прадаць, абмяняць, здаць на мясакамбінат…
Мама, Тата і Веранічка пачалі запэўніваць Пепіту, што не пісалі тае аб’явы, і нагаварылі столькі добрых слоў абражанай кошцы, што яна нарэшце супакоілася.
—Але хто ўсё-ткі зрабіў такую подлую справу?
Усе пераглянуліся між сабою і моўчкі пайшлі да норкі мышкі Пік-Пік.
—Выходзь, мыш! — строга сказаў Тата. — Я абмяняў цябе на новую машынку-друкарку. Цябе забірае Акадэмія навук для доследаў. Збірайся, паслужы нарэшце чалавецтву!
Але з норкі ніхто не паказваўся. Мышка залезла ў Татаву пантофлю, якую выкарыстоўвала ў якасці канапы, і трэслася ад жаху.
Ноччу Пік-Пік пабегла на двор і зняла сваю аб’яву. I яшчэ некалькі дзён не паказвалася нікому на вочы… Яна зразумела, што сяброў ні на што не абменьваюць, што яны і ёсць самая найвялікшая каштоўнасць.

МЫШКА ПІК-ПІК ЕДЗЕ Ў ВЁСКУ

Бабуля і дзядуля Веранічкі і Максімкі жывуць у вёсцы. Тата часта прывозіць адтуль розныя прысмакі — яблычкі, арэшкі, семачкі, ну і, вядома, сала, каўбаску і яйкі.
Мышка Пік-Пік ні разу ў вёсцы не была. Але гэта несумненна было месца, куды варта наведацца. У Веранічкіным “Буквары” шмат расказвалася пра вёску і яе жыхароў. І аднойчы мышка падрыхтавала пяць пустых мяшэчкаў, пяць шнурочкаў, каб мяшэчкі завязваць, калі яны не будуць пустыя, і адну вялікую стракатую торбу. І раніцай пабегла на аўтобусны прыпынак.
Аўтобусы спыняліся часта. Але на якім заехаць у вёску? Смярдзела гарачым асфальтам і бензінам. Калі ж пад’ехаў маленькі стары аўтобусік, у які пачалі заходзіць людзі з вялікімі клункамі, кошыкамі і вёдрамі, мышка ўчула пах хлеба і малака. Менавіта так пахлі Татавы сумкі, калі ён вяртаўся з вёскі.
І мышка ўскочыла ў аўтобус, схавалася пад апошнюю лаўку і заснула.
Прачнулася Пік-Пік ад таго, што нехта моцна бразнуў вядром. Аўтобус больш не ехаў, пасажыры выходзілі з яго… Выскачыла і мышка.
Сапраўдная вёска, як на малюнку ў “Буквары”! Драўляныя дамкі, зялёная траўка… А вунь, на бліжэйшым двары, свінка! А свіння — гэта ж сала!
І мышка скіравалася туды.
Свіння аказалася вялікай і надзіва бруднай. Мышка патрэсла перад ёй пустым мяшэчкам.
— Ну, давай сала! Я — знакамітая мышка Пік-Пік! З горада прыехала!
Але свіння не слухала мышку, а ўсё поркалася ружовым лычом у брудзе, і ледзь не зачапіла госцю з горада.
“Фу, ну і непрыемная асоба, — вырашыла мышка. — І сала ў яе, відаць, такое ж бруднае, як яна сама. Цікава, дзе на яго трымае?”
Побач нехта гучна замыкаў…
“Карова! — узрадвалася мышка .– Я разумная, ведаю, што карова дае малачко, смятанку і тваражок!”
У маленькім драўляным дамку без вокнаў сапраўды стаяла карова. Але такая вялізная, чорная, з такімі вострымі рогамі, што Пік-Пік спалохалася… Усё-ткі наважылася, падыйшла і запішчэла:
— Прывітанне, карова! Я — мышка Пік-Пік з горада. Прыехала па малачко. І масла давай! І смятанку! Лепш у слоіках. А яшчэ сырочкаў… У шакаладзе…
Карова выявілася неадукаванай вясковай жывёлінай. Яна не звярнула ніякай увагі на маленькую гараджанку і ледзь не затаптала яе цяжкім брудным капытом.
Выскачыла Пік-Пік на двор. А там куры ходзяць, нешта дзяўбуць. “Хоць яйкамі разжывуся”,– падумала мышка.
— А ну, яйкі давайце! Яйкі, кажу, давайце!
Але куры таксама былі негасціннымі. А доўгалыгі певень як закукарэкае проста над мышкай, як пагоніцца за ёю!
У пошуках ратунку пралезла небарака мышка паміж нейкімі штыкецінамі… Аддыхалася, агледзелася… Агарод! Вось памідорчыкі, вось гарох, а там парэчкі чырванеюць! Ну, нарэшце… Давай мышка пакаваць свае мяшэчкі. У адзін — чырвоныя парэчкі, у другі — чорныя, у трэці — агрэст, у чацвёрты — гарох… А ў вялікую стракатую торбу — памідоры.
І тут на граду скочыў здаровы вясковы кот з жоўтымі бязлітаснымі вачыма.
Уцякае мышка. Ляціць, пад пахамі — мяшэчкі, у зубах — торбачка… Добра, што аўтобус яшчэ стаяў на прыпынку і рыхтаваўся ехаць назад, у горад. Схавалася мышка са сваёй здабычай пад лаўку ды заснула ад стомы. А калі прачнулася, за вакном мільгалі знаёмыя высокія дамы.
І ноччу мышка Пік-Пік не выйшла на звычайнае паляванне па цукерачкі. Сядзела ў сваёй норцы і ласавалася вясковымі прысмакамі.
Але вырашыла, што больш у гэтую небяспечную вёску не паедзе ніколі.

Вокладка кнігі “Прыгоды мышкі Пік-Пік”, Беласток,2007.Мастак Вераніка Шніп

МЫШКА ПІК-ПІК І ПАПУГАЙЧЫК

Аднойчы прачнулася мышка Пік-Пік ад таго, што нехта стукаў у сценку.
— Што за нахабства! — абурылася мышка.– Зараз разбяруся, хто гэта шуміць сярод ночы!
Шчылін у падлозе хапала, і хутка мышка перабралася ў суседскі пакой. У клетцы на сцяне сядзела прыгожая вялікая птушка, вельмі стракатая, з моцнай крывой дзюбай. Птушка з зайздроснай энергіяй дзюбала ў сцяну.
— Нашто стукаеш? — падала голас мышка.
Птушка перастала дзяўбсці, прыгледзелася і расчаравана сказала:
–О, гэта ўсяго толькі мыш… А я спадзяваўся, што адгукнецца якая-небудзь разумная істота…
Ад такіх зняважлівых слоў мышка ледзь стрымала абурэнне. Гэта яна — не разумная?!!
— А ты сам хто такі?
— Я — рэдкая птушка папугай. Я вялікія грошы каштую. — і папугай задумліва ўзяў лапкай круглую шакаладную цукерку і неахвотна з’еў. –Гаспадары на лецішчы начаваць засталіся. А мне суразмоўцы трэба. Я адзін не прывучаны…— і другую цукерку — дзёўб!
Калі мышка ўбачыла, што папугай есць шакаладныя цукеркі, ды яшчэ без ахвоты, адразу палагаднела.
— Шаноўны папугай, я вельмі рада з табой пазнаёміцца. Я сама люблю пагаварыць з разумнымі істотамі. Між іншым, мае гаспадары — паэты.
— І чым жа яны цябе кормяць? — папытаўся папугай і ўзяўся за наступную цукерку. Мышка аблізнулася і пачала выдумляць.
— У нас процьма ўсякіх цукерак, арэхі ў шакаладзе, а бананы і ананасы проста не ведаем, куды падзець.
— Няўжо твае цукеркі смачнейшыя за мае? — зацікавіўся папугай.
— Ты такіх ніколі не еў! — запэўніла мышка. — Вось… Калі хочаш… дай мне зараз тваіх цукерак, а заўтра прылятай да мяне…У суседнюю кватэру. І еш мае цукеркі, колькі хочаш,– а сама між тым думае: “Усё роўна ён з клеткі не выберацца…”
Папугай павагаўся і скінуў для госці дзве цукерачкі. Пік-Пік схапіла іх і ўцякла дадому. Цукеркі аказаліся надта смачнымі. Мышка з’ела іх і спакойна заснула, і забылася пра новага знаёмага.
Але назаўтра ў фортку нехта пастукаў.
–Мама,– закрычала Веранічка. — Да нас папугай прыляцеў! Хутчэй адчыні!
Мышка схавалася ў норку. А папугай сеў на стол і закрычаў:
— Цукер-ркі! Цукер-ркі! А-на-на-сы!
Мама і Веранічка здзівіліся.
— Ён, напэўна, згубіўся, — сказала Мама. –Даўно не еў.
І прынесла з кухні цукерак і яблык.
— Што? — закрычаў папугай. –Каб я еў нейкія карамелькі? Арэхі ў шакаладзе давайце!
— Адкуль мы табе возьмем арэхі ў шакаладзе?– зазлавала Мама. — Еш тое, што і мы ямо!
— Падман!– залямантаваў папугай. — Дурная шэрая мыш падманула такую разумную істоту, як я! –і пачаў сварыцца і трашчаць крывой дзюбай. — Галякі! Жабрацтва!
Мышка Пік-Пік ледзь не плакала ад сораму. На шчасце, у дзверы пазванілі.
— Ці не залятаў да вас наш папугай? — пачуўся ў калідоры голас суседкі.
— Я тут! Я тут! — азваўся папугай і кінуўся да сваёй гаспадыні.
І больш мышка ніколі з ім не сустракалася. Нават стуку ў сценку не чула.

ВАЙНА З ЛЯЛЬКАМІ

Сумна было мышцы. Веранічка малюе, гуляць з ёй не хоча. Максімка спіць. Ну што будзеш рабіць з малечай! Тата за газету схаваўся — не дагукаешся. Мама есці гатуе, верш піша і адначасна посуд мые. Якія ўжо тут гульні…
Ніхто не хоча бавіцца з беднай мышкай… Хацела тая ўжо схавацца ў норку. А па падлозе ў дзіцячым пакоі Веранічкіны лялькі параскіданы.
“Дык я магу з лялькамі пагуляцца!” — узрадвалася мышка. Вунь як Веранічка з імі добра час праводзіць – і размаўляе, і вучыць, і лечыць, часам на часткі разбірае… А яны ўсё церпяць. Самая добрая сябрына!” І давай мышка цягаць гэтых цярплівых сябровак да сябе ў норку. Зацягнула, якіх змагла, рассадзіла — ледзь павярнуцца ў норцы.
— Ну, госці дарагія, — кажа Пік-Пік, — у што пагуляем? У дом? У школу? У цырульню?
А лялькі маўчаць, толькі глядзяць на мышку круглымі немігучымі вачыма.
— Можа, вы есці хочаце? — запыталася мышка. Хаця адказу зноў не было, Пік-Пік прыцягнула з дальняга кута сваёй норкі лепшых цукерак. Але лялькі ўпарта не елі.
— Ды што ж гэта такое! — абурылася мышка. — Ні слова ад вас удзячнасці! Ні дзякуй, ні добры дзень! Ідзіце адсюль, калі не жадаеце гуляць!
І Пік-Пік пацягнула самую вялікую ляльку да выхаду з норкі. Але лялька зашчымілася – вядома, рукі і ногі тырчаць ва ўсе бакі. Як мышка не напіналася, не магла скрануць яе з месца.
— Ах, так! — абурылася мышка. — Ты яшчэ і выходзіць не хочаш! Ну, вось я табе…– і ўкусіла ляльку за пластмасавую нагу.
Але гэта не дапамагло. Толькі зуб у назе той зашчыміўся – ледзь дастала. Мышка азірнулася. З усіх бакоў на яе глядзелі пустыя бліскучыя вочы, нягнуткія рукі цягнуліся наперад, нафарбаваныя вусны ўсміхаліся… Пік-Пік стала страшна. Яна прапішчэла як мага больш грозна:
— Прэч адсюль! А то ўсіх пазагрызаю, вочы падастаю і валасы павыдзіраю!
Але лялькі, відаць, зразумелі, што баяцца ім няма чаго. І нават не скрануліся з месца. Чым болей Пік-Пік углядалася у гасцей, тым болей ёй здавалася, што заўважае нейкія рухі. Вунь тая лялька з чорнымі кудламі і крывым вокам дакладна падсунулася бліжэй, калі мышка на яе не глядзела.
А раптам яны хочуць таксама ператварыць яе ў ляльку? У мехавую цацку з гузікамі замест вачэй? І ніхто, ніколі не здагадаецца, што за гэтымі шклянымі гузікамі-вачыма столькі жывой пакуты! Мышка заплючшыла ў жаху свае пакуль сапраўдныя вочы і заверашчала.
І тут пачуўся голас Веранічкі:
— Дзе мае лялькі? Хто іх узяў?
Пік-Пік разгубілася: пазваць на дапамогу Веранічку — будзе лаяцца, што мышка пабрала без дазволу яе цацкі. Прамаўчаць – невядома, чым гэтая прыгода скончыцца.
Між тым Веранічка зазірнула пад шафу і пабачыла… ляльчыну нагу, якая высоўвалася з норкі. Веранічка пацягнула ляльку да сябе… І лялька вылецела з-пад шафы. А за ёй пачалі ўжо самі вылятаць іншыя.
Вызваліўшы норку, Пік-Пік крыкнула Веранічцы:
— Замкні свае лялькі ў шафу!
— Чаму? — здзівілася Веранічка.
— Таму што яны зноў маю норку захопяць, — адказала Пік-Пік і загарадзіла ўваход у сваё жытло кніжкай у цвёрдай вокладцы.

МЫШКА Ў КОСМАСЕ

Аднойчы мышка Пік-Пік разам з Веранічкай і Максімкам глядзела па тэлевізары мультфільм пра сабачку Рэкса. Рэкс скраў ракету і паляцеў на ёй у космас, дзе знайшоў планету сабак.
“Напэўна, недзе ёсць і планета мышак, — задумалася Пік-Пік. – Цікава, як яны жывуць, што ядуць? Вось бы пакаштаваць…”
І Пік-Пік пабегла да Таты пытацца, як пабудаваць ракету. На жаль, Тата не надта пра гэта ведаў, але не мог жа ён у гэтым прызнацца! І вельмі важна патлумачыў мышцы, што ракета робіцца з трох ці чатырох частак. У верхняй сядзіць касманаўт, а ў ніжніх частках – паліва, якое можа выбухнуць. Падпальваюць змесціва ніжняй часткі, гучыць выбух, і ракета ўзлятае. Тады падпальваюць другую частку, зноў выбух – і ракета выходзіць з зямной атмасферы і ляціць ужо ў космасе.
— Дык гэта ж вельмі проста! – узрадвалася мышка.
— Ты так лічыш? – збянтэжыўся Тата і зноў схаваўся за газету. А мышка пабегла будаваць ракету. Тры пустыя бляшанкі з-пад нейкага белага салодкага парашку, якім кармілі малога Максімку, якраз прыдаліся. Прывалакла мышка гэтыя бляшанкі на балкон і задумалася: дзе ж узяць паліва для выбухаў? Адзінае, што можа загарацца, гэта… запалкі! І мышка прынесла з кухні цэлую каробку запалак і высыпала іх у адну бляшанку. А далей як? Памочнік трэба! І мышка паклікала Веранічку. Веранічка дапамагла саставіць бляшанкі ў “ракету”. У верхнюю, пустую пасадзіла “касманаўта”, унізе стаяла бляшанка з “палівам”… Мышка пачала лічыць так, як гэта рабілі у фільмах. Праўда, з парадкам лічбаў у мышкі быў непарадак.
— Дзесяць… Восем… Сем… Не, здаецца, дзевяць прапусціла…Восем… Восем ужо было… Шэсць… чатыры… пяць… два… тры… адзін… Запальвай!
І Веранічка чыркнула запалкай і ўкінула агеньчык у ніжнюю бляшанку. Мышка прылягла на дно сваёй “кабіны” і заплюшчыла вочы. Унізе нешта ціхенька ўзрывалася, шыпела… Шчасце мышкіна, што паміж палівам і яе “кабінай” была пустая бляшанка, так што “падлога” толькі трохі нагрэлася.
Нейкая запалка асабліва моцна зашыпела…
— Паляцелі…– задаволена падумала мышка.
Між тым Веранічка чакала, пакуль “ракета” ўзляціць, як абяцала Пік-Пік. Але “паліва” дагарала, а бляшанкі заставаліся на месцы. Мышка таксама не адзывалася. Ды яшчэ Мама есці паклікала… Веранічка і пабегла, і зусім забылася на “касмічны праект”. А мышка, прыгрэўшыся, праз драмоту адзначала: “Так, выйшлі за межы зямной атмасферы… Ляцім у адкрытым космасе… Наступае перыяд бязважкасці…”
Выспаўшыся, Пік-Пік расплюшчыла вочы і адразу зразумела, што ракета прызямлілася… На якую ж планету? Пік-Пік скінула з бляшанкі накрыўку і высунулася вонкі: было цёмна, ззялі зоры і свяціліся вокны суседніх дамоў…
“Зусім, як у нас”,– падумала мышка і паспрабавала вылезці. Ракета пры гэтым перакулілася, яе часткі са страшэнным грукатам пакаціліся. Дзверы балкона прыадчыніліся, і паказалася сонная пыска коткі Пепіты:
— Што тут робіцца? Што за грукат?
— Ай! – закрычала мышка. – У маіх разліках – памылка! Я трапіла не на планету мышак, а на планету котак! Ратуйце!
І Пік-Пік адчайна кінулася ў прыадчынены дзверы, адпіхнуўшы здзіўленую Пепіту. Ножкі самі па сабе прынеслі Пік-Пік у Веранічкін пакойчык, пад шафу, у норку…
“Вось дзіва!”—думала мышка.—І тут ёсць норка, падобная да маёй, і тут, напэўна, жыве нейкая мышка… Пахне смачна, хаця вельмі насмечана… Як можна жыць у такім брудзе? Фу! А, дарэчы, ці ёсць тут прыпасы? Калі б тут жыла я, то схавала б усё вунь у тым куце…”
Пік-Пік палезла ў дальні кут норкі і знайшла прыхаваныя іншапланетнай мышкай цукерачкі, арэшкі, кавалачкі печыва… Не сваё – не шкода! Урэшце, гаспадыня гэтай норкі павінна разумець, што для гасцей з іншай планеты нічога не шкада. І Пік-Пік падчысціла ўсе прыпасы мясцовай мышкі і заснула…
Пабудзіла мышку Веранічка – хацела даведацца, чым скончыўся касмічны палёт.
А што адчула Пік-Пік, калі зразумела, што з’ела ўласныя прыпасы, можна толькі ўявіць…

МЫШКА ПІК-ПІК ЕСЦЬ АРЭШКІ

Паехалі Мама, Тата і Веранічка з Максімам у вёску. Пепіта засталася пільнаваць хату, а мышка Пік-Пік заставацца не захацела. Яна ж была ў вёсцы, ведала, сколькі там усяго смачнага! Давялося браць ласуху з сабою. З умовай — каб ціха сядзела ў Веранічкіным чырвоным заплечніку і не паказвалася на вочы бабе з дзедам, якія ў вёсцы жывуць і мышэй не любяць.
У вёсцы Пік-Пік хутка асвойталася. У заплечніку асабліва не сядзела. Хаця прыехалі ўсяго на адзін дзень, мышка аблазіла ўсё, што магла, пакаштавала ўсё, што ўнюхала. А перад тым, як вяртацца, Тата прапанаваў схадзіць у лес. Мышка трохі баялася ваўкоў, але ў лесе аказалася таксама вельмі цікава: ягады, грыбочкі, кветачкі — і ўсё бясплатна! А тут яшчэ Тата заўважыў:
— Глядзіце, арэшнік! На гэтым кусце павінны расці арэхі!
Мышка Пік-Пік вельмі ўзрадвалася, бо арэшкі любіла не менш за цукеркі. Яна адразу пачала скакаць вакол куста і шукаць арэхаў. Але ніводнага не пабачыла.
— Шкада, але арэхаў яшчэ няма, — патлумачыў Тата. — Не шукай дарэмна. Папазней з’явяцца.
Але Пік-Пік не здавалася , і ўрэшце ў траве пад кустом патрапіла на арэшак — цёмна-брунатны, кругленькі. А каля яго яшчэ некалькі. Пік-Пік хуценька, каб ніхто не заўважыў, падабрала арэшкі і запхнула за шчокі. Не, яна не скнара, але… Арэшкаў жа так мала…
Усе пашыбавалі дадому, узялі сумкі, у якія баба з дзедам паспелі пакласці шмат чаго смачненькага, і рушылі на аўтобус. Мышка шпарка бегла наперадзе, адчуваючы, як арэшкі напінаюць шчокі.
— Ну як, Пік-Пік, спадабалася табе ў лесе? — пыталася Веранічка.
— М-м-м, — адказвала мышка, думаючы: “Абы не здагадаліся, што я такія прысмакі нясу…”
— Можа, морквачкі даць? — пыталася Мама. — Для зубак карысна.
— М-м-м…– аднеквалася мышка, шкадуючы ў думках, што адмовілася ад морквачкі…
Веранічка нарэшце занепакоілася:
— Што з табою, Пік-Пік? Нешта ты маўклівая зрабілася! І апетыт страціла! Вой, а шчочка як у цябе раздзьмулася! Зубкі баляць?
— М-м-м…– мыкала мышка, спрабуючы схаваць арэшкі то за адной шчакой, то за другой.
— Ну, так. Напэўна, зубкі баляць! — зазначыла Мама. — Нічога, дадому предзем, разбярэмся.
У аўтобусе мышка хавалася на самым дне мамінай сумкі між Максімкінымі паўзунамі і Вераніччынымі лялькамі.
“З’есці б гэтыя клятыя арэхі, — думала мышка,– каб не чапляўся больш ніхто…”
Але арэшкі чамусьці аказаліся такія цвёрдыя, што не паддаваліся мышчыным зубкам.
“Каб сапраўды не забалелі, “,– спалохалася мышка і запхнула арэхі зноў за шчокі. –“Дома малатком разаб’ю!”
Дома Тата, як толькі ўгледзеў мышку з распухлымі шчокамі, якая вылазіла з сумкі, зазначыў:
— Гэта натуральны флюс! Неадкладна трэба вырываць хворы зуб, а то здохне жывёліна… Пайду, абцугі вазьму.
І Тата пайшоў корпацца ў скрыні з інструментамі, думаючы: “Жывёліна хоць шкодная, але свойская. Па нашых часах і тое набытак. Палякую”.
Пік-Пік, перапалоханая, шуснула ў норку, дастала з-за шчокаў арэшкі і запішчэла:
— Усё, мае зубкі болей не баляць!
Тата агледзеў мышку з апалымі шчокамі, здзівіўся і схаваў абцугі. А мышка кінулася за малатком.
— Хутчэй бы тыя арэхі з’есці… А то столькі перажыванняў з-за іх…
Але арэхі аказаліся, як адзін, пустыя.

МЫШКА ПІК-ПІК І ПЯСОЧНЫ ТОРЦІК

Аднойчы мышку пабудзілі крыкі, што даляталі праз расчыненае вакно з вуліцы. Адзін з галасоў належаў Веранічцы.
— Які ты непрыгожы торцік зрабіла! — крычала яна некаму.
— Ну і што? Зараз я яго зруйную і новы спяку! — адказвала іншая дзяўчынка.
“Нічога сабе!– падумала мышка. — Торцікамі яны раскідваюцца! Не, каб беднай Пік-Пік даць хоць крышачку. Трэба самой пабегчы туды і навесці парадак!”
І Пік-Пік хуценька пабегла на двор, есці торцікі.
Веранічка і дзве яе сяброўкі сядзелі ў пясочніцы. Яны набіралі шуфлікамі вільготны пясок, накладалі ў прыгожыя формачкі і перакульвалі на драўляны борт пясочніцы. Пасля формачкі здымаліся, і заставаліся прыгожыя фігуркі, падобныя да торцікаў, кексаў і пірожных. Дзяўчынкі яшчэ ўпрыгожвалі іх кветкамі, ягадкамі, каменьчыкамі, так што атрымлівалася нават апетытна з выгляду. Таму мышка доўга не раздумвала, а адразу куснула самы прыгожы торт…
Цьху! Пясок! Пік-Пік пакратала другі “торцік”, і той рассыпаўся…
— Ты што робіш? — закрычалі дзяўчынкі. — Вераніка, гэта твая мышка? Дык скажы ёй, каб не рушыла нашу работу!
Веранічка ўзяла мышку на рукі і строга сказала:
— Пік-Пік! Ты перашкаджаеш нам гуляць! Ідзі дадому, а то Мурзіка паклічу!
Мышка вельмі пакрыўдзілася:
— А што ж вы сумленных мышак падманваеце? Чаму гаворыце “торцікі”, “торцікі”, калі ў вас адзін пясок? Самі б яго і елі!
— Дык мы, здаецца, табе і не прапаноўвалі! — абурылася Веранічка. — Хіба можна хапаць усё без дазволу? Калі-небудзь такое з’ясі, што памрэш!
— Але ж я ад вашага пяску не памру? — занепакоілася мышка.
— А можа!..– засмяяліся Вераніччыны сяброўкі.
Пік-Пік выслізнула з рук Веранічкі і паімчала дадому. “Атруцілі! Забілі!” — ліхаманкава праносіліся думкі ў мышкінай галоўцы. На кухні Пік-Пік адразу палезла ў кутнюю шафку, дзе Тата хаваў свае самыя дарагія лекі — невялікую бутэлечку, на дне якой у каламутнай вадкасці з рэзкім пахам плавалі нейкія шэрыя карэньчыкі. Тата любіў пацягваць з гэтай бутэлечкі ў самых розных выпадках: “Нешта горла баліць…”, “Нешта жывот схапіла…”, “Нешта стаміўся…”. Глыне, закаркуе — і зноў вясёлы. Мышка нават успомніла, што Тата называў гэтыя карэньчыкі “дзівасіл” і тлумачыў, якой незвычайнай лекавай моцай яны валодаюць. Не ведала мышка толькі, што Тата ўвесь час залівае іх спіртам.
І вось адкаркавала мышка запаветную бутэлечку, але, на шчасце, вырашыла адразу панюхаць чароўнае зеліва… У маленечкі мышкін носік шыбануў такі магутны пах, што Пік-Пік заняло дых, яна паспела толькі пікнуць — і звалілася.
Тым часам з прагулкі вярнулася Веранічка. І ўбачыла на кухні, ля адкаркаванай бутэлькі, бедную непрытомную Пік-Пік. Веранічка ведала, што рабіць у такіх выпадках. Яна пабегла да тэлефону і набрала нумар “хуткай дапамогі”. Але дыспетчар, пачуўшы, што пацыента завуць “мышка Пік-Пік”, параіла Веранічцы патэлефанаваць па іншым нумары. А менавіта ў міліцыю, дзе заўсёды рады выявіць хуліганаў.
Веранічка паклала трубку і вырашыла ратаваць небараку сваймі сіламі. Яна ўзяла мышку і сунула яе пад струмень халоднай вады, як гэта раблі ў тэлевізары з непрытомнымі дзядзькамі. Пік-Пік хутка расплюшчыла вочы і прамовіла няшчасным галаском:
— Торціка!
Давялося маме сёння спячы сапраўдны торцік, каб супакоіць сваё сямейства пасля такога няшчаснага выпадку.

МЫШКА ПІК-ПІК ПЛЫВЕ ЗА БАНАНАМІ

Аднойчы Тата прынёс Веранічцы нябачаную садавіну — нешта жоўтае, доўгае, духмяна-салодкае, і сказаў, што гэта — банан, і яго прыслала малпа з далёкага вострава. Банан вырас на высокай пальме, яго грэла яркае сонейка, таму смак ён мае незвычайна салодкі. Мышка Пік-Пік з’ела кавалачак, якім яе пачаставалі, і з тых часоў усё марыла трапіць туды, дзе расце такое смакаццё.
На вуліцы была вясна. Снег раставаў, ператвараўся ў вясёлыя ручаіны. Веранічка вельмі любіла пускаць па веснавой вадзе свае цацачныя караблікі і бегчы за імі ўслед. І вось калі Тата зрабіў ёй новы караблік з бляшанай скрыначкі з-пад алоўкаў, з яркім ветразем з сурвэткі з выявай сланечніка, Веранічка пабегла на вуліцу. Котка Пепіта таксама вырашыла пагрэцца на сонейку. І мышка Пік-Пік наважылася прагуляцца, каб пасля добра паесці.
Любімая Веранічкіна ручаінка сцякала з горкі праз увесь двор. Дзяўчынка асцярожна паклала караблік на хуткі струмень. І тут мышка ўспомніла пра бананы на далёкім востраве. “Гэта шанец, — падумала мышка і скокнула ў скрыначку-карабель. — Паплыву за бананамі!”
Караблік імкліва паплыў наперад, Пік-Пік адчула, што падае, і ад страху заплюшчыла вочы: гэта ручай сцякаў са стромага адхону. Пасля карабель, перагружаны тоўстай мышкай, паплыў павольна і нарэшце спыніўся: у канцы двара ручай ствараў вялізную лужыну, пасярод якой расла бяроза. Мышка расплюшчыла вочы: вакол была вада, наверсе шамацела галлё — караблік спыніўся ля самага дрэва.
— Прыплыла! — узрадвалася мышка. — Вось мора, вось пальма, а дзе ж бананы?
Прыгледзелася мышка і заўважыла на тонкіх галінках бярозы зялёныя прыгожыя “завушнічкі”.
— Бананы! Яшчэ не саспелі. Ну, усё роўна трэба пакаштаваць.
І мышка паспрабавала ўскараскацца на бярозу. Справа нялёгкая і нязвыклая, але мышка, натхнёная ўспамінамі пра смак банану, узлезла да ніжняй галінкі і хутчэй сарвала і сунула ў рот зялёную “завушнічку”. Яна аказалася такая горкая, што Пік-Пік западозрыла, што гэта зусім не банан. Каштаваць далей расхацелася, а захацелася дадому. А як? Агледзелася мышка: унізе — вада, родны дом — далёка… А зараз малпы набягуць…
Звесіла мышка хвосцік і расплакалася.
І тут прыбеглі да лужыны Веранічка і Пепіта. Яны сачылі за караблікам, але не маглі за ім угнацца. Веранічка была ў гумовых боціках, таму смела перайшла лужыну, падняла свой карабель і зняла з галінкі мокрую мышку.
Усю дарогу дадому Пік-Пік сядзела ў кішэні Веранічкі надзьмутая і злосная. І ў норцы сваёй яшчэ доўга адплёўвала горкі недаспелы “банан”. А пасля супакоілася: усё-ткі прыемна, што ты — першая мышка, якая самастойна пераплыла мора і ела бананы, седзячы на пальме!

МЫШКА ПІК-ПІК І МЫЛА

Аднойчы пад час сваіх начных вандровак па кватэры мышка Пік-Пік забегла ў лазенку. Там, зразумела, не было нічога смачнага, але Пік-Пік заўважыла на палічцы рознакаляровыя кавалачкі мыла. Выглядалі яны вельмі апетытна, а пахлі яшчэ спакусней.
— Ды гэта зусім і не мыла, — пераконвала сябе мышка. — Хіба звычайнае мыла можа быць такім прыгожым!
І наважылася, узяла ружовы круглячок з цукерачным пахам і адкусіла добры кавалак. На жаль, гэта ўсё-ткі было мыла. Пік-Пік не паспела яго выплюнуць, глынула і цяпер крыўдзілася на ўвесь свет.
— Падманваюць сумленных мышэй…– сярдзіта прагаварыла Пік-Пік, і тут з яе роту вылезела мыльная бурбалка, а за ёй — яшчэ адна.
— Ой! — спалохалася мышка, і наступная бурбалка села ёй на нос.
— Ратуйце! Гвалт! — запішчэла Пік-Пік, і, пускаючы бурбалкі, кінулася ў пакой.
Тата, Мама, Веранічка і Пепіта прачнуліся і здзівіліся: па ўсёй кватэры лёталі прыгожыя каляровыя шарыкі. Яны лопаліся, пакідаючы пырскі, а на падлозе сядзела мышка Пік-Пік і горка плакала.
— Што здарылася? — строга запытаўся Тата. — Толькі не кажы, што ты зноў нешта не тое з’ела…
— Ды вось… — прамовіла мышка, выпусціўшы з роту бурбалку.
— Ого! — зазначыў Тата. — Гэта што за з’явішча?
— Ды яна мыла з’ела! — здагадалася Веранічка. — Падумала, напэўна, што цукерка.
— Усяго адзін кавалачак, — запярэчыла Пік-Пік, і ў паветры з’явілася яшчэ цэлая зграя бурбалак.
— Ну вось што, — сказала Мама. — Пакуль усе бурбалкі з цябе не выйдуць, нічым не дапаможам. Ідзі на балкон, а то ўся хата запырскана. І паразмаўляй там… хоць з варонамі.
Пайшла няшчасная мышка на балкон. А з кім размаўляць? Сама з сабой? Сумна! І мышка вырашыла паспяваць. Хаця б тую песню, што Тата і Мама любяць заводзіць разам з гасцямі.
— Ад панядзе-елка… Да паня-адзе-елка… дробны до-ождж ідзе… Са-абрала-ася бедна басота… І гарэ-элку п’е…
Пішчыць мышка, стараецца, да таго ж уяўляе сябе беднай басотай, выпхнутай жорсткімі гаспадарамі з дому пад дробны дожджык, і шкада-шкада ёй сябе… Пішчыць, плача, бурбалкі пускае…
Дзіва што варона, якая пралятала побач, ледзь не звалілася ад здзіўлення. Села на балкон, пытаецца:
— Што ты тут робіш?
— Ды вось, — заплакала Пік-Пік. — з’ела кавалачак мыла, дык з хаты выгналі…
Варона аж расчхалася ад мноства мыльных бурбалак, што вылецелі з роту мышкі. Трэба ж, які гэта моцны сродак — мыла… Ад кавалачка і жытло страціш, і розум… Але калі гэты сродак правільна ўжыць…
— Слухай, Пік-Пік, — сказала варона. — Лепшы шлях забыцца на свае праблемы — заняцца чужымі. Ты можаш дапагчы ўсяму нашаму двару. Ведаеш злога сабаку, што прывезлі новыя жыхары?
Мышка Пік-Пік, вядома, ведала бандзюгу: нікому ў двары прайсці не даваў, Веранічку нядаўна напалохаў.
— Дык вось, — працягвала варона, — мы адвучым яго брахаць. Прынясі толькі мыла, якое ты каштавла.
Мышка збегала ў лазенку і прынесла мыла. Варона схапіла яго і паляцела ў кватэру, дзе жыў злы сабака. Фортка, на шчасце, была прыадчыненая. Сабака, руды, калматы і тоўсты, як медзведзяня, спаў, а перад ягоным носам стаяла міска, напоўненая кавалкамі каўбасы і косткамі. Варона сунула мыла ў міску і гучна каркнула. Сабака вобмірг усхапіўся і забрахаў. Нахабная птушка вылецела, а сабака падумаў: “Гэта ж яна па маю ежу прылятала. Не трэба было нічога на заўтра пакідаць. Лепей з’ем усё цяпер, а то скрадуць”.
І зжэр усё, што было ў місцы, разам з мылам.
Раніцай пабег злы сабака на двор. І якраз з пад’езду выйшлі Веранічка з Мамай.
— Гаў-гаў-гаў! — забрахаў сабака, каб напалохаць іх. І тут з ягонай пашчы вылецела некалькі вялізных вясёлкавых бурбалак. Сабака спалохаўся і змоўк. На куст села варона.
— Гаў-гаў.. — не вытрымаў сабака. Але зноў з’явіліся бурбалкі. Сціснуў сабака сківіцы, а варона давай над ім рагатаць. Паспрабаваў сабака яшчэ пару разоў гаўкнуць, але, зноў убачыўшы бурбалкі, зусім спалохаўся: кінуўся дадому лячыцца ад невядомай хваробы. Ад таго часу зрабіўся ён самым маўклівым і выхаваным сабакам у двары.
А мышка Пік-Пік нічога гэтага не бачыла, бо салодка спала ў сваёй норцы.

МЫШКА ПІК-ПІК — ГАНГСТЭР

У Веранічкі было шмат прыгожых сукенак і спаднічак. Яна любіла іх прымерваць перад люстэркам. А яшчэ больш падабалася ёй надзяваць мамін капялюш, маміны туфлі і бліскучы шалік. Паглядзела аднойчы Пік-Пік, як Веранічка круціцца перад люстрам, і падумала: “А я ж таксама пекная паненка! Прыгожая, фігурыстая! Чаму ж не маю розных апранах?”
Зажурылася мышка, крыўдна ёй зрабілася. Вырашыла пайсці на кухню і з’есці што-небудзь з гора. А па дарозе заўважыла веранічкіных лялек. Іх было шмат, і ўсе шыкоўна апранутыя.
“Вось бы мне такія сукенкі!” — пазайздросціла мышка. Зайздросціла доўга, да ночы… А ноччу, калі ў мышкі з’яўляўся самы вялікі апетыт і самыя разумныя думкі, прыйшло рашэнне: адабраць у лялек адзенне! Яны гэта, нягодніцы, заслужылі — вунь калісьці мышка запрасіла іх у госці ў сваю норку, а тыя ледзь яе з уласнага жытла не выгналі.
Як адбіраць чужыя рэчы, мышка выдатна ведала з кінастужак, і таму пачала сур’ёзна рыхтавацца. З раніцы скрала веранічкін пісталецік, які страляў пластмасавымі шарыкамі, і чырвоную шкарпэтку. І вось, калі ўсе разышліся з дому, рушыла Пік-Пік “на справу”: на галаву надзела шкарпэтку з дзвюма дзіркамі для вочак, у правай лапцы сціскала пісталет, а ў левай — мех для здабычы.
Лялькі спакойна драмалі, як раптам маленькі рабаўнік з чырвонай шкарпэткай на галаве наставіў на іх пісталет:
— Рукі ўгору! Гэта рабунак! Здымайце сукенкі!
Але лялькі, відаць, аслупянеўшы ад страху, не варушыліся. Давялося мышцы самой збіраць здабычу. У мяшэчак улезла шмат сукенак, спаднічак, фартушкоў, гарсэтаў, туфелек, шкарпэтак. “Гангстэр” павалок усё ў норку, на радасцях забыўшыся на пісталет.
У норцы мышка доўга перабірала ўборы, прымярала, круцілася перад люстэркам, узятым з мамінай сумкі. Але хутка ёй гэта надакучыла, і захацелася каму-небудзь паказацца ў новай вопратцы. Але тут Пік-Пік з засмучэннем зразумела, што паказацца ў нарабаваным нікому ў доме яна не можа!
Захацелася мышцы есці. Але што, калі па дарозе на кухню сустрэне яна каго-небудзь, а той і папытаецца: «Пік-Пік, ці не ты ўзяла ляльчыну адзежу?» Фу, як сорамна!
Паспрабавала мышка паспаць, і ў сне ўбачыла, як лялькі шукаюць сваю вопратку.
Прачнуўся бедны гангстэр ад страху. Не, ад такога жыцця толькі пахудзееш! Сабрала мышка ў мех сваю здабычу і аднесла, адкуль узяла.
I больш ніколі не спрабавала быць гангстэрам.

ТАТА ЛЕЧЫЦЬ МЫШКУ ПІК-ПІК.

Аднойчы пабегла мышка на кухню пашукаць што-небудзь смачненькае. І знайшла цэлы пачак цукерак, кругленькіх, рознакаляровых. Гэтыя цукеркі Тата купіў для Веранічкі на Каляды.
“Толькі пакаштую”,— падумала мышка. Каштавала, каштавала, пакуль пачак не зрабіўся пусты. І тут у мышкі Пік-Пік забалеў жывоцік. Яму даўно надакучылі цэлыя пачкі цукерак.
—Ой-ёй-ёй!— заплакала Пік-Пік.— Што са мной робіцца! Ратуйце! — і яна ўпала на спінку, задрала лапкі і голасна застагнала.
Першым прачнуўся Тата. Прыйшоў ён на кухню, бачыць: мышка Пік-Пік ляжыць, хвост адкінуўшы, і стогне.
—Што з табой? — папытаўся Тата.
—Жывоцік балі-і-іць….
—А чаму? Можа, ты з’ела чаго-небудзь замнога?
А мышка, хітруля, плача:
—Нічо-ога не ела! Ні крышачкі!
— То, можа, ты галодная? Жывоцік ад голаду баліць? Можа, даць табе паесці? Хочаш цукерачку?
Ад гэтых слоў мышцы зрабілася яшчэ горай.
—Не! Не хачу, не хачу!
“Ну, калі мышка Пік-Пік нават есці не хоча, трэба яе хутчэй ратаваць!” — падумаў Тата і прынёс вялікую скрыню з рознымі лекамі, сеў на падлогу каля мышкі і пачаў перабіраць таблеткі.
—Во, прыгожанькія таблеткі! Кругленькія, ружовенькія! Напэўна, ад жывата!— вырашыў Тата і прапанаваў іх мышцы. Лізнула мьшка ружовенькую таблетку і плюнула: горка!
Паціснуў Тата плячыма і дастаў блакітныя таблеткі:
—Во, блакітныя, бліскучанькія, таксама прыгожыя. Мусіць, ад жывата!
Раскусіла Пік-Пік блакітную таблетку і ледзь адплявалася: яшчэ гарчэй. Паціснуў Тата зноў плячыма і дастаў жоўценькія таблеткі:
—Бач, якія жоўценькія! Пэўна, ад жывата!
Але мышцы і жоўценькія таблеткі не дапамаглі. Перакаштавала яна ўсе лекі, і нічога ёй не падыйшло. Толькі вялікіх белых таблетак з’ела мышка цэлы пачак. Праўда, гэта былі вітаміны.
Паглядзеў Тата на запляваную падлогу, раззлаваўся і ўстаў:
—Ну, я зрабіў усё, што мог. І калі твой жывот такі дурны, што працягвае балець, дык я пайшоў спаць.
І Тата пайшоў спаць.
А мышка застагнала яшчэ мацней, так што прачнулася дзяўчынка Веранічка і котка Пепіта. Прыбеглі яны на кухню, убачылі мышку і паклалі ёй на жывоцік цёплую грэлку. Пагрэўся жывоцік і перастаў балець.
Ускочыла мышка Пік-Пік і пабегла хутчэй у норку, бо ёй было вельмі сорамна, што яна з’ела ўсе Веранічкіны цукеркі.

МЫШКА ПІК-ПІК І ГІТАРА

Аднойчы мышка Пік-Пік гуляла па кватэры. Яна бегала па падлозе, а потым пачала залазіць на фатэлі і скакаць па канапе. „Прыг-скок! Прыг-скок!”
I тут мышка заўважыла, што калі яна падскоквае, нешта наверсе тоненька звініць: „Дзінь-дзінь-дзінь!”
Мышка агледзелася і ўбачыла, што над канапай вісіць гітара. Але мышка не ведала, што гэта за прадмет. Зацікавала яе толькі круглая чорная адтуліна ў жоўтым дрэве.Мышка вырашыла, што гэта — норка. А ў норцы жыве яшчэ адна мышка.
„Трэба пазнаёміцца з гэтай незнаёмкай, — падумала Пік-Пік. — У кожнай прыстойнай мышкі ёсць у норцы нешта смачнае.”
I Пік-Пік пачала падскокваць на канапе: прыг-скок! гоп-гоп! Скок!.. I апынулася ў чужой норцы.
Але там было зусім пуста. Там не было ні мышкі, ні прысмакаў… I Пік-Пік захацелася вылезці адтуль, але гэта зрабіць яна не змагла.
„Пі-ік, пі-ік… — заплакала мышка, і нехта тоненька паўтарыў у яе над вухам: „Пі-і-ік, пі-і-ік!..”
— Хто тут? — спалохалася мышка.
— Гэта я, музыка! — празвінела ў адказ.— Я тут жыву.
— А што ты ясі? — адразу пацікавілася мышка.
— Нічога…
— Ах, нічога? Тады выпусці мяне адсюль як мага хутчэй!
— Ты што, не хочаш мяне паслухаць? — пакрыўджана прагаварыў тоненькі галасок. — Мяне ўвесь свет слухае! Мяне любіць нават Мама… Ды вось нешта зусім рэдка апошнім часам яна бярэ гэтую гітару ў рукі. Так што пайграю я для цябе!
— А што ты мне дасі за тое, што цябе паслухаю? — спытала Пік-Пік.
— Асалоду прыгажосці! — урачыста прагаварыў прывідны галасок, і струны пачалі ўжо назвоньваць нешта прыгожанькае…
— Ну ты нейкае дурное стварэнне… — зазначыла Пік-Пік. — Няма нічога прыгажэйшага за торцік са сметанковым крэмам, і вышэйшай асалоды, чым раскусіць шакладную цукерачку з вафелькай унутры! І хопіць брынгаць мне над вухам — а то зараз усё тут пагрызу. А ну, выпускай мяне!
— Ах, як гэта непрыгожа! — ускрыкнуў галасок, і раптам нешта так страшна загучала, як быццам бы ўсе струны гітары перасварыліся. I мышка Пік-Пік так перапалохалася, што адразу выскачыла з гітары і шуснула ў норку, пад цёплую коўдрачку.

МЫШКА ПІК-ПІК І БУЛЬБА

Выбегла мышка Пік-Пік ноччу з норкі і пачала шукаць, што-небудзь з’есці. А нічога і няма цікавага! Перакусіла нейкімі пернічкамі… А што гэта ў вялікай каструлі насыпана, такія круглыя, белыя шары? Мышка не ведала, што гэта бульба, якую Мама ўвечары пачысціла, каб раніцай зварыць яе для Таты і Веранічкі.
„Гэта, відаць, яблычкі, — падумала Пік-Пік. — Вось мне і вячэра… ”
“Яблычкі” былі зусім нясмачныя, але Пік-Пік так раззлавалася на гаспадароў, якія не назапасілі для яе нічога больш прыстойнага, што з’ела іх усе. I зрабілася вялікая і цяжкая… Нават не магла скрануцца з месца. Яна толькі перакулілася на спіну, дрыгала лапкамі і пішчэла: „Пік-пік! Пік!”
Ад гэтага прачнулася котка Пепіта. Яна вырашыла, што Мама забылася закрыць кран, і ён плача.
Зайшла Пепіта на кухню і ўбачыла вялізную круглую істоту з маленькім хвосцікам. Хвосцік малаціў па падлозе: „Тук-тук! Тук-тук!” А з другога боку даносілася: „Пік-пік! Пік-пік!”
Пепіта абышла дзіўную рэч, панюхала пустую каструлю і ўсё зразумела.
„Трэба ратаваць мышку” — падумала котка Пепіта.
— Дрэнь твае справы, мышка! — прамовіла Пепіта. — Ты наелася сырой бульбы, і цяпер яна ляжыць у тваім жываце. Трэба гэтую бульбу зварыць!”
I котка Пепіта паставіла на пліту чайнік.
Але мышка Пік-Пік вельмі не хацела, каб у ёй варылі бульбу. I са страху ў яе жываце як забурліла, як забурчэла, і ўся бульба ўмомант пераварылася. Мышка Пік-Пік адразу ўскочыла і ўбачыла перад сабою котку Пепіту. Тая сядзела, усміхалася і чакала, калі мышка Пік-Пік скажа ёй: „Дзякуй!”
А можа: „Вялікае дзякуй!”
А можа: „Вялікае дзякуй і тысяча найлепшых пажаданняў.”
Але мышка Пік-Пік думала толькі пра ежу. Яна вільнула хвосцікам і ўцякла.
І котка Пепіта падумала: „Не буду больш дапамагаць гэтай Пік-Пік. Буду лавіць яе!”
А мышка ад таго часу вырашыла, што есці варта толькі салодзенькае.

МЫШКА СТАНОВІЦЦА ПТУШКАЙ

Аднойчы ноччу мышка Пік-Пік вылезла з норкі і пабегла на кухню, каб пашукаць чаго-небудзь паесці. Там яна знайшла вялікі батон і пачак малака. Запіваючы хлеб малаком з пачка, які быў вялікі і цяжкі, мышка ўся аблілася. Мокрая поўстачка, вядома, непрыемна. Але мышка не збіралася звяртаць увагі на такія дробязі.
Па дарозе да сваёй норкі мышка напаткала разгорнуты альбом з маркамі дзяўчынкі Веранічкі. Веранічка — добрая дзяўчынка, але не заўсёды кладзе на месца свае рэчы. Вось і гэты альбом яна перад сном пагартала і кінула на падлогу…
Абнюхала мышка Пік-Пік альбом — ці можна яго з’есці? Нічым смачным ён не пах, і мышка вырашыла бегчы далей. Але да яе мокрага носа прыліпла адна смелая марка. Паспрабавала Пік-Пік стрэсці яе, але нічога не атрымалася. Марка прыліпла яшчэ мацней. А другая марка прыліпла да лапкі мышкі.
„Ах вось яны як, гэтая малыя стракатыя істоты! Напалі на мяне, — вырашыла мышка Пік-Пік. — Я павінна сама напасці на іх і разагнаць!”
Плюхнулася мышка на альбом з маркамі і пачала раскідваць іх у розныя бакі. А маркі пачалі прыліпаць да мокрай мышкі, і хутка ўсю яе абляпілі. Пік-Пік зрабілася стракатая і прыгожая.
Агледзела сябе мышка і сказала: „Гэта не я. Трэба паглядзець у люстэрка і даведацца, хто гэта”.
Мышка залезла на стол і паглядзела ў люстэрка.
„Так, зразумела. Я болей не мышка. Я — птушка. Толькі птушкі бываюць такімі стракатымі і рознакаляровымі”. Падумаўшы яшчэ, мышка сказала: „Калі я птушка, я павінна лётаць. Трэба паспрабаваць”.
Заплюшчыла мышка Пік-Пік вочы і саскочыла са стала. Але яна была такая ліпкая, што прыліпла ўсімі маркамі да настольнай цыраты, і павісла дагары нагамі!
Вочкі ў мышкі былі па-ранейшаму заплюшчаныя, і яна вырашыла, што ляціць.
„Як дзіўна, — думала мышка, — я лячу, і нават крыламі не махаю? Трэба было б памахаць!”
I мышка Пік-Пік пачала махаць лапкамі і хвосцікам і загайдалася разам з цыратай. Гайдалася, гайдалася, пакуль не звалілася.
Упала мышка Пік-Пік на падлогу, і маркі з яе абсыпаліся. Мышка паглядзела на сябе і ўбачыла, што яна больш не птушка. Узрадавалася Пік-Пік і пабегла да сябе ў норку, спаць.
„Добра, што я зноў мышка, — думала Пік-Пік. — Калі б я засталася птушкай, ужо не змагла б жыць у норцы. Трэба было б будаваць гняздзечка. А дзе яго тут збудуеш?.. I спаць хочацца…”
I мышка Пік-Пік заснула.

МЫШКА ПІК-ПІК I РЫБКІ

Аднойчы Пік-Пік вырашыла прагуляцца па кватэры. I раптам у Веранічкіным пакойчыку яна заўважыла шкляную празрыстую скрыню. Скрыня стаяла на стале, а над ёй гарэла лямпачка. А ўнутры рухаліся нейкія жывыя рознакаляровыя істоты.
— Гэта яшчэ што такое?!! — абурылася мышка Пік-Пік. — Што за навіна ў МАЁЙ кватэры?!
Залезла мышка на стол бліжэй да скрыні, разгледзела новых жыхароў.
— Яны ж ядуць! — ахнула мышка.– Вунь як ратамі чмякаюць! Ні на хвілю не перапыняюцца! — і мышка злосна забубніла кулачком па шкле.
— Эй, вы! Як вас там! У гэтай хаце ўся ежа — мая! А ну частуйце мяне, а то сама забяру!
Але істоты павольна праплывалі пад самым мышкіным носам і нешта жавалі, жавалі, жавалі. А адна нахабніца з вялікімі пукатымі вачыма спынілася перад мышкай, пазіраючы ёй проста ў вочы, нешта ела, хапала грыбастым ротам!
— Ну, пачакай! — ворагі былі маленькія, таму мышка Пік-Пік пачувала сябе смелай і справядлівай. — Зараз я да вас дабяруся! — і мышка высока падскочыла і … ўвалілася ў ваду.
— Ой-ёй-ёй! — закрычала Пік-Пік. — Не хачу, не хачу нічога, даставайце мяне адсюль!
Роцік мышкі напоўніўся вадой, і яна не змагла больш гаварыць, толькі булькала і малаціла лапкамі і хвастом па вадзе. На шчасце, у гэты час у пакой зайшла Веранічка. Яна дастала мышку і загарнула ў ручнік. Адплявала Пік-Пік ваду, трохі абсохла, і тут убачыла, што дзяўчынка корміць пражорлівых істот нейкім парашком. Ускочыла мышка, скінула ручнік і кінулася да Веранічкі. Зачарпнула мышка поўную лапку парашку, кінула ў рот і… цьфу, цьфу, цьфу, што за брыдота!..
А Веранічка засмяялася:
— Гэта ж ежа для маіх рыбак! Яе толькі рыбкі могуць спажываць!
Пабегла бедная мышка Пік-Пік у сваю норку, схавалася пад коўдрачку і падумала:
— Ну і неразумныя гэтыя рыбкі! Жывуць у мокрай вадзе, ядуць нейкі парашок!.. Не, цукерачкі — лепей!
І мышка заснула.

МЫШКА І ДАМАВІК

Адпачывала Пік-Пік пасля вячэры. Канапа з Татавай пантофлі была такая ўтульная, мышка задрамала, калі раптам у сцяне нешта зашкрэблася.
— Няўжо зноў пацук? — абурылася Пік-Пік.
А са сцяны рптам выйшаў маленькі шэры чалавечак у зялёным капелюшы і бліскучых галёшах. Незвычайны госць па-гаспадарску пачаў аглядаць мышкіну хату.
— Ты хто? — запыталася спалоханая мышка.
— Я — гаспадар! — важна адказаў чалавечак у зялёным капелюху. — А вось што ты робіш у маім доме? Давай, ідзі адсюль, я буду тут жыць.
Ад такога нахабства ў мышкі і страх прайшоў. Яна ўскочыла з канапы і замахала лапкамі.
— Ах ты, кучмель стары! Знайшоўся гаспадар на чужую хату! Гэць адсюль, а то капялюх да галёшаў насуну!
Госць рассмяяўся:
— Што ты мне зробіш, жывёліна! Я — Дамавік, усё тут належыць мне, і ты, і твая норка. У кватэры, дзе я жыў, людзі пачалі рамонт, фарбы там смярдзяць, малаткі стукаюць, таму я сюды перабіраюся… Так што — ідзі, ідзі…
І Дамавік папхнуў мышку да выхаду з норкі. Здаецца, лёгенька, але бедная мышка вылецела, як парушынка.
Не, сілай тут нічога не зробіш. Трэба іначай… Дып-ла-ма-ты-яй… Гэта значыць, хітрасцю ды ўлагоджваннем. І мышка асцярожна зайшла ў норку і ўсміхнулася захопніку, які разлёгся на яе канапе:
— Вельмішаноўны Дамавік! Я не супраць вашага гаспадарства. Дазвольце толькі апошні раз мне ў сваёй норцы пачаставаць вас гарбатай з цукеркамі.
Дамавік падумаў і паблажліва хітнуў галавой. Мышка кінулася ў сваю скарбніцу, дастала лепшыя цукеркі, слоік малінавага варэння, арэшкі, і хутка яны з Дамавіком сядзелі за лялечным сталом і ласаваліся. А Пік-Пік расказвала і расказвала Дамавіку пра свае прыгоды: як яна пякла торт, як ела кавун, як брала ўдзел у конкурсе прыгажосці і плавала на востраў за бананамі, пра пана Абадрана і Мікі-Маўса…
Дамавік ад цікавасці нават есці перастаў. Доўга сядзелі разам мышка і ейны слухач, але нарэшце ўся гарбата была выпіта, а цукеркі з’едзены. Тады Дамавік сказаў:
— Шаноўная Пік-Пік, трэба прызнацца, жыццё ў мяне сумнае, шэрае, усё па кутках цёмных туляюся, ад усіх хаваюся. Пагаварыць няма з кім. А вы так цікава жывяцё. Так весела — мне такое і не снілся. Не буду я вас выганяць — знайду сабе месца ў іншай кватэры. А мне дазвольце прыходзіць да вас у госці на гарбату, і слухаць пра тое, што з вамі будзе адбывацца.
Вядома, Пік-Пік з радасцю згадзілася. Толькі Дамавік паставіў адну ўмову: не расказваць пра яго нікому — ні Тату, ні Маме, ні Веранічцы, ні Пепіце…

ПАРТРЭТ МЫШКІ ПІК-ПІК

Мама намалявала Татаў партрэт і павесіла над канапай. Усе гаварылі, што вельмі падобны. Пасля Мама намалявала сябе ў прыгожай казачнай сукенцы. I Веранічку намалявала. I Пепіту. Толькі ў мышкі Пік-Пік партрэта не было. Не адразу Пік-Пік над гэтым задумалася — яе больш цікавілі ўежныя рэчы. Але неяк думка з’явілася ў мышкінай галоўцы: “Чаму гэта на сценах маёй кватэры няма майго партрэта?”
Як вядома, Пік-Пік высока ацэньвала сваю знешнасць. Чаму ж такую прыгожую істоту не ўвекавечылі? Маму папрасіць намаляваць, ці што? Скажа, што занятая. Тату лепей не прасіць: мышка бачыла, як ён малюе. Да Веранічкі хіба звярнуцца? “А чым я мастачка горшая за Веранічку? – раптам вырашыла мышка. — Сама сябе намалюю!”
Пік-Пік дастала аркуш паперы, Вераніччыны фламастры і пачала маляваць. Малявала доўга і старанна, і калі партрэт быў гатовы, прыляпіла яго пластылінам над канапай, палюбавалася і пайшла ў норку адпачываць.
Хутка вярнуліся з прагулкі Мама, Тата, Веранічка і Пепіта. Яны адразу заўважылі над канапай новы малюнак.
— Божа, хто гэта? — сказала Мама.
— Гэта Баба Юга, — адказала Веранічка. — У яе венік і сіні нос! (За венік Веранічка палічыла мышкін хвосцік).
— Не, — запярэчыла Мама. — Гэта кракадзіл у футры. Толькі кракадзіл мае такую вялізную зубастую пашчу!(Справа ў тым, што мышка намалявала сабе шчырую ўсмешку).
— Гэта іншапланецянін. Я іх ведаю, — запэўніў Тата. — У іх такія вось лупатыя вочы і чырвоныя вушы.
— Калі гэта такі… ні на каго не падобны, — прамуркатала Пепіта, — дык гэта Дамавік.
Дамавіка ніхто ніколі не бачыў, таму ўсе пагадзіліся з Пепітай і разыйшліся па сваіх справах. I не ведалі, што Дамавік увесь гэты час сядзеў у куце пад тэлевізарам і слухаў размову. І калі пакой апусцеў, Дамавік вылез са сваёй схованкі і скочыў на канапу, паглядзець на свой партрэт. Тое, што ён убачыў, прымусіла яго пачырванець ад абурэння.
— Гэта я? Ну, толькі даведаюся, хто мяне так намаляваў…
Тут на канапу ўзлезла мышка Пік-Пік. Яна прачнулася, успомніла пра свой цудоўны партрэт і пабегла правяраць, ці ж ён на месцы.
— Слухай, Пік-Пік, гэта хто намаляваў? — паказаў Дамавік на малюнак.
— Я, – сціпла адказала мышка. — А што, падабаецца?
— Падабаецца?!! — захлынуўся ад абурэння Дамавік. — Як ты насмелілася так мяне размаляваць?
— Цябе? — здзівілася мышка. — Гэта я сябе намалявала. Гэта я.
— Ты? — Дамавік ажно разрагатаўся. — Няўжо ты такая?
— Канечне! — пакрыўдзілася мышка.
— А чаму на малюнку такі вялікі рот?
— Бо я ўсміхаюся…
— А чаму вочы — як талеркі? Чаму вушы — як лапухі?
— Ты проста мастацтва не разумееш! — заявіла Пік-Пік і надзьмулася. — Я — прасунутая мастачка!
— Ну, добра, — сказаў Дамавік. — раз ты лічыш, што на гэтым малюнку — ты, я зараз яго ажыўлю. Будзе табе сяброўка!
Дамавік падзьмуў на малюнак, і папера адразу зрабілася чыстай. А на канапе сядзела такая пачварына, што мышка спалохалася:
— Ты… хто?
— Я — гэта ты, — рашучым голасам адказала пачвара. — Я — мышка Пік-Пік. Цяпер куды ты — туды і я! Есці хачу!
Мышка Пік-Пік спалохалася і пабегла ў норку. Але пачвара не адставала. Забегла ў норку разам з Пік-Пік і адразу кінулася да яе прыпасаў. Мышка ў жаху выбегла з норкі і крыкнула Дамавіку:
— Вяртай гэтую пачварыну на паперу! Гэта зусім не я! Хутчэй! А то яна ўсе мае прыпасы паесць!
Дамавік злітаваўся, падзьмуў на пусты ліст, і на ім зноў з’явіўся мышкін малюнак, а з норкі перастала даносіцца гучнае хрумстанне. Пік-Пік з палёгкай уздыхнула і пабегла падлічваць страты. На жаль, пачвара сапраўды ледзь не ўсё з’ела. Пік-Пік роспачна піскнула, схапіла чорны фламастар і намалявала на сваім партрэце краты — атрымалася, што істота сядзіць у клетцы. А ўнізе мастачка падпісала: “Вельмі небяспечная пачвара невядомай пароды”.

МЫШКА ПІК-ПІК ПЯЧЭ ТОРТ

Аднойчы ночай пабегла Пік-Пік на кухню за прысмакамі, і не знайшла нічога прыстойнага. Ну хіба гэта ежа — чорны хлеб! Салёнае сала! Толькі з галадухі. Есці трэба тарты!
I тут мышцы ў разумную галоўку прыйшла ідэя: „Спяку торт! Нічога складанага! Я ж бачыла, як гэта робіць Мама”.
Дастала мышка вялізную місу, выцягнула яе на сярэдзіну кухні. „Торт мусіць быць вялікі!” — і перакуліла туды цэлы пачак мукі. I кухня, і мышка зрабіліся белыя. „Цяпер трэба малака!” — падумала мышка і вывернула ў місу пачак малака. „Ну вось і цеста! Нечага толькі не хапае. Яек, ці што?”
Адчыніла мышка халадзільнік, павыкідала адтуль у місу яйкі. Паглядзела. „Шкарлупу дастаць, ці што? Ай, абыдзецца. Цяпер — самае галоўнае. Торт павінен быць салодкім!” — і мышка высыпала ў місу пачак цукру. „Малавата!” — высыпала яшчэ пачак. „Ну, вось і ўсё. Засталося размяшаць цеста”. I мышка Пік-Пік узяла вялікую драўляную лыжку і пачала размешваць цеста. Але яно чамусьці не размешвалася. Кінула Пік-Пік лыжку і паспрабавала размешваць лапкай. Але лапка адразу ўвязла. Хацела вызваліцца — і другая лапка ўвязла. Адпіхнулася Пік-Пік ножкамі, падскочыла — і ножкі ў цесце апынуліся. Валтузілася мышка ў місе, валтузілася, пасля пачала крычаць: „Ратуйце!” Прыбегла котка Пепіта. Бачыць — пасярод кухні — міса, у місе нешта белае і дрыгаецца. Хацела Пепіта дастаць гэта нешта з цеста, і сама прыклеілася да яго. Змагалася Пепіта з цестам, змагалася, пакуль цеста яе ў місу не ўцягнула. Цяпер Пепіта і Пік-Пік закрычалі разам: „Ратуйце!”
Прыбеглі на кухню Мама і Веранічка. Бачаць: кухня белая ад мукі, валяюцца пустыя пачкі з-пад цукру і малака, пасярэдзіне стаіць вялікая міса, а ў місе —валтузяцца два белыя прывіды. Цеста заляпіла мышцы Пік-Пік і котцы Пепіце і раты, і вочкі, і яны, небаракі, маглі толькі лапкамі махаць.
„А ну, Веранічка, — сказала Мама, — давай мы гэта пад кран занясем!” Узяліся яны за місу і занеслі яе ў ванну. Уключыла Мама ваду і паставіла пад струмень місу. Вада размыла ліпучае цеста, і ўрэшце-рэшт мышка Пік-Пік і котка Пепіта ад яго вызваліліся.
„Ну! — строга сказала Мама. — Што гэта вы такое ўтварылі?”
„Гэта ўсяго толькі торцік, невялічкі такі, звычайненькі торцік,” — піскнула мышка Пік-Пік і выскачыла з ванны. „А кухню хто мыць будзе?” — закрычалі ёй услед Веранічка, Мама і Пепіта. Але мышка ўжо сядзела ў норцы і аблізвалася: поўсць на ёй была салодкая, як цукерачка.

МЫШКА ПІК-ПІК ТАНЬЧЫЦЬ

Мышка Пік-Пік аніяк не магла забыць абразлівыя словы пана Абадрана, які назваў яе таўстухай. Няўжо пра яе, самую прыгожую мышку ў свеце, можна так гаварыць?! Мышка ляжала ў сваёй норцы, меланхалічна грызла сухары і ўздыхала. Нарэшце гэты занятак мышцы надакучыў. Яна выпаўзла з норкі, пакруцілася перад люстэркам, пагладзіла свой кругленькі жывоцік і вырашыла:
— Такая разумная мышка заўсёды зможа пахудзець… без асаблівых цяжкасцей!
Параілася Пік-Пік з Веранічкай. Тая сказала:
— Людзі, якія хочуць пахудзець, меней ядуць, пазбягаюць усяго салодкага…
— Не! Нізавошта! — жахнулася мышка. — Няўжо няма больш людскага сродку?!
— Ёсць, — падумала і адказала Веранічка. — Можна яшчэ займацца гімнастыкай. Мая Мама займалася, таму я ведаю, як гэта робіцца. Трэба рана ўставаць і выконваць практыкаванні. Падскокваць, згінацца, прысядаць…
— Ой, не, – махнула хвосцікам Пік-Пік. — Гэта зусім не весела і вельмі цяжка… Пэўна, я так і не выпраўлю сваю фігуру…
— Успомніла! — узрадавалася Веранічка. — Можна пахудзець яшчэ ад танцаў! Табе трэба больш таньчыць!
— Гэта мне падыходзіць! — таксама ўзрадавалася мышка і пайшла… спаць. А ноччу, пасля добрай перакускі Пік-Пік залезла на Татаў стол і ўключыла прыёмнік. Пры першых гуках вясёлай музыкі мышка пачала скакаць, а Тата прачнуўся. Ён адразу выключыў прыёмнік і паставіў яго высока на шафу, а мышку прагнаў і прыгразіў, што калі яна яшчэ раз уключыць ноччу музыку, дык будзе надалей жыць у клетцы. Пік-Пік спалохалася і схавалася. Давялося прачынацца днём.
Веранічка ўключыла тэлевізар, там гралі вясёлую песеньку, і мышка заскакала на месцы. Скакала, скакала, замарылася.
— Не, гэта не цікава — адной таньчыць… Трэба, каб хто патаньчыў са мной.
Веранічка згадзілася і заскакала побач з мышкай, але атрымалася яшчэ горай, бо Веранічка была нашмат большай за Пік-Пік, і мышка баялася, што Веранічка на яе наступіць.
— Ты мне не падыходзіш! – сказала нарэшце мышка. — Мне трэба каго паменей!
Згадзілася дапамагчы Пепіта. Але, трохі патаньчыўшы з мышкай, адмовілася:
— Не магу я танцаваць з тым, хто зусім не ўмее гэтага рабіць! Ты, Пік-Пік, падскокваеш на месцы, вось і ўвесь твой танец. Мне з табой сумна. Бывай.
I Пепіта пайшла па сваіх справах.
Засумавала мышка. I тут Веранічка прынесла са свайго пакойчыка маленькага заваднога сабачку, завяла яго — і сабачка пачаў круціцца і матляць хвосцікам. Пік-Пік узрадавалася і заскакала вакол сабачкі. З тых часоў яны часта таньчылі разам. Пік-Пік нават навучылася сама заводзіць свайго сябра. Наколькі палепшала мышкіна фігура — невядома, але сама Пік-Пік была ўпэўнена, што іншай такой мышкі і ў сусвеце няма.
Што ж, пэўна так.

ПАДСТУПНЫЯ МУРАШКІ

Аднойчы мышка Пік-Пік ляжала на сваёй канапе-пантофлі пасля добрага абеду. Раптам недзе з падлогі пачуўся тоненькі галасок:
— Шаноўная мышка!
Пік-Пік азірнулася наўкола і нікога не заўважыла. А галасок не змаўкаў:
— Пані мышка! Паглядзіце сюды, я тут!
Мышка паглядзела на падлогу і проста ля сваёй канапы ўбачыла рудую мурашку.
— Табе што трэба? – – раззлавалася мышка. — Не бачыш хіба — я адпачываю!
— Шаноўная мышка! — запішчэла мурашка. — Мяне паслалі да вас па дапамогу. У нас ёсць вялікі мех найлепшага цукру, але мы ніяк не можам яго прагрызці. Каб вы згадзіліся трохі папрацаваць сваймі зубкамі, то вы б мелі столькі цудоўнага цукру, колькі б захацелі. А мы ўжо, мурашкі, падабралі б тое, што застанецца…
Пік-Пік адразу ўскочыла з канапы.
— Ну, дзе ваш цукар? Вядзі!
І мурашка павяла мышку праз дзірку, якую прарабіў пан Абадран. Як Пік-Пік ні спяшалася, не забылася прыхапіць цэлы жмут мяшэчкаў — для цукру.
Мурашка доўга вяла Пік-Пік па вентыляцыйнай трубе, пасля звярнула ў адзін бок, потым — у другі… Карацей, шлях быў такі блытаны, што Пік-Пік сама б нізавошта не дабралася.
Нарэшце, наперадзе паказалася святло. Мурашка падвяла мышку да невялікай адтуліны:
— Цяпер, шаноўная, вам варта толькі скочыць уніз, каб апынуцца на жаданым мяшку.
Мышка скочыла і сапраўды ўпала на пругкі мех, вялікі, як два тэлевізары, са шчыльнай белай тканіны. Мышка імгненна прагрызла ў мяшку вялізную дзірку, і адтуль сыпануў белы салодкі пясок. Але не паспела мышка распрастаць свае мяшэчкі, як уся кладоўка зрабілася рудой ад мурашак. Яны расцягвалі цукар у шматлікія шчыліны так хутка, што мышка адчула, што падае… Калі ж Пік-Пік ачомалася, дык убачыла, што сядзіць на пустым мяху, і побач няма ні адной пясчынкі цукру і ніводнай мурашкі.
— Гэй, дзе вы? — паклікала мышка. Цішыня!
— Што ж рабіць? — замітусілася Пік-Пік. — Цукру няма, сяджу невядома дзе…
Вяртацца ранейшым шляхам было немагчыма — адтуліна, праз якую мышка трапіла ў кладоўку, была занадта высока. Прыйшлося прагрызці дзверы і выйсці ў чужую кватэру. Мышка ціхенька прабіралася па калідоры. Калі пачуўся гучны брэх, і вялікі сабака з рудой поўсцю кінуўся на мышку, Пік-Пік схавалася пад шафу, а сабака ўсё брахаў. Пачуўся голас гаспадыні:
— Чуеш, сабака брэша? Пэўна, на двор захацеў. Ідзі хутчэй выведзі!
Гаспадар неахвотна пабурчэў, але начапіў на сабаку павадок і пацягнуў да дзвярэй. Мышка ледзь паспела выскачыць следам за гаспадаром і сабакам на лесвіцу, а адтуль — на двор.
На шчасце, Пік-Пік ужо ведала свой пад’езд і таму хутка вярнулася дадому. Праўда, без цукру.

МЬШКА ПІК-ПІК І СПРОБА ГВАЛТУ

Аднойчы Веранічка прыбірала свае лялькі. Колькі стужак самых розных колераў, з блішчынкамі і без, колькі фартушкоў з фальбонамі і вышыўкай, колькі капялюшыкаў з кветкамі і стракатых спаднічак з карункамі мелі тыя лялькі! Мышка Пік-Пік доўга пазірала з-пад шафы за Веранічкінай гульнёй, пасля не вытрымала і сама падыйшла да мадысткі.
— Я таксама хачу прыгожа апрануцца!— заявіла мышка.
— Але ж мае лялькі збіраюцца на баль,— сказала Веранічка, якой зусім не хацелася аддаваць мышцы чысценькія і далікатныя апранахі.
— І я пайду на баль,— упарцілася мышка.—Што ты над гэтымі кавалкамі гумы завіхаешся — яны ж нават “дзякуй” не скажуць. Мяне апрані!
Давялося Веранічцы сапраўды прыбраць шэрую нахабніцу.Пік-Пік атрымала капялюш з шырокімі палямі, ружовую сукенку з мноствам ніжніх спаднічак і ад таго вельмі пышную, і карункавую накідку, абшытую белай істужкай. Пік-Пік была цалкам задаволеная. Выгляд шыкоўны!
—Я цяпер не проста мышка,— зрабіла выснову Пік-Пік, — а пані мышка. Трэба пра гэта зараз жа ўсім паведаміць!
Пабегла Пік- Пік да Пепіты.Тая ляжала на канапе і драмала.
—Паглядзі, Пепіта, якая я важная стала!— адразу пачала хваліцца мышка. Пепіта зірнула на яе і прамармытала:
—Ну і што?
—Як гэта што?! Я цяпер не проста мышка, я пані Пік-Пік! І каб іначай мяне не называла!
Але Пепіта толькі пазяхнула і адвярнулася да сценкі.
Пабегла мышка на кухню да Мамы. Але і тая ніяк не адрэагавала на з’яўленне ў кватэры новай “пані”. Пакрыўджаная Пік-Пік пабегла да Максіма. Максік ляжаў у ложачку і задумліва грыз гумавага баранчыка.
— Паглядзі, Максік, хто да цябе прыйшоў! — аб’явіла мышка. Максім вельмі ўзрадваўся, кінуў баранчыка і пачаў падскокваць седзячы:
—Уга! Уга!
—Я цяпер — пані Пік-Пік! —горда растлумачыла мышка.
—Ага! Ага! —згадзіўся Максім, цягнучы да мышкі ручкі.
—Што, хочаш бліжэй на мяне паглядзець? —здагадалася пані, і Максік пацвердзіў:
—Ага!Ага!
Задаволеная створаным уражаннем, Пік-Пік ускараскалася на крэсла, адтуль — на ложак:
—Ну, вось, глядзі… Магу яшчэ бліжэй па… Ой!
Радасны Максімка схапіў новую цацку і пачаў яе даследваць. Бедная пані толькі верашчала. А бессаромны гвалтаўнік ужо садраў з яе карункавую накідку, скінуў капялюшык і тузаў ва ўсе бакі пышныя фальбоны сукенкі. Тут яго ўвагу прыцягнуў ружовы мышкін хвосцік. Максік схапіў яго і пацягнуў у рот. Пік-Пік з усяе моцы вырывалася, так што малы разбойнік ніяк не мог дацягнуць цікавую вяровачку да слінявага роту. Нарэшце на верашчанне мышкі прыбегла Мама.
— Максім! Што за гадасць ты ў рот цягнеш? Кінь зараз жа!
Мама расціснула Максімкін кулачок, і мышка вызвалілася. Абражаная, распранутая, кінулася небарака бегчы ў сваю норку. Ля шафы па-ранейшаму сядзела Веранічка і самааддана гулялася з лялькамі. Пік-Пік паскардзілася ёй на абуральныя паводзіны брата.
— Ён жа проста маленькі! — супакоіла яе Веранічка. — Ты яму вельмі спадабалася, а ён думае, што ўсё прыгожае можна пакаштаваць. Вось таму і схапіў цябе. На такіх малечаў крыўдаваць нельга! Сама вінаватая, што да яго палезла.
Мышка надзьмулся, але ўсё-ткі супакоілася. Прычынай жа ўсяго была яе, мышкіна, выключная прыгажосць!

МЫШКА Ў ПАДАРУНАК

Аднойчы вечарам Тата прынёс у кватэру вялізную прыгожую каробку у ружовыя кветкі… Нават той, хто не ўмее чытаць, адразу здагадаўся б, што знаходзіцца ў гэтай каробцы, ад якой да таго ж смачна -смачна пахла… Але мышка Пік-Пік чытаць умела. І слова “Торт”, напісанае на каробцы вялізнымі чырвонымі літарамі, падалося ёй цікавей за ўсе кніжкі свету.
Але Мама чамусьці не стала адчыняць запаветную каробку, і нават паставіла яе высока на халадзільнік. Хаця мышка так і блыталася па кухні, уздыхаючы і жаласна папіскваючы… Ды што там — нават уласных дзяцей сквапныя дарослыя не пашкадавалі! Калі Веранічка папрасіла кавалачак торціка, Тата сярдзіта сказаў, што торт — не для з’ядання, а для гасцявання. У падарунак.
Вядома, мышка не магла вытрываць такой несправядлівасці. Дачакаўшыся, пакуль усе заснуць, яна паспрабавала дабрацца да забароненага скарбу. І падскоквала, і па сценцы караскалася… А потым успомніла, як у фільме закідвалі ў варожы горад бомбы пры дапамозе гумы. А ў Веранічкі якраз ёсць гумкі для валасоў! Пачапіла мышка сінюю гумку на ручку дзвярэй, сама на яе села, гумка расцягнулася, мышка падскочыла… Карацей, упала мышка проста на каробку з тортам. Ну а далей — зразумела што… Хаця ласуха збіралася толькі пакаштаваць, але … Калі торцік скончыўся, мышка нават не змагла вылезці з каробкі. Там жа і заснула. І не чула, як каробку здымалі з халадзільніка, як перавязвалі яе вяровачкай…
Вось і давялося мышцы прачнуцца ў незвычайных абставінах. Накрыўку з каробкі знялі, мышку асляпіла яркае святло ад крышталёвай люстры. Вакол высіліся салатніцы і келіхі, а на мышку здзіўлена глядзелі незнаёмыя дзядзькі і цёткі. Былі, праўда, тут жа Тата і Мама, а таксама цётка Надзя, якая нядаўна прыходзіла да Таты і Мамы ў госці.
Калі замест торціка ўсе ўбачылі ў каробцы нешта іншае, Мама збялела з твару, штурхнула Тату нагой пад сталом, каб ён маўчаў, і прагаварыла:
— А гэта наш маленечкі сюрпрыз… У гонар нядаўняга свята гумару…
— Вой, якая цудоўная цацка! — усклікнула цётка Надзя. — І адразу відаць, імпартовая!
— Якая тоўсценькая! — зашумелі госці, абмяркоўваючы падарунак.
— І вусікі, як сапраўдныя! І хвосцік!
— А можа, у яе ўнутры нейкі сюрпрыз?
Мышка сядзела, скамянеўшы, з разяўленым ротам і вылупленымі вочкамі. Толькі б якому боўдзілу не ўздумалася паглядзець, што ў яе ў жываце! Але госці хутка забыліся на “сувенір” і пачалі піць гарбату з печывам. І цётка Надзя паставіла мышку на паліцу.
Давялося мышцы сядзець і цярпліва назіраць, як паглынаецца ўсялякае смакоцце. Нарэшце, усе наеліся, напіліся, пачалі збірацца дадому.
“Няўжо мяне пакінуць тут?” — з бояззю думала мышка. — Мама моцна раззлавалася, возьме ды й пойдзе без мяне… Што ж рабіць?”
На шчасце, у агульнай мітусні мышцы ўдалося незаўважна скочыць на плячук цёткі ў пінжаку з футравым каўнерам, патрапіць у калідор, там саскочыць на падлогу. Там мышка залезла ў Татаву сумку і прыціхла.
Калі Мама і Тата вярнуліся дадому, дзе іх чакала бабуля з Веранічкай, Максімкам і Пепітай, Мама нарэшце выказала, што яна думала пра мышэй і пра тых мужыкоў, што не могуць тых мышэй выкурыць з хаты.
— Нічога, няхай цяпер гэтая нахабная мыш пасядзіць у цёткі Надзі, пагаладае!
Пік-Пік сядзела ў Татавай сумцы і трэслася ад страху: а раптам яе зараз заўважаць? Тата ж пагразіўся, што аддасць яе дактарам для нейкіх доследаў…
Толькі калі ўсе ляглі спаць, небарака насмелілася вылезці з сумкі і кінулася ў сваю норку. І пасля цэлы дзень сядзела там, харачавалася толькі прыпасамі. Потым, вядома, вылезла. І нават узрадваліся ёй — бо Веранічка ўжо намаўляла Маму ехаць да цёткі Надзі па мышку.
Але цётка Надзя чамусьці перастала запрашаць Маму і Тату ў госці.

ПРЫВІД МЫШКІ ПІК-ПІК

Веранічкін і Максімкаў Тата вельмі любіць глядзець тэлевізар. Асабліва падабаецца яму, калі па тэлевізары паказваюць нешта страшнае — дзядзькі б’юцца, іншаземныя прыхадні людзей на кавалкі раздзіраюць, прывіды і мерцвякі за дзецьмі бегаюць… Тата сядзіць, адным вокам — у телевізар, другім — у газету, у руце бутэрброд… А Веранічцы ды Максімку ад тых жахаў на экране страшна-страшна… Нават мышка пару разоў з норкі вылезла паглядзець.
— Ну як, спалохалася? — пытаюцца ў яе Веранічка і Максімка.
–Нічога асаблівага, — фыркнула мышка.– Я — смелая. Мяне ніякія прывіды не напалохаюць…
І пайшла ў норку дасыпаць. І сніцца мышцы — а мо на самой справе робіцца? — што пайшла яна на кухню, пашукаць што-небудзь смачненькае. А на стале — торцік. З ружовымі кветачкамі з салодкага крэму. Ела, ела мышка, пакуль… у вачах не пацямнела, і не павалілася яна на талерку… І нібыта над яе галавою нейкі званочак зазвінеў, і шоргат крылаў наверсе пачуўся…
Раніцой зайшла Мама на кухню сняданак рыхтаваць.
–Ай-яй-яй! Торт забыліся ў халадзільнік паставіць! Мышка Пік-Пік паела, і, відаць, атруцілася…
Прыбеглі на кухню ўсе — Тата, Веранічка, Максімка, котка Пепіта. На стале, на пустой талерцы ляжыць дагары жыватом мышка Пік-Пік. Прыўзняў яе Тата за хвост:
–Усё. Спруцянела. Не будзе больш цукерачак па начах шукаць.
Сям’я пайшла ўрачыстым крокам у прыбіральню. Кожны сказаў пра нябожчыцу колькі добрых слоў. Тады Тата ўкінуў целца аматаркі торцікаў ва ўнітаз і спусціў ваду.
— Бывай, мышка. Нам будзе не хапаць цябе.
Ноччу Вераніка і Максімка прачнуліся ад таго, што па пакоі разлілося фасфарычнае ззянне. Пад самай столлю лётала нешта цёмнае, паўпразрыстае, з вачыма, што гарэлі зялёным агнём, і доўгім хвастом. “Нешта” завывала глухім голасам:
–Цуке-ерачак! Цуке-ерачак!
Усю ноч сям’я не спала. Прывід лётаў па кватэры і прасіў цукерачак. Аднак, калі цукеркі яму прынеслі, не адрэагаваў.
— Хто б мог падумаць, што наша Пік-Пік зробіцца прывідам! — з горыччу сказаў Тата. — І як даць рады такой навале?
— Бяда, — азвалася Мама. — На прывідную мышку ні мышалоўка, ні кошка не падзейнічаюць.
–Так, — пагадзіўся Тата. — Але на прывідную мышку мусіць падзейнічаць… прывідная кошка!
Сямейныя моўчкі, з нейкімі нядобрымі ўсмешкамі паглядзелі на котку Пепіту.
Дарэмна бедная котка верашчала і пагражала зваротам у Грынпіс. Баўтануўся кончык яе пышнага хваста ў вадазвароце унітаза — і нават развітальнага слова ніхто не сказаў.
Вечарам усе спакойна ляглі спаць. Але апоўначы прачнуліся ад глухіх завыванняў. Па пакоях лётаў прывід з доўгім хвастом і скавытаў: “Цуке-ерачак!” А за ім лётаў другі прывід, падобны на котку, з вялізнымі палаючымі вачыма, і выводзіў: “Мы-ышку! Мы-ышку!”
Зноў сабраліся на сямейны савет.
— Цяпер трэба думаць, як пазбавіца ад прывіда коткі… — змрочна сказала Мама.
— Эх, прывіднага сабаку б на яго…
— Хіба сабака ва ўнітаз пралезе, — засумнявалася Веранічка.
— А вунь у суседкі такі сабачка добранькі… — задумліва сказаў Тата. — Звяглівы, шчупленькі… А катоў як ганяе!
Усе моўчкі пераглянуліся.
–То-обік! Тобік! — увечары жаласна крычала на двары суседка, падзываючы вернага цюцьку.
Унітаз у чарговы раз сыграў пахавальную мелодыю.
Павадок ад беднага Тобіка Максімка прыстасаваў пад сапраўдную каўбойскую пугу.
Апоўначы па пакоі лётала тры прывіды. Першы гарлаў:”Цукерачак!”, другі — “Мышку!”, трэці, самы вялікі — “Кошку!”
— Кажуць, на прывідаў дзейнічаюць срэбныя кулі… — змрочна сказала Мама.
— Толку ў іх страляць, у гэтых… Бачнасць адна…– уздыхнуў Тата. — Вось калі… калі ва ўнітаз патронаў насыпаць…
Трайны крык данёсся з прыбіральні. Такі гучны, што…
Мышка Пік-Пік прачнулася. Яна ляжала на пантофлі-канапе ў сваёй норцы, жывенькая, і нават есці хацелася…
Мышка выбегла ў залу. Перад уключаным тэлевізарам сядзеў Тата з газетай і бутэрбродам. На экране зялёны монстр ганяў нейкіх небаракаў.
— Як не сорамна! — абурылася мышка. — Там, дзе знаходзяцца дзеці і жывёлы, нельга глядзець такія фільмы!
Тата ледзь не задушыўся бутэрбродам, але ўсё-ткі пераключыў тэлевізар на мульцікі.

ПІК-ПІК У КАЗІНО

Калі мышка Пік-Пік разам з Мамай і Татам хадзілі ў госці да мамінай знаёмай цёткі, то з вакна цётчынай кватэры відаць была вельмі прыгожая рэклама. Яна свяцілася мноствам каляровых лямпачак, агеньчыкі міргалі, пераліваліся, перабягалі з месца на месца, утвараючы сапраўдную карціну: дзядзька ў пінжаку, з гальштукам-матыльком падымаў і апускаў чарку, а над ім свяціліся літары: “Казіно Эльдарада”. Словы незнаёмыя і прывабныя. Мышка з зайдрасцю назірала, як сытыя мужчыны заходзілі ў шкляныя дзверы пад руку з худзюшчымі даўгалыгімі дзеўкамі і выходзілі пасля такія вясёлыя, задаволеныя… Няйначай іх там кармілі торцікамі. Папыталася мышка ў Мамы, што такое казіно… Але Мама там ніколі не бывала. І таму адказала толькі прыблізна:
— Ну, гэта месца, дзе п’юць, ядуць… Танчаць… Ах так, там яшчэ гуляюць у розныя гульні… Капіталізм, карацей, вяртаецца. І ўвогуле — знайшла чым цікавіцца! Каб пра што карыснае папыталася! А то — у казіно захацела!
Мама яшчэ доўга нешта гаварыла, то абураючыся, то скардзячыся на жыццё, а мышка адразу ж уявіла сабе: шмат сталоў з рознымі смачнымі стравамі і напоямі, музыка, танцы, гульні з мячыкамі ды скакалкамі… Дзіва што людзі выходзяць адтуль такія задаволеныя!
Воcь і наважылася мышка пайсці ў гэтае “казіно”. Будынак знайшла лёгка, пераадолела і шкляныя дзверы, хаваючыся за нагамі нейкага дзядзькі, абутага ў новенькія чаравікі з вялікімі абцасамі. І тут Пік-Пік разгубілася. Ледзь паспявала ўцякаць ад мноства ног то ў туфліках на небяспечна высокіх “шпільках”, то ў каўбойскіх чаравіках з жалезнымі абцасамі… Ні мячыкаў, ні скакалак… А самае жахлівае — і торцікаў няма! Народ немаведама чым займаецца… Праўда, час ад часу міма праплываюць падносы, на якіх стаяць высокія шклянкі з рознакаляровымі напоямі і талерачкі, на якіх — нешта падобнае да пірожных… Падносы трымалі на руках хлопцы і дзеўкі ў аднолькавых прыгожых строях — белыя кашулі, сінія пінжакі… Мышка заўважыла, што выходзілі яны з адных дзвярэй. Ага, значыць, менавіта там і захоўваецца самае галоўнае ў гэтай установе — смачная ежа! І мышка кінулася туды.
За белымі дзвярыма сапраўды аказалася звыклае і мілае для мышкі месца — кухня. І пахі тут былі самыя патрэбныя… Але кухня выглядала не так, як у кватэры, дзе жыла Пік-Пік. Усё белае, бліскучае, падлога — як люстэрка… Мышка разгублена пачала круціцца, выглядачы, дзе б ухапіць які кавалачак торціка…
— Вох, бяда — мыш! — закрычаў раптам нечы голас.
— Лавіце! Гаспадар даведаецца — усіх пазвальняе!
Усчаўся страшэнны гвалт. Ніколі яшчэ мышка не была так блізка да сваёй пагібелі. За ёй ганяліся са швабрамі і вялізнымі нажамі. Пырскалі ў яе бок нейкай гадасцю з балончыкаў… І схавацца няма дзе — усё чыстае, бліскучае, ніводнага цёмнага куточка… Цудам выскачыла Пік-Пік з тае кухні, прабегла між ног наведнікаў і ўрэшце апынулася на вуліцы.
Па дарозе дадому мышка Пік-Пік думала: “Вось цяпер я ведаю, што такое капіталізм! Гібель для сумленнай мышкі. У любой дзяржаўнай сталоўцы мяне б і не заўважылі.”

МЫШКА ПІК-ПІК САЧЫНЯЕ КАЗКУ ПРА СЯБЕ

Аднойчы на кухні Мама чысціла бульбу. І раптам пачула вісклівы голас:
— Толькі і думаем пра тое, каб жывот чымсьці напхаць. А пра ежу духоўную і не ўспамінаем!
Мама вельмі здзівіліся з такіх прачулых слоў і агледзелася вакол. На зэдліку сядзела, звесіўшы хвосцік, мышка Пік-Пік.
— Пра што ты гаворыш, зверанятка? — перапытала разгублена Мама.
— Як гэта пра што? Ты чаму казкі перастала пра мяне сачыняць? — абурана працягвала мышка. — Артыкулы нейкія ўзялася пісаць, як быццам без цябе навуковак не хапае. Вунь адна цётка Ірка чаго вартая, што хацела мяне ў лабараторыі вывучаць, як невядомы навуцы від мышы!
— Ведаеш, — абурылася ў сваю чаргу Мама, — на свеце ёсць шмат цікавага акрамя мышэй.
— Я — адзіная і непаўторная мышка ў свеце! — упэўнена заявіла Пік-Пік.– Таму неадкладна давай сачыняй пра мяне казку! А я дапамагу. Можа быць, нарэшце нешта талковае і атрымаецца.
– Здаецца, раней я без цябе цудоўна абыходзілася, — пакрыўдзілася Мама, нават бульбіну ачышчаную міма каструлі кінула.
— “Цудоўна!” Насачыняла пра мяне рознай лухты, на смех выставіла! Хіба такой павінна быць сапраўдная казка?
— А якой жа?
— А вось паслухай. Вучыся! — мышка натхнёна заплюшчыла вочы і пачала расповед.
— У адным трыдзевятым царстве жыла-была чароўная прынцэса мышка. І такая яна была прыгожая, як… як сметанковы торцік. І аднойчы скраў гэтую чароўную мышку злосны вогненны цмок… па мянушцы Мурзік. Заплакала ўсё царства-каралеўства слязьмі горкімі, а цар Мыш, бацька, значыць, гэтай прыгожай мышкі, аб’явіў па ўсім свеце, што той добры рыцар, які вызваліць прынцэсу з кіпцюроў паганага цмока Мурзіка, возьме яе сабе за жонку і палову царства ў пасаг…
Тут на кухню забег Максімка.
— Мама, печыва хачу, што ты ўчора вечарам спякла! Не, два печыва давай…
Мышка абурылася:
— Не перашкаджай мне казку расказваць!
— Якую казку? — зацікавіўся Максімка, хрумкаючы печывам.
— Ды вось Пік-Пік пра сябе сачыняе, — патлумачыла Мама. — Як чароўную мышку-прынцэсу скраў пачварны цмок…
— А, ведаю, што далей! — радасна закрычаў Максімка. — Цмок прынёс мышку ў сваю кватэру і кажа: “Гэта ты скрала маю партыю наркотыкаў?!” А мышка скідае з сябе сукенку і крычыць: “А я не мышка, я робат-паліцэйскі! Імем закона я цябе арыштоўваю!” І дастае вось такі пісталет-аўтамат-кулямёт з ракетным рухавіком! А цмок націскае на кнопачку, і з прыбіральні выбягае банда гангстэраў! — пры гэтых словам Максімка ўзяў са стала яшчэ печыва і рассоваў па кішэнях. — Ну, добра, я пайшоў. Расказвайце далей без мяне.
— Значыць, робат-паліцэйскі… Дакладней, прынцэса-мышка…– дрыготкім голасам працягнула свой аповед Пік-Пік, але дзверы кухні зноў расчыніліся, і ўвайшла Веранічка.
— Я таксама хачу печыва! — сказала яна. — А пра што вы гаворыце?
— Ды вось, Пік-Пік казку пра сябе сачыняе, як яе цмок скраў, а яна аказалася робатам-паліцэйскім — цярпліва патлумачыла Мама.
— А, ведаю, ведаю, што далей! — узрадвалася Веранічка. — Цмок ёй кажа: “Мы будзем уладарамі свету! Паглядзі, у мяне пад ложкам схаваны тры атамныя бомбы, і калі ўсе краіны не скарацца мне, я гэтыя бомбы скіну на самыя вялікія гарады свету!” А мышка, уся такая ў белым, з фальбонамі і карункамі, а ў доўгіх белых валасах банцікі, банцікі, кажа: “Падзяліць уладу з такім вар’ятам і ненармальным маньякам? Нізавошта!” Цмок дастае пісталет, але ў гэты момант праз вакно ўрываецца Бэтман: “Я спыню цябе, зладзюга!” Ну добра, я пайшла гуляць. Мае лялькі таксама печыва хочуць. Я ім толькі што кожнай аперацыю зрабіла.
І Веранічка, напхаўшы кішэні печывам, пайшла.
— І адважны Бэтман… Дакладней, рыцар… дастае зачараваны меч… — паспрабавала працягнуць свой сюжэт мышка, але на кухню зайшла Пепіта.
— Кажуць, тут пячэнніцы смачненькія даюць, — прамуркатала яна. — А, вось яны! Добранька… Пра што гамонім?
Мышка, уся ў кепскіх прадчуваннях, не хацела дзяліцца інфармацыяй. Але Мама зноў усё пераказала, і Пепіта з задавальненнем прапанавала сваю версію:
— Цмок пасадзіў мышку ў электрычнае крэсла і кажа: “Прызнавайся, ты — руская шпіёнка Каця!”. І тут электрычнае крэсла ўстае і накіроўвае на цмока пісталет: “А я — амерыканскі агент нуль-нуль-нуль! Мы разам з Кэт высочвалі цябе па ўсім свеце! Крылы ўгару, нягоднік!”
Калі Пепіта пайшла, мышка, паверашчаўшы наконт некультурных котак, якія не ведаюць смак у добрых казках, працягнула:
— Рыцар адсек цмоку сваім зачараваным мечам усе тры галавы, так што цмок ледзь паспеў тры разы сказаць “Мяў”, і апусціўся… Рыцар, вядома, а не цмок… на калена перад чароўнай прынцэсай…
І тут на кухню зайшоў Тата. Зразумела. Нягледзячы на слабыя пратэсты мышкі, казка атрымала новую версію:
— Цмок аказаўся касмічным прышэльцам, — з задавальненнем казаў Тата. — Ён хацеў замяніць мышкіны мазгі на свае, каб у мышкіным целе захапіць уладу над зямлёй. Але мышкіны мазгі былі занадта маленькія, і цмокавы не змясціліся на іх месца. Цмок пхаў іх у мышку, пхаў, і ўрэшце рэшт яны расплавіліся і выцеклі ў мышкі з вушэй. Мышка апрытомнела, вымыла главу кока-колай і вярнулася дадому. Яна так і не даведалася, што прадухіліла вялізарную катастрофу зямной цывілізацыі. А што, пячэнне яшчэ засталося?
Калі за Татам зачыніліся дзверы кухні, мышка нейкі час сядзела моўчкі, пасля пачала ціха ўсхліпваць:
— Такую казку сапсавалі…
— Не плач, не плач, даражэнькая, — пашкадавала яе Мама. — Цяпер раскажы ўсё наноў.
— Не магу… Я зусім заблыталася…
— Ну добра, я дапамагу, — супакоіла мышку Мама. — Слухай. Пайшла мышка на цмокаву кухню. А там у вазачцы ляжалі смачненькія цукерачкі. Узрадвалася мышка, і давай іх есці. Ела, ела. І не ведала, што зробленыя тыя цукерачкі цмокавы былі не з цукру, а з…
— Не! Гэта невыносна! — ускрыкнула небарака Пік-Пік, і, не жадаючы даведвацца, з чаго робяць цукеркі для цмокаў, кінулася бегчы з кухні.
Праўда, не забылася прыхапіць са стала апошняе пячэнніца.

Вучні 28-й гімназіі г.Мінска – прыхільнікі мышкі Пік-Пік.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

ЗМЕСТ

МЫШКА ПІК-ПІК I МІКІ МАЎС 2
МЫШКА ПІК-ПІК ПРЫБІРАЕ НОРКУ 4
МЫШКА ПІК-ПІК ІДЗЕ Ў МАГАЗІН 6
МЫШКА ПІК-ПІК РАМАНТУЕ ТЭЛЕВІЗАР 8
ЯК ТАТА СТАЎ СУПЭРМЭНАМ 10
НЯЧЫСЦІК, ЯКІ БІЎ АРЭХІ 12
МЫШКА ПІК-ПІК I ПАН АБАДРАН 14
ПІК-ПІК I ПЕПІТА НА ПАЛЯВАННІ 16
ЗАВЯШЧАННЕ ПАНА АБАДРАНА 18
ПЕПІТА I ВЫСАКАРОДНЫ РАЗБОЙНІК 20
ПРА ТОЕ, ЯК МЫШКА ПІК-ПІК АШАЛЕЛА 22
КОНКУРС ПРЫГАЖОСЦІ. 24
МЫШКА ПІК-ПІК РОБІЦЬ САБЕ МАКІЯЖ 26
МЫШКА ПІК-ПІК ЗАБЛУКАЛА 28
МЫШКА ПІК-ПІК РОБІЦЬ ПРЫПАСЫ 30
МЫШКА ПІК-ПІК ПІША ВЕРШ 32
МЫШКА Ў КАВУНЕ 34
МЫШКА ПІК-ПІК І РОВАРЧЫК 36
МЫШКА ПІК-ПІК І ХАЛАДЗІЛЬНІК. 38
МЫШКА ПІК-ПІК ІДЗЕ НА ВЕРАНІЧКІН ДЗЕНЬ НАРОДЗІНАЎ 39
МЫШКА ПІК-ПІК ЛАДЗІЦЬ ДЗЕНЬ НАРОДЗІНАЎ 42
ПІК-ПІК I БРАЦІК 44
МЫШКА ПІК-ПІК ГУЛЯЕ Ў БАЛЬНІЦУ 46
ВЕРАНІЧКА ІДЗЕ НА ВАЙНУ 47
ШАКАЛАДНАЕ ДРЭВА 49
ЯК МЫШКА ПІК-ПІК СУСТРАКАЛА НОВЫ ГОД 51
МЫШКА ПІК-ПІК НА СЦЭНЕ 55
МЫШКА ПІК-ПІК РОБІЦЬ ФРЫЗУРУ 57
МЫШКА ПІК-ПІК ЯК НАВУКОВАЕ АДКРЫЦЦЁ 59
МЫШКА ПІК-ПІК ЗАЙМАЕЦЦА БІЗНЕСАМ 61
МЫШКА ПІК-ПІК ЕДЗЕ Ў ВЁСКУ 63
МЫШКА ПІК-ПІК І ПАПУГАЙЧЫК 65
ВАЙНА З ЛЯЛЬКАМІ 67
МЫШКА Ў КОСМАСЕ 69
МЫШКА ПІК-ПІК ЕСЦЬ АРЭШКІ 71
МЫШКА ПІК-ПІК І ПЯСОЧНЫ ТОРЦІК 73
МЫШКА ПІК-ПІК ПЛЫВЕ ЗА БАНАНАМІ 75
МЫШКА ПІК-ПІК І МЫЛА 77
МЫШКА ПІК-ПІК — ГАНГСТЭР 79
ТАТА ЛЕЧЫЦЬ МЫШКУ ПІК-ПІК. 81
МЫШКА ПІК-ПІК І ГІТАРА 83
МЫШКА ПІК-ПІК І БУЛЬБА 85
МЫШКА СТАНОВІЦЦА ПТУШКАЙ 86
МЫШКА ПІК-ПІК I РЫБКІ 88
МЫШКА І ДАМАВІК 90
ПАРТРЭТ МЫШКІ ПІК-ПІК 92
МЫШКА ПІК-ПІК ПЯЧЭ ТОРТ 94
МЫШКА ПІК-ПІК ТАНЬЧЫЦЬ 96
ПАДСТУПНЫЯ МУРАШКІ 98
МЬШКА ПІК-ПІК І СПРОБА ГВАЛТУ 100
МЫШКА Ў ПАДАРУНАК 102
ПРЫВІД МЫШКІ ПІК-ПІК 104
ПІК-ПІК У КАЗІНО 106
МЫШКА ПІК-ПІК САЧЫНЯЕ КАЗКУ ПРА СЯБЕ 108

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.