«А старасці няма! Ты ёй не вер…»

Колькі цікавага і нават загадкавага ў біяграфіі гэтай паэткі!

Яе візітнай карткай стаў верш, напісаны ў родным Вішневе на Валожыншчыне пры сузіранні квітнеючых садоў: «Люблю наш край, старонку гэту…»


Пра сваё паходжанне Канстанцыя пісала так:

«Бацька быў аб’ездчыкам у графа,
Ля стала ў яго стаяла шафа,
У ёй два кляймы, нейкiх тры пячацi,
Пухлы i тоўсты скорасшывацель,
Шмат квiтанцый, шмат канторскiх кнiжак,
Памiж шафай i сцяною — лыжы».

У сям’і шмат чыталі, быў нават свой сямейны музычны ансамбль… А вучыла Канстанцыю французскай мове суседка-францужанка Эмілія Станкевіч, з чыёй дачкой, Уладзіславай, іх звязала моцнае сяброўства — да канца дзён. Разам атрымлівалі настаўніцкую адукацыю, разам працавалі ў дзіцячых прытулках і танчылі на беларускіх культурніцкіх вечарынах… І яшчэ адзін чалавек аб’яднаў іх: Іван Дамінікавіч Луцэвіч, Янка Купала, з якім сяброўкі сустрэліся ў рэдакцыі газеты «Наша Ніва», дзе малады паэт тады працаваў.

Купала ўсю ноч у рэдакцыі чытаў Канстанцыі п’есу «Паўлінка», потым быў рэдактарам яе першай кнігі «Курганная кветка», якая выйшла ў 1914 годзе… А Уладзіслава стала яго жонкай.

Янка Купала і Уладзіслава Францаўна не адвярнуліся ад Канстанцыі, калі яе мужа ў 1933-м арыштавалі як ворага народа… А Канстанцыя падтрымлівала Уладзіславу, калі загінуў Янка Купала, ратавала ад адчаю: «Я ведь очень хорошо знаю, что вся жизнь твоя была для него. Владочка, теперь переключи твою кипучую энергию на какую-нибудь работу для родной Белоруссии».

Менавіта Канстанцыю Антонаўну Уладзіслава Францаўна ў 1942-м просіць пад’ехаць у крэматорый, паглядзець, як там помнік Янку, даць грошы жанчыне, што за ім прыглядае. Уладзіслава дапамагае сяброўцы з друкаваннем твораў і выданнем кніг — зразумела, што жонцы ворага народа многія шляхі былі перакрытыя, дваццаць гадоў яна ўвогуле не друкавалася. Уладка падказвае ў лістах, каму з літаратурных чыноўнікаў трэба выказаць павагу, у якой афіцыйнай імпрэзе абавязкова паўдзельнічаць. Клапоціцца, каб сяброўка атрымала медычную дапамогу. Вось, напрыклад, ліст ад 13 чэрвеня 1955 г. на бланку Літаратурнага музея Янкі Купалы, стваральніцай і дырэктарам якога стала Уладзіслава Луцэвіч:

«Дорогая моя Костка!

Твое письмо М.К. передала тов. Бровку. Он сказал, что тебе сам напишет. Я с удовольствием пойду в леч. ком., но ты должна написать, с какого времени просишь путевку и куда. Я говорила, что ты хочешь в Крым, и Нейфак говорит, что тебе лучше ехать туда».

Аднойчы ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва я знайшла цікавы дакумент: ліст Канстанцыі Антонаўны ад 26 верасня 1958 г. з Масквы да Уладзіславы Францаўны ў Мінск:

«Милый, хороший, родной Владысик!

Только что отправила письмо, успокоенная твоим заверением, что через „пару дней ты выйдешь на работу“, а вот томит меня какое-то тревожное беспокойство. Поэтому очень прошу тебя — напиши мне, как ты себя чувствуешь — не длинным письмом, — а хотя бы коротенькой открыточкой… У меня все благополучно. Только очень скорблю, что не поехала в Крым — так хочется к морю — что выразить тебе не могу. Какая-то острая тоска — похожая на ностальгию — тоску по Родине — которая приводит к серьезным психическим расстройствам… Ночью проснусь — и кажется, что за окном шумит море — а это плещется наш серый, скучный, осенний дождь. Написала стихотворение:

О старасць! Я цябе не клікала… Не, не!
Дык што ж ты наплыла цяжкой, сцямнелай хмарай? 
І страшыш ты мяне — як прывід грозны — старасць,
І безнадзейнасцю сціскаеш сэрца мне.
Жыву я ў поўны рост! Квітнеюць сэрца мары, 
У песні я пяю аб шчасці, аб вясне…
Нашто жа ты ідзеш? Чаго ты хочаш, старасць?
Чаму панура так глядзіш у вочы мне?
Прыдзі пазней…
Прыдзі — як восень залатая,
Адзеўшы ў золата і дрэвы і палі,
Прыдзі багатая выдатным ураджаем
Пражытых многа год — што плён свой прыняслі.
І будзеш ты ў мяне прыемнай і прыгожай, 
Усё, што зроблена, я сціпла падлічу,
А сэрца мне шапне — што, калі захачу,
Змагу на многа йшчэ здабытае умножыць…
Цяпер — яшчэ не час! Гарыць агонь душы,
Хвалююць бурна кроў жаданні і надзеі,
І многа важных спраў мне трэба давяршыць, 
Дык знікні! Адыдзі! І не чапай мяне.
Сыдзі з маіх вачэй! Сплыві па ветру хмарай…
Павер — зарана йдзеш… Зарана — старасць!
І я цябе зусім не клікала…
Не, не!
14/IX-58

Вот видишь, какими настроениями полна я в день, когда подходит мое 60-летие».

Звернем увагу на дату — і ліст, і верш напісаныя ў верасні 1958 года. Чаму ж Канстанцыя Буйло кажа, што гэта — напярэдадні яе шасцідзесяцігоддзя, калі яе 130-годдзе мы адзначаем цяпер, у 2023-м? Значыць, у 1958-м паэтэсе мусіла быць ужо 65? Нешта лічбы не супадаюць…

Давайце ж раскрыем сакрэт гэтага несупадзення.

У даведніку Саюза пісьменнікаў БССР 1970 года і ў Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, то-бок яшчэ пры жыцці паэтэсы, значылася, што Канстанцыя Буйло нарадзілася ў 1899 годзе. Па сведчаннях сучаснікаў, Канстанцыя спакойна візіравала гэтыя артыкулы са словамі: «Хай будзе так…» 

У 1923-м мужа Канстанцыі Буйло, таленавітага агранома Віталія Калечыца, запрасіў на працу ў Маскву прафесар Тупайкаў, які загадваў Першай усесаюзнай сельскагаспадарчай выставай. Калі праз год выстава зачынілася, Калечыцу давялося шукаць іншую пасаду. Працаваў інспектарам у банку, нават стварыў з сябрамі арцель па выпуску анілінавых фарбаў, але НЭП доўжыўся нядоўга, з прадпрымальнікамі распраўляліся… Карацей, сямейны дабрабыт усё пагаршаўся. З цягам часу давялося шукаць працу і Канстанцыі, якая дагэтуль была хатняй гаспадыняй. У яе нават пашпарта не было! У 1928-м, калі спатрэбілася ўладкоўвацца на працу, давялося рабіць пашпарт. Маскоўскія пашпартысты не мелі магчымасці атрымаць дакументы для праверкі — родны Вільна Канстанцыі знаходзіўся на тэрыторыі панскай Польшчы. І калі ў паэткі спыталіся, колькі ёй гадоў, яна адказала: «А колькі дасцё?» І не пярэчыла, калі яе «на вока» амаладзілі на шэсць гадоў. 

Што ж, напэўна, у кожнай сям’і ёсць гісторыя, калі бабулі і дзядулі мелі ў дакументах дату нараджэння, якая не супадала з сапраўднай. Нехта адмыслова «амалоджваўся», нехта прыпісваў себе гады…

Сапраўдную дату нараджэння паэтэсы высветліў яе сын Яўгеній Калечыц. У 1987 годзе ў гістарычным архіве Літоўскай ССР знайшоўся дакумент пра тое, што 17 студзеня 1893 года ў віленскім касцёле св. Якава «был окрещен ребенок по имени Констанция, дочь крестьян Антона и Настазии ур. Бусилов, Буйлов, родившаяся 2 января 1893 г. в г. Вильне».

Гэта дата цалкам укладваецца ў біяграфію паэткі, інакш давядзецца лічыць, што першы зборнік Канстанцыя Буйло, як вундэркінд, выдала ў 15 гадоў (так многія і лічылі да нядаўняга часу), абвянчалася непаўналетняй… І наўрад ці пасябравала б яна з Уладзіславай, якая нарадзілася ў 1891-м, бо надта вялікая была б у дзяўчынак розніца ва ўзросце.

Але чаму ў такім выпадку ў 1958-м Канстанцыя Антонаўна ў лісце да Уладзіславы Францаўны піша пра сваё шасцідзесяцігоддзе, якое набліжаецца? Яна ж ведала, што ёй ужо даўно больш за шэсцьдзесят… І Уладка ведала.

Ну, па-першае, афіцыйна юбілей сапраўды святкавалі напачатку 1959-га — творчыя сустрэчы, публікацыі, віншаванні… Па-другое, чаму б жанчыне і не паверыць у свае маладзейшыя гады — як яна ставілася да старасці, сведчыць прыведзены ў лісце верш. 

Канстанцыя Буйло пражыла доўгае жыццё. У 1972-м, праз дванаццаць гадоў пасля смерці Уладкі, яна піша яшчэ адзін верш пра старасць:

«А старасці няма! Ты ёй не вер,
Калі ў грудзях жывое сэрца б’ецца,
Калі з грудзей свабодна песня льецца,
Сум мой знікае, як драпежны звер,
І неба, і блакіт вачэй смяецца, —
Ты старасці
не вер!»

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.