БЕЛАРУСКІ ДЭТЭКТЫЎ ЛЮДМІЛЫ РУБЛЕЎСКАЙ. ДЗМІТРЫЙ БУГАЁЎ.

Даведалася, што пайшоў з жыцця ў апошнія дні 2017 года вядомы літаратуразнаўца Дзмітрый Бугаёў. Ён быў сапраўдным аўтарытэтам і цікавым даследчыкам. Знайшла ягоную рэцэнзію, якую ў 2005 годзе спадар Дзмітрый пісаў на мой раман “Золата забытых магіл”, а заадно характарызуе дэтэктыўны жанр у беларускай літаратуры.

Дзмітрый Бугаёў

БЕЛАРУСКІ  ДЭТЭКТЫЎ  ЛЮДМІЛЫ  РУБЛЕЎСКАЙ

Людміла Рублеўская працуе ў літаратуры актыўна і плённа. Яна выдала шэсць зборнікаў паэзіі, а цяпер перайшла і на прозу. У 2005 годзе ў яе выйшла кніга «Пярсцёнак апошняга імператара», у якой найбольш цікавым мне ўяўляецца дэтэктыўны раман «Золата забытых магіл». Дэтэктыўная літаратура карыстаецца прыхільнасцю многіх чытачоў. Добра зычліва ставяцца да яе і выдаўцы. Пра гэта сведчыць перадрук твораў У. Караткевіча з дэтэктыўнай сюжэтнай асновай, выхад зборніка «Сучасны беларускі дэтэктыў. Карона Вітаўта Вялікага».Сюды ўвайшлі дэтэктыўныя раманы М. Адамчыка, М. Клімковіча, А. Глобуса, В. Праўдзіна, Л. Рублеўскай (яна змясціла тут містычны дэтэктыў «Дзеці гамункулуса»), Т. Сабоцкай, У. Сакалова, У. Сіўчыкава, С. Трахімёнка, М. Чаргінца, а таксама некалькі аповесцей. Адметнай асаблівасцю дэтэктыўных твораў тэарэтыкі (Л. Цімафееў і іншыя) лічаць тое, што гэтыя творы прысвячаюцца раскрыццю метадам лагічнага аналізу складанай заблытанай тайны, найчасцей звязанай са злачынствам. Цэнтральнае месца ў дэтэктыўнай літаратуры належыць персанажу, які вядзе расследаванне крымінальных спраў, сышчыку (яго называюць дэтэктывам), які шукае злачынцу, высвятляе абставіны злачынства, яго характар, небяспеку для грамадства і асобных людзей. Узорам такога дэтэктыва стаў славуты Шэрлак Холмс, створаны класікам дэтэктыўнай літаратуры Артурам Конан-Дойлам. Ён часта дзейнічае ў звязцы з доктарам Уотсанам (Ватсанам), ствараючы мноства камедыйных сітуацый. Але такая звязка для дэтэктыўнай літаратуры не абавязковая, бо праніклівы сышчык можа паспяхова дзейнічаць і без трохі абмежаванага напарніка з камедыйнымі рысамі. Затое тыповым у добрых дэтэктывах з’яўляецца напружаны дынамічны сюжэт з нечаканымі паваротамі дзеяння, вострай інтрыгай, наогул віртуознасць апавядання, якая заклікана паказаць вынаходлівасць сышчыка і выкрутлівасць злачынцаў, якіх яму трэба абясшкодзіць. Тыповым можна лічыць і патрабаванне, каб дэтэктыўны твор даваў чытачу інтэлектуальнае задавальненне ад разгадкі таямніцы менавіта лагічным шляхам. Адсюль вынікае пастулат, што дэтэктыў (сышчык) павінен валодаць строга лагічным мысленнем, пазбягаць у сваёй працы лагічных памылак. «Логіка, апранутая ў белетрыстычную вопратку», – вось аснова дэтэктыўнага сюжэта, настойваў Р. Осцін Фрымен, прадаўжальнік традыцый Конан-Дойла ў англійскай літаратуры. «У аснове дэтэктыва ляжыць тайна, якая раскрываецца работай розуму, разумовым намаганнем», – пагаджаўся і знакаміты аргенцінец Хорхе Луіс Борхес. Раскрыццё гэтай тайны – галоўная задача дэтэктыва. А раз яна павінна вырашацца інтэлектуальным напружаннем, лагічным шляхам, дык трэба пазбягаць варажбы, спірытычных сеансаў, усялякай містыкі, увогуле звышнатуральных сіл, уздзеянне якіх не паддаецца лагічнай разгадцы. Не пажадана адхіляцца і на падрабязныя апісанні, паказ любоўных прыгод і на іншыя рэчы, калі яны непасрэдна не звязаны са злачынствам, якое раскрывае дэтэктыў. У дэтэктыўным рамане «не павінна быць любоўнай лініі. Размова ж ідзе пра тое, каб аддаць злачынцу ў рукі правасуддзя, а не пра тое, каб паяднаць вузамі Гіменея засумавалых закаханых», – сцвярджаў амерыканскі пісьменнік С. С. Ван Дайн. Але практыка літаратурнага развіцця паказала, што любоўная інтрыга хоць і рэдка, але бывае арганічнай часткай дэтэктыўнага сюжэта. Такую арганічнасць Борхес бачыў у любоўнай лініі з шырокавядомага рамана Уілкі Колінза «Месяцавы камень». Дэтэктыўныя творы Л. Рублеўскай сведчаць, што яна добра знаёмая з галоўнымі патрабаваннямі, якія прад’яўлялі аўтарытэтныя тэарэтыкі і пісьменнікі да дэтэктываў, і ў галоўным канцэптуальным падыходзе не парушае гэтых патрабаванняў. У яе таксама ёсць свой сышчык (дэтэктыў), які займаецца разгадкай таямніц. У такой ролі выступае Паліна Ведрыч, выкладчыца гісторыі ў мінскай беларускай гімназіі. Яе лічаць «вучонай дамай», бо яна займаецца і навуковымі даследаваннямі. Пісала і дысертацыю пра паўстанне Кастуся Каліноўскага. Але да абароны не дайшла «з-за сваёй «недатыкальнасці». Проста ў пэўны момант зрабілася брыдка: арганізатарская беганіна, бясконцыя перамовы, намёкі на тое, што Кастусь Каліноўскі – асоба супярэчлівая». Увогуле ж Паліна як быццам належыць да няўдачніц – яна ў свае 28 гадоў развядзёнка. Мужчыны паглядалі на яе з прыхільнасцю, але блізка знаёміцца асцерагаліся, бо пабойваліся яе крутога характару, маўляў, «штучка». Дык вось гэтая «штучка», захопленая беларушчынай, апантаная ёю, імкнецца, як і належыць дэтэктыву, разгадаць таямніцу беларускай гісторыі, звязаную з лёсам некаторых удзельнікаў паўстання 1863 года. А ў выніку дзеянне з сучаснасці перакідваецца ў ХІХ стагоддзе, а потым зноў і зноў вяртаецца ў наш час. У падзагалоўку твора даецца жанравае вызначэнне – паралельны раман. Тэорыя літаратуры пакуль што не фіксавала такой раманнай формы. У Рублеўскай гэтая форма атрымалася. У яе паслядоўнае чаргаванне раздзелаў пра сучаснасць з раздзеламі гістарычнымі і праўда стварае двухпланавую раманную структуру са складаным, драматычна напружаным і зай мальным сюжэтам, з мноствам большых і меншых загадак. Раней гаварылася, што Л. Рублеўская ўлічвае каноны дэтэктыўнай літаратуры, вызначаныя многімі тэарэтыкамі і практыкамі. Але найбольш яна абапіраецца на нацыянальную, караткевічаўскую традыцыю ў гэтым жанры. Свае сімпатыі да Караткевіча Рублеўская падкрэслена дэманструе ў рамане, шмат разоў згадваючы асобу гэтага выдатнага майстра і яго творы, асабліва «Каласы пад сярпом тваім». Абмяркоўваецца, напрыклад, ці быў працяг рамана, ці сапраўды той працяг (калі ён усё ж існаваў) у пісьменніка ўкралі… Сама рамантызаваная стылістыка рамана «Золата забытых магіл» таксама збліжае Рублеўскую з Караткевічам. Ды і выхад на беларускую гістарычную праблематыку, а тым больш на пераломныя гістарычныя падзеі ХІХ стагоддзя, не мог быць хоць колькі-небудзь паспяховым без моцнай апоры на зробленае Караткевічам у мастакоўскім спасціжэнні нашай гісторыі, у рэабілітацыі яе самых яркіх, гераічных старонак. Рублеўская ж дамаглася значнага поспеху. Сваю двухпланавую апавядальную плынь яна разгарнула так, што ў ёй добра адчуваецца і абавязковае для дэтэктыва інтэлектуальнае напружанне, і займальнасць інтрыгі, падпарадкаванай разгадцы цэлага шэрагу таямніц. Раманістка свабодна, раскована піша і пра сучаснасць, і пра мінулае. Пераканальнасць аўтарскага пісьма забяспечваецца найперш дакладнасцю дэталізацыі, тых непаўторных штрыхоў, за якімі праглядваецца воблік часу, яго атмасфера. А яна ў рамане ўзнаўляецца пазнавальна і праўдзіва. Чытаючы згадку, што на месцы ўзарванага касцёла пабудаваны Дом культуры, мы адразу ўяўляем варварства тых часоў, калі ўлады бясконца трубілі пра культурную рэвалюцыю, а практыкавалі дзікунства ў яго непрыхаваным выглядзе. Або вось сказана пра стаўленне беларусаў да роднай мовы: «Нават маці сваю Паліна не магла пераканаць, каб гаварыла па-беларуску. “Позна мне перавучвацца”, – казала тая, ды ўсё. Сустрэць у іх горадзе чалавека, які валодае роднай мовай, – усё роўна што земляка на чужыне». Горкая праўда, якая стала вынікам шматгадовага трэціравання беларускай мовы на самых розных узроўнях. І ўжо зусім дробная дэталь. Паехаўшы ў Вільню, Паліна купляе там бохан хлеба, «чорнага, як урадлівая зямля, цяжкога… А цяпер яго пякуць і з семкамі – хочаш, з гарбузовымі, хочаш – са сланечнікавымі. Паліна ўзяла цэлы каравай – падзеліцца з маці, занясе па акрайцу сяброўкам… Хто б з продкаў мог падумаць, што хлеб зробіцца некалі сувенірам…». Сёння і ў нас, прынамсі ў Мінску, выбар добрага і вельмі смачнага хлеба самы багаты, купляй любы, абы грошы былі. А ў рамане раздзелы пра сучаснасць – гэта часы перабудовачныя, калі сапраўды з Вільнюса прывозілі такі хлеб, пра які згадвае Паліна. Не перабольшвае пісьменніца і там, дзе гаворыць пра запусценне беларускай вёскі ў перабудовачныя гады. «Вёска Гарнушкі калісьці бачыла лепшыя часы. Меліся школа, амбулаторыя, крама, у якую час ад часу можна было зайсці», – прыгадвае Паліна, завітаўшы ў колішняе родавае гняздо Вінцэся Рашчынскага. (Гэта той паплечнік Каліноўскага, які зацікавіў Паліну). Але цяпер яно ў куды горшым стане, бо «палова хатаў пазірала на свет сляпымі вачыма забітых вокнаў. За вёскай святлеў самотны двухпавярховы дом з белай цэглы – чорныя прагалы на месцы выбітых шыбаў надавалі яму падабенства з чэрапам волата. Гадоў пяць таму тут паспрабаваў адзін узяцца за фермерства». Аднак гарнушкаўцы не далі яму разгарнуцца, палічыўшы, што з ініцыятыўнага гаспадара можа вырасці новы пан. За гэтым стаяў добра вядомы спрадвечны сялянскі кансерватызм, які можа адыгрываць і станоўчую ролю, калі ён супрацьстаіць рызыкоўным валюнтарысцкім эксперыментам, а можа выступаць і як фактар адмоўны, калі перашкаджае зменам у лепшы бок. Дакладная Л. Рублеўская і там, дзе яна гаворыць, як не ў ХІХ стагоддзі, а ў савецкія часы ў нас вялася барацьба з так званымі антысаветчыкамі, да якіх у краіне залічалі невінаватых людзей. Такі лёс напаткаў і Палінінага бацьку Генадзя Рагманава. Ён вучыўся на рэжысёрскім факультэце ў тэатральным інстытуце і для курсавой работы ўзяўся ставіць п’есу заходнебеларускага пісьменніка, аб’яўленага потым ворагам народа. А яшчэ «і поўху замдэкана адвесіў. А той з органаў – усе ведалі». Дык Рагманава асудзілі «на прымусовае пасяленне ледзь не ў тундру». Маці ж, тады камсамолку, прымусілі публічна «каяцца, выкрываць антысаветчыка», фактычна толькі ўяўнага. Так і вырасла дачка без бацькі, з матчыным прозвішчам (каб нішто не нагадвала пра адыёзнага па савецкіх мерках бацьку). За ўсім гэтым зноў горкая праўда. І Л. Рублеўская сумленна напісала пра яе.

Карэктная яна і ў пастаноўцы іншых грамадскіх праблем той пары. Адна з іх – барацьба з алкагалізмам, якая ніколькі не страціла актуальнасці і цяпер. Яна ставіцца ў творы востра, з паказам трагічнага лёсу чалавека, які не здолеў вызваліцца ад згубнай цягі да спіртнога. Гутарка ідзе пра таленавітага выкладчыка беларускай літаратуры ў сталічным інстытуце Артура, які з-за п’янства страціў працу і жонку, а потым і жыццё: «Два тыдні ў моргу праляжаў… Падабралі на сметніцы». Пазней высвятляецца, што памёр ён «не сваёй смерцю», а фактычна быў забіты: «Нехта пачаставаў клафелінчыкам», які і забіў Артура, бо ў яго слабое сэрца. Так паяўляецца труп, характэрная з’ява дэтэктыўнага жанру. Але не пошукі віноўнікаў Артуравай смерці кладуцца ў сюжэтную аснову рамана «Золата забытых магіл». Ніхто тут не шукае забойцаў Артура. Вырашальны штуршок для крутога сюжэтнага закручвання паспявае даць яшчэ ён сам, зацікавіўшы Паліну загадкавай фігуркай жабкі з надмагілля Вінцэся Рашчынскага, аднаго з паплечнікаў Кастуся Каліноўскага. Той Рашчынскі атэстуецца як паўстанцкі філосаф і вялікі дзівак. Пасля падаўлення паўстання ён здолеў уцячы за мяжу, а калі былым паўстанцам дазволілі вяртацца на радзіму, выкарыстаў гэтую магчымасць. Ды праз год памёр загадкавай смерцю. Як высвятляецца ўжо ў канцы рамана, яго забілі ў ягоным жа доме сяляне, свае людзі. З-за золата, якога Рашчынскі тады не меў, і ўжо быў ён небагатым чалавекам, бо ўсю сваю маёмасць паадпісваў тым з суседзяў і сваякоў, каго глыбока паважаў. Але забойцы былі ўпэўнены, што золата Вінцэсь Рашчынскі мае. «Табе цмок золата носіць. Ты ў магіле прадзеда Чорную Кнігу адкапаў. Цмок вылупляецца з яйка пеўня. Вынасіў яго пад пахай… Ён табе яшчэ прынясе… Дабром просім – аддай золата! А то абыдземся, як з ведзьмаком і чарнакніжнікам належыць!» Вось і абышліся, закатавалі высакароднага чалавека да смерці. Між тым золата ў Рашчынскага было, толькі раней. І не цмокава, а паўстанцаў. Вінцэсь Рашчынскі схаваў яго так, каб знайсці маглі толькі разумныя і здагадлівыя нашчадкі. Шлях да таго золата зашыфраваны праз надмагілле, пабудаванае на немалыя сродкі Вінцэсем Рашчынскім для самога сябе яшчэ пры жыцці. Тое надмагілле шмат разоў разбуралася, але ў яго руінах капаюцца і сучасныя пінкертоны ды шэрлакхолмсы. І скарб яны як быццам знаходзяць. Але ён аказаўся падманным – замест золата, як у Ільфа і Пятрова, знайшлі чыгунныя балванкі. Дзе дзелася сапраўднае паўстанцкае золата, адказу няма. Так што крута закручаная сюжэтная загадка ў рамане застаецца неразгаданай. Адна з галоўных ідэй рамана – адказнасць нашчадкаў за справы продкаў. Калі Вінцэся катуюць, ён думае, што сваімі пакутамі, магчыма, сплаціць  «грахі свайго роду, увесь боль, які спарадзіў яго род». І гэтых грахоў у Вінцэсевым родзе набіраецца багата. Галоўны з іх – жорсткае абыходжанне з сялянамі. А пры чым тут Паліна? Яе як гісторыка цікавяць гістарычныя карані знакамітых беларусаў – барацьбітоў за свабоду. Ды і сама яна мае родавыя сувязі з паўстанцамі Каліноўскага, асабліва з Рагманавымі, бо яе ж бацька таксама быў Рагманаў. Таму яна так апантана капаецца ў загадках забытых магіл, шукаючы там карані і сваёй радаслоўнай. Урэшце высвятляецца, што яна нашчадак не толькі Рагманавых, але і Рашчынскіх, бо Вінцэсь Рашчынскі меў тое, пазашлюбнае, дзіця ад Вальжыны Рагманавай, дзяўчыны, да яго яшчэ цнатлівай, вельмі прывабнай і надзвычай высакароднай. Але ў яе ўчынках, здаецца, ёсць залішняе і для дэтэктыўнага сюжэта. Шмат разоў гаварылася, што Вальжына кахае не Вінцэся, хлопца маладога і прыгожага, а ваўкалака з пакалечаным тварам, намнога старэйшага за дзяўчыну, амаль равесніка яе бацькі. Ды аддаецца дзяўчына ўсё ж не ваўкалаку, а Вінцэсю, з якім праводзіць цудоўную ночку (адзіную за ўсё сваё жыццё). «Наша адзіная ноч – не падман. Хутчэй сон, мроя», – патлумачыць Вальжына ўжо ў старасці Вінцэсю Рашчынскаму, усе нашчадкі якога ідуць пад прозвішчам Рагманавых (дзіця ж ад яго ў Вальжыны пазашлюбнае). А гэтаму дзіцяці і наканавана працягваць род жанчыны і яе каханка на адну ноч. З каханнем у рамане Л. Рублеўскай нейкая нескладуха творыцца скрозь. У раздзелах аб мінулым прапаноўвала сябе Вінцэсю закаханая ў яго багатая і таксама вельмі прыгожая Хрысціна. Ды ён адмовіўся ад той прапановы з-за кахання да Вальжыны, што ўвогуле зразумела. Рамантыкі сваё каханне на багацце не мяняюць. Затое ў раманнай сучаснасці нагрувашчана ў гэтым плане шмат. Тая ж Паліна яшчэ кахае свайго былога мужа Стася, які пасля разводу з ёю добра ўладкаваўся ў Амерыцы. Цяпер, наведаўшы Беларусь, ён гатовы развесціся з амерыканскай жонкай і зноў ажаніцца з Палінай. А яна, яшчэ кахаючы былога мужа, цягнецца ўжо да скульптара Валянціна, які абяцаў ажаніцца з другой, ды ўрэшце ўсё ж звязаў свой лёс з Палінай. І гэта адзіная шчаслівая развязка любоўнай гісторыі, бо высвятляецца, што і Паліна горача кахае гэтага скульптара, хоць на адным сюжэтным вітку згаджалася адмовіцца ад яго дзеля магчымасці працягваць свае раскопкі ды пошукі на зруйнаваным надмагіллі Рашчынскага. Самую Паліну вельмі моцна кахае былы штурман-падводнік Сымон Пятровіч, які кажа, што можа бязмежна доўга чакаць яе згоды на шлюб з ім. Жонка ў яго ўжо была. Яна так кахала скульптара Валянціна (не таго, з якім мае справу Паліна, а яго нахабнага двайніка), што з-за кахання ўрэшце

130

звар’яцела і закончыла свае дні ў псіхушцы. Чуллівы Сымон Пятровіч так кахаў жонку, што нават збіраўся скульптара-нягодніка «расшукаць і за ручку да яе прывесці». Крутыя вузлы атрымліваюцца. Яшчэ больш нагрувашчана такой круцізны ў дачыненні да гандляркі Дзіны, якая таксама кахае скульптара Валянціна, сапраўднага, а не яго нахабнага двайніка, і робіць самыя неверагодныя заходы, каб трымаць хлопца каля сябе. Так што выдаткі і празмернасці ў гэтым плане відавочныя. А калі і пры гэтых выдатках твор застаецца цікавым і значным, дык дзякуючы яго інтэлектуальнай заглыбленасці і выяўленчаму майстэрству раманісткі, высокай агульнай культуры яе пісьма, якая не перакрэсліваецца і залішне ўжо крутымі паваротамі дэтэктыўных хітраспляценняў, і праколамі ў паказе інтымных стасункаў. Інтэлектуальная заглыбленасць твора найбольш ярка выяўляецца ў спрэчках розных персанажаў і ў аўтарскіх разважаннях пра самыя высокія матэрыі – пра сувязь мінулага, сучаснага і будучыні, гістарычныя карані беларусаў, свабодалюбства і тыранію, поўнае самапрыніжэнне рабоў, якія канчаткова страцілі самую мару пра вызваленне і ўжо гатовы ўслаўляць тыранаў, што ўладараць над імі, і інш. У гэтым жа кірунку ідуць сентэнцыі наконт жахлівасці братазабойчых раздораў ці таго, што ў паваротныя моманты гісторыі гінуць лепшыя прадстаўнікі народа, найбольш самаахвярныя, разумныя і сумленныя. Так нараджаецца адмоўная селекцыя, бо асцярожныя палахліўцы не ўключаюцца ў барацьбу за вартую чалавека будучыню і выжываюць, плодзячы цярплівых палахліўцаў, гатовых мірыцца з вялікім злом і пастаянным прыніжэннем. Прываблівае ў рамане Л. Рублеўскай і пейзажнае майстэрства. Яна ўмее літаральна некалькімі штрыхамі ўражліва акрэсліць прыродны фон падзей. Вось некалькі характэрных прыкладаў: «Адлютавала зіма, адплакала адлігамі вясна, адспявала птушкамі лета» і надышоў «цьмяны лістападаўскі дзень». Так хораша гаворыцца пра рух часу, пра звыклую змену пораў года, вядомую кожнаму чалавеку, гаворыцца выразна і ёміста, аднак гранічна сцісла, паэтычна. Такая паэтычнасць выразная і ў наступных штрыхах: «Восень прыйшла без дазволу, як цыганка, і адразу раскінула свае стракатыя спадніцы на зжоўклай траве, расселася гаспадыняй, пазвоньваючы залатымі маністамі». Часта пейзажныя штрыхі суадносяцца з пачуццямі, настроем персанажаў, узмацняючы выразнасць іх агульнай абмалёўкі. «Вецер ударыў у твары, і быў ён вільготны, як зрэзаныя на золку кветкі. Ды яшчэ з сасны пасыпаліся дробныя кроплі-слёзы, і ўсмешка сусвету стала трохі сумнай». Адпаведна сумным становіцца і настрой героя, тут чуллівага Сымона Пятровіча.

Гаваркія і трапныя ў Л. Рублеўскай шматлікія параўнанні. Яны звяртаюць на сябе ўвагу не толькі ў пейзажных штрыхах, але і на працягу ўсяго рамана. Пра панылы настрой аднаго з герояў (скульптара Валянціна, таго, што не падманны, а сапраўдны) у скрушлівую для яго хвіліну сказана, што хлопец «сядзеў такі сумны, нібыта зазірнуў ва ўласную магілу». Згушчэнне фарбаў максі мальнае. Але для рамантызаванай стылістыкі рамана Л. Рублеўскай гэта натуральна. Нармальна ўспрымаюцца ў гэтым стылі і наступныя кідкія параўнанні. У гандляркі Дзіны пагляд на саперніцу па каханні да скульптара «быў вастрэйшы ад касінерскага ляза». Вінцэсь Рашчынскі цалуе Вальжыну Рагманаву «вуснамі, гарачымі, як апошняя надзея». «Хрысціна рэзала голасам паветра, як лязом шаблі». У аднаго з дэманічных герояў пагляд чорных вачэй, як «сама нянавісць». Ёсць і «страла, кароткая, нібы апошні ўздых». Арыгінальна гучыць характарыстыка перарывістай размовы двух узаемна насцярожаных персанажаў: «Яна, як рэчка ў афрыканскай саване, якая то перасыхае, то зноў выблісквае». За кідкасцю трапных параўнанняў і агульнай яркасцю пісьма ў рамане «Золата забытых магіл» адчуваецца вопыт працы Л. Рублеўскай у галіне паэзіі. Бывае, што гэткі вопыт ідзе і на шкоду празаічнаму пісьму, калі аўтар збіваецца на сентыментальнае сюсюканне ў эпічным жанры. А Рублеўская такіх збояў не дапускае. Яна тонка адчувае магчымасці слова, ведае, як яго трэба павярнуць, каб дабіцца максімальнай выразнасці. Яе раман «Золата забытых магіл» – цікавая і значная з’ява ў сучаснай беларускай прозе.

2005 г.

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.