- 11.02.2022 17:27
- Аўтар:
- Людміла Рублеўская
- Культура, Літаратура
Жыццё, жыццё… He першы, не апошні…
Вось і разваж, дзе блазен, дзе герой,
Калі з гары ўпрагаўся ў воз парожні
І пеклаваўся з грузам пад гарой.
Так калісьці напісаў Міхась Стральцоў, які дасюль застаецца адной з самых прыцягальных і загадкавых постацяў беларускае культуры… Сярод напісанага ім — неверагодна шчымлівае і захапляльнае эсэ «Загадка Максіма Багдановіча». І цяпер, калі Міхасю Стральцову споўнілася б 85 гадоў, самы час паспрабаваць разгадаць загадку яго самога. У гэтым нам дапамогуць намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» -галоўны рэдактар часопіса «Полымя» паэт Віктар Шніп, намеснік дырэктара канала «Культура» Беларускага радыё паэт Навум Гальпяровіч, галоўны навуковы супрацоўнік аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Яўген Гарадніцкі, пісьменнік, перакладчык, краязнаўца Анатоль Бутэвіч, паэт Леанід Дранько-Майсюк, пісьменніца Ксенія Шталянкова.
«Нават на фоне свайго пакалення, якое называлі філалагічным, Міхась Стральцоў вылучаўся…» — сцвярджаў Пятро Васючэнка. Чым менавіта вылучаўся?
В. Шніп: Міхась Стральцоў сярод свайго пакалення вылучаўся тым, што не імкнуўся да высокіх пасад. І, нават працуючы загадчыкам аддзела мастацтва, крытыкі і бібліяграфіі часопіса «Нёман», ён заставаўся Чалавекам і Паэтам, які задавальняўся цыгарэтным дымам, а не фіміямам.
А. Бутэвіч: Вызначаўся своеасаблівым, толькі яму ўласцівым, стылем, манерай пісьма, якой валодалі нямногія, надзвычайнай чуйнасцю да слова. А таксама пастаяннымі пошукамі. Нездарма ён часта быў і першапраходцам, і першаадкрывальнікам. Захаплялі яго інтэлектуальныя здольнасці, увага да душэўнага і духоўнага стану герояў, здольнасць перадаць гэта самым звычайна-натуральным чынам. Хіба не пра гэта яго радкі:
Яно, канечне, слова — лекі:
Дык што ж — узяў і прапісаў?
А што, як скажуць чалавекі:
Мой лекар, вылечыся сам.
Я. Гарадніцкі: Як быццам, найперш відавочнай адметнасцю ягоа мастацкага стылю ці не аднадушна прызнаецца «лірызм», а сам ён залічваецца да самых яскравых прадстаўнікоў так званай лірычнай прозы. Аднак такое вызначэнне занадта шырокае. Лірызм у прозе і эпічнасць у паэзіі могуць выяўляцца ў розных формах. У выпадку Стральцова лірызм як аўтарскае самавыяўленне дапаўняецца тонкім псіхалагізмам, самараскрыццём асобы, выказаным сродкамі апавядальніцкага майстэрства. Адчувальная ў кожным сказе і кожным слове стылёвая паўната і завершанасць, глыбінная сувязь стылю з рэальнасцю герояў — тое, чым пазначаны талент Стральцова, ягоная «пячатка майстра».
Н. Гальпяровіч: Нейкім надзвычай тонкім лірызмам, прыхаваным гумарам, паглыбленасцю ва ўнутраны свет герояў, бо пачынаў з прозы, глыбокай інтэлігентнасцю, за якой бачылася высокая адукаванасць і эрудыцыя. Ён пазбег традыцыйнай тады для многіх яго равеснікаў узнёсласці і пафасу.
К. Шталянкова: На маю думку, як прадстаўніцы пакалення 1990-х, ужо зусім далёкага ад Міхася Стральцова, ён вылучаўся і вылучаецца па сёння вельмі сучасным, актуальным пісьмом. Падаецца, ну вось жа ён пісаў столькі дзесяцігоддзяў таму, але ж нейкім чынам яго словы пранізваюць час, і я разумею, што вось зараз адчуваю тое самае, пра што пісаў ён. Гэта нейкае дзіўнае ўменне зафіксаваць шчырасць моманту. Мне хочацца думаць, што такая ўдача даступная тым, хто не хлусіць у творчасці, бо на такое здатныя тыя, хто не хлусіць сабе. Хаця гэта, натуральна, толькі маё ўяўнае, магчыма, Стральцоў быў проста геніем.
Л. Дранько-Майсюк: Не рабіў кар’еру і ўмеў двума-трыма словамі (скупа, але шчыра!) пахваліць іншага пісьменніка. Сапраўды, хваліў скупа, але запамінальна. У якасці прыкладу згадаю запіс са сваёй «Памятнай кніжкі»:
«Міхась Стральцоў заходзіць у рэдакцыю, і я, бліснуўшы каляровай вокладкай, разгортваю перад ім сігнальны экзэмпляр штогодніка «Дзень паэзіі — 84», — там вельмі цікавы артыкул Алеся Разанава пра творчасць Францішка Багушэвіча.
Закурыўшы, Стральцоў чытае, глыбока зацягваецца дымам, левай далонню міжвольна пагладжвае разгорнуты штогоднік; артыкул Стральцову падабаецца, ад непрытушанага недакурка ён прыкурвае новую цыгарэту, зноў паглыбляецца ў чытанне, у ягоную рэшту, а тады пачынае хадзіць па рэдакцыйным пакоі і ў цыгарэтным дыме з нейкай мілай дзіцячай невыразнасцю ў голасе двойчы, нібыта самому сабе, гаворыць пра Алеся Разанава:
— Умее думаць… Умее думаць…»
Хто ў першую чаргу Міхась Стральцоў — паэт, празаік альбо літаратуразнаўца?
В. Шніп: Міхась Стральцоў у першую чаргу — Паэт. І ён быў паэтам і ў прозе, і ў літаратуразнаўстве, і ў сваім маўчанні. Таму што сапраўдны Паэт, што б ні пісаў, ні рабіў, усюды будзе заставацца паэтам. І ў Стральцова гэтае паэцтва было натуральным, бескантрольным і бязмаскавым. Ён быў самотны, як Максім Багдановіч.
Я. Гарадніцкі: Прыгадваецца сяброўская эпіграма Савося Авося (Рыгора Барадуліна) менавіта пра гэтую трохіснасць або трохаблічнасць Стральцова.
За Гамера спрачалася сем гарадоў.
Тры секцыі —
за Міхася Стральцова:
Крытык Стральцоў,
Празаік Стральцоў
Ці лірык Стральцоў?
За вечнасцю слова.
З гледзішча вечнасці, мінула не так шмат часу, каб ставіць кропку ў гэтай спрэчцы. На маю думку, ён раўназначны ва ўсіх трох іпастасях. Таму не магу пагадзіцца з даволі пашыраным меркаваннем, што Стральцоў найперш празаік. І паэзія наша не можа ўжо абысціся без створанага Стральцовым-паэтам, пранікнёным лірыкам, які ўзбагаціў яе тонкім псіхалагізмам экзістэнцыяльных адчуванняў.
А. Бутэвіч: Умець убачыць сапраўднае, натуральнае жыццё, заўважыць яго сутнасць і спакойна, без надрыву і крыку ўвасобіць у нешматслоўныя творы з цікавымі і жыццёва праўдзівымі героямі ўдаецца не кожнаму. І яшчэ — я з асаблівай цікавасцю згадваю яго літаратуразнаўчыя памкненні, дзе ён таксама выявіў сябе таленавітым творцам. Асабліва зачапіла мяне эсэ «Загадка Багдановіча». Чытаў не раз.
Стральцоў умела і займальна, мо як ніхто, паказваў жыццёвую повязь вёска — горад. Згадайма ягонае «Сена на асфальце». Мо таму, што сам я зусім нядаўна, калі жыў на нясвіжскім хутары, чуў гэты зачаравальны пах на нашай хутарской бязмежнасці, і так хацелася не забыцца на яго, не выкінуць з душы ўсё тое нядаўняе, натуральна-непаўторнае сярод мінскіх шматпавярховікаў і на сталічным асфальце. Таму вясковая прывязанасць Стральцова была мне блізкай і зразумелай. А яшчэ таму, што там была самая сапраўдная жыццёвая, вясковая праўда.
Н. Гальпяровіч: Цяжка адназначна сказаць, але мне здаецца што ва ўсіх гэтых іпастасях ён у першую чаргу паэт. Паэзія прысутнічае і ў яго прозе, і ў літаратуразнаўчых працах.
Л. Дранько-Майсюк: Перш за ўсё ён творца, чыя музыка дае асалоду:
«…А лодачка ўсё плыла і плыла, сінела чыстае і спякотнае неба, усё раслі і раслі на гарызонце белыя горы, і нейкі Поль вычытваў з газеты пра снежныя абвалы ў горных вёсках з дзіўнымі назвамі Пірале, Дамонта, К’ябрана, Вальпрата.
А потым лодачка павярнула назад, і ўсё бліжэў і бліжэў бераг, і не было ўжо відно высокіх гор, і неўзабаве не было ўжо нічога, акрамя горада і сіняга мора, і ўсё плыла, плыла па дрымотнай вадзе лодачка, слаўная лодачка з сіняй аздобкай уздоўж борта…»
Што гэта?
А гэта хараство беларускага стылю!
Гэта Міхась Стральцоў — паэт, празаік, літаратуразнаўца!
К. Шталянкова: Для мяне — эсэіст. Бо гэта менавіта тое, чым ён адрозніваецца ад шэрагу іншых літаратараў свайго часу. Беларуская літаратура славіцца паэзіяй, у пасляваенны перыяд з’яўляюцца выбітныя празаікі, але ж пісаць штосьці на мяжы жанраў, адначасова шчодра дзелячыся сваім эмацыйным перажываннем і абрамляючы гэта не ў вершаваную форму, а такі тэкст, што, можа падацца, я магу пачуць ад рэальнага жывога чалавека, які не кідае ў вочы сваё пісьменства, а проста прамаўляе, — вось гэта ўнікальная стральцоўская ніша.
Успомніце ўражанне ад першай сустрэчы з Міхасём Стральцовым — ці асабістай, калі яна была, ці ад знаёмства з яго творчасцю.
В. Шніп: Да Міхася Стральцова ў «Нёман» я прыйшоў, калі ўжо меў кніжку «Гронка святла». Гэта быў 1984 год. У мяне сабралася вершаў на другую. Мая першая кніжка цалкам складалася пад настаўніцтвам Рыгора Барадуліна. І ў размовах з Рыгорам Іванавічам я нярэдка чуў імя Міхася Стральцова, чый «Ядлоўцавы куст» быў адной з маіх любімых кніг. І ў «Нёман» да Міхася Лявонавіча я прынёс рукапіс будучай кнігі «Пошук радасці». Стральцоў, даведаўшыся, з чым я прыйшоў, мог бы адправіць мяне ў «Мастацкую літаратуру», і на гэтым наша знаёмства закончылася б. Але Міхась Лявонавіч даўно ўжо быў знаёмы з маімі вершамі ў друку, таму абрадаваўся майму прыходу. Распытаўшыся пра жыццё-быццё, ён папрасіў схадзіць праз дарогу да газетнага шапіка і набыць яму цыгарэт. Даў грошы. І пакуль я хадзіў па цыгарэты, Міхась Лявонавіч паспеў прачытаць дзясятак маіх вершаў. Пакурыўшы на ганку рэдакцыі і вярнуўшыся ў кабінет, Стральцоў стаў чытаць уголас рукапіс маёй будучай кнігі і гаварыць пра якасць кожнага радка. Тлумачыў, чаму тут добра, чаму тут выдатна, а чаму тут кепска і чаму гэты верш трэба аддаць паэту (ён называў прозвішча паэта, якога я добра ведаў) і больш так не пісаць. Некаторыя радкі ў вершах мы з Міхасём Лявонавічам тут жа правілі. Я прыдумляў варыянты, а ён іх зачытваў. Правяраў на вобразнасць, на сэнс і на гучанне. І ўсе вершы маёй новай кніжкі «Пошук радасці», якая выйшла ў 1987 годзе, былі цалкам па некалькі разоў прапушчаны праз душу і сэрца Міхася Стральцова. Словам, два гады перад ад’ездам на вучобу ў Літінстытут на ВЛК я хадзіў у школу Міхася Стральцова.
А. Бутэвіч: Відаць, адметная сустрэча з «Загадкай Багдановіча», якая адбылася тады, калі я быў студэнтам філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта. Нават мой літаратурны псеўданім пазней быў пазначаны пячаткай Багдановіча — Максім Валошка.
Я. Гарадніцкі: Адзіная сустрэча з Міхасём Стральцовым, падчас якой давялося з ім паразмаўляць, была ўвогуле выпадковай і нечаканай. Стаяла лета 1969 года. Я скончыў школу і працаваў на Мінскім заводзе запчастак фрэзероўшчыкам. Наперадзе былі ўступныя іспыты на філфак БДУ. Жыў я тады на кватэры па вуліцы Чарвякова. Аднойчы вырашыў схадзіць у кінатэатр «Спартак», які быў непадалёку. Да пачатку сеанса яшчэ заставалася трохі часу. Непадалёк ад будынка кінатэатра быў газетны кіёск, у якім я купіў свежы нумар часопіса «Полымя». Сеўшы на лаўку побач з кінатэатрам, пачаў разглядаць часопіс. Гэта быў шосты нумар за 1969 год, і, памятаю, мяне найперш зацікавіў нарыс Янкі Сіпакова «Акно, расчыненае ў зіму». Унураны ў часопіс, я ўсё ж краем вока заўважыў, што на другім краі лаўкі прысеў мужчына і запаліў цыгарэту. Праз нейкі час ён пачаў гаворку, патлумачыўшы, што яго зацікавіла тое, што я чытаю беларускамоўны часопіс. Маўляў, рэдкая з’ява, каб гарадскі хлопец так вось, седзячы на лаўцы, чытаў штосьці па-беларуску. Спытаў, хто я і адкуль родам? Я адказаў, што з Ракава. Міхась Стральцоў, а ён назваў сябе, тут жа згадаў вядомага ўжо на той час ракаўца — Вячаслава Рагойшу. Наогул, размова наша была нядоўгай, хутка пачынаўся сеанс у кінатэатры, на які ў мяне быў квіток. Памятаю яшчэ, што Стральцоў параіў мне звярнуць увагу на «Песню пра зубра» Міколы Гусоўскага, пераклад якой быў якраз надрукаваны ў чэрвеньскім нумары «Полымя».
У далейшым толькі двойчы бачыў Стральцова, і тое наводдаль. На пасяджэнні літаб’яднання пры «Чырвонай змене», на якое ён, мабыць, выпадкова завітаў разам з Міколам Федзюковічам і Яўгенам Крупенькам. І за сталом у рэдакцыі «Нёмана», куды я зайшоў да Алы Сямёнавай, якая рэдагавала маю рэцэнзію на апошнюю кнігу паэзіі Караткевіча.
Тры сустрэчы. І тры розныя вобразы Стральцова, захаваныя ў маёй памяці, адпаведна этапам ягонага няпростага жыцця. Малады, поўны спакойнай і ўпэўненай творчай моцы. У час крызісу. І ў апошні год жыцця, схілены ў элегічным роздуме над пісьмовым сталом.
Н. Гальпяровіч: Беражна захоўваю маленькую кніжачку прозы Стральцова «Адзін лапаць, адзін чунь» з дарчым надпісам «Навуму ад аднаго лапця і ад аднаго чуня». А асабістая сустрэча ў Полацку натхніла мяне пазней на цэлую навелу. Так сталася, што падчас яго паездкі па лініі бюро прапаганды Саюза пісьменнікаў мне давялося пабыць з ім у кампаніі сяброў цэлы вечар у гасцінічным нумары. Мы гаварылі пра літаратуру. Міхась Лявонавіч успамінаў пра свае сустрэчы з Васілём Шукшыным, маскоўскімі паэтамі, з павагай і цеплынёй адгукаўся пра сваіх аднакурснікаў Рыгора Барадуліна, Васіля Зуёнка, Сымона Блатуна.
Мы разам з Германам Кірылавым, з якім прыйшлі ў гасцініцу, праводзілі Міхася Лявонавіча і яго спадарожніка Міколу Маляўку на вакзал. Поезд на Мінск адпраўляўся ў гадзіну ночы. Увесь час па дарозе і на пероне вакзала Стральцоў чытаў вершы. Не свае, мы яшчэ не ведалі пра яго паэтычную творчасць. Любімых ім Забалоцкага, Смелякова, Сакалова, Пастарнака. Мяне тады ўразіла, колькі ён ведае на памяць паэтычных радкоў, як можа прыгожа і ўзнёсла чытаць паэзію.
Пасля гэтай было яшчэ некалькі сустрэч, калі Стральцоў прыязджаў разам з Барадуліным у Полацк.
А што датычыцца знаёмства з яго творчасцю, то, наколькі я памятаю, уразіў мяне ў маладосці ягоны шэдэўр — «Смаленне вепрука» — не адзін дзень хадзіў пад уражаннем гэтага апавядання.
Л. Дранько-Майсюк: Я не застаўся жыць у Маскве. Імкнуўся ў Мінск. Хацеў пазнаёміцца з Міхасём Стральцовым. Сустрэча адбылася ў апошнія дні вясны 1981 года ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». Пагаварылі ў рэдакцыі паэзіі. Тады сабраліся ў горад. Стральцоў папрасіў: «Давай не ў ліфце, а спусцімся па сходах!» І з дзявятага паверха мы сышлі ўніз па сходах. Гэта запомнілася!
К. Шталянкова: Маё першае знаёмства з творчасцю Стральцова адбылося ў школе, бо ў праграму 11 класа было ўключана «Сена на асфальце». Я памятаю, што нас прымушалі немаведама навошта вучыць фрагмент пра самалёт (для мяне ўвогуле таямніца, навошта вучыць прозу на памяць замест таго, каб пісаць уласныя тэксты-водгукі, напрыклад). Мне той фрагмент падаваўся абсалютна ніякім, але ж, калі я прачытала ўвесь тэкст, мяне зачапіла, зноў жа такі, як ён фіксуе момант, эмацыянальны стан, шчырасць адчуванняў і чаканняў. Як апісвае дзеянне — па-журналісцку лаканічна, але ж у гэтым не было сухасці, гэта быў жывы тэкст, амаль дзённік. Гэта было нешта сапраўднае, заціснутае паміж абавязкаў вучыць і здаваць тэксты на памяць.
Які твор Міхася Стральцова для вас самы знакавы?
В. Шніп: Адзін твор вылучыць не магу. Назаву кніжкі, якія для мяне былі і застаюцца падручнікамі па Паэзіі. Гэта «Ядлоўцавы куст» і «Мой свеце ясны». У прозе — «Сена на асфальце».
А. Бутэвіч: Безумоўна, «Смаленне вепрука», якое набыло шырокі розгалас. Як і «Сена на асфальце», якое бурліва і зацікаўлена абмяркоўвалася ў нашых студэнцкіх пакоях інтэрната на Паркавай магістралі, 9. Дарэчы, як і іншае, створанае Стральцовым, — разгалоснае «Адзін лапаць, адзін чунь», цікавая для многіх «Загадка Багдановіча». А з паэзіяй Стральцова я пасябраваў па-сапраўднаму пасля яго зборнічка «Мой свеце ясны».
Я. Гарадніцкі: Апавяданне «Смаленне вепрука», мабыць, ва ўсіх на слыху, і менавіта яно з’яўляецца як бы візітоўкай пісьменніка. Гэтак сама як у літаратурнай эсэістыцы — «Загадка Багдановіча». Заўважым, што абодва названыя творы наватарскія па сваёй паэтыцы, з імі прыўносілася шмат новага і ў беларускую літаратуру, і ў даследаванне літаратуры. Да іх далучыць варта аповесць «Адзін лапаць, адзін чунь», твор пранізлівы па сваёй інтанацыі і душэўнай пранікнёнасці, у якім з такой неверагоднай мастацкай сілай выяўлена знітаванае пераемнасцю духоўнага досведу жыццё чалавека.
Н. Гальпяровіч: Ну, безумоўна, якраз «Смаленне вепрука» і кніга паэзіі «Мой свеце ясны».
Л. Дранько-Майсюк: Адказваючы на гэтае пытанне, скарыстаю яшчэ адзін запіс з «Памятнай кніжкі»:
«…23 жніўня 2016 г., аўторак.
З Лагацкім, героем апавядання Міхася Стральцова «Блакітны вецер», рабілася нешта незразумелае, нешта даткліва-няўпыннае — яму, маладому няўдачніку, які не ўмеў «… уладкаваць сваю душэўную гаспадарку…» сніўся… блакітны вецер.
Звычайна ў дзве гадзіны ночы Лагацкі прачынаўся і пачынаў бадзяцца па горадзе.
Пэўна, з гэтага адчування Міхась Стральцоў выснаваў і вершаваныя радкі:
Ды скруха скорыцца журбе,
Душа ізноў рахманай стане.
І твой зласлівец на цябе
У неспакоі раптам гляне!..»
К. Шталянкова: Не магу сказаць, што ёсць пэўны твор, які магла б назваць менавіта знакавым як нейкую асобную з’яву ў творчасці Стральцова, бо насамрэч знакавая яго постаць у беларускай літаратуры. Але ж сёння я перачытала яго верш «Так! Пад ценем вясла…», і ён не толькі адгукаецца ў мяне датычна таго, што я думаю і адчуваю сёння, але ж да таго падаецца вельмі нестандартным для беларускай паэзіі, для беларускага пісьма ўвогуле. Каб так думаць і дыхаць, фіксуючы радкі, патрэбна быць напраўду выбітным пісьменнікам. Знакавым.
Ці можна сказаць, што постаць Міхася Стральцова міфалагізуецца ці, наадварот, ён незаслужана забыты?
В. Шніп: Можа, нехта пра Міхася Стральцова і забыўся, але ад гэтага яго паэзія і проза не губляюць каштоўнасць. Постаць Стральцова паступова міфалагізуецца і паціху становіцца побач з Уладзімірам Караткевічам.
А. Бутэвіч: Тое, што Стральцова часам міфалагізуюць, то няхай. Гэта толькі на карысць. Як і іншым творчым людзям, дарэчы. Толькі міфалагізацыя не павінна адпрэчваць і перайначваць альбо закрэсліваць рэальныя жыццёвыя абставіны, хай сабе мо часам і не надта спрыяльныя. Любы з нас — і ранейшых, і сённяшніх — мае за плячыма розны багаж. Яго не трэба саромецца, не варта выракацца. Але і дэманізаваць нешта адно таксама не варта.
Я. Гарадніцкі: Пра забыццё такога выбітнага і яскравага майстра беларускага мастацкага слова казаць, напэўна, не выпадае. Ён сам, яго творчы даробак адчувальна прысутныя ў полі беларускай культуры і аказваюць прыкметнае ўздзеянне на сучасны літаратурны працэс. Па сутнасці, перад намі эталон майстэрства, на які варта арыентавацца, хоць пераймаць наўрад ці ўдасца. Прыклад таго, чаго можа дасягнуць талент пры сур’ёзным стаўленні да свайго паклікання.
Н. Гальпяровіч: Гэта добра, што міфалагізуецца. Нам якраз не хапае гэткіх міфаў пра нашых нацыянальных творцаў. Хай гэта толькі паслужыць таму, што творчасць Стральцова зацікавіць большую колькасць чытачоў. А сярод дэталяў трэба адкінуць толькі празмерную цікавасць да «смажаных» эпізодаў з асабістай біяграфіі Стральцова, бо не гэтым вызначаецца значнасць яго творчай асобы.
Міхась Стральцоў і Рыгор Барадулін.
К. Шталянкова: Постаць Стральцова сапраўды міфалагізуецца ў тым плане, што амаль кожны, хто мае дачыненне да беларускай літаратуры, нешта пра яго чуў. То-бок, ёсць нейкі такі Стральцоў, пра якога кожны скажа: «Гэты Стральцоў — ён вось такі і такі, гэта паэт, празаік і эсэіст». Але я не ўпэўнена, што шмат людзей здолее назваць хаця б пяць яго твораў, не правяраючы ў інтэрнэце. Таму мне хацелася б, каб папулярызавалася не сама постаць Стральцова, а яго творчасць. Але ці патрэбна рабіць з яго творчасці міф, не ўпэўнена. Бо міф — гэта заўжды адмерлае, нежывое, а моц тэкстаў у тым, каб сягаць скрозь час і знаходзіць водгук у чытачоў, якія жывуць пасля смерці аўтара і нічога пра яго дакладна не ведаюць.
Л. Дранько-Майсюк: Звычайна міф ствараецца яшчэ пры жыцці асобы з частых размоў пра яе. Неаднойчы я загаворваў з нашымі (і маскоўскімі!) літаратарамі пра аўтара «Загадкі Багдановіча». Напрыклад, вёў такія бяседы з Міхалам Дубянецкім.
І тут, спадзяюся, дарэчы будзе і такі мой запіс з той жа «Памятнай кніжкі»:
«(…) аднойчы з намерам я купіў стральцоўскі зборнік і насіў яго з сабой, зноў жа строячы свае летуценныя планы.
«Калі не сёння, то заўтра, ці на тым тыдні сустрэну Міхася і вазьму аўтограф для Дубянецкага! — так надумваў сабе. — А Дубянецкаму скажу, што Стральцоў прасіў перадаць для Вас, Міхал Фёдаравіч, сваю кнігу!»
Стральцоў ішоў па Феліцыянскай.
Так, мы сустрэліся, як мне й хацелася, выпадкова і нават крыху сімвалічна, — убачыліся ля таго несамавітага шынка, што мясціўся паміж кінатэатрам «Перамога» і будынкам школы; у гэтым шынку ў маі 1981-га я ўзяў з ім свае першыя сто грамаў, таму й па сённяшні дзень той, цяпер ужо няісны, пітны дамок, ля ганка якога рос ядловец, жыве ў маёй душы пад невыпадковай назваю «Куст ядлоўцу».
Тады за хісткім столікам, да якога прыліплі рыбіны косткі, з намі сядзеў яшчэ і мілы гумарыст Рыгор Яўсееў, а тыя мае першыя з ім сто грамаў былі, дарэчы, і апошнія — больш званіць шклянкамі нам разам не даводзілася.
Па Феліцыянскай мы выйшлі на Нямігу, прыселі на першай пустой лаўцы.
Надпісваючы кнігу, Стральцоў курыў і левай рукой, не выпускаючы пры гэтым цыгарэту, змахнуў з тытульнай старонкі тапалёвую пушынку…
(…) аўтограф Стральцова, хоць і накіданы не вельмі разборлівымі літарамі, Дубянецкаму спадабаўся…
Кнігу Стральцова Дубянецкі далікатна пагартаў, на адну-дзве старонкі, як чарадзей, злёгку прыклаў далонь, прачытаў уголас некалькі радкоў, уважліва агледзеў падарунак, як дарагую шкатулку, і заключыў:
— Стральцоў піша без цыркацкіх падскокаў!..»
У чым загадка Міхася Стральцова?
В. Шніп: У чым? А ў тым, у чым загадка Максіма Багдановіча. У Паэтычнасці. У Інтэлігентнасці. У Чуласці. У Любові. У Каханні…
А. Бутэвіч: О, каб жа я ведаў.
К. Шталянкова: Не ўпэўнена, што ў Стральцова ёсць якая-небудзь загадка. Магчыма, я не настолькі дасканала ведаю яго творчасць, але ж па-мойму галоўнае тут — тое, што ён проста добра пісаў. Не ўдаваў са свайго пісьма немаведама што, не строіў з сябе ў сваім пісьме немаведама што. А проста пісаў, таму што ўмеў.
Л. Дранько-Майсюк: Пра гэта думаю і думаю. Аднойчы склаў невыпадковы для сябе верш, дзе ёсць радкі:
Багдановіч, пачуй,
Як знясіленым лебедзем
слова —
Беларускае слова! —
Над магілаю кружыць
Стральцова.
Багдановіч, вартуй
Кожны крок наш і рух
Хай загадка твая
недарэчны…
Застаецца загадкаю вечнай.
Я. Гарадніцкі: Як і ў ягонага героя — Максіма Багдановіча, найбольшая загадка Стральцова — у незавершанасці, абарванасці жыццёвага і творчага шляху. Мы не ведаем, нам ніколі не дадзена дазнацца аб тым, што засталося ім няйздзейсненым, у чым мы засталіся назаўжды абдзеленымі.
Н. Гальпяровіч: Як і ва ўсіх волатаў прыгожага пісьменства, «пацалаваных Богам». Яны заўсёды — загадка.
Падрыхтавала Людміла РУБЛЕЎСКАЯ