Загадкі мастака Алега Прусава


«Не спрабуйце прымерыць да іх штодзённыя апранахі явы. Гэта мой свет, мая казка, мая прыдумка. І тое, што абыдзённа ў гэтым свеце, недапушчальна ў тым, створаным мной, і дзіўноты таго свету не вымярайце нормай звыклага нам».


Так калісьці тлумачыў мастак Алег Прусаў свае карціны…

У нашым сямейным альбоме, дзе ўжо тры дзясяткі гадоў распісваюцца госці, 15 лютага 1994 года з’явіўся запіс творчага саюзу «Убікус», які складаўся з двух таленавітых маладых віцебскіх мастакоў — Алега Прусава і Віктара Ласьмінскага. Яны прыйшлі пагаварыць пра лісты, вершы і малюнкі мастачкі, што вучылася з імі ў мастацкай вучэльні, у «Глебаўцы» — Ларысы Засімовіч, трагічны лёс якой узрушыў усіх знаёмых. Пасля першай персанальнай выставы Ларыса ў родным Слоніме спаліла свае карціны і самую сябе… Гэта здарылася за два гады да візіту віцебскіх мастакоў. Ларысе было дваццаць пяць. Алег і Віктар былі сярод тых, хто збіраў усё, што засталося ад няздзейсненага таленту, зладзілі выставу Ларысы…

Алег тады зрабіў вельмі яркае ўражанне на нас — сціплы, інтэлігентны і, гэта несумненна адчувалася, глыбокі чалавек. Было і адчуванне неверагоднай датклівасці. У нашым альбоме ён пакінуў у якасці аўтографа верш, які ў перакладзе на беларускую гучыць так:

«Зачарпну вецер у далоні.

Зачыню дзверы. Ля акна сяду.

Сцены — туманы белыя.

Гаспадыня ў доме — любоў.

Думкі — звяры невыносныя.

Разбегліся,

хто ж за вамі ўгоніцца?

Шоргат за вокнамі?

Гэта воблака,

Хвастом віляе,

Зайсці ў дом просіцца.»

І хто мог падумаць, што самому Алегу давядзецца пражыць усяго дваццаць шэсць, што праз два гады пасля нашага знаёмства, у верасні 1996-га, ён памрэ. Перад гэтым аслепне… Апошнія карціны напіша, зрабіўшыся практычна невідушчым. І таксама знойдзецца шмат тых, хто, уражаны яркім талентам і трагічным сыходам, будуць збіраць спадчыну, асэнсоўваць, папулярызаваць…

Дарэчы, яшчэ пры жыцці Алег паспеў зведаць першую славу — на яго выставу ў Віцебску стаялі даўжэзныя чэргі, у Траццякоўскай галерэі ў 1991 годзе ён атрымаў прэмію за найлепшую работу года ў жанры жывапісу.

Сёння ў Нацыянальным мастацкім музеі працуе выстава Алега Прусава «Надпіс на адвароце. Жывапіс. Графіка. Паэзія».

«Кубак халоднай гарбаты».

«Кубак халоднай гарбаты».

«Спыняючы погляд, здзіўляючыся, любуючыся заходамі і ржавым цвіком, пераводжу тое, што запомнілася, у сімвалы, сваю азбуку. Іерогліфы складаюцца ў паняцці, маюць карціну майго светаадчування. Гэта мой шлях, я выбраў яго. Шчыльна нацягнутая ніць, дзве супрацьлегласці па баках… Гэта мой шлях, мая казка, мой спосаб выжыць».

Адзін з тых, дзякуючы каму да нас прыходзіць спадчына Алега Прусава, — яго пляменнік Станіслаў Прусаў. Разбіраючы рэчы ў кватэры Алега, сваякі знайшлі за сценкай каля дваццаці яго работ, і некалькі — Ларысы Засімовіч. Спадар Станіслаў знайшоў мяне, каб распытаць пра Ларысу. Бо збіраецца каталог работ Алега, і трэба высветліць усё, што магчыма, пра яго дзейнасць і творчасць.

Станіславу Прусаву было чатырнаццаць, калі дзядзька памёр. Ён расказаў, што ў сям’і ўсе пайшлі ў розныя прафесіі. Бацька — вайсковец, падпалкоўнік ВПС. Дзядуля — галоўны будаўнік Віцебскага ДБК, дзядзька — галоўны канструктар «Аўтаваза», Пётр Прусаў, вынайшаў пазадарожнік «Ніва». Сам спадар Станіслаў эканаміст-энергетык, кандыдат навук. Жартуе: «У мастацтве я грузчык — пераношу рэчы з аднаго месца на другое». Але насамрэч адчуваецца, што і ў мастацтве разбіраецца, і вельмі ўмела і аддана працуе дзеля папулярызацыі творчасці Алега Прусава.

— Пачалося ў 2017-м, калі мы зрабілі выставу Алега ў Лёзненскім музеі. Пасля па прапанове аднакласніка Алега, пісьменніка, у Віцебску прайшла выстава графікі і літаратурны вечар. З Віцебскім цэнтрам сучаснага мастацтва зрабілі выставу «Месяц Ай». Пасля з дапамогай сяброў, неабыякавых людзей адбыліся выставы ў Брэсце, Магілёве, Гомелі. У Гродне — сарвалася з-за пандэміі. І вось — Нацыянальны мастацкі музей… Работы збіралі і з нашай сямейнай калекцыі, і з віцебскага музея Шагала, нешта я выкупляў у людзей, нешта вярталі сябры. Прывезлі каля 150 работ, у экспазіцыйную прастору змясцілася каля сотні. Сайт памяці Алега існуе яшчэ з 2007 года — праект зрабіў у якасці дыпломнай работы мастак Аляксандр Карповіч. Выйшлі зборнікі вершаў Алега — першы, «Саната для флейты з марыянеткай», ён паспеў зрабіць сам, другі выпусцілі сябры пасля яго сыходу.

«Месяц Ай».

«Месяц Ай».

— Што ўкладалі ў назву выставы — «Надпіс на адвароце»?

—Гэта ад фотаздымка, які выкарыстаны ў якасці візітоўкі выставы. Алег пазіруе каля перавернутай карціны. Гэта дзесьці 1995 год, хутчэй за ўсё, калі яны з Віктарам Ласьмінскім адчынялі выставу ў Полацку «Сны з левага вока».

— Алег сапраўды пакідаў адчуванне чалавека, у якім куды больш, чым заўважна павярхоўнаму пагляду.

— Так, нягледзячы на свой узрост, пакідаў уражанне нешараговага чалавека, які валодае глыбокімі ведамі ў розных галінах. Памятаю радасныя моманты сустрэч з дзядзькам. Наша сям’я жыла ў Расіі, прыязджалі раз на год на месяц у Віцебск. Цікава, што ў майго бацькі з бацькам Алега розніца ў адзінаццаць гадоў, і Алег быў старэйшы за мяне на адзінаццаць гадоў. Забаўляліся па-хлапечы, бегалі… У апошнія гады сустракаліся часцей — тады ён ужо страціў зрок, але гэта ўжо іншае ўражанне, радасныя моманты здараліся раней… Звяртаючыся да творчасці Алега, увесь час нешта знаходзіш новае… Амаль заўсёды былі вершы, якімі суправаджаў карціны. Ёсць шмат работ, асабліва графічных, дзе вершы на адвароце. На сваіх ранніх работах часам змяшчаў знакі Задыяка — у залежнасці ад перыяду, у які пісаў.

— Вы ведаеце якія-небудзь гісторыі стварэння карцін, тое, што схавана ад мастацтвазнаўцаў?

— Вось цікавая серыя «П’яніцы», у якой Алег намаляваў сваіх сяброў, сярод якіх можна пазнаць вядомага скульптара, нашага знаёмага музыку… Я ведаю, адкуль на карціне, прысвечанай апошняму, маленькая чарачка і кубкі для гарбаты ў вачах. Ён калісьці быў тапёрам, іграў у рэстаране на акардэоне. У яго вельмі гнуткія пальцы, і гэтую характарыстыку Алег нават у дзвюх карцінах падкрэсліў. І чарачка ў героя на рабоце была зусім маленечкая, бо ён любіў піць гарбату, і калі іграў у рэстаране, думаў увесь час — ну вось закончым, вярнуся, пап’ю гарбаты. Таму ў вачах музыкі і з’явіліся кубачкі. Аднойчы на партрэце невядомай адна знаёмая Алега пазнала свае пантофлі. А вось як з’явілася карціна «Кароль блазнаў» 1989 года, якую для выставы мы забралі з Самары… У пакоі інтэрната, дзе жыў Алег, вісела выява з фільма «Вязень замка Іф», дзе ў ролі графа Монтэ-Крыста артыст Авілаў. У карціне пазнаецца алюзія на той вобраз. Часам сэнс мог растлумачыць толькі аўтар. Так, да карціны «Кат і ахвяра» — гэта апошняя работа Алега, 1996 года, якую ён напісаў, практычна страціўшы зрок, з велізарнымі павелічальнымі шкельцамі, — сачыніў апавяданне «Карціна». Дыктаваў, запісвалі родныя і сябры. Так, першыя месяцы чатыры пасля абвастрэння сваёй хваробы ён яшчэ мог штосьці рабіць. Дастаткова шмат за гэты час паспеў напісаць. Сваім блізкім казаў, што бачыць у думках шмат вобразаў… Але не паспеў іх увасобіць.

Выстава «Надпіс на адвароце» для многіх стала адкрыццём. Бо нават яе куратар, Кацярына Калянкевіч, да таго, як узялася за гэты праект, пра творчасць Прусава не ведала.

— Першае ўражанне было — я сутыкнулася з яркай індывідуальнасцю, вельмі самабытным мастаком, які не падобны ні да кога ў беларускім мастацтве… Мне падалося, што ён не ўпісваецца ў паняцце вядомай нам беларускай мастацкай школы. Заўважыла перагукванне з еўрапейскімі мастакамі. Жывучы ў эпоху постмадэрнізму, Алег не быў яго прыхільнікам у чыстым выглядзе, адчуваецца ўплыў мадэрнізму.

«Вялікія заваёўнікі».

«Вялікія заваёўнікі».

— Так, чула, як мастацтвазнаўцы параўноўвалі карціны Алега з французскімі і іспанскімі мадэрністамі… І наракалі, што не ведалі пра Прусава раней.

— У пачатку 1990-х Алег вельмі ярка заявіў пра сябе. У адной з перадач Віцебскага тэлебачання таго часу, запіс якой змешчаны на сайце памяці мастака, з вуснаў аднаго з наведвальнікаў яго выставы гучыць: «У нас ёсць Шагал, але ў нас ёсць і Алег Прусаў». Яго кар’ера была б сур’ёзнай, каб не ранні сыход. Сёння адбываецца вяртанне імя, якое стала часткай гісторыі беларускага мастацтва канца 1980-х — пачатку 1990-х. Гэта пацверджана фактам, што творы Алега Прусава трапяць у калекцыю Нацыянальнага мастацкага музея. Яны, як мне здаецца, вельмі зразумелыя гледачу, блізкія яму, паколькі вельмі эмацыянальныя, адначасова і загадкавыя, і зразумелыя.

— А як бы вы ахарактарызавалі гэтую эмацыянальнасць, якую афарбоўку яна мае? Ці адчуваеце прысутнасць хваравітасці, дэпрэсіўнасці?

— У творах Алега, нягледзячы на развагі пра няздзейсненае каханне, шмат эмацыянальнага прасвятлення… Ёсць нота драматызму і шмат светлай тугі. Мастак не апускаецца да беспрасветнай драмы, адчуваюцца іронія і самаіронія. У гэтым, напэўна, і прыцягальнасць — змешаная эмацыянальная палітра, якая не дае адназначнага адказу.

— А якая ваша ўлюбёная карціна?

— У мяне іх некалькі… Вельмі падабаюцца «Дзень рудой сініцы» і «Пераможца настурцый». Мне блізкая гэтая вар’яцкая фантазія — «рудая сініца»… Адразу здзіўленне, як у маленькага дзіцяці — ці бывае такая, і якая яна? Бо на жывапісным палатне мы яе не бачым. Дзіўны, незразумелага ўзросту, персанаж стаіць з пустой клеткай. Мы адчуваем яго эмацыянальны стан. Герой выпусціў птушку, яму стала лягчэй… Але і шалёна адзінока. Паэтычная метафарычнасць твораў мяне скарае. У Алега ўвогуле шмат работ пра адзіноту. Гэта можа быць светлы стан, а можа быць вельмі сумны, ён можа быць перададзены проста праз філіжанку кавы… Не выпадкова сярод вобразаў Алега шмат мудрацоў. Думаю, ён дзесьці і адчуваў сябе такім мудрацом, ведаючы і разумеючы, што з ім адбываецца, ведаючы пра сваю хваробу.

Выстава працягнецца да 5 красавіка, не ўпусціце шанц далучыцца да дзіўнага і эмацыянальнага мастацтва Алега Прусава.

«Я і настольная лямпа чытаем адну кнігу. Схіліліся — галава да галавы, — я люблю з ёй чытаць адну кнігу. Лямпа чытае хутчэй, яна заўсёды чытае хутчэй, і пасля круціць галавой, зазірае пад стол, цягне шыю да акна. Высахла Чорнае мора. Кубак пусты. Астыла Чырвонае. Я чытаю кнігу. Лямпа чытае кнігу».

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Загаловак у газеце: «Зачарпну вецер у далоні», альбо Якой была рудая сініца?

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.