Замак у падарунак

Детективный роман «Черный замок Ольшанский» писался десять лет

«Мiргалi за адчыненым акном

бясконцыя агнi.

О, жыццё!»

Жонка Караткевiча не магла жыць без дэтэктываў. Самы дарагi падарунак сваёй каханай — «Чорны замак Альшанскi» — пiсьменнiк рыхтаваў дзесяць год.
 

40 гадоў таму ляглi на паперу гэтыя радкi — апошнiя словы новага рамана Уладзiмiра Караткевiча «Чорны замак Альшанскi».

Да твора ёсць прысвячэнне: «В.К., якой гэты раман абяцаў дзесяць год назад, з удзячнасцю».

В.К. — гэта жонка пiсьменнiка, Валянцiна Караткевiч. Уладзiмiр Сымонавiч пазнаёмiўся з ёю, калi паехаў у Брэст на чытацкую канферэнцыю. На мерапрыемства прывялi студэнтаў, а iх куратарка Валянцiна Нiкiцiна сядзела i чытала польскi дэтэктыў. Караткевiча, безумоўна, закранула такая падкрэсленая няўвага. Пасля сустрэчы iх пазнаёмiлi, i Валянцiна Нiкiцiна паблажлiва параiла: «Чаму б вам не напiсаць дэтэктыў? Ну хаця б такi, як «Дзiкае паляванне караля Стаха».

Пасля высвятлення, што госць i ёсць аўтар згаданага твора, Валянцiна запрасiла Караткевiча на каву. А таму, вядома, было надзвычай цiкава, што яго новая знаёмая — вядомы гiсторык.

Калi пазней яго пыталiся, чаму ўзяўся за дэтэктыўны жанр, Караткевiч адказваў:

— Ведаеце, я паабяцаў напiсаць дэтэктыў Валян­цiне Бранiславаўне, маёй вернай спадарожнiцы жыцця, у першы дзень нашага знаёмства. I я, як лыцар, павiнен стрымаць сваё слова.

Валянцiна Караткевiч сапраўды вельмi любiла дэтэктывы — яе пакой быў спрэс завалены iмi. I сама заяўляла: «Я ўгаварыла Валодзю, i ён напiсаў «Чорны замак Альшанскi» для мяне! Ён — мой рыцар, ён падарыў мне замак!»

Але, як кажа Адам Мальдзiс, была яшчэ прычына: «Караткевiч балюча перажываў знiжэнне чытацкай цiкавасцi да беларускай кнiжкi i лiчыў, што ўзняць гэтую цiкавасць можна i трэба як «нармалёвым» стаўленнем да вывучэння беларускай мовы, так i стварэннем кнiг з займальным, дэтэктыўным сюжэтам.

«Мы ўсё пiшам пра тое, як «Ганна завiхалася ля печы», — казаў ён. — А трэба — пра незвычайнае, яркае, таямнiчае. Каб нельга было б адарвацца ўсю ноч».

Пiсаўся раман доўга, гадоў дзесяць. Там вельмi шмат асабiстага. I ўласны жартаўлiвы аўтапартрэт — «Светлы шатэн, вочы сiнiя, нос сярэднi, рот — шчылiнаю ў паштовай скрынцы на галоўпаштамце, морда — сумесь варага з познiм неандэртальцам, рукi граблямi, ногi доўгiя, нiбы ў палескага злодзея». I iранiчная ацэнка ўласнай творчасцi, не без адцення крыўды на крытыкаў:

«— Ну а гэты… Караткевiч? — спытаў Шаблыка.

— А нiшто сабе. Толькi чумавы нейкi, дурашны. Левай рукой правае вуха цераз галаву чухае… Нiколi не ведаеш, чаго ад яго чакаць…»
 

Угадваецца i Валян­цiна Бранiславаўна ў вобразе галоўнай гераiнi Сташкi Рэчыц, маладога археолага. Адам Мальдзiс таксама ёсць: яны з Караткевiчам жылi ў суседнiх дамах каля Старажоўскага рынку, дзе прадавалi ўсялякую жыўнасць. Так што «пад’езд старых кавалераў», апiсаны ў рамане, мае канкрэтны адрас. Рэальны i выпадак, калi Алеся Гудаса з першага паверха (так названы Мальдзiс) праз вакно напаiлi гарэлкай мужыкi, якiя прыехалi на рынак. Цiкава iнтэрпрэтавалася гiсторыя замка ў Гальшанах, што стаў прататыпам Альшанскага. Да князя, якi забiў сваю жонку, вельмi падобны адзiн з уладальнiкаў Гальшан, Павел Стэфан Сапега, якога вiнавацiлi ў смерцi трох жонак.

Дапiсваў свой апошнi раман Караткевiч у трохпакаёвай кватэры на Карла Маркса, 36. Упершыню «псiхалагiчны дэтэктыў» быў надрукаваны ў часопiсе «Маладосць» у 1979 — 1980 гадах. У 1983-м кнiга выйшла ў цудоўным афармленнi мастака Пятра Драчова — менавiта з iм Караткевiч выправiцца ў сваю апошнюю вандроўку па Прыпяцi. Ужо не было ў жывых той, каму прысвечаны раман.

I менавiта за гэты твор Уладзiмiр Караткевiч пасмяротна атрымаў Дзяржаўную прэмiю iмя Якуба Коласа.

Паводле рамана зняты фiльм, i вось ужо якi год iдзе гаворка пра тое, каб яго перазняць.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Людмила РУБЛЕВСКАЯ
5

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.