Золата забытых магіл. Раман.

Людміла  Рублеўская

ЗОЛАТА  ЗАБЫТЫХ  МАГІЛ

паралельны раман

Род прыходзіць, і род сыходзіць, а зямля застаецца ў вяках. Эклезіяст, 1.4.

Пралог.

вочы цемры смерць нянавісць

А што яшчэ ён спадзяваўся ўбачыць, углядаючыся праз мокрае вакно ў ноч, у восень, у безнадзейнасць? Быць самотным – значыць трошкі памерці.

Нешта стукнула ў шыбу, нібыта  адзінота прасілася ў пакой… Не, яна, халодная пані Адзінота, ужо даўно царуе тут. Сядзіць побач, перад палаючым камінам. І што ёй да ценяў былога, да  тлуму і адчаю дзён, калі не верылася, што так будзе – вальтэр’янскае крэсла, камін, цішыня…

Аднак што парушыла цішу? Гаспадар паднёс газоўку да вакна.  Вочы саслаблі, а калісьці мог пацэліць у цэшку на фуражцы… Нешта гайдаецца, падвешанае на вяроўцы да галіны старога каштану. Чалавек, спяшаючыся, расчыніў вакно, і  мокры вецер ударыў яго па шчацэ, быццам выпрабоўваў на хрысціянскую цярплівасць.

На вяроўцы вісела здохлая варона.

Чалавек моўчкі глядзеў у цемру, не зважаючы на ўдары ветру і спробы дажджу ператварыць пакой у маленькую Венецыю.

Навошта ён сюды вярнуўся?

Што ў яго тут ёсць, акрамя магілаў?

Акрамя магілаў і нянавісці, што пазірала на яго цяпер.

Калі б ён мог сам адказаць нянавісцю! Але ён даўно  забараніў сабе ненавідзець, толькі часам вуголле дарэмных шкадаванняў пякло душу знутры, не знаходзячы выйсця. Не, ён усё-ткі не шкадуе… У ім усё яшчэ жыве той даверлівы юнак, які спавядаў сусветную справядлівасць.

Няхай каменне ў спіну, няхай здохлая птушка перад вакном, няхай ад яго хаваюць дзяцей і абараняюцца ад яго пагляду крыжам… Нянавісць – дзіця болю, і боль той  спароджаны і ягонымі продкамі… Грахі роду належыць сплочваць. Але трэба верыць, што калісьці гэта зменіцца, і пакуты не стануцца дарэмнымі, як не бываюць дарэмнымі пакуты зерня, якое ператвараюць у хлеб. Не можа не быць працягу ў таго, што замешанае на любові і самаахвярнасці. Як у галаве самай пачварнай жабы хаваецца прыўкрасны камень, так у несправядлівым і жорсткім часе нашчадкі пасля знаходзяць іскрынкі цудоўных лёсаў і агмені чыстых памкненняў.

Гэта ён не пра сябе – пра тых, з кім меў гонар  сябраваць.

Чалавек  абрэзаў кітайскім нажом для папер вяроўчыну, на якой матлялася мёртвая птушка. Канец вяроўкі падхапіў вецер, разгайдаў так, што на хвілю здалося, быццам вяроўка зараз завяжацца  пятлёю. Ад раптоўнага ўспаміну горла пераціснула нібыта ад тае пятлі, і чалавек зачыніў вакно.

А ён толькі што разважаў пра набыты спакой… Няма і не будзе спакою, пакуль на гэтай зямлі пануе цень пятлі, і цень неразумення паглынае самыя яркія агні…

Гаспадар зноў апусціўся ва ўтульнае крэсла. Праз шыбы ў пакой глядзела ноч, Пані Адзінота варушыла вуголлі ў каміне.

 

1

 

Гэта здарылася слотным  сакавіцкім вечарам, паміж коскай і кропкай, на тым кавалачку сказа, дзе згадвалася пра вялікую пошасць у Паазер’і напрыканцы кіравання  Жыгімонта Маладога. У дзверы званілі так настойліва, што кропка атрымалася больш падобная да працяжніка.

Вядома, гэтага не адбылося б (маем на ўвазе сапсаваную кропку),  калі б Паліна пісала свой артыкул на кампутары, а не  асадкай.

Але Паліна не любіла спавядацца жменьцы мікраэлементаў. І не любіла разглядаць няўчасных наведнікаў праз дзвярное вочка. Да абурэння маці, нават без асцярожлівага “Хто там?” расчыняла дзверы наросхрыст.

Артур стаяў на лесвічнай пляцоўцы, беражліва прыціскаючы да сябе нешта цяжкое, ухутанае ў зялёную саматканую посцілку. Па яго доўгіх валасах сцякала вада, а худы твар быў такі няшчасны, што Паліне адразу ж захацелася зачыніць дзверы. Не, яна не чэрствая. Проста надакучылі няшчасныя мужчыны. А яны ў нас амаль усе такія – пакрыўджаныя ды незразуметыя, і беларускія жанчыны мусяць  пажыццёва ратаваць іх ды шанаваць іхнюю спароджаную высокай духоўнасцю тугу.

Вядома, падстава для тугі ў Артура была – у чарговы раз звольнілі з інстытута, дзе ён выкладаў гісторыю беларускай літаратуры. Тое, што студэнты дарэмна чакалі яго на сваіх лекцыях – вядома, не клопат. Арцік у гэты час займаўся святой справай – шукаў духоўнай раўнавагі ў кавярні “Сем пятніц”.

Штопраўда, калі ён усё-ткі знаходзіў дарогу ў аўдыторыю, туды крадма прабіраліся нават з іншых факультэтаў. Літаратуразнаўца ад Бога – нават дзіўна, што сам мастацкіх твораў не піша.

Папярэджвала Паліна ягоную цяпер ужо былую жонку, колішнюю аднакурсніцу Аксану, наконт асаблівасцяў Артуравай творчай натуры…

Праўда, і сама ў свой час гэтак жа разумна праігнаравала сяброўскія папярэджанні. Таму цяпер і сядзіць адна, разумная і гордая “вучоная дама”… І знаёмыя пры сустрэчах перагаворваюцца: “А як там Палінка? Усё яшчэ адна? Бедная! Трэба ёй было ехаць са Стасікам.”

“Адна” – значыць “бедная”? Недастатковая, няспраўджаная. Чароўная архідэя, непрысмактаная да дрэўца-кармільца, зялёная гірлянда блюшчу, абарваная з апірышча – бяссілы прыгожы паразіт, які толькі і марыць ласкава аплесці новага гаспадара…

Так, Стась імкнуўся быць гаспадаром. І калі яму, таленавітаму праграмісту, удалося выйграць грант на стажыроўку ў Штатах – абвесціў адразу: назад – не вернецца, легалам ці нелегалам – застанецца там. І Паліна хоць бэбі-сітэрам, але прыладкуецца. Вядома, наўрад ці  — гісторыкам.

Не, гэта не быў выбар між прафесійнай апантанасцю і сямейнасцю. Хутчэй –  уцёкі ад лёсу блюшча.

Воля – апошняе суцяшэнне няўдачніка. Пабач Паліна хоць водбліск уласнага кахання ў цёмных прыгожых вачах свайго ўладара – памкнулася б і за акіян, не разважаючы, як калісьці не разважаючы прыняла ягоную дзіўную прапанову: “Мне здаецца, з цябе магла б атрымацца някепская жонка”.

Але акрамя любові да самога сябе, роднага, не бачылася ў  Стасевых вачах анічога. Ён нават асабліва не ўгаворваў – хуценька арганізаваў развод, паабяцаў ліставацца…

А для яе проста скончылася жыццё.

Хацелася аднаго: спакою, самоты, як смяротна параненаму зверу. І каб ніхто, ніколі больш не змог прыўлашчыць нават часцінку ейнае душы. Яны ж не бяруць, не просяць — кусаюць, як ваўкі, ды пакідаюць цябе з незагойнай ранай.

Паліна заколвала ў цяжкі вузел цёмныя валасы і апранала доўгія сукенкі. Белыя карункавыя каўнеры да іх не вязала сама – не хапала цярплівасці. Купляла ў бабулек на Камароўцы. Ёй хацелася быць падобнай на віктарыянскую класную даму, якую-небудзь міс Тэмпль: годнасць. Бездакорныя манеры. Трымай дыстанцыю, мінак.

У зменлівых рысах яе гожага на манер візантыйскіх абразоў аблічча былі прыхаваныя  цікаўнасць птушаняці і мройлівасць засцянковай паненкі… Хаця Паліна сама сабе не раз паўтарала, што яшчэ крыху – і яна назаўсёды ператворыца ў нелюдзімку, зледзянее сэрцам, як скрадзены хлопчык Кай. Урэшце – дваццаць восем год,  “развядзёнка”.

Ці не залішне гаварыць, што мужчыны аблашчвалі яе позіркамі, але знаёміцца баяліся: “штучка”!

Дысертацыю Паліна таксама не абараніла з-за сваёй “недатыкальнасці”. Проста ў пэўны момант зрабілася брыдка:  “арганізатарская” беганіна, бясконцыя перамовы, намёкі на тое, што Кастусь Каліноўскі – асоба супярэчлівая…

А ў  гімназіі выкладаць добра. І гучыць амбітна. Пару гадоў таму называлася школай, а сёння – гімназія…

Але мы адхіліліся ў бок ад падзей. Дык вось, стаіць няшчасны Артур, мокры, як вадзянік, на лесвічнай пляцоўцы, і працягвае нешта, ухутанае ў даматканую посцілку.

— Палінка, купі!

Ведае, хітраванец, што яна ўсё роўна яго пашкадуе. Сказала была, што апошні раз пазычае. Дык вось табе сёння –“купі”… Відаць, вазу Аксанчыну прывалок, геній непрызнаны…

Вада з Артура капала ўжо на дыванок у вітальні. Пад зялёнай посцілкай хавалася зусім не ваза. Жаба. Каменная жаба велічынёй са шчанючка. Бугрыстая, шэрая, але зусім не монстр – утульна кругленькая, лапкі ўмольна складзеныя, велізарныя вочы глядзяць так кранальна… Не раўнуючы, як цяпер Арцікавы. Праца прафесійнага скульптара, і не з нашага стагоддзя…

— Адкуль гэта ў цябе?

Артур задуменна пагладзіў жабу па каменнай спіне. А пальцы дрыжаць…Дапіўся.

— Не хвалюйся, не крадзеная. Ад майго таты засталася. Гэта з надмагілля Вінцэся Рашчынскага. Ну таго, паўстанцкага філосафа. Ты  лепш за мяне мусіш ведаць.

Паліна недаверліва зірнула на каменную зачараваную царэўну.  Вядома, Артураў тата быў важны чыноўнік “за Саветамі”, едзіў па свеце… Сыночка-“бітніка”, дарэчы, лічыў “страчаным”, нават неяк прымусова засадзіў у прывілеяваную псіхушку.

— Калі не памыляюся, Рашчынскі пахаваны ў Парыжы.

— А вось і памыляешся, – Артур раптам перастаў быць няшчасным – і Паліна вельмі любіла такія ў ім перамены, якія адбываліся, калі справа тычылася таго, чым ён цікавіўся, магчыма, больш за жыццё, але, на жаль, менш за сваю сусветную тугу. Вочы  госця заззялі, голас загучаў спеўна, як на лекцыі. – Так, Рашчынскі пасля разгрому паўстання дзесьці з 1867-га жыў у Парыжы, нават браў удзел у рэвалюцыйных падзеях, але на пачатку дзевяностых вярнуўся сюды. Людзі тых часоў цяжэй перажывалі расстанне з роднымі мясцінамі. Гэта для нас настальгія – амаль што жарт, а для іх — куля ў жывым сэрцы. Ад гэтага паміралі.  Дарэчы, Рашчынскі памёр неяк дзіўна, усяго год пражыўшы на радзіме. Падобна, што яго забілі. Нават працавала камісія па расследванні смерці. І пахавалі яго ў касцёле ў  Гарнушках, у магіле, якую ён сам для сябе падрыхтаваў – там была цэлая скульптурная галерэя, мармур, граніт, малахіт… Грошай ляснуў у сваё надмагілле… Як ведаў, што хутка спатрэбіцца.

— Першы раз чую пра такое…

— Не дзіўна, — Артур зноў пагладзіў каменную жабу, нібы  пакінутага гаспадаром сабаку.—Адразу пасля пахавання надмагілле   зганьбавалі, нехта разбіў цэнтральную скульптуру, алегорыю смерці.  І на працягу года невядомыя зламыснікі разбівалі фігуры адну за другой. Нібыта нехта так ненавідзеў былога інсургента, што хацеў знішчыць нават памяць аб ім. А калі мой бацька ўзначаліў барацьбу з помнікамі рэлігіі ў раёне, там ужо амаль не было чаго руйнаваць. У прыдзеле касцёла, дзе радавая ўсыпальніца Рашчынскіх, засталося толькі некалькі пашкоджаных дзіўных фігурак, і ўсё. Адну  бацька загадаў адбіць для сябе. Сказаў, што надта нагадвае маю маці. Маўляў, паставіць у хаце, каб глядзела на сваю выяву і сядзела моўчкі.

Арцік прыглушыў голас і ненавісна сціснуў зубы – Паліна ведала, ён дасюль не дараваў бацьку стаўленне да маці, хоць абодвух ужо не было на свеце. Тым жа здушаным голасам госць скончыў аповед.

– Касцёл узарвалі. Цяпер на тым месцы Дом культуры. Вось табе і ўся гісторыя маёй жабкі… Чырвонец не дорага?

Апошнія словы Арцік прагаварыў са звыклай няўпэўненасцю няшчаснага беларускага мужчыны. Але Паліна не магла адмовіць і са скрухай глядзела, як ён хавае атрыманую паперчыну ў кішэню, і рукі яшчэ больш трасуцца, а вочы загараюцца непрыемным хваравітым бляскам…

Божа мой, Паліне б тады ўзяць гэтую жабу ды абрынуць са свайго пятага паверху, каб разляцеліся ейныя шэрыя друзачкі  па мокрым асфальце…

Але яна гэтага не зрабіла. Таму далей адбылся тое, што адбылося.

 

2

Вінцэсь ледзь прычакаў вечара, калі ў пакоях маёнтка запалілі святло, і цені неахвотна распаўзліся  па кутах, каб  пільнаваць момант свайго начнога панавання. У адным з такіх кутоў Вінцэсь схаваў захутаную ў посцілку стрэльбу, знятую крадма з дывана ў бацькавым кабінеце.

Вядома, такое ўчыняць было нядобра. Але што зробіш, калі дарос да шаснаццаці, скончыў шляхецкі інстытут1, а табе ўсё яшчэ не давяраюць зброі. А між тым у Маскалёвым лесе пасяліўся сапраўдны ваўкалак! Яго бачыў конюх Тодар, і дзеці вясковага каваля, а паненка Рагманава, смуглявенькая Вальжына з насмешнымі цёмнымі вачыма, пры ўсіх гаварыла, што толькі сапраўдны мужчына не збаіцца выйсці супраць ваўкалака. А паколькі такіх у наваколлі няма, дык яна лепш са двара выходзіць не будзе. Ваўкалакі, кажуць, дзяўчат крадуць.

Ваўчыную скуру табе пад ногі, ганарліўка! Ды каб свежым звярыным духам працяло твой лялечны пакой з белымі фіранкамі! Рашчынскія  не баяцца ні людзей, ні ваўкалакаў.

Шкада, бацька ўнатурыўся не ў слаўных ваяўнічых продкаў. Сам ніколі ў рукі зброі не браў, і яму, Вінцэсю не дае… Нібыта шаблі ды пістолі –адно для аздобы пакояў!

Нічога, Вінцэсь дакажа ўсім, што ваярскі дух не пакінуў іх сям’ю! Цэліць ён трапна – навучыўся і без бацькавага дазволу.

Густы начны туман плыў па-над самай зямлёй. Так што здавалася, быццам Вінцэсь ідзе па аблоках. Але высокая трава  са здрадніцкім шоргатам балюча сцябала і калолася нават скрозь  вопратку, мокрую ад расы. Тры срэбныя кулі – адна ў ствале, дзве – у кішэні. Ваўкалака можна забіць толькі  срэбнай куляй, пазначанай крыжам – і Вінцэсь патраціў дзень на тое, каб ператварыць тры старажытныя манеты з бацькавае калекцыі ў больш-менш ахайныя круглячкі.

Сёння поўня… Час ваўкалакаў. Старажытныя грэкі лічылі, што людзі тутэйшых плямёнаў штогод на адзін дзень пераўтвараюцца ў ваўкоў. Можа быць, гэта праўда? І ў Вінцэсю ёсць кропля ваўчынае крыві? І зараз поўня змусіць яго кінуць стрэльбу, і забыцца на тое, хто ён ёсць, і…

Ну і глупствы лезуць у галаву. Шаргоча трава, быццам нехта шэпча праклёны. Ускрыкнула начная птушка, нібыта беспрытульная душа… Не, Вінцэсь не паддасца дзіцячаму постраху. Урэшце, ён – узброены мужчына…І Маскалёў лес вунь ужо, цямнее, як  зубчастыя сцены цмокава замка. Усё пралічана – хлопец падбіраецца паплавамі да

  1. Шляхецкі інстытут – сярэдняя навучальная ўстанова ў Вільні для дзяцей арыстакратыі.

 

ўскрайку лесу,  дзе пачынаецца адхон, зарослы вольхай, а менавіта там і з’яўляўся некалькі разоў ваўкалак – і чакае… Пачвара абавязкова выберацца на асветленае поўняй месца, каб правыць свой жудасны гімн цемры…

Вінцэсь пачаў мерзнуць – пачатак чэрвеня не быў цёплы. Раптам гарачая хваля прайшла па целе, застукала ўвушшу. З лесу выходзіла страшыдла… Яшчэ жахлівейшае, чым хлопец чакаў, бо падобнае да чалавека — на двух нагах, калматае, прыгорбленае… Як і ўяўлялася, ваўкалак застыў на месцы і ўзняў аброслае поўсцю аблічча да поўні…

Прыцэл скакаў  перад вачыма – ну, націскай жа! Палец не слухаўся. Мусіць, перашкаджала гэтае падабенства з чалавекам – і Вінцэсю неадольна хацелася, перш чым стрэліць, неяк аб’явіцца, даць таму стварэнню магчымасць супраціву — каб атрымаўся двубой, а не забойства з кустоў… Паказацца… Гукнуць…Няхай кінецца, зараве – а тады ўжо…

— Гэй…– вокліч застрагнуў у горле. На галаву хлапца абрынулася нешта цяжкое, неадольная сіла выдзерла з  рук стрэльбу, і ён упаў на зямлю.

–Бач, паганец, падпільнаваў! Зладзім табе паляванне начное.

Вінцэсь зразумеў толькі адно: вакол яго – людзі… Ён з цяжкасцю перавярнуўся на спіну, усё-ткі баючыся ўбачыць прамаўляючыя чалавечымі галасамі пысы. Не, гэта былі не пераваратні – трое ўзброеных мужчын. У цемры Вінцэсь разгледзеў толькі вусы і насцярожаны бляск вачэй. Адзін, у мужыцкай шапцы-магерцы, цэліўся ў хлапца з ягонай жа стрэльбы. Другі нагнуўся і спрактыкаванымі рухамі абшукаў Вінцэся, з асаблівай увагай падкінуўшы на далоні мяшэчак з кулямі.

Раптам сэрца сціснуў цёмны жах –  справа падыходзіў ваўкалак. Вінцэсь пазіраў на яго з зямлі, і таму ваўкалак здаваўся  волатам – бо і сапраўды быў вышэйшы за астатніх.

— А што, казаў я вам, асочаць…

З пашчы ваўкалака даносіўся чалавечы голас. Вінцэсь угледзеўся – тое, што ён прымаў за поўсць, быў вывернуты кажух і гэткая ж шапка. Вядома, барада і валасы, чорныя, доўгія, густыя, надавалі абліччу дзікі выгляд, але самае страшнае было, што праз увесь твар чалавека – так, цяпер Вінцэсь быў упэўнены, што гэта чалавек, — ішоў глыбокі цёмны шнар, відаць, ад шаблі. Нос, правая шчака, левае брыво рассечаныя, і левае вока, здаецца, пашкоджанае… Затое погляд правага, нават у цьмяным святле поўні гэта адчувалася, — быў незвычайна цвёрды.

Ад усведамлення, што ён мог забіць чалавека, Вінцэся пачало трэсці.

— Падымайся, гадзёнак. Раскажаш усё – памрэш лёгка. Не бойся.

У голасе чалавека ў магерцы гучала лёгкая пагарда, і Вінцэсь пастараўся ўзняцца як мага больш спрытна і стаць у незалежную паставу.

— Дзе іншыя?

— Я адзін. – хлопец сказаў гэта амаль раўнадушна.

— Адкуль ведаў, дзе нас чакаць?

Вінцэсь пачырванеў, радуючыся, што ў цемры гэтага не бачна – давялося расказваць пра авантуру з паляваннем на ваўкалака.  Хлопец не спадзяваўся, што яму павераць. Хто яны? Разбойнікі? Беглыя жаўнеры? Катаржане?

— Ілжэ,—скрозь зубы працадзіў той, што трымаў Вінцэсеву стрэльбу. – Забіць зараз жа – і ў дрыгву.

А ён уяўляў сваю смерць у бойцы, пад слаўным штандарам, на чале пераможнага войска! Але нават цяпер належала сустрэць непазбежнае так, як  прыстойна шляхціцу.

–Чакай, Марцэл…– уладна прамовіў ваўкалак, наблізіўся да Вінцэся і жалезнай рукой змусіў юнака павярнуць твар проста пад промні царыцы ночы. Вінцэсь абражана адхінуўся, гатовы кінуцца ў бойку. Але ваўкалак здзіўлена запытаў:

— Ты не сын Антося Рашчынскага?

Вінцэсь не зразумеў, чаму пасля ягонага пацверджання настрой захопнікаў перамяніўся – яны нібыта разгубіліся. А Марцэл у магерцы  нават расчаравана  прастагнаў. Чалавек са шнарам чамусьці ўсміхнуўся і звярнуўся да таго, хто абшукваў Вінцэся.

—  Пакажы, што ў яго забраў…

Развязаў мяшэчак… І  працягнуў супольным  даланю, на якой блішчэлі два нязграбныя круглячкі – самаробныя срэбныя кулі.

— Нават крыжам пазначаныя… Што, і ў стрэльбе такая ж?

Вінцэсь моўчкі кіўнуў. Вакол выбухнуў рогат.

Ваўкалак першы перастаў смяяцца і звярнуўся да хлопца сур’ёзна, нават з павагай.

— І ты пайшоў адзін на пераваратня?

— Ды, відаць, перад дзеўкай пахваліцца захацеў, — насмешна вымавіў вусаты дзядзька з пістолем за поясам, і заўважыўшы засмучэнне Вінцэся, зарагатаў зноў.

— Не сярдуй, хлопча,– сумна прамовіў чалавек са шнарам.— Выгнаннікі маюць няшмат вясёлых хвілінаў. Зараз ты пойдзеш. Стрэльбу – раз яна трапіла ў лес, мы пакінем у сябе. Перадай бацьку вось гэта… — Ваўкалак дастаў з кішэні нейкі мяшэчак. Навобмацак там было нешта дробнае і цяжкое.

— І запомні: твой бацька – першы, каму ты пра нас раскажаш,– гэта прагучала як  просьба, і Вінцэсь прамовіў:

—Абяцаю.

— Ну што ж, шчасліва заставацца, Вінцэсь Рашчынскі.

Хлопец ашаломлена глядзеў, як постаці адна за другой знікаюць у лесе.

— Гэй, паляўнічы, падары сваёй красуні замест ваўкалацкай скуру вось гэтага звера…А то без здабычы вернешся.

Словы чалавека ў магерцы  праціналі злоснай насмешкай. Вінцэсь ледзь паспеў падхапіць нешта слізкае і халоднае, шпурнутае яму проста ў твар. Жаба…  Юнак ледзь стрымаў гнеў, але  ўдалося прагаварыць спакойна:

–Дзякую за падарунак. Абавязкова перадам.

Поўня  залівала прывідным святлом паплавы, і туман павольна спаўзаў да рэчкі, быццам паранены вужыны кароль у свой бурштынавы палац.

 

3

Мышкі плылі ў вялізным чорным парасоне, звесіўшы ваўняныя хвосцікі на мокры асфальт. Вакол віраваў Казюкас – святочны кірмаш. Дзень святога Казіміра ў Вільні – як Паліна магла прамінуць! Нават калі  даводзіцца плаціць ладную частку ейнай выкладчыцкай зарплаты за візу, праезд, выцерпець некалькі гадзінаў у чарзе на мытні, ды яшчэ пільнаваць сваіх  гімназістаў – гаманлівую зграйку будучых філолагаў, ці гісторыкаў, ці… Ат, галоўнае – каб сумленнымі выраслі.

Вязаных мышэй прадавала кабета ў вязаным жа капялюшыку, брылы якога абвіслі ад веснавой імжы, і ў пальчатках з абрэзанымі пальчыкамі. Паліну ўзрушыла, што кабета не высаджвае хвастатыя цацкі на якую кардонку ці скрынку, каб самой пакарыстацца караблём-парасонам па ягоным прамым прызначэнні, захінуцца ад дробных халодных кропляў. І мінская госця набыла адну з мышак, з чорнымі вочкамі-гузікамі і чырвоным бантам. Пасунулася далей – і было  нечакана прыемна гэтак бязвольна і бяздумна плысці ў людскіх хвалях, аздобленых вярбоўкамі – адмыслова ўпрыгожанымі галінкамі вярбы, гаварыць на беларускай мове – і не сустракаць пагардлівых паглядаў. Праўда, найчасцей Паліну прымалі за польку. Але часам у адказ чулася і беларуская мова.

Паліна слізгала позіркам па раскладзеным тавары…

Гэтага не можа быць!

На прылаўку сядзела каменная жаба.

Не, не падалося – дакладная копія Артуравай. Дурнаватая ўсмешка, жаласныя вочы… Фарбаваны пад камень гіпс, няйначай. Гэта жа, як і іншыя скульптуркі, перад якімі прысела жабка. Цікава… Не кіч. Роблена з густам. Са стылізацыяй пад старажытнасць. Сумныя анёлы хаўрусавалі з істотамі зусім нечаканымі – гэта, напэўна, адзінарог… А там —  вужыная каралева.

Паліна пашукала вачыма прадаўца. Павільён быў багацейшы за іншыя, дыхтоўны, з драўляных шчытоў, аформленых пад сцены сялянскай хаты. Дзяўчына ў чорнай скуранцы і скандынаўскай шапачцы, з-пад якой звешваліся дзве светлыя пругкія касы, пакінула купку суразмоўнікаў і заахвочвальна ўсміхнулася патэнцыйнай пакупніцы. На роспыты пра паходжанне жабы дзяўчына пагардліва паціснула плячыма, і яе прыгожы твар з дакладнымі рысамі,  страціўшы непатрэбную ўсмешку, набыў выраз, відаць, звыклай уладарнасці – дзяўчына-вікінг.

— Ну, калі вас так цікавіць…Трэба спытаць у аўтара. Ён там, пад аркай… Бландзін у зялёнай куртцы – не памыліцеся.

У арцы, што вяла ў адзін са шмалікіх цудоўных старых дворыкаў, сапраўды  нехта сядзеў. Што ж,  гімназісты Палініны яшчэ гадзіну могуць вольна блукаць па кірмашы, потым – сустрэча ля Вострай брамы… Не зблудзяць, вялікія. Пакуль Паліна, падабраўшы доўгі падол спадніцы і не менш доўгае “віктарыянскае” паліто, прабіралася між плеценых кашоў і рэкламных шчытоў, бачыла толькі цёмны нерухомы скурчаны сілуэт – нібыта таксама скульптура. Стваральнік гіпсавай жабы сядзеў на перавернутай скрынцы, прыхінуўшыся спіной да вільготнай сцяны. Непакрытая галава з доўгімі светлымі валасамі нізка апушчаная, а рукі неяк вельмі сіратліва  грэюцца ў рукавах курткі, як у муфце. Не хапала толькі шапкі пад нагамі.

Яшчэ адзін няшчасны мужчына. Гэтым разам – літоўскі.

Але калі Паліна стала проста перад “фігурай засмучонага” і няшчасны рэзка ўзняў галаву, не пабачыла на яго твары прыкмет “сусветнае тугі”. Праўда, аблічча сумнае, але зусім не жаласнае. Хутчэй смешнаватае – твар худы, а нос вялікаваты, з гарбінкай, светлыя вусы і бародка, а вочы  надзіва цёмныя, дакладней – цёмна-зялёныя, як нефрыт, і крыху наіўныя… Гадоў, як і Паліне, можа, трохі старэйшы.

Між тым светлавалосы,  усвядоміўшы, што госця – да яго, нязграбна ўзняўся і ветліва схіліўся да Паліны.  Але роспыты пра жабу пацвердзілі – дзівак і няўклюда.

— Перш чым адказаць, я мушу даведацца падставы вашага інтарэсу.

Паліна здзівілася, пачуўшы чысцюткую беларускую мову. Але ж бач, таямніцы ў яго…

—  Я Паліна Ведрыч, гісторык, з Мінску. Выкладаю ў тамтэйшай гімназіі. Не так даўно мне падарылі каменную жабу, дакладную блізнючку вашае.

— Ну і што? Ці мала ў свеце копій?

Паліна зазлавала.

— Не разумею, чаму вы не хочаце расказаць. Я ведаю, што арыгінал – з надмагілля Вінцэнта Рашчынскага, беларускага філосафа, удзельніка паўстання 1863 года. Ён быў пахаваны ў Гарнушках, у Наўскім павеце. Як бачыце, мой інтарэс – прафесійны.

Скульптар па-хлапечы кіўнуў галавой, вытрымаў паўзу і кінуў:

— Я – з Гарнушак.

— Вось як? Дык вы павінны ведаць пра вашага славутага земляка! – Паліна адчула знаёмы паляўнічы азарт даследчыка. Яна, праўда, за справамі яшчэ так і не пачала росшукі звестак пра Рашчынскага – а цікава ж, з кім сутыкнула цябе старая рэч. Скульптар стрымана пацвердзіў.

— Так, я чуў пра Рашчынскага. Праўда,  касцёл з ягоным надмагіллем зруйнавалі, калі я быў яшчэ зусім маленькі. Але нашы сяляне не дадуць прапасці карысным рэчам. Ведаеце, што стаяла ў каморы маёй бабулі? Спавядальня. Пакрытае чорным лакам дрэва, разьба… Я, вядома, не ведаў, што гэта за шафа дзіўная. Толькі як вырас і ў касцёле падобную неяк пабачыў, здагадаўся. А для чаго яе выкарыстоўвала мая бабуля – прабачце, не скажу.

— Ну а жаба? – прыспешыла Паліна.

— Была і жаба… Бабулі яна прыдалася замест гнёту: класці паўзверх дошкі, калі трэба нешта прыціснуць –тварог там ці капусту.

— А пра Рашчынскага што вам бабуля расказвала?

— Ведаеце, дзіўная рэч…– скульптар задуменна ўтаропіўся ў скляпенне аркі.— Я ўвогуле нейкі час надта ж цікавіўся айчыннай гісторыяй. Але нічога ўцямнага ніхто мне не расказаў. “Пан быў бандытам”, “Вар’ят нейкі”, “Багаты быў”—і ўсе звесткі.

— Чакайце,—не паверыла Паліна.—У кожным раёне ёсць музей, энтузіясты-краязнаўцы.

Скульптар паківаў галавой.

—  Думаеце, я пра гэта забыўся? У музеі – толькі ксеракопія энцыклапедычнага артыкула. А там усяго – некалькі радкоў. Вось пра героя-партызана з нашага лесу ў энцыклапедыі амаль старонка, ды яшчэ з фотаздымкам. Таму і некалькі стэндаў яму прысвечана. А пра Рашчынскага…Пачытайце, што вашы калегі ў энцыклапедыі напісалі.

— Валянцін! Што ты там прыляпіўся да аркі?—рэзкі голас належаў дзяўчыне-вікінгу. – Ідзі да людзей! Вітаўт кавы на ўсіх прынёс.

Гандлярка падыйшла і пахмурна зірнула на Паліну. Той стала няёмка – сапраўды, сам-насам з чужым мужчынам… Бо дзяўчына падкрэслена паказвала – гэты належыць ёй… Прытулілася, паправіла пасмачку яго доўгіх светлых валасоў… А твар у самой нібыта свеціцца знутры, і нібыта яна ўжо замкнулася з ім сам-насам… На Паліну быццам пацягнула цяплом з чужых прыадчыненых дзвярэй.

— Добра, мне час ісці… Але ўсё ж …– Паліна дастала з сумкі візітоўку, працягнула скульптару.–  Раптам штосьці даведаецеся пра нашага героя?

Скульптар беражліва ўзяў картку доўгімі, нязграбнымі, як і ўвесь ён, пальцамі – аж не верылася, што імі  вылепленыя тыя вытанчаныя скульптуры. І дзяўчына пацягнулася зірнуць. А пасля яшчэ ў спіну Паліне гукнула з ледзь прыхаванай насмешкай:

— Дык набыць нічога не жадаеце?

— Жадаю, — нечакана адказала Паліна.

І ў абдымку з гіпсавай жабай рушыла да Вострай Брамы.

А гэты… дзівак … так і застаўся сядзець у арцы. Нібыта саромецца, што ягонымі вырабамі гандлююць.

Хутчэй за ўсё, так і ёсць!

Ля ўваходу ў капліцу Маці Божай Вострабрамскай чарнявы хлопчык-жабрак назваў Паліну “панечкай”, і тая – нешта сёння  надта  чулівая –  аддала яму нерастрачаныя літы. Тым больш колькі іх там было… Толькі пакінула на хлеб – як гэта прыехаць з Вільні без мясцовага хлеба, чорнага, як урадлівая зямля, цяжкога… А цяпер яго пякуць і з семкамі—хочаш, з гарбузовымі, хочаш – са сланечнікавымі. Паліна ўзяла цэлы каравай – падзеліцца з маці, занясе па акрайцу сяброўкам… Хто б з продкаў мог падумаць, што хлеб зробіцца некалі сувенірам, забаўкай, як паштоўка!

А вось і вучні – гаманкою зграйкай хваляцца купленым. Вярбоўкі з сухімі кветкамі, пазалочаныя і пасярэбраныя сцябліны ільну; доўгія, як вясновая песня, цукеркі ў бліскучых абгортках, гліняныя званочкі… І, вядома, кубкі, упрыгожаныя “міленіюмнай”сімволікай – “2000”. А яшчэ бурштын, і цудоўныя  партманэ з кавалкаў скуры, і падсвечнікі з рознакаляровага шкла, якія ператвараюць самы будзённы пакой у казачны шацёр. І Паліна радавалася разам з усімі і паказвала сваё набытае– асабліва падабалася жаба, пра якую сказалі, што падобная да смайліка –смешнага значка ў кампутарных тэкстах. Паліна не надта ўяўляла, але ж не спрачалася. Яна ўвогуле вольна адчувала сябе толькі са сваімі выхаванцамі. Яе нават папракалі, што не ўмее трымаць дыстанцыю з вучнямі. Але быць самавітым, з пачуццём уласнай важнасці – гэта ж так сумна, так нецікава! Гэта значыць прызнаць сябе завершаным, адмовіцца ад права шукаць, блытацца, радавацца жыццю…

Не, яна не самавітая, і самавітай ніколі не будзе. Нягледзячы на апранахі віктарыянскай класнай дамы.

І ўжо ў аўтобусе, калі яны збіраліся ад’язджаць ад вакзала, Паліна спахапілася, што ў сумачцы няма пашпарту.

Вядома, ніхто не мусіў пакутваць з-за ейнага нядбайства. Паліна, як магла, супакоіла спадарожных і нават усміхнулася на развітанне. Аўтобус з гімназістамі, вярбоўкамі і адмысловымі кошыкамі адправіўся ў Мінск.

Паліна стаяла ля дзвярэй, за якімі ахоўвалі закон і вырашалі лёс такіх разявакаў, як яна, і не наважвалася ўвайсці. З”явілася  здрадлівая думка –  уцячы, заблукаць у горадзе, і няхай будзе што будзе…

— Нарэшце вас адшукаў! – няўклюдны скульптар схіляўся над Палінай, працягваючы ёй сінюю кніжачку. – Аўтобусы абыйшоў, што з Беларусі прыехалі, тады думаю – ці ў міліцыі вы, ці ў  амбасадзе… Дзіна казала – вы жабу ў сумку спрабавалі ўціснуць,  потым ледзь дасталі… Відаць, тады пашпарт ваш і выпаў.

Свет расплыўся ў вачах Паліны вясёлкай, і яна раптам разраўлася-разрумзалася на ўвесь калідор. Нешта цяжкое выслізнула з рук, грукнула…

— Нічога, нічога, я вам новую зляплю, прывязу… Яшчэ прыгажэйшую, вось пабачыце… — побач гучаў голас. Скульптар узяў у залітай слязьмі Паліны сумку, падхапіў пад руку, як малое дзіця, павёў на вакзал, усадзіў у крэсла, даў насоўку – выціраць слёзы, потым прынёс каву, потым уклаў у руку білет… Паліна пакорліва прымала ўсё…

Ужо з тамбура цягніка паспрабавала вымавіць нейкае слова ўдзячнасці – светлавалосы няўклюда толькі памахаў рукой з платформы, шырока ўсміхаючыся. Ды яшчэ Паліне запомніліся ягоныя словы –  ён, здаецца, увесь час расказваў нешта цікавае, спрабуючы супакоіць:

— Ведаеце, як ляпіў гэтую жабу, шмат чаго паўспамінаў з міфалогіі… Дарэчы, гэта, напэўна, не жаба, а рапуха –  лапы іншыя, і пыса не пляскатая… А пра рапух ёсць павер’е – чалавек, які не выканаў пры жыцці тое, у чым пакляўся, прысягнуў, павінен пасля смерці ў абліччы гэтай істоты абяцанае выканаць. І патрапляе на нябёсы толькі ў выпадку, калі яму, напрыклад, удасца дапаўзці да алтара царквы. Можа быць, Рашчынскі думаў пра гэтую прымху?  Памятаеце, як у жабы лапкі малітоўна складзеныя?

За вакном цягніка мільгалі далёкія агеньчыкі. Паліна зняможана прыхінулася галавой да вакна, паклаўшы капялюш на калені. Гэты Казюкас запомніцца надоўга. Такая “рамантыка”…

Але ж яна нічога пра светлавалосага дзівака з аркі не ведае! Толькі імя запомніла – Валянцін.  А ён жа білет ёй за свае грошы купіў!

Вось няёмкасць…

І жабы разбітае шкада…

 

4

Бацька моўчкі стаяў, адвярнуўшыся да вакна, і Вінцэсь баяўся парушыць цяжкое маўчанне. На сцяне, на фоне вясёлкавага кіліма, паблісквала, быццам суровыя вочы старых вояў, зброя – шаблі, корды, ружжы, мушкеты, абушкі, скрыжаваныя дзіды, нават буздыган – шастапёр, страшная зброя, якой раструшчвалі галаву. Але Вінцэсеў пагляд мімаволі цягнуўся да таго месца, дзе мусіла вісець стрэльба, страчаная ім пад час начнога здарэння. Ды яшчэ на стале – мяшэчак, перададзены лясным знаёмцам. І  жадаў бы—не пераканаеш сябе, што ўсё было толькі страшным сном.

— Я не хацеў, каб гэта адбылося цяпер і такім чынам…

Бацька гаварыў вельмі сур’ёзна і важка –гэтак з Вінцэсем ён яшчэ ніколі не размаўляў.

— Так, напэўна, я вінаваты, што лічыў цябе за дзіця, забыўшыся, што давялося зведаць самому ледзь не ў тваім узросце.  — бацька павярнуўся і зусім не сярдзіта зірнуў на сына. (Шкада, Вінцэсь не ўспадчыніў гэтыя  вочы колеру сталі з пранізлівым паглядам – давядзецца пазіраць на ворагаў сваймі сінімі, ды яшчэ вялікімі, як у паненкі). —Разумееш, у дзяцінстве мне давялося перажыць шмат. Твой дзед Лявонцій быў чалавек… не вельмі лёгкі па натуры. Ты неяк пытаўся, чаму нашыя сяляне не адрабляюць паншчыну, а толькі плацяць чынш? Гэта і таму, што я хачу хоць нейкім чынам выкупіць зло, што яны мелі ад майго бацькі. Гісторыя роду – не толькі ваенныя трафеі ды фамільныя партрэты. Гэта—цяжар, які сумленага змушае схіліцца перад праўдай, а чэрствага –  кінуць праўду пад ногі свайму гонару. Памятаеш, на ўзгорку за Гарнушкамі – вялікі пень, а каля яго – крыж з абразом Маці Божае Суцяшальніцы?

Вінцэсь моўчкі кіўнуў галавою. Менавіта туды  Вальжына Рагманава час ад часу насіла кветкі – букецікі рамонкаў і валошкаў, перавязаныя карункавымі стужкамі, а Вінцэсь ішоў за ёю, як паж, і ніяк не мог навучыцца адказваць на  жарты. Як усё лёгка было ў дзяцінстве, калі яны разам гулялі ў хованкі і слухалі ў Весніцах страшныя казкі ахмістрыні Казіміры! А мінулым летам вярнуўся на вакацыі з Віленскага шляхецкага інстытуту, убачыў знаёмыя чорныя вочы… І незнаёмая прыгажосць і незнаёмы боль назаўсёды знішчылі  нязмушанасць. Падумаеш, на чатыры гады старэйшая! Эх, каб ваўкалак існаваў папраўдзе!

— Дык вось, сыне,– голас бацькі змусіў Вінцэся адарвацца ад мрояў.—На тым узгорку расла сасна, якую выкарыстоўвалі дзеля пакарання прыгонных, – пан Рашчынскі гаварыў зусім ціха.—Гэта старажытнае пакаранне, яно нарадзілася, калі панавалі дзікія норавы, і жыццё чалавечае не было каштоўней за разбітую чарку. Ды не, чарка была большай каштоўнасцю – адзін з нашых продкаў змяняў сям’ю гарнушкаўскіх сялянаў з дзесяці чалавек на італьянскі сервіз – крышталь, аздоблены срэбнымі птушкамі і вінаграднымі лозамі. Шэсць чарак і графін з коркам у выглядзе срэбнай вінаграднай гронкі, на якой сядзіць матылёк.

— Памятаю той сервіз…– гэтак жа ціха адазваўся Вінцэсь, і  нейкі холад апаноўваў яго знутры, нібыта ў шкле паміж хатнім цяплом і знадворным сіверам з’явілася першая трэшчына. Ён амаль не хацеў чуць, што далей скажа бацька.

—  Дык вось… Пакаранне было такім – вінаватаму разразалі жывот і прыбівалі канец кішкі да дрэва. А потым няшчаснага  бізунамі ганялі  па крузе, пакуль усе вантробы не наматаюцца на ствол. Самае страшнае, што пасля гэтага чалавек яшчэ нейкі час жыў. Я сам гэта бачыў. Бацька лічыў, што такое відовішча паспрыяе выхаванню ўва мне мужнасці.

Вочы пана Рашчынскага палыхнулі гневам, і Вінцэсь раптам зразумеў, што зусім не ведае свайго бацькі – гэты чалавек са спакутваным тварам  меў мала падабенства з тым ласкавым, вясёлым “pap`a”, які заходзіў у дзіцячы пакой, заўсёды нешта напяваючы, які займаўся з Вінцэсем гімнастыкай па нямецкай сістэме. А калі сын быў на вакацыях, яны штораніцы разам пераплывалі сажалку. Нават калі ўтваралася тонкая скарынка лёду, яго разбівалі, каб вызвалілася з дзесятак метраў, і прыслуга збягалася падгледзець, як шалёны пан купаецца ў палонцы і нават няшчаснага паніча за сабой  цягне. А Вінцэсева любімая нянька Агата дык проста плакала ды галасіла, стоячы на беразе. Затое насуперак звычаям бацька з сынам заўсёды былі на “ты”, і ў доме не мелася звычкі цалаваць старэйшага ў руку і, як у строгіх прыхільнікаў “сармацкага ладу”, падаць у ногі.

Пан Рашчынскі глядзеў на старажытную зброю на сцяне.

— Гонар роду… Нашы продкі часам дзіўна трактавалі гэтае паняцце. Калі я стаў уладаром маёнтка, загадаў спілаваць сасну і паставіць на тым месцы крыж. Але памяць пра ўчыненае зло не знішчыш так лёгка, як дрэва – карэнні ад яго цягнуцца на шмат пакаленняў наперад.  Я зрабіў, што мог – спадзяюся, ты падоўжыш маю справу. Падобна, я не змог стаць добрым бацькам. Я рана страціў маці, ты таксама. Жаль і любоў часам адпрэчваюць розум. Я нічога табе не расказваў, ні ў што не пасвячаў. Здавалася – яшчэ прыйдзе час…Мне хацелася бачыць, як маё дзіця бесклапотна гадуецца, радуецца жыццю… І вось – мой сын мог загінуць, і гэтак па-дурному…

— Тата, прабач…—Вінцэсь па звычцы хацеў дадаць дзіцячае – “я больш так не буду”, але ўсвядоміў, што не можа, і не хоча гэтага вымаўляць. І бацька сказаў дзіўнае:

— Гэта не той учынак, за які трэба прасіць прабачэння.

Сеў за стол, не спяшаючыся, развязаў мяшэчак з лесу, высыпаў з яго нешта… Вінцэсь прагна нахіліўся… Рознакаляровыя каменьчыкі, некалькі зярнятак, нават мінулагодні, счарнелы арэх… Вінцэсь ледзь не засмяўся – а ён жа, пакуль нёс бацьку пасланне, чаго толькі не перадумаў – вядома, падгледзець самому, што ўнутры, было нядобра.

Але бацька зусім не здзівіўся. Гэтак жа няспешна расклаў каменьчыкі па колерах, задумаўся…Потым пільна зірнуў на сына.

— Ім патрэбна тры фунты пораху і набоі для пісталетаў. І ў іх скончыўся хлеб.

Вінцэсь яшчэ не разумеў.

— Тата, хіба ты іх ведаеш? Хто яны такія?

Пан Рашчынскі памаўчаў.

— Брацтва Ваўка.

Вінцэсь разгубіўся.

— Хіба гэта не казкі? Пераваратні, якія з’яўляюцца па начах і з’ядаюць таго, хто забіў бязвіннага чалавека?

— Кожная казка калісьці была праўдай, сыне,—усміхнуўся пан Антось. – Брацтва Ваўка існуе на нашай зямлі вельмі даўно. Адразу, я думаю, яго ўтварылі нашы продкі-паганцы, якія не хацелі прымаць новую веру і хавалі свае паселішчы ў гушчарах. Потым – беглыя прыгонныя і жаўнеры, пакрыўджаныя людзі. Цяпер Брацтва захоўвае памяць апошняга паўстання. Тое, што даручылі табе – вялікі давер. Сёння аднясеш  патрэбнае, куды я скажу. Чалавек са шнарам, з якім ты пазнаёміўся ў лесе, належыць да слаўнага роду, Вінцэсь. І продкаў варты. Дваццаць год таму мы разам з ім былі вязнямі  Бабруйскай крэпасці.

— Вязнямі?— а Вінцэсю здавалася, што яго больш нічога так не здзівіць. Бацька ўстаў, павольна прайшоўся па пакоі, склаўшы рукі за спіной, быццам збіраўся чытаць лекцыю.

— Паўстанне пачалося ў Варшаве. Але гэта быў шанс і для нас. Мне хапіла б і таго, што Аляксандр І забараніў жыхарам Беларусі і Літвы накіроўваць сваіх дзяцей на вучобу ў замежныя ўніверсітэты. А я так марыў пра Гейдэльберг, пра Падую, дзе вучыўся Скарына! А на далучаных да імперыі землях тварылася так шмат несправядлівасцяў, што не бачыў толькі сляпы. У Віленскім шляхецкім інстытуце, я вучыўся там, як і ты, многія падзялялі ідэалы паўстання — і вучні, і настаўнікі.

— Але цяпер там пра гэта не чуваць!—зазначыў Вінцэсь, які не надта шанаваў сваю навучальную ўстанову.

–А хто табе мог расказаць? — уздыхнуў пан Рашчынскі.—Сёння права выкладаць вам маюць адно “вернападданыя”. А ў той час мы перапісвалі вершы Міцкевіча і Чачота, чыталі Дыдэрота і Шылера… Паўстанне ўжо было амаль разбітае, калі я разам з сябрамі па інстытуце далучыўся да аднаго з атрадаў генерала Дэмбіцкага, апошняга з абаронцаў. Мяне схапілі, калі я прыйшоў дадому ў спадзеве здабыць зброю і хлеб.

Вінцэсю стала страшна:

— Гэта зрабіў… мой дзед?

— Не, дарагі. Не пераймайся. Ён жа быў шляхціц. Але ён выгнаў мяне з нічым – бо я пайшоў у атрад інсургентаў супраць ягонае волі. Мяне выдалі жандарам сяляне, якія так ненавідзелі пана, што нават пострах ягонага гневу не перашкодзіў ім адпомсціцца на сыне. Дарэмна што сын змагаўся і за іхнюю будучыню. Царскія ўлады не толькі касавалі вольнасці літоўскае шляхты, але і зводзілі ўсіх, хто не мог пацвердзіць шляхецтва, да стану прыгонных, як і сёння, душылі падаткамі. Вядома, той жах, у якім сяляне жылі з міласці твайго дзеда, не даваў ім усвядоміць, што чакае іх у абдоймах новых законаў. Калі ўжо варышся ў кіпні – якая розніца, у якім гаршку? Тым больш новыя ўлады не раз дапамагалі бацьку змушаць дзёрзкіх хлопаў да пакоры.  Ссылка ў Сібір – гэта жахлівей, чым бізуны. Не, твой дзед не быў нейкім людажэрам – ён у маладосці шмат ваяваў, нават быў у войску Серакоўскага, калі яго разбіў Сувораў пад Крупчыцамі. Потым паехаў на Балканы, паспытаў турэцкага палону, мусіць, там і развучыўся цаніць чалавечае жыццё. Напалеон спрабаваў стварыць у нас саюзнае войска Вялікага княства Літоўскага – многія  шляхціцы пайшлі туды. А  твой дзед пасмяяўся. Сказаў – не  верыць больш у годнасць роду чалавечага. Ні за каго не варта паміраць. Тым больш за хамскую волю. Хлопы для яго былі не больш, чым карысныя або шкодныя жывёлы. І каб не твая бабуля, я мог бы вырасці такім самым… І ты б зараз адсылаў свайго слугу Янку на  стайню, калі той падае табе не зусім гарачую каву. Не крывіся – выхаваць у чалавеку пагарду да бліжняга няцяжка. Паглядзі на партрэт у куце.

З карціны сурова пазіраў сівы чалавек, гладка паголены, у берэце і круглым карункавым каўнеры, са шпагай. Але танклявая рука пакладзена не на ўпрыгожаны каштоўнымі камянямі эфес шпагі, а на глобус. Пан Антось патлумачыў.

— Я табе гаварыў некалі, што гэта твой прадзед Ганорый. З яго ў нашым родзе пачаліся каталікі – перахрысціўся з праваслаўя. Пасля таго, як пабыў прыхільнікам Кальвіна… Вальнадумец, карацей. Разумны чалавек, вучыўся ў Чэхіі, Італіі, Нямеччыне. А вярнуўся сюды – у першы ж дзень прыгоннага на стайні бізуном забіў. Насмерць. Уласнай рукой.

— За што? – прашаптаў Вінцэсь. Бацька толькі горка ўсміхнуўся.

— Можа быць, падаў недастаткова гарачую каву… Ці што там продкі нашыя пілі? Медавуху? Дык вось, дзед Ганорый… Пра яго  дасюль у Гарнушках расказваюць, што быў чарнакніжнікам і нават выгадаваў цмока пад уласнай пахай. І як падчас навальніцы бліскала маланка, усе навакольныя сяляне былі пэўныя – цмок нясе пану золата. А калі ў  вёсцы знікала дзіця… Ну, не буду пераказваць усяе забабоннай лухты – вядомае адно: дзед твой памёр самай нядобрай смерцю. Засіліўся. Святар адмовіўся хаваць самагубцу на асвечанай зямлі. Тады яшчэ сустракаліся прынцыповыя святары. Ты бачыў каля дарогі, на ўскрайку Маскалёва лесу, капліцу?

Вінцэсь кіўнуў галавой.

— Толькі яна зусім занядбаная.

— Там – магіла твайго прадзеда, Ганорыя Аляксандра Рашчынскага. Жонка вырашыла – там лепш, чым пад царкоўнай агароджай, пасярод іншых вісельнікаў. І колькі ўжо баек вакол таго месца! Жорсткасць не памірае разам з акрутнікам. Але  заўсёды з’яўляюцца людзі, якія могуць аддаць жыццё за перавагу дабра. Мы былі на гэта гатовыя. Мартына Саколку, так завуць твайго новага знаёмага, схапілі падчас бойкі – яго паранілі… Бачыў, які ў яго твар?

— Так…

— З атраду засталіся ён – і я. Мне – васемнаццаць, яму, як табе — шаснаццаць. Следчыя хацелі, каб ён пацвердзіў, што я таксама – з атраду. За гэта абяцалі вельмі шмат – жыццё. Наша сям’я ў сваяцтве з многімі – Рагманавымі, Ляшчынскімі, Каліноўскімі. За мною пацягнулі б іншых – усе следчыя ўсіх краін і часоў мараць не  схапіць асобнага злачынцу, а выйсці на змову, раскрыць закалот, і чым паболей шаноўных людзей у ім заблытаць. Мартын не сказаў ім нічога. Чаго гэта каштавала яму – ведае толькі ён. Але мяне адпусцілі.

— А яго?

— Як бачыш, ён жывы… І мы ўсё яшчэ чакаем свайго часу.

Апошнія словы бацька сказаў вельмі ціха, але  Вінцэсь зразумеў сэнс пачутага і скалануўся  ад радаснай трывогі. Зусім як у вершы забытага паэта пра Чорнага Войну:

 

“…Куля ніколі не ведае шлях у абход,

Война самотны не ведае шлях да спакою.

Маніш, чужынец, што мой не са мною народ,

Ён – гэта я, ён ніколі не будзе з табою.

Вежы маёнтка майго параслі палыном,

Тых, што кахалі мяне – суд зямны не ўваскрэсіць.

Покуль жывы – Беларусь мая – родны мой дом,

Так, Беларусь, не губерня, не ўсходнія крэсы.

Нават асуджанасць зброяю стала маёй.

І безвыходнасць – крыніца змагання для смелых.

Верас палае над беднай сцямнелай зямлёй,

Быццам у попеле іскры пажару саспелі.”

 

— Не, гэта не будзе хутка, — прагаварыў пан Рашчынскі, заўважыўшы , як заблішчэлі вочы сына.—І ты заўтра ж паедзеш у Вільню, да дзядзькі Андрэя. Ён дапаможа табе падрыхтавацца ва ўніверсітэт – а я думаю, гэта не будзе цяжка. Мы – не самыя багатыя, але я зрабіў усё, што мог, каб даць табе добрую адукацыю. Сюды  вернешся толькі праз год.

Апошняе гучала загадам. Не, Вінцэсь не выкажа засмучэння.

На развітанне Вінцэсь не мог не спытаць:

— А маці ведала?..

— Яна чакала мяне  са зняволення,– сумна казаў бацька.— Ты ніколі не пытаўся, якая спадчына засталася табе ад маці. Дык вось цяпер магу сказаць –яе сям’і належалі Саматыі за Маскалёвым лесам. Сёння яны належаць  палкоўніку Варанецкаму, які ўціхамірваў паўстанне.

— А сваякі?

— Спытай у сібірскіх крумкачоў, сыне… І памятай – ад маці табе засталася найлепшая спадчына: мужнае сэрца і чуйная душа. Ці прынясе табе гэта шчасце –не ведаю…

Вінцэсь нават трохі сумеўся: бацька ніколі не казаў яму гэткіх высокіх слоў…

Пакунак з порахам і хлебам належала пакінуць пад крыжам ля ссечанай сасны – унізе крыжа была зладжаная адмысловая хованка, прыкрытая дошкамі. Цяпер Вінцэсь ведаў, што каменьчыкі і зярняты звычайна раскладаліся на пні – хто мог западозрыць у звычайным смецці сакрэтнае пасланне?

Зрабіўшы, што належала, Вінцэсь марудзіў у прыцемку —  яму хацелася яшчэ раз пабачыць лясных людзей. Спаткацца з імі па –іншаму, на роўных, магчыма, неяк выправіць іх меркаванне пра сябе… Але цені згушчаліся, чарнелі, быццам кроў памерлага дня, і стаяць у чаканні было непрыстойна і небяспечна… Тым больш рупіла яшчэ адна справа… Вінцэсь не мог паехаць адсюль на цэлы год – гэта ж бясконцасць! — не пабачыўшы Яе… Хаця б пабыўшы каля яе… Вядома, ён мог сёння проста з’явіцца ў госці ў Весніцы –  пан Вакула Рагманаў, бацькаў сардэчны сябра, заўжды радуецца ягонаму прыезду… Вінцэсь маленькім, асірацеўшы, столькі часу  бавіў у гэтым доме, пад апекай цёткі Ліны, маці Вальжыны і Маркі Рагманавых. Напэўна, каб цётка Ліна была жывая – усё было б прасцей… А цяпер — як паказацца на вочы чароўнай насмешніцы? Вінцэсю здавалася, што ўсе на свеце ведаюць пра ягонае няўдалае паляванне на пачвару.

Не, ён проста прыйдзе пад вокны Вальжыны, а потым пакіне ёй свой падарунак…

Да таго ж паабяцаў перадаць  – жабу замест ваўчынае скуры.

Што ж, ён даражыць сваім словам, нават дадзеным у адказ на грубы жарт. Вядома,  прынясе не сапраўдную жабу. А вось гэтую – з зялёнага пералівістага шкла, а ў роце-гарлавіне – тры белыя ружы.  Цудоўная вазачка з Саксоніі. Ён пералезе праз агароджу і паставіць падарунак на стол у альтанцы,  у таемным сховішчы, дзе Вальжына праводзіць з улюбёнымі кніжкамі па некалькі гадзінаў у дзень. І нікому не дазваляецца турбаваць там мройную паненку.

Вядома, Вінцэсь напісаў і ліст… Дужа паэтычны і разумны, на ягоны погляд.

Салаўі шчодра сыпалі дробнае срэбра спеваў на цёмнае лісце, на вільготную траву… Багацце, якое належыць толькі закаханым. Вінцэсь успомніў, што сёння – Васіліск, Салаўіны чацвер. Добры час для  сардэчнай справы.

Хлопец асцярожна прабіраўся па сцяжынцы між кустоў бэзу, калі раптам пачуў шэпат… Месца пад вакном паненкі Рагманавай было занятае. У цьмяным святле поўні бачылася нечая высокая постаць. Злодзей?

— Што з вамі, Раланд?

Ціхі голас належаў Вальжыне. І Вінцэсю раптам стала страшна – не ад таго, што заўважаць, а ад прадчування болю, ад якога, вядома ж, няма лекаў, акрым кулі ў сэрца, як сцвердзіў бедны Вертэр.

— Там нехта ёсць,—голас мужчыны падаўся Вінцэсю знаёмым.

—  Я нічога не чую. Вы сталіся палахлівым,  рыцар Раланд.

Мужчына памаўчаў.

— Магчыма… Памыляюцца нават старыя салдаты.  Можа быць, шаргатала птушка.

— Ці котка! Спалохалася вас – вырашыла, што сапраўдны  ваўкалак прыйшоў. — Яна яшчэ жартавала! Вінцэсь з усіх сілаў сціснуў кулакі, каб спыніць дрыжыкі. Цяпер засталося адно – сцішыцца… Выцерпець ганебнае становішча віжа. Ці – пабегчы прэч, ломячы кустоўе? Абвесціць пра сваю прысутнасць? Горш за смерць… Думкі юнака блыталіся ад адчаю і безнадзейнасці.

— Вазьміце мяне з сабой, Раланд, —цяпер голас дзяўчыны  трымцеў   хваляваннем.  – Мы маглі б сустрэцца ў Кракаве. Мяне туды пусцяць – да цёткі, у яе якраз імяніны. Мне ўсё роўна,  што стануць пляткарыць. І я ніколі не буду перашкодай вашай справе.

— Вальжына, што вы кажаце? – разгублена азваўся мужчына.—Я не разумею вашае легкадумнасці.

— Вы што, сляпы? – яна нават узвысіла голас.—Я кахаю вас і хачу быць з вамі! Толькі не кажыце, што вы гэтага не ведалі!

— Вальжына…– у голасе  гучала сапраўдная пакута.—Я ведаю вас лепей, чым вы самі. Вы –  рамантычная дзяўчынка. Вам патрэбны герой. Вы ж нават мянушку мне прыдумалі – Раланд… Рыцар… Паверце, Вы кахаеце не мяне, а той вобраз, які ўтварыўся ў ваша разумнай, але мройлівай галоўцы. Гэта не сапраўднае пачуццё. Калі-небудзь вы абавязкова сустрэнеце прыгожага юнака, які зробіць вас шчаслівай. А я – старая пачвара. Вы толькі нарадзіліся, калі я канаў у каменных лёхах. Успомніце – на Каляды год дзесяць таму, калі я прынёс вам жывую вавёрку, вы, пабачыўшы мяне першы раз, закрычалі ад страху. І бацька, каб супакоіць, нават нешта сачыніў вам пра мяне – быццам я зачараваны прынц у звярыным абліччы.

— Я была зусім маленькая…

— Прабачце, але сляпы не я – вы.

Чаму гэты голас такі знаёмы? Вінцэсь трохі пасунуўся, каб лепш разгледзець мужчыну…А той якраз адвярнуўся ад вакна, дзе была смуглявая спакуса, і закінуў твар да поўні — нібыта жадаў правыць тужлівую ваўчыную песню… Жахлівае аблічча… Вінцэсь ужо бачыў яго – учора ноччу, і таксама ў святле поўні.  Глыбокі шнар, доўгія цёмныя валасы…

Не ў змозе трываць, Вінцэсь апусціўся на зямлю і схаваў твар у траве… Ён больш не хацеў ні бачыць, ні чуць…Але шэпт з вакна ўсё роўна працінаў слых.

— Я кахаю вас… Я ўжо доўгіх тры гады кахаю вас. Вашы пакутлівыя гады, вашы раны, вашы цудоўныя вочы, вашы дужыя рукі…Усё, усё, што ваша – міла мне, люба. Я ніколі не буду ні з кім іншым, чуеце? І скажыце, што вы – не кахаеце мяне!  Паспрабуйце зманіць — перад вачыма анёлаў, якія зараз глядзяць на нас!

— Не магу зманіць… Кахаю вас… Не буду з вамі…

Калі вакно зачынілася і постаць Ваўкалака знікла ў начы, Вінцэсь паспрабаваў устаць… Руку чамусьці апякло болем –  хлопец зразумеў, што раструшчыў шкляную жабку. Што ж, вазачка – не самае важнае з таго, што  разбілася гэтай ноччу.

Поўня шчодра сеяла святло на сцежку, і Вінцэсь прыпомніў яшчэ адну яе назву – ведзьміна сонца. У адчаі людзі звяртаюцца і да ведзьміных сродкаў. Калі пакласці  язык жабы на сэрца жанчыне, якая спіць, тая праўдзіва адкажа на ўсе пытанні.

Цяпер ён не мае патрэбы ў дапамозе жабкі.

Застаецца толькі адно – як казаў бацька, чакаць. Можа быць, яшчэ ўдасца памерці за каханне або за радзіму.

І бацька дазволіць яму мець уласную стрэльбу.

Урэшце, Вінцэсю ўжо шаснаццаць.

 

5

Хто даўмеўся пакласці ў труну цюльпаны? Кветкі абуральна жывыя, пяшчотныя і яркія, быццам дзіцячы малюнак. Здавалася, Артур зараз устане, адчуўшы дотык халодных сцяблінаў да сваіх рук. Ён жа быў такі нярвовы, чуйны…

“Быў…” Гаварыць пра яго ў мінулым часе — яшчэ трэба прывыкнуць. Паліна адвяла позірк. Бабулька ў чорнай хустцы сядзела на табурэтцы ля труны і чытала малітоўнік. Словы малітвы, здавалася, не ўзляталі, а апускаліся, як сухія пялёсткі, на падлогу, туды, дзе ўкленчыла Аксана. Былая жонка — яна заставалася адзіным блізкім Артуру чалавекам. І адзіным, хто мог сказаць, што па-сапраўднаму любіў памерлага. Паліна не вытрымала, падыйшла да сяброўкі, сілком прымусіла ўстаць, завяла на кухню – яшчэ шлях да могілак, а ў  беднай і макавінкі ў роце не было, відаць, ад учарашняга дня. І не спала, мусіць, ад таго часу, як патэлефанавалі з  міліцыі. Колькі іх, неапазнаных трупаў алкаголікаў ды наркотаў, знойдзеных на вулічных лаўках, у пад’ездах, у гарадскіх парках, знікае ў безыменных магілах. Гэтаму – пашанцавала. Над ім плачуць, не  ўспамінаючы пра благое, і вядома, вінавацяць сябе… Не даглядзелі, не ўбераглі, не дапільнавалі…

— Кінь, Аксана! – Паліна сама ледзь стрымлівала слёзы.—Ну чым ты магла ўжо дапамагчы? Ты ж і так зрабіла ўсё магчымае і немагчымае. Алкагалізм – хвароба невылечная, і калі Артур сам не хацеў цягнуць сябе за валасы з дрыгвы…

— Ён быў такі таленавіты! Такі высакародны! Такі самотны! – плакала Аксана, выціраючы рогам чорнай карункавай хусткі слёзы. Разумніца, шыкоўная брунетка, кахала, дзіця нарадзіла… Чаго Арціку не хапала, каб перадолець стан няшчаснасці?

— Ён жа прыходзіў да мяне перад… перад смерцю, –спавядался Аксана.—Грошай прасіў… Казаў – не на пітво, а заказаць ксеракопіі нейкіх дакументаў. Казаў, расследваннем цікавым займаецца. Нават папку прынёс… Папрасіў прыхаваць. І Вадзіку цацачную машынку прынёс… А я…

Словы патанулі ў слязах. Паліна заспяшалася накапаць валяр’янкі ў кубак, але Аксана нецярпліва адпіла проста з бутэлечкі. І зноўзалілася слязьмі, тлумачачы, што зараз успомніла — гэтак жа апошнія месяцы рабіў Артур.

— Два тыдні ў моргу праляжаў… Падабралі на сметніцы. Уяўляеш – на сметніцы! Такі розум, такі талент… Нават кніжкі не выдаў. Слухай, я хоць ягоную папку табе перадам, можа, надрукуеш што…

— Аўтобус прыйшоў, — на кухню зазірнула Аксаніна маці. Вусны яе былі строга падціснутыя – Антаніна Васільеўна  не збіралася маніць, праліваць слёзы перад гледачамі. Вядома, зробяць усё, як належыць, вядома, шкада чалавека, але колькі напакутваліся ад яго… Хай Бог яму даруе.

Могілкі, звычайныя, гарадскія, з шэрымі бетоннымі помнікамі, падобнымі на недабудаваныя трансфарматарныя будкі, з таненькімі кволымі дрэўцамі; аблічча святара – засяроджанае і прасветленае, як і належыць на вялікай урачыстасці – адданні душы небу; яркае веснавое сонца – душа не зблудзіць; парасткі травы ў чорнай урадлівай зямлі – быццам вітаюць новага пасяленца…

Паліна не запомніла ні прачулых прамоў, ні памінак, што былі зладжаныя ў апусцелай артуравай кватэры… Запала толькі ў памяць: на выцвілых шпалерах – яркія простакутнікі, там, дзе віселі карціны. Быццам магільныя пліты. Вунь там быў партрэт Барбары Радзівіл, там –Уладзіміра Дубоўкі… А там, здаецца, самога Артура — ён сябраваў з многімі мастакамі. На пахаванне прыйшлі двое.

Паліна прымусіла сябе выпіць некалькі кілішкаў гарэлкі. Таму толькі пад вечар наступнага дня ўспомніла пра сінюю папку,  аддадзеную Аксанай.

Артур усё-ткі заставаўся да апошняга навукоўцам. Толькі крыху дрыжачы почырк паказваў, што пісаў чалавек… ну, скажам, стамлёны жыццём. Запісы былі акуратныя, абведзеныя каляровымі алоўкамі, са спасылкамі на крыніцы… Нават з малюнкамі. Але які сэнс гэтых  запісаў? Паліна гублялася ў здагадках. Вочы слізгалі па зацемках, спрэс пакрэсленых.

”Lupus metallorum. Воўк металаў. Паглядзець у “Rosarium philosofum”. Або Апалон Лікіас? “Воўк як сімвал ранішняга сонца, бо можа бачыць ноччу. Звер бога вайны Марса.  Параўнаць выявы”.

Рашучая рыса чырвоным атрамантам – і надпіс: “Усё-ткі воўк металаў. Сімволіка працэсу ачышчэння золата з дапамогай антымона: воўк глытае ільва, каб яго вызваліць. Антымон – шэры воўк. Што такое антымон?!!!“ І выпіска на абачыне: “Познелацінскае ”antimonium” –сурма”.

Што да чаго? Артур захапіўся міфалогіяй? Гісторыяй алхіміі?  Далей – яшчэ больш незразумелае. “Паўночны спяваючы лебедзь – cugnus musicus. Ва ўмовах экстрэмальнага паніжэння тэмпературы цела (г.зн. калі замярзае) – крычыць незвычайным голасам: моцны высокі гук і больш слабы глыбокі трубны. Адсюль – лебядзіная песня. Запавет? “ Яшчэ адна загадкавая зацемка: “Чаму ў руках смерці – крыж?”

Адгарнуўшы наступную старонку, Паліна ледзь не ўскрыкнула ад узрушэння: алоўкам была схематычна, але цалкам пазнавальна намаляваная… яе жабка. А калі Паліна прачытала напісанае пад малюнкам, узрушылася яшчэ больш:”У народных паданнях “грэшная рапуха” – увасабленне выратаваных “бедных душаў”. Калі чалавек не выканаў пры жыцці тое, у чым пакляўся, ён мусіў пасля смерці ў абліччы рапухі выканаць абяцанае”.

Тыя самыя словы, якія сказаў ёй на развітанне скульптар з Вільні!

Паліна, не чытаючы, прагартала астатнія лісткі ў папцы – таямніца вызірала з кожнай літары, вілася белай сцяжынкай між словаў, уплятаючы яе ў сіло непераадольнай цікаўнасці. На апошнім лісце не мелася тэксту. Там быў малюнак скульптурнай групы – старанна перамаляваны чорнай гелевай ручкай. Фігуры размяшчаліся на простакутным узвышэнні. У цэнтры, над усімі  – захутаны ў манаскую расу шкілет, кашчавы палец ягонай правай рукі паказвае на  заціснуты ў левай крыж. У нагах смерці воўк  з ашчэранай пашчай  навіс над параненым ільвом, які бяссіла прыпаў долу, прыўзняўшы галаву ў акуратных кудзерах, каб сустрэць сваю пагібель годна, вочы ў вочы. Далей можна было разабраць у спляценні фігур лебедзя, што ірваўся ў апошні палёт. А вось жабкі сядзелі па баках пастаменту… Як зразумела Паліна, жабак (або рапух – не хацелася іх называць гэтым словам) было чатыры, па адной  у кожным куце.

Паліна ўжо здагадалася, што  разглядае малюнак надмагілля Вінцэся Рашчынскага. Цікава, адкуль Артур перамалёўваў? Надмагілле ж пачало руйнавацца неўзабаве пасля збудавання.

Адказ знайшоўся на самім лістку: “Нац. архіў, фонд Станіслава Ксаверыя Людвісара, дак.131”. Вядомае прозвішча! Магнаты, старажытны беларускі род. Мелі шыкоўны палац не так далёка ад Гарнушак. Якая сувязь у Станіслава Людвісара з Рашчынскім? Чакай, ці не згадвалася гэтае  імя сярод паўстанцаў? Магчыма… Трэба будзе ўдакладніць.

Але ж дзіўнае месца супакаення. Для чаго тут згрувашчана столькі фігур? Злавесная скульптура смерці – зразумела, а чаму – воўк, леў, лебедзь, жабкі? Дзіва што Артур зацікавіўся. Наўрад ці столькі старання і грошай было ўкладзена, каб увасобіць капрыз хворага ўяўлення: з мастацкага погляду ўвесь гэты каменны карагод быў безгустоўны, бязладны. Аднак у размяшчэнні выяў, у іх саміх угадвалася прадуманасць…

Паліна зноў узялася за паперы, на гэты раз узважваючы кожнае слова. Артур відавочна лічыў, што ў фігурах надмагілля было схавана нейкае пасланне – “лебядзіная песня”. Менавіта гэтым ён тлумачыў, што надмагілле бязлітасна руйнавалі. Калі з фігурай лебедзя і смерці больш-менш зразумела, — сімвал пасмяротнага запавету, а як наконт ваўка і льва? Паліна яшчэ раз перачытала: “сімволіка ачышчэння золата… воўк глытае ільва, каб яго вызваліць…”

Акрамя скульптур, надмагілле прыкрашалі і надпісы. На самім пастаменце кароткі надпіс-пытанне: “Qvis  amas  Amo”. Прыблізна “каго любіш люблю”. Або “люблю, каго любіш ты”. Дзіўнае сцвярджэнне  падабенства густаў на магіле!

Дзяўчына ўзяла з падваконня каменную жабку, пакруціла, перавярнула… Знізу ў скульптурцы  круглая адтуліна – відаць, фігурка насаджвалася на адмысловае мацаванне. Зняў – і ўсё.

І там жа, знізу, на жабцы змяіліся ледзь заўважныя літары: “te”. Можа быць, подпіс скульптара?

Паліна яшчэ раз абгледзела жабку, водзячы пальцамі па халоднай  спіне ў пухірках і выёмінках – гэтак жа лашчылі гэты камень пальцы скульптара з дзевятнаццатага стагоддзя. Работа тонкая, старанная. На спінцы ўзор падзелены акуратнай лініяй, значкі нагадваюць руны… Дзіўны арнамент! І тут у калідоры нешта зашаргатала…

О, не, толькі не гэта! Вешалка для адзення, толькі ўчора ў чарговы раз прымацаваная Палінай, зноў збіралася  абрынуцца на падлогу. Глухі ўдар пацвердзіў, што зламысны намер здзейсніўся.

А Паліна яшчэ радавалася, калі набыла гэтую стылізаваную пад карчажыну рагульку! Абы не так, як ва ўсіх.

Добра, што маці на працы, а то зноў пачала б наракаць, што ў доме няма мужчыны.

Паліна кінулася прыладжваць вешалку на месца. Яшчэ можна паспець да прыходу маці – ранішні спектакль у ейным тэатры закончыцца ў два, пакуль прыме касцюмы (Марыя Апанасаўна працавала касцюмеркай), яшчэ гадзіна…

Тэлефонны званок заспеў дзяўчыну, калі яна спрабавала начапіць непаслухмяную рагульку на толькі што замацаваны шруб. Нічога, каму трэба – ператэлефануюць. Аднак тэлефон званіў і званіў. Так што першай не вытрымала Паліна.

–Алё… Я слухаю…

Аксанчын голас гучаў так незвычайна, што Паліна імгненна забылася на вешалку, якая зноў уляглася на падлогу.

— Артурава сіняя папка ў цябе? Ты яе чытала?

— Так, вось толькі што гэтым займалася. Вельмі цікава, дарэчы…

Аксана ледзь не зрывалася на крык.

–Неадкладна вярні! Запакуй яе ў канверт… У цябе ж ёсць вялікі канверт, так?

–Ну…А чаму?..

–Не перабівай! – Аксана сапраўды крычала, як у істэрыцы.—Запакуй… Адрас не пішы… Ведаеш, дзе мая пошта? На рагу Камуністычнай і Кісялёва. Скрыня нумар сорак пяць. Укінь папку у скрыню – і ідзі. І помні: ты яе не чытала, не бачыла. І ўвогуле нічога пра яе не чула. Ні ў якім разе не здымай копіі! Забараняю! Сорак пятая скрыня! Не пераблытаеш? Ідзі зараз жа!

Паліна слухала сяброўку і халадзела: як лёгка страціць розум! Даперажывалася, небарака…На ўсе спробы супакоіць — крык:

— Так трэба! Не пярэч! Пакляніся памяццю Артура, што зробіш, як кажу! Кляніся. Ну! Калі яшчэ і ты будзеш на маім сумленні…

Што заставалася рабіць? Аксана не ў тым стане, каб з ёю спрачацца. Урэшце, і папка належыць ёй. Паліна апранулася так хутка, як магла – нервовасць сяброўкі перадалася. Узялася за папку… І задумалася. Копіі не здымай! Што за глупства? Але не – ва ўсім Аксанчыным маналогу тут чуўся адзіны пробліск логікі.  Сяброўка не хоча, каб Паліна працягвала даследванне Артура. Чаму? Аксана ніколі не лезла ў навуковыя справы. Павыкладаўшы гісторыю ў школе, “наеўшыся” настаўніцкага жыцця, скончыла курсы візажыстаў і цяпер някепска пачуваецца ў прыватным салоне прыгажосці.  Што ёй  Гекуба, дакладней, Вінцэсь Рашчынскі?

Урэшце, хто ведае дакладна, што ляжала ў папцы? Прачытанае засталося ў памяці, пасля занатуе, а вось малюнак надмагілля…Паліна, павагаўшыся, выцягнула з сіняй папкі аркушык і схавала ў шуфляду свайго пісьмовага стала. Нічога, прызнаецца ў злачынстве, як толькі Аксана прыйдзе да розуму.

Ліў веснавы дождж, па-восеньскаму няўтульны і халодны. Паліна вярталася дадому з прыкрым адчуваннем пераможанай. А ў калідоры ляжыць непрыбітая вешалка… І маці, напэўна, ужо дома…

Паліна  зірнула на сваё вакно – так, свеціцца. Стаяць бы вось так пад дажджом і ветрам і глядзець на асветленае вакно…І ўяўляць, што табе няма куды ісці… Прыемная гульня, калі ведаеш, што цябе чакаюць у вітальні пухнатыя чырвоныя пантофлі.

— Слухай, тут да цябе нейкі тып прыходзіў,– голас маці гучаў неадабральна, што азначала — госць выглядаў зусім несамавіта і на ролю мужчыны ў доме ніяк не мог прэтэндаваць.

— Які тып?—няўважна перапытала Паліна, страсаючы дождж з капелюша.

— Ну што ты робіш? Зусім здзічэла,– уздыхнула Марыя Апанасаўна.–  Чаму без парасону пайшла? Зараз гарбаты пастаўлю… А тып быў таксама без парасону. Мокры, як пацук, барадаты, патлы доўгія, сам даўжэзны — бітнік нейкі, відаць. Казаў, пазней яшчэ заявіцца.

— Мама, бітнікаў даўно няма,– стомлена заўважыла Паліна, пераабуваючыся ў чырвоныя пантофлі. — Рокеры ёсць. Панкі… Рэперы… Гэтыя… скінхэды. Толькі скінхэды не валасатыя, а лысыя.

— А як бы яны ні называліся, лысыя ці валасатыя – сутнасць адна. Збіцца ў зграю, адваяваць жыццёвую прастору, пазначыць месца вакол сябе – шалупіннем ад семачак, проста пляўкамі, лаянкай, гучнай музыкай, крамзолямі на сценах…Што хлапцы, што маладыя малпы, што пеўнікі…Адны курлыкаюць, другія ў грудзі сябе б’юць валасатымі кулакамі, трэція гітары аб калена ломяць…

Маці працягвала гаварыць ужо на кухні. У дзверы пазванілі. І Паліна – дзверы наросхрыст…

У прыцемку лесвічнай пляцоўкі – зноў лямпачку нехта выкруціў!–  стаяў высокі прыгорблены мужчына і прыціскаў да грудзей нейкі скрутак…З доўгіх валасоў сцякала вада…

На імгненне Паліна паверыла — Артур з каменнай жабкай… Не можа быць… Блёкат…Што яму трэба?

— Я, мусіць, не ў час?—вінаваты голас не належаў прывіду. Паліна змусіла сябе зірнуць на госця… Віленскі скульптар! Ну так, яна ж пакідала яму візітоўку…

Ад дурнога спалоху Паліна раптам пачала ўсхліпваць. І зноў — на вачах гэтага няўклюды! Што ён мусіць пра яе падумаць? Істэрычка!

— Прабачце… Не звяртайце ўвагі…

Госць пачаў нешта суцяшальнае мармытаць,  і працягваў ёй свой скрутак, як калісьці Артур. І Паліна ведала, што ў скрутку, пад чорнай цыратай, і зноў не ўтрымала дрыжачымі рукамі цяжкі камень…

 

6

У дарозе ўсе робяцца філосафамі.

Што, несумненна, трохі крыўдна для філософаў сапраўдных, якія маюць у кішэні сурдута пасведчанне аб выдатнай датэрміновай здачы іспытаў на званне кандыдата па кафедры філасофіі Санкт-Пецярбургскага універсітэта.

Вінцэсь паблажліва зірнуў на пана Вакулу Рагманава, які, адкінуўшыся на мяккае сядзенне экіпажу, працягваў натхнёна разважаць пра жывёльны магнетызм на прыкладах з местачковага жыцця і варушыў чорнымі задзірыстымі вусамі, не раўнуючы, як хрушч…

Такі, як гэты, што з мяккім зумканнем даверліва сеў на Вінцэсеў рукаў, нібыта ведаў – гэты чалавек ужо не будзе, як калісьці, лавіць, навязваць на нітку, каб потым пускаць  лётаць пакутлівым кругам. Вінцэсь – даўно не дзіця і не падлетак.

Шкада, што бацька не прыехаў на станцыю сам. Пан Вакула кажа – трохі прыхварэў… Вінцэсю цяжка было ўявіць бацьку хворым, нямоглым. Але за пяць год – невядома што магло тут змяніцца…

Пяць год не быць на радзіме! Бацька слаў грошы, лісты, пасылкі. Вінцэсь увесь час адчуваў ягоную апеку – і тады, калі жыў у Вільні, у дзядзькі Андрэя Каліноўскага, дырэктара Шляхецкага інстытута. І ў Санкт-Пецярбурзе, пасля паступлення ва ўніверсітэт, дзе прытулак даў бацькаў сябра Пятро Шчамлінскі, выкладчык Інжынернай акадэміі.

Але дадому пан Антось сына не клікаў. Хлопец здагадваўся, чаму бацька пад рознымі падставамі адцягваў ягонае вяртанне. Аберагаў… Баяўся, каб Вінцэсь не пацярпеў ад сваіх небяспечных знаёмстваў. Каб сам не ўвязаўся ў якую авантуру. Горкая крыўда варухнулася ў душы. Якое права мае бацька трымаць яго дасюль у дзіцячым пакоі!

Ну нічога. Вінцэсь вяртаецца дадому мужчынам, самастойным, дарослым чалавекам.

Колькі разоў за гэтыя гады юнак уяўляў спатканне з бацькам! І падрыхтаваўся, як след. Чорны капялюш з шырокімі брыламі, дастаткова абвіслымі, плед у чырвона-чорныя шашачкі, таксама, як належыць, абцерханы.

А ў кішэні нават — набытая перад ад’ездам люлька: чорная, бліскучая. Вінцэсю так і хацелася заціснуць яе ў зубах… Але неяк было ўсё-ткі няёмка. І, па-праўдзе, страшнавата, што заперхаецца, выявіць, што яшчэ не навучыўся курыць як след.

Такія капелюшы і пледы, як у Вінцэся, насілі бяднейшыя студэнты. Вінцэсь мог дазволіць сабе і форменны мундзір. Але форму, якая нібыта лічылася абавязковай, апраналі на заняткі толькі “белападшэўнікі”, сынкі з багатых сем’яў, заклапочаныя будучай кар’ерай і цяперашнім станам сваіх пазногцяў. Вінцэсь ад усяе душы такімі пагарджаў. І нават  спецыяльнасць абраў сабе такую, што выклікала падазрэнні — філасофію. У маскоўскім універсітэце дык увогуле кафедру філасофіі адкрыць так і не наважыліся, хаця захады рабіліся. І ў Санкт-Пецярбурзе найбольш была ў пашане ў афіцыйнікаў славянафільская “філасофія” Хамяковых, Аксакавых ды іншых. Няхай адукаваная большасць над імі смяялася, а гарадавыя цягнулі ў кутузку “за  демонстративное ношение русской одежды”. Галоўнае – “тры кіты” , на якіх стаіць імперыя. Праваслаўе, самадзяржаўе, народнасць. Прыгонныя – дзеці, паны – бацькі іхнія. А ў Пісанні ж сказана, хто пашкадуе розгаў для дзіцяці свайго, той не любіць дзіця сваё.

Вось і не шкадавалі.

А для тых, хто хацеў вальнадумстваваць, цытавалі пасланне Паўла аб тым, што філасофія спакушае.

Са спакушэннямі змагаліся.

Прафесар пецярбургскага універсітэта Аляксандр Галіч, разумнік, эстэт, які Пушкіна ў ліцэі вучыў, яшчэ да паступлення Вінцэся адхілены ад выкладання “за пренебрежение к властям и безбожие». А цяпер на ягоным месцы Гіляроў-Платонаў даводзіў, што філасофія Гегеля супярэчыць здароваму сэнсу.

А студэнты перадавалі адзін аднаму Герцэна “Лісты аб вывучэнні прыроды”, “Фенаменалогію духа” Гегеля і “Тэорыю сусветнага адзінства” Шарля Фур’е.  Той, хто хацеў чамусьці навучыцца – мог гэта зрабіць. У іх, ліцвінаў, было моцнае зямляцтва – і песня, якую яны спявалі на сваіх сходках, старая, блюзнерская песня вандроўных шкаляроў, была на мове іх зямлі.

“Пойдзем па свеце, брат мой бяскрыдлы.

Хай беражэ нас Дзева Марыя.

Хай нам даруе, што не малітвы

Нас падтрымалі ў час нешчаслівы.

І за плячыма ў торбе няважкай

Біблія, томік Вальтэра і пляшка.

На Беларусі трактаў багата.

А каля трактаў – карчомкі і хаты.

Ёсць у карчомцы пітво і дзічына,

Ёсцека ў хаце красуня дзяўчына.

Пойдзем па свеце, брат мой вясёлы.

Поўня па небе коціцца колам.

Сонца між хмар, як дзяўчына ў кляштары,

Тварык хавае, бледны ад мараў.

Вецер – наш брат, а падпіхвае ў спіну.

Бог, ты зляпіў нас – чорт плюнуў у гліну.

Вось мы, дурныя і маладыя.

Хай беражэ нас Дзева Марыя.”

Няхай царскі ўказ адмяніў студэнцкія суды – паняцце гонару заставалася непарушным. Ніякія інспектарскія прывілеі не маглі змусіць бурлівую студэнцкую грамаду паважаць даносчыка ці пакорліва слухаць ненавіснага прафесара.

Вінцэся таварышы паважалі. Урэшце, цяпер у яго ёсць уласная таямніца – тыя хлопцы, з якімі ён пасябраваў у Санкт-Пецярбурзе, не дадуць, каб іх ператварылі ў зацкаваных звяроў. Сын віленскага дзядзькі, стрыечны брат Юзаф Каліноўскі, ціхмяны, хваравіты юнак, дужа рэлігійны, звёў, аднак, Вінцэся з такімі асобамі, перад якімі ўсе лясныя ваўкалакі – няздары і няўдачнікі.

А вось і Маскалёў лес. І крыж на пагорку, абвязаны рушніком.

Хрушч прыўзняў матава-рудыя надкрыллі, паважна і павольна, быццам дама – шорсткія крыналіны, і зляцеў з Вінцэсевага рукава ў напоенае сонцам паветра.

— У Вільню прыехаў нейкі пан Кашмарэўскі ў суправаджэнні мадам у парыжскіх туалетах, пашытых у Варшаве, — усё гэтак жа аптымістычна ракатаў побач бас пана Рагманава.—Аб’явіў сябе вучнем доктара Месмера і майстрам гіпнозу. Цудадзейнае вылячэнне ад усіх хваробаў з дапамогай жывёльнага магнетызму, правадніком якога нібыта з’яўляецца тая мадам. І што ты думаеш – паваліў народ! Арыстакраты духу, адукаваныя, соль няшчаснае гэтае зямлі. Пасядуць вакол стала, возьмуцца за рукі і прымаюць на сябе ваганні сусветнага  эфіру. А ў Хорашчах брыда якая… Да пана Высокінскага сябра прыехаў, варшаўскі купец. Недалічыўся пятнаццаці рублёў. Падумалі на маладзенькага садоўніка. Дык небараку тыдзень катавалі. Калі ўжо не было як па спіне біць, хвасталі па жываце і грудзях. А па жывым мясе – крапівой напякалі. Дзве тысячы бізуноў дадуць – і ў хлеў, у гной.  Піць прасіў – пан загадаў над вадой трымаць у паветры. Чуткі пайшлі па ўсёй акрузе. Нават земскі спраўнік змушаны быў умяшацца. А грошы пасля знайшліся – купец у іншым доме, аж у Беластоку, па п’янцы забыўся. Вось так мы і жывем, любенькі. У ваганнях сусветнага эфіру.

Нешта ў голасе дзядзькі Вакулы змусіла Вінцэся пільней угледзецца ў знаёмы з маленства твар. Сустрэў пагляд чорных вачэй, звычайна вясёлых, з гарэзнымі чарцянятамі, а ў гэтае імгненне глыбокіх і халодных, як дзве студні, і здрыгануўся… Як мала ён ведае людзей!

Дарога збочыла ў невялікі гай – апошні бастыён лесу перад палямі, адваяванымі чалавекам у векавой бязлітаснай барацьбе. Сонца прасявалася скрозь зялёныя шаты вясёлым дажджом – хоць перасыпай промнікі з далані ў даланю, і здаецца, зазвіняць, як манеты. Вунь капліца, дзе пахаваны прадзед-чарнакніжнік, праглядвае між ствалоў маладзенькіх соснаў… Вунь – дарога на Весніцы…

І гэтакі недарэчны боль, які Вінцэсь лічыў пераадоленым, зноў раскроіў сэрца. Бо чорныя вочы дзядзькі Вакулы нагадалі яму іншыя, падобныя – гэткія ж яркія і звычайна гарэзныя. Бровы над тымі вачыма выгіналіся тонкімі лукамі, ліўся чорны шоўк валасоў, сабраных у непаслухмяны вузел… “– А што сёння ўпаляваў нам  пан Вінцэсь? Няўжо цмока ў залатой кароне?“—нібыта прагучаў наяве звонкі голас.

Не, гэта немагчыма. Вінцэсь жа ўсё для сябе вырашыў. У кожнага ёсць дзіцячае каханне – першае, няспраўджанае, недатыкальнае. Як прадку валасоў, састрыжаных у гадавалага немаўляці, яго належыць захоўваць у самай дальняй шуфлядзе памяці.

І раптам — такая туга і нясцерпнае жаданне ўбачыць… Вінцэсь ведаў, што Вальжына так і не выйшла замуж. І ведаў, чаму.

Не, ён не пойдзе да яе.

А можа, наадварот – варта зірнуць цяперашнімі вачыма на колішняга куміра  . Пабачыць засцянковую паненку, не надта юную – дваццаць пяць год, на погляд Вінцэся, узрост самавіты. І, напэўна ж, яна ніколі не чытала Герцэна і не бачыла на сцэне імператарскага тэатра Прова Садоўскага.

Як несправядліва – памяць пра тое, чаго не было, што прымроілася, жадалася, куды больш яскравая, чымсьці пра рэальныя падзеі.

Вазок перастаў падскокваць на каранях соснаў, светлыя абрусы палеткаў слаліся пад ногі траўня, а паабапал скурчыліся ў пакорлівым паклоне хацінкі – век ім не выпрастацца, толькі ў зямлю ўрастаць, хаваючыся ад панскіх паглядаў.

Гарнушкі… Ласкавая назва –нібыта ад слова прыгарнуць, абараніць, захінуць…

І так захацелася гэтай абароненасці, утульнасці – як у дзяцінстве…

Вядома, перш чым зайсці ў кабінет, можна было і зняць капялюш. Але Вінцэсь паддаўся юначаму жаданню паказацца ва ўсёй студэнцкай красе.

Сустрэўшыся позіркам са знаёмымі вачыма колеру сталі, убачыўшы знаёмую ласкавую ўсмешку  – зразумеў: не было патрэбы ў красаванні. Не мела сэнсу і крыўдаваць.

— Сын… Прыехаў…

Бацька і сын абняліся. І толькі тады Вінцэсь з жахам усвядоміў, як цяжка ўзняўся бацька з фатэля, якое выснажананае ў яго аблічча, і ўвесь ён нібыта высах – якія вятры дзьмулі на гэтым скрыжаванні, как высушыць дужае цела бацькі?

Усё гэтак жа на кіліме вісела зброя, паглядалі з партрэтаў паважныя продкі, на карціне “Суд Мінервы” курчыўся на прыступках мармуровай лесвіцы злачынца. Нічога не змянілася. І розум  пана Рашчынскага заставаўся ясным і па-ранейшаму іранічным.

— Чытаў Гогаля, пра казакаў? Так і хочацца сказаць услед за Тарасам Бульбай: “Поворотись, сынку”… Не, не, можаш заставацца ў капелюшы. Я заўсёды быў прыхільнікам тых мысляроў, што аддавалі перавагу зместу перад формаю. Ну, чаму ж цябе навучылі ў тым універсітэце, дванаццацідахавым, доўгакалідорным ды двухпавярховым, пад рукою Пятра Рэфарматара збудаваным?

Бацька зноў апусціўся ў крэсла, шчыльней захінуўся ў барвовы аксаміт шлафроку, нібыта яму было холадна, і нечакана перайшоў на нямецкую мову: ну, хацеў пахваліцца ведамі – давай!

Ды як ні стараўся кандыдат філасофіі бліснуць – пераконваўся: суразмоўца ведае не менш. А спрэчка пра гегелеўскі “дух эпохі” увогуле здзівіла Вінцэся. А ён лічыў, што спазнаў так многа…

— Але хопіць з нас філасофіі на сняданак,– нечакана расмяяўся пан Антось, нагадаўшы ранейшага вясёлага “рара”.— Вернемся да нашых зямных спраў. І найперш — хадзем у сталоўню.

І Вінцэсь зноў жахнуўся: бацька ўстаў з цяжкасцю, нават твар у яго пакрыўся дробнымі кропелькамі поту. Хлопец падхапіў яго пад руку.

— Што з табой, тата? Ты доктару паказваўся?

Пан Антось, аднак, толькі ўсміхнуўся збялелымі вуснамі.

— Пра маё здароўе мы яшчэ пагаворым. Не самая цікавая тэма.

Адхінуў сынаву руку і рушыў сам – павольна, але роўнай хадой.

А на стале красаваўся крышталёвы сервіз – чаркі, упрыгожаныя срэбнымі птушкамі, графін з коркам у выглядзе вінаграднай гронкі…

Вінцэсь неўразумела зірнуў на бацьку і сустрэўся з пільным поглядам шэрых вачэй. І зразумеў – гэта недарэмна. Сервіз, які калісьці выменялі за сям’ю гарнушкаўскіх сялянаў, ніколі на Вінцэсевай памяці не пакідаў буфета.

Калі яны выпілі па чарцы мадэры – першы раз Вінцэсь піў з бацькам на роўных, як дарослы, пан Рашчынскі адклаў сурвэтку,  памаўчаў, падаючы знак, што скажа нешта важнае.

— Я прапанаваў нашым сялянам волю. Кожная сям’я мае права на дзве трэці зямлі, якую абрабляе. І яшчэ трэць – выкуп. Вядома,  зусім невялікі. І ў крэдыт. Я не магу аддаць ім адразу ўсё – ведаючы норавы нашага павету, баюся вялікага шуму. Ты не застанешся ні з чым – будзе ладны кавалак добрай зямлі, якую можна аддаваць у арэнду, паплавы, маёнтак, цукраварня, лес… Ты можаш абскардзіць маё рашэнне, як спадчыннік.

— Тата…– Вінцэсь нават пачырванеў ад узрушэння.—Як ты мог так думаць! Абскардзіць! Я рады!

— Ну вось… — усміхнуўся пан Антось,— недарэмна  наведваў чытанні ў літаратурным гуртку.

Вінцэся зноў кінула ў чырвань. Іх сходкі, на якіх абмяроўвалася будучае паўстанне, праходзілі “пад шыльдай” літаратурнага гуртка. Няўжо бацька ведае і пра гэта? Усміхаецца сабе ў вусы. Вочы колеру сталі глядзяць і выпрабавальна, і неяк сумна, са шкадобай.

Ведае…

— І яшчэ адно, сын. Нельга даць волю чалавеку, прабач за каламбур, насуперак яго волі. Як ты ставішся да гегелеўскага прынцыпу “двух натуральных істотаў” – пана і раба, якія ўрэшце мусяць прызнаць адзін аднаго раўнапраўнымі?

— Я лічу гэта справядлівым.

— Але ці заўважыў ты, што прызнанне павінна сыходзіць не толькі з боку пана? Раб мусіць прызнаць пана роўным сабе! І калі ты думаеш, што нас успрымаюць толькі як вышэйшых істотаў, ты моцна памыляешся, сыне…

Пан Антось паднёс да перасохлых вуснаў крышталёвую чарку з вадою, адпіў. Вінцэсь зноў заўважыў на бацькавым ілбе дробныя кропелькі. Ён сапраўды моцна хворы… Неадкладна трэба наладзіць лячэнне, якім бацька, відаць, пагарджае. Але пан Антось працягваў далей – нібыта хацеў паспець выказацца.

— Я не ведаю, што выйдзе з маёй задумы. Магчыма, будзе яшчэ больш гора.

— Як гэта можа стацца?—шчыра здзівіўся Вінцэсь.

— Самыя добрыя намеры выяўляюцца жахам або… анекдотам. Ці чуў ты —у 1767 годзе  далёкі сваяк тваёй маці Павел Ксаверы Бжастоўскі абвесціў у сваім маёнтку Мерач, што на Ашмяншчыне, рэспубліку.

— Ніколі не чуў…

— Вось бачыш. А шляхта як была перапужалася! Паўлаўская сялянская рэспубліка, на чале з панам-прэзідэнтам, са сваёй канстытуцыяй, з роўнасцю ўсіх грамадзянаў. Двухпалатны сойм абралі – уяўляеш, у вёсцы!  Міністэрствы былі. Рэферэндумы праводзіліся па важных пытаннях.

—  Несур’ёзна неяк гучыць. Нагадвае “марскія баталіі” радзівілаўскага “флоту” на выкапаных у Нясвіжы каналах, – не вытрымаў Вінцэсь.

— Усё на свеце – гульня. А ў Паўлаўскай рэспубліцы зладзілі школу для сялянскіх дзяцей, бальніцу. Нават банк. Вядома, нельга паважаючай сябе дзяржаве і без сімвалаў – сцяг меўся, герб, нават манеты чаканіліся. І войска межы ахоўвала. Бацька тваёй маці расказваў – вояў апраналі ў белыя жупаны са свойскага сукна і чорныя аўчынныя папахі з чырвоным верхам.

— І што цяпер засталося ад гэтай… казкі?

— А нічога. Усё расцягнулі спадчыннікі, і нават магіла прэзідэнта Паўлаўскай рэспублікі занядбаная. На ўдзячнасць разлічваць нам нельга, сыне. Што б ні прыйшло ад нас, нават калі аддаць апошняе, само жыццё  – усё наша для  мужыкоў падман, абкраданне, гвалт… Цару – вераць. Ён —далёка. Ён – з казкі. А той указ, што рыхтуецца ў Пецярбурзе, які так нашы сяляне чакаюць…Залатымі літарамі на срэбнай паперы… Гэта ж ганьба. Імперыя… Трэці Рым… Земляў нахапалі пад сваю руку. А краінай правіць вузкае кола “кальяншчыкаў” – палацавых лізунцоў, што дамагліся вялікай прывілеі – прысутнічаць пры тым, як гасудар спраўляе вялікую патрэбу. У яго з гэтым, разумееш,  здаўна праблемы, а дапамагае курэнне кальяну. І пакуль  памазанік курыць свой кальян і патроху с…, за шырмачкай  дзяжураць асабліва давераныя і забаўляюць  уладара, як могуць. І, вядома, уводзяць у вушы тое, што ім трэба. Вось у якіх эфірах нараджаецца воля для народа, сыне. І можна ўявіць, якой яна будзе. Воля – без зямлі, з паншчынай, з вар’яцкімі выкупамі…А гэты сервіз… Я хачу, каб ты заўсёды захоўваў яго. І калі табе раптам падасца, што ты зрабіў для свайго народу ўсё, што мог, — пастаў яго на свой стол.

Потым, у кабінеце, бацька адкінуўся ў мяккім фатэлі, заплюшчыўшы вочы і ніяк не рэагуючы на роспыты Вінцэся і ўгаворы паклікаць хаця б доктара Краўцова, старога  іх знаёмца.

Нарэшце пан Антось загаварыў, ціха і стамлёна.

— Думаў прамаўчаць. Але я і так зашмат аберагаў цябе ад праўды. Веру, што цяпер ты здольны прыняць усё. Усю праўду… і ўсякую. І табе давядзецца гэта зрабіць, сыне…

Пан Антось павольна адхінуў крысо шлафроку, падняў кашулю – і Вінцэсь жахнуўся: на левы бок была накладзеная павязка, на якой праступала чырвоная пляма, іржавая па краях.

— Ты… паранены?!!

— Гэта здарылася ўжо год таму,—пан Антось захінуў шлафрок, няспешна завязаў шырокі пас з залатымі кутасамі.

Вінцэся трэсла ад трывогі і шкадобы.

— Чаму ты не паведаміў мне? Хто гэта зрабіў? Як?

— Супакойся,– у голасе бацькі гучала сталь.—Думкі пра ролю мсціўцы Радрыга пакінь адразу. Гэта зрабіў… адзін з нашых сялянаў. Гарнушкавец.

— Як гэта атрымалася?

— Я ехаў конна праз Маскалёў лес, вяртаўся ад Рагманавых. Праязджаў паўз капліцу, дзе магіла дзеда Ганорыя… Раптам з-за яе муроў – страла. Драўляная, з самастрэлу.

— Чаму ты думаеш, што страляў  селянін?

— Я бачыў, як ён уцякаў,– пан Антось гаварыў зноў зусім ціха. – Ён някепскі хлопец, добры гаспадар.

— Яго злавілі?

Пан Антось памаўчаў, апусціўшы вочы.

— Разумееш, сынок… Пачаць дазнанне, ловы, падняць шум… Пасля гэтага чаго будуць вартыя мае новаўвядзенні? Хлопец, што ў мяне страляў, выконваў волю тых гарнушкаўцаў, што лічаць, быццам я хачу сваім указам падмяніць царскі. І замест “сапраўднай волі” даць сваю “несапраўдную”. І… я дваццаць год таму  глядзеў, як ля праклятае сасны каралі ягонага бацьку.

Вінцэсь кіпеў ад роспачы.

— Але ж так нельга пакідаць!

— А  чаго ты хочаш? Замах на пана – справа дзяржаўная. Гарнушкаўцы не на востраве жывуць. Сябруюць з другімі вёскамі, разам на сходкі збіраюцца. Я магу дараваць сваім, колькі мне заўгодна. Але калі даведаюцца ў наваколлі – колькі халопаў ляжа пад бізуны на дазнанні, колькі за змову патрапіць на катаргу!  Так не будзе.

— Але доктар…

Пан Антось сумна паківаў галавою.

— Я раіўся з надзейным доктарам. За  год звычайная рана зацягнулася б.

Вінцэсь пахаладзеў ад страшнай здагадкі.

— Атрута…

Бацька моўчкі нахіліў галаву. Маўчанне было такім невыносным, што Вінцэсь ледзь не закрычаў.

—  Ёсць іншыя дактары! У Вільні, у Гародні! Урэшце, дазволь, я адвязу цябе ў Пецярбург. Лепшыя прафесары…

— Ад нянавісці няма лекаў,– мякка прамовіў пан Рашчынскі. – Ты мусіш змірыцца, сынок. Паабяцай толькі адно – ты не станеш помсціць за мяне. Урэшце, адно жыццё каштуе другога. І ў тым віры, які я прадчуваю – а я сапраўды ведаю больш, чым ты думаеш,– загіне столькі высакародных і добрых, што маё жыццё нават на макавінку не скране перапоўненыя вагі смерці…

А потым, нібыта яму яшчэ мала было гора, Вінцэсь паехаў у Весніцы, да Рагманавых. Можа быць, яму хацелася хоць трохі заглушыць свой боль новым узрушэннем.

І Яна аказалася ўсё такой жа прыўкраснай, і ззялі чорныя вочы, і ўзляталі гарэзна і трохі здзіўлёна бровы…І толькі незнаёмая тонкая зморшчынка, яшчэ  ледзь заўважная, працягнулася  між броваў, ды смех стаў усмешкай. І ад гэтага здавалася Вальжына яшчэ больш мілай. І крыўдна было, што ён, Вінцэсь, для яе –  ранейшы забаўны хлапчыска. Так, яна шчыра яму ўзрадвалася, і ўважліва слухала. Але… Вінцэсь усведамляў, што ў яе не абрываецца ў грудзях, як у яго – ад нязначнага выпадковага дотыку. Ад сустрэчы позіркаў. Ну і што з таго, што ён распавядае пра самыя найсучасныя і ўражлівыя філасофскія тэорыі, што гэтак рамантычна закідвае на плячо плед у краткі…

А  госць яшчэ і выявіўся дурнем – на самым пачатку спытаў, чаго паненка ў жалобе. І атрымаў паблажлівае:

— Усе жанчыны гэтага краю, якія неабыякавыя да лёсу радзімы, носяць  жалобу па расстраляных у Кракаве дэманстрантах.

Ну чуў жа ён пра гэта ў Пецярбурзе ад Зыгмунта… І вось – забыўся. І каб не дзядзька Вакула ды Марка – малодшы брат Вальжыны, які за гэты час  вырас у гожага чарнавокага юнака, абое жартаўнікі і гаваруны, – хоць ідзі зараз жа і тапіся ў Баламутавым віры.

І толькі на развітанне Вальжына звярнулася да госця сур’ёзна.

— Ведаеце, Вінцэсь, які цуд… Якраз, як вы паехалі, пяць год таму, я знайшла  ў садзе  разбітую  вазачку. Мне здаецца, я бачыла неяк такую ж у вашым доме – яна вельмі адметная, наўрад я магла памыліцца. Пачакайце, зараз прынясу…

Сэрца Вінцэся ледзь не выскоквала з грудзей, калі Вальжына працягнула яму на далоні разбітую шкляную жабку.

— Ваша?

Вінцэсь годна вытрымаў дапытлівы позірк. Павольна ўзяў аскалёпкі, пакруціў, разглядаючы.

— Наўрад ці гэта з нашага дому. Але я праверу. Выявіцца, што не наша – я склею і аддам вам.

Калі Вінцэсь ехаў дадому праз Маскалёў лес, мімаволі падалося – прыцемак сочыць сотнямі нядобрых воч, і атрутная страла прымерваецца да сэрца… Ганебныя дрыжыкі прабегліся па целе. Але хлопец прымусіў сябе не прыспешваць крок каня. І нават – хоць гэта было зусім хлапецтва – расхінуў на грудзях цёмны сурдут, каб была відна белая кашуля. Няхай бачаць – ён не баіцца быць мішэнню.

Але толькі пабачыўшы на адхоне сілуэт крыжа і ўдалечыні — агеньчыкі маёнтка, змог вольна ўздыхнуць.

Які ж ён баязлівец!

У Вінцэсевым пакоі ўсё гэтак жа на сцяне вісела копія Леанардаўскай “Мадоны з гарнастаем”—калісьці Вінцэсь верыў у глыбіні душы, што гэта аблічча маці. А ў куце па-ранейшаму стаяла чароўнае цукерачнае дрэва – выразанае з залацістай драўніны ліпы, з мноствам маленькіх галінак, на якіх калісьці з’яўляліся – вядома, самі па сабе – цукеркі, пернікі, або раптам – маленькая шабля, зусім як сапраўдная, ці вершнік з пагрозным намаляваным тварам. І Вінцэсь адчуў нарэшце – ён дома. Вярнуўся…

Хлопец падыйшоў да расчыненага акна… На каштане гайдаюцца белыя анёлкі-гронкі. А як буяе бэз! Цэлае мора – і дзесьці ў пене духмяных ружова-блакітных хваляў высноўвае свае срэбныя карункі салавей…

А на падваконніку… Што гэта? З мяшэчка на далонь выпала срэбная куля, нязграбная, самаробная, пазначаная крыжам.  І маленькі аркушык з трыма словамі:  “пятніца апоўначы крыж”.

 

 

7

 

Госць, які прыходзіць у дождж, сустракае больш ветласці.

Нават калі яго ніхто не клікаў,  і ўвогуле выглядае ён, як апошні паляўнічы на кентаўраў.

Жабка ад падзення ў вітальні амаль не пацярпела – толькі адкалоўся кавалачак лапкі, і цяпер сядзела побач з сястрой-блізнючкай на часопісным століку і радасна ўзіралася ў свой новы дом пукатымі вачыма.

Паліна прыдзірліва аглядала жывёлінак – і гіпсавая, прывезеная віленскім госцем, і каменная былі зусім аднолькавыя. Прыемна і тое, што гіпсавая зроблена куды больш старанна, падрабязна, чым ейная копія, разбітая ў віленскай паліцыі. Падарунак рыхтаваўся адмыслова!

Скульптар – Паліна прыгадала, што завуць яго Валянцін – сядзеў на зэдліку, прынесеным Палінінай маці з кухні для прамоклага госця (няма чаго фатэлі псаваць). Прыгорбіўся, быццам бусел, паглядае цікаўна вакол. Вядома, ёсць на што паглядзець – Паліна загрувасціла хату карцінамі невядомых мастакоў, не ўяўляючымі мастацкай каштоўнасці і таму не запатрабаванымі музеямі; “выкапнёвай” керамікай ды, вядома, кнігамі – шафа адмаўлялася змяшчаць іх у сваё перапоўненае чэрава, і кнігі складваліся, да абурэння маці, у стосы ля сцен – нібыта часова, а насамрэч, як яно і бывае ў такіх выпадках, на гады.

А госць сапраўды выглядае несамавіта. Светлыя пасмы валасоў перахопленыя плеценым скураным  матузком, як у хіпі. Вусы і кароткая бародка таксама стасуюцца з хіпоўскім іміджам. Швэдар самавязаны, з тоўстых бэжавых нітак – відаць, гандлярка ў скандынаўскай шапачцы звязала, няйначай жонка.

Паліна нахілілася над жабкамі…

— А вось тут вы памыліліся.  Узор на спінцы не такі, як у арыгіналу.

Валянцін патрос галавой.

— Гэтага не можа быць. Вядома, бабуліна жабка была пашкоджаная, але ўзор на спінцы захаваўся. У мяне з дзяцінства – абсалютная зрокавая памяць.

— Гэта як абсалютны музычны слых?—няўважна перапытала Паліна, пераварочваючы жабак дагары.

На зваротным баку, вядома, не было адтуліны для мацавання, але надпіс меўся – прыгожымі гатычнымі літарамі, па коле: “Вільня, 2003, ВНЧ”.

— ВНЧ—ваш подпіс?—здагадалася Паліна.–  Як расшыфроўваецца?

–Ну…—сумеўся скульптар,—напрыклад, “вам незнаёмы чалавек”.

Паліна перасмыкнула плячыма – не хочаш называцца – не трэба, вось дурное какецтва.

— Вядома, на арыгінале быў іншы надпіс, — заспяшаўся патлумачыць Валянцін.—Тры лацінскія літары.

— Вы памятаеце іх? – загарэлася Паліна.

— Памятаю… Я ж іх бачыў. “ALB”.

— Дык гэта ж…выдатна! Тут ужо можна рабіць нейкія высновы. Гэта не подпіс аўтара. Магчыма, частка слова альбус – белы, або яшчэ нейкага… На маёй напісана “TE” . Калі перакласці з латыні – “цябе”, “табой”…Чакайце! А жабак было чатыры! Можа быць, і на астатніх нешта напісана? І мусіць складацца ў нейкую фразу альбо слова? І малюнкі на спінах… Не можа быць, каб яны нічога не значылі. Тут павінна хавацца таямніца!

Пры апошніх словах Паліны Валянцін змяніўся з твару. І раптам —  узняўся з зэдліка, схапіў са стала сваю жабку, быццам гарачае вуголле, і пасунуўся да дзвярэй.

— Ведаеце, я вам лепш нейкую другую скульптуру прынясу. Нашмат лепшую. Магу і з дрэва. Ці з натуральнага каменя. Хочаце вужыную каралеву? Ці ільва?

Паліна апамятался і невымоўна абурылася.

— А ну пастаўце на месца! Урэшце, я яе купіла! Вы забыліся? Ай, не! Гэта я забылася! –раптоўная здагадка змусіла дзяўчыну пачырванець. Можна падумаць, госць мок пад дажджом толькі для таго, каб мець шчасце падарыць ёй жабку і пасля выслухоўваць жаночыя фантазіі! Што ён падумае – столькі важдаўся з ёю ў Вільні, а яна аддаваць доўг і не збіраецца! Паліна кінулася ў вітальню, дастала з кішэні плашча кашалёк. Мала… Дый трэба не рублямі – Валянцін жа ёй білет да Мінску не за рублі купляў! “Зялёная заначка” захоўвалася ў надзейным месцы – у скрыні са шкарпэткамі. Урэшце Паліна вінавата працягнула скульптару належную, па яе падліках, суму.

— Прабачце, калі ласка. Я вам вельмі ўдзячная за дапамогу.

Госць сярдзіта пазіраў на гаспадыню, трымаючы жабку ў руках, як  перахоплены ў вырашальны момант гульні мяч.

— Схавайце свае грошы. Вы мне нічога не павінны.

Вось такіх паваротаў Паліна не цярпела. Яна не мае патрэбы ў  міластыні выпадковых знаёмых!

Валянцін трохі разгубіўся ад ейнага абурэння, але падумаў і пакорліва ўзяў грошы.

— Добра. Не хвалюйцеся. Я не ведаў, што гэта вас абразіць. Але скульптуру я хачу забраць не таму, што пашкадаваў.  Проста я зразумеў, што вы пачынаеце займацца гістарычным фэнтэзі на  гістарычнай дрыгве, прабачце за таўталогію. Не трэба тлуміць галаву. Гэта ўсяго толькі скульптуры з надмагілля, каменні з пячаткай смерці. Зноў мяне падвяла мая абсалютная зрокавая памяць. Зрабіў бы стылізавана… І Дзіна ўсё настойвала – рабі жабак на продаж, рабі…

У словах скульптара гучала шчырае шкадаванне. Паліна не вытрымала.

— Ды што вас, урэшце, засмучае?

Скульптар панурыўся, чамусьці спыніўшы позірк на Палініных чырвоных пантофліках, і памаўчаў добрую хвіліну.

— Аднойчы я сустракаўся з чалавекам, які таксама цікавіўся магілай Рашчынскага.

— Дзе? Калі?

— Даўно, яшчэ ў бабулінай вёсцы. Пасяліўся нейкі дачнік. Распытваў усіх пра ўзарваны касцёл, пра надмагілле Рашчынскага.  Кожны дзень блукаў па доме культуры, што на месцы касцёла збудавалі. Нешта вымяраў, запісваў. Яго лічылі вар’ятам, а дзеці, вядома, за ім бегалі. Смешны такі дзядзька, у белым капелюшы, у акулярах. Мне гадоў дзесяць было – але я на ўсё жыццё запомніў, як ён паўтараў: “Тут павінна хавацца таямніца! Тут павінна хавацца таямніца!”.

— І што, знайшоў той дзядзька нешта цікавае?

— Не ён, а яго знайшлі. Аднойчы раніцай, каля дома культуры, з прабітай галавой.

Паліна разгубілася.

— А чаму вы вырашылі, што гэтая смерць звязаная з роспытамі пра надмагілле?

Скульптар паціснуў плячыма.

— Я проста чуў, што гаварылі дарослыя. Усе асуджалі цікаўніка. Вядома, вінаватых не знайшлося.

Паліне нават стала смешна. Баіцца! Вось дзівак!

— Запэўніваю, што мне ніхто галаву не праломіць. І пастаўце жабку на столік. Калі баяцца нават уласных дзіцячых фантазій… Глупства якое!

У гэты момант з кухні паказалася маці з кубкамі гарбаты на антыкварным медным падносе. Марыя Апанасаўна незадаволена паглядала на госця.

— Што ў вас тут за спрэчкі?

Валянцін сумеўся, і Паліна скарысталася гэтым, каб забраць у яго жабку. Скульптура была пераможна ўсталяваная на столік, і  госцю давялося  зноў усесціся на зэдлік. Тым больш і Марыя Апанасаўна  апусцілася на канапу з кубачкам у руках – госць не адносіўся да тых, хто мог прэтэндаваць на тэт-а-тэт з ейнай дачкой.

Маці ўсё-ткі падабрэла, даведаўшыся, што няўклюда—менавіта той рыцар, што дапамог Паліне ў Вільні, і у выніку гэтага “пацяплення” на стале з’явіліся нават печыва і нарэзаны лімон.

— Дык гэта ваша работа? – перапытала Марыя Апанасаўна, разглядаючы жабку. – Прыгожанька…

— Гэта не проста прыгожанька, — важна зазначыла Паліна. – У гэтых жабках хаваецца нейкая таямніца.

Паліна назнарок падкрэслена прагаварыла  апошнія словы, каб убачыць, як госць зноў тузануўся і ўстрывожыўся – вунь як амаль з нянавісцю пазірае на бедных жабак.

— Таямніца? Як цікава! – ажывілася маці.—Раскажы!

— Ды я і сама не ведаю, у чым соль. Але на гэтых жабках – кавалкі нейкага надпісу. І бачыш – на спінках таксама нешта накрэслена.

— Нічога не разбяру. Бародаўкі нейкія, звіліны… Чакай…

Марыя Апанасаўна схадзіла па акуляры і зноў нахілілася над жабкамі.

— Ты лічыш, гэтыя ўзоры маюць сэнс? Бачу крыжык… Ад крыжыка ўніз і трохі ўбок лінія. Па баках нібыта рымскія лічбы. А вось і літары – NNW, здаецца… І стрэлачка…

Валянцін нават не пасунуўся паглядзець.

— Правільна, NNW. У мяне быў час падумаць, што яны значаць.

— Ну і? – зацікавілася Паліна.

—  Магчыма, норд-норд-вест. Накірунак свету.

— Выходзіць, тут частка карты?

Паліна  была ў захапленні.

— Паглядзіце, на другой жабцы – іншыя літары і іншыя значкі.  Вось калі б сабраць усіх чатырох жабак ! Вы не ведаеце, Валянцін, дзе могуць быць астатнія дзве?

— Ды яны напэўна ў касцёле загінулі, — змрочна адказаў Валянцін.

— Не, не можа быць! – абурылася Паліна. – Гэта было б несправядліва ў адносінах да мяне!

Валянцін з недаўменнем зірнуў на суразмоўніцу.

— Вядома, несправядліва!– паўтарыла Паліна.—Я толькі зацікавілася – і ўсё перапыніцца. Як фільм, на самым захапляючым эпізодзе. Жабкі аддзяляліся ад пастаменту параўнаўча лёгка. Самі бачыце – якія яны сімпатычныя. Упэўнена – іх забралі з касцёла. Мой сябра, што прынёс мне жабу – ён нядаўна памёр, гаварыў, што калі касцёл узрывалі, то на надмагілі ўжо не заставалася фігур.

Скульптар ізноў устрывожыўся.

— А што, ваш сябра таксама цікавіўся гісторыяй Рашчынскага? І як ён памёр? Даўно?

Паліна ледзь не зазлавала.

— Адкуль у вас такая падазроннасць? Смерць Артура навуковых росшукаў не тычыцца. Лепей пра гэтыя значкі падумаем.

— А што тут думаць? — азвалася Палініна маці. — Трэба да Сымона Пятровіча з нашага тэатру звярнуцца! Ёсць у нас такі рабочы сцэны. Дэкарацыі перасоўвае, апаратуру. Сам – ваенны ў адстаўцы. На падлодцы служыў штурманам – значыць, у картах мусіць разбірацца, як бусел у жабах!

— Што за Сымон Пятровіч? – здзівілася Паліна.—Нешта не памятаю ў вас такога…

— А калі ты ў нашым тэатры апошні раз была? – накінулася на дачку Марыя Апанасаўна.—Здзічэла зусім. Гімназія—дом, дом—гімназія… Ну яшчэ архіў, бібліятэка ды музей. Бабскае царства. Усё роўна ж дысертацыю кінула, нашто мазгі сушыць! Прайшлася б калі па горадзе, у кавярні пасядзела…

— Мама, у кавярні зараз не з дзяржаўнай зарплаты сядзець! –Паліне было непрыемна – зноў маці перайшла на ўлюбёную тэму.—І нашаму госцю зусім нецікава слухаць пра акалічнасці майго асабістага жыцця.

— Ну чаму ж…– нясмела запярэчыў скульптар.—Якраз асабістае і ёсць самае цікавае. Усё сапраўднае мастацтва вырастае са штодзённага, вельмі інтымнага.

— А як жа наконт грамадзянскага гучання? –  з’едліва кінула Паліна. – І ўвогуле – побыт толькі перашкаджае творчаму выяўленню. Я думаю, што мастак уцякае ў сваю творчасць ад асабістага жыцця і яго будзённых турботаў.

Валянцін не згаджаўся.

— Вы памыляецеся. Мастак — як куст бэзу: карані яго натхнення, побыт — схаваныя, занятыя нецікавай справай сілкавання, выжывання. А кветкі-творы буяюць, нібыта самі па сабе. І здаецца, нібыта ўсё мастакоўскае грэшнае жыццё, увесь бэзавы куст складаецца з кветак – ні карэнняў, што прабівалі шлях у цёмнай зямлі, адбіраючы жыццёвую прастору ў іншых, ні галінак, якія  ламалі ўсе мінакі ў ахвоту.

Марыі Апанасаўне маналог віленскага госця спадабаўся.

— А вы філосаф! – з павагай прамовіла яна. – І, відаць, майстра добры. А вось Паліну маю маглі б вылепіць?

— Мама! – ледзь не закрычала Паліна. – Ну як табе не сорамна?

Валянцін, прымружыўшы вочы, глядзеў на Паліну.

— Думаю, скульптурны партрэт атрымаўся б.  Хаця мушу сказаць, вельмі часта адбываецца, што прыгожыя твары, калі іх вылепіш, страчваюць усю прыгажосць, і наадварот — у непрыгожых выяўляецца прывабнасць, арыгінальнасць. Скульптура адбірае колеры, ззянне вачэй, няўлоўныя рухі рысаў – вельмі мала каму са скульптараў удаецца перадаць унутранае жыццё мадэлі. Звычайна лепяць адну форму. Нават калі зняць з вас гіпсавую маску, вы  наўрад ці пазнаеце ў ёй сябе… — Валянцін вінавата ўсміхнуўся Паліне.— Вы нагадваеце партрэты Смірновай-Расэт. Была такая прыгажуня ў пушкінскую эпоху, гаспадыня свецкага інтэлектуальнага салону. Сябравала з Гогалем, Вяземскім, тым жа Пушкіным… Рысы дакладныя, характэрныя. І абрыс вуснаў такі самы. Тады лічылася эталонам жаночай прыгажосці, калі вусны маленькія, “сардэчкам”, яркія… І складка вуснаў – як у дзіцяці, гарэзная і наіўная. Але я не вазьмуся перадаць, скажам, ваш пагляд. Ён у вас так дзіўна мяняецца – то пазіраеце, прабачце, як класная дама, то як  жыццярадаснае дзіця. Паставу, праўда, перадаць лягчэй…

Позірк скульптара неяк вельмі ўчэпіста-прафесійна абмерыў Паліну, усё роўна як правёў рукамі па целе.

— А пра Палініну фігуру гаворка не заходзіла,  – у голасе маці гучаў такі метал, што Валянцін адразу спалохана перавёў вочы на свой кубак гарбаты. Паліна схавала ўсмешку. Госць адпіў яшчэ раз, паставіў кубак на стол, трывожна зірнуў на гадзіннік і ўзняўся.

— Ну, усё… Дзякуй за гарбату, за гасціннасць. Мне пара. Дзіна чакае.

Вось табе і пернік. Чужы мужчына пад прыглядам. І сказаў – нібыта прабачэння просіць, нібыта ў нечым сорамным прызнаўся.

— Дзіна – тая дзяўчына, што вашы вырабы прадавала? Жонка?

Валянцін вінавата ўсміхнуўся.

— Калі дакладней – яна мая ўладальніца.

Марыя Апанасаўна адобрыла:

— Правільна, жонак трэба шанаваць, слухацца.

Але Валянцін ніяк не падтрымаў тэму, выйшаў у вітальню, за ім пасунулася падабрэлая Марыя Апанасаўна… Паліна зусім забылася, что там – непрыбітая вешалка і інструменты побач!  І хутка з калідору данеслася бадзёрае пастукванне малатка і гэткія ж бадзёрыя каментары маці.

—  Што ж, можа, лепш такі, чым ніякага! –   зазначыла маці, калі за госцем зачыніліся дзверы. –  Непатрабавальны, паслухмяны, уважлівы…Вядома, з мухамі ў носе – але дзе ты бачыла іншых!

— Мама, ён жанаты,– сярдзіта прагаварыла Паліна, прыбіраючы посуд са стала.—Ягоныя вартасці мне без патрэбы.

— Я ж табе яго і не сватаю, — таксама зазлавала маці.—А толькі і ты прынца на белым кані не чакай. Яны сёння калі і едзяць на белых конях, дык хіба падчас запою. Ды хапае ж і нармальных, добрых хлопцаў.  Вось у нашай артысткі, Лялечкі Малецкай, сын… Менеджэр, нежанаты…

Паліна ўцякла ў свой пакой, ляснуўшы дзвярыма, праз якія даляцела апошняя матчына рэпліка.

— І ўрэшце, віншую цябе – за апошнія тры гады гэты недарэка быў першы мужчына, які меў гонар папіць з намі сам-насам гарбаты.

Сапраўды… Прайшло ўжо тры гады, як з’ехаў Стась. Неверагодна! Нібыта час для Паліны спыніўся. Выходзіла замуж не на пару гадоў – да канца жыцця размерыла шлях. І, саштурхнутая пад адхон на самым пачатку, там і засталася.

З кім параўнаў яе госць – са Смірновай-Расэт? Цікава, можна пашукаць у бібліятэцы нешта пра гэтую свецкую даму.

А да Сымона Пятровіча, былога штурмана, абавязкова належыць наведацца. І скульптар, дарэчы,  прасіў яго з сабой паклікаць. Нібыта яшчэ тыдзень яны з “уладальніцай” будуць у Мінску.

 

8

 

Прах аддаецца праху…

Чаму ад гэтага так балюча жывым?

Вінцэсь глядзеў праз вакно кабінета на касцёл, падобны да старога воя ў медных латах — там бацька два тыдні  як сустрэўся з продкамі. У адным з прыдзелаў храма, у скляпенні – усыпальніца   роду Рашчынскіх. Заслужылі калісьці – грашыма ці дабрадзейным жыццём? Хто скажа праўду…

Туды ляжа і ён, Вінцэсь. І, можа быць, не так доўга давядзецца чакаць яго памерлым сваякам.

— Ласка пана Бога з ім, — суцяшальна прагаварыў Юзаф, здагадаўшыся, пра што думае сябра. – Ты не саромся слёзаў – паплач. У нашым асяродку прынята, што мужчынам плакаць ганебна, шкадаванне – прыніжае. І любое гора належыць сустракаць з каменным тварам… Сэрцы ж у нас не каменныя, Вінцэсь! Калі падчас пакаяння ці малітвы ў чалавека няма слёзаў, значыць, не спаслаў яму Гасподзь і раскаяння ці замілавання. Не саромся пачуццяў, дружа.

Вінцэсь з узячнасцю зірнуў на Юзафа. Той, як толькі даведаўся пра бяду сябра – выпрасіў адпачынак у сваім гарнізоне і прыехаў.  Рахманы, худзенькі, з вялізнымі наіўнымі вачыма. З  абліччам так не стасаваўся ваенны мундзір, у які Юзаф быў апрануты.

Стрыечныя браты, Юзаф і Вінцэсь, пасябравалі, яшчэ калі вучыліся ў Шляхецкім інстытуце, дырэктарам якога быў бацька Юзафа, пан Андрэй Каліноўскі. Колькі разам блукалі па старых звілістых вулках, уздымаліся на вежу Гедыміна… Прыхіналіся да калонаў у касцёле святога Пятра, каб пачуць  цурчэннепадземных крыніцаў і галасы–скаргі пахаваных у сутарэннях каралёў – і сапраўды чулі!

Здавалася б, Юзаф больш схільны да развагаў пра сэнс быцця, але філосафам зрабіўся Вінцэсь, а  яго сябар скончыў Мікалаеўскую ваенна-інжынерную акадэмію, паспеў папрацаваць на будаўніцтве чыгункі. Ды родныя мясціны цягнулі – і ён знайшоў пасаду ў Берасцейскай крэпасці.

Што ж, свае людзі патрэбныя паўсюль. На кожнай пасадзе можна служыць свайму народу… І рыхтаваць паўстанне. Зыгмунт Серакоўскі, кіраўнік іх гуртка — капітан расейскага генеральнага штабу. Людвік Звяждоўскі таксама працуе ў штабе, і нават вучыць дачок генерал-губернатара Назімава польскай мове. Дзюлеран, якога Вінцэсь ведаў нашмат менш – начальнік Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі.

Толькі ад Вінцэся мала карысці. Ну, мае сувязі са жменькай лясных братоў. Пасля прызначанай ля крыжа сустрэчы Вінцэсь  бачыўся з Ваўкалакам шматкроць – дапамагаў брацтву, як калісьці бацька. Зброяй, ежай, часам — прытулкам. Мартын безаглядна давяраў сыну старога сябра, і Вінцэсь не мог не захапляцца лясным правадыром, яго самаахвярнай і адкрытай натурай. Між імі ўзнікала ўсё больш шчырых гаворак, Вінцэсь бачыў, што Мартын усёй душой прыхінуўся да яго… І так было брыдка, што не мог быць адкрытым да канца сам — з-за Вальжыны…. З-за таго, што не мог адмовіцца ад надзеі –  каб яна сказала яму, Вінцэсю, словы, падобныя да  падслуханых у салаўіным садзе.

Так, лясныя браты будуць біцца страшна, як скандынаўскія берсеркеры, і вартыя тысячы вояў. Але яны далучацца да бойкі і без ягонага пасрэдніцтва. А хто пойдзе за ім, Вінцэсем, з ягоных сялянаў? Тыя, хто плакаў над магілай бацькі? Іх было нямала – пан Антось недарэмна пражыў сваё жыццё. Рабы шчыра плачуць і па смерці тырана – чалавек, ратуючы сябе ад невыноснага штодзённага страху, пачынае шчыра любіць ката і бачыць справядлівасць у ягоных здзеках. Але пан Антось не хацеў, каб яго баяліся.

Так, на пару дзесяткаў чалавек Вінцэсь можа разлічваць. Але іншых, тых, для каго пан—нават не вораг, а істота іншае пароды,  большасць…

Вінцэсь апусціўся ў фатэль, у якім любіў апошнія дні сядзець пан Антось – нібыта зліўся з ценем памерлага. Цяпер Вінцэсь упэўнены, што падобны да бацькі. Такія ж светлыя валасы,  хударлявае аблічча, прамыя бровы сыходзяцца на пераноссі…  Толькі вочы ў пана Антося былі сталёвага колеру, а ў сына –  сінія…

Ён не будзе помсціць – ён даў слова. Але як забыць?..

— Бацька хацеў, каб Гарнушкі сталі востравам вольнасці і заможнасці для сялянаў,– горка прагаварыў Вінцэсь. – А ты ведаеш, як старажытнагрэцкі філосаф Кратэт Афінскі назваў прыдуманы ім востраў, на якім усе сябруюць, філасофствуюць і ядуць часнык? Востраў Кайстра. Жабрацкая торба. Шчасце магчымае толькі там, дзе няма чаго дзяліць – адно на ўсіх неба, адна зямля, адно мора…

— Але Бог паставіў адных над другімі,– запярэчыў Юзаф.—Усе роўныя ў яго вачах, але кожны служыць яму па-свойму. Мой  цёзка па прозвішчы, Кастусь, занадта захоплены  праблемай улады і маёмасці.  Нельга, каб усё скончылася сытымі страўнікамі. Даць зямлю тым, хто яе ўрабляе. Але найперш — будаваць школы! І вучыць неаддзельна ад хрысціянства. Адукаваны чалавек без рэлігіі больш небяспечны для грамадства, чым барбар. Гэта воля, якая перарасце ў рабства яшчэ горшае!

— З барбараў зрабілі пачвар гісторыкі. — Вінцэсь нават знайшоў у сабе сілы ўсміхнуцца, бо Юзаф заўсёды смешна гарачыўся, калі гаворка тычылася падобных матэрый.—Рымляне адбіралі іх волю, замянялі іх культуру сваёй, нібыта літасць давалі… Народ, здольны жыць, гэтага не даруе. І ўвогуле… Народы здаюцца мне жывымі істотамі. Разумееш – кожны з іх нараджаецца, праходзіць пару дзяцінства. Пасля – юнацтва,  сталасць. Потым – старэе … І – памірае, знікае. Нават калі  захоўваецца яго назва – гэта ўжо іншы народ, кроў змяшана з крывёй іншых, больш маладых. Паглядзі на італьянцаў – хіба гэта тыя старажытныя рымляне, уладальнікі ўсемагутнай імперыі? Ці кожны з іх зразумее старажытную латынь? А грэкі – нашчадкі Аляксандра Македонскага? Памятаеш, мы чыталі ў інстытуце апісанне афінскіх матрон – яны былі беласкурыя, ружовашчокія, з залацістымі, трохі рудаватымі валасамі…

— Не вельмі доказна,– запярэчыў Юзаф. – І тады сярод грэкаў напэўна былі чарнявыя. І мовы ўсе мяняюцца з часам.

Вінцэсь упарта пакруціў галавою.

— Нам толькі  здаецца, што наш час — самы важны. І што заўсёды існавалі толькі тыя дзяржавы і нацыі, якія мы ведаем. У хетаў  яшчэ да таго, як егіпцяне пабудавалі піраміды, быў водаправод і  каналізацыя… А цяпер ад іхніх гарадоў не засталося нічога – толькі камяні ў пустэльні, праходзячы паўз каторыя вандроўны купец нават не падумае, што гэта – рэшткі  велічнага палацу або крапасной вежы.

— На тым пабудавана хрыціянская мараль,– паціснуў плячыма Юзаф. – Усё зямное, матэрыяльнае – пыл. І ў пыл вернецца. Вечная – душа.

— Але і ў народа ёсць душа! – ледзь не пракрычаў  Вінцэсь.– Калі народ юны, ён асвойвае новыя землі, рассяляецца, памнажаецца. Дужаецца і адваёўвае сваё месца на зямлі. У сталасці  — будуе гарады і стварае імперыі.

—  А калі састарэе? – зацікавіўся Юзаф.

— А старасць – гэта філасофія і мастацтва… Не такія, як раней. Мастацтва народа, які перажывае свой заняпад, заўсёды можна адрозніць – асаблівы бляск, вычварныя формы. Як фрэскі ў лабірынтах Крыта, намаляваныя перад  тым, як  востраў быў захоплены. Старасць этнасу… Мноства філасофскіх плыняў, мноства жанраў і відаў творчасці, і мала геніяў. Калі народ малады – у яго пераважае адна філасофія,  і ўсё мастацтва мае адны, характэрныя, рысы. І вайскаводца яшчэ важней за акцёра.

— Народы ўзнікаюць і гінуць па волі Божай,—дакорліва заўважыў Юзаф.

— Не буду спрачацца,– аднымі вуснамі ўсміхнуўся Вінцэсь .—Я пра іншае… Які наш народ? Ён зусім юны? Можа быць, яшчэ дзіця, якое не ўсведамляе сябе і пакорліва слухаецца іншых, і не запомніў нават сваё імя? А можа, старэча, які саслаб у шматлікіх бойках? У такім разе, дзе быў наш росквіт? У часы Скарыны і Буднага? Пакуль мы жылі па Статуце, напісаным нашай мовай? Прафесар Шымкевіч знаходзіў у беларускай мове шмат індаеўрапейскіх слоў… Дрыгва, азярод… Можа быць, нашы продкі прыйшлі ў гэтыя балаты і пушчы з Егіпту ці Міжземнамор’я, каб уратаваць рэшткі  былога магутнага  племя? І мы ўсе носім у сабе памяць пра былую веліч і стому ад страшэннай паразы і выгнання?

— Твае пытанні застануцца без адказу,– ціха прагаварыў Юзаф.

— Але мы – маладыя,— зазначыў Вінцэсь, на імгненне скінуўшы журбу.– Мы – маладосць, жыццё свайго народа. Ты сказаў слушна – кожны мусіць служыць. Нават калі ты – не лепшы служка. Я дастану зброю, пра якую просіць Кастусь. Думаю, сотню штуцэраў можна без асаблівых падазрэнняў набыць у розных крамах… Заўтра ж і займуся.

Гадзіннік на каміне гучна прабіў поўдзень, і з вакенца над цыферблатам высунулася невялічкая пляцоўка – цяпер на ёй было аж дванаццаць фігурак з мезенец ростам. Пасярэдзіне – Смерць з касой, яна смешна нахілялася ў розныя бакі пры кожным удары маятніка. А вакол, узяўшыся за рукі, тузаліся ў  недарэчным танцы Кароль, Блазан, Жабрак, Дама, Рыцар, Селянін, Купец, Святар  ды іншыя асобы. Іх драўляныя твары былі цёмныя, аднолькавыя, нібыта ўжо забраныя Смерцю…

І лісты на дрэвах за вакном ужо афарбавала іх залатая смерць – восень. Толькі неба стала яшчэ больш сінім, глыбокім. Як вір… З апошнім ударам гадзінніка пачуўся далёкі крык:

— Пан Вінцэ-эсь!

Па дарозе ад Маскалёва леса імчаў вершнік. Цёмныя, як воранава крыло, валасы, белая кашуля расхінутая на грудзях…

Няўжо Марка Рагманаў?

Брат Вальжыны выглядаў вельмі заклапочна – але не мог   здушыць таемнае хлапечае задавальненне ад удзелу ў значнай падзеі, нават калі ў гэтым шмат няшчасця. Бач, як вочы блішчаць… Марка кінуў запытальны позірк у бок Юзафа.

— Можаш гаварыць пры ім усё,– запэўніў Вінцэсь. – Гэта мой сябра.

— Ваўкалака схапілі,– выпаліў Марка. – Людзі палкоўніка Варанецкага… Непадалёк ад нашага дому, там, дзе бэзавыя зарасці. Падстрэлілі ў нагу… Ён  нічога не мог зрабіць. Павезлі на калёсах у мястэчка. І бацьку забралі – пакуль як сведку. Вальжына ў горы… Сказала – да вас ехаць…

Сапраўды гора… Вінцэсь глядзеў у вочы юнака, гэткія ж вялікія, чорныя, як і ў сястры… Што мусіць адчуваць Вальжына? Ведаючы яе, Вінцэсь не сумняваўся, што дзяўчына абвінаваціць ва ўсім сябе. Мартын-Ваўкалак, безумоўна, прыходзіў, каб пабачыцца з ёю, а іх спатканні, відаць, ужо нехта  звіжаваў. Але вось дзіўна –-  Вінцэсь не мог уявіць, што Ваўкалак здаўся жывым. Паранілі ў нагу… Гэта не магло б перашкодзіць  адстрэльвацца.  Мартын ніколі не хадзіў без зброі. І  — Вінцэсь дакладна ведаў – апошні набой бярог для сябе. І    куля была срэбная, самаробная, пазначаная крыжам, з трох, што  калісьці зрабіў Вінцэсь, каб  упаляваць ваўкалака.  Гумар вісельніка, які апошні Рашчынскі не ўхваляў – аднак Мартын смяяўся і  паўтараў, што загіне не як шараговы няўдачнік, а як сапраўдны сын ночы.

— Трэба сабраць людзей і напасці на пастарунак!  — для Марка ўсё было зразумелым, як для маладога харта на першым паляванні.

— Адумайцеся!—захваляваўся Юзаф.–  Гэта рокаш… Паўстанне…Усё роўна што выстраліць  у бочку з порахам. Мы не гатовыя ісці супраць войскаў! Заўчасны пачатак — пагібель.

Вінцэсь задумліва круціў у руках узятую з каміннае паліцы вазачку-жабку, зеленаватую, нібы вада ў ручаіне пасля летняй залевы. Тонкі пасак – шнар на шкле, месца склейвання. Ён ніколі не знікне, як не знікаюць шнары на сэрцы. Хлопец нібыта зноў чуў аднойчы падслуханы гарачы шэпт: “ Я кахаю вас… Я ніколі не буду з іншым…”

Што ж , калі не можаш даць шчасце дзяўчыне ў выглядзе сваёй каштоўнай асобы – май гонар не рабіць яе няшчаснай, адбіраючы надзею быць шчаслівай з іншым.

Ад уладаў Мартыну літасці чакаць не выпадае ніяк  — не больш, чым зацкаванаму ваўку ад паляўнічых. Але пра гэта Вінцэсь падумае пасля. А вось бацьку Вальжыны  і Марка належыць ратаваць неадкладна.

— Трэба звярнуцца да Станіслава,– прапанаваў-сцвердзіў Юзаф, і карункавы цень ад яблыневай галінкі, што гайдалася проста перад шыбай, варухнуўся на сцяне, нібыта бязгучна паліўся залаты дождж…

—  Я паеду да Людвісараў сам,– змрочна зазначыў Вінцэсь. – Вядома, гэта непрыстойна – ездзіць па гасцях падчас жалобы. Але затое мне не давядзецца думаць пра касцюм для візіта.

— Да Людвісараў?!!—ледзь не падскочыў Марка. – Вы звар’яцелі, панове? Да гэтых магнатаў! Вы б яшчэ да самога рускага гасудара на прыём папрасіліся!

— Ты проста не ведаеш …– няўважна патлумачыў Вінцэсь, ужо гатовы сыходзіць. —  Стась Людвісар — мой аднакурснік па універсітэце… І…наш таварыш.

Апошнія словы Вінцэсь вымавіў з некаторым намаганнем. Ён усё яшчэ не вырашыў для сябе, якой ступені даверу заслугоўвае Стась. Калі першы раз яго ўбачыў у дартуары ўніверсітэту, унутрана ўсміхнуўся, як і на адрас усіх “белападшэўнікаў”: прышчавы спешчаны юнак з адпаліраванымі пазногцямі, з валасамі, відавочна ўкладзенымі куафёрам. Адзінае што непадобнае да звыклага вобразу “багатага сынка” – вінаватая ўсмешка на тоўстых бледных вуснах ды  баязліва- цікаўны  пагляд з-пад ілба – як птушаня наважваецца вылецець з гнязда. Ну а калі  прагучала імя і прозвішча – Станіслаў Людвісар —  усё стала нібыта зразумела. Сынок  Сігізмунда Людвісара, магната, да якога губернатар лічыць гонарам з’ездзіць у госці. Па солі на мядзведзях Людвісар, вядома, не ездзіць — дзікунства. Але Венецыю сабе зладзіў – тысячы прыгонных мужыкоў каналы капалі ды гарбатыя масты выштукоўвалі, каб пасля да ўласных хатаў падрульваць на чоўнах з падоўжанымі насамі, выводзячы “Санта Лючыю”. А  выпадковыя праезжыя  дзівуюцца, адкуль з мужычых вуснаў не-не, дый прарвецца слоўца з мармурова-аліўкавай краіны.

І, вядома, для  ўсяго ўніверсітэту была неспадзяванка, калі Станіслаў пацягнуўся не да арыстакратаў, а да іх, студэнцкай вольніцы ў пледах. Не зважаючы на насмешкі і недавер, смела браў удзел у абструкцыях  нелюбімых прафесароў, ладзіў абеды для згаладалых калегаў.  Ды яшчэ гэтак пачуваўся пры гэтым вінавата, што не было няёмкасці – госці  пераконваліся, што яны робяць ласку гаспадару. Вінцэсь, праўда, не лічыў сябе блізкім сябрам Стася – хлопец, вядома, добры, і столькі разоў даводзіў сваю вернасць і прыстойнасць, і выяўляе да самога Вінцэся нейкую сабачую адданасць, але… Можа быць, Вінцэся раздражнялі ягоныя паліраваныя пазногці? Стась так і не кінуў гэтае аздобы, згадваючы, што Аляксандр Пушкін увогуле адрошчваў такія  пазуры, што насіў на мезенцы напарстак-футарал. Далучылі Стася і да гуртка – вядома, не да самых апошніх таямніцаў. На перасцярогі Ёсафат Агрызка, адзін з кіраўнікоў, заявіў адно: для справы карысна мець сярод сваіх чалавека грашавітага і ўплывовага.

Грошы ў Станіслава былі нямераныя, бацька на адзінага сына не шкадаваў нічога. Вінцэсь ведаў, што Стась узрадуецца магчымасці паўдзельнічаць у змаганні – але гэтая ягоная радасць, гатоўнасць “робін-гудстваваць” здавалася Вінцэсю падлеткавай гульнёй. Ён падазраваў, што Станіслаў і заставаўся падлеткам, цікаўным і сарамяжным, якому ўсё роўна, або да індзейцаў у амерыканскія прэрыі збегчы, або з ліцвінскімі касінерамі – у пушчу.

З сястрой Стася размаўляць было куды прасцей.  Хрысціна часам прыязджала да брата са свайго пансіёну. Вядома, у суправаджэнні высахлай “дуэньі”, мадам Лецьен. Дачка магната…Вось каму варта было нарадзіцца хлапцом! Імклівая, рэзкая – ніякай табе лёгкай феевай хады. Валасы, як залаты пажар, і заўсёды выбіваюцца асобныя пасмачкі нават з самай акуратнай прычоскі, нібыта заўсёды вакол паненкі вецер. Зялёныя вочы смяюцца, куточак велікаватага роту прыўзняты, і ані згадкі пра мілыя жаночыя хітрыкі – зірнуць так, каб у мужчыны засталося пытанне… І патрэба знайсці адказ. А як яна першы раз з’явілася ў іх кампаніі: “ Якога вы меркавання пра антрапалагічныя стыгматы Ламброза?”

А сама ў крыналінах. Яны ледзь не зарагаталі.  Вынік дрэннага выхавання: на дачку ні пан Людвісар, ні пані Людвісарава амаль не зважалі, маўляў, адзіная з яе карысць – парадніцца праз ейны шлюб з добрым домам.

Не дзіва, што ніхто з іх гурту ў паненку не закахаўся – хоць куртуазныя настроі рэалізоўваліся часам на асобах самых неверагодных.

Была яшчэ адна таямніца, пра якую ніхто, акрамя Вінцэся, не ведаў. Пяць год таму ва ўніверсітэцкім холе пачуўся страшэнны грукат. Вінцэсь павярнуўся і ўбачыў худзенькае залатавалосае дзяўчо з вачыма, як зялёныя сподачкі, напоўненыя жахам і слязьмі. На мармуровай падлозе ў лужыне  ляжала пабітае шкло і нешта незразумелае, цёмнае… Усё ясна – дурнічка залезла ў шафу з  калекцыяй заспіртаваных яшчарак. Да месца здарэння ўжо збягаліся… І тады Вінцэсь ступіў наперад, як праўдзівы рамантычны герой:

— Прабачце, гэта мая віна. Хацеў паказаць паненцы экспанат… Спадзяюся, вы не напалохаліся, мадэмуазэль?

Пасля таго і пачалося дзіўнае сяброўства з Людвісарамі.

Гадзіны за тры да іх маёнтка  можна даехаць. Галоўнае, каб Стась быў дома… Юзаф на развітанне сказаў, што памоліцца за гэта.

І  малітвы, відаць, былі пачутыя.

Людвісарава будавалася яшчэ тады, калі нават князі не ведалі, што такое шкарпэткі, і спецыяльна прызначаныя хлопы пераціралі салому, каб насыпаць яе ў панскія боты. Але высакародны камень сценаў, вышчарблены падчас шматлікіх аблогаў, падаўся цяперашнім гаспадарам нямодным, і замак перарабілі ў нейкае  падабенства рымскага палаца – светлая тынкоўка, белыя калоны з дзябёлымі карыятыдамі, цёмныя піраміды таполяў…

Сцены  гасцёўні  былі абабітыя сапраўдным парыжскім муарам – залатыя лілеі і гладыёлусы на сінім, у дакладнай сіметрыі.  Вінцэсь кінуў вокам у кут, на вялікі партрэт, і ўздрыгнуў – Напалеон Банапарт!  Без подпісу, у адзенні старажытнага рымляніна, але цалкам пазнавальны. А між тым у Расійскай імперыі яго можна было называць толькі “узурпатар” або “карсіканская пачвара”. Вінцэсь ведаў, што дзед Стася ў свой час быў прыхільнікам гэтай “карсіканскай пачвары” і нават узброіў полк узурпатарскага войска на свае грошы. За што пасля нейкі час і пабыў у выгнанні. І ўсё роўна цяпер расійскія ўлады лічыліся з Людвісарамі. Партрэт Напалеона сведчыў: тут не баяцца нікога. Уладары гэтага дома не падлягаюць асуджэнню. Яны толькі з паблажлівасці мірацца з законамі дзікунскай імперыі.

І, каб не было гэтага партрэту, не прымалі б, можа, тут і Вінцэся – “сярэдняй рукі” шляхціца.

Станіслаў, як заўсёды, шумна радаваўся прыезду таварыша па таемным братэрстве, і паабяцаў, што зробіць усё магчымае. Бацька звычайна не адмаўляе ў падобных  просьбах. Увечары вернецца – і пытанне вырашым. Праўда, на гэты раз давядзецца цяжэй – дзяржаўнае злачынства…

— Пан Вакула Рагманаў – зусім бязвінны чалавек, —  Вінцэсь лічыў за лепшае, каб Станіслаў сам быў у гэтым перакананы.— Сваяк наш. Я яго з дзяцінства ведаю  — вясёлы, добры, мухі не пакрыўдзіць. Інсургент апынуўся ля іх маёнтку выпадкова.

—  Вінцэсь! Прыміце мае спачуванні! – у гасцёўню нібыта заляцеў залаціста-белы віхор з зялёнымі вачыма. Хрысціна працягнула госцю рашучую далоньку.

—  Я загадала накрыць абед у кітайскай альтанцы. Вы любіце   жульены?

Стась паблажліва кіўнуў – што, маўляў, узяць з кабеты, думае толькі пра груба-матэрыяльнае. Вінцэсь усміхнуўся, згадаўшы чамусьці прыпавесць пра Марфу, якая  мітусілася, каб  пачаставаць здарожанага Хрыста,  і Марыю, што ў гэты час сядзела і слухала госця, чым і заслужыла ягоную ўхвалу ў адрозненне ад  “матэрыяльнай” Марфы.

Але ж Вінцэсь сапраўды стаміўся і быў галодны. І стол падрыхтаваны дасканала. А Хрысціна  зноў выявіла сваю непасрэднасць, зашаптаўшы:

— У вас вялікае гора, Вінцэсь. Але ж напэўна здарылася яшчэ нешта жахлівае, што змусіла вас прыехаць. Чым я магу вам дапамагчы?

Аж непамысна ад ейнага адданага пагляду. Напэўна, ніяк не забудзе той выпадак са слоікам.

Чым яна дапаможа, карункавае дзяўчо? Пераказам чарговай сенсацыйнай ксёнжкі? Відэлец у руце дзяўчыны дробна дрыжэў, так і не скарыстаны па прызначэнні. Так што нязменная мадам Лецьен зрабіла падапечнай не адну заўвагу наконт добрых манераў. Вінцэсь угледзеўся ў твар мадам, падобны на васковы… Гладка зачасаныя сівыя валасы, вузкі прамы рот, высока прыўзнятыя тонкія бровы, нібыта намаляваныя…  Ніяк не мог вызначыць, ці была мадам у маладосці прыгожай, і тым больш не мог уявіць, якім быў яе муж, пан Лецьен?  Ні адцення пачуццяў у сухіх рысах. Толькі калі сустракаецца вачыма са сваёй выхаванкай, усё аблічча нібыта цяплее.

Нешта яны сёння зачаста па-змоўніцку пераглядаюцца, Хрысціна і мадам Лецьен…

Лёкаі ў вышытых срэбрам белых сурдутах і белых панчохах бязгучна cлізгалі па падлозе з падносамі. Вераснёўскае сонца, перш чым знікнуць за краем далёкага лесу, шчодра ліло сваё чырвонае золата праз вітражы альтанкі, больш падобнай да мініяцюрнага палацу. Вінцэсь на нейкі момант змрочна задумаўся. Вальжына, можа быць, таксама сядзіць у альтанцы. Той самай, запаветнай, але наўрад ці сёння яна там чытае… І наўрад ці плача – хутчэйЮ сціснула да болю далоні і глядзіць у нікуды чорнымі вачыма, поўнымі да краёў адчаю.А можа паехала ў павет, не ў змохзе заставацца бяздзейнай?

Раптам Вінцэсю ўсё, што вакол, падалося нерэальным – белы абрус з дасканалай кітайскай парцалянай, букеты экзатычных кветак, старанна састаўленыя нейчымі таленавітымі рукамі,  звонкае пастукванне лыжачак. Хрысціна і Стась у белых касцюмах.  Ён, Вінцэсь, і мадам Лецьен – у чорным. Нібыта парцалянавыя лялькі. Круглая альтанка. Круглы столік… Быццам унутры музычнага куфэрка. Вінцэсю нават здалося, што ён чуе срэбныя званочкі, што назвоньваюць немудрагелітую механічную мелодыю, а альтанка патроху пакручваецца – у адзін бок, у другі… Рашчынскі кінуў погляд наверх, на зашклёнае акенца-ружу ў даху альтанкі – нібыта чакаў сустрэцца з паблажліва-цікаўным позіркам агромністага назіральніка.

І тут пад вітражным вакном, дзе пачыналіся славутыя Людвісараўскія каналы “а-ля  Венецыя”, нехта  зацягнуў “Санта-Лючыю”, з характэрным беларускім  “ч”. Мужычы голас надрываўся,  стараючыся справіцца з замежнымі руладамі  — відаць, звычайны рытуал падчас панскага абеду. Песня наплыла здалёку, цяпер аддалялася, чуўся плёскат вады —  выканаўца, ясная справа, плыў у гандоле з беларускага дубу па вызначаным  тым жа рытуалам маршруце.

Гэта было такое адчуджэнне ад месца – быццам пазногцем правялі па сухім пыльным шкле. Прэч з гэтага лялечнага царства… Паранены Мартын на гнілой саломе… Дзядзька Вакула – на допыце. Напэўна, не страціў жартоўнага тону, толькі у голасе загучэла сталь.

Час спыніўся, прыліп смаўжом да аўгсбургскага срэбнага падносу, і неадольна хацелася падагнаць яго…

Вінцэсь кінуў на стол накрухмаленую сурвэтку з вышытымі па куточках  галінкамі квітнеючай вішні і ўзняўся, мармытнуўшы нешта наконт тэрміновасці ад’езду.

Засталіся яшчэ ў памяці спалоханыя зялёныя вочы. Быццам зноў разбіўся слоік з заспіртаванай пачварай.

Калі Вінцэсь пастукаўся у дом Рагманавых, было ўжо зусім цёмна. Але Вінцэсь ведаў, што ў доме не спяць.

Вальжына глядзела вялікімі чорнымі вачыма, абведзенымі ценямі, кудысьці скрозь госця.

— Дзякуй вам… Будзем спадзявацца, што бацьку хутка адпусцяць. А другому дапамога ўжо не патрэбная.

Вінцэсь не разумеў. Яна паўтарыла.

— Мартына няма. Ён загінуў.

— Адкуль вы ведаеце?

Вальжына дастала з-за карсажу дрыготкімі пальцамі нейкі вузельчык, развязала…

Срэбная куля…Нешта цёмнае на ёй – кроў?

Марка, які  ўвесь гэты час трывожна пазіраў на сястру, не вытрымаў:

–Адкуль гэта ў цябе?

Вальжына павольна, як у сне, зноў загарнула металёвы круглячок.

— Застраў у ствале вішні. Там, дзе была перастрэлка. Я ведаю, што ён… Мартын… і збіраўся так зрабіць – у яго была такая куля. Значыць – навылёт… Мусіць, цэліў сюды…– Вальжына паказала рукой на шыю. І голас яе быў такі дзіўны, тонкі-тонкі, як павуцінка, што Вінцэся мімаволі ахапіў жах. Марка абняў сястру за плечы і нешта прашаптаў.

— Думаеце, я звар’яцела? Сапраўды, дзіўны сувенір… Паверце, я не належу да ліку тых экзальтаваных асобаў, што выпрошваюць кавалачак вяроўкі павешанага або пасму валасоў з галавы, адсечанай на гільяціне. Гэта куля для мяне нешта іншае… Прабачце, я не ў стане зараз тлумачыць…

Яна сышла, не развітаўшыся, у свой пакой, але спіна, абцягнутая чорнай сукенкай, была такой выпрастанай, што гэта было горш за плач…

А там, дзе дарога  зварочвала да Гарнушак, ад цёмнага камля таполі аддзяліліся тры постаці.

— Загінуў наш атаман…Ад кулі тваёй, панічок, загінуў… як і хацеў. Ведаем, што сваёй рукой ён вызваліўся. Але глядзі ж, каб не было граху на табе, панічок. Ведаем, да якога акенца вы абодва хадзілі. Дазнаемся, што ты нячысты…

Цені расталі ў начы, а Вінцэсь усё яшчэ ўзіраўся ў цемру, у якой, бы стары цмок, звіваўся восеньскі туман.

 

9

У кожным прыстойным тэатры мусіць быць свой прывід.

Нават калі  тэатральная трупа займае найсучасны будынак, у сценах якога не замуравана нічога, акрамя арматуры, прывід сіламі працоўнага калектыву будзе створаны, надзелены страшнай і кранальнай гісторыяй жыцця і смерці і расквечаны красамоўнымі рысамі паводле аповедаў напалоханых і шчаслівых відавочцаў.

Тэатр “Капялюшык” меў  законнае права на прывіда, бо месціўся ў сутарэннях старога-старога гарадскога храма… Дакладней, былога храма, лёс якога пакуль яшчэ вырашаўся. Справа ў  тым, што “перахрышчваўся” гэты будынак  за сваё немалое жыццё ва ўсе магчымыя канфесіі — гэта ж быў тыповы беларускі храм. Палілі і ганьбавалі яго і казакі, і напалеонаўскія французы, і польскія гусары.  Спрычыніліся да яго цяперашняга несамавітага аблічча і савецкія барацьбіты з рэлігіяй, і бамбёжкі апошняй вайны…

А ён моўчкі стаяў і захоўваў у магутных, як спіна зубра, сценах дыханне часоў і прададзеную памяць.

Так, гэты храм быў сапраўдным беларусам.

А людцы ўсё спрачаліся, каму ён мусіць належаць – каталікам, праваслаўным, уніятам? Тым больш цяжка гэта вызначалася, што ад колішняга будынка засталіся толькі тры паверхі, пакрытыя пляскатым дахам, і што калісьці гэта быў велічны храм, мала хто з мінакоў і здагадваўся.

Добра, што ў спрэчку не ўмешваліся  псіхіятры – у   надзейных сценах знаходзіла  прытулак  і адпаведная лячэбніца.

А між тым псіхіятр тут не лішні — з прыкрасцю падумала Паліна, прабіраючыся па вузкіх калідорах за сцэнай, дзе месціліся  грымёркі. За дзяўчынай  рушыў жабкавы скульптар Валянцін, увесьчасна чапляючыся сваім швэдарам за старыя дэкарацыі,  і Паліна не ведала, як ён ставіцца  да дзікіх выкрыкаў і мітусяніны побач:

— Дзяўчаты, далібог, скрозь мяне прайшла! Шэрая, як дым! І холад па целе, холад!

—  А ты, Люсенька, паслала б яе туды, куды мяне  пасылала сёння на рэпетыцыі. І твая манашка развеялася б, як маё да цябе каханне.

— Дурань!..

Паліна ўздыхнула: тэатр  “Капялюшык” засяліўся ў гэтыя муры не так даўно, відаць таму аблічча прывіда яшчэ не набыло пэўнасці: адны казалі пра белую манашку, другія – пра чорнага мніха… А вось сёння – нейкі  гібрыд: манашка, але шэрая… Паліна ўсё-ткі палічыла патрэбным нешта патлумачыць, кінула спадарожніку цераз плячо:

— Не звяртайце ўвагі…Гэта артысты.

І самой стала няёмка: так паблажліва прагучала.

— Сюды хадзіце!  Не наступіце на ружовы куст…– Марыя Апанасаўна махала рукой там, дзе адгаліноўваўся невялікі калідорчык, і ў сваёй белай хустцы, накінутай паўзверх чорнай доўгай сукенкі, таксама магла цалкам сысці за прывід – хіба калі б не ўзбітыя ў самавітую піраміду выбеленыя валасы. Паліна і Валянцін асцярожна абышлі бутафорскі куст з пап’е-машэ, з намаляванымі ружамі, падобнымі да сіняй капусты, і ўрэшце апынуліся ў  доўгім, як пенал, пакоі без вокнаў.

У пакоі панаваў дзіўны пах зёлак. Ля адной сцяны стаяла шырма, груба размаляваная пад антычныя разваліны, на другой — развешаная бутафорская зброя, відаць, сабраная з розных спектакляў. Алюмініевыя кінжалы, шпага з тоўстага дроту, кардонны меч… Прытулак Арлекіна. Пад паліцай з кніжкамі стаяла выцвілая канапа, а з канапы пры набліжэнні гасцей узняўся сам “Арлекін”… Як Паліна зразумела, той самы Сымон Пятровіч, былы штурман падлодкі.

Штурман быў мала падобны да сівагаловага, паважнага “марскога ваўка”. Па-першае, ён аказаўся зусім не стары, гадоў хіба трыццаць шэсць. Па-другое, невысокі. Папраўдзе, дык  ненашмат вышэйшы за Паліну, а  віленскаму скульптару – дык увогуле па плячо. Але не шчуплы – проста падцягнуты, жылаваты, а пад чорнай майкай перакотваюцца цягліцы.  І твар смуглявы, таксама падцягнуты, як у легіянера…

Але ж правільна – толькі цяпер дадумалася расчараваная Паліна, ён жа не на караблі служыў, а на падлодцы, туды вось такіх і адбіраюць – невысокіх і трывушчых.

— Гэта часткі нейкага маршруту,–  упэўнена сказаў Сымон Пятровіч, уважліва разгледзеўшы Палініны аркушыкі з перамаляванымі са спінаў жабак малюнкамі.—Усё пазначана – і азімут, і накірункі. І адлегласці – як я разумею, у сажэнях. Калі перавесці  ў нашы меры – на кожным малюнку шлях дзесьці метраў у сто.

— І вы маглі б вызначыць, дзе гэта знаходзіцца?—усхвалявалася Паліна.

Картазнаўца паблажліва ўсміхнуўся.

— Ніхто вам гэтага не вызначыць без ведання мясцовасці. Схемы трэба прывязаць да карты. Хаця б адну кропку знайсці. Што абазначае, напрыклад, гэты крыжык: камень? Дрэва? Будынак?

Валянцін падаў голас.

— Ну, можа быць, мы б змаглі вылічыць мясцовасць… Што тады?

Штурман паціснуў плячыма .

— Гэтыя два малюнкі — усё, што вы маеце?

Паліна ўздыхнула.

— Мы думаем, што такіх жабак было чатыры.

Сымон Пятровіч развёў рукамі.

— Ну, спадарове, справа безнадзейная. Калі гэта павінна скласціся ў адзін шлях, нават калі  б вы знайшлі ўсе чатыры яго кавалкі — трэба ведаць чарговасць. Разумееце? Апошняя кропка кожнага адрэзка – пачатак іншага.

— А хіба нельга будзе  вызначыць, перастаўляючы, прымерваючыся?

Штурман незалежна скрыжаваў на грудзях рукі і адкінуўся на спінку сваёй старой зялёнай канапы.

— Нешта вы ўсе горача дыхаеце над гэтымі аркушыкамі. Можа быць, патлумачыце?

Паліна нерашуча зірнула на  маці і Валянціна. Марыя Апанасаўна дапамагла дачцы наважыцца.

— Ну чаго гуляць у таямніцы? Распавядзі чалавеку, як ёсць. Можа, што і падкажа – а ты яго потым на абарону дысертацыі запросіш.

Маці відавочна звязвала Палініны вышукі з ейнай кар’ерай.

І Паліна распавяла пра ўсё… Акрамя, вядома, таго, як Аксана забрала ў яе папку, і пасля не хацела нават згадваць пра гэта. Не расказала, і як пайшла ў архіў, паглядзець фонд Станіслава Ксаверыя Людвісара, дзе Артур знайшоў малюнак намагілля Рашчынскага, а ліста з малюнкам, дакумента №131, у тэчках не аказалася. І калі  Паліна стала распытваць, архівісткі ўсчалі гвалт і абвінавацілі ў прапажы памерлага Арціка, які, вядома, ужо ніяк не меў магчымасці апраўдацца. Але Паліна дакладна ведала – Артур, які заўсёды так горача адстойваў прынцып навуковай этыкі, не мог гэтага зрабіць.

Над бутафорскімі антычнымі развалінамі луналі купідончыкі, ружовыя, з круглымі азадкамі і гэткімі ж круглымі шчочкамі. Прысутныя перадавалі з рук у рукі партрэт Вінцэся Рашчынскага, адзіны, які змагла знайсці Паліна. Партрэт быў намаляваны ў Парыжы мастаком невядомым, але прагрэсіўных імпрэсіяністычных паглядаў, які б ніколі не даў згоду распісваць шырмы ружовымі купідончыкамі. Аблічча вымалёўвалася з каляровых пісягоў. Але імпрэсіяністу ўдалося перадаць асаблівы выраз твару: быццам чалавек нешта пакутліва ўспамінае, і боль успамінаў для яго – адзіная рэальнасць. І было нешта трагічнае ў несупадзенні  яркіх колеравых спалучэнняў  і  сумотнага аблічча чалавека.

— Гэта Вінцэсь Рашчынскі  пасля паразы паўстання,– патлумачыла Паліна.— Мала каму ўдалося тады ўцячы —  яму пашанцавала. Вядома, вясёлага мала – сябры забітыя, павешаныя, сасланыя… Маёнтак  патрапіў пад апеку казны. Толькі  праз трыццаць год  Рашчынскі атрымае дараванне ад уладаў і зможа вярнуцца дадому.

— Паўстанне Каліноўскага…–  задумліва прамовіў Сымон Пятровіч, круцячы ў руках рэпрадукцыю.—Калісьці я зачытваўся раманам “Каласы пад сярпом тваім” Уладзіміра Караткевіча, у рэйды з сабой браў. І вельмі засмучаўся, што  няма працягу – усё перарываецца на падыходзе да паўстання.

— А я чуў, што працяг нібыта быў,— сумна прагаварыў Валянцін.– Нібыта скралі працяг…

А Паліна на ўсе вочы глядзела на былога падводніка, які раптам  выявіўся прыхільнікам Караткевіча   і “гатовым беларускім мужчынам”. Гэта ж трэба! Нават маці сваю Паліна не магла пераканаць, каб гаварыла па-беларуску. “Позна мне перавучвацца”,– казала тая, ды і ўсё. Сустрэць у іхнім горадзе чалавека, які валодае роднай мовай – усё роўна што земляка на чужыне.

— Наконт скрадзенага працягу, можа, і  праўда… Але мне па-інакшаму ўяўляецца, — працягваў Сымон Пятровіч. —  Мінулым летам я сваіх скаўтаў у паход вадзіў, па Віленшчыне, якраз наведалі па дарозе музей у  Кушлянах… Дык там расказваў нам адзін дзядзька, што падчас паўстання на Беларусі было рэпрэсавана сто тысяч шляхецкіх сем’яў. Гэта  ж – цэлая праслойка грамадства! Лепшая, адукаваная… Яшчэ колькі гадоў – і з’явілася б пакаленне, якое магло збудаваць нацыянальную дзяржаву. І ніхто б яе ўжо  не знішчыў. А так  — нават памяці няма. Можа, і  мае продкі мелі дачыненне да таго паўстання?  Не ведаю. Быў жа прадзед лапцюжным, але шляхцюком.  І Караткевіч сам прызнаецца, як цяжка яму пісаць працяг, бо яго героі не могуць  перамагчы.

— Ты скаўтаў у паход водзіш? – здзівілася Марыя Апанасаўна, вычуўшы тое, што самой было цікава. – Вось не ведала…

— Ну, не толькі скаўтаў… — патлумачыў былы падводнік.—Экстрэмалаў розных таксама.

— Напэўна, на байдарках? Ці на плытах? – здагадалася Паліна.

Але ў штурмана толькі неяк дзіўна змяніўся смуглявы твар.

— Не, спадарыня. Водны турызм мяне не вабіць.

Марыя Апанасаўна зноў завалодала выявай Рашчынскага.

— А ён прыгожы быў, калі б яшчэ нармальна намалявалі… Напэўна, карыстаўся поспехам у жанчын.

Паліна задумалася.

— Ды нешта не памятаю пра яго рамантычных гісторый… Ён і жанаты не быў.

— Значыць, рамантычная гісторыя мелася,– нечакана змрочна прагаварыў Сымон Пятровіч.—  Пераможаны мужчына – якая жанчына падзеліць з такім лёс? Ды яшчэ маёнтак забралі… Вядома, нейкая красуня дадала горычы ў жыццё вашага… Рашчынскага. Прабачце, вядома, шаноўныя спадарыні, за нягжэчнасць, але жанчыны не любяць тых, каго яны лічаць няўдачнікамі.

— Чаму вы такога меркавання пра  жанчын?—не змаўчала Паліна.– Многія шляхцянкі ішлі за сваймі мужамі на катаргу, многія выходзілі замуж за зняволеных.

— За героем на катаргу – гэта рамантычна… — не здаваўся штурман. — А вось з няўдачнікам  — нецікава.— прагучала так сумна, што Паліна здагадалася  — асабістае, няйначай. Сымон Пятровіч пацвердзіў.

— Не прымайце мяне за старога  звягу. Лічыць сябе няўдачнікам – дыягназ. Для гэтага не абавязкова сапраўды пацярпець вялікія страты. Я на такую хваробу, між  іншым, не хварэю. А вось калі мяне звольнілі з флоту, а на Беларусі, зразумела, такіх спецыялістаў, як я, не патрэбна, жонка ад мяне  адразу адвярнулася. Я яе не вінавачу – сапраўды, які з мяне муж. Яна натура тонкая, перакладчыца. А я вечна ў рэйдах, ды яшчэ і трантаў дамоў не прывозіў, як звычайныя маракі загранкі – у нас жа сакрэтныя заданні, ваенная таямніца. А  на марскім дне супермаркетаў не будуюць.

— Калі жанчыне не хапае рэчаў – гэта толькі наступства,– павучальна прагаварыла пана Марыя. – Гэта значыць, што насамрэч жанчыне  не хапае кахання!

— Ну так, кахання…– Сымон Пятровіч засмяяўся дзіўным хрыплым смехам.—Каханне яна атрымала. Ад таленавітага і грашавітага.  Праўда, калі я сыйшоў з поўнай торбай непрамоўленых крыўдаў і пажаданнем шчасця – той … таленавіты …знік.

Сымон Пятровіч расказваў  нават з іроніяй. Але тут  усхваляваўся Валянцін.

—  І няўдачніку можа пашанцаваць на каханне! Я таксама… З уласнага вопыту… — Валянцін  трохі павагаўся, але ў кожнага настае час выгаварыцца. –Я  ж тут вучыўся, скончыў тэатральна-мастацкі інстытут. Зладзілі мы першую выставу нашай суполкі – сабраліся  маладыя скульптары, мастакі… Ды яшчэ дзе зладзілі – аж у “чарнільніцы”, на другім паверсе Палаца мастацтваў. Гонар! Гасцей назвалі на прэзентацыю. Прыйшоў я з гэтай выставы, пахадзіўшы дзень сярод выпадковых наведнікаў, наслухаўшыся іхніх каментараў… І як даў кулаком па глінянай балванцы, якую паўгода спрабаваў  ператварыць у сусветны шэдэўр…  І што вы думаеце – разбіў! Хоць ужо амаль зацвярдзела. Вось што значыць сапраўдная злосць!

— Ну і навошта? – іранічна прамовіў штурман.—Чым гліна правінавацілася?

— Гэта я не гліну. Гэта я свае спадзяванні – кулаком…– жорстка прагаварыў скульптар.– Не ўсім быць Радэнамі ці Азгурамі… Я забараніў  сабе думаць пра вялікае мастацтва. А тут якраз пачаўся  прыватны бізнэс. І мы з адным знаёмым зладзілі фірму… Ведаеце, якую? – Валянцін з горкай насмешкай абвёў прысутных вачыма .—Па вырабе надмагільных помнікаў. На любы густ. Гэта быў найвялікшы здзек, які я мог тады над сабой учыніць за бяздарнасць. Бачылі, можа, анёлкаў, што плачуць, захінаючы твар крыламі? “Память о тебе вечна, как наша любовь”. І назву для фірмы прыдумалі адпаведна “кічавую” – “Асфадэль”.

Сымон Пятровіч чамусьці ўсхваляваўся.

— Як, як твая фірма называлася?

— “Асфадэль” …—з прыкрасцю паўтарыў Валянцін.—Гэта лілеі такія. Лічацца кветкамі мёртвых. Я і сам тады быў… як мёртвы.

— Ну і нармальны бізнес,– прабурчэла Марыя Апанасаўна.—Напэўна, зараблялі някепска.

Валянцін няёмка паціснуў плячыма.

— Так… Заказаў давалі шмат. Добра хоць, за працай не ставала часу надта задумвацца над сэнсам жыцця. Кватэру набыў, пасля яшчэ адну – пад майстэрню. Усё жыццё па інтэрнатах – дык тут “адцягнуўся”. Ну і скончылася вядома чым. Фірма прагарэла, як сухая лапушына. Які з мяне бізнесмен – я мог толькі ляпіць ды высякаць. А напарнік,  аказваецца, пачаў пашыраць бізнес – перапрадаваў кватэры, яшчэ нешта там… Карацей, паставілі нас на “лічыльнік”. Ды не “нас”,  а мяне – “сябрук” мой уцёк, а ўсе дакументы аказаліся на маё імя. Прадаў кватэру адну… Тады другую… Збыў машыну, урэшце, усё, што меў…  І ўсё адно доўгу заставалася –  дваццаць пяць “кавалкаў”. Мяне везлі забіваць. І тут з’явілася  яна… Дзяўчына, на якую я асаблівай увагі не звяртаў. Нават пакрыўдзіў, адпрэчыўшы ейную ўвагу да маёй каштоўнай персоны. І вось яна выкупіла мяне, няўдачніка, аддаўшы ў заклад сваю маёмасць і самую сябе… І мяне ёй прадалі ў пажыццёвае карыстанне.

— Як гэта? – здзівілася Паліна.

— А так…– з весялосцю адчаю патлумачыў Валянцін.—У прамым сэнсе. Дзіна паступова выплочвае мой доўг з працэнтамі. Я дапамагаю зарабіць грошы, працую ў ейнай фірме. Умова такая: калі я сыду – Дзіна адкажа сваім жыццём.

Нейкі час усе прыгаломшана маўчалі. Сымон Пятровіч, аднак, не выявіў асаблівага ўзрушэння.

— Чаму ты лічыш сябе няўдачнікам, не разумею? У цябе ёсць жанчына, якая цябе кахае,  і якую ты, прынамсі, паважаеш. Кім  ты працуеш у ейнай фірме? Вартаўніком? Прыбіральшчыкам?

Валянцін  зацята ўскінуў галаву – пытанне прагучала жорстка.

— Я ўмею ляпіць.

— …І займаешся любімай працай,– падрахункаваў  падводнік.—Ты – шчаслівы чалавек.

Паліна  падазрона  разглядала суразмоўцаў. Высокі, няўклюдны скульптар са светлымі валасамі, перацягнутымі матузком, і смуглявы, жылаваты штурман, з абліччам як у каскадзёра ці воя – вунь колькі старых шнараў на твары, на руках – такія розныя!  І  пры тым абодва — тыповыя няшчасныя беларускія мужчыны. Відаць, Марыя Апанасаўна падумала тое самае, паколькі скептычна паглядзела на аднаго, на другога і моўчкі пахітала галавой у адказ нейкім сваім думкам.

Паліна здагадалася – канчаткова збракавала ў якасці магчымых зяцёў. Не, у маці гэта ўжо нейкая манія… Хутка пачне прыглядацца да грузчыкаў у хлебнай краме, да ахоўнікаў суседняй з іхнім домам базы агародніны.

Трэба было вяртаць размову да гістарычнай тэмы.

— І ўсё ж такі – пра што хацеў пакінуць  звесткі Вінцэсь Рашчынскі?

— Можа быць, нейкае патаемнае сховішча паўстанцаў? —  спытаў Сымон Пятровіч.

— Ды не,– запярэчыла Паліна.—Надмагілле будавалася ў дзевяностых гадах, калі Рашчынскі вярнуўся на радзіму. Ды якая розніца! Не ведаю, што схаваў Рашчынскі — каштоўнасці, дакументы, або  там, у апошняй кропцы, забытая магіла нейкага героя – мне ўсё роўна. Мы проста абавязаны гэта знайсці! Гэта наша гісторыя! Ліст да нашчадкаў, які з-за нашай няўвагі можа не дайсці больш ніколі ні да кога! Вы як хочаце, а я гэтую справу не пакіну.

— І дысертацыя атрымаецца  сенсацыйная! —  задаволена падтрымала на свой капыл Марыя Апанасаўна.— І ў газетах напішуць!

Паліна  ўпёрлася строгім паглядам у Валянціна:

— І  не ўздумайце мяне адгаворваць – я ўсё роўна  прайду гэты шлях да канца!

Валянцін з дакорам зірнуў на Паліну.

— Вас адгаворыш… Добра, магу з’ездзіць у  Гарнушкі… У хаце бабулінай чужыя людзі цяперака. Але да дзядзькі майго можна завітаць. Ён і так зазлаваў на мяне, мусіць, што даўно не прыязджаю. Толькі  не ведаю, як Дзіна да гэтага паставіцца.

Сапраўды, “уладальніца”… Паліне зрабілася чамусьці вельмі прыкра. І страшэнна шкада гэтага няўклюду – ён не выглядаў шчаслівым у статусе маёмасці. Успомніла, як сіратліва сядзеў ён у арцы віленскай вулкі, пакуль закаханая жанчына прадавала ягоныя творы… Але ж хіба не вартая здзіўлення  і тая Дзіна! А ці змагла б яна, Паліна, так вось ахвяраваць усім дзеля чалавека, які нічым з табой не звязаны? Паставіць сваё жыццё ў залежнасць ад яго? Гэта ж як трэба кахаць…

Але Паліна аніяк не ўдавалася выклікаць у сабе добрыя пачуцці да гандляркі са светлымі косамі.

За дзвярыма пакойчыка між тым сціхлі галасы, затое пачуўся “трубны глас” – па мегафоне артыстаў запрашалі на рэпетыцыю. Гэта азначала, што ўсе работнікі тэатра “Капялюшык” мелі зараз свой клопат.

Калі госці былі ўжо ў дзвярах, Сымон Пятровіч ветліва прамовіў:

—  Прабачце, Валянцін, вы не маглі б затрымацца? Мне трэба вам тое-сёе сказаць.

Паліна і Марыя Апанасаўна разгублена глядзелі  на  зачыненыя перад імі дзверы, у якіх паварочваўся ключ.

— Ну і Бог з імі, пайшлі… Няхай паразмаўляюць.—зазначыла  Палініна маці. Аднак не паспелі яны адысціся ў канец калідора, як у пакойчыку  штурмана пачуўся страшэнны грукат, нешта падала, разбівалася…

— Ды што яны, звар’яцелі, ці што?!!

Марыя Апанасаўна стукала ў дзверы, за якімі не сціхала баталія.

— Сымон, ты здурнеў? Што ты там робіш?

З усіх дзвярэй паказваліся цікаўныя твары.  Нарэшце шум у пакойчыку сціх, яго дзверы расчыніліся, упусціўшы  пераляканых кабет.

Дэкарацыя з антычнымі развалінамі, пашкаматаная,  быццам пабывала ў зубах цмока, ляжала на падлозе, а пад ёй, накрыты размаляваным палотнішчам, нехта адчайна варушыўся, як хрушч пад насоўкай. Паколькі Сымон Пятровіч у ваяўнічай паставе  стаяў ля сценкі з бутафорскай зброяй, варушыўся няйнакш небарака скульптар.

— Я тры гады чакаў, каб  гэта зрабіць,—штурман  цадзіў словы скрозь сціснутыя зубы, і Паліне чамусьці захацелася апынуцца як падалей адсюль.

З дзіркі ў дэкарацыі паказалася рука, потым прасунулася галава. Вока Валянціна патроху заплывала сінім.

— Паслухайце… Гэта памылка. У мяне з вашай жонкай нічога не было.

— Гэта ў цябе з ёй нічога не было,– прагаварыў Сымон Пятровіч.—А ў яе з табой – было ўсё. Вядома, ты ноч правёў – і забыўся. Табе што, самадаек не хапала?

Паліна схаладнела… Не можа быць! Няўжо ён, няўклюда і летуценнік, такі?..

— Ды кажу  вам: не ведаю ніякай Святланы… І ў рэстаране “Папараць –кветка” адзіны раз у жыцці быў – калі адзначалі абарону дыпломаў.

Новы майстэрскі ўдар у сківіцу змусіў Валянціна, які толькі што няўпэўнена ўзняўся  на ногі, зноў паляцець на падлогу.

—  Сымон, прыйдзі да розуму!— Марыя Апанасаўна гатовая была таксама даць волі рукам. – За што ты так яго?

— А вы ў гэтага генія могілкавага спытайце… Ты хоць ведаеш, што яна кожны дзень цябе чакала?  — зноў звярнуўся штурман да скульптара.— Запальнічку тваю, у выглядзе пісталету, да сэрца туліла…Таксама мне каўбой! Ды я сам быў гатовы цябе расшукаць і за ручку да яе прывесці!  І я ніколі не бачыў яе такой шчаслівай, як у тыя моманты, калі яна верыла, што ты вось-вось прыедзеш. Асабліва ў псіхушцы, у апошнія дні.

— У мяне ніколі не было запальнічак. Я не куру! – гнеўна прагаварыў Валянцін, больш-менш цвёрда ўстаўшы на ногі.—Хаця… У сябрука майго, з якім мы фірму зладзілі, мелася такая запальнічка, памятаю.

Сымон Пятровіч крыху разгубіўся.

— У Святланы візітка была – Валянцін з фірмы “Асфадэль”. Выходзіць – ты. Я цябе шукаў, але фірма ваша ўжо знікла, і дзе ты, ніхто не ведаў.

Валянцін сумна ўсміхнуўся.

— Ну, зразумела… Сябрука  майго таксама Валянцінам звалі. Можаце праверыць. Ён – Валянцін Сцяпко, я – Валянцін Чарапавіцкі. Здаралася, ён называўся маім прозвішчам  — у непрыемных сітуацыях.

Сымон Пятровіч недаверліва глядзеў на ворага. Валянцін выцер кроў з носу Палінінай насоўкай  і прамовіў ціха і сур’ёзна.

—  Слова гонару, я не ведаў вашай жонкі.

Сымон Пятровіч нейкі час памаўчаў, потым панурыўся і прамовіў:

— Веру… Прабач. Твой сябра зноў цябе падставіў. Ён які, дарэчы, з выгляду?

— Ну… Ніжэйшы за мяне. Кароткая стрыжка. Цёмны…

— Вось-вось… І Святлана гаварыла пра чарнявага. Падобны, маўляў, да Андрыяна Чэлентана. А ты, гляджу – бялявы… Думаў, пафарбаваўся, гад.

— Збіў чалавека ні за што! – абуралася Марыя Апанасаўна.

Штурман стамлёна сеў на канапу, загаварыў нібыта сам сабе:

— Яна не мела фліртаў… У яе заўсёды ўсё было вельмі сур’ёзна. Яе мужчына мусіць быць героем. Я яе расчараваў – замест  таго, каб стаць якім адміралам, апынуўся беспрацоўным, ды яшчэ ўпарта адхіляў прапановы з другіх краінаў. Ну не хачу я з’язджаць адсюль! Нават дзеля залатых палацаў. А тут гэты… геній з рэстарану… Ах, Мікелянджэла, ах, Эрнст Неізвестны… Ад бяссоння ўсё жыццё пакутвала. Такая прыгожая… мройлівая… Сабе не магла дараваць, што яе першая і апошняя здрада была… так, пошлым  фліртам. І я ёй усё расказваў казкі – што ейны Валянцін з’ехаў з выставай у Амерыку, што яго выклікалі ў Індыю… Яна ўжо не магла праверыць. – голас Сымона Пятровіча задрыжэў.—І я аднаму радаваўся – што над ейнай магілай не стаіць помнік  вашай фірмы.

Сымон Пятровіч кінуў пагляд на збіты твар скульптара і пачырванеў.

— Што ж, я цяпер твой даўжнік. Калі хочаш, можаш даць здачы… Не? Ну, тады хіба дапамагу ў вашых вар’яцкіх росшуках. Не ведаю, што вы там збіраецеся знайсці  — золата, дыяменты або матэрыял для дысертацыі –  я ў вашай волі. Толькі загадзя дамовімся – у дзялёжцы не ўдзельнічаю. Не хачу, калі што, увязвацца ў быдлячую справу шкамутання тлустага кавалка.

На сцэне ішло сваё жыццё. Нехта адбіваў нястомнымі нагамі рытм пад вясёлую мелодыю  – тэатр “Капялюшык” спецыялізаваўся на аперэтках ды мюзіклах, любімых жанрах міжчасся. Прывіды будынка затаіліся па кутах, адпускаючы жывое – на волю. Валянцін і Паліна, якія ад прыкрага інцыдэнту не перамовіліся ні словам, выйшлі за цяжкія дзверы — нібыта з-за цемры кулісаў патрапілі на ярка асветленую сцэну. Амаль летняе сонца ўдарыла ў вочы падобна сафітам.

— Што яна з табой зрабіла? —  дзікі крык злева змусіў і без  таго знервананую Паліну літаральна падскочыць. Да скульптара падбягала Дзіна, на гэты раз – у беленькім джынсавым касцюмчыку. Ненавісны пагляд, кінуты ёю на Паліну, быў вастрэйшы ад касінерскага ляза. Гэтага Паліна ўжо не магла вытрываць, і шпаркім крокам рушыла  прэч, пакінуўшы за спіной  апраўданні Валянціна пра тое, што не варта перажываць, што ён проста ўпаў на дэкарацыі…

 

10

Жаўнер зрабіў крок, спатыкнуўся і ўпаў, нязграбна падкурчыўшы пад сябе руку – быццам нехта нацягнуў перад ім нябачны дрот.

Сіняя фуражка з  прабітай цэшкай  упала побач, на чорную адліжную зямлю, нібыта таксама жывая істота, пазбаўленая чужой злой воляй жыцця.

Вінцэсь агаломшана глядзеў паўзверх стрэльбы, страціўшы на нейкі час здольнасць успрымаць гукі, дотыкі, вобразы…

Калі  Варшава пачала паўстанне  — гэта было, як зімовыя грымоты. Польскі камітэт апраўдваўся – не выпадала чакаць, выйшаў загад рускага цара забіраць у рэкруты студэнтаў, гэта значыць – лепшую моладзь. Хіба пакінуць маладых гінуць па лясах у безнадзейным змаганні?

Але неабходнасць не робіць цудаў. Вінцэсь ведаў, што яны на Беларусі яшчэ не падрыхтаваныя, як след, каб ісці супраць магутнай імперыі. Але немагчыма пачынаць  бойку без веры ў перамогу — і ён верыў… Былі ж у гісторыі прыклады, калі  невялікая купка апантаных  мяняла лёсы краін. Гарыбальдзі  вёў  за сабой тысячу чырвонакашульнікаў – і сёння Італія паўстае з друзу,  стаптанага ботамі аўстрыякаў.

Атрад Вінцэся – сотня чалавек.  Шляхціцы, мяшчане, сяляне… У дваццаць два гады ўзяць на сябе адказнасць за жыццё сотні чалавек…

Што ж, ён малады. Але  са смерцю бацькі стаў старэйшым і адзіным у родзе. І да апошняга часу па-ранейшаму кожную раніцу плаваў у палонцы – як калісьці прывучыў пан  Антось.  Вінцэсь ведаў, што здолее зрабіць з сабой усё  — што будзе вымагаць гонар. Цела і душа не здрадзяць, як не здраджвае добра падрыхтаваная, прыстраляная  зброя.

Можа быць, таму Вінцэсю верылі. У яго атрадзе – чатыры дзесяткі гарнушкаўцаў. Сярод  іх – тыя, хто вучыўся ў  гарнушкаўскай школе, каго пасылалі  ў вучэльні і інстытуты на грошы Рашчынскіх. Фельчар, вясковы настаўнік, ляснічы, каваль…

Як  заўсёды, наперад усіх сустрэць смяротную небяспеку выходзяць самыя лепшыя,  разумныя, сумленныя…І гінуць.

Калі  з пакалення ў пакаленне адбываецца такі пачварны адбор – хіба дзіва, што беларусы ўсё больш заслугоўваюць  славу пакорлівага, цярплівага, зацятага, як балота, народу?

Першая бойка… Пакуль яшчэ няма горычы стратаў,  няма сапраўднай нянавісці.  Сцяг, вышываны любымі дзявочымі рукамі, ззяе барвай, золатам і беллю.

І першы забіты Вінцэсем чалавек ляжыць на чужой яму, чорнай зямлі.

Вінцэся прывёў да прытомнасці стогн побач – Марка Рагманаў!  Гэта ж яго ледзь не застрэліў чалавек у сіняй фуражцы. Вінцэсь дапамог Марку прыўзняцца… Дзякуй Богу, жывы – куля толькі драпанула па галаве. А каб забіла… Як тады глядзець у вочы Вальжыне? Да Вінцэся падбягалі  інсургенты – вясёлыя, нібы пасля ўдалага палявання. Атрад жаўнераў быў невялікі, і, відаць, чужынцы не чакалі ўзброенага супраціву.

—  Разбегліся, як кураняты…–  Стась Людвісар               расплываўся ва ўсмешцы, аддана гледзячы на камандзіра. І гэты можа загінуць …

Вінцэсю раптам стала страшна. Як тады, калі ехаў праз Маскалёў лес і  чакаў атручанай стралы ў грудзі. Яго вусны шапталі:

— Гэта яшчэ не перамога… Не перамога… Першы крок на сцяжыну смерці.

Але належала прагнаць ганебную  слабасць, пакуль ніхто не заўважыў.

У маёнтку Рагманавых зладзілі лазарэт для параненых. З аднаго боку  – лес, з другога — поле. Прыслугі – тры чалавекі: ахмістрыня Казіміра ды конюх з жонкай-пакаёўкай. Усе — амаль што сямейнікі. Месца спакойнае, аддаленае. Пан Рагманаў быў дзесьці пад Гародняй, там, дзе і Юзаф —  а Юзафу, як ваеннаму інжынеру, даручылі камандаваць штабам паўстанцаў. Вінцэсь ведаў, што сябра згаджаўся на гэта не без ваганняў – але так палка любіў сваю Айчыну!

Стась Людвісар падбег да Вінцэся.

— Хрысціна паведаміла, што будзе чакаць мяне на паштовай станцыі. Прывязе  грошы.  Заўтра на досвітку мушу ехаць.

Вінцэсь спахмурнеў.

— Не варта было б ублытваць паненку. Як  пан Людвісар?

Станіслаў упарта закусіў губу.

— Вядома, угневаны. Хоча, каб я вярнуўся дадому. Ніколі!

Вінцэсь уздыхнуў.  Спадзевы на тое, што дзякуючы сынаву энтузіязму, магнат Людвісар адкрыта стане на бок паўстання, не спраўджваліся. Венецыянскія каналы пад беларускімі соснамі  страцілі б дасканаласць без песень прыгонных мужычкоў.  А мужык, узброены штуцэрам, наўрад ці стане ламаць язык “Санта-Лючыяй”, а запяе роднае  “У нядзельку параненьку”, ды й пераблытае свайго ды чужога пана. Але Людвісар не жадаў і станавіцца на бок імперыі, што пазбавіла яго продкаў і яго самога былой улады. Людвісараўскія грошы сілкавалі змаганне. Вінцэсь не любіў выслоўе пра тое, што грошы – цягліцы вайны, але ведаў, што без іх паўстанне захлынецца. Косамі супраць штуцэраў нядоўга паваюеш.

У гасцёўні віравалі людзі. Грукатала зброя, якую належала падрыхтаваць да наступнай бойкі. З апачывальні  чуўся стогн параненага ў нагу каваля. Вінцэсь адшукаў вачыма  знаёмую постаць у чорнай сукенцы. Вальжына, якая сядзела ў фатэлі ля вакна і нешта хутка шыла, прыўзняла галаву з акуратна ўкладзенымі каронай чорнымі косамі і ўсміхнулася госцю. За  гэтую ўсмешку Вінцэсь гатовы быў памерці… А забіць?..

Уваччу ізноў паўстаў жаўнер, які валіцца на зямлю… Зусім малады… Не старэйшы за Вінцэся…

Вальжына асцярожна зняла з каленяў працу – гэта быў  паўстанцкі мундзір, шэры, з чорнымі галунамі, узнялася, падыйшла, клапатліва зазірнула ў твар.

—  Што з вамі? Вы падумалі зараз пра нешта страшнае…

Вінцэсь удзячна ўсміхнуўся.

— Гэта ўсяго толькі мае мроі… Прабачце.

Вальжына глядзела вельмі сур’ёзна, з увагай. І Вінцэсь быў такі шчаслівы, што яна гэткім чынам да яго ставіцца, што мімаволі паддаўся спакусе прадоўжыць гаворку і, можа быць, скінуць з душы хоць частку цяжару.

Яны сядзелі на верандзе, адзіным месцы ў доме, дзе можна было адасобіцца. Вінцэсь накінуў  на плечы дзяўчыне, каб не змерзла, ваўчынае футра. Неба шарэла, нібыта набрынялая вадой воўна, і першыя вечаровыя цені ўжо запляталі шчыльнай павутой куты.

— У Санкт-Пецярбурзе я шмат  разважаў і думаў пра смерць.   Разумееце, у кожнага філосафа свая канцэпцыя гэтае з’явы. Я хрысціянін, і, вядома, успрымаю смерць пераходам з аднаго стану ў другі, вызваленнем душы ад цялеснае абалонкі і гэтак далей. Але наколькі ўладны чалавек над жыццём  і смерцю сябе самога і іншых? Калі  вайскаводца  пасылае на гібель тысячы жаўнераў, і ўсё дзеля таго, каб падарыць сваёй краіне кавалачак чужой неўрадлівай зямлі – хіба вайскаводца не забойца? А між тым яго ўслаўляюць, як героя. Арыстоцель  казаў, што калі  нехта ўчыніць несправядліва, не  ўсведамляючы гэтага, ён не парушальнік справядлівасці, а няшчасны. Вальжына, мне зараз здаецца, што мы ўсе – такія няшчасныя. Якое права маем я ці нехта іншы пераразаць нітку чужога лёсу? Хіба мы ведаем, што знікае разам з кожнай заўчаснай смерцю? Якія мэты Творцы не будуць дасягнутыя з-за таго, што нехта не пражыў столькі, колькі яму належала?

— Вам не здаецца, што вашы разважанні блюзнерскія? –  мякка  запярэчыла Вальжына. – Хіба не ўсё ў руцэ Божай? Без Ягонае волі волас не ўпадзе з галавы.

— Чалавек парушае волю свайго Стваральніка.  Ён забівае.

Вальжына ласкава паклала далонь на руку Вінцэся. Гэта было так нечакана і цудоўна, што ён увесь задрыжэў… А для яе… для яе  гэта быў проста жэст спачування.

— Вінцэсь, што здарылася? Што змусіла вас да вашых сумных разважанняў?

Ад яе ціхага голасу хацелася плакаць.

— Я… забіў чалавека.

Вальжына памаўчала.

— Я магу  здагадвацца, як гэта цяжка. Але…

— Але так не павінна быць для мяне! – раптам горача загаварыў  Вінцэсь, адкінуўшы асцярожлівасць .—Я лічыў сябе  падрыхтаваным. Бацька не  хацеў  — але я ўпотайкі вучыўся страляць. І ездзіў на паляванне з нашым лесніком, і  забіваў сам-насам медзвядзёў і ваўкоў. Я перажыў страх уласнай блізкай смерці.  Перажыў смерць бацькі. І… тое, што горш за смерць. Але пра гэта згадваць не варта. І вось – мяне трасе, і я гатовы быць забітым – абы больш не забіваць. Скажыце,  што я баязлівец, Вальжына! Я – нікчэмнасць. І будзе праўда, калі вы гэта скажаце!

Дзяўчына ўзнялася і прайшлася па верандзе. Белыя фіранкі зрабіліся сінімі ў прыцемку. Але Вінцэсю здавалася, што ён выслізнуў з часу, быццам кубак з няспрытных дзіцячых рук, і зараз давядзецца падбіраць аскалёпкі.

Вальжына зноў прысела каля яго, і хлопец не пабачыў насмешкі ў вялікіх цёмных вачах.

— Вы проста  чалавек з чуйнай душой, добры і  сумленны. Не трэба думаць, што забіваць – лёгка, і што вялікія ваяры  нават  у самай першай бойцы асуджалі на смерць сабе падобных, нібы свечкі ламалі. Мужчыны любяць  выхваляцца сваёй жорсткасцю. Насамрэч вы – такія  ж датклівыя  істоты, як і кабеты. Гэта нармальна  — тое, што вы цяпер адчуваеце. І я ўпэўнена, што калі будзе неабходна – вы зробіце ўсё, як належыць вою  і мужчыне. Адзін мой знаёмы… вялікі вой … расказваў, што свайго… першага… перажываў гэтак жа, як вы.

Вінцэся перапаўняла ўдзячнасць і  шкадоба. І  ён схапіў  вузенькую далоньку дзяўчыны і прыпаў да яе вуснамі, гарачымі, як апошняя надзея… Пацалаваў вышэй, запясце…І адчуў, што  Вальжына адхіснулася. Яна глядзела  са здзіўленнем і дакорам.

—  Вінцэсь! Вы заўсёды былі вельмі далікатным, выхаваным хлопчыкам. Не варта цяпер…

Ён перабіў.

— Я не ранейшы хлопчык, Вальжына! Я даўно вырас. Прайшло шмат гадоў ад тых часоў, калі мы гулялі ў яшчара і скакалі ў адрыне ў сена. І  цяпер, калі смерць узяла нас у свой карагод, я хачу вам сказаць…

Вальжына ўзнялася, нібыта спалоханая птушка.

—  Мне час ісці. Марку, магчыма, пагоршала…

Але Вінцэсю было ўжо ўсё роўна – наколькі ён далёка пяройдзе  за мяжу згаданай выхаванасці. Ён затрымаў Вальжыну за руку.

— Выслухайце мяне… Хто ведае, можа, гэта апошняя магчымасць? Тая шкляная жабка … Вы, напэўна, здагадаліся – яе прынёс я. Я прынёс бы вам  і сэрца цмока,  калі б вы таго зажадалі. І дастаў бы ўласнае сэрца, калі б гэта  дало вам задавальненне. Паслухайце… Я скажу вам сваю ганьбу. Я прыходзіў з той няшчаснай жабкай уночы на Васіліска, у салаўіны чацвер. Я быў у садзе, калі… калі вы былі не адна. Прабачце мяне – гэта атрымалася выпадкова.

Дзяўчына рэзка адхіснулася ад Вінцэся і закрыла твар рукамі. У шкло веранды ўдарылі цяжкія кроплі адліжнага дажджу.

Вінцэсь  стаяў, апусціўшы галаву.  Ён разумеў, што ўсё для яго скончана, і адчуваў дзіўную пустэчу ўнутры – і нават палёгку ад гэтай пустэчы.

—  Так, даравання прасіць бескарысна. Проста ведайце – я не менш чым вы пагарджаю сваім учынкам, няхай і ненаўмысным. Але я ніколі не адмоўлюся ад… ад таго, што вы падарылі мне.

Дзяўчына недаўменна зірнула на Вінцэся. Той цвёрда сустрэў яе пагляд.

— Вы падарылі мне, не ведаючы самі,  і, вядома, не жадаючы, найвялікшае шчасце, якое можа быць дадзена на зямлі…— і раптам невясёла ўсміхнуўся.— Ну трэба  ж…У самыя важныя моманты  жыцця чалавеку ўласціва выказвацца патэтычнымі  мёртвымі  словамі. Ці гэта я адзін такі недарэка?

Відаць, яму не ўдалося схаваць сваю пакуту. Вальжына ўважліва паглядзела на яго, раптам  куточкі яе вуснаў уздрыгнулі, і  яна прытулілася ілбом да пляча Вінцэся.

— Бедны…

Хлопец, баючыся варухнуцца і спудзіць раптоўную ласку, нават дыханне стаіў, асцярожна, лёгка-лёгка крануў рукой чорныя  валасы… Якая яна маленькая… Яму  да падбароддзя. А ён жа так доўга быў ніжэй, і глядзеў на яе знізу ўверх – як на каралеўну!

Дзесьці чуліся ўстрывожаныя  галасы, стук капытоў аб   скаваную начным марозам  зямлю. Грукала брама, брахалі сабакі… Вінцэсь не заўважаў нічога.

Потым цені кінуліся некуды ўверх, у расчыненыя дзверы веранды ўварвалася з пакоя святло. У праёме вырасла дзіўная застрашлівая постаць  —  ростам пад  бэльку, вывернуты кажух, чорныя калматыя  валасы і барада, і – глыбокі шнар праз увесь твар.

Вальжына павярнула галаву…

Вінцэсь ледзь не паваліўся – так моцна яна яго адштурхнула, каб з крыкам упасці ў абдоймы  госця.

Вінцэсь нязграбна  прыціскаў да сябе ваўчынае футра, скінутае з плеч Вальжыны. Хлопец зноў чуў тое, што не прызначалася для чужых вушэй. Але цяпер гэта не магло прайсці для яго беспакаранна. Вочы Ваўкалака глядзелі паўзверх галавы дзяўчыны, што плакала на яго грудзях, халодным гневам. А з-за пляча Ваўкалака выглядаў чалавек у магерцы, і ўсмешка ягоная была грэблівай і ненавіснай.

Зоры не маглі вызірнуць  з-за чорных, цяжкіх, як зямля, хмараў, таму не відно было нават, дзе канчаецца лес і пачынаецца неба.

Мужчыны стаялі ля весніцаў, і іх маўчанне было такім жа цяжкім, як адліжныя хмары.

— Мартын,  клянуся, калі б я ведаў, што ты жывы – зрабіў бы ўсё, каб вызваліць. Нават калі б для гэтага спатрэбілася напасці на пастарунак.

— Гэта зрабілі за цябе іншыя,– голас Ваўкалака гучаў спакойна, але ў ім было столькі ж цеплыні, як у начным паветры.

— Але Вальжына паказвала кулю…

—  Прайшла навылёт, праз шыю. Я жывучы.

Вінцэсь ледзь  не плакаў ад гэтай неправядлівай халоднасці. А Мартын тым часам кінуў пытанне, як пальчатку.

—  Ты кахаеш яе?

Вінцэсь горда ўскінуў галаву.

— Кахаю.

— Вось як…– Ваўкалак варочаў словы, нібыта камяні.—Я заўсёды казаў, што яна мусіць сустрэць сваё шчасце. Не думаў толькі, што — вось такі  хлапчыска… Калі ты падманеш яе, будзеш мець справу са мною.

— Ёй патрэбны не я,– голас Вінцэся быў цвёрды. – Яна ніколі не кахала мяне. Я для яе толькі, як ты кажаш, хлапчыска. І калі  ты думаеш, што я з гэтае нагоды здольны ўтварыць гнюснасць, прыбраць шчаслівага суперніка – дык нам  застаецца толькі  схапіцца за шаблі. Будзе вельмі разумна. Калі ўлічыць, што збіраемся ісці ў смяротную бойку.

Мартын памаўчаў, потым  загаварыў па-іншаму, амаль як раней, падчас іхняга нядоўгага сяброўства.

— Я адчуваю сябе нягоднікам – што я магу ёй даць. Можа быць, найлепш для мяне было б сапраўды памерці.

— Можаш не верыць, але я рады, што ты жывы. І рады, што яна шчаслівая…

Мокры снег ударыў  Вінцэся ў твар, нібыта гнаў прэч, у бяспечнае месца.  Ваўкалак шчыльней захутаўся ў калматы кажух.

– Я веру табе. Ты — сын Антона Рашчынскага. Але ведай, што не ўсе да цябе добрыя. Прозвішча ваша  — гэта як кляйно, хлопец. Антось з-за гэтага напакутваўся. І табе давядзецца. Бо без мужыкоў мы  гэтую вайну не выйграем. Паны з Нацыянальнага камітэту, нават калі гэта і разумеюць, абяруць лепш паразу, чым мужыцкі бунт. Да таго ж ім мрояцца тут крэсы Польшчы, а не вольная Беларусь. Па тры  маргі зямлі  за падтрымку  інсургентаў –  лепш, чым нічога. Але ці чуў ты, што ўлады збіраюцца  заахвочваць сялянаў за дзеянні супраць паўстання? І павер, гэта будзе страшна – бо ўзнагарода возьмецца з маёмасці схопленага бунтаўшчыка. І больш, чым па тыя няшчасныя тры маргі!

Вінцэсь пахаладзеў. Так, гэта было б страшным ударам. Ягоныя сяляне вольныя, але ён усё яшчэ пан.

— Мартын! – з дому да іх бегла Вальжына. Ваўкалак памкнуўся насустрач, і Вінцэсь палічыў за лепшае застацца насамоце.

Але гэта не ўдалося. Проста з цемры  выплыў цёмны  сілуэт. Лясныя браты ўмелі ператварацца ў прывідаў.

—  Думаеш, выкруціўся?  — чалавек у магерцы ўсміхаўся сабе ў вусы – нібы звер паказваў іклы.— І  тады, хлапчанём, хацеў Ваўкалака забіць. І цяпер  — толькі прыкідваешся бязвінным. Але Брацтва Ваўка не падманеш!

Вецер зусім ашалеў і сыпаў халодныя кроплі,  нібы сейбіт зерне. Вінцэсь сціснуў зубы.

—  Такімі словамі не кідаюцца.

— А я не кідаюся словамі! – вочы суразмоўцы здаваліся ў  цемры дзвюма чорнымі мёртвымі прагаламі.—Думаеш, калі я – у кажусе, дык ніхто? Я – шляхціц! Я — Марцэл Алейшчык з Бароўні! Няхай падчас апошняга перапісу нас абылгалі,  перавялі ў аднадворцы – Алейшчыкі радавод вядуць ад  Алелькавічаў. Я гэта разумнікам з камісіі зброяй давёў. Каб не запазычыліся – мы б у маёнтку жылі, а не ў хаце на тры вакны!

—  Спачуваю, але я вас шляхецтва не пазбаўляў.

— Ты здраднік! З-за чорных вочак на душагубства пайшоў.

Кроў кінулася ў галаву хлопцу.

— Я не збіраюся выслухоўваць вашы паклёпы. Калі б мне не трэба было ў хуткім часе весці сваіх людзей у бойку, я змусіў бы вас адказаць за гэтыя словы. Але цяпер каштоўны кожны чалавек.

Марцэл здзекліва разрагатаўся.

— Каштоўны! Ты, вядома, каштоўны. Усіх  загубіш. Узяць хаця б  — што ў  тваім атрадзе робіць малы Людвісар са сваймі блішчастымі пазурамі? Думаеш, мы паверым, што яблычак гэтак далёка адкаціўся ад яблынькі, што і галінку сваю не пазнае?

Сапраўды, трэба было пераканаць Стася хаця б на час кінуць апекавацца над пазногцямі. Ну каму дакажаш, што гэта проста бяскрыўднае дзівацтва, а не магнацкая фанабэрыя?

Вінцэсь прыгледзеўся – з цемры з’яўляліся іншыя постаці. Яшчэ двое… З атраду Ваўкалака, ці не? Брацтва Ваўка – гэта не адзін атрад, гэта  магутная старажытная сіла, да якой звярталіся па справядлівасць, як да апошняга суда, якая паліла маёнткі, змушала вяртаць пазыкі і адмяняць акрутныя загады.

Людзі Брацтва проста стаялі і моўчкі глядзелі, але Вінцэсь адчуваў, як ад іх сыходзіць нянавісць, нібыта жар ад распаленага каменю.

І раптам яго шчаку апёк удар.

З пабітай фізіяноміяй атрадам не камандуюць.

Вінцэсь ведаў, што гэта – найвялікшае,  і, магчыма, апошняе глупства ў яго жыцці. Але двубой прызначылі на заўтра, як дастаткова развіднее. Яны пойдуць у лес, нібыта на вывед, і калі адзін з іх не вернецца, можна будзе сказаць пра сустрэчу з раз’ездам казакаў. Вусаты Марцэл з усяе  моцы намагаўся захоўваць  рытуал  —  ну як жа, ён быў высакароднай асобай. Права выбіраць зброю – у таго, хто абражаны. Вінцэсь скарыстаўся з  гэтага, каб прапанаваць шаблі: усё-ткі куля – гэта выпадковасць.  Але, убачыўшы пераможную ўсмешку Марцэла, падумаў – ці не памыліўся.

— І глядзі, паніч, каб ніхто з твайго атраду не ўведаў пра нашы справы. А скажаш Мартыну – ганьба табе. Ён  бацьку твайго любіў, і ты ў давер яму ўлез. Але мы табе не верым.

Мокрая цемрадзь паглынула постаці – яны не пайшлі ў  маёнтак, да агменю, нібыта холад, цемра і макрыня былі  іх  сапраўдным домам.

Божа літасцівы, якое дурноцце! Ён, камандзір атраду, камандзір людзей, якія даверыліся яму, рызыкуе сваім жыццём  з прычыны асабістай абразы! Хто заменіць яго ў атрадзе, у горшым –для Вінцэся – выраку?  Напэўна, ляснік, Янук Вараўня – ён не шляхціц, але  рарзважлівы і мужны,  і можа прымусіць слухаць сябе. А яшчэ ж трэба два секунданты… Да каго можна звярнуцца? Тут мала, каб чалавек быў адданы паўстанню – патрабуецца асабістая прыхільнасць да яго, Вінцэся.

Хлопец панура сядзеў у куце гасцёўні, прыхінуўшыся да сцяны. Вакол спалі на разасланых  проста на падлозе пярынах і коўдрах інсургенты – ложкаў і пакояў у маёнтку было няшмат. Полымя каміну адкідвала чырвонае дрыготкае святло  на спячых. На хвілю Вінцэсю зрабілася страшна –падалося, што ён бачыць поле пасля бойкі з мёртвымі целамі. Іх прышласць?..

І хутчэй прагнаў здрадлівую мрою.

Бадай што, можна даверыцца Міхасю Валевічу. Сын гарнушкаўскага дзяка, вучыўся ў Вільні на грошы пана Антося. Цяпер – настаўнік у гарнушкаўскай школе. Ён, вядома, не будзе ўхваляць, але зробіць, што Вінцэсь папросіць. І нічога, што ён не дваранін – Вінцэсь адпачатку сказаў сваім, што ў іх няма дваранаў і мужыкоў, ёсць паўстанцы і грамадзяне  будучай вольнай Беларусі. А вось хто другі? Марка Рагманаў, вядома, не. Зміцер Шчамлінскі  з упраўлення чыгункай? Разам вучыліся ў Пецярбургскім універсітэце, сын бацькавага сябра, шчыры, адважны… Таксама не, усхвалюецца, разгарачыцца, абудзіць у  іншых падазрэнні… Выходзіла, што акрым Стася Людвісара, няма да каго звярнуцца. Стасю, вядома, таксама не вераць. Яго ўдзел будзе выглядаць для тых падазрона… Але  Вінцэсь пакажа, што чужыя падазрэнні не прымусяць яго адвярнуцца ад чалавека. Няхай будзе Стась… Той пойдзе за Вінцэсем,  напэўна, нават у пекла. І дакараць не падумае, калі пачнуць пяты гарэць. Трэба паспець перагаварыць з ім,  пакуль не паехаў на сустрэчу з Хрысцінай.

Агонь дарыў пакою сваё дрыготкае святло – усё, што мог аддаць, набліжаючы сваю халодную смерць. Як ціха… Толькі дыханне тых, што спяць. Вінцэсь падняў далонь і паглядзеў скрозь пальцы на полымя — у   зменлівым прыцемку  падалося, быццам скрозь скуру прасвечваюць косці, і паверылася, што гэта – рука мерцвяка, з якой спаўзае чорная плоць…Так гэта будзе калісьці  і насамрэч. А ў таго, забітага ім, жаўнера рукі, напэўна, сашчэпленыя на грудзях, халодныя, васковыя рукі, і невідочнае войска тла ўжо трушчыць часцінкі плоці адна за другой, пакуль не ператворыцца цялесны футарал у нешта непазнавальнае. І лягуць косці забітага і забойцы, ахвяры і ката ў адну зямлю, і адна трава вырасце на іх. А душы? Ці сустрэнецца яго, Вінцэся, бесцялесная сутнасць з гэткай жа субстанцыяй забітага ім хлопца? Ці будзе між імі нянавісць, як і на зямлі? Але тады, з нязжытым злом,  – д з е  яны  сустрэнуцца?

Не, у Вінцэся і зараз не было нянавісці. Толькі смяротная туга. А заўтра ён мусіць зноў адабраць жыццё — або кінуць пад ногі гонару сваё. Вінцэсь кінуў погляд у той кут, дзе віселі абразы – у цемры відаць быў толькі маленькі агеньчык лампадкі, чырвоная кропка святла, што паказвала шлях, адзіны магчымы для выратавання, але цяпер гэтак далёкі і стромы для яго, што Вінцэсь ледзь не заплакаў ад самоты і ўласнай недасканаласці.

…Вусаты Марцэл  падае на зямлю, і жыццё вокамгненна  пакідае яго, нібы цяпло — дом, чые вокны адным сваім ільдзяным подыхам расчыніла бура…

Невыносна!

Юзаф зараз працытаваў бы нешта з Блажэннага Аўгустына. …Людзі адчуваюць пакуты настолькі, наколькі паддаюцца ім. …Смерць – зло толькі ў залежнасці ад таго, што будзе пасля яе. …Чалавек пачынае паміраць з моманту нараджэння… дакладней, ён жыве і памірае адначасова.

Чаму словы мудрасці бяссілыя менавіта тады, калі перастаеш спадзявацца на ўласны недасканалы розум?

Нечая постаць бязгучна праслізнула ў пакой, на хвілю замерла, узіраючыся ў цемру, і скіравалася да Вінцэся, што сядзеў, асветлены агнём каміну.

—  Вальжына! Вы – тут?!!

— Я ўмею  пагарджаць звычаямі, калі камусьці з вартых дрэнна,– прашаптала яна і прысела побач, таксама прыхінуўшыся да сцяны. Вінцэсю здавалася, што яго сэрца б’ецца так гучна, што зараз пабудзіць усіх.

— Я не хачу, каб вы  пакутавалі,– прашаптала дзяўчына.—Вы выратавалі майго брата. Майго бацьку.  А я нічым не магу за гэта аддзячыць.

Дзіўна – але яе твар у прывідным святле здаваўся не злавесным, як усё іншае, а прыўкрасным.

— Вы? Аддзячыць мне? – Вінцэсь пастараўся стрымаць хваляванне.— Вы нічога мне не вінны. Гэта я бясконца ўдзячны вам… За тое, што вы ёсць. Ну вось, зноў прагучэла пафасна. Давайце так: мы – сябры,  і ніякія рахункі між намі нядзейсныя. Я рады, калі вы шчаслівая —  і ўсё.

Вальжына маўчала, але Вінцэсь чуў яе ўсхваляванае дыханне – нібыта бегла пад гару. Нарэшце яна лёгка і хутка – ён нават не паспеў асэнсаваць – дакранулася цёплымі вуснамі да яго ілба.

— Вы добры…

І знікла — гэтак жа раптоўна, як і з’явілася.

І толькі пасля прыйшла здрадлівая думка – пацалавала ў лоб, як нябожчыка.

Што за пошасць у галаву лезе – ну чаму чалавек не ўладны над сваімі думкамі!

І Вінцэсь прымусіў сябе заснуць, дакладней, упасці ў кароткае забыццё, як у палонку.

А дзень быў здзекліва сонечны. Але ад чыстае сонечнай усмешкі снег ператвараўся ў брудную, непаглядную калатушу, і цёмны твар зямлі вызіраў праз дзіркі ў белым саване зусім не ветла, і не хацелася быць пакладзеным у гэтае чорнае, вільготнае рэчыва.

Месца для двубою прызначылі загадзя. Тут сапраўды было сушэй, магутныя ліпы паўсталі вакол паляны на варце. Побач – маленькая напаўразбураная капліца, магіла Вінцэсевага прадзеда-чарнакніжніка. Добрае месца, каб памерці.

Стась перарывістым ад хвалявання голасам згодна звычаю  прапанаваў ворагам памірыцца. Вінцэсь, стараючыся, каб  гэта не прагучала слабасцю, прамовіў:

— Я згодны забыць учарашнюю недарэчнасць. Або – пачакаць да канца ваенных дзеянняў. Наша жыццё належыць Айчыне.

Марцэл злосна ўсміхнуўся ў вусы:

— Я не магу пакідаць здрадніка жывым. Я дзесяць гадоў гуляю са смерцю, і жывы толькі таму, што ведаю, каму верыць, а каго адразу знішчаць.

Міхась Валевіч, другі Вінцэсеў секундант, невысокі, хударлявы, з непрыгожым інтэлігентным тварам, абвёў  усіх разумнымі цёмнымі вачыма, звужанымі, нібыта ад пагарды да гэтага відовішча.

— Ну што, у такім разе, пачынайце, панове, сваю “высакародную” справу.

Марцэл адсалютаваў шабляй – так, ён сапраўды выдатна валодаў халоднай зброяй. Лязо мільгала  маланкай. Вінцэсь скрыжаваў сваю шаблю са зброяй праціўніка. І сустрэў пагляд чорных, як сама нянавісць, вачэй.

— Ты  яшчэ за свайго дзеда Лявонція адкажаш, гадзёнак. Твой дзед бедную шляхту ў мужыкоў запісваў.

Лёзы кідаліся адно на аднаго, як змеі. На белых кашулях ворагаў усё  больш распаўзалася чырвоных плямаў. А брудная каша пад нагамі хлюпала зусім не рамантычна, Вінцэсь ужо некалькі разоў лездь не ўпаў, паслізнуўшыся. Смешна атрымаць смяротны ўдар, прычынай якому – бруд пад нагамі.

—  Спыніцеся! Неадкладна! Гэта загад! – нехта бег да месца двубою, падаючы, падымаючыся, і крык быў такі адчайны, нібыта той чалавек раставаўся з жыццём. Марцэл расчаравана застагнаў і з  падвойнай ятрасцю кінуўся на Вінцэся.

— Спыніцеся! Загад ваеннага паўстанцкага камітэту! Вы арыштаваныя за парушэнне дысцыпліны!

Некалькі чалавек выбегла на паляну. Наперадзе – дзяўчына, з растрапанымі залатымі валасамі, у пясцовым футрачку і калісьці светлым раброне, ушчэнт заляпаным унізе гразёю – відаць, уладальніца не раз падала на калені ў гэтае разводдзе. Хрысціна?

За дзяўчынай рухаліся змрочны багатыр  у вывернутым кажуху і каржакаваты невысокі малады чалавек з нервовым разумным тварам, які зараз гарэў ад  гневу і стомы.

— Кастусь! Адкуль ты тут? – вырвалася ў Рашчынскага.

— Заехаўся праверыць, як вы гатовыя да бойкі, — скрозь зубы прагаварыў Кастусь. – І бачу, што на ўсе застаўкі ідзе падрыхтоўка.

Марцэл з сілай уторкнуў шаблю ў зямлю і закрычаў на Вінцэся.

— Ганьба! Ты ж слова даваў,  панічок, што нікому не скажаш! Але што чакаць ад здрайцы…

— Гэта я вінаватая! – задыхана прамовіла Хрысціна, спалохана  кідаючы позірк на чырвоныя плямы Вінцэсевай кашулі.– Стась сёння раніцай прызнаўся мне, што вы тут задумалі.

— Я даваў слова, што не скажу  нікому з атраду! А мая сястра – не з атраду! – нечакана цвёрда патлумачыў  Стась.—І я не прасіў яе ўмешвацца!

— Дык што, трэба было чакаць, каб загінуў цудоўны чалавек з-за дурнога вашага гонару?—Хрысціна рэзала голасам паветра, як лязом шаблі.—Я не шкадую, што так зрабіла!

І нават ножкай тупнула ў пацверджанне, падняўшы брудныя пырскі. Кастусь сурова глядзеў на Вінцэся.

— Я думаў, ты сур’ёзны чалавек. Табе атрад даверылі… Як вярхоўны камісар, загадваю — аддай мне шаблю.

Вінцэсь паслухмяна працягнуў  сваю зброю. Кастусь  перавёў позірк на Марцэла —  той, аднак, толькі пругка адскочыў, як сапраўдны лясны звер ад пасткі, і ашчэрыў зубы.

— А я табе шаблю не аддам, камісар. Брацтва Ваўка не пад тваёй рукой. Мы паноў і паночкаў рэзалі і рэзаць будзем. Вы, чысценькія, у лес прыйшлі, ахвяраваліся…  А мы ў ім жывем!

Ваўкалак цяжка паклаў руку на плячо Кастуся, які ўжо гатовы быў выбухнуць гневам.

— Я сам разбяруся. Гэта мая справа.

Лясныя браты пад  суровым позіркам атамана панурыліся, але Вінцэсь разумеў – яны скарацца, але не зменяцца. А вось што было непрадказальным – дык гэта Хрысціна. Дзяўчына незалежна выпрасталася пад цікаўнымі позіркамі. Вінцэсь падыйшоў:

— Навошта вы гэта зрабілі?

Яна толькі зірнула, і ў яго сціснулася сэрца: хіба заслугоўвае ён, каб на яго так глядзелі? Нібыта выпадкова злавіў у рукі кволае птушанё: выпусціць – загіне, і гадаваць няма як…  А Хрысціна, чырванеючы, парывалася перавязваць яго раны (Ну што за глупства? Звычайныя драпіны…), нешта тлумачыла наконт падзей апошняга часу. Але ж як яна, далікатная паненка, не збаялася, здолела пераканаць суровых мужчын, прывесці іх да месца двабою?

Вінцэсь з удзячнасцю ўзяў яе за руку.

— Хрысціна, вы – цуд.

— Я не цуд, я аматарка цудаў. Напрыклад, у слоіках са спірытусам.

І засмяялася – як промні з неба пасыпаліся. Каб у Вінцэся было хоць трохі клёку, ён закахаўся б у гэтую светлавалосую фею… Але ён змог толькі яшчэ раз у думках  назваць сябе апошнім дурнем.

І тут яна з крыкам штурханула яго ўбок…

Драўляная страла, кароткая, нібы апошні ўздых, уторкнулася ў чорную зямлю.

— Якой халеры?..—зароў Ваўкалак. Адзін з яго людзей, секундант Марцэла, пануры светлавалосы хлопец, высокі і няўклюдны, хаваў лук-самастрэл, што на хвілю паказаўся з-пад крыса. Марцэл падляцеў да стралка і адвесіў яму поўху.

— Ты! Гаўрык няшчасны! Гэта не па правілах! Дурны лапаць! Тут не вясковая тузаніна – двубой, шляхецкая справа!

А Вінцэсь, як скамянелы, глядзеў на таго, хто страляў – той упарта адводзіў светлыя, нібы выцвілыя, вочы без аніякага выразу…І не трэба было пытацца, удакладняць – падсвядома ведаў: ад стралы з гэтага самага луку загінуў бацька.

Вінцэсь прысягаў не помсціць… Але таго, што адбывалася, было ўжо занадта  — у галаве круцілася неразумнае: “За што? За што?” Нібыта  хоць калі-небудзь для нянавісці і забойства абавязкова мусілі быць падставы.

І хлопец з лукам раптоўна кінуўся бегчы ў гушчар, расплёхваючы ботамі мокры снег і мокрую зямлю.

Прынамсі, сёння ўсе засталіся жывымі. Каб ісці далей па  дарозе любові, нянавісці, і — смерці.

 

…У дзень нараджэння дарогі дрыжаць нябачныя зоры,

Адной давядзецца згаснуць, другую возьмуць з сабой

Заместа лампады людзі, што мовай звяроў гавораць,

Што мовай дажджоў гавораць і зброі мовай нямой…

У дзень нараджэння дарогі ніхто прадказаць не можа

Дабра і зла суадносіны, што  ў час народзіць яна.

А людзі стамлёна тупаюць, бяздомныя ў доме Божым,

І топчуць траву высокую, і лёс вырашаюць наш.

 

11

З чорна-белай рэпрадукцыі не вельмі добрай якасці на Паліну паглядала вялізнымі цёмнымі вачыма Аляксандра Смірнова-Расэт, былая імператарская фрэйліна. Адпаведна густам часу, твар быў вытанчана-мілы, па-анёльску рахманы. Доўгая шыя, белыя плечы – як парцалянавая ваза. Маленькія, бы ў дзіцяняткі, рукі складзеныя адна паўзверх другой стамлёнымі крыламі.

А ва ўспамінах пра гэтую музу расійскай літаратуры кажуць, нібыта была страшэнна нервовай, ледзь не істэрычкай. І пад старасць ссохла і зжаўцела.

Паліна прыдзірліва паглядзела на сябе ў люстэрка. Што Валянцін знайшоў падобнага?  Ну, вочы цёмныя… Але ж Паліна не смуглявая – наадварот. Скура белая, як у праўдзівай шляхцянкі, ніякі загар не бярэцца. Ці скульптар меў на ўвазе нярвовасць? Паліна нават пачырванела, згадаўшы, колькі разоў выявіла ў прысутнасці віленскага знаёмца гэтую якасць. Што ж, цяпер невядома, калі яшчэ надарыцца такая магчымасць. Светлакосая “уладальніца” звезла сваю “маёмасць” да Вострай Брамы, а скульптар, вядома, самавольна ніколі нікуды не адлучыцца. Божа, скрушліва ў каторы раз падумала Паліна, яна ж нават нумар тэлефону яго не ведае!

Хіба і без таго мала, пра што сумаваць? Дзяўчына закрыла важкую пыльную кнігу мемуараў Смірновай-Расэт, выкупленую выпадкам у букіністычнай краме. Аксана пасля таго здарэння з  Артуравай папкай нібыта вырашыла паставіць крыж на знаёмстве з Палінай. Патэлефануеш — адзіны адказ: “Прабач, няма часу…” Чым Паліна гэтак яе пакрыўдзіла? Атрымалася – засталася без сардэчных сябровак. Як з’ехаў Стась – і пачалося… Адна перастала запрашаць на сямейныя імпрэзы, неяк нават патлумачыла: “Прабач, у нас усе – парамі, а ты адна. Няёмка…”. Другая, наадварот, выявіла да Паліны  палкі інтарэс. Таксама з неўладкаваным лёсам, але нашмат старэйшая, гэткая рафінаваная пані-навукоўка. Пачала апекавацца  беднай развядзёнкай. Вось ёй Паліна выгаворвала сябе, як на споведзі! Што ж, наша шчасце – у нашых уласных руках! Паводле пераканання “апякункі”, Паліне не хапала наступнага: заставацца сціплай дзяўчынкай, але пры гэтым – навучыцца “падаваць сябе”: ну нельга ж гэтак не цаніць уласную прыгажосць! Як ты апранаешся, як ходзіш, як глядзіш на мужчын! Ніякой сэксапільнасці.

Якім чынам гэтыя патрабаванні спалучыць – Паліна не ведала. І не спрабавала. А пачула аднойчы выпадкова, як “апякунка” абмяркоўвае ейныя праблемы са знаёмымі, і не надта каб добрымі: “Бедная Поля,  столькі часу без сэксу. Я хвалююся – яна, відаць, фрыгідная”. “Падапечнай” зрабілася так брыдка, што сяброўства растала, як цукар у кіпні.

Так што патэлефанаваць і паплакацца не было каму. А тут яшчэ ў чарговы раз пайшлі чуткі, што  гімназію зачыняюць. Ці там рэфармуюць, рэарганізуюць – што ў прынцыпе адно і тое ж. Вальнадумства ў навучальных установах на гэтай тэрыторыі не віталася пачынаючы ад скасавання Вялікага Княства Літоўскага,  у якім яшчэ зрэдзь даравалася  адраджэнцкае віраванне думак…

Праўда, Паліна асабліва не давала веры прыкрым чуткам – не першы раз, абыдзецца. Што галаву тлуміць сабе на вакацыях?

Вось тое, што пра жабак больш нічога не даведался – кепска. Нешта надта зацямніў Вінцэсь Рашчынскі. Мо проста быў такі па характары – асцярожлівы, падазроны?

Паліна дастала партрэт Рашчынскага, угледзелася ў рашучыя рысы твару… Бровы сыходзяцца на пераноссі, пагляд вачэй прамы, мужная складка вуснаў… Такі чалавек хутчэй пойдзе на смяротны двубой, чым стане вычэкваць бяспечнай помсты. Чамусьці Паліна ўзяла кнігу Смірновай-Расэт і таксама разгарнула на партрэте… Вось цікава, як бы ён паставіўся да гэтай прыгажуні? Ці падабаліся яму такія – чарнавокія, худзенькія, з маленькім горкім ротам?

Паліна правяла кончыкамі пальцаў па партрэце Рашчынскага. Якая мужная прыгажосць… Як бы яна, Паліна, сама з ім сустрэлася?  Дзяўчына пачала разважаць, нібыта сапраўды збіралася на прызначанае праз якую гадзіну спатканне.  Можна было б надзець доўгую сукенку з цёмна-зялёнага лёну, з белым вязаным каўняром… Напэўна, чалавеку дзевятнаццатага стагоддзя яна падалася б цалкам прыстойнай? Валасы сабраць у вузел… Вось так… Не, трэба напачатку заплесці ў косы. І чорныя туфлі на шнуроўцы. І пальчаткі… Не, не дапаможа. Адразу пазнаюць “плябейку”. “Літоўская гаспадыня”, кніга, якой карысталіся ўсе дамавітыя шляхцянкі 19 стагоддзя, сцвярджае: каб рукі былі далікатныя і белыя, пальчаткі трэба насіць з маленства, увесьчасна, нават спаць у іх. А дзяўчынкам пальчаткі апранаць цеснаватыя, каб не даваць рукам надта расці. І абутак мусіць быць цесны, трохі задоўгі ў насах – каб ножка  расла вузенькая. А яшчэ гарсэты ўспомніць, на шнуроўцы, з кітовым вусам… Пакутніцкае жыццё было ў прабабуль! Затое ні ў кога няма сёння такіх далікатных ручак…

А на якой мове загаварыць да пана Рашчынскага? Па-французску, каб адразу вызначыць прыналежнасць да пэўнага кола? Дык французскай Паліна не ведае. Па-руску? Наўрад гэта лепшы зварот да інсургента, які змагаецца супраць Расійскай імперыі за незалежнасць, у тым ліку і культурніцкую. Па-польску? З гэтым  лягчэй – але з  вычытанага вынікала, што Рашчынскі быў сярод тых нешматлікіх, хто абараняў ідэю Беларусі, незалежнай і ад Масквы, і ад Варшавы.

Значыць, па-беларуску? Як яны віталіся? Проста – “Добры дзень”? Не, як яна магла забыць! У паўстанцаў было сваё прывітанне, па якім пазнавалі аднадумца: “Каго любіш?” – “Люблю Беларусь!”—“Дык узаемна!”

Нешта знаёмае… Дзесьці Паліна нядаўна чытала гэтую фразу… У дакуменце? На помніку?

Вось няздара! Чаму ёй адразу не прыйшло ў галаву? “Qvis  amas  Amo”. “Каго любіш? Люблю…” Гэта ж надпіс на надмагіллі Вінцэся Рашчынскага! І цяпер зразумела, які мусіць быць адказ: “Беларусь”. Як гэта прагучыць на лаціне? “Albarutenia”.

Разгадка ўвесь час знаходзілася перад вачыма! Паліна ліхаманкава вывернула змесціва шуфляды пісьмовага стала. Вось! Аркушык з надпісамі на жабках, з якіх Паліна спрабавала нешта скласці. “Аlb”і “te”. Часткі слова “Albarutenia”. Цяпер зразумела, што на астатніх двух жабках мусіць быць напісана “aru” i “nia”. Арцікава жабка – першая, а віленская – трэцяя. Таямніцу мусіў адкрыць той, хто ведае адказ! Той, хто любіць Беларусь! Задума прыгожая. Паліна ледзь не расцалавала каменных жабак ва ўсмешлівыя пыскі.

Пра адкрыццё абавязкова належыць камусь распавесці! Паліна хуценька скінула пераробленыя са старых джынсаў шорты і ўлезла ў спадніцу, доўгую, бы катрыначная кадрыля. На галаву – карункавы капялюшык… І, вядома — у “Капялюшык”! Якраз рэпетыцыя, маці там, і Сымон Пятровіч.

Лесвічная пляцоўка, дзе месціліся паштовыя скрыні, была ў замеці парваных агітак за кандыдатаў у нейкі “ворган” і аркушыкаў з прапановамі купіць цукар, муку, пахудзець або набыць цудадзейную касметыку. Паліна ледзь не ўпала, паслізнуўшыся на ўлётцы з нечай глянцавай фізіяноміяй. Позірк мімаволі слізнуў па іхняй паштовай скрынцы… У шчыліне нешта бялела. Канверт! Вось табе навіна…

Паліну ўсё яшчэ хвалявала такое – нехта даслаў ліст! Хіба не ў гэтым прыцягальнасць ліставання: кожны раз — падарунак і таямніца. Сёння замест гэтага – “мабільнікі” і Інтэрнэт. А між тым, атрымліваючы сапраўдны ліст, ты ведаў, што нехта прысвяціў табе прынамсі поўгадзіны свайго часу. Неверагодная шчодрасць для сучаснага чалавека.

Канвертаў аказалася ажно два. Выгляд аднаго з іх, падоўжанага, з дзесяткам каляровых марак,  змусіў сэрца на імгненне замерці, быццам ад падзення з вышыні.  Паліне Генадзьеўне Ведрыч… Зваротны адрас – Каліфорнія, ЗША. Почырк Стася…

Паліна дрыжачыміі пальцамі раздзерла канверт, нібы галодны чалавек – абгортку, у якой выратавальная ежа. Ажно ашмёткі закружыліся матылямі.

Ліст гэтак трымцеў перад вачыма, што адразу Паліна не магла прачытаць ні слова. Потым з мітусяніны пачалі праступаць дакладныя абрысы Стасевага почырка. Стась у сваёй звычайнай дзелавой  манеры паведамляў, што  ўладкаваўся някепска, ёсць перспектывы на сталую працу. Зняў невялікі, але прыстойны дамок на шэсць пакояў, набыў машыну… І не хапае ў гэтым раі толькі Евы. Вядома, яе, Паліны. Стась выказваў стрыманае шкадаванне, што гэтак паспяшаўся скасаваць адносіны, але зараз гатовы гэта выправіць. Хутка прыедзе, яны з Палінай  зноў возьмуць шлюб, і  цемнавокая беларусачка ўрэшце апынецца ў сонечным штаце Каліфорнія.

Відаць, знайсці сярод амерыканак дурніцу, якая будзе, па-першае, шчыра ім захапляцца, па-другое, падтрымліваць філасофскія размовы,  і яшчэ штодзень гатаваць улюбёныя галубцы, Стасю не ўдалося.

Што рабіць? Парваць гэты “крык незадаволенае мужчынскае душы”? Усё роўна нічога шляхотнага не атрымаецца. Або…  Кінуць усё і – да спрадвечнага жаночага шчасця?

Дзяўчына, як у сне, выйшла з пад’езду, на хаду нязграбна расшпільваючы сумачку і запіхваючы ў яе канверт…

Ды іх жа было два! Хіба згубіла ў пад’ездзе?

Другі канверт ляжаў паўзверх россыпу рэкламнага смецця. Таксама нібыта з-за мяжы… Цікава, ніякага зваротнага адрасу. І ўнутры – толькі аркушык з нумарам сотавага тэлефону. Ды ініцыялы: В.Н.Ч. “Вам невядомы чалавек”, як велягурыста ён аднойчы прадстаўляўся.

Усё-ткі Валянцін не хоча знікаць з яе жыцця!

У “Капялюшыку” спрабавалі выкраіць з Чэхаўскага сурдуту пляжнае бікіні. Чэхаў змрочна супраціўляўся. Пакутлівыя фразы герояў ламаліся з сухім трэскам блазенскага смеху. Паліна паназірала ў прасвет кулісаў, як маленькі  артыст з абліччам  пакрыўджанага спаніэля ўскараскваецца на вялізнае крэсла, што мусіла сімвалізаваць устаялы пракляты побыт.

— Энергичней, Митя! Влезай на него с ненавистью!

Паліна мімаволі ўспомніла, што ў Вялікім Княстве Літоўскім артыстаў называлі глумцамі.

— Вы да мяне? – пачуўся голас за спіной. Сымон Пятровіч быў, як і раней, у чорнай майцы і джынсах, мускулісты, падцягнуты, кароткастрыжаны, нібы персанаж амерыканскага “баевіка”, чужародны ў легкадумным “капялюшыкавым” царстве. – Пойдземце ў мой пакой.

Былы падводнік доўга круціў у руках аркушы з Палінінымі запісамі, а Паліна, як зачараваная, назірала за змейкай дыму, што вырастала з трэсачкі з нейкімі ўсходнімі зёлкамі. Змейка танцавала ў паветры, рассяваючы нетутэйшы п’янкі водар.

—  Усё яшчэ далёка ад разгадкі. —  Сымон Пятровіч дастаў з паліцаў стос геаграфічных картаў, зашмальцаваных, са шматлікімі лініямі, праведзенымі алоўкам. — Гэта тычыцца Гарнушак, што каля Наўя?

— Так…

Штурман задумліва вадзіў тупым канцом алоўка па паперы.

— Фактычна, маршрут можа пачынацца дзе заўгодна… Дапусцім, вось ад гэтае каплічкі…Значыць, канчацца адрэзак мусіць тут, дзе дамы. Далей – прапушчаны кавалак, і трэці вядомы нам адрэзак можа размяшчацца вось у гэтай частцы…А яшчэ ж мусіць быць чацвёрты! Не, без іншых двух жабак і ведання, адкуль пачынаць вымярэнне, нічога ў нас не атрымаецца. Тут бы яшчэ карту дзевятнаццатага стагоддзя…

— Магчыма, я знайду ў архіве.

Сымон Пятровіч пільна зірнуў у цёмныя вочы дзяўчыны.

— Колькі вам гадоў?

Паліна сумелася, але пытанне гучэла сур’ёзна.

— Дваццаць восем.

— Вы не замужам, так? І дзяцей няма?

Паліна пачала злавацца, адчуваючы, што намаганнямі маці ў яе асабістыя праблемы пасвечаны ўвесь “Капялюшык”. Штурман адмераў скупую белазубую мужчынскую ўсмешку ў якасці прабачэння.

— Не злуйцеся, проста вы гэтак апантана заняліся скарбашукальніцтвам, як могуць толькі самотныя жанчыны. У нашым турклубе я такіх бачу кожную суботу. Выходзяць прыкладныя бабулькі на пенсію – і давай у паходы, прычым суперцяжкія, што й здаровыя мужыкі не наважваюцца. Вязанне ды кампоты – убок, хатуль за плечы – і шукайце кабету, што ўцякае ад цішыні ў доме.

Нічога сабе параўнанне!

— Самота – натуральны стан чалавечае душы,– холадна прагаварыла Паліна.

— Гэта ненатуральны стан,– штурман паварушыў пальцамі  бясплоцевую змейку дыму, і яна распалася на дробныя павуцінкі, што ўсё гэтак жа ўпарта імкнуліся наверх. Паліна са здзіўленнем заўважыла, што ашмёткі дымнага павуціння павіслі па ўсім пакоі, нібыта часткі дэкарацыі невядомага спектакля. Вочы Сымона Пятровіча узіраліся праз іх, як у марскую далеч.– Каб чалавек беспакаранна быў самотны, ён мусіць мець трывалую сувязь з нечым, вышэйшым ад людскога бытавання. У мяне такой сувязі няма. На жаль. Як я ні стараўся.

Паліна насцярожана зірнула на суразмоўцу. Пэўна, аматар медытацыяў ды ўсялякае ўсходняе лухты. Вунь і зёлкі паліць, ад злых духаў, відаць. І дыванок у куце пакоя дзіўны. Не дыванок – хутчэй скураны матрац. Для практыкаванняў, ці што?

— Трэба проста рабіць сваю справу,– прагаварыла дзяўчына фразу, якой гіпнатызавала сябе ўжо колькі гадоў.

— Выходзьце за мяне замуж.

Гэта што, жарт такі?  Падводнік, аднак, пазіраў вельмі сур’ёзна. І вельмі спакойна.

— Прапанову такую раблю другі раз у жыцці, словамі не гуляю. Не сумнявайцеся.

Паліна не знайшла нічога лепшага, як па-дурному рагатнуць і зараз жа збянтэжыцца. Штурман скрыжаваў рукі на грудзях і адкінуўся на спінку крэсла, як прафесар, што скончыў прымаць іспыты.

— Мне трыццаць сем. Дзевяць год розніцы між намі – я лічу, самы раз. Абяцаю, што жыць са мной вам будзе цікава. Я  зразумеў вашы густы і прыхільнасці… Калі вас  непакоіць матэрыяльны бок – у мяне трохпакаёўка-“сталінка”. Спатрэбіцца – і грошы зарабіць магу. Проста кіруюся ў побыце прынцыпам мінімалізма.

— І я адпавядаю гэтым вашым мінімальным запатрабаванням? – да агаломшанай Паліны нарэшце вярнулася пачуццё гумару.

— Вы – вяршыня майго жыцця,– сур’ёзна прамовіў Сымон Пятровіч.

Адзін прызнаецца, што ў Амерыцы няма ёй замены, другі ўважае за вяршыню… І ўсё ў адзін дзень. Пасля трох гадоў адзіноты. Адмысловы іспыт з усходняй прыпавесці. Толькі і не хапае трэцяга прэтэндэнта на сэрца прынцэсы!

— Прабачце, Сымон Пятровіч, але…

— Мне было б прыемна, калі б вы называлі мяне проста Сымонам.

— Добра… Сымон… Вы ж разумееце, што пасля адной-двух сустрэч лёс не вырашаецца.

— Чаму ж не? – нявесела ўсміхнуўся штурман.—І адна-адзіная сустрэча можа цалкам перамяніць жыццё. Я ведаю. Для сябе я ўсё вырашыў адразу, як вас убачыў. Рашэнне маё нязменнае. Колькі трэба будзе чакаць, каб наважыліся вы – не мае значэння. Я ўмею чакаць. Вырас у паляшуцкім мястэчку, дзе сланечнікі – як дрэвы, і нават рэчкі няма, а марыў — пра мора. Патанаў у свеце аповедаў Грына… Ён – Грынеўскі, сын сасланага з Беларусі паўстанца… І я – Грынеўскі.

— Сваякі?

— Магчыма, далёкія. Туга па Зурбагане і белых ветразях перадацца генетычна. Чатыры разы паступаў у мурманскую мараходку. Нада мной смяяліся. Гаварылі, што я малы і слабы… Я трэніраваў цела, як непаслухмянага сабаку, я загартаваўся да неверагоднага… І мора атрымаў.

— Цяпер хочаце атрымаць мяне? – Паліна ўсё старалася перавесці размову на жарт.

Штурман правёў рукой па кароткіх валасах.

— Мора мелася стаць маёй магілай – а гэта найлепшая магіла, яе ніхто не зганьбіць. Але я, дзівак, хацеў жыць – і выжыў. Мы з ім рассталіся назаўжды, як  былыя дуэлянты, загойваючы раны… А потым мяне амаль смяротна параніла зямля…  Вы – іншая. Фрэзі Грант, дзяўчынка, якая ідзе па хвалях праз цемру, проста таму, што не верыць у прорву пад нагамі. Я буду чакаць. І  пакуль вы не прыйшлі да мяне, на гэтую тэму больш размаўляць не станем. Дык вось, што тычыцца Гарнушак… Пастарайцеся знайсці старую карту тае мясцовасці. Добра было б, каб скульптар далучыўся, і з’ездзім, параспытваем на месцы.

Трэба ж! Спакойны і дзелавы, нібыта і не рабіў вар’яцкай прапановы. Паліне нават зрабілася трохі прыкра, што ў гэтага легіянера не назіраецца прыкметаў сардэчнай пакуты. Затое не засталося і няёмкасці. Дагарэла і трэсачка з зёлкамі…

Сымон Пятровіч, ад сённяшняга дня – Сымон, праводзіў Паліну да выхаду з тэатра. Не хапаецца за локцік падтрымаць, не зазірае ў вочы…

На сцэне чуваць быў размераны грукат – зноў  канкан! У п’есе Чэхава?

Хаця колькі можна дзівіцца падобнаму… Паліна горка ўсміхнулася. Яшчэ б спытала, чаму артысты, адыграўшы сцэну на беларускай мове, тут жа за кулісамі пераходзяць на расійскую. Відаць, не ведаюць гісторыі з першымі гастролямі тэатра Станіслаўскага за мяжой. Прыехалі наватары ў Варшаву, па іх разуменні – у расійскую правінцыю. А ім і кажуць: “Прабачце, тэатр ваш геніяльны, мы вас паважаем, але на спектаклі не прыйдзем. Чаму? А таму, што калі публіка пойдзе на рускамоўныя спектаклі, то польскія зараз жа выпхнуць са сцэны”.

Сваё мусіць заўсёды быць даражэй за чужое, нават калі яно, чужое, лепшае – звычайная праграма захавання і жывёльнага віду, і чалавечае нацыі. Хіба беларусы страцілі свой прыродны ахоўны код? Не, паступаюць жа ў іхнюю гімназію кожны год гарадскія дзеткі, не чуўшы ў бацькоўскай хаце роднай мовы. І пачынаюць гаварыць па-беларуску, і так натуральна, нібыта не вывучылі, а ўспомнілі!

А дома Паліна адразу набрала дасланы нумар тэлефону…

Валянцін з’явіўся назаўтра ўвечары. Як і папярэджваў, не адзін. У кавярні на плошчы Перамогі пад новенькай шыльдай “Бістро”, што нагадвала пра ламаную мову напалеонаўскіх жаўнераў, за зялёным  столікам узвышаўся скульптар, яшчэ больш засяроджаны, чым заўсёдна, а побач з ім – светлакосая “ўладальніца” ў стракатым сарафане. “Уладальніца”, на імгненне адарваўшыся ад вазачкі з узбітымі вяршкамі, холадна кіўнула Паліне. Затое Валянцін адразу нервова ўскінуўся, адсунуў для госці крэсла, запрапанаваў кавы… Паліна са здзіўленнем заўважыла ў ягоным позірку, які ён адразу ж адвёў, пакуту і нібыта нейкую просьбу… Баіцца, што Паліна выявіць перад Дзінай, што ведае пра яго далікатнае становішча? Доўгія светлыя валасы, перахвачаныя матузком, і белая ільняная кашуля, а асабліва задуменны твар сапраўды надавалі Валянціну падабенства з захопленым у палон воем. Не хапала Паліне яшчэ ўмешвацца ў чужыя сямейныя стасункі… Няёмкую паўзу перарвала Дзіна.

— Валік расказаў мне пра вашы гістарычныя фантазіі.

Валянцін выціснуў няёмкае:

— Прабачце, Паліна, але… Але ў мяне не можа быць сакрэтаў ад Дзіны.

І аж збялеў – нібы ад застарэлага болю. Дзіна, аднак, толькі задаволена ўсміхнулася, не ўчуўшы нічога для сябе непрыемнага.

— Дык вось, я вашых спраў навуковых не разумею, але Валік надта цягнецца да радзімы продкаў. Апошнім часам яму давялося выконваць шмат заказаў. Замарыўся, бедны… — гандлярка пяшчотна пагладзіла мужчыну па плячы. – Так што, пакуль у нас вольны час – паездзім па мясцінах ягонага дзяцінства…Тым больш мы на “джыпе”.  Ну і пагуляеце там у следапытаў, калі ёсць ахвота.

Валянцін яшчэ раз кінуў на Паліну вінаваты позірк і  пацалаваў руку сваёй “уладальніцы”, як з прыкрасцю адзначыла Паліна, са шчырай удзячнасцю.

І чым скончыцца гэтая авантура, было гэтак жа невядома, як і тое, куды падзеліся зніклыя падчас узвядзення  фрагменты  абеліску Перамогі, што ўзвышаўся перад вокнамі “Бістро”.

Падчас росшукаў у архіве ўдалося знайсці не толькі карту наўеўскага павету ажно 1846 года, але і тагачасныя “Рэвізскія сказкі”, перапіс насельніцтва. У Гарнушках  налічвалася сто пяцьдзесят чатыры “дымы” – гэта значыць, сялянскія хаты. А таксама  касцёл з плябаніяй і школкай, цукраварня і кузня. Вёскай валодаў Антоні Рашчынскі, бацька Вінцэся. Не магнаты, але й не лапцюжная шляхта. Сярэдняй рукі паны. Паліну ўразіла  адна дэталь: прозвішча Чарапавіцкі сярод жыхароў. Значыць, Валянцін – прамы нашчадак гарнушкаўцаў, якія ведалі Вінцэся Рашчынскага? Цікава…

Вінцэсь Рашчынскі, паўстанцкі філосаф… Яны, навукоўцы, лёгка ўжывалі гэтае азначэнне, не задумваючыся, што – за ім. Так, Вінцэсь скончыў Пецярбургскі універсітэт як кандыдат філасофіі. Але што ён думаў пра гэты Сусвет? Якім ён быў мысляром?

Давялося пераадольваць нелюбоў да камп’ютараў. Паліна сумленна праседзела тры дні ў бібліятэцы, асвойваючы паганскую моц сусветнага сеціва. І выцягнула нарэшце з акіяну інфармацыі здабычу – невялікі артыкул Вінцэся Рашчынскага, надрукаваны ва “Універсітэцкім весніку” ў 1860 годзе. “Некалькі разваг наконт панлагічнай сістэмы і суб’ектыўнага духу”.

Паліна сумленна прызнавала сваю недасведчанасць. Усё, што яна зразумела — Рашчынскі спрачаецца з Гегелем, сімпатызуе Сёрэну К’еркегору і ў некаторых здагадках, як падалося, сугучны з даследваннямі Льва Гумілёва. “Чым ёсць жыватворны дух народа?” – пісаў Рашчынскі.—“Ці гэта ўсяго толькі міф, створаны, каб апраўдаць  існаванне дзяржавы і пашырэнне яе межаў за кошт суседзяў? Ці гэта ёсць прыродная энергія, якая змушае кожны жывы арганізм нараджацца, развівацца за кошт акаляючага асяроддзя, і згасаць, вычарпаўшы дадзены Богам і прыродай запас жыццёвай сілы? Безумоўна, вялікую ролю ў фармаванні гэтага духу адыгрывае геаграфічнае месца. Урадлівая ці неўрадлівая глеба, блізасць да мора або горная мясцовасць, ваяўнічыя суседзі – усё адбіваецца на характары народа, як на немаўляці – жыццё сям’і. Але ёсць яшчэ адно – Найвышэйшая воля, згодна якой усё жывое мае індывідуальнасць. Як ад кожнага чалавека цнота патрабуе абсалютна і безумоўна быць сабой, таго ж патрабуецца і ад народа. Як існаванне чалавека – самакаштоўнасць, так і існаванне кожнага народу. І гэтую адметнасць, гэтую самасць спасылае народу Гасподзь. І таму адмаўляцца ад яе – найвялікшы грэх, як грэх наракаць чалавеку на тое, што ён нарадзіўся тым, кім ёсць. І грэх – патрабаваць універсалізацыі, уніфікацыі. ”

Паліна нібыта пачула голас, які гэта гаворыць, усхваляваны і сумны. Твар воя, вочы паэта… Уражанне, быццам гэты чалавек мог бы ёй усё патлумачыць, падказаць, што рабіць з сабой, са сваім жыццём… І як шкада, што  сустрэча гэтая немагчымая… Як ён пражыў свой апошні год на радзіме? Паліна ўспомніла іранічна-сумныя радкі пра старога паўстанца, які дажывае век ва ўтульнасці маёнтка:

Стары крышталь, ад часу цьмяны,

Блакітным сяйвам шафу поўніць.

Віжамі дзверы не ўзламаны,

І зоры ўцягваюцца ў комін.

Засохлым лісцем пахнуць кнігі.

Чытанне пры агні – як воля.

І ў наваколлі ціха-ціха.

Таемна ціха – як ніколі.

Драмота дыхае за крэслам

Ці смерць? Прыпынак ці дарога?

А сэрца стукае, як цесля,

Збівае лесвіцу да Бога.

На разуменне спадзявацца

У гэтым свеце – проста слабасць.

І мы выходзілі на пляцы,

Вучыліся дзвярыма ляпаць.

І вось – па склепах, па маёнтках

Параспаўзлося пакаленне.

А варта высунуцца вонкі –

Гразёй запэцкаеш каленькі.

Напалеоны і Касцюшкі

Сядзяць у вальтэр’янскіх крэслах.

Хай сцены і прыдбаюць вушы –

Душу маўчанне зробіць смелай.

Занадта ўтульна ў гэтым крэсле,

Каб сцюжу выклікаць праз слова.

Няхай крышталь у шафе свеціць –

Звычайны посуд засцянковы.

Не, з абліччам на партрэце гэтыя словы не стасуюцца. Філосаф стаміўся, але не згас.

Маці, вядома, паўшчувала, што дачка зноў пачала жыць між кніжных старонак, як шашаль. І да гэтага… штурмана… не варта было адной хадзіць – у чалавека прусакі ў галаве, некалькі разоў заспявалі яго на дыванку ў становішчы дагары нагамі. Не, не ёга – ён неяк іначай называў, складана. Хаця і добры. Вось перадаў два слоікі з шыпшынавым варэннем – спецыяльна для Паліны. Ды яшчэ пра Артура, нябожчыка беднага, распытваў. Навошта – не сказаў, аджартаваўся.

Паліна, як магла, супакоіла маці. Добра яшчэ, што тая не ведае пра ліст ад Стася.

І можна, зачыніўшыся ў сваім пакоі, яшчэ раз гэты ліст перачытаць і паплакаць. А ўявіўшы, як скульптар сядзіць дзесьці побач са сваёй “уладальніцай” і не можа  без  дазволу той нават патэлефанаваць, звязаны ўдзячнасцю, як смерцю – заплакала яшчэ мацней.

Урэшце, і фрэйліна імператарскага двара Аляксандра Смірнова-Расэт  лічыла вартым сваёй годнасці праліць слязу  над атрыманым лістом.

А тут яшчэ патэлефанавала ўлюбёная Палініна вучаніца, наконт якой не аднойчы марылася – вырасце добрая беларуская паэтка. Усё-ткі ўжо ёсць некалькі першых – і ўдалых – публікацый. Патэлефанавала, каб пачытаць новыя вершы… Аказалася, на рускай мове. Чаму? А душа так запатрабавала. Паэт – птушка вольная, на якой мове хоча, на такой шчабеча. І Паліна дарэмна раіла не збочваць з аднойчы абранае сцежкі, гаварыла, што мова – жывое, мае сваю душу. Што паэт мусіць быць у сугуччы з аўрай роднай зямлі, іначай застанецца вечным маргіналам, нецікавым і ва ўніверсуме… Пані, што за кансерватызм у постмадэрновай прасторы! Творца ўвогуле мусіць з мовай змагацца, трушчыць яе і выходзіць за ейныя межы.

Паліна паклала трубку, ледзь утрымаўшыся, каб не абрынуць на здольнае сямнаццацігадовае дзіцё сусветны гнеў.  Няўжо яшчэ адзін пустацвет на тваёй ніве, бедная Беларусь?

“…Разумных больш, чым добрых, тут, ты не дакажаш ім нічога… Твая гравюра “Страшны суд” ад мастака, а не ад Бога…”

 

12

Захад палымнеў, нібыта зямля адмаўлялася больш усмоктваць пралітую кроў і аддавала яе небу.

Цела было адным вялікім сэрцам, якое білася болем. Нешта халоднае, чужое слізганула пад кашулю… Дотык быў такі гідкі, што крывавы туман распаўся на асобныя хмаркі, і  вар’яцкая пульсацыя суцішылася. Вінцэсь варухнуў непаслухмянай рукой. Жывы! І, яшчэ да канца не апрытомнеўшы, схапіўся за тое, што варушылася на грудзях… Нечая рука… Скрозь  чырвань Вінцэсь убачыў перакрыўлены спалохам твар. Потым мільганула нешта бліскучае… Натрэніраванае цела воя спрацавала амаль механічна, і вось  незнаёмец ужо сам ляжыць, прыціснуты смерцю да раллі, і сталь цалуе яго сэрца.

Як лёгка ён стаў забіваць…

Вінцэсь бяссіла апусціўся побач, памацаў сваю галаву, што ўсё яшчэ пульсавала болем -– нічога страшнага, рана неглыбокая, проста быў аглушаны. Але што хацеў ад яго няўдалы забойца? Не падобны да жаўнера. Вінцэсь нахіліўся над забітым і скалануўся ад агіды: на нямытай шыі ў таго вісела ўжо са дваццаць нацельных крыжаў, залатых, срэбраных, з каштоўнымі камянямі і  са старажытнай эмаллю, з часцінкамі святых сакрамэнтаў… Марадзёр!

Вінцэсь пакратаў свой крыж: на месцы, мярзотнік не паспеў яго зняць. Затое забраў залаты гадзіннік-брэгет, падарунак бацькі. Хлопец, пераадольваючы грэблівасць, вывернуў кішэні грабежніка. Потым старанна абцёр знойдзены гадзіннік крысом чамаркі, паўстанцкай шэрай світкі, нібыта спадзяваўся адцерці нячысты дотык… І толькі цяпер, калі туман канчаткова рассеяўся, змог агледзецца вакол. У траве — белыя мундзіры ворагаў, заплямленыя чырвоным… Гэтым жа чырвоным  пазначаныя шэрыя світкі і  мундзіры паўстанцаў.

Чым гэтыя людзі адрозніваюцца цяпер? Толькі вопраткай…

Як іх многа… Нібыта спраўдзілася колішняя страшная відзежа.

Вінцэсь хутчэй адчуў, чым пачуў, тупат капытоў. Усё яшчэ нязграбна рухаючыся, спрабуючы атрэсці з сябе рэшткі туману, адшукаў шаблю, рэвальвер…

— Пан Вінцэ-эсь!

Струменьчыкі крыві сцякалі па ілбе, перашкаджаючы глядзець. Здаецца, голас Марка?

Вершнік ужо саскочыў з каня і абдымаў Вінцэся.

— Як я рады, што Вы жывыя! А ў нас усе пэўныя, што вас забілі. Хадземце, там Вальжына і дзяўчаты. Вас перавяжуць…

На полі бойкі рухаліся постаці. Людзі з Вінцэсевага атраду ніколі не кідалі сваіх параненых і забітых. Вярнуліся і цяпер. На гэты раз удалося пагнаць ворага – але далейшая пагоня была б згубай.

— Колькі мы страцілі?

Марка памаўчаў, потым выціснуў:

–Пятнаццаць… І столькі ж паранена.

Гэта значыць, кожны трэці…Так, далёка тыя часы, калі яны ірваліся ў бітву з усмешкай на вуснах. Сёння, хутчэй, са сцятымі сківіцамі. Бойка пад Мілавідамі нібыта завяршылася ўдала… Але ваенная перамога  — кабета  капрызлівая, і скарыстацца з яе прыхільнасці могуць нямногія, багатыя лёсам. І цяпер пераможцы хаваюцца па лясах, як зацкаваныя ваўкі, і іх усё меней і меней.

— Пан Вінцэсь! Трэба сыходзіць — можа  з’явіцца  новы атрад карнікаў.

— Чакай… Ты ведаеш гэтага? – Вінцэсь ткнуў нагой цела марадзёра. Марка прыгледзеўся.

— Новы ў нас чалавек. Нібыта бачыў яго з Мартынавымі воямі.

Вінцэсь дасадліва ўздыхнуў. Прыкра… Мартын вельмі бярэ да сэрца такія выпадкі. А апошнім часам давялося далучаць да парадзелых атрадаў самых сумнеўных асобаў.

— Давядзецца  сказаць Ваўкалаку… Гэты чалавек рабаваў забітых.

— Не атрымаецца сказаць,—Марка хаваў вочы.—Схапілі Ваўкалака. І пана Рагманава таксама. Янук Вараўня забіты…

— Як жа вы дапусцілі? – схаладнеў Вінцэсь.

— Не тут… На дарозе ў Гарнушкі. Атрад самааховы. Мартын не хацеў страляць.

Гэта сапраўды была жахлівая вестка. Новы губернатар, прызначаны замест Назімава, стары бульдог Мураўёў, не абцяжарваў сябе развагамі пра высакароднасць сродкаў. Што такое катаванні і шыбеніцы, калі імперыя можа страціць сілкаванне для аднаго са сваіх бясконца вырастаючых прагных шчупальцаў?

Але найбольшая подласць была — стварэнне атрадаў самааховы. Сялянам раздавалі зброю, каб яны бараніліся супраць паўстанцаў. Ім казалі, што гэта гонар, гэта давер цара, які робіць іх роўнымі з панамі, нават вышэй за бязбожных паноў. Давалі тры дзесяціны зямлі на сям’ю, за схопленага паўстанца — узнагарода. Прыгонныя інсургента вызваляліся ад паншчыны, панская маёмасць магла стацць іхняй…

Вінцэсь ведаў пра выпадкі, калі сяляне даносілі на сваіх уладальнікаў, якія не мелі дачынення да паўстання.

Край гарэў у агні, але гэты агонь выпальваў толькі шаты.

…Каля Ёселевай карчмы, апошняга прытулку інсургентаў, раслі ліпы і клёны, светлыя, прыветныя  дрэвы. Нікому не патрэбная карчма ля памерлай дарогі – бо дарогі паміраюць гэтак жа, як і людзі. Вінцэсь працягнуў руку праз расчыненае вакно і павітаўся з маладым клёнам, патрымаўшыся за зялёны прахалодны ліст-даланю.

— Распачынаць сутычку ў горадзе, сярод варожага натоўпу, у прысутнасці тысячы жаўнераў? Вар’яцтва! – гэта ўмяшаўся ў спрэчку, якая вялася ад раніцы, Юзаф.

Вінцэсь адвярнуўся ад вакна. Юзаф узрушана хадзіў па пакоі,  яшчэ нядаўна застаўленым важкімі дубовымі сталамі ды лавамі. На сценах яшчэ захаваліся галандскія парцалянавыя талеркі з сінім малюнкам па белым – паважныя матроны ў вялізных каптурах, з горамі пірагоў, падобных да падушак, на сподах; барадатыя мужчыны ў паласатых панчохах і драўляных чаравіках, з нязменнымі трубкамі ў зубах і куфлямі піва… Як гэты сіня-белы свет не стасаваўся з ружжамі, састаўленымі ў куце ля каміну!

Вінцэсь ведаў, што за дзвярыма чакаюць рашэння людзі з Брацтва Ваўка. Іх заставалася занадта мала, таму яны і чакалі.

— І ўсё-ткі я пайду з імі, – Рашчынскі быў рашучы. – Мартын заслугоўвае, каб дзеля яго рызыкавалі. Як і іншыя, асуджаныя на страту.

— Ты зноў змешваеш асабістае і агульнае,– ваяводскі камісар Кастусь быў  ледзь не ў гневе.— І Мартын – калі б захацеў, мог бы адбіцца. Чаму не стаў страляць у нягоднікаў?

— Сяляне не вінаватыя, іх падманулі,– ціха прагаварыў Вінцэсь.

— Падманулі! Гэтак усё можна апраўдаць,– нервова рухаўся па пакоі Кастусь. – Ты ж чуў мой “Прыказ да народу зямлі літоўскай і беларускай”? “Міліцыі і каравулаў па сёлах каб ніякіх нідзе не было, бо калі зловяць каго ў каравуле або ў міліцыі, то калі не цяпер, то пазней без агаворкі павесяць.”

— Запозна было выдаваць такія загады,– горка сказаў Вінцэсь. – Мы і так у іх вачах – ворагі…

— Прынамсі, ты ведаеш, што не я прычынай таго, што мужыкі  не зацікаўленыя ў паўстанні.— у голасе Кастуся Вінцэсю пачулася нязвыклая стома. –  Ды што было ўзяць з нашых кіраўнікоў, “белага жонду”, якім больш за чужаземнае ўладаранне рупіць боязь страціць рабоў або тую зямлю, якая і так ім не належыць.

— Беларусь – спрадвечная Польшча,– з крыўдай  заўважыў Юзаф, зразумеўшы, куды ляціць камень.

— Пачытай пра гэта ў Статуце Вялікага Княства Літоўскага, напісаным на нашай мове. Сядзім на адной патэльні, ды яшчэ высвятляем, пад каго алею больш налілі. Дурні… — Кастусёў нервовы твар ажно тузануўся ад гневу.–  Ведаеш, адкуль пайшло вызначэнне “белыя” для прыхільнікаў арыстакратыі? Падчас французскай рэвалюцыі перасталі насіць парыкі. Бо іх належала пасыпаць мукой, а дэмакраты ўважалі гэта за грэх, калі ў людзей няма хлеба. Ну а ворагі рэвалюцыі дэманстратыўна ўпрыгожвалі сябе напудранымі штучнымі каўтунамі. Вось і нашы… Лепей галаву мукой пасыплюць, чым мужыку галоднаму аддадуць.

Камісар уздзеў на каротка стрыжаныя валасы лёгкую ваўняную магерку.

— Не будзем рэзаць і вешаць ворагаў і здрайцаў мы – павесяць нас.

— Справядліваць не прыплывае рэкамі крыві! – выкрыкнуў Юзаф.

— Справядлівасць? – ноздры Кастуся трапяталі, твар пайшоў чырвонымі плямамі. Вінцэсь нават спалохаўся, што з камісарам надарыцца чарговы нервовы прыступ.— Вось ты шчыры вернік, Юзаф… Тыдзень таму ў Вільні загадалі святкаваць дзень нараджэння рускай царыцы і ва ўсіх касцёлах правесці імшу за цара. А хто з касцёла выходзіў – штраф дзесяць рублёў срэбрам. І служылі, і слухалі… А ўвечары па загадзе ілюмінавалі кожны дом, кожную кватэру… Асабліва сачылі, каб у святочных агнях былі  дамы сем’яў павешаных ды зняволеных інсургентаў. Як, на тваю думку, што горш – шыбеніцы або такое свята? Як на маю думку – дык не варта нам мігдалы разводзіць. Як яны з намі – так і мы з імі!  Ну, добра… Паеду ў лагер Кабылінскага.  Удачы!

А потым, калі ўсё было вырашана, маленькі калматы Хатнік, якога былыя гаспадары карчмы забыліся вывезці з сабой, паклаўшы пад печку лапаць, пачаў асцярожлівы абыход сваіх уладанняў. Насмецілі незнаёмцы, нашумелі – шум Хатнік бачыў таксама ў выглядзе смяцця, неахайнага, раскіданага па падлозе, сценах, столі, як густое павуцінне… Злосць, боль, нянавісць – усяго было ў тым смяцці. Вось, зноў балбочуць! Схаваліся ўдвох у прыцемку залы… Хатнік ператварыўся ў маленькую шэрую павуцінку пад самай столлю. Але ў словах гэтых людзей не было нянавісці – толькі стома і боль.

— Я разумею – вайна… Але ці можна пагадзіцца з заклікамі Кастуся нікога не шкадаваць? Я – дрэнны жаўнер, так, але ці чуў ты, Вінцэсь, плёткі пра атрад Міладоўскага?

— Думаю, Юзаф, пра нас усіх расказваецца шмат крывавых і брудных гісторый…

— Не, я ведаю ад чалавека, вартага даверу. Прыйшлі прасіцца ў атрад некалькі маладых хлопцаў. І Кастусь, каб “загартаваць” іх у справе, даручыў ім павесіць селяніна і яго малога сынка. Добра хоць, малому ўдалося ўцячы…

— Не веру.

Суразмоўцы памаўчалі. Павуцінка ў куце калыхнулася ад пакуты, што трапятала ў іх думках.

— Ты расчараваўся ў нашай справе, Юзаф?

— Я пайду з вамі да канца.

Пакой апусцеў, і Хатнік змог прадоўжыць сваё падарожжа… І калі б ён мог адчуваць, як чалавек, было б яму вельмі сумна. Старэе будынак, мышы  зладзілі ў сценах цэлы горад, і ніхто не прынёс сюды котку…

А ўвечары ўсхваляваны Стась Людвісар папрасіў Вінцэся ад’ехацца  да капліцы, што стаяла на скрыжаванні. І залатавалосая фея, захутаная ў зялёны плашч, зазірала ў вочы мужчыны, нібыта ў вочы свойго лёсу.

— Бацька адсылае мяне за мяжу, у Швейцарыю. Я сказала, што адна не паеду. І ён дастаў для мяне яшчэ два пашпарты. Адзін – для Станіслава. Другі – для чалавека, які стане маім мужам. Я хачу, каб гэта былі вы. На жаль, па-іншаму не атрымаецца вас вывезці.

Станіслаў, сведка гаворкі, вымавіў толькі адно:

— Я – з Вінцэсем. Як ён вырашыць.

І Вінцэсь хаваў свой пагляд і не ведаў, як адказаць, каб не абразіць. І нязменная мадам Лецьен пагардліва падціскала вусны, відаць, лічачы яго нягоднікам.

А Хрысціна з усіх сілаў намагалася гаварыць так, каб не гучала просьбай, каб не страціць вясёлага тону – і ад гэтага было яе невымоўна шкада, бо голас зрываўся ад пакуты.

— Паўстанне хутка задушаць. Вы не можаце гэтага не ўсведамляць. Бацька добра ў такіх справах разбіраецца. А ён адмовіўся надалей даваць вам грошы. Значыць, упэўнены, што – параза. Лепей  часова адступіць, каб пасля пачаць усё наноў! Я ніколі не стану вам перашкодай у вашым змаганні! Мы можам абвянчацца сёння ж у Наўеўскім касцёле. Падумайце, якая рамантычная гісторыя! Проста як у кніжцы.

Хрысціна цераз сілу засмяялася, і Вінцэсь са шкадобай пацалаваў яе дрыжачую руку. Са шкадобай – а яна ж прасіла не гэтага пачуцця!  Ну чаму, чаму ён павінен слугаваць сэрцам і душою іншай, з вялікімі цёмнымі вачыма і строгімі вуснамі, якая ніколі не будзе ягонай! Чаму пры адным успаміне пра яе спыняецца сэрца, пры думцы, што яна сядзіць дзесьці каля вакна і ўжо слёз не мае, каб плакаць – па бацьку і па тым, іншым, што заслужыў яе каханне?

Ды хіба бывае каханне без надзеі, без літасці?

Бывае… І ў яго, і ў беднай Хрысціны, прыгожай, разумнай, багатай і добрай…

Мадам Лецьен, сыходзячы за  прыгнечаннай падапечнай, прамовіла:

— Месье, я павінна сказаць. Я перажыла рэвалюцыю, і муж мой загінуў на гільяціне. І я бачыла многіх падобных вам натхнёных юнакоў, і бачыла, як каціліся іх галовы ў кошыкі. Ці вы думаеце, што яны, тыя юнакі, былі менш за вас вартыя шчасця і перамогі? Сёння вы зрабілі найвялікшае глупства ў сваім жыцці, юнача. І вы, месье Станіслаў, таксама.

Што лепш – гільяціна або шыбеніца, “мураўёўскі гальштук”?

Пытанне, вартае блазенскага тэатру.

Шыбеніцы ўсталявалі на Саборнай плошчы. У гэты час не разважалі пра тое, ці добра караць смерцю перад храмамі. Галоўнае – застрашыць найбольш народу. Загадана было ўсім хадзіць глядзець. Самае горкае – пра гэта неаднойчы з прыкрасцю казаў Юзаф, які асабліва пераймаўся пытаннямі маралі, — народ збіраўся б і без загаду. Проста таму, што на падобныя відовішчы людзі прыходзяць заўсёды. Чалавека цягне глядзець на чужую смерць, на чужыя пакуты – нават калі ён спачувае ахвярам. Цяжка пераадолець спакусу адчуць сябе ў бяспецы на тле нечай пагібелі.

Мяшчукі і жаўнеры, кабеты і дзеці – плошча віравала. Нават купка сляпых лірнікаў у шэрых світках, з  абліччамі, на якіх, як на дне высахлага калодзежа, не адбівалася нічога, стаяла ля эшафоту. Небаракі, відаць, патрапілі сюды выпадкова, зацягнутыя людскім вірам.

Сыпануў барабанны пошчак, і натоўп уздыхнуў нібыта на адны грудзі. На гулкія дошкі першым выйшаў высокі шыракаплечы мужчына з доўгімі чорнымі валасамі, густа перавітымі сівізной. Нейкая кабета віскнула, пабачыўшы  страшнае аблічча асуджанага – глыбокі шнар цягнуўся праз увесь твар. Другі асуджаны выглядаў старэйшым і больш змучаным. Яго вусы, калісьці, відаць, бадзёра скіраваныя ў бакі, бяссіла абвіслі, толькі чорныя вочы з-пад сівых брывоў пазіралі цвёрда і ясна. Прысуд быў вядомы – дзяржаўныя злачынцы… Дваранін Мартын Саколка і дваранін  Вакула Рагманаў… Канфіскацыя маёмасці… Страта цераз павешанне…

Асуджаныя не слухалі словы прысуду. Яны, толькі з’явілася магчымасць, абняліся. Потым высокі, схіліўшы галаву, нібыта папрасіў у старэйшага за нешта прабачэння. Цікаўнікі, што стаялі бліз эшафоту, прагна ловячы словы і пагляды смяротнікаў, улавілі, што гаворка ішла пра нейкую дзяўчыну.

Што адказаў  другі, было незразумела, бо да асуджаных падыйшлі жаўнеры і пацягнулі туды, дзе гайдаліся тры вяровачныя пятлі. Людзі на плошчы гадалі, каму дастанецца трэцяя? Няўжо на гэты раз шыбеніцы не хопіць здабычы?

Калі  на памост вывелі трэцяга, пачуўся ці то абураны, ці то расчараваны гуд. Зразумела, чаму прыпазніліся – гэты трэці, светлавалосы доўгі хлопец, быў такі  хворы, што сам не мог ісці. Яго валаклі пад рукі двое жаўнераў, і ногі  злачынцы, абутыя ў скураныя лапці, нязграбна валакліся па дошках, час ад часу  намагаючыся зрабіць крок. А расправа над зацкаваным зверам нецікавая.

Прысуд быў таксама кароткі. Селяніна Гаўрылу Чарапавіцкага з вёскі Гарнушкі за ўдзел у бунце пакараць смерцю праз павешанне.

Зноў загулі барабаны. Залатыя крыжы на царкве і на касцёле люстравалі сонечныя промні. А кат узяўся за пятлю…

Сведкі пасля па-рознаму апісвалі падзеі. Адны казалі, што ўсё пачалося, калі нехта выстраліў у ката, і той сагнуўся, схапіўшыся за параненую руку. Другія казалі, што бойку распачалі сляпыя лірнікі, якія раптоўна зрабіліся відушчымі і ўскочылі на памост, спрытна арудуючы сваймі кіямі ў якасці зброі. Нехта з іх, уцякаючы, на развітанне правыў па ваўчынаму – і пайшлі чуткі, што гэта былі людзі з Брацтва Ваўка, у існаванне якога мала хто верыў, але ўсе баяліся.

Каму падалося, што наляцела цэлая тысяча інсургентаў, хтосьці казаў пра дзесяць адчайных…

Бунтаўшчыкі разам з вызваленымі паплечнікамі, адстрэльваючыся, адступалі да былога кляштара бернардзінцаў. Некалькі служачых архіву, які месціўся цяпер у гэтых сценах, ледзь паспелі выскачыць-выпаўзці на вуліцу, і масіўныя дзверы, абабітыя бляхай, зробленыя дзвесце гадоў таму ў разліку на аблогу, зачыніліся з глухім грукатам, як вечка труны.

На верхняй пляцоўцы вежы можна было крыху спыніцца. Марка Рагманаў нарэшце абняў бацьку. Вінцэсь знясілена апусціў на падлогу Гаўрылу Чарапавіцкага. Той стаіў стогн, але ўпарта не глядзеў у вочы свайму выратаваўцу. І Вінцэсь ведаў, чаму. Яшчэ падчас уцёкаў, пазнаўшы пана, светлавалосы Гаўрыла інстынктыўна ірвануўся ўбок, прэч… Але быў занадта слабы.

— Вінцэсь, яны цягнуць гармату! – пракрычаў ад вакна Стась Людвісар. Вінцэсь не хацеў, каб хлопец ішоў на гэтую смяротную авантуру – а Стась упёрся… І так яго занадта берагуць! Пойдзе хоць самавольна…

Відаць, у магнацкага сына, гэтак жа, як у Вінцэся, была непераадольная патрэба ўвесь час даказваць сваю вартасць сабе самому і іншым. Апошні месяц ён нават абстрыг дагледжаныя пазногці!

Ваўкалак пацёр самлелыя ад вяровак запясці:

— Дайце штуцэр!

Вінцэсь аднак распарадзіўся:

— Не. Страляць ёсць каму. Ты з нас самы дужы, нават пасля вязніцы. Дапамагай вызваляць выхад…

На ніжэйшай пляцоўцы чуўся грукат. Калісьці з гэтай вежы можна было перайсці на іншую лесвіцу, унізе якой пачынаўся падземны ход, што з’ядноўваў мужчынскі і жаночы кляштары бернардзінцаў. Каб не сур’ёзнасць становішча, можна было б удосталь паразважаць у духу “Дэкамерона”… Але цяпер жыццё дзясятка чалавек залежала ад таго, як хутка яны змогуць разабраць мур, якім яшчэ гадоў сто таму быў закладзены  уваход на лесвіцу. Другі канец ходу, у  развалінах былой гаспадарчай пабудовы кляштара, вызвалілі загадзя. А з боку будынку – давялося пакінуць, каб не выклікаць падазрэнняў.

Заставалася спадзявацца, што карнікі не ведаюць пра таямніцу бернардзінцаў і вераць, што загналі дзёрзкіх нападнікаў у пастку.

Вінцэсь прыцэліўся ў жаўнера, які схіліўся над пагрозным целам гарматы… Стрэл… Трапны. Няўжо ён, Вінцэсь, набыў ужо гэтую паскудную абыякавасць да чужога жыцця і смерці, якая кідае войска на войска?

Рашчынскі быў добры стралок, пан Вакула Рагманаў – таксама не з горшых, і жаўнеры да ўваходных дзвярэй падыходзіць баяліся. Але ўсё роўна ў кляштар вось-вось маглі ўварвацца.

Між камянёў кладкі, на вузкім выступе пад вакном, расла кволенькая бярозка. Але ад яе тонкіх карэнняў, што ніколі не знаходзілі сабе добрага сілкавання, у магутным муры распаўзаліся трэшчыны. Марка прагаварыў, перазараджаючы штуцэр:

— Ці ўяўлялі дойліды, што тут стануць служыць падобныя абедні?

— Знайшоў чаму дзівіцца… — горка ўсміхнуўся Вінцэсь. – У гэтым кляштары французы коней ставілі. А як манахаў выганялі яшчэ пры Мікалаі – дык скульптуры проста ў будынку палілі. Кажуць, адна манашка кінулася ў агонь, абняла драўляную выяву Багародзіцы і разам з ёй згарэла.  І ўжо расказваюць легенду, нібыта прывід манашкі цяпер тут блукае.

— Цікава, ці будуць расказваць легенды пра нас? – азваўся Стась Людвісар ад суседняга вакна.

— Вядома! Мы ж будзем героямі ў новай вольнай краіне! – аптымістычна заявіў Марка.

— Хлопчыкі!.. — сумна зазначыў пан Вакула. – Рыхтуйцеся да таго, што праз сто гадоў ніхто не ўспомніць вашага сённяшняга геройства ў гэтай вежы. Магчыма, і вежы самой не будзе.

— Ну, вы яшчэ скажыце, што нашыя нашчадкі ў гэтым будынку ўчыняць тэатр ды будуць паказваць аперэткі, — запярэчыў Вінцэсь.—Не можа ж такога быць, каб тыя, хто будзе жыць пасля нас, перасталі цаніць сваю волю! Колькі народу за яе загінула, колькі рознага кшталту суворавы бязвінных тут панішчылі! Не, я не магу паверыць, што гэта забудзецца.

Глухі грукат скалануў вежу. Гарматны стрэл прабіў вароты. Цяпер заставалася адно – уцякаць.

На шчасце, мур удалося разабраць настолькі, каб мог пралезці чалавек.

Адзін за адным паўстанцы знікалі ў чорным правале, але тупат пагоні ўжо падымаўся па вінтавой лесвіцы. Вінцэсь, Стась, Марка і пан Вакула абрынулі ўніз град з куляў, змусіўшы карнікаў адступіць.

Цяпер мусіла ўтварыцца зацішша. Ворагі пэўныя, што ўцекачы нікуды не падзенуцца. Навошта ж рызыкаваць ды лезці пад кулі?

Рашчынскі заўсёды адступаў апошнім.

На гэты раз атрымалася не так.

Гаўрыла Чарапавіцкі ўжо зусім знясілеў, і Вінцэсь зноў кінуўся дапамагаць яго несці. Чаму? Ці хацеў, ратуючы забойцу бацькі, пераадолець у сабе нянавісць, выканаўшы бацькаў запавет? Ці спадзяваўся, што ў гэтым зацятым мужыку прачнецца павага і ўдзячнасць да ягоных паноў, што ён усвядоміць, якую чорную справу ўчыніў?

Апошняе, што Вінцэсь бачыў, калі азірнуўся назад – Стася Людвісара, які перагнуўся ўніз, страляючы ў некага… І ўпаў сам, пакаціўся ўніз па лесвіцы, па якой ужо ўзбягалі ворагі.

А потым, у лесе, пасля шалёнага намёту коней, пасля віншаванняў і горычы ад усведамлення страт была Яна… І гарачы шэпат:

— Я ведаю, што вы зрабілі дзеля мяне. Бедны мой хлопчык… Вы трохі спазніліся нарадзіцца. А Мартын упэўнены, што нарадзіўся зарана… І што рабіць мне? Можа быць, дзесьці вас чакае маладзенькая дзяўчынка, падобная да мяне, прызначаная для вас? Калі б я мела два сэрцы…

У вечаровым прыцемку ён адчуў дотык да свае шчакі яе вуснаў – і захацеў памерці, каб гэта засталося апошнім у памяці.

І з усяе моцы намагаўся вычуць нешта большае за ўдзячнасць.

І мімаволі ўспамінаў Хрысціну і яе брата, такога даверлівага, чыстага, смешнавата-нязграбнага, якому так і не стаў цалкам давяраць. І ў галаве круціліся страшныя словы – “прынёс у ахвяру”…

 

13

— А, дарагі пляменнічак завітаў! – гарнушкаўскі дзядзька Валянціна, шыракаплечы волат з пшанічнымі вусамі, спяшаючыся, адчыніў веснічкі. –  Які гонар для нас, бедных вяскоўцаў!

І магутным ударам у сківіцу адправіў дарагога пляменнічка на здзяўбаную курамі траўку.

— Падлаед няшчасны! Добра, што брат мой, Нічыпар, не дажыў, каб пабачыць, як сынок магілы продкаў рабуе!

Наступны ўдар па пляменнічку прадухіліў штурман Сымон, маланкава затрымаўшы дзядзькаву руку.

— Спакойна, спакойна… За што вы яго?

— Ды такога забіць мала! – дзядзька сярдзіта тузануўся. – Пусці… Рукі ў цябе, як абцугі… Гэта ж якое паскудства ўчыніў! –  не зважаючы на лаянку абуранай віленскай “уладаркі”, дзядзька звярнуўся да Паліны, якая, відаць, з усяе кампаніі выклікала ў яго найбольшы давер. – У мінулым годзе прыслаў гэты… свайго напарніка па фірме. Той дакументы паказаў – пляменнік ваш, кажа, даручыў могілкі абследваць. Можа, каму са сваякоў трэба магілку паднавіць. У сябе яго пасялілі, ды яшчэ трох апойкаў, прынялі, як належыць… Паўсюль павадзілі… А ён з камандай, пакуль людзі ў полі былі, надмагільныя пліты, што з касцёлу ацалелі, павыцягваў са скляпення, загрузіў у фуру ды звёз. Ды яшчэ з магілы маці нашай, гэтага нягодніка, Валянціна, бабулі, што расціла яго, помнік прыхапіў, прыгожую такую пліту чорную. Нараніцу, як пабачылі, не было куды ад сораму падзецца. Табе што, матэрыялу на вашыя вырабы не хапала, каб табе зямля калом стала?

Валянцін, які ўсё яшчэ сядзеў на зямлі, раптам пачаў неяк дзіўна рагатаць. Дзядзька разгублена зірнуў на Сымона і Паліну.

— Можа, я яго замоцна стукнуў?..

Сымон пакруціў галавой.

— Здагадваюся, у чым справа. Думаю, дзядзька, што дарэмна вы свайго пляменніка вінаваціце…

Ужо ў хаце, за накрытым сталом, дзядзька Міхась няёмка  крактануў.

— Ну, ты ўжо прабач мяне, Валік. Але ж і сам вінаваты, што з дзярмом усялякім звязваўся.

— Чалавек не нараджаецца дзярмом…– ціха прагаварыў Валянцін, гледзячы ў чарку, нібыта ў калодзеж. —  Мы ж з дзяцінства сябравалі. Пазнаёміліся, калі мяне з пятага класу забралі ў Рэспубліканскую школу-інтэрнат для адораных дзяцей.  Валянцін Сцяпко сеў са мной за адну парту. Таксама сірата, з Вушаччыны… Але вясёлы, дасціпны.

—  Што, і праўда – гэты паскуднік мастак? – змрочна пацікавіўся Сымон.

— Хацеў, ды не выйшла…– уздыхнуў Валянцін. – Я паступіў у інстытут на скульптуру. А яго нават у вучэльню не прынялі. Перажываў… Падаўся ў наргас, на бухгалтара, як і Дзіна, дарэчы. Яны аднакурснікі…

Дзіна незадаволена ўсміхнулася.

— Што, нерамантычная ў нас прафесія?

— Ну чаго ты? – разгубіўся Валянцін.– Я зусім не ў крыўду. Вось і Сцяпко нібыта саромеўся, што ён бухгалтар, а не мастак.

— А чаго тут саромецца? – не ўразумеў дзядзька Міхась.—Самая лепшая праца! У нас калі хто на бухгалтара вывучыцца – ого! Разумнік! Я б сам лепш не заатэхнікам, а бухгалтарам быў. А мастак – цьху… Прыязджалі вунь былі ў вёску практыканты з вучэльні. Жыла адна ў нас на кватэры. Блытаецца са сваёй дошкай па палях, сядзе пры дарозе, малюе пад дажджом, прыйдзе, мокрая, як варона… От работа!

А Паліна  змагла толькі аднойчы крадма ад спадарожнікаў усміхнуцца скульптару, якога ёй зноў было невымоўна шкада – што ж гэта за злы геній такі ў яго, нейкі злавесны двайнік? І Валянцін усміхнуўся ў адказ куточкам роту. Паліну трохі ўсцешыла, што пасля ён не кінуў трывожнага або вінаватага позірку на сваю “уладальніцу”. Ну і гульні! Не хапае толькі веера, якім іспанкі падавалі таемныя знакі палкім ідальга.

Праўда, на жаль, на палкага ідальга Валянцін аніяк не падобны.

Вёска Гарнушкі калісьці бачыла лепшыя часы. Мелася школка, амбулаторыя, крама, у якую час ад часу можна было зайсці… Але палова хатаў пазірала на свет сляпымі вачыма забітых вокнаў. За вёскай  святлеў самотны двухпавярховы дом з белай цэглы – чорныя прагалы на месцы выбітых шыбаў надавалі яму падабенства з чэрапам волата. Гадоў пяць таму тут паспрабаваў  адзін узяцца за фермерства. Ага, як жа… Гарнушкаўцы, ад старшыні да пастуха, ведалі, як належыць ставіцца да “паноў”. То сена ў новаспечанага фермера згарыць, то авечкі здыхаюць адна за адной немаведама чаго… А як налогавая інспекцыя ўзялася!.. Так і кінуў небарака гаспадарку.

…Рэчка з вясёлай назвай Лялёўка бегла па чорных камянях у абдоймы далёкіх салёных хваляў, буслы з году ў год сяліліся на воданапорнай вежы, а на Купалле з пакручастага берагу скотваліся падпаленыя аўтамабільныя пакрышкі з хвастамі чорнага смярдзючага дыму… Вёска была як вёска, учэпістая і працавітая, і паміраць пакуль не збіралася.

Дзверы ў дзядзькаву адрыну, прыстасаваную пад сховішча непатрэбных рэчаў, адчайна рыпелі, абараняючы вільготную цемру сховішча ад бессаромных промняў. Вядома, відовішча не надта выкшталцонае – старыя начоўкі суседзяць з дзіцячым вазком, люстэрка, падобнае на саслеплае вока — са скруткамі рубероіду… І ўсе прыкрашае пыл і павута. Дзядзька Міхась кіўнуў у той бок, дзе ў прыцемку грувасцілася нешта дзіўнае, прыкрытае рыззём.

— Вось, усё, што ўдалося забраць з  матчынай хаты…–і, павярнуўшыся да гасцей, патлумачыў.—Хату ж маці хацела вось на яго, унука, адпісаць, але ёсць у нас адзін…  сваяк… Дык і прысабечыў, выпрасіўся ў маці.  Нібыта братам трэба яго лічыць – але я не святы, не магу. Добра хоць, што не родны насамрэч – прыёмны.

—  Адкуль жа ён узяўся? – зацікавілася Дзіна. Дзядзька неахвотна патумачыў.

— Працавала з маці на ферме адна кабета, па п’янцы загінула, ды як страшна – увалілася ў гнаярню. Ні мужыка, ані радні… Родам з Саматыяў, Варанецкая прозвішча. А Варанецкія ўсе – п’янь ды валацугі. Ды яшчэ казалі, ад паліцая дзіця прыжыла. Можа, і ад партызана, як сама сцвярджала  – не ведаю. Але Саматыі ў вайну палілі, трыццаць жыхароў сагналі ў адрыну і… Дзеці, жанчыны, старыя… Ды яшчэ што страшна – свае палілі, паліцаі. Быў такі Піліп Лухверчык, камандаваў, звяруга. Так што ў нас памяць яшчэ балючая, і калі на каго хоць падазрэнне – што з паліцаямі звязаўся, не даруюць. Вось і з’ехала Варанецкая ў суседнюю вёску. Ніхто з той бабай ды яе адроддзем знацца не жадаў. Наша маці і ўсынавіла сірату… На сваю галаву. Ад гнілога дрэва не чакай добрага плоду.

— Дзядзька Міхась, не трэба…– паспрабаваў спыніць гаворку Валянцін.

— Вось і пяць год таму ты гэтак – “Не трэба, хай жыве”… Падаў бы ў суд – адсудзіў бы ў  турэмшчыка  хату. А то ўся вёска пакутуе. Утварыў клуб для п’янюгаў. Так што туды лепш не хадзіце.

Дзіна зацікавілася была магчымасцю адхапіць нерухомасць, але Валянцін вельмі цвёрда папрасіў яе не ўмешвацца, аж збялеў, нібыта ў чарговы раз атрымаў поўху. Віленская бухгалтарка злосна ўсміхнулася і падкрэслена абыякава пайшла да свайго бліскучага, як чорны марскі каменьчык, джыпа, вакол якога ўжо круціліся цікаўныя малалетнія гарнушкаўцы. Вось і добра… Паліна кінулася да скарбаў скляпення. Валянцін і Сымон рушылі за ёй.

Калі прывыкалі вочы, цемра аказвалася пераможанай: яе праціналі частыя тонкія лёзы промняў са шчылін у сценах. У пыльным святле  паўставалі дзіўныя відарысы: крыж з чорнага мармуру, прыхілены да сцяны, а на ім развешаны рыбацкі нерат… Каменны слупок з паглыбленнем наверсе – відаць, чаша для святой вады, што калісьці стаяла ля дзвярэй касцёлу… Сымон прыпыніўся ля яе, задумна пагладжваючы гладкую паверхню, што памятала, можа быць, мільёны багавейлівых дотыкаў.

— Святыя рэчы… Як было пакідаць на здзек? – чамусьці вінавата патлумачыў ад уваходу дзядзька.—Можа, калі яшчэ прыдадуцца… Аднаўляюцца ж храмы.  Так што пашукайце, як маеце інтэрас. Там камяні нейкія цікавыя – сыны мае папрыносілі, як былі малыя, замест цацак. Як касцёл узарвалі – дык усялякага ў друзе было.

— А вось і спавядальня з бабулінай каморы! – узрушана прамовіў Валянцін, прабіраючыся паўз Паліну ў глыб памяшкання. Спатыкнуўся і ледзь не паваліўся на дзяўчыну, паспеўшы абаперціся рукамі аб сцяну. На імгненне Паліна апынулася ў ягоных абдоймах.

…Імгненне, як храм са светлымі купаламі, з якога не хацелася вяртацца ў неабаронены трывожны свет…

Што за глупства! Хіба гэты няшчасны няўклюда, прададзены, як на нявольніцкім рынку, уладнай прыгажуні, здольны кагосьці абараніць?

Валянцін мармытнуў “Прабачце…” і адыйшоўся, як паранены – цікава, Паліне толькі падалося, ці і насамрэч ён зачырванеўся?

Урэшце, навошта падманваць сябе – нібыта яна не адчувае асаблівых адносінаў да сябе Валянціна…

І калі ім, адносінам, не дадзена перарасці ў нешта адчувальнае (а гэта менавіта так), дык ці варта мэнчыцца?

— Вось яна, бабуліна жабка!

Валянцін трымаў у руках шэрую цяжкую пачварынку. Сапраўды, у скульптара была фатаграфічная памяць: тая жабка, што ён падарыў Паліне, была дакладнай копіяй гэтай. Нават яшчэ лепшай. Бо арыгінал выявіўся пашкоджаным так, нібыта бедную жабку шкуматалі паўтары стагоддзі каменныя буслы. Паліна перавярнула фігурку: літары “tе”. Сымон таксама зірнуў:

— Ну вось, дзе былі, там і застаемся. Шукайце, шаноўная паненка, новую тэму для дысертацыі… І ўвогуле – нашто вам тая дысертацыя? Дзетак лепей за ўсё нараджаць да трыццаці…

Скульптар няёмка кашлянуў і адыйшоўся. Паліна злосна зірнула на антыфеміністычна настроенага штурмана, шукаючы годнага адказу, але не паспела яго прамовіць.

— Зірніце, гэта, падобна, таксама з надмагілля Рашчынскага! Той самы стыль, – скульптар працягваў спадарожнікам нейкі абломак.

— Ваўчыная лапа! – узрадвалася Паліна. –Вядома, адтуль.Але нейкая дзіўная… Слухайце, на ёй чалавечыя пальцы! Што гэта, пераварацень быў? Ваўкалак? Трэба яшчэ пашукаць… А вось гэта што?

У руках дзяўчыны апынуўся круглы аскалёпак з лупатым вокам… Яшчэ адна жабка!

Праз гадзіну настойлівых пошукаў знайшліся яшчэ чатыры  фрагменты ад жабкі, кавалак ваўчынай морды, яшчэ адна лапа…

Вядома, аднавіць фігурку жабкі было немагчыма, але галоўнае, што на сподзе разглядалася літара “у”, відаць, “аry”, ад “Alb-аrу-te-nia”.

Калі ў сярэднявечнай Германіі паміраў гаспадар дома, бліжэйшы сваяк хадзіў па доме і злёгку штурхаў кожную рэч, кожны мех з жытам – каб і яны ведалі, што гаспадара больш няма.

Рэчы памятаюць сваіх былых гаспадароў і захоўваюць іх дотыкі.

Паліна гладзіла шурпаты камень, і ёй здавалася, нібы яна дакранаецца да нечае рукі. Рукі вельмі засмучонага чалавека, якую хочацца затрымаць у сваёй, выказаць спачуванне…

Чым валодае чалавек? Мінулага – ужо няма… Будучыня – не настала. А той эфемерны адрэзак цяперашняга, над якім ён уладны,  дзе ён можа рабіць свой выбар між злом і дабром – які ён? Імгненне? Доля імгнення? Ці яго… зусім няма, а мы заціснутыя, як паддоследныя мікраарганізмы, між двума шкельцамі — мінулага і будучыні, і наперадзе – вясёлкавы туман, а ззаду – бясконцая перспектыва карцін, што чым далей, тым больш цьмяныя, скажоныя, непазнавальныя… І нават тое, што вось-вось было, здаецца, можаш дакрануцца – ужо аддзеленае непрабівальнай паверхняй… Ніхто ў Гарнушках не памятаў Рашчынскіх.

І Паліне яшчэ больш захацелася вярнуць памяць пра сумнага філосафа з сінімі вачыма.

У дзядзькавай хаце зумкала самотная муха, упарта пазбягаючы бліскучай ліпкай стужкі, падвешанай дзеля яе, мушынай, пагібелі на лямпе. Людзі, патэнцыйныя забойцы мухі, сядзелі пад лямпай укруг стала, накрытага абрусам нахабна жоўтага колеру.

— А як памерлі твае бацькі, Валянцін? – штурман Сымон адарваўся ад чарадзейства над картай, раскладзенай на жоўтым абрусе — здавалася, быццам усё, на стол пакладзенае, плавіцца на патэльні з яешняй. Штурман, як і абяцаў, спрабаваў накрэсліць таемны маршрут, узяўшы за пачатковую кропку, па агульным рашэнні скарбашукальнікаў, надмагілле Рашчынскага. Пакуль што ўсе разлікі завяршаліся пасярод поля, дзе расла бульба.

Валянцін, які прыткнуўся на канапе побач з Дзінай, зноў уладарна-пяшчотнай, коратка ўздыхнуў.

— Як бацькі загінулі? Недарэчнасць… Бацька рабіў паліцы для кніг – ён быў выкладчыкам літаратуры, і загнаў сабе трэску некуды ў бок. Лета, горача, ён без кашулі… Драпіна і драпіна… Нічога небяспечнага. Але пачалося заражэнне крыві… Мне гады два было. Не памятаю нічога. Ну а маці яшчэ пяць гадоў пажыла. Адразу пасля смерці бацькі з’ехала са мною з вёскі ў горад, да сваякоў. Працавала на трох працах – нянечкай у садку, куды мяне ўладкавала, вечарам – там жа вартаўніком… Ды яшчэ лесвіцы мыла ў пад’ездзе… Усё спадзявалася мяне гараджанінам зрабіць. Дамаглася пакойчыка ў інтэрнаце… І не вытрывала. Інсульт. Ну а тады мяне забрала бабуля. А потым – мастацкая школа…

— Ну што ты, Валік, зноў кінуўся ва ўспаміны,– незадаволена падала голас Дзіна. – Кожны мусіць сам будаваць свой лёс і не лезці ў яміны мінулага, з якіх удалося выкараскацца. Давайце лепш, раз на прыроду выбраліся, дзе-небудзь пасядзім, шашлычкі пасмажым. Дарма, ці што, з сабою мангал цягнула і вядро з мясам?

Сымон варожа зірнуў на прыгажуню:

— На прыродзе трэба сузіраць прыроду, а не жэрці.

Дзіну, аднак, засмуціць было не так лёгка.

— Ой, толькі не кажыце мне пра вегетарыянства. Звераняты, птушаняты… Усё роўна вымрам, як жывёльны від – таму трэба браць ад жыцця натуральныя прыемнасці. Валянцін, ідзі папрасі ў дзядзькі дроваў. Паедзем на той пагорачак з сасной, што за вёскай. Цудоўная мясцінка! А потым, з новымі сіламі, зноў пашукаем вашага скарбу.

Валянцін кінуў вінаваты позірк на Паліну і, як належыць прыгоннаму, паслухмяна, хаця і панура, пайшоў выконваць загад.

Дзядзька Міхал чамусьці ўсхваляваўся, даведаўшыся, дзе менавіта збіраюцца ладзіць пікнік. Чаму заманулася маладзёнам на тую Крыжовую гару? Ёсць іншыя месцы. Вунь пад дубам за вёскай. Ці  на ўваходзе ў Маскалёў лес, за шашой, нават альтанкі і сталы пабудавалі. І да рэчкі зручна спускацца…

Паліну нездарма лічылі добрым даследчыкам. Яна ўмела распазнаць, дзе хаваецца нешта цікавае. І дзядзьку Міхалу не ўдалося адчапіцца ад настырнай дзеўкі (а з выгляду такая выкшталцоная!), пакуль не  распавёў усё, што ведаў.

У пагорка была кепская слава. Калі па-праўдзе, дык лічыўся ён праклятым. І дрэва, што на ім, лічылася праклятым. Хочаш звесці каго са свету – вазьмі кавалак кашулі непрыяцеля і навяжы на сасну. На Дзяды сядзь пад сасною на Крыжовай гары – убачыш, як той, хто мусіць хутка памерці, пройдзе  шарай гадзінай  вакол цябе, і будзе кружыць, кружыць, пакуль не растане… І, вядома, менавіта там  збіраюцца ваўкалакі з усяго Маскалёва лесу.

Ваўкалакі, як зразумела Паліна з дзядзькавых аповедаў, у наваколлі Гарнушак былі адметныя – больш падобныя да  людзей, чым да ваўкоў, высозазныя, з калматымі галовамі, і пашчы ў іх дзве – адна там, дзе ў чалавека рот, а другая – праз увесь твар, ад правага вока да падбароддзя. І калі другой пашчай – чалавек сам ператворыцца ў ваўкалака і будзе разам з іншымі пачварынамі давеку золата вартаваць. Якое? А тое, што ў Крыжовай гары закапанае.

Як толькі прагучала слова “золата”, віленская гандлярка падскочыла да суразмоўцаў. Але дзядзька толькі пасмяяўся. Якое там золата? Каб было, даўно выкапалі б. Жадаючых хапала….  Бачылі, колькі ямінаў? З боку рэчкі нават экскаватар падганялі, пясок браць. Палову гары былі знеслі, і нічога… Адны карэнні ў зямлі.

Аднак у легендзе пра ваўкалакаў нешта мелася… Паліна яшчэ раз паглядзела на каменную ваўчыную лапу з чалавечымі пальцамі. Цікава, што ці хто паслужыў прататыпам легендзе? Чаму ваўкалак – на надмагіллі? І чаму – Крыжовая гара?

— А бабуля казала, крыж калісьці на ёй стаяў. Стары-стары. Камсамольцы  ў трыццатых газай аблілі ды спалілі, — патлумачыў дзядзька.

Крыж! Ці не той, які на першай жабцы пазначаў  пачатак таямніцы? Паліна раптам успомніла і фразу-пытанне з Арцікавых запісаў: “Чаму ў руках смерці – крыж?” Напэўна, вось разгадка!

На Крыжовую гару выправіліся ўсе. Сымон у нязменнай чорнай майцы і джынсах, даўгалыгі Валянцін у ільняной кашулі, побач з ім, учапіўшыся за ягоную руку, джынсавая Дзіна, зграбная, нібыта шахматная фігурка… Апошняй ускарасквалася на гару Паліна, адпрэчыўшы штурманавы памкненні дапамагчы слабой кабеце. Так і бачыла сябе збоку — у недарэчнай доўгай спадніцы, са скручанымі ў вузел валасамі… І з упэўненасцю, што выглядае – дурніца дурніцаю, і паводзіцца адпаведна.

На вяршыні мелася ўтульная яміна, парослая белай  дзяцелінай. Стары пень, хаця счарнелы, струхлелы, заслаўшы цыратай, можна было прыстасаваць пад столік. Што і зрабіла Дзіна, ды пачала гаспадарліва раскладаць прывезеныя прысмакі.

— У мяне чамусьці ўражанне, што прынёс фарбаваныя яйкі на магілу продка, — змрочна прагаварыў Валянцін. – Нешта не падабаецца мне гэтая мясціна. Мы і малымі сюды ніколі не хадзілі.

— Чаму? – няўважна папыталася Паліна, азіраючыся па баках таксама з нейкім нядобрым пачуццём.

— Дарослыя страшылі – правалішся ў яміну.

Дзіна няўхвальна зірнула з-за спіны:

— Лепей шашлыкі рабіце.

Паліна глядзела праз карункавае вецце сасны на аблокі, і здавалася, што і сасна, і Крыжовая гара плывуць некуды ўдалеч, у бездань часу, і вось-вось з’явіцца з іншага берагу, аддзеленага плынню часу, нечая постаць, і чалавек у чорным сурдуце, з сумным суровым тварам схіліцца ў шляхотным паклоне:

— Вітаю паненку…

І вочы ў яго будуць сінія-сінія, як гэтае неба…

— Каго любіш?

— Люблю Беларусь…

— Ну дык узаемна!

Палініны мроі перарваў спакойны голас Сымона.

— Не думаю, што скарб закапалі тут. Гэта ўсё роўна што красці каравай з вясельнага стала, калі ўжо госці ўселіся. Але як кропка адліку – цалкам магчыма.

— Праўда? – зацікавілася Дзіна.

— Па ўсім відаць, што аўтар сваё пасланне разлічваў на далёкі час, каб не знікла. Каменнае надмагілле – гэта не аркушык… І як арыенцір чалавек мусіў выбраць нешта такое, што праіснуе сотні  гадоў і не страціць свайго значэння, застанецца адметнасцю. Накрэслены на жабцы крыж мусіў у мясцовага чалавека адразу выклікаць пэўныя здагадкі.

— Як здорава! – светлакосая гандлярка нават забылася на прыгатаванні да пікніка.—Значыць, мы хутка знойдзем запаветнае месца?

Сымон, скрыжаваўшы рукі на грудзях, глядзеў некуды ў палі.

— Пакуль што мы дайшлі ў разгадцы вунь да таго плоту, што каля лесу.

— А далей? – не цярпелася Дзіне. Праўду кажуць, што азарт – заразная штука.

— Далей – магла б распавесці чацвёртая жабка… Калі яна існуе. Далей – гэта ў радыюсе двухсот метраў… Можа, вунь пад тым дубам… Ці ў тым калодзежы… Або пад тым хутарам… А мо ажно вунь там, дзе нейкі слуп?

—  Няўжо нельга  вызначыць, абследваць? – расчаравалася і Паліна.

— У вас ёсць пад рукой узвод-другі салдат з металашукальнікамі, паненкі? Не? Ну тады…

Камень прыляцеў аднекуль справа, з густога кустоўя. На шчасце, Сымон паспеў прыгнуцца, і Паліну за сабой тузануў.

Шэры кавалак нянавісці быў шпурнуты з такой моцай, што ўмяў траву ў глебу, быццам абцас жаўнерскага боту.

Дзіна віскнула.

— Прэч адсюль! – Сымон бегма пусціўся з гары, цягнучы за сабой Паліну. – Маці маіх будучых дзяцей павінна застацца жывой і здаровай!

— Што?!! Я не збіраюся…–  задыхана паспрабавала запярэчыць Паліна, але Сымон не даў ёй выказаць абурэнне.

— Спакойна, дзяўчынка… Я ж сказаў – буду чакаць, колькі трэба…

Унізе гары, на дарозе, якая праглядалася скрозь, яны аддыхаліся. Зверху спускаліся Валянцін, нагружаны пакункамі, і Дзіна, страшэнна абураная, калі меркаваць па жэстах. Паліна  нарэшце асэнсавала, што адбылося… І здзівілася. Сымон раней не здаваўся ёй баязліўцам.

— Паслухайце, а чаго мы, уласна кажучы, збеглі? Ну, шпурнуў камень нейкі блазнюк… Нас жа многа! Чаго баяцца?

— Усё, нашы росшукі скончаныя, — Сымон напружана паглядаў па баках, нібыта вычэкваў новага нападу. – Неадкладна дадому, а жабак – на сметніцу!

Паліна на гэты раз вырашыла выказаць усё, што думае, пра дэспатычны мужчынскі характар… Але штурман  аніяк не ўразіўся.

— Спакойна. Вы проста не ведаеце. Ваш Артур, які таксама жабкамі займаўся, не сваёй смерцю памёр. Мне адзін палкоўнік сказаў. Нехта  пачаставаў клафелінчыкам. А ў вашага знаёмага – сэрца хворае.

Паліна схаладнела, але паверыла адразу. Няўжо дзесьці ў падсвядомасці здагадвалася?  Але змірыцца з пацверджаннем было цяжка.

— Не можа быць…

— Міліцыя проста важдацца не захацела. Падумаеш, алкаш…

— Але чаму? Хто?..

— Можа быць, на гэта мог бы адказаць той, хто кінуў у нас камень?

Над шэрымі дахамі Гарнушкаўскіх хатаў ужо садзілася цяжкое і чырвонае, як певень, жнівеньскае сонца, так што, здавалася, нязграбныя дахі прагнуцца, раструшчацца пад ягоным спякотным цяжарам. Валянцін, устрывожаны, як і Сымон,  умольна глядзеў на Паліну.

— Пакіньце гэтыя росшукі! Я ж расказваў вам пра дзядзьку ў белым капелюшы, які надмагіллем Рашчынскага цікавіўся, пакуль яму галаву не прабілі. Паехалі дадому…

Паліна незалежна абвяла вачыма няўдалых мужчын.

— Што ж, вялікі дзякуй за дапамогу. Чацвёртую жабку я знайду сама. Урэшце, можа, і без гэтага абыдзецца — мы ж яшчэ гэтак мала распыталі, перагледзелі архіваў.

— Правільна! Справу трэба даводзіць да канца! – нечакана падтрымала Дзіна. — Давайце сюды праз тыдзень зноў выберамся – у мяне якраз справы на Беларусі.

Валянцін нешта горача зашаптаў сваёй уладальніцы. Відаць, адгаворваў – але тая толькі пагладзіла яго па плячы, як дурное несвядомае дзіця.

І ўжо калі яны збіраліся ад’язджаць, нагружаныя шчодрымі вясковымі дарункамі і няяснай трывогай, да джыпа наблізіўся    няголены мужык, у запэцканай марынарцы, і правыў-працадзіў:

— А другога дзядзькі, значыцца, пляменнік ведаць не хоча… Круты ў мяне плямяш. На машынах ездзіць. Зямлю грызці гатовы за чужую капейчыну. Дык у зямлю і ляжаш, боўдзіла дурное.

Джып ужо ад’ехаў ад дзядзькавай хаты на адлегласць сабачага брэху, а Паліне ўсё чуліся няўцямныя змрочныя пагрозы. Відаць, чуліся і Валянціну — сядзеў такі сумны, нібыта зазірнуў ва ўласную магілу.

І Паліне чамусьці падумалася, што і для Вінцэся Рашчынскага Гарнушкі былі варожымі і няўтульнымі. Але чаму, чаму? Гэтае бяспамяцтва, ганьба надмагілля, пракляты  ўзгорак, ваўкалакі з двума пашчамі, камяні, што вылятаюць з гушчару… Дзяўчына падумала, што давядзецца туды вяртацца, і яе мімаволі затрэсла ад раптоўнай тугі і спалоху.

 

13

Восень прыйшла без дазволу, як цыганка, і адразу ж раскінула свае стракатыя спадніцы на зжоўклай траве, расселася гаспадыняй, пазвоньваючы залатымі маністамі  – паспрабуй, прагані… Варажыць у яе не выпадала – і так было вядома, што напрарокуе: усё згіне, усе звяне і ападзе на цвёрдую ад маразоў зямлю, і смяротная беля пакрые свет…

Вінцэсь ненавідзеў сёлетнюю нахабную, крыкліва-яркую, сонечную восень. Якое права мела хоць нешта ў гэтым свеце быць святочным і прыгожым на тле крывавай, подлай калатэчы, у якую ператварыўся край. Паўстанцаў хапалі сем’ямі. Увесь род – да немаўлятаў і нямоглых старых падлягаў у лепшым выпадку высылцы. А высылка ў Расійскай імперыі – гэта не ў Інфлянты з’ездзіць. Галодныя казахскія стэпы і сібірскія снягі маглі ператравіць, вымарыць, пераўвасобіць у безыменную, бязмоўную масу насельніцтва некалькіх такіх краінаў, як Беларусь.

Чаму адных забівае першая ж дурная куля, а іншы праходзіць ацалелым праз пекла соцень сутычак? Вінцэсь аказаўся шчасліўчыкам. Яму не заходзіла ў галаву гэтаму радавацца. Часам віна за сваё шанцаванне рабілася нясцерпнай, быццам тыя, хто гінуў, былі яго асабістым выкупам ад смерці. З’яўлялася нават падступная думка, што смерць, годная, вартая шляхціца смерць, са скрываўленай шабляй у руцэ, наперарэз ворагу – лепей, чым ганебнае перахоўванне па лагчынах, зацягнутых вільготным, як спіна баязліўцы, туманам.

Калісьці Вінцэсь ледзь не з паблажлівым жалем думаў пра Ваўкалака, што абраў сабе на шмат гадоў жыццё зацкаванага звера. Што можа зрабіць дзесятак адрынутых? Падпаліць на Каляды маёнтак злога пана? Хлопец нават прыдумляў мноства варыянтаў, як бы ён сам распарадзіўся сваім гневам і сваёй сілай у падобным выпадку. Бачыліся карціны яркія і велічныя, уся Еўропа паўставала на дапамогу заняволеным ліцвінам, луналі сцягі, блішчэлі разагрэтыя целы гарматаў, і Гарнушкі сустракалі вызваліцеля- паніча ўхвальным харалам. І з белымі кветкамі ў руках стаяла самая прыўкрасная ў свеце дзяўчына, і ў яе вялізных цёмных вачах люстравалася слава юнага вайскаводцы…

Цяпер Вінцэсь мог толькі горка смяяцца, успамінаючы тыя напаўдзіцячыя мроі. Сёння ён сам – зацкаваны звер, і не больш за дзясятак такіх жа зацятых – побач. Еўропа на хвілю зацікаўлена скіравала ларнет на спробу невядомых тузануцца з кайданоў, але зараз жа перавяла позірк на больш пільныя заклапочанні. Кожны сам плоціць за сваю волю.

Ах, як дорага даводзіцца плаціць ім… Секвестраваныя маёнткі, куды немагчыма з’явіцца – паўсюль атрады самааховы, паўсюль знойдуцца прыгонныя, якім – справа мужыцкага  гонару схапіць пана-бунтаўшчыка. Дзяцей частуюць цукеркамі, каб расказалі, хто прыходзіў да бацькоў. Абшукваюць кляштары, мнішак прымушаюць распранацца дагала. Жанчын за нашэнне чорнага адзення  ўбіраюць у арыштанцкія рызманы і пасылаюць месці рынак… Як самадаек. Дастаецца ўсім – і праваслаўным, “сапсаваным” заходнім уплывам, і каталікам, і уніятам, і габрэям… Былая памяркоўнасць – калі па адзін бок пляцу стаяла царква, па другі бок – касцёл, і тут жа побач – сінагога, і прыхільнікі ўсіх канфесій  сустракаліся тут жа на рынку, гандлявалі, куплялі, жартавалі, разам слухалі сляпых лірнікаў і глядзелі батлейку –  рабілася міфам. А англійскі карэспандэнт, аблашчаны Мураўёвым, піша пра “навядзенне парадку”.

Цяпер Вінцэсь зразумеў, пра што казаў калісь бацька, што даводзіў Мартын. Паўстанне не пераможанае, пакуль ёсць хаця б адзін нязлоўлены, няскораны паўстанец. Тады няма спакою ў душах акупантаў, і пад стрэхамі хатаў нараджаюцца новыя легенды, і той, хто жыве ў непралазных нетрах родных пушчаў, набывае моц гэтых нетраў. У народа мусяць быць таемныя ахоўнікі. Дзеля гэтага варта жыць і цярпець.

Але гэтай ноччу ім пашанцавала. Яны адпачнуць пад дахам, на сухой падлозе. Наракаць на адсутнасць шаўковай бялізны, напэўна ж, нікому не заманецца. Паляўнічы домік пана Вакулы Рагманава будаваўся ледзь не на скрыжаванні звярыных сцежак. Самае кепскае – амаль скончыліся кулі і порах… І ўжо няма грошай, каб не тое што  набыць зброю, а прымусіць зацікаўленых захоўваць таямніцу. Тыя, хто падтрымаў бы паўстанне да апошняга – схопленыя. Ну а іншым – навошта сілкаваць уласнымі сродкамі прайграную справу?

Можа, хоць Марку Рагманаву ўдасца сёння здабыць тое-сёе? Чалавек, да якога ён скіраваўся, не можа стацца здраднікам – хрышчоны бацька Маркі, Пятро Арэхна, былы аднапалчанін пана Вакулы Рагманава. І каб не страціў у вайне з туркамі нагу – сёння змагаўся б побач.

Толькі б хутчэй Марка вяртаўся… Вінцэсь пачаў заўважаць за сабой гэткае: калі хтосьці з сяброў сыходзіў нават недалёка, здавалася, ён знік назаўсёды. Як у дзяцінстве.

Бессаромна сіняе неба паніжэла, як вечка труны. Ну дзе ж Марка?…

Нехта зайшоў у пакой, у якім на хвілю здабыў самоту хлопец, і Вінцэсю не трэба было й азірацца, каб зразумець, хто: пра гэта яму паведаміла сэрца, што затрымцела, як кінуты аб падлогу заручальны пярсцёнак.

— Прабач, Вінцэсь, што турбую… Але я хвалююся.

Вальжына нячаста дазваляла сабе праявы “жаноцкай слабасці”. Вінцэсь усхапіўся,  як мог упэўнена зірнуў на зблажэлы, бледны тварык з вялікімі чорнымі вачыма (толькі не паказваць шкадобы – Яна гэтага не любіць).

— Ну што вы, Вальжына… Як маленькая… Памятаеце, як вы суцяшалі мяне, калі бацька доўга не прыязджаў па мяне ў ваш дом? “Упадзе цень на пляцень, яблык на траву, камарык на печку, на патэльню яечка – і татка твой прыдзе. А вунь ужо й ідзе”. А мне было гадоў пяць, і мне здавалася, што бацька не прыйдзе ніколі.

— Так, і вы былі тоўсценькім, бялявенькім вісусам, і зламалі маю ўлюбёную ляльку Анжаліку, якая ўмела гаварыць “ма- ма” і мела пругкія чорныя косы…

— Як у вас… І вы казалі, што маеце цёмныя колеры ночы таму, што вы – дачка лясной феі Мятлушкі. І калі я не буду слухацца, нашлеце на мяне кажаноў, каб тыя выпілі маю кроў. Але я зусім не паверыў – бо вы ўвесь час, нават застрашваючы, усміхаліся.

Вальжына і Вінцэсь рассмяяліся, на імгненне адасобіўшыся ад звыклай трывогі. Потым Вальжына неяк дзіўна ўздыхнула, нібыта развітваючыся з некім.

—  Вы заслугоўваеце добрай дзяўчыны, Вінцэсь.

Хлопец упарта прыўзняў галаву.

— Я прасіў вас пра гэта больш не згадваць. Мае асабістыя пачуцці тычацца толькі мяне. Я нікога не збіраюся імі абцяжарваць.

Вальжына раптам захінула твар рукамі, і – неверагодна! –  нібыта заплакала… Сапраўды плача! Вінцэсь несамавіта разгубіўся.

— Ну што вы… Мілая… Усё добра…

Яна нарэшце прыглушана прагаварыла.

— Мне дваццаць шэсць, Вінцэсь. Мая маці ў такім узросце мела дваіх дзяцей. А ўсё, што чакае мяне – шлях у Сібір і, калі пашанцуе, вяртанне на Радзіму пасівелай, старой, без зубоў. І вечныя шкадаванні аб тым, што сапсавала жыццё двум вартым людзям. — Дзяўчына  выпрасталася, выцерла слёзы па -дзіцячы,  рукой.—Прабачце. Відаць, нэ–эрвы… Ад бацькі даўно не было весткі. І… і ад Мартына… А тут і Марка прыпазніўся. Распусцілася.

Вінцэсь моўчкі глядзеў… Не быў бы ён гэтакім слінцяем, схапіў бы ў абдоймы, пацалаваў… Хіба сапраўды закаханы можа разважаць, ці будзе гэты ўчынак годным? Але як жа тады глядзець у вочы Мартыну…

Вальжына даверліва даткнулася да яго пляча, і Вінцэсь, напэўна, напляваў бы на гонар…

Але за вакном пачулася ваўчынае выццё. Лясны звер аніяк не мог падысці так блізка ў гэтую пару.

Чалавек з Брацтва Ваўка выслізнуў з-за ствала сасны, нібыта ўзнік з паветра. Вінцэсь, хаця і ведаў такую здольнасць за людзямі з Брацтва, не пераставаў кожны раз здзіўляцца. Відаць, сапраўды ў беларусах цячэ кроў старажытных лясных плямёнаў, накшталт легендарных піктаў, і ў момант небяспекі абвастраюцца назапашаныя продкамі веды – якая зёлка выратуе, якой сцежкай уцякаць, пра што – крык невядомай птушкі…

Жорсткі пагляд вачэй, шляхецкія вусы… Марцэл Алейшчык з ранейшай ненавіснай усмешкай глядзеў на Рашчынскага.

— Вось і зноў убачыліся… Мяне паслалі сказаць – Рагманаў паніч у жаўнераў.

Вінцэсь схаладнеў.

— Не можа быць…

— Адзін чалавек хоча з табой пагаварыць пра гэта. Як  сонца паніжэе да лесу, прыходзь да ліпы, што на скрыжаванні. І не бойся – Брацтва атрымала слова, што будзе бяспечна.

Пасланец ужо збіраўся знікнуць у паветры, напоеным халодным сонцам і пахам вогнішча…

— Пачакай! – Вінцэсь прымусіў сябе супакоіцца.—Хто цябе прыслаў? Ваўкалак? Чые словы перадаеш?

Марцэл бліснуў зубамі – цяжка было назваць гэта ўсмешкай.

— Птушкі нашчабяталі… Воўк правыў… Вужака насычэла… Сказана табе – як сонца сядзе на лес, ідзі да ліпы. І можаш нікога з сабой не браць. Слова ваўка.

Ліпа расла на скрыжаванні трох дарог. Адна, выбітая, выезжаная, вяла ў места. Другая, крывая, нібы след апойка, зварочвала  да карчмы, а трэцяя, нават не заслугоўваючы на званне дарогі, гублялася ў гушчарах. Сам лёс прадвызначыў дрэву стацца месцам спатканняў. Пад магутным ствалом чарнела кастрышча, а на галінках па-жабрацку трапяталіся абрыўкі тканін, што зусім страцілі першапачатковы колер. Вінцэсь не ведаў, чаму на ліпу навязвалі стужкі – ці падарожныя мусілі прыносіць ахвяру дзеля шчаслівага завяршэння шляху, ці гэта было сведчанне памяці пра нейкую сумную легенду.

Пад ліпай стаяла карэта. Гладкія, пародзістыя коні, адмысловая вупраж…  Вінцэсь нейкі час назіраў, схаваўшыся за шурпаты ствол сасны. Здаецца, засады няма… Адзін немалады мужчына – відаць, кучар – прахаджваецца па невялікім пляцы, гледзячы па баках. Фіранкі на вакне карэты на імгненне адхінуліся. Нехта нецярпліва ўзіраўся ў лес… Чырвоны край сонца зраўняўся з  дзідамі вершалінаў, і яны, замест таго, каб запалаць, пачарнелі, абвугліліся… Час! Рашчынскі, трымаючыся за пісталет, ступіў крок наперад.  Дзверы карэты павольна расчыніліся, запрашаючы госця. Служка, відаць, выконваючы загад, адыйшоўся ўбок, усім выглядам паказваючы, што ён будзе ў бліжэйшы час нямы, глухі і сляпы…

Твар гаспадара карэты не быў жорсткім – хутчэй трохі млявым. Высакародная сівізна, бакенбарды, тонкі пародзісты нос і – несупадзенне – пульхныя вусны, куточкі якіх грэбліва прыапушчаныя…Светлыя, аж празрыстыя вочы,  зморшчынкі вакол… Твар чалавека, які шмат бачыў, шмат ведае, і можа сказаць толькі адно: “ Што ёсць ісціна?” Мусіць, такое аблічча было ў Понція Пілата. Вінцэсь бачыў гэтага чалавека раней толькі на партрэтах… Але ад таго віна была яшчэ больш нясцерпнай.

— Вы ведаеце, хто я? – голас, звыкла ўладны.

Вінцэсь апусціў галаву.

— Так… Маю гонар размаўляць з князем Сігізмундам Людвісарам…

—  Я бацька Хрысціны і Станіслава. – пан Людвісар гаварыў роўным голасам, як на свецкім прыёме.—Не падумайце, што я стану дакараць вас за страшны лёс майго сына. Я сам хацеў, каб ён быў выхаваны чалавекам смелым, адданым сваёй радзіме, і не забываў пра славу продкаў. На жаль, Станіслаў вырас яшчэ і неспрактыкаваным рамантыкам… І занадта лёгка падпадаў пад чужы ўплыў.

Вінцэсь адчуў укол у сэрца. Так, уплыў быў… Ягоны…

— Вы ведаеце, што Станіслава чакае смяротны прысуд? – пан Людвісар і гэта прагаварыў нібыта спакойна, але Вінцэсь зірнуў у ягоныя светлыя вочы і здрыгануўся – знешнія млявасць і спакой уводзілі ў вялікі зман.

— Вам дзіўна, што я, з маімі сувязямі, з маімі грашыма не магу выратаваць жыццё адзінаму сыну? Так, я мог бы купіць свайму сыну армію, мог бы засыпаць золатам ілжывыя раты ўсім суддзям і падсудкам гэтай гнюснай імперыі… Але не ўсё можна купіць за грошы, хлопча, – у голасе пана Людвісара раптам загучала страшэнная стома.—Як філасофская выснова — гэта для мяне не навіна.   А тут — прыкры выпадак… У вежы кляштара Стась забіў сына вельмі важнага чалавека…  Родзіча царскай сям’і. Бацька — пры двары, пры чынах, а сын –  як і мой Стась, рамантык. Напрасіўся ў подзвігі – уціхамірваць праклятых бунтаўшчыкоў. Вось і атрымаў кулю… І ягоны бацька ніколі – нізавошта – не даруе. Ён прагне крыві – і расцярэ кожнага, хто перашкодзіць ягонае помсце.

— А калі… уцёкі? Ці – напад? – прапанаваў Вінцэсь. Князь Сігізмунд пахітаў галавою.

— Вы думаеце, я не спрабаваў? Я сапраўды мог бы купіць армію… Але Станіслаў – у Шлісельбургу.

— Як? Не можа быць… Калі яго перавезлі? – с цяжкасцю асэнсаваў навіну Вінцэсь.

— Вось бачыце – нават я пра гэта не ведаў.  Тут задзейнічаны сілы, якім я не магу супрацьстаяць.У мяне ёсць заступнікі пры двары. Але ёсць і ворагі… – пан Сігізмунд памаўчаў, нібыта чакаў, пакуль прыкрыя словы зусім растануць у вечаровым прахалодным паветры. І загаварыў па-іншаму, важка і пранікнёна.

— Цяжка быць пераможаным, хлопча?

Вінцэсь упарта ўскінуў галаву.

— Паўстанне не пераможанае, пакуль жывы хаця б адзін паўстанец!

— Прыгожыя словы… — пан Людвісар паблажліва ўсміхнуўся.— Пераможца – той, хто мае сілу… Той, хто можа не толькі ўзняць на вежы свой сцяг, але і збудаваць вакол вежы школы, у якіх вучні будуць вучыць узнёслыя вершы пра гэты сцяг. Колькі вам яшчэ ісці крывавымі ляснымі сцежкамі да гэтага?

Вінцэсь хацеў нешта запярэчыць, але пан Людвісар жэстам рукі спыніў яго.

— Я не хачу спрачацца з вамі пра мэты змагання.  Я пра іншае. Вось я сказаў вам, што ведаю, грошы могуць купіць не ўсё. Але, паверце, хлопча, яны могуць купіць вельмі многа! Вось як, напрыклад, я знайшоў вас? Чаму па вас пасланы чалавек з Брацтва Ваўка? Таму што часам я купляю іх паслугі, так-так, гэтых страшных, бязлітасных разбойнікаў, і яны, бывае, нават не здагадваюцца, хто імі кіруе. Ніводная вялікая, сапраўдная перамога не адбылася без залатой зброі. Не пярэчце, бо гэта так – не ўсё запісана ў летапісах, не ўсё выкладзена ў падручніках па вайсковай справе. Моцныя гэтага свету – я маю на ўвазе не ўладальнікаў карон ды тытулаў,– выбіраюць сярод многіх адчайна смелага, славалюбнага чалавека, які здольны выклікаць любоў у натоўпу. Яму даюць грошы. Падбіраюць разумных дарадцаў. Яму купляюць адна за адной арміі – як скрыначкі жаўнерыкаў з волава… А пасля ўсе дзівяцца, чаму гэта перакройваецца ў чарговы раз карта свету? Гэх, юнача. Я мог бы расказаць вам пра сапраўдныя падбіўкі  кампаній, што мелі самыя высакародныя лозунгі – але навошта адбіраць у вас веру?  Проста ўявіце, што вы маглі б сёння зрабіць, каб у вас быў… мільён рублёў золатам.

У Рашчынскага перахапіла дыханне. Мільён рублёў золатам! Сума неверагодная. Так, сапраўды, паўстанне тады магло б ажыць… І не толькі ажыць – але ўспыхнуць з вар’яцкай моцай!

Пан Людвісар з паблажлівай усмешкай назіраў за субяседнікам.

— Уявілі? Што ж, тады вернемся да лёсу майго сына. Я пралічыў усе варыянты. Прысуд мог бы быць іншым толькі ў адным выпадку: калі б было даказана – заўважце, вельмі праўдзіва даказана – што таго чалавека забіў не мой сын.

Вінцэсю падалося, што ён стаіць на краі стромы.

— Але гэта значыць назваць іншага забойцу…

— Так, юнача, вы нездарма скончылі філасофскі факультэт. Хаця б элементарныя рэчы кеміце. Сапраўды. Для суда патрэбны іншы забойца. Але – хто? Вось у чым прычына. Вось у роздумах над якім пытаннем я зусім ссівеў за апошнія тры месяцы.

Вочы пана Людвісара загарэліся ліхаманкавым бляскам, як у загоншчыка, які пачуў набліжэнне звера.

— Вядома, я б мог знайсці няшчаснага, які б згадзіўся, скажам, дзеля забеспячэння сям’і ўзяць віну на сябе. Але – як быць з доказамі? Па меншае меры некалькі дзесяткаў сведкаў бачылі тых, хто забег у кляштар. Потым  дзесяткі два жаўнераў і афіцэраў маглі на працягу  добрай чвэрці гадзіны назіраць, хто заставаўся на верхняй пляцоўцы, каб прыкрываць адыход іншых. Вас усіх было добра відаць, калі вы прыўзнімаліся для выстралу. Усе паказанні сабраныя і захоўваюцца ў следчай камісіі. Акрамя Станіслава, там былі вы, потым – адзін з вызваленых вамі асуджаных, пан Рагманаў, і яшчэ нейкі малады чалавек… Следства не ўстанавіла, хто ён, але я даведаўся –  сын Вакулы Рагманава Марк. Вядома, сведкі адразу яго апазналі б.

Нейкае штучнае раўнадушша пачулася ў апошняй фразе. Вінцэсь адчуў халодны жах. Нібыта гэты чалавек перад ім быў самім  князем цемры… Словы яго падалі, як кроплі вогненнага дажджу.

— Я разумею, што жыццё не мае цаны. Тым больш – прадаць яго добраахвотна? Але я даведзены да тае мяжы адчаю, калі няма іншых межаў. Цану я назваў. Мільён рублёў золатам – за тое, каб нехта з вас трох – вы, пан Вакула Рагманаў або  яго сын Марка Рагманаў – пацвердзілі на судзе, што куля, якая забіла сына князя Далгарукава, вылецела з  іншага ружжа. Толькі такому сведчанню – павераць.

Вінцэсь выцер рукой раптам успацелы лоб. Вар’яцтва! Пан Людвісар сціснуў кулакі.

— Не думайце, што я вар’ят, калі прашу кагосьці пайсці на вісельню. Я ўсё ўзважыў… Вы  – людзі ідэі. Ваша справа вам даражэй за жыццё… Гэта адно. Па-другое – ці так вы далёка ад той вісельні? Калі, скажам, я не вярнуся сёння ў прызначаны час дадому, на паляўнічы дамок Рагманавых будзе абрынуты цэлы полк… Я не палохаю – проста паказваю вам, як лёгка вас знішчыць. Пан Рагманаў – немалады чалавек, ён мог бы лёгка ахвяраваць сабой… Асабліва калі б, скажам, я паабяцаў бы яму, што вызвалю ягонага сына. Так, мы перайшлі да майго апошняга аргумента – ваш юны сябра ў турме. І не выключана, што ён усё роўна апынецца ў пятлі, калі даведаюцца пра ягоны ўдзел у вызваленні бацькі. А так – ён яшчэ мог бы і выратаваць свайго сябра, і, магчыма, увесь край.

Вінцэсь патрос галавой, адганяючы морак.

— А як сам Станіслаў, адмаўляе сваю віну?

Твар князя Сігізмунда на хвілю стаў жорсткім, як бізун.

— Мой сын можа даваць якія заўгодна паказанні. Усе ведаюць, што ён занадта эмацыйны, неўраўнаважаны чалавек… і нават недзеяздольны. Яго трэба лячыць. І я давяду гэта суддзям… Калі, вядома, галоўнае абвінавачванне з яго будзе знятае.

Сонца ўжо амаль схавалася за лесам. Трэба было спяшацца. І Вінцэсеў конь знудзіўся, пакінуты на палянцы.

А ў галаве круціліся апошнія словы князя Людвісара, кінутыя з вакна карэты.

— І пра сябе падумайце, пан Рашчынскі. Уявіце, ці так даражылі б жыццём, калі б адна дарагая вам асоба была прыгавораная да катаргі? Паненкам смяротныя прысуды не выносяць, але катарга можа быць надта суровай… Тыдзень маеце на роздум!

З восені патроху асыпалася пазалота, і паказваўся яе сапраўдны твар – кашчавы, са слядамі тлення… Яно было і лепей – не так шкада пакідаць свет.

Агонь паходні кідаў на твары дрыжачы няпэўны водбліск, і ўсё здавалася страшным сном. Вінцэсь, нібыта ўпершыню, разглядаў абліччы сваіх сяброў. Засяроджаны твар Мартына асветлены напалову, так што пачварнага шнару не відно – а Ваўкалак сапраўды гожы мужчына, і адна з кабетаў бачыла гэта ўвесь час.  Вось і яна… Цёмныя вочы апушчаныя, рэзкія цені робяць твар прыўкрасным не па -зямному – быццам скульптура ў гатычным саборы… Асабліва  высокі чысты лоб у атачэнні цёмных валасоў, расчасаных на прабор – зусім як любілі ляпіць старыя майстры…  І пан Вакула Рагманаў нагадваў суровага рыцара – глыбокі пагляд, рэзкія рысы твару… Сам Вінцэсь лічыў, што ў пакутлівых роздумах  няма патрэбы – ён адразу пасля размовы з Людвісарам вырашыў, што  толькі сам мусіць ахвяравацца. Умова – золата і воля ( ці хаця б мяккі прысуд) для Марка. Трэба толькі як след  падрыхтавацца… Магнат утварыў непатрэбныя складанасці, паведаміўшы пра сваю прапанову Маркаваму бацьку… І, вядома, Вінцэсь ніколі не стаў бы пасвячаць у гэтую сумную справу Вальжыну. Ваўкалак парушыў трывожнае маўчанне.

— Я даведаўся – Марку не пагражае смерць… Яго толькі падазраюць, што звязаны з паўстаннем – бо знайшлі  пры ім кулі і порах. Ён не паспеў нават узяцца за зброю падчас арышту. І пан Арэхна яго выгарадзіў, як мог. Маўляў, хроснік жыў у яго ўсё лета, палявалі разам на качак…  І дворня пацвердзіла. Ніхто гэтаму не паверыў, зразумела. Засудзяць усё роўна, але – не на смерць.

Вінцэсь з цяжкасцю прагаварыў.

—  Князь Сігізмунд ведае, што Марка быў з намі ў вежы. Мне падалося, ён пагражаў гэтым… Князь даведзены да адчаю – і …

— Гэта ганьба для шляхціца – данос! – выгукнуў пан Вакула.

Ваўкалака толькі суха рассмяяўся.

— Чым вышэй шляхціц, тым больш нешляхецкіх учынкаў яму дазваляецца, дружа. Я не пэўны, што ў арышце Марка няма рукі яго светласці.

Вінцэсь  не стаў працягваць непрыемную размову.

— Гэта ўсё не мае цяпер значэння… Вы павінны  думаць пра іншае – як распарадзіцца грашыма… Дзе перахаваць, каму даверыцца… Не забывайце, золата – вялікая спакуса. Свае паўнамоцтвы перадаю вам, пан Вакула… Выведзіце маіх людзей з гэтых лясоў.  З грашыма — вам адкрыецца мяжа. Я лічу, што збіраць новыя сілы трэба там, на захадзе.

— Глупства гаворыш, хлопча,– крыкнуў Рагманаў. – “Паўнамоцтвы”… “Распараджэнні”… Гэта наша сямейная справа – мая і майго сына. Ніхто не мае права ўмешвацца… Досыць, што ты ўжо адзін раз дастаў мяне з пятлі. Хай толькі гэты… людажэр дасць слова гонару… хаця ці можна такому верыць? – што дапаможа Марку. А золата раю браць у злітках.

— Стась і Марка – жаўнеры майго атраду,– цвёрда прагаварыў Вінцэсь. – Я – іх камандзір, і гэта ўсё роўна, што я – іх бацька. Яны абодва мне верылі, ішлі за мной… І я адказваю за тое, што з імі здарылася.  Ніхто не перашкодзіць мне  выратаваць маіх жаўнераў – у нашым атрадзе не кідаюць нават мёртвых. Я ўсё прадумаў… Неабходна трапіць у палон жывым і прытомным. Проста пайсці і здацца? Падазрона. Я паеду ў Гарнушкі… Нібыта па ежу. Сяляне ведаюць, што, здаўшы мяне, атрымаюць вялікую ўзнагароду. За жывога – удвая больш, чым за мёртвага. Яны не будуць мяне забіваць… А я, такім чынам, дапамагу яшчэ нейкай бядноце… І выкуплю яшчэ трохі грахоў свайго роду.

— Гэтак заўтра ж раніцой зраблю я! – ускінуўся пан Вакула.

— Спыніцеся! – Вальжына крычала, абхапіўшы галаву далонямі. – Я не магу гэтага больш слухаць. Вар’яцтва! Спрачаецеся, хто за золата прадасць душу д’яблу!

— Не душу, а толькі жыццё! – усміхнуўся аднымі вуснамі Вінцэсь. – І давайце на гэтым скончым. А то я адпраўлюся ў Гарнушкі проста зараз і пастукаюся ў хату Сцяпка Лухверчыка, прызначанага маскалямі старастам.

Дзяўчына схапіла Вінцэся за плячо, гнеўна страсянула.

— Я забараняю вам рабіць тое глупства, пра якое вы толькі што казалі!

— Вы хочаце страціць бацьку? Брата? Вальжына,  падумайце самі. У мяне не засталося блізкіх сваякоў… Калі знікну я – гэта будзе самая меншая страта.

— Няпраўда! – дзяўчына раптам кінулася да Рашчынскага, абхапіла далоньмі яго галаву. – Каб вы ведалі, якая гэта няпраўда!  — Вінцэсь, адчуваючы, што зямля сыходзіць з-пад ног, пагладзіў дзяўчыну па валасах, зазірнуў у яе заліты слязьмі твар… Вось такім атрымаўся іх першы (і, магчыма, апошні) пацалунак – у святле паходні, з прысмакам смерці, уласнай віны і чужога болю… Недзе побач хіснулася высокая постаць…

— Ну вось і ўсё вырашана, — спакойны голас пана Вакулы вярнуў Вінцэся на зямлю. Ваўкалак стаяў, павярнуўшыся бокам, і ягоная постаць здавалася прыгорбленай, як ад цяжкой стомы. Але Вінцэсь чамусьці не адчуваў сораму – як не адчувае чалавек, якога агаляюць перад катаваннем. Хлопец цвёрда адхінуў дзяўчыну – застаецца спадзявацца, што не пашкадуе яна – і  зрабіў крок наперад.

— Я не адступлюся ад права прадаць сваё жыццё так, як лічу патрэбным.

— Дурное хлапчо! Не змушай мяне да нешляхетных сродкаў, — Вінцэсь яшчэ ніколі не бачыў дзядзьку такім угневаным.  Як можна спыніць яго -– хіба лёгка параніць? У нагу, напрыклад. Сапраўды вар’яцтва…

Ваўкалак глыбока ўздыхнуў, праганяючы млосць, і стаў між імі двума.

— Што ж, я з радасцю вырашыў бы вашую спрэчку на сваю карысць, каб не сышоў у неадпаведны час з вежы. Ад таго, што вы пазабіваеце тут адзін аднаго, нікому не стане лягчэй. Выйсце адно – жэрабя. І пакляніцеся, што прымеце вырак. Мы ўсе – жаўнеры. Усе – асуджаныя. Ці варта ўсчыняць такі гвалт з-за таго, каму раней станьчыць на вяроўцы?

— Мартын, як ты можаш!—адчайна ўсклінула Вальжына. Але Ваўкалак не зважаў. Ён дастаў з кішэні нешта невялікае, працягнуў на далоні. У цьмяным святле збліснуў метал: дзве кулі… Адна – звычайная, свінцовая, другая – срэбная. Пазначаная крыжам. Смерць…

Вінцэсь зірнуў на дзяўчыну, што, як заварожаная, не магла адарваць погляду ад куляў.

— Напэўна, Вальжыне лепш сысці…

— Я застануся,– цвёрда прагаварыла дзяўчына. – Калі самыя дарагія мае людзі вырашылі гуляць са смерцю, я таксама бяру ўдзел. – і рашуча працягнула Ваўкалаку раскрытыя далоні.  – Памятаеце гульню ў залатога жука? Вельмі проста. Зусім для малых. Мартын, пакладзі кулі на мае далоні, калі я заплюшчу вочы. Тата, Вінцэсь, адвярніцеся…

У голасе Вальжыны звінела такая адчайная нота, што мужчыны моўчкі паслухаліся. Потым яна працягнула ім сціснутыя да болю кулачкі.

— Ну вось, у адной маёй руцэ – срэбная смерць… Я не ведаю, у якой… Аказваецца, смерць зусім невялікая і халодная, як лёд. Каму я яе сёння аддам – бацьку? Ці чалавеку, які… які мне таксама дарагі? Ну! Выбірайце!

Вінцэсь бачыў, што чаканне для дзяўчыны было невыносным, і, спяшаючыся, дакрануўся да правага кулачка… Змрочны пан Вакула стаў злева…Вальжына расціскала пальцы, нібыта гэта прыносіла ёй страшэнны боль…

На правай далані ляжала срэбная куля. Самаробная, пазначаная крыжам.

У апошнюю ноч Вінцэсь не спаў.  Ці ўсё прадугледжана? Ці не памыляюцца яны, даверыўшыся слову гонару магната? Сярод яго продкаў былі такія падступнікі, што нашчадкі наймалі старых людзей, каб тыя  ў  сваіх мемуарах хоць трохі абялялі памяць пра ўладных пачвараў. Нібыта гэта магчыма. А як лёгка паміраць, калі смерць пазбаўляе невыноснага адчування віны! Адзінае, што будзе не адмолена – той пацалунак. Вальжына ўпарта пазбягала размоў, і Рашчынскі адчуваў сябе рабаўніком.

У шыбу нешта стукнула – нібыта птушка дзюбкай. Вінцэсь ускочыў – за вакном непраглядная цямрэча. Яшчэ стук… У іх цяперашнім жыцці нічога не бывае без прычыны. Рашчынскі схапіў пісталет, накінуў на плечы кажух, стараючыся не пабудзіць іншых.  Пакуль няма падстаў для трывогі. Сёння на варце пан Вакула – бывалага паляўнічага не падманеш.

На ганку Вінцэся чакалі.

— Я ведала, што вы не спіцё…

Зоры былі такімі буйнымі, што ледзь не падалі на зямлю, усланую лісцем, крылцамі мятлушак і дарэмнымі спадзяваннямі. Вальжына ўзяла Вінцэся за руку, як маленькага – якія ў яе гарачыя пальцы! Захварэла, ці што? – і павяла некуды ў лес… Вінцэсь ні аб чым не пытаўся. Толькі кроў стукалася ў скроні.

— Гэта недзе тут …

Хлопец ужо ведаў, што яна шукае – ля сцежкі стаяў невялікі будан з гонту, пакрыты лапкамі ялінаў. Ад холаду ён схаваць не мог, але як падабенства таемнага прытулку – чаму не? Хлопец і дзяўчына апусціліся на сена, наваленае ў будане – яно яшчэ не дарэшты страціла водар лета. Абое маўчалі.  Нарэшце Вінцэсь парушыў цішу.

— Вальжына, вы не павінны…

Але яго словы перапынілі яе вусны… Гарачыя, як прысак чужога вогнішча. Вінцэсь яшчэ знайшоў у сабе сілы адхінуцца і спытаць:

— А як жа Мартын?

Яна перарывіста ўздыхнула.

— Чаму ты ўвесь час думаеш толькі пра іншых? Мне патрэбны ты…

Яму прыйшла ў галаву ганебная думка – гэтак рымскія кабеты прыходзілі да гладыятараў… Moritore te salutant. Але  дзяўчына зараз жа зашаптала.

— Узважваць пачуцці няма часу, Вінцэсь. Мы ведаем адзін аднаго дастаткова, каб не памыліцца. Я не магу страціць цябе. Я не ведаю, што дасць мне сілы гэта перажыць. І… зразумей, такой ночы ў мяне не было… І больш не будзе.

— Я яшчэ магу выжыць… — прамармытаў Вінцэсь.—Мяне могуць памілаваць… Я магу ўцячы… І застацца ў тваім жыцці разам з гэтай ноччу не толькі ўспамінам.

— Дурань! – дзіўна, але гэтае слова ў падобных выпадках часта замяняе самыя доўгія і выкшталцоныя прызнанні. А Вінцэсь быў толькі слабым, грэшным чалавекам. І яшчэ ён кахаў.

Ноч палала на вуснах, быццам ноч Рыма, падпаленага шалёным цэзарам. І Вінцэсь зноў і зноў патанаў у невымоўнай пяшчоце і амаль невыноснай жарсці, і зоры сыпаліся на іх праз галінкі ялінаў, з якіх склалі будан… Такое было іх каханне – цудоўнае, п’янкое, з прысмакам смерці…

Віна мужчыны ў тым, што ён у каханні заўсёды – пераможца. Вінцэсь не хацеў гэтага… Але ён не мог парушыць адвечныя законы. І  гэта было лепей за ўсё, што ён зведаў дасюль.

І што магло прымусіць іх шкадаваць аб гэтым шчасці? Цьмяны вобраз пасівелага Мартына, які  столькі год, быццам уладальнік чароўнага вострава, аберагаў, ашчаджаў цудоўную кветку,  што дасталася юнаму сябру-суперніку? Заўтрашні дзень вызваляў ад віны, бо касаваў прышласць. У іх адносінаў не было будучыні, і таму так лёгка і безаглядна кахалася.

 

Гарнушкаўцы нават не сталі яго моцна збіваць. Усё-ткі ён быў пан, якога належала перадаць іншым панам, і хто ведае -– ці спадабаецца тым іхняе мужыцкае абыходжанне з  “белай косткай”? Гарнушкаўцы ведалі, што панам давяраць нельга. Таму дзесяць узброеных з атраду самааховы, пад кіраўніцтвам старасты Сцяпка Лухверчыка, вырашылі самі павезці бунтаўшчыка ў горад, здаць, як належыць, запісаць па справядлівасці, каму – узнагарода… Вінцэсь пазнаваў усіх: вось брат Міхася Валевіча… Адмольвае сямейныя грахі  перад уладамі? Сын конюха Тодара, зусім маладзенькі і разгублены… Паперадзе ўсіх — стараста, Лухверчык, у новай світцы з крамніны, з новенькай стрэльбай цераз плячо. Стараецца. камандуе… А гэта? Светлавалосы няўклюдны хлопец абыякава дапамагаў звязваць бунтоўнага пана. Маскарад трывожнага часу…Учора – ахвяра, сёння – кат… Гаўрыле Чарапавіцкаму трэба было моцна пакаяцца, каб атрымаць дараванне. Як кажуць кітайцы, не дай табе Бог жыць у часы пераменаў.

Вінцэсь безуважна ляжаў на калёсах, звязаны гэтак старанна, што й не паварушыцца, і ўспамінаў мінулую ноч… Усмешка, што блукала на ягоных вуснах, гэтак злавала мужыкоў, што адзін з іх, не вытрымаўшы, пачаў даволі такі адчувальна тыцкаць Вінцэсю пад рэбры прыкладам ружжа ( а чаго лыбіцца, зладзюга?).

У горадзе вуліцы аказаліся на дзіва пустэльнымі. Затое бліжэй да цэнтральнага пляцу траплялася ўсё больш і больш народу, асабліва жаўнераў. Раптам сыпануў дробны пошчак барабанаў… Вінцэсь здагадаўся, што гэта азначае. На шчасце, яго ахоўнікі таксама выявілі цікавасць і пад’ехалі бліжэй, на ўзгорак, з якога добра бачыўся пляц. Знаёмае драўлянае ўзвышэнне, над ім гайдаецца пятля… Сцяпок Лухверчык нават прыўзняў Вінцэся, каб таму лепш было відно:

— Глядзі, як цябе самога вешаць будуць!

Вінцэсь напружана ўглядаўся: каго караюць? Вось вывелі на памост… Ідзе сам, горда … Белая кашуля, чорнавалосы… Далёка. Не пазнаць. Затое той, хто чытаў прысуд, меў такі грамавы голас, што нават там, дзе знаходзіўся Вінцэсь, разбіралася кожнае слова.  За злачынствы супраць дзяржавы… За забойства паручніка лейб-гусарскага палка Аляксандра Пятровіча Далгарукава… прысудзіць двараніна Н-скай губерні Рашчынскага Марка Вакулавіча да смерці цераз павешанне…

Зноў cыпануў барабанны пошчак. Вінцэсь з усяе сілы ірвануўся… Не! Гэта падступна! Гэтага нельга дапусціць!

— Што, паночак, страшна? – здзеклівы голас побач.

Вінцэсь глядзеў – бо адвесці вочы было таксама здрадай. Але відовішча расплывалася ад пякучых слёз. Вось падыходзіць кат… Надзявае пятлю на шыю асуджанага… Б’юць барабаны, усё хутчэй, хутчэй… І страшны, недарэчны танец у паветры паміраючага цела…

–Не-е-е!!!

Перастрахаваўся, падлюга Людвісар! Вось будзе  неразбярыха, калі і ён, Вінцэсь, пачне настойваць на тым, што забіў таго  радавітага лейб-гусара!

— Во пераймаецца наш пан! – побач ужо нават спачувалі. – Не хочацца паміраць, як таму, ясная справа…

Але смерць па-ранейшаму не хацела прымаць яго ў палацы вечнага спакою. Ці з любасці, ці з пагарды? Хто ведае. Калёсы трэсліся на брукаванцы, натоўп, што разыходзіўся, наталіўшыся жахлівым відовішчам, неміласэрна штурхаўся побач… Адзін з ахоўнікаў нахіліўся над палонным. Вінцэсь адчуў, што вяроўкі на ім раптам саслабелі. Нехта ўклаў у яго знямелую руку пісталет.

— Страляй у старасту…

Ахоўнікі пападалі  на зямлю, атуляючы галовы чорнымі рукамі, звыклымі да касы і рала. Хіба толькі двое ўспомнілі пра зброю. Там, у Гарнушках, Вінцэсь зусім не бараніўся, і яны яго не баяліся. Цяпер ім давялося зразумець сваю памылку, але — запозна.

— Бяжым! – Гаўрыла Чарапавіцкі цягнуў Рашчынскага за сабой, і натоўп паглынуў іх, як рачныя хвалі – заходняе сонца.

Ты выжыў – гэтае ўсведамленне напаўняе цела жывёльнай радасцю. Ты выжыў там, дзе немагчыма было выжыць. І так і хочацца звярнуцца да Госпада з блюзнерскай просьбай – адымі розум… Каб не збэсцілася простае, зразумелае свята невыноснымі пакутамі душы.

Вінцэсь не вінаваціў сяброў. Ён усё разумеў – з ім ужо развіталіся, кожны сказаў у думках добрыя і ўзнёслыя словы, падрахункаваў ягонае жыццё… А ён не загінуў. Вярнуўся, жывы і здаровы. Яго месца ў палацы вечнага спакою заняў іншы. І гэта было, як быццам  кашулю вярнулі нямытай, і давядзецца яе апранаць і даношваць. Нібыта свая, але хацелася чыстай і адпрасаванай.

Ваўкалак хаваў вочы.

— Людвісар прыслаў скрыні… Дзве невялікія – там манеты. Астатнія са зліткамі. Думаю, пакуль пачнем карыстацца манетамі, а зліткі – перахаваць, куды дамаўляліся.

І была яна. Халодная, як восеньскае неба.

— Спадзяюся,  жыццё майго брата прададзена не дарэмна, і ваш мільён зробіць гэтую зямлю вольнай і шчаслівай… Хаця б трошкі.

Вальжына таксама разумела, што несправядліва дакараць чалавека за тое, што яму не ўдалося загінуць. Яна і спрабавала ўсміхнуцца, суцешыць – бачыла ж, як ён пераймаецца ад таго, што адбылося. Але між імі паўстала сцяна… Ці, можа, прывід? І Вінцэсю разрывала сэрца ўсведамленне таго, што ноч у будане была толькі развітальным падарункам герою. Няўжо – так?

— Мне цяжка вас бачыць, – спакойны тон раніў больш, чым крык. – Не думаю, што змагу быць з вамі. Можа быць, з  часам, калі забудзецца многае… Калі мне перастане здавацца, што Марк вось-вось з’явіцца, пастукае ў дзверы, засмяецца…А пакуль што – ідзіце, хавайце свае скрыні.

Нібыта кінула ў твар халодную жабу.

І Вінцэсю было яшчэ горш ад таго, што ён ведаў – цяпер яна не зможа вярнуцца і да Мартына. І заставалася толькі адно – зрабіць сапраўды так, каб Маркава жыццё аказалася прададзеным недарэмна.

 

14

Далоў доўгую спадніцу і абцасы, сімвалы заняволенасці жанчын, апаэтызаваныя патрыярхатнымі паэтамі!

Паліна злосна глядзелася ў люстэрка. Пачвара! Да чаго давяла сябе за апошнія гады!

Адзінае, што суцяшае – джынсы, якія схавала ў шафу тры гады таму, нават завялікія… Не растаўсцела! А што з валасамі рабіць? Можа, проста распусціць па плячах?  І злева заплесці некалькі таненькіх косак – будзе арыгінальна… Чорную кофтачку са срэбным павуком таксама гады тры не надзявала… А пазногці?!! Яна ж нават лак перастала купляць!

Званок у дзверы спыніў усе хваляванні.

Што ж, прынамсі, Стась не ўлез бы ў старыя джынсы – на амерыканскіх прысмаках прыбавіў кілаграмчыкаў дзесяць. Гэта першая дурная думка, якая прыйшла ў галаву Паліны. А за ёй і другая, не разумнейшая: яна, Паліна,  усё яшчэ яго кахае. Гэтага распаўнелага, упэўненага ў сабе “мача” ў белым пінжаку…

А далей  яна ўвогуле перастала думаць. Таму што Стась заўсёды ведаў, як з ёй абыходзіцца: ён проста моцна пацалаваў яе, і… І адразу ж пачаў распараджацца. Гэта тэкіла. Гарэлка з кактусаў, гадасць, вядома, але прывёз для экзотыкі. Схавай у лядоўню. We”ll drink best… Будзем піць вось гэта -–кампары. Вяндліна нарэзаная, раскладзі толькі. А вось авакада трэба нарэзаць… Ты тут каштавала авакада, маленькая? Не? Я так і думаў… У ЗАГС можна заўтра падысці да дзесяці раніцы. За сто баксаў распішуць адразу.  Don”t worry, be happy. Ды не тыя чаркі дастала. Трэба  для кактэйля…

Паліна, як загіпнатызаваная, бегала між кухняй і гасцёўняй, адчуваючы сябе пухнатым цацачным зайчыкам, у якім пасля доўгага перапынку замянілі батарэйку.

— А гэта што за жаба?

Стоп! Паліна  рашуча паклала чарговы пакунак на канапу. Ачмурэнне нейкае! Нібыта не было гэтых трох гадоў, нявыплаканых слёзаў, незабытай крыўды…

— Паслухай… Нам варта пагаварыць.

Пагаварыць Стась не адмаўляўся. Столькі за гэты час адбылося! Амерыка – добрая школа выжывання. Але хто працуе, не лайдак, ды з мазгамі – будзе жыць, як тут і не снілася. Галоўнае – стабільнасць. Страхоўкі, полісы, прафсаюзы… Паліна слухала, углядалася ў спакойныя разумныя вочы, і – ні адцення там віны, ні сумневу ў тым, што ён робіць правільна. Заўсёды правільна.

— А ты ўсё гэтак жа займаешся сваёй беларушчынай? Не адказвай, сам бачу. Вунь панацягала бярвенняў, шашалем паедзеных. Няўжо не разумееш – гэта бесперспектыўна! Свет імкнецца да уніфікацыі, а ты —  супроць плыні, ды яшчэ за сто баксаў у месяц. Не падвысілі ж моцна зарплату, так? І з дысертацыяй я таксама быў упэўнены – не абароніш, занадта далікатная натура. Да цябе менеджэра прымацаваць трэба.

— Гэта не бярвенні,– абурылася Паліна, – а беларуская скульптура пачатку васемнаццатага стагоддзя!

— І адкуль яна ў цябе? Са сметніка?

— Можна сказаць, так. Паехалі з сяброўкай глядзець касцёл у Касацінава. Побач з храмам  – закінуты дом, ганак з драўлянымі калонамі, можа, калісь ксёндз жыў. Вось на ганку гэтага дома і  знайшла… Касцёл рэстаўравалі, як цацачку. З-за мяжы прыслалі і начынне для інтэр’еру – гіпсавыя дзевы Марыі і распяцці,  пафарбаваныя алейнай фарбай. А гэтыя “вырабы народнага генія”, як казаў Караткевіч, – прэч! Старыя, нехлямяжыя… Уяўляеш – яны пад дровамі ляжалі!

— І ты іх  прыўлашчыла?

— Вядома! Транспарту свайго не было, а я – з гэтымі скульптурамі, як з немаўлятамі – і рукі ўжо не трымаюць, і кінуць не магу. Людзі ў аўтобусе лаюцца, штурханіна… Затое вось – святая Барбара… Святы Майсей…

Дзяўчына падыйшла да скульптур і ласкава, як жывых, пагладзіла па шурпатай паверхні. Госць іранічна паківаў галавой.

— Ты не змянілася. Памятаю, як у Шепетава пацягнула мяне ў старую царкву, паглядзець на труну дойліда. Аказалася, тую труну – дыхтоўную, з чорнага дрэва, так? – яшчэ падчас вайны забралі немцы, каб пахаваць свайго кончанага партызанамі генерала. А мумію дойліда пакінулі ў скляпенні… Як яго звалі, таго дойліда?

— Адам …– ціха  прамовіла Паліна, нібы баючыся легкадумным тонам пакрыўдзіць і без таго пакрыўджаную цень.—Такое імя  на труне, кажуць, было напісана. А прозвішча згубілася.

Стась белазуба ўсміхнуўся і працягваў успаміны.

— І вось гэтага Адама, забальзамаванага, як фараон, некалькі пакаленняў мясцовых хлопцаў цягалі па вёсцы, каб палохаць дзяўчатаў. Во ўмелі бальзамаваць продкі! Не рассыпаўся, хоць чаго толькі жартаўнікі не выраблялі! І ты, як ненармальная, насілася па вёсцы, шукаючы бедную мумію, і вучыла вяскоўцаў маральнасці і павазе да гістарычнай спадчыны, а я ледзь абараніў цябе ад нейкага  мясцовага Кінг-Конга.

Паліна горка ўсміхнулася, нібы наяве ўбачыўшы былую прыгоду, страшны чорны твар муміі, рогат беспамятных дурняў…

Стась засмяяўся непрыемным бязгучным смехам і адкінуўся на спінку крэсла. Паліна з жахам заўважыла, што ў яе “мача” відочна абазначаны другі падбародак.  І рукі змяніліся… Нейкія не такія пальцы, пазногці. І… блішчаць?

Стась перахапіў яе пагляд, пакруціў у паветры дагледжаную даланю.

— Манікюр, дзетка. Не дзівіся – там гэта норма жыцця. Адразу сам не мог прывыкнуць. Але ў нас у бюро ўсе так робяць. І ўсе ходзяць па пятніцах і аўторках з шасці да сямі ў трэнажорную залу, а кожны трэці “ўік-энд” – пікнік, у спецыяльна выкупленым фірмай кэмпінгу, усе са сваімі кошыкамі, жонкамі і безалкагольным півам… Сама пабачыш. Хочаш прыжыцца – будзь, як усе. Ды не хвалюйся – там не толькі гэткі “мяшчанскі дабрабыт”. Я пачаў разумець тваю страсць да мумій, можа, толькі там, калі мяне прывялі ў дом аднаго мільянера, супер-праграміста. І гаспадары як найвялікшую каштоўнасць паказвалі гасцям кавалак цаглянай сцяны ад стогадовай забудовы, і счарнелую пашчапаную бэльку, прымацаваную пад столлю шыкоўнай залы. Бэлька  засталася ад салуна, што калісь належаў дзеду гаспадара і згарэў, спалены ці то індзейцамі, ці то каўбоямі. І мільянер цяпер за шалёныя грошы скупляе парэшткі ад таго салуна – нейкія памятыя жалезныя кубкі, мядзяныя місы для ўмывання, якімі карысталіся, напэўна, танныя самадайкі… Сямейны гонар!

Стась адпіў кампары, акуратна прамакнуў вусны сурвэткай, пацягнуўся да Паліны і  зноў моцна пацалаваў, нібыта сцвердзіў свае правы. Вось так, не спадзявайся, што ўсё скончыцца размовамі.

— Дарэчы, не падумай, вядома, што я раўную, буду ў прэтэнзіі… Але многа ў цябе было мужчын за гэтыя гады, бэбі?

Стась паблажліва паглядаў на былую жонку, нібыта ведаў адказ. Ах ты бедненькая, пакінутая… Паліна на хвілю адчула невымоўны боль. Яна сапраўды хоча правесці рэшту жыцця з гэтым прыгожым, дужым, самаўпэўненым эгаістам? Паліна памаўчала, потым рашуча ўзнялася, узяла з паліцы заколку, падыйшла да люстра і закруціла валасы ў звыклы вузел.  Вось так… Цяпер  можна пазнаць, вярнуць самую сябе. І ратавацца… Пакуль душа не зламалася дарэшты. Паліна павярнулася да госця.

— Я выходжу замуж за другога. Прабач, трэба было сказаць адразу.

— Вось як…– Стась паставіў на стол шклянку з кампары, яшчэ не ведаючы – абразіцца ці пасмяяцца. – І хто ён, калі не сакрэт?

Цяпер іншага выйсця не было – Паліна не верыла ў свае сілы выстаяць перад спакусаю без дапамогі звонку, няхай віртуальнай. Стась, напэўна, заўважыў яе ваганні, бо ўпэўненая ўсмешка зноў вярнулася на яго дакладна акрэсленыя вусны. Пагуляй, пагуляй, дурнічка, у незачэпу.

Лагічней за ўсё было б назваць у якасці жаніха Сымона. Паліна ведала, што баявіты штурман абараніў бы яе ад уплыву і дзесяці Стасяў. Але сказалася чамусьці іншае:

— Ён скульптар… Родам з Беларусі, але жыве ў Вільні. Гэтую жабку зляпіў.

–А імя ў яго ёсць?

— Валянцін. Валянцін Чарапавіцкі.

— Такі ж “закручаны” на “беларускім пытанні”, як і ты?

— Такі ж.

— І… ты яго кахаеш?

Паліна адвярнулася да вакна, за якім сыпаўся дробны летні дождж, памаўчала і ціха прамовіла – не Стасю, а дажджу і сабе.

— Кахаю.

І сама здзівілася – што за фантазія?

А потым, калі Стась пайшоў, і адзінота варухнулася ва ўсіх кутах, папаўзла ценямі да гаспадыні – хаця навошта ўладарыць над ценямі? — і было невыносна сумна слухаць шум дажджу, і глядзець на амаль некранутыя стравы і недапітыя напоі ў шклянках, рука сама набрала нумар тэлефону. Хаця зноў жа—навошта?  І далёкі голас трывожна пытаўся: “Я слухаю… Хто гэта? Паліна? Гэта вы? Што здарылася? Не маўчыце! Паліна!“

Але адказваць таксама не было сэнсу.

Маці, як і абяцала, вярнулася толькі раніцой. І адразу ж усё зразумела. Паліна ведала, яна ў душы радуецца – вядома, шчасце дачкі вышэй за ўсё, але застацца адной? І тым не менш пасыпаліся папрокі. Ну як можна адмаўляцца ад свайго шчасця? Іншыя шалёныя грошы плоцяць шлюбным агенцтвам, каб выскачыць хоць за якога нягеглага янкі.

Паліна не адказвала, і маці зусім зазлавала.

— Дурніца ўпроўная, ідэалістка, уся ў…

Марыя Апанасаўна абарвала сябе, і Паліна зразумела, чаму.

— А дарэчы, ты ніколі не расказваеш мне пра майго бацьку. Прабач, я разумею, што, відаць, з гэтым у цябе звязаныя не самыя лепшыя ўспаміны жыцця, але я маю права ведаць! Хто б ён ні быў – гэта ж мой бацька!

Паліна не ўпершыню завязвала такую размову, атрымліваючы заўсёды ў адказ нешта гнеўнае, нібыта ў самой  яе зацікаўленасці  мелася крыўда для маці.

— Паслухай, ну вось з’еду я са Стасем у Амерыку, і, можа, ніколі больш не ўдасца пра гэта пагаварыць. Твае ўнукі спытаюць мяне пра дзеда, а я ім: не было ў вас дзеда, бэбі!

Пагроза падзейнічала. Маці, усё яшчэ раздражнёна прыбіраючы тыя рэчы, што, на яе погляд, засталіся не на сваіх месцах пасля ўчарашняга гасцявання, нарэшце вымавіла.

— Ты нічога пра яго, пра свайго бацьку, не ведаеш, а ён нічога – пра цябе. Так што ўсё ў раўнавазе.

Паліна не збіралася адступацца.

— Мама, хто ён? Хто мой бацька?

— Татарын.

— Што?!!

— А ты думала – чаму ты такая чарнявая? Не палохайся – і ён, і продкі ягоныя лічацца беларусамі, праваслаўныя, з нашае шляхты. Вёска яго неяк прыгожа называлася – Вяснянка, ці Весніцы… Дзесьці пад Наўем. Ну, што табе тлумачыць – сама гісторык. Ведаеш, калі радавітыя татары на Беларусі пасяліліся – яшчэ падчас Грунвальду. І з твару ён – беласкуры, як ты… Толькі вочы і валасы чорныя, як вугаль, ды прозвішча – Рагманаў. А Татарынам мы яго празвалі ў інстытуце – за шалёны характар.

— Дык вы разам вучыліся? –  здзівілася Паліна.

— Вучыліся…– уздыхнула маці.— Ён—на рэжысуры. Я – на акцёрскім. Але ж кажу – “Татарын”… Час які быў, а ён для курсавой працы вынайшаў п’есу нейкага заходнебеларускага пісьменніка, ворага народа. І часопіс самаробны яны ў пакоі рабілі ўчацвярых… Зразумела, што з чацвярых хаця б адзін стукач быў. Ну і пагналі яго з “воўчым білетам”… Ды каб толькі гэта! Ён яшчэ і поўху замдэкана адвесіў. А той – з органаў, усе ведалі… Карацей, столькі стацей на Татарына навешалі… Добра, не ў лагеры – але на прымусовае пасяленне ледзь не ў тундру.

— А ты?

— А што я? – маці раздражнёна глядзела ў вакно, нібыта дождж, які сыпаўся за шыбай, быў у нечым вінаваты. – Я была сакратаром камсамольскай арганізацыі інстытута. Марыла пра вялікую сцэну… Ты думаеш, я збіралася  працаваць касцюмеркай? Гэта ж блізкае знаёмства з тваім татачкам перакрэсліла мой шлях. Таксама ледзь з інстытута не адлічылі…  Ну а потым з’явілася ты, і, вядома, добразычліўцы паведамілі, куды трэба, ад каго ў мяне дзіця. Але мне было ўсё роўна — ты маё адзінае шчасце.

— І бацька ніколі не аб’яўляўся?

— Ну чаму ж… Пісаў, прасіўся… Але я адразу яго адпрэчыла. Прапашчы чалавек. Давялося яшчэ і на камсамольскіх сходах каяцца, выкрываць антысаветчыка. Ну што ты так на мяне глядзіш? Кажу – час быў такі!

Паліна абхапіла галаву рукамі, паўтараючы, каб прывыкнуць да гучання:

— Рагманаў… Генадзь Рагманаў…Спадзяюся, імя па бацьку я праўдзівае маю?

Маці рэзка спынілася перад дзвярыма на кухню.

— Ты – Ведрыч! Паліна Ведрыч! І не ўздумай нешта ці некага расшукваць!  Усё, што было, быллём прасло. Пачнеш шукаць яго – ты мне не дачка!

Паліна сядзела над картай… Вось ён, Наўеўскі раён, ёсць у ім вёска пад назвай “Вясенняя”, відаць, перайменаванне. Яшчэ добра, што не чарговая Сірэневая або Акцябрская. Ёсць Весялова, а вось – Весніцы… На рацэ з вясёлай назвай Лялёўка. Трэба ж, зусім побач ад Гарнушак. Выходзіць, яе, Паліны, продкі былі землякамі Рашчынскіх? Цікава… Паліна ўзялася за свае папкі. Жылі Рагманавы ў Весніцах… Вось нейкі Марк Рагманаў, васемнаццаці гадоў, дваранін – у спісе павешаных у 1863 годзе.

Як многа значыць у жыцці выпадак! Паліна  кінула позірк на паперку — ксеракопію прашэння Кастуся Каліноўскага Віленскаму генерал-губернатару Назімаву:

“Окончив курс наук в императорском С.-Петербургском университете со степенью Кандидата и желая поступить на службу, имею честь покорнейше просить Ваше высокопревосходительство доставить мне возможность служить под просвещенным начальством Вашего высокопревосходительства».

Цалкам добрапрыстойная, сціплая просьба… Але яна не была задаволеная. Юнакоў мясцовага паходжання, якім удалося атрымаць адукацыю, на пасады дапускалі неахвотна – перавага аддавалася прыезджым з Расіі. На гэта мелася адпаведнае распараджэнне. А калі б здольнага, але немаёмаснага  маладога чалавека ўзялі на працу, далі добрую пасаду? Паліна задумалася. Наўрад гэта адпрэчыла б яго ад паўстання. Нават Гейштар, правадыр “белых”, што не дужа любіў Каліноўскага, піша пра яго: “Гэта была натура гарачлівая, але сумленная, без малейшай крывадушнасці”.

Вінцэсь Рашчынскі не быў надта блізкім сябрам Кастуся Каліноўскага, хаця, вядома, не мог з ім не сустракацца. І яе, Паліны,  продкі маглі з імі абоімі  бачыцца.

Паліна пачувалася вінаватай – нібыта парушыла нейкія абавязкі перад даўно памерлым філосафам сваёй сустрэчай са Стасем. Новаспечаны амерыканец так і не паверыў, што страціў уладу над сціплай чарнавокай дзяўчынай. Значыць, адчуў, што ўлада яшчэ ёсць.

Паліна нават ціхенька ўсплакнула… І зачэрпнула поўную лыжку шыпшынавага варэння са слоіка, перададзенага Сымонам. Салодкае  супакойвае кабету лепш за валер’янку. Выйсці замуж за бравага штурмана, хадзіць з ім у вандроўкі…

У дзверы пазванілі, так што Паліна ледзь не ўтапіла лыжку ў слоіку. Маці павінна быць яшчэ ў тэатры…

На лесвічнай пляцоўцы стаяў Валянцін, зноў без парасона, і зноў мокры, як пацук. І да таго ж – страшэнна ўстрывожаны.

— Што здарылася? Гэта ж вы мне тэлефанавалі, праўда? Усё з-за нашага дурнога расследвання…

— Нічога не здарылася, супакойцеся. Дождж пайшоў, лета канчаецца, вось і ўсё. Ну, але ж праходзьце.

Валянцін зняў мокрую наскрозь куртку і застаўся ў  чорным швэдары. Нібыта яшчэ больш схуднеў – вунь як швэдар на ім вісіць, як на вешалцы. Дрэнна кормяць, ці што?

Паліна змрочна глядзела на чалавека, у каханні да якога зусім нядаўна прызналася былому мужу. І што цяпер рабіць? Сэрца ўсхадзілася, ледзь не выскоквае. Вядома, толькі ад таго, што няёмка  перад самой сабой.  Не хапала яшчэ, каб гэты няўклюда нешта западозрыў. І ўвогуле – як ён пакінуў сваю светлакосую гераіню? Валянцін таропка патлумачыў.

— Я, на жаль, без дазволу… Таму ненадоўга. Але… проста не мог не прыехаць. Ведаеце, мне ўсё трывожней робіцца. Дарэмна мы турбуем мінулае. Яно мае ўласцівасць ажываць і ўмешвацца ў нашае жыццё.

Паліна адвярнулася да вакна. Зноў збіраецца адгаворваць… Валянцін, відаць, зразумеў, што на яго пачалі гневацца, і пачаў нешта цяжкое даставаць з сумкі, зашаргатаў цыратай, у якую тое “нешта” было загорнутае… Паліна зацікаўлена азірнулася.

Госць паставіў на стол бюст з гліны. Разумны спакутваны твар, горкія складкі ля вуснаў… Вінцэсь Рашчынскі!

— Гэта толькі эскіз, — вінавата патлумачыў Валянцін.—Я думаю – у Гарнушках варта зрабіць добры помнік.

Паліна захоплена кранула рукой скульптуру.

— І вы хацелі сысці з мастацтва! Ведаеце, самаедства ўвогуле ўласціва беларусам. Але не да такой жа ступені!

— Вам падабаецца? –  Валянцін расцвіў усмешкай, і яго няправільныя рысы раптам нібыта асвяціліся знутры. Паліна нават трохі спалохалася, што зараз ён скажа ці зробіць нешта такое, пасля чаго ўжо не будзе ранейшай нязмушанасці ў адносінах. А яна ж, Паліна, насамрэч нічога сур’ёзнага да яго не мае! Так, хіба пацешыць самалюбства чужой закаханасцю. Але Валянцін згасіў усмешку і апусціў вочы.

— Што ж, я рады, што вам спадабалася. Няхай гэты  варыянт застанецца ў вас. І я быў бы яшчэ больш рады, каб гэта была апошняя кропка ў вашых росшуках.

— Не дачакаецеся! – пераможна ўсміхнулася Паліна.— У пятніцу я еду ў Гарнушкі, шукаць чацвёртую жабку, нават стэлефанавалася з дырэктарам мясцовай школы. Ён прысланы нядаўна, нічога не ведае пра гарнушкаўскія забабоны, але  цікавіцца краязнаўствам і паабяцаў, што ўладкуе мяне на кватэру.

— Вы не можаце ехаць адна! – захваляваўся Валянцін. – У жыцці не сустракаў такой зацятай дзяўчыны.  Няўжо вам так важна знайсці гэтую няшчасную жабку?

— Важней за ўсё на свеце! – з выклікам прамовіла Паліна. — Ды вы сядайце… — схамянулася. Наконт таго, каб быць добрай гаспадыняй, ужо не цешыла сябе марэннямі. Але ж трэба сумленне мець – госць пасля доўгай дарогі, прамоклы, з-за яе ж, дурніцы, трывожыцца… Валянцін асцярожна апусціўся на крэсла, нібыта яно было антыкварнай каштоўнасцю, а не вырабам фабрыкі “Гомельдрэў”. Але замест пачастунка, як праўдзівая эмансіпэ, Паліна пляснула на стол тэчку з паперамі.

—Вось, глядзіце. Рашчынскі з’ехаў за мяжу пасля таго, як пакаралі смерцю Кастуся Каліноўскага — гэта, фактычна, азначала, што паўстанне задушанае.  Маёмасць яго секвестравана – пад арыштам, ён нічога асабліва каштоўнага не мог з сабой узяць. Жыве ў Парыжы ў нейкім катуху, як жабрак. А падчас франка-прускай вайны на ўласныя грошы ўзбройвае роту жаўнераў найноўшай мадэллю ружжаў сістэмы Шатона. Урад нацыянальнай абароны нават выказаў яму падзяку. А потым, калі пачалася рэвалюцыя, Рашчынскі купляе зброю атраду паўстанцаў. Яму пашанцавала, што падчас абароны Парыжу ад немцаў быў цяжка паранены – бо няйначай узяў бы ўдзел у Камуне і, хутчэй за ўсё, загінуў. І ўвогуле, яго ў колах парыжскага паўсвету – ён любіў знацца з мастакамі і пісьменнікамі, з багемай, карацей, — звалі  не інакш, як  літоўскі Монтэ-Крыста, лічылі дзіваком і аскетам. Хоць жыў да канца жыцця вельмі сціпла, толькі на невялікі заробак ад прыватных урокаў ды публічных лекцый, не надта папулярных. І пасля, у 1893, калі Рашчынскаму дазволілі вярнуцца – маёнтак разрабаваны, заняпалы, яго выкарыстоўвалі для размяшчэння вайсковага гарнізону,– адкуль грошы на шыкоўнае надмагілле? На новую двухпавярховую бальніцу для  сялянаў? А пасля раптоўнай смерці ў 1894 —  аніякіх размоў пра багатую спадчыну. Маёнтак канчаткова разбураецца, бальніцу ніхто не дабудоўвае, а надмагілле пачынаюць разбіваць. І паколькі ў ім было зашыфраванае нейкае пасланне – можна здагадацца, што нехта не хацеў, каб яно дайшло да нашчадкаў.

— Можа быць, і цяпер нехта гэтага не хоча? – ціха прагаварыў Валянцін.

— Хто, несмяротныя захавальнікі скарба? – пасміхнулася Паліна. – І далей. Я даведалася пра Станіслава Людвісара, у лісце якога быў малюнак надмагілля. Сын магната, удзельнічаў у паўстанні. Нават быў пад судом – але апраўданы за нядоказнасцю віны і як недзеяздольны. Пасля вызвалення зусім звар’яцеў, жыў у бацькавым палацы. Нашчадкаў не пакінуў. А з Вінцэсем Рашчынскім перапісваўся! Шкада, адзіны  ацалелы ліст кудысьці знік з архіву. Затое ў другім лісце, да сваёй сястры ў Жэневу, Людвісар паведамляе пра смерць Вінцэся Рашчынскага і піша: “Няхай цяпер сумленне ягонае супакоіцца, і смерць ягоная распарадзіцца тым, чым не ўдалося распарадзіцца жыццю. Хаця – не асуджай мяне моцна,– мне шкада не толькі нябожчыка, але і таго сена, пры якім ён стаўся сабакам ”. Не, усё вырашана. Я еду ў Гарнушкі. Да таго ж, хачу заехаць у суседнюю вёску, Весніцы. Ведаеце такую?

Засмучоны Валянцін моўчкі кіўнуў галавою.

— А такое прозвішча – Рагманавы – чулі? – дрыжачым голасам запыталася Паліна.

— Рагманавы? – задумаўся Валянцін. – Не, не чуў. А што?

— Ды так, нічога…

Валянцін сіратліва сядзеў на крэсле, схаваўшы рукі ў задоўгіх рукавах швэдара, нібыта яму было вельмі холадна, мокрыя валасы звісалі жаласнымі прадкамі… А трэба было б прапанаваць госцю гарачай гарбаты! Паліна ўзнялася, не тое, каб надта ахвотна… Але ейныя добрыя намеры парушыў  званок у дзверы. Адзін, другі, трэці запар… Хто гэта так настойліва просіцца ў госці?

Дзіна была ў кароткім белым плашчы з перламутравым бляскам – быццам перліна ў ракавінцы. І лёгкія летнія боцікі на высачэзных абцасах – белыя і бліскуча чысценькія, відаць, гаспадыня прыехала на машыне. А вочы – зненавідныя.

— Валянцін у цябе?

— Так…– Паліна разгубілася, быццам яе заспелі на нейкім ганебным учынку, нават у чырвань кінула. Дзіна хуткім крокам, ледзь не зачапіўшы  гаспадыню, прайшла ў залу, дзе з крэсла падымаўся ёй насустрач таксама збянтэжаны Валянцін.

— Паехалі дадому.

Гэтак спакойна сказала, упэўнена, без цені сумніву.

Паліна не любіла, калі ў кагосьці няма ні ценю сумніву. Відаць, Валянцін таксама. Ён выпрастаўся ва ўвесь свой немаленькі рост і азваўся:

— Ну навошта было турбавацца? Прабач, што не  дачакаўся, каб папярэдзіць асабіста – але ж я пакінуў ліст.

— Так, дзякуй хоць за гэта…– спакой патроху здраджваў “уладальніцы”. – Але было б сумленней, каб ты найперш думаў не пра старонніх кабетаў, а пра тую, што дзеля цябе рызыкуе жыццём… Пра нас з табой дваіх, урэшце! – Дзіна гнеўна павярнулася да Паліны.—У нас з Валянцінам сапраўды асаблівыя адносіны, каб вы ведалі.

— Дзіна, не трэба! – Валянцін зноў збялеў, як ад болю.—Я заўсёды памятаю пра тое, што ты для мяне зрабіла, і ніколі  цябе не пакіну. Але ад таго, што я ад’ехаўся на некалькі гадзінаў – ты і твая фірма нічога не страцілі.

— “Ніколі цябе не пакіну!” – Дзіна патроху раз’юшвалася.—Хіба толькі таго мне трэба, каб ты сядзеў цэлымі днямі ў майстэрні, ляпіў, маўчаў, і самае большае —  паглядаў з пачуццём глыбокай удзячнасці, як Граждан на партыю?

Валянцін упарта сціснуў сківіцы.

— Я сумленна выконваю нашую дамову.

— І бегаеш за іншымі спадніцамі?

Валянцін кінуў хуткі позірк на Паліну, што зусім забілася ад няёмкасці ў кут, і без таго загрувашчаны стосамі кніг, не ведаючы, ці не выйсці з пакоя падчас сямейнай сцэны. Але Дзіна не збіралася адкладаць высвятленне адносін на потым, і  скульптар ціха прагаварыў.

— Наша дамова не тычылася… інтымных спраў. Дзіна, ты цудоўная дзяўчына, я ведаю, што не варты  цябе. Ты будзеш шчаслівай з іншым. Я выканаю ўсё, што ты скажаш, жыццё аддам, калі папросіш – яно і так тваё. Але зразумей — ніхто не ўладны над сваімі пачуццямі. Я абразіў бы цябе, калі б пачаў прыкідвацца закаханым… Я разумею, што страшэнна вінаваты… Мы тры гады былі разам…

— Ты проста дурань! –- пагардліва кінула Дзіна.—У кожным сямейным жыцці ёсць перыяды, калі двое стамляюцца адзін ад аднаго. А ты ўжо ўявіў сабе нешта.

— Мы нежанатыя,– вінавата нагадаў Валянцін.

— Але ж збіраліся пажаніцца! – амаль крыкнула Дзіна. Яе твар так страшна перакрывіўся, нібыта адбіралася апошняя надзея. – Ты што, перадумаў?

Валянцін моўчкі стаяў, апусціўшы галаву. Пасля з цяжкасцю прагаварыў.

— Прабач…

Віленская гандлярка сціснула кулакі і кіўнула ў бок Паліны.

— Гэта з-за яе? Можаш не адказваць, ведаю. Чыстыя пачуцці, рамантычнае каханне. А гэтая дамачка раскашэліцца дзеля цябе на  пятнаццаць тысяч баксаў?

Валянцін разгублена перапытаў.

— Чаму  пятнаццаць? Мы ж столькі ўжо выплацілі…

— А “лічыльнік” “накруціў”! – з’едліва патлумачыла Дзіна.— Будзеце яго выкупляць? – гэта – на адрас Паліны. Тая  дрыжачым ці ад хвалявання, ці ад абурэння голасам прагаварыла, адчуваючы сябе здрадніцай:

— Я на вашага сябра не прэтэндую.

— Ну вось! – пераможна падрахункавала Дзіна.—Нікому ты, Валік, акрамя мяне не патрэбны. Паехалі дадому. На мяжы якраз чаргі няма, і мытнік знаёмы. У восем будзем на Жыгімонтаса. Купім пляшку шампанскага, а хочаш – піва…

Валянцін упарта глядзеў на сваю “ўладальніцу”.

— Я  буду працаваць на цябе дзень і ноч. І калі выплаціцца доўг – таксама. Але не магу падманваць цябе ў асабістым. Няхай нашы стасункі застануцца сяброўскімі.

Дзіна памаўчала, узважваючы наступныя словы.

— Паслухай, тваёй даме патрэбная чацвёртая жабка?

Паліна ўсхапілася.

— Вы ведаеце, дзе яе знайсці?

Але Дзіна размаўляла толькі з Валянцінам.

— Ты – чалавек слова. Я магу здабыць жабку ў абмен на тваё слова гонару – паабяцай, што, пасля таго, як скончым росшукі скарбу, ніколі больш не сустрэнешся з гэтай паненкай, не станеш ёй ні пісаць, ні тэлефанаваць. Я нават не прашу, каб ты на мне жаніўся – бо і так ведаю: выкінеш блазноту з галавы, нашы пачуцці вернуцца.  – І павярнулася да Паліны.

— Хочаш атрымаць чацвёртую жабку?

Паліна няўпэўнена зірнула на скульптара. Гэтак ламаць чалавека… Ці мае яна права? Але разгадка таямніцы!..  Ніколі не бачыцца… Сэрца раптам сціснуў боль. Запярэчыць? Падаць няўклюдзе надзею? Але ж Дзіна дзеля свайго скульптара жыццём рызыкуе! Ён усё роўна звязаны, прыкуты да сваёй “уладальніцы”!

Ваганні вырашыў Валянцін, цвёрда прамовіўшы:

— Паліна хоча мець чацвёртую скульптуру. Я ведаю, што для яе гэта вельмі важна.

Твар Дзіны прасвятлеў, яна зноў набыла ранейшую ўпэўненасць, як пасля ўдалага гешэфту.

— Значыць, дамовіліся. У суботу  прывязу жабку, і ўсе разам, як тады, рушым у Гарнушкі. Знойдзем тое, што шукаем, падзелім па справядлівасці і – бывайце.

Валянцін нават не зірнуў на развітанне на Паліну. Так і пайшоў з каменным тварам, як палонны вой. А Дзіна яшчэ весела кіўнула няўдалай суперніцы:

— Віншую, выгадная здзелка!

Паліна зачыніла дзверы за нечаканымі гасцямі. На душы было пагана. Прадала чалавека дзеля сваіх інтарэсаў. Прамаўчала… Вядома, так ці іначай – нічога добрага не выйшла б.  Пятнаццаць тысяч… Цікава, Дзіна відавочна не бедная. Тое, што гандлявала на Казюкасе – дык для тамтэйшых гэта ўсё роўна як для нас на Купалле праз вогнішча скакаць. Далучэнне да старадаўняга свята. Джып, фірма, кватэра… Чаму б не прадаць, абы пазбавіцца раз і назаўсёды небяспекі? Паліна папракнула сябе за нядобрыя думкі.

Дзяўчына разгублена абвяла вачыма сваё жытло. Колькі можна было б за яго выручыць? Ніколі пра гэта не думалася. Ды анічога – кватэра непрыватызаваная. Што Паліна магла б прадаць? Чым валодае? Некалькі срэбных пярсцёнкаў, гара кніг ды відэаплэер “Соні”, у якім час ад часу “заядае” кнопка. Ага, яшчэ карціны… Вось тая, з паляўнічым нацюрмортам, падабраная ледзь не на сметніку, даляраў за сто пайшла б цяпер, далібог.

Паліна заўсёды пагарджала грашыма. Навошта іх шмат? Ці ў цябе памер страўніка павялічыцца адпаведна памеру зберажэнняў? Чым асабліва адрозніваюцца туфлі ад Гуччы ад туфляў вытворчасці фабрыкі “Прамень”? Ты ў “фірмовых” перастанеш спатыкацца і хадзіць не туды, куды трэба?

А цяпер Паліна адчувала сябе прыніжанай і бездапаможнай. Нават калі збыць усё да апошняга швэдара – ці назбіраецца хоць тысяча “зялёных”? Не, яна не змагла б падарыць волю Валянціну. А з дапамогай жабкі – раптам знойдзецца сапраўдны скарб? Залаты леў? Тады і Валянцін вызваліцца! Праўда, не ад слова гонару – з горыччу нагадала сабе дзяўчына. Расстанне назаўсёды… Ды яшчэ – з якімі ўражаннямі? Прадала няспраўджанае каханне…

На стале апынуліся побач літровы слоік з шыпшынавым варэннем ад Сымона і бюст Рашчынскага, злеплены Валянцінам. Цікавая інсталяцыя! Паліна прынесла з лядоўні Стасеву тэкілу – шыкоўная выгінастая бутэлька з залатымі налепкамі, і таксама паставіла на стол. Тры падарункі для прынцэсы… Чый лепшы? З кім быць прынцэсе?

І раптам адчайна заплакала, не збіраючыся сама сабе тлумачыць – чаму.

 

15

— Вінсэнт! Не забудзься – заўтра а пятай адкрыццё Салона! Прыходзь абавязкова. Накруцім бакенбарды акадэмікам!

— Вінсэнт! Паабяцай, што калі маю карціну купяць за сто франкаў – вып’еш бутэльку шато-марго!

— Не спадзявайся, Анры, наш бравы Паляўнічы не вып’е нават на ўласных хаўтурах.

— Твая праўда, Шарль – на ўласных хаўтурах нават ты выпіць не зможаш.

—  Мой Бог, і сапраўды. Я не перажыву гэтай несправядлівасці!

Чарнявы, як грак, Шарль з вусамі, закручанымі ў тугія чорныя колцы, бесклапотна зарагатаў – нібыта ў яго не было пятнаццаці франкаў доўгу за кватэру, і не прэтэндавалі на яшчэ два не заробленыя франкі зеляншчык і прачка, а ў дом на віа Тарэ-дзі-Нона, у Залаты дом з чароўнай Зізі, яго проста больш у доўг не пусцяць. Гэтак жа бесклапотна засмяяўся і Анры, рудаваты мажны барадач у саламяным капелюшы-канацье. Няхай у кішэні – ані санціма, Бог любіць спеўных птушак і заўсёды спашле ім нешта на кавалак хлеба… і бакал абсэнту.

Ля парыжскай кавярні Гербуа квітнелі яблыні, і ружова-белыя пялёсткі асыпаліся на брукаванку, на столікі, вынесеныя пад травеньскае сонца, на агромністыя капелюшы дам у ружовых і бэзавых сукенках, на чорныя цыліндры-“васьмібліскі” наведнікаў. Апошняя рэвалюцыя забылася, як страшны сон – некаторыя з маладых мастакоў, што аблюбавалі кавярню, увогуле нарадзіліся пасля крывавых падзей. Таму дзівакаваты Вінсэнт, светлавалосы немалады замежнік, успрымаўся як жывая легенда. Расказвалі, што ён быў сярод камунараў на могілках Пер-Лашэз, што сама Чырвоная Цнатліўка Луіза Мішэль, школьная настаўніца, што натхняла рэвалюцыю, пацалавала яго, бласлаўляючы на бойку. Што пасля паразы Камуны ён, каб не трапіць у страшную Каледонію, куды высылалі паўстанцаў, падарожнічаў па Сахары і Тыбеце, паляваў на тыграў, ільвоў ды іншых драпежнікаў – вось і празвалі Паляўнічым. А дзесьці ў сваёй дзікай паўночнай краіне ён учыніў калісьці страшнае злачынства, або перажыў страшную трагедыю, і мае патаемныя скарбы, і ўвогуле ён пазашлюбны прынц… Ды чаго толькі не нагавораць языкі парыжанаў! Галоўнае – месье Вінсэнт (прозвішча было настолькі цяжкое, што яго ніхто не мог вымавіць) вельмі разумны і цікавы сумоўца, заўжды спакойны, і за гэтым спакоем хаваецца незразумелая, але вялікая моц. Кожную раніцу  пераплываць Сену – гэта трэба мець сілу! Асабліва калі вада пачынае замярзаць. Сведкі расказвалі, што Паляўнічы нават узімку дае нырца ў палонку – адразу відаць кроў паўночнага дзікуна. Але ж месье Вінсэнт – філосаф, час ад часу чытае публічныя лекцыі. Праўда, не сказаць, каб ягоныя тэорыі былі надта модныя. Сусветная міфалогія, паходжанне нацый… Цяпер у модзе іншае: мы ўсе – дзеці малпы, спадарства, віват Дарвіну. Затое ў мастацтве слова  Паляўнічага –  золата! Калі скажа – добра, значыць, заказвай вячэру з шампанскім, ты сапраўды нешта вартае стварыў. Але паспрабуй дачакацца ад нашага Паляўнічага ўхвалы! А галоўнае – ніякіх дзяўчынак. Ніякіх Зізі, Мімі, Марыуччы… Усе нешматлікія любоўныя гісторыі, што расказваліся пра Паляўнічага, былі вельмі заблытаныя і недазваляльна сур’ёзныя.

Светлавалосы Вінсэнт ( густая грыва з незаўважнай сівізною, яркія сінія вочы са зморшчынкамі ў куточках, суровы рот) ветла памахаў сябрам рукой на развітанне.

Што ж, яно так заўсёды – час гарматаў і час паэтаў  змяняюць адзін аднаго ў вечнай каруселі. Ён сышоў з гэтае забаўкі яшчэ трыццаць год таму.

“Паляўнічы”… Гучыць прыемней, чым зацкаваны звер.

Паляўнічы любіў Парыж. Апошнія гады горад пераўтвараўся на вачах, і многія абураліся. Забіваецца “дух Лютэцыі”( так калісьці называлася гэтае места). Прасторныя будынкі супермаркетаў, усе са шкла і металу, дзе маладзенькія прадаўшчыцы працуюць па пятнаццаць гадзін у дзень, не маючы права прысесці й на хвілю; сусветныя выставы з іх пампезнасцю, з афрыканскімі і кітайскімі вёскамі, збудаванымі на пару тыдняў… А Цэнтральны рынак — “парасон ад дожджыка”, па выразе Напалеона ІІІ? Хіба ён заменіць вясёлы гандаль на маленькіх пляцах? Ну а супраць Эйфелевай вежы нават праводзяцца мітынгі! Гі дэ Мапасан аб’явіў гэтай жалезнай пачварыне вайну. Нарэшце, Гранд-Опера, збудаваная непадалёк ад ціхай ру Віньён, дзе атабарыўся Вінсэнт, агромністая, як скамянелая хмара… Безгустоўшчына, панове!

Але Паляўнічаму хутчэй падабаліся гэтыя перамены. Вызваляюцца архітэктурныя формы, вызваляюцца фарбы мастакоў, вызваляюцца народы… Толькі ягоны народ цярпліва чакае, пакуль шчасце неадчувальна апусціцца з неба, як гэтыя яблыневыя пялёсткі.

— Пардон, месье!

Дзяўчынка-разносчыца з вялікім кошыкам, накрытым бялюткай сувэткаю – падобна, там круасаны, духмяныя булкі-паўмесячыкі, – неўзнарок штурхнуўшы высокага важнага пана, белазуба ўсміхнулася. Позірк чорных, як масліны, вачэй не вінаваты, а хуткі і зацікаўлены. Хто асудзіць немаладога самотніка, які звядзе нядоўгае знаёмства з баявітай парыжаначкай?

Вінсэнт сумна ўсміхнуўся дзяўчыне, і тая, састроіўшы смешную грымаску – старэча ты, старэча!—знікла ў натоўпе, спрытна абмінаючы мінакоў, як лёгкі чоўнік – паважныя дымныя параходы.

Дамы на ру Віньён былі вельмі старыя, яшчэ з чорнымі драўлянымі накладкамі паўзверх муроў, паводле сярэднявечнай моды, і на кожным доме – выява-“візітоўка”.  Будынкі так і называліся: “Пад ласосем”, “Пад мядзьведзем”, “Пад рыцарам”. Паляўнічы жыў у доме “Пад казой”.  Дакладней, на мазаічным пано, што прыкрашаў франтон дома,  мелася дзве выявы – пастушка ў чырвоным каптурыку дзьмула ў дудачку, а за ёй скакала няўклюдная, даўганогая каза, і на казіных рагах гайдаўся залаты ветах. Мясцовыя тлумачылі – гэта таму, што дом колісь будаваў купец, які гандляваў воўнай і казіным сырам. А Паляўнічаму здавалася, дзяўчынка, каза і ветах – гэта пра тое, што ўсё мінае, і бесклапотнае спеўнае юнацтва  незаўважна вядзе за сабой смерць. Але пры адпаведным настроі смерць можна пабачыць ва ўсім, асабліва на вуліцы, названай у імя паэта,  што напісаў вясёлую баладу пра танец вісельнікаў.

Кватэра Вінсэнта  месцілася на самым версе – ён не мог дазволіць сабе лепшай. Кансьержка высунулася са свайго катуха з урачыста-таямнічым выглядам і, працягваючы ключ, прамовіла:

— У месье госці.

— Госці? – здзівіўся Паляўнічы. – Я нікога не чакаў.

— О, гэта сюрпрыз! – расцвіла звычайна суровая мадам Матыльда. – Ідзіце, самі ўбачыце!

Вінцэсь зразумеў, што невядомы госць добра заплаціў. Але не стаў паскараць крок. Ён ужо даўно прывучыўся ўспрымаць усё, як належнае. Чаго яму баяцца? Што яшчэ ён можа страціць?

Дзверы ў кватэру аказаліся незачыненымі. Перад вакном мансарды  вымалёўваўся цёмны сілуэт жанчыны ў моднай вузкай сукенцы, пашыранай у самым нізе, і капелюшы са страусавымі пёрамі памерам з невялікі востраў. У пакоі з надзвычай спартанскай абстаноўкай фігура глядзелася экзатычна.

— Чым абавязаны вашаму візіту, мадам?

Незнаёмка, крыху прамарудзіўшы, павярнулася. Твар закрываў кароткі вэлюм, але было зразумела, што кабеце – за сорак, значыць, пра легкадумны візіт–падарунак ад сяброў мастакоў (“а ці не паслаць новую натуршчыцу да нашага самотніка?”)—гаварыць не выпадала. Жанчына моўчкі разглядала гаспадара, так што таму нават зрабілася няёмка. Рука госці ў страшэнна дарагой карункавай пальчатцы нерашуча паднялася і адкінула вэлюм.

— Дзень добры, пан Вінцэсь!

— Хрысціна! – Вінцэсь кінуўся да госці і прыпаў вуснамі да яе рукі. Кабета ўсхвалявана ўсміхнулася.

— А я баялася, што вы мяне не пазнаеце. Я пастарэла, дарагі…

Вінцэсь радасна запярэчыў, не выпускаючы яе рукі са сваёй:

— Вы ўсё такая ж прыгажуня! Гэта я ператварыўся ў сумнага старэчу, і нават забыўся на ветлівасць. Сядайце, вось сюды, на гэтае крэсла – яно яшчэ трымаецца на ўсіх сваіх чатырох крывых лапах. А я звару кавы. Ці шакалад? Вы любіце гарачы шакалад, Хрысціна?

Госця глядзела з лёгкім сумам, як  гаспадар распальвае грубку, ставіць на жалезную рашотку кававарку… Адзіная раскоша пакоя – скура ільва, расцягнутая на сцяне, ды нейкія дзіўныя дзіды. Жалезны вузкі ложак пакрыты даматканай посцілкай. А над ложкам – абраз Маткі Боскай Вострабрамскай і шляхецкі слуцкі пояс колераў звялай травы і золата.

— Напэўна, са ста мужчын толькі адзін вось гэтак не саромеўся б сваёй беднасці, калі да яго прыйшла графіня Мекленбургская. Цяпер мне яшчэ больш зразумела, чаму я вас пакахала, Вінцэсь. Так, так, сёння я магу гаварыць пра гэта вольна – усё сплыло, усё прамінула…

Вінцэсь паставіў на стол два кубкі з гарачым шакаладам (сапраўдная кітайская парцаляна з сінімі рыбкамі, падарунак аднаго мастака)– і сеў насупраць сваёй госці. Вядома, яна пастарэла. Твар пашырэў, вочы, усё гэтак жа блакітныя, паглядалі з-пад навіслых павек без ранейшай наіўнай захопленасці. Пастава, зразумела, страціла юначую гнуткасць… А галоўнае, што змяніла аблічча —  уладарнасць, ветлівая, цвёрдая, якую немагчыма ўдаваць, калі не маеш сапраўднае ўлады.

— Як Станіслаў? – папытаўся Вінцэсь, перарываючы няёмкую паўзу, што ўсё-ткі ўзнікла. Графіня толькі трохі прыўзняла бровы.

— Зусім апусціўся, ведаеце. Бацька да самай сваёй смерці спадзяваўся, што Стась будзе вартым роду нашчадкам. Спрабаваў зацікавіць яго гаспадаркай, ваеннай кар’ерай, свецкім жыццём… Дарэмна. Стась зламаўся, расчараваўся ва ўсім свеце. Жаніцца таксама адмовіўся. Знайшоў адзіны інтарэс – ежу. Так, так, яго адзіная забаўка – жэрці. Дзесяць кухараў, і кожны спецыялізуецца па нейкай нацыянальнай кухні – француз, іспанец, перс, нават, здаецца, кітаец. Вось Станіслава вы маглі б і не пазнаць, Вінцэсь. Ён цяпер ходзіць, толькі абапіраючыся на двух слугаў – тлусты, як бочка з півам. Калі здарыцца рэвалюцыя і застанецца без нічога – зможа падзарабляць у балагане. Урэшце бацька пакінуў яму толькі рэнту, а распараджаюся ўсім я. Нічога, у мяне выявілася да гэтага здольнасць. – Хрысціна падарыла Вінцэсю свецкую ўсмешку –аднымі вуснамі. – Я таксама ў многім расчаравалася. І на рамантычныя ўчынкі – накшталт ахвяраваць сваю маёмасць, ці хаця б яе частку,  на “высакародную грамадзянскую справу” – баюся, на такое глупства я ўжо не здольная. Усе высакародныя справы заканчваюцца на вісельні або ў вар’ятні. Ведаце, як гаворыцца: рэвалюцыю  прыдумваюць рамантыкі, здзяйсняюць фанатыкі, а карыстаюцца яе перамогай нягоднікі. А ў мяне, дарэчы, чацвёра дзяцей, і ўсе – маленькія арыстакраты.

Графіня прыемна засмяялася – так, як прынята смяяцца падчас сяброўскай гаворкі. Вінцэсь сумна глядзеў на яе і бачыў іншае – залатавалосая дзяўчына бяжыць праз лясны гушчар, падае ў талы снег, падымаецца, зноў, задыхаючыся, імкнецца наперад, ратаваць свайго героя…

— А вы, Вінцэсь? Як вы? Ці ўвесь час – адзін?

Вінцэсь апусціў пасівелую галаву.

— Я не святы. У мяне былі жанчыны, хоць сапраўднага пачуцця да іх не знайшлося ў маёй выгнанніцкай душы. На жаль, я занадта сур’ёзна стаўлюся да простых стасункаў. Пакутваў сам і мучыў вартых любові кабетаў. І …я таксама шмат у чым расчараваўся, графіня. Ваяваў спачатку ў арміі Нацыянальнага ўраду Цьера, потым – на баку камунараў. Праўда, я быў моцна паранены падчас абароны Парыжу ад немцаў, і ўдзел мой у Камуне  амаль толькі – даць грошы на зброю. Я спадзяваўся, што ўзброеныя мной людзі, вызваліўшы свой народ, пойдуць ратаваць мой, стануцца пачаткам вызвольнай арміі… Нібыта волю можна прынесці на іншаземных штыках!

— Калісьці мне здавалася, што вы не можаце рабіць памылак, – ціха прамовіла Хрысціна, ледзь дакранаючыся тонкімі пальцамі, абцягнутымі карункамі пальчаткі, да гарачага кубка. – Вы і вашы сябры так і не скарысталі большую частку атрыманага ад бацькі?

Вінцэсь памаўчаў, пераадольваючы застарэлы боль.

— Я сам пачынаю думаць, што грошы тыя праклятыя. Мой  сваяк, Юзаф Каліноўскі, так і сцвярждае, і піша, што мы лепш зрабілі б, каб  перадалі золата на патрэбы ордэна кармелітаў. Дарэчы, чулі пра Юзафа?

Хрысціна паціснула плячыма.

—  Усё, што ведаю —  яго прысудзілі да смерці, але выручыў айчым, граф Путкамер, і скончылася высылкай у Сібір. Дзіўна, ваш сваяк заўсёды здаваўся мне такім далікатным, слабенькім… І раптам – заслужыў расстрэл!

Вінцэсь кіўнуў, згаджаючыся.

— Дабрэй за Юзафа я чалавека не сустракаў. Але Юзаф правёў дзесяць гадоў у Сібіры, вярнуўся… І ўступіў у ордэн кармелітаў. Зараз – прыёр кляштара! Не здзіўлюся, калі яго калі-небудзь прызнаюць за святога. А я магу суцяшацца толькі тым, што ані шэлега не патраціў на сябе.

Хрысціна рашуча адставіла кубак, з якога так і не адпіла ні глытка:

— Што ж, кажуць, гордая беднасць заслугоўвае павагі. Хаця я, шчыра кажучы, з вышыні пражытых гадоў не ведаю, чым тут ганарыцца. Мне здаецца, вы ў Парыжы проста паціху высыхаеце, гібееце без справы. Я прыйшла паведаміць – вы можаце вярнуцца на радзіму.

— Што?!! – Вінцэсь ускочыў з крэсла, ледзь не перакуліўшы яго на падлогу. Галава кружылася, як пасля бакалу абсэнта. Графіня глядзела з лёгкай сумнай усмешкай.

— Скажыце, пан Рашчынскі, што яшчэ ў цэлым свеце магло б вас гэтак пазбавіць раўнавагі, вас, такога ўраўнаважанага? Мусіць, толькі не жанчына?

Вінцэсь змусіў сябе супакоіцца.

—  Я сумую па сваіх краях. Дужа сумую.

— Вось і вяртайцеся, — графіня няспешна ўзнялася.—Вы – сярод амніставаных, вам вернуць ваш маёнтак. Праўда, ні на якую кампенсацыю за нанесеную яму шкоду не чакайце. І тыя землі, што адышлі сялянам —  не вернуцца.

Вінцэсь захінуў твар рукамі. Гарнушкі… Маскалёў лес… Сасна на стромым беразе ракі… Сівы туман, што паўзе, як паранены вужыны кароль, з паплавоў у празрыстыя хвалі…

— Хрысціна! Вы яшчэ раз вяртаеце мне жыццё!

На твары госці  заставалася спакойная прыстойная ўсмешка, але голас дрыжэў.

— Тады, можа, вы мне нарэшце скажаце, Вінцэсь… Чаму вы не захацелі быць са мной? Якая прычына вашай халоднасці? Я вам не падабалася? Вас прыніжала маё багацце? Згадзіцеся, я заслужыла права ведаць!

Вінцэсь зноў апусціў галаву. Не адказаць было нельга.

— Я кахаў іншую.

— А яна? Вашая абранніца? Кахала вас?

— Не.

Графіня памаўчала, у яе ўсмешцы з’явілася хваравітая жорсткасць.

— У такім выпадку я рада, дарагі. Ну што вы так здзіўлёна на мяне пазіраеце? Не збіраюся гуляць у добрую самарыцянку. Каханне – гэта ўсяго толькі барацьба індывідуальнасцяў, прага валодання… І мне прыемна, што вы прайгралі гэтак жа, як і я.

Вінцэсь праводзіў госцю да яе экіпажу і доўга глядзеў услед. І яму здавалася, што разам з Хрысцінай ад яго аддаляецца ягоная маладосць, і ён сапраўды адчуў сябе старым. Нікому не патрэбным самотным старым, у якога засталіся адны магілы.

І ён вярнуўся да сваіх магілаў.

Гэта здарылася ўжо ўвосень, на Дзяды, калі на могілках свяціліся жоўтыя зоркі свечак, дрогкія, як спадзяванне на сустрэчу. Дрэвы стаялі чорныя, голыя, бы пакараныя грэшнікі, выцвілая сухая трава акрым як пра смерць, не нагадвала ні аб чым. Але Вінцэсю ўсё здавалася прыўкрасным – і нізкае шэрае неба, і апошні залаты ліст на вершаліне старога каштана – прыветна ўзнятая даланя… І нізкія хаткі Гарнушак…

Сяляне выйшлі сустракаць яго з хлебам-соллю. Чалавек сем, па выглядзе – заможныя… Так бы мовіць, вясковая арыстакратыя. Вінцэсь прагна ўглядаўся ў твары… Не, нікога не ведае. Тыя, што былі з ім побач у бойках – даўно ў свеце, дзе толькі сумна дзівяцца чалавечае зацятасці і ўзаемнай нянавісці.

А вёска як вымерла… Сем спалоханых, нізка схіленых  мужыкоў – і больш нікога… Вінцэсь не спадзяваўся, што яму ўзрадуюцца – апошні візіт у Гарнушкі амаль прывёў яго на шыбеніцу. Але ўсё-ткі прайшло трыццаць год…

А калі ён пабачыў  дом, дзе вырас – ледзь стрымаў роспачны крык. Будынак прыняў на сябе ўсю нянавісць да адсутных гаспадароў. Вокны другога паверху пазабіваны дошкамі, да сценаў прываліліся, бы п’яныя,  неахайныя хмызнякі – такія растуць вельмі хутка, і іх будзе цяжка выкарчаваць. На калонах – сляды ад  куль… Наўрад была аблога – хутчэй забаўляліся  казакі, размешчаныя ў секвестраваным маёнтку. Вось і пацверджанне — каменная выява  герба Рашчынскіх, з мядзьведзем на задніх лапах,  прымацаваная на фасадзе, відавочна служыла мішэнню для спаборніцтваў у трапнасці. Мядзведзь увесь патрушчаны ўдалымі стрэламі. Базыль, наняты Вінцэсем у Гародні за слугу і кучара, заклапочана пацокаў языком. Вінцэсь зразумеў – моцна расчараваўся ў сваім гаспадары. І як тут жыць? А сёння ж Дзяды, трэ вячэру ладзіць…

Вінцэсь, як у сне, хадзіў па забруджаных халодных калідорах, зазіраў у пакоі, нібыта ў труны… Толькі ў былым дзіцячым пакоі засталося ў куце “цукерачнае дрэва”, на якое нейкі жартаўнік павесіў выедзеную кветку сланечніка. Засталося тое-сёе з мэблі ды фамільныя партрэты, пасечаныя шаблямі.  Рашчынскі непаслухмянымі рукамі зняў са сцяны павіслы на адным рагу партрэт бацькі… Пан Антон Рашчынскі пазіраў на сына, які стаў ужо старэйшым за яго, смелымі шэрымі вачыма, і яго твар наўскос перасякаў шнар-парэз… Амаль як у Ваўкалака…

Дзе цяпер Мартын? Ці жывы?

У сталоўні пахла вогнішчам. Рука Вінцэся пацягнулася да дзверцаў буфету, у якім калісьці  захоўваўся сервіз з венецыянскага шкла – графін, прыкрашаны срэбнымі вінаграднымі гронкамі, і чаркі… Сервіз, які Вінцэсевы продкі выменялі за сялянскую сям’ю. Цяпер быў бы самы час паставіць яго на стол, як раіў бацька. Вінцэсь быццам пачуў голас пана Антося: “А гэты сервіз… Я хачу, каб ты заўсёды захоўваў яго. І калі табе раптам падасца, што ты зрабіў для свайго народу ўсё, што мог, — пастаў яго на свой стол”.

Вядома, у буфеце  было пуста. Толькі адна невялікая рэч не спатрэбілася рабаўнікам. Вінцэсь асцярожна  зняў яе з паліцы… Вазачка-жабка, разбітая і акуратна склееная воскам… Госпадзе, а ён думаў, што боль па страчаным каханні з гадамі суцішыцца! Глухое рыданне падступіла да горла – Вінцэсь нават спалохаўся: няўжо гэтак здаў, саслабеў?

Не, ён не дазволіць сабе раскісаць. Яшчэ належыць зрабіць вельмі шмат. Усё-ткі гэта—яго дом, яго зямля. І хоць сяляне больш – не ягоная маёмасць, але ён адказны і за тое, як яны жывуць!

А Гарнушкі пасылалі да яго сваіх выведнікаў. І тыя, сціпла камечучы ў руках шапкі, спрабавалі выпытаць з дурнаватай хітрасцю, ці не збіраецца пан адсуджваць назад зямлю, якую атрымалі  мужыкі, што дапамагалі лавіць пана, былі ў атрадзе самааховы? Ці не затаіў пан крыўды, ці не збіраецца помсціць? І колькі яны будуць цяпер плаціць за арэнду той зямлі, што зноў належыць пану?

І Вінцэсь нешта тлумачыў, супакойваў, гаварыў, што трэба аднавіць працу школкі, абяцаў, што пабудуе бальніцу, што плаціць за арэнду трэба будзе менш, чым у казну, зусім мала… А можа, і нічога…

І з горыччу адчуваў, што яму не вераць.

Аднак бальніцу сапраўды варта пабудаваць. На гэта не шкада ўзяць ад схаваных грошай… І абавязкова дапамагчы сваякам тых, хто быў у Вінцэсевым атрадзе. Скрыні са зліткамі трыццаць год таму былі закапаныя – не было як даць ім рады. А манеты з двух маленькіх скрыняў, каб пачаць адраджэнне паўстання, падзялілі між сабой Вінцэсь і Ваўкалак, пакляўшыся — ані шэлега на сябе!

Вінцэсь патраціўся на зброю, якая не паслужыла ягонае зямлі, але ўсё-ткі здабыла глыток волі людзям. Заставалася яшчэ частка, вось і будзе – на лякарню! Але… трэба параіцца.

Усе гэтыя гады лёс скарбу паўстанцаў прыгнятаў Вінцэся. Хто застаўся жывым з пасвечаных у таямніцу? Пан Рагманаў памёр, не пажадаўшы дакрануцца да праклятага золата,  набытага за жыццё яго сына. Мартын знік. Тады Ваўкалак яшчэ прывёў Марцэла Алейшчыка, а Вінцэсь паручыўся за Міхася Валевіча. Міхася павесілі. Дзе Марцэл – зноў жа невядома. Яшчэ некалькі чалавек ведалі пра існаванне золата, але не ведалі, дзе яно схаванае – Вальжына, Людвісары, цёзкі Каліноўскія – Юзаф і Кастусь. Кастусь, дарэчы, збіраўся сам распарадзіцца золатам – ды не паспеў. Юзаф сваё стаўленне выказаў – аддаць кармелітам. Вальжына? Пра Вальжыну лепш не думаць. Трыццаць год таму Вінцэсь зрабіў усё, што мог, каб выратаваць яе ад пераследу, і адзінае, што ведае — Вальжына з’ехала. І вусны самі прашапталі радкі з сумнай балады пра мёртвага караля:

“А як любіў кароль чароўны бляск

Яе вачэй, і ціхую пяшчоту

Яе далоняў… Быццам першы раз,

Узрушваў кожны самы лёгкі дотык…

…Кахае — не яго… Навошта – суд,

Які не можа шчасця даць нікому?

Навошта жыць, калі яна – не тут,

І нельга не аддаць яе другому?…”

Што сёння адбываецца на Беларусі? Як можна дапамагчы вызваленню краіны? Ці ёсць сілы, здольныя біцца за волю? Вінцэсь дастаў з  сакваяжу дарагія сэрцу рэчы – “Беларускую хрэстаматыю” Эпімаха-Шыпілы, “Словарь белорусского наречия” Івана Насовіча  і “Дудку беларускую”  Мацея Бурачка. Разгарнуў  апошнюю кнігу…  “”Божа  ж мой, божа! Што ж мы за такія бяздольныя? Якаясь маленькая Булгарыя – са жменя таго народу – якіясьці Харваты, Чэхі, Маларосы і другія пабратымцы нашыя… маюць па-свойму пісаныя і друкаваныя ксёнжачкі і газеты, і набожныя, і смешныя, і слёзныя, і гісторыйкі, і баячкі; і дзеткі іх чытаюць так, як і гавораць, а ў нас як бы захацеў цыдулку ці да бацькі лісток напісаць па-свойму, дык, можа, і ў сваёй вёсцы людзі сказалі, што “піша па-мужыцку”, і як дурня абсмяялі б! А можа, і сапраўды наша мова такая, што ёю нічога добрага ні сказаць, ні напісаць не можна? Ой, не! Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога дадзеная, як і другім добрым людцам, і гаворым жа мы ёю шмат і добрага, але так ужо мы самі пусцілі яе на здзек, не раўнуючы, як і паны вялікія ахвотней гавораць па-французску, як па-свойму. Нас жа не жменька, а з шэсць мільёнаў…”

Вінцэсь ведаў гэтыя словы напамяць, але кожны раз, як перачытваў, камяк падыходзіў да горла. Жыве Беларусь! Толькі жыве сваім жыццём, ад якога ён даўно адстаў.

Рашчынскі прытуліўся да напаленай грубкі. Хутка пачне цямнець… Вінцэсь углядаўся ў далёкія сілуэты гарнушкаўскіх хацінак без адзінага агеньчыка,  і яму мімаволі здавалася, што гэта войска пачварных шэрых карлаў, што  падрыхтаваліся да нападу. І вось-вось яны адштурхнуцца ад мерзлай зямлі і кінуцца на маёнтак, папаўзуць на яго, рыхтуючыся сцерці з зямлі…

Што за глупства! Гэта – яго зямля, і не трэба забывацца, што з-пад дахаў тых шэрых хацінак з’явіўся і Міхась Валевіч, і Янук Вараўня, і іншыя, з якімі ён дзяліў гора і славу змагання за волю. Дзесьці там жывуць унукі яго добрай нянькі Агаты, і тая бялявенькая ўсмешлівая дзяўчынка, што з іншымі вясковымі дзеткамі прыходзіла ў іх маёнтак на Каляды, каб патаньчыць ля панскай ёлкі і атрымаць дзівосныя падарункі. Як жа яе звалі? Марыська?

Неба навісла гэтак нізка, што здавалася – зараз яго праб’юць дзіды голага кустоўя. Да сядзібы павольна набліжалася нечая постаць. Святар! У гэтым не было нічога дзіўнага – мясцовая “эліта” патроху наведвала Вінцэся, спрабуючы зразумець, чаго чакаць ад  новага суседа. Мала хто памятаў яго, і не ўсе, хто памятаў, хацелі аднавіць знаёмства.

Святар, відаць, быў зусім стары ці хворы, бо моцна абапіраўся на кульбачку. Ідзе, сагнуўшыся ледзь не ўдвая, чорная шапка з накідкай – значыць, мніх. Вінцэсь  паспяшаўся адчыніць дзверы. Стары пераступіў парог і прыўзняў галаву…

Глыбокія зморшчыны, вядома, змянілі твар, вочы сталі празрыста-светлымі, нібы талы лёд, але шнар… Страшны шнар ад шаблі, праз усю правую шчаку час разгладзіць не змог.

— Мартын!

Яны абняліся.

— Не магу паверыць, што гэта – ты…– Вінцэсь быў страшэнна ўзрушаны.  – Як цябе цяпер называць?

— Я прыняў пострыг яшчэ дваццаць пяць год таму, імя маё ў Хрысце – Андрэй. — Ваўкалак гаварыў ціха, але голас яго не страціў цвёрдасці.—А рукапалажылі ў святары толькі праз пятнаццаць год. Я быў вялікім грэшнікам.

Вінцэсь глядзеў – і не пазнаваў… Рахманасць старога святара не была гульнёй. Ён сапраўды прымірыўся са светам і з самім сабою. Вінцэсь адчуў раптам страшэнную зайздрасць. Унутраны спакой! Няма каштоўнасці большай – гэта разумееш толькі пад канец жыцця.

Але як толькі зайшла гаворка пра золата, Вінцэсь пазнаў ранейшага непахіснага ваяра.

— Праклятае золата трэба пахаваць назаўсёды! – вочы айца Андрэя збліснулі зацятым агнём.—Праз не заробленае сумленнай працай багацце намі кіруе Сатанііл! Нам здаецца, што мы ачысцім грошы, уклаўшы іх у добрую, боскую справу. Але гэта – спакуса. Мы не ведаем, колькі душаў загіне з-за нашай неасцярожнасці і прагавітасці! Я пераканаўся ў гэтым…– Ваўкалак скрушліва ўдарыў сябе ў грудзі кулаком. – Я даў грошы на пабудову кляштара. А пасля даведаўся, што на тое ж золата пабудавалі і манапольку, дзе цяпер спойваюць мужыкоў. Грошы раскрадаліся, адзін святар з-за іх стаў расстрыгам, збег. Пачаліся інтрыгі з-за таго, хто будзе настаяцелем новай абіцелі… У мястэчку прыбавілася самадаек і кішэнных злодзеяў… А я сышоў адтуль назаўсёды.

Вінцэсь дарэмна спрабаваў спрачацца, нешта даводзіць. Ці варта вінаваціць сябе ў грахах усяго свету? У чым Мартын не змяніўся – дык гэта ў зацятасці наконт таго, што лічыў справядлівым. Праклятае золата, здабытае цаной крыві, чапаць нельга. Няхай яно назаўсёды застанецца там, дзе было.

— Урэшце, гэта мусім вырашаць не толькі мы ўдваіх,– сцвердзіў Вінцэсь. – Юзаф сваё слова сказаў – ён хоча, каб золата адыйшло ордэну кармелітаў. Ты лічыш, на яго трэба забыць. Я ўсё яшчэ спадзяюся скарыстаць яго дзеля стварэння незалежнай беларускай дзяржавы. Але голас мае і Вальжына, і Марцэл, і, урэшце, усе нашыя паплечнікі, хто застаўся жывы. Пакуль ёсць надзея спытаць іх – мы не можам вырашаць самі.

Айцец Андрэй прыклаў руку да крыжа, што вісеў на яго грудзях, нібы прыводзячы ў сведкі сваёй праўдзівасці Госпада.

— Марцэл падзяляе маю думку. І… Вальжына таксама.

Кроў застукала ўвушшу Вінцэся. Як калісьці, калі ён ляжаў, аглушаны ўдарам варожай шаблі, на полі бойкі.

— Ты ведаеш, дзе яны? Дзе… Вальжына?

Святар паблажліва-сумна ўсміхнуўся.

—  Марцэл – разам са мной. Прыслужвае ў царкве. Ён застаўся без рукі, калі мы біліся пад Маркаўцамі. А Вальжына – у Весніцах.

Зусім побач! Вінцэсь спрабаваў схаваць хваляванне.

— І… як яна?

Мартын глядзеў, як бацька на несвядомае дзіця.

— У Вальжыны ўсё добра. Яна не адна.

— Я рады, што яна выйшла замуж.—Вінцэсь гаварыў шчыра –  у яго не ўзнікла й ценю дурной рэўнасці. Галоўнае – каб была шчаслівай. Каб хоць яе жыццё не сталася пустацветам.

— Я не сказаў, што яна выйшла замуж. Я сказаў, што яна не адна. У Вальжыны ёсць сын. А цяпер і ўнукі.

— Сын? – Вінцэсь  разгубіўся.

— Так, сын. Яго імя – Марка. Марка Рагманаў.

Ваўкалак сказаў гэта так асабліва, што Вінцэсю стала горача ад раптоўнай здагадкі.

— І колькі яму… гадоў?

— Дваццатага ліпеня будзе трыццаць. Я – яго хросны бацька.

Калі  Вінцэсь і Вальжына бачыліся апошні раз, яна ўжо ведала, што чакае дзіця. І нічога не сказала!

На развітанне Вінцэсь ціха спытаўся ў старога сябра:

— Ты дараваў мне?

Айцец Андрэй адказаў гэтак жа ціха.

— Гэта быў яе выбар. І воля Гасподняя. Нам усім трэба  выпіваць да донца чару, якую нам даюць на зямным застоллі. Віно там, ці воцат, ці адзіная жывая кропля, якая не спатоліць смагу, а толькі змусіць прагнуць усё жыццё. Бывай, Вінцэсь. Бласлаўляю цябе на душэўны спакой і разумныя рашэнні.

Дом у Весніцах стаў зусім непаглядны – на сценах пісягі, аканіцы пафарбаваныя ў белае, і ад таго здаюцца бруднымі, а ля ганку з драўлянымі калонамі, таксама пафарбаванымі ў бель – звычайныя сялянскія калёсы з навесам з радна, як у цыганоў.

А можа, усё ўспрымалася так сумна ад таго, што дождж прышываў шэрае неба да чорнай зямлі дробнымі шыўкамі, і дрэвы  роспачна працягвалі ўверх голыя галіны, выпрошваючы пухнатага зімовага адзення…

Але вось  дзіця засмяялася там, у доме з белымі аканіцамі – і адразу нібыта стала святлей. Божа мой, гэта ж тое самае вакно, перад якім аднойчы былі перажытыя , як здавалася, самыя страшныя ў жыцці хвіліны! Пасля ён пераканаўся, што могуць быць яшчэ горшыя.

Вінцэсь наважыўся ўзысці на такі знаёмы ганак. Сівая кабета ў простай чорнай сукенцы, у белым старасвецкім каптуры  адчыніла дзверы.

І Вінцэсь усвядоміў розніцу – калі глядзіш звычайна, і калі  пазіраеш закаханымі вачыма. Падчас сустрэчы з Хрысцінай ён бачыў перад сабой яе ранейшае аблічча, мог супастаўляць з цяперашнім, свядомасць адзначыла ўсе зморшчынкі, няхай і далікатна замаскаваныя касметыкай, большую самавітасць паставы…

Вядома, Вальжына таксама пастарэла. І пастарэла куды заўважней – бо па яе спрацаваных руках, сівых валасах і маршчынах  разумелася: была і чорная праца, і душэўныя пакуты. Беднасць глядзела з усіх кутоў, не прыкрашаная нават звычайнымі шляхецкімі аздобамі – прадзедаўскім кілімам ці фатэлем, у якім, паводле сямейнага падання, сядзеў калісь які князь ці кароль.

Але Вінцэсю было ўсё роўна, як выглядае жанчына яго сэрца. Ён проста не здольны быў параўноўваць, расчароўвацца, спачуваць, што час забраў прыгажосць. Уся ягоная істота пазнала Яе – і закалацілася сэрца, і адняло мову. І зноў падаўся сам сабе няўклюдным, нязграбным, і – нялюбым.

Вальжына разгублена кранула рукой валасы – інстынктыўнае жаданне жанчыны пры з’яўленні нечаканага госця паправіць прычоску, страх, што непрыбраная… І тут жа адвярнулася і захінула твар рукамі. Вінцэсь падумаў быў, што яна плача – але жанчына стаяла нерухома… Потым павольна павярнулася да яго, відаць, супакоіўшыся ад раптоўнага ўзрушэння.

І замест звычайнага прывітання Вінцэсь прагаварыў  тыя словы, якімі  паўстанцы віталі адзін аднаго, па якіх пазнавалі аднадумцаў.

–Каго любіш?

Вальжына, не вагаючыся, прамовіла:

–Люблю Беларусь…

–Дык узаемна!

Яны абодва памаўчалі, захлынаючыся ад успамінаў. Вінцэсь спрабаваў вызначыць, як яна да яго ставіцца – ці дазволена абняць, пацалаваць, ці халодна адштурхне – як трыццаць год таму… А ёй, відаць, проста было няёмка.

— Што ж я так няветла цябе сустракаю… Праходзь, Вінцэсь. Вось сюды… Памятаеш гэты пакой? Калі мы гулялі ў хованкі, ты хаваўся заўсёды вунь за той камодай. І цябе было лёгка знайсці. Прысаджвайся… Зараз зраблю гарбаты. Прыслугі ў нас няма – толькі кухарку часам наймаем. А ты добра выглядаеш, Вінцэсь – нават цікавей, чым у юнацтве.

У яго ледзь не сарвалася з языка крыўднае “Табе заўсёды падабаліся сівагаловыя ваяры”. Але ён нават пачырванеў за такую думку. Ды й не надта тымі думкамі ён ад хвалявання валодаў. І больш не мог выцерпець няведання.

— Я чуў, што ў цябе ёсць сын…

Вальжына на хвілю супынілася з філіжанкай у руцэ.

— Так. Я назвала яго Маркам – у гонар брата. Марка—маё жыццё, мой гонар. На жаль, не ўдалося даць яму добрую адукацыю, хоць ён вельмі разумны хлопчык. Ён ляснічы. Нядаўна ажаніўся,  нявеста не багатая – унучка пана Арэхны, таго самага, у маёнтку якога арыштавалі майго брата. Але дзяўчына добрая, працавітая. Двое дзетак  гадуюць – Любачку і Максіма.

Вінцэсь  нарэшце задаў пытанне, якое яго мучыла, і задаў як мага больш цвёрда, каб яна не магла ўхіліцца ад адказу.

— Марка – мой сын?

Вальжына моўчкі паставіла на стол дзве філіжанкі, паклала сурвэткі, потым прыйшла чарга вазачкі з печывам…

— Вальжына!!!

Яна глыбока ўздыхнула.

— Ты хочаш ведаць, ці не ты – ягоны бацька? Паколькі ты адзіны мужчына, з якім я была за сваё жыццё, то адказ вядомы. Не вінаваць сябе ні ў чым, Вінцэсь.  Я вырашыла сама – стаць тваёй у тую ноч. Я не дапускаю думкі, што памылілася, бо сёння са мною Марка. Але прашу аб адным – не спрабуй зыначыць жыццё. Не трэба варушыць мінулае.

Дзесьці на званіцы храма ўдарыў звон, яшчэ раз, яшчэ… Вальжына перахрысцілася, гледзячы ў вакно. Вінцэсь таксама паклаў на сябе крыж — нібыта развітваючыся з некім дарагім. Не, так нельга!

— Вальжына, дарагая! Я нічым не мог памагчы вам увесь гэты час. Дазволь хаця б цяпер зрабіць гэта.  Дазволь даць сыну маё прозвішча! Згадзіся абвянчацца са мной. І няхай уся мая невялікая маёмасць стане вашай! Я нават магу зноў з’ехаць, калі табе брыдка на мяне глядзець. Толькі прымі для майго сына і маіх унукаў  тое, што я магу ім даць.

Вальжына неяк дзіўна засмяялася, як заплакала.

— Мілы, бедны Вінцэсь! Куды мне пад вянец – сівой старэчы. Увесь павет рагатаць стане. І сыну ўжо ні да чаго мяняць прозвішча. Ён – Рагманаў, Рагманавым і памрэ. Навошта яго трывожыць? Марка ведае, што ён сын героя, які загінуў за волю Айчыны. Прабач, але я доўгі час была пэўная, што ты загінуў. Так што – пакіньма ўсё, як ёсць.

— Тады – проста прымі ад мяне дапамогу!

Вальжына сумна пахітала галавой.

— Дзякуй, але нам дапамагае, чым можа, айцец Андрэй. Мы не галадалі, хаця й не раскашавалі. А калі Марка пачаў атрымліваць жалаванне, стала і ўвогуле добра.

— І ты зусім мяне не кахала? – пытанне вылецела мімаволі. У кабеты задрыжэлі вусны, і яна адказала ціха:

— Не ведаю, дарагі… Напэўна, быў час, калі да гэтага  ставалася вельмі блізка. Наша адзіная ноч – не падман. Хутчэй – сон, мроя… Калі б не клятае золата…

І просьба – прысуд:

— Не чапай тыя зліткі! Колькі  чалавек з-за іх загіне, колькі лёсаў яшчэ з-за іх зламаецца! Не чапай…

А пасля ён глядзеў у цёмныя вочы свайго сына, бачыў гэткую знаёмую ўсмешку – як у пана Антося, як у яго самога, усмешку Рашчынскіх. Марка  глядзеў на госця з павагай і цікавасцю: стары сябра маці і дзядзькі-героя, пэўна ж, і сам герой. Дзеткі таксама  ўдаліся цемнавокія – хоць галоўкі пакуль светлыя, русявыя…І Вінцэсь мог бясконца расказваць ім дзівосныя гісторыі пра вужыную каралеву і бурштынавы палац, і паабяцаў падарыць сапраўднае цукерачнае дрэва, і скуру афрыканскага ільва…

Але не мог там заставацца. І, ідучы дадому праз Маскалёў лес, усё азіраўся назад, і ветах на раптоўна ачышчаным ад хмараў небе нагадаў фрэску на доме ру Віньен, вясёлы гоман кавярні, філософскія дыпуты… Як гэта бясконца далёка! І – больш не патрэбна.

 

16

Апошнія дні лета выдаліся сухімі, як прысак пакінутага вогнішча. Трава пад нагамі не шапацела, а ламалася, і калолася неміласэрна, як маскалі пад Воршай. У сухмені спявалі свае адчайныя серэнады цвыркуны. Калісьці ў падобную казюрку ператварыўся прынц Тытон, якому закаханая багіня золку Эас выпрасіла бессмяротнасць, ды забылася даць вечную маладосць.

Што можа бяссілая старасць? Толькі цвырчэць, стракатаць, наракаць на жыццё… І толькі маладосць можа так весела крочыць насустрач сваёй смерці.

А вось жабкі не сустрэлася па дарозе да лесу ніводнай.

Старажытныя кітайцы лічылі, што ў чалавека дзве душы, і адна палавіна — у выглядзе жабы.

Паліне здавалася, што тая, жабіная, палавіна перамагла — і  ў грудзях цяпер варочаецца нешта халоднае і цяжкое. Асабліва пры поглядзе  на Валянціна, які моўчкі ішоў наперадзе, несучы рыдлёўкі, шчыльна загорнутыя ў цырату (няма чаго спакушаць тутэйшы народ “залатой ліхаманкай”). За ўвесь час, што ехалі ў Гарнушкі, Валянцін не прамовіў ні слова, не кінуў на Паліну аніводнага, хаця б крадма, пагляду – сядзеў наперадзе спакойны, з каменным тварам. Толькі стрымана ўсміхаўся час ад часу радаснай, як чэрвеньскі рамонак, Дзіне, што вяла машыну. А можа, і праўда ён не пакутуе – чаму Паліна вырашыла, што Валянцін абавязкова мусіць быць закаханы ў яе? Але ад гэтай думкі, што павінна была б супакойваць сумленне, рабілася яшчэ горш. І там, у машыне, хацелася скінуць з каленяў гэтак жаданую, акуратна ўвернутую ў хустку чацвёртую жабку-брамніцу, і змусіць сумнага чалавека на пярэднім сядзенні джыпа зноў усміхнуцца так па-дзіцячы шчыра, як умеў толькі ён.

Позна.

— Гэта тут, — змрочна прамовіў Сымон, які нарэшце замест чорнай майкі з’явіўся сёння раніцай у чырвонай кашулі з кароткімі рукавамі і нязменных джынсах, ад чаго нагадваў аперэтачнага каўбоя. Паліна агледзелася. Звычайная палянка на ўскрайку лесу, зарослая верасам і зверабоем. Непадалёк – крушні з камянёў, што паскідвалі з калгаснага поля. Ну а заадно мясцовы люд пазносіў туды й адкіды нашай вартай жалю цывілізацыі – пластыкавыя бутэлькі, парваныя шыны, паржавелы каркас газавай пліты, жалязякі незразумелага прызначэння, анучы, косткі жывёлаў… Вядома, не выкапнёвыя. Жоўты каровін чэрап усміхаўся прыхадням, як хэлаўінскі гарбуз.

— Вы не памыляецеся? – з сумнівам перапытала Дзіна.

Сымон паціснуў плячыма.

— Паўтары стагоддзі мінула, мадам. Перапытаць няма ў каго, – і агледзеўся па баках з цалкам зразумелай грэблівасцю.—Паганае месца… У мяне чамусьці адчуванне –  быццам я вярнуўся ў тыя не лепшыя хвіліны, калі ў рубку прасочваецца гідраўлічная вадкасць, і стаіць атрутны белы туман, так што ніводнай кнопкі на пульце не відно, а над галавой – поўкіламетра рамантычнай салёнай стыхіі, і ты быццам жабка пад абцасам.

Дзіна капрызліва варухнула вуснамі.

— Што вы страхі тут вынаходзіце! Лепей пачынайце капаць.

Валянцін некалькі разоў з сілай усадзіў у сухі мох рыдлёўку.

— Зямля, як каменная. Нечапаны дзірван. Я думаю, мы ўсё-ткі памыляемся. Месца сапраўды нядобрае.

— Чаму? – насмелілася задаць пытанне Паліна, надаўшы голасу як мага болей абыякавасці. Валянцін адказаў гэтак жа  абыякава, гледзячы некуды ўбок.

— Ні грыбоў ніколі, ні ягад… Ды яшчэ пад канец вайны партызаны тут некалькі паліцаяў расстралялі, і Лухверчыка, здаецца, таксама. Бабуля называла гэтае месца “Падла”. Сюды, на ўскраек лесу спаконвеку зносілі з вёскі смяццё ды “падлу” – усялякую здыхляціну.

— “Спаконвеку”… Ды хіба памяць чалавечая на “спаконвек “ разлічаная? – скептычна фыркнула Паліна. –Па ўласным досведзе скажу – яшчэ што бабуля апавядала, трохі памятаюць, а далей – “легендарная эпоха”.  Тры пакаленні, лічыце, гадоў шэсцьдзесят, пра падзеі расказваецца хаця б пазнавальна. А далей  факты і асобы ператвараюцца ў прывідаў. Ну вось, хаця б дзіцячыя прыпеўкі… Ці гульні…У Англіі  дасюль ёсць такая гульня – перадаваць адзін аднаму падпалены скрутак паперы са словамі “Жывы, курылка”. У чыіх руках дагарыць, хто выпусціць “курылку”– прайграў. А насамрэч за гэтым -–ведаеце, што?– забабонныя сярэднявечныя расповеды пра жахлівыя норавы секты маніхейцаў, якія падчас сваіх абрадаў нібыта перакідвалі адзін аднаму ў рукі параненае іншавернае дзіця – у чыіх руках памрэ.

— Фу! – скрывіліся Дзіна. – Я заўсёды казала – трэба жыць прасцей. А то можна  ва ўсім разгледзець старажытныя жахі. Нават у гэтай сметніцы. Ты яшчэ скажы, што “ідзе каза рагатая” –  ад рытуальных забойстваў.

— Вельмі падобна, што так,– сур’ёзна адказала Паліна.

— Цьху! –  віленская гандлярка шчыра зарагатала. –   У мяне бабуля была, дачка пастара. Нават улетку хадзіла ў капялюшыку, у пальчатках і з парасонам. Дык дасюль памятаю, як мяне вучыла –  калі глядзіш у люстэрка, за сваім прыгожанькім тварам умей  уявіць чэрап, пустыя вачніцы, аголеныя зубы… Тое, што насамрэч ад цябе застанецца. А то гардыня ў пекла завядзе. Вось і ты такая чокнутая! А бабуля, дарэчы, памерла ад таго, што адмовілася даць агледзець сябе ўрачу-мужчыне. Ганьба! А самой – восемдзесят, і ўстаўная сківіца плавае ў шклянцы на тумбачцы побач з ложкам. Камедыя! Так што не расказвайце страшылкі – капайце.

Валянцін пакорліва ўсадзіў рыдлёўку ў дзірван… Але праз поўгадзіны нават Дзіна прызнала – нешта не тое… Не падобна, каб тут штосьці маглі схаваць. Сымон падумаў, пералічыў нешта… І пошукі перасунуліся метры на тры ўглыб лесу. “Ну, калі не тут – можаце закапаць мяне”, — сумніўна пажартаваў штурман.

Паліна сядзела проста на сухім верасе, страсала з сябе мурашоў і ў чарговы раз дакаралася, што не надзела джынсы. Ну каму ў лесе патрэбная яе шляхецкая сукенка ў дробныя карычневыя кветачкі? Хіба мурашам і камарам – зручна кусаць за ногі. Дурніца ты, дурніца…  Па кім сумуеш, для чаго? Нядаўна па Стасю сохла.. Сёння ж?.. Сама сябе не разумееш – а хочаш спазнаць увесь свет.

Паспрабавала сесці зручней  і выцялася аб камень. Кавалак цэглы, урослы ў глебу… А вось яшчэ з моху выглядвае чырвоны вугал цагліны, ступлены часам… Няўжо тут калісьці было збудаванне? Відаць, было – бо хутка рыдлёўкі застукалі аб камень.

— Падмурак нейкі… — задыхана прагаварыў Сымон, абвесціўшы перапынак. Дзіна напружана ўглядалася ў выкапаную яміну, нібыта ўжо спадзявалася ўбачыць там залатыя манеты.

— Падобна на рэшткі капліцы, — зазначыла Паліна.  “Уладарка” захвалявалася.

— Вось што, хлопчыкі, у мяне ў машыне яшчэ дзве рыдлёўкі… Дакладней, адна невялікая лапата і савок. Зараз прынясу. І мы з Палінай вам дапаможам. Праўда, Паліначка?

І пабегла, толькі светлыя косы матляліся ў паветры. Як лісіны хвост.

Вось табе і “залатая ліхаманка”…

Дзесьці ў глыбіні лесу пракувала зязюля. Паліна нават не паспела загадаць – колькі будзе жыць, як вяшчуння змоўкла. Нібыта некаму засталося зусім нядоўга пакутваць у гэтым не лепшым са светаў. Між тым праца распачалася з падвойнай сілай… Хаця не, гэта пераўвелічэнне, наконт іх з Дзінай высілкаў – але ўсё-ткі хутчэй. Паступова паказаліся рэшткі цагляных сценаў, пліты падлогі… Каплічка ( ці нешта іншае) была зусім невялікая – можа, два на два метры. І не з каменю – з крохкай цэглы.  Дзіва што нічога ад яе не засталося на паверхні зямлі. Паліна падазравала, што цаглінам тутэйшыя сяляне яшчэ стагоддзе таму знайшлі лепшае прымяненне.

— Ды тут пасярэдзіне магільная пліта! – расчаравана працягнуў Сымон. – Трывожыць чужыя косткі – не мая справа.

Скульптар падтрымаў.

— Давайце на гэтым скончым.

Ага, так вам эмансіпаваныя кабеты і здадуцца!

Пакуль іншыя адпачывалі, перакусваючы прыхопленымі гаспадарлівай гандляркай прыпасамі, Паліна агледзела пліту. Літары, забітыя зямлёй, чыталіся з цяжкасцю:

— “Ганоры… Аляксандр… Раш-чынскі…” Рашчынскі! Тут магіла аднаго з продкаў Рашчынскага! Памёр у 1796 годзе ад нараджэння Хрыстова. Васемнаццатае стагоддзе!  Дзвесце гадоў каплічцы. Цікава, чаму ён пахаваны тут, ля дарогі? Не ў радавой усыпальніцы?

Паліна ліхаманкава дастала з сумкі, закінутай у кусты, запаветную папку. Так, вось радавод Рашчынскіх… Вікенцій Рашчынскі… 1841-1894… Апошні з роду. Яго бацька, Антоні Рашчынскі – 1813-1862. Дзед, Лявонцій – 1780-1841. Пра дзеда Лявонція пазнака – удзельнік вайны на Балканах. Ага, вось ён, Ганорый Аляксандр – 1757-1796. Пра яго нічога не вядома.

На нагрэты сонцам камень выскачыла шэрая маленькая яшчарка. Замерла на хвілю – і тут жа знікла ў траве. Паліна ўспомніла, што яшчарку старажытныя хрысціяне атаясамлялі з душой. Яна магла выслізнуць з роту спячага чалавека, падарожнічаць, потым – вярнуцца…

Чыя душа падарожнічала па свеце ў выглядзе гэтай яшчаркі? А можа… таго, хто спіць у гэтай магіле?

— Ну што, дзе будзем капаць? – змрочна прагаварыў Сымон.

— Вядома, дзе – трэба паглядзець пад плітою. – Дзіна была вясёлая і ўпэўненая. – Скарбы часта хавалі пад магільнымі плітамі!

— Гэта грэх,– азваўся Валянцін. – Рабаваць магілы!

Паліна трохі разгубілася. Вядома, грэх… Вядома, нядобра… Але вяртацца ні з чым!..

Дзіна выказала гэта ўслых.

…І ўрэшце —  пахаванню дзвесце гадоў! У горадзе могілкі зараўніваюць куды раней. Ды ў нас зямля такая – куды ні ступі, ходзіш па чыёйсьці магіле.

Сымон дастаў нож і расчысціў краі пліты. Цяпер трэба было падважыць… Ну хаця б вунь той жалязякай, падобнай да кавалка рэйкі.

З чорнае адтуліны пацягнула – ці падалося, што пацягнула? – халодным цвілым паветрам, мёртвым, як толькі і магло быць паветра магілы. Ліхтарыка, вядома, ні ў каго не аказалася – хто мог падумаць, што яркім сонечным днём спатрэбіцца ліхтарык? Нават запальнічак не мелася –  сучасныя скарбашукальнікі спавядалі здаровы  лад жыцця. Добра, у Дзіны былі запалкі – у спадзеве на тое, што ўсё-ткі ўдасца прыгатаваць шашлычкі. Сымон скруціў з нейкага рыззя падабенства паходні і асцярожна спусціўся ўніз па стромых прыступках. За ім, вядома, скочыла Паліна. Дрогкае полымя асвяціла невялікае памяшканне, дзе можна было стаяць, толькі сагнуўшыся. Ля сцяны — каменны саркафаг.

— Ну, што там? – крыкнула зверху Дзіна.

— Труна тут, і ўсё, — спакойна крыкнуў Сымон.

— А што ў труне?

Сымон ледзь не вылаяўся, і невядома, што яго ад гэтага больш устрымала – прысутнасць пекнай жывой паненкі або сатлелага нябожчыка. Паліна прагна аглядала ўсё навокал. На падлозе, чорнай ад вільгаці, нейкае ўзвышэнне.  Дзяўчына папрасіла Сымона ніжэй апусціць паходню, якая, дарэчы, невыносна смярдзела…

На падлозе сядзела каменная жабка!  Яе пукатыя вочы ўмольна пазіралі на прыхадняў, лапкі малітоўна складзеныя…

Паходня апошні раз успыхнула, і Сымон кінуў яе на зямлю, затоптваючы іскры.

Цяпер была пэўнасць, што яны не памыліліся. Дзіна, ламаючы кустоўе, падагнала бліжэй джып, і Сымон з Валянцінам умудрыліся зладзіць асвятленне. Паліна анічога ў гэтым не разумела – але лямпачка на канцы провада, апушчанага ў скляпенне, загарэлася.

Жабку не прымацоўвалі да каменнае падлогі, але яна нібыта прырасла да яе за столькі гадоў – ледзь ададралі. Паліна пачысціла нажом каменную спінку. Там быў высечаны вялікі крыж. А на сподзе, вядома, літары…

ad nomine albarutenia

У імя Беларусі…

— Тут таксама пліта ў падлозе! – крыкнуў Сымон. — Якраз дзе жабка сядзела.

Пліта, на якой сядзела жабка, была не зусім плітой – расколатым напалам валуном. Здавалася, гэтую глыбу немагчыма вывернуць… Аднак уражанне аказалася падманлівым –  скол каменя быў дастаткова тонкі, каб маглі падняць два дужыя мужчыны…

…Пад плітой  —  насцеленыя гнілыя дошкі. А пад дошкамі – скрыні. З адмысловага дрэва. Прасмоленага, абабітага металічнымі палосамі – дзеля доўгага захоўвання. І страшэнна цяжкія. Сымон і Валянцін ледзь выцягнулі адну… Ададраць накрыўку таксама аказалася няпроста. Нарэшце ў вузкай шчыліне збліснула спакуса.

Вось яно, золата паўстання.  Дзесяць скрыняў.

Дзіна кінулася на шыю Валянціну са шчаслівым крыкам.

— Цяпер зажывем! Будзеш скульптуры ліць з бронзы! Усю Вільню скуплю!

— Чакайце! – запярэчыла Паліна.—Гэта трэба, мусіць, аддаць дзяржаве. А нам – чацвёртая частка…

Дзіна зазлавала.

— Ну ты дурная! Начыталася “Дванаццаці крэслаў”, маўляў, знайшоў вартаўнік дыяменты, а на іх палац культуры пабудавалі. Ачомайся. Дзе жывеш? Раскрадуць і дзякуй не скажуць, а табе сто баксаў за клопаты. Давайце зносіць у машыну. І не хвалюйцеся – у мяне надзейныя сувязі, з намі расплоцяцца, як належыць, падзелімся па справядлівасці.

Сымон пагардліва сплюнуў.

— Пачынаецца… Я цябе папярэджваў, Поля – будзе паскудства. Мяне можаце не ўлічваць. Дармовага багацця не бяру.

Скрыні адна за другой з’яўляліся на паверхні зямлі,

— Пачакайце…– Паліна адчувала, што свет яе рушыцца. – Гэта ж грошы не нашыя! Гэта грошы паўстанцаў, змагароў за волю народа. І ў нас ёсць іх запавет. Скарыстаць у імя Беларусі! Мы – нашчадкі, нам і выконваць!

— Ага. Зараз закуплю зброі і пайду вызваляць вашу Беларусь… Толькі падкажы, ад каго. – раз’юшылася Дзіна. — Вы ж ад уласнай дурасці вызваліцца не можаце. Колькі разоў спрабавала наладзіць сумесную фірму – аблом. На хабар чыноўнікам трэба столькі, што можна яшчэ адну фірму заснаваць. І не трэба спіхваць на “сістэму”. Усе баяцца новага, усім лянота думаць пра заўтра – толькі б ухапіць кавалак сёння і ўначы пад коўдрай зжэрці. Каб не дзяліцца і ніхто не пазайздросціў. Ты хоць раз бачыла тут у пад’ездах кветкі? Не? І не ўбачыш. Мая сяброўка пагасцявала ў мяне на Жыгімонтаса, вярнулася – і ў сваім пад’ездзе паслала дыванок, паставіла гаршэчкі з расадай… Як ты думаеш, што яна назаўтра знайшла? Правільна, толькі трошкі бруду ад нечых чаравікаў. Зладзіць добрае прыватнае прадпрыемства —  хіба не будзе на карысць краіне?

— Дзіна, мы самі ведаем недахопы свайго народу, – спыніў “уладальніцу” Валянцін. – У нас усялякага хапае… І ляноты, і жлобства… Але мы яшчэ здольныя і на ідэалізм. Іначай і гэтае золата не засталося б нескарыстаным.  І калі я маю права на долю… Няхай  маё дастанецца Паліне. Вы ж паклапоціцеся пра помнік Рашчынскаму, праўда, Паліна?

— Ніякага права на долю ты не маеш! – “уладальніца”  злосна звузіла светлыя вочы. —  Ты забыўся – у цябе няма і не можа быць нічога без мяне! Усё – наша. Ты слова даваў.

— Я трымаю слова. Не хвалюйся.—Валянцін рушыў за апошняй скрыняй… І Паліне стала так балюча, што наступнае  прамовілася само, і дурны гонар быў недарэчы гэтак жа, як доўгая сукенка ў лясных зарасцях.

— Паслухайце, Дзіна… Вы казалі, што  ў Валянціна доўг – пятнаццаць тысяч…

— Заплаціць за яго хочаш? – пагардліва спытала Дзіна. – Позна, даражэнькая. Тое, чым я дзеля яго ахвяравала, даражэй каштуе.

— Ну, у такі выпадку, забірайце ўсё! На ягоны рахунак… Валянцін! Чуеце? І… бывайце. Я паеду на аўтобусе.

Паліна, стрымліваючы слёзы, дастала з кустоў сумку.

— Вось гэта па нашаму! – узрадваўся штурман Сымон. – А на сваіх дзяцей мы заробім!

— Паліна,  пачакайце! – Валянцін, кусаючы вусны, павярнуўся да “уладальніцы”.

— Здаецца, раб мае права хоць раз на год падаць голас? Нават свята такое адмысловае было ў Старажытным Рыме – Луперкаліі. Ты атрымала столькі, як я ніколі табе не зараблю. Навошта я табе цяпер? Можа, прадала б мяне?

— Што ты пляцеш! “Раб”, “прадала”… Нібы ў клубе садамазахістаў. Ты – мой каханы! – Дзіна ўчапілася за свайго скульптара, як тапелец за выратавальную дошку.—Я – твая гэтак жа, як і ты – мой. Толькі я магу даць табе каханне, клопат, пяшчоту! Валянцін! Успомні ўсё, што нас звязвае! Я кахаю цябе, Валянцін!

— Мілая, добрая, ну зразумей жа – нельга прымусіць чалавека быць шчаслівым.  – скульптар пакутваў горш за “уладальніцу”. – Я не кахаю цябе. Давай разлічымся з маімі крэдыторамі, скінем з сябе цяжар пагрозы і перастанем мучыць адзін аднаго.

— Сволач!

Звонкая поўха была не горшай за тую, якой узнагароджвалі сваіх няверных каханкаў усе тэмпераментныя дамы ўсіх эпох. Валянцін, нібы не заўважыўшы ўдару, паглядзеў на Паліну…

І яе нібыта пацягнула да яго неадольная сіла…

Такім атрымаўся іх першы пацалунак – з прысмакам жнівеньскай спёкі, з горыччу ўласнай віны.

Побач хіснулася нечая постаць – Сымон адвярнуўся ў бок  вёскі…

Дзіна не збіралася здавацца.

— Ты забыўся, што цябе адпусцілі з той умовай, каб працаваў у маёй фірме? Калі я дваццаць пятага чысла не заплачу чарговую тысячу даляраў і не пацверджу, што гэта зарабіў ты, і жывеш пад маім наглядам,– мяне заб’юць. І, ведаеш, мне нешта расхацелася плаціць…

Валянцін адарваўся ад вуснаў Паліны – і нейкі час адчувалася, што ён не ўспрымае рэчаіснасць, ап’янелы ад раптоўнага шчасця. Але паступова сэнс пагрозы усвядоміўся.

— Дзіна, гэта проста дурноцце. Цяпер тысяча даляраў для цябе – не праблема.

— Калі ты так лёгка адкінуў мяне дзеля нейкай чокнутай  развядзёнкі, дык чаму цябе непакоіць, што станецца са мной?

Цвыркуны адчайна стракаталі-галасілі, нібы на цвыркуновым пахаванні.

Валянцін пакруціў галавою, быццам спрабаваў скінуць ачмурэнне.

— Чаго ты дамагаешся, Дзіна?

— Сядай у машыну. Паедзем.

Упэўненага тону ўладальніцы не вытрымаў нават штурман.

— Не кабета – стыхія. –  і звярнуўся з парадай да Валянціна: — Яны часта любяць палохаць, маўляў, разлюбіш – атручуся, з балкона скінуся… Чым болей ім паддаешся – тым цяжэй вызваліцца.

— Ну дык што, будзеш правяраць, ці я наважуся не плаціць? Думаеш, усё так проста – узяў і сышоў? Твае крэдыторы могуць на першы раз цябе, між іншым, проста загрузіць у багажнік і прывезці да мяне, калі даведаюцца, што ўцёк. Ці адразу мяне прыкончаць – я ж абяцала, што нікуды цябе не адпушчу. Ну! Думай хутчэй! Клянуся – не сядзеш зараз у машыну, плаціць не буду! Без цябе не хачу жыць! Магу зараз жа аддаць ёй яе долю! Выкідвай дзве скрынкі з машыны! На, забірай! І трэцюю магу аддаць! І чацвёртую!

Дзіна  выглядала, як скандынаўская Валькірыя – “апошняя з Норнаў, што прыносіць смерць”.  Яна асцервянела тузала скрыню са зліткамі, спрабуючы выкінуць з машыны. Паліне нават стала страшна – вось што значыць выраз: чалавек, здатны на ўсё. Валянцін пагладзіў Паліну па валасах дрыжачай рукой, пацалаваў у лоб… Адыйшоўся, не зводзячы з дзяўчыны вачэй.

— Любая, гэта – часова… Ёй проста цяпер крыўдна. Яна супакоіцца. Пачакаем да дваццаць пятага. Ты разумееш, я не змагу жыць, ведаючы, што з-за мяне нехта загіне… Я не магу так абысціся з чалавекам, які выратаваў мяне самай дарагой цаной. І без цябе я таксама не змагу жыць. Я вярнуся, любая.

Паліна моўчкі ківала галавой, пагаджаючыся. І глытала слёзы. Валянцін, больш нічога не гаворачы, пайшоў і сеў у машыну. Штурман лёгенька крануў Паліну за плячо.

— Не пераймайся, усё да лепшага. Ануча ён. У каханні няма кампрамісаў. Яна ніколі яго не адпусціць, ён ніколі не сыдзе… А ты будзеш мучыцца. Навошта?

“Уладальніца” між тым чамусьці не спяшалася ад’язджаць – можа, сапраўды хацела супакоіцца. Узялася праціраць лабавое вакно…

Справа, нібы чакала дзесьці побач, на шалёнай хуткасці пад’ехала машына. Таксама “джып”. Толькі большы, з зацемненымі вокнамі, амаль як ваенны…

І выскачылі з яго сапраўды ваенныя… “Спецназаўцы” ў плямістых камбінезонах, высокіх зашнураваных чаравіках, з аўтаматамі…

— Усім стаяць! Рукі за галаву!

Адзін з нападнікаў, з шырокім абветраным тварам і класічна перабітым носам, махнуў чырвонай кніжачкай.

— Капітан Фёдараў! Група “Альфа”! Што ў машыне?

Другі ваяка паспеў паглядзець.

— Скрыні, падобна што з залатымі зліткамі, таварыш капітан!

— Так-так, прысвойванне скарбу… Захацелі дзяржаву падмануць? Перагружайце ў нашу машыну, хлопцы. А вы, усе – стаяць!

Трое хлопцаў-малойцаў пачалі подбегам, згінаючыся ледзь не да зямлі, пераносіць скрыні, быццам жукі –скарабеі камячкі гною. Чацвёрты, у цёмнай шапцы-шлеме з проразямі для вачэй, высунуўся са спецназаўскага джыпу, каб прасачыць за пагрузкай. Усё было ціха, па дзелавому. Нават Дзіна не верашчала абурана, як можна было чакаць.

Паліне падалося, што трапіла ў адзін з тых кепскіх крымінальных серыялаў, якія любіла глядзець маці. Адна надзея – зараз пойдзе рэклама, і замест амбалаў у камуфляжы пакажацца прылізаны нахабны клоун з парашком “Тайд”, адмываючым нават застарэлыя плямы ад крыві, і ўсе змогуць апрануцца ў белае. Асабліва нябожчыкі.

— Таварыш Фёдараў! – вельмі спакойна звярнуўся да  камандзіра Сымон. – Я – капітан другога рангу Грынеўскі. Ці магу яшчэ раз зірнуць на вашае пасведчанне?

Мардасты капітан паблажліва дастаў сваю кніжачку, паказаў здаля, схаваў…

— Ну што, упэўніўся, капітан?

— Упэўніўся, — гэтак жа спакойна сказаў Сымон. – Памылачка выйшла, калега. На такое пасведчанне трэба здымацца ў форме.

І, як адпушчаная пружына, з сілай ударыў камандзіра абедзьвума нагамі ў жывот, перакаціўся па траве…

— Бяжы ў лес, Паліна! Гэта бандзюгі, ім сведкі без патрэбы! Не бойся, у іх не аўтаматы – муляжы.

Далейшыя падзеі Паліна памятала, як праз сон.  Вядома, яна нікуды не пабегла, толькі, штурханутая адным з камуфляжных, апынулася на зямлі. Сымона малацілі ўтрох… Ці Сымон малаціў траіх, круцячыся, як факстэр’ер сярод медзвядзёў? Валянцін рынуўся на дапамогу, вырваўшыся ад Дзіны, якая злосна гарлала:

— Не лезь! Няхай гэты прыдурак атрымае сваё! Не ўвязвайся, і ўсё абыдзецца!

Паліна нарэшце усвядоміла жах, які тварыўся каля яе.

— Перастаньце! Няхай забіраюць гэтае клятае золата!

Але мужчыны размаўлялі на сваёй мужчынскай мове, лупячы адзін аднаго гэтак жа, як лупілі адзін аднаго мільёны гадоў падобныя да іх гома сапіенсы. Памылка прыроды! У кожнага жывёльнага віду ёсць мяжа, закладзена  – не забіваць свайго насмерць! Калі звяры мераюцца сілай між сабой, то рогі, іклы, кіпцюры не ўжываюць так, як з ворагам або здабычай. Адзін чалавек не мае ані рогаў, ані  іклаў, ані кіпцюроў, а на штучную зброю прырода абароны не паставіла…

— А гэты аўтамат – сапраўдны! – мужык у чорнай шапцы-шлеме выйшаў з джыпу, скіраваўшы страшную цацку на скарбашукальнікаў. Не гаворыць – сіпіць, як  застуджаны… Адзіночны стрэл суха шчоўкнуў, нібыта зламалася галінка. Узвілася змейка пяску.

— Рукі за галаву! Легчы на зямлю, падлы!

Сымон неахвотна падняў рукі і ўпаў, падкошаны ўдарам аднаго з раззлаваных “мядзведзяў”. А Валянцін і так ужо ляжаў, збіты на горкі яблык. Над ім галасіла Дзіна, прыкладаючы насоўку да  скрываўленага носу сваёй “маёмасці”.

— Нясіце астатнія скрыні, і паехалі! – прасіпеў чалавек у шапцы, які, падобна, і быў тут галоўным.

Валянцін рашуча адхінуў рукой Дзіну, прыўзняўся і звярнуўся зусім спакойна да таямнічага камандзіра.

— Прывітанне, Валянцін. Табе варта было б яшчэ надзець і пальчаткі. Татуіровачка твая піжонская здалёк відна.

Кісць левай рукі  галоўнага абвівала каляровая вытанчаная змейка. Камандзір сцягнуў шапку, з асалодай абцёр спацелы твар, скептычна паглядзеў на сваю руку і прамовіў нармальным, нават прыемным барытонам.

— Трэба ж… Пагарэзнічалі ў маладосці, а цяпер на ўсё жыццё – праблема. Ну, прывітанне, напарнік.

Сымон тузануўся, але  бяссіла замёр пад скіраваным на яго дулам аўтамата.

Паліна на ўсе вочы глядзела на злавеснага двайніка віленскага скульптара. Калі папраўдзе – дык нічога злавеснага ў ім не было. Каржакаваты, кароткія цёмныя валасы, вочы, як чорны алей, грыбастыя вусны… Сапраўды, трохі падобны да Андрыяна Чэлентана… Пабітага беларускай бульбай у калгасным клубе. Хоць глядзеў такім ужо пераможцам – як смык над скрыпачкай.

— Дык вось адкуль у Дзіны аказалася чацвёртая жабка…– змрочна зазначыў Чарапавіцкі. – Ты перадаў?

— Здагадлівы! – усміхнуўся напарнік. – Дзе – дурань-дурнем, а дзе здагадлівы. Аднаго не ведаеш – я тады ў Гарнушках не адзін быў, а з прыпыленым навукоўцам Артурам. Студэнт былы ягоны ў мяне падпрацоўваў, вось і парэкамендаваў. Ваш Артур сядзеў якраз без працы, і жонка сышла. Гатовы быў хоць вартаўніком, хоць грузчыкам.  Я яму сказаў – трэба на рэстаўрацыю магільныя пліты забраць. Пашкадаваў “біча”, былога інтэлігентнага чалавека… А ён запіў, падла, як толькі да сельмага  дайшоў. Павезлі назад, паклаўшы паўзверх тых плітаў. Відовішча… Затое па п’яне тое-сёе расказаў. Ён увогуле, як пачне гаварыць пра гісторыю – хоць выключальнік да яго прымацоўвай. Але тут я прасёк – справа цікавая. Шыфры, скарбы… Жабку я сам знайшоў, вымяняў у адной бабулькі за батон.

— Гэта вы забілі Артура? – выгукнула Паліна. Напарнік толькі незадаволена скрывіўся.

— Ды каму трэба было яго забіваць! Проста пасля вяртання з Гарнушак ён стаў хавацца і асцярожнічаць. Ад усяго адмаўляўся. Але паспеў распавесці мне пра ліст… Як яго… Людвісара.

— Той ліст, які вы скралі з архіву? – удакладніла Паліна.

— А як жа было яго пакідаць? Я адно дзіўлюся вам, навукоўцам. Гэта ж колькі дабра ў вас пад носам прападае – шукайце толькі, супастаўляйце, аналізуйце… Той ліст акрамя п’яніцы Артура за ўвесь час існавання архіву нікому не спатрэбіўся. А Людвісар у ім наракае, што мільён рублёў золатам недзе марнуецца, а золата належала калісьці Людвісарам, і што Рашчынскі сквапнік і недарэка, і мог бы падзяліцца, раз сам не здольны скарыстаць… Ну і іншае. Мы хацелі толькі разгаварыць вашага  Артура, паглядзець ягоныя паперкі – паўсюль жа з сабою цягаў… А тут на табе – аблом. Выпіў – і адключыўся. І пачарнеў, як баклажан. І паперак няма — пасля ў жонкі выкупілі, і то прыстрашыўшы. І жабка ягоная знікла. Так што дзякуй табе, — напарнік насмешна пакланіўся Валянціну. – Думаеш, Дзіна дарэмна падказала жабак ляпіць на продаж? Жабак сваіх ляпіў, на жабку дзяўчыну злавіў. На дзяўчыну сам запаў… Вось і ўсё знайшлося.

— А навошта вы ў нас каменні шпурлялі, калі мы былі на Крыжовай гары? – пацікавілася Паліна. Напарнік толькі плячмі паціснуў.

— Гэта не да мяне прэтэнзіі. Нічога не ведаю.

— Дык вы ад пачатку з Дзінай хаўрусаваліся… — задумліва прагаварыў Валянцін.—А я думаю – чаго гэта яна на ўсе авантуры так ахвотна пагаджаецца…Адпускае мяне ў Мінск… І вось золата  адбіраеце, дзяліцца ні з кім не трэба, і Дзіна зноў бедная, і мне трэба далей укалваць на ейных кліентаў. Ведаеш, колькі я анёлкаў за гэтыя тры гады наваяў для прыкрасы маёнткаў? Мармуровае неба засяліць можна!

Дзіна нешта гаварыла, абяцала, нагадвала, але Валянцін не слухаў, упарта адварочваючыся. Напарнік насмешна зірнуў на былога сябра.

— Каханне, мой дружа! Дзеля кахання жанчына гатовая на ўсё.

Сымон ірвануўся наперад, як чырвоная пантэра. Двое амбалаў ледзь стрымлівалі яго.

— Каханне!.. А помніш Святлану з “Папараць-кветкі”? Перакладчыцу, якой мазгі пудрыў пра сваю геніяльнасць? Калі ты мужык – выходзь біцца сам-насам! Я — ейны муж!

— Толькі мне й спраў, што памятаць  усялякіх дурніц! – пагардліва кінуў напарнік. – Яшчэ біцца з-за нейкай патаскухі… Не перажывай, мужык – я доўга ні з воднай не быў.

Пасля гэтага ніякія сілы не маглі стрымаць штурмана. Ён раскідаў камуфляжнікаў і…

Напарнік выстраліў проста з перапуду. Гэта было відаць па тым, як ён сам спалохаўся выніку. Дрыжачыя вусны паўтаралі:

— Блі-ін… Чаго ён палез… Халера…

Паліна кінулася да Сымона, які ўпаў тварам у спякотнае неба – на вуснах з’явіліся чырвоныя пухіры. Кроў… І плямы на грудзях…Чырвонае на чырвонай кашулі… Гарыбальдзійцы спецыяльна апраналі кашулі такога колеру, каб ніхто не заўважаў ран. Відаць, лёгкія прабітыя. Паліна паспрабавала прыўзняць галаву параненага,  з другога боку намагаўся неяк даць рады Валянцін…  Дыханне вырывалася з грудзей штурмана сутаргава, са страшным хрыпам… Ілжэ-капітан Фёдараў таксама схіліўся над параненым, выпрастаўся, з прыкрасцю зазначыў.

— Усё, гамон… Маем трупец.

— Ты ж мне абяцаў, што будзе ціха! – з Дзінай утварылася сапраўдная істэрыка. Яна раз’ятрана кідалася на забойцу і трэсла, як дарагое футра, якое, як выявілася, за зіму пабіла моль. – Што цяпер рабіць! У мяне бізнес! Мне ліцэнзію трэба пераафармляць! Ідыёт! – і раптам амаль спакойна, па-дзелавому. –- Усё, я нічога не ведала пра твае намеры, ты падступна напаў на нас, каб адабраць скарб, які мы везлі здаваць дзяржаве. Разбірайся з трупам сам. Валянцін, паехалі. І ты, разумніца… Робім ногі.

Напарнік злосна раздзьмуў ноздры.

— Вось як? Нічога не ведала! Сама ўсё прыдумала, а цяпер – на мяне зваліць? Ну, раз так, дык так. Сумленніца! Гераіня!– і звярнуўся да Валянціна. – Хочаш  ведаць, хто твой сапраўдны крэдытор? Каму належалі грошы па тых накладных? Ды вось ёй, Дзіне!

— Не слухай яго! – віскнула Дзіна, але напарнік толькі злосна  зарагатаў.

— Ну і павесяліў ты мяне, дружа! Гэта ж трэба быць такім дурнем! Ну хіба табе ў чэрапаўку не прыйшло – якая справа рэкецірам, хто ім грошы заплоціць? Нашто дамова, каб ты стаў прыгонным гэтай сцярвозы? Мы ж з ёй разам справы праварочвалі. Прыдумана тонка! Яна бачыла, які ты сумленны, сабой мог рызыкнуць – але не чужым жыццём. Ты ж нават не ведаеш, які попыт на твае скульптуры! За  пару месяцаў вунь на такі джып зарабляеш. Праўда, Дзіначка? А на піва яна табе хоць выдзяляла час ад часу?

— Што ты плявузгаеш? – раўнула Дзіна. – Ён меў усё, што хацеў!

— Відаць, не ўсё.

Валянцін адштурхнуў Дзіну, якая прыліпла да яго з апраўданнямі, і, з цяжкасцю вымаўляючы словы, звярнуўся да былога напарніка.

— Слухай, я ўсе гэтыя гады хацеў папытацца… Чаму ты так са мной абыйшоўся? Я ж нічым цябе не пакрыўдзіў…

Твар напарніка нібы абсунуўся, застарэлая нянавісць бліснула ў масляністых вачах.

— Ты сам з сабою “абыйшоўся”! Раней ты быў – усё, а я нішто. Цяпер – абмяняліся. А якія амбіцыі ты меў! Выкладчыкі карагодам хадзілі: “Надзея, надзея…” А чаго ты насамрэч варты? Нават Богам дадзены талент, за дзесятую долю якога іншы б жыцця не пашкадаваў —  спляжыў! “Ах, не ўсім быць Мікелянджэла”. Як я пагарджаў табою, калі ты згадзіўся на маю прапанову рабіць помнікі! І я назіраў, як ты апускаешся, з радасцю… Так, але і з болем. Табе гэтага не зразумець. Ты – проста няўдачнік. Ніхто. Наложнік багатай дамы, што жыве з ейнай літасці. Ніжэй апусціць цябе было цяжка.

Напарнік амаль крычаў, яго трэсла, як ад болю, і яго зласлівая радасць сапраўды была з прымешкам пакуты.

— Я не вінаваты, што ты не застаўся ў мастацтве…– ціха прагаварыў Валянцін.

— Шэф, ад новапрастаўленага пазбавіцца б… Можа, у той склеп яго й засунуць? – умяшаўся ў гаворку ілжэкапітан. – І гэтым раты б пазакрываць…

Валянцін ускінуў галаву і жорстка зірнуў на напарніка.

— Я не дазволю табе так абысціся з целам чалавека, чыйго пазногця ты не варты! Можаш забіць мяне таксама – маўчання ад мяне не дачакаешся.

Сонца хілілася пад цяжарам сваёй спёкі да далёкай вёскі. Напарнік пачаў нервова перагаворвацца са сваёй камандай, Дзіна час ад часу нешта дадавала ад уласнай істэрыі…

Паліна гэтага не чула – яна стаяла на каленях каля Сымона, трымаючы яго цяжкую халодную руку ў сваёй, і сутаргава ўсхліпвала… Няўжо сапраўды – памёр? Раптам  штурман захрыпеў…

— Ён яшчэ жывы! – ускочыла Паліна. – Ён жывы!

Напарнік падбег да параненага, нахіліўся…

— Сапраўды, жывы! Мацак! Ну, вось што… Грузіце яго ў машыну! Хутка! Завязу ў адну бальніцу… Там у мяне ўсё куплена, урачы—акадэмікі. З таго свету выцягнуць, і пытанняў задаваць не стануць. Месца ціхае, адасобленае. Пад аховай… Ды не бойцеся – я жулік, а не забойца. Вядома, языкі будзеце трымаць на прывязі, і праз колькі часу атрымаеце назад свайго сябра зацыраваным.

Сымона асцярожна паклалі ў ваенны джып. Дзіна закрычала:

— Пачакай! Я перадумала! Аддавай маю долю цяпер жа!

Напарнік раздражнёна крыкнуў:

— Ды скіньце вы ёй пару скрынак! Няхай задушыцца.

— Не пару, а пяць!

Першая скрынка, прыадчыненая, з грукатам ударылася аб зямлю. Накрыўка адкінулася, і на сухую траву ўпаў залаты злітак… Пераламаны напалам.

Першым заўважыў гэта ілжэ-капітан і аслупянеў.

— Што за халера…

Напарнік выскачыў з машыны, падняў два асколкі… Унутры была нейкая цёмная маса.

— Чыгунная балванка!

Усчаўся гвалт. Зліткі даставаліся, іх стукалі адзін аб адзін… І паўсюль з-пад бліскучай абалонкі выглядала чорнае плебейства.

— Паслухайце, там жа чалавек памірае! – адчайна крыкнула Паліна. Напарнік спыніў лаянку.

— Усё. Паехалі. А то і праўда наш супермэн памрэ… Што тады рабіць? Бывай, Чарапавіцкі! Ты халерна таленавіты, паскуда.

Джыпы раз’ехаліся ў розныя бакі, і пыл паімчаў па сухой траве, нібы ведзьміна вяселле. Паліна і Валянцін засталіся стаяць на ўскрайку лесу, пасярод раскіданых брускоў падманнага золата і крывавых плямаў. У крыві была і ўся адзежа… А Валянцін яшчэ і выглядаў, як пасля допыту “с пристрастием”.

І што ім заставалася рабіць?

Толькі абняцца… Ухапіцца адзін за аднаго – каб больш не згубіцца ў гэтым свеце ілжы і падману, высакародства і болю.

Такім было іх каханне – з прысмакам горычы і болю, з цудоўным, бясконцым жыццём наперадзе…

Бо ў такія хвілі, вядома, жыццё здаецца бясконцым.

І толькі паэт ведае, што пясок бяссіла ссыпецца з рукі таго, хто на сустрэчу спадзяецца, ды спіць змяя там, дзе палала сэрца.

 

17

— Вельмішаноўны пан Вікенці Рашчынскі з маёнтка Гарнушкі! – слуга ў зялёным аксамітным сурдуце з залатымі гузікамі (два, на  круглым жываце, расшпіленыя, і відаць не надта белая кашуля) крычаў так, што напружваліся жылы на тоўстай шыі, і твар чырванеў, як рэвалюцыйны сцяг.

Вінцэсь азіраўся з прыкрым пачуццём чалавека, які трапіў у свет крывога люстэрка. Нібыта ўсё пазнавальнае, але пачварна скажонае, расплывістае. Палац усё гэтак жа ганарыста ўзвышаўся над наваколлем, але гэта быў гонар банкрута. Калоны страцілі колішнюю белізну, як і нямытая кашуля лёкая. У былых венецыянскіх каналах гайдалася на восеньскім вятры сухое бадыллё, і таемная расліна луннік дражнілася-трапятала бліскучымі круглымі манетамі, за якія не купіш анічога, акрамя подыху гэтага восеньскага ветру. Усё было спавіта санлівасцю, на ўсім меўся адбітак руйнавання. Затое ля ўваходнай лесвіцы з’явіліся дзве новыя скульптуры – мармуровыя  рымскія героі ў лаўравых вянках і латах. Вінцэсь  прыгледзеўся і з жахам усвядоміў, што фанабэрыстыя  фізіяноміі патрыцыяў нагадваюць твар Стася! Аднекуль з бакавога флігеля даносіўся бадзёры стук. Паколькі побач пуставалі яшчэ два пастаменты, можна было здагадацца, што й там апынуцца ўрачыстыя каменыя балваны з абліччам гаспадара. Гэтая дурная раскоша  яшчэ больш падкрэслівала агульны заняпад, які цараваў не толькі вакол палацу, але і ў пакоях. Растаўсцелыя лёкаі, невымытая чарка на століку, апошняя восеньская муха, якая цяжка кружляла над ёй; карціны, састаўленыя ля сценаў і накрытыя пыльным радном – відаць, у чаканні рэстаўрацыі, якая невядома калі высветліць іх фарбы…

— Няхай літасцівы пан пройдзе як найхутчэй – высакародны пан Станіслаў Людвісар з нецярплівасцю чакае найпрыемнейшага візіту літасцівага пана, і ўсе вашыя пакорлівыя слугі рыхтаваліся да найпрыемнейшага візіту найяснейшага пана, і наш найяснейшы пан найшчырэйша просіць выбачэння за свае хворыя ногі, хворасць якіх перашкодзіла яму ўласнай персонай з прыемнасцю сустрэць вельмішаноўнага госця… —лёкай  старанна звіваў велягурыстыя фразы ў клубок з фальшывага золата, блытаючыся ў слоўных звівах. Вінцэсь нецярпліва адсунуў гаваруна ўбок і хуткім крокам увайшоў у гасцёўню.

— Прывітанне, Станіслаў! Вельмі рады быў атрымаць твой ліст…

Астатнія словы засталіся непрамоўленымі. Вінцэсь прыблізна ўсведамляў, якое відовішча яго чакае… Але паміж “прыблізна” і  “насамрэч” адлегласць куды большая, чым ад Масквы да Варшавы. Ніякае крывое люстэрка не змагло б ператварыць колішняга танклявага, даверлівага Стася з вялікімі блакітнымі вачыма, з вечнай вінаватай усмешкай у гэтага самазадаволенага таўстуна, падобнага да карыкатуры на імператара Луі Філіпа, папулярную ў Францыі. Чырвань твару рабілася яшчэ заўважней на фоне светлых кудзераў – лысіну на макаўцы кампенсавалі пышныя бакенбарды. Вочы, праўда, не зусім заплылі тлушчам – але якімі яны сталі пустымі! Як мутны вясновы лёд…

— О, Вінцэсь! Зусім не змяніўся! Прабач, не ўстаю – хварэю ўсё… А ты, відаць, гэтак жа ў палонцы штодзень плёхаешся? Волат, герой! Сядай во сюды… Пабліжэй… Сы-ыдар! – грамавы вокліч змусіў Вінцэся ўздрыгнуць. – Сы-дар!

Таямнічы “Сыдар”, надзіва танклявы, як бізун, з чорнымі, як прыклеенымі, вусікамі забег у гасцёўню і схіліўся ў паклоне.

– Чаму шампанскае на стол не паставілі? Сківіцу звярну набок, цалавацца развучышся! Нясі!

Перад вялізным выгодным фатэлем, у якім разваліўся Стась, захінуты ў заліты на грудзях віном персіцкі халат, грувасціўся стол, што ледзь не прысядаў на тонкіх нагах пад цяжарам страў. Лёкай спрытна наліў Вінцэсю віна…

— Ну, за сустрэчу, стары сябра!

Вінцэсь адчуў, што просьба замяніць віно якім  ліманадам скончыцца вадаспадам непатрэбных угавораў і папрокаў, таму прыгубіў чырвонага напою (сапраўды добрага), і зачапіў відэльцам нешта экзатычнае… Падобна да амара, але прыгатаванага  вельмі асабліва.

Размова атрымлівалася нейкая дзіўная… Як рэчка ў афрыканскай саване, якая то перасыхае, то зноў выблісквае на паверхню. Стась неяк пазбягаў успамінаць мінулае. Вінцэсь думаў – гэта ад таго, што няёмка за свой цяперашні стан. Скардзіўся на сястру: такая жорсткая, такая сквапніца! Але адчувалася, што галоўнае, дзеля чаго і запрошаны госць, не прамоўлена. Нарэшце, праз шматлікія намёкі, расплывістыя скаргі зрабілася зразумела: Стась спрабуе звярнуць гаворку на грошы паўстанцаў, якімі стары Людвісар выкупіў жыццё сына. Паступова, з кожнай новай бутэлькай віна, выказванні гаспадара рабіліся больш акрэсленымі. Чаму золата так і ляжыць без справы? Хіба нельга знайсці яму карыснае прымяненне? Вядома, Вінцэсь толькі вярнуўся, блага ведае, што сёння адбываецца на Беларусі. А вось Людвісар мае на прыкмеце людзей, якіх толькі падтрымай грашыма – і такую рэвалюцыю ўчыняць, што маскалі адсюль шугануць, як восеньскае лісце з ветрам!

Вінцэсь слухаў і маўчаў. “Рэвалюцыя!” Цікава, які сэнс укладае сённяшні Стась у гэтае слова? Бачыць сябе новым Напалеонам? Адабраць у  “чужых” паноў і перадаць  “сваім”? І тыя, і тыя гавораць з беларускім народам на розных мовах. Хто і як скарыстае ахвяраваныя  грошы? Людвісар, дакладна – на рэдкія віны і мармуровае ўвекавечанне ўласнага аблічча. А можа, марыць аднавіць венецыянскія каналы?

Бедны Стась… Вінцэсь не адчуваў да яго пагарды – толькі ўласную віну. Марка загінуў з-за праклятага золата… Але – Вінцэсь цяпер бачыў гэта ясна – загінуў і Стась.

Толькі падчас развітання былы рамантычны юнак праглянуў праз азызлую чырвоную маску. Рыданне раптам перакрывіла  твар Людвісара, ён, нязграбна чапляючыся рукамі за парэнчы фатэля, устаў, падняў непад’ёмнае, нібыта чужое, цела, абняў Вінцэся, павіс на ім – той ледзь не паваліўся… І плакаў, плакаў, прыгаворваючы нешта няўцямнае: “Вось, бачыш, мілы… Няма мяне… Няма… Як ты казаў – экзістэнцыйная адсутнасць? Хадзіць не магу… У люстэркі не гляджуся. А мы ж верылі! Мы ж змагаліся! Каб рэспубліка, і прыгожыя  дамы, і шчаслівыя людзі, і песні пяюць у садах пад вокнамі! А ў мяне пад вокнамі ўчора пейзане нашыя ўлюбёныя жанчыну камянямі пабілі. За тое, што малако ў кароў адбірае. Ды я нават у Шлісельбургу шчаслівейшы быў! У мяне аж у грудзях шчыміла ад гонару – што паміраю за радзіму. Як жа так сталася? Што з намі сталася, Вінцэсю?”

На чорную зямлю падаў снег, яшчэ вільготны, слабы. Ён не мог справіцца з пануючай чарнатой, нават коштам уласнае смерці. Наадварот – каб захаваць бель, ён мусіў быць моцным і жорсткім. Але для гэтага павінен быў  прыйсці час.

Пакуль яшчэ не настаў час снегу і чысціні.

Ночы рабіліся ўсё даўжэйшымі, сустрэчы з былымі знаёмымі – усё пакутлівейшымі. Адна радасць  – глядзець на сына, на ўнукаў… Гэтага Вальжына не забараняла. Але прымусіла паклясціся – яны ніколі не даведаюцца пра скарб. Залаты праклён не пяройдзе наступным пакаленням.

Вінцэсь часам адчуваў сябе зусім бездапаможным. Ён памрэ. Памрэ Вальжына, Мартын… І грошы, здабытыя такой дарагой цаной, прападуць! Ён аніяк не мог пагадзіцца з тым, што вырашылі сябры. Так, ён не бачыў пакуль сілы, якой можна перадаць золата. Але, урэшце, яшчэ Русо даў параду народам: не можаце перашкодзіць таму, каб вас праглынулі – пастарайцеся хаця б, каб вас не маглі пераварыць. На захаванне самасці, адраджэнне нацыянальнай культуры таксама патрабаваліся сродкі! Але  Вінцэсь не мог распарадзіцца сам.

І ён пайшоў да адзінага чалавека, які б мог даць яму параду… І які ўжо не мог яе даць. На магілу бацькі.

Надмагілле пана Антона Рашчынскага было вельмі простым, як ён і хацеў. Чорны мармур, крыж, перавернутая паходня…

У іх колах у Парыжы вальнадумства сталася ледзь не законам. Рашчынскі не падзяляў скептыцызм сваіх сяброў наконт рэлігіі, але не збіраўся адпрэчваць і прагрэс і наракаць, што кожнае вынаходніцтва – ад Сатаны. Быў перакананы: навука, якая цяпер нібыта знаходзіць пацверджанні атэістычнай тэорыі, калісьці проста дасягне такога ўзроўню, што пачне атрымліваць доказы існавання Вышэйшай Сілы. Цяпер жа чалавецтва цешыцца са сваім прагрэсам, як з новай, самай лепшай у свеце, цацкай, і драўляны конік падае голас і звонка б’е капытамі. Бескарысна даводзіць дзіцяці, што драўлянаму коніку не патрэбнае сена, а абарыгену Берага Слановай Косткі – што кінуты ў хвалі драўляны ідал не спыніць буры. Ды ці варта шукаць недзе доказаў — калі чалавек прыслухаецца да самога сябе, ён адчуе прысутнасць Бога ва ўласным сэрцы.

…Як спалучыць сябе з жыццём, разбіць вакол шкляныя сцены? Не намі збудаваны дом, які яднае нашы цені… Спадар! Што – розуму сіло Таму, Хто – усяму прычына? Кляйна няма – “дабро” ці “зло”, узважваць лёсы немагчыма. Усё – ва ўсім, і меж няма. Ты – гэта я, і ўсё – брыдота. Усе адрозненні – спадман, сусвет – трызненне ідыёта для лялькі, што парвала ніць, якой яе вадзілі зверху. Так, лялька вольная… Ляжыць, не вартая ні слёз, ні смеху. Няма адгадкі. Ёсць – адказ, даўно вядомы – і забыты. І нехта прыўзнімае нас убачыць рая краявіды. А нас цікавіць той агонь, што ў спратах плавіць хвілі-кулі… Мы – безнадзейныя, і скронь не сівізна, а кроў кранула…

Вінцэсь не цешыў сябе надзеяй, што нават па самай шчырай ягонай малітве да яго спусцяцца ў відочным вобразе анёлы ці з’явіцца з таго свету бацька. Проста ў гэтым месцы можна было засяродзіцца, усвядоміць свае патаемныя сумнівы і спадзяванні і, можа быць, адчуць, на якіх  – блаславенне, на якіх — праклён.

Вінцэсь моўчкі ўкленчыў перад надмагіллем. Побач, у  асобнай капліцы ўнутры касцёлу – магільныя пліты іншых Рашчынскіх. Толькі прадзеда Ганорыя няма – але ён нават сваёй адрынутасцю дапамагае нашчадку знайсці правільнае рашэнне… Бо застаюцца адны магілы. Застаюцца заўсёды… І да магіл продкаў заўсёды будуць прыходзіць нашчадкі. Да ягонай, Вінцэся, магілы таксама нехта прыдзе. Можа быць, у тыя часы, калі пракляцце, што нібыта ляжыць на схаваным золаце, страціць моц?

Цяпер Вінцэсь ведаў, што яму рабіць. Ягоным запаветам стане ўласнае надмагілле. Ён падкажа далёкім нашчадкам шлях да золата. Трэба прыдумаць шлях, які можа прайсці толькі чалавек, надзелены розумам і абазнаны ў гісторыі сваёй краіны. Толькі той, хто любіць Беларусь гэтак жа, як любілі яны.

…Лебедзь прапяе вам сваю апошнюю песню.

Смерць пакажа пачатак шляху.

Воўк і леў – скажуць пра золата, якое нараджаецца ў смерці. Воўк стане Ваўкалакам – так мяняліся іх лёсы дзеля Радзімы, і ў звярынай абалонцы хавалася высакароднае сэрца.

А галоўнае ён даверыць распавесці нявартым, бедным істотам. Можа быць, у вобразе адной з тых істотаў калісьці ён сам, паводле  нямецкай прымхі, стане выконваць тое, што паабяцаў – і не выканаў пры жыцці?

Час у яго яшчэ ёсць. І засталіся залатыя манеты. Няхай думаюць – звар’яцеў, дзівак… І варта запрасіць скульптара з Людвісарава. Працуе, кажуць, хутка…

А людзі сапраўды лічылі, што пан звар’яцеў. Маёнтак занядбаны, разрабаваны, а гаспадар траціць шалёныя грошы на ўласнае надмагілле, хоць яшчэ жывы і не такі ўжо стары, каб лічыць апошнія гадзіны. Скульптар працаваў сапраўды хутка, тым больш заказчык дакладна ведаў, што ён хоча. Нават асобныя дэталі пажадаў выканаць сам, калі папраўдзе – дык толькі псаваў фігуры дзікунскімі арнаментамі. Мармур, граніт, нават малахіт не давялося везці здалёк – у Людвісаравым хапала нявыкарыстанага для аздобы палацу. Адлютавала зіма, адплакала адлігамі вясна, адспявала птушкамі лета. У цьмяны лістападаўскі дзень Вінцэсь са складаным пачуццём глядзеў на месца свайго будучага супакаення і пагладжваў спіну каменнай жабкі, што сядзела на краі пастаменту.

— І што ж ты задумаў, панок?

Гэты голас немагчыма было забыць. І нянавісць, якая ў ім гучала, таксама. Марцэл Алейшчык  зрабіўся зусім сівы, толькі вусы захавалі крыху колішняга чорнага колеру. Замест магеркі – чорная шапачка дзякана. Паўзверх простай расы накінутая шэрая бравэрка… Адзін рукаў – пусты, засунуты ў кішэню. А вочы – гэткія ж пранізлівыя.

Не, нянавісці, напэўна, больш не было – хутчэй, падазроннасць. Але любові не чулася таксама.

Першае памкненне Вінцэся было – прывітацца, выказаць радасць ад сустрэчы – мала што меліся непаразуменні трыццаць год таму. Але Марцэл пагрозна ўсміхнуўся, як і тады.

— Не змяніўся ты, панок. Зноў нешта хітруеш. Навошта грувасціш гэтыя стоды? На той свет спяшаешся?  Ці з магілы спадзяешся парадвацца, як багата пахаваны? Кляўся, што ані шэлега – на сябе. Значыць, нештачкі задумаў.

— Гэта мая справа, Марцэл.

— Не, гэта нашая справа! Усіх, хто захоўвае таямніцу. Прашу ад імя тых, хто загінуў і хто яшчэ жывы –  не руш мінулае! Не ведаю, навошта ты ўсё задумаў, што за гэтым хаваецца, — Марцэл абвёў рукой надмагілле,– але табе ж будзе лепей, калі ты сам гэта зруйнуеш.

Вінцэсь упарта глядзеў на Марцэла.

— Хіба чалавек не вольны хаця б падрыхтаваць сабе  магілу па сваім гусце?

— Мая справа – папярэдзіць, — Марцэл  нядобра ўсміхнуўся. – Ты ведаеш, што ў Гарнушках неспакойна, людзі расказваюць немаведама што пра твае патаемныя скарбы – іначай на якія сродкі шыкоўнае надмагілле? Дарэмна, ой, дарэмна паказаў ты ім хвост залатога цяльца. І на фундатарства лякарні айцец Андрэй не бласлаўляе.

— Ну а гэта яшчэ чаму? – абурыўся Вінцэсь. – Гэта ж для сялянаў! Для беднаты!

— На падмурку зла нельга збудаваць дабро. Адумайся, панок.

А потым былі доўгія лістападаўскія ночы. Такія самотныя, што агонь у каміне здаваўся лепшым сябрам на свеце. Філасофія перамагае мінулае і будучыню, але цяперашняе перамагае філасофію. Ад адзіноты не было ратунку. Вінцэсь так і не займеў  сталую прыслугу. Базыль адразу з’ехаў у Гародню. Прыходзіла гатаваць есці кухарка, да яшчэ адна кабета прыбірала ў пакоях. Гэта цяжка было назваць кампаніяй. Вядома, Вінцэсь стараўся бавіць як мага больш часу ў Весніцах. Але Вальжына проста “падкасіла” яго, параіўшы ажаніцца з маладой суседкай.

— Ты ж мужчына самавіты, дужы, прыгожы, у цябе закахацца не цяжка. Завядзі нарэшце сям’ю…

І дарэмна ён даводзіў, што яго сям’я – тут, у Весніцах, і іншай яму не трэба.

Занадта шмат дарог прайшлі яны паасобку. Фактычна – усё жыццё.

А праз вёску хадзіць было проста страшна, хоць Вінцэсь у гэтым сабе не прызнаваўся. Людзі пры ягоным з’яўленні разбягаліся, як ад “струпляватага”, пракажонага. А аднойчы за ягоным вакном павесілі на дрэве дохлую варону. Пагроза была зразумелай. Праўда, Вінцэсь ведаў, што вароны ў сусветнай міфалогіі маюць не толькі значэнне “птушкі вісельнікаў”. Ён бачыў старажытную нямецкую ікону, на якой вароны баранілі труп святога Вінсэнта ад драпежных звяроў. І пагібель, і выратаванне можа прыйсці ад аднаго і таго ж. Дык ці варта самому вырашаць на благое?

Але ў тую ноч, калі снег выпаў, каб застацца, адзіноту гарнушкаўскага пана парушылі. Іх было сямёра маладых дужых мужыкоў, у дваіх — вінтоўкі. Вінцэсь не спалохаўся – пастараўся ўсміхнуцца як мага больш спакойна. Калісьці гэтак жа ў ягоную афрыканскую халупу ўварваліся зулусы. Тады Вінцэсь змог сваёй усмешкай, спакоем, упэўненасцю пазбегнуць сутычкі.  Зулусы нават пачалі вельмі шанаваць белага пана.

Але гэтых усмешка толькі злавала.

— Паслухай, пане, мы не зробім табе нічога благога. Аддай золата.

У Вінцэся пахаладзела ў грудзях. У чырвоным святле каміну госці здаваліся падобнымі да лясных духаў.

— У мяне няма золата, сябры. Усё, што меў – аддаў на пабудову лякарні і на касцёл.

Прыхадні нават не ўсміхнуліся, і Вінцэсь зразумеў – не вераць… І не павераць. Гаворка нагадвала страшныя сны.

…Табе цмок золата носіць. Ты ў магіле прадзеда Чорную Кнігу адкапаў. Цмок вылупляецца з яйка пеўня… Вынасіў яго пад пахай… Ён табе яшчэ прынясе… Дабром просім – аддай золата! А то абыдземся – як з ведзьмаком і чарнакніжнікам належыць!…

Вінцэсь усё больш адчуваў безнадзейнасць. Госці, відавочна, умелі абыходзіцца са зброяй, і мала падобныя да тых прыгонных мужыкоў, што маглі разбегчыся ад аднаго бляску шляхецкай шаблі. Прыхадні былі дужымі і ўпэўненымі ў сваёй праваце. І, відаць, хтосьці з іх ужо паспытаў вайсковае справы, бо спрытна паваліў  старога пана на падлогу, калі той варухнуўся ў бок сакрэтніка, у якім  захоўваўся пісталет, і ўмела выкруціў чараўніку руку.

— Ну што ты сквапнічаеш! Жыццё даражэй!

Госці выварочвалі шуфляды, адчынялі шафы… Але без асаблівага імпэту. Яны ведалі, што скарб схаваны адмыслова – іначай які ж гэта чарнакніжнік?

— Скажы, дзе схаванае золата! Вось, крыж даю – жывым пакінем.

Вінцэсь ужо перастаў пераконваць і адмаўляцца. Ён проста маўчаў, з тугою гледзячы ў цёмнае вакно, за якім не было выратавання гэтак жа, як і зорак.

— Не хочаш па-добраму – прымусім разгаварыцца! Мы хлопцы вясёлыя, размовы любім. Можаш і паспяваць. На ўсё горла спявай – ніхто не пачуе!

Вінцэсь зразумеў, што належыць рыхтавацца да найгоршага. Вось дзе дагнаў яго лёс! Выйсці цэлым са столькіх сутычак, абысці  вязніцу і шыбеніцу… І загінуць гэтак страшна і недарэчна ва ўласным доме, ад рукі сваіх жа людзей…

З упартага пана садралі адзежу, павалілі на падлогу. Рукі прывязалі да каміннай рашоткі, ногі проста скруцілі, каб не надта брыкаўся…

Вінцэсь ляжаў, раскінуўшы рукі, як быццам адпачываў на цёплай ад летняга сонца траве.  З фамільных партрэтаў паглядалі продкі. Іх пагляды здаваліся зняволенаму нашчадку не спачувальнымі, а нават трохі грэблівымі… Даў схапіць сябе мужыкам! Продкі… Гордыя Рашчынскія… Бацька часта паўтараў выслоўе Вальтэра: хто добра служыць радзіме, не мае патрэбы ў продках. Столькі стагоддзяў іх прыгонныя благалі і курчыліся падчас пакаранняў. Столькі сродкаў прыдумвалі людзі гэтай зямлі, каб здзеквацца адзін над адным! Хіба не ад іх, сваіх паноў, перанялі мужыкі майстэрства катавання, выпрабаваўшы ўсё на ўласнай плебейскае скуры? І можа быць, сёння яму, Вінцэсю, удасца сплаціць грахі свайго роду, увесь боль, які спарадзіў яго род? Але горкая насмешка перакрывіла вусны  Рашчынскага: не блюзнер, чалавеча. Не прымай на сябе месіянства. Нікога не выратуюць твае пакуты, нічога не выкупіць твая смерць. Хіба толькі твае ўласныя памылкі. Адзіная просьба да Госпада – каб на ім гэты ланцуг болю перарваўся. Праклятае золата!  Праклятае золата!

Гадзіннік у куце захрыпеў, пачуўся першы ўдар… Поўнач. У вакенцы гадзінніка паказалася фігура смерці, як тамбурмажор на бале, урачыста падала знак касой… І пусціліся на маленькай пляцовачцы ў вычварны карагод фігуркі – балазан, кароль, дама, мніх, рыцар, жабрак… Тузаліся, трымаючыся за рукі, аднолькава бездапаможныя і смешныя.

Нікому не дадзена адмовіцца ад гэтых скокаў.

Адзінае, што падуладна чалавеку – не страціць годнасці ад жаху перад імі.

Калісьці, у вёсцы масаяў, Вінцэсю даводзілася назіраць, як юнакоў пасвячаюць у дарослыя. Хлапцы мусяць давесці, што сталі сапраўднымі воямі, і акрым паляўнічых поспехаў, выявіць вытрымку да болю. Іспыт адбываецца пры дапамозе… мурашоў. Не такіх, як нашы, а вялізных, са сківіцамі больш за цела – кусаюць да крыві. Юны масай мусіць цярпець укусы і пры гэтым весела размаўляць, ветліва адказваць на пытанні старэйшых… Вінцэся тады зацікавіла – наколькі балючы ўкус? Беламу пану адразу ж дапамаглі здаволіць цікавасць. Як яму ўдалося захаваць спакойны выраз твару і ўсмешку – сам не ведае, хіба толькі самалюбства дапамагло. Ці мог ён выявіцца слабейшым за паўголых хлапчысак з валасамі, абмазанымі чырвонай глінай?

А потым ён распытваў – як яны вучацца цярпець боль? Адзін масай, сівы, як прысыпаны попелам – толькі такім дазвалялася жаніцца – патлумачыў, што боль трэба ўяўляць як асобны ад цела шарык, і вучыцца змяшчаць яго, сціскаць да кропкі… Гэта была цэлая навука, і Вінцэсь трохі пераняў яе.

Прынамсі, не будзе ганебных крыкаў.

Над тварам пранеслася гарачая хваля. Перад вачыма загайдаўся распалены ў каміне да чырвані пожах.

–Дзе схаванае золата?

–Дзе схаванае золата?

–Дзе схаванае золата?

 

Знявечанае цела Вінцэся Рашчынскага знайшлі назаўтра, раніцой. З увагі надзвычайнай жорсткасці злачынства была прызначана спецыяльная камісія па расследванні. Паколькі  забіты не быў багаты, следчы прыйшоў да высновы – звядзенне старых рахункаў. Трыццаць год таму забіты быў важнай асобай у бунце, відаць, камусьці добра даўся ў знакі. Падобна, што цэлую ноч небараку катавалі. Звычайныя злодзеі такое не ўчыняюць.

Але ж пан як ведаў, што хутка памрэ – такое надмагілле сабе адбудаваў! І навошта? Лепей бы – добрую памяць па сабе пакінуў! А то нават магілу ў спакоі не пакідаюць невядомыя ворагі. Тэорыю следчага наконт старой помсты пацверджвала, што ўжо на другі дзень пасля пахавання надмагілле пачалі руйнаваць. Разбілі шкілет, які красаваўся  наверсе… Горла лебедзю перабілі…І для чаго тут столькі звяр’я? Леў, воўк, лебедзь, жабы… Дзівак быў нябожчык! Адно слова – філосаф. У гербе Рашчынскіх – мядзьведзь, дык мядзьведзя якраз і няма сярод скульптур.

І герб гэты, з мядзьведзем, належала разбіць на магіле  памерлага. Ён быў апошнім з Рашчынскіх. Шкада, калі знікае старажытны род, нават калі ў ім два апошнія пакаленні – бунтаўшчыкі.

І герб быў разбіты. І не засталося нікога з роду.

А маёмасць сваю нябожчык адпісаў суседзям – здаецца, далёкім сваякам, з маёнтка Весніцы. Тыя, жабракі, павінны радавацца нават такой небагатай спадчыне.

Справа пра акрутнае забойства двараніна Вінцэнта Рашчынскага  так і засталася нераскрытай.

 

17

— Я пакахаў цябе яшчэ тады, у Вільні… Сядзеў у сырой цёмнай падваротні, і раптам – ты… Загаварыла на маёй мове, выцягнула на святло… А потым я глядзеў, як ты плачаш, якая ты насамрэч безабаронная і даверлівая. Не злуйся – гэта не самыя горшыя якасці ў жыцці… Да якога ты мяне вярнула.

— Я вярнула цябе да жыцця! – ціха засмяялася Паліна. – Дурненькі! Гэта ты выцягнуў мяне са шкарлупіны, змусіў паверыць, што яшчэ не ўсё ў жыцці скончана, і  вакол не адны “карыстальнікі”. Чакай, не тузайся – у цябе на грудзях яшчэ адна драпіна. Зараз змажу… А тут сіняк… Здаравучы, на скабах. Слухай, а пералому няма?  Ану ўздыхні моцна… Баліць?

Валянцін, без кашулі, увесь перамазаны ёдам, паслухмяна набраў у грудзі паветра, выдыхнуў…

— Нічога, я трывушчы.

Самадзейная медсястра прыдзірліва агледзела свайго падапечнага. Н-да, ёй дастаўся мужчына са шматлікімі доказамі сваёй  мужнасці, якімі, як вядома, з’яўляюцца разнастайныя шнары і сінякі рознай даўніны. У адной казцы афрыканская прынцэса  абвесціла, што ў яе будучага мужа не павінна быць на целе ніводнага шнару. І калі нарэшце такі знайшоўся, то аказаўся пераваратнем-ільвом.

Не, няхай лепей будзе нармальны пабіты беларускі мужчына. Валянцін усміхаўся так шчасліва, што здавалася, нават у сне захавае гэтую ўсмешку.

— Ведаеш, што мне хочацца цяпер зрабіць?

— Давай паспрабую адгадаць…

Валянцін імкліва прыцягнуў дзяўчыну да сябе і прагна пацалаваў…

— Асцярожна, шалёны!

Паліна ледзь паспела навобмацак паставіць на стол бутэлечку з ёдам. Рыпнулі дзверы. У праёме на імгненне паказаўся твар цёткі Ніны, жонкі Валянцінавага дзядзькі. Выраз твару быў неадабральны.

Дзядзька Міхась таксама пачуваўся трохі ніякавата. Толькі што каля пляменніка ласцілася адна дзеўка, нібыта як жонка, а ўвечары вяртаецца з іншай у абдымку. Ды яшчэ ўвесь скрываўлены.

Пра фальшывае золата дзядзька выслухаў з увагай (лепей было распавесці самім – бо  плёткі ператварылі б падзеі ў немаведама што).

— Значыць, недарэмна людзі языкамі малолі, — задумліва прагаварыў  Валянцінаў сваяк. – Цяпер супакояцца – а то ўсё ямы капалі. Але мне няўцям – навошта было гэтыя балванкі хаваць? Жарт такі, ці што?

Паліна задумліва  размешвала ў кубку з кіпнем малінавае варэнне. На кубку красаваўся ўжо абрыдлы лагатып “2000”. І зорачкі ад яго ўбакі разлятаюцца… Нібыта пачнецца новы свет пасля чарговай даты еўрапейскага часу… Ці увогуле свет скончыцца.

— Я ўпэўнена, Рашчынскі не ведаў, што хавае фальшывае золата. Не стаў бы ён адсылаць нашчадкам такую складаную задачу, столькі сіл траціць на яе ўвекавечанне. Падобна, што падманулі яго самога. І я нават  здагадваюся, хто.

Валянцін кіўнуў галавой.

— Напарнік казаў пра ліст багацея Людвісара, быццам золата належала ягонаму бацьку. Няйначай, без Людвісараў не абыйшлося. Цікава, якая гісторыя хаваецца за ўсім гэтым?

— Напэўна, мы ніколі ўжо не даведаемся. – сумна  зазначыла Паліна. – Але гісторыя, адчуваю, трагічная – Рашчынскі быў жорстка забіты адразу пасля таго, як пабудаваў надмагілле.

— Эх, а каб тое золата – ды сапраўднае! – дзядзька Міхась пачаў разважаць пра свае тэрміновыя гаспадарчыя патрэбы, да купіць бы пару трактароў, грузавічок, ды прыбудаваць бы яшчэ пару цагляных дамкоў – для дзяцей, а то павырасталі, раз’ехаліся, гаруюць па інтэрнатах… Цётка  Ніна спыніла мужніны мары выразным: “Каб не плеш, дык і лысы не быў бы. Сціхні, балаболка. Казаць е што, а слухаць няма чаго”.

…І зоры павыходзілі вадзіць свае бліскучыя карагоды над Гарнушкамі, нібыта ў вечным ладзе. Але час ад часу адну з іх выштурхоўвалі з кола, і яна бегла схаваць сваю ганьбу за краем неба, разгараючыся апошнім зыркім святлом і губляючы яго назаўсёды.

Няўжо і зоры гэткія ж бязлітасныя, як і людзі? Піфагор вучыў, што небасхіл складаецца з празрыстых бліскучых сфераў, якія павольна рухаюцца, кожная на сваёй ноце, і ўтвараюць прыўкрасную мелодыю – музыку сфер, і кожная зорка, кожная планета дадае ў агульны аркестр сваё. Піфагор валодаў уменнем чуць тую музыку, можа быць, адзіны з усіх людзей. Хаця для гэтага трэба так няшмат – стацца часткай гармоніі Сусвету.

Паліна стаяла на ганку, пазірала ў зорнае неба, і ёй здавалася, што чуе, як спяваюць зоры,  і пяшчотна звініць поўня, нібы крышталёвы бакал, які стукнулі краем аб іншы…Толькі туга аб бедным Сымоне, такім высакародным і адважным, перашкаджала адчуванню шчасця. Галоўнае — каб ён выжыў! Па-праўдзе, Паліна так і не пачала прымаць усур’ёз ягонае жаніхоўства, і цяпер дадаваліся пакуты сумлення і з гэтае прычыны.

Музыку Сфер парушылі прыглушаныя галасы, аднекуль з-за адрыны. Здаецца, голас Валянціна? Паліне чамусьці зрабілася трывожна. Можа быць, варта асцярожна падысці?

Выявілася – варта. Валянцін стаяў, прыціснуты спіной да сцяны адрыны, нехта трымаў яго за горла… Бліснула лязо… Нож!

Паліна мімаволі ўскрыкнула. Нападнік павярнуў свой твар  у промні поўні. Валянцінаў няродны дзядька, “турэмшчык”! Твар дзядзькі, зарослы чорнай шчэццю,  нагадваў аблічча ваўкалака.

— Дзевачка твая прыйшла? Можа, яна больш кемнай акажацца? Аддавай тое, што сёння выкапалі! А то сябрука твайго зарэжу. Мне губляць няма чаго!

Паліна, запінаючыся, пачала тлумачыць пра фальшывыя зліткі… Дзядзька зарагатаў. Паліне стала яшчэ больш страшна, калі зразумела, што турэмшчык – зусім не п’яны. Яго нянавісць была натуральным станам.

— Золата! Скарб! Чыгун! Вы гэта дзецям раскажыце, якія ў Крыжовай гары капаюцца. Дакуманты аддавайце!

— Якія “дакуманты”? – разгубілася Паліна. Ёй спакойна патлумачыў Валянцін.

— Ён думае, што мы ўвесь гэты час шукалі доказаў, што ён сын паліцая, таго самага Лухверчыка, які вёску Саматыі спаліў. Каб хату адсудзіць.

— А што, скажаш, не так? – ненавісна выгукнуў дзядзька, прыціснуўшы лязо нажа яшчэ шчыльней да горла  скульптара, так што паказалася кроў. – Колькі жыву ў вашых Гарнушках, усе пра гэта плявузгаюць, касавурацца, дражняць. Усе да мяне падбіраюцца, са свету зжыць хочуць. Прыязджаюць, шукаюць нешта. Мінулае вам спаць не дае! Мая хата! Спалю – не аддам. Нясі паперы, сука!

Валянцін выціснуў усмешку.

— Не бойся, Паліна,—і звярнуўся да  турэмшчыка.— Дзядзька Панас, ну чаго ты перажываеш? Якое значэнне сёння мае, чый ты сын? Хто ў цябе хату адбярэ, калі  ў спадчыну засталася?

Дзядзьку калаціла, як у ліхаманцы.

— А як мне тут далей, калі пра майго бацьку даведаюцца? Хто мне будзе пазычаць, сыну ката? Мяне маці яшчэ ў дзяцінстве навучыла: нікому не вер, а хто будзе капацца ў  тваім паходжанні – раты затыкай. Колькі я лычаў паразбіваў усялякім цікаўнікам! Баяцца, змоўклі.

— Дзядзьку ў белым капелюшы, які клуб абмяраў, таксама вы..?  — жахнулася Паліна.

— А ты дакажы, любачка, што я! Той гад мне ўвогуле ў вочы заявіў: тут павінна хавацца таямніца, трэба разблытаць тайну радавода, ёсць невядомыя нашчадкі…

— Ды ён зусім не пра вас гаварыў! –  адчайна  запярэчыла Паліна. – Гэта ён пра Вінцэся Рашчынскага, які жыў у дзевятнаццатым стагоддзі!

Дзядзька Панас здзекліва засмяяўся, і раўнуў на пляменніка:

—  Скажы дзеўцы, каб прынесла, што знайшлі! Ды не мані! Мяне не падманеш. Я  няпраўду чую, як сабака – кілбасы.

Паліна не ведала, што рабіць. Зоры свяцілі так святочна, пяшчотна  наігрываў на маленькай срэбнай скрыпачцы цвыркун, недзе ў хаце стукаў посуд і дачытваліся па тэлевізары апошнія навіны… А тут час не існаваў. Лязо ля горла скульптара было самым страшным, што Паліна бачыла ў жыцці. Хоць зусім нядаўна яна глядзела на скрываўленае цела Сымона…

Валянцін быў спакойны.

— Што ж, як хочаш, дзядзька Панас.

І схапіў таго за рукі. Паліна, як у сне, назірала, як рука, што трымала нож, адводзіцца ўбок. Турэмшчык тузаўся, лаяўся, брыкаўся… Нарэшце завыў ад болю ў запясцях. А Валянцін  прыгаворваў:

— Ціха, ціха… Не рвіся. Я ж – скульптар. Кожны дзень камяні ўтаймоўваю.

Нож выпаў з саслабелай рукі нападніка…

І тут Паліна закрычала! Цывілізацыя не здольная знішчыць дарэшты нашыя інстынкты, і ў кожнай жанчыны дасюль ёсць патаемная зброя:  ведзьмін крык. Ад якога коні з перапуду шалеюць. Толькі не кожная сучасная кабета можа адпрэчыць ланцугі выхаванасці і загарлаць, як гарлала яе прапрабабка падчас наезду татараў або казакаў.

Паліне, аказваецца, гэта ўдалося.

Пасля некаторай паўзы ў хаце ляснулі дзверы, нехта бег на запозненую дапамогу…

А потым была раніца, светлая, як вакно, працертае паводле парады “Літоўскай гаспадыні” суконкай з дробным мелам. І дарога ў Весніцы – у яе сухім пыле так прыемна  патаналі ногі, і няварта было шкадаваць, што пыл асядае на адзежу, нібыта пазначаючы  еднасць падарожных з іх дарогай.

Весніцы… Зусім маленькая вёсачка, хат дзесяць – і тое палова закінутыя, счарнелыя… Нават некалькі дамкоў яшчэ крытыя дранкай. Бабуля ў стракатай хустцы і выцертым плюшавай жакетцы (гэта па такой гарачыні!) ўглядалася ў прыхадняў з-пад вузлаватай далані, нібыта яны стаялі не перад ёй, а недзе вельмі-вельмі далёка, на другім краі ейнага жыцця.

— Рагманавы? Жыла сям’я. Вунь іхны дом,  на тым канцы. Не, цяпер ніхто не жыве. З’ехалі яшчэ за Брэжневам. Куды? А хто іх ведае, дзеткі, куды… Ды вы ў чалавека спытайце. Ён на выходныя прыязджае, лецішча сабе ладзіць. Наташкі Рагманавай, фельдчарыцы, сынок.  Добры такі дзядзька, машыну мае. Зноў стукае, чуеце? Хлеба мне прывозіць, смашны такі, з семкамі.

Паліна і Валянцін пайшлі на стук.

Сапраўды, апошні дом, таксама з пачарнелых бярвенняў, мяняўся – дах упрыгожыўся новым шыферам, гарышча  перабудоўвалася пад мансарду. Немалады мужчына ў джынсавай кашулі з  падвернутымі рукавамі, на галаве — завязаная па-пірацку чырвоная хустка, з-пад якой відаць чорныя з сівізной скроні, нешта майстраваў на двары. Вароты былі адчыненыя, і Паліна насмелілася папытацца:

— Прабачце, калі ласка, магу я даведацца пра Генадзя Рагманава?

Голас яе здрадліва дрыжэў, і Валянцін узяў дзяўчыну за руку, каб падбадзёрыць. Але тут жа выпусціў – госці нават інстынктыўна пасунуліся назад. Да іх падыходзіў з ветлівай усмешкай на суровым твары Вінцэсь Рашчынскі.

Праўда, вочы ў яго былі цёмныя, а не сінія, і пірацкая хустка і джынсавая кашуля відавочна належалі нашаму часу. Але — тое самае аблічча, якое вылепіў Валянцін, якое было на партрэце, намаляваным  парыжскім мастаком напрыканцы дзевятнаццатага стагоддзя!

— Я – Генадзь Рагманаў, добры дзень. Чым магу?..

 

Зямля вояў і майстроў, герояў і здраднікаў, паэтаў і блазнаў – а паспрабуй адрозніць, дзе – хто, плыла, нібы зялёная ладдзя, упрыгожаная сінімі дыяментамі вазёраў і стужкамі рэк, туды, куды кіраваў Найвышэйшы Стырнавы. Людзі разгойдвалі свой карабель, спрачаючыся за гонар пастаяць ля стырна, саштурхоўвалі адзін аднаго ў сусветныя хвалі, і бясконца вырашалі, куды плыць, уяўляючы сябе гаспадарамі. “Вунь магутная каравэла з фарбаванымі ветразямі! Ці не варта прыстроіцца за ёю? “ “Ды мы ўвогуле тонем – аддавайце мне мой човен!” ”Ат, плывем паціху – чаго яшчэ? Пакіруюць, куды належыць, і без нас…”

Беларусь плыла праз хвалі часу, і размываліся курганы, і  разбураліся замкі, быццам пірамідкі, збудаваныя  дзецьмі з пяску. Што заставалася пэўным у гэтым плыткім свеце?..

Маладая жанчына з вялікімі цёмнымі вачыма і процьмай гістарычных дат у галаве, упрыгожанай каронай з цёмных косаў, не ведала дакладнага адказу. Але верыла, што ён ёсць.

Дарэмна спадзявацца і на тое, што навечна застанецца на  гранітным пастаменце перад домам культуры вёскі Гарнушкі Наўеўскага раёну скульптура паўстанцкага філосафа Вінцэся Рашчынскага.

Але, можа, прастаіць яна больш-менш доўга – і мясцовыя дзеці змогуць даваць уцямны адказ на пытанне прыезджых: “А каму гэты помнік?”

—  Нешта не хочацца мне ісці на іхнюю “прэзентацыю” ў сталоўку, — скептычна прагаварыў Сымон, “зацыраваны” дастаткова добра, каб змог вытрымаць шлях у Гарнушкі, нават па дарозе, размытай вясновымі ручаінамі. – Пачнуць мясцовыя кіраўнікі на “трасянцы” прамовы прамаўляць, тады “алаверды” па крузе – зноў  хваласпевы пад гарэлку. Пад канец большая палова ўжо не будзе памятаць, з якой нагоды застолле. Задуха, штурханіна…

— А давайце адзначым  па-свойму! Пайшлі на Крыжовую гару, – весела прапанавала Паліна, захутаная ў белы плашчык. – Надвор’е якое! Там, відаць, пралескі цвітуць.

— Пакрыўдзяцца землякі…– засумняваўся Валянцін.

— Няхай крыўдзяцца! Ты ж стол з сабой не забіраеш. А забыўся, якіх намаганняў каштавала атрымаць дазвол на адкрыццё помніка? Колькі давялося пахадзіць, колькі паважаных людзей “падключыць”? Пазнаю цябе, радзіма. Дасюль баяцца слова “паўстанец”. Нават калі таго паўстанца сто гадоў як сярод жывых няма!

З вяршыні Крыжовай гары Гарнушкі выглядалі маленькімі, мірнымі, здавалася, што ў гэтых хацінках не можа здарацца вялікіх трагедый і нараджацца вялікіх людзей.

Але гэта быў усяго толькі кавалак сусвету, такі самы, як і іншыя, з тымі самымі суадносінамі дабра і зла.

— Слухай… Валянцін… Аднаго… не магу зразумець…– Сымон яшчэ не зусім вярнуўся да ранейшай супермэнскай формы – пакуль узыйшоў на гару, дык задыхаўся.—Ты сустрэўся з чалавекам, які зламаў табе жыццё, і нават не з’ездзіў яму па пысе! І на дзядзьку свайго, што ледзь цябе не зарэзаў, не заявіў. Ты што, такі ўседаравальны?

Валянцін не збіраўся апраўдвацца.

— Я заўсёды лічыў, што душэўныя пакуты – горш за цялесныя. Ну выцяў бы я напарніка – шмат ён ад гэтага пацярпеў бы? А ён жа ўсё жыццё пакутуе ад таго, што не даў Бог таленту, ад зайздрасці канае. А дзядзька Панас усё жыццё ў страху жыве. Ды ў іх жа пекла на зямлі!  Іх шкадаваць трэба.

Маленькая аблачынка над гарой  ляцела, быццам пяро, згубленае легендарнай птушкай Сімург, якую шукаюць усе птушкі на свеце, каб зразумець, што яе няма.

— А чаму Марыя Апанасаўна не прыехала? – пацікавіўся Сымон.

Паліна паківала галавой.

— Маці так і не даравала мне, што я адшукала  бацьку.

— Так, крутая ў цябе цешча, Валянцін, — пасміхнуўся Сымон. – Я б з ёй лепей упраўляўся.

Валянцін збянтэжана кашлянуў.

— І спадар Генадзь кудысьці знік…– працягваў штурман.

Паліна ціха засмяялася.

— Ды людзі пачалі заўважаць падабенства яго з помнікам. Пальцамі паказваць. Ён і не вытрымаў. Да таго ж заўтра ў ягонай студыі спектакль, паехаў на прагон у Вільню.

— Дык вы дакапаліся, адкуль такое падабенства? – зноў пацікавіўся Сымон.

— Не, — уздыхнула Паліна. –  Ніякіх слядоў. Зразумела толькі, што выпадковым такое  супадзенне абліччаў быць не можа. Хаця на магіле Рашчынскага разбілі герб – значыць, прызналі, што апошні ў родзе. Братоў і сясцёр ён не меў. Хіба што ёсць зачэпка – невядомы бацька аднаго з Рагманавых. Па ўзросце бязбацькавіч мог быць сынам Вінцэся Рашчынскага – але нарадзіўся, калі той жыў у Парыжы. Так што – цемра часу. Ды каго з нас ні ўзяць – колькі ў нас крыві  намяшана! Колькі людзей, пра якіх мы ніколі не чулі, перадалі асабіста нам свае вартасці і заганы, цяжар сваіх грахоў і веліч добрых учынкаў. Нават у Бібліі шмат разоў паўтараецца пра адказнасць да сёмага калена.

— Гэта ты пра карму? – удакладніў Сымон.

— Ды кінь свае ўсходнія вышукі! – пакрывілася Паліна. – У нас хапае свайго – і філасофіі, і містыкі. Ведаю адно – Гасподзь заўсёды дае магчымасць выбару. Ёсць прадвызначанасць – і ёсць наша воля. Усё ўраўнаважана ў гэтым не лепшым, але падораным нам свеце. Нават самы страшны праклён можа страціць моц ад аднаго подыху дабра. Тое, што ўчынялі продкі, адбіваецца на нас, але й тое, што мы ўчыняем –  ведаюць продкі.

— Гэта ў кітайцаў… — пачаў быў Сымон, але Паліна і Валянцін перашкодзілі распачацца чарговай лекцыі па ўсходняй філасофіі.

Любі сваё, спадар!

Вецер ударыў у твары, і быў ён вільготным, як зрэзаныя на золку кветкі. Ды яшчэ з сасны пасыпаліся дробныя кроплі –слёзы, і ўсмешка сусвету стала трохі сумнай. Сымон разліў у падрыхтаваныя чарачкі-напарсткі нейкі цёмны настой.

— Гэта можна… На тыбецкіх травах…Жартую, жартую – настоена на нашым, беларускім, дзівасіле. Ну, за Вінцэся Рашчынскага!

Маладая трава зашумела, нібыта па ёй прайшоў нехта нябачны, стаў побач.

— За вечную памяць! За Беларусь!

—  За Беларусь!

 

І нас забудуць непапраўна рана.

Як мы забылі – так забудуць нас.

Наш след зямны загасіцца, як рана,

Як гасне слуцкі залаты паяс.

Не затрымацца ні радком, ні вершам.

Парсуна страціць колер і імя.

Хто быў апошнім – той не стане першым,

І першага таксама з’есць зямля.

І я таму над пыльнай кнігай слепну,

І падымаю камні на кладах,

І разбіраю тонкі почырк неба

Па лісцем зацярушаных слядах.

Я памяці служу, як служаць храму.

Між мною і мінуўшчынай – не шкло,

А лёгкі дождж, і агароджа Брамы –

Архангела празрыстае крыло.

І можа, я – таксама толькі кніга

З лістамі, недаступнымі дажджу.

Няхай маё імя забудуць звыкла –

Я буду жыць у тым, што запішу!

2003

Вам таксама можа спадабацца

1 каментарый

Пакінуць адказ на Марыя Адмяніць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.