Калі пішуцца вершы, то можна ўміраць паступова… Верш.


* * *
Калі пішуцца вершы,
то можна ўміраць паступова,
Смерць па кроплі смакуючы,
быццам бы мёд і цыкуту.
І вітацца з аднымі крыжамі,
і верыць у слова,
І забыцца на тое,
што кроў твая стала атрутай.

Калі пішуцца вершы,
то можна не лгаць пра адзінства
Між сабою і кожнай
быдлячай асобай на свеце.
Як інфанта Веласкеса,
выйсці за межы карціны.
І пабачыць дэталі,
не будзе якіх на партрэце.

Калі пішуцца вершы, то можна –
пра крылы і волю,
Не саромецца пафасу.
Быць і апошнім, і першым…
Не ілгаць, не ілгаць…
Божа мой, як спакусна, як поўна,
Калі пішуцца вершы…
А яны ўсё не пішуцца, вершы…

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.