Людміла РУБЛЕЎСКАЯ ГЛІНЯНЫ АНЁЛ

Гэта быў усяго толькі смешны гліняны анёл,

Пустацелы знутры, круглатвары і не фарбаваны.

Ад крыла адкалоўся кавалачак; трэшчыны-раны

На плячы засталіся, калі паваліўся пад стол.

Так, сямейная памятка. Хоць у сям’і аніхто

І не памятаў толкам, калі ён з’явіўся ў кватэры.

Прыкрываў на абрусе ён плямы, адцягваў парцьеры,

У далоні ўстаўлялі царкоўную свечку, і дом

Асвятляўся ціхмяным, таемным і цёплым святлом.

Час ад часу і ў гэтыя вокны ўлятала бяда.

І разгублена хтосьці шаптаў: “Ну завошта, як можна?”

І гліняныя крылы распростваліся асцярожна,

І аб іх разбіваліся звонку агонь і вада.

І празрыстыя слёзы цяклі з невідушчых вачэй.

Гаспадыня бурчэла пасля: “Зноў запэцкалі мухі!”.

А на свята якісьці юнак неабачлівым рухам

Збіў фігурку з паліцы і скардзіўся: “Пальцы пячэ”.

Аскалёпкі з падлогі змялі…  Невялікая згуба,

Не крышталь і не золата – гліна.

А ўночы чагось

Гаспадыня слязьмі прамачыла падушку наскрозь.

Толькі ведала: знік, адышоў нехта родны і любы.

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.