Карусь
Калі камень б’ецца аб камень, высякаецца іскра.
Калі камень падае на зямлю, пакідае след.
Камень у дрыгве – гэта павольнае апусканне на дно, якога, можа, зусім і няма…
–Швэдар мне падарыў адзін бандыт. Куртачку – паэт, у якога сын жыве ў Канадзе. Начаваць на лецішчы пускаюць… Свет не без добрых людзей. Не без добрых…

Паэт Карусь, з якім Часлава толькі што зрабіла незапланаваную гутарку, прыжмурыўся, быццам у ягоныя шалёна-сумныя шэрыя вочы пасвяцілі ліхтаром, закінуў за спіну патрапаны заплечнік, і пайшоў з рэдакцыйнага кабінету – у нікуды, у вечнасць, у славу… А папраўдзе, на вакзал, адкуль шлях быў просты, як пляшка: электрычка-вёска-матчына хата. У доўгіх валасах Каруся заблыталіся срэбныя ніты, з якіх не спляцеш ні каштоўнага ланцужка, ні сілка на самую кволую мятлушку.
Гутарка атрымалася цікавай і дзіўнай.
Карусь, уласна кажучы, прыйшоў сам, напрасіўся, так хацелася нарэшце гукнуць пра сябе, што жывы, што ёсць. Усё ж першая кніжка на шостым дзясятку, пасля валацужнага жыцця на ўскрайку чужых лёсаў, у арэоле п’яных звадаў, з цьмяным успамінам пра замежную жонку, якая даўно засталася з дзецьмі дзесьці па той бок акіяну. Жменька таленавітых тэкстаў, прылашчаная выдавецтвам… Быццам паварушылі шэры прысак, а пад ім аказаўся жывы агонь.
–Сакрат казаў, калі ты патрапіў на пэўнае месца ў шэрагах ваяроў, ты не маеш права яго пакідаць, з шэрага цябе можа выбіць толькі смерць.
Часлава была рада неспадзяванай гутарцы. Пасля якой застаўся на стале ў ейным кабінеце бруднаваты слоік засоленых грыбоў, сабраных Карусём вакол лецішча, на якое яго пусцілі начаваць.
Хаця ясна было, што пасля таго, як гутарку надрукуюць, узвіхурыцца попел чужой зайздрасці і злосці.
Так было заўсёды пасля ейных публікацыяў.
Таму што яна падзяляла літаратараў на таленавітых і неталенавітых, на рэалістаў і постмадэрністаў, раманістаў і майстроў кароткага жанру, а не паводле рэгалій. Бо лічыла, што пісьменнік – гэта ягоныя творы, а не званні і пасады.
А ў “праклятага паэты” Каруся творы былі. Файныя. Стылёвыя.
Рэакцыя на гутарку з’явілася адразу. Адзін пісьменнік, які лічыў сябе пакрыўджаным, бо ягоныя рукапісы выдавецтва не прымала, прыбег туды з лаянкай – вось, яго, такога таленавітага, ігнаруюць, а выдалі нейкага там алкаголіка і дэбашыра.
Зайздроснікаў выявілася нямала.
На працу Чаславы прыслалі чарговы данос для разборкі. Зноў напісала не пра таго, не так… Рэдактар газеты, які выдатна ведаў, што Андрэй Платонаў працаваў дворнікам у Літаратурным інстытуце, пры гэтым застаючыся геніем, у чарговы раз абурыўся чужым дурноццем. Што яны маюць да маргінала Каруся, у якога ўсяго толькі ёсць што таненькая кніжачка, веданне многіх моў ды кепскі характар?
Можа, спрацавала і тое, што Карусь не саромеўся казаць у вочы, што думае пра чалавека. Няздара – значыць, няздара.
Кругі разбягаюцца па чыстай вадзе. Па дрыгве, зацягнутай раскай, ад укінутага каменю ідзе гэткае валюханне, калыханне…
Ад бруднай, нават зусім неглыбокай лужыны шчодра разлятаюцца пырскі.
Часлава ніколі не прызналася Карусю, што так і не пакаштавала ягоных страшнавата-брунатных грыбочкаў, падораных ад чыстага сэрца.
Не даведаўся той і пра боўтанне, кругі і брудныя пырскі пасля з’яўлення ягонай персоны на газетных старонках.
Часлава нават не была ўпэўненая, што ён сваю гутарку ў газеце чытаў. Бо хоць перадавала праз знаёмых – так і не знайшоў часу зайсціся, вычытаць перад публікацыяй тэкст. Перастаў з’яўляцца ў горадзе, дай Бог, нешта піша ці перакладае…
У гутарцы Карусь працытаваў маргінала Гельдэрліна, які палову жыцця быў вар’ятам і пісаў па другім разе свае раней напісаныя вершы: добра плыць па цячэнні, але куды больш варта быць скалой, аб якую разбіваюцца хвалі.
Лазенная паненка
Чаму, чым менш запатрабаваная паэзія, тым больш з’яўляецца тых, што пішуць вершы?
У эпоху, пра якую мы гаворым, у час малінавых пінжакоў, залатых ланцугоў і падробнага кубінскага рому, пісалі ўсе. І тыя, хто ведаў слова “экзістэнцыя”, і тыя, хто рабіў тры памылкі ў слове “яшчэ”.
На журналісцкую долю Чаславы, акрамя напісання артыкулаў, гутарак, зацемак ды іншай палосазапаўняльнай прадукцыі, выпадала мець справу з самай няўдзячнай часткай чытацкай пошты, а менавіта з вершамі.
Насамрэч дасланыя рыфмаванкі сумленна размяркоўваліся па ўсіх супрацоўніках – адзін чалавек захлынуўся б у гэтай плыні вохкага плёну. Але паколькі Часлава сама была паэткай, лічылася, — хто, як не яна, найлепш ацэніць і адкажа.
Лісты з літаратурнымі практыкаваннямі прыносілі кожны дзень.
Гэта былі збольшага вельмі шчырыя, як удар па галаве, лісты. У асноўным у вершах прызнаваліся ў любові да Радзімы, да жанчын, да родных краявідаў і, вядома, да самой газеты.
Вылучаліся лісты з дамоў састарэлых, турмаў і псіхушак – а што, і там вершы пішуць! Ды яшчэ якія прачулыя… Адзін спадар з псіханеўралагічнага інтэрнату пераклаў “Оду радасці” Шылера на беларускую мову і з рэгулярнасцю ў пару месяцаў рассылаў па ўсіх рэдакцыях.
Часам самадзейныя паэты прарываліся на асабістую сустрэчу.
Якім чынам – невядома, бо ўнізе былі вахцёры і жалезныя дрывасекі… пардон, вяртушкі прапускной сістэмы.
І тады даводзілася асцярожненька – як дастаючы мёд з незадуранага дымам вулею – тлумачыць сумленным добрым графаманам, чаму іх такія правільныя вершы не могуць быць надрукаваныя.
Патлумачыць было немагчыма.
Увогуле, гэта ж несправядліва – што самыя кепскія вершы напісаныя шчырымі і добрымі, а самыя выбітныя – злымі ды распуснымі.
Ну амаль заўсёды.
З гэтай несправядлівасцю аўтары, якіх скіроўвалі да Чаславы, збіраліся змагацца зацята і насмерць, як змагаецца апошні лапік снегу супраць веснавога сонца…
Адзін з пакрыўджаных, калі надрукавалі водгук Чаславы на зборнік Анатоля Сыса, даслаў падрабязны ліст, дзе даводзіў, што Часлава нахвальвае нейкую лухту. “Гараць камяні ў маім вогнішчы, расцвеленыя агнём”… Хіба камяні могуць гарэць? Ды яшчэ быць расцвеленымі? Нічога Часлава не разумее ў паэзіі, раз гэткае хваліць – а цудоўныя вершы аўтара допіса не заўважае. Прыміце меры, дарагое начальства.
Вох, якія былі тыя лісты з вершамі… З рознакаляровымі літарамі, з уклеенымі малюнкамі і фотаздымкамі аўтараў… Адзін паэт заўсёды пісаў чырвоным атрамантам, і кожную літару абводзіў двойчы, ад чаго здавалася, што словы крывавяць рытуальнымі шнарамі…
Здаралася, аўтары прыходзілі “зверху”.
Вядомы ўрач-прафесар, нейкі важны вайсковец, папсовая спявачка — зорка афіцыйных канцэртаў…
Нярэдка віп-графаманы выдавалі за свой кошт зборнічкі, у якіх занатоўваліся для вечнасці вершы, зачытаныя на сяброўскіх пасядзелках і дружна ўхваленыя… Тады Чаславе даводзілася выкручвацца, каб не дастаўся сумніўны гонар пісаць рэцэнзію на той зборнік. Ну вы самі ўсё разумееце – напісаць, што думае, яна магла, і з задавальненнем, але тое не надрукуюць. А тое, што надрукавалі б (“ах які разнабаковы талент у аўтара кнігі”), Часлава не напіша нізавошта.
Калі да яе прывялі спявачку, Часлава рыхтавалася да горшага… Бо ад начальства была “ўказіўка” – госця піша вершы, паставіцца максімальна ўважліва і далікатна, недайбажэ пакрыўдзіць. Але дзяўчына аказалася нават сарамлівая – фарбаваная субтыльная бландзіначка са стандартным гожанькім тварыкам і прыклеенымі вейкамі – аж вецер падымаецца ад міргання. І імя незапамінальна-эстраднае, нешта кшталту Лізэта, Жаржэта, Мюзэта…
Чаславе ціхенька патлумачылі: гэта “лазенная паненка”.
Нейкі багацюшчы прадпрымальнік захацеў, а тады, на пачатку 90-х, гэта было вельмі модна, адзначыць свой дзень народзінаў у лазні, і каб упрыгожылі імпрэзу не абы-хто, а спявачкі… Ну, хто згадзіўся, хто не… Гэтая згадзілася. Таму вось і ўлагоджваюць – мецэнат грашыма дарожку сцеле. Хочаш выступіць? На. Хочаш вершы пісаць? Вось табе кансультацыя ў газеце.
Спявачка ўзмахвала вейкамі і слухала максімальна далікатныя разважанні Чаславы пра ейныя паэтычныя спробы. Трэба папрацаваць, пачытаць добрых вершаў… Свае пажаданні госця фармулявала сціпла: хоча пісаць прыгожыя тэксты да песень, бо ёй не падабаецца, што прапануюць. Рамантыкі хочацца, бо натура ейная тонкая.
З паэтаў Мюзэта (ці Жаржэта) ўспомніла толькі Янку Купалу.
Часлава надарыла лазеннай паненцы нейкіх паэтычных анталогій, параіла аўтараў, якіх трэба знайсці ды пачытаць… А як толькі натхніцеся ды нешта паэтычнае народзіце – прыходзьце на далейшую гутарку…
Мюзэта падзяквала і знікла бясследна разам з падоранымі кнігамі. І за гэта Часлава дасюль успамінае лазенную паненку з удзячнасцю.
Гатэльшчык
Кніжкі былі выдадзеныя за свой кошт. У сініх дэрмацінавых вокладках, на добрай белай паперы, сем тамоў. У колькасці пары дзясяткаў асобнікаў.
Стос ляжаў на стале рэдакцыйнага начальства неабвержны, як дэльфійскі аракул. Не трэба клікаць піфій, каб прадказаць, на чыю долю з супрацоўнікаў рэдакцыі выпадзе інфармацыйна абслугоўваць той стос. На долю Чаславы.
Аўтар тамоў, інтэлігентны дзядзечка пенсійнага ўзросту, загадваў гатэлем у гістарычным будынку. А яшчэ пісаў гістарычнае фэнтэзі пра ўласны род, які паходзіў ад алтайскіх шаманаў. Былі ў родзе і белагвардзейцы, і камісары, і зухаватыя малойцы кшталту Сценькі Разіна… А яшчэ цуд-камень, які калісьці ўпаў з неба, і ад яго сілкаваліся надзвычайныя здольнасці прадстаўнікоў роду.
Уласна кажучы, пошук гэтага каменю, згубленага нашчадкамі, і быў галоўнай інтрыгай раманаў.
А, здаецца, там яшчэ мелася патопленае ў возеры белагвардзейскае золата.
Героі гойсалі ад Масквы да Тыбету, мерзлі ў тайзе, танулі ў проламцы, выкрадалі каханых, авалодвалі кунг-фу і гіпнозам, і ў прынцыпе напісана было чытэльна… Прынамсі, покет-букі ў папулярных дэтэктыўна-фэнтэзійных серыях, што ледзь не на вагу прадаваліся на вакзалах і кніжных кірмашах, былі напісаныя не нашмат лепей, хаця выдаваліся не дзясяткамі асобнікаў, а сотнямі тысячаў.
І ўсё было б добра, каб ад Чаславы не патрабавалася напісаць на тое фэнтэзі ад гатэльшчыка рэцэнзію. Ухвальную, зразумела.
На такога ўзроўню тэксты Часлава звычайна не адгукалася прынцыпова – а то праходу б не давалі шматлікія аўтары, якія пакуль што шчыра яе пабойваліся.
Часлава ўпёрлася і выцыганіла ў начальства дазвол замест рэцэнзіі зрабіць гутарку з аўтарам. У чым бонус? А там жа неабавязкова нахвальваць сіня-дэрмацінавыя тамы, а калі гаварыць пра асобу – дык у кожнай можна знайсці штось цікавае.
Гатэльшчык пагаварыць запрасіў у сваім гатэлі.
Часлава шмат разоў мінала той будынак, але заходзіць патрэбы не мела. Таму з цікавасцю разглядала засланыя чырвонымі дыванамі калідоры, бронзавыя свяцільнікі і пейзажы ў цяжкіх рамках. Стыль нагадваў будуары “знойных жанчын” Ільфа і Пятрова, дываны і аксамітныя парцьеры здаваліся пыльнымі, хаця дакладна навюткія.
–А вы былі калі-небудзь у супер-люксе? – таямнічым голасам папытаўся гатэльшчык.
Які там люкс – Часлава толькі мінулым летам дазволіла сабе трохзоркавую Турцыю, з пажаўцелай сантэхнікай і камарамі, што лезлі з усіх шчылінаў.
І аўтар фэнтэзі пра пошукі нябёснага каменя павёў госцю ў супер-люкс. Не, унутр не пусціў – так, пастаялі ў расчыненых дзвярах.
Дзядзька відавочна ганарыўся раскошай пакоя. Часлава глядзела на цяжкія аксамітныя парцьеры, велізарны ложак пад амаль сярэднявечным балдахінам, мэблю з пазалочанымі завітушкамі…
З-пад такога ложка павінны тырчэць бліскучыя чаравікі трупа, а пасля і раскруціцца сюжэт.
–Калі што, звяртайцеся — пасялю вас са скідкай! Будзеце тут пісаць!
Часлава разгублена падзякавала. Такога ганарару ёй яшчэ не прапаноўвалі.
Цікава, што можна напісаць у такім пакоі? Дэтэктыў пра вялікасвецкае забойства?
Гатэльшчык замкнуў нумар.
Гутарылі ў сціплым кабінеце, без дываноў, бронзы і пазалоты. Дзядзька не настойваў на сваёй геніяльнасці, толькі ціха тужыў, што не знаходзіць выдаўца. А пра сябе распавёў усялякае… Напрыклад, загадчыца дзіцячага дому, куды трапіў у час вайны, была закаханая ў ягонага загінулага на фронце бацьку, вось і ўсынавіла асірацелае дзіця каханага…
За матэрыял, які атрымаўся, сорамна не было – ніякіх пазалочаных накладных завітушак, толькі лёс чалавечы, просты, як камень, і пакручасты, як лясны ручай.
Болей з тым дзядзькам Часлава не сустракалася. І ў гатэль ні разу не заходзіла. Выдаўца сабе, падобна, аўтар фэнтэзі так і не знайшоў. Толькі на балконе ў Чаславы доўга ляжалі сярод пажаўцелых газет тамы ў сініх дэрмацінавых вокладках.
Пеця
Пра гэтага персанажа Часлава пісаць адмовілася.
“Дурная! – казалі калегі. – На халяву б нешта ўхапіла!”
Самі беглі абслугоўваць яго навыперадкі.
Справа была такая… Адзін ці то каўбасны, ці то малочны магнат вырашыў стаць папулярным спеваком.
Невядома, хто яго на такое падбіў – але дзядзька ўзяўся сур’ёзна. Арандаваў лепшыя канцэртныя залы. Наздымаў кліпаў, дзе мітусіўся ў смешных касцюмах зайчыкаў-пчолак, распяваючы няхітрыя песенькі пра любоў на няхітрыя матыўчыкі (кансультанты відавочна адцягваліся напоўніцу). Ну і не шкадаваў грошай на журналюгаў. На прэс-канферэнцыях, прысвечаных творчасці новаспечанай зоркі, лілося ракой шампанскае і каньяк, грувасціліся канапкі з ікрой і вяндлінай, цукеркі і садавіна. А найбольш актыўныя пісакі атрымлівалі прэзенты ў выглядзе пакетаў з тымі ж каньякамі і цукеркамі.
Таму на прэсухах з Пецем, як звалі яго ў кулуарах калегі, заўсёды быў аншлаг.
Адна з такіх прэсух мусіла адбыцца ў тым жа будынку, дзе працавала Часлава.
Пісаць пра Пецю яна не збіралася, але на фуршэт перад прэс-канферэнцыяй выправіліся ўсім аддзелам.
Сталы прасядалі пад пачастункам. Пісучы народ актыўна жаваў і глытаў. Часлава, ад раніцы не еўшы, далучылася да халявы, хоць вярэдзіла сумленне… Хаця б пабачыць таго Пецю! Здаецца, ён? Тоўсценькі, у касцюмчыку, аблічча як блін, паабапал два паны нешта ўхвальнае нашэптваюць, Пеця ківае…
Нарэшце надыйшоў час расплочвацца за пачастунак – гасцей запрашалі ў канферэнц-залу на размову пра творчыя планы і дасягненні новай мяса-малочна-эстраднай зоркі.
Народ, хаваючы па кішэнях цукеркі і канапкі і даглытваючы каньяк, паціху сунуўся да выхаду на лесвіцу – на прэсуху відавочна збіраліся адпраўляцца далёка не ўсе, хто жэр на фуршэце. Але частка ўсё ж бадзёра накіравалася ў залу, спадзеючыся на працяг карыснага знаёмства.
Часлава, набраўшы канапак і здушыўшы голас сумлення, уцякла ў кабінет. Дзе нарэшце ўдосталь нарагаталася. Паядаючы канапкі пад кліп, дзе Пеця бегаў па вуліцах у касцюме тоўстага зайца.
Зорная кар’ера Пеці доўжылася нядоўга. Відаць, ён канчаткова праеў свае мяса-малочныя грошы, задураны мудрымі кансультантамі-піяршчыкамі, і сёння Часлава не можа ўспомніць ні ягонага прозвішча, ні ягоныя песенькі, і нават сустрэнь яго на вуліцы – не пазнае.
Пасудамыйка
Часлава любіла даваць маладым паэтам заданне: адрозніць, які з тэкстаў напісаў вар’ят, а які геніяльны паэт.
Памыляліся ўсе.
Калі Часлава ўрачыста абвяшчала адказ, маладзёны вохкалі і пачыналі шукаць логіку: чым лепшае “Ваша душа зялёных надвор’яў імператар вушы мае паходні што растуць убок” класіка дадаізму Тцары за блёкат шызафрэніка з хрэстаматыі па псіхіятрыі – “Дым разліваць… Нідзе не будзе царства нябёснае… Можна стаць марской планетай”.
Зрэшты, Часлава дакладна ведала, што самы таленавіты твор нараджаецца ў памежным стане свядомасці, і павінен быць, як казаў бедны геніяльны французскі хлопчык Латрэамон, такім прыўкрасным, як выпадковая сустрэча парасона са швейнай машынкай на стале для ўскрыцця.
Але як утрымацца на мяжы, каб не зблытаць канчаткова яву і марэнне?
Кожны паэт імкнецца туды, за грань, ухапіць для сваіх вершаў нешта неспазнанае, надрэальнае, – але пры ўмове, што зможа вярнуцца. Як танатанаўт, што даследуе жыццё пасля смерці з дапамогай штучна выкліканай клінічнай смерці… І толку з ягоных пазасветных падарожжаў, калі яго не адкачаюць і ён не падзеліцца адчутым?
Таму гэтыя тоўсценькія нататнікі ў цвёрдых вокладках, памерам з даланю, выклікалі ў Чаславы амаль жывёльны страх і лёгкую грэблівасць, як нешта заразнае.
Нататнікі былі спісаныя да апошняга чыстага лапіка буйным няроўным почыркам, радкі наязджалі на радкі. Вершы – але ніводзін не скончаны.
Часлава бачыла, як яны пісаліся.
Уласна кажучы, усе, хто хадзіў па цэнтральным праспекце ў пэўныя гады, бачылі – высокая жанчына ў нізка насунутай вязанай шапцы ідзе, унурыўшыся ў такі нататнік, і нешта піша, піша на хаду…
Працавала яна пасудамыйкай у кавярні “Вясна”.
А была ў свой час, як распавялі Чаславе, аспіранткай і аўтарам някепскага паэтычнага зборніка.
Пісала вершы, паралельна дысертацыю, вядома ж, па літаратуразнаўстве…
І вось прыходзяць аднойчы людзі на працу ў выдавецтва, дзе выйшаў ейны зборнік – а паэтка поўзае ў калідоры па падлозе і раскладае на ёй аркушы сваёй дысертацыі.
Вядома, яе лячылі…
Але вось што толькі атрымалася – мые посуд і запісвае на хаду вершы…
Нататнікі, дыхтоўныя, дарагія, з’яўляліся ў рэдакцыі з рэгулярнасцю інвалідскай пенсіі. Вядома, іх перадавалі Чаславе. А той непамысна было ставіцца да іх, як да звычайных графаманскіх пасланняў – гэта ж не проста перапісаныя опусы, гэта ж арыгіналы, рукапісы, якія існуюць у адзінкавым асобніку… Дый вунь якія дарагія самі нататнікі – а купленыя, пэўна, з пасудамыйнага заробку… Асабліва запомніўся адзін у вокладцы, аформленай пад леапардавую скуру, з металёвымі залацістымі накладкамі на вугалках…
Часлава неяк сумленна праштудзіравала некалькі нататнікаў у спадзеве знайсці хаця б некалькі ўцямных радкоў – падправіць, перапіша, але надрукуе ў якой падборцы чытацкай пошты, каб хоць капейчына звар’яцелай паэтцы вярнулася…
Не знайшла.
Нібыта і словы напісаныя без памылак, і нейкія вобразы мільгаюць… А ўзяць няма чаго.
Потым у нататнікі аўтарка пачала ўкладваць свае фота.
Сталася яшчэ цяжэй. Бо рукапісы набылі аблічча – нестарой яшчэ, але ссівелай жанчыны з глыбока пасаджанымі вачыма, абведзенымі цёмнымі кругамі.
Часлава старалася ў тыя вочы не ўглядацца. Зноў было адчуванне – заразіцца тым жа, страшным… Правярала сябе – ці не збіваецца памяць, ці не страчана ў бясконцай журналісцкай цякучцы яснасць мыслення… І ўвесь час здавалася, што мяжа блізка…
Паэтцы-пасудамыйцы слалі стандартныя ветлівыя адказы. Потым яна перастала пазначаць свой адрас. Нібыта ёй важна было толькі, каб хоць хтосьці пачытаў, каб кудысь гэта патрапіла, без усякага спадзеву на публікацыю…
З аддзела пісьмаў Чаславе працягвалі насіць стосы нататнікаў, хоць паэтка ўжо даўно перастала хадзіць па праспекце. І кавярню “Вясна“ зачынілі.
А потым колішняя пасудамыйка перастала штосьці дасылаць.
Чаславе хацелася верыць – проста таму, што тая паздаравела і расчаравалася ў іхняй рэдакцыі.
А выкінуць чужыя нататнікі рука не падымалася. Так і засталіся недзе ляжаць дакорлівай горкай у шафе.
Кантралёр
Дзед, высокі, бялявы і хваравіта-худы, праз вахцёраў і вяртушкі не прарываўся.
Як і належыць, чакаў супрацоўніка рэдакцыі ўнізе, у адмыслова абсталяваным закутку перад прахадной.
Зрэшты, наконт яго і не верылася, што парушыць правілы. Бо яны былі сэнсам усяго ягонага існавання.
Гэта быў надзвычай сумленны, адказны і нават самаахвярны чалавек.
Часлава глядзела ў ягоныя блакітныя пранізлівыя вочы, і хацелася выпрастацца, а рука сама ўспамінала, як паказваць піянерскі салют.
Спадар усё жыццё змагаўся з парушальнікамі парадку –раскрадальнікамі грамадскай маёмасці, прагульшчыкамі, прыпісчыкамі, несунамі… Працаваў ён, аднак, ні ў якіх не ў органах – на заводзе інжынерам. Але прага справядлівасці ахутвала яго такой аўрай, што здавалася, ён мае вялікую пасаду.
Госць, нават не падумаўшы прысесці на праседжаную шматлікімі наведнікамі скураную канапу, у паставе “смирно” проста і важка распавядаў, як пісаў і пісаў скаргі, лісты, дакладныя з нагоды любога прыкмечанага злачынства – майстар завысіў лічбу гатовай прадукцыі, загадчык склада спісаў прыдатнае абсталяванне, рабацяга вынес пад паліто радыёплату…
Праўдашукальніка лаялі і падстаўлялі, спрабавалі звольніць, пабіць, шантажаваць – ён быў непахісны. Ягоны фотаздымак упрыгожваў дошку гонару заводу, органы барацьбы з эканамічнымі злачынствамі ўзнагароджвалі граматамі.
–Сем чалавек дзякуючы мне пасадзілі! – з гонарам паведаміў дзед, працінаючы Чаславу светлым сумленным позіркам. – Я ніколі нічога не баяўся! Дамагаўся праўды! Ад мяне ніхто не схаваецца, я круцельства нюхам чую.
Часлава нясмела ўсміхнулася, ліхаманкава ўспамінаючы ўласныя правіны: дзе якія недакладнасці ў матэрыялах прайшлі, дзе ўвогуле не пра таго персанажа напісала…
–Я не зношу, калі бачу якоесь парушэнне! І ніколі ніякіх узнагарод за сваё змаганне не прасіў! Толькі аднойчы імянны гадзіннік уручылі – за раскрыццё арганізаванага крадзяжу са складу!
Госць працягваў Чаславе тонкі вучнёўскі сшытак, як пастанаўленне на ператрус. А, гэты сшытак і ёсць жа падставай для сустрэчы… Успаміны актывіста – выйшаў на пенсію, а пісаць нешта прывык…
Цікава, а з тымі, хто слухаў буржуазную музыку, насіў штаны-клёш і патлы пад бітлоў, ён таксама зацята змагаўся?
Мусіць, так – і быў у добраахвотных дружынах, якія стыляг адлоўлівалі, і патлы іх авечымі нажніцамі зразалі.
А што, калі б ён жыў у 1930-я… Зрэшты, тады шмат такіх мелася.
У сшытак былі ўкладзеныя сканы атрыманых грамат. І здымак імяннога гадзінніку.
Часлава паабяцала ўважліва прачытаць… Дакладней – “азнаёміцца з прадастаўленымі матэрыяламі”. Зарэгістраваць у аддзеле пісьмаў, адказаць у вызначаны тэрмін афіцыйным лістом, рукапіс вярнуць аўтару. Уф, здаецца, нічога з бюракратычных працэдур не пераблытала?
Дзед, усё такі ж прамы, як цыркуль, сышоў. Часлава вярнулася ў кабінет. Доўга сядзела за сталом, няўцямна гледзячы на сшытак, з якога тырчэлі сканы грамат. Сустрэты сёння чалавек быў, несумненна, сапраўдны герой. Які заслугоўвае павагі і захаплення.
Чаму ж неяк непамысна на душы?
Належала б сказаць – вось каб усе такія былі, сумленныя, неабыякавыя, прынцыповыя, якое б жыццё настала! І гэта правільная выснова, вельмі правільная… Да зубнога болю правільная…
А Часлава чамусьці ўявіла спадара насельнікам адной з планет сусвету Маленькага прынца Экзюперы. Маленькі прынц наведаў планеткі, на якіх жылі Кароль, П’яніца, Дзялок, Географ… Туды б упісалася і планетка, населеная Кантралёрам. Хударлявы выпрастаны старэча з пранізлівымі светлымі вачыма. Які сочыць, каб усё рабілася правільна – сонца ўзыходзіла і садзілася па раскладзе, Ружа цвіла па графіку, і каб усе пялёсткі ў наяўнасці, а калі аднаго не хапае – скарга, пратакол і пакаранне.
Якое там пакаранне можа быць для Ружы? Зменшыць норму вады? Захінуць ад сонца?
Як Часлава і прадчувала, нічога прыдатнага для друку ў сшытку Кантралёра не выявілася. Афіцыйны адказ быў адпраўлены ў час, рукапіс адасланы ўладальніку.
Дзед не падмануў – скаргі на недысцыплінаванасць і непрафесійнасць работнікаў рэдакцыі пачалі паступаць ад яго два разы на месяц. Місію рабіць “балванкі” адказаў спіхнулі на Чаславу.
Карыфей
Часам у рэдакцыі з’яўляліся і сапраўдныя вялікія пісьменнікі.
Адзін, нетаропкі, маўкліва-задуменны перакладчык Уітмена і Лангфела, зрэдку заходзіўся, калі з ім рабілі гутаркі з розных юбілейных нагодаў. Тужліва-спачувальна глядзеў на змакрэлую ад беганіны Чаславу, якую тузалі ад кампутара то аддзел пісьмаў, то вёрстка, то непасрэдная начальніца. Хітаў галавой. “Вох, як можна так шмат працаваць? У такім рытме?” Другі, сівенькі, з кульбачкай, вечна ўсмешлівы акадэмік, прыносіў грувасткія тэксты для сваёй калонкі. Прысаджваўся пагаварыць з Чаславай – і гаварыў гадзінамі. Але не пра яе і не пра сябе, а пра дзевятнаццатае стагоддзе беларускай літаратуры. Яму там звычней было.
Чарнявы пісьменнік у вялікіх акулярах з тоўстымі шкельцамі прыехаў з дэлегацыяй з вялікага расійскага гораду. Часлава чытала кніжкі госця, якія атрымалі шмат прэстыжных прэміяў. Цаніла іх за інтэлект і дасціпнасць, смеласць і гумар.
У адрозненне ад тэкстаў, аўтар аказаўся сарамяжным і троху разгубленым. На дзіва… Знакамітасць на рэдакцыйнай машыне адправілі адразу на некалькі выступленняў запар, а суправаджаць яго даручылі, вядома ж, Чаславе.
Карацей, пакуль вярнуліся ў рэдакцыю, звечарэла. Рабочы дзень знікаў, як сарамяжнасць пасля дзясятага тосту. Госця чакаў сабантуй у рэдакцыйнага начальства, а пакуль там заканчвалі прымаць нейкіх чыноўнікаў. Вось пойдуць – і настане чарга пісьменніка.
Чаславе падабалася выказванне адной літаратаркі, што паэты належаць да саслоўя блазнаў, відачынцаў і менестрэляў, якім не месца за гаспадарскім сталом, хіба ў якасці забаўкі. Але госць жа цэлы дзень не еўшы… Нідзе нават гарбаты не далі. Відаць, лічылі, што забранзавелыя інтэлектуалы сілкуюцца эманацыямі і флюідамі.
А па рэдакцыйным калідоры з боку важнага кабінету змяіліся спакусныя пахі. Мусіць, вяндлінка там нарэзаная плача, каўбаска ільсніцца, чырвоная рыбка, салёныя агурочкі, каньячок…
Ну, начальства ж паабяцала, што хвілін праз дзесяць з чыноўнікамі развітаецца. А пакуль Часлава завяла госця, які тужліва пракаўтнуў сліну, у свой кабінет і ўсё-ткі пачала шнырыць па паліцах у пошуках пачастунку. Праз шкельцы акуляраў пазірала надзея.
Як беднаму жаніцца – дык і ноч кароткая. Звычайна ў кабінеце мелася і рознае печыва, і нейкія цукеркі-шакаладкі… Запасаў да халеры, нават выкідвалі пратэрмінаваныя пачкі. А тут – пуста, як у торбе старца. Хаця б гарбаты наліць…
Госць інтэлігентна прысёрбваў з парцалянавага кубка з лагатыпам рэдакцыі і не скардзіўся, толькі гаворка пра высокую літаратуру сталася трохі запаволенай. Пятнаццаць хвілін, дваццаць… Збегаць у краму, закупіць пачастунку? Але ж у любое імгненне могуць Чаславе патэлефанаваць і загадаць даставіць знакамітасць да начальніцкага стала.
Поўгадзіны, сорак хвілін… Тоўстыя шкельцы ў акулярах госця нібыта запацелі.
–А вось вы чыталі нашу дыскусію пра постмадэрнізм…
Канапку б зараз яму якую з сырам! Ды і Чаславе таксама…
Гадзіна прайшла… Часлава адчувала сябе недарэкаю з недарэк – у яе ганаровы госць зараз ад голаду самлее! Мо хоць у суседні кабінет збегаць, пазычыць што ўежнае? Дык рабочы ж дзень скончыўся… Сама таксама не еўшы, аж страўнік пячэ – а трэба ўсміхацца і дыскутаваць.
–Наконт постструктуралізма Ралана Барта…
Голас заезджага інтэлектуала зусім прывяў. Госць нервова зыркаў на дзверы, на свой гадзіннік, нават нясмела мармытнуў пра вяртанне ў гатэль…
Праз паўтары гадзіны Чаславе патэлефанавалі: “Вядзі”.
Інтэлектуал подбегам рынуўся на пахі.
Ну, пэўна, не ўсё паны даелі… Часлава з палёгкай уздыхнула – яе за стол не запрашалі, але можна было ўцякаць дахаты. На пісьмовым стале ляжала падпісаная госцем кніга. Тоўстая, самавітая, пад’етая…
Назаўтра Чаславе распавялі, што знакамітага інтэлектуала напаілі каньячком так, што ў машыну давялося садзіць пад рукі. А што ж, на галодны страўнік і развезла…
І наколькі Часлава ведала, у Беларусь пісьменнік болей не прыязджаў.
Леанора
Якія толькі людзі не з’яўляліся ў рэдакцыі… У якасці калумністаў рэдактар заманьваў самых неверагодных асобаў – ад рок-музыкаў да палітолагаў.
Леанора была самай неверагоднай.
У маладосці яна вылучалася гожасцю і вяла музычныя перадачы.
Пад старасць распаўнела, азызла — але яе ўсё гэтак жа пазнавалі на вуліцах, найперш за танныя стракатыя балаханы і капелюшы з прэтэнзіяй на гламур. Яна нагадвала экзатычную птушку, недарэчную на шэрым асфальце беларускай сталіцы – птушку вагой з цэнтнер, з гучным голасам і з’едлівым характарам.
Леанора ярка фарбавалася, насіла пярсцёнкі з камянямі памерам у грэцкі арэх, лічыла сябе свецкай ільвіцай і патрабавала адпаведных багавейлівых адносінаў.
Журналюгі былі гранічна ветлівыя, за спінай ціха іржалі над гранд-дамай і ейнымі нягеглымі спробамі гуляць у вялікі свет. Сто даляраў за калонку відавочна былі для зоркі-пенсіянеркі не лішнімі.
Свае тэксты яна набірала ў кабінеце Чаславы, дзе меўся вольны кампутар. Тыцкала ў клавіятуру двума пальцамі, часта памыляючыся, але ўсё здавала роўна ў тэрмін. Тое, што ў кабінеце пабывала Леанора, можна было беспамылкова вызначыць па забойчым водары ейнай парфумы. Водар трымаўся некалькі дзён.
Скончыўшы набіраць калонку, Леанора не супраць была распавесці супрацоўнікам, Чаславе і двум ейным калегам, пра сябе – пра сваіх маладых каханкаў, свае падарожжы, свае бліскучыя знаёмствы, а закаханыя ў яе былі, паводле ейных аповедаў, усе сусветныя зоркі, ад Пікаса да Параджанава.
У апошняе свае наведванне Леанора распавяла пра нядаўняе падарожжа ў Парыж.
Гэта нічога, што на звычайным аўтобусе з турыстычнай групай, ды яшчэ дамаглася для сябе вялізнай скідкі… Для зорнай спадарожніцы вылучылі два крэслы – іначай яна не змяшчалася. У Парыжы, на Елісейскіх палях, проста на вуліцы Леанора набыла свайму маладому каханку шарф за пару еўра – сапраўдны французскі, брэндавы! Часлава з калегамі маглі ўявіць, якую цану насамрэч агучвала Леанора ашчасліўленаму амарату.
–Я пачастую вас французскімі сырамі! – урачыста паабяцала расчуленая ўвагай культурных журналюг Леанора.
Асаблівага спадзеву на гламурны пачастунак ні ў кога не было, дый не вызначалася ільвіца шчодрасцю. Але праз пару дзён з’явілася ў кабінеце з самым важным выглядам.
Супрацоўнікі аддзелу старанна хавалі крывыя ўсмешкі. Леанора не падвяла: з торбы паказаўся бруднаваты пластыкавы кантэйнер, у якім носяць ссабойкі. Кантэйнер плюхнуўся на накрыты газетай стол. Накрыўка знялася… І кабінет запоўніў выкшталцоны смурод. Не, проста смурод.
У кантэйнеры сапраўды быў сыр. Раскрышаны, месцамі памяты. Відавочна некалькіх гатункаў, некаторыя з плесняй.
Журналісты моўчкі схіліліся над пластыкавым посудам, наколькі дазваляў смурод. Цягнуць гэта ў рот не хацелася. Часлава ліхаманкава падлічвала, колькі дзён прайшло з падарожжа Леаноры ў Парыж.
–Частуйцеся! Гэта вельмі смачна! – гучна абвесціла гаспадыня сыру, відаць, трохі незадаволеная адсутнасцю энтузіязму ў ашчасліўленых.
Да сыра знайшоўся хлеб, таксама нясвежы, але, на шчасце, не з Францыі.
Леанора захоплена прадоўжыла гламурныя расповеды пра знакамітасцяў і сябе, а яшчэ пра тое, як прынцыпова карае тых, хто не праявіў павагі да яе, і не пакаштаваць ейны гасцінец – першы ж раз нешта прынесла! – было няветліва. І небяспечна. Часлава нясмела падкалупнула найменш разлезлы кавалачак з плесняй…
“Слеза к лицу разрезанному сыру…” — круцілася ў галаве з Бродскага.
Сыр з кантэйнера яны так і не даелі. Самая дасціпная калега патлумачыла Леаноры, што такую вытанчаную страву неэтычна спажываць у вялікай колькасці – непрывычныя мы, плябеі, да такіх далікатэсаў, рассмакаваць трэба добра, удумліва.
Леанора не збянтэжылася, схавала рэшткі сапраўднага французскага сыру пад накрыўкай і пайшла сабе, валюхаючыся, як старасвецкая карэта рыдван. Артрытныя пальцы ног выпіралі з паношаных басаножак.
Як толькі свецкая львіца выйшла, журналісты кінуліся расчыняць вакно… Водар парфумы і сыру меў моц хімічнай зброі.
Дэгустатары рагаталі і абмяркоўвалі шляхецкае застолле. Потым стала не да смеху – прыхапіла жываты. Не так страшна, не да атручвання, але разлад страўнікаў адбыўся.
А потым Леанора памерла. І ўсё стала зусім не смешна.
Яе стракатыя ўборы нашчадкі выкінулі на сметніцу. І Часлава асэнсавала, як не хапае на шэрым асфальце горада тых, хто не баіцца быць экзатычнай птушкай, нават калі мае цэнтнер вагі. І як важна ўмець зрабіць пасярод будняў падзею і свята нават вакол раскрышанага сыру.
І тады замест здрадлівай плыткай дрыгвы камень сустрэне камень, і на паверхні цьмянага часу выб’ецца хаця б жарынка агню.
2025