Прадмова да рамана “Авантуры Пранціша Вырвіча”

Калі рыхтаваўся да друку першы рраман серыі “Авантуры Пранціша Вырвіча”, мяне папрасілі напісаць да яго прадмову, каб  паллумачыць тое-сёе пра эпоху, у яккую адбываюцца падзеі. Цяпер, калі выходзіць фільм, гэта яшчэ больш актуальна. Не ведаю, ці ёсць прадмова ў сеціве, таму змяшчаю яе тут.

Людміла Рублеўская

Прадмова да рамана “Авантуры Пранціша Вырвіча”

Ад аўтара.

 

XVIII стагоддзе… Эпоха авантурыстаў і алхімікаў, рыцараў і прыўкрасных дам, палацавых інтрыгаў і крывавых войнаў… Эпоха Асветніцтва і вынаходніцтва… Колькі ў гэтым часе сюжэтаў, прыдатных да прыгодніцкіх раманаў, якімі карысталіся Аляксандр Дзюма-бацька, Вальтар Скот і Генрык Сенкевіч…

На Беларусі таксама хапала падобных сюжэтаў. І мне даўно хацелася, як пісьменніку, “пажыць” тады, калі шляхта збіралася на шумлівыя соймы, дзёрзкае слова прыводзіла да двубою, прыгажуні хадзілі ў локцевых сукенках — з такімі шырокімі спадніцамі, што рукі нельга апусціць, а напудраныя парыкі іх прыпадабняліся невялікім клумбам… Калі ў нашых мястэчках будаваліся мануфактуры, на якіх выраблялі цудоўныя паясы і крышталь, габелены  і вееры, а па кірмашах шнырылі ўвішныя шкаляры, якім забаранялася гаварыць па-свойму – толькі на лаціне, так што ўсе мястэчка пачынала ўжываць перакручаныя словы з лексікону Цыцэрона і Сенекі… Беларуская лекарка Саламея Русецкая-Пільштынова раз’язджала ў карэце між палацам турэцкага султана, нясвіжскімі ўладаннямі Радзівілаў і палацам расійскай імператрыцы, малады Казанова біўся ў Варшаве на смяротным двубоі з князем Браніцкім, у Смаргонскай акадэміі вучылі мядзьведзяў адмысловым танцам з дапамогай распаленай рашоткі, а сябар Пане Каханку Міхал Валадковіч урываўся ў залу менскай ратушы і палохаў дэпутатаў трыбуналу стрэламі ў столь…

Падарожжа ў часе мне дапамагалі здзейсніць два героі – шкаляр менскага езуіцкага калегіюму, бедны  шляхціц Пранціш Вырвіч і полацкі доктар і алхімік Баўтрамей Лёднік, які вучыўся ў Празе і Лейпцыгу. У персанажаў шмат тыповых для эпохі рысаў. Езуіцкія навучальныя установы тады скончылі многія славутыя беларусы – нават Сімяон Полацкі, выхавальнік расійскага цара Пятра Першага, і Казімір Лышчынкі, спалены на вогнішчы мысляр-атэіст. У навучанне прымалі прадстаўнікоў усіх канфесій і нават саслоўяў, не толькі шляхту, і ў 1760 годзе на Беларусі дзейнічала 66 езуіцкіх калегіюмаў. А што тычыцца доктара Лёдніка, дык беларусы вандравалі па ўсёй Еўропе і вучыліся ва ўсіх славутых універсітэтах. І алхімія была дужа папулярным заняткам. Нават Францыск Скарына, зямляк майго героя, прысвяціў гэтай таямнічай навуцы некалькі гадоў свайго жыцця, перш чым пачаў друкаваць кнігі.

Апошнія гады Рэчы Паспалітай – складаная і цікавая эпоха. І гэта не толькі заняпад, як да апошняга часу было прынята думаць. У дзяржаве множылася колькасць адукаваных людзей, з’яўляліся мануфактуры, развіваўся замежны гандаль, выспявалі думкі пра неабходныя рэформы. Але гісторыя не мае ўмоўнага ладу – Рэчы Паспалітай наканавана было праз колькі гадоў быць падзеленай між другімі дзяржавамі. Трэба ўсведамляць, што ў яе складзе былі і Польшча, і Вялікае княства Літоўскае – а княства гэта менавіта нашыя землі. Не думайце, што ўся шляхта, адукаваныя людзі ВКЛ лічылі сябе палякамі. Наадварот – хапала тых, хто з гонарам называў сябе ліцвінамі… Праўда, часта вызначалі сябе па месцы нараджэння – палачанамі, случчанамі, гарадзенцамі. А ў гэтай кнізе нашы продкі называюць сябе ліцвінамі або беларусамі – таму што і такое вызначэнне тады ўжо гучэла. Пісьменнік і выдавец Саламон Рысінскі ў іматрыкулярных актах Альтдорфскага ўніверсітэту  ад 2 снежня 1586 года  запісаны як  «Solomo Patherus levcorussus» – Саламон Патэрус беларус. Беларуссю Рысінскі называў сваю радзіму ў лісце да нямецкага вучонага Рытэргузіуса. Януш Радзівіл, якога падчас Паўночнай вайны, што напалову знішчыла насельніцтва нашых земляў, хацелі прызначыць вялікім гетманам, выступаў за адлучэнне ВКЛ ад Рэчы Паспалітай, на сойме ў Варшаве крычаў: «Прыйдзе час, калі палякі да дзвярэй не патрапяць, — праз вокны іх выкідваць будзем!». «Мы і палякі, хоць і браты, — пісаў да аднаго з Радзівілаў Леў Сапега, — аднак зусім розных звычаяў». Не лічылі сябе нашы продкі і рускімі, якіх называлі часцей за ўсё маскоўцамі. Надта розныя былі звычаі, традыцыі… Што дзіўнага – калі ў XVI стагоддзі князь Міхал Глінскі разам з сям’ёй перабег у Маскву, да маскоўскага князя Васіля III, атрымаўся культурны шок. Глінскі паездзіў па Еўропе, вучыўся маляванню ў рымскіх мастакоў, плаваў матросам на караблях ад Лондана да Гамбурга… Ягоная пляменніца Алена, яна, дарэчы, стала расійскай царыцай і маці Івана Жахлівага, на радзіме глядзела спектаклі хатняга тэатру, для якога яе бацька сачыняў музыку і п’есы, звыкла апранацца па апошняй еўрапейскай модзе – з гарсэтамі і дэкальтэ, таньчыла на балях, ездзіла на паляванне… А тут жанчын трымалі ў церамах, ганьбай лічылася хадзіць без барады і нават вучыць замежныя мовы. Таму Васіль III і быў уражаны адукаванай і вытанчанай прыгажуняй-ліцвінкай.

А беларуская мова, за якой Статуты ВКЛ замацавалі статус дзяржаўнай,  гучала ў той час на нашай зямлі напоўніцу. Пра гэта сведчаць і асобныя мемуары і хронікі, і ўстаўкі-інтэрмедыі ў п’есах, якія разыгрываліся ў магнацкіх тэатрах і шкалярскіх. І, вядома, багацюшчы фальклор, якім можна ганарыцца – балады і песні, казкі і паданні, трапныя выслоўі і замовы, нават імёны і назвы страваў. Беларус Казімір Семяновіч, геній XVII стагоддзя, прыдумаў шматступенную ракету і напісаў на лаціне трактат пра мастацтва артылерыі, які стаўся культавай кнігай на некалькі стагоддзяў для вайскоўцаў і піратэхнікаў. І ў гэтым трактаце ён ужыў беларускія словы, якія зрабіліся міжнароднымі навуковымі тэрмінамі: “беркавец”, “барыла”…

Першы раз вы сустрэнецеся з маймі героямі у 1759 годзе, калі яшчэ быў жывы кароль Аўгуст III Саксонскі, альбо Сас, як яго называлі ў народзе. Але да ягонага трону ўжо прымерваліся прэтэндэнты. І магнацкія групоўкі, самай вядомай з якіх была Фамілія – партыя на чале з Чартарыйскімі, якая ўрэшце і перамагла, і суседзі — з захаду, усходу, поўначы… У краіне быў разлад, соймы зрываліся адзін за другім – за часы праўлення Аўгуста III не адбыўся ніводны. Любы шляхцюк мог скарыстаць права «ліберум вета» — забараніць прымаць любы закон, альбо ўвогуле не дазволіць адкрыць сойм. Усё вырашалася альбо подкупам, альбо сілай. Караль Радзівіл на сеймік, дзе павінны былі выбраць земскага пісара, прыехаў на 30 вазах, і каб шляхта падтрымала патрэбную кандыдатуру, забіваліся валы,  ракой цякло віно і дукаты… “Аж да дзесяцi гадзiн вечара шляхта суправаджала князя, пiла, танцавала i спявала на вулiцах, жыхары горада — прыхiльнiкi партыi наваградскага ваяводы — нават пачалi баяцца, як бы iх не падпалiлi”. А вось на наваградскім сейміку 1756 году, дзе другі з Радзівілаў, Станіслаў, хацеў атрымаць пасаду краўчага, яго супернік, наваградскі стольнік Храптовіч, падняў на сваю абарону землякоў, і бедны Станіслаў пісаў: “Як вакол мяне завярцелася, каб мяне згладзiць з таго свету, стралялi ў мяне як у лося, але не патрапiлi, унтэр-афiцэру наваградскаму шляхцiцу пад вуха патрапiла, якi быў за мною, самi тады натоўп зрабiўшы, абвiнавацiлi мяне манiфестамi”. У выніку два дзесяткі шляхціцаў былі параненыя, а потым прайшло ажно два паралельныя сеймікі.

Кароннае войска было слабейшым за войскі магнатаў, чым апошнія і карысталіся. Таму ў цяжкіх выпадках улады звярталіся па дапамогу да расійцаў – там было, напрыклад, калі спатрэбілася арыштаваць рэчыцкага суддзю Юдыцкага. Той, угневаны, што выбралі не таго маршалка каптуровага суда, узяў са сваімі людзямі Рэчыцкі замак і пабіў делегатаў, што падтрымалі Чартарыйскіх. Толькі атраду расійскіх жаўнераў  у трыста шабель удалося схапіць суддзю-разбойніка, а тады “узялi яго i завялi на каптурныя суды ў Рагачоў, дзе судзiлi яго дэкрэтам на горла i расстралялi. I супраць гэтай справядлiвасцi нiчога не скажаш” – пісаў мемуарыст Марцін Матушэвіч.

У той час, калі вы сустрэнецеся з маімі героямі, Еўропу раздзірала Сямігадовая вайна, у якой удзельнічалі і расійскія войскі. І беларусаў яна закранала таксама – ва ўсялякім выпадку, можна было і на нашых дарогах напаткаць вярбоўшчыкаў, што часам гвалтам набіралі рэкрутаў. А Аўгуст Сас, які у Рэчы Паспалітаў ніколі раней не жыў, змушаны быў перабрацца ў Варшаву з роднага Дрэздэна.

Пабачыце вы і адносіны паміж саслоўямі – а паміж шляхціцам і не-шляхціцам існавала сапраўдная прорва. Кожны шляхцюк, нават самы бедны, тэарэтычна быў панам-братам любога іншага, хоць бы і  караля, які лічыўся ўсяго першым сярод роўных.

Паны-браты жылі па сармацкім кодэксе. Сармацкае паходжанне – гэта легенда, паводле якой шляхта вяла свой род ад рымскага арыстакрата Палямона, што заснаваў у нашых пушчах племя сарматаў. Шанаваць продкаў, бацькоў, трымаць слова, не спускаць найменшай абразы, сачыць за сваім зямельным надзелам і ісці на вайну, як толькі паклічуць – так належала жыць. Шмат чаго шляхціц не мог сабе дазволіць: ганьба было, калі цябе лупцавалі на зямлі… А падклаўшы дыванок – то ўжо і нічога. Вязе бедны шляхціц на поле гной –  каб не атрымалася страты для гонару, належала ўторкнуць у вохкую кучу шаблю. Гнаць гарэлку можна – а стаяць за варштатам альбо гадляваць у лаўцы, “локцем сукно мерачы”, паводле Статута не шляхецкі занятак.

З-за патрэбы абараняць гонар двубоі ў васемнаццатым стагоддзі забралі шмат жыццяў. Ды што шляхцюкі – дамы часцяком біліся адна з адной, арудуючы шаблямі і шпагамі не менш спрытна, чым мужчыны. Але найбольш шкодзілі звады між магнацкімі групоўкамі. Кожны сойм ператвараўся ў пабоішча. Дробны шляхціц не мог існаваць сам па сабе – ён павінен быў падрымліваць нейкую партыю, нейкага  магната.

Цяпер наконт трымання шляхецкага слова… Сучаснаму чалавеку, які звык, што слова значыць дужа мала, цяжка ўявіць, што калі ты штось паабяцаў – нават калі сто разоў пасля пашкадаваў, калі табе гэта ўпоперак жыцця – выканай… Аднойчы такім чынам шляхціц Ян Салагуб займеў багатую і прыгожую нявесту. Ён гасцяваў у пана, у якога была дачка-прыгажуня, і на развітанне па звычаі запатрабаваў, каб панна Алена  Шымоўская яму “прапіла чару” – адпіўшы, падала госцю… І папрасіў у бацькі яе рукі. А той і прамармытаў нешта няпэўна-станоўчае, абы п’янога ў дыміну надакучлівага госця выправіць… Але Салагуб, і праспаўшыся, пачутага не забыўся… І стаў мужам панны Алены.

Словы шмат значаць і для мяне. Я пастаралася, каб у рамане гучала сакавітая, паўнагалосная беларуская мова, прыкрашаная перлінамі, якія я знайшла ў дыярыушах і хроніках, каб фразы звіваліся трохі велягурыста і весела, прыблізна так, як у тагачаснай куртуазнай літаратуры і мемуарах. Некаторыя незразумелыя тэрміны вы зможаце знайсці ў маленькім слоўнічку напрыканцы кнігі. Напрыклад, слова “дысідэнты”, як бы сучаснае, насамрэч было звычайным і ў беларусаў васемнаццатага стагоддзя – так называлі некаталікоў.

Пабачыце вы і яшчэ да канца не знішчаны шматмоўны, шматнацыянальны свет Вялікага княства Літоўскага, у якім суіснавалі беларусы, палякі, габрэі, стараверы, што перасяліліся з Расіі ад пераследу, татары, якія пісалі свае кітабы на беларускай мове, што дазволіла нам атрымаць пацверджанне – і тады наша мова гучала з сённяшнімі асаблівасцямі, толькі яны не перадаваліся ў тагачасных пісьмовых помніках на кірыліцы.

Але галоўнае не змяняецца з эпохі ў эпоху – героі мусяць выбіраць паміж баязлівай бяспекай і небяспечным подзьвігам, змагацца за каханне, абараняць уласную годнасць і ўсведамляць, што з’яўляецца сапраўднымі каштоўнасцямі, а што – не…

Прыгоды Пранціша Вырвіча і Баўтрамея Лёдніка ствараліся не запар. Я напісала некалькі раздзелаў – і пакінула недапісанае на некалькі гадоў. За якія ўзнікла два раманы пра часы куды больш бліжэйшыя да нас і пра сучаснасць. А потым вярнулася да калісьці пачатага… Мяркуючы – ну вось, зараз напішу невялікую вясёлую аповесць.

Але аповесць ператварылася ў раман, а героі ўсё ніяк не жадалі са мной развітвацца, гістарычны фон аказаўся настолькі багаты, што пакінуць сваіх персанажаў на парозе вызначальных падзеяў не дазваляла цікаўнасць. Так гэты твор стаў першай кнігай з цыклу прыгодаў Пранціша Вырвіча. Наступны раман перанясе вас ужо ў 1762 год, дзе шкаляр Вырвіч зробіцца студэнтам Віленскай акадэміі, і падарожнічаць ім з Лёднікам давядзецца ажно ў Ангельшчыну, праз усю Еўропу. У трэцяй кнізе Пранціш зробіцца драгунам, і будзе здзяйсняць свае подзьвігі ў першыя гады царавання Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Вы, напэўна, звярнулі ўвагу, што раман я назвала “прыгодніцкі і фантасмагарычны”… Чаму? Бо хаця ў ім вельмі шмат дакладных звестак – ажно да колькасці вояў у полацкай харугве – аўтар дала волю фантазіі. Настолькі, што філасофскі камень і танк на паравым рухавіку ў старажытным Слуцку не падаюцца немагчымымі. Часам мне нават даводзілася трохі змяняць прозвішчы гістарычных асобаў – каб дазволіць сабе вольнае абыходжанне з імі. А што – хіба рэальны д’Артаньян здабываў падвескі французскай каралеве? Ён увогуле быў шпегам, ілгуном, баязліўцам  і досыць непрыемнай асобай.

Але калі Слуцкі замак згодна рэканструкцыям вучоных быў аднапавярховы —  дык я так і не “нарасціла” яму паверхаў, хаця па сюжэце вельмі хацелася.

Спадзяюся, што прыгоды Пранціша Вырвіча і Баўтрамея Лёдніка дапамогуць вам яскрава ўявіць Беларусь стагоддзя авантурыстаў і асветнікаў.

У шлях, сябры! Дарогі, сутарэнні і палацы старажытнай Беларусі чакаюць вас!

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

 

 

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.