- 01.08.2022 17:28
- Аўтар:
- Людміла Рублеўская
- Культура, Гісторыя і Этнаграфія
Па Мядзельшчыне можна падарожнічаць бясконца… Колькі там паміж азёраў і лясоў жывапісных старажытных мястэчак і вёсак з незвычайнымі гісторыямі, колькі храмаў і сядзіб, капліц і млыноў, бровараў і корчмаў рознай ступені захаванасці… Тое наша падарожжа пачалося з руін вадзянога млына на рэчцы Вузлянка. Пабудаваны млын яшчэ ў XVІІ стагоддзі, ёсць драўляны масток, з якога адкрываюцца незвычайныя краявіды з вадаспадамі… Цяпер тут аграсядзіба, дзе прымаюць турыстаў: можна і на байдарках праплысці, бабрыныя хаткі паглядзець
Потым каля шашы Мядзел — Докшыцы мы караскаліся на ўзгорак у полі, на якім захаваліся рэшткі капліцы XVІІ стагоддзя з маёнтка Снарскіх Старая Жорсна. Уласна кажучы, гэта амаль усё, што засталося ад маёнтка — а менавіта капліца, у якой служылі бернардзінцы, была ўзарваная ў 1950-х… Абгрызены часам і варварскімі адносінамі нашчадкаў мур атачаюць бярозкі…
У Будславе, палюбаваўшыся на знакаміты касцёл, доўга хадзілі вакол рэшткаў сядзібы Аскеркаў, параўноўваючы рэальнасць са старымі фотаздымкамі… Цяжка ўявіць, што каржакаватае збудаванне з аблезлымі калонамі, пафарбаванае ў блякла-блакітны колер і ператворанае ў дрывотню — гэта урачысты ўваход у калісьці дыхтоўны палац…
У афіцыне ж палаца, зведзенай да цаглянага прастакутніка, сёння знаходзіцца мясцовая амбулаторыя. Пабывалі ў зруйнавайнай Траецкай царкве каля вёскі Маставікі, у сядзібна-палацавым комплексе Дамейкаў Сітцы, дзе ўразілі чатыры высокія калоны, на якія абапіраецца толькі неба — усё, што засталося ад згарэлага палаца…
За гатычнымі брамамі
А вось дзве велічныя пабеленыя брамы, што нагадваюць сярэднявечны замак: тоўсты мур, зубцы наверсе, аркі і круглыя нішы… Брамы вось ужо колькі часу аддана вартуюць уваход у сядзібу Слатвінскіх Гняздзілава. У іх угадваюцца нібыта два здзіўленыя твары з вырачанымі вачыма і адкрытымі ратамі… А што ж гэта вы нарабілі, нашчадкі?
Першыя пісьмовыя згадкі пра Гняздзілава, якое называлася ад пачатку Гнездзіловічы, сягаюць ажно ў 1407 год. Тады князь Вітаўт падарыў двор Гнездзіловічы Войцаху Манівіду, першаму віленскаму ваяводу. У Манівіда было дзве дачкі… Вось з-за іх вёска і раздваілася — бо паненкі падзялілі гэтую частку спадчыны між сабою. Так і ўзніклі Паўднёвае Гняздзілава і Паўночнае, нават пасля трапілі ў розныя губерні: Паўднёвае — у Віленскую, Паўночнае — у Мінскую.
Мы апынуліся ў Паўднёвым, тым, што з пасагам дачкі Войцаха Манівіда Соф’і перайшла да Мікалая Радзівіла, таксама ваяводы віленскага. У радзівілаўскіх уладаннях Гнядзілава знаходзілася да XVІІ ст., пасля пайшлі чаргавацца ўладары: Гутаровічы, Шышкі, Козел-Паклеўскія. Належала Гняздзілава Рудамінам-Дусяцкім, якія падаравалі Вольбаравічы і Гняздзілава кляштару босых кармелітаў у Глыбокім. А ў канцы XІX стагоддзя дачка ўладальніка Вільгельміна Козел-Паклеўская пабралася шлюбам з Ёзафам Слатвінскім. Вось Слатвінскі і збудаваў тут сядзібу, дакладны выгляд якой мы можам толькі ўяўляць па старых дакументах ды фота. Вядома, што была сядзіба ў стылі класіцызму, мелася мураваная тэраса. Вакол палаца рос самшыт. У самім палацы былі белыя кафельныя печы, сталовая, абшытая дубам, партрэтная галерэя…
На месцы тога будынка пасля зладзілі сушыльны ток. Не ведаю, ці той самы, але знайшлі мы нейкі падобны будынак, вялізны, пусты, з цэментнай падлогай і драўлянымі апорамі ўнутры… Праз прарэхі ў даху заглядае непрыветнае неба.
Захавалася і троху гаспадарчых збудаванняў сядзібы… Лядоўня — таямнічыя сутарэнні, у якіх турысты спадзяюцца ці скарбы знайсці, ці прывідаў пабачыць… Ну, паводле логікі, хіба прывідаў колішніх пальцам піханых каўбасак ці квашаніны, што тут захоўваліся.
Помнік ля старой капліцы
Сярод старых дрэў, якія засталіся ад колішняга парку, мы блукалі адны. Каля невялічкага драўлянага збудавання, аднак, віравала жыццё. Стаяць нечыя машыны, з-за зачыненых дзвярэй чуюцца ўрачыстыя галасы… Капліца Шышкаў і Козел-Паклеўскіх. Купал з ліхтарыкам нагадвае купал Мядзельскага касцёла. Падмурак капліцы каменны… Там крыпта з пахаваннямі. Будавана гэта ў 1782 годзе. Капліца нядаўна адноўленая, асвечаная ў гонар Ісуса Міласэрнага.
Паколькі ў капліцы ідзе служба, унутр не заходзім — разглядаем помнікі, што захаваліся побач. Адзін з помнікаў, з высечанымі ў чорным камені лацінскімі літарамі, прыцягвае ўвагу: Аляксандра Дубельт з Замайскіх, генеральша. Памерла 18 сакавіка 1867 года. Памятнік устанавілі зяць і ўнучкі.
Знаёмае прозвішча змушае задумацца… У гісторыі застаўся Лявонцій Дубельт, начальнік ІІІ аддзялення, кіраўнік імперскай тайнай паліцыі і штаба жандармскага корпуса, верны слуга Мікалая І, чалавек разумны і не бяздарны, які, аднак, трэціраваў Пушкіна, Гогаля, Някрасава, Тургенева, Салтыкова-Шчадрына, саслаў на Каўказ Лермантава, займаўся жорсткай літаратурнай цэнзурай… Ці не мае адносін да яго гэтая Аляксандра з Замайскіх, пахаваная каля маленькай каплічкі ў закінутай беларускай сядзібе?
Як выявілася — мае, і непасрэднае! У Лявонція Дубельта быў малодшы брат, Пётр Васілевіч Дубельт, які нарадзіўся ў 1794 годзе ў Магілёве. Калісьці яны разам скаралі Пецярбург, разам рабілі вайсковую кар’еру… Паходжанне, дарэчы, прыпісвалі сабе фантастычнае — нібыта іх маці, Марыя, была выкрадзенай іспанскай прынцэсай, спакушанай зухаватым гусарам Васілём Дубельтам… Па сведчаннях сучаснікаў, браты яшчэ падлеткамі былі добра выхаваныя, ведалі некалькі моў… Дык вось, Пётр Дубельт ажаніўся з Аляксандрай з Замайскіх, так што гэта нявестка начальніка ІІІ аддзялення пахаваная ў Гняздзілаве!
Дубельты, Замайскія, Пушкіны
Звестак пра Замайскіх я знайшла няшмат… Сярод іншага, у спісе «Дворян Минской Губернии, давшим полномочие на подписание Всеподданейшего письма на имя Государя Императора» ад 12 лістапада 1863 гога значыцца памешчык Мазырскага павета Фадзей Замайскі і памешчыкі Мінскай губерні Аляксандр і Казімір Замайскія. Сярод студэнтаў фізічнага факультэта Віленскага ўніверсітэта ў 1820-м ёсць Генрык Замайскі. Магчыма, сваякі Аляксандры Канстанцінаўны?
Замайскія карысталіся гербам «Кердэй», з трыма лілеямі на сіняй палове шчыта. Сустрэла некалькі дакументаў, у якіх Замайскія атаясамляюцца з Замойскімі, але гэта ўсё-ткі розныя роды — польскія Замойскія былі графамі.
Пётр Дубельт падчас вайны з Напалеонам і потым, падчас вайсковай службы. Калі паненка Замайская пашлюбавалася з ім? У 1823-м у пары нарадзіўся сын Канстанцін, Пятру Дубельту было дваццаць дзевяць. Зрабіў някепскую кар’еру — на службу вайсковую паступіў 24 чэрвеня 1810 года, з шаснаццаці гадоў, у 1846—1849 гадах ужо быў камандзірам 1-га лёгкага кавалерыйскага корпуса, які дзейнічаў у Ліфляндыі і Курляндыі…
Пра нявестку, Аляксандру Канстанцінаўну з Замайскіх, неаднаразова згадваецца ў лістах жонкі Лявонція Дубельта Ганны. Нядзіўна — з 1840-х Аляксандра жыла ў доме Лявонція Дубельта ў Санкт-Пецярбургу. А значыць, сустракалася і з жонкай яго сына Міхаіла… Якой была Наталля, дачка Аляксандра Пушкіна. Таго самага паэта, чые вершы пасля ягонай смерці начальнік Трэцяга аддзялення забараніў друкаваць…
Гісторыя была дзіўная… Наталля Пушкіна, вясёлая шаснаццацігадовая прыгажуня, прыняла заляцанні Міхаіла Дубельта пасля таго, як Мікалай Арлоў, які ёй сапраўды падабаўся, не змог зрабіць ёй прапанову з-за волі свайго бацькі…
Сваякі Ташы былі супраць яе шлюбу з гулякам Дубельтам — але яна настаяла на сваім, і ў 1853-м стала пані Дубельт… Пра што пасля вельмі пашкадавала. Пляменнік мужа Аляксандры з Замайскіх быў нораву шалёнага, гулец, п’янтос, да таго ж распускаў рукі… Дачка Пушкіна хадзіла ў сіняках. З вялікай цяжкасцю дамаглася разводу…
Цікава, на чыім баку была Аляксандра з Замайскіх? Наўрад ці ішла супраць магутнай сям’і, дзе любілі вясёлага Мішу.
«Да и дорогой она тебя побережет»
Ганна Мікалаеўна Дубельт 15 ліпеня 1835 года піша мужу: «Как жаль, если Машинька Дубельт не выдержит этой болезни, жаль не для нее, а для бедных родителей. Миленькая девочка, какое бы она была для них утешение». Гаворка пра дачку Пятра і Аляксандры Дубельт Марыю. Яна нарадзілася ў 1825-м, а памерла ў 1835-м. Падобна, тая хвароба, пра якую згадваецца ў лісце, была фатальнай.
А 6 кастрычніка 1849 года Ганна Дубельт піша: «Если же ты решишь приехать теперь, то привези с собою сестру Александру Константиновну, если можно оставить хозяйство без нее в Петербурге… Если ты привезешь Александру Константиновну, а она решится расстаться с Соничкой на несколько дней, то я этому очень буду рада; и здесь тебе будет с нею веселее, да и дорогой она тебя побережет».
Тут гаворка пра другую дачку Аляксандры з Замайскіх, Соф’ю, якая нарадзілася ў 1834-м.
Значыць, менавіта муж Соф’і Дубельт і ставіў помнік у Гняздзілаве… Шкада, але пакуль я не знайшла, кім той зяць Аляксандры быў, магчыма, гэта б растлумачыла, чаму генеральша пахаваная ў Гняздзілаве.
Перыпетыі радаводаў
Але знайшліся звесткі пра сына Пятра і Аляксандры Дубельтаў, Паўла Пятровіча, генерал-лейтэнанта, не надта адукаванага, але баявітага вайскоўца. У 1863 годзе ён уціхамірваў паўстанне Каліноўскага… Пра яго і адзываюцца як пра вернападданіцкага служаку.
Між тым надпіс на помніку Аляксандры з Замайскіх зроблены на польскай мове і знаходзіцца каля каталіцкай капліцы. Пані Дубельт відавочна захавала веру бацькоў.
Цяжка разабрацца ў старых радаводах за кароткі час… Вось, напрыклад, выданне «1854. Путеводитель. 60 000 адресов из СПб, Царского Села, Петергофа, Гатчина и прочия», там гаворыцца: «Дубельт Павел Петрович, гвардии прапорщик, проживает в С.-Петербурге, ул. Захарьевская, дом № 12 (Литейная часть 4-й квартал). Этот дом принадлежит его дяде, Дубельту Леонтию Васильевичу, где проживает он сам с женой Александрой Константиновной и с сыном Михаилом Леонтьевичем Дубельтом. Здесь же проживает родной брат Павла Петровича Дубельта, Константин Петрович».
Тут відавочная памылка, бо Аляксандра Канстанцінаўна — не жонка, а нявестка Лявонція Дубельта.
Колькі ценяў мінулага вакол сціплай драўлянай капліцы… Нават Аляксандр Пушкін згадаўся. А колькі яшчэ гістарычных таямніц захоўвае Гняздзілава! Напрыклад, апошні ўладальнік сядзібы, Людвіг Слатвінскі, дапамагаў мясцоваму таленавітаму хлопцу Сяргею Вішнеўскаму. Дзякуючы яму Сяргей паступіў у Віленскую мастацкую вучэльню імя Адама Міцкевіча, стаў мастаком, займаўся фатаграфіяй. Шмат маляваў і Гняздзілава.
Калі будзеце ў тых мясцінах — не прамініце, наведайце старую сядзібу… Можа быць, увага людзей да гэтага месца нешта зменіць у яе лёсе.
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ