Рэцэнзія на 5-ю кнігу “Авантур Вырвіча”

Жыве і жыць будзе…


 

Ці ўсведамляе пісьменнік, ствараючы героя, што той будзе жыць уласным жыццём, не падкантрольным нават аўтару, ды патрабаваць працягу, развіцця, далейшых прыгод? Так адбылося з Баўтрамеем Лёднікам, галоўнай дзеючай асобай пятага ўжо рамана Людмілы Рублеўскай «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара», які не адпускаў чытача на працягу трох нумароў часопіса «Полымя» (ліпень — верасень).

Майстар інтрыгі, Л. Рублеўская праводзіць полацкага алхіміка праз самыя неверагодныя выпрабаванні. Змяняюцца гістарычныя эпохі, каралі, дзяржаўныя межы, а Чорны доктар застаецца верны сабе і пакліканню: спазнаваць таямніцы Сусвету і дапамагаць людзям, не чакаючы за тое ўзнагарод. Вобраз яркі, жывы: рысы і якасці характару настолькі запамінальныя, што адчуваеш побач яго нябачную прысутнасць. А чаго каштуе лёднікаўскі гумар — змрочны, як гісторыя, і трапны, як стрэлы Амура! Мажліва, вобраз Лёдніка — гэта мужчынская частка іпастасі сутнасці самой аўтаркі? Л. Рублеўская ўклала ў яго ўласнае светаўспрыманне і светабачанне.

Твор насычаны крылатымі выразамі, трапнымі выслоўямі, слушнымі ва ўсе часы (а не толькі для характарыстыкі гістарычнай эпохі): «Уладу мае не той, у каго грошы, а той, у чыім распараджэнні царскае вуха…», «Што гераічнага ў тым, што князь хоча і ў ваду не залезці, і рыбку з’есці?», «…лезці паміж молатам і кавадлам, або Радзівіламі і каралём, не варта. Скарыстаюць і забудуцца, як на дзіравы чаравік», «…то цябе да прыступак трону падкіне, то ў сутарэнне вязніцы шпурне», «Чым больш паношаны жупан, тым зараз ганаровей: памяць продкаў беражэцца! Патрыёты праз дзедавы боты», «Традыцыі для пана заканчваліся дыяментавым гузам на шапцы».

Аўтарскі погляд на гісторыю цалкам тыповы для нашага беларускага менталітэту: няма месца ні высокаму гучнаму пафасу, ні чорнай безнадзейнасці і беспрасветнай трагедыйнасці, нягледзячы на ўвесь драматызм. Наадварот, на прыкладзе Лёдніка мы бачым: беларус здольны на ўсё, нават на немагчымае, калі ён на ўласнай зямлі, што стагоддзямі ўбірала ў сябе кроў і ахвяры войнаў, рокашаў, лютых сечаў. Выжываць — гэта якраз тое, што ў беларуса атрымліваецца найлепш.

Увагу і цікавасць чытача трымаюць небяспечныя прыгоды, у якія, сам таго не жадаючы, пастаянна трапляе Лёднік: толькі скончыліся пошукі святога рога — героі апынаюцца ў горадзе пад уладай Жалезнага Пацука. Уцяклі адтуль — доктар за кратамі ў спальні вар’яткі Тэрэзы Радзівіл, якая дзеля забавы тыцкае ў яго распаленымі ў печы прутамі… Дзеючыя асобы другога плана — гістарычныя постаці: Пане Каханку, Радзівілы, Антоній Тызенгаўз, Жан Жылібер. Некаторыя прозвішчы вельмі блізкія да сапраўдных: так, пад Багінскімі хаваюцца Агінскія. Вельмі імпануе аўтарскі прыём кожны раздзел пачынаць альбо з кароткага інтрыгоўнага апісання, якое падрыхтоўвае чытача да будучай дзеі, альбо са згадкі далёкіх рэалій, што нейкім чынам запаралельваюцца з сучаснасцю герояў. І нават адсылка ў фінале твора да санета Максіма Багдановіча (які на момант падзей яшчэ не нарадзіўся) не выклікае непаразумення: «…Залаты паўлін паспрабаваў узляцець, але дзе там — перакормленае цела, цяжэнны шыкоўны хвост, дый, можа, яшчэ і крылы падрэзаныя…

— Вось сымбаль твой, забіты краю родны, — скрозь зубы прамармытаў Лёднік пры паглядзе на няўдалы ўзлёт».

Як і кожны з чатырох папярэдніх, раман завяршаецца хэпі-эндам. Таму смела можна чытаць уражлівым асобам з тонкай душэўнай арганізацыяй — настрой не азмрочыцца, галоўны герой жыве і жыць будзе. Нават калі і захоча, аўтар ужо не зможа яго забіць…

Яна БУДОВІЧ

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.