«Справа не ў многасці, а ў вытрываласці і настойнасці малых лікам»

Калі пішаш пра яго, увесь час сутыкаешся з нейкім падвойным успрыманнем… Зрэшты, і пісьменнік Ян Скрыган адзначаў: «Даволі доўгі час мне думалася, што Цішка Гартны і Змітрок Жылуновіч — два чалавекі. І нават калі ўжо ведаў, што гэта няпраўда, усё роўна кожнае прозвішча выклікала свой вобраз. Цішка Гартны — паэт, пышнавалосы, тонкі, высокі і стройны, з кволым пявучым голасам; Змітрок Жылуновіч — грузны, мажны мужчына, малагаваркі, з цяжкім поглядам воч, строгі і нават суровы, прывучаны, каб яго слухаліся».


Пра тую ж падвойнасць казаў скульптар Заір Азгур, якому давялося ляпіць скульптурны партрэт Зміцера Жылуновіча і… перарабляць. Пачаў «з налётам байранізму», узятым ад «стихотворных настроений», потым зразумеў, што недарэчы…

«Как мне быть, если этот человек, которого я уже хорошо вроде бы узнал и даже привязался к нему как увлеченный его поэзией слушатель-читатель, постоянно меняется в своем эмоциональном состоянии?

Пожалуй, дело не в том, в каком состоянии ноздри — в миноре или в мажоре. И не в глазах, в которых может быть то грусть, то умиротворенный покой, то гнев, то тихая радость. И уши могут передавать вот сию минуту, скажем, настороженность, а потом вдруг даже беспечность. А пальцы — посмотри! — то как бы ищут «подсказки», настраиваются на что-то, то обрадованно берут перо и что-то выводят на бумаге, им самим отрадное, нужное, приятное… Есть нечто промежуточное между всем этим…»

Янка Скрыган, калі ўпершыню пабачыў Цішку Гартнага, адзначыў, што ён быў апрануты так, «што ўсё на ім не мірылася між сабою». Новае чорнае паліто занадта шчыльна абцягвала фігуру, танчыла і меншала яе, занадта вялікія акуляры займалі зашмат месца на твары, капялюш і гальштук-матылёк здаваліся нетутэйшымі, «зрысованымі з дыкенсаўскіх персанажаў»…

«Люцкія дзеці вунь колькі памагаюць сваім бацькам, а ты ўсё грызешся!»

Ён сам сябе такім зрабіў. Хлопец-пастушок з Капыля, пазбаўлены магчымасці вучыцца (у настаўніцкую семінарыю не прынялі з-за праяўленага ў сачыненні «вальнадумства»). Удалося скончыць вучэльню, якую адчынілі ў Капылі ў 1904 годзе, пры гэтым «Меня упрекали в том, что я дармоедничаю, пренебрегаю трудом, а стараюсь быть барином — товарищи; родители, в свою очередь, тяготились тем, что я в юношеских летах мало оказываю им поддержки. А мой вспыльчивый характер, как нарочно, способствовал этому и обострял семейные отношения до невозможного. Требовалось малейшего случая, чтобы поднять в хате свару и получить по своему адресу столько незаслуженных упреков от темных и, может быть, совсем не виновных родителей, что долго не сходила горечь души и не покидало волнение: «Яшчэ крычыць! замест падзякі за тое, што кормім і адзяем — вунь што ат сынка маем! Дажыліся, дачакаліся! Люцкія дзеці вунь колькі памагаюць сваім бацькам, а ты ўсё грызешся!»

Гэта з аўтабіяграфіі Цішкі Гартнага, напісанай у 1917-м, якая захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.

Пастушок і гарбар стаў першым кіраўніком Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь (так яна напачатку называлася), напісаў раманы і зборнікі вершаў… Быў адным са стваральнікаў часопіса «Полымя», стагоддзе якога мы адзначаем сёлета. Можна толькі здзіўляцца ягонай энергіі, празе да пераўтварэнняў… І радавацца, што гэты чалавек у юнацтве, дзякуючы выпадковаму знаёмству з газетай «Наша Ніва», аддаў свой талент, свае арганізатарскія здольнасці менавіта беларускай культуры. Хоць крытык Леў Клейнбард, калі Жылуновіч працаваў на заводзе ў Санкт-Пецярбургу, угаворваў яго пісаць на рускай мове, хвалячы ягоныя рускамоўныя творы ў часопісе «Новая жизнь», «прарочачы мне ў расійскай літаратуры будучыню, а ў беларускай — змарнаванне таленту».

Да Льва Талстога ў Ясную Паляну ён не патрапіў, як марыў, а вось да Якуба Коласа ў Пішчалаўскі замак прабіўся. Гэта пасля ўсе навыперадкі пачалі сцвярджаць, як падтрымлівалі Коласа ў цяжкія хвіліны… А тады не асабліва шмат было ахвотных падпасці пад падазрэнне ўладаў, наведаўшы маладога літаратара ў вязніцы. Зміцер Жылуновіч быў не з баязлівых. Не адразу знайшоў Коласа — таго перавялі ў жаночую турму каля Брэсцкага вакзала. Дамогся спаткання, налгаўшы, што стрыечны брат. Была небяспека, што Канстанцін Міцкевіч мімаволі выдасць свайго нечаканага госця…

«Праз хвіліны тры паказаўся Я. Колас. З доўгаю чорнаю барадою, з першым адзнакам лысіны, ён быў адзеты ў чыстую жоўтаватую вышытую рубашку; падпяразаны поясам — вобраз нігілістага — якім апошні мне маляваўся».

Колас паглядзеў, вядома, здзіўлена, але падаў госцю руку.

«Найбольш слухаю Андрэя Белага»

Шмат цікавага пра асобу Зміцера Жылуновіча можна даведацца з яго лістоў, дасланых з Германіі ў 1921—1922 гадах, — ён арганізоўваў там па заданні маладой савецкай рэспублікі друк беларускіх выданняў, бо там гэта можна было зрабіць у тры разы танней.

У лісце да Міхаіла Мароза, таксама капыляніна і наркама асветы, ад 16 снежня 1921 года Гартны скардзіцца: «Здаецца, што больш нікому (ды мабыць так і ёсць) няма ніякага дзела да таго, што я тут сяджу і духова цярплю ўсё ж для вялікай ідэі культурнага адраджэння беларускага працоўнага народа… Што ж, няхай. Справа не ў многасці, а ў вытрываласці і настойнасці малых лікам».

Гартны быў рухавіком падзей, яго раздражняла, што за ім не паспявалі. Вось што гучыць у лісце ад 23 снежня: «Вельмі цешыць мяне студыя і тэатр. Адабраю тваю рашучую тактыку: без яе санлівы Мінск нічога б не зрабіў бы. Братка, і далей не глядзі на Мінск: там вельмі асцярожныя людзі, і калі што трэба зрабіць — дык паўгода думаюць. Толькі на другіх нагаворваць любяць».

У лісце ад 16 студзеня 1922 года нараканні працягваюцца:

«Ведаю і знаю я ўсю млявасць беларускую, нерухомасць і кіслятню. Імі заражаны ўсе. Няма ні ў кога ініцыятывы. Бывала, будучы ў Мінску, колькі мне прыходзілася паштурхаць кожнага, каб зрабіць тое ці сёе. Пратэст супраць польскіх гвалтаў, стрэча Коласа, Купалы, хата мастацтва, зборнік памяці Булата — усё пачынаў я і каб не я — то ніхто не зрабіў бы нічога.

…Я, прызнацца, цяпер толькі хвілінамі маю пазывы да арганізацыйнай працы. Але чуюся, што я да яе вярнуся. Больш і больш забіраюць верх думкі — пайсці, вярнуўшыся ў Беларусь, на завод, к сабачцы, дзёгцю і скуры. Пасля 8-гадзіннай фізічнай працы штодня ўсесціся за творчасць».

За два гады, дзякуючы арганізатарскім здольнасцям Жылуновіча, у Германіі было надрукавана 10 назваў беларускіх кніг агульным накладам 138 500 экзэмпляраў. У лісце ад 2 лютага Жылуновіч з гонарам паведамляе: «Праца ўжо наша зарухала. У Лейпцыгу друкарні згатовілі нашы знакі і пачалі набіраць «Алгебру». Другая друкарня ў Берліне гатовіць з свайго боку знакі і на днях будзе друкаваць «Лемантар». «Наша крыніца» Лёсіка зараз жа здаецца ў друк, толькі дамалюем пятнаццаць новых малюнкаў. «Песельнікі» набіраецца таксама, «Арыхметыка» таксама. «Граматыку» і «Разразную азбуку» — выслаў».

Жылуновіч займаецца і працай над сабой. «Добра абгледзеў музеі… Зрэдку хаджу на даклады і лекцыі сякіх-такіх больш-менш цярплівых эмігрантаў. Найбольш слухаю Андрэя Белага, чалавека лаяльнага да нас, бальшавікоў».

Аддаць касцюм, занесці труну

У архіве захоўваюцца ўспаміны пра Зміцера Жылуновіча, сабраныя ягонай дачкой, якая стала вучоным-філолагам. Пляменнік, Д. С. Андрусевіч, згадвае:

«У майго малодшага брата, таксама Алега, нешта здарылася з каленам, ён нават не мог хадзіць. Яго прывезлі ў Мінск, каб паказаць урачам. Дык дзядзька нёс яго на плячах да трамвая, а потым да бальніцы, а Алегу ў той час было ўжо гадоў дзесяць».

Успамінае пра Зміцера Жылуновіча і зямлячка Вера Чарнушэвіч. Ёй параілі звярнуцца да яго, калі прыехаў адведаць маці, — бацькі не пускалі Веру далей вучыцца, сродкаў не было. Жылуновіч дапамог Веры паступіць у педвучылішча, пасяліў у сябе. Хоць вялікая па мерках вяскоўцаў кватэра — адзін пакой, дзе месціліся Жылуновіч з жонкай, дачкой і маленькім сынам, у другім пакоі жыла сям’я Чарвяковых. Мелася яшчэ агульная зала-сталовая. Вось там і пасялілася Вера разам з сястрой Цішкі Гартнага Ліляй.

Вера ўспамінала, як да Жылуновіча прыйшоў нейкі па-жабрацку апрануты чалавек. Аказалася — стары таварыш, які толькі дабраўся сюды з месца высылкі. Жылуновіч тут жа прапанаваў яму месца ў ЦВК, а каб той мог прыйсці на працу — аддаў свой парадны касцюм.

«…тот стал отнекиваться. Дмитрий Федорович рассердился, притопнул ногой и крикнул: «Вы должны на службу явиться в приличном виде. Поэтому больше ничего не говорите мне».

Когда ушел посетитель, я сказала: «Ну, и задаст вам перцу, Д. Федорович, Надежда Степановна, когда узнает, что Вы отдали свой выходной костюм. Вам не в чем будет в театр пойти».

А Дмитрий Федорович и говорит мне: «Я не мог бы считать себя коммунистом, если бы не дал человеку костюма, в приличном виде явиться на работу. У меня приличных два костюма, а у него ни одного».

«Неужели, — говорю я, — все коммунисты должны отдавать свои вещи другим, у кого их нет?»

«Да, — говорит Д. Федорович. — Кто так не поступает, тот не ленинец, не коммунист…

Однако в жизни я не видела больше таких коммунистов».

Памятаю, як уразіў у свой час факт: Пятрусь Броўка да апошняга шкадаваў, што не пайшоў на пахаванне бабулі, бо яе хавалі «з папом», а ён быў камсамольцам.

Вось успамін земляка Цішкі Гартнага, Мікалая Шкілевіча:

«Калі памёр муж яго сястры, Дзмітрый Фёдаравіч прыехаў на пахаванне. А тады ж хавалі з папом, нябожчык абавязкова павінен быў пастаяць у царкве. Дзмітрый Фёдаравіч папрасіў маладых хлопцаў, каб яны дапамаглі аднесці труну ў царкву. Але хлопцы адмовіліся, тлумачачы сваю адмову тым, што яны камсамольцы. І ім потым дастанецца за тое, што яны пайшлі ў царкву. А Дзмітрый Фёдаравіч не пабаяўся: ён і сам нёс труну і ў царкве быў. Потым аднасяльчане папракалі хлопцаў: «Падумаеш, камсамольцы! А вось Зміцер камуніст і ўсё роўна не пабаяўся пайсці ў царкву».

«Я доброволец: я острижен под «0»

Зміцер Жылуновіч, як і многія яго паплечнікі, стаўся ахвярай рэпрэсій. Ён быў арыштаваны 15 лістапада 1936, а 7 красавіка 1937-га, пасля жорсткіх допытаў, пераведзены ў Магілёўскую псіхіятрычную лячэбніцу. Там і памёр — скончыў жыццё самагубствам. Яго жонка Надзея Сцяпанаўна і дачка Галіна былі асуджаныя як члены сям’і ворага народа. Адбывалі высылку ў Баpовічах Ленінгpадскай вобласці. Сына Алега, які нарадзіўся ў 1923-м, улетку 1937-га маці адправіла ў Ленінград, да сваёй сястры Лізаветы Івановай. Алег скончыў школу, паступіў на настаўніцкі факультэт педінстытута імя Герцэна…

Пачалася вайна.

У БДАМЛМ захоўваюцца ўспаміны аб Алегу Жылуновічу яго сястры Галіны і яго лісты. Давайце перабяром гэтыя пажаўцелыя аркушыкі — сведкі агульнанароднай трагедыі.

У Алега быў вельмі кепскі зрок, але ён хацеў абараняць Радзіму. 8 ліпеня 1941 года васямнаццацігадовы Алег Жылуновіч піша ў Баровічы:

«Мама и Галка!

Я жив и здоров. Работаю в штабе. Как уже сказал, решил подать заявление о вступлении добровольцем.»

9 ліпеня з радасцю паведамляе:

«Да, я получил повестку; я доброволец: я острижен под «0» и являюсь бойцом химического взвода нар. ополчения Фрунз. р-на г. Л-да, сплю на нарах. Буду защищать Родину. Вот!!!!!»

У лісце ад 16 ліпеня гаворыцца, што апалчэнцаў апытваў камандзір палка для прызначэння на перадавую, і Алега забракавалі. Але ён не спыніў спроб патрапіць на фронт. 21 жніўня ў райваенкамаце камісар яму сказаў: «Для Р.К.К.А. вы не существуете, ибо не годны для нее абсолютно, как боец». Юнак не здаўся: «на другой же день поступил в скорую помощь на курсы медбратьев (ездящих в машинах)».

10 верасня Алег распавядае пра сваю новую працу: «Я работаю, вожу больных и раненых…, мы привыкли, их теперь бывает штук 8 в день и пару ночью. Конечно, канонада и взрывы бомб. Ну, ничего, Ленинград есть и будет советским. Я сам погасил одну зажигательную бомбу, упавшую в трех метрах от нашей машины».

Хлопец згадвае, што хлеба не хапае. А яшчэ настойліва просіць сваякоў з’язджаць з Баровічаў.

У наступным лісце, ад 17 верасня, Алег напіша, што працуе па 36 гадзін запар, а яшчэ «У нас был сбор теплой одежды бойцам нашей доблестной армии и флота: я отдал шапку-ушанку. Ничего — на зиму куплю новую».

І зноў просіць — з’язджаць, у Камлышаў Свярдлоўскай вобласці, куды пераехала цётка Кацярына.

Алег часта просіць маці зберагчы марку з канверта — ён іх збіраў… І цяпер яны захоўваюцца ў архіве, тыя маркі…

Маці і сястра пераехалі ў Камлышаў і выжылі. Сястра Галя казала, што ў Алега была магчымасць з імі з’ехаць — але ён упарта адмаўляўся, хацеў абараняць Ленінград ад фашыстаў. Алег загінуў у 1942-м, як паведамілі сваякам, — пры бамбёжцы шпіталя… Па іншых звестках, смерць наступіла ад дызентэрыі. Юнак трапіў у шпіталь, калі яго падабралі на вуліцы, знясіленага ад голаду. Дыягназ — «Истощение ІІІ ст».

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.