Урывак з раману “Сутарэнні Ромула”

З раману “Сутарэнні Ромула”

Раздзел 13.

Агонь навагодняга балю

Колькі разоў гэты горад знішчаўся амаль цалкам… Яго нішчылі татары, шведы і маскоўцы, пажары, паводкі і пошасці… А ён аднаўляўся.

Аднаўляўся ён і цяпер, пасля чарговай ваеннай навалы… Людзі, як мурашкі, карпатліва разбіралі па каменьчыку завалы, ладзілі трамвайныя шляхі і лініі электраперадач… Ніякая галеча не магла зменшыць радасці ад таго, што настала Вялікая Перамога, што нялюдская вайна скончаная, і жыццё чалавечае нарэшце набывае каштоўнасць… Вярталіся надзеі і святы.

Новы, 1946 год рыхтаваліся адзначыць як мага пышна… Толькі старыя памяталі, што калісьці ў праваслаўных гэта быў час каляднага посту і да Раства Хрыстова, каляднай вячэры і падарункаў ад Святога Мікалая заставаўся цэлы тыдзень, а каталікі ўжо тыдзень як тую калядную вячэру з’елі… Цяпер ёлкі, прыкрашаныя на вершалінах чырвонымі зоркамі, ставіліся па ўсёй краіне менавіта ў гонар Новага года. У вызваленай сталіцы Беларусі самы пышны, самы вялікі баль мусіў адбыцца ў клубе магутнай арганізацыі, якая аддана змагалася з ворагамі народа, нямецкімі шпіёнамі і імперыялістычнымі дыверсантамі ўсіх масцей. Трэцяга студзеня ў клуб імя Дзяржынскага на плошчы Свабоды былі запрошаныя паўтысячы лепшых вучняў горада і лепшыя настаўнікі. Якая бойка адбывалася за тыя запрашальнікі! Колькі інтрыгаў закруцілася, колькі слёзаў пралілося! Расказвалі легенды пра незвычайныя падарункі і пачастункі, якія чакаюць шчасліўчыкаў. Па ўсім Мінску шылі пышныя сукенкі — хто з атласу і крэпдэшыну, а хто і з парцьераў ці накрухмаленай марлі… Нехта здабываў для танцаў на паркеце лакавыя лодачкі з саюзніцкай дапамогі, а нехта падфарбоўваў самаробныя парусінавыя туфлі на пяньковых падэшвах…

Гэта мусіла быць адмысловае савецкае свята.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры мінскай сярэдняй школы нумар тры не атрымала запрашэння на гэтую вечарыну. Не таму, што яна была не самай лепшай настаўніцай, але акрамя педагагічных якасцяў улічвалася шмат што… Членства ў партыі, удзел у грамадскім жыцці… А яшчэ — ці быў пад акупацыяй, ці ўдзельнічаў у партызанскім і падпольным руху, ці няма падазроных сувязяў…

Пад акупацыяй жанчыне давялося пабываць, але нічым яна сябе не запляміла. У вёсцы ў цёткі давялося перажыць нашэсце карнікаў, ледзь уратавала сябе і малую дачку ад смерці ў падпаленай адрыне, у якую фашысты сагналі жыхароў. Потым — партызанскі атрад, праца настаўніцай у лясной школцы, удзел у баявых дзеяннях… Гэта дало права пасля вызвалення атрымаць пакой у камуналцы падвальнага паверха шыкоўнага дома на вуліцы Горкага, дзе жылі вядомыя пісьменнікі, толькі тыя, зразумела, не ў падвале, і выкладаць у прэстыжнай гарадской школе. Але жанчына мела пляму ў біяграфіі — яе муж яшчэ да вайны быў расстраляны як нацыянал-фашыст і агент польскай дэфензівы… Таму настаўніцу ніколі не пасылалі на злёты і з’езды перадавікоў адукацыі, і білетаў на імпрэзы, падобныя гэтай, у клубе Дзяржынскага, ён не прызначалася.

А яна не пайшла б і сама. Не хацела сустракаць людзей з магутнай канторы, увогуле зноў мець хоць нейкае дачыненне з НКУСам… І дачку сваю яна б не пусціла.

Але Ірынка — лепшая вучаніца харэаграфічнай вучэльні, якая адчынілася ў Мінску ў год Перамогі, будучая зорка савецкага балета. Каму трэба, ведаюць, хто яе бацька, якога яна сама не памятае, але паблажліва дазволілі станьчыць разам з іншымі навучэнкамі на ўрачыстым навагоднім балі… А сукенку, пышную, як дзявочы сон, Ірынка сшыла сабе сама — так ужо любіць уборы майстраваць, відаць, намарылася ў сваім страшным дзяцінстве пра прыгожыя сукенкі…

Настаўніца стамлёна адсунула стос сшыткаў… Магла б не правяраць — вакацыі. Але хацела наступную чвэрць пачаць з разбору хатніх сачыненняў пра любімага героя беларускай літаратуры, якія папрасіла здаць на апошнім уроку. Дзеці стараліся, прыкрашалі аркушыкі малюнкамі, адзін хлопчык напісаў нават у вершах — пра героя Змітрака Бядулі, прыгоннага генія Салаўя. Да таго ж звыклая праца дапамагае скараціць чаканне, прыгасіць незразумелую трывогу…

Жанчына вызірнула ў акно, дзеля чаго давялося стаць на зэдлік, бо ў падвальным паверсе яно месцілася пад самай столлю. Настаўніца была яшчэ дастаткова маладая і прыгожая: зграбная постаць, твар з правільнымі рысамі, цёмныя бровы ўразлёт, вялізныя блакітныя вочы, вакол якіх толькі зблізку можа было ўгледзець сетку дробных зморшчын. Ды і сівізна ў залатых косах, укладзеных каронай вакол галавы, не заўважная…

«Ты ў мяне як актрыса!» — часта з гонарам гаварыла Ірынка, худзенькая, але жвавая і пругкая, нібы маладая казуля.

Калі ж яна вернецца? Палітончык, як кажуць, ветрам падшыты… Хоць бы не пацягнулася, натхнёная святам, па вуліцах блукаць… Відаць, феерверкі пачалі пускаць, неба ажно асвятлілася над плошчай Свабоды.

Жанчына ўздыхнула і хацела ўжо злазіць на падлогу… Але за акном пачулася сірэна. Праехала пажарная машына… Яшчэ адна… Міліцыя… Устрывожаныя людскія галасы… Нехта прабег туды, дзе ззяла святочнымі сполыскамі неба…

Святочнымі?

Настаўніца кінулася ў вітальню, ускінула футра-цыгейку, пуховую хустку… Людзей на вуліцах рабілася ўсё больш, яны беглі за Оперны тэатр, у бок плошчы… Усё часцей гучэла: «Пажар! Пажар! Дом культуры загарэўся!».

Там было пекла… Як у вайну. Сыпаліся іскры, нешта трашчала, выбухала… Валіў чорны дым. З вокнаў высоўваліся языкі полымя і дзеці, якія крычалі, прасілі дапамогі… Пышныя спадніцы, гэтак любоўна пашытыя матулямі і бабулямі, успыхвалі, як фанцікі… Нехта выкідваўся ўніз — кагосьці паспявалі злавіць на расцягнутыя шынялі… Мароз быў такі, што аблітыя вадой выратаваныя рызыкавалі зараз жа памерці ад ахаладжэння… Пад вокнамі клуба мітусіліся роспачныя людзі, выкрыкваючы імёны сваіх дзяцей… Настаўніца таксама бегала і крычала:

— Ірына! Ірачка!

Божа мой, ды ці ёсць ты — зберагла дачку ад спецдамоў для дзяцей ворага народа, ад фашысцкіх карнікаў, ад голаду там, у лесе — каб страціць цяпер, у мірны час, на навагоднім свяце! Алесь, любы, даруй!

— Ірачка!

— Мама!

Настаўніца кінулася на родны голас, расштурхоўваючы людзей.

— Ірачка!

— Я тут!

Высокі ваенны ў шынялі нёс на руках дзяўчынку. Жанчына кінулася да яе.

— Асцярожна. Яна абгарэла… Асабліва ногі… — задыхана і хрыпла прамовіў вайсковец і азірнуўся ў пошуках дапамогі, бо яго захістала. — Дзе ж дактары? «Хуткая дапамога»? Яе трэба ў бальніцу…

— Мамачка! Як балюча! — плакала Ірынка, і жанчына скінула з сябе футра, разаслала на снезе.

— Кладзіце яе сюды!

Ваенны асцярожна паклаў юную балерыну на футра. І сам са стогнам сеў побач, проста на снег, цяжка перхаючы. Настаўніца зрывала з сябе хустку, кофту, захутвала дачку, плачучы і ад неверагоднай палёгкі, і ад жаху — бо ногі, цудоўныя, таленавітыя ногі яе дачкі былі спрэс ранай…

— Нічога, нічога, любенькая, зараз цябе адвязуць у бальніцу, падлечаць… Будзеш таньчыць лепей, чым раней!

— Мама, ён нас выратаваў! Мы за сцэнай засталіся, выйсці самі не маглі, бо дэкарацыі пападалі. Танечку вынес, Іну… Потым па мяне вярнуўся — а я і ісці не магу, бо на мне нешта ляжыць…

Настаўніца схапіла вайскоўца за руку, паднесла яе да вуснаў… Той з няёмкасцю адняў руку.

— Ну што вы! Мы ж савецкія людзі!

Ад пажару светла было, амаль як днём. Жанчына разгледзела выратаваўцу: малады, гадоў дваццаць сем, высокі ўпарты лоб, просты нос, хвалістыя валасы… Нешта было ў гэтым абліччы, што змусіла сэрца сціснуцца ад застарэлага болю.

— Скажыце, прашу вас, як вас завуць?

— Павел Корб-Варановіч, лейтэнант артылерыі, зараз — студэнт фізфака. Давучваюся.

І закашляўся…

Настаўніца адчула, што ў яе спынілася на хвілю сэрца… Пад горла падступілі рыданні. Не можа быць! Яна ж па запавеце мужа спрабавала перад вайной знайсці Корб-Варановічаў, але дарэмна. Ёсць Гасподзь! Ёсць воля Ягоная…

Ірынка заплакала ад болю… Настаўніца бездапаможна забегала, спрабуючы знайсці медыкаў… Кінулася да машыны з чырвоным крыжам — але яе ўжо загрузілі так, што дзверцы не зачыняліся…

— Толку не будзе… Занадта шмат параненых, — прахрыпеў той, хто выратаваў Ірыну. — Чакайце, зараз трохі галавакружэнне пройдзе… Дапамагу занесці дзяўчынку. Тут жа Другая Савецкая бальніца зусім побач.

Лейтэнант Корб-Варановіч стаў на калені, зачарпнуў прыгаршчай снег, з сілай расцёр твар, скроні… Страсянуў галавой… Падняўся, трохі пахістваючыся, на ногі.

— Дыму наглытаўся… Ну што, маленькая, адпраўляемся? Пацярпі яшчэ трохі… Як цябе завуць?

Падхапіў на рукі, панёс. Настаўніца мітусілася, паспяваючы за ім, захутваючы на хаду сваё дзіця, нешта гаворачы супакойвальнае, хаця душылі слёзы… А побач гэта жа на руках неслі дзяцей… Кульгалі самі ахвяры, хто мог…

Назаўтра людзі шапталіся, што, хаця ў зводках значылася сто семдзесят загінулых падчас пажару ў клубе, насамрэч іх нашмат болей. Шапталіся і пра тэрарыстычны акт… Але следства зваліла ўсё на дзіцячыя штукарствы. Нібыта сын аднаго з нкусаўцаў з агнём забаўляўся… І ўвогуле, няма чаго языкі распускаць, паніку разводзіць. Не было пажару на навагоднім балі.

 

Грушаўка, замеценая снегам, нічым не адрознівалася ад звычайнай вёскі, хаця была мінскім прадмесцем і насялялі яе самыя натуральныя гарадскія пралетарыі. Да весніцаў аднаго з дамкоў падышла высокая жанчына ў цыгейкавым футры і белай пуховай хустцы, з пакункам у руцэ. Руды віславухі сабака весела рваў ланцуг, сыплючы на някліканую госцю хрыплы брэх. З хаты выйшла таўсматая кабета, хутаючыся ў кажух.

— Што вам?

— Мне Марыну Паўлаўну Варановіч… — адказала госця.

— Гэта з другога боку… Прайдзіце па сцежцы, вось тут, — патлумачыла кабета і гукнула на ланцуговага вартаўніка: — Рудзька, сціхні! Вушы, далібог, закладае!

Рудзька, аднак, заліўся брэхам яшчэ адчайней, але відаць было, што не ад злосці, а каб паскакаць, пагарэзаваць… Хвост у яго круціўся, як прапелер у аэраплана.

— Ціха, ціха, міленькі… — прагаварыла госця, заходзячы на двор. Сцежка, пратаптаная ад веснічак, вяла за рог хаты, хадзілі тут, падобна, досыць часта, і нават пяском пасыпалі. За рогам аказаўся яшчэ адзін ганак і дзверы, акуратна пафарбаваныя ў зялёны колер, з сінімі ромбамі, якія нагадвалі скандынаўскі арнамент. Жанчына трохі памарудзіла, змагаючы хваляванне, і пастукала ў дзверы. Пачуліся крокі, груканула клямка. Гаспадыня, худзенькая, невысокая жанчына з зусім сівымі валасамі, забранымі ў вузел, глядзела на госцю насцярожана-запытальна.

— Добры дзень, Марына Паўлаўна! Я… мне трэба з вамі пагаварыць. Ваш сын нядаўна на пажары выратаваў маю дачку.

Насцярожанасць знікла з вачэй гаспадыні.

— Праходзьце, калі ласка…

У хаце вясковага не было нічога. Нават печку нехта расфарбаваў дэкадэнцкімі сінімі вензелямі на белым фоне. Шмат кніг — на паліцах, на этажэрках, старасвецкі круглы столік, накрыты кавалкам цюлю, з вышытымі па краях рабінавымі гронкамі, зверху на круку звісае газоўка. На стале — парцалянавыя кубкі і цукарніца, у куце ля акна — швейная машынка «Зінгер»… Дарэвалюцыйная, сапраўднае багацце ў пасляваенным горадзе.

— Гэта вам…

Госця працягнула гаспадыні цяжкі пакунак, тая замахала рукамі.

— Нічога не возьмем, нават не думайце!

— Ды вы паглядзіце адразу…

Марына Паўлаўна паклала падарунак на стол, разгарнула… Стос сініх кніжак, старых, з залатым абрэзам.

— Блок! Поўны збор твораў! Божа мой, ад гэтага сапраўды немагчыма адмовіцца!

Гаспадыня прагна разгарнула верхні томік.

О весна без конца и без краю.

Без конца и без краю мечта.

Узнаю тебя, жизнь, принимаю,

И приветствую звоном щита…

— Дзякуем! Як я даўно гэтага не чытала! Паўлік таксама Блока любіць.

— Гэта ад бібліятэкі майго мужа засталося, — ціха прагаварыла госця. — А вы не памятаеце мяне, Марына Паўлаўна?

Гаспадыня ўгледзелася ў гожы твар.

— А мы раней сустракаліся?

— Так, мы прыходзілі да вас у ленінградскую кватэру, на Сёмай лініі, калі былі студэнтамі філфака. Я — Вераніка Вяжэвіч, жонка Алеся Вяжэвіча.

Гаспадыня паклала сіні том на іншыя, нібыта ён апёк ёй рукі.

— Не думаю, што нам ёсць пра што гаварыць.

Вераніка сутаргава ўздыхнула, але вачэй не апусціла.

— Я прыйшла не толькі для таго, каб падзякаваць… Хаця Ірына — гэта ўсё, што засталося ў мяне ў жыцці, і даражэй за жыццё. Але я прыйшла і для таго, каб выканаць апошнюю волю вашага мужа і майго.

Худзенькая жанчына сціснула кулакі.

— Што агульнага магло быць у Апанаса з Алесем Вяжэвічам? Я помню, як Апанас мне распавядаў пра цкаванне яго ва ўніверсітэце… Колькі ён перажыў! А як ваш муж з сябрамі мяне дапытваў! Я пасля вашага візіту кожны дзень чакала арышту.

Вераніка Вяжэвіч сцягнула хустку на плечы, сціснула яе краі.

— Майго мужа расстралялі ў тым жа годзе, што і вашага. Толькі трохі пазней. Быў выпадак, калі яны апынуліся ў адной камеры. Паверце, між імі ўжо не было ранейшай варожасці. Яны… паважалі адзін аднаго. Апанас Іванавіч распавёў Алесю адну страшную гісторыю… Папрасіў вам пераказаць. Ды Алесь, якога вызвалілі на нейкі час, вас не знайшоў — ні ў Ленінградзе, ні ў Саратаве. А перад тым, як яго зноў забралі, сказаў мне адшукаць вас.

Марына Корб-Варановіч раздражнёна выцерла слёзы, якія навярнуліся на светлыя вочы.

— А я ж толькі нядаўна даведалася, што Апанас загінуў у трыццаць восьмым. Мне ж не казалі… Я ўсю вайну думала, што ён жывы… І Паўліку на фронт пісала — жывы бацька, пра цябе пытаецца, чакае перамогі і вызвалення… Колькі запытаў ва ўсе інстанцыі… А колькі пасылак пераслала — і хоць бы адну, навалач, вярнулі… Толькі ў верасні атрымала паперку — асуджаны Апанас Корб-Варановіч памёр ад ішэмічнай хваробы сэрца ў бальніцы мінскай турмы. Я не сумнявалася, што хаваецца за гэтым эўфемізмам… Сардэчная хвароба са свінцу… — Марына Паўлаўна зноў правяла па твары вузкай даланёй. — Сядайце… Зараз зраблю гарбаты з трускаўкамі. У нас ёсць сапраўдны цукар, не сахарын… А як вашая дачушка?

Вераніка стамлёна села на венскае крэсла, старое, вытанчана-нетрывалае.

— Дактары кажуць, што хадзіць зможа. Праўда, лячэнне зойме не адзін год. А вось таньчыць… З балетам давядзецца развітацца. А яна ж такая таленавітая… Ведаеце, нават у партызанскім лагеры канцэрты паказвала… Адзін падрыўнік у нас добра на вуснавым гармоніку граў, дык Ірынка такое вырабляла… Полечка, кракавяк, танец маленькіх лебедзяў… У вучэльню адразу конкурс прайшла, першым нумарам… Але галоўнае — жывая. Не прападзём… Яна яшчэ і шые добра, любіць строі прыдумваць. Магчыма, на мадэльера захоча пайсці.

— Мне вельмі шкада… — ціха і шчыра прамовіла гаспадыня. — Вы піце, піце гарбату… І печыва пакаштуйце.

А потым яны разам плакалі, нават не робячы спробы суцешыць адна адну.

— Вось чаму Апанас па начах крычаў нешта пра Ся­рожачку… — урэшце прагаварыла Марына. — Бедныя… І тыя, у сутарэнні, і Апанас… Як ён жыў з гэтым… Думаў, што я не дарую…

— Нас усіх час ламаў, — ціха прамовіла Вераніка. — Алесь мне таксама не змог прызнацца, што ягоную размову з Апанасам Іванавічам канспектавалі асабісты… Ён нічога не ведаў. А выйшла — нібыта ён правакатар. Таксама дараваць сабе не мог… Па начах плакаў…

— А вы адкуль даведаліся?

— Былі ў мяне… крыніцы інфармацыі… — глуха прагаварыла Вераніка, нібы цераз сілу, і гаспадыня заўважыла, што госцю пачынае калаціць, як ад ліхаманкі. — Я не магу пахваліцца, што выйшла чысценькай. У мяне таксама было… індывідуальнае пекла.

І схавала твар у далоні.

Марына Корб-Варановіч з далікатнасці памаўчала. Потым перавяла размову на іншае.

— Вось жа і на мне ёсць правіна… Вы засталіся Вяжэвіч, а я нават прозвішча не захавала. У пашпарце я — проста Варановіч. І сына так запісала. Надта паўсюль чапляліся, што «Корб-Варановіч» гучыць арыстакратычна. А так бяспечней. Варановічаў на Беларусі як азёраў. Толькі Паўлік не змірыўся, упарта называе сябе Корб-Варановічам. Характарам у бацьку…

На двары зноў забрахаў нястомны Рудзька, пачуліся галасы суседзяў… Сціхлі. Вераніка выпрасталася.

— І яшчэ адно… Вельмі важнае. Тая палова срэбнага кубка, што захоўваецца ў вас… Такая ж ёсць і ў сям’і Вяжэвічаў. І ваш муж, і мой больш за ўсё хацелі, каб кубак не патрапіў у рукі органаў, але і не знік, працягваў перадавацца ў спадчыну. Разам з таямніцай роду.

— Так, Апанас пра гэта гаварыў… Я схавала ягоны кубак у…

— Не гаварыце мне, дзе! Не прамаўляйце ўслых… — адразу спыніла жанчыну госця. — Я таксама сваю палову перахавала… Няхай пра месца даведаюцца толькі нашыя дзеці, бо настане ж час, калі гэтыя рэліквіі можна будзе беспакарана ставіць хоць у буфет. І няхай пераходзяць далей…

— Я выканаю гэта…

…За акном пачынаў згушчацца ранні зімовы прыцемак, снег зрабіўся сінім, а неба імкліва чарнела, нібыта шэрая прамакатка ўсмоктвала атрамант з перакуленай чарніліцы. Гаспадыня запаліла газоўку, і цені адбегліся ў куты пакоя, як віжы. Вераніка парушыла маўчанне.

— Марына Паўлаўна, а дзе вы зараз працуеце? Вы ж, наколькі я памятаю, мая калега, выкладчыца беларускай…

Кабета горка ўсміхнулася.

— Куды ўжо мне… У школцы я толькі пару гадоў у маладосці і выкладала, да замужжа. Не хачу прасіцца на працу, дзе пачнуць пераглядаць маю падазроную біяграфію. Яшчэ Паўліку нашкоджу. Уладкавалася ў Дом фізкультуры, выдаваць спартыўны інвентар.

Абедзве памаўчалі, перабіраючы ў думках успаміны…

— Хоць бы ведаць, дзе магіла Апанаса! — горка прагаварыла гаспадыня. — Каб хоць так развітацца…

— Я ведаю прыблізна… — ціха сказала Вераніка, і яе суразмоўца ўскочыла.

— Адкуль?

— Свёкар распавёў… Перад тым, як засіліцца. Ён быў доктарам, працаваў у турэмнай бальніцы, — з няёмкасцю патлумачыла госця.

— Ведаю, Апанас гаварыў… І дадаваў, што ад Вяжэвічаў нічога іншага і не чакаў. Прабачце…

Вераніка кіўнула галавою.

— Алесь са сваім бацькам таксама не надта ладзілі. Хаця той рабіў усё, што магчыма, каб абараніць сям’ю, скарыстаўшы службовае становішча. Не змог… І свякроў забралі, і Алеся… Іх забілі практычна там жа, дзе і Апанаса Іванавіча. Гэта пад Мінскам, на Цне.

— Адвядзіце мяне туды!

Светлыя вочы сівой жанчыны пазіралі так адчайна, быццам яна прасілася за сваё жыццё.

— Толькі ж — там проста яміны… Насыпы… А цяпер усё замецена, дый асачыць могуць, — папярэдзіла Вяжэвіч.

— Мне ўсё адно! Я не магу чакаць спрыяльнага надвор’я… Я ўжо дзесяць гадоў мрою хоць пра найменшую звестку пра яго… Прашу вас! Як хутчэй!

— Добра, добра… Як я магу адмовіць… — Вераніка ўстала і пачала завязваць хустку. — У школе цяпер вакацыі, так што я не занятая. А ў вас калі вольны дзень?

Твар Марыны Паўлаўны прасвятлеў надзеяй.

— У сераду. Давайце дамаўляцца, дзе сустрэнемся.

 

Калісьці ў гэты час ад хаты да хаты хадзілі калядоўшчыкі, людзі гатавалі шчодрую куццю, дзяўчаты лілі ў ваду воск і кідалі за вароты чаравік, каб спраўдзіць адвечныя дзявочыя трывогі: ці выйдзе замуж, калі, за каго…

Магчыма, гэта яшчэ недзе рабілася, крадма, ціха, але не тут. Хаты бліжэйшай вёскі, замеценыя снегам па шыбы, здаваліся непрыветна маўклівымі, нават дым з іх комінаў нагадваў не пра ўтульнасць хатняга цяпла, а пра пякучы дотык агню…

Дзве ўдавы з цяжкасцю прабіраліся па замеценай дарозе між хмызоў да недалёкага лесу.

— Напэўна, трэба было ў абход пайсці, па шашы, — задыхана сказала маладзейшая, больш высокая і зграбная.

— Нічога, дойдзем, — супакоіла яе старэйшая, падобная постаццю да падлетка на фоне станістай спадарожніцы. — За мяне не хвалюйцеся, Вераніка… Я трывушчая.

На шчасце, завірухі сёння не было, хаця неба навісала шэрым саванам…

— Вунь туды цяпер, направа… — сказала маладзейшая. — Якраз выйдзем на дарогу.

Дзве постаці ўпарта прабіраліся да лесу. Сосны ў накінутых на цёмныя шаты белых бурносах нагадвалі змрочных вартавых.

— Цяпер хвілінаў пятнаццаць лесам — і зноў направа… Толькі б не замецена было. Я тут апошні раз у лістападзе была, на Дзяды…

Але на лясной дарозе, куды яны звярнулі, бачыліся свежыя сляды ад колаў. Тут даволі часта ездзілі машыны. У глыбіні лесу раздаўся адзіночны стрэл… Жанчыны трывожна перазірнуліся.

— Няўжо… тут яшчэ расстрэльваюць? — ціха прашаптала Вераніка.

Марына Паўлаўна нахмурылася.

— Не думаю… Месца, вы ж самі казалі, ужо вядомае ў народзе, катаў, якія сюды вазілі, таксама знішчылі свае ж яшчэ да вайны. Дый хто будзе капаць яміны такімі маразамі! Страляў нейкі паляўнічы… Думаю, няма чаго турбавацца.

Яны збочылі са сцежкі і выйшлі на просеку. Снег тут ляжаў няроўнымі гурбамі, скрэмзанымі слядамі ад лыжаў.

— Вось… Недзе тут… Пад адным з гэтых узвышшаў ляжыць мой муж, пад другім — ваш… Дакладней вам ужо ніхто не скажа, — ціха прагаварыла Вераніка. І дадала, як сама сабе.

— Прывітанне, Алесь…

Побач пачулася такое самае, ціхае і горкае:

— Прывітанне, Апанас… Любы…

Трое лыжнікаў, двое юнакоў і дзяўчына, у цёплых шараварах і куртках, у яркіх вязаных шапачках і шаліках, праляцелі па лыжні, весела ўскрыкваючы, калі лыжы падскоквалі на ўзгорках, на хвілю адрываючы сваіх уладароў ад засыпанай снягамі зямлі… Маладзёны неўразумела паглядалі на двух жанчын, якія асобна адна ад адной прагульваліся па сумётах, спыняючыся, прыгінаючыся…

— Пралескі шукаюць! — весела пракрычала лыжніца сябрам, і кампанія са смехам памчала далей, да берага Цны.

Дзве цёмныя постаці наблізіліся адна да адной.

— Ну што, можа, пойдзем? — папыталася маладзейшая жанчына.

— Зараз… Яшчэ хвілінку… — папрасілася старэйшая, чый голас перарываўся ад плачу. — Прабачце… Але даўно мне не ўдавалася так выплакацца. Нібыта ў Апанаса на плячы… — вінавата ўсміхнулася. — Супакоюся… А то да людзей выходзіць брыдка.

З таго боку, адкуль яны прыйшлі, зашаргатаў снег. Да ўдоваў набліжаўся мужчына ў ватоўцы. Мужчына як мужчына: загарэлы хударлявы твар, упэўненыя рухі чалавека, які звык да вандровак, пранізлівыя цёмныя вочы ў сетцы глыбокіх зморшчынаў… Падобна, звычайны паляўнічы, бо за плячыма ў яго вісела стрэльба, а да пояса з патранташам быў прычэплены падстрэлены заяц.

— Дабрыдзень, жанчынкі! Нешта невясёлая ў вас прагулка, гляджу?

Усмешка і голас былі шчыра аптымістычныя. Вераніка кінула хуткі позірк на напятую Марыну Паўлаўну.

— Мы проста так сюды заблукалі. Яловых лапак хочам наламаць, упрыгожыць актавую залю.

—  А вочы заплаканыя, —  зазначыў паляўнічы. – Нешта вы тут, нібыта па могілках, ходзіце, грамадзяначкі.

— На Беларусі ўся зямля – могілкі, – не вытрывала Вераніка, і Марына Паўлаўна спалохана абняла яе:

— Ціха, Вераніка… Не слухайце яе…

— Так, загубілі народу праклятыя фашысты! – мужчына спачувальна паківаў галавой, дастаў пачак папяросаў «Казбек», вытрас адну, прыкурыў…— Дык што, у вас тут і праўда пахаваны хтосьці?

— А каб і так, якая вам справа? – не вытрывала Вераніка, у якой усё ў душы пераварочвалася ад упэўненага тону паляўнічага.

—  Ну вы скажаце – якая справа… Савецкі чалавек ніколі ад чужой бяды не адвернецца. І ад усяго падазронага таксама. Пільнасць страчваць нельга, грамадзяначкі. Фашыстаў пагналі, а бандыты ж засталіся, паліцэйскія недабіткі, шпіёны…

Незнаёмец паглядзеў, нібыта ўкалоў цёмнымі вачыма.

— А вы ж гарадскія, так? На настаўніц падобныя… У калгасе, куды мяне парторгам прыслалі, цяпер добрая школка… Дабіўся, каб адрамантавалі. Нядаўна дзвюх настаўніц-камсамолак прыслалі ажно з Масквы. А адну, старую, арыштавалі. Пры немцах  у школе выкладала,  дзяцей новаму парадку вучыла, сука. Таксама інтэлігентная. У берэціку белым хадзіла. Цяпер не пафарсіць.

Жанчыны маўчалі, самі не разумеючы, чаму іх апаноўваў халодны жах. А паляўнічы спакойна выпусціў у зімовае паветра струмень казбекаўскага дыму.

— Так, пільнымі трэба быць, жанчынкі. Вораг – ён паўсюль хаваецца. Я ўжо добра гэта ведаю.  Давялося вылоўліваць гадаў.

Мужчына кінуў недапалак пад ногі і прамовіў на развітанне з прыхаванай насмешкай:

— Ну, ламайце свае яловыя лапкі…

Зручней закінуў стрэльбу за плечы і пайшоў пругкай хадою ў бок Цны. Марына Паўлаўна з плачам села на снег.

— Божа мой, як я напалохалася, мне раптам падалося, што гэты чалавек мог быць з тых, што забілі нашых мужоў!

— Уставайце, уставайце, пойдзем хутчэй… — зашаптала Вераніка, падымаючы яе. — Нам нельга тут заставацца…

Калі яны, падтрымліваючы адна адну, выйшлі з лесу, Вераніка парушыла маўчанне трывожным шэптам:

— Як вы думаеце, гэты чалавек выпадкова тут апынуўся?

Марына Паўлаўна варухнула збялелымі вуснамі.

— Магчыма, што невыпадкова.

Кабеты зноў замаўчалі. Калі яны наблізіліся да замеценых снегам дамкоў, Вераніка папыталася гэтак жа ціха:

— Вы казалі Паўлу пра тое, куды мы ідзём, увогуле, хто я?

Марына Паўлаўна паматала галавою.

— Не, не казала…

— Правільна! І не кажыце! — горача зашаптала Вераніка, азіраючыся, нібыта іх маглі падслухоўваць проста тут, на дарозе. — І я дачцэ нічога не скажу… Яна і пра бацьку дакладна нічога не ведае. Толькі, што загінуў рана. Дзяцей трэба зберагчы…

— Так, ваша праўда… Дзяцей трэба зберагчы. І акрамя гэтага анічога не мае значэння.

Яны развіталіся на ўскрайку горада, калі ўжо сцямнела. Вераніка села ў трамвай, Марына Паўлаўна суха, амаль незаўважна, кіўнула на развітанне і засталася на прыпынку, хаця ёй трэба было ехаць таксама ў гэты ж бок. Але Вераніка не насмелілася яе ўгаворваць ці дамаўляцца на наступную сустрэчу. Магчыма, ім і праўда лепей не падтрымліваць знаёмства…

Трэба заехаць у краму, атаварыць прадуктовыя карткі… Каб занесці Ірынцы ў бальніцу штось смачнае. Няхай не стане балерынай, няхай не спазнае гучнай славы… Але працягне род Вяжэвічаў і аднойчы атрымае ў спадчыну ад продкаў палову срэбнага кубка, рассечанага невядома калі і навошта.

За вокнамі трамвая свяціліся яшчэ рэдкія агні горада, што паўставаў з руінаў.

А калі на голых галінках кволых дрэўцаў, высаджаных ля Тэатра оперы і балету, паказаліся празрыста-зялёныя кволыя лісткі, у акно падвальнай кватэры пастукалі.

— Вам пасылка!

Мужык у непадпяразанай гімнасцёрцы, пакінуўшы вазок ля пад’езда, звалок па прыступках цяжкую скрынку.

— Ну, гаспадыня, куды ставіць?

Дзяўчынка, што ляжала на ложку пад акном з кніжкай казак у руках, папыталася:

— Мама, што гэта?

— Не ведаю… — паціснула плячыма гаспадыня. Пасыльны спрытна разламаў скрынку і дастаў адтуль разабраную нажную машынку «Зінгер», яшчэ дарэвалюцыйную, чорную, бліскучую, з выгінастымі, як рогі аленя, каванымі падстаўкамі…

— Вось, сказалі даставіць для дзяўчынкі, якая надта добра шые. Відаць, гэта ты і будзеш, вачастая? А плаціць не трэба, мне ўжо заплочана… Ну, куды паставіць?

— Мама, швейная машынка! — дзяўчынка схапілася за мыліцы, што стаялі каля ложка, і падкульгала да свайго шчасця. — Вось сюды, дзядзечка, пастаўце. Да акна, каб відней было!

Мужчына спрытна сабраў машынку, нацягнуў на чорнае металёвае кола скураны раменьчык…

— Ну, хай добра шыецца! Можа, прыйду, замоўлю што!

І пайшоў.

У падвальнай кватэры нібыта стала святлей і цяплей. Дзяўчынка ўселася на падстаўлены маці зэдлік і паспрабавала націснуць нагой на ўзорыстую каваную педаль, войкнула ад болю, але ўсё-ткі націснула. Кола лёгка зрушылася, з мяккім шоргатам закруціліся хітрыя механізмы…

— Гэта ты купіла, мама?

— Не, дарагая… Гэта падарунак табе ад адной добрай цёткі. Ты яе не ведаеш.

— Я стану самай лепшай у свеце швачкай, мама! І пашыю табе сукенку, як у каралевы!

— Добра, Ірынка! Я дачакаюся…

У горадзе панавала вясна. Узгоркі ў лесе над празрыстай рачулкай Цной прыкрасіліся шыкоўным кілімам кураслепу, і гарадскія дзеці бегалі па ім са шчаслівым смехам, і збіралі кволыя букецікі, і палілі вогнішчы ў гэтым цудоўным, бесклапотным, жывапісным месцы, у якім чамусьці там-сям нехта ставіў драўляныя крыжы. Але яны вельмі хутка гэтак жа немаведама кім прыбіраліся, і нішто не азмрочвала спакой гараджан, якія прыходзілі сюды, каб адпачыць на прыродзе…

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.