Янук, рыцар Мятлушкі П’еса-казка ў 3-х дзеях

Людміла Рублеўская Янук, рыцар Мятлушкі П’еса-казка ў 3-х дзеях

Дзейныя асобы

Мятлушка.
Янук Шукайла-Залескі.
Князёўна Даратэя.
Кадук.
Лесавічок.
Жытнічак.
Начніцы.
Страхі.
Дзея першая

Ясная летняя ноч. На галінах дрэў гушкаюцца Мятлушка — танклявая дзяўчына ў лёгкай шэрай сукенцы, з пушыстымі попельнымі валасамі і празрыстымі крыламі за спіной, і яе сябры — Лесавічок і Жытнічак.

Мятлушка. Як хораша сёння ў лесе! Як ласкава свеціць Маці-Поўня!
Лесавічок. А на ялінах ужо выраслі зялёныя свечкі-пупышкі, духмяныя-духмяныя!
Жытнічак. І жыта ўжо зарунела… Калі яно вырасце вышэй за мяне, пойдзем зноў гуляць у хованкі!
Мятлушка (мройна). Як мне хочацца, каб здарылася нешта незвычайнае! Можа, збегаем да русалак, паслухаем іх песні?
Лесавічок. Не, лепей падыдзем да Чорнага балота, паглядзім, як з дрыгвы ўсплываюць срэбныя лілеі!
Жытнічак. Ціха, сябры, нехта ідзе!
Мятлушка. Гэта чалавек!
Лесавічок. Давайце павесялімся!
Жытнічак. Ён зусім малады — і адзін! Зараз настрашым!

Хаваюцца за ствалы дрэў. На паляну выходзіць малады хлапец у шляхецкай, але вельмі падранай вопратцы, з рыцарскім мячом. Гэта Янук.

Янук (спявае).
Высакародны рыцар
Нікога не баіцца.
Ён па зямлі вандруе,
Каб ратаваць люзей.
Апалая ігліца
Пад месяцам іскрыцца,
І рыцар, што вандруе,
На сцежцы не ўпадзе.
З трох бакоў на Янука кідаюцца з жахлівымі крыкамі Мятлушка, Лесавічок і Жытнічак, стараюцца напалохаць. Янук выхоплівае меч.

Янук. Ах вы, подлыя нападнікі! Я — высакародны шляхціц і ніколі не адступаю! Вось я вас!..

Янук ганяецца за жартаўнікамі, але дзе дагоніш гарэзлівых юных духаў!Нарэшце ўсе стамляюцца.

Мятлушка (крычыць). Перастаньце! (З добрай усмешкай падыходзіць да Янука). Глядзіце, ён зусім не спалохаўся!
Янук. Вы хто такія?
Мятлушка. Я — Мятлушка, дачка Поўні.
Лесавічок. Я — Лесавічок, сын лесу.
Жытнічак. А я — іх сябрук, Жытнічак. Мая маці — русалка, а дом — жытнёвае поле. А як завуць цябе?
Янук (кланяецца з вялікай годнасцю, урачыста адказвае). Пан Янук Шукайла-Залескі!
Лесавічок. Чаму ж такі высакародны пан — ды без каня?
Янук (не паднімаючы вачэй, паўтарае завучаную байку). Дарогай здарылася са мною страшнае няшчасце. Быў у мяне цудоўны конь з каралеўскае стайні. Але яго з’елі ваўкі…
Мятлушка. Ваўкі?! У нашым лесе?
Янук (збянтэжыўшыся). Ваўкі…
Жытнічак. А чаму такі высакародны рыцар ходзіць без капелюша?
Янук (ужо без ранейшай упэўненасці). Дарогай здарылася са мною страшнае няшчасце. На маім цудоўным капелюшы быў вялікі дыямент з каралеўскага куфэрка. Але магутны арол…

Мятлушка падыходзіць да юнака і дакорліва глядзіць яму ў вочы, але той усё-ткі працягвае аповед.

…прываблены бляскам, кінуўся на гэты дыямент і знёс… разам з капелюшом…
Мятлушка. Ну на што ты маніш? Вось дзіўныя вы, людзі! Хочаце здавацца не такімі, якія вы ёсць.
Янук (жадаючы апраўдацца). Мой род высакародны. Мой прадзед, дзед і бацька ваявалі за караля…
Жытнічак. І пакінулі цябе ў падраных портках!

Абражаны Янук спрабуе злавіць гарэзніка, але той залазіць на дрэва і дражніцца адтуль.

Мятлушка (прымірэнча). Куды ж ты ідзеш?
Янук. У палац Кадука, ратаваць князёўну Даратэю!

Слухачы ўражаныя. Нават Жытнічак злазіць з дрэва і падыходзіць да Янука.

Лесавічок. Вар’ят! Ніхто з людзей не можа прайсці ў палац да Кадука!
Жытнічак. Кадук з’яўляецца толькі ў адну хвіліну — апоўдні, і толькі тады, калі яго паклічуць.
Лесавічок. Як пажадае хто-небудзь каму: «Кадук цябе забяры…», то Кадук з’явіцца…і забярэ…
Жытнічак. Князёўна Даратэя гэтаксама апынулася ў Кадука! Я чуў, што яе бацька, вялікі князь, так моцна на яе раззлаваўся, што і сказаў гэтыя словы… І якраз трапіў на страшную хвіліну. Пасля, канешне, шукаць кінуўся, узнагароду абвясціў таму, хто верне дачку…
Мятлушка. Не можа быць, не можа быць, каб родны бацька сказаў такое на дачку!
Янук. Вядома, ніхто не мог сказаць такое цудоўнай панне Даратэі! Я знайду гэтага подлага Кадука і заб’ю яго!
Лесавічок. Але ісці трэба праз Чорнае балота…
Жытнічак. Але палац Кадука вартуюць Начніцы і Страхі…
Янук (дэкламуе).
Хай сонца паліць,
Хай дождж імжыць,
Зліецца неба з зямлёй —
А рыцар мусіць заўжды служыць
Чароўнай Даме сваёй.
Я знайду цябе, о панна Даратэя!
Мятлушка. Няўжо ты не баішся?
Янук. Калі хочаш служыць сваёй Даме — нельга баяцца нічога. Каб вы ведалі, якая панна Даратэя прыгожая! Аднойчы яна скінула мне з балкона кветачку…

Янук беражліва дастае схаваную на грудзях кветку. Мятлушка бярэ яе, каб разгледзець, і палохаецца.

Мятлушка. Ой, яна несапраўдная!
Лесавічок. Як гэта можа быць? (Бярэ кветку.) Ой, праўда, яна мёртвая! (Аддае кветку Жытнічку.)
Жытнічак. Нежывая кветка! Фу! (Кідае яе на зямлю.)
Янук. Што вы разумееце! (Беражліва падымае кветку, хавае.) Гэта штучная кветка з самага тонкага шоўку. Панна Даратэя любіць прыгожыя рэчы.
Мятлушка. Нежывыя рэчы любіць нельга!
Лесавічок. Ды ён проста хоча зрабіцца князем! Ведаем мы такіх выратавальнікаў! Здзейсніць подзвіг, а пасля яму — паўкняства давай і князёўну ў дадатак!
Янук (мройна). Я мару толькі пра адно… Я выратую яе, стану перад ёй на калена… (паказвае), а яна пакладзе сваю белую ручку мне на плячо і скажа: «Высакародны Янук Шукайла-Залескі, ты добра служыў мне, і я пасвячаю цябе ў свае рыцары!»
Мятлушка. Паслухай, не хадзі да Кадука… Ты загінеш!
Лесавічок. Акрамя таго, твой меч — бяссілы. Кадука можа забіць толькі месячны прамень — нездарма ж Кадук з’яўляецца толькі ўдзень, а ў яго палацы заўсёды свеціць сонца.
Янук. Як жа можна прынесці туды прамень? Яго не зловіш…
Мятлушка. Чаму? Гэта вельмі проста! Глядзі!

Мятлушка бярэ ў рукі месячны прамень. Янук, уражаны, спрабуе зрабіць тое самае, але ў яго не атрымліваецца.

Жытнічак. Яна — дачка Поўні! Толькі Мятлушка можа ўзяць у рукі месячны прамень!
Янук. Рыцарскі меч адолее любога злодзея, а шляхецкая адвага вартая любой чароўнай зброі! Але ж я з вамі забавіўся.
Мятлушка. Давай я правяду цябе, Янук!
Янук. Яшчэ чаго! Не хапала, каб шляхціцу дапамагала лясное дзяўчо. Бывайце! (Адыходзіць).
Лесавічок. Пабеглі да русалак!
Жытнічак. Пабеглі!
Мятлушка. Вы бяжыце, сябры, а я прылячу пазней.

Жытнічак і Лесавічок выбягаюць.

А я ўсё-ткі прыгледжу за гэтым рыцарам… (Накіроўваецца ўслед за Януком.)
Дзея другая

Чорнае балота. Янук з цяжкасцю прабіраецца па карчах.

Янук. Хай… сонца паліць… Хай… дождж імжыць… Зліецца…неба з зямлёй… А рыцар… О халера!(Ледзь не падае.) Мусіць заўжды… служыць… Чароўнай Даме сваёй… О халера! (Правальваецца ў дрыгву.)

З’яўляецца Мятлушка.

Мятлушка. Трымайся, рыцар! (Дапамагае юнаку выбрацца на цвёрдую глебу.)
Янук (адчувае сябе прыніжаным). Дзякуй табе… Але я б і сам выбраўся…
Мятлушка. Ты б выбраўся! Недарэка! Ты ж зусім не ўмееш хадзіць па балоце. Глядзі, бачыш — высокая белая трава? Гэта сівец. Трэба ступаць толькі там, дзе ён расце. А ты палез проста ў багну!
Янук. Калі-небудзь я пастараюся таксама выратаваць цябе…
Мятлушка. Ну чаму ты ўвесь час «задаешся»? Трэба быць простым, як гэтыя зоры, як кветкі, тады зробішся мудрым.

Янук хоча ісці далей, але небарака зусім згубіў арыентацыю. Памкнуўся ў адзін бок, у другі. Спрабуе ступіць на купіну, але зноў ледзь не правальваецца ў багну. Тады, спрабуючы захаваць шляхецкую годнасць, звяртаецца да Мятлушкі, якая з добразычлівай і крыху іранічнай усмешкай сочыць за яго дзеяннямі.

Янук. Можа быць, добразычлівая панна падкажа мне, у якім баку знаходзіцца палац Кадука?
Мятлушка. Падкажу, калі пан Янук такі ўпарты…
Янук. Я хачу вызваліць князёўну Даратэю!
Мятлушка. Ну тады пайшлі, я цябе правяду. (Паказвае дарогу). А што, князёўна Даратэя прыгажэйшая за мяне?
Янук (узнёсла). Яна — прыгожая, як сонца! Не, ты, канешне, таксама прыгожая… Толькі… нейкая шэрая.
Мятлушка (з уздыхам). Я — начны матылёк, дух месячнага лесу. Мае колеры спяць. А вось і балота скончылася. Ой, глядзі! Сюды ідуць Начніцы! Яны вартуюць шлях да палаца!

Набліжаюцца Начніцы — прыгожыя дзяўчаты ў цёмна-сініх туніках, густа ўсыпаных зоркамі-блішчынкамі.

Першая Начніца. О рыцар! Хадзі са мною — я зраблю цябе самым багатым у свеце! Я аддам табе сто патаемных скарбаў — ты купіш сэрцы першых прыгажунь і мячы найлепшых вояў! (Перасыпае з рукі ў руку золата.)
Мятлушка (шэпча). Не вер ім, яны хочуць загубіць цябе!
Другая Начніца. Хадзі са мною, рыцар! Я дапамагу табе здабыць славу! У мяне ёсць зачараваныя даспехі і зброя, ты будзеш пераможцам на ўсіх рыцарскіх турнірах!(Паказвае залаты лаўровы вянок.)
Трэцяя Начніца. Са мною! Толькі са мною, рыцар! Ты разумны і адважны, табе павінна належаць улада! Я зраблю цябе каралём вялікай дзяржавы, ты будзеш караць і літаваць, аб’яўляць вайну і заключаць мір. Вялікія дзеянні чакаюць цябе, рыцар! (Працягвае Януку карону.)
Янук. Шаноўныя пані, дазвольце мне прайсці, бо я — верны рыцар панны Даратэі і магу служыць толькі ёй.

Начніцы круцяцца вакол Янука, нашэптваюць сваё: «Улада!», «Слава!», «Багацце!»

(Спрабуе вырвацца з іх кола, нарэшце выхоплівае меч.) Прэч адсюль, морак начны!

Начніцы разлятаюцца.

Мятлушка. Малайчына, Янук! Начніцы служаць Кадуку, бо зло аднолькавае і ўдзень, і ўначы. Але гэта яшчэ не перамога! Сюды набліжаюцца Страхі — слугі Кадука. Мне страшна, Янук!
Янук. Не бойся, Мятлушка, я з табою!

Мятлушка хаваецца за Янука. Падыходзяць Страхі — пачварныя істоты. Яны стараюцца напалохаць Янука, прымусіць яго адступіць.

Страхі (разам).
Мужнасць і вернасць
Растануць, як дым.
Страх — не ў начы.
Страх — у сэрцы тваім.
Страхі ўладараць людскою душой!
Рыцар, спыніся!
(крычаць адзін за адным)
Ты мой!
Ты мой!
Ты мой!
Ты мой!
Янук разганяе Страхі мячом. Раптам святлее і наперадзе паказваюцца вялікія залатыя вароты.

Мятлушка. Вось ён, уваход у палац Кадука!
Янук. Нарэшце! Даратэя, даражэнькая, я тут! Я хутка! (Падбягае да варот і спрабуе іх адчыніць. Яго спыняюць крыкі.)
Лесавічок. Пачакай! Не адчыняй вроты, пакуль не адыдзе Мятлушка!
Жытнічак. Мятлушка! Мілая! Ледзь знайшлі цябе!
Мятлушка. Сябры! Як вы сюды трапілі? Як вы перайшлі праз Чорнае балота? У вас жа няма крылаў, як у мяне!
Лесавічок. Бываюць імгненні, калі ў кожнага вырастаюць крылы.
Жытнічак. Мы паспелі своечасова. Ляці хутчэй дадому, хавайся!
Янук. А што пагражае шаноўнай паненцы?
Лесавічок. Хіба ты не ведаеш, што ёй нельга паказвацца на сонцы? Сонца спаліць яе крылы! Сонца заб’е яе! А там, у палацы Кадука, увесь час — поўдзень!
Мятлушка. Праўда… А я нібыта і забылася…
Янук. Ну што ж, калі так — дзякуй табе, Мятлушка… (Падыходзіць, паціскае ёй руку.) Ляці, хавайся! Толькі хутчэй!

Мятлушка падыходзіць да Жытнічка, просіць.

Мятлушка. Жытнічак, міленькі!Я пайду, схаваюся… Ты залацісты, як сонечны прамень, ты зможаш прайсці незаўважна ў Кадукоў палац… Прыгледзь за Януком, каб не здарылася з ім бяда. Тады раскажаш мне.
Жытнічак. Добра, Мятлушка… Толькі дзеля цябе!

Лесавічок і Мятлушка, узяўшыся за рукі, уцякаюць. Янук адразу ж расчыняе вароты і заходзіць у палац. За ім крадма прабіраецца Жытнічак.
Дзея трэцяя

Палац Кадука. Вельмі светла. Але святло нейкае нежывое, сляпучае. Кругом блішчыць пазалота. На вялікім шыкоўным ложку спіць князёўна Даратэя, багата і ярка апранутая. Каля ложка — накрыты на дваіх столік, прыгожыя крэслы з высокімі спінкамі, трумо з усялякай парфумай. На падлозе — пушысты кілім-самалёт, прыкаваны залатым ланцугом да спецыяльнага слупка. Янук падыходзіць да Даратэі.

Янук. Ты спіш, мая панна! Я ведаю, пракляты Кадук зачараваў цябе. Але я ведаю, як цябе пабудзіць — пра гэта напісана столькі казак! Прабачце, мая дарагая, што вымушаны скрасці пацалунак з вашых чароўных вуснаў! (Схіляецца над князёўнай, хоча яе пацалаваць.)
Даратэя (сонным голасам). Гэта ты, стары чорт? Што ты мне прынёс? (расплюшчвае вочы, палохаецца.) Ой, хто гэта?
Янук (становіцца на калена). Шаноўная панна Даратэя, няўжо вы не пазнаяце вашага адданага рыцара? Ваша кветка заўсёды каля майго сэрца (дастае кветку, паказвае), а ваша імя — на маіх вуснах! Я прыйшоў вызваліць вас!
Даратэя. А, помню… Юнак пад балконам… Значыцца, ты прыйшоў вызваліць мяне? Гэта прыемна. (Устае з ложка, садзіцца перад люстэркам, прыхарошваецца.)
Янук. Шаноўная панна! Хутчэй пойдзем адсюль!
Даратэя. Пойдзем? Спадзяюся, ты прыехаў у карэце? З табой многа слуг?
Янук. (разгублена). Папраўдзе кажучы, я…(Глядзіць на ганарлівы твар князёўны і паныла паўтарае сваю легенду.) Дарогай здарылася са мною страшнае няшчасце. У мяне была цудоўная залатая карэта, запрэжаная коньмі з каралеўскае стайні… Але іх з’елі ваўкі…
Даратэя. Разам з карэтай?
Янук. Карэта, пазбаўленая такім подлым чынам коней, пакацілася пад адхон і, упаўшы ў страшэнна глыбокае возера, затанула…
Даратэя. Разам з фурманам і лёкаямі?
Янук (адчуваючы, што князёўна з яго насміхаецца, спрабуе змяніць тэму размовы). Але я не смею больш займаць каштоўны час высакароднай паненкі аповедамі пра свае няшчасці. Даратэя, прашу вас, хутчэй пойдзем адсюль!

У пакой заходзіць Кадук. Ён зусім нястрашны. Таўшчэзны стары, які маладзіцца. Апрануты ў чорны сурдут і капялюш-цыліндр, відавочна з іншай эпохі. Белая кашуля, лакіраваныя чаравікі, у пятлічцы — кветка. У руках — вялікі прыгожы букет штучных кветак і куфэрачак.

Кадук (здзіўлены з’яўленнем Янука). Вось нечаканыя госці!
Янук (выхоплівае меч). Абараняйся, подлы выкрадальнік паненак! Я, Янук Шукайла-Залескі, выклікаю цябе на смяротны бой!

Князёўна Даратэя ўскрыквае і падае ў непрытомнасці на ложак. Што не перашкаджае ёй час ад часу прыўзнімаць галаву, каб сачыць за падзеямі.

Кадук (спакойна і лагодна). Ай-яй-яй, малады чалавек! Як не сорамна! Толькі ўвайшоў у чужую хату, адразу з мячом на безабароннага старога гаспадара… А яшчэ шляхціц!

Янук сумеўся. Не ведае, што рабіць, апускае меч.

Давай лепш прысядзем, спакойна абмяркуем усе прэтэнзіі і прапановы.
Жытнічак (выглядвае з-за трумо). Не слухай Кадука! Ён цябе падмане!

Янук сядае на прапанаванае крэсла, але адчувае, што не можа з яго ўзняцца. Дарэмна спрабуе юнак вырвацца.

Янук. Гэта несумленна! Не па-шляхецку!
Кадук (павучальна). Якія неспакойныя маладыя людзі ў наш час… Толькі ўсадзіш іх на ўтульнае месца — адразу кудысьці мкнуцца, то князёўнаў ратаваць, то Кадукоў забіваць…

Тым часам прыбягаюць Кадуковы слугі — Страхі, звязваюць юнака, адбіраюць у яго меч. Кадук са смехам кладзе букет і куфэрак на ложак, каля князёўны Даратэі. Ён скідвае цыліндр і сурдут, слугі падаюць яму чорны, з залатой аздобай плашч, карону і меч. Цяпер Кадук сапраўды падобны на злога чараўніка. Ён падымае меч і падыходзіць да Янука.

Даратэя (прыўзнімае галаву). Кадучок, няўжо ты так жорстка абыдзешся з гэтым прыгожым маладым чалавекам?
Кадук. А што зробіш, сонца маё? У маім становішчы нельга цярпець канкурэнтаў, асабліва калі яны маладыя і прыгожыя.
Даратэя. Але ж ён такі бескарыслівы, такі адданы… (Капрызна.) Мне яго шкада!
Кадук (падыходзіць да Даратэі, гаворыць напаўголаса). Падумай сама, дыяменцік мой. Калі я зараз не скончу з ім, ты можаш застацца не толькі без гэтага (дастае з куфэрка, які нёс у падарунак, прыгожае калье), але і без усяго гэтага (абводзіць рукою шыкоўны пакой). А ўспомні пра ўласны кілім-самалёт (паказвае), пра бурштынавы палац на беразе мора! А птушынае малачко, што спецыяльна для цябе прыносяць Мроі з Млечнага Шляху!

Даратэя кажа сваё штучнае «Ах!» — і зноў падае на ложак.

Жытнічак. Хутчэй пабягу па дапамогу! Мятлушка павінна нешта прыдумаць! (Выбягае)

Кадук зноў, не спяшаючыся, набліжаецца з мячом да Янука. Той глядзіць проста ў вочы свайму кату, сцяўшы вусны, спакойны і мужны.

Кадук.
Што перад бляскам золата і сталі
Пялёсткі дабрыні, агеньчык веры?
Хто ўбачыць хараство Мятлушкі шэрай?
Хто непахіснасць рыцара пахваліць?
Чароўнай Даме дораць дыяменты,
А не ўздыханні, мой ты рыцар бедны…
Падымае меч, але раптам чуюцца крыкі «Мятлушка, стой, ты загінеш!»
Улятае Мятлушка. Яркае святло асляпляе яе, яна прыкрываецца рукою. Кадук адтупае, бачачы, што Мятлушка трымае ў другой руцэ месячны прамень. Страхі таксама аступаюцца, з бояззю паглядаючы на чароўную зброю ў руцэ дзяўчыны.

Кадук. Не падыходзь! Табе тут не месца, дзіця ночы! Калі ты наблізішся да майго святла, загінеш! Пашкадуй сябе! Ляці назад!
Мятлушка. Мне ўсё роўна!
Лячу на прывідны агонь,
Мая любоў зямная.
Хай ночы цёмнае крыло
Мяне не захінае.
Імгненні ёсць — калі нішто
І боль, і страх, і згуба.
(Хістаючыся, набліжаецца да Кадука, з-за спіны якога зіхаціць яркае бязлітаснае святло).
Янук. Мятлушка, ты загінеш! Стой!
Мятлушка. Жыві і помні, любы!(Кідае ў Кадука месячны прамень.)

Зацямненне. Кадук падае. Сцены палаца разбураюцца. Страхі разбягаюцца. Мятлушка на хвіліну апраменьваецца яркім святлом і падае…
Зноў святло. Але не такое сляпучае, як раней. На месцы палаца застаўся толькі прыкаваны да слупка кілім-самалёт. Вакол — лес. Над ім узыходзіць сонца. Над Мятлушкаю схіліліся Жытнічак і Лесавічок.

Жытнічак (плача). Мятлушка!
Лесавічок(стрымлівае слёзы). Мятлушачка!

Янук устае. Яго нішто больш не трымае. Глядзіць на Мятлушку, на Даратэю.

Даратэя (азіраецца вакол). Ну вось! Нічога не засталося! (Глядзіць на свае пальцы, шукаючы пярсцёнкі, намацвае завушніцы.) Ніколі, ніколі ў жыцці ў мяне не будзе больш такіх скарбаў! Гэй ты, мой рыцар!

Янук паварочваецца да князёўны.

Ты вызваліў мяне. Цяпер можаш правесці мяне дадому. Па меншай меры, кілім-самалёт застаўся… Не ісці ж мне пешкі! (Змяняе тон на какетлівы.) Урэшце, ты ж дзеля мяне столькі перанёс, праявіў такую мужнасць і вернасць! Дарогаю раскажаш мне пра свае подзвігі — ты так цудоўна расказваеш! Ну, доўга цябе чакаць?

Даратэя сама адчэплівае кілім-самалёт ад слупка, але Янук праходзіць паўз яе да Мятлушкі, схіляецца над ёю разам з Лесавічком і Жытнічкам, становіцца на калена.

Янук. Мая Чароўная Дама! Прысягаю табе ў вернасці і любові! Клянуся, што ніколі не забуду цябе і ні на кога не прамяняю. З тваім імем на вуснах, у тваю светлую памяць я здзейсню мноства слаўных подзвігаў!

Схіляецца над Мятлушкаю і цалуе яе. Раптам зноў гасне святло, а калі яно ўспыхвае, Мятлушка павольна падымецца. З ёй адбылася дзіўная змена: адзенне праменіцца яркімі колерамі, воы ззяюць, валасы зрабіліся залацістымі, вусны — яркімі, як маліны. Толькі крылы зніклі назаўсёды.

Жытнічак. Мятлушка, ты зноў жывая!
Лесавічок. Якая ты прыгожыя!
Жытнічак. У яе больш няма крылаў…
Лесавічок. Але яна зусім не баіцца сонца!
Мятлушка (кладзе руку на плячо Янука). Высакародны рыцар Янук Шукайла-Залескі! Ты верна служыў дабру, а значыць — мне. Я пасвячаю цябе ў свае рыцары!
Янук. Ад сёння — назаўсёды!
Даратэя. Ды што ж гэта такое — апошняе адбіраюць! Янук! Ты ж мой рыцар!

Янук не звяртае на яе словы ўвагі, бярэ Мятлушку за руку. Мятлушка і Янук глядзяць адзін аднаму ў вочы так, што Лесавічок і Жытнічак дружна ўздыхаюць.

Лесавічок. Эх, Мятлушка… А я думаў: будзеш ты некалі гаспадыняй майго ляснога маёнтка…
Жытнічак. А я марыў, што падару табе сваё залатое поле…
Янук. А яна будзе ўладарыць у замку маіх продкаў. Там няма золата і слуг, няма коней з каралеўскае стайні і дыяментаў з каралеўскага куфэрка, але я дару ёй сябе і сваё каханне!
Мятлушка. Дурненькі! У нас будзе ўсё зорнае неба, усё сонечнае святло, усе кветкі і крынічная вада! У нас будуць дні і ночы, песні і казкі, каханне і згода! Мы — самыя багатыя ў свеце!
Даратэя (стоячы на кіліме-самалёце, тупае нагой). Здаецца, пра мяне забыліся? Я не магу больш заставацца ў гэтым дзікім і пустэльным — па вашай міласці — месцы. Хачу дадодму! У свой палац! (Тупае нагою.)

Нечакана кілім уздымаецца. Князёўна ад нечаканасці нязграбна падае на яго і з віскам знікае разам з кілімам.

Янук. Хай сонца паліць…
Лесавічок. Хай дождж імжыць…
Жытнічак. Зліецца неба з зямлёй!..
Усе разам.
А рыцар мусіць заўжды служыць
Чароўнай Даме сваёй!
Заслона

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.