Ужо хутка мы адзначым 90-годдзе класiка беларускай лiтаратуры Уладзiмiра Караткевiча, якi вельмi не любiў, калi яго называлi рамантыкам. Але створаны iм сапраўды рамантычны вобраз Беларусi — гераiчнай, шляхецкай, старасвецкай, iнсургенцкай — прыцягнуў да беларушчыны не адно пакаленне лiтаратараў. I прыцягвае дагэтуль — летась самай прадаванай кнiгай Беларусi сталi «Каласы пад сярпом тваiм». Спадчына Уладзiмiра Караткевiча, як спадчына кожнага генiяльнага творцы, — невычэрпная крынiца для вывучэння. Бо ўвесь час адкрываюцца новыя факты, знаходзяцца новыя матэрыялы. Тут маюць каштоўнасць любыя артэфакты: скрэмзаная паперка цi дароўны надпiс на кнiзе, службовая заява цi хай сабе рахунак з крамы, якi чамусьцi захоўваў класiк. Ну а самае жаданае для навукоўцаў — вядома, знайсцi рукапiсы. Нават калi гэта вядомыя творы — арыгiналы, напiсаныя рукой аўтара, могуць расказаць вельмi шмат
i прынесцi сапраўдныя адкрыццi.
Аднойчы невядомыя раней рукапiсы чатырох вершаў Уладзiмiра Караткевiча трапiлi да галоўнага рэдактара выдавецтва «Мастацкая лiтаратура» паэта Вiктара Шнiпа. Вось што распавядае пра гэта Вiктар Анатолевiч:
— Вясной 2010 года, калi ў «Мастацкай лiтаратуры» рыхтавалася да друку кнiжка пра кампазiтара Яўгена Глебава, яго жонка Ларыса Васiлеўна, седзячы ў мяне ў кабiнеце, раптам сказала: «Я хачу зрабiць вам невялiкi падарунак. У мяне ёсць чатыры вершы Уладзiмiра Караткевiча, якiя ён падарыў мне ў 1964 годзе. Я раней думала iх аддаць аднаму паэту, але перадумала. Аддаю вам». Чым каштоўныя гэтыя рукапiсы? У першую чаргу — гэта арыгiналы. I яшчэ тым, што ў «Рамансе Марылi», калi параўноўваць рукапiс i публiкацыю верша ў зборы твораў, што выходзiць у 25 тамах, ёсць чатыры радкi, якiя зусiм невядомыя чытачам i, магчыма, даследчыкам творчасцi Уладзiмiра Караткевiча. Ды i ў астатнiх рукапiсных творах ёсць невялiкiя адрозненнi ад кнiжных.
Сёння чытачы «Звязды» маюць магчымасць упершыню пабачыць факсiмiле згаданых рукапiсаў.
Давайце ўважлiва пазнаёмiмся з гэтымi рарытэтамi, параўнаем iх з тым варыянтам, у якiм яны пададзены ў другiм томе збору твораў Уладзiмiра Караткевiча ў 25 тамах.
Усе чатыры вершы пабачылi свет у зборнiку «Мая Iлiяда», якi выйшаў у 1969 годзе. Напiсаныя яны ў складаны для паэта час. У 1958-м ён перабраўся ў Маскву, вучыўся на Вышэйшых лiтаратурных курсах, пасля — на сцэнарных курсах, у Iнстытуце кiнематаграфii. У гэты час ён перажыў моцнае, але нешчаслiвае каханне да сваёй выкладчыцы з лiтаратурных курсаў, вядомай мастацтвазнаўцы Нiны Молевай. Караткевiч апiсаў гэтыя падзеi ў рамане «Нельга забыць», набор якога быў рассыпаны ў 1963-м. Зрэшты, пра няшчаснае каханне — усе чатыры вершы, нават самы аптымiстычны — «Песня закаханага».
Да сустрэчы з той, што стане жонкай вялiкага рамантыка, пройдзе яшчэ некалькi гадоў — з гiсторыкам Валянцiнай Нiкiцiнай Уладзiмiр Караткевiч пазнаёмiцца ў 1967-м.
Давайце паглядзiм, якiя праўкi былi ўнесены ў вершы, падораныя Ларысе Глебавай.
Тэксты вершаў паводле т. 2 збору твораў Уладзiмiра Караткевiча ў 25 тамах.
ПЕСНЯ ЗАКАХАНАГА
У «Песнi закаханага» змянiлася назва. Цяпер гэты твор вядомы як «Легкаважная песня, якую я спяваў, iдучы да каханай цераз хрыбет Мангугай». У новай назве — водгулле вандровак паэта па Камчатцы, менавiта ў Прымор’i знаходзiцца Мангугай. Радок «I баркасы спяць на вадзе» ператварыўся ў «I кунгасы спяць на вадзе». Кунгас — невялiкi карабель з ветразем, такiя часта сустракаюцца на Далёкiм Усходзе. Вiдавочна, што Караткевiч надаваў вершу далёкаўсходнi каларыт. Дык i напiсаў жа верш ва Уладзiвастоку падчас свайго незвычайнага падарожжа. Адбылося гэта, згодна з успамiнам Рыгора Барадулiна, так: «Сядзелi мы ўтрох у мяне на кватэры па вулiцы Бялiнскага. Калi бутэлькi на стале можна было падстаўляць ветру, каб свiстаў, сумна пачалi разважаць, што хочацца паездзiць, свету пабачыць. Мне цюкнула ў галаву пазванiць генералу Аляксееву, якi ўзначальваў ваенна-шэфскую камiсiю пры Саюзе пiсьменнiкаў… I пазванiў я генералу Аляксееву, каб паслаў ён нас на стажыроўку ў якую-небудзь вайсковую газету. Нас — гэта Уладзiмiра Караткевiча, Генадзя Кляўко i мяне».
Ну вось вясёлыя пiсьменнiкi i наклiкалi на свае мудрыя галовы прыгодаў: восенню 1964-га ўсiм тром даслалi павесткi ў ваенкамат, а 1 жнiўня 1965-га яны ўжо адзначалi прылёт ва Уладзiвасток у вакзальнай рэстарацыi, а пасля пачалася стажыроўка ў газеце Цiхаакеанскага флоту «Баявая вахта». Караткевiч знаходзiў магчымасць набрацца ўражанняў — блукаў па запаведнiках, вiдаць, i плаваў на згаданых кунгасах. А яго тагачасны настрой адлюстроўвае запiс у дзённiку за 29 жнiўня 1965 года: «Пане ты мой Божа! Няўжо дзеля таго, каб рабiць тую справу, дзеля якой ты створаны i якую можаш скончыць толькi ты, — трэба ўцякаць у скiт ад iлжэпрыяцеляў, iлжэжанчын, iлжэлюдзей i iлжэдумак? I, калi трэба, — дзе ён, гэты скiт? А калi проста ўцячы ў нейкую леснiчоўку — як сумясцiць з гэтым жаданне вiруючай дзейнасцi сярод сабе падобных i яшчэ жаданне адшукаць i знайсцi тую адзiную жанчыну…» 1 верасня аўтар гэтага запiсу пачынае пiсаць верш «Песня закаханага».
ЛЕГКАВАЖНАЯ ПЕСЕНЬКА, ЯКУЮ Я СПЯВАЎ, IДУЧЫ ДА КАХАНАЙ ЦЕРАЗ ХРЫБЕТ МАНГУГАЙ
Паветра п’янае, бы Цынандалi.
Крочу я проста ў дзень,
I рытм па скалах чаканяць сандалi,
I кунгасы спяць на вадзе.
Успудзiў кайру. Яна наракае,
Што iду без дарог,
I языкамi капуста марская
Лiжа сцежку ля самых ног.
На вуснах свiст, як матыль, трапеча.
Доўгi шлях. За гарой гара.
I ў моры рыфаў магутныя свечы
Ў сонцы раннiм гараць.
1,4(7?) верасня 65 г. Уладзiвасток
РАМАНС ШЛАГБАУМА
Верш пазначаны датай «15.VI.63». У творы адчуваюцца тыя ж самыя рытмы, што i ў вершах з рамана «Нельга забыць». Зноў — няшчаснае каханне, надрыў, герой, якi атаясамлiвае сябе са шлагбаумам i развiтваецца з вераломнай каханай: «Ён упаў на дарогу, ён тросся ад болю. «Ну нашто так? Ты ж бачыш, — Спакой у вачах». I шлагбаум устаў. Даволi… Даволi…»
У гэтым вершы нiякiх правак не ўзнiкла.
Параўноўвайце рукапiсы з апошнiмi варыянтамi вершаў, углядайцеся ў почырк нашага ўлюбёнага пiсьменнiка i проста атрымлiвайце асалоду ад цудоўнай паэзii, прасякнутай палкiм пачуццём.
Ён упаў на дарогу,
Ён тросся ад болю.
«Ну нашто так?
Ты ж бачыш, —
Спакой у вачах».
I шлагбаум устаў.
Даволi…
Даволi…
Гэта будзе нiколi,
Нiколi,
Нiколi —
Колаў стук
I прысады…
Гасцiнец
I шлях.
Не гляджу наўздагон.
Хай знiкае
Ў лагчыне…
Не гляджу!
Як цiкава:
Трава…
Раса…
Хай шлагбаум глядзiць
Узнятай вяршыняй,
Як знiкаеш ты…
Кропкай…
Пад ценем…
Прысад.
15.VI.63
РАМАНС МАРЫЛІ
У 1963 годзе Караткевiч пiша тужлiвы лiст Нiне Молевай — апошнi вядомы яго лiст да названай асобы («До сих пор не могу придти в себя, и мне делается не по себе от воспоминаний о нашей последней встрече»). Тады ж нараджаецца «Раманс Марылi», гераiня якога — Марыля Верашчака, каханая Адама Мiцкевiча, якая не змагла стаць ягонай жонкай. Зразумела, чаму паэт звярнуўся да гэтага сюжэта, дзякуючы якому выказаў уласныя перажываннi. Дарэчы, i вобраз хлопчыка, якi сцiскае горла лебедзю, мог узнiкнуць невыпадкова: у 1963-м пiсьменнiк атрымаў кватэру на мiнскай вулiцы Карла Маркса, непадалёк ад сквера, дзе стаiць скульптура «Хлопчык з лебедзем». Вядома, што Караткевiч любiў там бываць.
Як змяняўся верш? Кветкi алыя зрабiлiся сiнiя, ружа белая — алая. Слова «быццам» заменена на «нiбы», «Пад вясёлак халодны звон» — на «Праз вясёлак халодны звон». Але ў вынiку правак з’явiлася таўталогiя — замест «бо ў шуме i грае», як было ў арыгiнале, з’яўляецца «бо ў звоне i граi», то-бок паўтараецца слова «звон», якое ўжывалася трыма радкамi вышэй. А самае галоўнае — знiкла страфа, якая, наколькi вядома, больш не сустракаецца нi ў адным вядомым варыянце верша. У гэтых строфах гучыць прыхаваны дакор да гераiнi, якая забылася на закаханага ў яе паэта:
«Усмiхаюцца кветкi лабелii,
Архiдэя падступна маўчыць,
Пад руку з камелiяй белаю
Ходзяць «кручаныя панiчы».
Сонца палiць над шатамi парку,
Ў вочы людзям дзiдамi б’е,
Людзi — кветкi нясуць на карках
Пчол назойлiвых — думы свае.
Кветкi сiнiя, вогненна-чорныя,
Хмель хiстаецца ўгору i ўнiз,
Ружы алай нешта гаворыць
Самаўпэўнена — тонкi нарцыс.
Сярод гэтага кветнiка п’янага
(Мо было ўжо такое калiсь?)
Ты праходзiш адна ля фантана,
Найпрасцейшая кветка зямлi.
Нiбы цiхая сумная музыка,
Ты праходзiш з пакорай сваёй,
Абдуванчык на ярасным лузе,
Кветка з жоўтаю галавой.
I з фантана, раскрылiўшы крылы,
Праз вясёлак халодны звон
Ўсiмi рэшткамi бронзавай сiлы
Лебедзь рвецца табе наўздагон.
Марна рвецца, бо ў звоне i граi,
У мiльёнах вясёлкавых слёз
Хлопчык лебедзю шыю сцiскае,
Як адвечны няўмольны лёс.
I гляджу я змрочна на тое,
Як, абернуты ў шумнай вадзе,
Цень Мiцкевiча нада мною
Лебядзiную песню вядзе.
15.VI.63
РАМАНС ВIНАГРАДНАЙ ЛАЗЫ
Гэты верш Уладзiмiр Караткевiч напiсаў у Рагачове 12 мая 1962 года, знаходзячыся ў самым эпiцэнтры сваiх куртуазных перажыванняў. У Рагачове Караткевiч часта гасцяваў у дзедавай хаце, у свайго дзядзькi Iгара, настаўнiка. Там плённа пiсалася «ў старасвецкай хаце, у дзедаўскiм родным гняздзе». У рамане «Нельга забыць» яскрава апiсваецца, як герой, у стрэсе ад выбрыкаў жорсткай каханай, прыязджае да дзядзькi i ратуецца старасвецкай атмасферай i апантанай творчасцю. «Раманс вiнаграднай лазы» вельмi рытмiчны, нагадвае вершы Гарсii Лоркi, у iм нiбыта чуюцца рытмы гiтары, якая згадваецца ў творы. Змен адбылося няшмат, хiба што скарочаны паўтор слова «Уюцца», «У завулках так плача гiтара» стала адным радком, «Што з таго, што калiсьцi» — наадварот, двума.
Па туманах касых
Вiнаградныя вусiкi
Ўюцца
I iмкнуцца спаймаць
Малады
I гарэзлiвы месяц.
За глыбокiя вочы твае,
Што ў тумане,
Блакiтным тумане
Смяюцца,
Хай мяне на праменнях
Туманных,
Абвiтых,
Спайманых
Праменнях
Павесяць…
Ах, як вiшнi цвiлi!
Як здрадлiвая
Белая мара!
Зацягнулi,
Завабiлi
Песняй
Птушынай сваёю.
А цяпер у завулках,
У завулках так плача гiтара
Ненадзейнай,
Пакiнутай,
Цалкам адрынутай,
Цалкам жаночай
Тугою.
О, як хочацца жыць!
Што з таго,
Што вясенняй парой
З вiшань квецень
Зляцела
Завеяй,
Пяшчотнай I сiняй.
Што з таго,
Што калiсьцi
Памруць
Пад асенняй
Халоднай касой
Залатыя вяргiнi…
Вяргiнi…
Вяргiнi…
Дваццаць год яшчэ можна кахаць!
Дыхаць квеценню,
Летам i маем.
Дваццаць год
Вiнаградныя вусiкi
Будуць вiцца
Па месячных струнах…
Ах, няхай яны ўшчэнт заплятуць,
Ах, няхай яны мякка спаймаюць
Гэты месяц гарэзлiвы,
Месяц вясёлы
I юны.
12.V.62 Рагачоў
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ