- 04.11.2023 16:14
- Аўтар:
- Людміла Рублеўская
- Культура
Genius Urbis… Дух горада… Ён жыве у кожным месцы і мястэчку. Ёсць ён і ў нашым Мінску. І здзяйсняе сваю ўладу над сэрцамі не толькі праз велічныя будынкі і помнікі — але і праз цікавыя, часам трагічныя, часам гарэзныя легенды, паданні, міфы, не толькі праз магутныя гістарычныя постаці — але і праз казачных істотаў, якімі свядомасць месціча засяляе яго родны горад. Часам такі міф нараджаецца пасля з’яўлення адметнай скульптуры, часам фантастычная мінская істота застаецца толькі ва ўяўленні цікаўнікаў… Давайце з нагоды Дня горада ўспомнім некаторыя з такіх персанажаў.
Цмокі Свіслачы
І пачнем з самых магутных міфалагічных істотаў — цмокаў, яны ж драконы. У Мінску яны жылі ў двух відах, але абодва звязаныя з ракой Свіслач. Адзін цмок — класічны, пыхкаў агнём, жыў у пячоры ў гары ў раёне сённяшняй Юбілейнай плошчы, харчаваўся прыгажунямі… Быў забіты адважным рыцарам, косткі кінутыя ў Свіслач, і нібыта іх можна было пабачыць скрозь каламутныя хвалі ракі насупраць гатэлю «Юбілейны». Другія цмокі — больш рэалістычныя. У XVII стагоддзі барон Сігізмунд Герберштэйн, які праязджаў праз наш горад, занатаваў, што мінчане ў якасці хатніх жывёл трымаюць у сваіх дамах тоўсценькіх яшчарак з кароценькімі ножкамі і чорнай бліскучай лускою, вылаўленых у Свіслачы. Наколькі можна зразумець, рэліктавыя істоты былі велічынёй з котку, і чучала такой яшчаркі ўпрыгожвала кабінет дырэктара адной з мінскіх рэальных вучэльняў, бацькі беларускага публіцыста Уладзіміра Самойлы, яшчэ ў канцы XIX стагоддзя. Так што ўгледзьцеся пры выпадку ў воды Свіслачы — раптам бліснуць залатыя вочы, мільгане чорны хвост.
Русалкі
Фота: www.onliner.by
Русалка ў горадзе таксама не адна. І легенда не адна. Дзве з легендаў звязаныя зноў такі са Свіслаччу.
Ганарыстая дзяўчына выбірала паміж двума кавалерамі, усё па класіцы: адзін прыгожы, але бедны, другі плюгавы, але багаты. Выбраць не магла, абодвух абнадзейвала… Пакуль бедны, але прыгожы не прыйшоў да каханай з кветкамі ды не пабачыў яе ў абдоймах багатага суперніка. Кажуць, схапіў падступную ў абдымкі ды разам з ёю — бух у Свіслач…
Другая русалка з’явілася яшчэ больш трагічна: наняў багаты шляхцюк да трох дачок хатняга настаўніка… Усе тры ў маладога чалавека і закахаліся. А ён абраў малодшую і нават намовіўся яе звезці якраз перад балем, куды сямейства павінна было выправіцца. Сёстры даведаліся, замкнулі суперніцу ў падвале і паехалі на баль, да бацькі… А быў час паводкі — Свіслач і Няміга рэчкамі былі наравістымі, непакорлівымі, увесь цэнтр горада затоплівалі… Вось бедная дзяўчына ў падвале тым і захлынулася.
Абедзьве русалкі з’яўляюцца самотным мінакам у раёне Зыбіцкай вуліцы і Траецкага прадмесця, палохаюць, могуць і патапіць… Толькі, падобна, адна больш не любіць мужчын, а другая — жанчын. А калі хочаце палюбавацца на матэрыяльнае ўвасабленне тых інфернальных істотаў — наведайце «Дом з русалкамі», які знаходзіцца ля мятро «Трактарны завод» — калісьці ў ім давалі кватэры стаханаўцам, цяпер ён знакаміты адмысловай ляпнінай, што выяўляе міфічных водных істотаў.
Голуб ці птушка-вяшчуння
13 жніўня 1500 года, яшчэ сонца не ўзышло, менчукі збегліся на бераг Свіслачы ля Ніжняга рынку: адтуль праменіла дзіўнае святло. Аказалася, да берага прыбіла цудоўны абраз з выявай Божае Маці з Немаўлём. Той абраз цудоўным чынам прыплыў супраць цячэння ракі з захопленага татарамі Кіева — адзін з захопнікаў шпурнуў святыню ў ваду.
Цяпер на тым месцы знаходзіцца помнік у гонар аднойдзення абраза — на абеліску, які сімвалізуе воды ракі, сядзіць белая птушка з выявай іконы.
Звычайна месцічы лічаць, што гэта голуб. Самая звыклая гарадская птушка. Цяжка ўявіць наш горад без яе. Чытала, што пасля вайны, калі галубоў на вуліцах вызваленай беларускай сталіцы амаль не стала — бо і птаства закранула ваеннае ліхалецце, гараджане, якім не хапала сімвалаў мірнага жыцця, прывезлі іх з Рыгі. І цяпер непадалёк ад месца аднойдзення абраза, ля Свята-Духава кафедральнага сабору, паміж ліхтароў, што імітуюць свечкі, круглы год збіраюцца зграі мінскіх галубоў, і шызых, і белых — унізе станцыя метро, відаць, тут ім цяплей… Дый ля царквы людзі міласэрныя часцей падкормліваюць.
Але са скульптурай усё яшчэ складаней… Аказваецца, аўтары задумалі, што на абеліску сядзіць не проста птушка, а Птушка-вяшчуння, якая да таго ж павінна нагадваць ладдзю. Але ніхто не перашкодзіць нам па-ранейшаму бачыць у выяве белага лагоднага голуба, птушку нябёсную, якая ахоўвае мірнае жыццё. Ну а абраз Маці Божай Мінскай, напісаны, паводле легенды, самім апосталам Лукою, знаходзіцца ў кафедральным саборы, што побач.
Хлопчык і лебедзь
Няма, мабыць, мінчаніна, які, пачуўшы словы «хлопчык з лебедзем», не ўявіць мілай скульптуры фантану ў Аляксандраўскім скверы… Хлопчык з лебедзем з’явіўся ў Мінску яшчэ ў 1874 годзе, у гонар адкрыцця вадаправоду. Гордыя рарытэтам гараджане прыпісалі аўтарства скульптуры знакамітаму італьянскаму майстру Бярніні. Але з’явілася яна нашмат пазней за сямнаццатае стагоддзе, калі ствараў свае шэдэўры італьянец. А гісторыя яе з’яўлення такая… У 1851-м годзе на выставе ў Лондане паказаў свайго «Хлопчыка, які гуляецца з лебедзем» скульптар Тэадор Калідэ, за што атрымаў медаль і процьму замоў на копіі, прычым у самых славутых месцах, кшталту каралеўскіх палацаў. Замовілі скульптуру і для Мінску.
Мінскі хлопчык з лебедзем стаў сімвалам трывушчасці… Што толькі з ім не здаралася! Калісьці ў струмені, што вылятае з горла лебедзя, скакаў мячык, і выходзіла, што хлопчык і лебедзь перакідваюцца ім. Але сакрэт таго фокуса быў страчаны, і пра мячык даўно не ўспамінаюць. У вадзе вакол пастаменту плавалі залатыя рыбкі і чарапахі і цвілі лілеі. На парапеце аднойчы з’явіліся бронзавыя жабкі, якія на дзесяцігоддзі зніклі, пасля зноў з’явіліся. Галаву лебедзя адломвалі, зноў прыладжвалі… Аднойчы фігуры пазалацілі, відаць, каб «па-багатаму». Вада то біла з фантану, то знікала. Зрэшты, нават у 1887 годзе ў газеце «Мінскі лісток» наракалі: «Фонтан в сквере раньше работал чаще, и в водоеме плавали рыбы и черепахи, а теперь чугунный лебедь с мальчиком зря открывает свой клюв». Нават над назвай эксперыментавалі. Хлопчыка дасціпнікі празвалі Панікоўскім, а лебедзя — гусем, па аналогіі з героем раманаў Ільфа і Пятрова махляром Панікоўскім, аматарам красці гусей… Але фантан, які сам зрабіўся ўжо легендай, усё перажыў і радуе гараджан і гасцей горада. Кінуць манетку ў яго, вядома, на шчасце.
Конь і верабей
Ёсць у мінчан і яшчэ адна казачная птушка, якая прыносіць шчасце. І гэта… верабей. Праўда, не проста шэрая дробная істотка, а птах-вершнік. Ён сядзіць на спіне бронзавага каня, які цярпліва чакае і чакае ля Камароўскага рынку прывіднага гаспадара, падобна парнакапытнаму Хаціко. Скульптуру зрабіў скульптар Уладзімір Жбанаў, які стварыў і губернатарскі экіпаж ля мінскай ратушы, і Даму з сабачкам ля той жа Камароўкі, і шмат яшчэ дарагіх сэрцу мінчука скульптур. Правобразам камароўскага каня стала прыгажуня Экспертыза з Ратамкі. Але не гэтая фігура стала галоўнай для мінакоў — а маленькі бронзавы верабейчык, які сядзіць на яе спіне. У яго таксама ёсць прататыпы — кажуць, скульптар, каб яго стварыць, блукаў па беразе той жа Свіслачы і замалёўваў вераб’ёў. Калі будзе праходзіць міма, звярніце ўвагу, як блішчыць верабейчык, ажно ззяе на сонцы. Бо ўсе ведаюць: калі ўзлезці на каня і пацерці бронзавую птушачку, абавязкова пашанцуе. А на любым рынку — як без шанцавання?
Сава, дзяўчынка і папараць
Адна з улюбёных беларусамі легенд — пра квіценне ў Купальскую ноч папараць-кветкі. Пераадолееш свае страхі перад начнымі ляснымі зданямі, сарвеш агністы квет — зможаш разумець звяроў і птушак, бачыць скрозь зямлю скарбы… Матыў папараць-кветкі у Мінску сустракаецца часта, напрыклад, у фантане ля музея Янкі Купалы. А вось у Траецкім нядаўна з’явілася адмысловая скульптура аўтарства скульптара Зільбера, дзе ліст папараці, на якім расцвітаюць тры кветкі, трэба не рваць, а гладзіць. На папараці стаіць дзяўчынка, за яе плячом крыляе сава, ля ног сядзіць яшчарка. Камянёў ля пастаменту таксама тры. І вось турысты з дапамогай гідаў разгадваюць патаемныя сэнсы скульптуры і націраюць да бляску папараць, каб займець мудрасці, славы або багацця.
Гэта толькі маленькая частка мінскіх легендаў. Будзеце хадзіць па вуліцах нашага любімага горада, углядацца, услухоўвацца ў ягоныя таямніцы — даведаецеся яшчэ шмат цікавага.
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ