- 20.11.2023 16:44
- Аўтар:
- Людміла Рублеўская
- Культура
У Беларускім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва ёсць цэлая папка газетных выразак пра святкаванні юбілеяў Максіма Багдановіча і іншыя звязаныя з паэтам падзеі. Ужо 21 красавіка 1923 года ў газеце «Савецкая Беларусь» ад 21 красавіка надрукавалі зацемку «Беларуская культура. Знайдзеныя скарбы!» пра тое, што бацька паэта, Адам Рыгоравіч, выратаваў з пажару і збіраецца перадаць на Беларусь архіў свайго сына. А 25 мая 1927 года нумар той жа «Савецкай Беларусі» быў прысвечаны 10-годдзю з дня смерці Максіма.
«І ўсё прамільгнула хутка, на працягу некалькіх гадоў жыцця, амаль мімалётна, — часта лаканічна, як афарызм, і заўсёды па-мастацку сцісла, як санет. І ўсё гэта ўспыхнула ў парадку яскравага росквіту, які перарваўся ранняй смерцю, — у парадку амаль метэорнага бляску, што згас у прымушаным патуханні».
Так апісваўся творчы шлях Максіма Багдановіча ў вялікім артыкуле, пад якім стаяў сціплы подпіс: «Замоцін». За сціплым подпісам — яркая, знакавая для беларускай культуры асоба.
Сялянскі сын
Гэтая постаць у многім звязаная для нас з імем Максіма Багдановіча. Менавіта Іван Замоцін узначаліў Літаратурную камісію Інстытута беларускай культуры па падрыхтоўцы і выданні першага збору твораў Максіма Багдановіча і вёў перамовы з бацькам паэта. Менавіта Іван Замоцін папулярызаваў творчасць Багдановіча і пераканаўча акрэсліў яе месца ў нашай культуры. Заснавальнік беларускай тэксталогіі, знаўца беларускай літаратуры… А між тым ён не беларус, і нарадзіўся 150 гадоў таму ў сялянскай сям’і ў вёсцы Крывуліна Бежацкага павету Цвярской губерні.
Прабіцца «у людзі» таленавітаму хлопцу было надзвычай цяжка. У гэтым у яго шмат агульнага з бацькам Максіма Багдановіча Адамам Рыгоравічам — той таксама з сялянскага саслоўя, з прыгонных. Ужо скончыўшы на казённы кошт Пскоўскую гімназію, а потым гісторыка-філалагічны Пецярбургскі інстытут, сцвердзіўшы сябе як бліскучы малады навуковец, Іван Замоцін быў вымушаны паехаць у родную вёску і «прастаўляцца» чальцам сялянскай абшчыны, да якой афіцыйна належаў, каб атрымаць іх дазвол на «адкрапленне».
Напэўна, знаходзіліся аднавяскоўцы, каму карцела паздзеквацца з вучонага суседа, маўляў, а хто ты такі, занадта разумны, не дамо табе адкраплення, працуй з намі на полі, гной варочай…
У 1922-м годзе Іван Замоцін прыняў прапанову Народнага камісарыята асветы БССР стаць прафесарам Беларускага ўніверсітэта. Наш нацыянальны ўніверсітэт толькі ствараўся, быў агромністы дэфіцыт кадраў. І пакуль тыя нацыянальныя кадры падгадуюцца, запрасілі адусюль прадстаўнікоў акадэмічнай навукі, вядомых навукоўцаў «з былых». Уладзіміра Пічэту, Аляксандра Вазнясенскага, Івана Замоціна.
Вучоба на віленскім рынку
Вядомы архівіст і гісторык Віталь Скалабан, з якім шмат гадоў таму мы рабілі матэрыял пра Івана Замоціна, горка жартаваў: Замоцін, напэўна, адзіны, хто быў у часы рэпрэсій асуджаны адначасова як «расійскі шавініст» і «беларускі нацыяналіст», хаця не быў ні тым, ні другім. А яшчэ на мемарыяльнай дошцы ў гонар Замоціна на будынку педуніверсітэта Максіма Танка мы заўважылі памылкі — на дошцы ў памяць самага найпунктуальнага вучонага-тэкстолага значылася, што ён акадэмік АН СССР, хаця насамрэч — член-карэспандэнт, і што ён член-карэспандэнт АН БССР, насамрэч жа — акадэмік.
На погляд звычайнага чалавека, не такія ўжо важныя памылкі, але Замоцін такое б не прапусціў.
Ён, калі прыехаў працаваць на Беларусь, з усім палам даследчыка і шчырасцю чалавека, што хоча служыць народу, які яго паклікаў, узяўся за вывучэнне беларускай мовы. Хадзіў на Віленскі рынак у Мінску, — гэта непадалёк ад вакзала і сучаснай плошчы Незалежнасці, там жа Замоцін атрымаў і кватэру. Услухоўваўся ў жывую гаворку людзей, засвойваў словы, інтанацыю. Ужо праз год Замоцін напісаў артыкул на беларускай мове пра паэму Якуба Коласа «Новая зямля». Паэт Язэп Пушча гаварыў, як лёгка працуецца з Іванам Замоціным, які па сваім укладанні ў беларускую культуру варты дзесяці беларусаў.
Не толькі з Максімам Багдановічам звязаны ўнёсак Замоціна. У тым жа БДАМЛІМ бачым выразку з газеты «Новае жыццё» ад 18 мая 1923 года — гэтая беларуская газета выходзіла ў Вільні ўсяго некалькі месяцаў, што не дзіўна, бо пісала пра ўціск беларусаў польскімі ўладамі і пра цікавыя падзеі ў Савецкай Беларусі. Сярод іншага ў нумары друкуецца заметка пра пятнаццацігадовы юбілей літаратурнай працы Уладзіслава Галубка, які святкавалі ў Мінску ў Цэнтральным Доме Працаўнікоў, у зале, поўнай публікі. На вечарыне «Праф. Замоцін адзначыў, што крытыка часта вельмі незаслужана нападала на творы Галубка, але ўсё ж такі адзначала іх сцэнічнасць. Усе творы Галубка мала падходзяць пад мерку літаратурных, але затое адзначаюцца сваёй сцэнічнасцю. А гэта вельмі важна для пастановак на вясковых сцэнах».
Думаецца, вельмі важным было такое заступніцтва з боку акадэмічнага вучонага для Уладзіслава Галубка.
Яшчэ адзін дакумент, які тычыцца Замоціна, знаходзім у БДАМЛІМаўскім фондзе Вацлава Ластоўскага. Гэта ліст ад 18 студзеня 1927 года грамадзяніну Ластоўскаму (правапіс арыгінала):
«Літаратурная камісія Інстытуту Беларускае Культуры ў сучасны момант падрыхтоўвае да акадэмічнага выданьня творы Цёткі (Элёізы Пашкевіч-Кейрыс).
Да гэтага часу Камісіі ўдалося сабраць творы і наогул матар’ялы аб жыцьці і творчасьці пакойнай паэтэсы ўсяго тыя, якія можна было адшукаць у Менску, — але-ж гэтыя матар’ялы далёка няпоўныя. Вось чаму Камісія зварочваецца да Вас з просьбай пераслаць ёй літаратурныя творы і ўсе іншыя матар’ялы поэтэсы і аб поэтэсе, якія, можа, захаваліся ў Вас, ці ў Вашых знаёмых, ці ў якіх-небудзь архівах.
Пры гэтым Камісія дадае невялічкі сьпіс пытаньняў, на якія пажадана атрымаць адказ, а таксама і сьпіс твораў, якія ўжо Камісія сабрала.
З павагай, старшыня Літаратурнай камісіі проф. І.Замоцін. Сэкратар Я. Плашчынскі.»
Нагадаю, што Язэп Плашчынскі — гэта і ёсць паэт Язэп Пушча, які так высока адзываўся пра супрацу з Замоціным.
«Обезвредить этих гнилых крикунов»
У папцы з архіва адшукваем яшчэ адну газетную выразку, на гэты раз з «Литературной газеты», ад 20 чэрвеня 1949 года (на выразцы памылкова пазначаны 1940-ы), там згадваецца пра ІІ з’езд савецкіх пісьменнікаў БССР. У артыкуле пад назвай «Дело чести белорусских писателей» тых пісьменнікаў папракаюць, што мала пішуць пра стваральную працу, індустрыяльную перабудову, наватараў сельскай гаспадаркі. Але ёсць і прычыны. «Долгое время в литературной и театральной критике Белоруссии орудовала кучка буржуазных космополитов, принижавших национальную гордость белорусского народа, оплевывавших творческое наследие писателей-демократов Богушевича, Богдановича, бессмертного Янки Купалы, встречавших в штыки каждое новое произведение, проникнутое духом советского патриотизма. Партия помогла разоблачить и обезвредить этих гнилых крикунов».
Сумнае ўражанне пакідае падобная рыторыка, калі ведаць, што пад «гнілымі крыкунамі» маюцца на ўвазе бліскучыя літаратары, беларускія патрыёты, «маладнякоўцы», «узвышэнцы», тыя, хто сапраўды папулярызаваў творчасць беларускіх класікаў і бараніў іх ад «аглабельнай крытыкі»… Сярод тых, ад каго пазбавіліся, быў і Іван Замоцін. Прафесара першы раз арыштавалі ў 1934-м годзе. Тады адпусцілі… А 17 жніўня 1937-га ў газеце «Звязда» з’яўляецца артыкул «Пра акадэміка Замоціна і яго прыхільнікаў», дзе даводзіцца, што Замоцін — манархіст, які праводзіць імперыялістычную палітыку, адначасова з’яўляецца «правадніком буржуазных, нацдэмаўскіх, трацкісцка-рапаўскіх установак у літаратуразнаўстве». 4 красавіка 1938 года Івана Замоціна зноў арыштавалі. Следства працягвалася больш за год. Акадэмік быў асуджаны на восем год лагераў. Сярод тых, хто спрабаваў яго выратаваць, быў Якуб Колас, з якім звязвала сяброўства.
У афіцыйнай даведцы, якую атрымала сям’я, гаворыцца, што Замоцін памёр 25 мая 1942 года ў бальніцы лагера ў Комі АССР «ад сардэчнага прыступу». Што хаваецца пад гэтай фармулёўкай, дзе магіла — невядома.
7 мая 1956 года Замоцін быў рэабілітаваны. Акадэмія навук прадставіла даведку за подпісам Якуба Коласа, у якой гаворыцца, што Іван Іванавіч Замоцін за час працы выявіў сябе са станоўчага боку, добрасумленна ставіўся да сваіх абавязкаў. «Яму належаў шэраг прац па пытаннях рускай і беларускай літаратуры, пад яго кіраўніцтвам рыхтаваўся да выдання двухтомнік твораў М. Багдановіча».
А ў даведцы пракуратуры БССР 1956-га года напісана наступнае: «Замотин осужден за то, что, проживая в гор. Минске в 1923 г. установил связь с к/р группой белорусских националистов…, по заданию которых проповедовал „самабытнасць“ белорусского языка и культуры, выступал против культурных связей с другими народами».
Застаецца ў чарговы раз горка здзівіцца іроніі лёсу. І яшчэ раз успомніць словам удзячнасці Івана Іванавіча Замоціна, аднаго з першых беларускіх акадэмікаў.
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ