Экранізацыя Коласа, Версаль, паром і трылінка

Падарожжа наша пачалося з парома.

Нават з двух, якія знаходзяцца побач, — вырашылі праехаць за адным разам, набрацца ўражанняў.


Палеская прыгажуня Піна люстравала ў хвалях сонца, над вадой кружлялі ластаўкі, у чароце бачыліся там-сям спіны рыбакоў… А вунь і човен гайдаецца, у якім унураная постаць з вудай. Што ж, рыбы тут, мусіць, і рукамі налавіць можна — угледзішся ў глыбіню, і амаль адразу прамільгне цёмна-зялёны цень… А вось і паром — плыве з таго берага. Прыстае… Адны машыны з’ехалі, іншыя заехалі… Цяпер трэба пачакаць — паром адпраўляецца строга па раскладзе. Чаму? Адказ атрымліваеш, калі чуецца гучны гудок. Паромшчык адразу ж пачынае адкручваць трос, так што той апускаецца пад ваду, як моцна схуднелы цмок. А справа выплывае гружаная вугалем баржа — некалькі плывучых «вагонаў». Трос вынырвае з вады, а вось і час адпраўляцца…

І тут пачынаецца палеская экзотыка. Бо паром прыйдзецца цягнуць самім. Паромшчык ёсць, але ў якасці «цяглавай сілы» выступаюць і пасажыры. Па баках, уздзетыя на трос, святлеюць драўляныя прыстасаванні, падобныя да бейсбольных біт з выемкамі… Нешта такое пракаветнае, архаічнае, нібыта з музея. Пасажыры павінны разабраць гэтыя прылады і падцягваць трос з іх дапамогай.

Тутэйшыя тлумачаць — быў раней рухавік, але колішні паромшчык, звальняючыся, са шкоднасці забраў. А палешукам — што? Да працы звычныя…

Машын на той бераг усяго дзве, наша і мясцовай сямейнай пары. Пытаюся ў кабеты — а мы з ёю будзем цягнуць? Жанчына смяецца — не, наша справа назіраць, мужыкі пацягнуць!

Даведаўшыся, што мы ажно з Мінска і едзем не на лецішча ці па якіх іншых справах, а вандруем, нашы спадарожнікі ўзрадаваліся, пачалі раіць, што тут у іх паглядзець цікавага… Галоўным чынам адпраўлялі ў Дубае. Вось дзе цікавінкі! І возера, і парк, і аграсядзіба…

Уласна кажучы, мы ў Дубае і адпраўляліся.

Ленотр і езуіты

Праўда, з назвай блытаніна. Нават месцічы называюць хто як: Дубое, Дубае, Дубой… Нават Дубай — гэта ўжо такі мем у беларускіх трэвел-блогераў, пабывалі на курорце ў Дубаі…

А чым тут горш за сусветныя курорты? Польскі гісторык Бранеўскі, які наведаў Дубае ў 1810 годзе, пісаў, што мясцовы сад ёсць нешта, ім раней нябачанае: «Ён пабудаваны па ўзорах слаўнага Ленотра з сажалкамі, фантанамі, кветнікамі і стрыжанымі прысадамі». Цікава — я ж так люблю фільм Алана Рыкмана «Версальскі раман», дзе якраз паказаны працэс стварэння прыдворным архітэктарам французскага караля Людовіка XІV Ленотрам садоў у Версалі!

Вось-вось пабачым тыя сады на свае вочы. З шашы вядзе ўніз бетонная лесвічка з жалезнымі парэнчамі, побач тыгровыя лілеі ўрачыста ўздымаюць да палескага неба нетутэйшыя памаранчава-чорныя пялёсткі. Шлях да сядзібнага парку…

Парк у Дубым спраектаваны так, каб на адной восі знаходзіліся ўязная брама і сажалка, у якой адбівалася б заходзячае сонца. І недарэмна тут расце 460-гадовы дуб — менавіта ад гэтых дрэў утворанана назва вёскі. Дубае ўпершыню згадваецца ў 1495-м — у прывілеі пінскай княгіні Мар’і Сямёнавай яе канюшаму Сенку «на две дворніца в Дубой». Шмат хто тут гаспадарыў… Харунжы кобрынскі Леў Некрашэвіч, пінскі староста Альбрэхт Станіслаў Радзівіл… Потым — Пінскі езуіцкі калегіум, якому перадаў Альбрэхт гэты маёнтак. Езуіты пабудавалі тут, у сваёй летняй рэзідэнцыі, палац, капліцу, прытулак. Адзін з іх выхаванцаў — Адам Нарушэвіч, вядомы гісторык.

Палац перабудоўваў у другой палове XVІІІ ст. новы ўладальнік, Кужанецкі. Настолькі шыкоўны быў палац, што ў 1784 годзе тут гасцяваў кароль Станіслаў Панятоўскі, якога суправаджаў згаданы Адам Нарушэвіч. Мусіць, і ўвёў у вушы каралю пра дзівосна прыгожыя мясціны. Кароль ехаў на адкрыццё Дняпроўска-Бугскага канала, часткай якога ў гэтым месцы стала рака Піна. Менавіта ў Дубым з’явіўся першы суднаходны шлюз.

Потым Дубае пераходзіла да Комараў, потым — да прадпрымальніка Шлейкера, потым — да Марыі Выджгі… Марыя, дарэчы, падарыла сядзібны дом сельскагаспадарчай школе з умовай, што тая будзе насіць імя яе рана памерлай дачкі Яніны.

Палаца, у якім гасцяваў кароль, на жаль, мы не ўбачым — яго ўзарвалі ў 1944-м немцы. Кажуць, была там разведвальная школа абвера, вось акупанты і замяталі сляды.

Рэха Першай сусветнай і пошта ў касцёле

Ідзём па прысадзе, у цені ад шатаў старых дрэў. А вось і яшчэ адна цікавінка: калі збочыць сцежкай управа і перайсці па жалезным мастку праз высахлую ручаіну, прыйдзеш на салдацкія могілкі часоў Першай сусветнай вайны. Абамшэлыя аднолькавыя пліты надмагілляў, выбітыя ў іх літары таксама ўсцілае зялёны мох…

Рушым далей — і выходзім да жамчужыны сядзібнага комплексу. Касцёл Узвышэння Святога Крыжа, ранейшая капліца. Будавалі яшчэ езуіты — іх місія дзейнічала ў Дубым да 1773 года. Шэрая тынкоўка магутных сцен, брунатны металёвы дах… На дзвярах замок, таму зазіраем у акно: інтэр’ер не захаваўся, але відаць, што храмам карыстаюцца. Пабеленыя сцены, алтар, распяцце, драўляныя крэслы… Кажуць, пад пабелкай — рэшткі даўніх фрэсак. А распяцце яшчэ ад былых часоў засталося. За Саветамі ў храме паставілі дызельны генератар, зладзілі радыёпункт, нават пошта была. А іканастас знішчылі, распяцце кінулі ў сажалку. Адна мясцовая жыхарка яго падабрала і захавала…

Рэшткі брамы… Цагляныя слупы трохі пахіліліся, але яшчэ трывушчыя. На ствале магутнага дрэва шыльдачка: «Ілжэцуга канадская. Вышыня 20 м. Узрост 120 гадоў». Значыць, памятае, і як хавалі салдат Першай сусветнай — у сядзібным доме быў шпіталь, і як падчас Вялікай Айчыннай палаў шыкоўны палац, і як будавалася сучасная аграсядзіба, якая прымае гасцей тут жа, каля касцёла.

Ёсць тут і свае прывіды. Паводле легенды, апошнія Кужанецкія былі гулякамі. Адзін з іх учыніў шумны баль у Вялікую Пятніцу, і госці разам са сталом і падлогай праваліліся ў зямлю. І цяпер, калі заначаваць у гэтым парку з Вялікай Пятніцы на Вялікую Суботу, можна ўбачыць прывідныя карэты, феерверк, гасцей у старадаўніх строях, пачуць музыку… Апоўначы легенда абяцае цікаўным застрашлівы грукат, а потым цемру і цішу.

Святы мучанік і нябесныя знакі

Ёсць тут легенды пра падземны ход, які ішоў ад славутага праваслаўнага манастыра, дзе жыў і працаваў вялікамучанік Афанасій Філіповіч, ігумен Брэсцкі.

На месцы манастыра застаўся крыж… Мясцовыя жыхары прапаноўваюць звадзіць нас на тое месца — але трэба ісці праз кустоўе, зараснік… А малодшы чалец нашай вандроўнай каманды, пяцігадовы Кастусёк, зусім змарыўся. Таму з жалем адмаўляемся. Хоць, акрамя крыжа, усё адно нічога не пабачым. Затое можна прачытаць той дыярыуш, які пакінуў Афанасій Брэсцкі. У Дубойскі манастыр ён прыехаў у 1633 годзе, быў намеснікам ігумена. А праз тры гады воляю Альбрэхта Радзівіла манастыр быў перададзены езуітам. Пра той горкі час Афанасій Брэсцкі запісаў наступнае: «Па волі Божай і старшых маіх, быў намеснікам у Дубойскім манастыры пад Пінскам. Там тры гады заўзята змагаўся са злымі духамі — бачнымі і нябачнымі. Калі ў 1636 годзе князь Радзівіл па мянушцы Палаза, канцлер літоўскі, прыціскаў Праваслаўную Царкву, адбіраючы манастыр той Дубойскі на карысць пінскіх езуітаў, у той час пабачыў на небе і на зямлі (не праз сон, а ўдзень, на яве, толькі нібы ў нейкім засланні) страшныя з’явы. На небе — хмары вельмі гняўлівыя, нібы войскі, да бою гатовыя. А на зямлі — сем агнёў пякельных, на сем грахоў смяротных падрыхтаваныя. Сярод тых агнёў — у пятым, палаючым гнеўна, выразна бачыў тры асобы: нунцыя-легата ў папскай кароне, караля Жыгімонта і гетмана Сапегу, якія за пераследы Усходняй Царквы сядзелі дужа засмучаныя. Калі паказваў тую з’яву іншым, яны нічога не бачылі. Толькі адзін святаблівы муж, спадар айцец Іларыён Дзенісовіч, ігумен купяціцкі і пінскі, тыя справы Божыя бачыў і дзівіўся».

Дзе змагаўся Андрэй Лабановіч

А мы кіруемся далей, у вёску… Дзе таксама ёсць храм — царква Нараджэння Багародзіцы. Збудаваны ў 1811 годзе фундацыяй Клацільды Кужанецкай, дачкі ўладальніка маёнтка. Царква ў стылі класіцызму, пабеленая, упрыгожаная гарызантальнай рустоўкай… Яна павінна быць знаёмая кожнаму аматару беларускай літаратуры. Справа ў тым, што менавіта ў Дубым у пачатку 1960-х знакаміты беларускі рэжысёр Корш-Саблін здымаў экранізацыю трылогіі Якуба Коласа «На ростанях». І менавіта тут, каля гэтай царквы, адбываецца дзеянне некалькіх важных сцэн.

Фільм называўся «Першыя выпрабаванні» і складаўся з дзвюх частак. Аўтары сцэнарыя — Максім Лужанін, асабісты сакратар Якуба Коласа, і Аркадзь Куляшоў. Гісторыя фільма пакручастая. Якуб Колас упарціўся, не хацеў «перасаджваць дрэва з разгалінаванымі каранямі на іншую глебу», то-бок пераводзіць літаратурны тэкст у фармат кінастужкі. Афіцыйны дазвол на экранізацыю быў атрыманы пасля смерці класіка, у 1956 годзе, ад яго сына, Данілы Міцкевіча.

Праца сцэнарыстаў была пякельнай… Трылогія Коласа сапраўды разгалінаваная, аб’ёмістая. А належала яшчэ і дагадзіць цэнзуры. Сцэнарый меў тры варыянты. Першы належаў Максіму Лужаніну і Алесю Звонку — забракавалі. Другі сцэнарый Лужанін напісаў разам з «аглабельным крытыкам» Алесем Кучарам. Не прайшло. Толькі калі далучыўся Куляшоў, пашанцавала: у 1958 годзе сцэнарый зацвердзілі на мастацкім савеце «Беларусьфільма».

Сцэнарый, трэба прызнацца, далёка адышоў ад арыгінала. Асноўнай стала рэвалюцыйная тэма, плюс дадалі дэтэктыўную інтрыгу. Герой, настаўнік Андрэй Лабановіч, уступае ў фіктыўны шлюб з настаўніцай Андросавай, каб яна магла атрымаць спадчыну і перадаць яе на справу рэвалюцыі. Пагоні, турмы, забойствы…

Корш-Саблін — прызнаны класік кінематографа, у яго на стале ляжалі кнігі Коласа. Але ў крытыкаў фільм не атрымаў ухвалы. Надта ўсё было заідэалагізавана. Але, безумоўна, ёсць у фільма вартасці. Дзівосная беларуская прырода (здымалася збольшага тут, у Дубым). Хоць фільм зняты на рускай мове, героі пяюць шмат беларускіх песень. А яшчэ экранізацыя адкрыла імя маладога кампазітара Яўгена Глебава. Можна ў фільме падзівіцца на стары Пінск… Ну і на Дубае.

Адмыслова перагледзела стужку — параўнала кадры з сучасным выглядам царквы. Таго шырокага ганка, на якім здымалася сцэна, калі сяляне ўступаюць у спрэчку з панам Скірмунтам, а настаўнік Лабановіч за іх заступаецца, няма — на тым месцы з’явіўся ўваход-прыбудова. Падобна, што і стары купал прыбралі — той, што ў фільме, выглядае большым за цяперашні. Але будынак цалкам пазнавальны… Сюды б экскурсіі вазіць, пра Коласа і яго творы распавядаць…

Базальтавыя шасціграннікі і вайна за два грошы

Наведваем яшчэ адзін аб’ект — маленькую драўляную капліцу на могілках побач. Ёй больш за сто гадоў, фарбаваная ў зялёны колер, шыбы і ўпрыгажэнне на дзвярах — жоўтыя… Неяк вельмі аўтэнтычна, па-палеску…

Але гэта яшчэ не ўсе ўражанні ад Дубага. Выязджаем на дарогу — а тут захаваўся ўчастак легендарнай трылінкі: дарожнага пакрыцця, вынайдзенага сто гадоў таму інжынерам Уладзіславам Трылінскім. Рабілі трылінку ў Брэсце, у Пінску яе называлі «пінская костка». Пліткі-шасціграннікі, кожная грань — дваццаць сантыметраў. У бетон утоплены колаты чорны базальтавы камень — рабочыя называлі такія камяні «паўкостка». Базальт прывозілі з Янавай Даліны на Ровеншчыне, калоў яго атрад берасцейскіх беспрацоўных. А для афармлення краю дарогі ўжываліся пяцігранныя пліткі, якія Трылінскі называў інфуламі — паводле падабенства з біскупскай шапкай-інфулай. Дарэчы, інжынер з задавальненнем сам браў удзел ва ўкладванні вынайдзенай ім пліткі. Азалаціўся ж… З кожнай пакладзенай трылінкі яму належалі два грошы.

Заходняя Беларусь тады была пад уладай панскай Польшчы. І вось улады вырашылі неяк выкруціцца, каб не плаціць вынаходніку. Замест шасціграннай пачалі рабіць чатырохгранную плітку — і патэнт Трылінскага ўжо ні пры чым. Паўкладвалі той спрошчаны варыянт на Піншчыне… Аж не, не прайшлі хітрыкі: вуглы ў такой пліткі хутка абломваліся.

І цяпер трылінка выглядае ўрачыста і прыгожа, роўна коцяцца па ёй колы… А наперадзе — яшчэ столькі дзівосаў, якія адкрывае для цікаўных беларуская зямля!

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.