Як у Беларусі з’явіліся першая спраектаваная дарога і канал

Дарогі Бутрымовіча


Белыя плямы беларускай гісторыі… Часам здаецца, што, азіраючыся на сваё мінулае, мы бачым заснежанае поле з асобнымі нешматлікімі праталінамі.

Гістарычнае бяспамяцтва — самая страшная хвароба, якая можа спасцігнуць народ. Давайце ж угледзімся ў тое, што замялі снягі часу, што нібыта і відочнае — але ўсё яшчэ не асэнсаванае, у яркіх персанажаў, якія апынуліся ў цені эпохі…

* * *

Нашы продкі казалі, калі праводзілі кагось у шлях: «Рушніком дарога!»

Але дарогі беларускія рэдка калі клаліся рушніком. Як сведчыў у XVІІ стагоддзі сакратар пасольства Свяшчэннай Рымcкай імперыі Ёган Корб, праязджаючы ад Ашмян да Ракава, «нязмерныя лясы, нераз’езджаныя дарогі, заслоненыя дрэвамі з навіслымі галінамі, затрымлівалі нас».

Але ў той час, у які мы цяпер адправімся, на Беларусі з’явілася першая спраектаваная дарога — так званы Гасцінец Бутрымовіча, зроблены за кошт падстаросты пінскага Мацея Бутрымовіча. Зрэшты, і першая веславаная дарога на Беларусі — канал — таксама ўзнікла не без удзелу гэтага ж персанажа.

Нашчадак Бутрыма

Ма­цей Бут­ры­мо­віч.

Ма­цей Бут­ры­мо­віч.

Нарадзіўся наш герой 275 гадоў таму, у сям’і Юзафа Бутрымовіча, каморніка Аршанскага павета. Род меў герб «Сякера». Баявы герб, і заснавальнік роду баявіты — рыцар Бутрым, які праславіўся падчас Грунвальдскай бітвы. А яшчэ запомніўся сучаснікам змрочным і ўпартым характарам.

Праўда, калі мы глядзім на партрэт Мацея Бутрымовіча, бачым выкшталцонага свецкага пана, з прыгожым уладным тварам. Мяркуючы па партрэце, быў пан Мацей дужа абаяльным. Прынамсі, для таго каб займець уплывовага сябра, самога Міхала Казіміра Агінскага, вялікага гетмана, што спаборнічаў за сэрца расійскай царыцы Кацярыны з Панятоўскім, браў удзел у шляхецкім рокашы супраць расійскіх войскаў і караля, але ганебна прайграў бойку пад Сталовічамі, замірыўся з уладамі і вярнуўся ў свой Слонім, каб ствараць «сядзібу музаў».

Герб «Ся­ке­ра».

Герб «Ся­ке­ра».

Кажуць, выхаванец пінскіх езуітаў Мацей Бутрымовіч пасябраваў з Агінскім яшчэ ў юнацтве, калі адбываў вайсковую службу ў славутым Пяцігорскім войску Вялікага Княства Літоўскага — войска так называлася, бо ў XVІ стагоддзі там служылі каўказскія горцы. Мацей даслужыўся да капітана, але вялікіх ваенных подзвігаў не здзейсніў. Галоўнае, што прывабіла аматара мастацтваў і рэформаў Агінскага ў Бутрымовічу, — здольнасць да прадпрымальніцтва, любоў да ідэй модных тады фізіякратаў.

Цераз грэблю

Дзякуючы шлюбу з Хрысцінай Лях-Шырмай Бутрымовіч займеў багатыя ўладанні на Піншчыне. Вось дзе можна разбудавацца… Заснаваў маёнтак, названы ў гонар жонкі Крысцінава. Але палескія дарогі — вось ужо не рушнікамі кладуцца, балоты адныя. Таму давялося пачынаць з пабудовы прыстойных гасцінцаў. «Практычна ўсё, што застаецца звыш жыццёвых патрэб, закопваю ў зямлю ці кладу ў будову», — пафасна скардзіўся Бутрымовіч. Але ж не забудзем, што меў пан добрага спонсара, князя Агінскага. Зацікаўленасць магната ў дыхтоўных шляхах з’явілася яшчэ ў юнацтве: у 1748 годзе карэта маладога элегантнага Міхала Казіміра Агінскага на адной з палескіх вясковых дарог звалілася ў ваду. Багаж патануў, радавіты пасажыр добра выкачаўся ў гразі…

Бутрымовіч з дапамогай Агінскага пабудаваў два дыхтоўныя гасцінцы — з Пінска на Валынь і з Пінска да Слоніма. Мясцовая шляхта напачатку пацяшалася — як гэта па непралазных багнах! Але ўпартым характарам Мацей удаўся ў продка. Узводзіліся дамбы і масты, асушаліся балоты, клаліся цераз дрыгву гаці… Даследчык Армен Сардараў, які шукаў сляды гасцінца Бутрымовіча, так вызначае напрамак легендарнай «першай дарогі»: Пінск — Горнава — Сярнічкі — Хлябы — Лапаціна — Ласіцк — Жалкіна. І заўважае, наколькі складанай была канструкцыя: два слаі бярвенняў — лагі і накат, далей «дарожная адзежа» — галлё і грунт, торф. Ды яшчэ абапал — канавы для асушэння. Каля гасцінцаў часта садзілі вербы, чыё галлё выкарыстоўвалася ў будаўніцтве.

Амаль Венецыя

Звязана імя Бутрымовіча і з воднымі дарогамі — знакамітым Агінскім каналам і цяперашнім Дняпроўска-Бугскім. Калі іх будаўніцтва завяршылася, пан Мацей зладзіў урачыстую «прэзентацыю». Дзесяць чоўнаў-абіянікаў, на кожным «трое плытагонаў, сапраўдных пінчукоў, апранутых так, як хадзілі пінчукі сто з лішкам гадоў», на чале з суддзёю пінскім Бутрымовічам адправіліся па Піне, далей па Бугу і Вісле ў Варшаву і Гданьск. Палеская флатылія везла дарункі: «мёд свежы, воск, лой, грыбы, рыбу вяленую, уюноў сушаных, крупы ячменныя ды іншыя тутэйшага краю прадукты». Як піша Адам Мальдзіс, «уся Варшава збеглася глядзець на «палескі караван». У тым ліку кароль, па чыім загадзе ў гонар падзеі выбілі медаль. А галоўнае — Панятоўскі выказаў жаданне наведаць маёнткі рэфарматара, паколькі ўсё адно збіраўся ў Гародню на сойм.

Манарх уразіўся: у Крысцінаве, палескай глушы, аказаліся цудоўны палац і гаспадарка, меліся каналы са шлюзамі, па якіх проста да сядзібы маглі падплываць караблі. Панятоўскага якраз на караблі да Крысцінава і прывезлі. Ілюмінацыя, стрэлы з гармат, сады на былых балотах… Уражаны кароль папаляваў на Крысцінаўскіх ставах на качак і літасціва падтрымаў планы гаспадара наконт пракладкі новых дарог.

На скрыжаванні культур

Нават разглядаючы партрэт, можна сцвердзіць, што Мацей здольны палітыкан. Сярод ідэй, якія ён падтрымліваў, была спроба надаць так званым дысідэнтам Рэчы Паспалітай — людзям іншага веравызнання — роўныя правы з каталікамі. У рамане Элізы Ажэшкі «Меір Эзафовіч» яўрэйскі шукальнік праўды Герш выпраўляецца па дапамогу. «Куды паехаў Герш? За горы, за лясы, за рэкі… У далёкую старану, дзе сярод балотных раўнін і чорных пінскіх лясоў жыў красамоўны абаронца раўнапраўя і асветніцтва польскіх яўрэяў, дэпутат сойма, Бутрымовіч, спрадвечны шляхціц. Ён быў мысляр. Ён бачыў ясна і далёка; не схаваныя былі ад яго схаваныя ад іншых сувязь гістарычных падзей, падставы і наступствы іх». У рамане Бутрымовіч ветла прымае Герша, яны разам змагаюцца за прыняцце новага закона. Але прайграюць — бо знікае сама дзяржава. «Разваліўся вялікі будынак… і бэлькі знішчылі ўсе нашы вялікія надзеі і працу», — з горыччу гаворыць Герш.

Дарагой цаной

Вы ўжо ўявілі Бутрымовіча як гэткага бездакорнага прагрэсіста? Ну так, заснаваў школу для дзяцей рамеснікаў… Абараняў правы дысідэнтаў…

Але жыццё не малюе адной фарбай.

Калі мы кажам, маўляў, падстароста пінскі будаваў дарогі — гэта ж не значыць, што ён уласнаручна махаў рыдлёўкаю. А вось тыя, хто гэта рабіў, не мелі не толькі славы, але часта і грошай. Каб сагнаць «рабочую сілу» на пабудову дарог ды каналаў, і ўладальнік пінскае эканоміі Міхал Казімір Агінскі, і ягоны намеснік Мацей Бутрымовіч не саромеліся змушаць да паншчыны і душыць падаткамі. Баронячыся ад бясчыння, у 1784 годзе, калі кароль наведаў Крысцінава, жыхары мястэчка Гарадная, што на Піншчыне, спрадвеку вядомага як цэнтр ганчарства, выпрасілі ў яго «Аберагальны ліст». А за гэта ў наступным годзе Бутрымовіч наслаў на Гарадную 50 стральцоў, якімі кіраваў лоўчы Сандэцкі. Мяшчане адбіліся, але ў 1788 годзе напад паўтарыўся. Гарадзенцы падалі на Агінскага і Бутрымовіча ў суд, захаваўся дакумент, у якім яны апісваюць беззаконні Бутрымовіча: «Напрыклад, разбіўшы гаршкоў першым разам 10 100, а другім 2100 штук, болей абпальваць гаршкоў не дазволіў, наслаўшы стральцоў, горны вадою пазаліваў, не дапускаючы займацца гэтым рамяством, якім адзіным забяспечвалі сабе дзённае харчаванне».

Пін­скі мур.

Пін­скі мур.

Суд цягнуўся ажно да знішчэння Рэчы Паспалітае, а тады скарга страціла сэнс.

На сарака палях

Яшчэ адзін напамінак аб нашым герою — мураваны палац у Пінску, які так вылучаўся сярод драўлянае забудовы, што месцічы празвалі яго проста — «Мур». Пінскі суддзя спяшаўся завяршыць будаўніцтва да прыезду караля, і першапачаткова, як сведчаць гісторыкі, палац мусіў належаць брату Панятоўскага, Міхалу. Не дарэмна сам кароль паклаў першы камень у падмурак. Але ўрэшце Мур дастаўся дачцэ Бутрымовіча Юзэфе.

Цікава, што збудаваны дом на крыніцах, плыткай зямлі каля старога абарончага вала. Таму віленскаму архітэктару Шыльдхаўзу і інжынерам давялося пазавіхацца. Каб будыніна стаяла, у вільготную глебу загналі сорак дубовых паляў. Затое падчас паводкі палац урачыста ўзвышаўся над вадой, не раўнуючы, як у Венецыі. Пісьменнік Юзаф Крашэўскі казаў, што будынак занадта прыгожы — быццам «фацэт у вёсцы, які саромецца сваёй прэтэнцыёзнай архітэктуры сярод іншых хацінак, што стаяць без цырымоній, падобна скрынкам на паліцах».

Сёння ў Муры — мясцовы загс і музей Беларускага Палесся. У музеі захоўваецца пліта, калісьці ўсталяваная ў гонар закладкі Крысцінава, на адваротным баку якой надпіс у памяць памерлых слуг Мацея Бутрымовіча — кухара Лявона Ажахоўскага і наглядчыка стайняў Яна Кучэўскага.

Менавіта ад ганка палаца і пачынаўся «гасцінец Бутрымовіча», першая беларуская спраектаваная дарога.

Дзед мастака

Дачка пана Мацея, Юзэфа, была выдатнай піяністкай і выйшла замуж за інжынера-фартыфікатара Міхала Орду, што выглядае невыпадковым. Безумоўна, Мацей Бутрымовіч сябраваў з аднадумцамі. Юзэфа рана засталася ўдавой, сама выгадавала пяцярых дзяцей… Адзін з якіх — славуты мастак Напалеон Орда, аўтар цэлай галерэі малюнкаў беларускіх архітэктурных помнікаў. Меліся яго карціны і ў пінскім Муры. Толькі вось падчас пажару 1901 года мала што ад збораў мастацтва там засталося.

Год смерці Мацея Бутрымовіча невядомы. Але памяць пра падстаросту, які зрабіў Пінск портам, адкуль плавалі караблі ў Балтыйскае і Чорнае моры, захоўваецца дасюль, яго імя носіць вуліца ў Пінску.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.