Януш Вішнеўскі не адчувае сябе пісьменнікам і шукае сюжэты на BlaBlaCar

https://zviazda.by/be/news/20201022/1603378826-krytyki-aburalisya-vishneuski-specyyalna-pisau-kab-use-plakali

Калегі-навукоўцы восем гадоў не ведалі, што паважаны прафесар, хімік-інфарматык — аўтар рамана-бестселера пра каханне.

Больш за тое, згаданы аўтар дасюль не лічыць сябе пісьменнікам, хоць на яго рахунку тры дзясяткі мастацкіх кніг, што разыходзяцца мільёнамі асобнікаў па ўсім свеце.

Біяхімік, які дакладна ведае ўсё пра гармоны-ферамоны, хімічнае «закуліссе» эмоцый, у 44 гады напісаў адзін з самых эмацыянальных раманаў пра «нелагічнае» каханне — «Адзінота ў сеціве». За тры гады пасля гэтага дэбютант атрымаў 18 055 лістоў ад чытачоў.

У рамана з’явілася польская экранізацыя, якую Януш Лявон Вішнеўскі характарызуе «вельмі кепска», і сцэнічная адаптацыя ў Санкт-Пецярбургу — «вельмі добрая».

Нядаўна ў рамана з’явіўся працяг, і вось ужо сіквэл перакладзены на беларускую мову пад назвай «Канец адзіноты» — цудоўная нагода сустрэцца з нашымі чытачамі.

З Янушам Вішнеўскім мы гутарылі ў мінскай краме «Акадэмкніга», якраз напярэдадні яго выступлення перад узрадаванымі беларускімі прыхільнікамі, якія ўсё падыходзілі і падыходзілі, і зацікаўлена прыслухоўваліся да нашай размовы. Я паабяцала, што «пра каханне» пытацца не буду — бо гэта тое, пра што ў пана Януша пытаюцца ўвесь час. Але іншую «адзнаку» яго творчасці абмінуць не ўдалося…


Раман як лячэнне ў псіхатэрапеўта

— «Адзінота — хранічная прастуда душы», — сказалі вы. А яшчэ — што каб пісаць, неабходная адзінота. Але ў якім сэнсе — як адсутнасць мітусні побач, адасабленне, ці як стан душы? У такім выпадку, гэта боль ці спакой?

— Я больш меў на ўвазе спакой. Гэта тая адзінота, якой я хачу, якую я шукаю. Быць сам-насам са сваімі думкамі. Не тое пачуццё, калі не знайшоў чалавека, які хацеў бы з табой быць, альбо ты не хочаш быць з кімсьці, — такое пачуццё балючае, хваравітае. Усе свае кнігі я напісаў на самоце, калі ў пакоі нікога апроч мяне не было. Зрэшты, гэта было лёгка. Я шмат гадоў жыў у Германіі. У мяне была маленькая кватэра недалёка ад офіса, за 60 метраў — што вельмі небяспечна, таму што ты нібыта заўсёды працуеш. Калі ноччу мне прыходзіла нешта ў галаву, я накідваў паўзверх піжамы паліто і ішоў у офіс. Сёння са мной жывуць трое — мая жанчына і яе два сыны. Але калі пачынаю пісаць, зачыняю дзверы, і ўсе ведаюць, што мяне не трэба турбаваць. Ніхто не чытае мой рукапіс да таго, як я пашлю яго ў выдавецтва. Я не хачу, каб мая жанчына ўплывала на тое, што я пішу. Яна чытае, толькі як выйдзе кніжка, нароўні з іншымі чытачамі.

— Часам я, займаючыся з маладымі літаратарамі, даю практыкаванне: успомніць сваю дзіцячую крыўду і ператварыць у мастацкі твор. Апісаць не адзін да аднаго (бо гэта будзе медыцынская картка, а не апавяданне), а пераасэнсаваць, зірнуць на падзеі збоку, з адлегласці, вокам мастака… Ваша прага да вывучэння феномена адзіноты — можа, таксама гэткая спроба пераасэнсаваць дзіцячую крыўду? Ад таго часу, калі чатырнаццацігадовы вы апынуліся далёка ад дому, паступіўшы ў марское вучылішча?

— Так, у той час я сябе адчуваў вельмі самотна. Вядома, гэта адбілася… Але адразу скажу: я не адчуваю сябе пісьменнікам. Я лічу сябе проста аўтарам кніг. Калі вы спытаеце мяне, хто я, я адкажу: «Я — вучоны, пішу праграмы па хіміі, кандыдат інфарматыкі, доктар, працую ў дакладных навуках. А ў вольны час пішу кнігі». Мне пашанцавала, што гэтыя кнігі людзі чытаюць і даюць мне самае важнае. Не грошы, якія трацяць на куплю маіх кніг, а свой час, які ахвяруюць на тое, каб іх прачытаць. Ведаю, ёсць шмат маладых людзей, якія мараць выдаць кнігу, бо думаюць, што займеюць папулярнасць, грошы… Я пачаў пісаць, таму што перажываў жарсць. Вялікую жарсць. Заканчваўся мой шлюб, жонка хацела са мной развесціся, я адчуваў сябе кепскім мужам, таму што ў мяне не было часу для сям’і, я быў так заняты сваімі навуковымі праектамі, што яны захінулі ад мяне ўвесь свет. Я не меў часу пачытаць казкі дзецям. Жонка перастала верыць у тое, што ў дзве гадзіны ночы былі заторы на вуліцах, а я ўвесь час выкарыстоўваў гэту ману. Я быў вельмі нешчаслівы і пайшоў да псіхатэрапеўта — у Германіі гэта бясплатна. Жанчына-псіхатэрапеўт, вельмі мудрая, сказала, што мне трэба аналізаваць свае пачуцці. Весці дзённік і апісваць, што я адчуваю — увечары, раніцай, на працы… Што думаю пра жонку, пра дзяцей. Доктар не хацела сама гэтага чытаць. Яна сказала: «Пішыце на польскай мове, я яе не разумею. Самае галоўнае, каб вы пісалі». Так пачаўся раман «Адзінота ў сеціве». Я, аднак, пісаў не толькі пра сябе, выкарыстоўваў сюжэты з жыцця іншых людзей. Пры гэтым кожны герой — гэта я, нават жанчыны. Мае гераіні перажываюць тое, што я перажываў. Гэта былі вялікая жарсць і вялікі сум. Таму кніга атрымалася вельмі сумная.

«Я краду ў людзей гісторыі»

— З аднаго боку, сучасны чалавек увесь час знаходзіцца ў сацыяльных сетках, у нейкай камунікацыі. З другога боку, ён развучыўся быць самотным, быць сам-насам з сабою, весці ўнутраны дыялог. Усе допісы ў «Інстаграме», «Фэйсбуку» — стварэнне штучнай асобы для чужых вачэй. А творчасць — як «Салярыс» Станіслава Лема, калі ты, выкарыстоўваючы жывую матэрыю чужога быцця, рэалізуеш уласныя патаемныя жаданні. Пра гэта я ўспомніла, калі чытала ваша апавяданне «Сіндром праклёну Ундзіны», дзе гераіня прыдумляе сабе віртуальнага сябра, абаронца.

— Так, працэс пісання пра свае адчуванні сапраўды выратаваў мяне. Я ведаў, што я — кепскі муж, таму зрабіў героя сваёй кнігі ідэальным. І ствараў для яго сусвет, жанчыну, каханне. Я ўзяў яго рысы ў розных маіх знаёмых, сабраў гэтакі пазл: пачуццёвасць — ад аднаго, інтэлігентнасць — ад другога. Гэта кепска, таму што я падмануў шмат жанчын.

— Уласна кажучы, што такое мастацтва і літаратура? Вялікі падман. Вартасць толькі ў праўдападобнасці.

— У маёй кнізе падману менш, чым у іншых, таму што ў мяне ёсць праблема, як у прадстаўніка дакладных навук: я не ўмею выкарыстоўваць фікцыю, выдумку. Да свайго першага рамана я напісаў шмат навуковых кніг і артыкулаў. А ў навуковых артыкулах трэба заўсёды даваць спасылкі, адкуль ты пра тое ці іншае даведаўся. У мяне было адчуванне, калі пісаў раман, што я таксама павінен даваць спасылкі, адкуль я ведаю якую-небудзь гісторыю, хто мне яе распавёў. Так што са мной небяспечна мець зносіны, я магу апублікаваць тое, што мне раскажуць. Я краду ў людзей іх гісторыі. Вядома, нешта мяняю. Змешваю гісторыі розных людзей у адну, але ўсе сюжэты рэальныя. Літаратурная выдумка мае сваю мяжу, рэальнае жыццё не мае ніякіх межаў.

— У апошнім рамане вы гаворыце ад імя дваццацігадовага героя. Наколькі гэта лёгка? Ментальнасць пакаленняў мяняецца ўсё хутчэй, праходзіць дзесяць гадоў — і гэта ўжо іншыя людзі…

— У «Адзіноце ў сеціве» ў гераіні рамана ў выніку ўсяго нараджаецца сын, якога яна называе Якаб. Ёсць дакладныя даты — сын павінен нарадзіцца ў 1997-м, а значыць, у 2017-м яму мусіць быць дваццаць гадоў. Я не думаў, што напішу працяг «Адзіноты». Але калі наважыўся, вырашыў, што напішу з пункту гледжання згаданага сына. Ведаеце, я ніколі не губляў кантакту з маладымі людзьмі. Калі я працаваў у Франкфурце прафесарам ва ўніверсітэце, любіў сустракацца са сваімі студэнтамі. Мне пашанцавала, што мае дочкі заўсёды хацелі са мной размаўляць. Не ў кожнага бацькі так атрымліваецца. Вядома, пра сваё інтымнае жыццё гаварылі з маці, а не з бацькам. Маладыя дзяўчаты ва ўзросце 15—17 гадоў пра секс з татам не гавораць, яны перакананыя, што ў таты секс быў два разы — «калі радзілася я, а пасля — калі мая сястра». Калі дочкі прачыталі маю кнігу «Адзінота ў сеціве», у іх быў сапраўдны шок. Глядзелі на мяне вялізнымі вачыма: «Тата? Эротыка? Каханне? Ён павінен займацца толькі алгарытмамі і хіміяй!» Доўгі час гаварыць пра гэтую кнігу было табу ў нашай сям’і. Яшчэ я шмат падарожнічаў паміж Польшчай і Франкфуртам-на-Майне, выкарыстоўваючы BlaBlaCar, гэткі сучасны аўтастоп, калі праз сеціва дамаўляешся браць спадарожнікаў. Ім карыстаюцца галоўным чынам маладыя людзі. Я на BlaBlaCar ужо ў статусе «амбасадор», гэта значыць, што ездзіў вельмі шмат. Я ж выпраўляўся з Германіі амаль кожныя другія выхадныя ў Польшчу да сваёй жанчыны альбо на сустрэчу з чытачамі. Заўсёды браў маладых людзей і правакаваў на размовы. Некаторыя пазнавалі мяне: «А, пан Вішнеўскі!» Некаторыя даведваліся, хто я, падчас падарожжа. Калі гучала назва «Адзінота ў сеціве», узрушваліся, рабілі са мной сэлфі. І распавядалі мне свае гісторыі, я слухаў, нават «услухваў» сябе ў гэтыя гісторыі. Мае спадарожнікі ведалі, што могуць быць шчырыя, бо мы можам ніколі больш не сустрэцца.

— Здаралася, што пасля яны пазнавалі сябе ў вашых героях?

— Так. У апошнім рамане ў мяне ёсць гісторыя пра жанчыну, якая працавала ў салоне прыгажосці, але марыла быць шафёрам агромністага грузавіка, як яе брат. Яна касметолаг, а хацела быць шафёрам. Гэта ненармальна. Маленькая такая жанчына…

— Ну чаму ж ненармальна?

— Не так часта сустракаюцца сярод шафёраў-міжнароднікаў, якія ездзяць ад Польшчы да Партугаліі на вялізных фурах, маленькія жанчыны. Але яна сваю мару рэалізавала. Ехала са мной на BlaBlaCar ад Гданьска, таму што ёй трэба было забраць грузавік у Берліне.

Калонка ў жаночым часопісе

— А ці здаралася, калі герой быў незадаволены, што яго гісторыю абнародавалі?

— Не. Бо я так змешваю рэальныя сюжэты, што цяжка пазнаць, хто ёсць хто. Напрыклад, усё адбывалася ў Берліне, а я пішу, што ў Варшаве. Было ў 1970-х, а я пераношу ў 2000-я. І ніколі не выкарыстоўваю рэальнае імя. У першай кнізе «Адзінота ў сеціве» гераіня ўвогуле не мае імя, у другой кнізе, «Канец адзіноты», яна ўжо дазволіла мне выкарыстаць сваё рэальнае імя. Адзін раз толькі была праблема… Я на працягу пятнаццаці гадоў вёў калонку для жаночага глянцавага часопіса «Пані». Аднойчы апісаў трагічную гісторыю, якая адбылася, калі мы з жонкай былі ў Балгарыі. У самалёце разам з намі ляцелі на адпачынак дзевяцігадовая дзяўчынка з цёткай. У Балгарыі, на пляжы, цётка адышлася, каб купіць пляменніцы ліманаду. А дзяўчынка ўвайшла ў мора і патанула. Жахліва… І тая жанчына мусіла ляцець назад і растлумачыць сваёй сястры, што дачка той памерла, таму што яна пайшла купіць ёй ліманаду. На могілках, непадалёк ад месца, дзе ляжыць мой бацька, пахавалі тую дзяўчынку. На яе магіле выява марской хвалі. Я туды заўсёды падыходжу. Я расказаў пра гэта ў сваёй калонцы праз дзевяць гадоў пасля трагедыі. І мне напісала сваячка гэтай дзяўчынкі, што я не павінен быў пра гэта пісаць, у мяне няма на тое права, бо я камусьці адкрываю старыя раны. Хоць я не называў рэальныя імёны, згадаў іншы горад. Але людзі пазналі сваю гісторыю. Ды гэта адзіны такі выпадак. А жанчына-шафёр грузавіка напісала мне, што яна ўдзячная.

— На ментальнасць цяперашніх пакаленняў не можа не паўплываць пандэмія каранавіруса… Некаторыя параўноўваюць гэта з сярэднявечнымі эпідэміямі чумы, пасля якіх змянілася філасофія, мастацтва, літаратура — усё. Пачалася эпоха Адраджэння з антрапацэнтрызмам, вяртаннем цікавасці да цялеснага.

— Небяспека каранавіруса ў тым, што мы не ведаем, што ён робіць з намі, якія яго наступствы. Хвароба можа быць бессімптомная, але як уплывае на арганізм — невядома. Статыстыка смерцяў ад каранавіруса меншая, чым ад грыпу, але мы не ўмеем яго лячыць. Думаю, што пасля пандэміі, пасля самаізаляцыі чалавецтва зменіцца. У Польшчы ўсё было зачынена, усе сядзелі па дамах, сустрэчы з чытачамі адмяніліся. Для многіх гэта была неверагодная трагедыя. Для мяне — не. Калі я параўноўваю сваё жыццё ў Франкфурце з самаізаляцыяй падчас пандэміі, гэта не надта адрозніваецца. Восем гадзін я сядзеў у маленькай кватэры, восем гадзін — у офісе, дзе таксама быў самотны. Можа, пару разоў на тыдзень сустракаўся з іншымі работнікамі. У дзевяць-дзесяць вечара я зноў вяртаўся ў сваю кватэру. Хіба што, не трэба было насіць маску, і я мог адысці ў краму, купіць віно. Але гаварыў амаль толькі з камп’ютарамі. Праўда, цяпер у Польшчы са мной была мая жанчына, якая працуе ў гімназіі выкладчыцай польскай мовы. І мы так шмат гаварылі, як ніколі. Яе дзеці былі занятыя гульнёй на камп’ютарах. Я чытаў вельмі шмат кніг, тэлефанаваў людзям, якія, я ведаў, самотныя. За час самаізаляцыі многія зразумелі, у якой ступені важныя стасункі паміж людзьмі. Гэта пазітыўны вынік пандэміі. Людзі засумавалі па блізкасці. Шмат пар падчас пандэміі развяліся. Таму што для іх быў жах — размаўляць з адной і той жа жанчынай ці тым жа самым мужчынам цэлымі днямі, быць разам дваццаць чатыры гадзіны ў суткі. Многія сужэнцы першы раз насамрэч пазнаёміліся адно з адным, бо адносіны ў сучасных шлюбах такія, што застаецца толькі інфармацыя на стыкеры на халадзільніку. Згодна са статыстыкай, людзі, якія ў шлюбе пятнаццаць гадоў, размаўляюць адно з адным дзевяць хвілін у суткі. Усе ведаюць феномен Японіі, дзе людзі маюць па чатыры месцы працы; найбольшая колькасць разводаў выпадае на перыяд, калі муж выходзіць на пенсію. Таму што ён цяпер дома, і жонка даведваецца, які ён чалавек. Раней яна бачыла яго раніцай, прасавала яму свежую кашулю, а пасля сустракала вечарам, калі ён ужо быў п’яны. Бо вечарам, як усе, піў піва і спяваў у караоке. І лічба разводаў у Японіі для людзей, якім за шэсцьдзясят, велізарная. Тое самае — пасля пандэміі. Я асабіста ведаю шмат пар, якія развяліся. Але ведаю і некалькі такіх, якія наноў закахаліся адно ў аднаго падчас самаізаляцыі.

Трохі ўправа — кіч, улева — меладрама

— Вы неяк казалі, што вашы кнігі чытачы абмяркоўваюць на незалежным партале, дзе ўсё вельмі аб’ектыўна. Мне ўвогуле цяжка ўявіць, што магчымая такая цалкам аб’ектыўная пляцоўка… Тым больш вы заўважылі, што меркаванні чытачоў і крытыкаў процілеглыя.

— Пра аб’ектыўнасць можна казаць толькі ў тым сэнсе, што на выказванні чытачоў на тым партале не ўплывае ні выдавецтва, ні кніжная крама, якая дала грошы крытыку з просьбай напісаць ухвальную рэцэнзію. А крытыкі ў Польшчы мяне не любяць. Я меў вельмі кепскія рэцэнзіі. Першую адмоўную рэцэнзію я прачытаў, калі мяне запрасілі ў Варшаву на кніжную выстаўку. Я так перажываў, што хацеў перад паездкай уздзець маску, каб мяне не пазналі. Але літаратура ніколі не была крыніцай майго існавання. Калі я перастану пісаць, я нічога не страчу. Каго вы крытыкуеце? Хіміка, інфарматыка? Гэта для мяне гонар, калі літаратурныя крытыкі пішуць пра кнігу хіміка. Зрэшты, і крытыкам было нялёгка сарыентавацца. Аўтар не быў у літаратарскім коле. Не жыў у Польшчы, меў шмат навуковых ступеняў, больш, чым тыя крытыкі. Пісаў на банальныя тэмы, пра каханне. Сюжэт жа «Адзіноты ў сеціве» вельмі банальны, звычайны трохкутнік — жонка, муж, каханак. Але нешта ёсць у гэтай кнізе, чаму столькі людзей захацела яе прачытаць! Да таго ж да аўтараў бестселераў адносіны адмоўныя ад пачатку. Логіка такая: «Нашто Вішнеўскаму грошы, у яго і так два «Мерседэсы»? Чаму яму дастаецца агромністая частка торта? Няхай бы куплялі бедных аўтараў, якія не маюць нічога». «Адзіноту ў сеціве» абвінавачвалі ў меладраматызме. Маўляў, «Вішнеўскі спецыяльна напісаў, каб вы плакалі. І гэта кан’юнктура, бо калі вы плакалі, вы не забудзеце пра кнігу. «Так, жанр, у якім я працую, небяспечны. Трохі ўправа — кіч, улева — меладрама. Мне трэба было прайсці па мяжы і не ўпасці.

В’етнамскі хіт

— Вашы кнігі шмат перакладаюць. Вы казалі, што яны дужа папулярныя ў В’етнаме і Кітаі…

— У В’етнаме больш, чым у Кітаі. Усяго пераклалі на дзевятнаццаць моў, апошняя мова, дзевятнаццатая, — беларуская.

— З перакладамі мастацкіх твораў заўсёды небяспечна, наколькі яны адпавядаюць арыгіналу. Я чытала раман нямецкага аўтара Давіда Кельмана «Слава» пра пісьменніка, які зрабіўся неверагодна папулярны ў адной з азіяцкіх краін, дзе яго друкуюць велізарнымі накладамі. А калі ён нарэшце туды трапляе, высвятляецца, што пад яго імем і назвай выдаецца востры раман мясцовага аўтара, які іначай не быў бы выдадзены.

— Сюжэт Кельмана выдатны, я люблю гэтага аўтара. Але я быў у В’етнаме і ўпэўнены, што там выдадзена менавіта мая кніга! Зараз мая в’етнамская перакладчыца скончыла пераклад рамана «Канец адзіноты». Якасць, вядома, не магу ацаніць, але людзі кажуць, што пераклад добры. І тут свая незвычайная гісторыя. Перакладчыца была студэнткай у Польшчы ў час в’етнамскай вайны, калі сацыялістычныя краіны дапамагалі студэнтам з В’етнама, запрашалі на вучобу. Калі яна вярнулася на Радзіму, не забыла польскую мову. Яе сын, скрыпач, адправіўся вучыцца ў Гданьск. Там ён пазнаёміўся са студэнткай з Японіі, якая іграла на фартэпіяна. Яны пакахалі адно аднаго і прыехалі жыць у В’етнам. І вось цяпер ёсць кватэра ў Ханоі, дзе жанчына з Японіі, мужчына з В’етнама і яго маці з В’етнама гавораць выключна на польскай мове, таму што толькі на гэтай мове могуць адно аднаго зразумець.

— Расійскі акадэмік Аляксей Лосеў сцвярджаў, што мова — жывая стыхія са сваёй ментальнасцю, якая ўплывае на ментальнасць носьбіта мовы, і асабліва на пісьменніка, для якога мова — больш чым інструмент.

— Так, мова генерыруе эмоцыі. Я ведаю. Нават напісаў пра гэта сюррэалістычную кнігу «На «Фэйсбуку» з сынам». Гэта мае размовы з маці, якая даўно памерла, але, я ўпэўнены, сёння мела б сваю старонку ў «Фэйсбуку». Я даўно марыў, каб якая-небудзь мая кніга выйшла на беларускай мове яшчэ з 2013 года, калі першы раз быў у Мінску. І вось здзейснілася — у выдавецтве «Янушкевіч» у перакладзе Кацярыны Маціеўскай і Ганны Янкуты з’явіўся мой раман, раней, чым у перакладзе на рускую. І я рады, што дзякуючы Польскаму інстытуту, які мяне запрасіў, магу гэтую кніжку тут прадстаўляць. Я засумаваў па такіх сустрэчах, бо з-за пандэміі яны перапыніліся.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.