Людміла Рублеўская
Масоўка
апавяданні
Людзі масоўкі
Можна ставіцца да іх скептычна — яшчэ адно «калямастацкае кола».
Масоўка… Фон для дзеяння на кіназдымачнай пляцоўцы.
Некаторыя трапляюць сюды выпадкова, на дзень-два, каб пасля ўсё жыццё расказваць, як здымаліся ў кіно. Некаторыя, што маюць сталыя прафесіі ў «рэальным» жыцці, прыходзяць сюды зноў і зноў, далучацца да таямнічага кіношнага свету.
І, нарэшце, там ёсць людзі, для якіх масоўка — асноўная прафесія. Калі яны і падпрацоўваюць недзе яшчэ, дык менавіта «падпрацоўваюць». А сапраўднае і галоўнае для іх пачынаецца пры святле юпітараў. Гэтыя людзі ведаюць, што здымалася і што будзе здымацца. Ведаюць у твар і па імені ўсіх рэжысёраў, акцёраў, аператараў, асістэнтаў рэжысёра і адзін аднаго. Іх мара — атрымаць «эпізод», эпізадычную ролю. І часам яна збываецца.
Масоўка… Якая насалода, здаўшы пашпарт або паштоўку з акуратна перапісанымі пашпартнымі дадзенымі, адчуць сябе канчаткова і беззваротна завербаваным у армію мастацтва. Да канца здымачнага дня ты — бяспраўны пакорлівы раб кожнага штатнага кіношніка. У цябе адбіраюць адзенне і выдаюць узамен смярдзючы кажух, шэрую кашулю з саматканай тканіны і страшныя чаравікі з рудой, цвёрдай, як бляха, скуры — тыповы строй беларускага партызана. Можаш займець какетлівы берэцік і рыдыкюль у стылі 30-х або шыкоўнае футра рускай баярыні… А можаш ператварыцца ў жабрака ці гітлераўскага афіцэра. Рэчы будуць старыя і не па памеры, разлічаныя на «фон», але гэта будзе ўсё-ткі здымачны касцюм і звязаны з ім вобраз. Цябе прымусяць змыць лак з пазногцяў, абматаюць бінтамі і тут жа пэрапэцкаюць гразёй і чырвонай фарбай, а ў давяршэнне намалююць пад вокам сіняк… Ты сядзеш у дрыготкі, пыльны студыйны аўтобус і паедзеш невядома куды, у ноч, на «натуру». Ты будзеш цярпліва чакаць шэсць гадзін на начным працінаючым вятры ці пад сляпучым ліпеньскім сонцам, пакуль на дзесяць хвілін запусцяць кінакамеру, дачакаўшыся вядомага толькі галоўным кіношнікам асвятлення, прычым твой «тыпаж» так і не спатрэбіцца.
Не кожны можа прыжыцца ў гэтым свеце. Але той, хто зрабіўся масоўшчыкам-прафесіяналам, як правіла, асоба нешараговая. І самаахвярным імкненнем да мастацтва, і стоеным самалюбствам, і кляйном няўдачніка, што мімаволі нясе з сабою роля «фона».
Цыганка
Дзе яна працавала ў рэальным жыцці — ніхто не ведаў. Дзябёлая дзеўка з пукатымі светла-брунатнымі вачыма і пухльнымі яркімі вуснамі была такой жа звыклай прыналежнасцю здымачнай пляцоўкі, як і пражэктар. Запапрашалі яе на здымкі даволі часта, бо кіношнікам імпанавала яе каларытная знешнасць. Але Цыганка нярэдка прыходзіла і тады, калі не запрашалі, і з дурнаватай усмешкай на тлустых вуснах тыцкала свой пашпарт бабульцы-«божаму дзьмухаўцу», што загадвала масоўкай.
— Сёння здымаюць толькі мужчын,— сярдзіта гаварыла інтэлігентная бабулька, а Цыганка, скарыстоўваючы багатую фантазію, усё прапаноўвала, як можна ў сённяшнім эпізодзе выкарыстаць яе, Цыганку. Гладка зачасаныя валасы Цыганкі блішчэлі, нізкі голас гучаў так пераканаўча, што звычайна бабулька брала пашпарт і ўпісвала дадзеныя з яго ў адзін са сваіх шматлікіх табеляў.
Мела Цыганка вялікае добрае сэрца, заўсёды важдалася з децьмі-«масоўшчыкамі», частавала іх лядзенчыкамі і расказвала сваю цудоўную казку — як на здымках фільма пра дзекабрыстаў яе, Цыганку, упадабаў рэжысёр і паставіў на першым плане — у натоўпе, які сустракаў гусар. І вядомы артыст, малады і прыгожы, што ехаў у шыкоўнай гусарскай форме на белым кані, паглядзеў на Цыганку і ўсміхнуўся ёй, і пасля, на працягу здымак, шукаў вачыма і ўсміхаўся. І ўвогуле, кожныя кіназдымкі былі для Цыганкі тым, чым для састарэлай павятовай паненкі чарговы баль — Вялікай Надзеяй…
Аднойчы здымалі сцэну пахавання з фільма пра савецкую пасляваенную вёску. У павільёне выбудавалі тры фанерныя сцяны, размалявалі іх і прыкрасілі, як маглі, у стылі «а-ля пейзан». На стол паставілі сапраўдную труну — бо труна заўсёды сапраўдная, як і смерць.
Заставалася толькі знайсці жанчыну на ролю нябожчыцы. Памрэж доўга размаўляў з гуртам масоўшчыц у жалобных балахонах, абяцаючы добраахвотніцы аформіць ролю нябожчыцы як эпізадычную. За яе плацілі ўдвая болей, чым за ўдзел у масоўцы. Але жанчыны чамусьці адводзілі вочы ўбок, пасмейваліся і ўпарта адмаўляліся. Згадзілася Цыганка. Ёй далі надзець чорныя лакіраваныя туфлі з тупымі насамі і тоўстыя старэчыя панчохі, растлумачыўшы, што на экране будзе відаць толькі частка труны — там, дзе ногі. Але ўсё роўна трэба ляжаць, заплюшчыўшы вочы, і старацца не варушыцца.
Труна, абабітая чорным паркалем звонку і бурачковым — знутры, аказалася трохі цеснаватай для мажнога цела Цыганкі. Але ляжалася там нечакана ўтульна. У сашчэпленых на грудзях руках Цыганка трымала тонкую васковую свечку. Свечку запалілі, і Цыганка захвалявалася, што на пальцы пацячэ гарачы воск. Тут рэжысёр пракрычаў свае цудадзейныя каманды, і жанчыны-плакальшчыцы загаласілі над труной. Цыганка помніла, што яе здымаюць ніжэй пояса, і ад гэтага ўсведамлення і намагання не дапусціць найменшага руху адпаведная частка цела ў яе нібы знямела, аднялася. Паступова пачуццё цікавасці і нават радасці, што яна, Цыганка, у цэнтры ўвагі ўсіх гэтых людзей, змянілася нейкай няёмкасцю. Сцэна ўсё цягнулася і цягнулася, жанчыны галасілі, асабліва адна, артыстка. Нечакана Цыганка адчула невядомы раней яе жыццялюбнай натуры страх. Захацелася неадкладна паварушыцца, глыбока ўздыхнуць, прыадкрыць вочы… Нарэшце сцэну адзнялі, але рэжысёр тут жа сказаў, што патрэбны другі дубль. Цыганка хацела вылезці з труны, але ёй загадалі ляжаць, каб не папсаваць кадр. Яна глядзела на ўсіх сваімі пукатымі вачыма, тлустыя вусны спрабавалі ўсміхнуцца, але ўсмешка атрымалася нейкая жаласная. Жанчыны-плакальшчыцы перагаворваліся між сабою і пазіралі на «нябожчыцу» з насмешкай і лёгкай пагардай, а можа, зайздросцілі, што вось у гэтай каровы хапіла смеласці і цяпер яна атрымае ўдвая болей, чым яны…
Цыганцы далі другую свечку, і здымкі пачаліся зноў. Плакальшчыцы, адна перад адной, галасілі ўсё жалобней і адчайней. Цыганкай апанаваў сапраўдны жах. Раптам ёй здалося, што яна не зможа ўстаць. Прыадкрыла вочы — проста ў зрэнкі ўдарыў сляпучы нежыццёвы прамень юпітара. «Хутчэй бы, хутчэй…» — паўтарала сама сабе «нябожчыца».
Пасля другога дубля здымалі трэці. Цыганка аблівалася потам і часта глытала сліну. Устала з труны пастарэлая і паблажэлая, але ўсё роўна спрабавала ўсміхнуцца. Цяпер з’явілася ў яе іншае адчуванне — быццам бы пераадолела цяжкую хваробу. Быццам здзейсніла нешта вялікае і годнае шляхам самаахвяравання, і ўсе гэтыя людзі праз яе, Цыганкі, пакуту атрымалі нешта добрае і вечнае… Наўрад ці старая дзеўка з масоўкі магла выкрышталізаваць свае цьмяныя пачуцці так прыгожа і канкрэтна, але падобныя пачуцці, несумненна, прысутнічалі ў яе шырокай, рамантычнай душы…
Эпізод у фільм не ўвайшоў.
Студэнт
Ён прыйшоў на кіназдымачную пляцоўку яшчэ першакурснікам тэатральнага інстытута. Будучыня малявалася яму то ў тонкіх пастэльных колерах элітарнай творчасці, то з імпрэсіяністычнай яркасцю замежных кінафестываляў і карнавальнай багемы. У масоўку Студэнт трапіў па намове сябрука — падзарабіць і «вывучыць натуры» — спазнаць будучую прафесію з нізоў.
Для таго каб уступіць у брацтва масоўкі, не трэба валодаць асаблівымі талентамі ці адметнай знешнасцю. Чорны ход у мастацтва аднолькава даступны ўсім, але вядзе не далей кухні… Студэнт прафесійна не зажмураўся на святло юпітараў, стараўся пазнаёміцца з кіношнікамі, але пасябраваў толькі з бабулькай-загадчыцай масоўкі. Байкі пра вядомых артыстаў і рэжысёраў, жывых і памерлых, нейкім чынам прыўзнімалі слухача да ўзроўню сваіх герояў. Час ішоў. Студэнт пакінуў сваю «правінцыйную» навучальную ўстанову і паступіў у адпаведны маскоўскі інстытут. Але і там правучыўся толькі адзін курс. Напэўна, нечага не хапала гэтаму прыгорбленаму, з вечнай няпэўнай усмешкай на твары юнаку, каб у сваю чаргу «нечым» зрабіцца. Але «нешта» ў ім было — бо прымалі яго ў творчыя ўстановы яшчэ двойчы, і двойчы адлічвалі… Мастацтва ўцякала ад яго, збягала, як залаты пясок скрозь пальцы. Заставалася адно — масоўка. Здымачная пляцоўка, дзе на цябе, як і на галоўнага героя, свеціць пражэктар і табе таксама адрасаваны каманды рэжысёра… Студэнт ужо даўно нідзе не вучыўся, але па-ранейшаму пляткарыў пра былых дэканаў і марыў пра свае кінастужкі…
Адзін з першых фільмаў, у якім зняўся Студэнт, быў фільм пра героя Айчыннай вайны. Галоўнае месца ў сцэнарыі займаў аналіз вытокаў гераізму вышэйпамянёнага героя. Гледачоў павінен быў расчуліць падрабязны аповед пра даваеннае жыццё юнака-камсамольца, крышталёва чыстае, з першым каханнем і строгімі маральнымі нормамі. Каханая героя, згодна сцэнарыя, была скрыпачкай з інтэлігенцкай сям’і. Іграла гераіню нікому не вядомая маладзенькая актрыска. Калі Студэнт з масоўкі ўпершыню пабачыў яе ў студыйным павільёне, нечакана ўзрушыўся: круглатварая, з блакітнымі вачыма, акуратненькім кірпатым носікам з рабацінкамі і коратка падстрыжанымі мядовымі валасамі дзяўчына ўвасабляла сабою цноту і чысціню. Да таго ж яе здымачны касцюм ідэальна садзейнічаў такому ўражанню: блакітны берэцік, белая блузка-матроска, строгая сіняя спадніца, белыя шкарпэткі і парусінавыя туфлікі ў колер берэціка, нарэшце скрыпічны футарал. Уся гераіня была такая ладненькая, вясёленькая, крыху наіўная… Студэнту прыначылі разам з іншай масоўкай увасабляць удзячных слухачоў чароўнай скрыпачкі.
Граць на скрыпцы актрыска не ўмела. Кашэчыя гукі, якія яна здабывала з беднага інструмента, цяжка было назваць музыкай. Але Студэнт пляскаў у ладкі на поўным сур’ёзе. Спадабалася яму і тое, як незалежна кіўнула гераіня рэжысёру пасля заканчэння здымак і лёгкай хадою накіравалася ў пакойчык для артыстаў. Студэнт, як свой чалавек, пашыбаваў следам.
У пакойчыку, як заўсёды, было страшэнна накурана. Чалавек дзесяць, мужчыны і жанчыны, размаўлялі перабольшана гучнымі галасамі, залівіста смяяліся, прычым вочы іх заставаліся сур’ёзнымі і холадна назіралі рэакцыю субяседніка. Студэнт прысеў на падваконне, нехта адразу папрасіў у яго прыкурыць. Але ўвага студэнта была цалкам скіраваная на яго Даму. Бо яна была тут: напаўляжала ў крэсле, прыстроіўшы гладкія стройныя ножкі ў белых шкарпэтках на спінку другога крэсла. Прычым на гэтым другім крэсле сядзеў сярэдніх гадоў кіношнік у джынсавым строі і час ад часу пагладжваў ножкі артыстачкі, адпускаючы даволі салёныя кампліменты. Артыстачка рагатала, задзірліва адкідаючы галаву з блакітным берэцікам — трымаўся, як прыклеены, і паміж моцнымі зацяжкамі адказвала патокам найбруднейшай лаянкі. Словы, якіх Студэнт з прычыны недасканалага выхавання нават не ўсе ведаў, зляталі з ружовых вуснаў лёгка і нязмушана, быццам гімназістка пачатку стагоддзя цытавала Ігара Севяраніна. Чамусьці Студэнту захацелася заплакаць. Хаця якая на тое магла б быць прычына? Няўжо дзеці і пасербы сучаснага мастацтва здольныя расчароўвацца і плакаць?..
Перапынак скончыўся. Гераіня апусціла бліскучыя ножкі на зашмальцаваную падлогу, раздушыла недакурак у сіняй шкляной попельніцы, падобнай на расплясканую чарнільніцу, і пайшла мучыць скрыпку.
Студэнт ведаў на кінастудыі ўсе хады-выхады, і непрыкметна сышоў пад травеньскае сонца, не такое яркае, як пражэктары ў павільёне, затое яго ніхто не мог уключаць, выключаць, прыгашваць або захінаць фільтрамі, каб атрымаць «светлавыя эфекты»…
Праз месяц Студэнта ў першы раз адлічылі з інстытута. Фільм выйшаў на экраны, узяў належную колькасць прызоў на ўнутрысістэмных дзялёжках і сышоў у небыццё.
Іван Сяргеевіч
Запаў у памяць зусім нязначны эпізод. Здымалі фільм пра падзеі 20-х гадоў. Недзе ў Вілейскім раёне знайшлі чыгуначную станцыю са старым даваенным вакзальчыкам, прыгналі туды музейны паравоз, некалькі вагонаў і — дабіты студыйны аўтобус з масоўкай (кіношнікі ездзяць толькі на «рафіках»).
Цягнік пад’язджаў да станцыі са страшэнным скрыгатам і дымам, як паранены цмок, а масоўка павінна была хадзіць па пероне і ўвасабляць сустракаючых, праваджаючых і ад’язджаючых. Рэжысёр паклікаў мажнага, з бабскім азызлым тварам пажылога мужчыну:
— Іван Сяргеевіч, прайдзіся!
Мужчына падхапіў рэквізітны клуначак, дачакаўся каманды і пайшоў па пероне няспешнай, у развалку, хадою немаладога стамлёнага селяніна. Ён выглядаў настолькі натуральна, што астатнія ўдзельнікі масоўкі выглядалі як заведзеныя лялькі з механічнымі рухамі і дзіка напружанымі тварамі.
Але Іван Сяргеевіч акцёрам не быў. І нават ніколі «на акцёра» не вучыўся. А быў ён капітанам у адстаўцы і ўсё жыццё праслужыў у інтэнданцкіх часцях. Цяпер жа зрабіўся Іван Сяргеевіч заслужаным масоўшчыкам. У кожных здымках ён не проста «ўдзельнічаў», а іграў ролю. Калі яму не даручалі нічога канкрэтнага, сам прыдумляў сабе вобраз і па-майстэрску ўвасабляў. Усе кіношнікі, ад рэжысёра да памрэжа, ведалі Івана Сяргеевіча і любілі «натуралізаваць» ім кадр.
Нездарма Іван Сяргеевіч прыкіпеў да кіношнай справы. Быў у яго натуры дагэтуль прыціснуты вайсковым уставам, а цяпер выпушчаны на волю чорцік. Не прапускаў Іван Сяргеевіч ніводнай дзяўчынкі з масоўкі, частаваў цукерачкамі, ціскаў і цалаваў на правах «дзядулі». Любіў падкаціцца і да жанчын старэйшых. А з сабою, між іншым, заўсёды меў ладны харчовы запас, падрыхтаваць які можа толькі добрая жонка — запечаную ў фальзе курыцу, гарачыя бутэрброды-тарталеткі, хатнія булачкі…
Неяк здымалі на «Партызанфільме» (такую мянушку далі мясцовай кінастудыі ў блізкім замежжы) чарговы фільм пра вайну. У касцюмернай размяркоўвалі «ролі» сярод масоўкі. Хтосьці мусіў быць партызанам, хтось — савецкім салдатам-акружэнцам, хтось — нямецкім салдатам… Івану Сяргеевічу, як віднаму мужчыну з ваеннай выпраўкай, надалі званне афіцэра СС. Ён звыкла зацягнуў папругу, зашпіліў пад тлустым адвіслым падбароддзем жорсткі, як кардон, каўнер і бадзёрым крокам пашыбаваў па калідорах студыі…
Здымкі адбываліся «на натуры». Непадалёк ад горада выбудавалі цэлы партызанскі гарадок — зямлянкі, акопы, а таксама «папялішчы і руіны». Прыгналі туды і сапраўдны танк з бліжэйшай вайсковай часці. Танк замаскавалі пад нямецкі, а трох худзенькіх бялявых хлопчыкаў, што абслугоўвалі яго, пад нямецкіх салдат. Жаласныя такія немцы атрымаліся… Іван Сяргеевіч, як чалавек ваенны, адразу пацягнуўся да танкістаў, узяў іх, так бы мовіць, пад сваю аўтарытэтную каманду. Між тым час ішоў, здымкі не пачыналіся, а рэжысёр нешта гаварыў пра цудоўнае вечаровае асвятленне і заходзячае сонца.
Надышоў палудзень спякотнага ліпеньскага дня. І трэба ж было такому здарыцца, што менавіта ў гэты дзень Іван Сяргеевіч прыйшоў на здымкі без заўсёднай «сабойкі». Уважлівы назіральнік мог бы таксама заўважыць нешта новае ў абліччы заслужанага масоўшчыка — некалькі паралельных драпін каля парослага сівым воласам вуха. Масоўка блукала па бліжэйшых лясочках, кіношнікі часткова замкнуліся ў маленькім павільёне, часткова загаралі… Будан, у якім павінна была працаваць паходная студыйная сталоўка, стаяла замкнёная на бліскучы новенькі замок. Салдацікі пры танку, зразумела ж, маглі толькі коўтаць сліну і не насмельваліся нават адысціся ад сваёй баявой машыны, каб сарваць якую ягадзіну. Калі Івана Сяргеевіча пачала пакідаць звычайная жыццярадаснасць, ён, як чалавек ваенны і да таго ж фактычны кіношнік, вырашыў дзейнічаць і хуценька шляхам размоў з тутэйшымі непаўналетнімі жыхарамі, што звыкла пазбягаліся глядзець, як здымаюць кіно, зрабіў рэкагнасцыроўку на мясцовасці. Танк сціпла хаваўся на ўскрайку лясочка, у цені дрэў. Іван Сяргеевіч на бягу раўнуў распранутым да пояса танкістам-дахадзягам, што паныла абселі размаляваную браню:
— Гатоўнасць нумар адзін! Па машынах!
Хлопцы, пасля невялікага тлумачэння баявога задання, хуценька апранулі агідную варожую форму і занялі адпаведныя месцы ў танку. Іван Сяргеевіч прыстроіўся збоку, на брані, адной рукой трымаючыся за нагрэтае жалеза, а другой прытрымліваючы велікаватую фуражку з чэрапам і арлом.
— Паехалі!
Да невялічкага хутара на ўскрайку радавой савецкай вёскі пачатку васьмідзясятых гадоў са страшэнным рэвам падкаціў танк са свастыкай на баку і фашысцкім афіцэрам на брані. Афіцэр саскочыў на зямлю, адным ударам бліскучага бота адчыніў варотцы і вальяжным крокам увайшоў на двор. На акне хаты матануліся фіранкі, і на ганак выскачыла прыгорбленая бабулька, якая адразу пачала аддаваць зямныя паклоны. Эсэсавец у хату, аднак, не пайшоў, але загэргэкаў да болю знаёмае:
— Матка! Яйка, сала, шнэль!
Паўтараць не давялося. Сітуацыя была адназначнай. Бабулька, не ўдаючыся ў філасофскія роздумы пра паралельнасць сусветаў і ўзаемапранікненне часавых зрэзаў напакавала ладны клунак і з паклонам падала праклятаму акупанту. Афіцэр схапіў здабычу і са словамі «Гут, гут, аўфідэрзэйн, фрау!» ускочыў на танк, які адразу ж рушыў з месца.
Толькі калі на дарозе аселі апошнія клубы пылу, бабулька кінулася бегчы ў вёску да сваёй найвышэйшай інстанцыі — старшыні калгаса.
Прыкры выпадак удалося замяць. У ахвяры папрасілі прабачэння, заплацілі ўжо не ведаю з чыёй кішэні — за канфіскаванае. З Іванам Сяргеевічам пагаварыў сам рэжысёр — праўда, размова атрымалася нейкая несур’ёзная… А што зрабілі з галоднымі танкістамі — ведае толькі вайсковае кіраўніцтва. А тое, што датычыць вайсковага кіраўніцтва, як вядома, ваенная тайна…
Лапуля
Такія прыгожыя дзяўчаты сустракаюцца толькі ў калідорах кінастудый. Іх немагчыма ўявіць з банальнай хімічнай завіўкай або ў чарзе за каўбасой. Здаецца, дзьмухнеш на такую, і яна паляціць у расчыненае акно, як празрыстая шаргатлівая папера для кветак… Жанчыны пры першым поглядзе на падобную прыгажуню інстынктыўна думаюць «Дурніца», а мужчыны гэтак жа інстынктыўна — «Распусніца».
Можа быць, Ліліяна і не была дурніцай — па яе агромністых, напалову лялечнага тварыку, вачах немагчыма было вызначыць узровень яе інтэлекту. На здымачнай пляцоўцы Ліліяна апынулася адразу пасля заканчэння школы. У інстытут або якую вучэльню прыгажуня і не спрабавала паступаць — навошта? Перад вачыма заўсёды быў прыклад рэжысёрскіх жонак і каханак, якія атрымлівалі галоўныя ролі, якіх улагоджвалі, як каралеў, і якім відавочна не спатрэбілася праходзіць творчыя конкурсы… Бацькі ўладкавалі Ліліяну некуды лабаранткай, але, зразумела, яе асноўнай прафесіяй і марай было кіно. Ліліяну часта запрашалі быць памрэжам — дапамагаць бабульцы-загадчыцы масоўкі. Дзяўчына збірала ў ахвочых рамантычнага заробку пашпарты, перапісвала дадзеныя адтуль у спецыяльныя табелі, пасля выдавала квіткі на аплату за ўдзел у масоўцы… Масцітыя кіношнікі ласкава ўсміхаліся Ліліяне, але спакусных прапаноў чамусьці не рабілі…
Нарэшце на здымках сатырычна-фантастычнага фільма Лапулі пашанцавала: ёй прапанавалі эпізадычную ролю. У павільёне збудавалі з квадратных упаковак ад яек «лабараторыю сусветна вядомага вучонага», які вынайшаў эліксір бессмяротнасці. Праз увесь павільён у «лабараторыю» стаяла «чарга» за названым эліксірам. Ліліяна павінна была сыграць сучасную піжонку, якая ў абдымку са сваім піжонам падыходзіць да чаргі і кажа: «А можа і нам стаць?», на што хлопец адпускаў сваю сацыяльна завостраную рэпліку, зместам «на што нам гэта трэба». Вось, у прынцыпе, і ўся роля. Партнёрам Ліліяны мусіў быць малады высокі кіношнік у белых штанах. Ён нейкі час папалохаў Ліліяну спецыяльнымі акцёрскімі практыкаваннямі для голасу, гучна прамаўляючы над яе ружовым вушкам свае «уі-оі», «бо-бэ-бі-бе», так што Ліліяне было страшэнна няёмка. Пасля кіношнік па-гаспадарску абняў масовачную Лапулю, і пачалася невялічкая рэпетыцыя. Лапуля страшэнна хвалявалася, хаця яе вялізныя вочы па-ранейшаму нічога не адлюстроўвалі, да таго ж іх прыкрывалі выдадзеныя касцюмершай цёмныя акуляры. Джынсікі спакусна абцягвалі адпаведныя Лапуліны месцы, аднак вымаўленне адзінага даверанага сказа ніяк не ладзілася. Рэжысёр зноў і зноў прымушаў Лапулю паўтараць сакральнае: «А можа і нам стаць?» Лапуля старалася, як магла. То падвышала голас у канцы фразы да хлапечага дысканта, то вымаўляла словы з млявым прыдыханнем, то міла расцягвала іх, але рэжысёр чамусьці нерваваўся і ўздыхаў, а партнёр пагладжваў Лапулю па плечуку і лагодна прыгаворваў:
— Нічога, Лапуленька, у тваім выпадку словы — не галоўнае…
Нарэшце рэжысёр махнуў рукой:
— Сыдзе… Не такое сыходзіла…
Вымавіўшы сваю рэпліку перад камерай, Ліліяна адчула незвычайную палёгку і радаснае ўзрушэнне. Усе наступныя дні здымак праляцелі ў ружовым тумане. Ліліяна адчувала сябе зусім «сваёй», прынятай у вузкае кіношнае кола. Адзін з асістэнтаў рэжысёра нават двойчы праводзіў яе дадому, але, пачуўшы, што Лапулі яшчэ няма васямнаццаці, неяк засумаваў і аддаліўся.
Ліліяна выпісвала квіткі або проста блыталася па студыі, стараючыся найчасцей сутыкацца з рэжысёрам. Касцюмершы, грымёршы ды іншыя кіношныя жанчыны ўпотай ненавідзелі Лапулю і ніколі не запрашалі ў перапынках на каву ці гарбату, хаця самі заўсёды збіраліся гаманлівымі купкамі вакол тэрмасаў і кававарак. Асвятляльнікі ды іншыя рабацягі выяўлялі да Лапулі інтарэс, але не маглі разлічваць на аналагічнае пачуццё з яе боку. Лапуля меціла вышэй! Пачатак кар’еры быў бліскучы, і рэжысёр ужо два разы ўшчыкнуў яе пры «выпадковых» сустрэчах.
Але здымкі закончыліся, а ў жыцці Лапулі нічога не змянілася. На агучванне яе нават не запрасілі, а ў цітрах пераблыталі першую літару прозвішча. Да таго ж рэжысёр аказаўся жанатым язвеннікам.
Колькі Лапуля болей ні хадзіла на здымкі, «на эпізод» яе не запрашалі. Чарговы асістэнт рэжысёра праводзіў яе да дому, каб пасля шматзначна апавядаць у студыйнай курылцы пра тое, чаго не было. А Ліліяна любіла заставацца адна ў касцюмернай і ўсё прымервала на сябе чужыя касцюмы і парыкі, надаючы свайму вытанчанаму тварыку тыя выразы, якія маглі б на ім з’явіцца ў тых сітуацыях, якія з Ліліянай ніколі не адбываліся…
Ах, мастацтва, мастацтва… Ты ў жыцці не што іншае, як белыя пялёсткі вакол брудна-зялёнай кветкавай сарцавіны з будучым насеннем. Па сутнасці, значэнне мае толькі гэтая някідкая сарцавіна. А пялёсткі — што яны? Заваба для дурных матылёў і летуценных дзяцей чалавечых… Аздоба жыцця… І як рэдка — твайго…
Эпілог
Жыццё складаецца са статыстаў. «Зоркі», воляю лёсу або сілай уласнага таленту выштурхнутыя з агульнай масы наверх, як бурбалкі ў вары, належаць ужо не гэтаму жыццю. Яны, хто адразу, хто — пакрысе, хто — лёгка, хто — праз перашкоды, усплываюць да светлага праёму наверсе і — порх! — іх ужо няма, толькі срэбны след на паверхні ды лёгкія хвалі… А астатнія — дробныя малекулы, розныя па сваіх вартасцях, моцна счэпленыя няўмольным узаемным прыцягненнем і назаўжды пакараныя ўтрапёным ўзаемным адштурхоўваннем? Хіба ім не хочацца ў тое светлае, што наверсе? Але вар жыцця кіпіць, шпурляе кожнага то ўверх, то ўніз, балюча стукае аб цвёрдыя грані рэальнасці, прыціскае да самага распаленага дна… А яны ўсё роўна прабіраюцца наверх — маленькія людзі з неўсвядомленай прагай душы, складваюцца ў віры, адштурхоўваюць адзін аднаго, прылепліваюцца адзін да аднаго, і мараць, і пішуць па начах нязграбныя вершы, і купаюцца ў гарадскіх фантанах, таму што там — нельга, і нараджаюць дзяцей, каб навучыць іх таму, што не ўмеюць самі — усплываць да святла…
Мігціць экран, створаны з маленькіх цёмных і светлых кропачак, быццам таксама віруе…
Я люблю вас, людзі масоўкі!
1995