З цыклу “Гэта не мы”
КАМПОТ СВЯДОМЫ
Вось так паміраем – таму, што бракуе цяпла.
Вось так навучаемся шчыра ілгаць і ўсміхацца.
Нібыта на волі,
ды наша вязніца – са шкла.
Руку працягні — і сустрэнеш сцяну, а не пальцы.
Мы доўга цярпелі, чакаючы новай вясны.
А потым увесь каляндар перайшоў на лацінку.
Мы доўга чакалі, а ўселіся ў крэслы — Яны,
Не мы, што ніколі не ўмелі гандлярыць на рынку
Калі нават люты яны назавуць “сакавік”,
У нас аргументаў аспрэчыць не болей, чым шчасця.
Мы ў слоікі разам з кампотам закручваем крык.
А раптам прыдасца? Памрэм — у каморы загляньце.
Вось так мы адлічваем нашы шумерскія дні.
Гліняных таблічак накрэлілі вам на расстанне.
Вы піце кампоцік, нашчадкі! Вы– гэта Яны.
Вясна не настане. Ніколі вясна не настане.