Як бы сёння дзень пісьменніка… Даволі абстрактнае паняцце, якое ўжываецца надзвычай вольна. Дакладна не прафесія. І не ганаровае званне, якое можна заслужыць. Малюск, які спараджае перліны, зусім не хоча гэтага рабіць. Бо перліна – гэта рэакцыя ягонага арганізму на іншародны прадмет, які патрапіў між створак ракавіны і спараджае боль. Малюск не можа іначай ад яго абараніцца, як ствараць вакол востраграннай пясчынкі з самога сябе прыгожую абалонку, пералівістую сферу асацыяцый і алюзій. Ён не працуе на ювелірную краму.
З раману “Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію”.
Горыч i слодыч мёду,
якому не даў змясціцца
У Богам табе адведзеныя,
не залатыя соты,
Стануць тваёй атрутай.
Апошнiм глытком вадзiцы,
Якога не дапрасiцца
ад брата Лазара ўпотай.
Зямля ў крыжах, нiбы ў дзiдах.
Пустэча – балючай болю.
Будуй высокую вежу
з наймоцнай слановай косткi –
Народжаны быць пчалою
Нiколi не зменiць ролi.
Ён мусiць збiраць да скону
зямлi сваёй водар Боскi.
I ўмерцi, не даляцеўшы
да самай апошняй кветкi,
I ўпасцi на стос паперы
на паўрадку, на паўфразе.
А вулей у тую хвiлю
не сцiх i на змiрг павекаў.
А вулей, твой мёд забраўшы,
не ўспомнiць цябе нi разу.