У канцы гэтага года павінен выйсці мастацкі фільм па кнізе пісьменніцы — пра авантурныя прыгоды беларусаў дзвесце гадоў таму.
— У чэрвені скончыліся здымкі фільма па вашай кнізе «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега» — прыгодніцка-авантурным рамане з рэаліямі XVIII стагоддзя. Вы сачылі за працай. Задаволеныя тым, як усё прайшло?
— Гэта немагчыма проста апісаць у некалькіх словах, бо гэта была для мяне новая эпоха, якая скончылася. Хаця ў прынцыпе з сусветам кіно знаёмая. Калі была малая, у мамы была сяброўка на «Беларусьфільме», і я часта здымалася ў масоўцы. Я там пераздымалася ва ўсіх фільмах 1970-х… Таму цяпер была такая крутая — ведаю кіно знутры. Але аказалася, што ў параўнанні з маімі дзіцячымі ўспамінамі тут шмат новага. Тым больш што на гэты раз я была каля манітора, каля рэжысёра. І гэта зусім іншае. Гэта было хвалююча.