Люблю блукаць па старых могілках… Уяўляць людзей, якія калісьці ішлі ў паспалітае рушэнне і біліся на двубоях, будавалі палацы і прайгравалі ў фараона апошні грош, ладзілі пышныя балі і лекавалі «жывёльным магнетызмам», замаўлялі крыналіны з Парыжа і малявалі партрэты ў антычным стылі… Цені мінулага… Добра, калі застаўся хоць камень, у выбітыя ў якім літары запаўзае мох… А часцяком — толькі безыменная купка травы альбо выраслае на месцы былой магілы дрэва, няхай пры жыцці той, хто тут ляжыць, спазнаў усе завабы славы, а пасля смерці ўвайшоў у энцыклапедыі. Пра гэта я думала і на віленскіх могілках Роса, дзе спачываюць шмат якія дзеячы беларускае гісторыі. Дзесьці тут і магіла мастака Францішка Смуглевіча, месцазнаходжанне якой страчанае яшчэ ў пазамінулым стагоддзі…
Мікола Ермаловіч, аслеплы гісторык, які адкрываў таямніцы Вялікага Княства Літоўскага, пералічваў у вершы «Сябрам Літвы» славутых людзей, што зрабілі ўнёсак у культуру і беларусаў, і іх суседзяў, і заклікаў не сварыцца наконт іх прыналежнасці:
«Суседзі, сябры! Мы падзелімся славай,
не будзем пасёння хаваць пад крыло
сумеснае гора сумеснай дзяржавы,
сумесных крыніц жарало.
У нас быў Пачобут і быў Каліноўскі,
Смуглевіч і Рушчыц,
Міцкевіч і Зан…»
Сапраўды, хоць народжанага ў Варшаве 275 гадоў таму Францішка Смуглевіча часта называюць менавіта польскім мастаком, ён застаўся ў гісторыі і літоўскага, і беларускага мастацтва. Больш за тое — яго называюць адным з заснавальнікаў беларускай мастацкай школы!
ПЯЦЬ БРАТОЎ-МАСТАКОЎ
А належыць Францішак да мастакоўскай дынастыі. Бацька, Лукаш Смуглевіч, усіх пяцёх сыноў навучыў свайму рамяству. І, напрыклад, чытаючы пра касцёл у Падгорцах каля Львова, натрапляем на звесткі, што роспісам інтэр’еру радавой усыпальніцы Жавускіх там займаўся Лукаш Смуглевіч з сынам, а было гэта дзесь у 1760-х гадах. Праўда, наўрад ці гэта быў менавіта Францішак — хіба што прыехаў на нейкі час з Рыма.
Не было тады для мастака больш жаданай творчай вандроўкі, як у Італію… Францішак вучыўся там у 1763—1764 гадах, ягоным настаўнікам у мастацкай акадэміі Святога Лукі быў аўстрыец Антон фон Марон, аўтар выдатных партрэтаў каранаваных асоб. Прычым вучыўся Смуглевіч на стыпендыю караля Станіслава Панятоўскага. Пасля нейкі час працаваў у Італіі… А калі вярнуўся, пачаў зарабляць заказамі ад радавітых персон. І дзе толькі на Беларусі мы не знаходзім слядоў пэндзля яго альбо ягонай мастакоўскай сямейкі! У храмах Менска, Полацка, Гародні, Рэчыцы… Для храма ў Сігневічах на Берасцейшчыне Францішак намаляваў партрэт сям’і ўладальніка маёнтка Юзафа Прозара. У навагрудскім фарным касцёле быў абраз ягонай работы. Па акварэлях Смуглевіча мы ведаем, як выглядала тады старажытная Вільня. У Віленскім універсітэце ёсць зала, распісаная Смуглевічам разам з братам Антоніем.
Лічаць, што аўтарам вядомага партрэта князя Мацея Радзівіла з пляменнікам са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі таксама з’яўляецца Францішак Смуглевіч. У свой час Мацей Радзівіл выйграў барацьбу за апякунства над пляменнікам Дамінікам Радзівілам, спадчыннікам самога Пане Каханку, які не меў уласных дзяцей. Кампазітар, драматург, апошні віленскі кашталян Мацей Радзівіл удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання Касцюшкі, за што быў пазбаўлены права апекі над Дамінікам. Пабываў у эміграцыі, дажываў у Паланечцы на Навагрудчыне. Смуглевіч пісаў яго, напэўна, у 1791 годзе, калі той яшчэ быў на пасадзе віленскага кашталяна.
УТОПІЯ ПА-БЕЛАРУСКУ
А найбольш зачапіла маю ўвагу намаляваная Францішкам на замову карціна «Павел Ксаверы Бжастоўскі аб’яўляе Статут сялянам Паўлава». Дата яе напісання — 1795.
І гэта зусім не шараговая замова, і зусім не выпадковая дата.
Павел Ксаверы Бжастоўскі, вялікі пісар літоўскі, быў вялікі прагрэсіст і прыхільнік філасофіі фізіякратаў. Фізіякраты лічылі, што грамадства — адзіны арганізм, у якім мусяць дзейнічаць «натуральныя законы», дзе няма месца саслоўнаму падзелу. Бжастоўскі шанаваў ідэі Жана Жака Русо, Шарля Фур’е, Сен-Сімона і Томаса Мора і, калі набыў на Ашмяншчыне маёнтак Мерач, вырашыў, што наспеў час здзейсніць мары ўлюбёных філосафаў. Тым болей, халопы Мерачы былі страшэнна бедныя і забітыя, чаму не паглядзець, як уплывае на чалавека свабода? 10 сакавіка 1767 года Павел Бжастоўскі абвясціў у сваім маёнтку Мерач… рэспубліку. У міні-дзяржавы з’явілася свая канстытуцыя, згодна з якой усе жыхары аб’яўляліся роўнымі, уводзілася сялянскае самакіраванне, мусіў выбірацца двухпалатны сейм і міністэрствы, усе пытанні вырашаліся галасаваннем. Узначальваць рэспубліку, вядома, належала пажыццёва самому Паўлу Бжастоўскаму. Нават назву вёскі ўдзячныя пейзане змянілі, і адгэтуль яна стала называцца Паўлаўскай рэспублікай. У нованароджанай дзяржавы з’явілася свая армія ў адмысловай форме, банк, дзе сяляне маглі браць пазыкі на льготных умовах, школа і шпіталь. Пачалі нават чаканіць манеты.
Карціна Францішка Смуглевіча «Павел Ксаверы Бжастоўскі аб’яўляе Статут сялянам Паўлава», 1795.
Можаце сабе ўявіць, як узбурылася мясцовая шляхта! Рэспубліка, дэмакратыя, адмена саслоўяў — і ўсё пад бокам! Бжастоўскага спрабавалі абвясціць вар’ятам, дзяржаўным злачынцам, блюзнерам… Але ў сваіх уладаннях шляхціц мог рабіць, што заўгодна — вунь Марцін Радзівіл ледзь не чорныя месы ўчыняў, уласных жонку і дзяцей трымаў у зняволенні, набраўшы па суседніх вёсках «кадэтак» — гарэм, бо жадаў прыпадобніцца даўнім усходнім уладарам і тым паспрыяць сваім поспехам у алхіміі. Дапамагала і тое, што на фізіякратыю існавала мода. Падскарбій Антоній Тызенгаўз пры падтрымцы караля запрашаў прыехаць на Літву Жана Жака Русо, абяцаючы спрыянне ягоным рэформам. Магнаты пераапраналіся ў сялян і бавілі час, слухаючы народных музыкаў. Пляменнік караля, ягоны цёзка Станіслаў Панятоўскі сабраў сялян са сваіх уладанняў на баль і абвясціў, што адпускае на волю, пра што адным паэтам тут жа была напісаная пафасная паэма.
Але Бжастоўскі пайшоў далей за ўсіх. І 4 красавіка 1791 года, ужо на схіле Рэчы Паспалітай, дабіўся зацвярджэння на сейме статута, то-бок канстытуцыі сваёй Паўлаўскай Рэспублікі. У 1794-м жыхары ўжо паўнавартаснай мініяцюрнай дзяржавы выставілі ў войска Касцюшкі за свой кошт 150 вершнікаў і дзве гарматы.
А ў 1795-м Рэч Паспалітая была знішчана. Павел Ксаверы Бжастоўскі прадаў Мерач, то-бок Паўлаўскую рэспубліку, праўда, з умовай, што ўведзеныя ў ёй парадкі застануцца непарушныя, і з’ехаў за мяжу.
Так што на карціне, намаляванай Францішкам Смуглевічам, сучаснікі прачытвалі вельмі сур’ёзныя падтэксты. Сюжэт, як Павел Бжастоўскі зачытвае сялянам Статут Паўлаўскай рэспублікі, быў адлюстраваны ў той час, калі тая рэспубліка ўжо знікла, як і Рэч Паспалітая. Тое, што мастак маляваў не проста так, пацвярджаецца фактам: у 1797-м ён стварыў карціну «Прысяга Тадэвуша Касцюшкі на Кракаўскім рынку». У гэты час Касцюшка, вызвалены пасля смерці імператрыцы Кацярыны новым расійскім імператарам Паўлам, ад’язджаў у Амерыку.
Зала Смуглевічаў у Вільнюскім універсітэце.
Цікава, што ў 1800—1801 гадах Францішак Смуглевіч распісваў Міхайлаўскі замак у Санкт-Пецярбургу, які належаў імператару Паўлу. І яшчэ дэталь: брат Францішка Смуглевіча Антоній аздабляў палац у Шчорсах, уладальнік якога Храптовіч спрабаваў стварыць у сваіх уладаннях падабенства Паўлаўскай рэспублікі.
НАСТАЎНІЦКІ ЛЁС
Вядома, што не кожны выдатны мастак, пісьменнік ці артыст здольны быць такім жа выдатным педагогам. Творчыя людзі — яны складаныя і часта эгацэнтрычныя… Францішак Смуглевіч, падобна, педагагічны талент меў. Выкладаць пачаў яшчэ ў Варшаве, пасля вяртання з Рыма. У яго школе вучыўся славуты польскі мастак-вандроўнік Юзаф Пешка. А вось калі рэфармавалі Віленскі ўніверсітэт, зрабіўшы яго свецкай установай, з’явіўся шанц на большае. Пры Галоўнай літоўскай школе, або Галоўнай віленскай школе, — так пачаў называцца ўніверсітэт — адкрылася школа малявання. Яна пачалася з кафедры жывапісу і малюнка, якую ў 1797 годзе заснаваў і ачоліў Францішак Смуглевіч. За 35 гадоў існавання школа падрыхтавала больш за 250 мастакоў, гравёраў, скульптараў.
Асяродак быў самы вальнадумны — яшчэ не сышло водгулле паўстання, згадайце, што менавіта ў год заснавання кафедры Смуглевіч малюе Касцюшку. Сярод калег Жан Жылібер — француз, запрошаны Антоніем Тызенгаўзам дзеля заснавання медычнай школы ў Гародні. Пасля адстаўкі Тызенгаўза Жылібер быў змушаны пакінуць Гародню і перабраўся ў Вільню. Выкладаў на наваствораным медычным факультэце, заснаваў батанічны сад, даследаваў мінералы і расліны… А таксама ачольваў масонскую ложу, у якую, між іншым, уваходзіў нават Панятоўскі. Рэктар Галоўнай віленскай школы, Марцін Пачобут-Адляніцкі, быў астраномам і таксама прагрэсістам. Пра навучанне ў Францішка Смуглевіча ўспаміналі Іосіф Аляшкевіч, Канстанцін Ельскі, Ян Дамель. Вядома пра методыку, якую той ужываў. Ён вёў выкладанне ў тры этапы. Напачатку — капіяванне грэчаскіх выяў, потым — маляванне з гіпсавых мадэляў, потым — маляванне з жывой мадэлі. А таксама Францішак лічыў, што мастаку акрамя прафесійнага навучання неабходна авалодаць асновамі мноства розных навук. Лекцыі па жывапісе працягласцю паўтары гадзіны Смуглевіч чытаў тры разы на тыдзень, па малюнку два разы на тыдзень, па паўтары гадзіны чытаў ад’юнкт Ян Рустэм, які вядомы па працы ў знакамітым Слонімскім тэатры Міхала Казіміра Агінскага. Менавіта Рустэм і змяніў Францішка Смуглевіча на пасадзе загадчыка кафедры пасля смерці таго ў 1807 годзе.
Спадчына Францішка Смуглевіча ўвайшла ў тры культуры — польскую, літоўскую і беларускую. У Вільнюсе, напрыклад, ёсць вуліца яго імя. Але, як слушна зазначыў у вершы Мікола Ермаловіч, мы маем права на агульную гісторыю.
Не будзем дзяліць мы ні замкі, ні троны,
траістую музыку, узоры крыжоў:
над намі дубоў пакручастыя кроны,
пад намі луска бальшаковых глыжоў.
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ