Круглы стол да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча

https://zviazda.by/be/news/20201124/1606224486-yon-byu-prarok-yon-byu-ramantyk-u-chym-prycyagalnasc-asoby-uladzimira

Быў. Ёсць. Буду.

Таму, што заўжды, як пракляты,

Жыву бяздоннай трывогай,

Таму, што сэрца маё распята

За ўсе мiльярды двухногiх.

Уладзiмiру Караткевiчу, якi напiсаў гэтыя прарочыя радкi, у гэтыя днi споўнiлася б 90 гадоў. Ён мог бы яшчэ жыць… Так, марна гараваць ды гадаць — колькi б яшчэ паспеў стварыць… Але асэнсоўваць тое, што ён нам пакiнуў, значнасць ягонай асобы для Беларусi мы не перастанем нiколi. I сёння, у такi трывожны, складаны час, вялiкi беларус Уладзiмiр Караткевiч — той, хто можа аб’яднаць, натхнiць, даць надзею, падказаць шлях… У звяздоўскай дыскусii пра яго, з-за “кавiднай” рэальнасцi — завочнай, але ўсё ж дастаткова бурлiвай, узялi ўдзел слынныя навукоўцы i пiсьменнiкi. I тыя, хто асабiста ведаў класiка, i тыя, хто не быў яго сябрам, але займаецца вывучэннем i папулярызацыяй ягонай творчасцi.

Пагаварыць пра Караткевiча i яго спадчыну мы запрасiлi намеснiка дырэктара па навуковай рабоце Iнстытута лiтаратуразнаўства iмя Янкi Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы i лiтаратуры НАН Беларусi, доктара фiлалагiчных навук, дацэнта Яўгена Гараднiцкага, намеснiка дырэктара Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi па навуковай i выдавецкай дзейнасцi Алеся Сушу, загадчыка кафедры гiсторыi замежнай лiтаратуры фiлалагiчнага факультэта БДУ Ганну Бутырчык, пiсьменнiка, мастака, выдаўца Адама Глобуса, пiсьменнiка, дзяржаўнага дзеяча, намеснiка старшынi Беларускага фонду культуры Анатоля Бутэвiча, кандыдата фiлалагiчных навук, дацэнта кафедры гiсторыi беларускай лiтаратуры фiлалагiчнага факультэта БДУ Анатоля Вераб’я, кандыдата фiлалагiчных навук, дацэнта кафедры стылiстыкi i лiтаратурнага рэдагавання факультэта журналiстыкi БДУ Пятра Жаўняровiча.


— Сёння Уладзiмiр Караткевiч стаў сiмвалам. Вам не здаецца, што ягоныя чалавечыя рысы ўсё больш размываюцца, нiвелiруюцца? Якi мiф пра яго вы б забаранiлi, а якi, наадварот, стварылi б?

Пётр Жаўняровiч.

Пётр Жаўняровiч.

Пётр Жаўняровiч: Караткевiч як сiмвал — гэта ўжо бясспрэчная iсцiна. Як пiша моладзь у iнтэрнэце, «Караткевiч forever». «Размыванне» чалавечых рыс заўсёды адбываецца з цягам часу, бо ўсё менш застаецца тых, хто з iм сябраваў, хто яго ведаў, а то i проста бачыў. А некаторыя «жывыя сведкi» часам вылузваюцца са скуры, каб выкiнуць у iнтэрнэт-прастору нейкае сваё «бачанне» Караткевiча. I гэта сведчанне пачынае тыражавацца, уваходзiць у грамадскую свядомасць i засланяць праз сваю рэкламнасць сапраўднага Караткевiча. У глабалiзаваным свеце пакiнуць штосьцi толькi для знаўцаў практычна немагчыма — усё роўна гэты «мiф» дзесьцi вылезе. Няхай Караткевiч застанецца ў гiсторыi такi, якi быў, — адданы сын сваёй мацi i сваёй Радзiмы.

Яўген Гараднiцкi: Суседства iмя вялiкага пiсьменнiка з рознага кшталту байкамi i мiфамi — рэч непазбежная. Аднак адзначу: толькi ў яго творах вы сустрэнеце яго сапраўднага. Творчасць Уладзiмiра Караткевiча паказвае вельмi выразна, што супярэчнасцi памiж iндывiдуальна-аўтарскiм i калектыўна-iнтэртэкстуальным не з’яўляюцца непераадольнымi. Галоўнай задачай маёй кнiгi «Чалавек Рэнесансу, прадвеснiк постмадэрнiзму: мастацкi свет Уладзiмiра Караткевiча», што выйшла нядаўна ў выдавецтве «Звязда», было якраз паказаць, як спалучаюцца ў творах выдатнага пiсьменнiка аўтарская прысутнасць i аўтарская самабытнасць з арганiчнай далучанасцю да сусветнай культуры.

Адам Глобус: Некалi я збiраў глупствы, напiсаныя i расказаныя пра Уладзiмiра Караткевiча. Сярод iх былi апавяданнi пра гермафрадытызм дзядзькi Валодзi, былi показкi пра ягоную глыбокую веру ў Бога i пра гарэнне лампадак у ягонай кватэры, былi версii пра смерць ад вялiкай колькасцi вострых прадуктаў, накшталт аджыкi ды гарчыцы… Я пакiнуў збiраць гэтыя глупствы, бо iх колькасць i шматаблiчнасць расла i расла. Найбольш мяне бянтэжыла тое, што хлусiлi людзi вядомыя, яны лгалi, ведаючы пра лжывасць сваiх успамiнаў. Iлгуны верылi, што ствараюць правiльны i патрэбны вобраз Караткевiча. За лгунамi пайшлi паўтаральнiкi хлуснi… Пра гэта вельмi разумна сказала мая мацi: «У iх свой Караткевiч, а ў нас свой». Наш Караткевiч разумны, вясёлы i жывы. Такiм ён быў, ёсць i будзе.

Анатоль Бутэвiч: I сам Караткевiч, i яго жыццё, i створанае iм часта апынаецца (не без нашага наўмыснага ўплыву) у палоне мiфалагiзацыi. Галоўнае, каб гэта не замiнала бачыць i разумець напiсанае. Караткевiч так умела дадае да гiстарычнай праўды свой домысел, што ўсё гэта разам i стварае непаўторнасць ягонага таленту. Але праўда i тое, што чым больш каля творчай асобы мiфаў, тым больш у яе прыхiльнiкаў i людзей зацiкаўленых.

Ганна Бутырчык: Сучасная мiфатворчасць досыць спантанная, тут цяжка нешта забараняць. Ёсць рэдкiя вiдэа- i аўдыёзапiсы, успамiны сучаснiкаў, разважаннi лiтаратараў i, перадусiм, творы Караткевiча, на падставе якiх кожны будзе ствараць свой уяўны партрэт класiка, якi неабавязкова будзе адпавядаць рэчаiснасцi.

Анатоль Верабей: Уладзiмiр Караткевiч быў, ёсць i будзе прадвеснiкам Адраджэння, апосталам беларускасцi, рыцарам чалавечнасцi, сумлення i свабоды. Ён — пiсьменнiк пераважна рамантычнага тыпу мыслення. I гэтым значны як генiй i класiк. Хацеў бы, каб яго рамантызм не ўспрымалi павярхоўна, як штосьцi наiўнае, несур’ёзнае, недасканалае. Ён вялiкi, як Уiльям Шэкспiр, Адам Мiцкевiч, Аляксандр Пушкiн, Янка Купала.

Алесь Суша: Так, апiсаная тэндэнцыя вельмi заўважная. Уладзiмiр Караткевiч стаў сiмвалiчнай постаццю. Гэта i добра, i дрэнна. Цудоўна, што пiсьменнiк пазнавальны. Але падобная «сiмвалiзацыя» ў нейкай ступенi «забiвае» самiх творцаў, ператварае iх у чысты дух без плоцi. I тут важна не згубiць нешта матэрыяльнае i побытавае, не пазбаўляе праўды жыцця, праз якую нараджалiся цудоўныя творы.

— Менавiта Караткевiч — тая асоба, вакол якой можна ствараць лiтаратурныя легенды, кшталту «нядобрай кватэры» з «Майстра i Маргарыты» Булгакава альбо дома Шэрлака Холмса на Бэйкер-стрыт… Якiя незвычайныя праекты па захаваннi памяцi Уладзiмiра Караткевiча i папулярызацыi яго творчасцi вы б прапанавалi?

Адам Глобус: У гонар Уладзiмiра Караткевiча варта зладжваць у Ратамцы, што пад Мiнскам, фэст «Дзiкае паляванне караля Стаха», у якiм прымуць удзел вершнiкi i рыцарскiя клубы з усёй Беларусi.

Яўген Гараднiцкi: Думаю, што адмыслова ствараць якiясьцi артэфакты не варта. А вось турыстычны маршрут па мясцiнах, звязаных з жыццём i творчасцю Караткевiча, можна распрацаваць.

Яўген Гараднiцкi.

Яўген Гараднiцкi.

Анатоль Верабей: Трэба наведваць мясцiны, дзе быў пiсьменнiк i якiя ён дасканала адлюстраваў у сваiх творах, прапагандаваць iх. Гэта блiзкае i дарагое яму беларускае Прыдняпроўе, родная яго Орша, дзе ёсць бацькоўская хата i два музеi. Дзедаўская хата ў Рагачове, дзе пiсьменнiк плённа працаваў — гэты горад быў для яго тым, чым былi для Гётэ Ваймар, для Пушкiна Болдзiна, для Льва Талстога Ясная Паляна, для Янкi Купалы Акопы. Варта наведаць каля Рагачова вёску Азярышча, каб убачыць тую мясцiну, дзе на высокiм стромкiм беразе «груша цвiла апошнi год» (пачатковыя радкi рамана «Каласы пад сярпом тваiм»). Каб там жа ўбачыць Доўгую Кручу, дзе на строме вiсяць сосны, страшна скурчаныя, каранямi ўгору i свежымi шатамi ўнiз, якiя пiсьменнiк згадаў у сваiх творах. Караткевiчавы шляхi… Палессе, Полацк, Тураў, Кiеў, Масква, Крым, запаведнiк Кедравая падзь у Хабараўскiм краi, Польшча, Чэхiя, Славакiя… I, вядома, мясцiны, звязаныя з пiсьменнiкам у Мiнску: яго кватэры на вулiцах Чарнышэўскага, Веры Харужай (там адбываюцца мiнскiя падзеi рамана «Чорны замак Альшанскi»), Карла Маркса.

Пётр Жаўняровiч: Папулярызаваць Караткевiча трэба праз пераклады на асноўныя мовы свету, тады значнасць зробленага iм будзе даследавацца ў кантэксце еўрапейскай i сусветнай лiтаратуры. Некаторыя ж пiсьменнiкi, так бы мовiць, «усплывалi» праз стагоддзi.

Анатоль Бутэвiч: Я не стараўся б бегма бегчы за тымi, хто iмкнецца ствараць лiтаратурныя легенды пра творчую асобу. Больш карысна проста выдаваць яго творы, чытаць iх, экранiзаваць. А для яшчэ большай папулярызацыi творчасцi гэтага майстра слова я б прапанаваў заснаваць лiтаратурную прэмiю iмя Уладзiмiра Караткевiча для самых таленавiтых пiсьменнiкаў гiстарычнай тэматыкi, а мо, нават i для апантаных краязнаўцаў.

Ганна Бутырчык: Я чамусьцi думаю не пра кватэру цi дом, я думаю аб парку Уладзiмiра Караткевiча са скульптурамi герояў на якой-небудзь лiтаратурнай сцежцы-квэсце па творах пiсьменнiка. Уяўляеце сабе Гервасiя Вылiваху, якi гуляе ў шахматы са Смерцю? Альбо Алеся Загорскага на белым канi? Андрэя Беларэцкага i Надзею Яноўскую? Са шматлiкiмi цытатамi, раскiданымi ў самых нечаканых мясцiнах парку: ад усiм вядомых «Рабi нечаканае, рабi, як не робiць нiхто», «Кожны носiць сваё неба з сабой» да менш пазнавальных. Як лiтаратуразнавец, я хачу, каб пасля паспяховага ажыццяўлення акадэмiчнага 25-томнага выдання твораў Караткевiча з’явiўся i яго энцыклапедычны даведнiк з поўнай бiблiяграфiяй па творчасцi, аналiзам твораў, паказальнiкам герояў.

Алесь Суша: Магчымыя шматлiкiя «рымейкi», паколькi з майго вопыту многiя творы Караткевiча чытаюцца i ўспрымаюцца рознымi людзьмi зусiм па-рознаму. Адпаведна, яны могуць быць пададзены ў прынцыпова розных творчых формах. Асоба Уладзiмiра Караткевiча i яго творчая спадчына маюць яшчэ багацейшы патэнцыял для творчага пераасэнсавання. Прывяду толькi адзiн прыклад. Да юбiлею пiсьменнiка ў Музеi кнiгi Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi пачынае работу незвычайная выстаўка — «З кнiг Уладзiмiра Караткевiча». На ёй упершыню можна ўбачыць панараму кнiгазбору пiсьменнiка з яго асабiстага кабiнета. Асноўнае месца ў экспазiцыi аддадзена экслiбрысам Уладзiмiра Караткевiча. Значная iх частка зроблена самiм пiсьменнiкам. На выявах — Скарына, Гусоўскi, а таксама любiмыя Караткевiчам ветразi. Вылучаецца экслiбрыс з абрысамi зброi касiнераў. Унiкальныя дароўныя надпiсы на кнiгах уводзяць у сяброўскае i творчае кола пiсьменнiка. Змена ракурсаў, iншае асвятленне: пiсьменнiк становiцца чытачом, але i бачна, як гэты чытач паступова стаў пiсьменнiкам, як пашыралася яго кола кантактаў i кола чытання. Мы вельмi ўдзячныя захавальнiкам спадчыны Уладзiмiра Караткевiча — сям’i пляменнiцы пiсьменнiка Алены Iванаўны Сiнькевiч.

Алесь Суша.

Алесь Суша.

— Вядома, што Уладзiмiр Караткевiч быў гуманiстам, меў шмат сяброў розных нацыянальнасцяў, спавядаў «нецярпiмасць да нецярпiмасцi». З iншага боку, заяўляў: «Выбiрай — быць пасрэднасцю на мове суседа або нечым значным на сваёй». Цi можна назваць яго чалавекам свету, або ўсё ж нацыяналiстам?

Анатоль Верабей: Самы любiмы яго пiсьменнiк Максiм Багдановiч — генiяльны ў беларускай i ў сусветнай лiтаратуры ў творах, якiя напiсаны на беларускай мове, рускамоўныя ж яго творы — сярэдняя руская белетрыстыка пачатку XX стагоддзя. Мне Мiкола Грынчык, беларускi лiтаратуразнавец i сябар Уладзiмiра Караткевiча, расказаў, што Караткевiч у пачатку 1950-х паказаў свае творы ўкраiнскаму паэту i акадэмiку-лiтаратуразнаўцу Максiму Рыльскаму. Той параiў пачаткоўцу, што калi ён хоча рэалiзавацца як пiсьменнiк, то няхай пiша па-беларуску. Уладзiмiр Караткевiч i нацыяналiст, i чалавек свету.

Адам Глобус: Для мяне важна яшчэ i тое, што патрыятызм Караткевiча беларускамоўны. Дзякучы гэтаму ён укаранёны ў Беларусь. Перакананы, што беларускi народ абраў Караткевiча ў свае героi не толькi за вялiкi лiтаратурны талент, а i за ягоную паслядоўную беларускамоўнасць.

Яўген Гараднiцкi: У Караткевiчу паяднана шмат якасцяў, якiя можна было б ахарактарызаваць як супрацьлеглыя або супярэчлiвыя. Быў ён, напрыклад, апантаным працаголiкам i разам з тым заўзятым падарожнiкам. Зададзенае пытанне пра «чалавека свету» або «нацыяналiста» таксама намякае на магчымую супярэчлiвасць. Адказ просты. Быў ён i тым, i тым. Цэльнасць чалавека не ў жалезабетоннай аднастайнасцi, а ў натуральным аб’яднаннi супрацьлегласцяў.

Пётр Жаўняровiч: Караткевiч — полiлiнгвальная асоба, асаблiва гэта датычыцца славянства. Ды i цалкам чалавекам свету Караткевiча назваць немагчыма: ён не раствараецца ў агульнай масе творцаў шматэтнiчнага свету, ён адразу ўгадваецца як наш, свой, тутэйшы, беларус. Нiякага нацыяналiзму ў яго няма — ёсць пачуццё абавязку, калi ўжо Бог дараваў талент, перад СВАIМ народам. Працаваць «не для сябе, а для роднай краiны, для Беларусi».

Ганна Бутырчык: Я веру ў тое, што кожны чалавек свету найперш павiнен быць нацыяналiстам, таму што Сусвет адкрываецца ў спасцiжэннi глыбiнi самых простых рэчаў: адчування прыналежнасцi да пэўнага роду, захаплення роднымi краявiдамi i гучаннем народных песняў, смакавання роднай мовы. I Караткевiч тут не выключэнне. Заўжды апелюючы да нацыянальнага кантэксту, Караткевiч прапануе такiя вобразы, сiмвалы, сюжэты, што чытач даволi лёгка знаходзiць паралелi з сусветнай культурай. Нездарма адным з улюбёных заняткаў лiтаратуразнаўцаў з’яўляецца расчытванне бiблейскага, мiфалагiчнага кантэкстаў твораў Караткевiча.

Ганна Бутырчык.

Ганна Бутырчык.

Анатоль Бутэвiч: Вядома ж, Караткевiч — чалавек свету. Але, безумоўна, са сваiмi моцнымi нацыянальнымi каранямi. Бо без свайго, нацыянальнага, сур’ёзным творцам у свеце няма чаго рабiць. Караткевiч нястомна сцвярджае, што беларусы здаўна i на роўных у еўрапейскiм хаўрусе, а праз гэта — i ў сусветным. Як i ён сам.

Алесь Суша: Караткевiч быў, як мне тое падаецца, i iнтэрнацыяналiстам, i нацыяналiстам. Сапраўды, ён меў багата сяброў i знаёмых у самых розных краiнах i з павагай ставiўся да iншых народаў i нацыянальнасцяў. Пры гэтым ён дайшоў да вельмi важнай iсцiны, што каб цябе, твой народ i яго культуру паважалi, ты павiнен паважаць iх сам. Калi ў цябе няма гонару за родны край, яго гiсторыю i сучасныя дасягненнi, калi ты адмаўляешся ад роднай мовы i забываеш традыцыi бацькоў, як можна спадзявацца, што iх будуць любiць i паважаць суседзi? Важна, што Караткевiч зрабiў гэта ў тым самым ХХ стагоддзi, калi беларусы бязмерна захаплялiся «вялiкiмi i магутнымi» мовамi i культурамi суседнiх народаў, а пры гэтым найбольш актыўна ў параўнаннi з усiмi ранейшымi часамi адмаўлялiся ад уласнай культуры i матчынай мовы. Ён паказаў найперш самiм беларусам, што нам ёсць чым ганарыцца, што мы, хай i не лепшыя (пра гэта нiхто не кажа), але i не горшыя, чым iншыя народы. У гэтым сэнсе Караткевiч, безумоўна, быў нацыяналiстам. Урэшце, часам яго так i называлi — калi з папрокам, а калi з павагай.

— Наколькi, на вашу думку, Караткевiч быў здольны на кампрамiсы? Чым мог ахвяраваць дзеля творчасцi?

Адам Глобус: «Пагаджайся на рэдактарскiя праўкi, а потым, калi будзеш перавыдаваць твор, вернеш свой арыгiнальны варыянт…» — так Уладзiмiр Караткевiч вучыў мяне верыць у сваю лiтаратурную зорку, якая паспрыяе перавыданню маiх тэкстаў. Вучыў, бо i сам верыў у сябе i сваю зорнасць i абранасць.

Анатоль Верабей: Пры падрыхтоўцы да друку рамана «Леанiды не вернуцца да Зямлi» ў пачатку 1960-х гадоў ён сказаў: «I коскi з месца не зрушу!» У кнiжным выданнi гэтага рамана (1982) ён вымушаны быў пакiнуць назву, што была ў яго часопiснай публiкацыi 1962 года, — «Нельга забыць». У зборы твораў Уладзiмiра Караткевiча ў 25 тамах (том 6), думаецца, захавана воля пiсьменнiка, бо гэты твор надрукаваны пад назвай «Леанiды не вернуцца да Зямлi». Пры падрыхтоўцы першага кнiжнага выдання на беларускай мове рамана «Каласы пад сярпом тваiм» (а згадзiўся дапамагчы ў гэтым пiсьменнiку Адам Мальдзiс). Уладзiмiр Караткевiч ахвяраваў нечым прыватным, каб твор быў выдадзены, але быў непахiсны, калi адстойваў сутнаснае, iстотнае.

Яўген Гараднiцкi: Згадваецца адразу аповед Рыгора Барадулiна пра «i коску не зрушу!» Аднак, думаецца, Уладзiмiр Сымонавiч быў здольны ў нейкiх выпадках i на разумны кампрамiс.

Пётр Жаўняровiч: Караткевiч мог iсцi на кампрамiсы, але ў другарадным. Гэтага вымагала простае чалавечае iснаванне на зямлi: ён прынцыпова не меў «партфеля», зарабляў толькi творчасцю, разумеў адказнасць за мацi, забраў яе з Оршы. Таму i згаджаўся на змяненнi ў сваiх творах (шмат якiх). Але калi, напрыклад, атрымаў шмат заўваг з «Нёмана» наконт эсэ «Святая Предслава» пра Ефрасiнню Полацкую, забраў твор з часопiса. Значыць, у 1960—1970-я гады ён мог ахвяраваць дзеля творчасцi i матэрыяльным дабрабытам, i здароўем, i сямейнымi адносiнамi.

Алесь Суша: Быў здольны на кампрамiс. Ён быў чалавекам. I як асоба, i як творца ён вагаўся, аналiзаваў розныя погляды, версii, дакументы. I рабiў высновы, рабiў выбар. Часам, вiдаць, няпросты. Урэшце, усе (асаблiва — творчыя) людзi штодня, калi не штохвiлiну, робяць выбар.

Ганна Бутырчык: У рэчышчы гэтага пытання чамусьцi згадваюцца два «бескампрамiсныя» выступленнi Караткевiча. Першае — пры абмеркаваннi «Каласоў…» у 1967-м, калi пiсьменнiк катэгарычна адмовiўся iсцi супраць праўды i ператвараць «нацыянальнае», як ён лiчыў, паўстанне Кастуся Калiноўскага 1863 года ў сацыяльнае, як настойвалi рэцэнзенты. Бескампрамiсная пазiцыя пiсьменнiка не толькi аддаляла перспектыву выдання рамана, але i ставiла пад сумненне такую магчымасць увогуле. I другi, больш вядомы эпiзод з пiсьменнiцкага пленума 1979 года, прысвечанага сучаснаму раману, са знакамiтым тэзiсам пра тое, што праблема сучаснага рамана — пiсаць харошыя раманы i не гадзiць суседу. Па сутнасцi, Караткевiч у адной фразе сфармуляваў сваё пiсьменнiцкае i жыццёвае крэда. Ён быў абсалютна нецярпiмы да любых ацэнак мастацкай творчасцi з пазiцый, як ён гэта фармуляваў, «iдэалагiчнай урэднасцi» i абсалютна не выносiў фальшу нi ў творчасцi, нi ў адносiнах з людзьмi.

Анатоль Бутэвiч: Мне падаецца, што кожны сапраўдны пiсьменнiк дзеля творчасцi ахвяруе ўсiм сваiм жыццём. Дык цi патрэбны яшчэ нейкiя iншыя кампрамiсы?

Анатоль Бутэвiч.

Анатоль Бутэвiч.

— Як вы ставiцеся да выдання твораў пiсьменнiка з адноўленымi купюрамi, без рэдактарскiх правак? Цi заўсёды гэта на карысць твору?

Яўген Гараднiцкi: Выданнi, у якiх асноўны тэкст дапаўняецца купюрамi, сёння даволi распаўсюджаны. Мэта ў iх перш за ўсё акцэнтаваць увагу на метамарфозах, што адбывалiся з творам. У Зборы твораў варта было б прытрымлiвацца традыцыйнай схемы: падаць спачатку асноўны тэкст, а пасля — у дадатку — варыянты, розначытаннi, адноўленыя купюры. Iнакш тэкст некаторых твораў Караткевiча («Леанiды не вернуцца да Зямлi», «Каласы пад сярпом тваiм») успрымаецца неяк страката. I так, сапраўды, не ўсе вернутыя (кiм у кожным канкрэтным выпадку?) купюры ўспрымаюцца як паляпшэнне твора.

Пётр Жаўняровiч: Расiйскi пiсьменнiк Мiхаiл Велер пiсаў, што рэдагаванне савецкага часу — «бiч рускай лiтаратуры». Не выключэнне тут i беларуская лiтаратура. А адносна Караткевiча гэта выявiлася найбольш выразна. Так, у новым Зборы твораў у рамане «Леанiды не вернуцца да Зямлi» адноўлены фрагменты пра ўзаемадачыненнi Андрэя Грынкевiча з падрадчыкам, якiя, з лiтаратуразнаўчага пункту гледжання, нiбы парушаюць агульную стылiстыку твора, але, безумоўна, дапамагаюць зразумець чытачу пякельную працу персанажа, каб зарабiць адпаведную суму грошай. Або ў эсэ «Казкi Янтарнай краiны» вяртаецца пачатак твора, у якiм тлумачыцца аўтарскае сэнсавае напаўненне слоў «янтар» i «бурштын». Якраз вельмi важны аспект ва ўсёй структуры эсэ! Зразумела, што вернутыя фрагменты павiнны былi прайсцi рэдактарскую апрацоўку, але ў асноўным моўна-стылiстычную праўку. Тут узнiкае праблема ў тым, што аўтар, калi б ён раптам з’явiўся ў нашу сучасную зямную юдоль, убачыў бы творы, адрозныя ад рукапiсаў i машынапiсаў. Якiя ён нiбыта i не пiсаў. Але такое ўласцiва ўсiм сусветным лiтаратурам… I Вiктор Гюго, i Леў Талстой, i Вiнцэнт Дунiн-Марцiнкевiч убачылi б тое ж… Мяркую, што падобнае вяртанне патрабуецца многiм творам беларускай лiтаратуры. Дзеля прыкладу: у кнiзе Уладзiмiра Калеснiка «Ветразi Адысея» пра Уладзiмiра Жылку выкiнуты фрагмент пра Алеся Гаруна, — паводле архiўных матэрыялаў Галоўлiта, «националиста и врага белорусского народа периода гражданской войны». Таму вяртанне ў творы Караткевiча лiквiдаваных фрагментаў — прыклад захавання аўтарскай волi.

Анатоль Бутэвiч: Кожнага з нас чытае i карэктуе рэдактар. Але калi праўкi i змяненнi зроблены насуперак волi аўтара, то гэта несправядлiва, варта вярнуцца да таго, што было напiсана першапачаткова. Калi ж праўкi аказалiся прынятыя аўтарам, ён з iмi пагадзiўся (такое таксама бывае даволi часта), то не варта настойваць.

Ганна Бутырчык: Аўтарская рэдактура, па-мойму, шмат дадае да творчага партрэта Уладзiмiра Караткевiча, якi пiльна вывяраў кожнае слова. Калi адкрываеш «дакупюрны» варыянт рамана «Каласы пад сярпом тваiм», разумееш, што Караткевiч напiсаў зусiм iншы раман, чым мы прызвычаiлiся чытаць. У «рэдактуры» вынiшчаны нацыятворчы пафас рамана, выкраслены разважаннi наконт беларускай дзяржаўнасцi, так званай Рэспублiкi Вялiкай Ракi; практычна спляжаны хрысцiянскi кантэкст, зададзены эпiграфамi з Евангелляў паводле Лукi i Мацвея. Выразаныя моманты, што задавалi паралeлi вобраза Алеся Загорскага, якi хоча «выкупiць грахi ўсiх, сваёй крывёю здабыць вызваленне для ўсiх, загiнуць за ўсiх», з вобразам Хрыста. Прывяду толькi адзiн прыклад замены двух радкоў у апошнiм вершы Алеся Загорскага («Чым угнявiла ты Бога…»). Згадзiцеся, што радкi «З мовай памерла. Для заўтрашнiх дзён не ўваскрэсла, / Каб на руiнах маiх выкуплення зярняты ўзраслi» ў пачатковым варыянце ў параўнаннi з радкамi «У бiтвах скрываўлена, каб чалавецтва ўваскрэсла, / Каб на палетках ягоных воля i мова ўзраслi» ў савецкiх выданнях задаюць абсалютна iншыя параметры iнтэрпрэтацыi твора. Таму я настойлiва рэкамендую ўсiм аматарам творчасцi Караткевiча паглядзець адноўлены варыянт рамана.

Адам Глобус: Добра, калi ў такiх выданнях карэктура зроблена на выдатна.

Алесь Суша: Стаўлюся ў цэлым станоўча, але i асцярожна. Для даследчыкаў бывае важна дазнацца, як сам аўтар працаваў з тэкстам, што змянiлi рэдактары i выдаўцы. Гэта дазваляе рэканструяваць ход думкi пiсьменнiка i лепш зразумець яго пачатковыя iдэi. З iншага боку, выданне «сырога» тэксту часам паказвае яго пачатковую стылiстычную цi граматычную недасканаласць. Урэшце, менавiта на гэта ў асноўным скiраваны намаганнi рэдактараў — каб палепшыць тэкст. Натуральна ж, большасць рэдактарскiх правак узгаднялася з аўтарам i канчатковая версiя была вынiкам iх супольнай працы. Таму вяртанне да пачатковай версii не заўжды можа быць найлепшым шляхам для шырокай аўдыторыi.

— Якi ваш прагноз наконт выяўлення новых звестак, новых дакументаў цi рукапiсаў Караткевiча? Цi знойдзецца працяг «Каласоў пад сярпом тваiм»?

Адам Глобус: На маiх вачах Караткевiч парадкаваў i перадаваў свае рукапiсы ў архiў. Некалькi разоў ён расказваў мне пра тое, чаму не змог напiсаць працяг «Каласоў пад сярпом тваiм». Караткевiч не хацеў забiваць Кастуся Калiноўскага, не хацеў пiсаць сцэны з катаваннямi i павешаннем найвядомейшага з нацыянальных герояў, таму нiякiх іншых раманаў Караткевiча нiхто не знойдзе. Зрэшты, лiтаратурная спадчына Караткевiча вялiкая i без гiпатэтычных знаходак i дадаткаў. Давайце прачытаем i перачытаем яе.

Адам Глобус.

Адам Глобус.

Яўген Гараднiцкi: Чаму ж не. Шукаць трэба заўсёды. Наконт знаходкi працягу «Каласоў пад сярпом тваiм» не ўпэўнены. Перакананы толькi ў тым, што разам са знаходкай разбурыцца сапраўды прыгожая легенда.

Анатоль Верабей: Калi нешта знойдзецца, будзе вельмi добра. Вядомыя мне архiўныя матэрыялы не дазваляюць сцвярджаць, што раман быў закончаны. Думаю, што ў сярэдзiне 1960-х гадоў цяжкасцi з выданнем, iншая работа, прычыны творчага плана не дазволiлi закончыць «Каласы». У апошнiя гады жыцця Уладзiмiр Караткевiч думаў завяршыць раман. Аднак смерць жонкi ў лютым 1983 года, якая моцна паўплывала на душэўны стан пiсьменнiка, уласная хвароба i ўрэшце смерць не дазволiлi, на вялiкi жаль, здзейснiць гэту задуму.

Ганна Бутырчык: Хачу памылiцца, але я не веру ў тое, што чытач калi-небудзь убачыць працяг «Каласоў…», надта цяжка далася Караткевiчу бiтва за першыя кнiгi. Думаю, што ўсведамленне таго, што працяг у тым выглядзе, якiм ён быў задуманы, выдаць будзе немагчыма, прымусiў Караткевiча спынiць работу.

Пётр Жаўняровiч: Новыя звесткi i дакументы, безумоўна, будуць з’яўляцца. Невядомы лёс рукапiсу рамана «Хрыстос прызямлiўся ў Гароднi: Евангелле ад Iуды». Праз адсутнасць у БДАМЛiМ матэрыялаў нашых лiтаратурных часопiсаў за асобныя гады няма звестак пра рукапiсы некаторых публiцыстычных твораў. Можна шукаць (i ўжо выяўленыя) цiкавыя дароўныя надпiсы Караткевiча на кнiгах, паштоўках i фотаздымках. Магчыма, iснуюць нерассакрэчаныя дакументы i ў адпаведных органах. Наконт працягу (заканчэння) рамана «Каласы пад сярпом тваiм»: маё меркаванне, заснаванае на вывучэннi творчай работы аўтара ў другой палове 1960-х — 1970-х гадах, зводзiцца да наступнага: можна, безумоўна, шукаць, але наўрад цi гэта перспектыўны занятак.

Анатоль Бутэвiч: Хацелася б верыць, што нешта яшчэ можна знайсцi. I калi б адшукаўся раптам працяг «Каласоў…», гэта было б найвялiкшым шчасцем для ўсiх нас. А яшчэ я пастараўся б больш грунтоўна сабраць лiсты аўтара, яго аўтографы, адным словам, усё-ўсё напiсанае iм.

Алесь Суша: Прагноз станоўчы. Новыя дакументы ўвесь час знаходзяць. Кола кантактаў Уладзiмiра Сямёнавiча было вельмi шырокае. Але я хацеў бы, каб пошукi (а нават i працягу «Каласоў») i знаходкi працягвалiся бясконца.

— Як паўплывала знаёмства з творчасцю i асобай Уладзiмiра Караткевiча асабiста на вас?

Анатоль Верабей: Ён навучыў мяне мацней любiць Беларусь, а яго творчасць стала узорам. Даследаваць жыццё i творчасць Уладзiмiра Караткевiча, кажучы яго словамi, «цяжкi крыж, але вельмi пачэсны».

Адам Глобус: Знаёмства з Караткевiчам на мяне паўплывала моцна. Напрыклад, я змог сваечасова кiнуць пiць, каб не занурыцца ў алкагалiзм, як гэта зрабiў наш дзядзька Валодзя.

Яўген Гараднiцкi: Творчасць Караткевiча пераканала ў тым, што ў беларускай лiтаратуры высокi iнтэлектуальны i духоўны патэнцыял.

Ганна Бутырчык: Калi б мне прапанавалi выбраць адзiную фразу, якая найлепш адпавядае Караткевiчу i яго творчасцi, яна гучала б так: «I не пакiну пасля сябе другой Вiзантыi, акрамя любовi». У адказ Уладзiмiру Сямёнавiчу i ў адказ на гэтае пытанне скажу: «Люблю».

Пётр Жаўняровiч: Асабiста не пашанцавала быць знаёмым, крыху запозна прыйшло ўсведамленне гэтай неабходнасцi. Але памятаю, як у 1984 годзе падчас адпачынку ў Крыме быў уражаны паведамленнем у «ЛГ» пра смерць Караткевiча. I сустрэчы ў гасцёўнi iмя Уладзiмiра Караткевiча ў адным з рабочых iнтэрнатаў «Iнтэграла», i стварэнне музея на грамадскiх пачатках у Мiнскiм каледжы электронiкi — вынiк уплыву асобы i творчасцi пiсьменнiка на мой жыццёвы шлях. А потым i навукова-даследчая дзейнасць, звязаная з Караткевiчам. Нiчога выпадковага не бывае. Значыць, мой лёс вёў мяне менавiта да такой сустрэчы з Караткевiчам.

Анатоль Бутэвiч: Калi прызнацца шчыра, то гiстарычнай тэмай я захварэў не без уплыву Уладзiмiра Сямёнавiча. Захварэў, вiдаць, невылечна. Пахвалюся, што я меў шчасце бачыць Караткевiча, слухаць яго, сустракацца з iм. Маю ягоны аўтограф на цудоўнай кнiзе 1983 года выдання «Чорны замак Альшанскi». Напiсаў некалькi ўступных слоў да выдадзеных пазней ужо, ягоных кнiг. Прызнаюся яшчэ ў адным: сапраўды, Караткевiч вымусiў мяне паверыць, што «На Беларусi Бог жыве». I за гэта яму — мая бясконцая ўдзячнасць.

Алесь Суша: Маё знаёмства з Караткевiчам пачалося яшчэ да майго фiзiчнага нараджэння. Справа ў тым, што мая мацi як студэнтка фiлалагiчнага факультэта БДУ напiсала цi не першую дыпломную работу пра «Каласы» Караткевiча i пачала працаваць над кандыдацкай дысертацыяй па прозе пiсьменнiка. Ведаю, што ў яе было вялiкае жаданне, як i ў яе навуковага кiраўнiка — Iвана Навуменкi. Але… яе дысертацыяй стаў я. У далейшым мацi запрашала Караткевiча на творчыя сустрэчы на курсы павышэння квалiфiкацыi Белтэлерадыёкампанii, якiмi яна тады кiравала. Натуральна ж, у нас дома былi ўсе выданнi пiсьменнiка i нярэдка гучала яго iмя… То можаце здагадацца, наколькi вялiкую ролю i якi ўплыў зрабiў Караткевiч на нашу сям’ю.

— Калi падсумаваць: у чым прыцягальнасць i значнасць постацi Уладзiмiра Караткевiча?

Адам Глобус: Да Караткевiча жанры гiстарычнага рамана i дэтэктыва лiчылiся другаснымi i нават малапатрэбнымi ў беларускай лiтаратуры. Гiстарычны раман «Каласы пад сярпом тваiм» i прыгоднiцка-дэтэктыўная аповесць «Дзiкае паляванне караля Стаха» вывелi гэтыя жанры ў шэрагi ўзорных.

Анатоль Верабей: Ён шмат зрабiў для росту нацыянальнай свядомасцi беларусаў, адраджэння iх гiстарычнай памяцi. Ён узвысiў беларусаў, паказаў iх трагiчную i велiчную гiсторыю. Асуджаў тыранiю, дэспатызм i здраду Радзiме. Яго творчасць, пры ўсiм драматызме i нават трагiзме, жыццярадасная i аптымiстычная. Уладзiмiр Караткевiч — сумленне беларускага народа.

Анатоль Верабей.

Анатоль Верабей.

Пётр Жаўняровiч: На жаль, у савецкi час ён не мог напiсаць усё, што думаў, — шмат што адышло разам з iм. Такiх людзей пасылае Неба кожнаму народу нячаста. Прыцягальнасць постацi Караткевiча — у яго сучаснасцi, бо амаль усе творы не пакрылiся пацiнай часу, чытаюцца з захапленнем. Ён сярод нас, ён нiбы пазiрае i ацэньвае нашы ўчынкi i паводзiны. Караткевiч у другой палове ХХ стагоддзя далучыў беларускую лiтаратуру да еўрапейскасцi, а сваiмi творамi разбураў састарэлыя палажэннi гiсторыкаў-сацыялагiзатараў — аўтараў падручнiкаў i дапаможнiкаў, — i такiм чынам наблiжаў незалежнасць Беларусi. Яго няма сярод нас, але засталiся словы з верша пра Паўлюка Багрыма: «Памiраю i веру: / Калiсьцi над светлымi водамi, / Над свабоднай зямлёю / I над Белаю Руссю маёй / Шчасце сонцам заззяе / I слова нашчадка свабоднага / Мае раны загоiць / Гаючай жывою вадой».

Ганна Бутырчык: Адна з асноўных заслуг Уладзiмiра Караткевiча палягае ў разбурэннi стэрэатыпу ўспрыняцця беларускай нацыi выключна як сялянскай, у пашырэннi ўяўлення пра беларусаў як пра шляхецкую нацыю, у стварэннi нацыятворчых раманаў i аповесцяў (найперш «Дзiкае паляванне караля Стаха», «Ладдзя Роспачы» i, вядома, «Каласы пад сярпом тваiм»). Паэтызуючы i, адпаведна, пэўным чынам мiфалагiзуючы такiх гiстарычных асоб, як Кастусь Калiноўскi, Уладзiслаў Сыракомля, Вiнцэнт Дунiн-Марцiнкевiч, Францiшак Багушэвiч, Станiслаў Манюшка i iншыя, па сутнасцi, Караткевiч распачынае неабходную для любой нацыi традыцыю замацавання ў нацыянальнай лiтаратуры найбольш значных постацяў айчыннай гiсторыi. Не менш важнай для нацыятворчасцi з’яўляецца стварэнне цэлай плеяды герояў, здольных перамагчы дзiкае паляванне i саму Смерць, вярнуцца з пекла, запалiць светач жыцця. I як сказаў у вершы «Валодзя Караткевiч на беразе Дняпра» Антон Рудак: «Ён прыйшоў i адзiн нарадзiў Беларусь / I для першага разу някепска ўдалося».

Анатоль Бутэвiч: Ён, як нiхто да яго, здолеў так гiстарыязаваць сучаснасць i так асучаснiць гiсторыю, што ў кожнага нараджаецца пачуццё далучанасцi да далёкiх спраў продкаў. Мэтанакiравана дабiваўся стварэння нацыянальнага мiфа. Паэтызаваў гiсторыю, каб прывабiць чытача.

Алесь Суша: Караткевiч перастварыў сучасную беларускую лiтаратуру, вывеў яе на якасна новы ўзровень, як гэта зрабiў у канцы ХIХ стагоддзя Францiшак Багушэвiч, а ў пачатку ХХ стагоддзя — Максiм Багдановiч. Караткевiч дазволiў беларусам ганарыцца беларускай лiтаратурай. I вяртання назад пасля падобных апорных пунктаў ужо быць не можа. Далей — толькi наперад.

Яўген Гараднiцкi: Цi варта падсумоўваць? Караткевiч прадаўжаецца!

Людмiла РУБЛЕЎСКАЯ

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.