9 твораў беларускай літаратуры пра шпіталі і дактароў

https://zviazda.by/be/news/20201210/1607618829-nelga-paetu-ne-bayacca-rassechanay-grudnoy-kletki-i-vidovishcha-tago-yak-u

Сёння ўвага ўсяго свету прыцягнутая да тых, хто апынуўся на перадавой у змаганні з пандэміяй, — да медыкаў. Не выклікае сумнення, што іх подзвіг, неверагодныя цяжкасці, з якімі яны сутыкнуліся, напружанасць нашых дзён адлюструюцца ў літаратуры. Іначай — што ж яна за «люстэрка часу»?

Але пра медыкаў пісалі і раней — рабілі іх героямі твораў, а шпіталі — месцам дзеяння. Тут ужо ўсё залежала ад задумы аўтара — трагедыя адбудзецца ў такіх умовах альбо фарс, рамантычная гісторыя альбо антыўтопія.

Сацыёлаг Артур Франк сцвярджаў, што калі пісьменнік піша пра хваробу, гэта «падсвядомы пошук вылячэння». Але ў гісторыі нашай літаратуры былі і пісьменнікі — прафесійныя дактары. Успомніць хоць б Францыска Скарыну і верш Максіма Багдановіча, які апісвае прыгатаванне першадрукаром лекаў для хворага пана пісара земскага… Саламея Русецкая-Пільштынова, лекарка XVІІІ стагоддзя, пакінула дзівосныя мемуары пра тое, як лячыла і жонак турэцкага султана ў Стамбуле, і нясвіжскіх Радзівілаў, і расійскую імператрыцу. Алаіза Пашкевіч-Цётка працавала фельчарам, вядомы драматург Анатоль Дзялендзік, аўтар «Анастасіі Слуцкай», — урачом-псіхіятрам у Рэспубліканскай псіханеўралагічнай бальніцы. Урэшце, паміж прафесіяй літаратара і доктара шмат агульнага: жаданне ратаваць, выпраўляць заганы, хоць і сказаў Салжаніцын: «Мы не ўрачы, мы — боль».

Давайце ж успомнім, пра якія бальніцы пісалі ў класічнай беларускай літаратуры.


1. Уладзімір Караткевіч «Нельга забыць»

«Палата была на трэцім паверсе. Верхавіны паркавых дрэў молада і сонечна глядзелі ў акно. Парк цягнуўся далёка-далёка, фортачка была круглыя суткі адчынена, і таму паветра ў палаце было прыемным і свежым».

Так апісваецца бальніца ў рамане «Нельга забыць» сёлетняга юбіляра, Уладзіміра Караткевіча. Там спрабуюць выратаваць ад сардэчнай хваробы каханую героя, Ірыну Гораву. Аўтар дае каларытныя партрэты медыкаў, у тым ліку старога кардыёхірурга Глінскага, суровага знешне, але вельмі чулага. Хірург ведае, што аперацыя будзе вельмі складаная, і спачувае каханню, у якога, магчыма, няма будучага.

«Глінскі пасуровеў.

— Ды пацалуйцеся ж вы, — сказаў ён. — Пацалуйцеся вы, урэшце. Як маленькія, не разумеюць усёй карысці… Некалькі дзён ёй нельга будзе… Ну!»

Караткевіч не абышоўся без заўсёднага гумару, трохі сабе чорнага. Адзін з маладых медыкаў так прамаўляе да паэта Грыневіча, які хвалюецца за сваю Ірыну:

«Нельга паэту не баяцца рассечанай грудной клеткі і відовішча таго, як у сэрца лезуць пальцам… Паэты дагэтуль уяўляюць сэрца ў выглядзе рэпы. Тая рэпа пахне, як кветнік, і напханая аж да самага нельга каханнем, уразлівымі ўздыханнямі і альбомнымі вершамі».

Аперацыя праходзіць удала. Але ўскладненне — і Ірына ўсё-ткі памірае. Ёсць цікавая версія з’яўлення такой развязкі… Прататыпам гераіні была выкладчыца Караткевіча на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве, мастацтвазнаўца Ніна Молева. Каханне да яе было пакутлівае, Караткевіч расчараваўся ў сваёй абранніцы і нібыта вырашыў так вось сублімавацца, забіўшы ейнае віртуальнае ўвасабленне.


2. Іван Шамякін «Сэрца на далоні»

Зразумела, нельга абысціся без самага «медыцынскага» рамана беларускай літаратуры — «Сэрца на далоні» Івана Шамякіна. Гэткі вытворчы раман, які «адбываецца» ў дэкарацыях бальніцы, у асяроддзі кардыёхірургаў. Толькі ў адрозненне ад Караткевіча Шамякін не лічыў, што пісьменніка спалохае відовішча таго, як «у сэрца лезуць пальцам». Ён, наадварот, старанна збіраў матэрыял, назіраў і за аперацыямі… Галоўны герой — Антон Яраш, геніяльны хірург: «Выгляд яго суровы і велічны ў асляпляльна белым каўпаку і ў жаўтаватым халаце», «сэрца, жывое, трапяткое, на шырокай добрай далоні… На вялікай, умелай, чулай, ласкавай далоні Яраша».

Яраш працуе ў гарадской бальніцы № 3. Ён любіць сваю работу, але да будынка часам не ідзе, а крадзецца — галоўны ўрач, жанчына, закаханая ў Яраша, не дае праходу, а жонка доктара хваравіта раўнівая. Але галоўны канфлікт рамана — вакол персанажа, які застаўся ў мінулым… доктара Савіча, мужнага падпольшчыка, што загінуў падчас вайны, быў абылганы фашыстамі і лічыцца здраднікам. Яраш, які асабіста ведаў Савіча, вылечыць ягоную дачку і зробіць усё, каб аднавіць добрае імя гераічнага доктара. У Савіча ёсць прататып — доктар Клумаў, чыё імя носіць вуліца, сквер і бальніца № 3 Мінска, так што ў рамане гэты нумар згаданы невыпадкова. А вось у вобразе Яраша Шамякін, па ягоным прызнанні, адлюстраваў рысы яшчэ аднаго падпольшчыка — Кабушкіна.


3. Пімен Панчанка. «Сэрца і крыж»

А вось герой верша Пімена Панчанкі, вясковы доктар, мог прымаць пацыентаў толькі ў беднай хаціне, не дужа падобнай на сучасны шпіталь.

Дарадчык, суддзя, павітуха,

Мужыцкі сівы кастапраў,

Ён ведаў душу кожнай хаты,

Сакрэты ўсіх кветак і траў.

Не быў прагавіты на срэбра

І жыў беднавата, дзівак.

Дзе іншы урваў бы чырвонец,

Ён браў сарамліва пятак.

Гэты доктар прыдумаў, як нават пасля сваёй смерці працягваць ратаваць людзей. Ён загадаў вяскоўцам пахаваць сябе на гары і паставіць на магіле высокі жалезны крыж. І пасля таго ў вёсцы спыніліся пажары, маланкі перасталі біць у дрэвы ды падпальваць саламяныя стрэхі. «Забабонныя» мужыкі верылі ў цуд, а насамрэч доктар «арганізаваў» звычайны громаадвод: маланкі білі ў крыж на ягонай магіле, «бо мёртвае сэрца / Людзей, як жывое, любіла, / Агонь на сябе выклікала, / Маланкі ў магілу лавіла».

Вось такі апошні кабінет доктара-альтруіста — узгорак з высокім жалезным крыжом-громаадводам!


4. Іван Мележ. «Апошняя аперацыя»

А вось у доктара Васіля Дзянісавіча Бацюні з апавядання Івана Мележа, які таксама прымае пацыентаў у вёсцы, ёсць сапраўдная амбулаторыя. Невялікі будынак, але з неабходным рыштункам. Прынамсі, калі на вёску сталі наступаць немцы і снарад цяжка параніў вясковую жанчыну, доктар узяўся рабіць ёй аперацыю. Праўда, з-за гэтага сам не змог у час уцячы, і гітлераўцы, якія ўварваліся ў вясковы шпіталь, забілі і пацыентку, і доктара, які адмовіўся яе кінуць…

Апавяданне было надрукавана ў 1943-м у газеце «Бугурусланская праўда». Невыпадковае месца і невыпадковая тэма. У 1942-м Мележ быў цяжка паранены на фронце пад Растовам. Яму збіраліся ўжо зрабіць ампутацыю, але адзін доктар змог выратаваць будучага класіка ад страты рукі, якая пасля напіша «Людзей на балоце».


5. Уладзімір Жылка. «На шпітальнай пасцелі…»

Паэт «маладнякоўскай» эпохі Уладзімір Жылка добра ведаў пра бальніцы… Бо хварэў на сухоты. У 1925 годзе ён нават запісаў: «Смерць саўсім не страшыць, нават больш: яна жаданая госця. Пужае жах жыцця — жорсткі і няўломны, няўмольны. Я баюся пустаты і хаосу, а яны паўнаўладны… Ах! Як цяжка жыццё, які велізарны цяжар. Б’ешся ў ім, як муха ў павучэнні. І, мітусячыся, яшчэ больш заблытваешся…»

У той час Жылка, які апынуўся на тэрыторыі Заходняй Беларусі, быў пасланы на навучанне ў Карлаў універсітэт у Прагу. А ў 1926-м Жылку запрасілі ў Савецкую Беларусь — на Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускай арфаграфіі і азбукі. Жылка застаўся на Радзіме. У той год ён і напісаў верш-наследванне свайму сучасніку, чэшскаму паэту Іржы Волькеру, які ў 24 гады памёр ад сухотаў:

«На шпітальнай пасцелі праменні  падуць,

А трывогу іх чую ў абвязах, тканіне…

Там сябры на змаганне за праўду  ідуць,

На змаганне ідуць, і ніхто не запыне!

На шпітальнай пасцелі  праменне гарыць,

Але смерць патыхае з закуткаў

напасцю…

О, чаму не магу ісці з вамі, сябры?!

Чаму мушу ўміраць, калі прагну упасці!»

Жылка быў арыштаваны ў 1930 годзе — хворы, з тэмпературай, а ў 1933-м памёр ва Уржуме, у ссылцы.


6. Максім Лужанін «Рэпартаж з рубцом на сэрцы»

Ёсць у беларускай літаратуры і вобраз амерыканскай бальніцы. Прычым спісаны з натуры. Паэт Максім Лужанін, адзін з ацалелых «маладнякоўцаў», зрабіў неблагую кар’еру і быў пасланы ў 1968 годзе ўдзельнічаць у рабоце XXІІІ сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. У якасці такіх вось «вясельных генералаў» там пабываў шмат хто з вядомых беларускіх пісьменнікаў. І раптам — інфаркт. Лужанін трапіў у амерыканскі шпіталь, дзе яго паставілі на ногі. Відаць, каб выправіць непрыемны казус, ён напісаў твор «Рэпартаж з рубцом на сэрцы», дзе апісаў рэаліі буржуазнай краіны вельмі змрочна.

«А зараз, мала таго, што трапіў у Амерыку, дык убіўся і ў амерыканскі шпіталь. Гэта сапраўды няволя. Не вырвешся, не вылузаешся! Але ў асобнай палаце — рай у параўнанні з тым, што назвалася «чысцец».

«Чыстцам» Лужанін назваў агульную палату, дзе яго паклалі пасля прыбыцця: «Пяць начэй заснуць было немагчыма — стаяў гвалт, трашчаў тэлевізар, безупынна лахаюць сёстры».

Палата, дзе апынуўся ўрэшце беларускі літаратурны дэлегат, была невялічкая, але там меўся нават тэлевізар. Які, праўда, ніхто з амерыканскай абслугі не мог наладзіць — бязрукія ж, не тое, што савецкія мужыкі. Шпіталь апісаны як «дзевяціпавярховая будыніна, спланаваная паўкругам». Пісьменнік нібыта чуе ўяўны лічыльнік — бо кожная хвіліна лячэння ў шпіталі аплочваецца.

«Калі ты — гара абмякшых мускулаў на страціўшых рухомасць касцях — ляжыш на разумным ложку, паслушным кожнаму руху пальца, над табой апякуюцца вымуштраваныя, як лялькі, сёстры, кожны найдрабнейшы рух у тваім стане перадаецца на вельмі чулы прыбор, а той адразу запісвае на стужку, пыхкае зялёнай ці чырвонай іскаркай на экранчыку, гасне і ўзнікае зноў, — тады ты ўжо не чалавек, а штосьці паддоследнае».

Карацей, у гэтай «краіне без усмешкі», робіць выснову аўтар, ратуе толькі томік Прышвіна.


7. Ядвігін Ш. «З бальнічнага жыцця»

«Змяркалася. Візглівы вецер, як бы з вялікае злосці, ірваў апошнія з дрэў кляновых крывава-жоўтыя лісты, круціў іх у паветры, кідаў аб мокрую брудную зямлю, ганяў з месца на месца, як адкрасаваўшае, нікому не патрэбнае, ні на што нягоднае смяццё, і, закруціўшы, як круціць вір на глыбіні, біў імі аб тоўстыя, жоўтыя сцены, аб вялікія памуцеўшыя шыбы высокіх акон гарадской бальніцы… І ліплі крывава-жоўтыя лісты да тоўстых сцен бальніцы, як бы падслухаць хацелі, што чутно за імі, і ліплі крывава-жоўтыя лісты да памуцеўшых шыб, як бы заглянуць хацелі…»

Апавяданне старэйшага сябра Янкі Купалы Антона Лявіцкага, які абраў сабе псеўданім Ядвігін Ш., на думку многіх мысляроў, добра перадае пэўныя рысы беларускага характару. На гэты раз мы трапляем у дарэвалюцыйны шпіталь для бедных. Пацыент № 17, гэткі тыповы мужык-беларус, памірае занадта марудна, і наглядчык, якому надакучыла чакаць, пакуль той вызваліць месца, запісвае: «Памёр у 9 гадзін вечара». Што ж, трэба дык трэба… «Як увесь свой нядоўгі век быў паслухмяны Сымон, так і ў гадзіну свайго канання стаўся паслухмяным начальству: у дзевяць сканаў».


8. Васіль Быкаў. «Мёртвым не баліць»

«Хата, дзе размясцілася санчасць, сустракае нас прыветлівым агеньчыкам у двух вокнах (трэцяе, выбітае, заткнута ахапкам саломы) і — песняй. Нехта ва ўсё сваё асіплае горла натужна крычыць пад не дужа суладны басавіты гул некалькіх струн гітары:

Шаланды, полные кефали,

В Одессу Костя привозил»

Так аповесць Васіля Быкава «Мёртвым не баліць» пераносіць нас у палявы шпіталь, дзе падчас наступлення немцаў спрабуюць ратаваць параненых стомленыя дактары і самаахвярная медсястра Каця.

«Знака або флажка на хаце ніякага няма. Па двары таксама нельга пазнаць, што тут санітарная часть. Але, як казаў капітан, гэта трэцяя хата ад цэркаўкі, што зводдаль сціпла шарэе беленымі сценамі, і Каця спыняе коней».

У сціплай абстаноўцы вясковай хаты адбываюцца чалавечыя трагедыі… Нехта з раненых не дачакаецца дапамогі, памрэ… Палонны немец спрабуе давесці, што ён не кепскі… А «пільныя таварышы» ўсё шукаюць сярод параненых ворагаў і дэзерціраў… «А мы тут — суцэльная канцэнтрацыя болю».


9.  Андрэй Федарэнка. «Ланцуг»

Пачатак аповесці сучаснага беларускага пісьменніка Андрэя Федарэнкі «Ланцуг» нагадвае стыль Ядвігіна Ш. — шпіталь, стыхія:

«Лета, каля дзесяці гадзін раніцы, а ў кабінеце хірурга 14-й Мінскай клінічнай бальніцы Стэльмаха гарэла святло — на дварэ з самай ночы сеяўся цёмны, халодны дождж…

Кабінет знаходзіўся на першым паверсе старога, з тоўстымі сценамі і маленькімі, нізкімі вокнамі будынка, таму добра было чутно, як вада патокам бяжыць па асфальтавай дарожцы і сцякае ў люк пад акном. Па шыбах паўзлі звілістыя кроплі, у адчыненую фортку з двара залятала халодная імжа, і, здавалася, нават старыя клёны ў бальнічным дворыку, на які глядзела адзінае акно кабінета, неяк пагорбіліся, апусцілі пад гэтай няспыннай макрэчай рукі-галіны і ўжо самі не вераць, што цяпер — самае лета, ліпень, стаміліся чакаць лагоднага сонца і сабраліся толькі жаўцець і пакрысе засынаць…»

Падзеі ў рамане «Ланцуг» нанізваюцца адна на адну, выпрабоўваючы сумленне герояў. Малады хірург Вінярскі крадзе грошы, якія старэйшы сябар, хірург Стэльмах, збіраў на замежную аперацыю для дачкі Мілы… Але Вінярскаму, як і Раскольнікаву, не ўдаецца скарыстацца здабытымі злачынствам грашыма. Стэльмах памірае, Вінярскі, п’яны і няшчасны ад пакут сумлення, аддае пакет з доларамі жаніху Мілы… А той, бязладны паэт, «дарунак» таксама не ўтрымлівае… І вандруюць праклятыя грошы з рук у рукі…

Спадзяюся, гэтыя фрагменты цудоўных твораў беларускай літаратуры зацікавілі вас, і вы захочаце прачытаць усё цалкам. А заадно яшчэ раз прамовіць словы ўдзячнасці нашым урачам.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: «Нельга паэту не баяцца рассечанай грудной клеткі і відовішча таго, як у сэрца лезуць пальцам…»

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.