Як беларускія літаратары пісалі пра завіруху

Нават у сучасным горадзе, як загудзе завіруха, пазамятае вуліцы ды двары — успамінаецца, што і чалавек — дзіця прыроды і ёсць над ім улада стыхіі. А ў даўніну снежная бура — гэта была падзея, вартая занатавання ў гісторыі. «У тым жа 1601 годзе, 10 кастрычніка, цэлы дзень ішоў моцны ды густы снег, выпаў на поўгалёнкі», сведчыць Баркалабаўскі летапіс.


Фота pexels.com

Фота pexels.com

Завіруха заўсёды натхняла паэтаў, пісьменнікаў, драматургаў, ствараючы выдатныя дэкарацыі і нават павароты сюжэта. Сапраўды, гэта ж цікава — змясціць герояў у занесены снегам будынак, і з-за завірухі не прайсці, не выйсці. Яшчэ і таямнічае забойства апісаць. А ў калядных аповедах у завіруху нечаканы госць просіцца ў дом — і раптам гэта аказваецца калісьці згубленае дзіця або каханне для гаспадыні на ўсё жыццё! Давайце пагартаем самыя «завейныя» старонкі беларускіх кніг, дзе свае непаўторныя сімвалы.

Шляхетная пагулянка са снежным віном

Самы, мабыць, рамантычны вобраз завірухі ў нашай паэзіі стварыў Максім Багдановіч. Да таго ж адметнасць яго верша — дзеянне адбываецца не ў вёсцы, бо беларускія паэты навыперадкі апісвалі замеценыя снегам убогія хаткі, а ў горадзе. І падаецца тая завіруха як вясёлая пагулянка шляхетных стыхійных духаў.

У бубны дахаў вецер б’е,

Грыміць па ім, звініць, пяе,

І спеў ліецца ўсё мацней, —

Гулянку справіў пан Падвей.

У бубны дахаў вецер б’е,

Грыміць па ім, звініць, пяе.

Ўскіпела снежнае віно,

І белай пенай мкне яно.

Гора са сцюжай на закуску

А вось Янка Купала ў сваёй дарэвалюцыйнай паэме «Адвечная песня» пайшоў звыклым шляхам. Апісвае лёс гаротніка-мужыка, які мэнчыўся-мэнчыўся, ажаніўся, дзяцей завёў, працуе, ды так і не здабыў шчасця. Адправіўся ў заснежаны лес сячы дрэвы ды ўступіў у дыялог з зімою, наскардзіўся на жыццё… Зіма вырашае дапамагчы гаротніку радыкальным спосабам:

«Зіма:

Табе жыццё, знаць, сцелецца,

Як бы сама нуда тая;

Пашлю ўдабаў мяцеліцу,

Няхай з бядой рассватае.

Адыходзіць. Пачынаецца мяцеліца. Цямнее. Хвойка, падсечаная, з трэскам і грукам валіцца і забівае Мужыка. Стада згаладалых ваўкоў прыбліжаецца к нябожчыку. Лес стогне».

Мяцеліца можа і сагрэць

У Максіма Гарэцкага, знаўцы народнай беларускай мовы, у апавяданні «Зіма» сустракаем цікавае слова — замятуха.

«Замятуха пад вечар закруціла ўва ўсе бакі…

Вуліца маўчала, шэрая і пустая. Замятуха мяла…

Завеяныя сумётамі хаты, сярод аснежаных палёў і пералескаў, глухія, ад усяго свету далёкія, халодныя, поўныя зрання чаду і нудныя, нудныя зімавалі зіму.

І няможна было даць веры, што ёсць нешта, апроч зімы, што зіма скончыцца».

Гарэцкі таксама апісвае гаротнае жыццё старой вёскі. Знясіленыя працай беднякі спаганяюць злосць адзін на адным, на сваіх сямейных… Мужык б’е жонку, матка — дзяцей… Але вось сабраліся яны ўсе на свяце. Зайгралі музыкі… І раптам мы бачым, як пераўтварыліся зацкаваныя лёсам людзі, колькі ў іх насамрэч душэўнай прыгажосці, гумару, і завіруха цяпер зусім іншая:

«— Мяцеліцу, мяцеліцу!

Урэзалі музыкі мяцеліцу, і ўсё закруцілася па хаце, у каго душа была. І запяялі:

Дуе, вее мяцеліца,

Чаму стары не жэніцца?..

Як з кірмашу вырваўся Іван з жонкаю.

— А дзякуй табе, жоначка, што і радзіўся і ўзрасціўся, — так не скакаў, як сёння.

— А каб табе, мужычочак, цвёрда на язык, як ты хвалішся, а ўсе ножачкі мне адтаптаў; ці не ў ваўкоў ты скокам навучыўся, галубок? — як

ніколі жартавала з ім яго Кулініца».

«Свет стары яна смела парухае»

Для паэта Міхася Чарота, які атрымаў падведчанне суполкі «Маладняк» за № 1, завіруха — сімвал рэвалюцыйных пераўтварэнняў, змагання са старым побытам. Верш «Завіруха» ён напісаў у 1922 годзе, тады ж выйшаў яго першы паэтычны зборнік з такой жа назвай. Нездарма паэзію таго пакалення называлі «бурапеннай».

«Над балотам гудзе завіруха…

Ведзьмай носіцца 

з краю да краю

І змятае з зямлі 

жыцця пацяруху…

Неба свінцовым дажджом 

палівае.


Бура ломіць дубы 

і бярозы-сталеткі,

Выварочвае хвоі з карэннем…

І ўзыходзяць з-пад снегу 

чырвоныя кветкі,

Непагоды шалёнай насенне…


Завіруха як свішча — 

мы слухаем…

Песцяць сэрца 

жалобныя песні…

Свет стары 

яна смела парухае —

Гэта бура зімы напрадвесні».

Бойка з сібірскім ветрам

Каб зразумець верш Яўгеніі Пфляўмбаўм «Кавалкі лёсу», напісаны ў 1930-х, трэба ведаць яе жыццё. Яна паехала за рэпрэсаваным мужам, Максімам Лужаніным, у Сібір. «Марыінск Томскі, новы дом, // І сцюжу гэтага знаёмства // Мне цяжка выславіць радком».

Шмат было цяжкасцяў… Тым болей Яўгенія была дзяўчынай гарадской, вытанчанай, колішняй гімназісткай. Уладкавалася выкладаць у школку. А дарога да месца працы — па сумётах, праз завіруху. Вось паэтка і вядзе ў вершы дыялог са сцюдзёным ветрам, як, відаць, вяла ў думках падчас сваіх вандровак, і мы як наяве бачым танклявую дзяўчыну, якую вецер хістае і збівае з ног:

«А як мы біліся з табой,

Сібірскі вецер з волі, —

Ад золку пачыналі бой,

І твой раз’юшаны габой

Кружыў мяне па полі.

Іду наўпрост — такі узрост!

Такая, зрэшты, мара,

А ты як з карабля матрос,

Цябе зямля вядзе наўскос,

Каб абваліць і ўдарыць.

Я не магу паспець у час,

Хоць там чакае школа,

Няма святла, гарыць свяча,

І дзеці весела крычаць,

А ты гудзеш, назола.


Тры крокі ўперад,

Пяць назад…—

Гульня ў цябе такая:

Свой нораў ты расперазаў,

І гнеў мой падпякаеш».

Завея зняволення

Верш Максіма Танка «У завею» напісаны ў 1935-м. Да гэтага часу паэт паспеў пакаштаваць польскай турмы Лукішкі за сваю грамадскую дзейнасць. Таму за радкамі прачытваецца рэальная гісторыя:

«Вязень

памёр малады,

на вастрожным 

шпітальным дварэ.

Плакаў дзень шэры

белымі ком’ямі снегу…

Плакаў і вецер

паўночны між крат

на дроце калючым.

Ліст яму з дому прыйшоў.

Пішуць — хутчэй адпішы,

Літары коса, няроўна…

Пэўна пісаны рукою працоўнай,

рукой ад плуга і касы.

Лісту таго не чыталі яму,

Плакаў дзень шэры

белымі ком’ямі снегу…

І на вастрожным 

шпітальным дварэ,

на дроце калючым,

плакаў і вецер паўночны

звонка,

балюча».

Завея замарожвае рамантыку

Завяршальная частка «Палескай хронікі», дакладней, тая частка, якую Іван Мележ паспеў напісаць, называецца «Завеі. Снежань». Завіруха тут робіцца дэкарацыяй для фінальнага лёсавызначальнага эпізоду. 

Галоўная гераіня, Ганна, сустракае актывіста Башлыкова, да якога ў яе нібыта ўзнікаюць цёплыя пачуцці. Але герояў чакае выпрабаванне. Яны едуць удваіх у ноч, пачынаецца завіруха…

«Вецер біў цяпер амаль насустрач, кідаў свежым снегам. Адчувалася, што завея ўсё разыходзіцца. Ганну не палохала завея, нават радавала яе, уздымала дзіўна весялосць. Разганяла нудныя развагі. Нешта завейнае, мяцельнае білася ў Ганне.

Праз завейную мітусню яна чула адгукалася на ўжо рэдкія агеньчыкі ў хатах. Агеньчыкі гэтыя трывожылі і вабілі яе: там, дзе яны бліскалі, мроілася Ганне жыццё, якога яна не ведала, не падобнае на яе. Там, з гэтымі агнямі, бег паўз яе свет, не толькі незнаёмы, але і ўтульны, поўны святла і цяпла. Свет, які ледзь адкрыўся ёй, дзякуючы Башлыкову. І які павінен быў вось-вось знікнуць.

Што іх чакае там, у полі? Сярод мяцеліцы, што разгульваецца».

А чакала іх вось што: з-за снежнай буры даводзіцца прасіцца на начлег да незнаёмых людзей… І там Башлыкоў паводзіцца не надта добра, абражае Ганну… І назаўтра тая развітваецца з ім назаўсёды, абрываючы раман, які не паспеў пачацца.

Холад нас не зломіць

У аповесці Васіля Быкава «Сцюжа» апісваецца пачатак вайны. Баец Азевіч выбіраецца з акружэння. Ён застаўся зусім адзін, холадна, зіма настае, дзе знайсці прытулак?

«Як заўжды, вецер у полі буяў з большым імпэтам, снегавымі крупамі сек цяпер па левай шчацэ, і Азевіч усё адварочваўся, міжволі забіраючы ўправа. Раззлаваўшыся на адарваную падэшву, якая яму надакучыла за дарогу, ён паспрабаваў зусім адарваць яе ад бота, ды не знайшоў сілы, толькі аб іржавыя цвікі да крыві абдзёр пальцы. Так і павалокся далей, дужа заграбаючы нагой снег. Добра, завея хутка засыпала ягоны след».

Цягам усёй аповесці мы будзем разам з героем нібыта адчуваць тую сцюжу… Ён будзе хавацца ў халодным гумне, там зляжа з хваробай, ачуняе — гаспадыня так і не насмеліцца прывесці небяспечнага госця ў цёмную хату, каб адагрэўся, яна і так рызыкуе, хаваючы яго. Але баец усё вытрымае і пойдзе на змаганне.

Завіруха — час прызнання ў каханні

А вось Уладзімір Караткевіч, як нам вядома, любую стыхію ператвараў у палкае пачуццё: што вераб’іную ноч, што мокры снег… Таму і верш пра завіруху ў яго ператвараецца ў прызнанне ў каханні:

«Стаю ўначы ў завіруху —

Аддаўся наплыву мар.

Ноч уважная слухае,

І вецер гайдае ліхтар.

Што са мною — не знаю.

Сэрца трывогу б’е.

Кахаю?

Здаецца, кахаю.

Напэўна, кахаю яе!

Клянуся зарою вяснянай

І тым, што міне зіма, —

Няма ў мяне іншай каханай,

Іншага друга няма.

Кахаю… у хустцы і ў косах,

Ў завею і летні гром,

Кахаю абутую й босую,

З кнігамі і з сярпом.

З ёй — радасць, адному — гора.

На гэтым цвёрда стаю.

Ноч крочыць,

І чуюць зоры

Клятву маю».

Верш напісаны ў 1950-х, і нам застаецца толькі гадаць, каму менавіта ён мог быць прысвечаны. Магчыма, той дзяўчыне, якая стала правобразам гераіні аповесці «У снягах драмае вясна» — нешчаслівае каханне студэнцкіх гадоў, якое разбурылася з-за чужых плётак і зайздрасці.

Няхай жа зіма не застудзіць вас, дарагія чытачы. А адагравацца ў любую завіруху раю добрай беларускай кнігай.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: «У бубны дахаў вецер б’е»

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.