Ці дзейсныя сродкі народнай медыцыны, якімі лечацца літаратурныя героі?

Калі вам на сэрцы цяжка стане,

Адбярэ вам немач рэшту сіл,

Не сумуйце, дзеткі… — Бабка ўстала.

— Дам вам на дарогу дзівасіл.


Так калісьці пісаў у сваім вершы паэт Піліп Пестрак, згадваючы лекавую расліну, якую продкі надзялялі незвычайнай моцай.

А памятаеце верш Максіма Багдановіча:

Скарына, доктар лекарскіх навук,

у доўгай вопратцы на вежы сочыць зоры.

Яны спрыяюць! Час! З рухавых рук

Скарыны п’е адвар пан земскі пісар хворы?

Не проста нечаканы вобраз першадрукара і асветніка ў якасці практыкуючага доктара, але і рэаліі тагачаснай медыцыны. Сапраўды, доктар у шаснаццатым стагоддзі мусіў быць і алхімікам, і астролагам, і лекі даваць у адпаведнасці са становішчам зорак. А кліент Скарыны, пан пісар земскі, сочыць за сваім здароўем паводле бляску смарагду ў сваім пярсцёнку…

Экзатычна? Магчыма, праз паўтысячы гадоў гэтак жа будуць глядзець на некаторыя цяперашнія сродкі і спосабы лячэння…

Сёння, у перыяд сусветнай пандэміі, вельмі важна прыслухоўвацца да парад лекараў, у тым ліку датычна рэцэптаў народнай медыцыны. Бо ў сеціве якіх толькі дзіўных панацэй не прапануюць ад віруснай інфекцыі! Ад цытрыны і соды да супу з зялёнай фасолі. І далёка не ўсе рэцэпты бясшкодныя! Героі твораў беларускіх пісьменнікаў таксама нярэдка траплялі ў складаныя сітуацыі, калі даводзілася ратавацца народнымі сродкамі. Давайце ўспомнім гэтыя рэцэпты і ацэнім іх з пункту гледжання сучаснай медыцыны з дапамогай вядучага спецыяліста арганізацыйна-фармацэўтычнага аддзела РУП «Белфармацыя», старшыні клуба гісторыі фармацыі Валянціны Сасонкінай.

1. Цеста з плесняй

У рамане Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» правадыр сялянскага бунту Карчак цяжка паранены. Пачалася гангрэна — «антонаў агонь». Ратуюць яго на млыне сяляне з дапамогай знахаркі Марты. Як?

«…грубыя рукі дасталі аднекуль жменю шараватай з прозеленню вязкай масы і пачалі раскладаць па ране. Корчак адчуў прыемны халадок.

— Падзякуй свайму богу: тры тыдні не пяклі… Лета, праснакамі абыходзімся, — сказала Марта. — Гэта плесня, што ў дзежцы на рошчыне вырастае, калі не пякуць хлеба.

— Ведаю,— сказаў Корчак. — Здымеш, а ніжэй добрая.

— Ну вось,— сказала Марта. — Калі ёсць божая воля — ачуняеш».

Ці валодала цеста з цвіллю гаючай сілай, альбо гэта фантазія пісьменніка?

Валянціна Сасонкіна: Гэта не фантазія пісьменніка. Цеста з цвіллю (ляпёшка) — адна са старадаўніх лекавых формаў. Цвіль — гэта грыб, плесневыя грыбы ўтвараюць шмат антыбіётыкаў. Першы з іх — пеніцылін з шырокім процімікробным дзеяннем, выкарыстоўваўся для лячэння цяжкіх захворванняў, у тым ліку гангрэны.

2. Шабельнік балотны

Эліза Ажэшка, класік польскай літаратуры, жыла на беларускай зямлі, апісвала ўбачаныя тут сюжэты. І вельмі цікавілася траўніцтвам. У эсэ 1888 года «Людзі і кветкі над Нёманам» яна апісвае сустрэчу з траўніцай Марысяй Карасёвай. Калісьці свёкар прымусіў Марысю падтрымліваць плячыма гружаны воз, кабета падарвалася. Ды так, што не магла хадзіць. Вырашыла ратаваць сябе сама — выпаўзла на луг, нарвала невядомых траў і стала эксперыментаваць, пакуль не знайшла тую, што дапамагла. Патлумачыла Марыся гаючасць расліны тым, што яе лісце нагадвае разгорнутую даланю — а менавіта так ва ўяўленні траўніцы выглядае і жаночы орган.

«Гэтую расліну яна назвала парушэнец-мацічнік». Паколькі Эліза Ажэшка прыводзіць лацінскі назоў ‘comarum palustre’, можна зразумець, што гаворка пра шабельнік балотны.

Валянціна Сасонкіна: Сапраўды, лісце шабельніка балотнага раней выкарыстоўвалася для лячэння гінекалагічных захворванняў. Але часцей за ўсё і ў мінулыя часы, і цяпер прымяняецца карэнішча з шабельніка балотнага для падтрымання функцый апорна-рухальнага апарату. Зараз у асартыменце аптэк маецца шабельнік у таблетках і ў выглядзе гарбаты ў якасці біялагічнай дабаўкі да ежы, а таксама ў выглядзе касметычнага геля-бальзаму для цела.

3. Ягады чарніц

Празаік Леанід Левановіч стварыў цыкл раманаў-хронік пра беларускую пасляваенную вёску Шчыглы, дзе апісвае родныя мясціны каля ракі Бесядзь. У рамане «Палыновы вецер» сустракаем эпізод:

«Зрэшты, няма чаго Бога гнявіць. Яшчэ ў сорак чацвёртым, пасля ранення пад Рагачовам, пракачаўся ў шпіталі чатыры месяцы, і яго камісавалі па блізарукасці. Бравусаў вярнуўся дамоў, акрыяў, маці лячыла ягадамі, найбольш чарніцамі, і о дзіва, ён схаваў у шуфляду стала акуляры і не даставаў іх амаль сорак гадоў!»

Наколькі сапраўды могуць выправіць зрок ягады чарніц?

Валянціна Сасонкіна: Здаўна плады чарніц выкарыстоўваліся і ў народнай, і навуковай медыцыне для паляпшэння зроку. Архіўныя дакументы і ўспаміны ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны таксама пацвярджаюць шырокае ўжыванне дароў прыроды пры вострым недахопе лекаў. Плады чарніц даўно ўжо не прадаюцца ў аптэках. Карыстаюцца павышаным попытам гатовыя сродкі, якія змяшчаюць у сваім складзе экстракт чарніц.

4. Адвар ваўчкоў

У аповесці Івана Сяркова «Мы — хлопцы жывучыя» апісаны побыт пасляваеннай вёскі, у якой не хапала самых жыццёва неабходных рэчаў. Напрыклад, каросту прыстасаваліся лячыць толам з гарматнага снарада. Юныя героі Іван і яго малодшы брат Грышка, празваны Глыжкам за картавасць, застудзіліся і моцна перхаюць.

«Фельчара ў вёсцы няма, і лячыць нас некаму. Фельчара расстралялі немцы яшчэ ў сорак першым разам з апалчэнцамі. Па шаптуху ісці далёка, ды яна і не пойдзе дарма. І бабка лечыць нас сама.

Калі ў яе адлегла ад сэрца, яна ўнесла з сенцаў поўны прыпол сухіх ваўчкоў, натаптала іх у шчарбаты чыгун і, заліўшы вадою, паставіла ў печ.

Ваўчковы адвар, на думку бабкі, — першы сродак ад кашлю. Ніякія дактары і ніякія фельчары табе так не памогуць, як ваўчковы адвар…

А яно ўжо стаіць на стале і дыміць густой парай, і Глыжку ветліва запрашаюць з печы:

— Злазь, пярхун!

…Глыжка, каб не піць адвару, знаходзіць сто адгаворак: то яму горача, то яму многа, то ў яго ўжо і кашаль прайшоў, то ў яго жывот забалеў. Нічога — ваўчкі і жывату памагаюць. Ад бабкі не адкруцішся. Яна стаіць над душой і сочыць за кожным глытком. Мы моршчымся ад гаркаты, а бабка толькі дзівіцца:

— Што — не соладка?

Каб паддаць нам ахвоты, яна і сама, хоць і не кашляе, выпівае карэц-другі гаркаватага варыва, ды яшчэ і пацмоквае, быццам гэта ёй мёд.

— Піце, піце, не вычварайце — усё як рукой здыме».

Валянціна Сасонкіна: З далёкіх часоў людзі добра ведалі гаючае дзеянне ваўчкоў, па-руску — «череды». У хатніх умовах рыхтавалі настой з травы для лячэння не толькі прастуды, але і рэўматызму, падагры, скураных высыпанняў. А яшчэ гэта эфектыўны лекавы сродак пры дыятэзе, рахіце ў дзяцей.

5. Віно з мёдам і маслам

Ульяніца, гераіня рамана Леаніда Дайнекі «След ваўкалака», дзеянне якога адбываецца ў часы полацкага князя Усяслава Чарадзея, цяжка захварэла. Яна ўпэўнена, што гэта — пакаранне за тое, што без бацькоўскага блаславення выйшла замуж за свайго любімага Белавода. Да Ульяніцы запрасілі шаптух-траўніц.

«Бяззубыя сівыя бабулі распранулі Ульяніцу, пачалі націраць яе сухімі і мокрымі травамі, давалі піць траянку — грэтае віно, змешанае з мёдам, чырвонай глінай і каровіным маслам».

Лячэнне Ульяніцы не дапамагло, але ўсё ж ці ёсць гаючае дзеянне ў апісанай сумесі — «траянкі», альбо гэта выдуманая дэталь?

Валянціна Сасонкіна: Вывучаючы пропісі старадаўніх рэцэптаў лекаў, часта сутыкаешся з тым, з якіх незвычайных яна інгрэдыентаў. Да іх адносіцца і «траянка». Магчыма, пры ўжыванні гэтай сумесі разлічвалі на дзеянне віна ў якасці ўзбуджальнага і ўмацавальнага сродку, чырвонай гліны — як гемастатычнага і вяжучага. Паколькі мёд валодае раздражняльным дзеяннем на запаленую слізістую абалонку горла, у склад дададзена масла (для змякчэння). Што ж датычыцца неэфектыўнасці дзеяння сумесі, на мой погляд, тут або занадта цяжкая форма хваробы Ульяніцы, або не зусім правільна пастаўлены дыягназ.

***

Што ж, як бачыце, у беларускай літаратуры сустракаюцца і сапраўды карысныя парады. Але ж і сама беларуская літаратура, яе найлепшыя творы, з’яўляюцца найлепшымі лекамі для душы, ад гістарычнага бяспамяцтва! Не забывайце іх ужываць!

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Траянка, ваўчкі, цеста з плесняй..

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.