Пяць загадкавых любоўных вершаў беларускай паэзіі

Пяць загадкавых любоўных вершаў беларускай паэзіі


Напярэдадні Сусветнага дня паэзіі самы час пагаварыць пра яе загадкі.

Вядома ж, у вершы мусіць быць таямніца… Магія.

У XVІІ стагоддзі беларускія знахары лячылі зубны боль з дапамогай верша, лацінскага паліндрома «sator arepo tenet opera rotas». Як гучыць! Хоць гэта ўсяго толькі практыкаванне для шкаляроў — «магічны квадрат», па якім недарасці вучыліся слоўнай гульні. Бессэнсоўная фраза, якая перакладаецца як «Сейбіт Арэпа змушае колы круціцца». Урэшце, усе замовы — суцэльная паэзія… Таму і імкнуцца спрадвеку выказваць у вершах свае любоўныя перажыванні. Выліваць горыч здрады — «А яна, а яна была толькі дзяўчына», прызнавацца ў каханні — «Мне доўгае расстанне з вамі чарней ад вашых чорных кос»…

Давайце сёння ўспомнім пяць беларускіх вершаў, за якімі хаваюцца нечаканыя гісторыі кахання.


pixabay.com

pixabay.com

1. Злавесная Зося

Цёмная кветачка

Я сэрцам спаў, а мысль мая

Па неба йшла палетку.

Аж раз калісь убачыў я

Прыгожу цёмну кветку.

Яна красою так, як больш

Там кветак, не зіяе,

А толькі чар яе нязгорш

Мой погляд прыцягае.

Ах, цёмна кветка! Буду рваць —

Мая ты! Цуд здарэння?!

Ажыў я сэрцам — хочу браць:

Яна ж была… з камення.

Якая гісторыя хаваецца за гэтым вершам паэта Гальяша Леўчыка?

У каханні яму не шанцавала. Дзяўчына, якую пакахаў у маладосці, была з занадта багатай сям’і… А ў 1932 годзе, калі паэту было больш за сорак, у адной варшаўскай газеце ён прачытаў абвестку, што ў Слонімскім павеце жыве дзяўчына, якая напісала аповесць па матывах беларускага жыцця, але на выданне няма сродкаў. Гальяш Леўчык тут жа напісаў таямнічай Зосі, спадзеючыся, што сустрэў родную душу. Зося аказалася не такой маладой — за трыццаць, беларускае пытанне яе не вельмі цікавіла. Але ўсё-ткі ажаніўся. Праз год піша сябру Яну Пятроўскаму:

«Ты прыпамінаеш мамэнт, што мог бы ты мне адрадзіць маё жанінства, але гэта было б немагчыма, таму што ані ты, ані я яе не зналі, ні яе характару, ні здароўя, ані таго, што яна ёсць тыпам фаталісткі — хворым, кволым і збочаным умыслова… Пэўна, што і я, каб ведаў згары што будзе, — пэўна, што, не гледзячы нават на спачуццё да ейнага няшчасця і спагадання ёй, — не згадзіўся б ніколі на ахвяру свайго добрага становішча духовага, на сваю пазіцыю ў беларускім грамадстве і на пашану, якою дорыць мяне гэтае грамадзтва… бо гэта было б учынена для кабеты невялікае цаны…»

Зося ператварае жыццё мужа ў пекла. Здраджвае, прыводзіць у дом падазроных знаёмых, якія пагражаюць немаладому гаспадару. Сужэнцы жывуць на два дамы — у Варшаве і Слоніме. Калі пачалася вайна, Леўчык адправіўся са Слоніма да жонкі ў Варшаву, размінуўся — яна паехала да яго ў Слонім. Вярнуўся назад… За гэты час Зося прадала ягоны дом чужым людзям, якія былога гаспадара на ганак не пусцілі. Леўчык вярнуўся ў Варшаву, дзе памёр у 1944 годзе. Верш «Цёмная кветачка» быў знойдзены ў рукапісе зборніка «Беларускі жаўранак», які так і не выйшаў з друку.


Уладзімір Жылка з жонкай Рымай Маневіч.

2. Падступная Рыма

Р. М.

Каханню нічога не трэба,

Каханне нічога не просе, —

Так радуе сіняе неба,

Так цешыць валошка ў калоссі.

Каханне, як песні пра зоры,

Лятункам заўсёды высока,

І шчасцем у свет, у прасторы

Каханкі расквітвае вока.

І нат у затоенай скрусе

Тваіх нераздзеленых пешчаў

К жалобе ніхто не прымусе

Надзею, што зрушана плешча.

Каханая, любая, квеце!

Ў палоне вясёлае долі

Ёсць песняй аб кім летуцеці,

І сэрцу даволі, даволі.

І сэрца бясхмарнае ясней

Схіляецца постаццю спелай,

Хоць сэрца яшчэ было б шчасней,

Каб дбаці аб кім яно мела.

Гэты цудоўны верш паэта Уладзіміра Жылкі быў надрукаваны ў 1928 годзе ў часопісе «Узвышша». Над творам — прысвячэнне «Р. М.».

Жылка толькі за два гады да публікацыі пераехаў у Савецкую Беларусь з Прагі. Спачатку знайшлася работа — у газеце «Звязда», а ў 1928-м на паэта ўжо нападаюць за тое, што «не набліжаецца да пралетарскай літаратуры». Выключаюць з «Маладняка», звальняюць са «Звязды». У Мінскім музычным тэхнікуме, дзе прапанаваў яму сваё месца выкладчыка паэт Язэп Пушча, Жылка пазнаёміўся са студэнткай Рымай Маневіч. Менавіта ёй і прысвечаны верш.

«Ведаеш, я закахаўся ўжо месяцаў са тры, і, здаецца, па самюськія вушы. Яна маленькая, рыжая і злюшчая, язычлівая. Мяне кахае» — прызнаваўся ў адным з лістоў паэт. Ён перастаў думаць нават пра сухоты, на якія сур’ёзна хварэў.

Жылка і Рыма ўзялі шлюб, нарадзілася дачка Беатрычэ, «Атачка»… А потым, улетку 1930-га, паэта арыштавалі — узялі проста з ложка, з высокай тэмпературай. Адправілі ў высылку ва Уржум. Рыма прыехала да мужа, але доўга не вытрымала: калі Жылка ў чарговы раз трапіў у бальніцу, дала сваімі паводзінамі падставу для плётак… Хворага даглядаць не жадала. З’ехала ў Ленінград, падала на развод… Жылка памёр у 1933-м, пры ім была цацка-бразготка і пасмачка валасоў дачкі. Беатрычэ выхоўвала бабуля.


3. Верная Стася

Каханне, залатое каханне,

Я стаю, пахіліўшы чало!

Не спаткаў я цябе пры кургане,

Не сустрэў у завейных палёх.

Ты само да мяне, маладога,

Прыгарнулася сэрцам сваім.

Усміхаліся далі, разлогі,

Усміхалася радасць у сінь.

А песні, санцавейныя песні

Разліваліся ўсплёскамі хваль.

Яны з сэрца каханне разнеслі,

Яны з сэрца памчаліся ўдаль.

Ў гэты вечар самоты не песціў,

Найшчаслівейшы быў між людзей.

Ціха зоры смяяліся ў вецці,

Я на іх задуменна глядзеў.

Разгадаць мне хацелася ўсмешку

Адной зоранькі яснай, як дзень.

Ружавела каліна на ўзмежку,

Я прыціснуў яе да грудзей.

Застануся з табою, красуня!

Я не ведаў уцехі ў жыцці.

Мне расслухаць хацелася ў шуме,

Аб чым ліст да ліста шапаціць.

Яна слоў мне тады не казала,

Толькі вусны палілі мой твар.

Не было, не было ў песні жалю,

Толькі кідала сэрца у жар.

А што далей?.. у ветра спытайся.

Пакахаў, як ніхто, пакахаў.

Ой ты, Стася, смуглявая Стася,

Ўзгадаваў цябе Случчыны гай!

Язэп Пушча з жонкай Стасяй.

Язэп Пушча з жонкай Стасяй.

З-за аўтарства гэтага верша ў наш час адбыліся непаразуменні. Яго паклаў на музыку кампазітар Алег Молчан, песня ўсім палюбілася, трапіла на дыск «Беларускіх Песняроў», а там аўтарам тэксту значыўся паэт-песеннік Лягчылаў. На дыску ж спевака Валерыя Дайнекі аўтарам слоў быў названы Алег Лойка…

Давялося аднаўляць справядлівасць. Бо сапраўдны аўтар слоў — Язэп Плашчынскі, вядомы нам як паэт Язэп Пушча. Вядомая і асоба «смуглявай Стасі». Паэт пазнаёміўся з ёй, калі прыехаў у Слуцк выступаць разам з Кузьмой Чорным. На сустрэчу з паэтамі ў клуб прыйшлі васямнаццацігадовая Стася з сяброўкай, паэткай Ідай Чырвань.

Праз нейкі час абедзве сяброўкі выправіліся ў Мінск да жаніхоў. Стася — да Язэпа Пушчы, Іда — да Кузьмы Чорнага. У 1926-м у Язэпа і Станіславы Плашчынскіх нарадзілася першая дачка. У Чорнага і Іды сямейнае жыццё не задалося, разбегліся, моцна памучыўшы адно аднаго.

Калі ў 1930-м арыштавалі Язэпа Пушчу, Стасі і ў галаву не прыйшло выракацца любімага мужа. Яна хадзіла за пятнаццаць кіламетраў у Мінск, насіла яму перадачы. Потым паехала за ім у высылку, дзе нарадзіла трэцюю дачку. Разам і вярнуліся на Беларусь. «Смуглявая Стася» берагла спадчыну паэта, які пасля вяртання ўжо напісаў: «Выстрыгалі з фотакартак, выстрыгаюць і цяпер… Успамінаць мяне не варта ні ў нядзелю, ні ў чацвер».


4. Недасяжная Алеся

БЫВАЙ

(З блёк-ноту таварыша)

Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая,

Бывай, пялёсткамі развеяная квець, —

Тваё, чарнявая, юнацтва дагарае

І слоў заранкавая сонечная медзь…

Ці помніш вечару хвіліны агнявыя,

Хто мог юнацкія імкненні затрымаць?..

І песні новыя, і песні маладыя —

На сэрцы ў цвецені звінеў і плакаў май…

Зялёным вечарам ліхое развітанне,

Апошнім вечарам чаромхі мілай пах…

Назаўтра ў шэрані праплакала світанне,

Туман на ростанях скаціўся, ў травы паў…

А ты, каханая, пад скрыпы жоўтых сосен

Пашла, трывожачы сцюдзёную расу, —

Пашла, дзе гойдала зялёнае калоссе

На сцежках ростані пяшчотна-ціхі сум.

Пашла, чарнявая, каб сэрца боллю крануць,

Палынню горкаю заросці мне ў душы,

Хвілінай зробленыя золкавыя раны

Каб змог у сэрцы я гадамі патушыць…

Пашла за ціхія і дальнія прасторы,

Як казка светлая, ты знікла ў сіняве…

…І сэрца новыя, гарачыя дакоры

Са звонам срэбраным застылі на траве…

Пашла… Забылася… Не вернешся, Алеся…

Бывай, чарнявая, каханая, бывай!..

А дні напорныя ізноў цвітуць і весняць,

І сэрца ў цвецені, і сэрца п’яніць май…

Бывай, абуджаная ў сэрцы, дарагая,

А мне так хочацца юнацтва сыпаць квець, —

На сэрцы палкае імкненне расцвітае,

А ў словах звонкая, заранкавая медзь!..

Знаёмыя радкі, але нешта не тое? Дзе «бывай, смуглявая», дзе «Шкада заранкі мне, што ў небе дагарае»? Але менавіта ў такой рэдакцыі быў упершыню, у № 5 «Полымя» 1928 года, надрукаваны верш, які ў іншай, пазнейшай, рэдакцыі аўтара стаў знакамітай песняй «Алеся». Аўтар, Аркадзь Куляшоў, напісаў гэты верш у чатырнаццаць гадоў. Адзінаццацігадовы падлетак з Саматэвіч сустрэў трынаццацігадовую прыгожую дзяўчынку з суседняй вёскі Аляксандру Карыткіну… Кірмаш, карусель, першае пачуццё… Потым вучыўся з той Алесяй, у чатырнаццаць гадоў прызнаўся ў каханні, атрымаў адмову… Шляхі хлопца і дзяўчыны разышліся, але застаўся шэдэўр.

Куляшоў сам расказваў, як у 1950-х дамовіўся сустрэцца са сваім першым каханнем, але ўбачыў пастарэлую, непазнавальную жанчыну праз шкло паштовага аддзялення ў Быхаве — і не выйшаў да яе… Дачка паэта Валянціна Куляшова ў кнізе «Аркадзь Куляшоў. Лясному рэху праўду раскажу…» прыводзіць ліст Аляксандры Карыткінай да Куляшова, напісаны ў 1971 годзе:

«Дарагі Аркадзь! … цябе цікавіць мінулае, што было б, калі б… і г. д. Магу табе сказаць толькі, што ты мяне ў свой час не разумеў зусім, ды і цяпер таксама, напэўна. У той далёкі год усе мае мары і жаданні былі скіраваныя да адной мэты: вучыцца, спазнаць іншае жыццё. І не аднаму табе я адмовіла, многія могуць на мяне крыўдаваць. А я рвалася, ляцела ў марах і наяве і проста ненавідзела ўсіх, хто мяне затрымліваў. Бо ў мяне не было іншага выбару: ці замуж, ці ехаць вучыцца. А там новыя інтарэсы, новыя людзі, а ты недзе ў мінулым і не паспрабаваў наблізіцца, пазнаёміцца. Адна справа — дзеці, і зусім іншае — сталыя, дарослыя, даводзіцца пазнаваць сяброў дзяцінства нанава. А мы так і не сустрэліся зноў, і што ты за чалавек, я так і не даведалася і не ведаю дагэтуль. І ты таксама. Вось і ўся праўда».

Апошні верш у сваім жыцці Куляшоў напісаў пра тую ж карусель, каля якой сустрэў Алесю: «Каруселі кружаць, а дзяцінства убаку стаіць маё — і плача».


5. Адданая Яўгенія

Як нескладана стаць адданай,

Згасіць агні юначых дзён,

Пакінуць росныя паляны,

Сысці ў палон, душы прыгон.

Зрачыся долі, нават волі,

Не аглядаючыся, не,

Пачаць жыццё былых нявольніц,

Калі раскутасць толькі ў сне.

Гэты верш у 1940-я гады напісала паэтка Яўгенія Пфляўмбаўм. Праўда, ужо тады мала хто з яе новых знаёмых ведаў, што яна паэтка. Хоць у васямнаццаць мела першы паэтычны зборнік і была сяброўкай «Маладняка». Увесь яе лёс вырашыла каханне. «У жніўні 1931 г. выйшла замуж. А неўзабаве пачаліся ліхія часы, пачаўся перыяд рэпрэсій. Многія былі арыштаваны, у тым ліку і мой муж Максім Лужанін… Мяне звольнілі з газеты «Звязда»… Эшалон з рэпрэсаванымі адпраўлялі ў Сібір. Я праводзіла іх і цвёрда вырашыла ехаць услед, хоць і гэта мне было забаронена».

Яўгенія сапраўды паехала за мужам у Сібір. Потым жылі ў яе сваякоў у Маскве. Даводзілася апраўдвацца за членства ў «Маладняку», калі пачалася вайна — узніклі праблемы з-за нямецкага прозвішча. Мужа забралі на фронт. А калі вярнуўся — вершы, якія пісаліся кожны дзень, так і не выйшлі да людзей… Гэта пра адданасць свайму «Алю» яна піша ў вершы… У доме быў адзін паэт, Лужанін паспяхова рабіў кар’еру, а Пфляўмбаўм засяродзілася на тым, каб «адхіляць навальніцу ад дрэва, дзе спявае птах».

Але вершы — яны ж скрозь камень, скрозь час прарастаюць, калі сапраўдныя… Чытайце ж беларускія вершы і разгадвайце іх.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: «Ажыў я сэрцам — хочу браць: яна ж была… з камення»

Вам таксама можа спадабацца

1 каментарый

  1. Дзякую Вам, спадарыня Людміла, за гэтак хораша, па-чалавечы цёпла пададзеныя шчымлівыя гісторыі кахання нашых выдатных пісьменнікаў!

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.