- 29.08.2022 14:04
- Аўтар:
- Людміла Рублеўская
- Культура, Гісторыя і Этнаграфія
Нядаўна мы адзначалі 75-годдзе з дня нараджэння вядомага архівіста, гісторыка Віталя Скалабана. Вось ужо 11 гадоў як гэтага чалавека няма… Але яго росшукі, назапашаныя ім матэрыялы працягваюць абуджаць цікавасць даследчыкаў. У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва ёсць фонд № 500 — фонд Віталя Скалабана, дзе можна знайсці шмат цікавінак…
Ёсць шмат нататак, якія ілюструюць ягоны апантаны характар як навукоўца. Вось запіс ад 8.12.1983 г., зроблены ў Маскве, у чытальнай зале Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва:
«14.00 Ура! Нясуць справы!»
Віталь Уладзіміравіч адрозніваўся асаблівай даследчыцкай учэпістасцю, цікаўнасцю да дэталяў… Калі працаваў над нейкім фрагментам гісторыі, не губляў ніводнай нітачкі, якая працягвалася да іншых фрагментаў. З кожнай дэталі — нечага ліста, успаміну, фотаздымка — мог зрабіць зачэпку да новых росшукаў і знаходак.
Такім чынам з’явіўся сярод персаналій, якімі ён цікавіўся, Карусь Каганец. Адзін з тых рупліўцаў беларускага слова, каго варта ўспомніць напярэдадні Дня беларускага пісьменства.
Ад Скандракова да Кастравіцкага
Пачнём з пажаўцелай выразкі з газеты «Будаўнік камунізму» ад 14.03.87, якая захоўваецца сярод папер Віталя Скалабана. У рубрыцы «Далёкае-блізкае» — нататкі «Вяртанне каравокага беларуса» карэспандэнта ТАСС С.Крапівіна.
«З хваляваннем распячаталі пасылку з Казахстана супрацоўнікі Цэнтральнага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва БССР. У ёй — два жывапісныя творы, датаваныя 1907 годам — дар беларускаму народу жыхаркі Караганды І. Скандраковай.
Карціны напісаны не на традыцыйным палатне, а на дубовых дошках. Адна з іх — зімовы пейзаж з фігурай паляўнічага. Другая, больш цікавая, — своеасаблівая літаратурная ілюстрацыя. Гэта партрэт селяніна ў шыракаполым саламяным капелюшы, світцы і з люлькай у руках. Але не проста «тып беларуса», сабратаў якога, звычайна сінявокіх, вядома, увогуле нямала, а нешта больш індывідуальнае. Так, той самы скразны літаратурны вобраз каравокага селяніна — гразы паноў, жыццялюба і жартаўніка.
Карціны належаць пэндзлю Казіміра Кастравіцкага — пісьменніка, мастака і скульптара, чыю асветніцкую дзейнасць ва ўмовах царызму глыбока ўшаноўваюць нашы сучаснікі. Яго літаратурны псеўданім быў «Каганец» — слова аднолькава зразумелае рускім, беларусам і ўкраінцам — лампада, свяцільня. Яркія вылучаў ён прамяні. Дастаткова назваць выдадзены ў пачатку стагоддзя ў Пецярбургу першы беларускі буквар або ўвайшоўшую ў хрэстаматыю сатырычную камедыю «Модны шляхцюк». Але аб іншых гранях таленту Кастравіцкага — выпускніка Маскоўскага вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства — пакуль вядома нямногае.
Прычына ў складаным, часам трагічным лёсе майстра. Нарадзіўшыся ў Табольску ў сям’і ссыльнага ўдзельніка паўстання 1863—1864 гадоў, ён сам у далейшым двойчы адбываў турэмнае зняволенне за рэвалюцыйную агітацыю. І работы Кастравіцкага ў галіне выяўленчага мастацтва аказаліся раскіданымі па свеце. Дзе яшчэ сёння яны могуць знаходзіцца, у якіх запасніках, архівах або прыватных калекцыях? За год да 120-й гадавіны з дня нараджэння Казіміра Кастравіцкага (Каруся Каганца) гэтае пытанне гучыць зноў».
У нататках няма імені Віталя Скалабана… Але ён меў непасрэднае дачыненне да падзеі, якая там апісваецца. І.Скандракова, якая тут згадваецца, — дачка Сяргея Скандракова, біяграфію якога якраз і вывучаў Віталь Скалабан. У архіве захоўваецца рукапіс ягонага артыкула «Па слядах Сяргея Мглінскага», надрукаванага ў часопісе «Мастацтва Беларусі», 1986, № 11. Сяргей Мглінскі — адзін з псеўданімаў журналіста, навукоўца, краязнаўца Сяргея Скандракова, які нарадзіўся ў горадзе Мглін Чарнігаўскай губерні. «Скандракоў сумесна з Багданам Кушталянам, Антонам Шабунем, Канстанцінам Шпакоўскім ды Уладзімірам Самойлам арганізаваў кніжнае выдавецтва «Мінчук», якое рыхтавала да друку «Жалейку» Янкі Купалы…» — пісаў Віталь Скалабан.
Скандракоў стаў рэдактарам-выдаўцом газеты «Голос Белоруссии» — пасля першага і адзінага нумару яна была закрыта па загадзе мінскага губернатара Курлова. У тым нумары былі змешчаны вершы Францішка Багушэвіча «Панская ласка» і Янкі Лучыны «Роднай старонцы».
Пасля рэвалюцыі Сяргей Скандракоў быў дырэктарам Беларускай агранамічнай станцыі пад Мінскам, вучоным сакратаром Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інстытуце беларускай культуры. У 1930-м быў беспадстаўна арыштаваны — тады шмат якія з беларускіх навукоўцаў і культурных дзеячаў былі схопленыя па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі». Апынуўся ў высылцы, давялося шмат дзе працаваць — скончыў жа свой шлях у Карагандзе. Ад творчай спадчыны Скандракова засталося толькі апавяданне «Аграном Сэрадэля», надрукаванае ў 1924 годзе ў часопісе «Маладняк». А між іншым, менавіта Сяргей Скандракоў — прататып вучонага Кандраковіча ў трылогіі Якуба Коласа «На ростанях».
Дык вось, расшукваючы звесткі пра Сяргея Скандракова, Віталь Скалабан знайшоў і яго сям’ю ў Карагандзе, і даведаўся, што ў іх захоўваюцца дзве карціны Каруся Каганца, з якім Скандракоў сябраваў.
У фондзе Віталя Скалабана можна знайсці шмат цікавінак.
Ірына Скандракова прыязджала ў Беларусь, яна перадала сюды яшчэ такія-сякія дакументы з бацькавага архіва. Сярод іх — каштоўны нататнік сям’і Кастравіцкіх, дзеда і бацькі паэта, ссыльнага паўстанца Караля Кастравіцкага. Дарэчы, з гэтага ж роду — вядомы французскі паэт Гіём Апалінэр, яго дзед — Апалінарый Кастравіцкі, які пасля паражэння паўстання 1864 года эміграваў у Італію. У фондзе № 500 захоўваецца зробленая рукой Скалабана выпіска з таго нататніка:
«Ганусю моя кохана! Твой Карусь» Грудня 11 дня 1898 лета д. Примогилле Блакнот Карла Самуіла Кастравіцкага».
А вось фотаздымак часопіснай ілюстрацыі: «В. Прымагілле Койданаўскай вол. Мінскага павета. Хата К. Каганца».
«З надзвычайна палкім сэрцам…»
Не верыцца, што яшчэ нядаўна не было ў вольным доступе сканераў, не мелася пад рукой смартфона, каб зазняць патрэбны дакумент… Таму многае ў фондзе № 500 перапісана ад рукі. Праўда, не сказаць, каб почырк заўсёды быў чытэльны. Вось запіс з нататніка:
«Лісты да К. Каганца
(паведаміў Рагойшу)
14.01.85
«Салям алейкум, мой любы старэйшы брат! Толькі што прачытаў ваш ліст[…] І часта, часта прыходзяць мне на ум вось гэтыя словы з прадсмяротнага пісьма Палуяна: У мріях жыцця — казка, а в дзійснасці — жыццё раба і вечная незабяспечанасць». Ці ж гэта не праўда? […] Няма прынцыпаў у жыццю», кажа ён у гэтым самым пісьме, і з гэтых малых слоў я бачу ўсяго Палуяна, з яго душою, з яго думкамі, надзеямі […]»
Вячаслаў Рагойша — вядомы навуковец і даследчык біяграфіі Сяргея Палуяна. На жаль, у запісах Скалабана не пазначаны аўтар ліста да Каруся Каганца. Але, хутчэй за ўсё, гэта Віктар Зелязей, яго сябар.
А вось запісы, якія сведчаць пра шырыню росшукаў Скалабана:
- «1. 2 карціны К.Каганца. Каспяровіч — Скандракоў — І. С. Скандракова — («Мастацтва Беларусі») — слайды.
- 2. Карціны ў Лондане. Бачыў Мальдзіс.
- 3. Г. К. Пуцята (Кастравіцкая).
- 4. Чэслаў Іванавіч Кардэцкі — у Чачэрску.
- 5. Віктар Адамавіч Зелязей, прыяцель К. Каганца, С. Скандракова. Жыў у Ратамцы. Сваякі — у Гомелі.
- 6. Магіла К. Каганца».
Яшчэ адна выпіска зробленая з «Каталога 1-й Усебеларускай мастацкай выстаўкі. Менск, 1925, с. 16».
«Кастравіцкі Казімір (Карусь Каганец)
Памёр у 1918 г. Беларускі грамадскі дзяяч і пісьменнік.
- 295. Беларускі пейзаж. — Алей
- 296. З сялянскага жыцця.
- 297-316. Малюнкі. Туш»
Зрабіў Віталь Скалабан і выпіскі з успамінаў пра Каруся Каганца:
«Мачульскі В. К. Каганец як пісьменнік і грамадзянін. Савецкая Беларусь, 1928, 20 мая 1928 г., № 115
«Вельмі перашкаджала вучэнню Каганца і наогул перашкаджаў яму ў жыцці яго фізічны недахоп: ён быў гарбаты. Часта ён сам казаў, што з новым чалавекам яму вельмі цяжка было распачаць гутарку, яму здавалася, што ўсе глядзяць на яго, і ў гэты час ён адчуваў сябе вельмі дрэнна і траціў здольнасць да гутаркі».
«З 1912 года пісьменнік жыў у фальварку Жортай, недалёка ад вёскі Жураўкі, каля м. Багданава, што ляжыць на шляху між Лепелем і Барысавам. Тут на службе ў пана Копаця і пражыў да сваёй смерці. Памёр ён ад сухот нечакана для сябе і сваёй сям’і ў сваякоў, так што нават жонка не была на яго пахаванні. Магіла яго знаходзіцца ў Навасёлках каля м.Койданава Мінскай акругі».
Горб узнік у маленькага Казіміра яшчэ ў Табольску — упаў з высокага акна. А потым, калі вярнуўся ў Беларусь падлеткам, няшчасце паўтарылася: на будучага паэта ўпалі цяжкія вароты.
«Я. Дыла. Палкае сэрца. (Памяці К. Каганца)
Савецкая Беларусь, 1928, 20 мая, № 115
«Скромнікам выглядаў К. Каганец па сваіх надворных дадзеных. Малога росту, у тыповай паношанай сялянскай шапцы, у сваім улюбёным старэнькім кажушку, у даматканых штанах, упраўленых у высокія простыя боты — К.Каганец выглядаў як самы звычайны вясковы «чалавек». Мала гаманлівы на людзях, ён больш маўчаў, слухаў уважна і думаў. Але досыць зачапіць любое з палітычных ці культурных пытанняў, блізкіх справе беларускага адраджэння, як гэты кволы здароўем (пасля выхаду з турмы ён часта хварэў) чалавек перараджаўся. Простая, ясная, лагічная была тады яго думка, як была «простаю», але прыгожая ў гэтым яго яскравая народная мова. З надзвычайным тэмпераментам, з надзвычайна палкім сэрцам прамаўляў тады дзядзька Карусь Каганец».
Вось як Скалабан пераказвае ўспаміны Вацлава Ластоўскага:
«Роджаны ў памешчыцкай, калісь багатай і знатнай у краі, сям’і (Кастравіцкіх), ён, як слабавіты, рахітычны дзяцёнак), не меў у сям’і любові».
«Калі мяне сталі вучыць, злосць брала, чаму мяне вучаць не па-нашаму», — апавядаў Каганец аб пачатках сваіх навук. І гэты сказ сведчыць, што для Каганца, дзесяцігадовага хлапца, мова пакояў, мова яго бацькоў, братоў і сясцёр была ўжо «не нашай»!
Яшчэ адзін герой даследаванняў Віталя Скалабана — Мікола Каспяровіч. А ў яго таксама згадка пра Каганца, якую Скалабан выпісвае: «Каспяровіч М. На Каганцовай магіле. Літ. дад. да газ. «Сав.Бел», 1928, 21 кастр., № 17, с. 3»
Скалабан выразае з нумара «Мінскай праўды» за 5 мая 1988 года артыкул «Каганец» А. Ціхановіча — пра занядбанасць магілы Каруся Каганца ў Навасёлках. Аўтар заклікае ўсіх неабыякавых беларусаў паспрыяць захаванню памяці паэта, упарадкаваць яго магілу, папулярызаваць яго творчасць.
Што ж, Віталь Скалабан быў адным з неабыякавых беларусаў. Давайце ж перад святам, калі ўшаноўваецца беларускае слова, успомнім з удзячнасцю і гэтага рупліўца, і ягоных герояў.
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ