- 24.10.2022 14:27
- Аўтар:
- Людміла Рублеўская
- Культура, Літаратура
25 кастрычніка па традыцыі на Беларусі святкуюць дзень млынароў… Даўней лічылася, што да гэтае пары ўсё збожжа змолатае, і млынары могуць адпачываць. Свята адзначалі проста на млыне, пачастунак накрывалі на жорнах…
Фота: pixabay.com
Шмат таямнічага звязана з млынамі і млынарамі. Згадаць толькі паданне, што старажытны Менск заснаваны млынаром Мянескам. Шмат млыноў я сустракала падчас падарожжа па старонках беларускай літаратуры, шмат млыноў пабачыла на свае вочы падчас вандровак па роднай зямлі…. Ветракі, вадзяныя, паравыя… Найчасцей у руінах, часам непазнавальна перабудаваныя. Памятаю, як давялося прайсці некалькі кіламетраў па брукаванцы, якая вяла да вадзянога млына XVІІІ стагоддзя, каменнага, на тры паверхі… Прыйшлі — брукаванка заканчваецца каля плота нечай сядзібюы, і толькі горку цэглы з-за плота відаць.
Але як хвалюе кожная сустрэча з млыном… Сёння мы пройдземся і па кніжных старонках, і па рэальных дарогах, каб пагаварыць аб выдуманых беларускімі пісьменнікамі млынарах і сапраўдных млынах.
1. Мука для партызан
Першы млынар, якога мы згадаем, з’явіўся на старонках гераічнай драмы «Млын на Сініх Вірах». Яе аўтар, Уладзімір Караткевіч, распавядае пра часы Вялікай Айчыннай вайны. Каб пракарміць партызанскі атрад і людзей, якія хаваюцца ў партызанскай зоне, патрэбны хлеб, а значыць, млын. Для такой мэты прызначылі закінуты млын у Звініцкай пушчы, дзе была вёска Пагост. Адзін з герояў так апісвае яго: «Вільгаццю ад вады тхне. Бугай вадзяны недзе «Буукае»… Між іншым, гістарычная назва гэтага Пагоста — Сінія Віры. Калісь быў даволі вялізны пачынак. Адзін з Ягайлавічаў там памёр, не сумелі ўрача даставіць, такая глуш была. І зараз не лепей… Назва якая, «Млын на Сініх Вірах»!»
Працаваць на млыне папрасілі млынара Цыкмуна Асінскага. Яму дапамагае дачка Марыся і два юнакі, што да яе заляцаюцца, — рамантычны Віктар і праставаты Андрэй. Млынар Цыкмун — носьбіт сапраўднае мудрасці і беларускасці. Як пазначае сам Уладзімір Караткевіч, «Гэта чалавек своеасаблівай філасофіі, трошкі скептык, адзін з тых «нязносных» людзей, якія да ўсяго падыходзяць з іроніяй, але ў душы самыя лепшыя людзі, якіх толькі можна ўявіць. Ні ў якім разе не трэба яго рабіць «фальклорным дзедам», хоць у ягонай мове ёсць фальклорныя звароты».
Млынар вось так тлумачыць дачцэ, чаму яму не падабаецца ейны кавалер Віктар: «Таму што наш чалавек, не чыноўны па бацьку, а трымае сябе, як шляхцюк. Мы яго высунулі, нашай воляю ён стырчаў, як пузыр на вадзе, і адразу забыўся, скуль ён і хто… Ну няхай ён надзвычайны, няхай яму ўсе абяцалі будучыню не абы-якую, але ўсё ж сапля ён у параўнанні, — ну, хаця б з такім чалавекам, як Купала, а я Купалу бачыў, сам з ім размаўляў. Просты ён быў: і паразмаўляць з чалавекам, і паспачуваць, і, галоўнае, паслухаць чалавека, і выпіць нават з ім. Прастата чалавечая — вялікая справа, такога чалавека з усіх бакоў іншыя падпіраюць, ён як сасна ў бары, а той, хто адгараджваецца, той адзін у полі пад вятрамі. І папомні мае словы, той, хто вось так адгараджваецца ад людзей, рана ці позна хрупне ў спіне і зваліцца, бо ў адказны момант у душы сваёй, у сваім народзе не адчуе падтрымкі».
2. Імпрэсіяністычны малюнак
Уладзімір Жылка напісаў свой верш «Млынар заставіў застаўкі…» ў 1928 годзе, калі прыехаў з Чэхіі, дзе вучыўся ва ўніверсітэце, у БССР. Жылка цудоўна ведаў сусветную літаратуру, ахвотна эксперыментаваў, таму верш у яго атрымаўся сапраўды імпрэсіяністычны, са шматлікімі наватворамі, за якія яго пачне дзяўбці вульгарызатарская крытыка.
Млынар заставіў застаўкі,
І ледзь плюскочацца рака.
Стралой крыла
чыркаюць ластаўкі
Люстранасць ясную стаўка.
Блакітнаплашчы з захаду
Дзень хіліць русу галаву,
І ў спрат ссыпае
скарбы-знахады —
Залатапромені ў ставу.
І вее яснавокаю,
Шыракакрылай цішынёй,
І ціш, як неба, безаблокая,
І ясна на душы маёй.
І ў душу палі знахады
(Залатапромені ў ставу).
Адрынь, пясняр, згрызоты,
захады,
Ўзнясіся песняй к хараству.
3. І малоць, і плакаць…
А вось у вершы Аркадзя Куляшова «Млын» галоўны герой — адначасова і млын, і млынар. Гэты твор такі прыгожы і рамантычны, што стаўся песняй.
З дзеўчынай развітваўся юнак,
Аддаваў яе шляхам, далінам.
— Лепш бы млынам стаць… —
Падумаў так
І зрабіўся на тым месцы
млынам.
Людзі жыта носяць
дзень у дзень,
А драўляны млын
слухмяна меле.
Замест сэрца —
б’юцца жорны ў целе,
А замест крыві —
Вады струмень…
Кажа нам паданне
пра яго,
Што не можа ён
з тых чараў выйсці,
Як не перамеле усяго,
Што яму належала
калісьці.
Як належала яму
не шмат,
Дык спадзе з яго
палон драўляны,
Прыйдзе зноў
ён вольны да дзяўчат,
Ні ў адну яшчэ
не закаханы.
А як шмат?..
Але гадаць не след,
Бо адзін ён ведае пра тое,
Што яму належаў цэлы свет,
Як хадзіў з дзяўчынай у жытное.
4. Мінулае — пад корань, на шулу
У апавяданні Уладзіслава Галубка «Як млынар спілаваў «св. Ядвігу» 1922 года напісання галоўны герой — не зусім добры персанаж. Расла ў глушы лесу на высокім кургане моцная сасна. «Расла яна праз цэлыя вякі і назву мела «святой Ядвігі». Гэта сасна, як старэнькая бабка, за свой век шмат чула, шмат бачыла. Як кажуць, памятае яна караля Баторага, Вітаўта і шмат другіх.
Швед і француз — гэта пазнейшыя, вось іх яна як бачыць перад сабою.
Кароль Вітаўт асабліва памятны ёй. Едучы праз Беларусь, ён не раз адпачываў пад гэтай сасонкай, будаваў свае планы, як бараніць зямлю ад нашых ворагаў-суседзяў.
Памятае яна татар, памятае і шмат другіх народаў, якія ішлі праз Беларусь.
Памятае, як праз сон, той дзень, калі пасадзілі яе на кургане.
Пасадзілі яе ў чэсць пахаванага нейкага ваяводы, якога прынеслі памёршага з гарадзішча. Тут некалькі дзён адбывалася пахаванне ваяводы. На высокім троне, які быў зложаны з смалістага дрэва, быў пасаджаны памёршы ваявода».
На кургане збіралася моладзь, пра спрадвечную сасну складалі вершы і паэмы… Але часы памяняліся, сялянам дазволілі сячы дрэвы ў лесе. І вось у млынара ўзнікла вялікая патрэба на моцнае шула для млына. Пайшоў ён у лес… І лепшае сасны, чым тая святая Ядвіга, не пабачыў… Ён добра ведаў «старадаўнюю вартасць і кургана і сасонкі», але «не стрымаў сваю натуру млынар, бо быў асаблівага характару чалавек, і наважыў паваліць гэту сасонку».
Так Уладзіслаў Галубок, адзін з заснавальнікаў беларускага тэатра, у вобразе сасны на кургане адлюстраваў беларускую мінуўшчыну, якая надта камусь замінае.
5. Забойства на млыне
У аповесці «маладнякоўца» Сымона Баранавых «Новая дарога» млын — гэта нешта няўмольнае, вечнае, як жыццё і смерць: «Млынавае кола не пераставала падымаць сваіх цыбатых, даўжынёю раскінутых рамістых рук. Захлёбвалася пеністаю вадою. Каменне млынавае стукацела… галодным зверам хапала сваю здабычу — зерне. Нібыта баялася каменне, што адбяруць ад яго гэту здабычу ды другому некаму аддадуць. Маўчаў зацятай заклапочанасцю цяпер млынавы мост. Падстаўляў праезджым-прахожым свае пацёртыя, абітыя калёсамі ды конскімі капытамі грудзі і маўчаў. Застаўкі толькі сквапна пазіралі з-за маставін сутулістымі плячыма. Як бы вартавалі на мосце нечую, некім падкладзеную цішыню».
На млыне адбываецца дэтэктыўная гісторыя: «…колам млынарскім, што чатыры камяні круціць, калі вады хапае, падхапіла Нічыпаравага сына Максіма.
Раз, два… Страсянула на хаду, падняло яго на высокае сваё месца, прапусціла праз верх і ўніз галавою апусціла…»
Не сам загінуў Максім, выбраны членам сельсавета,
«У Муравейніках зямлю знайшоў, што была ў кнігі сельсавецкія не прыпісана.
Чуткі на ціхіх нагах, на кончыках пальцаў хадзілі. Было ў тых чутках, што Максім стаяў перад млынавым колам разам з муравейнікаўскім завознікам, з Танцулькам».
Сапраўдныя млыны
Салтаны
- Няшмат засталося ветракоў на Беларусі — а гэта самыя прыгожыя і рамантычныя збудаванні, якія нагадваюць пра Дон Кіхота, карціны Брэйгеля і жорны вечнасці. Адзін з такіх млыноў, пасярод заснежанага поля, мы ўбачылі па дарозе ў Яхімоўшчыну, каля вёскі Салтаны. Як круцяцца ягоныя крылы, мог назіраць Янка Купала, які за сем кіламетраў адсюль працаваў у Яхімоўшчыне памочнікам вінакура на бровары і ствараў вершы першага свайго зборніка «Жалейка». Шэрае ад часу дрэва, канструкцыя «казлоўка», якую яшчэ называлі нямецкай, — млын мог паварочвацца, каб «злавіць» вецер. Можна разгледзець і канструкцыю, і нерухомыя каменныя жорны.
Пагост
- Млын у вёсцы Пагост на Салігоршчыне нагадвае сярэднявечны замак. Мода была такая — неаготыка, рамантыка… Чырвоная цэгла, стылізаваныя калоны, вастраверхія вокны… Гэты млын збудаваны ў 1902 годзе панам Гершэнсонам, спачатку жорны круцілі коні, потым устанавілі паравы рухавік. Мы пад’ехалі на машыне, а раней трэба было плысці на чоўне — млын стаяў на востраве. На сценах — выбоіны ад снарадаў. У Вялікую Айчынную тут абараняліся савецкія салдаты. Працаваў млын да 1960-х. І ці не пра яго ўспамінаў Караткевіч, калі пісаў драму «Млын на Сініх Вірах», бо менавіта каля вёскі Пагост і стаіць уяўлены ім партызанскі млын?
Тарнава
- Гэта адно з самых незвычайных збудаванняў, якое я ўвогуле бачыла… Калі падыходзіш, успамінаецца ці пепелац — касмічны карабель з фільма «Кін-дза-дза!», ці агіпецкія піраміды… Каменны слуп, які звужаецца ўгору, накрыты недарэчнай бляшанай «шапачкай»… Млын у сядзібе Маўрасаў збудаваны ў XІX ст. з бутавага камення. Драўляны дах і крылы млына згарэлі ў 1990-х, вось каб зберагчы збудаванне, і накрылі яго бляхай.
Покрашава
- Млын у Покрашаве пад Слуцкам — сапраўдны хамелеон. Быў ён вадзяны, і цяпер стаіць, як належыць, на беразе ракі… А сёння прырабілі да яго невялікія «крылы», нібыта табе ўжо і вятрак. Збудаваны ў пачатку ХХ ст, архітэктурны стыль, кажуць, невызначальны. Стаіць каля Слуцкага воцатнага завода — былы спіртзавод пані Міхала Пакрэўскага. Мясцовы жыхар распавёў, што ў вёсцы яшчэ памятаюць, як сюды пад’язджалі вазы са збожжам, у чэргах стаялі, і якая смачная мука атрымлівалася… А потым, калі млын спыніўся, пачаў разбурацца, дырэктар воцатнага завода вырашыў — трэба ратаваць рарытэт! Сёння тут музей — прыклад, як трэба ставіцца да падобных будынкаў.
Глуша
- Калі ўлетку праязджалі праз Глушу, што на Бабруйшчыне, заехалі ў музей рамёстваў, паглядзець на млын канца XІX ст. Вятрак яшчэ нядаўна быў дзеючны, але прывезены ён сюды, у мясцовы скансэн, з Іванава. На жаль, адвалілася было два крылы, таму млын маўчыць. Мы трапілі туды, калі ў Глушы быў фэст, і на сцяне млына месцілася выстава дзіцячых малюнкаў.
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ