«Не забывай, што ў любую хвіліну можа выскачыць з канапель рабая свіння»

Напэўна, кожны пачатковец марыць пачуць такую параду ад мэтра, каб ужыць — і адразу стварыць шэдэўр. Мэтры звычайна таксама не супраць штосьці разумнае прамовіць захопленым слухачам… Праўда, парады, як сцвердзіцца ў літаратуры, даюць не толькі класікі. Па праўдзе, дык сёння і той самы пачатковец можа ў сваім блогу іншых павучаць. Усемагчымых курсаў, як напісаць раман ці паэму, — як галубоў ля толькі што накрышанай булкі.


Зрэшты, нічога новага няма, неяк напаткала ў Сетцы «Пратакол даклада кіраўніка Магілёўскай філіі аб’яднаньня паэтаў і пісьменьнікаў «Маладняк» Уладзіміра Паскрэбкі 22 лютага 1925 г.», дзе сярод іншых даюцца маладым аўтарам парады: «Націск павінен быць у тым радку, дзе рыфма, і асабліва моцным. Музыкальнасьць завісіць ад захопленасьці рыфмы. Радкі нада пісаць кароткія, бо доўгія цяжало чытаць. Дзеля таго каб пісаць, ня нада прытрымлівацца таго, каб першая строчка находзіла на другую, ці трэццюю — гэта старая тэорыя, ня трэба сядзець над радкамі і вымяраць іх… Вобраз трэба рабіць, каб ён падыходзіў да народа, тады верш будзе красівы і мілагучны».

Зразумела, кожнаму важна пачуць добры водгук на свой твор… Іван Неслухоўскі, якога мы ведаем пад псеўданімам Янка Лучына, перш чым прапаноўваць напісанае ў якія газеты ці часопісы, дасылаў свайму сябру Аляксандру Валіцкаму:

«А як згледзіш пане,

што нуду напуста

Наганяць не варта, можа,

гэтым глупствам,

То прашу пакорліва

я ў тым выпадку

Вынесі прысуд свой,

знішч яго нагладка.»

От каб усе пачаткоўцы былі такімі крытычнымі да сябе…

Якуб Колас: шліфаваць мову і ўзірацца ў жыццё

Якуба Коласа многія называлі сваім настаўнікам у літаратуры. Галоўны яго запавет маладым: «Слова для пісьменніка — гэта асноўная канва, па якой ён будуе сваю мастацкую творчасць». Пісьменніца Алена Васілевіч успамінала, як дала Коласу, з якім сябравала, пачытаць свой твор «Шляхі-дарогі». Чакала-чакала водгуку, урэшце не вытрымала, папыталася, ці спадабалася:

«Ён адказаў не адразу, адказаў, гледзячы недзе ўбок:

— Мова вельмі нязграбная. Трэба вучыцца мове.

І гэта мяне страшэнна здзівіла. Нязграбная мова? У мяне і думкі пра гэта не было! Усе мае, як кастрыца жарсцвяныя, «маючыеся» і «працуючыя», «нагадваўшыя» і «змагаўшыеся» нават не краналіся тады маіх вушэй. Яны ўсё роўна як ватай былі заткнутыя.

— Без мовы… калі няма адчування слова, то не трэба і пісаць, — так падагуліў нашу гутарку «на літаратурную тэму» Канстанцін Міхайлавіч.»

Маладая пісьменніца не пакрыўдзілася — больш за тое, лічыла, што той рэзкі водгук пайшоў на карысць, дапамог ёй прыслухацца да мовы і ўдасканаліць яе. У лісце да Міхася Лынькова пра ягоны раман «Векапомныя дні» Колас таксама сцвярджае: «Не таўшчына кнігі, не лік старонак яе павінны займаць аўтара. Трэба шліфаваць мову, кожнае слова і сказ, каб яны гарэлі моцна, хораша, пераканаўча, ясна і проста, — «вельмі нават проста-с!»

У паўсядзённым жыцці літаратурныя размовы Колас не вельмі любіў. Іван Шамякін згадваў, як прыйшоў да яго ўпершыню дахаты з групай маладых пісьменнікаў, дзе былі Іван Мележ, Янка Брыль, Анатоль Вялюгін, Кастусь Кірэенка… Усе чакалі, каб класік пачаў іх вучыць, як пісаць. А Колас давай паказваць сваю палоску жыта, сад, потым байкі баяць пра розных знаёмых людзей… Так дзень і прабавілі. Шамякін зрабіў выснову: недарэмна. Гэта і быў урок ад Коласа: найперш — жыццё, якое ёсць аснова літаратуры.

Янка Брыль: не апраўдвацца адсутнасцю ўмоў, дапрацоўваць творы

У сваім цыкле «Пра запаветнае» Янка Брыль звяртаецца да маладых творцаў, прыводзячы ім у прыклад патрабавальнага да сябе Льва Талстога, які бясконца правіў і крэсліў свае рукапісы:

«А ўсё ж бывае і сёння, калі заходзіць гутарка пра гэтую добрасумленнасць мастака, сёй-той з літаратараў ахвотна ківае на іншую акалічнасць — Талстой меў, бачыце, Ясную Паляну, чаму было не працаваць! Па простай логіцы — дайце маёнтачак нам, дык і мы, чаго добрага… Словам, таварыш не будзе тады спяшацца, не памчыць у рэдакцыю сяк-так дацягнуты напярэдадні першы варыянт, не будзе больш прыкрывацца ад крытыкі дзіравай плашч-палаткай аператыўнасці або нават і «грамадзянскага абавязку», не будзе спадзявацца на рэдактараў ды стылістаў, якім нярэдка яшчэ ў нас даводзіцца і абціраць, і мыць, і прачэсваць чужых неданоскаў — звыш меры, абавязку і зарплаты…

Літаратурнаму юнцу, які ад горычы часовых нястач ці проста па наіўнасці дапамагае халтуршчыкам ныць ды хіхікаць у адрас вялікіх настаўнікаў, варта памятаць пры гэтым, што далёка не ўсё ў творчасці вырашае матэрыяльная забяспечанасць. Ёсць і ў наш час уладальнікі раскошных кватэр і дач, аўтамашын, стэнаграфістак і магнітафонаў — некаторыя з так званых вядучых пісьменнікаў, што і за белы хлеб адплачваюць сырой, павярхоўнай літаратурнай прадукцыяй, у якой адсутнасць значнай думкі і сапраўднага пачуцця, адсутнасць або скажэнне жыццёвай праўды ніяк не кампенсуецца ні пропаведдзю агульнавядомых ісцін, ні ілюстрацыямі на хадовыя тэмы, ні наяўнасцю адносна прыстойнай формы…»

Андрэй Макаёнак: не быць прымітыўным і не ўзносіцца

Востра адгукаўся на бяздарнасць і Андрэй Макаёнак. У 1980 годзе ён запісвае:

«Банальнасць лезе тады, калі аўтар аблягчае сваю задачу, не лезе ў глыбіню чалавечай псіхалогіі, не раскрывае прычыннасць канфліктаў. Сачыняць банальныя, прымітыўныя гісторыі — усё роўна што плесці лапці. Але ж лапці даўно выйшлі з моды. Выйшлі, бо недаўгавечныя яны і не на ўсякае надвор’е. Трэба шыць боты. Ужо ж праславіцца шаўцом лепей, чым лапцюжнікам».

А ў гутарцы газеце «Літаратура і мастацтва» Андрэй Макаёнак падзяліўся важным урокам, засвоеным ім з маленства: «Не возносись!»

«У кожнага чалавека ёсць нейкая дэталь ці эпізод, з якога ён пачынае сябе помніць. Дык вось, здарылася гэта, калі мне мінуў чацвёрты ці пяты год. Мой дзядзька пасадзіў мяне на каня. Эмацыянальная памяць захавала гэтае самаадчуванне: верхам на кані! Самастойна! Праўда — аберуч за грыву. На кані я стаў вышэй за дзядзьку, вышэй плота, вышэй саламянай страхі, нават вышэй канапель паабапал сцежкі ў гумно. Дзядзька вядзе каня на повадзе, а я… «вознесся». Адным словам. І раптам (адкуль як чорт паслаў) з канапель на сцежку выскачыла рабая свіння. Конь з перапуду ўзвіўся на дыбы.. І я з гэткай вышыні чмякнуўся вобзем. А калі ачомаўся, каля мяне галасіла маці, нехта паліваў мяне з шапкі вадой з лужыны… Ні каня, ні вышыні. Каноплі, як лес, высокія…

З таго часу і па сёння запомніў: як бы ёмка ні адчуваў сябе на кані, як бы ўчэпіста не трымаўся за грыву — не забывай, што ў любую хвіліну можа выскачыць з канапель рабая свіння і перабегчы дарогу, а палахлівы конь можа ўзвіцца на дыбы, і зноў можна чмякнуцца вобзем, бо, ухапіўшыся за грыву, не трэба думаць, што трымаеш бога за бараду. З каня я злез. За рабочым сталом самая ўстойлівая пазіцыя».

Уладзімір Караткевіч: ратавацца самаіроніяй і не слухаць усе парады

Малады настаўнік Уладзімір Караткевіч, атрымаўшы адмоўны адказ на свае вершы, пасланыя ў «Вожык», напісаў аж некалькі лістоў галоўнаму рэдактару Кандрату Крапіве. Асабліва абурыла Караткевіча фраза «напісана мовай XІX стагоддзя».

«Альбо гэта вельмі дрэнны жарт, альбо — няведанне сваёй мовы і нелюбоў да яе. І адно і другое не на гонар літ. кансультанту», «гэтым ён паказвае, што не паважае людзей, якія жылі ў той час і на гэтай мове працавалі, а па-другое, смяецца над тымі недахопамі, над якімі смяяцца не варта», «фанабэрыстая пагарда да вялікай эпохі і вялікіх людзей»…

Караткевіч мог агрызнуцца яшчэ як на крытыку ад любога аўтарытэта… Пры гэтым і да сябе быў бязлітасны. У лісце да сябра Леаніда Крыгмана ён агучвае рэцэпт, як маладому аўтару не ўпасці ў адчай:

«Трудно жить — читай Беранже, как бы это ни казалось вначале противоестественным, постарайся самого себя осмеять десятком ядовитых виршей, и все пройдет. Когда меня, например, не приняли в аспирантуру, сделав предпочтение для одной министерской дочки, я сочинил цикл «Стоны сердца», в котором основная мысль была: «Буду чернилом мочиться, навоз из-под ректора есть, а все-таки попытаюсь в аспирантуру пролезть».

Але калі Юрый Гальперын даслаў Уладзіміру Караткевічу на водгук свае вершы, той не міндальнічаў, хаця звыкла прыкрываўся самаіроніяй: «Чтобы до конца сыграть роль критика, одеваю очки — и, сердито бурча, начинаю копаться в том, в чем терпеть не могу копаться: в ямбах, хореях, пиррихиях и прочей ерунде. Я приучился отличать ямб от хорея, когда пришлось объяснять разницу между ними детям. Столько раз объяснял, что наконец-то и сам понял… У тебя немножко хромают некоторые куплеты. Может, ты сам это сделал нарочно? Я это иногда для выразительности делаю».

Караткевіч разбірае памылкі ў вершы, але падкрэслівае, што галоўнае права — у паэта, і прыводзіць прыклад, як аднойчы занёс нейкаму абрыдламу ментару ў кабінет маладога аўтара ў Кіеве ў якасці ўласнага твора верш Буніна пра дзяўчынку Хрысцю, якая няньчыць лялек ля гумна. Кансультант заявіў, што ў вершы мала лірызму, і «лучше бы эта Христя не кукол нянчила, а колоски собирала за маминым комбайном и убедилась наконец, что мама их убирает чисто и убирать нечего, а, стало быть, она даром потратила день».

У лісце да Еўдакіі Лось ад 17 мая 1958 года Караткевіч паўтарае сваю параду: «Ёсць мудры прынцып: слухай крытыку, бяры з яе тое, што лічыш слушным, а на астатняе плюй. Ты ведаеш сябе і патрэбы свае лепей за крытыкаў».

Што ж, спадзяюся, нейкія з гэтых парад дапамогуць камусь на шляху ў вялікую літаратуру…

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.